Паўднёвая Беларусь, прыродна-гаспадарчы раён у басейнах Прыпяці, Сажа, Буга, сярэдняга цячэння Дняпра, які ўключае большыя часткі Берасцейскай (за выключэннем Камянецкага, Пружанскага, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў) і Гомельскай (за выключэннем Рагачоўскага і Кармянскага раёнаў) абласцей, Салігорскі, Любанскі і Старадарожскі раёны Менскай, Глускі раён Магілеўскай абласцей. Плошча 67,2 тыс. км2.

Пераважае аднастайны плоскі рэльеф. Большую частку раёна займае Палеская нізіна (на ўсходзе Прыдняпроўская нізіна), таму Паўднёвую Беларусь нярэдка называюць Беларускім Палессем. Клімат у параўнанні з Паўночнай і Цэнтральнай Беларуссю найбольш цёплы і сухі. Ападкаў 520-620 мм за год. Вегетацыйны перыяд доўжыцца 190-210 сутак. Найбольш пашыраны супясчаныя, пясчаныя і тарфяна-балотныя глебы. Ёсць буйныя радовішчы калійнай солі (Салігорскае і Петрыкаўскае), каменнай солі (Давыдаўскае і Мазырскае), будаўнічага каменю (Мікашэвіцкае), радовішчы легкаплаўкіх і тугаплаўкіх глін, будаўнічых і кварцавых пяскоў, нафты, торфу. Раён характарызуецца значнай забалочанасцю, высокай лясістасцю, асабліва ў цэнтральнай частцы. Пераважаюць мяшаныя лясы, сустракаюцца дубровы. Вялікія плошчы забалочаных пераўвільготненых зямель меліяраваны. У межах гэтага раёна знаходзіцца Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік. Сельскае рассяленне вызначаецца рэдкай сеткай параўнальна буйных вёсак. У раёне адзначаецца меншая міграцыя сельскіх жыхароў у гарады, чым у іншых частках краіны. Па прамысловай, сельскагаспадарчай, транспартнай асвоенасці тэрыторыі раён апошні ў краіне. У ім ніжэй паказчыкі шчыльнасці сельскага насельніцтва, асноўных вытворчых фондаў, разаранасці тэрыторыі, густаце сеткі аўтадарог з цвёрдым пакрыццём. Забруджанне тэрыторыі радыенуклідамі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС рэзка паменшыла магчымасці выкарыстання значнай часткі тэрыторыі. Пераселены жыхары многіх населеных пунктаў, размешчаных на паўднёвым усходзе гэтага прыродна-гаспадарчага раёна, частка забруджанай тэрыторыі цалкам выключана з гаспадарчага выкарыстання.

Галоўныя прамыслова-транспартныя і прамысловыя вузлы раёна - Гомель, Берасце, Пінск, Мазыр, Жлобін, Светлагорск, Лунінец, Кобрын. У іх працуюць прадпрыемствы машынабудаўнічай, металаапрацоўчай, нафтаперапрацоўчай, хімічнай, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай, лёгкай і харчовай прамысловасці. Толькі ў гэтым раёне вядзецца здабыча калійных солей (Салігорск), кухоннай солі (Мазыр), нафты (Рэчыца), створана пераробная металургія і вытворчасць штучнага футра (Жлобін). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і свінагадоўлі, вырошчванні бульбы і агародніны. Са збожжавых культур вырошчваюць азімае жыта, ячмень, азімую і яравую пшаніцу, авёс, грэчку. На захадзе вырошчваюць цукровыя буракі, ёсць невялікія пасевы льну-даўгунцу. Праз увесь раён праходзіць адна з галоўных водных транспартных артэрый краіны - р. Прыпяць і Дняпроўска-Бугскі канал.

Паведаміць пра недакладнасьць