##ShortTitle: Беларуска-расейскі безэквівалентнай лексікі ##LongTitle: Беларуска-расейскі слоўнік безэквівалентнай лексікі ##FrontpageTitle: Беларуска-расейскі безэквівалентнай лексікі ##ExpandArticle: true ##Type: slo ##HTMLDescription_BEGIN Створана на падставе:
Самабытнае слова: Слоўнік беларускай безэквівалентнай лексікі (у рускамоўным дачыненні). Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. ISBN 5-85700-187-0
Укладальнік: Ірына Шкраба

Беларуская безэквівалентная (у расейскамоўным дачыненні) лексіка яшчэ не стала аб'ектам спецыяльнага вывучэння лексіколагаў. Гэты слоўнік — першая спроба ўвесці ў навуковы зварот пэўную колькасць (каля 900) лексічных адзінак, якія не маюць у расейскай мове аднаслоўнага адпаведніка і перадаюцца апісальным спосабам. Слоўнік дае магчымасць чытачу пазнаёміцца з тыповымі беларускімі рэаліямі, адчуць нацыянальны каларыт беларускай лексікі, пераканацца ў яе значных камунікатыўных і выяўленчых магчымасцях. Прызначаны для беларуска- і расейскамоўных чытачоў, ён будзе карысным для студэнтаў, настаўнікаў, выкладчыкаў, перакладчыкаў, журналістаў і інш.


##HTMLDescription_END @

абапал,

1. прыназ. По обеим сторонам чего-либо.

Там буйна буяюць кусты зеляніны абапал заглухлай старой азярыны. Колас. Абапал дарогі было жыта ў копах і на карэнні, што не паспелі яшчэ зжаць. Гарэцкі. Абапал машыны беглі вузлаватыя дубы, шызыя танклявыя грабы, густыя спляценні арэшніку. Мележ.

2. прысл. С обеих сторон, по обе стороны чего-либо.

Ігнацюк хацеў быў звярнуць куды-небудзь з дарогі, але абапал густою сцяною стаялі яліны. Хомчанка. Абапал гарэлі дзве васковые свечкі. Бядуля. Абапал ішлі пералескі, што ўбіраліся ў першую светлую дымчатую зеляніну, ад якой усё навокал выглядала вясёлым, прывабным. Мележ.

@

абмарачыцца, зак., разм. В результате продолжительного кружения потерять ориентацию или равновесие.

Анюта зусім абмарачылася, не магла ўцяміць, куды яны трапілі. Місько.

@

абрасіцца*, зак. Намокнуть от росы.

Абрасіліся то добра, а што б у хату свежанінкі прынесці. Лужанін. А ён [Чарнуха] зноў той жа сцяжынкай-пятлянкай, каб не абрасіцца, бо боты пускалі ўжо ваду, вярнуўся на дарогу. Рыбак. Ішоў Алёшка праз мокры гушчар; увесь абрасіўся і дрыжаў ад холаду. Якімовіч.

@

абрасіць*, зак. Намочить росой.

А тут нават сена не хапіла: увечары паленаваўся нагрэбці паболей пад сябе, а зараз, калі дзе яго і натрусіў хто на грыве, дык ноч усё абрасіла. Чыгрынаў. Каб не абрасіць у траве і бульбоўніку штаноў, ён [Міколка] закасаў калошы вышэй калена. Сачанка.

@

аброк, -у, м. Корм для лошадей (обычно овёс).

Давялося выпрагчы, і тады яна [кабыла] пайшла ўслед за гарматаю, а на прывале патрабавала порцыю аброку нароўні з тымі коньмі, якія не ленаваліся. Лужанін. Накрыты гунькай, пушысты ад інею конь жуе з торбы аброк і чакае раніцы, падымаючы наперамену то адную нагу, то другую, - холадна небараку. Карпюк. Мужчыны павыпрагалі коней, далі ім аброку і таксама пайшлі да гурту. Сачанка.

@

абшарнік, -а, м. Помещик, владеющий большими земельными наделами.

Паводле закона, Шастака трэба было здаць у камендатуру, і ўжо адтуль, калі б ён выжыў, яго маглі аддаць якому-небудзь абшарніку ці фермеру, калі б не спатрэбіўся на што іншае. Мікуліч. Цара скінулі, а князі ды абшарнікі засталіся. Галавач. А мне прыгадваецца зноўку матрос, даспелы лістапад, калі абшарнікаў валокі з надзеяй кроілі сяло... Бялевіч.

@

абшыванка, -і, ж. Выдолбленная из ствола дерева лодка с нашитыми для большей устойчивости бортами из досок.

На досвітку наступнага дня ён [Кастусь] дабраўся да ракі, знайшоў у карчах вербалозу абшыванку і пераплыў у ёй на другі бераг. Лупсякоў.

@

агораць, зак. Приобрести или купить с большим трудом.

Я галодны пасяджу, а свае зямлі крыху агораю. Чорны. За лета агораў хатку, з гліны зрабіў печ, і паплыў у неба смольны дымок. Грахоўскі. То пакуль хату сабе новую паставілі, то пакуль гарод ад травы ўратавалі, кароўку, свінчо агоралі, то пакуль вас усіх вывучылі, праз інстытуты, універсітэты правялі... Сачанка. Праўда, агораў у дачным пасёлку будачку. Лужанін.

@

адброджваць, незак. Обозначать границу на сенокосе, прокладывая след.

Тут непадалёку калгасаўцы косяць, а яны і дзень і другі - усё мяжу адброджваюць. Чорны.

@

адвеку, прысл. Испокон веку, с древних времён.

Радасны ўздым яшчэ больш зрабіў яго [Міхала] цвёрдым і ўпэўненым у сілах, якія адвеку былі і будуць у жывым чалавеку. Чорны. Гэтулькі славы! Я не бачыў, можа, адвеку, каб гэтулькі славы, ды ўсё аднаму чалавеку. Сіпакоў. Так ужо заведзена адвеку: дружба, грамада і талака. Прануза. Дзе гразь мясіў адвеку ды кладкі клаў народ - трывалую гравейку насыпалі за год. Гілевіч.

@

аджон, -у, м., уст. Отработка на жатве или на поле за услугу, ссуду и под.

Нехта тонкім голасам памагаў яму [Махлаку]: - Не падацца, браткі, што гэта за работа! Куды ён улазіць, ці даўно сам у мяне на аджон картоплю сеяў! Чорны. Ніякі калгас не будзе пазычаць збожжа ў другім калгасе на аджон ці на адкос. Лужанін. Той, хто бярэ каня, павінен плаціць аджонам ці яшчэ чым. Каваленка.

@

аджынаць*, незак. Отрабатывать на жатве.

Жнеі былі ўжо «заробленыя», аджыналі за вінаватае: таму бульбы паўасмінкі даў вясною, таму мукі на хлеб - і цяпер Каржакевіч мог узяць іх, калі сам хацеў. Крапіва.

@

адкавяліць, зак., разм. Отрезать, отхватить большой кусок (хлеба, сала и под.).

- Бяры от... - дужаватую такі лусту адкавяліў Пятрук свайму памагатаму. Калюга. - Добра махнуў, - папраўляе пакрыўджаны, - палавіну дрэва адкавяліў. Лужанін.

@

адліжыць, безас., зак. Установиться в результате оттепели (о тёплой с таянием снега погоде).

Калі адліжыла і засвяціла сонца, я выняў з акенца салому, каб усім у хляве стала лепш, - і Падласцы з пярэстым бычком, і галубам з галубянятамі. Брыль.

@

адпасваць*, незак. Откармливать на подножном корму.

І ён [Кастусь] узяўся адпасваць у дарогу свайго каня. Чорны.

@

адранак*, -нку, м., абл. Утренняя пастьба коров.

У такі час ціха на дварэ, і, павячэраўшы, высыпаюць на лаўкі і прызбы ўсе ў Сцешыцах - гамоняць на ўсю вёску, забыўшыся, што сцямнела і што заўтра трэба рана ўставаць, да дня яшчэ, каб падаіць і выгнаць кароў на адранак. Пташнікаў.

@

адсланіць*, зак. Открыть заслонку печи.

Тым часам маці, спаласнуўшы рукі і твар, адсланіла печ, дастала гаршчэчак. Сачанка. Адсланіла печ, дастала крупнік з мясам, тушаную бульбу. Новікаў.

@

адхланне, -я, н. Короткое облегчение от тяжёлого, продолжительного труда.

Вечарамі йзноў не было ёй адхлання: то сходы, то паседжанні. Калюга. Паўпіналася, адале падумала: трэба ж чалавеку нейкае адхланне, нечым забыцца, а спектаклем усцешыць няшчасных пакутнікаў. Грахоўскі. Ні спачыну няма, ні адхлання ад вяковае крыўды, пакуты... Дзяргай.

@

адхукаць, зак. Отогреть дыханием.

...Жанчына падобна на пакрыўджаную птушачку, якую хочацца адхукаць цеплынёй уласнага дыхання. Г.Колас. ...Табе хочацца конніка тога у далоні цёплыя ўзяць, каб яго адагрэць, адхукаць... Сіпакоў.

@

ажабрачыць, зак. Сделать нищим.

Ён [карны атрад] арудаваў шмат дзён і выехаў пасля ўжо таго, калі спустошыў і ажабрачыў людзей. Чорны.

@

азярышча, -а, н. Место, где когда-то было озеро.

Балота аказалася нешырокім, падобна на старое рэчышча ці азярышча. Лобан.

@

акавіта, -ы, ж.

1. уст. Водка, настоянная на кореньях.

Ну і намардаваўся я з гэтым праведнікам! Ніяк не мог яго спакусіць золатам, тытунём, акавітай, прысмакамі, каралеўскай уладай і папскай ціярай, вечнай маладосцю і несмяротнасцю. Танк. Тут студня знакамітая і ўсім вада да смаку, ды болей акавітаю мы праганяем смагу. Барадулін.

2. перан., паэт. Волшебный животворный напиток, дающий красоту и молодость.

Вячорная цьмянасць твая, красавік, мой дух акавітаю поіць. Глебка. Табе не даў я рыфмы мілагучнай, ідзі мой твор, кунегай апавіты. Цябе без рыфмы думка добра лучыць, шукаючы для духа акавіты. Дубоўка.

@

аказацца*, зак. Подать голос.

Дзень пры дні спаў Жук і каб аказаўся. Толькі есці як захоча, устане ды акажацца, але й то не брахаў, а выў. Калюга. Старая, відаць, разы са два збіралася загаварыць з палякам, глядзела нават на яго, нямогла трасучы падбароддзем, ды так дагэтуль і не сабралася аказацца. Брыль. Коля, дзякаваць богу, не прачнуўся на рып дзвярэй, інакш бы аказаўся, папытаў што. Рыбак.

@

акалечаць, зак., разм. Стать калекой.

І акалечаў Міхал Стальмаховіч - от так сабе - без усялякай выдатнай справы. І на вайне не быў, і нічога вельмі важнага і страшнага за сваё жыццё не рабіў, ля машыны нідзе не стаяў, можна сказаць, усё гэта было - аж смех людзям сказаць - дома, у запечку. Чорны. Ды чуць [Вінцэсь] і не акалечаў, збіваючы гэтую атаву: паслізнулася наперад нага, а каса з маху так і збрыла носік бота, добра, што не даняла пальцаў. Жук.

@

акраса*, -ы, ж. Заправка для кулинарных блюд из нутряного свиного жира со специями.

Тут табе і сыр, і масла, і смятана, і тварог, і кіслае малако, і маслянка, і сырое малако і паранае. Тут табе і да рознай стравы акраса. Бядуля. ...Бацька з Васілём, пад'ехаўшы да хаты на чорным коніку, злезлі з воза, знялі плуг і сталі вымаць нейкія клумкі (гэта былі крупы, мука, акраса і інш., якія купіў Васіль як харч, на сваю долю). Ядвігін Ш.

@

алей*, алею, м. Подсолнечное масло.

І што найбольш падабалася яму [бацьку] у пана Халяўскага - гэта яда: кожны дзень на абед боршч і каша, з салам ці з алеем, а на вячэру - гарохавы суп. Гарэцкі. На ўсім гэтым гарнітуры штодзённа прыбывала плям ад салідолу, аўтолу і алею. Чарнышэвіч. І дранікі з раніцы ў печы прэюць, хоць на алеі, але смачныя. Грахоўскі.

@

алейня, -і, ж. Предприятие по производству растительного масла, а также здание для такого производства.

Я от і цяпер думаю - трэба будзе зімою зрабіць алейню. Чорны. Заставалася заўтра агледзець яшчэ электрастанцыю і алейню. Галавач. І алейня і цагельня - ажываў за цэхам цэх. А.Александровіч.

@

аліва*, -ы, ж. Смазочное масло.

Панкрат выйшаў з канторы ў вялікую чорную залу, вільготную па кутках і востра пахучую мокраю ржою, аліваю і расцёртым жалезам. Чорны. А машына тая адменна гула, і пабразгвала, і нязвыкла пахла аліваю. Лужанін.

@

анігадкі, прысл., разм. Хоть бы что.

Яшчэ ім доля анігадкі, гульнёй занятыя яны: з пяску старанна лепяць хаткі, старанна ставяць каміны. Бачыла. Вунь Антонаў Казік пабыў год на нейкіх там курсах-шмурсах і цяпер анігадкі жыццё займеў... Марціновіч. Не едзе, дурань, жыта сеяць. Колькі ні ўпрошвала, яму анігадкі: толькі тое і робіць, што ходзіць на сходы. Каваленка.

@

апараніцца, зак., абл. Прийти раньше, чем намечено.

- Апараніліся вы трохі, браткі. - Чаму? - От зараз, пачакайце, дык поўна хата хлопцаў будзе. Чорны. Зверыўшыся з гадзіннікам, каб не спазніцца і не апараніцца, ахвотнік да сырадою рабіў ласку наліць малака ўласнаручна і роўна пяць хвілін піў яго маленькімі глыткамі. Лужанін.

@

апаўдні (апоўдні), прысл. В середине дня.

Зранку ён [Астаповіч] яшчэ нічога не ведаў, а апаўдні салдат павінен быў ісці ў салдаты і на вайну. Чорны. Апаўдні шчаслівы, пачарнелы, потны сенакос з абрыву бухне ў вір дрымотны. Вялюгін. Ды вось неяк, калі яны, Эльзі і Крыстэль, апоўдні ўходжваліся з пасудай, а палонны яшчэ еў каля стала, спазніўшыся з-за работы, усёй ідыліі з румянай ды наліўной прыгажосцю прыйшоў нечаканы канец. Брыль. Апоўдні пад несціханы крык пеўняў з-за лесу выпаўзла блакітна-шэрая хмара. Асіпенка.

@

апекавацца, незак. Быть опекаемым, быть под опекой.

Гаворачы аб упадку маралі, веры ў бога і ў сваю каталіцкую дзяржаву, якой апякуецца сама матка боская, ён [ксёндз] заклікаў усімі сіламі і сродкамі змагацца супроць вальнадумцаў, масонаў і камуністаў. Танк. Спасцігнуць усё праз цябе я хачу, табою маё ўсё няхай апякуецца. Стральцоў.

@

аплік (гаплік), -а, м., абл. Металлический крючок для застёгивания одежды.

Старшы лейтэнант зрабіў звыклы рух плячамі і шыяй, быццам аплік каўняра ўеўся яму ў кадык. Лобан. Ты знаеш, што такое дождж,.. калі, як змеі, раўчукі сцякаюць па спіне к зямлі, калі не сцягнеш аплікі ў набрынялым шынялі... Астрэйка. Я не паспела расшпіліць на спадніцы гаплікі, як яна ўжо стаяла зусім голая. Шамякін. Куплёны толькі паркаль на дзявочыя блузкі, каснікі, гаплікі ды гузікі, а так - усё сваё, уласным мазалём запрацаванае. Грахоўскі.

@

апоўзіны, -зін, адз. няма. Связанные концами прутья, положенные сверху стога для предотвращения оползания сена или соломы.

На момант, прысадзісты, круглы, з доўгімі бярозавымі апоўзінамі на версе, ён [стажок] паўстае перад вачыма. Сачанка.

@

апрытомнець, зак. Прийти в сознание, очнуться от обморока.

Данік апрытомнеў, убачыў, што гэта яна - кіроўнічыха. Брыль. Калі ён [Сымон] апрытомнеў, то дзікімі вачамі абвёў пакой і страшна крыкнуў, але, убачыўшы перад сабою бацьку і маці, абвяў... Чарнышэвіч. Калі маці апрытомнела, дык убачыла, што людзей на дарозе ўжо няшмат. Асіпенка.

@

апушыць, безас., зак., разм. Вздуть живот.

Куды гэта ўбілася, чортава мяса! Не хватала, каб апушыла. Жук.

@

арфаваць, незак. С помощью веялки очищать зерно от мякины и мусора.

Пасля малацьбы кожны дзень прыйдзецца пакідаць у Халуставым гумне неарфаванае зерне, бо ніхто не вытрывае, памалаціўшы дзень, адразу яго арфаваць. Чарнышэвіч.

@

асвер, -а, м., абл. Журавль у колодца; приспособление для доставания воды.

Зарыпіць, быццам прастужаны, асвер. Машара. У кожнага на двары нехта быў: папраўляў вароты, скрыпеў асверам. Пташнікаў. І жытцо ў яго расло таўшчынёю па асверу, хоць бяры сячы сцябло. Лужанін.

@

аснаваць*, зак. Сделать основу ткани (натянуть продольные нити).

На кабечую долю прыходзіўся ручнік: напрасці пражы, аснаваць кросны, выткаць губіцу палатна і на канцах яго з суконных нітак выплесці тры зубкі. Адамчык. Аснавала дзяўчына дываны, аснавала сінія на зары. Геніюш.

@

астояцца*, зак. Перестать шататься, удержаться на ногах.

Ногі толькі, як у народжанага цяляці зыбаюцца. Пачакай жа, дай астояцца, а тады я трошкі пайду за табою. Лобан. Гэта было смешна, ён [шчанюк] усё яшчэ не мог добра астояцца на падлозе, відаць, нарадзіўся на панадворку ў засланай саломай будцы. Лужанін. Ён хацеў толькі адчуваць цяпло яе цела праз тонкую спадніцу, хацеў астояцца і стаць на ногі, каб ісці далей, бо пачынала ўжо світаць... Дамашэвіч.

@

асушак*, -шка, м. Сухая корка хлеба.

- Нашто было лезці ў шкоду? - Я шукаў асушка - есці хацелася. Колас. Нейкая галодная душа - мыш ці верабейчык - аднойчы забрала пакладзены мною асушак. Лужанін. Няхай гэта мне за шчасце счарсцвелага хлеба асушак, не згінуць каб, не прапасці ад прыкрае долі пастушшай. Вітка.

@

асянчук, асенчука, м., абл. Домашнее животное или птица, родившиеся осенью.

Колькі ў яе [Тацяны] цяпер тае гаспадаркі: асянчук-кабанчык, ды дзве курыцы з пеўнем. Васілевіч. А што значыць сыты баран-асянчук для сям'і? Кулакоўскі. Ён [механік] смела плюхнуўся ў ваду і лёгка паплыў. - Бач, які гладкі, як асянчук. Жук.

@

ачужэць, зак. Стать чужим.

Бег [Мікульскі], як бягуць спатыкнуўшыся, - галава і тулава наперадзе, а ногі адстаюць, нібы ачужэлі. Місько. Першае пісьмо звычайнае: пра сёе ды тое - ні пра што, другое - папрок на папроку: ачарсцвеў, не адказвае на яе пісьмы, трэцяе - сварка: зусім ачужэў... Воранаў.

@

ашчаперыць, зак., разм. Сильно обхватить, обнять.

...І тады Рыбак спрытна ашчаперыў яе за шыю, адчуўшы на момант нейкую паўзабытую, ледзь не дзіцячую радасць здабычы. Быкаў. ...Мальвінка думала: вось ён вып'е гэтую шклянку, занюхае скарыначкай хлеба, падымецца з-за стала, ашчаперыць яе, маленькую, дужымі рукамі і пацалуе. Сабаленка. Ашчаперыў [Міхась] рукамі скроні, і можа адзін толькі бог ведае, якія думкі віліся ў яго галаве. Сачанка.

@

бабіць, незак., разм., уст. Принимать роды.

За бабку ў Сахвеі была Ціткова жонка, старая Рыпіна. У Верамейках яна шмат у каго бабіла, а ў Сахвеі - другі раз. Чыгрынаў.

@

баваўнянка, -і, ж., разм. Хлопчатобумажная ткань.

Свістаў, па-змяінаму звіваючыся ў паветры, шоўк. Паўзла шарсцянка, і весела, як дзяўчына на веснім поплаве, бегла баваўнянка. Караткевіч.

@

багач, -а, м. Рождество Пресвятой Богородицы.

Такім [самым большым] святам быў і асенні багач. Якімовіч.

@

багоўка, -і, ж., абл. Божья коровка.

Багоўка у тваёй далоні, як кропля цёплая крыві. Караткевіч.

@

балагол, -а, м., уст. Ломовой извозчик.

Сувязь з горадам падтрымлівалі балаголы і паспявалі забяспечыць усе патрэбы. Грахоўскі. Цяпер ён [Джвучка] сядзеў на пустой бочцы, як балагол, загарэў, стаў зусім буры. Пташнікаў. Пошту ў тыя гады прывозіў дзікаваты, чорны, як грак, балагол Беня... Навуменка.

@

балонка*, -і, ж., уст. Страница книги, журнала, газеты.

Марка палажыў газету, дзе падрабязна (на цэлыя тры балонкі) тлумачылася, адкуль і як узяўся вялікдзень. Калюга. Свішча рацыя таропка. На балонках рад у рад - і працяжнікі і кропкі... Панчанка.

@

банкаваць, незак. Держать банк в карточной игре.

У каго аказвалася старшая масць, той і садзіўся банкаваць. Колас. - Свердзел!.. Завядзі дзеўку да Шылахвоста... - Пачакай, дабанкую, - буркнуў худы. - Што тут банкаваць. Дай карту, - працягнуў шырокую, як лапата, далонь паклёваны. Сачанка.

@

банька, -і, ж. Широкое металлическое кольцо для прикрепления косы к косовищу.

Стукаюць малаткамі па баньках - асаджваюць новыя косы, выбраныя яшчэ з вясны ў Горне ў магазіне... Пташнікаў. А ў торбе ў яго [Андрэя] - акрамя акрайца хлеба каса, абматаная ў анучу, мянташка ды банька з клінком. Лобан.

@

баравіна, -ы, ж.

1. Возвышенный участок леса в бору.

Кастусь узяў кош і з радасцю павёў Яську на знаёмыя грыбныя баравіны. С.Александровіч. Між цёплых баравін вам песню дораць верасы на дарагі ўспамін. Вітка.

2. Молодой сосновый лес.

Скрозь галіны цікуе месяц малады, а дзесь з суседняй баравіны крычыць сава на ўсе лады. Колас. Потым мы выскачылі ў баравіну: сосны тут былі высокія, гонкія. Сабаленка.

@

бацькаўшчына*, -ы, ж. Отцовское наследство.

Ты сабе плюй ці не плюй - мне ўсё адно: не мая гэта бацькаўшчына і не для сябе мераю. Колас. Растрасе бацькаўшчыну. Хутка [прагуляе], што нажыў бацька за свой век. Баранавых. Што той вінават, што лепш жыве за яго. Здаецца ж, бацькаўшчыну без крыўды падзялілі... Чорны.

@

безліч, -ы, ж. Неисчислимое множество.

Абапал грувасціліся то нізкія, то высокія будынкі з безліччу вокнаў, балконаў, шыльдаў... Быкаў. Калі ж хто загадае: «Не трэба!» - адрачэцца ад мовы народ, - папрашу я і сонца і неба: мне не трэба ні славы, ні хлеба, асудзіце на безліч нягод. Панчанка. У густым галлі яе было безліч вароніных гнёздаў. Чарнышэвіч.

@

безмеж, -ы, ж. Безграничный простор.

Апалена сонцам кавыльная безмеж, паўсвету - не меней у стэпе размесціш. Калачынскі.

@

берасцянка*, -і, ж. Берестяная труба.

- Цёця! - крычыць пастушок Піліпок і, раскудлаціўшы рыжы віхор, ён берасцянкаю будзіць прастор. Броўка. Пастух адарваў берасцянку ад вуснаў. Кірэенка. Марцін як лясне, як стрэліць пугай, дык рэха па сяле аж гадзіну разыходзіцца, а як затрубіць у берасцянку, дык каровы, як салдаты, маршыруюць. Шушкевіч.

@

біскуп, -а, м. Высшее духовное звание служителя католической церкви.

Особа, удостоенная этого звания. Між гэтых запраўскіх ваякаў кідалася ў вочы духоўная асоба, партрэт біскупа, стрыжанага, брытага, з усімі біскупскімі атрыбутамі. Колас. Службу правілі наезджыя біскуп і ксяндзы з некалькіх суседніх парафіяў. Грахоўскі. А ўслед за панамі-дваранамі пачалі адхрышчвацца ад паўстання і ксяндзы з іх высокімі духоўнымі айцамі касцёла - біскупамі. Якімовіч.

@

блажыць, незак., безас., разм. Ощущать тошноту, дурноту.

Здавалася, ад шуму галава падымалася ўгару, кружылася, і ад таго яго, Ратушняка, блажыла. Пташнікаў. Пад горла падступала нешта атрутнае, горкае, але не блажыла. Адамчык. Раптам Валю ад паху самагонкі, што патыхала ад Лукашыка, стала блажыць. Дамашэвіч.

@

блазнаваць*, незак., разм. Дурачиться, делать глупости, неудачно шутить.

Скрозь зямель бы трэ было Зэнку праваліцца, каб не было ў бацькавым прабіранні прыемнага, што Зэнка не маленькі ўжо й дзе гэта відана такому хлопцу ды так блазнаваць! Калюга. Ды тут убачыла, як раптам змяніўся гэты вясёлы чалавек, знікла яго гарэзлівасць, жаданне блазнаваць... Шамякін. На месцы засталіся толькі Дзяніс Зазыба, якому непрыемна стала, што дарослыя раптам ледзь не пачалі блазнаваць, ды яшчэ Раманаў татарын Рахім. Чыгрынаў.

@

бліжэць, зак., разм. Становиться ближе.

Калі ён смяяўся, [Башлыкоў] здаваўся яшчэ нібы прыгажэйшым, а галоўнае - станавіўся хораша таварыскім. Нібы бліжэў. Мележ.

@

блінцоўка, -і, ж., абл. Небольшая дежа, предназначенная для замешивания теста.

З краю стаіць блінцоўка, а над запечкам, на тонкім вешале, шамацяць вянкі цыбулі. Васілевіч.

@

бляха*, -і, ж. Кровельное железо. Один лист такого железа.

З-пад накрытай гарэлай бляхаю павеці вылез стары ў лапленых-пералапленых портках і наўздзіў белай кашулі з крухмальным каўняром. Лужанін. Некалькі дзесяткаў местачкоўцаў жылі ў прастарнейшых, крытых бляхаю, з маляванымі ганачкамі дамах. Грахоўскі. Хаты ў ёй [вёсцы] былі амаль усе новыя, праўда, далёка не аднолькавыя па памерах і выгляду - і ладныя пяцісценкі, і маленькія катухі, адны крытыя гонтамі, другія - бляхай, трэція - саломай. Хадкевіч.

@

бляхарня (бляшарня), -і, ж. Жестяная мастерская.

Дах на бляхарні, зроблены са старой Зусевай бляхі, маляры запэцкалі ў чырвоную блішчастую фарбу. Мурашка. Тут мясціўся кавальскі цэх, ліцейня, такарня і бляшарня. Галавач.

@

бляшанка, -і, ж. Жестяная банка.

Разлажыўся [сусед] каля мяне скромненька, але ў яго - цэлы бохан добрага сітнага хлеба, і слівачнае масла, цэлая бляшанка, і цукар-рафінад. Гарэцкі. Хто першы дабіваўся, каб хапіць сабе ў бляшанку з-пад кансерваў вады, той мог лічыць сябе шчаслівым. Чорны. Абапал вазона стаялі на падваконцы дзве абвязаныя паркалёвымі хусткамі бляшанкі з дынамітам. Арлоў.

@

бобіна, -ы, ж. Горошина боба.

Буйныя слязіны, памерам, можа, нават не меншыя за бобіны, якімі толькі што страляў з рагаткі, пасыпаліся з вачэй у хлопчыка. Рылько.

@

большаць, незак. Становиться больше.

Там народу ўсё большае. Мележ. Надзейка расла, большала. Сабаленка.

@

брама, -ы, ж. Главный въезд во двор, город, усадьбу, на завод и др. в виде двухстворчатых, крытых сверху ворот.

Вось гуляе багач, аж палац той дрыжыць, а пад брамаю плач - там сіротка стаіць. Купала. ...Некаторай ночы на горад меўся быць напад нейкіх грабежнікаў, а мнішка з кляштара мела ад бога шчасце наперад усё ведаць і, выйшаўшы ўночы за кляштарную браму, адным словам сваім выратавала горад ад вялікага няшчасця. Чорны. Маладыя людзі ішлі пад арку брамы, і Андрэй ішоў наперадзе, спінаю адчуваючы позірк жанчыны. Караткевіч.

