Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Русалкі (Вадзяніцы, Купалкі, Каўкі)

Русалкі - гэта душы дзяцей жаночага полу, якія памерлі да хрышчэння... Але ў вобразе Русалак яны паўстаюць ужо дарослымі спелымі дзяўчатамі, з доўгімі русымі валасамі, якія ўвесь час распушчаныя. Неабходная прыналежнасць Русалак - гэта, на думку пінчукоў і маларосаў, таўкач. Жывуць Русалкі на дне рэк, а ў маі месяцы, раніцой, перад узыходам сонца, калі добрае надвор'е, выходзяць адтуль і голыя, са сваімі таўкачамі, скачуць у жыце і пяюць. Аднак яны паяўляюцца для сваіх скокаў не ў кожным жытнёвым полі, а толькі выключна ў тым, якое займае значную плошчу. У час такіх скокаў ніхто з маладых хлопцаў не асмеліцца ў адзіночку праходзіць міма: Русалкі заказычуць яго насмерць.

Па перакананні сялян в. Азяркі (Наваградскі павет, Менская губерня), Русалкі паяўляюцца з вады вясною, каля Вялікага чацвярга, і жывуць на зямлі да позняй восені. У лесе яны жывуць на высокіх дрэвах, як, напрыклад, дуб, ліпа і інш. У гэтых жа сялян існуе павер'е, нібыта Русалкі, седзячы на суках дрэў, разматваюць ніткі, украдзеныя імі ў тых сялянак, што кладуцца спаць без малітвы. Пасля заходу сонца можна часам заўважыць на могілках агонь. Гэта значыць, што Русалкі выйшлі для сваіх забаў, і гора таму, хто ў гэты час асмеліцца пайсці туды: яны адразу ж пачнуць яго казытаць і заказычуць да смерці.

Жывуць Русалкі ў густым жыце і ў гаросе, і таму імі палохаюць дзяцей, каб туды не хадзілі. Каб пазбавіцца Русалак, неабходна мець пры сабе пэўнае зелле, убачыўшы якое, Русалкі ўцякаюць, пакідаючы падарожніка ў спакоі.

У гонар Русалак спраўляюцца асобыя святы, як, напрыклад, Сямік, Купала і інш. У гэтыя дні, асабліва ў Сямік, нельга працаваць, і хто парушыць гэта патрабаванне старажытнага звычаю, у доме таго гаспадара Русалкі абавязкова перадушаць усю скаціну.

Сяляне Бабруйскага павета мяркуюць, што Русалкі залазяць у рэкі з восені і праводзяць там усю зіму. Пад Сёмуху яны выходзяць на бераг і застаюцца там на працягу ўсяго лета. Удзень яны тады ходзяць па палях і лясах і калі каго ўбачаць, то клічуць да сябе, даганяюць непаслухмянага і казычуць яго да таго часу, пакуль ён не памрэ ад сутаргавага смеху. Уночы ж Русалкі робяць на дрэвах арэлі і гушкаюцца на іх, падпільноўваючы ахвяру. Згубнае ўздзеянне Русалак на чалавека мацней за ўсё на працягу наступнага за Сёмухаю тыдня, які таму ў сялян... і называецца Русальны. Ва ўсе дні гэтага тыдня дзяўчаты збіраюцца па вечарах і, як зберагальны сродак ад злых хітрыкаў Русалак, пяюць своеасаблівыя песні, якія таму і завуцца русальнымі. А ў апошні вечар таго тыдня дзяўчаты ходзяць у лес і вешаюць на дрэвы вянкі з кветак, упэўненыя, што Русалкі іх выкарыстаюць і будуць бегаць па палях і лясах у гэтых вянках. Гэтым прынашэннем яны думаюць іх задобрыць. (Шейн II, с. 196-198.)

...На працягу гэтага тыдня, які папярэднічае святу Сёмухі, ці Св. Духа (Русальнага), старыя не пускаюць дзяцей купацца: «Не хадзіце, дзеткі, купацца, вас Русалкі пахапаюць. Яны сядзяць на дрэве валасатыя і калышуцца...» Русалкі паказваюцца выключна апоўдні. Яны купаюцца, смяюцца на паверхні азёр і балот, гойдаюцца на дрэвах. Сяляне расказваюць, нібыта Русалкі паявіліся ад таго, «што бываець, вядома, жонка спіць, ды прыспіць рабёнка і робіцца Русалка». (Шейн I, с. 126.)

