ЦЕНЬ (цені, цянёк). 1. Цёмны адбітак прадмета, асветленага сонцам; той, хто ходзіць неадступна за кімсьці: агромністы, ажурны, апошні, буйны, вільготны, востры, выразны, вялізны, вялікі, гіганцкі, густы, дзівосны, дзіўны, доўгі, жоўты, зубчасты, зыбкі, імклівы, калматы, кароткі, карункавы, крылаты, кудлаты (разм.), кучаравы, лакіраваны (аўт.), лёгкі, ліловы, лясны, мімалётны, мяккі, нясмелы, празрысты, пругкі, пушчанскі, ружовы, рухавы, сіні, сярэбраны, таямнічы, тонкі, трапяткі, цененькі (разм.), цёмна-сіні, цёмна-шэры, цёплы, шырокі  бледны, вуглаваты, дрогкі, дрыготкі, дужа тоўсты, дымны, жудасны, змрочны, крывы, маркотны, мокры, нязграбны, няўклюдны, палахлівы, паспешлівы, плямісты, прывідны, рабы, рагаты, рэзкі, самотны, сталёва-халодны (аўт.), сумны, трывожны, хісткі, цёмна-імглісты, цёмны, чорны, шызы; добры, неадлучны, неадступны, нябачны.

Агромністы цень [самалёта] мільгае над намі (У.Паўлаў). У строгім задуменні кіпарысы Кладуць ад трапа свой ажурны цень (С.Гаўрусёў). Чырвоным зарывам абвостран край зямлі... Трывожна сочыш за ігрой праменняў, Пакуль не змые сонечны прыліў Апошнія, сярэбраныя цені (М.Танк). На схіле дня святла яшчэ даволі, Вільготны цень кладзе дубоў сям’я (А.Пысін). Добра, аднак, рысаваць пры лямпе: святло жаўціць і цені вельмі вострыя... (Я.Брыль). Ды прадзе, прадзе кудзельку, Скача вераценца, А за ім густыя цені Бегаюць па сценцы (Я.Колас). Полымя свечак ківалася, і на сценах і столі клаліся дзіўныя цені (Л.Арабей). Упаў на травы доўгі цень (С.Грахоўскі). Там чароты схавалі жоўты месяца цень... (В.Вярба). Вярба схілілася над саменькай вадою і кідала зыбкі цень (“Маладосць”). Намагаючыся лепей разгледзець ланцужок рухавых і імклівых ценяў,... Наста шчыльней прыціснулася ілбом да шыбы (А.Савіцкі). Калматы цень галавы Андрэя спачывае на бярвенчатых сценах (У.Караткевіч). І кідаюць карункавыя цені Каштаны на ўцеху дзетвары (П.Панчанка). Плыве ў расе крылаты цень Алтайскае жняяркі (П.Панчанка). Снавалі кудлатыя цені, Пажар агнякрылы шугаў (П.Панчанка). Вялікае поле аэрадрома... Праз адчыненыя дзверы пабліскваюць цьмяна лакіраваныя цені крылляў (М.Лынькоў). Лёгкія хісткія цені струменіліся па шкле і палахліва трымцелі (М.Стральцоў). У маіх трудных запясцях Цень пушчанскі, лясны (Я.