кошка
Удзень як кашке, уночы як пташке. Воран. Прык. Пра сужонкаў, што ўдзень сварацца, а ўночы мірацца. Аксамітаў, 183; Арх. Гр.
баба жывучая бы кошка. Слуцк. Жарт. Пра нібыта вялікую вынослівасць і жывучасць жанчын. Сержпутоўскі 1999, 16; Гілевіч, 165.
глядзець як кошка на мыш (мышку). Мсцісл. Насмешл. Пра нейчы прагны, насцярожаны позірк. Юрчанка, 188.
гуляць (дражніцца) як кошка з мышаю. Ваўк. п., Слон., Хойн. Няўхв. Пра чалавека, які доўга з нечым забаўляецца, цацкаецца. Federowski, 121; Высл., 309; Мат. Гом., VI, 174.
дабрацца як кошка да сала. Ваўк. п. Пра чалавека, што дабраўся да нечага жаданага. Federowski, 71.
насіцца як кошка з жабай: гадка з'есці і шкада кінуць. Капыл. Няўхв. Пра сквапнага чалавека, які трымае пры сабе і тое, што не патрэбна. Рабкевіч, 153.
насіцца як кошка з кацянёнкам (кацянёначкам). Мсцісл. Пра мітуслівыя, турботныя, неспакойныя захады каго-н. Юрчанка, 188.
насіцца як кошка з помазам. Мсцісл. Няўхв. Пра чалавека, які доўга носіцца з нейкай справай, прадметам. Юрчанка 1977, 230. ≺ Помаз - помазка для змазвання патэльні тлушчам.
пісаць як кошка лапаю. Мсцісл. Няўхв. Пра нейчы нязграбны непрыгожы почырк. Юрчанка, 187.
раздураная як паніна кошка. Насмешл. Пра спешчаную, пераборлівую дзяўчыну ці жанчыну. Янк., Дыял., 1, 219.
сяжу да гляжу як кошка ў дяжу. Смал. Жарт. Пра чалавека, які нічога не робіць, але чакае спажывы. Добровольский ІІІ, 13.
схапіць як кошка мыш (мышку). Мсцісл. Пра чалавека, які нешта спрытна схапіў, набыў. Юрчанка, 188.
чатаваць як кошка (кот) на мыш. Ваўк. п. Пра ўважлівае, пільнае адсочванне каго-н. Federowski, 65. ≺ Чатаваць - вартаваць, пільнаваць (польск. czatować).
як кошки драпаются. Смал. п. 1. Пра царапанне вострымі пазногцямі. 2. Няўхв. Пра калючага, задзірлівага чалавека. Добр., Смол., 189.
жанкі жывушчыя як кошкі. Federowski, 366. Тое, што баба жывучая бы кошка.
з каго хто як з кошкі швейка. Мсцісл. Іран. Пра некага зусім не годнага для справы. Юрчанка, 184.
сыкаць адна на адну, як дзве кошкі каля аднае міскі з малаком. Мін. Няўхв. Пра спрэчкі дзвюх задзірлівых жанчын. ЛЦ, 64.
як кошкі ў хаце начавалі. Зэльв. Няўхв. Пра цяжкае паветра. Сцяшковіч, 616.
глядзець як сабака на кошку. Гл. сабака.
наляцець як ластаўкі на кошку. Гл. ластаўка.
як на кошку аброць што. Мсцісл. Іран. Пра нешта не да месца. Юрчанка, 192.
трэба як кошцы духі (пудра). Мсцісл. Іран. Пра нешта зусім непатрэбнае. Юрчанка, 188.
трэба як кошцы расчоска (пяршчаткі). Мсцісл. Іран. Юрчанка, 178. Тое ж.

Паведаміць пра недакладнасьць