Заўсёды іх бачылі голымі, з доўгімі распушчанымі чорнымі валасамі і такога ж колеру вачыма. Жылі ў гаях, гойдаліся на галінах дрэў, і каго толькі заўважаць, клічуць такімі словамі: «Га! Га! Хадзіце к нам на арэлі калыхацца». Няшчасны, хто да іх наблізіцца. Рабілі жудасныя позіркі, ад якіх тыя, хто іх бачыў, адразу скрыўляліся назаўсёды... Русалкі - гэта памерлыя неахрышчаныя дзеці беларусак. (Czarnowska, s. 406.)

Русалкі - істоты выключна жаночага полу, вечна юныя красуні з чароўным і абаяльным абліччам. Яны альбо вырадкі людскіх дачок ці дочкі, праклятыя бацькамі яшчэ ў матчыным чэраве, альбо тыя, што памерлі нехрышчонымі, загубленыя сваімі маткамі неўзабаве пасля нараджэння абавязкова ў вадзе, ці ж маладыя тапельніцы, што скончылі жыццё самагубствам. Якімі б рознымі ні былі гэтыя ахвяры па ўзросце, стаўшы Русалкамі, яны аб'ядноўваюцца, так што кожная з іх уяўляе істоту ў пару найлепшага развіцця дзявоцтва, і толькі вопытнае вока ўлоўлівае між імі розніцу ўзростаў пры жыцці, хрышчоных асоб. Апошняе выдае ледзь бачнае адценне крыжа між грудзей, што можна назіраць на адлегласці дзевяці крокаў ад Русалкі.

Русалкі маюць ласкавыя блакітныя вочы, якімі, між іншым, так удала прыманьваюць ахвяру, але, злавіўшы яе, тыя ж вочы застаюцца нібы шкляныя і нерухомыя, як у нябожчыка. Па далікатным, амаль празрыстым іх целе рассыпаюцца хвалістыя валасы русага колеру, якія растуць ад маленькай галавы да каленяў; у асобных Русалак гэтыя валасы хутчэй падобныя на пасмачкі зялёнай тонкай асакі.

Вечна вясёлыя, гуллівыя, рагатушкі Русалкі не пакідаюць свае вадаёмы і жывуць тут у крышталёвых дамах пад доглядам русальскай царыцы, якую звычайна прыводзіць мясцовы Вадзянік. Звычайна Русалкі могуць заставацца без вады столькі часу, колькі патрэбна для асушэння іх цела і валасоў ад макрэчы, пасля чаго яны могуць адразу ж пакутліва загінуць. Русалкі толькі зрэдку на кароткі тэрмін выплываюць на паверхню вады, прысаджваюцца на падводны камень, на бераг, каб заманіць ахвяру ці атрэсці валасы ад вады... Расчэсваючы свае мокрыя валасы, напрыклад, на працягу гадзіны, яна можа вычасаць столькі вады, што яе дастаткова будзе для затаплення цэлай вёскі.

У Русальны тыдзень (восьмы пасля Вялікадня) Русалак выпускаюць на сушу на больш працяглыя тэрміны, прычым знікае небяспека загінуць на сушы. Яны смела і весела размяшчаюцца на беразе вадаёмаў, нават адыходзяць у бліжэйшыя гаі, на лугі і палі, залазяць на дрэвы, каб пагушкацца на галінах і вершалінах. Гэтым Русалкі асвяжаюць успаміны пра пакінутую зямлю і пра людзей, сярод якіх яны абавязкова стараюцца злавіць ахвяру. Гэта робіцца, між іншым, гэтак: спакушальніцы куляюцца, гуляюць, бегаюць навыперадкі, водзяць карагоды, скачуць, рагочуць, пяюць песні і заманлівымі рухамі клічуць да сябе выпадковага гледача. Калі ён паддасца закліку і падыдзе да Русалак ці спыніцца, здранцвелы, яны гуртам абступаюць ахвяру, ціскаюць яе ў абдымках, казычуць да смерці. Пры гэтым, пачуўшы вясёлы рогат і песні, ніхто не ідзе на дапамогу, бо не падазрае небяспеку там, дзе весяліцца моладзь. Адзіным магчымым сродкам выратавання ад Русалак служыць укол хаця б аднае з іх іголкаю ці шпількаю, якія неабходна мець пры сабе напагатове: тады ўвесь гурт Русалак з віскам кідаецца ў ваду, дзе яшчэ доўга чуюцца іх галасы. Аднак і пры такой перасцярозе лепш за ўсё пазбягаць у Русальны тыдзень мясцін каля вады, не мыцца, не праць бялізну і не лавіць рыбу.

