Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

ТВАР. 1. Пра колер твару: абцалаваны сонцам (аўт.), аліўкавы, белабрысы, беласнежны, белы, блакітны, бронзавы, бялявы, далікатна-смуглявы (аўт.), загарэлы, мармурова-белы, ружовы, румяны, светлы, святлісты, смугла-цыганскі, смуглы, смуглявы, янтарны  барвовы, без адзінай крывінкі, бледна-васковы, бледнаваты, бледна-жоўты, бледна-сіні, бледны, бясколерны, бяскроўны, васковы, ватна-белы, жаўтавата-белы, жоўта-белы, жоўты, жоўты ад загару і рабаціння, засівераны, збялелы, малочна-белы, масляна-лакавы, матавы, мелавы, пабурэлы, пабялелы, палатняны, пацямнелы, попельны, руды, спалатнелы, счарнелы, цагляны, цёмны, чорны, чырвоны, шызы, шэра-зямлісты, шэры.

Па-добраму нязвыкла неяк глядзець на ўчэпісты загар — Абцалаваны сонцам твар Ва ўсіх танцорак, Як у жнеек (Р.Барадулін). Лёня нават Мяцеліцу ўзняў на рысь, успомніўшы белабрысы, падзюбаны воспай твар свайго начнога хаўрусніка (Я.Брыль). Яе [Ядвісіны] чорныя вочы, белы твар і гэта чароўная ўсмешка так і стаялі перад ім (Я.Колас). Жыццё ледзь тлела недзе ўглыбіні, не маючы змогі ажывіць блакітны твар (У.Караткевіч). Здалося яму [Івану], цэлую вечнасць не бачыў ён гэтых вачэй, далікатна-смуглявага твару (В.Быкаў). “Мама, ты чуеш?” — Спіць. Твар мармурова-белы... (П.Глебка). Салдаты і афіцэры выціралі з загарэлых твараў пот (І.Мележ). Вакол яго [Сяргеевай] светлавалосай галавы толькі мільгаў румяны тварык пад чырвонай хусцінкай (Я.Брыль). У лесе зялёным царэўна жыла, — Царэўнай зялёнага лесу была, — Жыла вечна ў ім, панавала над ім. Твар мела святлісты, як неба ўзор (Я.Купала). Вочы Галі прыжмурыліся, нецярпліва загарэліся, а смугла-цыганскі твар кранула чырвань (В.Хомчанка). Галава яго [байца] убінтавана была, відаць, ручніком, і смуглы твар выглядаў з-пад белага, як з-пад хусткі, калі яе ў спякоту завяжаш нізка, да брывей (Я.Брыль). Ганна сядзела ў сваім улюбёным куточку канапы, асветленая аранжавым абажурам. Янтарны твар, залатыя валасы (У.Караткевіч). Я ўзіраюся ў яго шэры, без адзінай крывінкі твар, з вострым, нейкім не Юркавым носам (В.Быкаў). Ачуняўшы ад смяротнай хваробы, з бледна-васковым... тварам... выйшаў ён са сваёй каморы (М.Багдановіч). — А гэта ўжо не твой клопат, — суха абарваў яго ўсё той жа камандзір у зялёнай пагранічнай шапцы, з бледнаватым тварам (М.Лынькоў). [Валерка] разгарачыўся, жоўты ад загару і рабаціння, яго востры тварык усыпалі чырвоныя плямы (І.Пташнікаў). Саколіч, пацямнелы, засівераны твар якога не мог захаваць унутранай усхваляванасці, даволі гучна прагаварыў... (М.Лынькоў). Жоўты твар з прыкметнымі цяпер скуламі здаваўся застылым і плоскім (У.Карпаў). Маўчаць і абыякавыя — Твары масляна-лакавыя. Што ім да таго, Да болю твайго і майго! (А.Вярцінскі). Ад чарнаты барады матавы твар рэдактара прымае шэрае адценне (З.Бядуля). А твар дзяўчыны стаў спалоханы, мелавы (А.Савіцкі). І вось яны, нявінныя ахвяры, Спыніліся натоўпам у дзвярах... Як гнеўна ззяюць попельныя твары! (М.Федзюковіч). Сяржант панурымі напружанымі вачыма пазіраў на палоннага, на яго боты, спалатнелы дзіцячы твар (А.Кудравец). Папоў азіраецца... Па яго рудым, ажно счарнелым твары ліюць пісягі поту... (В.Быкаў). На круглым цагляным твары тырчэлі сіваватыя тоўстыя вусы (З.Бядуля). На цёмным твары салдата блішчалі вочы пад кашлатымі бровамі (У.Караткевіч). Чырвоны твар Пачулія стаў шызы (Э.Самуйлёнак). Пятро выпусціў лейцы і ўраз абмяк, згорбіўся, твар яго зрабіўся шэрым, як запылены попел (І.Шамякін).

