Аб'яднаньне Беларускіх Студэнцкіх Арганізацый (АБСА), незалежніцкая арганізацыя, якая існавала ў Заходняй Беларусі й на эміграцыі ў 1924-38 гадах і аб'ядноўвала беларускіх студэнтаў, пераважна нацыяналістаў. Арганізацыя ўваходзіла ў Міжнародную студэнцкую канфэдэрацыю ды на яе зьездах распаўсюджвала інфармацыю пра паняволены й падзелены акупантамі беларускі народ і Беларусь. АБСА мела за мэту згуртаваньне ўсіх беларускіх студэнцкіх арганізацый для сумеснай працы на ніве беларускага адраджэньня. Штаб-кватэра АБСА знаходзілася ў Празе, дзе на розных мовах выдаваўся «Бюлетэнь АБСА». Пры арганізацыі існавалі аддзелы міжнародных зносін, прэсы, эканомікі ды іншыя. У 1930 годзе ў АБСА ўваходзіла 540 студэнтаў-беларусаў, а за ўвесь час яго існаваньня - тысячы маладых людзей. З АБСА выйшлі дзесяткі выдатных дзеячоў Беларускага Супраціву: Міхал Вітушка, Мікалай Шкялёнак, Вітаўт Тумаш, Станіслаў Станкевіч, Мікола Чарнецкі ды іншыя. АБСА спыніла сваё існаваньне ў 1938 годзе, у сувязі з цяжкім фінансавым становішчам, з малым лікам беларускіх студэнтаў у Эўропе ды моцнымі нападкамі расейскіх эмігранцкіх і польскіх шавіністычных студэнцкіх арганізацый.

Паведаміць пра недакладнасьць