Калі Русалкі завалодаюць ахвяраю, яны заносяць яе ў сваё жытло і тут акружаюць самым пяшчотным клопатам: у ахвяры-жанчыне яны бачаць магчымую жонку свайго ўладара - Вадзяніка, новую сяброўку сабе, а ў мужчыне, асабліва калі той малады і прыгожы, - магчымага палюбоўніка аднае з іх. Зразумела, больш за іншых даглядае загінуўшага тая Русалка, якой ён прыйшоўся даспадобы... Русалка расчэсвае яго галаву, расцірае цела, адганяе вадзяных жывёл, прыбірае ложа лепшымі водарасцямі, а ў Русальны тыдзень выводзіць яго разам са сваім гуртам на сушу, нават дазваляе зазірнуць у родны дом і пабачыць людзей, каб хоць як паслабіць тугу па зямным жыцці. Астатнія ахвяры застаюцца без увагі: Русалкі дазваляюць ракам і насякомым нявечыць іх цела, а калі ахвяра аказалася чаму-небудзь несімпатычнай, яны выштурхваюць труп на паверхню вады, да берага.

Той, хто выратаваўся ад Русалак, ці нават хто бачыў іх або чуў здалёк, не заўсёды застаецца беспакараны. Так, адзін набывае звычку без прычыны нястрымна рагатаць, другі крывіць паходку, твар, у некаторага прападае тое ці іншае адчуванне, пераважна слых. Характэрна, што чым мацней натура ахвяры, тым большыя ў яе пашкоджанні, з якімі чалавек не можа справіцца ўсё жыццё.

Акрамя варожых нападаў, калі бязлітасна праследуюцца людзі ўсіх узростаў - ад немаўлят да старых уключна, - вядомы таксама заляцанні Русалак, пераважна тых, хто пры зямным жыцці не ведаў людзей, як, напрыклад, немаўляты. Гэтыя заляцанні менш варожыя і не такія небяспечныя; больш за ўсё яны прыходзяцца на маладых мужчын, асабліва хлопцаў, зносіны з якімі новыя і заманлівыя для Русалак. Тут Русалка падхоплівае які-небудзь яго прадмет - адзежу, абутак, рыбалоўную прыладу і, збіраючыся затапіць яго, тым самым прымушае ўладальніка кідацца без разбору лавіць прадмет, сама ж нябачна падштурхоўвае прадмет усё далей і далей, у небяспечнае месца, куды, зразумела, заманьвае і гаспадара. Калі той паспяхова пазбегнуў небяспекі, вылавіў украдзены Русалкаю прадмет, гэтаму прадмету не пашанцуе: чалавек абавязкова згубіць яго ў будучым, ці яго ўкрадуць, ці ён сапсуецца. Шмат даводзіцца цярпець ад заляцанняў Русалак маладым рыбаловам: кратаючы лёску, Русалкі падманваюць вудзільшчыкаў фальшывым клёвам; у другіх яны выварочваюць сеткі, напаўняюць іх цінаю і травою, вырываюць вясло, шост ці разгойдваюць лодку, каб перавярнуць разам з рыбаком.

Якое б прыгожае жыццё ў Русалак ні было, у іх хапае смутку, які яны не могуць заглушыць забавамі. Перш за ўсё ім з зайздрасцю даводзіцца глядзець на волю сваіх зямных сябровак-жанчын, назіраць за матчынымі ласкамі, якія многім з іх былі не толькі не знаёмыя, але мелі адмоўны характар у адносінах да іх. Самазабойцам даводзіцца перажываць з-за хвіліннага неабдуманага рашэння развітацца з жыццём, каб потым накласці на сябе вечную няволю. Але найбольш прыгнятае паднявольная сувязь з Вадзяніком, ва ўладаннях якога яны жывуць і якому падпарадкаваны з той хвіліны, як трапілі сюды. Не толькі жальба, а найвышэйшая ступень бяссільнай злосці павінна ахапіць істоту Русалкі, калі ёй даводзіцца бачыць маладую шчаслівую пару, калі тая гуляе па беразе жытла Русалак ці плавае на лодцы. Затое які радасны крык чуецца тут парою, калі становіцца вядома пра пагібель ненавіснага Вадзяніка! Гэта, аднак, апошні радасны крык, таму што разам з пагібеллю Вадзяніка пачынаецца і іх уласная, калі толькі Русалкі не паспелі сысці з асушанага жытла і перабрацца ў новае. Але тут лёгка можа здарыцца, што з аднае няволі яны трапляюць у новую, магчыма, больш цяжкую.