@

браткі, -так, адз. няма. Анютины глазки.

На клумбе навокал помніка растуць незабудкі, браткі і маргарыткі. Гурскі. Маргарыткі і браткі на газонах паднялі галовы і пры подыху ветрыку пагойдваліся. Карпаў. ...Павыгарала трава ў парках. Толькі на газонах цвілі браткі ды астры. Асіпенка.

@

брукаванка, -і, ж., разм. Вымощенная камнем дорога.

Тут гарбацілася наспа брукаванкі, што вяла з даваеннага Чэрыкава ў лес, на ёй некалі цераз Сож стаяў вялізны драўляны мост. Карамазаў. Па шашы, высыпанай пяском, колы пакаціліся лягчей, чым было на брукаванцы. Рыбак. ...Дрэвы за гэты час закупчасціліся, і Антон, стоячы на ніжніх прыступках ганку, бачыў вузкі кавалачак брукаванкі. Савіцкі.

@

брыль*, -я, м. Шляпа с полями (чаще всего соломенная).

Я на панскі капялюш брыль свой не змяняю. Колас. Брыля гаспадар не шкадаваў, бо той брыль быў надта ўжо стары, запэцканы і ў дзірках: дастаўся ён гаспадару шмат год таму назад ад старэнькага дзяка-нябожчыка за нейкія паслугі. Гарэцкі. Чалавек у брылі пераглянуўся са сваім чорнабародзенькім сынам... Машара.

@

брылясты, -ая, -ае. С большими (как у шляпы) полями.

І зноў папаліся лісічкі - раз, другі, а потым у бярэзніку на ўзболатку знайшоў я абабак і брылястыя чырвоныя сыраежкі, а потым былі зноў лісічкі. Стральцоў.

@

брытаць, незак. Накидывать верёвку на шею коня, коровы и др. животных.

Аднаасобнік тым часам дрыжачымі рукамі ўжо брытаў каня, за якім давялося-такі пабегаць гэтай ноччу. Чыгрынаў.

@

бубніць*, незак., разм. Бить в бубен.

Так бубняць і гудзяць на гэтай бяседзе, а суседзі глядзяць, дзівяцца суседзі. Купала. Пайшлі [Юрка з Юзікам] у хату, дасталі з паліцы Мікалаеў бубен, пачалі бубніць і скакаць па хаце. Чорны.

@

буда*, -ы, ж. Полотняное или брезентовое покрытие машины, кареты, повозки и под.

На возе - зрэбная буда, нацягнутая на арэхавыя каблукі. Брыль. У іх [балаголаў] былі вялікія дужыя коні з калматымі бабкамі, прасторныя, добра акаваныя дрогі, з высокаю будаю, пацягнутаю рагожаю або брызентам. Грахоўскі. Траха не над кожным возам узнімалася мокрая палатняная буда, а ў ёй, цесна збіўшыся ў кучу, - і старыя і малыя. Якімовіч.

@

булён*, -у, м. Заправленный салом картофельный суп.

«Булён» - адкуль такая назва - невядома, бо гэта проста бульбяны суп, зашквараны салам, а зусім не французскі «бульён». Караткевіч. Пазней, калі са смакам пасёрбалі булёну - з маладой бульбы-самасейкі, са шчопаццю чырвонаармейскіх макаронаў, запраўленага чырвонаармейскаю тушонкаю, - пачалі рыхтавацца да сну. Далідовіч.

@

бульбоўнік (бульбянік), -а і -у, м., зб. Картофельная ботва.

А ў полі пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску салодкую духавітую бульбу. Брыль. Аднойчы яна [Сцепаніда] трохі запазнілася ўстаць і таропка бегла па роснай сцяжыне ў бульбоўніку церез гароды. Быкаў. Пахне тугой, набрынялай зямлёй, бярозай і леташнім разапрэлым іржышчам ды бульбянікам. Мурашка. Чалавек прыгнуўся, прайшоў ад дарогі па бульбяніку крокаў з дваццаць і лёг паміж градак. Крапіва.

@

бульбянішча, -а, н. Поле, на котором растёт или рос картофель.

Каля лесу зелянеў чубок жыта, пасеянага Гілярыем Скварчэўскім, побач два загоны бульбянішча, а астатнія дзесяціны дзве даўно, відаць, ляжалі аблогаю. С.Александровіч. Я наогул лічу, што старшыня, калі ездзіў на кані, быў трохі бліжэй да чалавека. Ён мог і на бульбянішча заехаць, і на льнішча. Сіпакоў. Але ж хутка і крапівы можна ўжо наварыць ды насёрбацца, і пышак на калгасным бульбянішчы, калі пастарацца, шчэ напораш, а там і шчаўе... Рыбак.

@

бусліха, -і, ж. Самка аиста.

А бусел - у нас яшчэ кажуць, бацян - адзін са сваёю бусліхай, і мы іх віталі, можна сказаць, персанальна. Брыль. Высока-высока ў чыстым блакіце адно за адным плылі бусел з бусліхаю на буслянку на старой таполі да сваіх буслянят. Грахоўскі. На ёй [вежы] стаяў бусел, ці, відаць, бусліха, парадкуючы нешта сваёй доўгай дзюбай у гняздзе. Цвірка.

@

буслянка, -і, ж., разм. Гнездо аиста.

Пад навальнічны подых рэзкі я пад буслянкаю стаю і ў ціхай вёсачцы палескай сябе малога пазнаю. Панчанка. На адной з дзвюх бліжэйшых ліп хаваецца ў кроне буслянка. Брыль. Таполі аднолькавыя, але на адной з іх - буслянка, а на другой - вароняе гняздо. Кулакоўскі.

@

бучнець, незак. Расти пышно, буйно, густо.

Зірніце, як, ачмурэўшы ад яе [радыяцыі] ласкі, буяюць травы, бучнеюць дрэвы, якія вялікія і крамяныя растуць плады. Сіпакоў.

@

буяць*, незак. Пышно цвести, зеленеть.

Сям-там па лугавых грудах раскідаліся бародкі-кудзеркі дубовых астраўкоў, дзе буяў малады, сакавіты дубняк, кусты арэшніку, брызгліны, чаромхі і крушыны. Колас. Мінулі хлеў, між густых зарасляў кіяшніку і маку, што буяў на агародзе, выбраліся на прыгуменне. Мележ. Буяла толькі на вуліцы ля платоў і ў гародах за парканам на бульбе цёмная трава - расла, і бялела ўперадзе на сцежцы каменне. Пташнікаў.

@

бывалец, -льца, м., разм. Бывалый человек.

...Як добры бацька з далёкай дарогі, вярнуўся ў хату - так здавалася - спакойна мудры бывалец Караленка... Брыль.

@

бяздзетуха, -і, ж., разм. Бездетная женщина.

І з дзецьмі ім таксама моцна не пашанцавала - бяздзетухаю засталася Марыська. Крапіва. Помніце, як яна, бяздзетуха, вялікую-вялікую ляльку купіла сабе, - ну як твая, Марфа, Галя - плаццяў ёй панашыла, у хаце памыець, адзенець яе, пасадзіць на ўслоне, валасы ёй будзіць расчэсваць і ўсё гаворыць, як з жывою. Сіпакоў. У памагатыя гнаць кароў Сарока дала Мацвею брыгадзіраву жонку Мальвіну - бяздзетуха, гаспадар у салдатах, маладая - якраз падыходзіць. Лобан.

@

бяздоглядны, -ая, -ае. Лишённый опеки, присмотра, ухода.

А на шчодрых калісьці градах зялёная дзікасць ажно ўшчацінілася знізу ў лістоту яблыняў, абвіслую пад цяжарам бяздоглядных белых наліваў, штрыфлінгаў, антонавак... Брыль. Тут якраз у двор забягае сабака Жук, бяздоглядны валацуга, з надзеяй пачаставацца. Лужанін.

@

бярозавік, -у, м. Напиток из берёзового сока.

Частуе [Крот] церпкім ад скіслых хлебных скарынак бярозавікам. Навуменка. Снег рыхлы з'елі туманы, - бярозавік цячэ ў збаны. Бялевіч. Мужчына зачысціў і паглыбіў надсек на бярозе, і бярозавік пабег амаль што цурком, буйнымі і крыху мутнаватымі кроплямі, падобнымі на ваду, якая толькі пачынае кіпець. Казько.

@

бяседнік, -а, м., разм. Участник застолья, званый гость.

Ноч навылёт вірыла застоліца, а на світанні, у няпэўным святле аплытых свечак трохі цверазейшыя з бяседнікаў змецілі, як бацька і сын заснулі ў высокіх, аздобленых разьбою крэслах, звесіўшы русявыя галовы на грудзі... Арлоў.

@

вазоўня, -і, ж. Сарай для телег.

Праз дзён два Скуратовіч завёз першыя тры вазы знойдзенага ў вазоўні жыта. Чорны. Павісні над сумам, поўня, і асвятлі душу... Вазоўня, наша вазоўня, прысніся свайму Тамашу. Сіпакоў.

@

валасня, -і, ж.

1. зб. Пучок волос из конского хвоста.

На калючым абвіслым дроце загарадзі вецер варушыў абынелыя жмуты набэрсанае конскае валасні. Адамчык.

2. Леса, свитая из такого волоса.

...[Васіль] зрабіў насадку, папляваў на яе дзеля рыбацкага шчасця і закінуў вуду далей ад берага - на ўсю валасню. Якімовіч.

@

валатоўка, -і, ж., абл. Курган, в котором по народному поверью похоронены легендарные богатыри.

Як восенню ўзгоркі засцелюцца золатам, паміж валатовак блукаць я люблю, - ў тых валатоўках волаты, волаты, што леглі калісьці за нашу зямлю. Броўка. Я часта прыпыняюся каля сталоў, дзе разлажыла прадаўшчыца зёлкі, сабраныя з усіх лугоў, палёў, на скрыжаваннях і на валатоўках. Танк.

@

валкаваць, незак. Сгребать скошенное сено в валки.

Ён [Бонусь], пакуль хлопцы канчалі валкаваць, узяўся рассцілаць сурвэтку і ставіць полудзень, які ўзялі ў лес. Жук.

@

валлё, -я, н. Зоб у птиц.

Гагочуць, валлё набіваюць, пра неба забыліся, мусіць... Якія ж вы, ўрэшце, бяскрылыя, хаця і крылатыя, гусі... Сіпакоў.

@

вандроўны*, -ая, -ае. Связанный с путешествием, свойственный путешественнику.

Шляхі мае вандроўныя, турботай лета поўныя! Лужанін. ...Я навек удзячны ёй [красе] за летуценныя вандроўныя дні. Кірэенка.

@

вантрабянка, -і, ж. Колбаса, приготовленная из потрохов.

Праз сенцы ў кухні асноўных гаспадароў уранні і ўвечары сварыліся, клялі адно аднаго за нейкі здор, за сала, за вантрабянку, а хто вінаваты, відаць, і крыкуны не ведалі. Грахоўскі. Якія сальцісоны і крывянкі, якія паляндвіцы, вантрабянкі, а рыжыкі - цудоўнейшы засол. Зарыцкі. - Еш! І што табе яшчэ пакласці? Мо скабачку? Ці вантрабянку? Гіль.

@

васпан, -а, м., уст. Форма вежливого обращения к шляхтичу.

Так, так, васпане мой ласкавы: плаціць за хату трэба мне, раз вы жывеце ў ёй, а не - дык скутак будзе нецікавы. Колас. Васпан жа дзеля нечага лётаў такімі маразамі за дзвесце вёрст у мае Смалічы... Арлоў.

@

вастрэць, незак. Делаться более острым.

Пасля звароту ў сталіцу пра згуртаванне «Рамантыкаў» ніхто больш не ўспамінаў, праўда, абставіны пацяжэлі, міжгрупавыя напады ўсё вастрэлі... Лужанін. Вясна адчувалася і па тым, што зараз, асабліва вечарам, калі заціхаў астрог, вастрэла ў сэрцы туга па волі. Машара.

@

ваўкалак, -а, м. Мифическое существо, согласно поверью, человек, способный принимать облик волка.

У пушчу ўцёк, у ёй асеўся, змяніўся ўвесь, як ваўкалак. Купала. Вось ён [вядзьмак] усіх і пракляў, і ўвесь поезд пабег ваўкалакамі, з таго і ваўкоў многа. Гарэцкі. Іскры сыплюцца з гэтай поўсці, калі ў змроку ночы шалёна імчыцца ваўкалак. Дайнека.

@

ваўкаўня, -і, ж., разм. Ловчее сооружение для волков.

Ды калі свой [куток] па ордэры завядзецца, у ім, не сагрэтым пакаленнямі, пуста і няўтульна, як у ваўкаўні. Калюга. Наглядчык, мусіць, так і не зразумеў, што ў самыя моцныя маразы, калі цэля выстывала, як ваўкаўня, такія гімнастычныя практыкаванні сагравалі і памагалі хутчэй заснуць. Сіпакоў.

@

верасавішча, -а, н. Место, где растет вереск.

Асцярожна сцяжынкай праз верасавішчы мы ідзем, каб хаця не збудзіць пад якім лазняком, ядлаўцом навальніцы мінулай смяротны затоены гром. Танк.

@

верашчака, -і, ж. Жидкое мучное блюдо.

Як верашчака ў дно спадала, то маці есці пакідала ды йшла ў камору па другое, яшчэ больш смачнае, ядкое. Колас. Там былі пірагі, грэцкія бліны, верашчака ў гаршчэчку, кольца каўбасы і вялікі бохан хлеба. С.Александровіч. На вячэру падалі спачатку верашчаку з мяккай маладой парасяцінай. Якімовіч.

@

вербніца, -ы, ж., разм. Вербное Воскресенье.

Якраз пад вербніцу ў суботу ў будан Міхал з Алесем пхаўся. Колас. Мінулася нядзеля, была вербніца, немцы ішлі і ехалі з зялёнымі галінкамі. Лужанін. На вербніцу Сцепаніда з Петраком збіраліся ў царкву і яшчэ пасварыліся трохі ранкам - надзявацца ці не. Быкаў.

@

весніцы*, -ніц, адз. няма. Ворота во двор или со двора в огород, поле.

У весніцах стары цвыркун пілуе марш на скрыпцы. Вітка. ...Выйшаўшы за весніцы, Зазыба павярнуў у завулку да могілак, адкуль вяла сцежка паўз вёску. Чыгрынаў. Ах, ах, ды ў гэтым месяцы яшчэ забіты весніцы, марозам прымарожана, прымружана шчэ лужына завейлівым сняжком. Стральцоў.

@

весялуха, -і, ж., разм. Женщина весёлого характера.

І, здаецца, ёй на вуха нехта шэпча: Гэля, Гэля, а ці хутка, весялуха, зазвініць тваё вяселле? Панчанка. ...Маці ж наша не весялуха, не здаравуха, хіба мо была такая ў дзеўках, а потым жыццё перайначыла яе. Марціновіч. ...На стозе дзяўчаты ў белых, нізка завязаных хустках, - нібы чайкі над зялёнай гарбатай акіянскай хваляй - загарэлыя, белазубыя весялухі. Левановіч.

@

весянчук, весенчука м., абл. Домашнее животное или птица, родившееся весной.

Моцна спала Люба, доўга. Узбудзіў гарласты пеўнік-весянчук. Мурашка. Ля плота паважна, з гонарам расхаджваў рыжы певень-весянчук і згукваў да сябе курэй... Сачанка.

@

ветліца, -ы, ж., абл. Заросли вербы у дороги.

Улас і Кузьма ўвайшлі ў ветліцу пад вечар. Чорны.

@

вечараваць, незак., разм. Коротать время вечером.

Гэта я з табой вечарую, туманамі цябе я чарую... Бураўкін. Аляксей зразумеў, што Вера пабойваецца, каб пры святле не ўбачылі іх разам, і сказаў, што таксама любіць вечараваць каля запаленай печы. Грахоўскі. ...Вечарую. Адна. Не ў світальнай журбе, не ў расстайнай журбе вечарую... Загорская.

@

відук, -у, м. Дикорастущий мак, мак-самосейка.

З зярнят нам трэба мець: мак-відук, зярняты дзікай або сеўнай вікі, розных дзікіх гарошкаў, насенне розных траў... Верас. Стаўшы на граду, запунсавеў самотлівы відук. Калачынскі. Апчхі! Праклятая чыхаўка вытрасла з маёй галавы, нібы зернейкі відуку, усе дарэшты даты. Арлоў.

@

вілачнік*, -а, м. Черенок вил или ухвата.

Яна [маці] патрасла яму ад печы вілачнікам. Пташнікаў. ...Маці пасля цэлы ранак не магла даўмецца, дзе яна [падмазка] магла прапасці, і ледзь не паламала вілачнік аб ні ў чым не вінаватага ката. Гіль.

@

вільчыць, незак., абл. Выводить верхний стык крыши.

Як вільчылі [майстры] хату, дык ішоў нейкі старац. Гарэцкі.

@

вірок*, -рка, м. Приспособление для свивания ниток в клубок.

Часам мужчыны памагалі Ганне змотваць ручайкі. Тады ў хаце стаяў ціхі і аднастайны трэск вірка. С.Александровіч.

@

віскуцень, -тня, м., абл. Пронизывающий ветер, сопровождающийся характерным звуком.

Дай хвіліну пагрэцца ў цябе. Віскуцень навылёт праймае. Лобан. Першасакавіцкае сонца марна намагалася сагрэць зямлю, але ранішні віскуцень ўгамаваўся, і на плошчы было даволі людна... Арлоў. Дзьмуў вецер-віскуцень, глуха шумела мора. Воранаў.

@

вітка, -і, ж. Привязь в виде жгута из прутьев.

Як шлемы нейкіх волатаў, стагі стаяць з чубамі парыжэлых вітак. Танк. Ды не раю круціць з мяне віткі. Зуёнак.

@

віша, -ы, ж., абл. Нескошенная на зиму трава, оставленная зимовать на корню.

Праз хвіліну ўжо была навалена гара сушняку, і нехта ўжо сагнуўся каля яе са жменяю сухой вішы. Лобан. Адвільжэлымі пёрамі шалясціць віша на балотах. Лужанін.

@

вожаг, -а, м. Черенок ухвата, кочерги, помела и т.д.

І Аўгеня - шусь з засады, не яна - дасць вожаг рады. Колас. Цяпер жанчыне не трэба было брацца ні за вожаг, ні за ёмачнік. Клікні адно: «Буська!» - псы падціскаюць хвасты і падаюцца ў дзверы... Лужанін.

@

войтаўства (вайтоўства)*, -а, н. Должность войта, а также работа, связанная с исполнением обязанностей войта.

Ой, бабулька Наста, гэта яго войтаўства мне ўпоперак горла стаіць. Колас. Ён [войт], нарэшце, выпрастаўся і закрычаў ужо грозна, як прызвычаіўся за шмат гадоў вайтоўства. Гарэцкі.

@

вочап, -а, м. Шест, к которому прикрепляется колодезное ведро.

Якраз пачуўся скрып вочапу і стук каванкі аб зруб студні. Гартны. Цётка ўзялася за вочап і зачэрпала вады, але вось жа паспрабуй уліць у карыта. Лужанін. Набраўшы вады, дзяўчына ўжо звыкла намерылася пацягнуць вочап і раптам адумалася, аслабіла рукі. Мележ.

@

вочапка*, -і, ж., разм. Ручка ведра, бидона, чайника и под.

За перагародкай зноў маўчалі, бразгала толькі вочапка на вядры. Пташнікаў. Ганька бярэ за вочапку збан вады і выходзіць з хаты. Васілевіч.

@

вузець, незак. Становиться уже.

Градой балотнага лесу падзяляюцца местачковыя і саўгасныя землі, перамычка ўсё вузее, бо саўгасаўцы сякуць са свайго боку, а местачкоўцы - са свайго. Навуменка. Лагчынай, якая гэтым месцам вузела - жыта над ёй стаяла высака, як дзе на беразе над ракой, - дарога, паварочваючы ўправа, вяла цераз поле на захад... Пташнікаў. Нейкі час Антон глядзеў на лес, над якім увачавідкі змяншалася і вузела кароткая барвовая каса. Савіцкі.

@

выжабраваць, зак., разм. Добыть что-нибудь нищенством (попрошайничеством).

Прабавалі бабкі жабраваць хадзіць, ды кінулі - і выжабраваць нічога не ўдавалася: агалеў народ. Колас.

@

вызверыцца*, зак., разм. Посмотреть со злостью, со зверским выражением.

Бачачы, што напалохаць палоннага не ўдасца, ён [старшы канваір] дзіка вызверыўся сваёй кастлявай фізіяноміяй, яго вочы замуціліся шаленствам, і ён замахнуўся прыкладам. Быкаў.

@

выкрасіць, зак. Выбить, высечь кресалом искру, огонь.

Дастаў крэсіва, скалку, узяў губы і крашу. Выкрасіў. Палажыў у люльку - стухла. Колас. Кастусь выкрасіў агонь, затуманіў люльку і з цікавасцю спакойна пазіраў на Міканора. Бядуля.

@

вылюдзець (вылюднець), зак. Стать видным, рослым, возмужавшим.

За гады службы ў арміі ён [Сяргей] неяк вылюдзеў, пасталеў. Сабаленка. Некалі, дзяўчом, як помню, была падцыглястая, лупаценькая, а цяпер, глядзі ты, як вылюдзела! Далідовіч. З ліку пяцікласнікаў, асабліва тых, якія разы са два былі другагоднікамі, ёсць такія, што парадкам вылюднелі. Навуменка. Падхватнае хлапчанё ў Ладуцькаў вылюднела, галавастае. Карамазаў.

@

вымкнуць, зак. Стремительно вырваться откуда-нибудь.

Ці вымкну я птушкаю з думкай пралётнаю на тое поле, на роўнае тое, ці ўгледжуся ў хату ўбога-маркотную, - смутна мне бачыці гора людское. Купала.

@

вырай, -раю, м.

1. Тёплые страны, куда летят зимовать перелётные птицы.

Сёння зноў, як з выраю птах немалады, на спатканне шчырае прыляцеў сюды я - з былымі справамі... Куляшоў. Па светлыя прысмеркі, ціхія золкі паспяшалася ў вырай ластаўка. Барадулін. Калі з выраю птушка вяртаецца ў свой небасхіл - у яе ўжо не два, а мільёны крыл. Сіпакоў.

2. Стая перелётных птиц.

Высокі вырай - на познюю восень, - кажуць людзі і доўгімі позіркамі праводзяць сваіх «журкаў» у дарогу. Пальчэўскі. Над намі - жураўліны вырай. Танк. Другія [хмары] напаміналі стада аграмадных белых сланоў з адрэзанымі хобатамі, іншыя выглядалі вялізным выраем нязнаных велічэзных птахаў. Бядуля.

@

выспа, -ы, ж. Небольшой (чаще всего песчаный) остров.

Спяшаліся сеяць, спяшаліся хаваць, спяшаліся прыпыніць худобу па малавядомых выспах, па недаступных астравах. Колас. Калі наступала раптоўная адліга або ішлі залевы, то чалавек, які зайшоў на выспу, мог застацца там і на год і на два. Караткевіч. ...Адна каляіна, ледзь прыкметная, ішла да высокай і доўгай выспы, што адным канцом як бы выпаўзала з сасновага боку, а другая, гладка вышараваная, крута вярнула ўлева. Савіцкі.

@

выстарцаваць, зак., разм. Добыть попрошайничеством.

Усё ные і ные, бы выстарцаваць скарынку хлеба хоча. Мележ.

@

вышыванка, -і, ж., разм. Рубашка с вышивкой.

З прызбы пазірае па-старасвецку ўбраная - андарак і вышыванка, усё свае работы - у добрых гадах ужо жанчына: зноў як у казцы. Лужанін. У нядзелю ідуць студэнты ў мястэчка ў кужэльных вышыванках з чырвонымі паясамі і рэжуць усё па-інтэлігентнаму, усё па-беларуску. Грахоўскі. Скрозь, здаецца, я вышыла ўзор адмыслова. Вышыванку Давіду я сёння ж аддам, толькі вернецца ён з Любушова. Зарыцкі.

@

вышэць, незак. Становиться выше.

Сцены вышэюць касцёльныя, кладзецца вянец на вянец бёрнамі жоўтымі смольнымі з вашых жа хат і з сянец. Сіпакоў. ...Неба пачало блакітнець, вышэць з кожным днём... Далідовіч. З табой лучыў і свет няблізкі, каб голас сэрца не глушэў: для болю іншых быў ён нізкі, а для твайго - усё вышэў. Стральцоў.

@

вяроўчына, -ы, ж., разм. Кусок, обрывок верёвки.

Доўгая палатняная кашуля са зборкамі на грудзях, падпяразаная простаю пяньковай вяроўчынай, палатняныя запыленыя штаны і лапці, звычайныя вераўчаныя лапці. Броўка. Адзін з іх [бацінкаў] зеўраў спераду ладнаватай дзіркай, прасіў есці, і, каб не адвалілася дзе падэшва, Вадзім змушаны быў замотваць насок вяроўчынай. Рыбак. Той [Пётрык], здаецца, за апошні час схуднелы ды прыгорблены ў кажушку, падперазаны вяроўчынай, за якую былі заткнуты рукаўкі, азірнуўся... Далідовіч.

@

вяршаліна (вершаліна), -ы, ж. Верхушка дерева.

На ўскраіне цвітуць гароды, раскошна на вяршаліне граку. Вялюгін. Сонца схавалася за бор, і толькі цьмяна-чырванаватыя промні яго, прабіваючыся між вяршалін, клаліся на дробныя азёрныя хвалькі. Броўка. Зусім жа слабы вецер, павевы не дужа частыя, а вершаліны шумяць несціхана, то таямніча гудуць, то шапацяць ласкава... Савіцкі.

@

вяршняк, вершняка, м., зб., разм. Верхушки деревьев.

Вяршняк, адсырэлы па-прадвеснянаму, шумеў у густым ужо прыцемку, нібы ўвосень, сумна. Брыль.

@

вясельнік, -а, м., разм. Участник свадебного обряда.

Крыху пазней, ад сустрэчнага чалавека, мы даведаліся, што недалёка адгэтуль, на ўзлессі, другі ўжо дзень шумела цыганскае вяселле. І гэта мужчыны-вясельнікі проста ехалі да ракі. Брыль. У шынок раз за разам забягалі то адзін, то другі з учарашніх вясельнікаў і, разводзячы рукамі, як бы іх хто пытаўся, заяўлялі: «Няма Прузыны...» Ядвігін Ш.

@

вятрыска, -і, м. Резкий, холодный, колючий ветер.

Шчасця міг кароткі не меркне ў снах ружовакрылых дзівам, калі на захад гоніць хмар чародкі вятрыска... Звонак. Нізавыя парывы вятрыскі раскалыхалі вялікія, у рост чалавека, хвалі. Караткевіч. Стала не відна белага свету, выў і скавытаў вятрыска, імкліва падаў снег. Чарнышэвіч.

@

гала, -а, н., разм. Голое место, чистое пространство.

І нашы вандроўнікі выбіліся на гала ўсё ў карчах. Мурашка. Лес канчаўся, і воддаль віднелася гала. Чарнышэвіч. ...Здавалася, што яна [хата] сіратліва тырчыць на гале, як жабрак на цвінтары. Асіпенка. На гале сібер аж хлапіў, запіраў дых... М.Капыловіч.

@

галамоўза*, -ы, м. і ж., разм., зневаж. Плюгавый человек.

Васіль, зірнуўшы на яго [біскупа], падумаў сам сабе: - А чаго папаў сюды гэты галамоўза? Колас.

@

галас, -у, м., разм. Нестройный многоголосый говор, крик.

Гурт дзяцей, што таўпіліся перад варотамі будынка, падняў зычны галас. Гартны. У хаце за тонкаю, аклеенаю зялёнымі шпалерамі, перагародкаю стаяў галас, там нібыта сабралася бяседа, але яшчэ, мусіць, не пілі, хоць усе ўжо былі вясёлыя... Адамчык. У марозным паветры ўжо выяўна чуюцца чалавечыя крыкі і конскае гігатанне. Галас хутка набліжаецца... Арлоў.

@

галець*, незак. Становиться голым; выглядеть пустым, голым.

Подступ яе [восені] радаваў добрым надвор'ем: палі дружна галелі, зелянелі адно палосы з картопляю. Мележ.

@

гамарня (гамэрня), -і, ж., разм.

1. Многоголосый крик, бестолковый говор, разговор.

Але яго [Нічыпара] словы ледзьве можна было распазнаць паміж той гамарні, якая цяпер тварылася на дварэ. Чарот. Гамарня, носяць на каромыслах цэбры з яблыкамі, мяшчане журавіны марожаныя з рук ірвуць - на пахмелле. Караткевіч. Дзед Фэлька прывык жыць адзін і злосна пазіраў на сынаву шумлівую гамэрню, а калі сына і нявесткі не было дома, ганяў дзяцей з кута ў кут... Тычына.

