Паляўніча-прамысловыя жывёлы, віды жывёл, якія здабываюцца паляўнічымі ў спартыўных ці прамысловых мэтах. У Беларусі налічваецца больш за 20 відаў такіх жывёл; сярод іх вылучаюць групы асноўных (лось, дзік, зайцы, куніца, вавёрка, крот, ліс, бабёр, янотападобны сабака, чорны тхор) і дадатковых (еўрапейская і амерыканская норкі, андатра, воўк, гарнастай, ласка). З часам асноўныя віды могуць стаць дадатковымі (у выніку зніжэння колькасці) або забароненымі да палявання ці зусім ахоўнымі (напрыклад зубр, барсук) і наадварот. Да паляўніча-прамысловых жывёл належыць таксама шмат птушак (крыжанкі, чыркі, кулікі, цецерукі, рабчыкі, перапёлкі, фазаны), якія з'яўляюцца масавымі аб'ектамі спартыўнага палявання. Тыя птушкі і звяры, якіх здабываюць паляваннем і мяса якіх ідзе ў ежу, называюцца дзічынай. Дзічына дае таксама пух, пер'е, шкуры, рогі. Другой групай паляўніча-прамысловых жывёл з'яўляюцца пушныя звяры, іх шкуркі выкарыстоўваюць на футравыя вырабы. Пры паляванні неабходна ўлічваць патрабаванні заканадаўства аб тэрмінах, спосабах і абмежаваннях пры здабычы дзікіх жывёл.

Паведаміць пра недакладнасьць