Насякомыя, клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Жывуць усюды. Самая шматлікая група жывёл на Зямлі. Вядома каля 1 (паводле іншых даных 1,5) млн. відаў. На тэрыторыі Беларусі адзначана каля 30 тыс. відаў насякомых з 26 атрадаў, у тым ліку 400 відаў даўганосікаў і трубкакрутаў, 350 клапоў, 315 совак, 200 ліставёртак, 200 тлей, 200 пядзенікаў, 140 агнёвак, 120 дзённых матылёў, 101 камароў, мошак, макрацоў і сляпнёў, больш за 50 відаў стракоз, 30 чмялёў. Насякомыя выконваюць пэўную ролю ў біялагічным кругавароце рэчываў. Частка з іх з'яўляецца паразітамі чалавека, пераносчыкамі ўзбуджальнікаў хвароб (камары, сляпні, вошы, блохі, мухі), шкоднікамі сельскагаспадарчых культур (каларадскі жук, ільняныя блошкі, ільняная і гарохавая пладажэркі, азімая соўка, соўка-гама, паласаты шчаўкун, канюшынны насенняед, балотная даўганожка, бураковая і шведская мухі, капусныя тля і бялянка). Шкодзяць садам яблыневая і слівавая пладажэркі, медзяніцы, яблыневы кветкаед, вішнёвы слізісты пільшчык, лясам - хваёвыя пільшчыкі, хваёвы шаўкапрад, зімовы пядзенік і інш. Значная колькасць насякомых удзельнічае ў апыленні раслін лугоў і садоў. Асабліва карысная пчала меданосная, якая не толькі апыляе расліны, але і дае каштоўныя харчовыя і лекавыя прадукты. Насякомыя і іх лічынкі ўдзельнічаюць у працэсах глебаўтварэння, імі кормяцца птушкі, рыбы, некаторыя млекакормячыя. У барацьбе з насякомымі-шкоднікамі выкарыстоўваюць аграхімічныя, хімічныя і біялагічныя метады. Прыкладамі біялагічнага метаду з'яўляюцца выкарыстанне ў барацьбе з палявымі і садовымі шкоднікамі яйцаеда-трыхаграмы, рассяленне для барацьбы са шкоднікамі лесу рыжых лясных мурашак. Большасць відаў насякомых жывуць на паверхні зямлі, многія ў глебе, вадаёмах, некаторыя трапляюцца вясной на талым снезе (лядоўнікі). Сярод насякомых у Беларусі ёсць вельмі малыя, даўжыня цела якіх менш за 0,25 мм (наезнікі-яйцаеды), і вялікія, даўжынёй 3-7 см (вусачы, жук-алень). Пасля зімовага спакою некаторыя віды (яблыневы кветкаед, малінава-сунічны даўганосік) пачынаюць актыўнае жыццё пры тэмпературы паветра 6-8°C. За сезон насякомыя даюць ад 1 (яблыневая моль, кольчаты шаўкапрад, гарохавая соўка, земляныя блошкі) да 10-15 пакаленняў (некаторыя віды тлей). Выкарыстанне мінеральных угнаенняў, гербіцыдаў у сельскай гаспадарцы наносіць вялікія страты насякомым-апыляльнікам. Колькасць многіх з іх паменшылася. А гэта ўплывае на ўраджайнасць садоў, грэчкі і іншых культур. Віды насякомых, якім пагражае знікненне, узяты пад ахову, напрыклад у Чырвоную кнігу Беларусі занесены 6 відаў чмялёў, 8 жужаляў, 4 мядзведзіц - усяго 75 відаў насякомых Беларусі.

Паведаміць пра недакладнасьць