а...1 (а таксама аб..., аб'..., аба...). прыстаўка. Абазначае: 1) пашырэнне дзеяння на ўсю паверхню прадмета, накіраванасць яго вакол або па краях прадмета: агарадзіць, агледзець, абяліць, акарыць, атынкаваць, ахапіць, акаваць, ахінуць, абпаліць, аб'ехаць, абабіць; 2) накіраванасць руху міма прадмета, абмінанне яго: абысці (лужыну), абагнуць (балота) ; 3) ахоп дзеяннем многіх асоб, прадметаў, пашырэнне дзеяння на ўсе прадметы, на ўсіх асоб: абабегаць (усе хаты), адарыць, абдзяліць (падарункамі); 4) празмернасць якога-н. дзеяння: аб'есціся, абпаіць, абкарміць; 5) перавагу над кім-, чым-н. пры выкананні дзеяння: абагнаць, апярэдзіць: 6) (з часціцай -ся) наяўнасць недахопу, памылкі ў дзеянні: агаварыцца, абмовіцца; 7) забеспячэнне чым-н. у працэсе дзеяння: абвадніць, аблясіць (сухія стэпы), аснасціць, абдзернаваць; 8) ператварэнне ў каго-, што-н., станаўленне кім-н., наданне якіх-н. уласцівасцей, якасцей (у выніку дзеяння): аграмадзіць, ашчаслівіць, ажаніць, ажывіць, абрадаваць; 9) дасягненне выніку дзеяння, стану: адзічэць, адубець, аўдавець, абрыдзець, апасці, асесці, ажывіцца, аблезці.

Паведаміць пра недакладнасьць