Цыклон (ад грэч. kyklón, які круціцца), вобласць паніжанага ціску ў атмасферы. Адрозніваюць трапічныя цыклоны і ўласна цыклоны, да якіх належыць большая частка цыклонаў зямнога шара. Апошнія ўяўляюць сабою буйныя віхры дыяметрам ад 1000 км (у пачатку развіцця) да 2000-3000 км і больш (пры яго паглыбленні). Утвараюцца ва ўмераных і палярных шыротах Паўночнага і Паўднёвага паўшар'яў пераважна на палярных і арктычных франтах атмасферных. Цыркуляцыя паветра ў віхрах накіравана ў Паўночным паўшар'і супраць, а ў Паўднёвым - па гадзіннікавай стрэлцы, з адхіленнем да цэнтра цыклону ў ніжніх слаях атмасферы. Атмасферны ціск на ўзроўні мора паніжаецца да 950-960 мбар (сярэдняе значэнне каля 1012 мбар), у розных частках цыклону адзначаюцца і тэмпературныя кантрасты. Скорасць руху цыклонаў 30-40 км/гадз, часам больш за 80 км/гадз. Над кожным паўшар'ем за год бывае некалькі соцень цыклонаў. Доўжацца ад некалькіх дзён да 1-2 тыдняў. Нясуць з сабою звычайна воблачнасць і ападкі, рэзкую перамену надвор'я. У Беларусі за год адзначаецца каля 40% дзён з цыклонамі, у снежні-лютым і траўні-ліпені каля 50%, у сакавіку і красавіку - каля 30%, у верасні каля 15%.

Паведаміць пра недакладнасьць