2. Пра велічыню, форму твару, яго паўнату ці худзізну; характарыстыка твару па нейкай адметнай прыкмеце; пра стан скуранога покрыва: авальны, агняшчокі, акруглены, акруглы, буйны, выпешчаны, дагледжаны, далікатны, доўгі, дробны, круглы, круглявы, кірпаносы, кірпаты, курносы, маленькі, малы, пародзісты, паўнашчокі, прадаўгаваты, пухлы, сухарлявы, тонкі, чарнабровы, чарнавусы, чысты, шырокі, яснавокі  абвіслы, аброслы, азызлы, барадаты, безбароды, брывасты, бязвусы, васпаваты, вастраносы, востры, вузкагубы, вузкалобы, вузканосы, вузкі, вусаты, гарбаносы, голы, губасты, губаты, завостраны, зарослы, зашчацінелы, з глыбокімі ўпадзінамі шэрых зямлістых шчок, зморшчаны, кастлявы, касцісты, квадратны, лабасты (разм.), лабаты (разм.), мангольскі, мардаты, маршчыністы, мізэрны, мускулісты, мясісты, насасты (разм.), насаты (разм.), ненатуральна зашчацінены, нізкалобы, няголены, падзюбаны, падслепаваты, пакляваны, плоскі, пляскаты, скалечаны шрамам, скуласты, сухі, танкагубы, таўстагубы, таўстаморды, хударлявы, худы, чорнабрывасты (аўт.), шчакасты (разм.), шчаціністы, шыраканосы.

Андрэй абвёў позіркам кампанію... Твары нейкія авальныя, доўгія (У.Караткевіч). А жар-месяц глядзіць на калматы гушчар, Нібы твар агняшчокі чырвоны (З.Бядуля). Грымаса болю і жалю скрывіла яго [Глечыкаў] круглявы хлапечы твар (В.Быкаў). Віктар... — прысадзісты, карчасты, чарнявы, з круглым пляскатым тварам (Я.Маўр). Чарнабровы, выпешчаны твар з падпухлымі мяшочкамі пад вачыма спахмурнеў, пакутліва зморшчыўся (І.Мележ). Паненка была прыгожая, з далікатным белым тварам (Я.Колас). Твар у яе быў дробны і белы, валасы густыя, залатыя... (К.Чорны). Я маўчу і з невясёлай лагодаю крадком узіраюся ў яе [Люсін] тонкі, маленькі смуглявы тварык (В.Быкаў). На курносым, паўнашчокім, яшчэ юнацкім твары не відно было стомленасці (Т.Хадкевіч). Мікалай з замілаваннем глядзеў на мізэрны маленькі твар Веры (У.Дамашэвіч). Усе “зямельныя тузы” павета з пародзістымі тварамі... укленчылі і застылі ў малітве (П.Пестрак). Хмурнее яго [афіцэраў] прадаўгаваты, выпешчаны твар (І.Навуменка). Твар яго быў худы, сухарлявы, з глыбокімі ўпадзінамі шэрых зямлістых шчок (М.Лынькоў). Малады пан паручнік... меў тонкі далікатны твар (Я.Скрыган). Шырокі васпаваты твар, адкрытыя з суровінкай вочы, збітая на лямец гушчэзная барада..., трохі замалы і кірпаты нос, які ніяк не мірыўся з нечаканай скупасцю прыроды, ва ўсім іншым шчодра надзяліўшай Астапа, — усё гэта прыходзіла ў рух, падміргвала, расплывалася шырокай усмешкай (М.Лынькоў). Не забыць мне, покі жывы... Тварык мілы, яснавокі І пагляд анёльскі (“Маладосць”). Марына ўважліва зірнула ў яго пабурэлы, аброслы твар (А.