муха
баяцца як сабака мух. Гл. сабака.
сядзець як мух аб'еўшыся. Астр., Смарг. Няўхв. Жарт. Пра чалавека, які сядзіць моўчкі, без жадання гаварыць. Даніловіч, 235.
трэсці галавою як конь ад мух. Гл. конь.
хавацца (уцякаць) [ад работы] як сабака ад мух. Гл. сабака.
бружжаць што худая муха ўвосень. Няўхв. Пра таго, хто дакучае навязлівай гутаркай. Ром., Зап., I, 2/5.
буіць як муха. Ваўк. п. Няўхв. Пра паводзіны дакучлівага, прыставучага чалавека. Federowski, 43.
выдурвацца як муха на варэнні (на веніку, у веніках, на матацыкле, на матоцыку, на сцяне, на шкле). Дзятл., Ваўк., Гродз. Няўхв. Іран.-жарт. Пра залішнюю празмерную сваволю каго-н., яго выстаўленне, назалянне. Даніловіч, 235.
выдурвацца як муха на сцяне. Іўеў. Няўхв. Сцяшковіч, 583. Тое ж.
выкручвацца як муха на шкле. Брасл. Няўхв. Рабкевіч, 39. Тое ж.
выпендрывацца як муха на матацыкле (на шкле). Карэл. Няўхв. Высл., 297. Тое ж.
гудзець як надаедлівая муха. Слон. Няўхв. Высл., 309. Тое, што бружжаць што худая муха ўвосень.
дакучлівы як асенняя муха перад здыханнем. Мін. Кплів. Пра надта дакучлівага, прыставучага чалавека. ЛЦ, 103.
Жывушчы як кот і слабы як муха. Гл. кот.
завіхацца (старацца, трапятацца) як муха ў смале (попеле). Ваўк. п., Слон. Насмешл. Пра відавочна дарэмныя завіханні, памкненні каго-н. Federowski, 290, 351; Высл., 322.
завязнуць у сваім багацці як муха ў мёдзе / у смале. Мін., Рэч. Насмешл. Пра чалавека, які становіцца рабом свайго набытку, багацця. ЛЦ, 51.
загінуць як муха ў смале. Мін., Рэч. Пра непазбежнасць гібелі каго-н. ЛЦ, 51.
задавацца як муха на шклянцы з мёдам. Івац. Насмешл. Пра пустую ганарлівасць каго-н. ЗЗайкі.
заплутацца бы муха ў павуцене. Слуцк. Пра чалавека, які трапіў у небяспечную сітуацыю. Сержпутоўскі 1999, 165.
злая як асенняя муха. Мін. Няўхв. Пра злосных, «кусьлівых», дакучлівых людзей. ЛЦ, 63.
кешкацца як муха ў кісялю. Паст. Насмешл. Пра чалавека, які надта завяз у сваіх справах. СПЗБ 2, 459.
кідацца як муха у павуціне. Мсцісл. Насмешл. Пра чалавека, які ў жаху шукае паратунку, а яго няма. Юрчанка, 191.
круціцца як муха ў кіпені. Маладз., Брэсц., Рэч., Мін. Пра трапятанне каго-н. у дужа благой, нявыкрутнай сітуацыі. ЛЦ, 30.
кусацца (куслівая) як асенняя муха перад здыханнем. Рэч. Няўхв. ЛЦ, 71. Тое, што злая як асенняя муха.
лезці ў вочы як муха ў Спасаўку. Ваўк. п. Няўхв. Пра надакучлівага зласлівага чалавека. Federowski, 287.
лезці як муха. Маладз. Незадав. Пра дакучлівага чалавека, які назойліва ўмешвацца ў чые-н. справы. МК, 139.
лезці як муха на рану. Асудж. Пра настырнага злоснага чалавека, што ўмешваецца ў нейчыя справы. Ваўк. п. Federowski, 163.
лезці як муха ў вочы. Незадав. Dybowski, 12. Тое, што лезці як муха.
Ляцеў як леў, а паў як муха. Астр. Прык. Пра чалавека, які ўяўляў сябе важным, але ў выніку аказаўся зусім нікчэмным. Сцяшковіч, 645.
ляцець як муха на рану. Вілен. Няўхв. Sielicki, 159. Тое, што лезці як муха на рану.
надаядлівы як муха. Бярэз. Асудж. Пра дакучлівага пустога чалавека. СПЗБ 3, 135.
памалу (павольна) як муха на смале. Насмешл. Пра вельмі павольнае перамяшчэнне, рух. Янк., Дыял., III, 164.
папасціся як муха ў кісель. Насмешл. Пра чалавека, які трапіў у нявыкрутную сітуацыю. Янк., Пар., 125.
папасціся як муха ў саладуху. Пол. Насмешл. АВНЛ. Тое ж.
папасціся як муха ў сыроватку. Барыс. Насмешл. Высл., 361. Тое ж.
патрэбен як муха ў страве. Ваўк. Іран. Пра нешта зусім не патрэбнае. ЛЦ, 118.
паўзці як муха на сыроватцы. Жлоб. Насмешл. Высл., 363. Тое, што памалу (павольна) як муха на смале.
паўзці як муха па смале. Насмешл. Янк., Пар., 126. Тое ж.
паўзці як сонная муха. Віц., Івац. Насмешл. Пра рух вялага, соннага, хворага чалавека. КВДУ; ЗЗайкі.
погынуты як мухы на воді. Пін. Пра нейчую непазбежную марную гібель. ФА.
