СОН. I. Стан спакою, спачыванне.

1. Пра стан спакою, спачын чалавека: багатырскі, бестурботны, бясконца далёкі, велічны, волатаўскі, вольны, вялікі, галубіны (аўт.), гарачы, гаючы, глыбокі, доўгачаканы, доўгі, дрымучы, жалезны (аўт.), залаты, звонкі, здаровы, крэпкі, лёгкі, літасцівы, магутны, малады, моцны, мядова-малінавы (аўт.), радасны, ранішні, салодкі, светлы, смачны, спакойны, хмельны, ціхі, чуткі, шчаслівы  будкі (разм.), бясконцы, вялы, далёкі, даўкі, каменны, кароткі, ліпкі, ліпучы, мёртвы, млявы, мулкі, мутны, неадольны, нервовы, неспакойны, нямоцны, няроўны, пакутлівы, пакутны, палахлівы, палкі, стамлёны, трывожны, турботны, хваравіты, хуткацечны, цяжкі, чорны.

Букрэева бесклапотнасць і багатырскі яго сон заспакоілі трохі дзеда Талаша (Я.Колас). А ноч бярэ свае правы І сон прыносіць бестурботны (Я.Колас). Хутка сон, вялікі, магутны сон... зачыніў Ларысе вочы (Р.Мурашка). Спіць маладосць сном волатаўскім (М.Машара). Яна [жанчына] заснула вольным, спакойным сном (П.Панчанка). Рукі маці!.. Вы аж нылі ўвечары, Мілыя рукі, Спавіваючы нас перад сном галубіным (Н.Гілевіч). Пад разлівы песні хмарыць сон гарачы (М.Танк). Ах, чаму я, калі нарадзіўся, Чараўніцтву ў бабулі не ўчыўся! Не падгледзеў, якою вадою Акрапляла яна ўсё ліхое; Скуль прыносіла траваў дрымучых, Каб вярнуць сон спакойны, гаючы (М.Танк). [Валодзя] проста заснуў, — глыбокім сном, бясконца далёкім ад страшнай сапраўднасці (Я.Брыль). Ён сядзеў, баючыся паварушыцца, каб не патрывожыць гэты доўгачаканы гаючы сон (А.Пальчэўскі). Рвучы дрымучы сон..., Не спяць буравікі (А.Звонак). У тыя дні жалезным сном Пад сцюжай засыналі (П.Глебка). Спі, сыночак мой, сном залатым... (“Маладосць”). Як сон праляцела тая пара. І светлы, і залаты, і чорны, цяжкі сон (М.Гарэцкі). Мартын заснуў маладым, здаровым, крэпкім сном (Я.Колас). Хвалі зыблюцца пяшчотна, Навяваюць шчасця мары, Навяваюць лёгкі сон (К.Буйло). Насцечка ўжо дрэмле ў сваёй пасцелі, і, нарэшце, прыходзіць сон, моцны, салодкі, здаровы (К.Чорны). І падымаюць галовы мядзведзі, Што спалі ў мядова-малінавых снах (А.Пысін). У гэты смачны ранішні сон уварваўся далёкі... высозны, нібы з нябёсаў, голас (В.Карамазаў). Ім [касцам] таксама ўжо б дадому — Пасля працы адпачыць: Улагодзіць змору-стому Сном салодкім уначы (Н.Гілевіч). Ціхі салодкі сон, Спіць баявы батальён (М.Хведаровіч). Так прайшла для Андрэя з Марынай зіма, прайшла нібы ў хуткацечным шчаслівым сне (У.Шахавец). Будкі сон атрахаецца мігам (Н.Гілевіч). Нарэшце літасцівы сон наваліўся на яе (К.Чорны). На золку, калі сон звонкі, як кляновыя дзверы стукаюцца ка мне Дрывяты зялёнай хваляй... (У.Карызна). Я адразу заснуў каменным сном змардаванага чалавека (А.Карпюк). Ноччу яна не спала, забываючыся толькі пад раніцу кароткім, нервовым сном (І.Навуменка). Мяне горне ў салодкі, млявы, ліпучы сон (В.Быкаў). Данілу морыць мутны сон (Я.Колас). Людзі... забывалі і пра ўтому, і пра камароў, і пра ноч, хуткі час мёртвага сну (І.Мележ). Галава пасля мулкага сну была цяжкая (І.Новікаў). Заснуў Валожын трывожным і неспакойным сном (А.Жук). Лена спала нямоцным хваравітым сном (А.Кулакоўскі). Людміла не вытрымала, сон, даўкі, цяжкі, змарыў яе (Л.Арабей). Я сон твой палахлівы чую, Да раніцы паберагу (Г.Бураўкін). Безнадзейнае чаканне скончылася. Яна нібы прачыналася ад цяжкага, пакутлівага сну (І.Навуменка). У цёплай цішыні чулася роўнае, лёгкае дыханне Хведзькі ды стамлёны бацькаў сон (І.Мележ). Трызніш ты трывожна ў цяжкім палкім сне, Быццам ты на фронце, быццам на вайне (К.Буйло).

