Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Жычка Хведар, нарадзіўся 20.03.1927 г. у пасёлку Марс Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1944-1951 гг. служыў на Балтыйскім Ваенна-Марскім Флоце, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Потым працаваў літработнікам у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі», адказным сакратаром рэдакцыі часопіса «Бярозка». У 1959 г. скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. Быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Беларусь», галоўным рэдактарам газеты «Літаратуры і мастацтва». З 1976 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1960 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Першы верш апублікаваў у 1947 г. (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Стой на вахце, сэрца» (1961), «Росныя лілеі» (1965), «Настой» (1968), «Абеліск» (1973), «Абавязак» (1979), «Карэц калодзежнай вады» (вершы і паэмы, 1984), «Абрус» (1985), «Абдымкі сонца» (1988) і паэмы «Партызанскі праспект» (1975).

У сааўтарстве з П.Беразняком напісаў кнігі апавяданняў і фельетонаў «Сукенка ў крапінку» (1956) і «Лясныя страхі» (1959). Выйшлі аповесці для дзяцей «Каштанавы «Масквіч» (1959), «Піфагоравы штаны» (1961), «Зброю бяруць сыны» (1964), «Зорачка-пяцёрачка» (1965), «Дзе растуць бяссмертнікі» (1967), «Дзень будзе ясны» (1981), зборнікі апавяданняў «Паспелі суніцы» (1966), «Букет вяргіняў» (1970), навукова-папулярныя нарысы «Мая вуліца» (1970), «Мы па вуліцы ідзём» (з І.Чыжэўскім, 1973), «Старонкі піянерскай гісторыі» (1975), зборнік вершаў «Сонца скача па траве» (1989). У 1977 г. выдаў зборнік гумарэсак «Спагадлівыя людзі».

У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі Т.Масэнкі «Казка нашага лесу» (1962), М.Алейніка «Леся» (з В.Крайко, 1967) і «Жылюкі» (1983), Л.Украінкі «Лясная песня» (1971), Б.Ногейла «Паводка» (1977), В.Нэзвала «Васількі і гарады» (1986). Выдаў зборнік выбраных паэтычных перакладаў «Вокны ў сад» (1987). Склаў анталогію сучаснай чэшскай паэзіі «Высокае неба» (1980).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Віцезслава Нэзвала (1983) за пераклады і прапаганду чэшскай і славацкай паэзіі. Узнагароджаны Дыпломам і медалём Славацкага літаратурнага фонду (1984).

Беларускія пісьменнікі (1917-1990). Даведнік   Беларускія пісьменнікі (1917-1990). Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018