2. Огромное неуютное помещение.

Некалькі сотак чалавек... выглядала на добрую грамаду людзей, але тут - у гэтай велізарнай і пустой гамэрні - мы самі сабе выдаліся саўсім маленькай жменькай. Ядвігін Ш.

@

ганок, -нка, м. Небольшой плот.

Каб цераз парогі правесці ганкі, каля Екабпілса мы кормшчыкаў бралі. Зарыцкі. Вяжуць сасну ў ганкі плытагоны. Астрэйка. Гнаць мне ганкі па віціну. Барадулін.

@

гарахавінне (гарохавінне, гарашыны)

гарахавінне, -я, н., гарохавінне, -я, н. і гарашыны, -шын, адз. няма. Гороховая солома.

На грукат хатніх дзвярэй на палку зашамацела перацёртым гарахавіннем старая Мондрыха. Адамчык. Кастусю ж чамусьці прыйшло ў галаву ратаваць гарахавінне, пасланае ў ложку. С.Александровіч. У развалах на гарохавінні ляжыць ва ўсёй сваёй дванаццаціпудовай красе ружовая ад холаду, перацягнутая двума пастронкамі адстаўная свінаматка. Брыль. У яго [Юркі] было поўнае падпашша намалочанага гарохавіння. Пташнікаў. Але біч не дае моцнага груку, пасад толькі што пасаджан, і біч толькі шастае, падаючы на сухія натапытаныя гарашыны. Крапіва. Выносім на двор і праветрываем старыя гарашыны з ложкаў. Васілевіч.

@

гарбарня, -і, ж. Кожевенный завод; мастерская по переработке кожи.

Але ў той час кожны малады віленскі гарбар рабіў яшчэ свой «фрэндар», або вандроўку, з горада ў горад, з гарбарні на гарбарню, для падвышэння кваліфікацыі. Гарэцкі. Паяўленне гарбарань і металаапрацоўчых і іншых арцелей, а пасле фабрык і заводаў, узнікненне і пашырэнне ў канцы XIX і пачатку XX стагоддзяў даволі буйных паводле таго часу і маштабаў горада майстэрань спрыяла фармаванню і росту пралетарыяту. Чорны. Але гэта значыла не прызнаць астраномію, якую яна [князёўна] вельмі любіла, тыя сталеліцейныя заводы, якія працавалі на Ўрале, гарбарні свайго бацькі, фабрыкі, што выраблялі шоўк, бархат і іншую тканіну, нарэшце лямпу, якою яна карысталася... Лупсякоў.

@

гарбузік*, -а, м. Семечко тыквы.

На шапцы «ожэл бялы», блішчаць гузікі - чыноўнік зноў на скверы лушчыць гарбузікі. Чарот. Яны [цёткі] хавалі яму, Ясю, выспеленыя і падсмажаныя гарбузікі. Янкоўскі. ...У тых мяшэчках, або рукаўчыках, як яна звала, маці хавала на гасцінец дзецям гарбузікі, семечкі, арэхі, высушаныя макаўкі... Марціновіч.

@

гарбузнік, -у, м. Тыквенная ботва.

Бульбоўнік, агурэчнік, гарбузнік як бы прывядаюць, сланечнік апускае галаву. Навуменка. ...Разорай, цераз агарод, па росным яшчэ гарбузніку, па мокрым бульбоўніку вяду сваю басаногую каманду ў алешнік. Васілевіч. Маладуха выцягнула з-пад Мацвеевых ног начоўкі, адбегла з імі пад плот і шуганула ваду цераз частакол на гарбузнік. Лобан.

@

гартоўны, -ая, -ае. Крепкой закалки.

Трэба іх [горны] напаліць дачырвона, каб вораг не мог іх таптаць больш нагамі, каб, ударыўшы словам гартоўным, адказваў полымем камень. Танк. ...І хочацца грудзьмі зваліцца й плакаць доле, на вецер там пусціць, развеяць смутак свой, развеяць успамін, як блукаў той тут колісь, што прозвішчам сваім гартоўным скрозь звінеў... Коршак.

@

гарусоўка, -і, ж., разм. Гарусный платок.

Гаспадыня і тут нават не павяла брывом - паслухмяна накінула на галаву вялікую гарусоўку... і выкацілася з хаты. Чыгрынаў. Люба ўсхліпнула, прыкрыўшы рот гарусоўкай. Даніленка.

@

гасцінец*, -нца, м. Широкая людная дорога, обсаженная деревьями.

Звінела песня і злівалась з музыкаю птушак, бярозавыя на гасцінцы плакалі прысады. Купала. Усё навакольнае раскрываецца мне... То поле абапал гасцінца, то старыя, карэлыя бярозы і шырока-цяністыя клёны прысадаў... Брыль. І толькі пылок жаўтаваты клубіцца далёка, - дзе неба сыйшлося з гасцінцам. Зарыцкі.

@

гасцяванне, -я, н. Пребывание в гостях.

Гасцяванне ў капыльскае цёткі Галавачыхі было няўсмак, хоць яна гасцінна і ласкава хацела як найлепш прыняць і дагадзіць. Лужанін. Пазіраючы на ўсё гэтае хараство, Хрысціна чула, як спадаў з плячэй цяжар турботнага гасцявання і бяссоннай дарогі... Асіпенка. Вячаслаў Пятровіч падабаўся Вольцы не па-асабліваму як-небудзь там, а гэтак жа, як і Зіначка, як і ціхія вечаровыя гасцяванні ў іх кватэры. Стральцоў.

@

гафтка, -і, ж. Нитяная или проволочная петля для застёгивания крючка в одежде.

А ён не трапляў апліком ў кароткім кажусе за гафтку - напала на яго рукі спешнасць. Баранавых.

@

гіз, -а і -у, м., разм. Возбуждённое состояние домашних животных, вызванное укусами слепней.

Хто не імчаўся, як вол у часе гізу, задраўшы хвост, на спатканне ўсякім прыгодам-нягодам. Колас.

@

гізаваць, незак. Стремительно бежать, спасаясь от укусов слепней (о домашних животных).

Скубе, скубе каторая [карова] траву, махае, махае хвастом - і раптам ні з таго ні з сяго прыпусціць з усіх ног у гушчар. Спярша я не разумеў, чаму гэтак гізуюць каровы, і палохаўся - ці не воўк? Сачанка.

@

гладыш, -а, м. Глиняный кувшин без ручки.

Але калі надвячоркам у першы раз пайшлі восем дойніц у пуні, дзе стаялі каровы, за імі адразу ж пайшлі, спяшаючыся з гладышамі і даёнкамі, жанчыны. Галавач. Я малака гладыш са смакам выпіў і сеў на прызбе пад старою ліпай... Панчанка. Вадзім адно цяпер згледзеў на тым месцы, дзе яна сядзела, невялікі гліняны гладыш з абабітымі краямі, поўны чарніц. Рыбак.

@

глей*, -ю, м. Вязкая глинистая почва.

Расло пагана: руш ні руш - жалезны глей, як грабу плашка. Лужанін. Адзін мой знаёмы знайшоў аднойчы ў глеі стары самовы кручок. Караткевіч. Бывала, залезуць панскія свінні ў гразь па вушы, за імі ўслед пастушок, выграбяцца на сухое - ногі па калені ў глеі. Карамазаў.

@

глум, -у, м., разм. Напрасная трата, порча.

Пад восень паны з лесавых урочышчаў пачалі скардзіцца на часты глум лесу мужыкамі. Мурашка. - Галаву зніму! - Знімі сабе, - адрэзаў Тоня, даведзены да роспачы хворымі вачыма, Бірылам і нязвыклай справай глуму чужога ўраджаю. Чорны. Ледзь прыпаўзе чалавек з поля, памыецца, павячэрае і рады, што столькі зрабіў, што ні каліва не пайшло ў глум. Грахоўскі.

@

глушэць, незак. Становиться более глухим.

Ноч цішэла і глушэла і цяжэй налягала на зямлю. Колас. Чым далей падаваўся я ў гэты лес, тым усё болей глушэла. Колас. Гул глушэў, аддаляўся. Арабей. Мясціна проста на вачах глушэла. Ягоўдзік.

@

глыбець, незак. Становиться более глубоким.

Ямачкі на шчочках глыбеюць: ружовыя ямачкі, у якіх не раз тапіўся пан Вашамірскі. Бядуля. Паходня быў у чорным пінжаку, высокі каўнер шэрага шарсцянога світара шчыльна аблягаў шыю; пры гаворцы, калі ён ссоўваў густыя бровы, глыбела складка на лбе, яна ніяк не пасавала да маладога, чыстага твару. Хадкевіч. Глыбелі раны спаленай зямлі. Прыходзька.

@

глыж, -а, м., абл. Ком засохшей или замёрзшей земли.

Як яго [чалавека] хутчэй прынізіць, кожны знойдзе ў сваім гусце - і адзін ударыць глыжам, камянём другі запусціць. Броўка. Зубкоў ад тых слоў яшчэ больш зацяўся, а Клімчанка шпурнуў у роў глыж. Быкаў. [Рэната] зрабіла некалькі крокаў і спынілася зноў, агледзеўшы сярод гліністых глыжоў, засыпаных попельным сіпаком, дужа знаёмы жоўты туфлік. Савіцкі.

@

глэмаць, незак., разм. Хватать зубами, губами.

Конь Сомікаў стаяў доўга, глэмаў снег, пераступаў з нагі на нагу... Крапіва.

@

глюга, -і, ж., разм. Клюв хищной птицы.

Да нас падлятаюць [птушкі], распускаюць кіпцюры, разяўляюць глюгі, - здаецца, раздзерці і глынуць нас хочуць. Купала. Пытаецца [чалавек] невядома ў каго, нібы крумкач крумкае з высокай яліны. Можа, ён пытаецца ў маленькай жанчыны, якая крочыць з ім побач, над якой звесіў нос - доўгую глюгу? Карамазаў.

@

глюгасты, -ая, -яе. С большим клювом (о хищной птице); похожий на клюв хищной птицы.

Апошняя ў гразь паляцела пячаць, дзе свастыку ў лапах сваіх кіпцюрастых арол заціскае імперскі, глюгасты. Зарыцкі. Чорная, густая, без сівізны барада адцяняла чырвань на шчоках, нос быў глюгасты, вусны поўныя і чырвоныя. Гігевіч.

@

гляк, -а, м. Глиняный горшок с выпуклыми боками и коротким узким горлом.

Мёд, ваш, відаць, ох, старэнькі? Гляк, бач, ад моху сівенькі... Буйло. Немцы ўжо выцягнулі вядро і плёскалі з яго ў нейкі зялёны гляк, стрымана перагаворваючыся між сабой. Быкаў. Жоўтым бокам ільсніцца піва добранькі гляк. Стральцоў.

@

гмах, -у, м. Большое высотное здание.

Усё часцей з'яўляліся прыгожыя гмахі з заводскімі комінамі. Броўка. Над ракой - сосны, горы і горад, а ў горадзе - гмах пад самыя зоры. Таўлай. На даляглядзе, паміж вясковых сядзіб, узвышаюцца гмахі заводаў. В.Вольскі.

@

гміна, -ы, ж. Административно-территориальная единица в Польше; административный центр такой единицы.

Была і ў гміне, і ў павеце, у розных следчых і паноў і абхадзіла на ўзві-вецер нямала панскіх устаноў. Колас. Быў такі загад з гміны: бяліць платы, хаты і каміны. Адамчык. Пазіраем то на гміну, то на войтаву хату, яна побач у садку стаяла. Янкоўскі.

@

гонціна, -ы, ж., разм. Одна дощечка гонта.

Змайстраваў [Янка] сабе скрыпку з гонціны, начапіў валасяныя струны. Брыль. Клопат у яго [Міколы] быў адзін: назіраць за чырвонай камяніцай насупраць. Глядзець у шчылінку паміж гонцінамі і не спускаць вачэй. Лужанін.

@

горшаць, незак., безас. Становиться хуже.

З кожным днём на свеце ўсё горшала, вайна ўчэпістай лапаю падбіралася ўсё бліжэй, а цяпер дык і зусім улезла ў хату, на самы покуць, пад абразы. Быкаў. Калі ж сыну горшала, дык часам нібы супроць волі зноў [Багдан] пачынаў адчуваць горкую крыўду і злосць да жывёліны. Кулакоўскі.

@

грабарства, -а, н. Занятие или промысел землекопа.

Ён [Сямага] зноў узяўся за цяслярства, за сталярства, за грабарства. Чорны.

@

грабільна, -а, н. Черенок грабель.

Да зямлі асабліва не цягнуўся, бо на грудзі быў слабы, як казаў ён, і рукі на грабільне дрыжэлі. Лынькоў. Дзед паказаў мне маю дзялянку, высек для пачатку некалькі - таўшчынёй з грабільна - прутоў, паказаў, дзе і як складаць мае дровы. Васілевіч. Жыгар перасіліў сябе, устаў з каменя і павольна пайшоў, спачатку абапіраючыся на грабільна. Жук.

@

грамніца, -ы, ж. Освящённая на Сретение церковная свечка.

Узяў [Янка] нож-складанчык асвячоны, што ў лубцы ляжаў, калі паску пасвячалі, узяў грамніцу і праскурку жалобную-памінальную і на дыбачках за парог пайшоў. Гарэцкі. Гараць грамніцы ноч усю да дня, капае брат сястры азглелы дол. Пушча. Люблю я ўсе агні: ... і той, што кніг радкі мне асвятляў зарніцай, і нават той, які зацепліцца грамніцай. Танк.

@

грацкоўе, -я, н., абл. Гречишная солома.

У другой загародцы была яшчэ меншая горка - з ячнай і жытняй саломы ды з грацкоўя. Далідовіч.

@

грачанік, -а, м. Блин из гречневой муки.

А мой полудзень пад вязам - баль устроім, як паны! Там з суніцамі збаночак, сыру смачнага кусочак і грачанікі-бліны. Колас. Ай, які спакуслівы пах ад гэтых грачанікаў. Якімовіч.

@

грудзіна*, -ы, ж. Часть одежды, прикрывающая грудь.

Часова, але ў нашым павеце забаронена насіць белыя кашулі з вышыванай грудзінай і бела-чырвона-белыя курткі. Адамчык. ...Абодва накінулі паверх батыставых сарочак з карункавай грудзінай і вузкіх нагавіц да кален яшчэ і шырокае мясцовае адзенне... Караткевіч. У вузкім, прадаўгаватым, пафарбаваным у зялёны колер пакоі - акно, шафа з папкамі, стол, а за ім - русявы маладжавы афіцэр у паношанай форме, з ордэнамі і медалямі на грудзіне. Далідовіч.

@

груца, -ы, ж., абл. Перловая или ячневая крупа; каша из такой крупы.

Яна [Хрысця] ужо заслала новенькім у каробачку абрусам шапаткое на стале сена, паставіла нават кісель і груцу - густы крупнік з салодкаю вадою. Адамчык. Вы прыйдзеце ў цяплынь начную хаты і сядзеце ў покуце на лаву, драўляную намацаеце лыжку і саганок, закураны ў печы, і есці будзеце са смакам груцу, пакінутую на стале для вас... Сіпакоў. Цанілі тады адно жыта на хлеб ды другі хлеб - бульбу. Ячмень на груцу ды авёс - коням на пажыву. Сабаленка.

@

грыбовішча, -а, н., разм. Место в лесу, где грибы вырастают целыми семьями.

Падымаючы па адным, па два баравікі і паглядаючы на сонца, каб не зблудзіць, яны хадзілі з аднае баравіны на другую, пакуль Лёвачка не ўзбіўся на грыбовішча. Лобан. Травою, драбналессем і хмызам пазарасталі і тыя грыбовішчы, дзе браў я з бацькам баравікі. Сачанка. І як грыбовішчы, трэба будзе абавязкова ведаць месцы, дзе яны растуць, тыя кветкі-прабіснегі. Сіпакоў.

@

гумовікі, -аў, адз. няма, абл. Резиновые сапоги.

Пасля ён [Аверка] цюпаў гумовікамі па гразі, адыходзячыся ад Сцяпана задам. Пташнікаў. Памагаем растоптваць па ўсёй рэспубліцы радыяцыю. Ботамі і чаравікамі, лапцямі і красоўкамі, гумовікамі і адзідасаўкамі, сандалетамі, а то і босымі нагамі растоптваем. Сіпакоў. Мая Маруся - прыгорбленая, у гумовіках на босую нагу, у куфайцы... Далідовіч.

@

гупаць, незак., разм. Глухо стукать.

Аднае ночы ў мястэчку нешта гарэла, а па нашай вуліцы ехалі конна партызаны - коні цяжка гупалі капытамі па зямлі. Адамчык. Я ляжаў тады, помню, на каленях у маці, глядзеў на неба, чуў, як гучна гупае капытамі па торнай дарозе, цвёрдай, як ток, конь. Сачанка. Коні... гупалі па мёрзлай зямлі капытамі, брылі выпражаныя. М.Капыловіч.

@

давеку, прысл. До глубокой старости, до конца дней своих.

Плыць бы нам, маракам, плыць праз ночы і дні, каб давеку матроскай не чуць цішыні. Зарыцкі. Шматгалосая размова званоў нараджала ў душы князя дзіўнае пачуццё, у якім спакойная вера, што гэты крывіцкі горад будзе стаяць над Дзвіною давеку, спляталася з адчуваннем незвычайнай дужасці... Арлоў. Маленькі сабачка давеку шчаня. Прыказка.

@

дакоскі, -ак, адз. няма. Окончание косьбы.

Хай Нача серабрыцца між імшарын, злы лістабой не правіць хай дакоскі... Зуёнак.

@

дакупіцца, зак. Купить что-либо с трудом.

Мог бы і гаршка аплесці - цяпер жа новага мо не дакупішся - і іншае што мог бы зрабіць. Лобан. Гутарку мужчыны пачыналі здалёк: то пра вясну, што, глядзі ты, змянілася зімою, то пра цэны на парасят, што астатнім часам падаражэлі - не дакупіцца... Адамчык.

@

дапытнік, -а, м. Человек, проводящий допрос.

Глянуўшы на старога, ён [Сурвільчык] выйшаў, і на яго месца ўвайшоў другі дапытнік. Чорны.

@

дарэктар, -а, м., уст. Домашний учитель.

І кончыў [бацька] тым: лепш к сабе ў хату - не трэба й кланяцца Яхіму - наняць дарэктара на зіму, ну хоць бы Яську Базылёва. Колас. Сёмка пражыў і прадружыў з Рыгорам вясёлыя рэзвыя гады юнацтва: разам вучыліся ў дарэктара па хатах, разам рабілі саначкі і лыжы ды коўзаліся на іх... Гартны. Вучоба ў «дарэктара» не пакінула прыкметнага следу ў яго жыцці. Хведаровіч.

@

даспяліць, зак. Довести до зрелости.

А во глядзі: у вусіках яно [сонца] іскрыцца, даспеліць зярняткі ў коласе, а ён дасць нам мукі на бліны. Бялевіч. Зямля даспяліла ранеты і мёд, садамі і мёдам запахлі нябёсы. Пысін.

@

дашчанік, -а, м., разм. Строение, сбитое из досок.

Дашчаніку стаяць сярод муроў, - хай будаўніцтва летапісам будзе з аўтографамі рупных муляроў, падсобнікоў вясны на Нафтабудзе. Барадулін. Толькі ля дашчаніка, прыхінуўшыся плячом да вуглавой дошкі, [Канапелька] задыханым і стомленым голасам папрасіў: «Вінтоўку ў мяне з пляча здымі...» Савіцкі. Я ўжо і кватэру напытваў, недалёка ад санаторыя. Катушок у дашчаніку, як ложак усунуць... Місько.

@

дзедаваць, незак. Участвовать в обряде поминания покойников.

А памятаеш, у тых, бывала, што за стол дзедаваць сядуць, сабе кожнаму сем'яніну ветла моргае лямпа, й спакойны ўсе, што варушкая гаспадыня поўную - ды ці адну! - паставіць міску на стол. Калюга.

@

дзедзіч (дзедзіц), -а, м. Наследник дедовского имения, поместья, двора; владелец имения, полученного в наследство от предков.

А ён, магнат насупроць мяне, дзедзіч, старога каптана пашкадаваў мне, брату роднаму, каб яму бог здароўя пашкадаваў. Чорны. Дзедзічы няўдзячнай самай спадчыны і ўдзельнікі вось гэтых дзён, - мы эпоху хараством адзначылі, мы адзначылі эпоху хараством. Дубоўка. Бо што і як адкажаш на справядліва-суровае, нават бязлітаснае пытанне: чаму ты зазнаўся, таварыш, і ходзіш па нашым свеце, як колішні дзедзіц... Брыль.

@

дзейкаць, незак., абл. Разносить молву, пускать слухи.

- Ат, можа і няпраўда гэта зусім. Мала што дзейкаюць людзі. Зарэцкі. ...Бабкі, дрэмлючы на лавах, перахрысцяцца і зноў ціха дзейкаюць... Лужанін. Дзейкалі, што недзе - ні то па лясох, ні то па вёсках ходзяць нейкія сацыялісты. Калюга.

@

дзеравяшкі*, -ак, адз. няма. Обувь, выдолбленная из куска дерева, или на деревянной подошве.

Яна [Эльзі] праляскала некалькі крокаў па непадмеценым бруку маленькімі спрытнымі дзеравяшкамі і, усміхнуўшыся Алесю, павіталася... Брыль. Лагерную паласатую адзежыну яна [дзяўчынка] недзе абмяняла на старэнькую спаднічку і кофтачку з латанымі рукавамі. Асталіся толькі дзеравяшкі. Каб не спадалі з нагі, яна іх падвязала вяровачкай. Хомчанка. Падумалася, што хутка ўжо зіма, золка стане нагам і трэба будзе ці збіваць дзеравяшкі, якія расшчапіліся вясною, ці рабіць новыя драўляныя падэшвы і прыбіваць да іх верх ад якіх старых чаравікаў. Сіпакоў.

@

дзірван*, -у, м. Непаханая земля, густо поросшая травой.

Мартын Рыль, апёршыся на локаць, ляжыць на баку на прагрэтым дзірване. Колас. Белая вопратка дзірваноў, на фоне якой сям-там, у лагчынах, хаваюцца жывыя сакавітыя плямы паплавоў. Брыль. Калі дзед, ускінуўшы на воз плуг і барану, выбіраецца араць поле ці ўздзіраць дзірван пад проса, Рудзька бяжыць услед за возам. Навуменка.

@

дзірванець, незак. Порастать травой.

Ён усё часцей і часцей прыходзіў пад дзічку, глядзеў, як больш і больш пад ёю дзірванее зямля. Чорны. А абшары гэтыя паміж лесу - цесна добрай бабе сесці - самі выжывалі адзінокага чалавека, кустоўем з усіх бакоў абрасталі, дзірванелі. Лобан.

@

дзічка*, -і, ж. Плод дикого дерева (яблони, груши и т.д.).

Сівы дзед мой, пан з сям'і мужыцкай, гэтак дзіўна ўнучку гадаваў, сыпаў шчодра ў прыполік дзічкі, залатоўку на сшыткі даваў. Геніюш. - Вось занясіце ў хату, няхай адыдуць, - сказаў дзядзька і высыпаў дзічкі ў прыпол Косціку. С.Александровіч. ... Мы, вясковыя хлапчукі, прыходзілі сюды з торбамі ці кошыкамі, залазілі на гэтыя грушы, трэслі з усёй сілы галіны, з радасцю слухаючы, як густа покаюць на дол спелыя дзічкі. Марціновіч.

@

дзічыха, -і, ж. Самка дикого кабана.

Дзік ходзіць з дзічыхай, за ім - табун воўчы. Купала.

@

дзюбаты (дзюбасты), -ая, -ае. С большим клювом; похожий на клюв.

...Ядловец быў повен чорных ягад, дзюбастая птушка кінулася ў куст... Чорны. Адзін спазніўся той парой дзюбаты дзяцел. Танк. Тут трэба бусла вінаваціць, відаць: дзіця ён не хоча Марылі прыдбаць, бусла, што з бусліхай, дзюбатай красуняй, жыў здаўна ў вялікай буслянцы над пуняй. Зарыцкі.

@

дзядзіна, -ы, ж. Жена дяди.

...Тое лепшае чалавецка-беларускае, што ўзгадавала ва мне сям'я (не ўся сям'я наша, а мама, дзядзіна, цётка, дзед, дзядзька і яшчэ той-гэты), тое выкараняла доўгі час школа. Гарэцкі. Няхай жаль мне душы не кране, дзядзіна, падтрымай мяне. Геніюш. Назаўтра дзядзіна ўстала раніцой, выйшла на падворак... Карпюк.

@

дзядзінец*, -нца, м. Огороженный двор вокруг какого-либо строения.

Прайшоўшы праз невялічкі, абгароджаны дзядзінец, абросшы густа крапівою і палыном, ён увайшоў у хату. Бядуля. Чалядня стаяла ў самым канцы дзядзінца, побач са стайнямі і аборамі. Якімовіч. Крычаць і смяюцца мужчыны, калёсы нахіляюцца, і Алёша падае ў траву на дзядзінец. Пташнікаў.

@

дзядзькаванне, -я, н. Старый обычай беларусских панов отдавать своих сыновей на воспитание в крестьянские семьи.

Стары Вежа прытрымліваўся старых звычаяў і загадаў аддаць Алеся на дзядзькаванне да Кагутоў. Караткевіч.

@

дзяды*, -оў, адз. няма. Древний обряд поминания умерших; день этого поминания.

Каб успакоіць бацькаву душу, чатыры разы на год спраўлялі «дзяды», на радаўніцу насілі стравы на бацькаву магілу, каб было яму што пад'есці. Багдановіч. Праўду кажучы, найбольш вінават быў гэтай бядзе Сцёпка: хоць любіў, каб яды было, як на Дзяды, але хацеў, каб работы было, як у нядзелю. Ядвігін Ш. [Скіба:] - Ну як, таварыш Бадыль, накармілі вас? [Дзед Бадыль:] - Дзякую. Наеўся, як на дзяды. Крапіва.

@

дзяцюк*, дзецюка, м., разм. Молодой парень.

...А ўжо яго старэйшы ўнук, яшчэ і не дзяцюк, а толькі ладны хлопчык, што ні ў вошта, аднак, ставіць лапці перад ботамі, ужо ён не можа ўцерпець - і перабівае ціхую стройную плынь казання і слухання. Гарэцкі. Перад Аркадзікам памерла жонка, а перад ёю - старэйшы сын, Міхаль, таксама ўжо дарослым дзецюком. Брыль. Адвеку ў нас добрыя людзі сваталі дзецюкам адпаведных да іх густу і, галоўнае, стану дзяўчат. Геніюш.

@

дніць, незак. Вставлять дно.

То ён [Міхал Сцяпура] часаў бервяно, то дніў кадушку, то рабіў колы, то правіў загарадзь. Чорны.

@

днушка, -і, ж. Разделочная доска.

Дастаючы ў печы гаршчок, накрыты днушкаю, ён [Цівунчык] ветліва звярнуўся да Ваці... Чорны. Зіна... бярэ цёплыя кавалкі мяса з вялізнай сіняй міскі,.. шлёпае іх на днушку і скоранька рэжа. Кудравец. Урэшце гаспадыня прынясла і паставіла на стол гліняную місу, поўную разварыстай картоплі, ад якой ішла густая пара, потым паставіла на круглай днушцы патэльню, поўную скварак і печаных яек. Дамашэвіч.

@

дранік, -а, м. Оладья или блин из тертого картофеля.

Трапіш да кабеціны рахманай - паспытаеш, друг мой дарагі, дранікі са свежаю смятанай, бабку, клёцкі, нават пірагі. Панчанка. Думаючы, што нядрэнна было б, каб запрасілі пакаштаваць дранікаў, якія плавалі ў масле, ён [Чачык] адразу загаварыў, падсоўваючыся бліжэй і бліжэй да стала. Пташнікаў. Дранікі без мукі, і калі іх жуеш, усё адно бы жуеш гуму. Сачанка.

@

дранкуля, -і, ж. Крупная охотничья дробь.

Набіты сямю дранкулямі рэвальвер кольт - пры боку. Гартны. У стрэльбы свае забіваюць дранкулі, каб звера глушыць. Куляшоў. На мядзведзя ісці можна. Сам загнаў дранкулю. Грамовіч.

@

дратаванка, -і, ж., разм. Кнут, свитый из веревочек.

Часам ты махнеш маланкай, як падпасак дратаванкай. Крапіва. Лукаш закруціў над канём дратаванкаю... Гартны. Ды вас абодвух трэ было разлажыць на ўслончыку і адшалёстаць дратаванкай, каб дзесятаму заказалі. С.Александровіч. І ўзмахнуў [Пан] дратаванкаю - кароценькая такая пуга, несамавітая, яна рассекла цела, і пад адзежынай, на штанах адразу ж паказалася кроў. Сіпакоў.

@

драціна, -ы, ж., разм. Кусок проволоки; отдельная нить проволоки.