2. Пра спакой, здранцвенне прыроды: адвечны, велічны, вясковы, задумлівы, зводны (аўт.), зімовы, красавіцкі, летні, лясны, салодкі, серабрысты, чароўны, чуткі  лянотны, магільны, маркотны, мёртвы, моташна-мёртвы, непрабудны, суровы, трывожна-чулы, трывожны.

Над вадой ля берага ціха спіць асока, Ды лаза зялёная жаліцца-шуміць, Хвалі ціха коцяцца і бягуць далёка, — І ўсё навокал сном адвечным спіць (М.Багдановіч). Усё вакол як бы спала велічным лясным сном (У.Краўчанка). Жызнава пацягвалася пасля вясковага летняга лянотнага сну (І.Пташнікаў). Бор шумеў, навяваў зводны сон... (М.Багдановіч). Дрэмлюць прысады ў задумлівым сне (Н.Гілевіч). Сняжынкі на расстанне, Дажынак першы звон, Салодкае вяртанне ў красавіцкі сон (Г.Бураўкін). Перамог лес сон зімовы, сон маркотны і суровы... (К.Кірэенка). Дрэмле папараць з густой крушынай Лясным, чароўным, непрабудным сном (М.Танк). Свой прыгон распасцірае царства ночы: Салодкі сон, магільны сон Смяецца свету ўсяму ў вочы (Я.Купала). А гэты лес... Скрозь гэты мёртвы Сон зімовы Вядзе з Міхалам казкі-мовы (Я.Колас). Адна рака спіць серабрыстым сном Пад перазвон дзявочых галасоў (М.Танк). Дуб стары на касагоры Спіць трывожным, чуткім сном (Я.Колас). І спіць усё вакол Трывожна-чулым сном (А.Звонак). Пачарнелыя поле і луг ляжалі ў нейкім моташна-мёртвым сне (Цётка).

3. Пра пасіўнае існаванне каго-небудзь, чаго-небудзь; пра смерць: акамянелы, аслепны (разм.), белы, беспрасветны, векавы, зацяты, каменны, ланцужны (аўт.), ледзяны, марны, трывожны; адвечны, вечны, непрабудны, суровы.

