ТРАВА (травы). 1. Пра вышыню, гушчыню, колер, пах; пра стан травы: аксамітная, алюмінева-белая (аўт.), буйная, водарная, высокая, гаючая, гладкая, глыбокая, густая, духмяная, залатая, залацістая, зялёная, ігольчатая, квола-зялёная (паэт.), квяцістая, кусцістая, кучаравая, лапушыстая, маладая, машастовая, мурожная, мядовая, мяккая, невысокая, не скошаная ў пару, ніцая (нар.-паэт.), пасівелая, пахкая, пахучая, прывялая, пышная, росная, сакавіта-кволая (паэт.), сакавітая, сакаўная, серабрыстая, сіняя, тлустая, хвалістая, чырвоная, шаўкавістая, шаўковая, ярка-зялёная, ясна-зялёная, ядраная  ажарсцвелая, бляклая, бурая, выгаралая, дзікая, жорсткая, жухлая, збуялая, непралазная, пажоўклая, пажухлая, учэпістая, чэзлая, шарахаватая, шорсткая, шурпатая, шызая.

Каля хлява стаяла некалькі вішанек; пад вішнямі была густая аксамітная траўка, цень, прахалода (І.Мележ). Пад праменнямі сонца маладая рунь і трава сталі алюмінева-белымі (І.Шамякін). Нельга лепшага друга за песню знайсці, За вясновую песню вятроў і Дняпра, Буйных стэпавых траў, Вечных дум Кабзара (М.Танк). Па халявах з шоргатам білася высокая, не скошаная ў пару трава (Я.Скрыган). Звечара ён [Данік] доўга не мог заснуць, бо ўсё прыслухоўваўся, як яблыкі ападаюць у мяккую, глыбокую траву (Я.Брыль). Дзед даставаў піпку, выцягнуўшы босыя ногі на машастовай гладкай траўцы (М.Гарэцкі). Ноччу, да золаку, чуць, як гавораць Травы духмяныя, вецер і зоры (М.Танк). А ў плынях рэк па залатой траве, — Крамянае такое ходзіць лета (У.Хадыка). “Жыла” зарасла зялёнай тлустай травою (П.Пестрак). Каля варот паміж гладкіх камянёў... расла высокая ігольчатая трава (Я.Радкевіч). А ўсюды квола-зялёная трава (Б.Сачанка). Трава квяцістая, густая Будзе губляць сваю прыгажосць (П.Броўка). Дзівосныя фарбы з сонца і засені слаліся па кучаравай траве пад яблынямі і ігрушамі (Р.Мурашка). А на тым месцы, на балоце, дзе раней перайшоў агонь, пачала рунець новая лапушыстая трава і буяць сакавітыя маладыя краскі (Я.Колас). Конік весела згрызаў маладую пахучую траўку і громка пырхаў (Я.Колас). На Палессі восень... Гусі белыя выскублі мядовую траву (П.Панчанка). Сыплюцца на пасівелую траву лісточкі (М.Лынькоў). З-пад рэчкі данёсся пах скошанай і ўжо троху прывялай травы (Я.Сіпакоў). На ўзлессі пахла апошнімі, пераспелымі суніцамі, прывялай духмянай травою, асіннікам (І.Мележ). А на беразе рэчкі Траўка ніцая, доўгая... (“Маладосць”). Узыходзіла сонца... Заіскрылася росная трава, ружовым святлом умылася наваколле (В.Карамазаў). Карта скажа табе, што ты на краі зямлі. Гэта адчуеш і так, калі... узыдзеш на сопку..., пярэстую ад вялізных трэшчын, парослых сакавіта-кволай травой (М.Стральцоў). Вясне так хочацца прысесці На сакавітую траву: Каштанаў факельнае шэсце ёй закружыла галаву (П.Панчанка). Ён [конь] старанна згрызаў сакаўную траву... (Я.Колас). На сінія травы, на сосны густыя Павольна спускаўся жнівеньскі вечар (П.Панчанка). І яна [козачка]... падскоквала ў высокай чырвонай траве між пнёў (І.Пташнікаў). О, як пахнуць на лузе шаўкавістыя травы (П.Броўка). У дзяўчат на руках былі краскі з шаўковаю травою, з мятаю (Р.Мурашка). Хлопчык сеў на мурожную траву і доўга не зводзіў вачэй з салдат (М.Гамолка). І лёгка чуючы, як падганяе тугі вецер, яна затупала па ясна-зялёнай... траве... (В.Адамчык). На ажарсцвелай траве ўзлескаў... ужо ляжалі адзінокімі зорачкамі восені жоўтыя лісцікі бярозы (А.Жук). Аднастайны ландшафт. Выгаралыя на сонцы светла-жоўтага колеру бляклыя травы (І.Сяргейчык). Няхай вораг-звяруга лютуе І навалаю чорнай плыве, — Ён магілу сабе сам рыхтуе Пад асінаю ў дзікай траве (Я.Колас). Мы ідзём па вузкай, зарослай густой, збуялаю травою лясной дарозе (Б.Сачанка). Дарожка, як змейка, Знікае паміж непралазнай травы (М.Калачынскі). Летам... на замшэлых каменнях расла... учэпістая трава... (І.Мележ). Ігнат сядзеў непадалёку ад сястры, тупа ўставіўшыся ў блізкую купіну, парослую шорсткай, шызаватай травой (М.Лынькоў). Усе пападалі на купіны, прыціснуліся да шурпатай травы (І.Новікаў). Унізе, проста пад нагамі, мільгала зямля: часам жоўты пясочак, парослы чэзлай травой (А.Асіпенка). У засені дрэў панарастала шмат травы. ...Ядранай, сакаўной (Б.Сачанка).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (травы): весела-росная (аўт.), вясёлая, далікатная, казытліва-халодная (аўт.), ласкава-мяккая (аўт.), ласкавая, пяшчотная, сакавіта-жыццёвая, свежая, слаўная, ціхая  засмяглая, ліхая, млявая, самотная, сонная, сумная, трагічная (аўт.), хмельная.