Кудравец). І азызлы яго [Далідчыкаў] твар неяк адразу пацямнеў і высах ад поту (І.Пташнікаў). Шафёр, з брывастым тварам, з густой чупрынай... дужы чалавек не адказаў (М.Вышынскі). Справа ад Горавай сядзеў Стаўроў, злева — Харунжы, данскі казак... з вострым тварам (У.Караткевіч). Дубавец туга пацірае вузканосы, прадаўгаваты твар... (М.Вышынскі). Зайшоў нізенькі, з нервовым вузкім тварам Шохан... (І.Навуменка). Алесь выразна ўявіў губаты, грубы, чорнабрывасты твар камбрыга Івана (Я.Брыль). Жыхар новай камеры быў высокі, гадоў пад сорак, мужчына. На яго худым, зарослым густой барадой твары хваравіта блішчалі вочы (М.Машара). Старэнькі зморшчаны тварык цёткі Хрысціны пачырванеў, на вачах выступілі слёзы (І.Новікаў). Петрык падняў ад газнічкі немалады, зморшчаны і зашчацінелы твар (В.Быкаў). Застаўся толькі страшны, няголены твар чалавека з вялікімі вачыма (Я.Брыль). ...[Ранены] падымаецца на локці з-пад шыняля, і на яго белым, ненатуральна зашчаціненым твары, адбіваецца грымаса пакут (В.Быкаў). Квадратны скуласты твар Дразда акамянеў (В.Хомчанка). Нядобрая ўсмешка ўсё не сыходзіла з плоскага, пакляванага Міронавага твару (І.Мележ). Крывёнак паднімае [на Люсю] злосны, скалечаны шрамам твар (В.Быкаў). Шэрыя вочы інспектара ўпіраліся ў яго калючымі іголкамі, а сухі і доўгі, як рэдзька, твар пыхкаў такой грэблівасцю, надзіманай непавагай, што Кох аж разгубіўся... (М.Лынькоў). Поля кінула быстрым вокам на Ігнатаў схуднелы твар (А.Кудравец). На шчакасты твар Пшанічнага з тлустымі вуснамі лягла ленаватая ўхмылка (В.Быкаў). Мужчына прыцмокнуў языком, і шчаціністы твар яго расплыўся ў шырокай ласкавай усмешцы (Р.Няхай). Было смешна глядзець на адзеравянелы шыраканосы твар Яўмена (А.Асіпенка). На шырокім мангольскім твары жанчыны няма аніводнай рысачкі цікавасці (А.Савіцкі).

3. Пра твар прыгожы, прывабны або непрыгожы, непрыемны; пра твар, што выражае фізічны стан чалавека (здароўе ці нездароўе і інш.): абаяльны, бадзёры, гожы, дабротны, дзівосны, крамяны, маладжавы, маладзенькі, малады, мілавідны, мілы, моцны, незвычайна прывабны, пекны, правільны, прасветлены, прывабны, прыгожы, прыемны, пяшчотны, родны, сімпатычны, слаўны, цудоўны, чароўны, чысты, юнацкі, юначы, юны  абветраны, авечы, агідны, адрузлы, адутлаваты, брыдкі, вульгарны, вялы, грубы, жахлівы, замораны, зблажнелы, змарнелы, звялы, змардаваны, змораны, змучаны, змяты, зняможаны, знясілены, кволы, лісіны, малакроўны, мокры, нездаровы, непрыгожы, непрыемны, несімпатычны, нецікавы, пабляклы, пакамечаны, памяты, патухлы, пачварны, празрысты, прастуджаны, рэзкі, савіны, спакутаваны, спатнелы, стомлены, тхарыны, халодны, хваравіта бледны, хваравіты, хворы, худасочны.

