Слоўнікі     Энцыкляпэдыі     Навіны     Пра праект     Кантакт     Спасылкі  
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   па ўсіх энцыклапедыях   віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Родзька Ўсевалад (1920-1946?), беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, старшыня ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі, арганізатар антыбальшавіцкай партызанскай барацьбы. Скончыў Наваградзкую польскую гімназыю імя А.Міцкевіча ў 1938 г., а пасьля - падафіцэрскую школу ў Замброве. У верасьні 1939 г. трапіў у нямецкі палон, адкуль вызваліўся ў 1940 г. Родзька ўзначальвае Кракаўскую філію Варшаўскага беларускага камітэта. Уваходзіць у групу а. В.Гадлеўскага, якая арганізоўвала падпольную Беларускую Незалежніцкую Партыю. Зь вясны 1941 г. супрацоўнічаў з абвэрам.

Зь ліпеня 1941 г. Родзька - бурмістар Віцебска, праводзіць беларусізацыю горада. У жніўні 1941 г. ён, разам з Міхалам Вітушкам і атаманам Якубам Харэўскім, кіруе аддзеламі Беларускае самаабароны ў сумеснай з Палескай сеччу УПА антыбальшавіцкай апэрацыяй на Палесьсі. З 1942 г. - старшыня ЦК БНП (псеўда «Воўк»), арганізоўвае падпольле й нацыянальны партызанскі рух. Сябра Беларускай Цэнтральнай Рады, адказны за працу з моладзьдзю. З сакавіка 1944 г. - камандзір 15-га батальёна БКА. Распрацаваў плян антынямецкага паўстаньня ў Менску, якое меркавалася ўзьняць пад час правядзеньня Другога Ўсебеларускага кангрэсу, і якое не адбылося.

Арганізаваў беларускі дэсантны батальён «Дальвіц» ва Ўсходняй Прусіі, дзе беларускія вайскоўцы праходзілі падрыхтоўку на партызанскую дзейнасьць на Бацькаўшчыне. Праводзіў перамовы з кіраўніцтвам украінскіх нацыяналістаў аб каардынацыі антыбальшавіцкай барацьбы. Пасьля раззбраеньня батальёна «Дальвіц» ў Чэхіі, з групай прабіраецца ў Польшчу. Знаходзіўся на нелегальным становішчы ў Беластоку, арганізоўваў падпольле й партызанку БНП. Быў арыштаваны, па адных зьвестках, у чэрвені 1945 г., па іншых, увосень 1945 г. Пад час сьледзтва ў Менску раскрыў дзяржбясьпецы прозьвішчы многіх сяброў партыі, якія пасьля гэтага былі арыштаваны. Лявон Луцкевіч лічыў, што Родзька «спрабаваў арганізаваць нейкую гульню й перайграць Цанаву. Але дзе-ж ты яго перайграеш?!..» Янка Жамойцін тлумачыць напісаньне Родзькай у турме падрабязных успамінаў тым, што ён хацеў захаваць для гісторыі сьведчаньні пра дзейнасьць Беларускага Супраціву. У 1946 г. на працэсе над кіраўніцтвам БНП Родзька быў засуджаны на сьмерць. Пасьмяротна атрымаў ад Рады БНР рангу генэрала.

Беларускі нацыяналізм. Даведнік   Беларускі нацыяналізм. Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2008