Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва (БНТ)

(1709 артыкулаў)

Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва (БНТ)

Створана на падставе:

Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва. Менск: Інбелкульт, 1923.

Прадмова

Апрацаваньне тэрмінолёгіі «Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва» пачалося Гуманітарнай Сэкцыяй Беларускае Навукова-Тэрмінолёгічнае Камісіі ў 1921 г., а закончылася ў 1922 г. – Тэрмінолёгічнай Камісіяй Гуманітарнай Сэкцыі Інстытуту Беларускае Культуры.

Спачатку мелася на мэце апрацаваньне сьцісла стылістычнай тэрмінолёгіі, г. з. па тэорыі прозы і поэзіі. Але калі прышлося падбіраць тэрміны, то адразу выясьнілася немагчымасьць прытрымлівацца гэтае сьцісласьці: тэорыя прозы й поэзіі так шырока абхоплівае ўсе галіны літаратурнага мастацтва, што выдзеліць сьцісла стылістычныя тэрміны й замкнуцца ў пэўных рамках было-б непажаданым абмежаваньнем усяе працы ў дадзенай галіне. Апрача таго, калі-б і выдзеліць дзе якія сьцісла стылістычныя тэрміны, то яны амаль што ўсе пераняты ўсімі народамі з грэцкае або лацінскае мовы, як, напр., проза, поэзія, драма, лірыка, якія не паддаюцца перакладу, і гэткім чынам прышлося-б даць не беларускія тэрміны, а чужаземныя ў беларускім правапісе. Дзеля гэтых вось прычын было вырашана надаць тэрмінолёгіі болей жыцьцёвага характару і абхапіць хоць частку таго літаратурнага слоўнікавага матар‘ялу, з якім на кожным кроку прыходзіцца спатыкацца кожнаму пісьменьніку ў сваёй літаратурнай працы. Гэтым Тэрмінолёгічная Камісія манілася дасягнуць хоць і ня поўнасьцю дзьвюх мэт: 1) даць самыя патрэбныя тэрміны для тэорыі прозы й поэзіі і 2) даць беларускі тэрмінолёгічны матар‘ял для літаратурнае практыкі, каб гэтым хоць крыху дапамагчы нашаму пісьменству, асабліва часапіснаму, пазбавіцца ад лішняй, у большай частцы непатрэбнай і незразумелай чужаземшчыны.

Разглядаючы чужаземныя тэрміны, Камісія старалася па магчымасьці даваць, заместа іх, толькі − беларускія, а калі й пакідаліся чужаземныя, то ўжо такія, што: або агульна-прынятыя, як, напр.: літаратура, сонэт, ода, або − пашыраныя і ў народзе, як, напр.: камэдыя, талент, артысту. Побач з беларускім ставіўся чужаземны тэрмін толькі тады, калі ён − так сама добра вядомае слова ў народзе. Агулам жа Камісія лічыла лішнім даваць чужаземныя тэрміны побач з беларускімі, зважаючы на тое, што калі хто захоча карыстацца з чужаземшчыны, то яе знойдзе і паміма беларускай тэрмінолёгіі.

Уся зьмешчаная ў гэтай кнізе тэрмінолёгія «Практыка й тэорыя літаратурнага мастацтва» канчаткова разгледжана й прынята Тэрмінолёгічнай Камісіяй Гуманітарнае Сэкцыі Інстытуту Беларускае Культуры ў складзе сяброў Камісіі: М. Байкова, М. Гуткоўскага, Я. Лёсіка, І. Луцэвіча, К. Міцкевіча, С. Некрашэвіча, С. Плаўніка і У. Чаржынскага.

Слоўнікавы матар’ял для тэрмінолёгіі ў ліку 2500 слоў сабраў паводле альфабэту, упарадкаваў, ператлумачыў пабеларуску і прынятую тэрмінолёгію зрэдагаваў.

Старшыня Гуманітарнай Сэкцыі Інстытуту Беларускае Культуры Ів. Луцэвіч.

Менск студзень 1923 г.

Паведаміць пра недакладнасьць