Цыркуляцыя атмасферы (ад лац. cіrculatio кручэнне; агульная цыркуляцыя атмасферы), планетарная сістэма паветраных цячэнняў над зямным шарам. У трапасферы да іх належаць пасаты, мусоны, паветраныя цячэнні, звязаныя з цыклонамі і антыцыклонамі; у верхняй трапасферы і ніжняй стратасферы - струменныя цячэнні, якія рухаюцца з вялікай скорасцю. Цыркуляцыя атмасферы - найбольш важны кліматаўтваральны працэс, які садзейнічае пераносу цяпла і вільгаці з адных рэгіёнаў у другія і вызначае характар надвор'я ў любой кропцы паверхні зямнога шара. Існаванне яе абумоўлена пераважна нераўнамерным размеркаваннем атмасфернага ціску, выкліканым у асноўным розным прытокам сонечнай радыяцыі ў тых або іншых шыротах.

Паведаміць пра недакладнасьць