Паўночная Беларусь, прыродна-гаспадарчы раён у басейнах Заходняй Дзвіны, верхняга Дняпра і прытока Нёмана-Віліі, які ахоплівае ўсю Віцебскую вобласць, Астравецкі, Ашмянскі і Смаргонскі раёны Гарадзенскай, Мядзельскі і Вілейскі раёны Менскай абласцей. Плошча 50,3 тыс. км2.

Пераважае нізінны рэльеф: большую частку займаюць Полацкая і Нарачана-Вілейская нізіны. Яны з усіх бакоў акаймаваны ўзвышшамі Гарадоцкім, Віцебскім, Аршанскім на ўсходзе і паўднёвым усходзе, Браслаўскай градой, Свянцянскімі градамі і Ашмянскім узвышшам на захадзе і паўднёвым захадзе. У рэльефе выразна адзначаюцца сляды старажытнага зледзянення. З ім звязана вялікая колькасць азёр, сярод якіх самыя буйныя па плошчы азёры краіны Нарач, Асвейскае, Дрывяты, Лукомскае. З-за мноства азёр Паўночную Беларусь называюць Беларускім Паазер'ем. Пераважаюць сугліністыя і супясчаныя глебы. Клімат у параўнанні з астатняй часткай краіны больш халодны і вільготны. Ападкаў 600-650 мм за год. Працягласць вегетацыйнага перыяду складае 180-188 сутак, што на 15-20 сутак менш, чым у Паўднёвай Беларусі. З карысных выкапняў найбольшае значэнне маюць паклады даламіту ў даліне Заходняй Дзвіны каля пасёлкаў Руба і Вярхоўе, якія распрацоўваюцца вытворчым аб'яднаннем "Даламіт". Галоўныя лясныя масівы знаходзяцца на Полацкай нізіне. Пераважаюць хваёвыя лясы. У межах Паўночнай Беларусі знаходзіцца Бярэзінскі біясферны запаведнік. Рэльефам, высокай лясістасцю, вялікай колькасцю азёр абумоўлена драбнаконтурнасць сельскагаспадарчых угоддзяў. На палях шмат валуноў, што ўскладняе механізацыю сельскагаспадарчых работ. Сельскагаспадарчая асвоенасць тэрыторыі ніжэй, чым у Цэнтральнай Беларусі, але вышэй, чым у Паўднёвай. Шчыльнасць сельскага насельніцтва ніжэй сярэдняй для краіны. Пераважаюць вёскі з невялікай колькасцю жыхароў.

Галоўнымі прамыслова-транспартнымі вузламі з'яўляюцца Віцебскі, Аршанскі і Полацкі. У іх дзейнічаюць прадпрыемствы машынабудавання, лёгкай, харчовай, нафтаперапрацоўчай і нафтахімічнай прамысловасці. У Новалукомлі знаходзяцца буйнейшая электрастанцыя Беларусі - Лукомская ДРЭС. Значнымі прамысловымі цэнтрамі з'яўляюцца таксама гарады Лепель, Паставы, Глыбокае, Вілейка, Смаргонь. У іх развіта харчовая прамысловасць, машынабудаванне і металаапрацоўка, прамысловасць будаўнічых матэрыялаў. Паўночная Беларусь - галоўны льнаводчы раён краіны з высокай канцэнтрацыяй пасеваў ільну-даўгунцу ва ўсіх адміністрацыйных раёнах. Тут знаходзяцца 23 з 58 льнозаводаў краіны і адзіны льнокамбінат (Ворша). Пад бульбу адводзяцца меншыя плошчы ў параўнанні з Цэнтральнай і Паўднёвай Беларуссю. Са збожжавых больш сеюць ячмень, азімае жыта і авёс. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку. Спрыяльныя кліматычныя ўмовы, маляўнічыя ландшафты шырока выкарыстоўваюцца для арганізацыі адпачынку і лячэння. На берагах Нарачы і суседніх азёр размешчана курортная зона нацыянальнага значэння з санаторыямі, дамамі адпачынку, турысцкімі базамі.

Паведаміць пра недакладнасьць