Шкоднікі лесу і сельскай гаспадаркі, жывёлы, якія шкодзяць лясным насаджэнням або культурным раслінам і могуць выклікаць іх гібель. Большасць шкоднікаў належыць да класа насякомых, ёсць таксама кляшчы і пазваночныя жывёлы. Найбольш небяспечныя шкоднікі лесу ў Беларусі: шаўкапрады, пільшчыкі, залатагузка, ліставёрткі, тлі (пашкоджваюць ігліцу і лісце); хваёвыя парасткаўюны і выемчатакрылая моль (пупышкі і парасткі); хрушчы, лічынкі майскіх жукоў і шчаўкуноў (карані); караеды, вусачы, златкі (кару і драўніну); агнёўкі, галіцы, даўганосікі (плады і насенне). Сярод шкоднікаў сельскай гаспадаркі ёсць мнагаедныя, якія кормяцца раслінамі розных сямействаў (саранча, шчаўкуны, азімая соўка, лугавы матылёк); абмежаванаедныя - раслінамі аднаго сямейства (гесенская муха, збожжавы жук кузька, гарохавая пладажэрка, каларадскі жук); аднаедныя - раслінамі аднаго віду (філаксера, гарохавы зерняед). У Беларусі найбольш пашыраныя і небяспечныя шкоднікі жыта, пшаніцы, ячменю і аўса - шведская муха, цыкадкі, трыпсы, тлі. Усходам цукровых буракоў шкодзяць бураковая блыха, мерцвяед матавы, іх лісцю - лічынкі бураковай мініруючай мухі і бураковая тля. Пасевам бульбы значныя страты прычыняюць каларадскі жук і яго лічынкі, бульбяная нематода. Усходам лёну шкодзяць пераважна віды льняных блошак. Многія кляшчы кормяцца збожжам і прадуктамі яго перапрацоўкі. Злакавым і бабовым культурам, бульбе, буракам, капусце, моркве шкодзяць палявыя слізнякі. Сярод грызуноў найбольш небяспечныя вадзяны пацук, палёўка, палявая мыш. Для барацьбы са шкоднікамі праводзяць агратэхнічныя і лесакультурныя мерапрыемствы, прымаюць хімічныя, біялагічныя і комплексныя меры. Неабходна выкарыстоўваць правільныя севазвароты, угнаенні, сартавое кандыцыйнае насенне; пажадана ўжываць прыродных ворагаў саміх шкоднікаў, спецыяльныя пасткі, лавіць шкоднікаў на святло і прынады, праводзіць знішчэнне яец насякомых і дарослых шкоднікаў пры дапамозе ядаў, спецыфічных для кожнай групы, стэрылізацыю насякомых і кляшчоў гамавыпрамяненнямі, хімічнымі прэпаратамі і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць