Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

адбіць, адаб'ю, адаб'еш, адаб'е; адаб'ём, адаб'яце; зак., каго-што.
1. Ударамі адкалоць, адшчапіць, адарваць, адкрышыць (частку цэлага або што-н. прымацаванае). [Крамарэвіч] падняў камень, адбіў прабой і адчыніў сенцы. Чорны. Камандзіру разведкі, Адаму Бухаўцу, разрыўною куляй адбіла ў запясці правую руку. Брыль.
// Адкрыць, адчыніць што-н. забітае. Адбіць дзверы, дошку.
2. Сустрэчным ударам адкінуць. Праходзіла мінута за мінутай, а мне ўсё не ўдавалася адбіць яшчэ ніводнага мяча. Карпюк.
// Паспяхова абараняючыся, прымусіць адступіць; аказваючы моцнае супраціўленне, спыніць (напад, атаку і пад,). Праз некалькі хвілін Арсен быў ужо ў артылерыстаў, перад якімі стаяла задача адбіць наступленне варожых танкаў. Кавалёў. Сталі радзіцца [звяры], Як быць, Як напад ваўка адбіць. Калачынскі.
// перан. Адказваючы на абвінавачанні, прыдзіркі і пад., абвергнуць іх. Бальшавікі адбілі ўсе атакі праціўнікаў, якія спрабавалі раззброіць расійскі пралетарыят. “Звязда”.
3. Сілаю, з боем адабраць каго-, што-н., вярнуць захопленае. Натоўп кінуўся на паліцэйскі ўчастак і з поспехам адбіў арыштаваных таварышаў. Гарэцкі. Мы раніцой адбілі гэту вёску. Панчанка.
4. Разм. Прывабіць, прыцягнуць да сябе, выклікаць любоў да сябе, прымусіўшы аддаліцца ад другога. [Жлукта:] Гэты палкі юнак хоча адбіць у мяне маю жонку. Крапіва.
// Аддаліць, адхіліць каго-, што-н. ад чаго-н. або каго-н. Адбіць пакупнікоў.
5. Прымусіць баяцца што-н. рабіць, знішчыць, адабраць (ахвоту, жаданне, памяць і пад.). [Прыстром] хацеў давесці Дзерашу больш яскрава беззаганнасць сваёй тэорыі, сваіх думак, раз назаўсёды адбіць у таго ахвоту спрачацца. Шынклер. Можа гора і ўтрапенне апошніх дзён адбілі ў .. [Аўдоцці] памяць, замутнілі розум? Мележ.
6. Адкінуць у адваротным кірунку (прамені, гук і пад.).
7. Адлюстраваць што-н. на сваёй гладкай, бліскучай паверхні. І раніцай дарога, добра ўмытая, Пасерабрылася, у асфальце чыстым Адбіла сонца з яснымі блакітамі, Паркан гародчыкаў і лес расісты. Калачынскі. Алеся, бедная Алеся, Краса наднёманскіх дзяўчат! Ты сінь азёрнага Палесся Адбіла ў сонечных вачах. Трус.
// Адлюстраваць у вобразах, паняццях; выказаць.
8. Выявіць, даць вонкавае праяўленне (пачуццям, стану і пад.).
9. Выстукаць рытмічнымі ўдарамі. Другі [хлопец], у сіняй кашулі з вышытым каўняром, сарваўся б з месца, адбіў бы чачотку. Васілёнак.
// Адзначыць ударамі, звонам. Гадзіннік адбіў дванаццаць.
// Перадаць па тэлеграфе. [Маргарыта:] — Не думала, што.. [Барыс] не дабярэ часу пісьма людскага напісаць. Адну тэлеграму адбіў: не турбуйся, цалую. Скрыган.
10. Ударам (ударамі) пашкодзіць што-н., зрабіць балючым. Яшчэ і дагэтуль усе ў вёсцы памяталі, як.. [Грамабой] адбіў печані Сідараваму хлапцу, калі той незнарок упусціў карову ў Грамабоеву віку. Крапіва.
11. Завастрыць лязо касы, б'ючы малатком.
12. Аддзяліць, перагарадзіўшы. Гэтаму сталу ўжо і месца падрыхтавалі: высокай фанернай фарбаванай шырмай адбілі кавалак пакоя з акном і дзвярыма проста ў калідор. Чорны.
// Абмераўшы, выдзеліць участак чаго-н. Усім хацелася на свае вочы бачыць, што робіцца, дзе каму які ўчастак адаб'юць. Галавач.
13. Правесці лінію ўдарам вяроўкі або шнура.
// Паставіць кляймо.
14. Пабіць (расліны, пасевы). Град адбіў жыта.
Глузды адбіць — пабоямі пашкодзіць разумовую дзейнасць каго-н. Ногі адбіць (збіць, набіць) — моцна натаміць ногі, доўга ходзячы. Дзед Тодар здрыгануўся, ступіў да стала: — Нічога не прыдумаеш. Вілія і пад лёдам шалёная... Ногі мы адбілі, цэлыя суткі не прысеўшы. Пташнікаў. Адбіць паклон — пакланіцца. [Бабка] закончыла нарэшце сваю малітву і адбіла апошні паклон. Каліна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (вялікі)   Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (вялікі)
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2019