Я гэты горад знаю з даўніх дзён, Дзе дрэмлюць замка гордыя руіны, Дзе ўзняў густое вецце ясень, клён Над сном акамянелым Гедыміна (М.Танк). Зганіце сон, аслепны сон, Збудзіце дух прыбіты свой, І ўдарце ў згоды гучны звон, І сабярыцесь [адродкі Белай Русі] грамадой (Я.Купала). Вы не будзіце, не будзіце, не ўскалыхніце сон [зімовай рачулкі]..., пакуль блакітныя лілеі Плывуць у белым сне (А.Пысін). І цень няволі знік, Як беспрасветны сон (М.Танк). Народу, абуджанаму ад векавога сну, патрэбны былі выражальнікі яго дум і пачуццяў (“Беларусь”). Падымаў ён [Купала] песняй ролі, Будзіў песняй сон зацяты (Я.Колас). Ён [звон] зваў да жыцця і да лепшае долі Усіх, хто сном каменным спаў; І сну ледзянога апалі аковы (К.Буйло). Пойдзем усе на Вялікае дзела, Досыць гніць у сне ланцужным, марным (Я.Купала). Спіць сном вечным Бандароўна І болей не ўстане, А над ёй пяюць старыя “Вечна спачыванне” (Я.Купала). І спяць салдаты сном магільным, непрабудным... (К.Кірэенка). Адказала поле шумам палыновым: “Не будзі таго, Хто спіць тут сном суровым (М.Танк).

II. Тое, што сніцца, трызніцца ў час сну: белы, блакітны, вараны (аўт.), вясёлкавы (аўт.), вясёлы, дзівосны, дзіўны, добры, досвітны, жывы, залаты (паэт.), запаветны, зваблівы, звабны, казачны, красачны, летуценны, лёгкі, неверагодны, прамяністы, прарочы, прываблівы, прыгожы, радасны, салодкі, светлы, сонечны, старажытны, чароўны, чысты, яркі, ясны  беспрытульны, бязрадасны, бясконцы, горкі, дарожны, жахлівы, жудасны, забыты, змрочны, кашмарны, крывавы, маркотны, мімалётны, набрыдлы (разм.), недарэчны, несалодкі, неспакойны, няспраўджаны, пакутлівы, прыкры, пудлівы, страшны, страшэнны, сумны, трывожны, тужлівы, цяжкі, чорна-белы, чорны.

Самотная, на печы — Даніна ўсё ж вясне — Журбоціцца аб нечым Бабулька ў белым сне (Г.Пашкоў). Няхай жыве блакітны сон і сок, што ў жылах дрэва набрынялых ходзіць! (Е.Лось). І гэткі настрой ляны, Што хочацца ў смешным парыве Прысніць вараныя сны На ўвітай дзядоўнікам грыве (Р.Барадулін). Ёсць куток на зямлі Казак, песень і мар, І вясёлкавых, красачных сноў (М.Танк). І ўспамінаюцца раптам дзівосныя сны... (В.Жуковіч). Малым прысніўся дзіўны сон, Што нехта ў шынялі паходным Прыйшоў, як бацька, сеў на ўслон (М.Танк). Ціха... Ціха... Салдаты спяць. Добрыя сны яны сёння сняць, Добрыя сны (П.Панчанка). Дом спіць. Не пазяхне пад’ездамі: Пільнуе досвітныя сны (А.Пысін). І адтуль [з маленства] шчымлівы, ледзь улоўны Выдых успамінаў, сноў жывых (А.Пысін). Радзіма наша, песня наша, Мой боль і сон мой залаты... (П.Панчанка). А сом вусаты, рыбіна нямая, Ў дрымоце бачыць зваблівыя сны (А.Пысін). Стала ты маім смуткам і сном запаветным (М.Калачынскі). Сніць Ягорка на прыдзвінскай вуліцы Казачныя, сонечныя сны (В.Лукша). Мая Радзіма, я цябе шукаю У гэтым лёгкім, летуценным сне... (К.Буйло). І сніліся старому фельчару трывожныя, неверагодныя сны (А.Кулакоўскі). На вуснах дзяўчынкі ўсмешка блукае. Куды яе сон прамяністы вядзе? (Н.Гілевіч). Сніцца кожнаму з нас свой прываблівы сон (П.Броўка). Розныя сны вярзліся: то страшныя, жудасныя, то радасныя, прыгожыя (Р.Мурашка). Самы радасны сон сніцца ў роднай хаце... (А.Вярцінскі). Як мне шкада, што столькі светлых сноў, Калі ўначы над намі зоры тлеюць, Сніў без цябе я (М.Танк). Старажытнымі ўзыходзяць снамі Горы, стэпы і лясная глуш (А.Пысін). І выклаўшы новы паверх, Мы дзівімся самі: Навокал муры ўстаюць Чароўнымі снамі (П.Панчанка). І часта-часта ў чыстыя сны іх [дзяцей вайны] Урывацца будуць галасы вайны (П.Панчанка). Мяне атульвае спакой, І нібы сон мне сніцца яркі (Я.Колас). Спіць пад ціхім снегам поле. Сніць яно аб новай долі Свой вясенні ясны сон (К.Буйло). Самы салодкі сон сніцца закаханым (А.Вярцінскі). Сплывала хмара беспрытульных сноў (Р.Барадулін). Вякамі глядзелі жанкі з-пад рукі, Чакалі мужоў і сыноў. І падалі зоркі, нібы светлякі, У прорвы бязрадасных сноў (П.Панчанка). Я не спаў, добра памятаю, што не спаў, але сніў сны, бясконцыя, цяжкія, жудасныя (І.Шамякін). Я золатам лічаных дзён сваіх Шчодра і ўпарта Плачу за дарожныя і мімалётныя сны (М.Танк). Божа мой, які, аднак, жахлівы сон! (М.Лынькоў). Уздай хвалу забытым снам, І цішыні, І гулкім гукам (Р.Барадулін). І забудуцца змрочныя сны (А.Бачыла). Будзе горасны час Нам тады ўспамінацца, Як страшэнны, Крывавы, Пакутлівы сон (П.Броўка). Старшыну Карпенку сніўся маркотны, доўгі сон (В.Быкаў). Ты [сонца] жыццё даеш мурашцы, птушцы, Ядлаўчыне, папараці кволай, Дзецям, што на матчынай падушцы Горкіх сноў не бачылі ніколі (Л.Забалоцкая). Дык ноччу сон кашмарны сніўся... (Н.Гілевіч). Нават, калі змогшыся, заснуў, нейкі недарэчны, набрыдлы сон не даў спакою (Р.Сабаленка). У мае неспакойныя, У мае несалодкія сны Прыходзіць начамі... Чарот (Н.Гілевіч). Я жыў у самых светлых марах У дні дваццатае вясны, Але канчаліся на нарах Мае няспраўджаныя сны (С.Грахоўскі). І ў снах пакутлівых узніклі, Неразгаданыя спакон, Каханых незямныя лікі (Г.Бураўкін). Плыве ў чаўне сярод туману ціша, Мой сон пудлівы да цябе плыве (Г.Бураўкін). Прарочыя сны пачалі ёй [Зосьцы] сніцца бадай кожную ноч (З.Бядуля). Ноччу мне прысніўся... страшны сон — вайна (А.Карпюк). А самыя сумныя сны — калі не чуваць вясны (А.Вярцінскі). Шыбы замёрзлыя лісцем ільду, Снамі трывожнымі... (М.Танк). Сніўся тужлівы сон (Я.Колас). Сны сняцца чорна-белыя (В.Хомчанка). Даволі чорных сноў ягоных... (З.Астапенка).

* Сны-неспадзевы, сон-трызненне, сон-уладар, цёмнік-сон, ява-сон.

Як разлагодзіла душу Мне гэта дрэва! На гэтым вецці калышу Сны-неспадзевы (М.Стральцоў). І зноў не то ява, не то сон-трызненне (П.Місько). А ва ўсім тым карагодзе Думак-вобразаў і мар Выкрадаецца, як злодзей, Цёмнік-сон, сон-уладар (Я.Колас). Мне хораша, што бачу яву-сон (Е.Лось).

Паведаміць пра недакладнасьць