Твар жанчыны быў не так прыгожы, як сімпатычны, абаяльны (Л.Арабей). Данік глядзіць на белую маленькую руку настаўніцы, потым крадком цікуе на мілы, прыгожы твар яе (Я.Брыль). Лёгкі смех пакрыў дабротны твар мужчыны (Ц.Гартны). Запалка загарэлася..., асвятліла поўны твар жанчыны. Крамяны, млечны, ружовы, малады твар (С.Баранавых). Гэты ж выраз узнік і на маладзенькім, чыстым твары дзяўчыны: як яму беднаму цяжка (І.Мележ). Ён [Зыбін] моцна, ад сілы паціснуў яму руку, потым, — нечакана для сябе... — нахіліўся да мілага роднага твару... (І.Мележ). Нам ужо відаць яе [Люсін] твар, успатнелы, змораны, расчырванелы, але такі незвычайна прывабны твар маладой, шчырай і вельмі прыгожай дзяўчыны (В.Быкаў). Ён драмаў, і твар яго быў прасветлены, знясілены, змарнелы (У.Караткевіч). Жанчына мела надзвычай правільны твар з прыемным здаровым смуглым колерам (А.Карпюк). Я ўспамінаю дагэтуль твар маёй маці пяшчотны (В.Вярба). Які цудоўны твар! На ім напісана ўсё: і яе духоўная прыгажосць, і пакуты (Я.Скрыган). Чароўны твар Евы так лагодна пазірае на калгаснікаў з экрана (Я.Колас). [Сцяпан] бачыў чысты, юны твар дзяўчыны (Н.Гілевіч). У думках дзяўчыны... узнік Фёдар Гадун. З абветраным моцным тварам... (М.Гамолка). Авечы твар Тварыцкага раптам распоўзся ў сабачую грымасу... (К.Чорны). Шырокі адутлаваты твар сардэчніцы быў белы, як палатно (І.Навуменка). Нос ці, праўдзівей, бязноссе робіць твар жанчыны страшэнна брыдкім, пачварным... (Я.Колас). Твар [Мальвіны] быў пакамечаны, зблажнелы, нібы не спала яна некалькі начэй (С.Баранавых). Я бачыў змардаваныя твары, па якіх цяклі слёзы (У.Караткевіч). І мізэрна так бясконца Гэты хлопчык выглядаў! Толькі вочкі асвячалі твар замораны, худы (Я.Колас). Лесін бачыў змарнелы твар старога (А.Жук). Я зірнула на змораны твар начальніка цэха. Зотаў быццам хмурыў зеленавата-карыя вочы (А.Савіцкі). Паяснелі засмучаныя твары, І малы смяецца і стары (П.Панчанка). Грубы рэзкі твар наліваўся бурай крывёю... (У.Караткевіч). Перад Йонасам стаяў з памятым тварам... Кузьма Шавейка (П.Броўка). Яўхім заўважыў, што твар дзяўчыны блеклы, нездаровы... (І.Мележ). Ганна і тут пашкадавала затульваць малой родны, кволы тварык (І.Мележ). У скупым месячным святле бачыў Лесін, які худзенькі празрысты ў яго [хлопчыка] тварык і глыбокія цені пад вачыма (А.Жук). Наталля заплакала, ды так і заснула з мокрым, знясіленым тварам (Я.Скрыган). Часам сонца ўсміхнецца ветла засмучоным, малакроўным тварам (У.Дубоўка). У яго [Рыгоркі] быў круглы савіны твар... (І.Дуброўскі). Тады парыпвалі старэнькія абымшэлыя платы, гулі абледзянелыя ліпы, жорсткі снежны пыл сляпіў вочы, халадзіў узгарачаны твар (М.Лынькоў). Ганна зірнула на яго [Сцяпанаў] хваравіта бледны твар (І.Мележ). Хваравіты маршчыністы твар дэкана аставаўся пахмуры (У.Карпаў).