У рэдкіх мясцінах жыхарства Балотнікаў, Багнікаў і Аржавеннікаў ёсць асобныя Русалкі, якім гэтае імя даецца хіба што смехам і якія, акрамя жанчынападобнага аблічча, не маюць нічога агульнага з сімпатычнымі ласкавымі Русалкамі. Гэтыя Русалкі старыя, з кульбакамі ў руках, пачварныя, брудныя, як і іх месца жыхарства, злыя і панурыя не менш за сваіх сужыцеляў, з якімі, аднак, яны не маюць зусім ніякіх зносін, а часта і не ведаюць адзін аднаго. (Никифоровский II, с. 85-89.)

Русалкі, што маюць выгляд то прыгожых, то брыдкіх жанчын, выходзяць на бераг, заплятаюць валасы, што свецяцца ў цемры, плятуць і ўпрыгожваюць галовы вянкамі. У гэты час небяспечна з'яўляцца аднаму на бераг ракі ці возера, асабліва, калі бачны рухомыя агеньчыкі і чутна журботная песня. Завабяць яны смельчака гульнёю безлічных агнёў, зацягнуць чароўнай сілаю тужлівай песні, і ён беззваротна загіне ў балотнай багне ці ў глыбіні цёмных водаў. На перадсмяротныя крыкі яго жорсткія жыхаркі вадзянога царства будуць адказваць злосным рогатам, і зноў пальецца сумная песня, якая звініць над вадою і гулка замірае ўдалечыні. Усю ноч да зары гучаць іх песні, зліваюцца з гукамі песень маладых хлопцаў і дзяўчат... (Ляцкий I, с. 38.)

Беларусы ўяўляюць сабе Русалак дзяўчатамі, абавязкова голымі, з доўгімі распушчанымі валасамі і з целам зямлістага колеру, пакрытым не скураю, а нечым цвёрдым, накшталт пазногцяў. Расказваюць выпадкі, калі Русалкі заманьвалі людзей, асабліва дзяцей, у лес і там іх казыталі насмерць. Але бывалі выпадкі, што людзі нападалі на паасобных Русалак і прыводзілі іх у вёску. Такія Русалкі працуюць, але моўчкі, не кажучы ні слова. Калі ж праз год зноў наступіць Русальны тыдзень, такая Русалка раптам запляскае ў далоні, закрычыць: «Гу-та-та! Гу-ля-ля!» і ўцячэ ў лес. Тады і на кані яе не дагоніш. (Романов, с. 204.)

У вадзе жывуць і Русалкі. Яны, аднак, могуць лічыцца «земнаводнымі», таму што жывуць у вадзе толькі з восені да «Русальнага тыдня» (першы пасля Сёмухі). Тады яны выходзяць з вады і пасяляюцца на галінах дрэў, асабліва на бярозах. Русалкі гойдаюцца на іх гнуткіх галінах, заклікаючы прахожых: «Чалавек! Чалавек! Хадзі калыхацца!» А калі хто здуру падыдзе да іх блізка, то яны заказычуць яго да смерці.

Уяўляюцца яны беларусу прыгожымі жанчынамі, з распушчанымі доўгімі валасамі. Пакуль Русалкі не выйдуць з вады, г.зн. да Русальнага тыдня, лічыцца небяспечным купацца, таму што ці хвароба якая-небудзь здарыцца, ці Русалкі да сябе зацягнуць у глыбіню ракі і ўтопяць.

Існуе павер'е, што душы дзяцей, памерлых да хрышчэння, ператвараюцца ў Русалак. (Богданович, с. 77.)

Русалкі, на думку народа, гэта душы памерлых: тапельніцы і дзеці, якія нараджаюцца на свет нежывыя ці якія паміраюць нехрышчоныя. Русалкі да Духава дня жывуць у вадзе; у гэты ж час выходзяць са свайго жытла, плешчуцца апоўначы пад месяцам на паверхні вады ці гойдаюцца ў лясах на дрэвах і бегаюць па палях, заманьваючы прахожых, каб потым заказытаць іх да смерці. На Духаў дзень і Сёмуху народ не купаецца, баючыся, каб Русалкі не заказыталі. (Неверович, с. 153.)