прапасці як муха ў смале. Рэч. Насмешл. Пра чалавека, які прапаў ні за што. ЛЦ, 119.
прапасці як муха ў сыраватцы. Ушацк. Насмешл. Барадулін, 105. Тое, што прапасці як муха ў смале.
прыліпнуць як муха да салодкага. Светл. Раздраж. Пра надта прыставучага, дакучлівага чалавека. Высл., 371.
рухацца як муха па смале. Трак. Насмешл. СПЗБ 4, 318. Тое, што памалу (павольна) як муха на смале.
злосныя (куслівыя) як тыя мухі ў спасаўку (перад спасам). Карэл. Няўхв. Высл., 329. Тое, што злая як асенняя муха. ≺ Спасаўка - пост у жніўні.
слабы і вялы як перазімаваўшая муха. Маз. Насмешл. Пра слабога, вялага, соннага, хваравітага чалавека. ЛЦ, 89.
сонны як муха. Нясв. Насмешл. Пра стан нявыспанага альбо вялага, неактыўнага па натуры чалавека. ФА.
Стара дзявуха як асенняя муха. Смарг. Прык. Пра зласлівасць старой незамужняй дзеўкі. ФА.
ублытацца як муха ў павуцінне. Насмешл. Санько, 189. Тое, што заплутацца бы муха ў павуцене.
улезці (залезці) як муха ў смалу (патаку). Ваўк. п., Капыл. Няўхв. Пра чалавека, які неабачліва трапіў у благое становішча. Federowski, 319; Высл., 404; Янк., 408.
уліпнуць як муха ў саладуху. Карэл. Насмешл. Высл., 405; Санько, 191. Тое ж.
уліпнуць як муха ў смалу. Капыл. Насмешл. Рабкевіч, 214. Тое ж.
уплютацца як муха ў паўцінне. Ваўк. п. Насмешл. Federowski, 321; Янк., 434. Тое, што заплутацца бы муха ў павуцене.
ускочыць як муха ў кіпяток. Мсцісл. Насмешл. Юрчанка, 7. Тое, што улезці (залезці) як муха ў смалу.
утлы як муха. Ваўк. п. Насмешл. Пра слабога, вялага, неактыўнага чалавека. Federowski, 323. ≺ Утлы - слабы.
Чалавек як муха. Глуск., Івац. Іран. Пра ненадзейнасць чалавечага жыцця, непазбежнасць смерці. Высл., 418; ЗЗайкі.
Чалавек як муха: тут е, а тут няма. Прык. Federowski, 61. Тое, што чалавек як муха.
што каму як сабаку муха. Гл. сабака.
як муха агазлівы. Чашн. Раздраж. Пра назойлівага, надакучлівага, пустога чалавека. Каспяровіч, 9. ≺ Агазлівы - надакучлівы.
як муха. Бераст. Насмешл. Пра кволага, слабога чалавека. Сцяшковіч, 616.
Як муха: чалавек жыў - і рукі згарнуў. Нясв. Прык. СПЗБ 5, 398. Тое, што Чалавек як муха.
як сонная муха. Стаўб. Незадав. МК, 318-319. Тое, што сонны як муха.
як спасаўская муха. Мсцісл. Няўхв. Юрчанка, 198. Тое, што злая як асенняя муха.
пажывіцца як сабака мухаю. Гл. сабака.
злятацца як мухі на рану. Мін., Чэрык. Няўхв. Пра людзей, што збіраюцца з нядобрай карыслівай мэтай. ЛЦ, 53.
каласэ як мухі. Гродз. Няўхв. Пра дробныя каласкі. Цыхун, 95.
ліпнуць як мухі на мёд. Хоц. Няўхв. Бялькевіч, 250. Тое, што злятацца як мухі на рану.
ляцець як мухі на мёд. Івац., Карэл., Мін. Высл., 344; ЛЦ, 92; ЗЗайкі. Тое ж.
матыляцца як мухі ля свету. Клецк. Няўхв. Пра пустую мітусню гурту людзей. Жыв. сл., 181.
насесці як мухі на цукар. Мін. Няўхв. ЛЦ, 113. Тое, што злятацца як мухі на рану.
паміраць бы аб осень мухі. Слуцк. Пра частыя выпадкі смерці пры нягодах, эпідэміях. Сержпутоўскі 1999, 160.
сілы як у мухі. Мсцісл. Насмешл. Пра вельмі слабага чалавека. Юрчанка, 174.
сядзець сонныя як мухі. Чэрык. Насмешл. Бялькевіч, 171. Тое, што сонны як муха.
чэзнуць як мухі. Бялын., Івац., Лаг., Лоеў. Varłyha, 31; Яўсееў, 109; ЗЗайкі. Тое, што паміраць бы аб осень мухі.
як мухі прысталі да каго. Паст. Пра настырнае, дакучлівае чаплянне да каго-н. СПЗБ 1, 443.
гламнуць як сабака муху. Гл. сабака.
задушыць як муху. Слон. п. Пра знішчэнне каго-н. без роздуму і адразу. Federowski, 347.
каму пабажыцца як сабаку муху схапіць. Гл. сабака.
ляцець як муху схапіўшы. Рэч. Іран. Пра шпаркі бег каго-н. (часцей курыцы). ЛЦ, 72.
палкнуць як сабака муху. Гл. сабака.
як муху з'еўшы. Шчуч. Насмешл. Пра злоснага, незадаволенага чалавека. Арх. Гр.

Паведаміць пра недакладнасьць