Пра праект

Slounik.org — беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі

Неабходнасьць стварэньня такога праекта існавала ўжо даўно, бо дагэтуль у беларускім сеціве не было сур'ёзнага слоўнікавага сайта. Працу распачала ў 2002 годзе каманда беларускай электроннай бібліятэкі Беларуская Палічка.

Было вырашана рабіць «энцыкляпэдычна-слоўнікавы партал» - набор рознатэмавых энцыкляпэдый і слоўнікаў. На нашым сайце мы зьбіраем усе нейкім чынам зьвязаныя зь беларускай мовай і Беларусьсю слоўнікі і энцыкляпэдыі. Падрабязна пра кожны слоўнік/энцыкляпэдыю можна прачытаць на адпаведнай старонцы.

Мы імкнёмся захаваць як мага болей інфармацыі з папяровага выданьня ў нязьменным выглядзе. Разам з тым, трэба заўважыць, што анляйнавы варыянт не заўсёды адпавядае папяроваму. У некаторых выпадках гэта выклікана немагчымасьцю дакладна паўтарыць надрукаванае, цяжкасьцю і неапраўданасьцю затрат на дакладную перадачу. У іншых выпадках - выпраўляліся відавочныя памылкі, што былі дапушчаныя пры друку. Некаторыя слоўнікі/энцыкляпэдыі ўтрымліваюць спасылкі на скан папяровага выданьня, такім чынам вы можаце спраўдзіць патрэбны артыкул. Пры выкарыстаньні інфармацыі зьвяртайце ўвагу, калі былі выдадзеныя папяровыя адпаведнікі (асабліва гэта датычыцца біяграфій нашых сучасьнікаў). Пазначаная колькасьць артыкулаў у слоўніках і энцыкляпэдыях супадае з колькасьцю загалоўных слоў (несупадзеньне часта зьвязана з прыблізнасьцю падлікаў колькасьці артыкулаў у папяровых вэрсіях).

Калі вы заўважыце нейкую недакладнасьць у матэрыялах, калі ласка, паведаміце нам па адрасе adm2@slounik.org ці праз форму на кожнай старонцы.

Slounik.org - цалкам некамэрцыйны праект. Сайт пачаў працу 18 лютага 2004 г.