ПЯШЧОТА. Пачуццё ласкі, замілаванасці да кагосьці (чагосьці): бурная, вялікая, гарачая, дзівосная, дзіўная, жыватворная, кранальная, матчына, мяккая, неадчуваная, невыказная, невымоўная, незвычайная, непатольная, неразгаданая, нявінная, нясмелая, нястрымная, сардэчная, светлая, трапяткая, цёплая, ціхая, цудоўная, чыстая, шчырая  балючая, баязлівая, брыдкая, журботная, запозненая, млявая, нежаданая, незразумелая, неспадзяваная, няўтоленая, прытворная, пустая, самотная, строгая, сумная, схаваная, утрапёная, халодная.

Карызна ў бурныя пяшчоты пераліваў сваё, прывезенае з раёна ўзрушэнне (М.Зарэцкі). Сваю вялікую і гарачую пяшчоту маці аддала ёй [Любе], адзінай дачушцы (М.Лынькоў). У лесе быў відзён першы, самы нізкі і самы доўгі прамень сонца, яшчэ без цяпла, без жыватворнай пяшчоты (А.Кулакоўскі). Калі пярун штось хмары гуў, а тая Ішла-плыла нестрыманая, густая І косы дажджавыя расплятала, І з матчынай пяшчотаю шаптала: “Шумі ліствой, зялёны мой клянок!” (П.Панчанка). Незвычайная, незразумелая і ніколі неадчуваная пяшчота да гэтай дзяўчыны перапаўняла маё нутро (В.Быкаў). А маці, вочы якой свецяцца невыказнай пяшчотай, распасцірае для абдымкаў рукі (І.Хадановіч). Каханне не памірае. Яно вечна застаецца ў грудзях... безнадзейным болем і непатольнай пяшчотай (У.Караткевіч). Балюча... І іншых не прыдумаць лекаў, як толькі сэрца, поўнае надзей, трывог і неразгаданай пяшчоты... — рашуча выліць песняю з грудзей... (Т.Бондар). Колькі ласкі і пяшчоты светлай У тваёй суровасці, салдат (П.Макаль). З той жа ціхай пяшчотай, увесь час бачачы і чуючы малую, як бы толькі ад звычкі глядзела [Ганна] на вуліцу (І.Мележ). У грудзі раптам прыліла гарачая хваля, якая здараецца ў хвіліну неспадзяванай, нават нежаданай пяшчоты (І.Чыгрынаў). Мяккая пяшчота да тых, з кім яна [Паўла] звяла свой лёс, сканцэнтравала яе волю (Т.Хадкевіч). У вачах [Рамана] неўразуменне, крыўда і няўтоленая пяшчота (У.Караткевіч). Ад кожнага руху парыпвае снег: вызвоньваюць струны марозу. Як тонкае шкло, паветра звініць ад гэтай балючай пяшчоты (Т.Бондар). І пад мляваю пяшчотай Стаў пра мары забывацца (К.Кірэенка). Твой пакойчык прытульны, спакойны і белы Пахне цёплай пяшчотай нетрывожаных дзён (А.Дудар). Яны [Мікола і Мар’яна] вырашылі расстацца. Якія цяжкія былі апошнія дні! Утрапёная пяшчота, рукі, якія абдымаюць так, што, здаецца, можна вырваць з іх чалавека толькі з жыццём... (У.Караткевіч). Вецер-кусака забіраецца за каўнер, невідзімкаю прабіраецца пад кажух са сваёю халоднаю пяшчотай (М.Лынькоў).

* Пяшчота-казка.

Тваіх я рук адданых ласку Адчуў, што мой сцішалі боль. Тваёй душы пяшчоту-казку — Такой няма на свеце больш (К.Кірэенка).

Паведаміць пра недакладнасьць