Паўзуны (рэптыліі), клас пазваночных жывёл. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя палярных абласцей. Большасць відаў жыве ў тропіках і субтропіках. У сусветнай фауне больш за 6,5 тыс. відаў, з іх у Беларусі 7 відаў. Найбольш пашыраны жывародная і порсткая яшчаркі, вуж, звычайная гадзюка (адзіная ядавітая змяя ў Беларусі), ломкая вераценніца. Мядзянка (трапляецца зрэдку) і балотная чарапаха (жыве на поўдні і захадзе краіны ў меліярацыйных каналах, азёрах і рэках) як рэдкія віды занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Усе паўзуны прыносяць карысць: знішчаюць мышападобных грызуноў, шкодных насякомых, з'яўляюцца пажывай для млекакормячых і птушак, яд гадзюкі выкарыстоўваецца ў медыцыне.

Паведаміць пра недакладнасьць