Ляґранж Жазэф Люі (Lagrange Joseph Louis; 25.01.1736-10.04.1813), французскі матэматык і механік, акад. Парыжскай АН (1772), замежны ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1776), Берлінскай АН (1759). З 1795 г. праф. Нармальнай, а з 1797 г. Політэхнічнай школаў у Францыі. Найбольш значныя працы Л. належаць да варыяцыйнага злічэння і механікі. Л. увёў паняцце і знак варыяцыі δ, абагульненыя каардынаты і надаў раўнанням руху форму, названую яго імем. Ён імкнуўся знайсці «простыя» і «ўсеагульныя» прынцыпы механікі. Л. належаць выдатныя даследаванні ў матэматычным аналізе (будаванне аналізу на базе раскладання функцый у ступеневыя шэрагі, формула концых прыростаў (Лягранжа формула), тэорыя ўмоўных экстрэмумаў (Лягранжа множнікаў метад)), у тэорыі лікаў (тэарэма Л.), алгебры (Лягранжа метад), дыферэнцыяльных раўнаннях (метад варыяцыі канстантаў, тэорыя асаблівых развязкаў, інтэрпаляцыі (інтэрпаляцыйная формула Л.) і інш.).

Літ.: Тюлина И.А. Жозеф Луи Лагранж. М., 1977.

Паведаміць пра недакладнасьць