адзнака, -і, ДМ -знацы, ж.
1. Метка, знак, пастаўленыя з мэтай абазначыць што-н., паказаць на што-н. Адзнака на дрэве. Адзнака на карце.
// Запіс, штамп і пад., якія сведчаць што-н. — Адзінае, што я магу зрабіць, — сказаў .. [дзяжурны па станцыі], разглядаючы паперкі, — гэта адзнаку аб прычынах затрымання грузу. Самуйлёнак. [Паліцай:] — Бачыце, бачыце, пан афіцэр, тут [у кнізе запісу хворых] ёсць свежыя адзнакі аб выпісцы. Лынькоў.
// Прадмет, які служыць умоўным абазначэннем чаго-н. Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб яго шляху ў гады вайны. Хадкевіч.
// Знак, які астаўся пасля чаго-н. на якой-н. паверхні; след. Абапал дарог усюды віднеліся адзнакі нядаўніх баёў — чорныя варонкі, скарэжаныя машыны. Мележ. Дзе была запляснелая сінь, Там няма і адзнакі балота. Глебка.
2. Знак, прыкмета, акалічнасць, паводле якіх можна пазнаць, вызначыць што-н. Адзнакі хваробы.І вось яно выхадзілася, выстаялася гэтае новае жыццё, набыло такія адзнакі, па якіх відаць было, што стаяць яму назаўсёды. Лынькоў. Прывычка гаварыць сам з сабой у некаторых ёсць адзнака блізкай ці сапраўднай старасці. Чорны.
// Прыкмета, акалічнасць, якая прадвяшчае, прадказвае што-н. Радавалі вока дружныя ўсходы яравых; па ўсіх адзнаках, ураджай павінен быць добры. Гурскі.
3. Асаблівасць, рыса, якімі асоба, прадмет і пад. адрозніваюцца ад іншых асоб, прадметаў і пад. — Пад языком у.. [сакаляняці] знаходзіцца зубец — характэрная адзнака ўсіх сокалаў, — гаворыць Лёня. В.Вольскі. Разам з тым.. [Крапіва] дбайна збярог і традыцыйныя ўласцівасці, традыцыйныя адзнакі баечнага жанру. Казека.
4. Агульнапрынятае абазначэнне ступені ведаў і паводзін навучэнцаў. Марынку не зацікавіў па-сапраўднаму ні адзін прадмет, ёй было ўсё роўна, што вучыць, абы атрымаць добрую адзнаку. Шыцік. Гартаючы сшыткі, Святлана прыкмеціла, што ў іх было многа добрых і выдатных адзнак. Шахавец.
5. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад. Маці беражна з хусцінкі Зорку з гонарам вымала. — Бацька твой — баец славуты, Гэта бацькава адзнака. Броўка.
Дыплом з адзнакай гл. дыплом.

Паведаміць пра недакладнасьць