языкаваты // языкасты // языкаты // языковы // язычаскі // язычковы // язычлівы // язычніцкі // язычны

Языкаваты. Абл.
1. Тое, што і языкаты (у 1 знач.).
Калі б княжыч Далібор пачуў гэтыя словы, асабліва пра агнявіцу, ён бы дужа здзівіўся, а магчыма б, і даў языкаватаму дружынніку добрага кухталя. Л.Дайнека.
2. Тое, што і языкаты (у 2 знач.).
Прагавіта ліжа, ліжа ўсё агонь языкаваты. М.Калачынскі.

Языкасты. Разм. Тое, што і языкаты (у 2 знач.).
Буйное полымя шуганула языкастымі стужкамі. А.Савіцкі.

Языкаты.
1. Ахвочы пагаварыць, паспрачацца, панасміхацца; востры на язык.
Падгаварылі Валю выступіць - яна смелая і языкатая. М.Лобан.
2. Які мае форму языка, падобны на язык.
У замку ціш і языкаты агонь каміна ліжа дровы. А.Вялюгін.

Языковы. Які мае адносіны да языка - рухомага мышачнага органа ў ротавай поласці; прыгатаваны з языка.
Да прадуктаў далікатэсных, мясных вырабаў вышэйшай якасці, адносяць і языковыя кілбасы. Звязда.

Язычаскі. Уст. Тое, што і язычніцкі.
Урачыстыя гукі, падобныя на язычаскі хор перад статуяй невядомага бога, поўнілі залу, а ён сядзеў у ложы і з годнасцю глядзеў на сцэну. У.Караткевіч.

Язычковы. Які мае адносіны да язычка, мае форму язычка.
У рамонку белыя пялёсткі язычковай формы.

Язычлівы. Абл. Тое, што і языкаты (у 1 знач.).
Язычлівыя перасудніцы-мяшчанкі паспелі набрахаць усяго-ўсякага цэлыя каробкі. Ц.Гартны.

Язычніцкі. Характэрны для старажытных форм рэлігіі, заснаванай на пакланенні многім багам (ідалам); ідалапаклонніцкі.
Малюнкі і чарцяжы на збане аказаліся знакамі самага старажытнага календара ўсходніх славян. Чароўны свет язычніцкіх легенд і казак раскрыўся перад даследчыкамі. Полымя.

Язычны.
1. Які мае адносіны да языка - рухомага мышачнага органа ў ротавай поласці.
Язычныя мышцы.
2. У лінгвістыцы: які вымаўляецца пры ўдзеле языка (пра гукі мовы).
Па ўдзелу органаў вымаўлення і месцу ўтварэння зычныя падзяляюцца на губныя і язычныя. Беларуская мова.

Паведаміць пра недакладнасьць