СНЕГ (снягі). 1. Пра колер, бляск; пра час выпадзення (снегу): белы, белы-белы, блакітны, бліскучы, блішчаста-мокры (разм.), бялюткі, вясёлкавы, залаты, залацісты, зіхатліва-белы, зіхатлівы, зіхоткі, іскрамётны, іскрыста-чысты (паэт.), іскрысты, ліловы, непераможна белы (аўт.), першародначысты, рубінавы, ружова-сонечны, ружовы, серабрысты, сіні, сонечны (паэт.), чыста вымыты, чысты-чысты, яркі, ясны  бледны, буры, жоўты, іржавы, сівы, чорны, чырвоны, шэры; адвечны, вечны, даўні, доўгачаканы, запазнелы, малады, першазімкавы (разм.), першародны, ранні.

На жоўтай-жоўтай пожні, на шэрай-шэрай грэблі, На сіняй-сіняй руні, На цёмнай-цёмнай пушчы Лёг белы-белы снег (М.Танк). І маўчым. Ды навошта словы, Калі падае ціха снег, Снег блакітны І снег ружовы (Я.Янішчыц). Ліпа засмяялася і пабегла... па чысценькім бліскучым снезе (Я.Брыль). Барвянае вогнішча датлявала на зубчастым грэбені пушчы, яго святло гасла на блішчаста-мокрых снягах і дрэвах (В.Карамазаў). Снег пушысты, снег бялюткі, Чыста вымыты сняжок! Дзе над рэчкай дол раўнюткі, — Абнавілі вербы, хусткі І сышліся ў гурток (А.Пысін). І гамонка, і смех, І над вуснамі пара, І вясёлкавы снег, І ажыўшая мара... (Г.Каржанеўская). І сонечны дзень, і снег залацісты Хвалююць і радуюць сэрца маё... (“Маладосць”). Іскрамётны, трохі нават звонкі снег сухім пылам пасыпаўся... з галін (У.Караткевіч). Люблю глядзець, калі бялеюць Іскрыста-чыстыя снягі (А.Бачыла). Такі іскрысты сёння снег! Такія белыя аблокі! (К.Цвірка). Трызніцца мне ўсё ліловы вечар, Вашы сляды на ліловым снягу (У.Караткевіч). Шэрае, ціхае мора. І свежы, зноў непераможна белы снег (Я.Брыль). Аб гэтым вясноваю ноччу прысніцца, Пракоціцца ў памяці песенным рэхам. На віленскі бэз, на віры, на званіцы Цярушацца зоры рубінавым снегам (П.Панчанка). Снег, як цуд зіхатліва-белы (П.Марціновіч). Звіняць санкі па шкляных рэйках ружова-сонечнага снегу (З.Бядуля). Меціць шлях на снезе сінім Водбліск знічкі залатой (А.Звонак). Яна [Насця] ішла весела, лёгка... усмешліва азіралася па баках на сонечныя снягі, дрэвы, сцежкі (В.Карамазаў). Снег дасвеццем перапаў Рана-рана. І ляжыць ён на дварах, На парканах... Чысты-чысты (Н.Гілевіч). На бледны снег ляглі мерыдыяны, Армейскія прамыя правады (А.Пысін). Змыла сонца ўсюды снег іржавы, Рамантуюць вуды рыбакі (П.Панчанка). Лёгкая, лагодная завея, Першародначысты, ясны снег (А.Лойка). Буран, як ашалелы, вые, Снег уздымаючы сівы (М.Танк). А ў памяці вечна стыне Белы снег, чырвоны снег, Чорны снег Нашай святыні — Хатыні (Г.Бураўкін). Пагарэлец таптаў снег бахіламі на адным месцы, мяккі цёплы снег пад ім асядаў, правальваўся, чырвоныя бахілы ўсё глыбей хаваліся ў шэрым снезе (В.Карамазаў). Перад ёю [хмаркаю] пачаліся высокія горы, вярхі якіх пакрывалі адвечныя снягі (Я.Колас). Многа паэзіі ў гэтай прыгожай краіне... Зялёныя раўніны Сербіі... Пакрытыя дрымучым лесам і вечным снегам на вяршынях горы Босніі і Герцагавіны... (Я.Брыль). Люблю цябе [Беларусь] у веснавых праталінах, У белай хустцы маладых снягоў (Р.Барадулін). Асыпала зорамі вецце, І снег першазімкавы чысты (П.Глебка). А ўрэшце ён ідзе, гэты доўгачаканы... снег! (А.Савіцкі). Ападае... красавіцкі запазнелы снег (В.Іпатава).

2. Пра гушчыню, хуткасць падзення (снегу); пра глыбіню і вільготнасць; пра характар сняжынак і стан снежнага покрыва; пра ўяўныя гукі, што ўзнікаюць пры падзенні снегу; пра характар фізічнага ўздзеяння на чалавека: бурны, густы, дробны, імклівы, лёгкі, невялікі, спакойны, спорны, ціхі  заложны, шалёны; вільготны, глыбокі, завільжэлы (разм.), ледзяністы, марозны, мокры, набрынялы, сухі, цёплы  гнілы, гразкі, стылы, сцюдзёны, узмяцелены, халодны; звонкі, рыплівы, рыпучы, скрыпучы, храбусткі, хрусткі; ахапісты, ачарсцвелы, ватны, зацвярдзелы, зашэрхлы, зляжалы, зыбкі, зыбучы, зярністы, калматы, крохкі, крупяністы, круты, лахматы, махнаты, наздраваты, наздрысты (разм.), некрануты, пульхны, пухкі, пушысты, пышны, рассыпісты, свежы, спрасаваны, счарсцвелы, сыпкі, сыпучы, топкі, тугі, усадзісты; важкі, жорсткі, казытлівы, колкі, кусючы, ліпкі, мяккі, пякучы, сляпучы, цяжкі, шарахаваты, шорсткі, шурпаты, яршысты.

Завея гудзе да відна, Ці помніш над Нёманам ты Снег гэты імклівы, густы, І як пачалася вайна (М.Танк). Пасыпаў дробненькі, гусценькі сняжок (Я.Колас). У твар з галля пасыпаўся лёгкі іскрысты сняжок (В.Карамазаў). Спакойны, сыпкі З самай раніцы Спадаў на сцежкі Ціхі снег... (Р.Барадулін). Нечакана пайшоў невялікі, але спорны снег... (Я.Сіпакоў). А пад поўнач пасыпаў сняжок, заложны, спорны, густы і сухі (Я.Колас). Такой вясны ў блакітным краі дзяды не бачылі і ў сне: падумаць толькі — сярод мая пайшоў круты, шалёны снег (В.Жуковіч). А на карнізах і парканах Ляжаў вільготны цёплы снег (С.Грахоўскі). Усюды ляжаў глыбокі роўны снег (Б.Сачанка). Снег ляжаў глыбокі, топкі (В.Карамазаў). Пацяплела. З мяккае ігліцы Апаўзае завільжэлы снег (С.Грахоўскі). Пад нагамі паскрыпвае свежы марозны снег (Я.Брыль). Калі пасыпаў чысты халодны дождж з ліпкім мокрым снегам, мы пайшлі дамоў (Я.Бяганская). І колькі тут ясных, бліскучых іскрынак На снезе марозным, сухім! (Я.Колас). Смала іскрыцца на кары, І толькі след на стылым снезе Гарыць палоскаю зары (С.Грахоўскі). Сцюдзёныя, блакітныя снягі Засыпалі двухсотага арыйца (П.Панчанка). Нічога больш рознакалёрнага, Як узмяцелены снег, Я не знаю (М.Танк). Не бядуй, што снег халодны Скрые землю ад вачэй: Не загіне край твой родны У тэй цемені начэй (Я.Колас). Звонкі снег сухім пылам пасыпаўся на іх з галін (У.Караткевіч). Здароў, марозны, звонкі вечар! Здароў, скрыпучы, мяккі снег! (М.Багдановіч). Пачарнелы снег быў наздраваты і храбусткі (І.Новікаў). Па снягах пушыстых хрусткіх Крокам юным, неакрэплым Па абшары беларускім... Госць ідзе... (А.Звонак). Дабраў лістапад барышы, І снежань над ім нахіліўся, Ахапісты снег на галінах, Як першы цяжар на душы (Р.Барадулін). Пад зацвярдзелым шэрым снегам шэраю была і вёска (Я.Скрыган). Пад самы канец зімы, напрадвесні, калі пад нагамі ўночы хрупасцеў зашэрхлы снег, Жэня правяла яго [Зыбіна] у партызанскі атрад (І.Мележ). Хісталіся ўбакі і нудна гаманілі над галавою хвоі, бы плакалі: з іх капала на зляжалы, зярністы, як жасцвяк, снег (М.Капыловіч). А ці ж можна забыць, Як шукаў да заімкі сцяжыну, Паміж сопак панурых У сініх зыбучых снягах (А.Звонак). Снег быў густы, важкі, калматы (ЛіМ). Снег яшчэ не сышоў... Мокры, крупяністы, як соль, ён... іскрыўся ўзбоч дарогі (Б.Сачанка). Пачарнелі сляды на счарсцвелым зімовым снезе (М.Хведаровіч). А снег ахапкам валіць — махнаты і густы (Н.Гілевіч). Цёплы снег увесь у цёмных крапках, Шорсткі, наздраваты і тугі, Ціха асядае (С.Грахоўскі). Пульхны снег закаціўся ў сумёт, Звонкім смехам, агнём заіскрыўся (А.Куляшоў). Спіць пад пухкім снегам поле (К.Буйло). [Снег] рассыпісты і, здаецца, зусім не падобны, на той, што гурбамі асеў вакол на палях, на чорных ялінах... (А.Савіцкі). Нібы шыпячых зычных збег, Спакойны, сыпкі з самай раніцы Спадаў на сцежкі ціхі снег (Р.Барадулін). Ноччу прайшоў добры ўсадзісты снег... (А.Кудравец). Да сыпкіх снягоў не прабрацца Халоднага неба святлу (А.Куляшоў). Ляжыць снег — сыпучы і мяккі, белы, бы чыстая радасць (В.Каваль). Сыпаў жорсткі снег (М.Лынькоў). Яна [Ліпа] адразу спалохалася — снег жа такі казытлівы, пякучы, — а потым засмяялася... (Я.Брыль). Часам падзьме вецер, і сухі колкі снег, як шрот, непрыемна б’е ў твар (М.Лупсякоў). “Сёння ў рэспубліцы — снег...” Зноў забыліся сіноптыкі ўдакладніць: Мокры ці сухі, лагодны ці кусючы... (М.Танк). ...Стаяў вакол снег. Сляпучы... (У.Караткевіч). Успомніцца яршысты снег... (А.Пысін). Калі падзьме вецер, сосны заківаюць вершалінамі, зашумяць і будуць абтрасаць ліпкі цяжкі снег (А.Жук).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (снегу): асцярожны, вясёлы, гарэзлівы, гарэзны, далёкі, добры, жаданы, залётны, лагодны, нечаканы, нявінны, нясмелы, пяшчотны, радасны  абрыдлы, вінаваты, глухі, дакучлівы, даўно забыты, легкадумны, лянівы (аўт.), маўклівы, мёртвы, невідушчы, непрытульны, сумны, суровы.

