Культ (рэлігійны) (ад лац. cultus - ушанаванне, пакланенне, англ. religious cult), усталяванне традыцыяй дзейства, шляхам якога дасягаецца дапамога чалавеку з боку звышнатуральных сіл. Нягледзячы на тое, што культ ёсць перш за ўсё адлюстраванне рэлігійных уяўленняў пэўнага грамадства ў пэўны перыяд, ён насычаны традыцыямі, якія заснаваны на ідэях, ужо зніклых з жыцця. У многіх даследаваннях падкрэсліваецца кансерватызм культа. «Рытуал - самая ўстойлівая частка рэлігійнага жыцця. Культ перажывае ўяўленні і застаецца ззаду прагрэсу ці ўвогуле руху рэлігійнага светаўспрымання. Нярэдка культ перажывае і тыя рэлігіі, якія іх стварылі» (Б.Тураеў). У гэтых і падобных выказваннях кансерватызм культа перабольшваецца.

З развіццём культуры людзі адмаўляюцца ад цяжкіх традыцый у культах (напрыклад, чалавечых ахвяр), бо трансфармаваны светапогляд не знаходзіць у іх мэтазгоднасці. Стары культ увогуле рушыцца цалкам з прыходам новай рэлігіі, і толькі рэшткі яго працягваюць сваё існаванне ў выглядзе перажыткаў, пераасэнсаваных новым веравучэннем. Тэрмін культ ужываецца і ў сэнсе «веравызнанне», прычым ужыванне тэрміна ў дадзеным кантэксце страчвае сваю адназначнасць і таму непажадана.

Крыніца: Аляксандра Верашчагіна. Праваслаўныя святы на Беларусі. Менск, Мастацкая літаратура, 2001.
Пераклад з «Свод этнографических понятий и терминов. Религиозные верования» (Москва, Наука, 1993).

Паведаміць пра недакладнасьць