Русалкі - маладыя прыгожыя жанчыны з доўгімі, да пят, косамі; жывуць яны ў лясах, балотах, але галоўнае месцазнаходжанне Русалак у рэчцы, у якім-небудзь глыбокім віры. На бераг Русалкі выходзяць рэдка, а калі і вылазяць, то далёка ад вады не адыходзяць. Яны заманьваюць да сябе падарожных мужчын, якіх больш за ўсё прывабліваюць прыгажосцю і стараюцца заказытаць. Ад няма чаго рабіць Русалкі смяюцца з рыбакоў: блытаюць іх сеткі, выцягваюць нерат на бераг...

Русалкі - душы тапельніц, мёртванароджаных ці дзяцей, памёршых нехрышчонымі...

Да Духава дня яны жывуць у водах. На Духаў дзень выходзяць са свайго жытла і плёскаюцца на паверхні вады. Тады Русалкі могуць заходзіць і далёка ад месца свайго жыхарства, у лясы і гаі. Чапляючыся валасамі за сукі і ствалы, калі гэтыя дрэвы сагнутыя бураю, яны гойдаюцца, як на арэлях з крыкам: «Рэ-лі, рэ-лі!» ці «Гутынькі, гутынькі!»

Заходзяць Русалкі на палі і лугі, каб завабіць прахожых бліжэй да вады і потым утапіць іх ці заказытаць да смерці. У любое месца могуць зайсці Русалкі. Асцерагаюцца купацца на Сёмуху і на Духаў дзень. На крывым тыдні небяспечна ехаць аднаму цераз жытнёвае поле: Русалкі могуць напасці і замучыць... Каб пазбавіцца ад іх у час нападу, трэба начарціць на зямлі крыж, абвесці кругам і ў гэтым крузе стаць. Русалкі тады не падступяцца; паходзяць, паходзяць вакол, а потым і схаваюцца.

Існуе павер'е, што на Духаўскім тыдні ходзяць па лесе голыя жанчыны і дзеці. Пры сустрэчы з імі трэба абавязкова накінуць на іх хустку ці хоць якую-небудзь анучку. Калі ж нічога з сабою няма, то трэба хаця б адарваць рукаў ад сукенкі і кінуць Русалкам - у адваротным выпадку пагражае непазбежная смерць.

Паводле народных перакананняў, Русалку можна злавіць і прывесці дадому... Вось адна легенда: «Мой прадзед пайшоў аднойчы на Русальным тыдні ў лес лыкі драць; на яго там напалі Русалкі, а ён хутка начарціў крыж і стаў на яго. Пасля гэтага ўсе Русалкі адступіліся, толькі адна ўсё яшчэ прыставала. Прадзед мой схапіў Русалку за руку і ўцягнуў у круг, хутчэй накінуў на яе крыж, які вісеў у яго на шыі. Тады Русалка скарылася яму. Пасля гэтага ён прывёў яе дадому. Жыла Русалка ў прадзеда майго цэлы год, ахвотна выконвала ўсе жаночыя работы, а калі надышоў наступны Русальны тыдзень, то Русалка зноў збегла ў лес. Злоўленыя Русалкі, кажуць, ядуць мала - больш падсілкоўваюцца параю, і хутка бясследна знікаюць з чалавечага жытла». (Живая старина, 1908. Вып. 1, с. 12, 13, 16.)

Небяспецы падвяргаецца той, хто пойдзе ў лес на Русальную суботу (апошняя субота перад Тройцай). У той дзень Русалкі збіраюцца гуртам і гойдаюцца на дрэвах. Бяда, калі яны першыя заўважаць чалавека: зараз жа аблытаюць яго сваімі доўгімі валасамі і заказычуць да смерці. Але іншая справа, калі чалавек сам спачатку заўважыць Русалак і скажа: «Чур мая!» Тады Русалкі для яго бясшкодныя, а адна з іх нават пойдзе за ім у яго дом і будзе выконваць усе хатнія работы, як самая старанная работніца; піць і есці не будзе, а будзе харчавацца толькі параю, што выходзіць з гаршкоў. Гэтак Русалка пражыве год, да наступнай русальнай суботы, а тады абавязкова ўцячэ ў лес. (Васильева, 11.)