Ападае белы, асцярожны, красавіцкі... снег (В.Іпатава). Віруе снег, вясёлы, малады... (С.Законнікаў). Зноў снег. Ён мне прыпамінае Чамусьці дальніх санак бег, Дарогу без канца, без краю, Сяло, забытае ля гаю, І іншы снег, далёкі снег (М.Танк). Вяртаецца назад даўно забыты снег (У.Някляеў). Снег выпаў нечаканы, добры (М.Танк). Калі б рэчы гаварыць умелі, то сказала б хустка, што вяжу, як вятры над хатаю шумелі, як снягі залётныя марнелі, як тужыла я і як тужу (Е.Лось). Але дзіўней за ўсё зямля пахне зімою, калі выпадзе першы нясмелы сняжок (К.Каліна). Чысты, бязмерна добры стаяў вакол снег... Нявінны (У.Караткевіч). Звіняць капяжы, Растае ўжо абрыдлы, пачарнелы снег (В.Жуковіч). Боль расстайных дарог Студзіць снег вінаваты (Р.Барадулін). З нізкага цьмянага неба пасыпаў мокры, лянівы, дакучлівы снег (Я.Брыль). Яршысты і лагодны, снег прывідам узрос І з ім у тайнай згодзе мой вераснёвы лёс (Я.Янішчыц). Але там, дзе я ступіў, ніколі не было ні птушак і ні хваляў. Толькі вееў вецер на прыволлі Ды снягі маўклівыя ляжалі (М.Танк). Прагінае вецер кроквы, Мёртвы снег пластуе дах (У.Някляеў). Хай жа снег, непрытульны і колкі, Тваю памяць нястомна пячэ (С.Гаўрусёў). Ён бачыць высачэзныя горы з... суровымі і вечнымі снягамі... (З.Бядуля).

* Снег-крупасей, снег-пушок.

“Дождж-грыбасей, снег-крупасей... Адкуль вы мне прысніліся? (М.Стральцоў). Потым бярозы валіліся, асыпаючы з вецця снег-пушок (І.Мележ).

Паведаміць пра недакладнасьць