Сад быў абгароджаны стаячым плотам з кароткіх аполкаў, па якіх зверху цягнуліся, адна над другой, дзве калючыя драціны. Чорны. Над сталом вісіць на драціне закураная лямпа. Танк. Драціны спраўна перакусваюцца ножніцамі і адна за адной падаюць у снег. Брыль.

@

дружбак, -а, м., разм. Закадычный друг.

Кожны мае дружбака такога, захавана ў сэрцы да якога прыязні даўнейшай цеплыня. Куляшоў. Надзейныя людзі - дружбакі мае колішнія, з якімі я працаваў некалі. Шамякін. Напарнікам у Віктара быў, як і летась, яго стары дружбак Анісь Шчыт, ён і прымаў змену. Хадкевіч.

@

дружка, -і, ж. Подруга невесты в свадебном обряде.

У хаце яшчэ тупалі дружкі і сваты, на вуліцы гаманілі і спявалі. Мікуліч. Ладаваліся ў царкву трыма вазамі: на першым Ганна з дружкамі, на другім Яўхім з братам Сцяпанам і дружынай, на апошнім - Пракоп і Сарока. Мележ. Ганька таксама едзе ў царкву. Яна таксама дружка, і яна сядзіць на адным возе з Васільком, Сцёпам, Ленай і Лізаю. Васілевіч.

@

дрэнчыць, незак., абл. Не давать покоя.

Гэта пачало Зосю нерваваць, дрэнчыць. Гартны. А вядома, што чорта аж дрэнчыць, калі людзі сагласна жывуць між сабою. Колас.

@

дубэльты, -аў, адз. няма. Вторые рамы.

Звычайна кот умошчваўся ў адчыненай фортцы дубэльтаў, так хораша гавораць сталяры на падвойныя рамы... Лужанін. За лета і восень усё падрапаруем, страху перакрыем у хляве і дубэльты зробім. С.Александровіч. Але сцены былі яшчэ не патынкаваны, на вокны не было дубэльтаў, і, як казала мачыха, зімой у хаце было - хоць ваўкоў ганяй. Сабаленка.

@

дудукаць, незак., разм. Негромко говорить, переговариваться.

А тым часам ззаду ў гурце пачалі перш памалу, а потым штораз мацней-мацней дудукаць. Калюга. Пракопчык спыняў жанчын, перабіваў іх гутарку і дудукаў, і дудукаў... Пестрак. Вось яны пачаставаліся ды сядзяць сабе, дудукаюць пра сеё, пра тое. Крапіва.

@

дужацца, незак., разм. Мериться силами.

З прыродай выйшлі дужацца, і сіл у нас стае... Дзяргай. Пры ёй, крокаў за тры, упёршыся лобікам у камель, дужаецца з маладой бярозкай казляня. Сачанка. Калі ставаў на заднія лапы, [мядзведзь] быў ужо вышэйшы за мяне, і мне забаранілі дужацца з ім, бо ён у запале можа не суразмерыць сілы. Караткевіч.

@

дуплявацца, незак. Образовывать дупло (о деревьях).

Яблыні і грушы ўжо дупляваліся, але яшчэ садавіна адцягвала ўніз іх голле. Чорны.

@

духменіць (духмяніць), незак. Источать аромат; повевать приятным запахом.

Перад Качкамі, дзе шырэйшая вуліца, спачатку толькі дыміла, а потым і незвычайна духмяніла палявая кухня. Брыль. Ад лекаў духменіць пахам ліпавых кветак, чабору, малін і суніц. С.Александровіч.

@

духоўніца, -ы, ж., разм. Духовное завещание.

- ...Скрыпка верна ўсім служыла, каб і ты ёй верны быў, - гаварыў пастух Курыла, як духоўніцу рабіў. Колас.

@

дыля, -і, ж., абл. Половина или четверть расколотого вдоль бревна.

З дыляў паслалі палок шырачэзны, каб хто тут, парыўшыся, не зваліўся. Танк. Толькі насустрач параю коней дарожны майстар цягнуў збіты з тоўстых дыляў і акованы бляхай шырокі, на ўсю вузенькую шашу, плуг... Адамчык. ...Высланы сасновымі новымі дылямі з-пад леспрамгасаўскага гатара, ён [мост] жаўцеў, як падлога... Пташнікаў.

@

дэраш, -а, м. Конь чалой масти.

Ён [Бушмар] доўга сядзеў так на сваім хутарскім дэрашу, трапаў яму грыву і стаў, як дзіцё - радасны, без думак аб прычынах. Чорны. Прыгнаў каровы дзядзька Антось. Апошнім прыплёўся на сваім дэрашы Карусь Дзівак з Магдаю. С.Александровіч. А яны ляцелі шалёна, і белы конь усё даганяў і не мог дагнаць вогненнага і дэраша. Караткевіч.

@

екатаць, незак., разм. Вопить, кричать, визжать от боли.

Далёка-далёка екаталі сабакі. Дайнека. Верашчаў, крычаў, екатаў, прасіўся недзе Цяўлік. Стральцоў. Івашоў екатаў нешта і плакаў. Быкаў.

@

енчыць*, незак. Жалобно стонать.

А у беднай Кацярыны разрастаецца ўсё хвор: стогне, енчыць беспрастанку пад дзяружкаю старой. Колас. Вось пакута, дык пакута! Стогне, енчыць цётка Ўлюта, ужо канае вот-вот-вот - так схапіў яе жывот. Крапіва. Справа не ў тым, што ён [чалавек] плакаў ці не плакаў, што ён енчыў, кідаўся на гэтую магілу тварам. Чорны. Падалося, што нехта на востраве енчыць. Воранаў.

@

жабраваць, незак. Собирать милостыню, просить подаяния.

Што ж было рабіць малому? Рукі дзе яму зацяць? Не йсці ж з бацькам жабраваць здароваму, маладому! Колас. ...А што ж будзе з нашым дзіцем, калі мы памром? Ці не прыйдзецца яму жабраваць ісці? Крапіва. Застаўшыся сіратою з малых год, ён [Павел Дубовік] спачатку жабраваў, потым пасвіў местачковую скаціну. Чарнышэвіч.

@

жабурынне, -я, н., разм. Лягушечья икра.

Па вёсцы, як жабурынне па вадзе, папаўзлі слізкія, агідныя плёткі. Шамякін. Над зацягнутым бросняю і жабурыннем берагам сажалкі да самай вады схіліліся старыя дуплаватыя вербы. Грахоўскі. Цёмныя, зеленаватыя, бы жабурынне, ліпкія хмары апускаліся ўсё ніжэй. Коўтун.

@

жадзён, -дна, -дно; разм. Испытывающий нужду в самом необходимом, не обеспеченный чем-либо.

Тады яны ўдвух, гэтакія здаровыя людзі, зробяць сабе гэтакі лад у жыцці, што не будуць жадны кавалку хлеба. Чорны. У тыя дні былі жадны скарынцы чэрствай хлеба. Глебка.

@

жалеззе, -я, н., зб., разм. Железный хлам, лом.

Вознік тым часам яшчэ раз узлез на печ, адсунуў пустую скрынку з-пад яец, мяшок з нейкім жалеззем, бляшаную трубу, кійкі, усё, што там ляжала, абмацаў усе куткі, - няма! Гарэцкі. Ні па дварах, ні па прысадах яе [вуліцу] не пазнаеш, і прайсці нельга з-за рознага жалеззя, каменняў, бітай цэглы, астылых галавешак, з-за ям, варонак і глыбокіх каляін. Кулакоўскі. Тут цёмна, жалеззе з усіх бакоў, зверху цісне да шпал, камення, хоча прыдушыць, але затое няма людзей, таўкатнечы. Карамазаў.

@

жалязка, -і, н., абл. Утюг, который нагревают на огне.

...Дастае [дзед]... баначку ад ваксы, дзе ён хавае трут - падпалены на лаве і прытушаны халодным жалязкам, каб не сатлеў саўсім, паркалёвы лапік. Адамчык.

@

жардзянік, -а, м., абл. Жердяной забор.

Жывога толькі і было, што хвост жардзяніку ды воддалек маладзенькія, можа тры гады як пасаджаныя, вішанькі... Лобан. Антон сядзеў, прытуліўшыся да жардзяніка. Савіцкі. Ад саўгаснага цэнтра і як магло схапіць вока ўздоўж вуліцы стаялі размаітыя платы. І парканы, і частаколы, і тыны, і жардзянікі, і плятні. Дуброўскі.

@

жаробка, -і, ж. Молодая кобылица.

Не паспела я агледзецца, як ён ужо на жаробцы конна сядзіць. Чорны. ...Дух няўпынны штурхае: лаві з распушчанай грывай дзікунку-жаробку, пакуль не астыла шаленства ў крыві... Звонак. Бабейка з году ў год мацнеў, мацней урастаў у зямлю, у гаспадарку - ён меў цяпер шэсць дзесяцін надзелу, спраўнага рабочага каня і жаробку для выездаў... Хадкевіч.

@

жарынка, -і, ж., абл. Горячий уголек.

Дзве смаляныя касы вокал стану абвіліся, ды блішчэлі з-пад брывей дзве гарачыя жарынкі... Звонак. Ткнуўшы ў зубы папяроску, хлопец... прысеў на кукішкі і пацягнуўся ў агонь за жарынкай. Ракітны. ...У вачах Лышчынскага загарэліся жарынкі кплівае цікавасці. Арлоў.

@

жаўцяк, -у, м., абл. Желтый песок.

Толькі тое і глядзі - пад раку круці і круці, каб не выворваць глей; у лагчыне паднімі на сярэднюю праворку, а на выспе пад дарогу - зноў круці, каб не цягнуць наверх жарству, не выкідваць жаўцяк. Пташнікаў.

@

жвавець, незак. Становиться более подвижным, оживленным.

Калі размова пачыналася пра гэта, то, было прыкметна, людзі жвавелі, гаварылі гарачэй, перабівалі адзін аднаго. Мележ. Доўга, аднак, [цёця Ўладзя] стрымлівацца не магла, зноў жвавелі рухі, галаснела мова, а сабака сядзеў пры ёй, каб не было якога парушэння парадку. Лужанін. ... Вочы пачыналі жвавець, нешта ўжо знайшлі на рацэ, зачапіліся... Карамазаў.

@

жвіроўка, -і, ж. Вид охотничьего ружья из дамасской стали.

І калі паліцыя ў сяло прыязджала - [стары] выкрадаўся першым, і хаваў жвіроўку, і ў дупло раіў мне хаваць і мае вершы. Танк.

@

жвірынка, -і, ж. Крупинка гравия.

Плешчацца по краях вада, жвірынкі маленькія вылізвае. Скрыган. Бацька спачатку не прыціскаў [сякеру], і я круціў лёгка, паглядаў нават і любаваўся, як мокне камень, цячэ па ім вада, здзіраюцца жвірынкі... Далідовіч.

@

жвірысты, -ая, -ае. Богатый гравием, посыпанный гравием.

У лесе моцна шастала пад цяжкімі ботамі яго не зляжалае яшчэ лісце, за лесам - гучна шоргаўся аб абцасы жвірысты пясок на дарозе. Чорны. Нядаўна наш цягнік вылузваўся з балота, а вось ужо выскачыў на жвірыстую наспу і пагуквае сярод даліны. Лужанін. Цяпер ён [Ягор] падняў з-пад ног шост, боўтнуў канцом у ваду, жалезным рачыкам дзеўбануў жвірыстае дно... Карамазаў.

@

жорны, -аў, адз. няма. Ручная мельница.

Жорны былі старасвецкія, з тонкімі, пабітымі і сцягнутымі абручом камянямі, даўно не насяканымі, малолі не дужа спраўна... Быкаў. Усю доўгую восень [Хвядосік] цупае ў гуменцы цэпам, малоцячы сваю збажыну, а зімой грыміць жорнамі: меле зерне на муку. Навуменка. Скрыгаталі, аднастайна шоргалі жорны, і пад гэты шоргат прыходзілі да яе [нявесткі] невясёлыя думкі... Стральцоў.

@

жужаль, -ю, м., абл. Жидкая грязь.

Паперадзе цягнуўся даўжэзны абоз возчыкаў і ператварыў дарогу ў ліпкі жужаль. Грахоўскі.

@

жыгала, -а, н., разм. Раскаленный металлический прут для прожигания отверстия в дереве, кости и др.

А Яначку нібы жыгалам прапякло наскрозь. Крапіва. Суседавага Архіпа дзед вучыў круціць з гонкай хваінкі дудкі, прапякаць шэсць ці восем дзірачак, вычыняць і выхарошваць дзюбку, ці носік, у дудцы: праразаць, а тады жыгалам папраўляць галаснік... Янкоўскі.

@

жыгучка, -і, ж., разм. Жгучая крапива.

Кладзе тата нас па чарзе на лаву. Набірае ў дзве рукі цэлы вехаць жыгучкі і пачынае ад галавы да пятак націраць ёю. Дубоўка. Знікаюць у пад'ездзе зялёная крапіўка, вясёлая жыгучка з сівою лебядой. Барадулін.

@

жытніца*, -ы, ж., разм. Ржаная солома.

Арудуючы здаравеннымі трохраговымі віламі, Волька па-мужчынску падхоплівала імі жытніцу і кідала яе ў тарпу. Васілевіч.

@

забажыцца, зак., разм. Начать божиться.

- А не наравісты [конь]? - пытаюся я. - Псс!.. - запсыкаў цыган, вылупіўшы на мяне свае хітрыя вочы. - Ён і не ведае, што гэта за нораў, каб я так жыў, - забажыўся цыган... Якімовіч.

@

забарсаць, зак. Протянуть обору в петлю лаптя.

Яна [Сцепаніда] хутка сабралася, надзела трохі навейшую шарсцяную спадніцу, завязала падніз свяжэйшую, белую ў крапінку, хусцінку, спрытней забарсала на нагах чуні. Быкаў.

@

забарсні (забарсня, забарсень)

забарсні, адз. забарсня, -і, ж. і забарсень, -сня, м. Верёвочные петли, в которые протягивается обора для крепления лаптя на ноге.

Ужо лісце пад нагамі аж па забарсні шуміць. Броўка. Уставіўшы нагу ў лапаць, спачатку зацягнуў забарсень на пятцы, замацаваў зашмарг спераду, затым стаў абвіваць голень аборай. Навуменка. Неглыбокі - па забарсні - Шапавалаў перамел... Сачанка

@

забеганы, -ая, -ае; разм. Уставший от беготни, забот.

Нараджайцеся, нараджайцеся кожны месяц і кожны год. У вачах любімай дзяўчыны, у вачах суседзяў, сяброў, у вачах прафесараў чынных і забеганых дактароў, і ў шырока раскрытых дзіцячых вачанятах, і ў плыткай вадзе. Панчанка.

@

забедаваць, зак. Начать сокрушаться.

Калі асвойталіся і пераселі з балагольскіх будаў на мяккія сядзенні, забедавалі балаголы. Грахоўскі. Маці, якая ў гэты час ужо завіхалася недзе каля печы, заўважыўшы, што мы гатовыя ў дарогу, выйшла на ганак і забедавала... Марціновіч. Чапроўская, уздыхаючы, забедавала, наракаючы на вайну, на сваю жаночую і матчыну долю, на цяжкі чалавечы лёс, на сынаву неасцярожлівасць. Далідовіч.

@

забожкаць, зак. Начать причитать, сокрушаться, поминая бога.

Жанчыны за сцяной завохкалі, забожкалі. Карамазаў. - Вось з-за каго ўсе шышкі на маю галаву, - завойкала, забожкала Надзя. Гроднеў. Паглядзела на іх бабка і забожкала. Сяркоў.

@

завінуцца, зак., разм. Энергично взяться за какую-либо работу, спешно заняться чем-либо.

Дзеці палезлі за стол, а Юстына завінулася каля печы. Гартны. Незабавам узбіўся ён [мужык] на добры лом, папляваў на рукі і з прыемнасцю, але паціху, асцярожна завінуўся над паваленай бярэзінай. Гарэцкі. Хутка яны з Міронам Іванавічам, які неўзабаве з'явіўся ў хаце, так завінуліся ля стала, што спакусілі і камісара, якому і сапраўды надакучыў малочны правіянт... Лынькоў.

@

завіхацца, незак.

1. Усердно, старательно выполнять какую-либо работу.

З абсыпаным тырсаю тварам завіхаецца Майсей, які служыць разам з бацькам на чыгунцы. Навуменка. Тыя [жнеі] завіхаліся з сярпамі ля ўскраю леса, жалі калгаснае жыта. Чыгрынаў.

2. Выражать свою преданность кому-либо, показывать своё расположение к кому-либо.

Анэта глядзела на старшыню, на тое, як завіхаецца ля яго дачка, успамінала ягоную маці, поле, каляску, у якой ляжала маленькае дзіця... Жук. Пакуль я завіхаўся ля яго цяцеры, дык ён маёй вароне ставіць мат... Валасевіч. - Скрыдлеўскія маладзіцы завіхаюцца ля яго [Шчэпака], - ціха засмяяўся Мітрафан, - і радуюцца, што секвестратара ліхаманка трасе... Бажко.

@

заворыны, -ын, адз. няма. Начало пахоты.

Але на дворныя заворыны, хоць быў чацвер, пагнаў войт усіх чыста з Пнеўшчыны. Гарэцкі.

@

загайсаць (загойсаць), зак. Начать рыскать, мчаться, носиться.

Сонца схавалася за хмарку, крутануў вецер, падхапіў з дарогі і загайсаў па полі. Галубок. - Няма калі мне! - і прыбавіла [Ганя] газу, загайсала па калдобінах. Місько. Траве не баліць, як вясна загойсае з намі ў прыгодзе?.. Бондар.

@

задратаваны, -ая, -ае. Затянутый проволокой.

Бачыла, як прабіваў ён у печы задратаваную аддушыну. Баранавых.

@

задышлівы, -ая, -ае. Страдающий одышкой.

Толькі што малады чалавек і яго спадарожнікі - грузнаваты, задышлівы пажылы мужчына ў паляўнічым касцюме і вельмі юная дзяўчына, цёмная шатэнка з тонкім адухоўленым тварам і сумнымі вачыма - былі ў флігелі... Дайнека.

@

зажартаваць, зак. Начать шутить.

Васіль - хлопец з суседняй вёскі, спатыкаючы яе [Ганульку], зажартуе, бывала, загаворыць. Ядвігін Ш. - Ты чый? - Знайду вось хату, можа буду твой! - зажартаваў [Янук]. Танк.

@

зазубень, -бня, м., абл. Рыболовный крючок.

Ды дзе там будзе брацца што на яго зазубень, калі Вінцэнты часта не толькі пра рыбу, але і пра чарвяка забываўся. Калюга.

@

займаць*, незак. Собирать животных в стадо, чтобы куда-либо гнать.

Некалькі дзён Вася не ходзіць да дзеда. Нават ягоную даўгалычую рабую свінню не займае пасвіць. Навуменка. Пасвіў [Кастусёк] свае дзве каровы і цялушку, займаў кожную раніцу - так пагадзіліся на пачатку вясны - суседавы аж пяць штук. Янкоўскі. Калі ж Альдона перабягала праз дарогу ў жыта, я займала статак і пераганяла на сенажаць, бліжэй да рэчкі. Н.Тарас.

@

закватараваць, зак., разм. Поселиться на квартире.

Ён [парабак] закватараваў у агульнай парабчанскай афіцыне - сям'і ў яго не было. Чорны. Закватаравала Рая ў адзінокай жанчыны, удавы Анэлі. Каваленка. У Караліне закватараваў нямецкі гарнізон. Сабаленка.

@

закладацца*, незак. Биться об заклад, держать пари.

Як толькі ўсё ўгаманілася ў хаце, Апанас, каб апраўдацца, кажа, што каб ён не закладаўся, то нічога гэтага не было б. Колас.

@

закоскі, -ак, адз. няма. Начало косьбы.

На ўсходзе сонца з Грынёў прывозяць дзве касілкі... Кажуць, з адной пойдзе трактар. Гэта падмога касцам, што прыехалі на закоскі. Пташнікаў. Вельмі своеасабліва, непаўторна праходзілі і гуканне вясны, провады русалкі, закоскі, зажынкі, розныя пятроўскія ды і ўсе астатнія святы. Сачанка. Хутка будуць закоскі. Крупенька.

@

залетась, прысл. В позапрошлом году.

Здарылася тое залетась, позняю восенню, калі раён апынуўся ў прарыве па льназдачы. Быкаў. Феня сказала мне: залетась перад тым, як брукаваць вуліцу, склікалі сход калгаснікаў і прынялі пастанову ўсім рослікаўцам паставіць перад дамамі штыкетныя парканчыкі. Сабаленка.

@

залыгаць, зак.

1. Набросив верёвку на рога, шею животного, захлестнуть ее или завязать узлом.

Вытрымаўшы з тыдзень, Ціток сам залыгаў карову, ноччу завёў у Сарокаў двор і прывязаў яе да плота. Лобан. ...Андрэй пакінуў халтуршчыкаў адных, падаўся да хлеўчука, знайшоў скручаны ў столкі повад, пачаў разбэрсваць - сабраўся залыгаць Лыску... І.Капыловіч.

2. Подчинить себе кого-либо, добиться власти над кем-либо.

Гэтая грозьба не сказаць, каб палохала, спрабуй, залыгай гэтага здараўца. Лужанін. Ды ці мала каму ўздумаецца сесці табе на плечы? Не толькі цябе залыгаюць, але яшчэ і Антося ўпрагуць на падмогу... С.Александровіч.

@

залысіць, зак. Снять кору на каком-либо участке ствола дерева.

Залысіў дзядзька дрэва злёгку (сякера востра, кара крохка). Колас. У яго [Андрэя] ёсць вялікі садоўніцкі нож і карандаш. Ён жа можа залысіць ствол дрэва і напісаць. Лобан.

@

замала, прысл., разм. Слишком мало, меньше, чем нужно.

Смуцен явар. Змагаць, біцца сіл замала з перашкодай. Купала. Мне б дабегчы і гэты пажар пагасіць, толькі рана баліць і замала сіл. Панчанка. А Нёману дол, хоць бяскрайні, ды цесен, замала і шуму ляснога і песень. Калачынскі.

@

заможнік, -а, м., разм. Зажиточный, состоятельный человек.

Цяпер у нас ёсць свой сад, свой гарод, а Дзіда-дзед наш не быў заможнікам. Бядуля. Былі і такія заможнікі, у якіх адно лічылася зямлі больш, як у іншых; але як зямля тая жаўцела жоўценькім пясочкам, то заможнікі такія праўдзіва нагадвалі голых каралёў. Мележ. Калі ж уставаў заможнік, які цягнуўся калісь за Кандыбам, Анэля верыла і яму. Чарнышэвіч.

@

замыляць, зак. Зашевелить губами.

Малое паварушылася і старанна замыляла ружовымі вусначкамі. Кулакоўскі.

@

замужка, -і, ж., разм. Замужняя женщина.

Не паспела Глаша асвойтацца са становішчам замужкі, як давялося вярнуцца ў інстытут. Лужанін. Фараон, аднак, дазнаўся, што з замужкаю звязаўся, і тут раптам занямог. - Пакараў мяне, знаць, бог! Крапіва.

@

замурзацца*, зак., безас., разм. Затянуться дымкой, покрыться облаками.

Падвечар, бывала, замурзаецца - ну, думаеш сабе, - дождж нанач збярэцца. Лобан.

@

замчышча, -а, н. Место, где стоял или стоит замок.

З высокага замчышча - арліны пагляд на зялёна-залацістыя надрэчныя далі, на вялікае сяло з драўлянымі домікамі. Брыль. Ад таполі, што сваімі галінамі амаль упіралася ў схіл замчышча, на зямлі ляжаў густы цень. Савіцкі. Зараслі травой і густым бадыллём старадаўнія замчышчы мясцовых магнатаў. Тычына.

@

заняпасці, зак.

1. Прийти в упадок.

Тут жылі тыя заможнікі, што выселіліся з Клінкоў. Праўда, значная частка іх зямлі была прырэзана да калгаса, і цяпер яны трохі заняпалі. Колас. Перад вайной манастыр заняпаў, але ліпеў неяк... Хадкевіч.

2. Потерять здоровье, стать слабым, болезненным.

Як-ніяк, лясное чыстае паветра і фітанцыды не ўкарачаюць веку, не дазваляюць так занепадаць без часу людзям, як, нераўнуючы, калісьці было ў качагарках на параходах. Дубоўка. Моцна жонка заняпала, падкасіла яе хвор. Колас.

@

запамагчыся, зак., абл. Используя что-либо, извлечь для себя выгоду.

Як мае чорт лысы, хай цыган-круцель адсветны - ягоным дабром запамогся. Калюга. На чорта гэты ядловец дома, запамагчыся бацька драбязою ўсялякаю хоча. Гаспадар! Чорны. І от, ці то яна сама надумала, ці людзі наўмілі, але маім гасцяваннем яна захацела запамагчыся. Скрыган.

@

запанаваць*, зак. Начать господствовать, властвовать.

Праз сотні год жылі мы так, не даючыся нікому; але, урэшце, перамаглі нас палякі і запанавалі ў нашай беларускай старонцы. Багдановіч. Мы з табой тут запануем. Чорны. Падпявалі ў тон «дабрадзеі», спраў прыгнечання вартаўнікі, што бяздольным няма ўжо надзеі, запануюць яны - кулакі. Пестрак.

@

запасваць*, незак. Совершая древний обряд, выгонять скот на пастбище впервые после зимы.

У чысты чацвер скот запасвалі, яна [Мар'ечка] хварасток у хату насіла, гуляла. Гарэцкі. Цяпер няма такога звычаю, а раней запасвалі кароў. Калюга. Учора заворвалі і запасвалі. Баранавых.

@

запатылак, -лка, м. Клинышек для закрепления косы.

- Калі што якое, касою не рэж, запатылкам бі, а то з вамі бяды яшчэ набярэшся, - перасцерагаў на хаду Сцяпан Варанец. Крапіва.

@

заплоцце, -я, н., разм. Место за забором.

[Падсвінак] цэлы дзень то на прыгуменні, то каля заплоцця абціраўся. Баранавых. Дзе ёй дагнаць [Лёвачку] - як растаў. Абшукала ўсе блізшыя заплоцці ды захлеўі. Нідзе не было. Лобан.

@

запрамяніцца, зак. Начать лучиться.

Вочы яго [Дубатоўка] сталі маленькімі і запрамяніліся смехам. Караткевіч.

@

зараваць, незак., разм. Встречать зарю.

Я хлопцам тады яшчэ быў. Зараваць на досвітку неяк сабраўся. Сачанка.

@

зарасіцца, зак. Обмочиться росой.

Падкладаўшы пад сябе сена, каб не зарасіцца ў атаве, яны [дзяўчаты] мараць аб будучым, выказваюць розныя думкі. Бажко. Пакуль чвякаў па мокрым лузе, [Васіль Безручонак] зарасіўся па пояс. Дайнека. І як ні падымаў ён [Андрэй] высока ногі, але ўвесь да пояса зарасіўся - бульбоўнік мокры... І.Капыловіч.

@

зарунець, зак. Покрыться зелёными (озимыми) всходами.

Зарунела ралля, твар мяняе зямля - новы засеў вянкі перамогі заплёў. Колас. І памалу высахла зямля. Зарунелі чорныя абрывы. Танк. Зярняты прарастуць і - зарунее, аклікне далі пошчак салаўя. Пушча.

@

засень (зацень), -і, ж. Затенённое место.

Міжвольна горнучыся да цяпла, хлопец вылез з сырой засені акопа і сеў на бруствер, звесіўшы з калень бязвольныя рукі. Быкаў. Была самая гарачыня, сухі і бязветраны жнівеньскі поўдзень, але ў засені хвой і елак, пад навіссю густога зялёнага голля спякота не так адчувалася... Сачанка. Зацень на дарозе ад іх [кляноў] лапушыстай зеляніны. Калюга.

@

заскварыць, зак. Заправить жареным салом.

Рэната пайшла ў зямлянку, дзе варылася ў чыгунку лупінне бульбы,.. стаўкла яго, дамяшала крыху свежай жытняй мукі, паставіла на агонь, потым больш шчодра, чым ва ўсе папярэднія дні, заскварыла. Савіцкі.

@

засланіць*, зак. Закрыть заслонку печи.

Яна [Даміцэля] папрымала ўсё - і гаршчок на сваё даўнейшае месца паставіла, і печ засланіла, і хату ў тым месцы замяла, дзе наліта было... Калюга. Пакуль яна [Жэнька] сёе ды тое ды гэта - Ганульку да толку прывяла ды сама ўмылася, дык маці ўжо і печ засланіла. Крапіва.

@

засмужаны, -ая, -ае. Затянутый дымкой, мглой.

Вітаю цябе, мой слаўны верасень! Ты той жа ясны, ледзь-ледзь засмужаны. Вярцінскі. На шэрым засмужаным небасхіле з'явілася сіратлівае няяркае сонца. Быкаў.

@

засмужыць, зак., разм. Затянуть дымкой, мглой.

