адысці, адыду, адыдзеш, адыдзе; пр. адышоў, -шла, -шло; заг. адыдзі; зак.
1. Пакінуць ранейшае месца; ідучы, аддаліцца ад каго-, чаго-н. Ілька адышоў ад вогнішча на ўзгорак. Каваль. Прабіраючыся праз заросшае кустамі балота, Палазок адышоў далёка ўправа і згубіў сяброў. Колас.
// Разм. Пайсці, адправіцца куды-н. Дзеці адышлі ў майстэрню і моўчкі селі за кравецкім сталом. Пестрак.
// Адправіцца з месца стаянкі па свайму маршруту. Аўтобус ужо даўно адышоў, а.. [дзяўчына] усё ніяк не магла скрануцца з месца. Астрэйка.
// Перайсці жыць у новае месца, пакінуўшы хату, родных; аддзяліцца. І рад бы быў стары Верамейчык, каб сын адышоў куды-небудзь з хаты.. Але, як відаць, нікуды не думае адыходзіць Юзік. Крапіва.
// Перамясціцца, аддаліцца (пра падзеі, з'явы прыроды і пад.). Ваенная хваля адышла на захад і ў горадзе паспакайнела. Чорны. Сонца даўно адышло за небасхіл. Галавач.
// перан. Падняцца ў якіх-н. адносінах на вышэйшую ступень. Сын не далёка адышоў ад бацькі.
// Пакінуць свае ранейшыя пазіцыі; адступіць. Казакі зняліся з пазіцыі і адышлі за Нёман. Брыль.
2. перан. Перастаць займацца якой-н. справай, пакінуць ранейшы занятак. Адысці ад літаратуры.
// Адхіліцца ад ранейшага напрамку ў рабоце, гутарцы, разважаннях і пад. Адысці ад тэмы размовы.Мастацкая праўда дыктавала пісьменніку [Петрусю Броўку] задачу дзейнічаць не па шаблону, можна нават сказаць, павярнуць трошачкі стырно, адысці ад логікі завяршэння вобраза героя. Кучар.
// Парваць сувязь з кім-, чым-н.; зрабіцца далёкім, чужым для каго-, чаго-н. Ад людзей адбіўся Габрусь. Ад жыцця агульнага, таварыскага адышоў. Шынклер.
3. Адстаць, аддзяліцца, перастаць шчыльна прылягаць да чаго-н. Завесы адышлі.Нарэшце камень павярнуўся і адышоў ад сцяны. Арабей.
4. Дайсці да звычайнага, нармальнага стану; перастаць хварэць, адчуваць недамаганне. Малая ўжо за гэты час адышла, адужала. Васілевіч. З якой дарогі ні вяртаўся б Ваўчок, якія б клопаты яго ні турбавалі, ён ведаў, што дома адыдзе, адпачне, збярэцца з думкамі і сіламі. Хадкевіч.
// Зрабіцца зноў адчувальным, рухомым (аб змерзлых, здранцвелых частках цела). Рукі сагрэліся і адышлі.— Нідзе так асабліва і не баліць, — удзячна адказаў Даніла, — калені толькі нібы мурашкі пакусваюць, але дарма, адыдуць, — калі.. патру.. рукамі. Кулакоўскі.
// Супакоіцца, прыйсці ў сябе пасля зведанага перапалоху, гневу, хвалявання і пад. Юрка ўжо адышоў ад разгубленасці. Брыль. У вачах Каралёва былі зларадныя агеньчыкі, а Дрозд яшчэ не адышоў ад перапуду. Карпюк.
// Дайсці да ранейшага стану; адтаць, адагрэцца, ажыць (пра глебу, расліны і пад.). Зямля адышла.Дрэвы ў дзедавым садку ў вайну абгарэлі, але за гэты час некаторыя з іх адышлі, дзед пасадзіў некалькі новых яблынь. Грамовіч.
5. Перайсці ва ўласнасць каго-н. другога. Цяпер сэрца старога радуецца: не толькі сенажаць, але і панскае поле за рэчкай і па гэты бок адышло круплянскаму калгасу. Сабаленка.
6. Закончыцца, мінуць. Абед адышоў. Жніво адышло.Будзем жыць мы без панскай апекі. Адышла, адцвіла іх пара. І папам не вярнуцца. Колас.
// Перастаць існаваць; зрабіцца гісторыяй, мінуўшчынай, легендай. Тых часін, што адышлі ў туманы, засталіся сведкамі курганы. А.Вольскі.
// Памерці. Я ўспомніў маё знаёмства з Міхаілам Міхайлавічам [Прышвіным] .. і думаў, што добра вось так: зрабіць усё што мог і адысці. Брыль.
7. Зак. да адыходзіць (у 2 знач.).
8. Разм. Перастаць дакучаць, турбаваць. [Міхал] ірвануў.. [Зосю] за руку: — Адыдзі! Чорны.
Адысці на задні (на другі план) — страціць актуальнасць, стаць другарадным. Адысці ў нябыт (у мінулае) — не астацца ў памяці людзей.

Паведаміць пра недакладнасьць