Млекакормячыя (звяры), клас найбольш высокаарганізаваных пазваночных жывёл. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. Маюць высокі ўзровень развіцця нервовай сістэмы, жывароднасць у спалучэнні з выкормліваннем дзіцянят малаком (адсюль назва), адносна пастаянную тэмпературу цела. У сусветнай фауне налічваецца каля 4,5 тыс. сучасных і каля 3 тыс. выкапнёвых відаў. У Беларусі ў дзікай фауне адзначаны 73 віды. Яны насяляюць лясы, палі, лугі, балоты, трапляюцца каля жылля, некаторым з іх уласцівы падземны (крот) або паўводны (андатра, бабёр) спосаб жыцця, рукакрылыя прыстасаваліся да актыўнага працяглага лёту. Жывуць паасобку (ліс, барсук, янот, рысь), невялікімі статкамі (аленевыя, дзік) або калоніямі (лятучыя мышы, рабы суслік). Актыўныя пераважна на змярканні і ноччу. Некаторыя зімой у спячцы (рабы суслік, вожык, соні). Сярод млекакормячых Беларусі шмат каштоўных паляўніча-прамысловых жывёл. У дачыненні да 14 відаў звяроў ажыццяўляюцца спецыяльныя меры аховы. Яны занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі (гл. Ахоўныя жывёлы). Некаторыя млекакормячыя шкодзяць сельскай, лясной і паляўнічай гаспадарцы. Ёсць пераносчыкі ўзбуджальнікаў небяспечных хвароб (грызуны). Кормяцца млекакормячыя раслінамі (высакародны алень, казуля, лось, зубр, зайцы бяляк і русак, бабёр, вавёрка) ці жывымі істотамі (воўк, ліс звычайны, рысь, ласка, гарнастай, тхор, норкі і іншыя). У многіх млекакормячых (вожык, янотападобны сабака, янот-паласкун, буры мядзведзь) корм мяшаны. Самыя маленькія звяры ў Беларусі - мышы-малюткі (маса каля 5 г), з найбольшых - зубр (маса да 1000 кг). Самае працяглае жыццё ў зубра і бурага мядзведзя - 30-50 гадоў, 2 гады і меней жывуць мышападобныя грызуны. Тэмпы размнажэння найбольшыя ў дамавой мышы, у звычайнай палёўкі - да 6-8 прыплодаў за год. Штогод і радзей даюць патомства буры мядзведзь, зубр, лятучыя мышы, драпежныя звяры. Найбольшая плоднасць у андатры, дзіка, гарнастая, невялікіх грызуноў, якія жывуць у норах (да 10 дзіцянят і болей), аднаго-дваіх дзіцянят нараджаюць капытныя, лятучыя мышы.

Паведаміць пра недакладнасьць