Над безданню часу мы поплечкі будзем. Час вочы сумотаю нам не засмужыць. Калачынскі.

@

засмылець, зак., разм. Начать саднить, жечь.

Тут - гульня ў трэці - лішні... Ды, мусіць, усё непапраўна. Засмылеў пацалунак, што ў жыце знянацку быў вырван. Лужанін.

@

застоліць, зак. Подшить потолок.

Нацягаем з лесу лат, застолім. Сцены тоўстыя, будзем зімаваць у цяпле, як у бога за пазухай. Пташнікаў.

@

захлеўе, -я, н., абл. Место за хлевом.

Карніла падвярнуў перадок калёс і памалу павёў каня ля тыну ў захлеўе... Быкаў. [Ніна] абшукала ўсе блізшыя заплоцці ды захлеўі. Лобан. А толькі прымеркнецца, агародамі па захлеўю, нібы злодзей, зноў крадзецца ў каноплі. Сачанка.

@

захмарыць, зак. Покрыть облаками или тучами.

А нябёс не ўпрасіў... Адабралі, захмарылі мой асенні дзянёк. Лужанін. Захмарыла ўжо восень неба і распранае гай барвовы. Вялюгін. І нішто захмарыць не магло далеч-сінь над крыламі вяснянкі. Зуёнак.

@

зацірка*, -і, ж. Мучная похлебка, приготовленная на воде или молоке.

Едакі адзін пад адзін, толькі давай, ды вот зацірка ў чыгуне рэдкаватая. Лобан. Маці па прывычцы тупала ля печы, хоць там варыўся ўсяго чыгунок заціркі. Асіпенка. Каб з каструлі не «выбегла» зацірка ці клёцкі з малаком - пільнуй каструлю... Янкоўскі.

@

зацішак*, -шку, м., перан. Укромное место.

Другі баіцца, мусіць, буры: даводзіць ён, што лепей крышку было б сядзець нам у зацішку. Крапіва. Хацелася недзе ўцячы, схавацца, каб перажыць ліхалецце дзе-небудзь у зацішку, а пасля вярнуцца, калі стане спакойна на зямлі. Дамашэвіч. Няхай туляцца ў зацішку тыя, у каго заечае сэрца, хто страціў сумленне, хто не даражыць сваёй бацькаўшчынай. Новікаў.

@

зацяцца*, зак. Затаить свои мысли, чувства; затаить злость на кого-либо.

Яны [войт з прыяцелямі] яшчэ не трацілі надзеі дазнацца прычын гэтых дзіўных Саўкавых паводзін. Але Саўка зацяўся, як камень. Колас. Дачуўшыся пра заўчасную смерць бацькі, Марыся зацялася. Бажко. Чамусьці гэта не супакойвала маёй злосці, я зацяўся на Олю. Далідовіч.

@

зачырваніць, зак. Сделать красным.

Болю асаблівага не было, а кроў цякла, зачырваніла ўсё галіфэ. Кулакоўскі.

@

зашмарга (зашмарг)

зашмарга, -і, ж. і зашмарг, -а, м. Затяжная петля.

Самадзяржаўе цяпер так зацісне зашмаргу на нашай шыі, што толькі сумей дыхнуць. Гартны. Лейцы былі завязаны зашмаргам на Мікітавай назе. Чыгрынаў. Уставіўшы нагу ў лапаць, спачатку зацягнуў забарсень на пятцы, замацаваў зашмарг спераду, затым стаў абвіваць голень аборай. Навуменка.

@

зашмат, прысл. Слишком много; больше, чем нужно.

А таго, што сказала Тоніна мама, тады было ўжо зашмат. Брыль. Праўда, Радзівона тады трохі здзівіла, што гэтых «праціўнікаў» сярод бешанковіцкіх сялян апынулася ажно зашмат. Чыгрынаў. Выказвалі мору зашмат падзяк: хто срэбнай манетай, а хто дык ў хвалі шыбаў мядзяк. Русецкі.

@

заяснець, зак. Начать яснеть, стать ясным.

Заяснеў зары румянец бляскам залатым, іскрамі ільсняцца палымняныя лісты. Пушча. ...Нада мною сваім першародным хараством і чысцінёю заяснела блакітнае неба... Адамчык. Ледзь толькі мы пакінулі Софію, выехалі ў поле, адразу ж пасвятлела, нібы распагодзілася - заяснела неба, паказалася сонца. Сачанка.

@

збажына*, -ы, ж., зб., разм. Обобщенное название злаковых хлебных культур.

Хутка з сярэдзіны хлява паваліў густы горкі дым, і на ўсю Арабінаўку запахла гарэлай збажыной. Кулакоўскі. А помніш, Марфачка, як крычалі, што птушка толькі пераводзіць збажыну, ніякае з яе карысці. Гурскі. Вечарэла, і з палёў пахла збажыной, якая даспявала, налівалася, хілілася коласам долу. Жук.

@

збольшага, прысл., разм. Большей частью; в основных чертах.

І тое, што надае мясцовасці асабліва рамантычны характар: замкі, што збольшага ляжаць у руінах. Караткевіч. Расказаў збольшага пра ўсё, што давялося яму перажыць перад арыштам і пасля арышту, пакуль прывезлі сюды. Машара. Аляксей... запыленыя боты збольшага паабіваў аб цвёрды рамоннік пад плотам і пайшоў у райана. Грахоўскі.

@

збочыць*, зак. Отклониться в сторону, меняя направление движения.

Падумаць толькі! Волата такога яна вядзе, кіруе ім, як хоча! А ён ідзе загаданай дарогай, на цалю нават не пасмее збочыць. Дубоўка. Не было ў ім [Башлыкове] яснасці і тады, калі ўжо збочыў на загуменную дарогу. Мележ.

@

збуяць*, зак. Буйно разрастись; покрыться зеленью.

На поле выйсці кліча плуг, - збуяў палетак ворны, апанаваў яго мятлюг, парос драсённік чорны. Лужанін. Збуяў сівец, яго не спасвілі і скацінай; улетку травы хапае. Пташнікаў.

@

зважаць, незак. Обращать внимание.

Нездаволеныя, што Тамашыха не зважала на іх, бабы, пазалеўшы, парасцягваліся па вёсцы. Ядвігін Ш. Так, ёсць на свеце і непрыемнасці, але Вася на іх не зважае. Навуменка. Абступілі з усіх бакоў яму і зусім не зважаюць, што даўно празвінеў ужо званок на ўрокі, вучні... Васілевіч.

@

званчэць, зак. Становиться звонче.

Нешта мармыча сабе [ручаіна]: на твані - зусім ціха, упошапкі, і весела званчэе, узліўшыся на каменьчыкі. Лужанін. Потым сталёвы водсвет з'явіўся ў нябёсах, ён святлеў, ярчэў, званчэў, быццам сталь награвалі на агні. Дайнека. - Возьмем мяне, прыкладам кажучы... - голас яго званчэе, робіцца больш упэўнены, цвёрды. Ягоўдзік.

@

звар'яцець*, зак. Потерять рассудок, сойти с ума.

Што ты, цётка, звар'яцела, ці мо блёкату пад'ела... Купала. Лодачнік, які плыве насустрач і ведае, што вакол - на кіламетры - вада, і раптам чуе з туману такую сімфонію, можа падумаць, што звар'яцеў. Караткевіч. Але сэрца ныла так, што здаецца, чалавек вось-вось звар'яцее. Васілевіч.

@

зверыядавец*, -аўца, м., разм.

Название врага с жестоким, звериным нравом. Добра, што нядоўга ўжо засталося баляваць гэтым зверыядаўцам і ўрэшце калі-небудзь запануе і шчасце. Быкаў. Як зверыядаўцы, лютавалі фашысцкія карнікі, стараючыся як больш утрупяніць людзей. Сабаленка.

@

звяга, -і, ж., разм.

1. Надоедливый лай собаки.

Кій дарожны выразаецца з дрэва, якое не баіцца марозу, не захлынаецца ў завею, не хмялее ад траў нецвярозых і не ўцякае ад сабачай звягі. Танк.

2. Назойливое приставание с просьбами, упреками, уговорами.

Немаведама, якому цярпліваму трэба быць чалавеку, каб жаночую звягу ціхенька слухаць. Калюга. І ён [Іван], не звяртаючы ўвагі на тую матчыну звягу, і праўда цешыўся жонкаю: і прыгожая, і спявала, і скакала, і зрабіць усё ўмела, за што ні бралася. Васілевіч. Зося не пакрыўдзілася і не зазлавала на бурклівага свёкра. І не таму, што не апякла яго горкая звяга... Далідовіч.

@

згарбець (згарбацець), зак., разм. Стать горбатым.

Гора памела на свеце убогая! Гляньце: згрыбела, згарбела у крук. Доля занадта надалася строгая, - выбіла шчасце ўсё з рук. Гарун. Згарбеў пагорак ад пакут. Барадулін. І ўспомніў маці, непрыгожую вясковую кабету, якая ніколі не разгінала спіны то на сваім, то на калгасным полі і ад таго пад старасць згарбацела. Сачанка.

@

згарусціць, зак., разм. Сделать что-либо кое-как (из-за недостатка умения, средств, времени).

Поле - канюшынішча, - на якім сяк-так згарусцілі першы ўкос, было чыстае, рудое... Пташнікаў.

@

зглуміць, зак., разм. Извести попусту, истратить без пользы.

Пусціць туды жняярку, значыцца зглуміць сад і жняярку сапсаваць... Чорны. Есці яму ўжо не хочацца, але і пакідаць чуць не палавіну мазанага бліна нядобра, будуць сварыцца, што зглуміў. Крапіва. Кінуў коням па бярэмю сена і прывязаў, каб не зглумілі шмат. Караткевіч.

@

згрызота*, -ы, ж., разм., перан. Душевные муки, переживания.

З гэтага часу пачынаюцца Астапавы згрызоты. Колас. Ад самай раніцы смуга - згрызоты несціханыя, бывае з'явіцца туга, зусім табой не званая. Броўка. Яму душу адкрыць ахвота - наросхрыст, насцеж, нарасхляб, каб выйшла вон уся згрызота - на суд людскі і на разгляд. Гілевіч.

@

здарожыцца, зак. Утомиться в дороге.

Давыдка здарожыўся і драмаў за сталом, прыхіліўшыся да цёплага матчынага пляча. Лужанін. Але маўчала і яна [Вера]. Відаць, здарожылася, замаркоцілася і прыціхла. Грахоўскі. А ты - сядай у электрычку. Бо конь здарожыўся і стаў, панурыў голаў і не пнецца. Стральцоў.

@

здзяцінець, зак. Впасть в детство, вести себя подобно ребёнку.

Некаторыя хацелі адмахнуцца ад гэтага, казалі, што Агей ужо здзяцінеў на старасць і сам не ведае, што пляце. Крапіва. Зусім ты здзяцінела, Арына, а яшчэ не надта старая. Чарнышэвіч. Да родных магіл трыццаць кіламетраў, а ён стаіць і радуецца ўсяму, як здзяцінеў усё роўна. Казько.

@

здольнік, -а, м. Человек или целая семья, принятая по договору в большое хозяйство для общей работы.

Але дужа прасіліся гаротнікі, дык ён [Тарас] і згадзіўся ўзяць іх да сябе за здольнікаў. Гарэцкі.

@

здор, -у, м. Нутряной свиной жир.

А боты вымазаў ён [дзядзька] здорам. Колас. Дала яму цётка Зося бохан хлеба і скрутачак здору, перахрысціла пакутніка і правяла за вароты, выціраючы фартухом слёзы. Грахоўскі. Які б ні быў галодны, [Вася] не есць смажанай бульбы, баршчу, не дакранецца да картаплянага супу, калі ён засмажаны здорам з цыбуляй. Навуменка.

@

здоўжыцца, зак. Показаться слишком долгим.

Далей была дарога, якая і не здоўжылася, і закончылася цёплай хатай, дзе былі дзеці, пляменнікі... Брыль. І, сёрбаючы булён, жуючы аладкі ці дранікі, ты зноў жа будзеш думаць, чым бы заняцца, што б такое знайсці рабіць, каб ані не здоўжыўся дзень... Сачанка. Былое здоўжылася ў сне: то дождж ідзе, то золь, то снег, то сонца ўстане над вадою. Стральцоў.

@

зелле*, -я, н., разм. Зелёный корм для домашних животных.

У двары, што быў за гэтым, жанчына несла зелле свінні і подсвінку... Мележ. Крышылі мы, дамаўнікі, і зелле свінням, навыбіраўшы ў градах бацвіння, дыхалі пахамі агароду, сокамі яго. Брыль. ...І я ўжо была гатова на ўсё. Пасвіць за яе на талацэ коней, памагаць капаць бульбу, палоць грады, мыць у хаце падлогу, месці вуліцу, нарваць зелля свінням... Васілевіч.

@

зжахнуцца, зак., разм. Сильно и неожиданно испугаться.

На вячэры Харытон Бабёр аж зжахнуўся ад такой навіны і надоўга ўтаропіўся вачыма ў Вераб'я. Пестрак. Усё гэта паўстала ў маёй памяці як жывое, і я аж зжахнуўся ад тае цяжкае даўніны. Сабаленка. Ён [Вадзім] зжахнуўся, убачыўшы сябе ў тым люстэрку. Рыбак.

@

зімка, -і, ж., разм. Озимая пшеница.

Другая чвэртка ў гэтай старане заложана жытам і зімкаю-пшаніцаю аж пад самы шчыт. Калюга.

@

зіркаць (зыркаць), незак., разм. Бросать взгляды, шарить глазами.

...Але спакой - нагнаны, вочы з-пад барановай шапкі з адвіслымі вушамі зіркаюць востра, пільна. Мележ. А з-за плятня ўжо зыркалі цікаўныя вочы суседкі. Шамякін. Вочы круціліся і зыркалі па сценах, здавалася, з парога аж на покуце ў шчэлках чорт ведае што ўгледзелі. Пташнікаў.

@

зласнаваты, -ая, -ае. Несколько сердитый.

Знаёмы зласнаваты голас зараз здаўся Варвары асабліва зласлівым. Лужанін. Анюта заўважыла, як прыпыніўся на нейкае імгненне Дзягель, выпрастаў плечы, аж пабольшаў, зласнаватая чырвань ажывіла твар. Жук.

@

зласнець, незак. Становиться сердитым, злым.

Фэлька ж Бацяноўскі паволі зласнеў. Броўка.

@

злеціцца, зак., разм. Сделаться по-летнему тёплым (о воде).

...Адарваўшыся ад глячка, чуеш, як коле ў зубы - вада і не падумала злеціцца такой гарачынёй, - як робіцца адразу лёгка ўсёй і свежа. Пташнікаў. Пакуль пананосішся яе [вады] вёдрамі з калодзежа, пакуль панастаўляеш у вялізных чыгунах у печ, каб сагрэлася, злецілася яна, а потым павымаеш іх - дык, глядзі, і стомішся: аж плечы гудуць. Сіпакоў.

@

зломак, -мка, м.

1. Сломанная вещь.

Узяў [дзед] куцую пілу - зломак, што з доўгае і з вузкае, з прыкляпаным у кузні вухам. Была некалі доўгая, але і зрэзалася і пераламалася. Янкоўскі. За плячыма ў яго [Міхася] была невялічкая торба з хлебам і салам, у кішэні - старая-старая брытва-зломак. Сабаленка.

2. Слабый, надорвавшийся на работе человек.

Не было і як адпачываць: дзе ты будзеш сядзець зломкам, калі ўсе ў полі, па лузе, у клопаце. Мележ. - А цяпер вось на мяне хочуць узваліць ношу, ды я баюся... - Не бойся, таварыш Гжэсяк, пацягнеш, не зломак. Дамашэвіч. Маладая яшчэ баба, не зломак і карову трымаць. Гігевіч.

@

змарнаваць, зак. Потратить попусту; убить время.

Ці ж, будучы ў Рызе, ён [Рыгор] меў хоць хвіліну, якую б дапусціў змарнаваць дарма? Гартны. Гаспадарку ўсю змарнавалі, да няма нічога дайшлі... Купала. Сёння змарнаваў дзень на непатрэбнай гавэндзе з безнадзейным хадэцкім графаманам... Танк.

@

змізарнець, зак.

1. Стать невзрачным, потерять вид.

Адцвілі лесавыя краскі, пажоўклі і змізарнелі раскідзістыя папаратнікі. Лынькоў. І ўсё сяло раптам прыціхла, яно як бы паменшала, нібы і хаты змізарнелі ў трывозе і самоце. Краўчанка. У дарозе наваліўся абложны дождж. Усё пацямнела, змізарнела, налілося холадам і тугой. Дайнека.

2. Измениться внешне в худшую сторону (подурнеть, похудеть, постареть).

Стала дзіўна, чаму ж раптам так змізарнеў на вачах ён, той чалавек, што сядзіць з апушчанай галавой, на каго некалі ўпаў промень такога кахання. Лужанін. Яна [Валя] змізарнела, паблажэла, але была тая ж, ранейшая, падобная на гарэзлівую фізкультурніцу. Навуменка.

@

знелюдзець (знялюдзець), зак., разм. Стать нелюдимым от уединенной жизни.

Так ты зусім знелюдзееш. Лупсякоў. Кім ён [Банадысь] стаў, цалкам паддаўшыся жонцы? Знялюдзеў адзін у лесе, ад усіх адарваўся... Сачанка.

@

знепрытомнець, зак. Потерять сознание, упасть в обморок.

Бачыў я, прыкладам цябе збілі. Знепрытомнеў. Мікуліч. Цяпер вады прынясі, сынок. Маці проста знепрытомнела. Якімовіч. А ён [Міша] - біцца. Ды так даў, што Томка галавою аб асфальт ударылася. Знепрытомнела. Сіпакоў.

@

знерваваць, зак. Довести до нервозного состояния.

Усё гэта так... знервавала, так стузала, што ён [Сідор] увачавідкі адзначаў, як рабілася яму цяжка і невыносна. Гартны. Шура адгаварыла, баючыся, каб не выйшла сваркі з Вольчынымі бацькамі, якая б яшчэ больш знервавала Вольку. Крапіва.

@

знерухомець, зак. Стать неподвижным.

Усё знясілела і знерухомела, нішто нідзе не шурхне, нават лісток на неспакойнай прырэчнай таполі і той не можа зварухнуцца. Лужанін. Касцы знерухомелі, бліжнія моўчкі ўторкнулі ў пожню косы, дальнія яшчэ дакошвалі рады, але па адным ішлі да ельніку - ужо зразумелі, што сталася. Быкаў. Другі раз вярнуўшыся ў двор, зачыніў на жардзіну вароты, на кручок - хвортку, падышоў да плота, каб пералезці цераз яго на вуліцу, ускінуў на плот рукі і знерухомеў: на слупе сядзела кошка. Карамазаў.

@

знерухоміць, зак. Сделать неподвижным, лишить возможности двигаться.

Веліч проста знерухоміла яе. Буйло. Вораг, каб знерухоміць судна перад тым, як яго захапіць, першыя стрэлы, першыя грэчаскія агні, цаляў менавіта ў няшчасных весляроў. Караткевіч.

@

знецярплівець, зак. Потерять терпение.

- Дай хіба я цябе пагалю, Міша? - знецярплівеў малодшы цырульнік. Лужанін.

@

знечуліць, зак. Лишить чувствительности.

А рукі і ногі мароз неспыняны даўно замарозіў, даўно знечуліў. Купала.

@

зніч, -у, м. По языческим представлениям священный огонь.

Купальскай кветкаю гарыць курганны зніч. Пестрак. Кане гук, нібы зніч, над вясковаю ціхаю пушчай. Дзяргай. Па езджых дарогах і звярыных сцежках ён [князь Уладзімір] адправіў пасланцоў у літоўскія лясы, дзе гараць знічы на капішчах Пяркуна... Арлоў.

@

знічка, -і, ж., разм. Падающая звезда.

Сын не адзін яшчэ сыдзе ў нябыт. Як знічка, мільгнецца і будзе забыт. Вітка. Жыццё як знічка праляцела, а я такі, як быў спярша... Грахоўскі. З неба ўпала знічка. Асіпенка. Вышніх знічак імгненна-агністыя стрэлы да світання спадаюць у сэрца маё. Караткевіч.

@

зніякавець, зак. Почувствовать неловкость, растерянность.

Пятрок зніякавеў таксама, але стараўся заставацца бадзёрым і не хацеў паверыць, што ад гэтай малечы можа быць якое няшчасце. Быкаў. Дзяўчаты зніякавелі, ім зарвала смех. Адамчык. [Мікалай] зіркнуў весела на суседа і зніякавеў: той згорбіўся, твар учарнелы, пабялелыя пальцы не адарваць ад біла. Тычына.

@

зняверца, -ы, м. Человек, потерявший веру во что-либо.

Цяпер кажу: ну, што ж - карай! Карай!.. Хоць, можа, усё ж і не прапашчы я зняверца. Гілевіч.

@

зняволіць, зак. Лишить свободы.

Ты як гордая сіла, што лечыць ад болю, як сумленне мільёнаў на варце стаіш, вораг грозны усіх, хто слабейшых зняволіў, хто зрываць з іх імкнецца крывавы барыш. Буйло. Каб зняволіць душу і памяць, ёсць спрадвечны фашысцкі метад: вораг кнігі і хаты паліць, камянямі душыць паэтаў. Панізнік.

@

зняпраўдзіць, зак. Опровергнуть правдивость каких-либо утверждений, домыслов и под.

Крушынскі стараўся рознымі спосабамі зняпраўдзіць гэтыя чуткі. Бядуля. Адбылося ў жыцці нешта такое, што ўсё з'іначыла і зняпраўдзіла. Чорны.

@

зруйнаваць, зак. Превратить в руины, разрушить до основания.

Ох, патрапіць народ часам за сябе ўступіцца, - зруйнаваць палацы вашы, вашай кроўю ўпіцца. Купала. - Тады, як быў хлопцам, бачыў ты, каб хто так на нашу зямлю наваліўся ды гарады і сёлы нашы зруйнаваў? - перабіла дзеда Маня Чабор. Васілевіч. Ні будак, ні нават шлагбаума нідзе не відно было. Мо іх зусім зруйнавалі! Сачанка.

@

зрэбнікі, адз. няма. Штаны, пошитые из поскони.

...Па гразкай баране ішоў араты ў зрэбніках, з вінтоўкай на плячы. Грахоўскі.

@

зырчэць, незак. Становиться ярче.

У буржуйцы гуло ўсё больш настойліва, агонь зырчэў. Лупсякоў. Уранку гэтак ветла-ветла, уранку гэтак светла-светла зырчэў туман, трымцеў прамень. Стральцоў. Часам на двор выходзілі людзі з запыленымі тварамі, чорнымі вусамі і бародамі, і ў цемры пачынаў зырчэць агеньчык цыгаркі. Тычына. ЗЭДЛІК, -а, м., разм. Комнатная переносная скамеечка. На вокнах свежыя фіранкі ўсміхаюцца, прасцірадламі чыстымі пазасланы зэдлік і столік з шавецкім капыллем, шыллем і начыннем розным... Лынькоў. Спяшаюць гледачы ў клуб - хто з зэдлікам, хто з табурэткай... Барадулін. Мне даражэй за ўсё на свеце вось гэты зэдлік і услон. Пушча.

@

зябліць, незак. Пахать поле осенью под весенний посев (зябь).

Аб усім яна [восень] так дбае, нівы зябліць, засявае, у папары руніць жыта, каб на весну было сыта. Цётка. Выбраўся на поле на цэлы дзень - зябліць. Чорны. Назаўхваткі, адзін перад адным на зіму зяблілі далідаўцы тыя Наддаткі. Калюга.

@

зяхаць, незак., разм. Хватать воздух открытым ртом.

Жанчыны хапаліся рукамі за грудзі і зяхалі разяўленым ротам, як рыба на беразе... Крапіва. Гэта быў ладны, на яго далонь, карась. Ён кідаўся па днішчы лодкі і зяхаў... Лобан. Як убачыў я картоплю,.. напоўніцу набіў рот бульбаю, толькі зяхаў: была яна надта гарачая, апякала рот. Далідовіч.

@

ільнішча (ільнянішча), -а, н. Поле, на котором прежде сеяли лён или собрали посеянный лён.

Я наогул лічу, што старшыня, калі ездзіў на кані, быў трохі бліжэй да чалавека, ён мог і на бульбянішча заехаць, і на льнішча. Сіпакоў. Запахла сіўцом з-пад Пагурка, сухім, аж здаецца, ён крышыцца на соль,.. дзяцельніцай з выганчыка ад ракі, белай, як снег; сухім дурнап'янам, лебядой, рамонкам, свірэпкай і гугелем - з ільнянішча, з-за пунь. Пташнікаў.

@

імчанне, -я, н. Стремительное движение.

Бліснулі дзявочым агнём яе [Мані] вочы, і зноў яна пачала глядзець на снег, захопленая роўным імчаннем. Чорны. Ён [паравоз] юрліва гучным і меладычным голасам маладой і поўнай жыццёвай энергіі істоты вяшчуе аб сваім велічным і прыгожым імчанні. Шынклер.

@

імшара, -ы, ж. Моховое болото.

...Ад доўгаўскага поля [хутар] адлучала вялікая імшара, зарослая карлікавымі бярозкамі і сасонкамі. Броўка. Калі бусел ляцеў паляваць, да імшары купчастай выганялі суседкі рупліва жывёлу на пасту. Панчанка. Ногі правальваліся ў мох: блізка была імшара. Пташнікаў.

@

каберац, -рца, м., абл. Коврик под ноги.

Ля столікаў у вестыбюлі нібыта абы-як кінуты пад ногі харошыя каберцы. Гарэцкі. Новую надзела зямля сарочку. Маладою стала - сабралася ступіць на каберац. Баранавых. Ды знаем гэта, ох, братка, - псуюць вам дзеўкі парадкі і ў галоўцы, і ў сэрцы, пакуль не стаў на каберцы. Буйло.

@

кабета, -ы, ж., разм. Замужняя женщина.

Зрэдку мільгане якая кабета з вёдрамі ды прабяжыць хлапчук, што падняўся з ложка ўслед за маці. Хадкевіч. На пярэдняй лаўцы драмала кабета, побач сядзеў падлетак, гадоў яму шаснаццаць-семнаццаць. Янкоўскі. Чамусьці мой позірк упаў на чалавека ў белым палітоне, што, стоячы ў тамбуры, падаваў з вагона чамаданы і наладаваныя сеткі тоўстай, расфуфыранай кабеце. Сачанка.

@

каваліха, -і, ж., разм. Жена кузнеца.

У той дзень, пад вечар у нас усе гаварылі, што каваліха сватала Макарэвічавай Надзі прымака, і за гэта Надзя пасварылася з каваліхаю. Чорны. Па вуліцы ішла каваліха, убачыла Мікалая, падбегла да яго. Варановіч.

@

кавальства, -а, н. Кузнечное дело.

Жыды таксама нярэдка аралі і малацілі, але большасць кармілася розным рамяством - найчасцей кавальствам ды шытвом. Мележ. Зноў вяртаюся я да свайго настаўніка, які вучыў мяне не толькі кавальству, але і даў урокі той простай педагогікі, што заклала асновы душэўных набыткаў. Вітка.

@

кавяла, -ы, ж., разм. Самодельный деревянный протез для ноги.

На ганку іх сустрэў вартаўнік - сівенькі стары на кавяле. С.Александровіч.

@

кадаўбец, -бца, м. Небольшая кадолбь.

Дзеўка зірнула ў бярозавы кадаўбец, патрэсла яго ў руках. Чорны.

@

кажан, -а, м. Летучая мышь.

Нячутка носяцца кажаны, кожны раз знячэўку нагадваючы лётам птушак. Брыль. Ды недзе голуб стогне ў змроку, кажан знікае ў вышыні. Грахоўскі. Калі-нікалі праляціць з піскам кажан або пракрычыць сава ці прашугаюць чарадою спалоханыя птушкі. Гурскі.

@

кажурына*, -ы, ж., разм. Кусок овчины.

- Літавары вунь даўно смаляць, - сказаў ён [Міця], здымаючы цёплыя, пашытыя з кажурыны рукавіцы. Адамчык.

@

кажушына, -ы, ж., зб. Одежда, пошитая из овчины.

Неўзабаве, каля тае ўсё школы пачынаюць збірацца. Хто ў лапцях, хто ў ботах, хто ў кажушыне. Скрыган.

@

каласавік, -а, м., разм. Ранний боровик, который растёт во время колошения ржи.

Жоўтагаловыя каласавікі - грыбы нядоўгія. Навуменка.

@

калашматы, -ая, -ае; разм. С широкими штанинами (о брюках); о человеке, который носит такие брюки.

Мне цёпла ў чужых калашматых штанах і ў прасторнай сухой світцы. Скрыган. Потым адзін нейкі калашматы немчык падскочыў да яе [Агаткі] і, наставіўшы аўтамат, пачаў штосьці гергетаць. Дайліда.

@

калегаваць, незак. Водить компанию с кем-либо.

Нахлябіч чалавек гэтакі, што я з ім цяпер не калягую. Чорны.

