абрасці, -сту, -сцеш, -сце; -сцём, -сцяце, -стуць; пр. аброс, -расла, -расло; зак.
1. Пакрыцца, зарасці якой-н. расліннасцю. Пень аброс маладымі парасткамі. Камень аброс мохам. Берагі ручая абраслі асакой.
// Пакрыцца валасамі, шэрсцю. Да таго чалавек высах за лета, да таго аброс барадою, што сустрэнь яго хто ў лесе ці на могілках, то мог бы памерці ад перапалоху. Кулакоўскі.
2. перан. Набыць чаго-н. у вялікай колькасці, абзавесціся чым-н. Абрасці гаспадаркай. Абрасці кнігамі.І ўсё, здаецца, так і было, — Хіба што толькі падрасла малеча, Старым гады папрыгіналі плечы Ды абрасло антэнамі жытло. Бураўкін.
// Аказацца ў акружэнні каго-, чаго-н. Навучальны корпус аброс жылымі будынкамі.
// Расшырыць кола абавязкаў. Пабываў [Пракапенка] у парткоме і ў рэдакцыі завадской шматтыражкі; хутка аброс усялякімі грамадскімі нагрузкамі і жыў з імі ў вялікай згодзе. Кулакоўскі.
3. Пакрыцца слоем чаго-н. Абрасці граззю.
Абрасці карою — стаць неахайным, брудным. Абрасці мохам — апусціцца, адстаць ад жыцця, адзічэць.

Паведаміць пра недакладнасьць