Земнаводныя (амфібіі), клас пазваночных жывёл. Пашыраны амаль ва ўсім свеце за выключэннем Арктыкі, Антарктыкі і шэрагу акіянічных астравоў, асабліва шмат іх у трапічных лясах. Вядуць пераважна наземна-водны спосаб жыцця. У сусветнай фауне больш за 2300 відаў, у Беларусі 12 відаў з атрадаў бясхвостых і хвастатых земнаводных. Найбольш пашыраны і шматлікія ў Беларусі травяная, вастрамордая, сажалкавая і азёрная жабы, шэрая і зялёная рапухі, грабеньчаты і звычайны трытоны, радзей трапляюцца часночніца, жарлянка чырванабрухая, толькі на захадзе і поўдні адзначана квакша звычайная (жыве пераважна на дрэвах). У Чырвоную кнігу СССР і Чырвоную кнігу Беларусі занесена чаротная рапуха, якая спарадычна сустракаецца на захад ад лініі Лепель - Бабруйск. Земнаводныя карысныя: знішчаюць шкоднікаў сельскагаспадарчых раслін і лесу, насякомых-крывасмокаў (камароў, мух, сляпнёў, аваднёў), іх лічынкі кормяцца пераважна водарасцямі і тым самым удзельнічаюць у ачыстцы вадаёмаў. Дарослыя земнаводныя і іх лічынкі - пажыва для рыб (шчупака, сома, ментуза, вугра еўрапейскага), млекакормячых (норкі, выдры, тхара, ліса, барсука) і птушак (жураўлёў, буслоў, падворлікаў і іншых). Выкарыстоўваюцца для навуковых эксперыментаў і вучэбных мэт.

Паведаміць пра недакладнасьць