@

каліва*, -а, н. Отдельно взятое растение, стебель, зернышко и т.д.

Мабыць, нуду такую самую адчувалі і каровы, бо глыбакадумна галовы паспушчалі; рэшта нюхаюць траву, нехаця выбіраючы па каліву. Мурашка. Марына і Малевіч прайшліся па бакавой алеі, з'елі марожанага, дасталі з напаўзаплыўшага ручая каліва незабудкі і падышлі да каруселі. Лужанін. Тытунь дзед садзіў ля самай хаты, на трасочніку, не ленаваўся штодзень па некалькі разоў кожнае каліва паліваць, і тытунь вырастаў сапраўды на дзіва, як лес - высокі, вышэй за мяне. Сачанка.

@

калядніца, -ы, ж., разм. Рождественская пора, рождественская ночь.

Пра немцаў - можа і праўда, бо Амяльян склікаў нядаўна ўсіх у вёсцы ў Марыліну хату-канцылярыю - і расказваў, што немцы выходзяць з акружэння кучкамі, як ваўкі ў калядніцу. Пташнікаў.

@

камінарства, -а, н. Ремесло трубочиста.

Іншы раз, калі зойдзе гутарка пра вайну, ён [Піліп Андрэевіч] успамінае сваё камінарства. Сачанка.

@

каморніцтва, -а, н. Землемерное дело.

Ваш класны настаўнік калежскі саветнік Леў Кліменцьевіч Лычкоўскі, ён жа выкладчык фізікі, арыфметыкі, каморніцтва і лінейнага чарчэння. С.Александровіч.

@

кампанаваць, незак., разм. Быть в дружеских отношениях, водить компанию.

Грэшны я, сакалы мае: і турэцкі бог не захоча з Антосем кампанаваць. Колас. - Мне ісці трэба. - Куды табе трэба? - Мусіць жа трэба, калі кажу. - Скажы куды? - Нашто табе? - А на тое, што ты проста не хочаш са мною кампанаваць. Чорны.

@

камы*, -оў, адз. няма, абл. Картофельное пюре или каша.

І не гэтак рваліся гатаваць камы, як часцей стараліся быць з Князёўнай мы - памагаць ёй з вёдрамі, лыжкі, міскі мыць... Куляшоў. Калі даводзілася сысціся за сталом, набычыўшыся, аберагаючыся яе позіркаў, [Васіль] хутчэй сёрбаў боршч і глытаў гарачыя камы - хутчэй вырываўся на волю. Мележ. Кашу і камы бабка болей не хоча гатаваць, а супы зрабіліся не такія густыя, як увосень. Сяркоў.

@

камяніца, -ы, ж.

1. Каменное или кирпичное строение.

Учарнелыя драўляныя пабудовы і аблезлыя камяніцы хмурна і санліва драмалі абапал. Мележ. Той, каго чакалі, хто зайшоў у камяніцу, ці не выходзіў, ці выпарыўся праз комін, растаў у паветры. Лужанін. І я хадзіў, валэндаўся сюды-туды міма абгароджаных жалезнымі платамі дворыкаў і змрочных камяніц. Сачанка.

2. абл. Каменистая почва.

Там пясок і камяніца - кепска для ячменя: на адну кальвіну збожжа зелля больш як жменя. Колас. На камяніцы (гэта, можна сказаць, не была ўжо камяніца) добра расло, добра спела і добра павінна было прыбрацца з поля пад працавітымі рукамі гэтай сям'і. Чорны. Цяпер у Катоў асталася шастуха - шостая частка валокі, па цяперашніх мерках - тры гектары з нечым, ды і тая не зямля, адна камяніца. Адамчык.

@

канаплянішча (канаплішча), -а, н. Поле, с которого убрана конопля.

А-ткі ён [дзед] накінуў ёй [свінні] на шыю пятлю з грубой вяроўкі і, хоць скуголіла страшэнна, выцягнуў ён паланянку на канаплянішча, прыкруціў да каляка, глыбока ўбітага ў зямлю даўбнёю, і наваліў усю салому. Гарэцкі. Стог сувалкі на канаплішчы чарнеецца, звініць былінкамі пад ветрам. Гарэцкі.

@

канаплянка, -і, ж., разм. Посконный платок фабричного изготовления.

Спачатку страсянула яе [касынку], а пасля, склаўшы ў чатыры столкі, пачала завязваць, як павязку, паўзверх сваёй канаплянкі. Дамашэвіч. Ён аж паморшчыўся ад болю і са злосцю кінуў дзядзькаву канаплянку. Сабаленка. На паліцах - усіх колераў шыліноўкі, скруткі сукна і паркалю, карункаў, батысту, атласу, сарпінкі, канаплянкі. Грахоўскі.

@

кантычка, -і, ж. Сборник католических молитвенных песен.

Там той з лірай у тры шчыра струны задае, той з кантычкі, той з прывычкі модлы дзьме свае. Купала. Кленчаць набожныя каталікі, разгортваюць кантычкі. Колас. Раскрыўшы кантычкі, яны [багамольцы] зацягнулі малітву, якая хутка задыхнулася ў гарачыні, у шуме, у грукаце «Арбонаў»... Танк.

@

канчар, -а, м., абл. Отделенный конец чего-нибудь.

- Дык ты, мусіць, як наслухаўся Дзяніса, - казаў Яўген, пераходзячы на другі бок вуліцы па ўкінутай у гразь штакеціне-аполку, па канчару абламанай жэрдкі. Баранавых. Пляската-мокры, дакураны ўжо так, што нават апякаў пальцы і губы, канчар скручанай з самасаду папяросы Імполь кінуў на мурзаты курган. Адамчык. Маці паклікала палуднаваць. Не паскупілася, адрэзала ладны канчар кілбасы. Каваленка.

@

капа, -ы, ж. Узорчатое полотняное покрывало на кровать.

Толькі пярэдаднем, калі знадворку пацягнула рэзкаю свежасцю, [Рыгор] паправіў на сабе капу, затуліўшыся ў яе з галавою. Гартны. Хама мог разлегчыся без папытання на падушцы, нарабіць лапамі брудных слядоў на капе. Лужанін. Алена радавалася: напрадзе за зіму ды натчэ вясной ручнікоў, абрусаў ды кап. Чарнышэвіч.

@

капацець, незак., разм. Капать часто, крупными каплями.

Гразь настала каля ганку, з капяжа ўсё капаціць. Колас. У жанчын з вачэй капацелі слёзы. Лобан.

@

капеж, капяжа, м.

1. Нижний край крыши, выступающий над стеной. Часцей у вокны свеціць сонца, а ў дзень і капне з капяжа... Колас. Старая леснічоўка з саламяным капяжом, што наехаў на вокны, як вялікая шапка на вочы чалавеку, стаяла адразу за крынічкаю, пад высокімі дубамі. С.Александровіч. З капяжоў звісалі густыя восці ледзяных, вытачаных, нібы верацёны, таўкачоў. Адамчык.

2. Место падения капель с крыши.

Сціх дождж, чуваць было, як скочваюцца са страхі марудныя кроплі, звонка падаюць у капяжы. Лынькоў.

@

капейчына, -ы, ж., разм. Небольшие денежные средства.

...Здаўна ад яек быў увесь яе грашовы набытак, якая капейчына, заўжды патрэбная ў гаспадарцы. Быкаў. Бо нездарма ж вярнуўся чалавек з-за акіяну, куды быў кінуўся шукаць лепшага жыцця і лягчэйшай капейчыны, на бацькаў нешырокі загон... Лужанін. Таксама нейкую капейчыну прывязе. Губарэвіч. Ды і я якую капейчыну табе на яго перакіну. Даніленка.

@

капец*, -пца, м. Межевой знак в виде насыпи со столбиком.

Прыдуць дні, аб якіх вякі варажылі, пра якія у казках адно гаварылі: дзе задумаў, - свабодна пайшоў, ні равоў, ні гранічных капцоў. Танк.

@

каптур*, -а, м. Конусообразный навес над чем-либо.

Для адводу пары была зроблена выцяжная труба над шырокім бляшаным каптуром. Колас.

@

капуснік, -у, м., разм.

1. Поле, засаженное капустой; поле, с которого убрана капуста.

Па няроўнай мёрзлай зямлі пустога капусніку Тоня Базылькевіч падышоў да самага Бірылавага гумна. Чорны.

2. Капустный лист.

Рыжая карова траслася з холаду і тыцкалася пысай ў мерзлыя грады, дзе яшчэ аставаліся рэшткі скарэжанага на марозе капусніку і бурачніку. Чорны.

@

капыціць, незак., разм. Бить, топтать копытами.

Хоць па дарозе капыціў такі табун коней, пылу не было - увосень ён прыбіваецца да зямлі дажджамі і шчодрымі росамі. Сіпакоў. А ён [Сноўдала] хадзіў, глядзеў сабе пад ногі, капыціў снег, здабываючы сабе корм, смертна біўся з іншымі, да сябе падобнымі, і нічога не бачыў і не разумеў да самай апошняй хвіліны. Казько. А конь усё-такі вырваўся з жалезнай жандарскай пасткі і яшчэ доўга-доўга з трывожным прызыўным іржаннем белым прывідам капыціў Прырэчча... Ягоўдзік.

@

караўка, -і, ж., абл. Заскорузлая тряпка.

У паўзмроку на нарах длубаюцца невыразныя цені, замест фіранак паразвешваны брудныя караўкі. Грахоўскі.

@

карбідка, -і, ж., разм. Карбидная лампа.

Маркін адарваўся ад папер, разы два міргнуў - яго твар з густаватай шчэццю пры скупым святле карбідкі выглядаў амаль чорным. Быкаў. У думках не раз пасылала [Алеся] вітанне Андрэю свайму. Пры цьмянай карбідцы вязала зімой рукавічкі яму. Прыходзька.

@

каржак, -а, м., разм. Кряжистое дерево.

Мацнейшае дрэва глушыла слабейшае і само ішло ўгару, а пад ім слабейшае гнулася ў каржак, пускала рост у бакі і глушыла суседа. Чорны.

@

карына, -ы, ж., разм. Кусок, обломок древесной коры.

На дрывотні, пад варыўнёй, хлыстала па бервяне тонкая сасновая карына. Пташнікаў. ...Ён [Ягор] садзіўся да бацькавага варштата, браў долата ды малаток, са звычайных ліповых, асінавых, лазовых палак, з карын і карэння, мяняючы долата і малаток на разцы, пілкі, лобзікі, майстраваў хоць людзей, хоць чарцей. Карамазаў.

@

кастравы, -ая, -ае. Содержащий костру.

А за імі [хмарамі] услед цягнулася зрэб'е, камякамі накіданае кастравае пачассе. Калюга. Бедны хлопец Кастусь, што каленьмі свяціў у апратцы кастравай, выспеў коласам буйным... Лужанін. Пад пальцамі чуваць суравы, кастравы кужаль. Пташнікаў.

@

кацёлка*, -і, ж., разм. Деревянный кружок, который дети катают для забавы.

Дзеці за доўгі дзень насеклі з макрыцы і крапівы сечанкі свінням, споўзалі ў чужую рэпу і ў яблыкі, пакачалі кацёлку і наўмысля пабілі ёю шыбу ў кутнікавым акне... Гарэцкі. Проста прыемна было вось так нечакана ўбачыць знаёмага чалавека, пра якога, можна сказаць, ужо ніколі і не думаў, бо калі яно тое было, што разам ганялі кацёлкі па вуліцах. Кудравец. ...Бывала, летам у нядзелю збярэцца гурт каля нашай хаты, пасядуць на прызбе і пачнуць весці гаворку, толькі б паслухаць, дык пасылаюць нас у кацёлку гуляць. Гурскі.

@

кволіцца, незак., разм. Чувствовать себя нездоровым, слабым, жаловаться на нездоровье.

Учора, з вечара яшчэ пачаў [малы] кволіцца ў яслях. Шамякін. Але Глаша кволілася, ніяк не магла выхадзіцца пасля дыфтэрыту. Лужанін. Лячылі яе [сваццю] там і ўсялякімі мікстурамі, і парашкамі, і чаем, а яна ўсё крактала, усё кволілася. Кулакоўскі.

@

кірпа, -ы, ж., разм. Короткий вздернутый нос.

Збянтэжаны Піліпка замоўк, таму што яго нос і дапраўды выглядаў самай адчайнай кірпай. Краўчанка. З думкаю, што пара ўставаць, я саджуся, азіраюся, гляджу на Сярожку, які побач са мною сапе ў тоўсценькую кірпу, смыкае ў сне пухлымі губкамі. Карамазаў. Вяртаючыся назад, старшыня яшчэ здалёк убачыў, што яго новыя сябры з нецярпеннем пазіраюць на вуліцу, прыціснуўшы да шыб прыплюшчаныя кірпы. Навуменка.

@

кіт, -у, м. Оконная замазка.

Шыбы зазвінелі, а з некаторых пасыпаўся кіт. Колас. З боку шыбы, дзе адлушчыўся кіт, холад выдзьмуў на шкле доўгую з крывымі ікламі шчыліну. Адамчык. Толькі што растаў снег, зямля была гразкая, клейкая, як кіт. Дамашэвіч.

@

кіях, -а, м., абл. Кукурузный початок.

...Мясцовага, можа нават верамейкаўскага гатунку кукуруза... нясмела вытыркала з-пад шырокага і настылага, таму ажно крохкага лісця чорна-рыжыя кудлы сваіх кароткіх, але таўсманых кіяхоў... Чыгрынаў. Выкінулі, сушаць на сонцы свае кучары-косы кіяхі. Сачанка. Ужо ў самым-саменькім смаку кіяхі, ужо распузацела бручка... Янкоўскі.

@

кленчыць, незак. Стоять на коленях.

Яна кленчыла да мяне бокам, хустка нізка насунута ад гарачыні, і я не пазнаваў бабулі, а ў твар не заглянеш. Брыль. Зневажаў [Лук'ян] бога. Таго самага, перад кім кленчыў усё жыццё. Лужанін. Дарэмна кленчыць просьбіт скрушны прад імі, - што там ні было б, - як і заўсёды, раўнадушны дубовы твар, дубовы лоб. Макаль.

@

клёк, -у, м., разм.

1. Здравый смысл.

Вы думаеце, увесь клёк рэвалюцыі ў тым, што цяпер загадчыкам стаў іншы, чым раней быў. Чорны. Нешта ўвосені сорак пятага года, калі ў мяне было больш сялянскага клёку, я, супрацоўнік «Вожыка», ужо тым часам і пасмялелы ў дэмакратычным рэдакцыйным калектыве, спытаўся ў нашага галоўнага, Крапівы, пра адно сваё неўразуменне. Брыль. Вось і слоў не хапае, скупа клёку ў радкоў. Лужанін.

2. Жизненная сила.

- Калі ў чалавеку няма ўжо клёку, дык ніхто яму не паможа, - прастагнала Салвесіха. Сабаленка. У добрай бочцы - добры клёк. Зуёнак.

@

клённік, -у, м., зб. Заросли клена.

[Каза] спакойна клённікам ідзе, зялёны ліст смакуе. Барадулін.

@

клічнік, -а, м. Восклицательный знак.

Колькі разоў паўтараецца беднасць, колькі клічнікаў для сучаснага рэдакцыйнага грамацея. Брыль. ...Свіны кароль ці туз фабрычны ярлык на творчасці налепіць і над табой паставіць клічнік. Танк. Чырвоным алоўкам падкрэслены некаторыя радкі і паасобныя словы, сям-там стаяць пытальнікі і клічнікі. С.Александровіч.

@

клуб, -а, м. Верхняя часть бедра.

У расчыненым акне стаяла, бачная па клубы, маладая і станістая жанчына. Чыгрынаў. Ён [Перанег] зажмурыўся і адчуў, што яна нешта завязвае на яго клубах. Сіпакоў. На худых клубах толькі чорныя сацінавыя трусы да калена, ды на кашчавых плячах мазутная сіняя майка. Казько.

@

клявец, -ўца, м. Молоток для отбивания кос и насечки жерновов.

Скакалі заўзята кляўцы па бабках, адцягваючы вострыя языкі кос. Крапіва. Так век судзіў, так ён падбаў: клявец ператвараўся ў молат, у трактар - плуг... Лужанін.

@

кляніна, -ы, ж., разм.

1. Отдельное дерево клёна.

Можа, дзед старой рукою настругаў яловых планак, кляніну па-над ракою высек скрыпцы на рабрыны? Дубоўка. Сам Донька, пільна аглядаючы засохлы ствол даволі таўстое кляніны, быў так заняты, што нават не заўважыў, калі мы абкружылі яго. Броўка.

2. Древесина клена.

Цікаўны наш набраў галля, за садам разлажыў агеньчык. Сядзіць на камені аддаль, стругае з кляніны ражэнчык. Дубоўка. Чытаючы, [Петэр] чуў, як спрытна ходзіць нож Лайзінса па кляніне. Броўка. Кавалак кляніны заставаўся з леташняга. Усохла, улежалася. Лужанін.

@

кляновік, -у, м., разм. Сок кленового дерева; напиток, приготовленный из такого сока.

Набрыняла яна [зямля] сокамі пахучымі, захмяліла дрэвы кляновікам ды бярозавікам, упрыгожылася краскамі веснавымі, нясмелымі, сарамлівымі... Лынькоў. На хутка пастаўленых нібы сталах... стаялі збаны сіваватага, назапашанага ў сакавіку бярозавіку і кляновіку, а пры збанах - ёмкія кубкі. Янкоўскі.

@

кляштар, -а, м. Католический монастырь.

Царкоўныя, касцельныя і замкавыя вежы маглі яшчэ прастояць стагоддзе і больш, муры бернандынскага кляштара і так пуставалі. Чорны. Хата ў іх была вялікая, побач сад і прасторны кляштар з дзвюма сажалкамі, адразу за валам - рэчка. Грахоўскі. Як манахі ў кляштары, за шклом томяцца някранутыя томікі. Макаль.

@

кнігарня, -і, ж. Книжный магазин.

І заняліся скрозь пажары - гарэў завод, кнігарня, дом. Глебка. У час адной з такіх вылазак у губернскі Менск - было гэта напрадвесні - верхменскі настаўнік заглянуў у адну кнігарню, другую і накупляў сталічных і менскіх газет. С.Александровіч. Пакуль Грынька на вуліцы пад дрэвам іграў на скрыпачцы, Захарка заскочыў у кнігарню і вярнуўся з кніжачкай пад кашулькаю. Карамазаў.

@

конаўка, -і, ж. Металлическая или деревянная кружка конусообразной формы.

Ля вядра - вялікая драўляная конаўка, пастаўленая пасля таго, як пабілі настаўнікаў кубак. Гарэцкі. Яна [жонка] пераглядзела ўсё, што было ў мяху, знайшла кацялок, лыжку, конаўку, чыстыя анучы. Карамазаў. Напіўся з конаўкі вады, але не ўсю выпіў, то вылі яе, але не ў вядро. Янкоўскі.

@

копанка, -і, ж. Небольшой искусственный водоем.

Я чарпануў берасцяным карцом з копанкі рудаватае вады, напіўся, рэшту выліў на рукі і апаласнуў твар. Грахоўскі. А два катлы і замашны чарпак былі вынесены на агарод і прымайстраваны адпаведным чынам каля невялікай копанкі. Васілевіч. На палянцы каля невялікай копанкі з застойнаю зялёнаю вадою гулялі ў ножыкі хлопчыкі, недалёка ад іх, дзе пачынаўся рэдкі бярозавы гай, хадзіў статак. Казько.

@

корба, -ы, ж. Ручка, предназначенная для вращательного движения.

Убачыўшы семінарыстаў, сівенькі дзядок-лірнік пасоўваўся ўбок і, круцячы корбу, пачынаў напяваць. С.Александровіч. Вера бярэцца за корбу, але спачатку круціць не ў той бок, мякіна струменьчыкам вылятае з каша. Грахоўскі. Дзед павольна крануў корбу, потым рэзка крутануў яе. Караткевіч. Корба з рукі, нібы кобра, ірвецца. Камейша.

@

кормнік, -а, м., разм. Откормленный кабан.

Дастаўся Мальвіне ад дзядзькі - вечнага халасцяка добра дагледжаны дом з садам і гародам амаль у цэнтры мястэчка, хлеў з адрынаю і склепам, выпеставаная малочная карова, кожны год Мальвіна трымала доўгіх, як луты, кормнікаў, вяліся куры і гусі. Грахоўскі. [Іван] зазірнуў у іх, хоць ведаў, што ў адным хлеўчуку - кормнік, у другім - двое падсвінкаў. Марціновіч. Паставіўшы на прыпек два чыгуны з бульбай кормніку, Салвэсіха наліла іх вадой, пасля, узяўшы аберуч вілкі, пасунула чыгуны ў печ, бліжэй да агню. Рыбак.

@

корт, -у, м. Плотная хлопчатобумажная ткань, называемая иначе «чертовой кожей».

Не было ў ёй [постаці] нічога незвычайнага, проста высокі чалавек у бравэрцы, пацягненай вышмальцаваным кортам. Чорны. І мусіць, як мая маці, варочаюцца дадому ўжо з торбачкаю солі, з запалкамі, з кавалкамі корту ці паркалю. Адамчык. Але за вату крычала маці: збіралася яшчэ на зіму «пацягнуць» фуфайку кортам. Пташнікаў.

@

корх, -а, м., уст. Мера длины в ширину ладони.

Прайшоўшы прасторную зборню, чыста падмеценую, але ўсё ж брудную, бо на падлозе было не менш, як на корх, засохшай гразі, нанесенай сюды з усіх канцоў воласці, Лабановіч адчыніў дзверы ў канцылярыю. Колас. А чалавек, як муха, гудзеў сваё, не адстаючы ні на крок, ні на корх. Гартны. Вокны ў вагонах тады парабіліся, як мядзведзі, на корх, калі не лепей, панамярзала лёду на іх. Калюга.

@

корч, карча, м.

1. Вывернутый из земли с корнями пень.

Павольна тубылец ідзе праз тайгу і сочыць, дзе собаль у корч мільгануў, шукае, дзе ходзіць-лятае касач. Дубоўка. Пісьменнік выварочваў і пілаваў карчы, прычым рабіў гэта з вялікім задавальненнем. Лужанін.

2. абл. Куст картофеля, лука и др., вывернутый из земли.

А восень - выццё малатарні, хмары пылу, ад якіх душыць усярэдзіне, доўгія рады карчоў бульбы, падкапаных жалезняком Яўхіма ці старога Глушака... Мележ. Не, пакуль тое капаць, маці падкопвала - разграбала рукамі зямлю пад карчамі, выбірала самыя вялікія бульбіны, а астатнія, меншыя, прыгортвала зноў зямлёю... Сачанка. Старая жанчына збірае ў прыпол бульбіны. Бярэ вывернуты з зямлі корч, атрасае і падбірае дробную, нібы гарох, бульбачку. Карамазаў.

@

крамніна, -ы, ж., разм. Материал фабричного изготовления; одежда из такого материала.

Пасля жніва ён [Кастусь] пачаў угаворваць яе не шкадаваць тых грошай за каня і набраць крамніны на плацце. Чорны. Але была раз набрала яму Прузына ў анучніка за старызну крамніны на штаны і на кашулю. Калюга. Галоўнае ж - з'явіўся тут эмтээсаўскі ларок: там прадавалі хлеб, крамніну і колькі хочаш гарэлкі. Кулакоўскі. ...Як хороша ў святочны дзень маглі прыбрацца крамнінай дзяўчаты... Гілевіч.

@

крамянець, незак. Делаться ядреным, упругим; бодрым, здоровым (о человеке).

Алесь раптам успамінае, што ў Тасьчынага бацькі ў гародчыку крамянеюць раннія яблыкі. Хадановіч. Ён [холад] здаровы, ад яго крамянееш і адчуваеш, як падужэў ад працы і загару за лета. Пташнікаў.

@

краска, -і, ж. Полевой цветок.

І адбылося тое, што наклікалі жужлівыя пчолкі, аб чым шапацелі сарамліва-ціха чараты з плюшнікам, чаго чакалі, ківаючы пекнымі галоўкамі, прырэчныя краскі. Мурашка. А пчолы з кожнай краскі збіралі мёд дзень цэлы. Пушча. Пазарасталі травою сцежкі суровай пары. Белыя, сінія краскі нашы схавалі сляды. Бялевіч.

@

кратавінне, -я, н., зб., разм. Горки земли, нарытые кротом.

А яна [паляна] была на дзіва ціхая, ні то затоеная, ні то мёртвая: ні конь пасвіўся, ні варона села - адно сонца бляклае, абцягнутае і кратавінне пад нагамі. Лобан. Дол быў няроўны, паклычаны кратавіннем. Сачанка.

@

краты, -аў, адз. няма. Металлическая решетка на окне.

У пераплёце крат цямнеюць вокны тыя, што бачылі яго, і шыбы, праз якія на пэндзаль ападаў, іграючы, прамень. Танк. Астрог быў цэлы, вунь відаць і дах на будынку, зеленаваты, даваенны, і вокны з кратамі, ды і агароджа цэлая. Марціновіч. Чалавек сяк-так загаварыў толькі пад самы вечар, калі, хоць і пасечаная кратамі, палоска астрожнага акна была ўжо амаль зусім цёмная. Кулакоўскі.

@

крупеня, -і, ж., абл. Крупяной суп.

...Яно [наступленне] чакаецца з дня на дзень, і абрыдзелая крупеня ніяк не лезе ў рот. Лужанін. Таклюся пачала завіхацца ля печы. Наліла міску крупені, нарэзала хлеба. Асіпенка. Хто крупеню варыў, хто са здорам капусту. Зуёнак.

@

крупнік, -у, м. Крупяной суп.

А Гапцуль тым часам, толькі яшчэ пачуўшы самы смак, спаражніў яшчэ чатыры міскі крупніку. Галубок. Маці наліла беднай удаве і яе дзецям міску крупніку і адрэзала па добрай лусце хлеба. С.Александровіч. ...Двое здарожаных, згаладалых байцоў, што сядзелі за сталом, сёрбаючы з глінянай міскі забелены крупнік, схапіўшы з лавы пілоткі і прыгнуўшыся, таксама выскачылі з хаты. Адамчык.

@

крушня, -і, ж., абл. Куча камней.

Перад ад'ездам суддзя падышоў да дзеда, які закопваў каля мяжы старую крушню, павітаўся з ім, пацікавіўся, колькі яму год і што раблю я. Танк. У той жа дзень елачку пасадзілі за агародам, на мяжы, дзе была крушня і вялікі струхлелы пень. С.Александровіч. Адышоўся [Марцін] да лесу і прысеў на невялікай крушні. Каваленка.

@

крывянка, -і, ж., разм. Кровяная колбаса.

...Пасярод стала з вялізнай глінянай міскі дыхала пахучай парай бялюткая рассыпчатая бульба, а побач на патэльні яшчэ сквірчэла крывянка. Шамякін. Аднойчы ўвечары Юзік расказваў, што ў яго дома прасцей з кабанінаю: заколюць кабана, не пэцкаюцца з крывянкамі, крупянкамі, усякімі там сальцісонамі, кумпякамі. Янкоўскі.

@

крыжаваць*, незак. Складывать крестом, укладывать крест-накрест.

Валіў я дровы, крыжаваў і сек, - дзесятнік быў са мною вельмі ласкаў. Гаўрук. Лес мы крыжавалі каля Чорнай рэчкі. Хведаровіч.

@

крынічыць, незак. Бить ключом.

Пасля, калі Толя ўбачыў на грудзях Максіма, вельмі блізка над сэрцам, прадзёртую куляй разорку, з якой неўтаймавана крынічыла кроў, хлопец падумаў, што ранены, відаць, страляў з адной рукі. Брыль. І ці не з такіх вось багдановічаўскіх радкоў будзе крынічыць наша гістарычная проза... Клышка.

@

крынічышча, -а, н. Углубление, в котором бьёт родник, место вытекания потока воды.

З дарогі бачна была старая крыніца - мініяцюрнае азярцо, з багністым крынічышчам навокал. Чорны.

@

крышаны, -оў, адз. няма, абл. Заправленный салом картофельный суп.

А здаецца ж, як у школу збіраўся, і наеўся ўволю - апаражніў міску капусты, з'еў амаль не талерку крышанёў, а потым яшчэ і печанай паўгарбузы ў жывот умяў. Сачанка. Дзеці сядзелі як заварожаныя, гледзячы ў рот дзеду Міхалу, а дзяды, паспрачаўшыся ды пасёрбаўшы крышаноў з аднае місы, ішлі разам адну нядзелю ў царкву, другую - у касцёл. Тычына.

@

крэмзаць, незак., разм. Писать небрежно, не заботясь об аккуратности.

Ён [Кураглядаў] пераможна і ўрачыста дыктаваў тое, што ў патрэбны момант можа выратаваць асабіста яго, а Мішка паслухмяна ўсё гэта крэмзаў. Далідовіч.

@

крэсы, -аў, адз. няма. Название земель Западной Беларуси, находившихся до 1939 года под властью Польши.