Русалкамі народ лічыць самазабойцаў, якія ходзяць заўсёды голыя, з доўгімі валасамі, гушкаюцца на дрэвах, гуляюць у жыце. Русалкі ў полі не любяць ніякае збожжа, акрамя жыта, дзе качаюць яйкі на Наўскі вялікдзень.

Першы сродак, каб не зачапіла Русалка, калі чалавек убачыў яе ў жыце, начарціць пальцам ці палкаю кола і ў цэнтры яго стаць. Русалка будзе кружыцца вакол рысы, а пераступіць цераз яе не адважыцца, кідае ў чалавека камяні; а каб яна не папала, трэба кола зрабіць вялікае. (Булгаковский, с. 189-190.)

Калі пачуе паляшук у лесе сваё імя, ён хрысціцца, чытае малітву і з жахам кідаецца ў супрацьлеглы бок, але ні за што не адгукнецца, думаючы, што яго кліча Русалка, якая гойдаецца на галінах дрэў (асабліва бяроз) і заманьвае да сябе прастадушнага, каб заказытаць яго да смерці. Дэман-прыгажуня, з зялёнымі валасамі, наўмысна пералічвае вядомыя мужчынскія імёны для таго, каб трапіць на імя прыведзенага ў лес якой-небудзь крайняй патрэбай чалавека. Пакуль чалавек, названы па імені, не адгукнецца, Русалка з ім нічога не зробіць. (Эремич, с. 47.)

Русалка - гэта дзяўчына, якая была нарачонаю, але не дачакалася шлюбу. На працягу года хаваецца дзесьці па лясах, але вясною выходзіць са свайго сховішча і, поўная кахання, шукае сярод маладых мужчын свайго нарачонага. Аднак і іншых вабіць да сябе, адрываючы іх ад жонак і каханак; адсюль і нянавісць жанчын. Кажуць, што гэта - жанчына надзвычайнага хараства, з поўнымі расцвілымі грудзямі, з расплеценымі валасамі, прыбраная рознымі аздобамі і прыгожымі сукнямі, «вельмі чапурна». Бегае па палях пасярод жыта з «пранікам» у руцэ, схопленага забівае тым пранікам альбо туліць да грудзей і казыча да смерці. (Jeleńska, s. 504.)

Русалка, або, як яе народ называе ў Сакольскім, Казытка, - гэта мае быць дэманічная істота, якая сцеражэ нівы (у прыватнасці, жыта), каб дзеці, што збіраюць кветкі, не атрасалі пылку з каласоў, калі жыта красуе. Як толькі Русалка ўхопіць неасцярожнага смельчака ў свае абдымкі, то ўжо не выпускае яго датуль, пакуль насмерць не заказыча. Народ уяўляе яе як сапраўдную дзяўчыну, бледную, з распушчанымі валасамі, якая вечна маўчыць. Худзізна яе ўвайшла ў прымаўку: «Худая, як Русаўка»; кажуць таксама: «Як Русаўка, распусціла валасы». Апроч таго, гэта таямнічая істота павінна мець на сабе залацістае адзенне, ад якога зыходзіць такі бляск, што яго ніводнае чалавечае вока не можа вытрымаць... «што аж папрэ слёзы, як глянеш на яе». (Federowski, s. 75-76.)

«- Не ідзі ў жыта, бо Русаўка заказыча!

- А чым яна, мамачка, заказыча?

- Ля, у яе цыцкі жалезныя, шылаватыя, то імі дзеці на смерць заказытвае». (Federowski, s. 76.)

«Кожная дзеўка, што памрэ ў Русальным тыжні, на том свеце жыве Русалкаю, а ходзіць з вянком на галаве голая, штоб відна было, што яна шчэ не саграшыла.

Русалкі сядзяць у жыце, як яно расце, ета Бог іх пасылае пільнаваць, штоб ніхто не тоўкся да не трусіў каласкоў, бо не нальюцца. Дак і не дзіва, што як нейкі загавайла ўпрэцца ў пашню, то яго заслакочуць. Хлопца заслакочуць, бо раззявака, а дзеўку, штоб было больш Русалак. Русалкі безнявінна нікому не робяць зла; яны сядзяць і ў вадзе, да ў самых глубінах, у самых кручынах (віры), каб людзі зналі, што туды не лезь, бо ўтопішся. Сядзяць яны і ў лесе да найчасцей паблізу ўсякае твані, усякіх нетраў, асцерагаючы ўсіх, што там найбольш чарцей». (Pietkiewicz II, s. 186.)

