Рыбы, першаснаводныя пазваночныя жывёлы, якія пастаянна жывуць у вадзе. Вядома каля 25 тыс. відаў, з іх сучасных больш за 20 тыс., пашыраных у марскіх і прэсных водах зямнога шара. На тэрыторыі Беларусі адзначана 58 відаў, з іх 46 відаў мясцовыя, 12 завезены з мэтай акліматызацыі і рыбагадоўлі. З відаў, якія пастаянна жывуць у вадаёмах краіны, для рэк басейна Дняпра і рэк басейна Балтыйскага мора агульныя 29 відаў. Гэта найбольш пашыраныя рыбы: шчупак, плотка, язь, краснапёрка, лінь, укляя, гусцяра, лешч, звычайны карась, акунь, джгір. Такія віды, як сялява, харыус, сняток, вугор, жывуць у басейне Балтыйскага мора; сцерлядзь, белавочка, сінец, бычок-пясочнік, джгір-насар, чахонь, гальян азёрны - у басейне Дняпра. Маса рыб у Беларусі ад некалькіх грамаў (аўсянка, колюшкі) да 200 кг (сом). Нерастуюць рыбы вясной (большасць відаў), некаторыя ў асенне-зімовы перыяд (мянтуз, стронга, сігі, рапушка), а некаторыя да 3-4 разоў у вясенне-летні перыяд (галавень, краснапёрка, лінь, пячкур і іншыя). Вугор не нерастуе ў прэсных водах, ва ўзросце 8-10 гадоў ён накіроўваецца для нерасту ў Саргасава мора на захадзе Атлантычнага акіяна. Рыбы здаўна з'яўляюцца аб'ектам прамысловай і спартыўнай рыбнай лоўлі, карысным харчовым прадуктам. На тэрыторыі Беларусі прамысловую лоўлю рыбы вядуць азёрна-таварныя рыбныя гаспадаркі, дзейнічаюць сажалкавыя рыбныя гаспадаркі. Разам са здабычай рыбныя гаспадаркі займаюцца штучным зарыбленнем вадаёмаў каштоўнымі відамі (сазан, карп, белы амур, таўсталобікі, пелядзь). У азёры запушчаны мільёны лічынак вугра, малькоў сярэбранага карася, сігавых. Для захавання рыбных запасаў устаноўлена абмежаванне памераў рыб, якіх дазваляецца лавіць, тэрмінаў, метадаў і месцаў іх лоўлі, праводзяцца мерапрыемствы па ахове вадаёмаў і месцаў нерасту ад забруджвання. У Чырвоную кнігу Беларусі занесена 5 відаў знікаючых рыб (гл. Ахоўныя жывёлы). У Беларусі развіваецца таксама акварыумнае рыбаводства - гадоўля і развядзенне акварыумных рыб (каля 30-40 пераважна трапічных і субтрапічных відаў, характэрны рыбкі невялікіх памераў, прыгожай афарбоўкі).

Паведаміць пра недакладнасьць