І не ў панскіх інтарэсах здзек такі чыніць «на крэсах», нечуваны здзек пад сонцам! Колас. Балюе панская Варшава, а для гуманнасці, прагрэса ідзе аблава за аблавай на ўсходніх «вольных» польскіх Крэсах? Купала. І, як жандар, стаіць на крэсах чарнейшая ад здрады ноч. Лужанін.

@

кубел, -бла, м. Закрывающаяся крышкой кадка, предназначенная для хранения пищевых продуктов и вещей.

...У клуні быў патайны пограб, а ў пограбе хаваўся кубел з салам і іншы скарб. Колас. У клеці повен кубел свежыны, пабелена столь, вышаравана падлога. Грахоўскі. Нехта там тупаў, штосьці перасоўваў, стукаў вечкамі кублаў. Ракітны.

@

кудзеліцца (кудзеліць), незак., разм. Становиться подобным на кудель.

Воблачка пяску кудзеліцца над полем. Бядуля. Па вечарах жа, волкіх і росных, клубіцца, кудзеліцца, паўзе адусюль з балот туман. Сачанка. На платах тчэцца шоўк павуціны, і кудзеліць над хаткаю дымок. Бядуля.

@

кудзялянка, -і, ж., разм. Постилка, сделанная из кудели.

Прыгнаў Кастусь статак, хуценька забраўся на катову горку і накрыўся цёплай кудзялянкай. С.Александровіч.

@

кужаль, -ю, м.

1. Очёсанный лён.

А сцюдзёнай зімой у хаціне курной кужаль прала, снавала і ткала. Купала. Бацька полаз габлюе, а маці аж да поўначы кужаль прадзе. Бялевіч. Домна ўсяляк хацела навучыць сваіх дачок прасці кужаль ды ткаць... Парахневіч.

2. Тонкий холст, вытканный из льняных ниток.

Нарэшце, сабраліся ўтрох, каб завітаць туды, дзе былі нашы сцежкі-дарожкі, дзе былі нашы стаянкі, дзе вёскі, у якіх паілі нас малаком, кармілі, чым было ў каго, дзе аддавалі на раны апошнія сувоі кужалю... Янкоўскі. ...З белага кужалю Антось хоча пашыць сабе кашулю і нагавіцы. Бажко.

@

кукла, -ы, ж. Женская прическа в виде закрученной на затылке в узел косы.

Раскруцілася з куклы каса, матлялася па белых плячах - па нажутцы - з боку на бок; ля вуха быў відаць кавалачак грэбня, як прыляпіўся. Пташнікаў. Хусткі ў іх [баб] з'язджалі на патыліцы, і было відаць, як трасліся дробныя, сабраныя з рэдкіх пасечаных валасоў іхнія куклы. Адамчык.

@

купчасты*, -ая, -ае. С большой кроной (о деревьях).

Гуляе вецер над купчастымі макушамі палескіх пушчаў, калыша галіны над свежымі курганамі-магіламі... Колас. Усюды былі дрэвы, з тоўстым стволлем і купчастыя. Чорны. Праплывалі па баках зубчастыя яліны, купчастыя прыдарожныя хвоі. Лынькоў.

@

купчасціцца, незак. Расти кудрявым, с большой кроной.

Ядловец быў мокры, крушыннік купчасціўся над ім і саступаў пакрысе дарогу росламу алешніку. Чорны. Трава прыкметна горшала, вылазіла з яшчэ неглыбокай вады, купчасцілася весела на купінах. Мележ. За колькі крокаў адсюль баравіна спадала ў нізіну, а там купчасціўся ўжо ягаднік ля струхлелых пнёў, чарнела сатлелае голле. Стральцоў.

@

куркоўка, -і, ж., разм. Охотничье курковое ружьё.

Сон на дасвецці ўбачыў: Проню каля Прапойска,.. браценіка Сідара, настаўніка, акоп пад школьнымі вокнамі на беразе Проні, а ў акопе мужыкоў, знаёмых і незнаёмых, каго з вінтоўкай, каго з куркоўкай, а каго і з цаглінай. Карамазаў. Калі па вёсцы пайшла пагалоска, што на канаве панішчылі баброў, Сцяпан з нейкаю нават палёгкай і радасцю закінуў куркоўку за плячо і пайшоў займацца следствам. Жук.

@

курніца, -ы, ж. Курная хата.

Але досыць было пераступіць цераз парог, каб адразу знікла гэтае ўражанне, бо ўсярэдзіне хата нагадвала даўнейшую курніцу... Зарэцкі.

@

кутнік*, -а, м. Обедневший безземельный крестьянин, снимающий для жилья часть комнаты (угол).

Сёння быў першы дзень, калі Міколка ішоў дадому, не баючыся бясконцага дзедавага бурчання і сварак: у яго, вечнага бесхацімца, нарэшце будзе свая хата, у яго, беспрытульнага кутніка і кватаранта, будзе свой родны кут. Тычына.

@

куфель (кухаль)

куфель, -фля і кухаль, -хля, м. Бокал для пива.

На радасцях забеглі ў нейкую сталовую каля Рыбнага рынку ды выпілі па куфлю піва, хоць я і не люблю гэтага пітва. Танк. Па шкле куфля аплывала белая пена і шляпалася пад ногі. Лобан. ...Выняў з партфеля падрыхтаваны Янкам бутэрброд, заказаў і выпіў кухаль піва. Брыль. Ён [чалавек] мяне зразумеў і на мыліцы сігануў да акенца, у якім заўважыў кухлі з півам. Карамазаў.

@

лагаднець, незак. Становиться более покладистым, добродушным, мягким.

Змітро, які з усімі быў жорсткі і суровы, перад ёю лагаднеў, рабіўся мяккі, як воск. Сачанка. Калі былі твае так блізка вусны, зусім не разумеючы сябе, я лагаднеў, нібыта ліст капусны... Макаль. Ступаючы па раллі, заграбаючы пяцярнёю грэчку, Хвошч усё больш лагаднеў, дабрэў. Лупсякоў.

@

ладкаваць, незак., разм. Приводить в порядок.

Калі зайшоў у купэ, там ладкавала рэчы высокая, досыць маладая жанчына. Навуменка. ...Тося ладкавала пасцель, а ён [Антон] стаяў ля акна і глядзеў на вяргіні ў палісадніку. Савіцкі.

@

лайно, -а, н., абл. Единица белья или одежды.

У дарозе людзі захіналі яго [скарб] лайном ад дажджу і ветру разам з галапузымі малечамі, якія дурэлі на возе. Сіпакоў. Як кулак - не кулак без пальца, і «ў абодва не зрыць» аднавокі, так грамадства з адным нешчаслівым каштуе не болей лайна. Караткевіч.

@

ламанка, -і, ж., разм. Охотничье ружьё, которое заряжается готовыми зарядами в гильзах.

Няхай стрэльба - не ламанка, але стрэліць - зробіць знак... Колас. На правым плячы чалавека вісела двуствольная ламанка, а на поясе патроннік, як у паляўнічага. Кулакоўскі.

@

ламачына, -ы, ж.

1. Обломок дерева.

І толькі тады, калі спатыкнулася на ламачыну трэці раз і ледзь-ледзь не ўпала, Ліда пайшла спакайней, тулячы дачушку да задыханых, усхваляваных грудзей. Брыль. Ён [стары] сядзіць перад ачахлым вогнішчам на ламачыне: у ватоўцы, босы, па костачкі ў прысаку. Карамазаў.

2. разм. Поломанная, испорченная вещь.

Яны апрануліся, нават не памыўшыся, і, узяўшы вінтоўку, нейкую ламачыну, пайшлі, сказаўшы, што вернуцца можа сёння, а можа і заўтра. Асіпенка. Сам Сухавей сядзеў на нейкай фатаграфскай ламачыне, а поплеч стаяла Марыля, паклаўшы мужу руку на плячо. Тычына.

@

ласкавець, незак., разм. Делаться ласковее, добрее.

[Дзед] лаяў нас невядома за што. Але потым ласкавеў. Гарэцкі. Калі шчасліва ласкавее і добрыцца цнатлівы смех, - нашто, скажыце, як завея, як асуджэнне - слова «грэх»? Сіпакоў.

@

ластавяня, -няці, н. Птенец ласточки.

...Ледзь чутна папісквалі ў злепленым пад самым вільчыкам гняздзечку ластавяняты... Навуменка. Ах, во яно што! Гэта ж ластавяняты, якія так прывыклі да гнязда, усё яшчэ па звычцы ныраюць з двара ў цемнаваты лаз. Сіпакоў.

@

латашыць*, незак., разм. Рвать без разбору, с жадностью, опустошая.

Тыя, у садку, ужо ўзлезлі на другую яблыню, з кіславатымі невялічкімі яблыкамі, якімі было густа абсыпана сучча, і латашылі іх там у кішані і пілоткі. Быкаў. А як цвілі там, і каля дому на ўзлесках, пахучыя, як мёд, чаромхі! Кастусь нават шкадаваў, калі іх бязлітасна латашылі маладыя людзі на букеты. Якімовіч. А яны са Сцяпанам пачалі латашыць арэхі. Даніленка.

@

ленаваты, -ая, -ае. Немного ленивый, с приметами лени.

Крануць яго [молат] трэба мець сілы, ён змайстраваны не па цяперашніх людзях - слабых і ленаватых. Мікуліч. Вось ён [Мілер] пускае блакітныя кольцы духмянага дыму ад дарагой цыгары, і яго ленаваты мяккі барытон гучыць зусім лагодна. Арлоў.

@

лепшаць, незак., безас. Становиться лучше (о здоровье).

Стары заморгаў вінавата вачамі і хрыплым голасам прамовіў: - Ат, гаворка! Што ў старога можа быць?! От, то лепшае, то горшае. Тычына. З месяц дзед Мікіта ляжаў у бальніцы... Ніяк не лепшала. Дудараў. Яму [дзядзьку] моцна забалелі ныркі. Застудзіў ці што. І потым, дзе б ні лячыўся, колькі б ні грэўся на поўдні - усё роўна не лепшала. Ягоўдзік.

@

леснікоўна (леснічоўна), -ы, ж., разм. Дочь лесника.

Як на шчасце, паявілася леснікоўна. Мележ. А леснічоўне хораша на мурагу на вышках. Барадулін.

@

леснікоўства (леснічоўства), -а, н. Работа, занятие лесника.

- Нагаворыць немцу і з леснікоўства прагоніць... - Няхай праганяе. Многа ты меў з леснікоўства! Чарнышэвіч. Мікалаю давялося леснікоўства кінуць, старую кабылку прадаць. Карпюк. А Міна Марук... голасна, нібы дэкламуючы выказваў свае думкі, якія прыходзілі яму за доўгія гады леснічоўства. Броўка.

@

леснічоўка, -і, ж., разм. Дом лесника и его семьи.

У другім баку, за леснічоўкай, зялёнае мора хвойных і лісцяных вяршыняў - пушча. Брыль. Леснічоўка здаецца доўгай і нізенькай, а акенцы - маленькімі-маленькімі. С.Александровіч. Саўка расказваў, што дарога на Нёман ад яго леснічоўкі зусім простая і ідзе траха не ўвесь час полем. Якімовіч.

@

летаваць, незак., разм. Жить где-нибудь летом, оставаться на лето.

На гэтай пустой кватэры збіраліся студэнты, што заставаліся летаваць у горадзе. Чорны. Гадуюць кабаноў на свежыну, гадуюць сыноў на вайну, усё спазнаўшы на сваім вяку, сяляне, і застаюцца - як на пяску летаваць сані. Барадулін. А бывала, сюды на паляванне толькі паны прыязджалі... Панская псярня тут заўсёды летавала... Тычына.

@

летась, прысл., разм. В прошлом году.

Добра было летась, на пачатку кастрычніка, у маёй, з двума сябрамі, паездцы на Петрыкаўшчыну. Брыль. Летась і пазалетась пан не даў галынаўцам касіць на частку. Якімовіч. Пасля [маці] не выцерпела - пабегла ў хату і вынесла, зняўшы з ложка, палатняную пасцілку ў жоўтыя палосы, новую, вытканую летась. Пташнікаў.

@

лецішча, -а, н., разм. Дом, где живут летом; летнее пристанище.

Прытым жа Слаўнае лепш за якое лецішча. Мурашка. Цяпер рэдка каго з пісьменнікаў там убачыш, шмат у каго, дзякуй богу, завяліся свае лецішчы, працаваць можна дома, а бывала, бадай-што ўся творчая работа праходзіла там. Скрыган.

@

лёк, -у, м. Селёдочный рассол.

У краме цётак Алтарыхі ці Вэльваліхі ён [дзед] часта браў лёк ад селядцоў, а мы, унукі яго, з велізарнай асалодай мачалі хлеб у гэтую салёную жыжку, лічачы яе найвышэйшым дарам. Астрэйка. І смагне селядзец у лёку, і ў лютай пары млее кроп. Барадулін.

@

лёстка, -і, ж. Поперечная планка в кузове телеги.

Лёсткі ў драбінцы на драўляным хаду трасуцца. Баранавых. Сымон прывязаў лейцы да лёсткі, саскочыў з воза... Чарнышэвіч. Праверылі, ці добра трымаюцца лёсткі ў білах, падцягнулі атосы, паправілі палукашак, густа падмазалі дзёгцем колы. Якімовіч.

@

лёх (лёха)

лёх*, -у, м. і лёха*, -і, ж. Ход, прорытый под землёй.

З яго [лесу] гушчэчы, пацямнеўшай ад змроку, як з агромністай закуранай дымам і сажаю лёхі, роўным шэрагам, стройна, як птушкі на адлёце ў вырай, зашнуравала рознакалёрная, рознарослая гавяда. Гартны. ...Выраўнялася і тужэй нацягнулася над высокім берагам канавы ўсыпаная дробнымі каменьчыкамі сцежка, раптам правальваючыся ў глыбокія, вытачаныя снегавою вадою лёхі. Адамчык. Тут, кажуць, ёсць пад зямлёю знарок пракапаныя лёхі. У адну такую лёху наш Сівіца быў траха не праваліўся. Калюга.

@

ліпець, незак.

1. Едва держаться.

Каля яго, на крэсле, якое ледзь ліпіць ад старасці, асцярожна сядзіць Людзін і Анін тата. Брыль. ...Калі я ўзыйшоў на масток: дык здалося мне, што ён ледзь ліпіць і можа рухнуць у кожную хвіліну. Марціновіч.

2. Находиться в запустении, в состоянии упадка.

У садзе за старою афіцынаю аканома ліпела над заплытым стаўком старэнькая закінутая лазенька. Гарэцкі.

@

лісцвянік, -у, м., абл. Лиственный лес.

Скончыўся малады лісцвянік - алешнік ды асіннік, і пачаўся стары бор - рэдкія сосны адна ў адну, аблітыя сонцам. Шамякін.

@

лой, лою, м. Нутряной говяжий или бараний жир.

Хто яго ведае, ці авечы, ці гавяджы; чаго не ведаю, таго не скажу, але лой добры. Чорны. Самым большым далікатэсам была смажаная бульба, кансерваваная з лоем фасоля... Грахоўскі. Я застаўся з машыністам, якому дзяўчынка прынесла абед - паўглечыка малака і запраўленыя лоем бульбяныя аладкі ў місачцы. Хадкевіч.

@

лоўж, лаўжа, м. Сложенный в кучу хворост.

Непадалёк каля вялізнага, замеценага снегам лаўжа рукавом шыняля выцірае слёзы, ад адчаю ці дыму, лейтэнант Ягораў і ніяк не можа ўпаліць адсырэлае сучча. Грахоўскі. ...Кожны пасля сваёй работы забіраў дамоў буйнейшыя ацяробкі, а ўсё дробнае, каб яно не засмечвала, не даводзіла да хваробы лес, зносіў у лоўж і паліў. Далідовіч. Сасмягла, высахла дуброва, уся ў лаўжах, у лысых пнях. Камейша.

@

лузанец, -нца, м. Вылущившийся орех.

Калі я падкінуць збіраўся ў агонь ахапак пажоўклага лісця ляшчыны, апаў лузанец залаты на далонь. Танк.

@

лыч, -а, м. Свиное рыло.

А дыпламатыя - то ж хітрасць, свіння - але хавай свой лыч. Бачыла. Прысаромлены, прыгнечаны, пайшоў певень да карыта, у якім гучна лопаў лычам парсюк. Сачанка. Парсюк тупаў каля парога, наровячыся лычам падчапіць дзверы ў сенцах... Парахневіч.

@

лычасты, -ая, -ае. С длинным рылом.

А потым, праз які год-два, і цялушку агоралі - чорна-белую, з крутымі рагамі Дуньку, купілі жвавенькае, лычастае парася... Сачанка. Раніцай лычастая Ўсцінава свіння хацела схапіць тую глыжку і ўлезла лычам аж у хату. Сабаленка. Ён [Паходня] распытваў пра распарадак на ферме, пра рацыён, пільна аглядаў станкі і іх лычастых жыхароў... Хадкевіч.

@

любізнік, -у, м., разм. Приворотное зелье.

Во як густа пахне любізнік - кудзелістае, з дробнымі белымі кветачкамі зелле. Дзявочая прысуха... Місько.

@

люднець*, незак., разм. Становиться людным.

Кнігарні. Яны ў нас, дзякаваць нам самім, багацеюць і харашэюць, люднеюць. Янкоўскі.

@

люстравацца*, незак.

1. Отражаться, как в зеркале.

Агні люстраваліся ў вадзе, і Ленінград спаў над вадою, як здань, а крокі гучалі... гучалі... гучалі... Караткевіч. Мужчыны адзін па адным, несучы на плячах косы, у якіх люстравалася сонца, сыходзіліся да брыгадзіравай дзялянкі на сняданак. Сабаленка.

2. (таксама люстраваць*). Отсвечивать, как зеркало.

Напрасцяк падаліся да Дняпра, што шырокай звілістай падковай люстраваўся, святлеў удалечы. Сачанка. Люты сям-там здзьмуў з ракі снег, і празрыстыя разводы лёду люстравалі блакітнае сонца. Караткевіч.

@

лявоніха, -і, ж. Беларусский народный танец; музыка к этому танцу.

Толькі адзін Антось Байбак не хацеў злучацца з грамадою і не пераставаў араць пясок, крычучы, каб на яго пазіралі, бо ён паказваў, як даўней скакалі лявоніху. Колас. Перш выбіраў я вуліцы, дзе гуляла-жыло маё сонейка, дзе пыл «Лявоніхі» курыцца пад перазвоны гармоніка. Танк. Пятрок іграў доўга, пасля песняў узяўся за танцы і перайграў ім і казачка, і лявоніху, і страданіе. Быкаў.

@

лясіна, -ы, ж., разм. Единичное дерево.

- Э, ці гэта не бывае, - падумаў сам сабе [чалавек], узяў сякеру ў рукі і нахіліўся, шукаючы, дзе б адсячы канец лясіны. Гарэцкі. Тут ужо стала відаць, як на самай выспе ў канцы іх надзела пахіла вагаўся свежы, з неакоранай лясіны звіты вялізны крыж... Быкаў. Пакруціўшыся, пахадзіўшы вакол, знайшоў [Цікаўны] зламаную (відаць, бураю) сукаватую лясіну, прыставіў яе да сцяны і па ёй палез наверх. Сіпакоў.

@

ляшыць, незак., абл. Делить участок поля на полосы, отмечая края посева.

Ляшыў Мікіта жыта, і як на злосць яму валы скрывілі баразну. Купала. Праслаўляе ён поле... і сяўбу, і агні на рабінах з баравое паляны, і красуню-дзяўчыну, што так ляшыць старанна... Броўка. Толькі пад канец вячэры пачаў раіцца з дзедам, што рабіць заўтра: ці адворваць бульбу, ці канчаць ляшыць жыта ў Дрывасеку. Танк.

@

мажджыр (мажджэр), -а, м., разм. Металлическая ступка для измельчения твёрдых веществ.

...Юзік, не маючы сапраўднага бубна, ішоў паперадзе ды бубніў у бубен, «штацкі» - трымаў леваю рукою аблубіцу з старага рэшата і з усіх сіл лупіў па ёй меднаю качалкаю з мажджыру, якую ціхом сцягнуў ад мацеры. Чорны. Дубовыя гаі непадалёку ад дома насыпалі багата жалудоў: вымачыўшы і ператоўкшы ў мажджэры, можна напячы гаркаватых праснакоў і заварыць кавы. Лужанін.

@

май, маю, м., абл. Молодая зелень деревьев, используемая для украшения.

Пракоп раздзеўся. Яму далі венік, пахучы, як май. Колас. Кузаў машыны паабтыканы маем, у ім было ўжо людзей, большасцю, праўда, маладых, але відны і жанкі, і мужчыны. Жук.

@

макулінка*, -і, ж., разм. Маковое зёрнышко.

Думаеце, лёгка было аўтару хоць дзе-нідзе на малую макулінку свойскага, хатняга, чалавечага ў іх [людзях] напаткаць? Калюга. І не было ні макулінкі зайздрасці ў гэтай думцы... Дайнека. Толькі, дружа, ніякіх прынцыповых уступак ворагу! Ні на макулінку! Калеснік.

@

маладзік, -а, м. Молодой месяц.

...Сумна плыве маладзік бледна-сіні ў небе вячэрнім, зялёным, як лёд... Багдановіч. Над ціхай стомленай вёскай - шчодра зорнае неба і самотны, сарамлівы маладзік. Брыль. Над далёкай на даляглядзе вёскай у сонечным святле весела пабліскваў тоненькі сярпок маладзіка. Асіпенка.

@

мапа, -ы, ж. Географическая карта.

Пан Студніцкі кроіць мапу, крэмзае задачы... Колас. Акрэслены чырвоным алоўкам, шырэйшы зверху і вузейшы знізу, ляжаў на мапе кавалак зямлі... Караткевіч.

@

маркоўнік*, -у, м. Морковная ботва.

Ён [Цярэшка] цягнуў на плячы некалькі тоўстых каліў маркоўніку. Лужанін.

@

маршалак, -лка, м. Предводитель дворянства.

Перад спраўднікам ён [Цімох] быў у протаіерэя, гарадскога галавы, маршалка і манастырскага настаяцеля. Мурашка. Скарына больш здагадаўся, чым пачуў, хто так мнагазвонна крочыць: пераможца пад Оршай, маршалак, гетман, князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі. Лойка. Маршалак Загорскі не абяцаў яму задаволіць просьбу, бо гэта абразіць пачуцці дваран. Караткевіч.

@

местачковец, -оўца, м., разм. Житель местечка.

Местачкоўцы памагалі пагарэльцам будавацца, стаць на ногі, давалі прытулак, хлеб і да хлеба, увесну пазычалі насенне. Грахоўскі. Бабка Аўгіння расказвае бясконцую чараду прыгод, што здарыліся з тым ці іншым местачкоўцам. Навуменка. ...Сюды рыбакі заганяюць лодкі; тут пакупацца і на пясочку пазагараць добра; тут местачкоўцы збіраюцца вольнаю часінаю пасядзець... Янкоўскі.

@

млён, -а, м. Рукоятка для приведения в движение ручного жёрнова или соломорезки.

Сымон трымаў у руках млён, а Мікола - грамнічную свечку. Свечка была мала чым менш ад млёна - палкі, якою круцяць жорны. Колас. ...П'яны, беспрытомны дзед, зачапіўшыся за парог, звіўся ў памялешніку, ды ўстаць яму ўжо не даў гэты цяжкі з булаватым канцом млён. Адамчык. Потым, ужо ўзяўшыся за млён, якім круцяць цяжкі камень жорнаў, [Яніна] хуценька глянула на яго цераз плячук і - от шаляніца-дзеўка! - паказала язык. Дайнека.

@

млынарышча, -а, н. Место, на котором стояла мельница.

Жыве Мітрафан адразу за мастом, на старым млынарышчы. Ракітны.

@

мультан, -у, м. Турецкий табак.

А я засею мультану - даўно ўжо мару я пра гэта. Колас. Мы толькі курым - часцей ды часцей - духмяны, накрышаны дзедам мультан. Брыль. Яму [Матузу] не толькі давалі цыгарку, а насыпалі жменю дробна накрышанага мультану. Грахоўскі.

@

мулярства, -а, н. Ремесло, занятие каменщика.

З зялёных сваіх год Максім налажыўся да сталяркі і мулярства. Чорны. Ён [Карл] падахвоціўся да мулярства, пільна прыгледзеўся да бортніцтва, садаводства і агародніцтва, калі трэба было, браў у рукі шавецкія прылады... Тычына.

@

мур, -а і -у, м.

1. Каменная или кирпичная стена.

З правага боку яна [крата] ледзьве ўпіралася ў мур, два гвазды былі выцягнуты. Чорны. Ізноў я тут, сярод муроў, паміж астрожных сцен праклятых. Танк. І ўжо раслі для светлых хат чырвоныя муры, жыццё сваё на новы лад вялі гаспадары. Бачыла.

2. Каменное или кирпичное здание.

Горад шуміць, вялікі горад, шэры граніт, камяніцы, муры...Танк. Гарачы прысак. Галавешкі. Каробкі чорныя муроў. Бялевіч. У цэнтры Цімкавіч узвышаліся магутныя дубы і вязы, якім было самае малое пад сотню год. У іх патанаў старадаўні царкоўны мур. Тычына.

@

мураванка, -і, ж., разм. Постройка из камня или кирпича.

Ад акадэміі запомніўся шырокі двор з двухпавярховымі мураванкамі шэрага казённага тыпу... Скрыган. А там-сям аднаўлялі больш-менш прыдатныя для жытла мураванкі. Лужанін. Мураванка стаіць пры садку ў рабінах і ясакарах, як прыгажосць не губляецца, не нікне. Янкоўскі.

@

мурзацца*, незак., безас. Затягиваться дымкой.

На небе пачало мурзацца. Ці не дождж збіраецца? Янкоўскі.

@

мурог, мурагу, м.

1. Суходольное сенокосное угодье.

За шэрым схіленым парканам скрыпіць пясок сырых дарог, спадае медны ліст каштанаў на жоўты стоптаны мурог. Танк. Дзед і ўнучка сышлі з дарогі і прыселі на мурог каля бярозы. Краўчанка.

2. Сено из суходольной травы.

Каню Мікіта прынёс аднаго мурагу... Колас. Адкалываліся ды адрыпелі на калдобінах духмяныя вазы мурагу, жыта, ячменю, лёну. Брыль.

@

мусіць, незак. Быть должным что-либо сделать.

Пад пагрозай арышту, нават расстрэлу кожны мусіў працаваць на ранейшым месцы. Навуменка. Зноў і зноў думаю пра тых, хто адсюль за свет паехаць мусіў, і ў хвіліну гэтую чамусьці так шкада мне, так шкада мне іх. Гілевіч. На аселіцы райцэнтра, дзе ўранні мусілі праплываць плыты, за трыма карчастымі прыбярэжнымі вербамі жыла-чакала Яна... Карамазаў.

@

мучанічнік, -у, м. Заросли толокнянки.

Ён [Вяль] на ўзгорак узабраўся над крыніцай і залёг у мучанічніку ў бары... Танк.

@

мышак, -а, м., разм. Конь серой (мышастой) масти.

У вазок быў запрэжаны бальнічны мышак, у перадку сядзеў Мікіта - конюх. Пташнікаў.

@

мядзведзяваты, -ая, -ае; разм. Похожий на медведя, напоминающий медведя.

- Не мог знайсці якога праходу, торба, - вылаяўся ў думках сержант, убачыўшы, як той спачатку перакінуў цераз плот свой аўтамат, а пасля нязграбна пераваліў на вуліцу няўклюднае мядзведзяватае цела. Быкаў. Мажная прысадзістая постаць, нізка пасаджаная на плячах галава з кудлатымі валасамі вогненнага колеру, дужыя загарэлыя рукі рабілі яго нейкім мядзведзяватым. С.Александровіч. На лесвічнай пляцоўцы сустрэлі шырокага ў плячах мядзведзяватага мужчыну - дзядзькавага суседа. Ягоўдзік.

@

мядніца, -ы, ж., разм. Медный таз.

Казік у сподняй кашулі плёскаўся і фыркаў над вялікаю мядніцай. Грахоўскі. Тая [жонка], вярнуўшыся з цёмнага ўжо двара і борздка скінуўшы ватовачку і хустку, вось цяпер мыла рукі над мядніцай. Далідовіч.

@

мянташка, -і, ж. Наждачная лопатка для точки косы.

У скверы пахне сенам маладым, звініць каса пад шорсткаю мянташкай. Бураўкін. Далятаў звонкі шоргат мянташак аб косы. Хадкевіч. За Сажом шаргаталі косы, перагукваліся мянташкі, чуліся вясёлыя галасы і смех. Кірэенка. І чалавек касу мянташкай час ад часу кратаў, каб востраю была увесь свой век. Тармола.

@

навуковец, -оўца, м., разм. Человек, занимающийся наукой.

