благі, -ая, -ое.
1. Які не мае станоўчых якасцей, не адпавядае патрабаванням; які адмоўна ацэньваецца. Зямля тут благая, пясчаная, і вельмі мала яе. Брыль. Не так баяліся [парабкі] работы, як таго, што харч дужа благі. Чарнышэвіч. Орлік сапраўды быў благім канём: куслівым і брыклівым. Сіняўскі.
// Які не валодае майстэрствам у чым-н.; недастаткова ўмелы. [Госці:] — Танцор з цябе, відаць, зусім благі! Корбан.
2. Які не адпавядае патрабаванням маралі; дрэнны ў маральных адносінах. [Капітан:]—Ясна: звязаўся [Віця], відаць, з благой кампаніяй і заняўся нячыстай справай. Якімовіч. [Мікола:] — Таццяна Марыч?.. Так... Яна папала пад благі ўплыў. Глебка. Шукаць паляўнічага .. [Валодзя] не будзе: гэта благі чалавек, калі страляў у лася... Ваданосаў.
// Які заслугоўвае асуджэння, выклікае нездавальненне; дрэнны (пра справы, учынкі, думкі і пад.). Ды яшчэ хлопчык спадзяваўся, што дзед ужо забыў пра яго благі ўчынак. Рылько. Мыслі добрыя, благія мне адкрыты. Дзяргай. [Хаценчык:] — Ніхто слова благога не скажа пра маю службу. Вітка. Суседкі разносілі аб .. [Мар'яне] благую славу ведзьмы-шаптухі. Бядуля.
/ у знач. наз. благое, -ога, н. Праўда, Сцёпка стараўся ўпэўніць сябе, што нічога благога ў яго ўчынку не было. Колас. Я не чуў благога пра суседзяў, З імі жыў спакойна, мірна год. Прануза.
3. Непрыемны для іншых (пра манеры, характар і пад.). Благі характар.Думаў, думаў бацька, як яму адвучыць сыноў ад благой прывычкі, ды нічога не можа прыдумаць. Якімовіч. Апроч благое манеры нявечыць гаворку, людзі ў Пракопа болей і не знайшлі перамен. Вітка.
4. Нездаровы; з хваравітым выглядам, худы. Як незнаёмы [Адам] ўсё роўна. Але ж нешта з твару благі. Худы. Вышынскі.
// Шкодны для здароўя. — А ў нас асабліва клімат благі, — націснуўшы на слове “клімат”, шырока ўсміхаючыся адказаў незнаёмы. Гурскі.
5. Які не абяцае нічога добрага; несуцяшальны. І сніць стары Міхайла благія сны. І знакі благія бачыць ён. То курыца запяе. То люлька з губ выпадае. Бядуля. [Хлопцы:] — Чаго гэта ты, Макар, як сам не свой? Мо з дому якая благая вестка прыйшла? Сабаленка. Не трэба журыцца, навошта благія здагадкі, Галіна. Вялюгін.
/ у знач. наз. благое, -ога, н. [Марыля:] Баюся, дзедка, вельмі баюся, каб з ім [Лявонам], барані божа, чаго благога не сталася. Купала.
// Невясёлы, смутны (пра настрой). [Ліст:] — Настрой, вы кажаце, у вас благі? Прызнацца, мой ад вашага не лепшы. Дубоўка.
// Цяжкі, безвыходны.
6. Недастатковы для якой-н. мэты, у якіх-н. адносінах. Хаты Манька не манілася прадаваць, хоць купцы здараліся і грошы давалі не благія. Пташнікаў.
// Такі, на якога нельга спадзявацца; ненадзейны. [Маці:] — Вось гэта [не даць спісваць] і будзе па-сяброўску. А так благі з цябе сябра! Гамолка. [Турава:]— Злосць, Стэфачка, благі дарадчык. Савіцкі.
7. Які выклікае агіду; гадкі, непрыстойны (пра выразы, словы). Дома, напрыклад, у мяне ніколі не зрывалася з языка благое слова. Ляўданскі.
Благія вочы гл. вока. Благі час гл. час. На благі канец гл. канец.

Паведаміць пра недакладнасьць