Мара (Мара, Марня)

Мара - нейкая вялізная жахлівая істота на кароткіх лапах, абавязкова чорная, якую дзеці вельмі баяцца. Калі Мара рухаецца, ад яе зыходзяць металічныя гукі, як аддаленыя ўдары ў чыгунны кацёл. Цяпер Мара - пудзіла з саломы, апранутае ў рвань. (Романов, с. 285.)

Марня - нейкі дух ці прывід. Ва ўяўленні беларусаў, Марня праследуе людзей, якія ўчынілі якое-небудзь зладзейства. Для гэтага яна звычайна прымае выгляд таго чалавека, якога праследуе і, выстаўляючы перад ім яго злачынства, не дае яму нідзе і ніколі спакою, так што той вымушаны аб'явіць пра сваё злачынства перад начальствам... Марня праследуе злачынцаў і пасля іх смерці: прыняўшы на сябе воблік памерлага злачынца, яна з'яўляецца ў сне родным яго і не дае ім спакою да таго часу, пакуль яны не раскрыюць злачынствы нябожчыка перад народам. Марня вядома па ўсёй Беларусі і, напэўна, паданне пра яе захавалася між беларусамі ў спадчыну ад старажытных славян. (Древлянский, с. 107-108.)

Мара... юнакоў і дзяўчат душыць у час моцнага сну; ад яе не можа пазбавіцца і хатняя скаціна. Конь, на якім ездзіла Мара ўночы, мае на сваіх баках знакі, зробленыя кароткімі нагамі гэтага страшыдлы. Мара не пойдзе да скаціны, калі ў хляве вывешана забітая сарока; каб аднадзіць Мару ад людзей, купляюць, не таргуючыся, новы гладыш; хто жадае ад яе пазбавіцца, злавіўшы на сабе ўночы звярка, кладзе яго ў гэты гладыш ці, запрасіўшы Мару на снеданне, кладзе на парозе накрыж мятлу і сякеру. (Бобровский, с. 823.)

Мары мучаць сонных, не перапыняючы іх сну. Звычайна Мара садзіцца на грудзі ці горла соннага чалавека і пачынае душыць, прычым, перашкаджаючы чалавеку дыхаць, яна час ад часу адпускае яго, каб нацешыцца яшчэ большымі пакутамі ахвяры пасля перадыху. Ахвяра, імкнучыся выратавацца, падымае руку, каб адагнаць Мару ці перахрысціцца, але тут вёрткая Мара прытрымлівае занесеную руку, прычым ад дакранання Мары рука млее, чым прычыняе новыя пакуты. Адзіным магутным сродкам выратавання ад Мары лічыцца згадка, што ўсё гэта адбываецца ў сне, а не на яве, пакутнік прачынаецца - і Мара знікае. Але дадумацца да гэтага могуць толькі пажылыя людзі, да якіх, дарэчы, Мара чапляецца наогул рэдка, хаця б яны спалі нават на спіне (любімая Мараю поза соннага чалавека). Людзі ж маладыя, «з цёпленькай крывёю», да якіх любіць прыставаць Мара, звычайна не дадумваюцца да гэтага сродка і вымушаны доўга пераносіць пакуты, якія нясе Мара...

Яна чапляецца ў сне пераважна да таго чалавека, які шумна правёў час перад сном і, значыць, з цяжкасцю можа разабрацца ва ўражаннях. Мара мяняе свой воблік, калі паслядоўна прыстае да адной і той жа асобы. Воблік Мары вырысоўваецца прыблізна так: яна мае чалавекападобныя формы, ростам з тыднёвае дзіця, з голай скураю ці пакрытая рэдкім кароткім пер'ем, часам поўсцю, мяккая навобмацак, падае на ахвяру неадчувальна і не адразу, а цішком, прычым першае яе дакрананне нават прыемнае. Адступаецца ж Мара ад ахвяры імкліва, пакінуўшы пасля сябе ў соннага знямелыя рукі ці ногі ды вялікі пот на твары і целе.

Мары не баяцца асвечаных прадметаў і крыжоў і таму свабодна прабіраюцца да соннага чалавека. Ці гінуць Мары і з якой прычыны - застаецца невядомым і дагэтуль. (Никифоровский II, с. 63-64.)

«Калі Мара ўвойдзе, то трэба тую дзірку заткнуць асовым калочкам, каб не выйшла, бо яна іначай не выйдзе нікудэю, толькі як увайшла, каб нават вокны былі паадчыняныя, то ніц не значыць».

«Як Мара на чалавека наляжа, то трэба варушыць мізіным пальцам, на правай руццэ, то Мара адляціць». (Federowski, s. 269.)

Некаторы вупыр, званы мясцовымі людзьмі Марою, з'яўляецца ў выглядзе розных мёртвых прадметаў, напрыклад: шкілета, труны, шыбеніцы, асмаленага пня, калоды, што тырчыць, як пень, і г.д. Узнікае неспадзявана, стаіць на месцы ці паволі пасоўваецца за тым, хто ідзе. Мара нічога благога не робіць, але сама яе прысутнасць прыгнятае («сэрца нача каты дзяруць, на душы ляжыць пячаль важкім каменем»).

Ходзіць таксама апавяданне з мястэчка Петрыкова, дзе штодня ў летнія месяцы на досвітку паяўлялася Мара ў вобразе тоўстай вертыкальнай калоды, удвая вышэйшай за чалавека, на вельмі кароткіх нагах, падобных на барсучыныя лапы. Яна стаяла нерухома пры ўездзе ў мястэчка, енчыла чалавечым голасам і з усходам сонца знікала. Як яе пазбавіліся - нявядома, але народ згадвае яе не толькі ў казцы, але і ў размовах, у прыслоўях. Калі хто каму дакучае, кажуць: «Надаеў, як Мара петрыкоўская. Чаго ты прыстаў, як Мара петрыкоўская? Адчапіся ты ад мяне, Мара петрыкоўская». (Pietkiewicz II, s. 185.)

Ёй прыпісваюць усе начныя душнасці, прывіды і болі, асабліва болі галавы... Канкрэтнага вобраза яна не мела. У залежнасці ад ваколіц яна ператваралася ў розных звяроў або птушак. Мара ў расказах выступае ці сама па сабе, ці яна - служанка ў чорта. Паяўляецца ноччу. Непрыкметна прабіраецца ў хату або гаспадарчыя пабудовы. Даволі часта з'яўляецца ў стадоле, асабліва, калі там нехта спіць. Таму так часта і старанна, нават цёплай летняй ноччу, замыкалі перад сном у хаце ўсе вокны, закрывалі комін. Закладвалі над дзвярыма абор ліпавыя галінкі, што было знакам аховы жывёлы перад Марай. Пра выгляд і характар Мары сведчаць паасобныя згадкі, якія захаваліся ў народзе: «Выглядаеш, як Мара» - у адрас раскудлачанай дзяўчыны, ці «прычапіўся, як Мара» - пра чалавека нахабнага і прычэплівага...

У ваколіцах Драгічына бачылі Мару на кані. Калі яе злавілі, пачала яна прымаць выгляд усялякіх звяроў і ў пэўны момант змянілася ў каня. Чалавек, доўга не думаючы, узяў ды падкаваў яго. Вярнуўшыся дамоў, убачыў ён, што ў іх у хаце ёсць нейкая жанчына з акрываўленымі рукамі. Прыгледзеўся ён да іх, а там падковы. (Шаховіч, с. 132.)

Паведаміць пра недакладнасьць