4. Пра твар, які выражае настрой, пачуцці, рысы характару чалавека, яго інтэлект, псіхічны склад і інш.: адухоўлены, ажыўлена-засяроджаны (аўт.), ажыўлены, анёльскі, бесклапотны, бестурботны, блізкі, бясхмарны, важны, валявы, ветлівы, вясёлы, ганарлівы, ганарысты, гарачы, дабрадушны, дабратлівы (аўт.), далікатны, добры, дружалюбны, дужа далікатны, жывы, жытна-верасны (аўт.), жыццярадасны, загадкавы, задаволены, задуменны, задумлівы, закаханы, замілаваны, засяроджаны, захоплены, зацікаўлены, зіхатлівы, знаёмы, інтэлігентны, лагодны, ласкавы, мядовы, набожны, натхнёны, нявінны, паважны, па-дзіцячы светлы, пакорлівы, пачцівы, прыветлівы, прыветны, радасны, распагоджаны (аўт.), расчулены, родны, рухавы, салодкі, смелы, спагадлівы, спакойна-чарнабровы (аўт.), сур’ёзна-ўсмешлівы, сур’ёзны, удумлівы, удумны, упэўнены, урачысты, цвёрды, цікаўны, ціхі, шчаслівы, ясны  абмежаваны, адзеравянелы, адчайны, адчужаны, азвярэлы, азлоблены, акамянелы, апатычны, асалавелы, аскетычны, ашалелы, бездапаможны, безудзельна-адчайны (аўт.), бяздушны, варожы, гаротны, гнеўны, горкі, гняўліва-цяжкі, гняўлівы, грэблівы, дзеравяны, драпежна-вольны (аўт.), драўляны, жаласны, жалезны, жорсткі, жудасны, журботны, задзёрысты, заклапочаны, засмучоны, збялела-пакутніцкі, з’едлівы, злосны, змрочны, знямелы, калючы, капрызны, кіслы, ліслівы, люты, маркотны, напяты, настарожаны, насцярожаны, нахмураны, незадаволены, непрыступны, нервовы, нерухомы, неспакойны, нецярплівы, няшчасны, пагардлівы, пакрыўджаны, пакутлівы, палачанскі, пануры, пастарэлы, пахмурны, плаксівы, разгублены, раззлаваны, раз’юшаны, самаўпэўнены, самотны, скарэжаны злосцю, строгі, сурова-бязлітасны, суровы, трагічны, тупы, угодлівы, узрушаны, устрывожаны, халодны, хваравіта зацяты (аўт.), чужы, ярасны.

Ён паўстаў перад Сяргеем высокі і стройны, з адухоўленым тварам, з шэрымі разумнымі вачыма... (І.Гурскі). Шэры ў прыцемках твар старшага сяржанта ажыўлена-засяроджаны на сваіх камандзірскіх клопатах (В.Быкаў). Твар у дзяўчыны быў ажыўлены, нецярплівы, вочы весела іскрыліся (У.Карпаў). [Халюта] стаяў пабялелы, і на твары, заўсёды такім вясёлым, бесклапотным, быў страх (І.Мележ). Толькі пад самую раніцу дабраўся [хлопец], дапоўз да ўскраіны роднай вёскі... Вось і гумно... Змрочная, халодная еўня... Ахапак саломы. Забыццё... Спалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары (М.Лынькоў). Твар у бабкі ветлівы, вясёлы (Я.Колас). Твар сур’ёзны ў селяніна, Важны, задуменны, Ходзіць, рукі залажыўшы За той пас раменны (Я.Колас). ...Перамяніўся твар у той жанчыны — толькі што дабрадушны, спагадлівы, зрабіўся такі халодны, адчужаны (Л.Арабей). Дабратлівы твар Кісяля быў засмучаны і пакрыўджаны... (М.Паслядовіч). Гэта быў зусім яшчэ хлапчук з далікатным, як у дзяўчыны, тварам (А.Кудравец). [Аўгіня] туліць гарачы твар свой да яго шчакі (Я.Колас). [Алена] была поўная, жыццярадасная, з такім добрым, прыгожым тварам... (М.Нікановіч). Ледзьве ўтаймоўваючы хваляванне, я гляджу ў заценены прыцемкам такі знаёмы, дужа далікатны, як у дзяўчыны, твар сябра (В.Быкаў). Але ж і пекная дзяўчына! Які жывы і ўдумны твар! (Н.Гілевіч). Арліны храм. Узмежак беразовы. І твар сялянкі жытна-верасны (Я.Янішчыц). [Заслонаву] уявіўся жывы, энергічны юнак, яго жыццярадасны твар, стрыманыя рухі, якімі ён заўсёды пераймаў свайго бацьку (М.Лынькоў). Калі Арына шыла, цыравала, задуменны, засяроджаны твар яе свяціўся ціхім спакоем (У.Карпаў). Я прыйшоў паглядзець Сёння ў гэты пакой На дзяўчыну з прыветным задумлівым тварам (П.