Янішчыц). Сасна з смалою на ствале. Цень мімалётны самалёта, І яшчарка ў сухой траве (А.Пысін). Месяц свяціў ясна, адкідваючы ад хатаў і дрэў мяккія, празрыстыя цені (Я.Колас). Мяккія ружовыя цені калыхаліся між шэрых камяніц... (М.Лынькоў). Пасля дажджу... Яшчэ ў паветры пругкі цень дажджу (А.Пысін). Кладзе пад ногі Джэзказгана Крылаты птах рухавы цень (А.Звонак). На асфальце трапяткія цені, Пад ліствою звоняць арыкі (П.Панчанка). На год паменеў дзень, Ды стаў яшчэ выразней, А цененькі мой цень Перад табой, што вязень (Я.Янішчыц). ...Шырокія імклівыя цені няспынным агромністым статкам хутка-хутка плылі па зямлі (В.Быкаў). Дрогкія... ціха вагаліся, пагойдваліся... рагатыя, нейкія дужа тоўстыя цені ад альясу і герані (А.Савіцкі). Пачарнелыя глыбы скляпенняў, Лабірынты бясконцых хадоў Праглыналі дрыготкія цені (А.Звонак). Вялізныя, у чалавечы рост цагляныя глыбы адкідвалі жудасныя цені (К.Пішчыкава). Месяц цені крывыя пакосіць і пакоціцца сам на муры (Л.Геніюш). Маркотныя цені сышлі на папары, Дзе мошкі, кузуркі і пчолак атары Мядок бралі з кветак духмяных (Я.Колас). Наста ўгледзела ля палаткі няўклюдны цень (А.Савіцкі). Яны [воблакі]... будуць плысці адразу па небе і па зямлі, чапляючыся за парыжэлыя восеньскія палі і лугі плямістымі, паспешлівымі ценямі (Я.Сіпакоў). Ноч возьме ўсё і нават цень з-пад ног, Цень прывідны ў мяне адыме (А.Пысін). Жабулька скокнула пад куст вярбы, У лісце сохлае, дзе цень рабы (А.Пысін). Рэзкія сінія цені нячутна валакуцца за намі (В.Быкаў). Па люстранай паверхні Бярозы, хоць неба па-над ёй зусім-зусім сіняе, чыстае, раптам пабягуць сталёва-халодныя цені (К.Кірэенка). Сонца заходзіць. Сумныя цені ціха злятаюць з гары (Я.Колас). Ад усіх, нават ад самых маленькіх узгорачкаў леглі вялізныя трывожныя цені (У.Караткевіч). З поўначы вецер зніжаным лётам Рве хмараў вячэрніх цяжкія плыты, Калышучы п’яных мачтаў готык І цёмна-імглісты цень густы (М.Танк). Скакалі па зямлі цёмныя цені ад дрэў, ад кустоў... (М.Лынькоў). Чорныя цені, Шэпат таемны, Шум падазрэнны, Глухі (Я.Колас). Пільную я не першы дзень Цябе ля прахадной, Я неадступны добры цень, Нябачаны табой (А.Бачыла). Я нат і табе не сказаў, Што люблю, Стаўшы рэхам тваім, Стаўшы ценем тваім Неадлучным (М.Танк).

