ПРАЦА. Мэтанакіраваная чалавечая дзейнасць; занятак, вынік гэтай дзейнасці.

1. Пра плённую, якасную, радасную працу: адухоўленая, бездакорная, важная, высакародная, вялікая, гераічная, дружная, духоўная, жаданая, жыватворчая, жывая, захапляльная, карпатлівая, кіпучая, любімая, мірная, настойлівая, натхнёная, нястомная, патрэбная, пачэсная, паэтычная, плённая, радасная, разняволеная, рупатлівая, руплівая, рупная, свабодная, спорная, стваральная, сумленная, творчая, увішная, удзячная, шчаслівая, шчырая.

Адухоўленая праца не можа быць сумная, нецікавая (В.Вітка). Высакародная праца нашых пісьменнікаў не прапала марна: іх творы сталі крыніцай радасці і натхнення многіх людзей (“Беларусь”). [Глебаву] была ўласціва непаўторнасць самая яркая... Гэта быў талент, на дзіва шчодра адораны прыродай, цудоўна адшліфаваны вялікай, нястомнай працай (І.Мележ). Лейтэнант [Мележ] сталеў не толькі ад бязмернай стомы, не толькі ад бязмерных бядот на дарогах адступлення, але і ад той вялікай духоўнай працы, якая пастаянна ішла ў душы (В.Палтаран). Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы (М.Зарэцкі). Жыватворчай працы многа У цябе, вясна-сяброўка (У.Хадыка). Высокую ацэнку сваёй творчасці Канстанцыя Буйло заслужыла шматгадовай карпатлівай і настойлівай працай на ўзаранай Купалам ніве (Н.Гілевіч). Дзе вы, песні, дзе, свабодныя? Дзе ваш водгалас магучы, Як вы звалі, сыны родныя, Да той працы да кіпучай? (Я.Купала). І таму мы пяём сёння песню, у якой Славім хлеб і святло нашых сёл і заводаў... І стваральную, мірную працу народа (М.Танк). І прыйдзе час: навучымся майстэрству Натхнёнай працы ўсе мы, як адзін (П.Панчанка). Палавіну стагоддзя правёў Якуб Колас у нястомнай працы (М.Лужанін). Маладзечна... Кожны... дзень табе дорыць натхнёную працу (П.Пруднікаў). Алёша таксама лічыў, што больш паэтычнай, больш радаснай і ўдзячнай працы, як праца камбайнера, на свеце няма (І.Шамякін). А праз дзень — другое дзіва: Пасля працы рупатлівай Ад шашы ў палёх Шлях у лес пралёг (К.Кірэенка). Раскаваў балота з пут, З дрыгвы непраходнай Гераічны вольны люд Працаю свабоднай (Я.Купала). Родны край да працы творчае ўздымай, Як песня птушкі раніцою К жыццю ўздымае поле, гай (А.Александровіч). Наста назірала за ўвішнай Шаплыкавай працаю (А.Савіцкі). Усю ноч не сціхала шчаслівая праца (К.Кірэенка). Працай шчырай і знаннем Гору справім скананне, Праўдай лёгка няпраўду змагаці, І на вузкіх на гонях Пры сваіх валах, конях, Ой, шмат можна чаго даказаці! (Я.Купала).

2. Пра цяжкую, напружаную працу; пра марную працу: агромністая, бясконца цяжкая, векавая, гарачая, катаржная, марудная, мурашкавая, складаная, сялянская, трудная, упартая, цяжкая; бязглуздая, горкая, невыносная, нецікавая, нудная, няўдзячная, сумная, чорная.

Вот рвуцца да працы агромністай людзі... І цяжка працуюць, зрываючы грудзі... (Я.Купала). Горача ў полі. Эх, жар дакучае, Праца марудна, бясконца цяжкая! (Я.Колас). Мы самі крылы набывалі У цяжкай працы векавой (А.Пысін). Га, з вас ніхто таго й не знае... Што йдуць за тых на катні здзек, Хто сваёй працай горкай, цяжкай Свет корміць, — сам галодны век... (Я.Купала). Пачалася праца, упартая, гарачая (Я.Колас). Я хацеў бы знаць, Як аплаціцца Праца трудная Рук мазолістых (Я.Колас). Я сэрца сваё неспакойным збярог, Каб часу хоць крыху быць вартым, для дальніх паходаў, для новых дарог, Для працы цяжкой і ўпартай (П.Панчанка). З бязглуздай працаю такой Не дачакацца вам вясны... (Я.Купала). Гануля была ў бацькоў адной дачкою і, яшчэ будучы дзіцем, дапамагала маці ў цяжкай сялянскай працы (І.Гурскі). Праца станавілася для Ніка... цяжкай, нуднай і зусім ужо невыноснай (М.Лынькоў). Народ гаротны спіны гнуў. На працы катаржнай гібеў (А.Александровіч).

Паведаміць пра недакладнасьць