Касмовіч Дзімітры (21.09.1909-23.04.1991), беларускі вайсковы й палітычны дзеяч, генэрал, кіраўнік вайсковай антыбальшавіцкай арганізацыі «Беларускі Вызвольны Фронт». Паходзіў з Нясьвіжа. Скончыў Радашковіцкую гімназыю (1927). Вучыўся ў вышэйшых навучальных установах Бэльгіі, Польшчы й Югаславіі, актывіст незалежніцкага студэнцкага руху. У 1931-34 гг. служыў у польскім войску. Удзельнік Народнага Сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку ў кастрычніку 1939 г. У 1940-41 гг. Касмовіч вучыўся ў Менскай політэхніцы. Улетку 1941 г. арганізаваў беларускую паліцыю ў Менску. У 1942-43 гг. ствараў беларускія вайсковыя й паліцыйныя аддзелы на Браншчыне, Смаленшчыне й Магілеўшчыне. Маёр Беларускай Краёвай Абароны. Сябра ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Зь лета 1944 г. - у Нямеччыне. Супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня вайсковых спраў Беларускай Цэнтральнай Рады. На верасьнёўскай 1944 г. канфэрэнцыі Беларускай Незалежніцкай Партыі быў прызначаны кіраўніком Замежнага сэктару партыі. Падтрымоўваў сувязь з кіраўніцтвам латышскіх нацыяналістычных арганізацый у Нямеччыне. У сакавіку 1945 г. - афіцэр беларускага дэсантнага батальёна «Дальвіц». У красавіку 1945 г. быў накіраваны ЦК БНП на Захад, з мэтай усталяваньня кантакту з саюзьнікамі. Пасьля вайны жыў у Заходняй Нямеччыне, узначальваў Замежны Сэктар БНП (псеўда «Каршун»). Кіраваў Вайсковым аддзелам Беларускай Цэнтральнай Рады. У кастрычніку 1954 г. пачаў арганізацыю Беларускага Вызвольнага Фронту, выдаваў часапіс «Барацьба». Як прадстаўнік БВФ, удзельнічаў у шматлікіх міжнародных антыкамуністычных форумах. Прадстаўляў беларускі вызвольны рух у Антыбальшавіцкім Блёку Народаў і ў Сусьветнай Антыкамуністычнай Лізе.

Паведаміць пра недакладнасьць