2. Невыразныя ў цемры абрысы постаці, фігуры; прывід; адлюстраванне ўнутранага стану чалавека: густы, дрыготкі, загадкавы, зменлівы, кудлаты, мнагазначны (аўт.), мнагалучны (аўт.), несчыслёны (аўт.), працавіты, смешны, чароўны  абдзёрты, бледнавокі, бледны, босы, бясформенны, гарбаты, злавесны, змрочны, касцісты, няўклюдны, нямы, няўстойлівы, палахлівы, пануры, пусты, страшны, сумны, уздыблены, хлебам не сытыя (мн.); лёгкі, цёплы  злавесны, пакутлівы, пануры, хмурны.

Цені сталі больш густыя, Мнагалучны, несчыслёны, Мнагазначны, хоць пустыя, вельмі страшны, бо нямыя, Пад пячаццю ўсе замкнёны (Я.Колас). Зменлівы, няўстойлівы цень... загайдаўся, папоўз ад дарогі ў бок крушняў (А.Савіцкі). Дзесяткі бледных людскіх ценяў прыніклі да акутых жалезам акон астрога (Я.Колас). Дрыготкія цені, хістаючыся, таропка разбягаліся ад агню ў гушчыню цемені (У.Краўчанка). У лесе вельмі многа цішыні. І надта ўжо загадкавыя цені (Р.Тармола). Няўклюдныя кудлатыя цені ўжо снавалі між дрэў... (І.Сіняўскі). Там працавітыя, Хлебам не сытыя, Снуюцца людскія цені, На кій успёртыя, Босы, абдзёртыя, Трасуцца рукі, калені (Я.Купала). Сэрцы ахвярна паложаць, Насып насыплюць высокі; І не пяройдзе той насып Злыбеды цень бледнавокі! (Я.Купала). Дзень яшчэ дагарэць не паспеў, як пад голлямі ценем гарбатым прыйшоў вечар і ціхенька сеў на парозе забытае хаты (Л.Геніюш). Было даволі толькі хвілі, каб знік ён, змрочны цень бяды (А.Бачыла). Як я ў хату ўвайду, мяне штосьці гняце; Бледны сум падыходзіць — прыносіць нуду; Ў запляснелым кутку цень касцісты цвіце, — Мяне штосьці гняце, як я ў хату ўвайду (Я.Купала). Захар прагна слухаў,... углядаўся ў палахлівыя цені (А.Савіцкі). Быў верасень. Халодны асенні вецер гнаў па вадзе хмурныя цені (І.Мележ). Па зямлі і ўдзень і ўночы Ходзіць асцярожна Чорным ценем, злою зданню Страшны падарожны (Я.Колас). Па-над шчыраю Шчарай... Плачуць чорныя цені на фоне пажару (У.Караткевіч). Сонейка глянула ў камеру цёмную, Цені панурыя выгнала вон (В.Таўлай). За акном плыла сумным ценем Арыніна постаць (І.Мележ). На даляглядзе ўздыбленыя цені... Ўчарашніх катаў — мёртвых і жывых (А.Пысін). Не хавайце, блакітныя далі, Шапаценнем надрэчных ракіт.... Лёгкім ценем лясной цішыні Вобраз той, што аднойчы ўвосень Завалодала сэрцам маім... (А.Звонак). Смугою ліпкай, Цёплым ценем сок ліецца (М.Танк). Як толькі вочы яго [Грэчкі] ажылі, на твары лёг пакутлівы цень (І.Мележ). Зацятая злосць і глухата старой панурым ценем захмарылі ўсё, што ўвайшло ў душу Башлыкова (І.Мележ). Мабыць, сэрца ўзяўшы пад апеку, можна адагнаць злавесны цень (С.Грахоўскі).

3. Месца, заслоненае чымсьці ад сонца; цемень: ахоўны, дрымотны, духмяны, змяркальны, зялёны, кволы, лагодны, ласкавы, мяккі, прахалодны, прыемны, рэдзенькі, рэдкі, светлы, цёплы, цудоўны; глыбокі, маркотны, мокры, надвячоркавы, начны, серабрысты.

Сосны на самым краі берага далі свой ахоўны цень некалькім кусцікам ядлоўцу (К.Кірэенка). Хоць, здаецца, той лясок невысок, А які бруіць бярозавы сок, Пад крушынавым кустом муражок І лагодны і духмяны цянёк! (М.Танк). І хочацца... убачыць зноў, як каля хаты Хаваецца ў дрымотны цень, як бацька, ціхі і вусаты, Крыху ссутулены ячмень (Г.Бураўкін). Віляеш ты між вольхаў Вілія, Заступніцтва ў зялёных ценяў просіш (П.Макаль). Я прыносіў кветкі з ніў вясковых, Захінуўшы іх у цень змяркальны (М.Танк). Я стаяла на пероне, хаваючыся пад кволы цянёк кіёска (К.Каліна). Пад ветразяў сваіх лагодным ценем Яны плылі (А.Куляшоў). Пад колы аўтобуса прысады рассцілалі і рассцілалі свой мяккі і ласкавы цень (Я.Скрыган). Ціха на полі ў поўдзень гарачы! Хоць бы дзе кусціка рэдзенькі цень (Я.Колас). Мая вясковая хаціна, Пасляваенны горкі лёс! Прымі мяне, бадзягу-сына, У цёплы цень сваіх бяроз (Г.Бураўкін). Усюды паслаліся глыбокія начныя цені (Б.Сачанка). І згушчаюцца мокрыя цені У густы алавяны змрок (Я.Колас). На асеннія пожні, Завяршаючы дзень, Ападае апошні Надвячоркавы цень (П.Глебка). Прыходзіць серабрыстым ценем Світанне кволай сінявы (В.Вярба).

* Цені-зданні, цені-паўночнікі, цені-страхі.

Былых стагоддзяў цені-зданні Не заплывалі ў мае сны (К.Кірэенка). І кульгавыя цені-паўночнікі Выпаўзалі з халодных куткоў (А.Звонак). Вечар блізка, жар спадае. З цёмных шчылін хтось нязнаны Цені-страхі выклікае, Штось ім шэпча, штось ківае... (Я.Колас).

Паведаміць пра недакладнасьць