Беларускі Нацыянальны Цэнтар (БНЦ), эмігранцкая нелегальная палітычная арганізацыя. БНЦ заснаваны 15 жніўня 1945 г. на нелегальным сходзе беларускага нацыянальнага актыву ў Рэгэнсбургу, у амэрыканскай акупацыйнай зоне Нямеччыны. Сярод 12 прысутных былі: Радаслаў Астроўскі, Мікола Абрамчык, Аўген Каханоўскі (Калубовіч), Барыс Рагуля ды інш. БНЦ мусіў стаць «беларускім цэнтральным прадстаўніцтвам» на Захадзе. Ідэю стварэньня гэтай арганізацыі падтрымаў і прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады Р.Астроўскі, які разумеў, што ў пасьляваенных умовах БЦР ужо ня можа дзейнічаць, маючы пляму «калябарацыі» (БЦР будзе распушчаная ў верасьні 1945 г.). На прапанову Астроўскага старшынём БНЦ быў выбраны М.Абрамчык, а яго заступнікам А.Каханоўскі. Быў арганізаваны й Прэзыдыюм БНЦ. Аднак ужо ў 1946 г. з арганізацыі выйшлі прыхільнікі Р.Астроўскага («зарубежнікі»). На жаль, невядома, ці прызнаваў БНЦ пераемнасьць ад Беларускага Нацыянальнага Цэнтру, заснаванага ў Бэрліне 19 чэрвеня 1941 г. групай Міколы Шчорса і а. Вінцэнта Гадлеўскага.

Утвораны ў 1945 г., БНЦ меў на мэце «мабілізаваньне і арганізаваньне ўсіх беларускіх нацыянальных сілаў для няўтомнага і бескампраміснага змаганьня супраць бальшавізму і ўсякіх іншых формаў паняволеньня беларускага народу», змаганьне «за палітычную, нацыянальную, рэлігійна-царкоўную, сацыяльную і эканамічную незалежнасьць беларускага народу». БНЦ у сваіх праграмных дакументах заяўляў пра сваю прынцыпіяльную арыентацыю на свае ўласныя сілы. Арганізацыя афіцыйна заяўляла пра сваю надпартыйнасьць, але тайна ад шырокіх колаў беларускага грамадзтва знаходзілася пад уплывам Рады БНР, якая да сьнежня 1947 г. дзеяла нелегальна. БНЦ здолеў аб'яднаць у сваіх шэрагах прадстаўнікоў многіх існаваўшых у той час палітычных партый і арганізацый. Але брабэцээраўскай «Сялянска-Работніцкай Партыі Вызваленьня Беларусі», як «русафільскай», было адмоўлена ў супрацоўніцтве.

Нелегальна выдаваліся й распаўсюджваліся перыёдыкі БНЦ і ягоныя ўлёткі. З красавіка 1946 г. выдаваўся часапіс «Рух», ворган БНЦ або «цэнтралі пасярэдніцтва Беларускага вызвольнага руху (у апошніх нумарах - «беларускай нацыянальна-вызвольнай думкі»), як было пазначана пад лагатыпам. На працягу 1946-48 гг. выйшла 5 нумароў (рэдактар Ст.Станкевіч, які выступаў у часапісе, як «Язэп Каранеўскі»). У чэрвені 1948 г. выйшаў першы нумар «Бюлетэня» Замежнага Сэктару БНЦ», які быў прызначаны для ўнутранага карыстаньня сяброў арганізацыі. У 1949 г. група сяброў БНЦ выдавала часапіс «За волю». Частка адозваў і зваротаў арганізацыі друкавалася ў часапісе «Рух», іншыя выходзілі асобнымі выданьнямі, як, напрыклад, зварот БНЦ да беларускай эміграцыі ад 20 ліпеня 1947 г. Ён быў выкананы друкам на чатырох балонках. Зварот меў антырасейскі характар: «ад самага пачатку арганізаванага жыцьця беларускай эміграцыі ўся варожая разбуральная дзейнасьць у ейным асяродзьдзі йшла цераз расейскую дывэрсыю», «і ў маскоўскіх нацыяналістых і ў бальшавікоў у дычыненьні да нас адна мэта - сьцерці нас з карты гісторыі».

Да 1949 г. ў амэрыканскай зоне Нямеччыны адбылося найменш чатыры зьезды БНЦ, якія праводзіліся кансьпіратыўна. Ці не самы прадстаўнічы (чацьверты па ліку) зьезд сабраўся ў сакавіку 1949 г. у Остэргофэне. На ім была зроблена спроба зрабіць БНЦ прадстаўніцтвам партыяў.

У гэты час ужо легальна разгортвалі канкурэнцыйную дзейнасьць Рада БНР і БЦР. Таму сам назоў «Беларускі Нацыянальны Цэнтар» згубіў свой першапачатковы сэнс. Па некаторых зьвестках, БНЦ прыпыніў сваю дзейнасьць 28 сьнежня 1947 г., пасьля таго, як аднавілася Рада БНР, куды, дарэчы, увайшлі многія кіраўнікі Цэнтру. Аднак ёсьць фактам, што ён працягваў існаваць і пасьля 1947 г.(прынамсі, да 1949 г.), але ўжо пад старшынствам Станіслава Станкевіча. Праўдападобна, што яшчэ малавядомай Радзе БНР быў неабходны БНЦ, каб з яго дапамогай канкураваць за ўплыў на беларускую эміграцыю з адноўленай БЦР.

Беларускі Нацыянальны Цэнтар яшчэ ў 1946 г. увайшоў у Антыбальшавіцкі Блёк Народаў, які спрабаваў каардынаваць антысавецкае змаганьне ва Ўсх. Эўропе (першым генэральным сакратаром АБН быў Станіслаў Станкевіч, адзін з кіраўнікоў БНЦ). У 1947-48 гг. у адозвах і выданьнях БНЦ зьявіўся «Замежны (або «Эміграцыйны») Сэктар БНЦ». З аднаго боку, гэта яшчэ не гаворыць пра існаваньне БНЦ і ў Беларусі, але зусім магчыма, што былі спробы залажыць арганізацыю й на Бацькаўшчыне.

Беларускі Нацыянальны Цэнтар быў адноўлены часткай ягоных былых сябраў у 1952 г. у ЗША. У БНЦ увайшлі былыя сябры Рады БНР, т. зв. апазыцыя прэзыдэнту Рады БНР М.Абрамчыку: Лявон Савёнак (старшыня), Міхась Рагуля, Мікола Панькоў, Вітаўт Тумаш ды інш. У сьнежні 1952 г. БНЦ разам з шэрагам украінскіх, грузінскіх, азербайджанскіх і іншых арганізацый выдалі сумесную дэклярацыю супраць палітыкі Амэрыканскага камітэту вызваленьня народаў Расеі й створанага ім Каардынацыйнага цэнтру антыбальшавіцкай барацьбы. Нават у такой нешматлікай групе, як БНЦ у ЗША, ішла барацьба. Напрыклад, у 1953 г. з БНЦ быў выключаны Гіпаліт Паланевіч. Адноўлены БНЦ ніякага ўплыву на беларускую эміграцыю ня меў і, праўдападобна, яшчэ ў 1950-х гг. спыніў сваё існаваньне.

Паведаміць пра недакладнасьць