Хто лепш за самога касца адчувае красу гэтай працы? Нагамі ў весела-роснай або ласкава-мяккай траве (Я.Брыль). З зямлі травінкай далікатнай, Густою шчотачкаю здатнай Выходзяць дробныя зярняткі (Я.Колас). [Мікульскі] упаў дагары, раскінуўшы як мага шырэй рукі ў казытліва-халодную траву... (П.Місько). [Людзе] захацелася раптам пабегчы па гэтай мяккай, ласкавай траве (Я.Брыль). Абярнуся я травою, Высокай, пяшчотнай, І ўкрыю з галавою юнака ўпотай (Н.Шклярава). На прыдарожнай траве сакавіта-жыццёвай, на лісці кустоў, нібы брыльянты, буйніліся багатыя росы (Я.Колас). Зялёны луг... За хатай зараз пачынаўся Ды йшоў квяцістай раўніною З мурожнай слаўнаю травою (Я.Колас). Трава высокая, як песня жаўрука... І хмельная, як мёд вясельны (М.Танк). Росы падаюць з ціхіх траў... (П.Панчанка). Грозна і гучна наступала цёплая хмара, абліваючы зямлю імклівым патокам дажджу, кладучы на дол засмяглыя нівы і травы (Я.Колас). У жыцці не месца крывадушшу, Як ліхой у кветніку траве! (Я.Непачаловіч). Трава тут [у лесе] была млявая, мяккая... (М.Ткачоў). Ледзь-ледзь гайдаецца гамак над соннаю травой (Э.Агняцвет). Маланка блісне. Згасне зорка. Пальецца дождж як з рукава. Тут на траншэях і пагорках Расце трагічная трава (Я.Янішчыц).

* Трава-аксаміт, трава-мурава, трава-разун, трава-сенажаць.

Блішчаць сенажаці травой-аксамітам (П.Броўка). Валока толькі сабраўся сесці на траву-мураву..., як падбег пасыльны са штаба (А.Марціновіч). Вецер паўднёвы на лузе квяцістым Калыша траву-сенажаць (Я.Колас). Шастае і хапае за рукавы трава-разун (С.Грахоўскі).

Паведаміць пра недакладнасьць