На думку беларусаў, адзіны сродак вызваліцца ад Русалак - паказаць ім што-небудзь стальное, і Русалкі, кажуць беларусы, нібыта змяя ад медуніцы, адразу ўцякаюць. Медуніца - трава з моцным пахам. Яе змешваюць з тытунём. Дзе расце медуніца, там... змеі не водзяцца. Русалкі лічацца нядобрымі духамі, і беларусы ад Сёмухі да наступнага тыдня не адважваюцца гарадзіць платы, ні рабіць бароны, бо разгневаныя Русалкі сваю злосць перанясуць на кароў і коней. (Киркор, с. 261.)

Паняцце «Русалка» ў Дарашэвічах амаль сінонім паняццяў «ліхі, злы дух» і г.д. Русалкі бываюць мужчынскага полу (даводзілася чуць: «Той Русалка») і жаночага. Жывуць часам на палях, у жыце, часцей у вадзе, яшчэ часцей у лясах.

Дзяўчаты, што памерлі адразу пасля замужжа, а таксама дзеці, якія памерлі нехрышчонымі, робяцца пасля смерці Русалкамі. Даўней расказвалі людзі, што Русалкі з доўгімі валасамі ходзяць па жыце. Найбольш небяспечнымі для людзей Русалкі бываюць у наступны пасля Сёмухі тыдзень (Русальна нядзеля). Апошні дзень Сёмухі завецца «Розыгры» - у гэты дзень Русалкі часта нападаюць на прахожых... Адзін раз Русалкі напалі на селяніна, які ехаў на возе якраз у дзень, званы «Розыгры». Селянін тройчы абвёў сябе сякераю і кінуў яе ў іх бок, тады яны і зніклі.

«Русалка, калі каго схопіць, то можа насмерць заказытаць. Гэта - дзеўка белая з вялікімі цыцкамі, з камлатымі косамі. Калісь хадзіла па шляху, а цяпер ужэ не чутно; пасвяцілі зямлю, так ужэ няма. Даўней не толькі дзеўкі, але і хлопцы хадзілі.

Не раз Русалак бачылі. Хадзілі апоўначы і сярод дня. Аднойчы палолі дзякавіцкія кабеты проса. Раптам чуюць: стукае штосьці па лесе і свішчыць; перапужаліся страшэнна, але баяліся адразу ісці дадому, тады яны абвялі вакол сябе і калыскі нажамі. А калі сціхла, уцяклі з поля дадому.

Калі на Русальным тыдні ці яшчэ калі хоча чалавек засцерагчыся ад Русалак, то перад тым, як легчы спаць, ён павінен памаліцца і нажом правесці вакол сябе настолькі далёка, каб Русалка рукою не здолела яго дастаць.

На ўсёй Траечнай нядзелі няможна купацца, бо непраменна ўтоне: Русалкі ўтопяць, багата такіх, што тонуць.

Русалкі вылазяць з вады, бегаюць, скачуць і размаўляюць: даўней і сярод белага дня на Русальным тыдні бегалі. Частавалі таксама салам і булкаю, але калі хто з малітваю да іх звяртаўся - прападалі, а заместа булкі заставалася ў руцэ губа (драўляны грыб), замест сала - жаба». (Moszyński, s. 172-174.)

Русалкі народ падзяліў на тры разрады: вадзяныя, тыя, што ахоўваюць пасевы, і лясныя. Найбольш вядомыя на Беласточчыне Русалкі, што жывуць у жыце... Знаходжанне ў жыце Русалкі адстрашвала дзяцей. Але не яны былі асноўнай мэтай атакі Русалкі. Хапала яна і заказытвала перш за ўсё маладых хлопцаў. Было гэта свайго роду помстай, калі ўлічыць, што ў Русалку замяніў народ душу маладой дзяўчыны, якая, пакінутая сваім каханым, пакончыла з жалю самагубствам... Русалку ўяўлялі прыгожай і маладой дзяўчынай з доўгімі белымі валасамі, прыбранымі кветкамі...

Найменш вядомы на Беласточчыне Русалкі лясныя. Жывуць яны на дрэвах ды заманьваюць падарожных у непраходныя гушчэвіны. (Шаховіч, с. 133-134.)

Міфы Бацькаўшчыны   Міфы Бацькаўшчыны
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018