Броўка). Іван, нахмурыўшыся, паглядзеў у гэты зіхатлівы, бы жывое срэбра, рухавы... твар (В.Быкаў). Неспакой не сыходзіў з яго [байца] інтэлігентнага, з тонкімі рысамі прадаўгаватага твару (І.Новікаў). Густыя пракураныя пшанічныя вусы былі акуратна падрэзаны і надавалі яго [начальніка] лагоднаму твару такі спакойны і будзённы характар (М.Лынькоў). Твар маці, ласкавы, пакорлівы, рабіўся строгім, набожным (“Беларусь”). Позірк яго [афіцэра] затрымаўся на маладжавым, па-дзіцячы светлым твары Ігнася Кахновіча (А.Кудравец). ...Спытаў Іван, з затоеным смехам гледзячы на амаль зусім распагоджаны бацькаў твар (Я.Брыль). Лявон павольна ўзняў вочы на Марыну Сцяпанаўну, зрабіўшы твар да брыдкасці салодкім (У.Корбан). Валожын хацеў даказаць, што сама лепш цяпер пабыць ім удваіх, але глянуў на ўпэўнены, спакойна-чарнабровы прыгожы Аксенін твар і зразумеў, што нічога не трэба даказваць (А.Жук). Сашка спакойна падняў на яго [Міцьку] светлы, ясны, як маёвая кветка, твар (В.Карамазаў). Я бачыў перад сабой сур’ёзна-ўсмешлівы твар генерала (К.Кірэенка). Гвардыян адвярнуў ўбок адзеравянелы раптам у тупой абыякавасці твар... (М.Зарэцкі). Акрываўлены твар Халусты быў такі азвярэлы, што на яго нельга было глядзець без жаху (А.Чарнышэвіч). Па аскетычным твары чалавека... можна было меркаваць, што на яго долю выпала нямала пакут (У.Дамашэвіч). Сціснуўшы галаву далонямі, сядзела з акамянелым тварам Рая (І.Шамякін). Наталля падняла твар, мокры, гарачы і зусім не такі, як прывык бачыць Казімір, — бездапаможны, пакорлівы (Я.Скрыган). Акамянелы, пастарэлы, Якісь нядобры Быў матчын твар... (Н.Гілевіч). Глінскі абвёў вачыма калег. Потым ягоны позірк спыніўся на твары Ірыны, на безудзельна-адчайным твары мужчыны (У.Караткевіч). Твар яго [старога] быў незвычайны, горкі, з’едлівы... (У.Караткевіч). З тварам змрочным, гняўліва-цяжкім, Махнуў цар рукою служкам сваім (К.Кірэенка). І свеціцца тугой былых пажараў Драпежна-вольны палачанскі твар (У.Някляеў). А потым так усё абрыдзела: і твар яго [Фамута] драўляны і немата... (Я.Брыль). Прохараў сядзіць на сваім экскаватары,, як статуя. Твар жалезны і вочы драўляныя (У.Краўчанка). Твар фашыста быў жудасны... (І.Шамякін). Гэта быў гадоў дваццаці васьмі мужчына з шэрымі вачыма, з круглым задзёрыстым тварам... (Я.Скрыган). “Баліць што, мама?” — зірнуўшы на яе збялела-пакутніцкі твар, спытаў Грышка (В.Мыслівец). Застыглы твар стаў калючым, суровым, нібы пражыў Міколка доўгія дзесяткі год, усё перажыў, усё пабачыў на свеце (М.Лынькоў). Дадому Ганна Лявонаўна пайшла з кіслым тварам (У.Корбан). Над ім схіляецца таварыш, У вочы з ласкаю глядзіць. А на яго знямелым твары Ужо смяротны цень дрыжыць (П.Глебка). У махорачным тумане выглядалі напятыя, настарожаныя твары людзей (М.Лынькоў). Тонкія чорныя вусікі на белым нервовым твары былі нібы прыклееныя (В.Хомчанка). Абапал — два штыкі, два непрыступныя твары пад каскамі (Я.Брыль). На посцілцы ляжаў чалавек з бледным нерухомым тварам (М.Лынькоў). На яе [Аленіным] твары, задуменным, неспакойным... хадзілі святло і цені (І.Мележ). Мяркуючы па Валодзькавым твары, устрывожаным і насцярожаным, яны ледзь не трапілі ў бяду (І.Мележ). Данік успомніў худы, скарэджаны злосцю твар панны Рузі (Я.Брыль). Чалавек з трагічным тварам глянуў на юнака... (А.Марціновіч). Калі афіцэр нешта сказаў, [кухар] падняў хваравіта-зацяты твар (В.Быкаў). Я бачыў... твары ярасныя (У.Караткевіч).

Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы   Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2020