Зяць яго, вядомы навуковец і паэт з першага пакалення беларускіх савецкіх інтэлігентаў, гадоў некалькі быў маім суседам па пад'ездзе. Брыль. Замяніла [аспірантка] іншым, новым сказам з артыкула, пацверджанага аўтаравым подпісам і аўтаравым званнем навукоўца. Янкоўскі. Цалюткімі днямі на калгасных палях сунуцца ўслед за грузавымі машынамі купкі вучняў, студэнтаў, рабочых, навукоўцаў... Гігевіч.

@

навязаць*, зак., разм. Взять на привязь.

[Маці] сама адвяла каня ў аселічку да ракі, навязала ў белай дзяцельніцы, папыталася, ці напаіў, едучы цераз рэчку... Пташнікаў.

@

надаўжэй, прысл. На больший срок, на более длительное время.

Калі ён [малады месяц] дні за тры абгледзіцца, будзе гадзіць пагода аж да сходніх дзён, а як замакрыцца надаўжэй - наробіць чалавеку псоты нягода. Лужанін.

@

надзем'е, -я, н. Надземное пространство.

Сіняваты струменьчык дыму бясшумна і спакойна плыў угару і туліўся ў кашлатых шапках старых дзеравяк, як бы шукаючы там сабе прыпынку, каб не згінуць бясследна ў халодных прасторах надзем'я. Колас.

@

надхмар'е, -я, н. Пространство над облаками.

Смех дзявоча-пралескавы твой патануў у ясноце, ў надхмар'і. Пушча. І нават арол, што ў надхмар'і кружыў, маёй пазайздросціў бы сіле. Бачыла. Гушкала ў вагоне і трэсла мяне ў аўтобусе. І вось самалёт у надхмар'і нясе. Макаль.

@

наедак, -дку, м., разм. То, чем можно утолить голод.

У засені зараснікаў нерухома стаяць вялізныя, як плашкі, шчупакі, пільнуючы сабе наедку. Лужанін. Валадымавы грушы былі важкія і вельмі ж сопкія, і калі яны ўжо самі падалі з дрэва, то карысці і наедку з іх было мала. Вітка. Які з той бульбы наедак, а ім можа бог ведае калі давядзецца есці. Асіпенка.

@

назіркам, прысл. Не спуская глаз, не теряя из виду (идти, бежать).

Яна заўважыла Васіля, калі ён ішоў за ёй назіркам, і адразу адчула, што папалася і што з-за гэтага будзе вялікая перапалка. Колас. У лесе Косцік вывернуў на другі бок кажух, надзеў на сябе і пайшоў назіркам кустамі. С.Александровіч. Але кожную раніцу [Колька] тупаў каля свае брамкі, пакуль не выйдзе Вера, ішоў назіркам да школы, потым абганяў і першы ўзбягаў на ганак... Грахоўскі.

@

найперш, прысл., разм. Прежде всего, в первую очередь.

Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. Багушэвіч. Найперш і найярчэй успамінаецца... [Арсеню Андрэевічу] адзін малюнак. Марціновіч.

@

налета, прысл., разм. В будущем году, будущим летом.

Колас не ведаў яшчэ, што налета і яго чакае такое самае ўшанаванне і тая ж высокая годнасць народнага паэта. Лужанін. Якой даўжыні каліўца ўдавалася выцягнуць, такі налета будзе лён. Якімовіч. Налета было б яму яшчэ ўсяго пяцьдзесят гадоў. Далідовіч.

@

налецце, -я, н., абл. Лето следующего года.

Як ты мне за працу адплацішся гойна, да вясны к налеццю пражыву спакойна. Купала. Ды іх, гэтых дроў, аж да налецця хапіла. Сіпакоў.

@

напоўніцу, прысл., разм. Набивая полный рот (есть).

А потым, калі бульба спячэцца, здаволены [верасень] дзьмухае, студзіць яе і есць напоўніцу... Васілевіч. Маўчаць, нічога ані мне не гавораць. Толькі закусваюць напоўніцу, ратамі чаўкаюць. Сачанка. Гаспадар смачна, напоўніцу еў сала з мяккім пахкім хлебам, круціў худою жылістай шыяй, нібы збіраўся пад'есці навек. Жук.

@

насевак, -сеўку, м., разм. То, что можно посеять; то, что может посеяться само.

Алесь тужыў па свежай баразне, калі яна вясной... пераварочваецца за плугам з ціхім песенным вуркатам, крышыцца тлустымі, цёплымі камякамі, гатовая і прагная прыняць і залацісты дождж зярнят, і насевак са шчодрага неба. Брыль. Зааром, забарануем, сыпнем ядраны насевак, і запеняцца ўраджаі, закалышуцца напевы. Танк.

@

насенка, -і, ж., разм. Растение (имеющее название женского рода), оставленное на семена.

Праўда, якая ж там насенка была - вядро бульбянога лупіння выпадкова набрала яна [Рэната] на памыйніцы ля нямецкага шпіталя. Савіцкі. Іншы раз загадае брыгадзір падвезці да трактара, напрыклад, вазоў шэсць бульбы-насенкі, Аркадзь падвязе не марудзячы... Гроднеў. Першы калгасны ўраджай амаль увесь вывезлі ў раён: спачатку аддалі сваю пастаўку-норму, а потым, калі папрасіў Пятроў, падкінулі ў раён і насенкі. Далідовіч.

@

насоўка, -і, ж., разм. Носовой платок.

...Доктар Фаўст выцер сваю лысіну белакрухмальнай насоўкай. Лойка. І ад таго, што вельмі часта цёр [Леў Раманавіч] па ім насоўкай, лоб і шчокі балюча гарэлі. Асіпенка. Седзячы за сталом, бацька часта кідаў патайны позірк на такі самы, як і ва ўбогім сынавым жытле, авальны партрэт і потым доўга праціраў насоўкаю пенснэ. Арлоў.

@

настрамак, -мка. Небольшой воз сена или соломы.

Прышлося па тры настрамкі сырой травы на кожнага касца. Крапіва. Прывёз, нібы лясун стары, дзядок настрамак з акалотам... Грахоўскі.

@

наўзахапкі*, прысл., разм. Перебивая друг друга.

Жанчына была ўсмешлівая і гаваркая, не адставалі ад яе і свёкар са свякрухаю. Расказвалі наўзахапкі. Лужанін. Хлапчукі нешта наўзахапкі расказвалі адзін аднаму. Сачанка.

@

наўсцяж*, прысл. Во всех направлениях, в пределах обозримого пространства.

А гул расце наўсцяж у цёмнай далі. Машара. Іх [машыны], не заязджаючы ў гараж, на палеткі павялі шафёры, дзе жыты высокія - наўсцяж копы, копы, мо вышэй, чым горы. Калачынскі. Чырвоным вокам мільгае прытушанае вогнішча, неба нібы выбеленае - наўсцяж засеяна дыяментамі-зоркамі. Навуменка.

@

нахапіцца*, зак. Неожиданно появиться, неожиданно наступить.

Ужо блізка сенакосу нахапілася раптам некалькі навальніц. Мележ. ...Вайткевіча... пыталіся, ці праўда, што ён, будучы бургамістрам у Азярышчы пры немцах, у ліпені сорак трэцяга года наслаў эсэсаўцаў на Серадзібор, каб спаліць яго, але нахапіліся партызаны, і эсэсаўцы былі разагнаны. Пестрак. Ранняе ліпеньскае світанне, якое нахапілася неяк знянацку, заспела мяне ў густым ляшчэўніку. Сабаленка. Нахапіліся раннія марозы, укавалі зямлю на пядзю. Місько.

@

нахмарыцца (нахмарыць), зак., безас. Затянуться тучами.

Рыгор успрыняў гэта, як нешта немінучае і даўно для яго вырашанае, нібы гэта Шура сказала, што на дварэ пайшоў дождж, калі ён сам бачыў, што нахмарылася, і чакаў гэтага дажджу. Крапіва. Ясным летнім днём прыпарыла, нахмарылася, пракаціўся гром па небе, па лесе, па траве, па рэчцы Шачы. Бялевіч. Прыпарыла, нахмарыла, яшчэ не загрукатала над галавою, але без памылкі бачыў, што неўзабаве ўдарыць пярун і лупане навальнічны дождж. Янкоўскі. Неба нахмарыла. Бачыш? Карамазаў.

@

недабачваць, незак. Плохо видеть.

Рэдка бог на людзей пазірае. Ды, мусіць, недабачвае ўжо. Стары стаў, як я. Лужанін. Хутка ён ужо сядзеў справаводам ва ўправе. Ён недачуваў, недабачваў, і хлеб яго пры «цвёрдай» уладзе быў нялёгкі. Навуменка.

@

недавярак*, -рка, м., разм. Человек, не верящий во что-либо, кому-либо.

Ён сказаў такім тонам, быццам быў тут нехта такі, што не верыў, і ён выгаварваў гэтаму недавярку. Мележ. А калі пачалі вазіць цэглу на голае поле ў Займішча, Красанок, а за ім і некаторыя недавяркі ўпотай шапталіся: пакуль пабудуем мураваныя харомы, дык і жыць не будзе калі. Гроднеў.

@

недапрадак, -дка, м., абл. Клок кудели, оставшийся после прядения на пряслице.

Бародка ў яго [дзеда] такая рэдкая і мякенькая, як недапрадак кудзелі на прасніцы: скублі-скублі, пралі-пралі ды, паленаваўшыся, кінулі на смех дзесятак валасін. Лужанін.

@

недасаль, -і, ж., абл. Недосоленная еда.

Падасць бацьку [Хвядос] салянку, а сам недасаль хваціць лыжак колькі. Калюга.

@

недачуваць, незак. Плохо слышать.

Мікіта, як некалі і бацька яго, недачуваў на адно вуха. Чыгрынаў. Некалі даўно, калі я быў яшчэ зусім малы, я прастудзіўся і захварэў на вушы. Мяне лячылі, але з таго часу я крыху пачаў недачуваць. Лупсякоў. Але аб гэтым не трэба было і напамінаць: Міканор ведаў, што Юзік з месяц таму назад пачаў трохі недачуваць. Кулакоўскі.

@

нездаляка, -і, м., разм. Тот, кто не отличается крепким здоровьем, слабый физически.

Адкуль і сіла ў нездалякі старога знайшлася, каб трохі, сагнуў бы Васіля. Мележ. Запрэглі коніка-нездаляку ў сякія-такія санкі і раніцай, калі яшчэ не ўднела, Саламея Гур'яновіч і Параска Засульская выехалі з Вербіч. Сабаленка.

@

непатрэбшчына*, -ы, ж., разм. Ставшие ненужными вещи.

Цягаў у ранцы цэлы склад прыдатнай для выменьвання непатрэбшчыны: іржавыя пёры, царскай чаканкі медзякі, гузікі, падкоўкі для ботаў і нават конскія. Лужанін. Раменная сумка вісела торбаю ў яго на жываце, шынель, як забытая непатрэбшчына, распластаўся на тоўстых таполевых каранях. Кулакоўскі. Хату вызвалілі ад рознае там непатрэбшчыны і вярнулі гаспадыні. Сабаленка.

@

непярэліўкі (непераліўкі)

непярэліўкі, -лівак і непераліўкі, -лівак, адз. няма, разм. Плохо дело, безвыходное положение.

Начальства зірнула, бачыць - непярэліўкі. Лужанін. Халуста зразумеў, што тут непярэліўкі, і адступіў. Чарнышэвіч. Цяпер пану непярэліўкі! Застанецца ён без сена і без барышу. Якімовіч. Няма чаго сёння, калі панам непераліўкі, да трудзяшчых хінуцца. Каваленка.

@

неруш, -ы, ж., разм. Что-либо нетронутое, первозданное.

Гэта той самы бярэзнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбах, напаў на неруш і набраў цэлую сявеньку слаўных баравікоў-бярозавікаў. Колас. А замест большай сцежкі, з вострага кліна далёка ўніз, на ніжэйшыя загуменні ды загароддзі, снежная неруш - вечар такі надыходзіў - праразалася палазамі саней. Брыль. Цяпер на месцы фрэсак белая неруш тынку. Арлоў.

@

нікчэмнік, -а, м., разм. Никчемный, ничтожный человек.

Іх [людзей] думкі, іх жэсты, іх паводзіны нагадвалі рысы звычайных забойцаў, у лепшым выпадку - садыстаў, псіхапатаў, распусных нікчэмнікаў. Лынькоў. І вось паслухай, Пеця, які ён крывадушнік, які ён нікчэмнік. Рылько. Толькі і тут барон паказаў сябе нікчэмнікам. Машара.

@

ніштаваты, -ая, -ае. Удовлетворительного качества, ничего себе.

Шапка была б нават і ніштаватая, каб яшчэ да яе казырок і каб не распоркі скрозь па швах. Чорны. А майткі і рубашка ў мяне яшчэ ніштаватыя. Гурскі. Адзін дзень, другі, часам і трэці, ніштаваты, хоць і рэдкі, крупнік, а потым раптам бураковая дрэнь ці кукурузная прэсная каламута. С.Александровіч.

@

нішчымніца, -ы, ж., разм. Постная еда.

Пачалі заводзіцца ў хаце грошы, дык пачала пакрысе выводзіцца і нішчымніца. Чорны. Адарвала [масла], можна сказаць, ад дзяцей, ад сябе, нішчымніцай тры тыдні давіліся, але збіла на сваю галаву дзве місачкі... Рыбак. Вось бы сюды мяса з паўкумпяка, тады ваш крупнік другім быў бы, а так - нішчымніца. І.Капыловіч.

@

нішчымны, -ая, -ае. Ничем не сдобренный, без ничего.

Місачка бульбянога супу, акрайчык хлеба і марная скварачка - гэта ж толькі на трошкі больш за ўчарашні юдаўскі пачастунак (кубачак кавы і недаедзеная тоненькая лустачка са шмальцам), за той другі кавалак хлеба (нішчымнага). Брыль. ...Астатнія дні іх кармілі рэдзенькім, як вада, нішчымным крупнікам, не даючы нават кавалачка хлеба... Адамчык. Гэтую думку выказала Ярына, падаючы нам гарнушак з нішчымнай заціркай. Бажко.

@

ніякавець, незак. Чувствовать себя неловко, неудобно.

Бледны тварам, кволы з выгляду, з тонкімі рысамі, з зачэсанымі назад каштанавымі валасамі хлопец пачаў ніякавець. Мележ.

@

ночвы, -аў, адз. няма. Корыто для стирки.

...Мужчыны зранку падгалілісь, зусім-такі падмаладзілісь, у ночвах голавы памылі і вусы спрытна падкруцілі... Колас. Дзядзька Антось прыносіў з варывенькі вязку лыка, парыў у ночвах, садзіўся на калодцы і плёў лапці. С.Александровіч. Драгун наліў у бачок вады, паставіў у кухні на керагаз, потым прынёс з хлеўчука ночвы, вынес два табурэты і наладзіў цэлы пральны камбінат. Дамашэвіч.

@

нулёўка*, -і, ж., разм. Машинка для стрижки наголо.

Куды з большай ахвотай пасля гэтага ўсе мы, нагала абстрыжаныя, пад нулёўку, рынуліся ў лазню. Вітка. Падстрыжаны пад ваенкамацкую нулёўку, ён [Гаціла] ужо нічога не робіць, адно толькі чакае гэтай позвы. Сіпакоў. - А мяне толькі што абчыкрыжылі пад нулёўку, не сёння-заўтра павінен ісці служыць, - Федзя здымае кепку, кладзе на траву, мацае валасы, быццам правярае, як яны там. Кудравец.

@

нявыкрутка, -і, ж., разм. Тяжёлое, безвыходное положение.

З Цімошкам мы самі справімся. Прывядзём міліцыянера. Знойдзем яго за самым сінім дымком, і будзе Цімошку нявыкрутка. Броўка. Але была нявыкрутка: у Анісіма раслі яшчэ тры браты, а зямлі ў бацькі - добрым лапцем наступіць. Сабаленка. Калі ж нявыкрутка, і ледзьве трон не падаў, - спраўлялі тут жа ладзьбавання пір, жанілі тут жа родных мілых чадаў і, як пасаг, давалі ў роднасць мір. Бачыла.

@

нядбалец, -льца, м., разм. Нерадивый, халатный человек.

Бяда няўмекам і нядбальцам, хто шнур зжуе няроўным плехам, - Антось яго ўжо дойме смехам. Колас. Ну і дасталося кладаўшчыку ад старшыні: доўга будзе помніць нядбалец. Мележ.

@

нястраўнасць, -і, ж. Нарушение усвояемости пищи.

Пачаў жа ён [леў] раўці ад вельмі звычайнай прычыны: адсутнасць мацыёну, прагулак на якую сотню кіламетраў у суткі цягнула за сабой прыкрую нястраўнасць. Лужанін.

@

пабагацець, зак. Стать богаче.

На развітанні Мартын сказаў Аўгіні: - Ты ж глядзі Алесі. Пабагацею, дапамагу і ёй і табе. Колас. - Сёлета мы пабагацелі разы ў два ў параўнанні з мінулымі гадамі, - меў падставу хваліцца Паходня. Хадкевіч. Што ж скептыкі, ура-грамацеі збянтэжана водзяць насамі: на нафту мы пабагацелі, на дбайных людзей - таксама. Калачынскі.

@

пабольшаць, зак. Стать больше.

І так яны [запаведзі] ў сэрцах гараць, палымнеючы, ясна, нібыта на свеце пабольшала сонцаў нязгасных. Танк. Ахвяр пабольшала, але ў той год і пабольшала расказаў аб страхоццях навокал каменя. Пестрак. Потым іх [аблокаў] пабольшала, яны пачалі кучаравіцца, расці і неўзабаве сталі ўжо кучаравымі. Карпаў.

@

павастрэць*, зак. Стать острее.

Стары бачыў, як напялася на Яўхімавым твары цвёрдая, дублёная ветрам ды сцюжамі скура, як павастрэлі сківіцы... Мележ.

@

павіднець, зак., безас. Стать виднее.

У сенцах павіднела, і ён [Сцяпан], бачачы, куды ісці, павалокся на двор. Пташнікаў. Узышоў барвовы месяц, павіднела. Воранаў. Крыху павіднела - над галавою адкрылася неба. Ягоўдзік.

@

павыразнець, зак. Стать выразительнее.

Цяпер жа рысы гэтага павыразнелі. Чорны.

@

павышэць, зак. Стать выше.

Цяпер жа, калі ён [Віктар] разам з дарогаю ўвайшоў пад шаты, лес, які за гэты час павышэў і пастарэў, здаўся яму чужым... Сіпакоў. Бязвоблачнае неба налілося сінізною, павышэла, толькі паўднёвы небасхіл, адкуль заходзіў кволы ветрык, набухаў воблакамі. Воранаў.

@

павятовец, -оўца, м. Житель уезда.

Побач з зашмальцаванай слясарскаю тужуркай - сівое гімназійнае паліто ці чорныя гузікі павятоўца. Мурашка.

@

пагатоў, прысл. Тем более.

Каб баржджэй уціхамірылася, ніколі Зэнка мацеры не супярэчыў. Гэты ж раз - і пагатоў. Калюга. ...Адгэтуль штурмаваць Берлін адна флацілія хадзіла. У мірным часе пагатоў вось гэты шлях, сяброўскі, блізкі, вядзе цябе да берагоў і чарнаморскіх і балтыйскіх. Лужанін. У маладосці не давялося абзавесціся сям'ёй, а пад старасць і пагатоў. Кулакоўскі.

@

паглыбець, зак. Стать глубже.

Такі ж [Юрка] аброслы, як і раней, толькі вочы паглыбелі, і ўжо свяцілася ў іх не толькі вечная жальба і затоены сум... Чарнышэвіч. Калі сцягнуў [Вяршок] з галавы пілотку і паклаў яе на калена, дык сапраўды было відаць, што паглыбелі на яго галаве залысіны, памаршчынеў лоб, а скроні ды густая шчэць на шчоках сіваватыя. Далідовіч. Амаль гадзіну кідаў зямлю без пярэдыху, калодзеж паглыбеў, і Яшка гукнуў Пятрасу спусціць бак... Воранаў.

@

падалець, зак. Стать дальше.

Ён [лес] цяпер рэдкі і неяк падалеў ад вёскі, ці не ад гэтай цішы і пустэчы? Пташнікаў.

@

падважваць, незак. Приподнимать рычагом.

Пагукваюць хлопцы і падважваюць бервяно. Колас. Не расшпільваючы кажуха, не скідаючы шапкі, [селявік] садзіўся на парозе і гаварыў то да Міці... то да маладое гаспадыні, што стаяла каля печы, падважвала вілачнікам чыгуны... Адамчык. ...Пажылы цывільны дзядзька ў кажуху і малады салдат у шэрым, зашмальцаваным шынялі падважвалі каламі цяжкія замкнёныя знутры дзверы... Далідовіч.

@

падваліна, -ы, ж.

1. Бревно, на которое настилается пол.

Тоня астаўся адзін пасярод гаспадарскай няўладжанасці: трэба было і скляпок дамураваць, і падваліны ў хаце змяніць, і хляўчук новы паставіць. Чорны. Пад падлогу, якраз паміж дзвюх абгніўшых падвалін, вёў шырокі лаз. Місько.

2. Нижний венец сруба.

Хата была ўехала ў зямлю, выгнулася сцяной, але дзядзька паклаў новыя падваліны, штандары, зрабіў прыбудоўку, перакрыў дах гонтамі, павялічыў вокны - нібы ведаў загадзя, што сыдуцца тут дзве сям'і. Навуменка. А яшчэ дні праз тры Андрэй, Костусь, дзед Ігнат, Лявон з раніцы ўкопвалі дубовыя падваліны, а затым клалі першы вянок калгаснай аборы... Васілевіч.

@

падвоканне, -я, н. Место снаружи дома под окнами.

Да зборні пачалі збягацца хлапчукі, якія дасюль віліся па падвоканню ў Прыдатных. Гартны. Відаць, збрыдла вам па падвоканню стоячы. Калюга. Усе, хто хацеў паглядзець і не ўмясціліся, па падвоканню стаялі. Лобан.

@

падворак, -рка, м., разм. Двор около дома.

У істопцы яны з'елі рэшту таго куліча з малаком, і Пятрок пайшоў на падворак. Быкаў. Падмецены чыста падворак, ніякай нідзе пацярухі... Русецкі. Калі ўжо не мог валачы ног ды пачуў пеўняў і зразумеў, што ўжо раніца, выбраў хутар, які стаяў далей ад іншых, падкраўся да падворка, залез у гумно. Карпюк.

@

падгерац, -рца, м. Металлический прут, служащий для соединения шкворня и тройни.

Ляскацеў пад драбінамі жалезны падгерац, яму ўтурвалі сухія бярозавыя ляскі. Мурашка. І каб агонь не звёўся, не затух - мне кузню Валадым даверыць, а я надзену скураны фартух і ўпершыню сам выкую падгерац. Вітка.

@

падпаветка*, -і, ж. Дровяной сарай.

Пятрусь зайшоў да сябе, а ў гэты час Сёмка збегаў у гумно па пракламацыі, пералажыў іх на дзве часткі, для сябе і для Петруся, і захапіў на ўсякі выпадак рэвальвер, які пра запас ляжаў захаваным у страсе падпаветкі. Гартны.

@

падпінак, -нка, м., абл. Ремень в упряжи.

[Юрка] падбягае да Смыка, папраўляе хамут, выцягвае грыву з-пад мокрага лямца, адпускае ніжэй падпінак... Пташнікаў. І пайшоў дзед. Каб падцягнуць падпінак, адвязаць ад дрэўца лейцы, ехаць дадому. Янкоўскі.

@

падруба, -ы, ж. Нижнее бревно в срубе.

Саўка зайшоў з другога боку хлява. У яго ўжо быў на прымеце камень пад падрубаю. Колас. Пачаліся допыты: адзін, слабейшы, не вытрываў і сканаў, а Хведзька з таварышам падкапаліся пад падрубу. Лужанін. Едкі пыл лез у горла, сцінаў дух, але яна [Таквіля] грабла, спадзеючыся, што вылезе яшчэ пад падрубу туды на двор, дзе знойдзе які ратунак і збавенне. Адамчык.

@

падсівіць, зак. Слегка забелить молоком.

Хлопчыку бралі штодня ў Анэты, прыбіральшчыцы, кварту малака. Іншы раз, калі выходзіла, яна з ласкі прыносіла лішнюю шклянку падсівіць крупнік. Пальчэўскі.

@

падсітак, -тка, м. Небольшое сито.

Старая Лукашыха, Аўгеня, прыйшла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Колас. Толькі шукала Русецкая таго падсітка вельмі дзіўна: адчыніла шуфляду. Калюга. Таня паставіла пусты падсітак на стол, села на ўслон і паклала на калені рукі. Пташнікаў.

@

падстолле, -я, н. Пространство под потолком.

На міг малінавым святлом ён [прамень] на падстоллі заіскрыць, то ўспыхне светлым матылём, то здасца - крылле зашуміць. Броўка.

@

падупасці*, зак., разм. Прийти в упадок, в запустение.

Цяпер мне зразумела, чаму ў іх так падупала гаспадарка, чаму яны за апошнія гады так абяднелі. Танк. Але з прычыны хваробы Грыкоўскага школа значна падупала. Луцкевіч.

@

пазалетась, прысл. Два года тому назад, в позапрошлом году.

Пазалетась у ліпені, калі ў інстытутах пачаўся новы прыём студэнтаў, у кватэру маю, на пяты паверх аднаго з пасляваенных дамоў, прыйшла незвычайная госця. Брыль. На дзесятку маладых дрэў яшчэ пазалетась былі прышчэплены галінкі ігрушыны. Дубоўка. Цяўлік яшчэ да вайны хадзіў у чацвёрты клас і зноў пайшоў у чацвёрты, калі пазалетась адкрылася школа. Стральцоў.

@

пазванчэць, зак. Стать более звонким.

Усё асвяцілася спакойна-сонным яго святлом, ёдкасць спусцілася ў мокрыя нізіны, паветра пазванчэла... Гарэцкі. Ужо выпетрала зябліва, пасівела ў гародчыках і пазванчэла бадыллё, і панішчымнела паветра. Стральцоў.

@

пазябліць*, зак. Вспахать поле осенью под весенний посев (зябь).

Загадае [маці], калі на поле ехаць, калі гной вывезці, на зіму пазябліць. Калюга.

@

пакалак, -лка, м., абл. Небольшая палка, обломок какого-либо предмета.

Возьме Яначка пакалак: - Кыш, каб вы павыдыхалі! Пазбіраліся, навалач! - і ляцяць ад Яначкавага пошвырку ўрассыпную куры і парасяты. Крапіва. Нехта блукаў па вадзе на лодцы, ганяўся за пакалкамі і выцягваў намакліцу на далёкі бераг. Лобан.

@

пакідзішча, -а, н. Покинутый, оставленный кем-либо человек.

У Гальваса была ахмістрыня, якая яму страшэнна надакучыла і якую трэба было аддаць замуж не марудзячы. Адчуваючы, што ёй суджана стаць панскім пакідзішчам, яна зжаўцела, ззелянела і пачала сохнуць. Чорны.

@

паклясці, зак. Клясть некоторое время.

Пакляў Сомік Наздрэйку, патупаў каля свінні ды павалок смаліць. Крапіва.

@

пакоша, -ы, ж. Скошенный луг.

Спёка стаіць над спелым жытам, над пакошамі паплавоў, над палосамі цёмна-зялёнай, папярэшчанай белымі кветкамі бульбай... Брыль. А ён, Амелька басаногі, бяжыць, бяжыць расістым логам, ён коле ногі на пакошы. Бялевіч. Яна [Волька] прыгадала адзін леташні полудзень, калі, прыехаўшы з горада ў сяло, пакошаю несла мужчынам абед. Карамазаў.

@

пакрасавацца*, зак., разм. Пожить некоторое время беззаботно, счастливо.

І пабраўся [Ромусь Рабэйка] з польскаю патрыёткаю з Варшавы. Ды нядоўга потым пакрасаваўся на свеце. Гарэцкі. Не доўга давялося «пакрасавацца» ў новай хаце. Хведаровіч.

@

палавець, незак. Выделяться своим палевым (светло-жёлтым) цветом.

Цяжкія чорна-сінія хмары навіслі над зямлёю, пахавалі горы, зліліся з мокрым лесам і то там, то тут мутнеюць, палавеюць і сыплюць пылам драбнюсенькіх капачак. Гарэцкі. Як і ў нас, палавее на доспеве жыта густое, і вясёлыя жаўранкі путаюць вецер струной. Гілевіч. ...На ўзгорках палавее ўжо азіміна. Хадкевіч.

@

палавініць, незак., разм. Делить пополам.

Алесь палавініць з ім [сынам] зарплату і жыве дзеля яго. Грахоўскі.

@

палагаднець, зак. Стать более добродушным, покладистым.

- Таму і не трэба іх весці туды, - злосна гыркнуў артылерыст у ватоўцы і тут жа палагаднеў. Чыгрынаў. А можа нашыя далі немцам у хвост і грыву? І таму яны крыху палагаднелі. С.Александровіч. І сэрца адтала, палагаднела, і сцюжы на сэрцы - як не было. Лось.

@

палазня, -і, ж. Дорога, проложенная полозьями.

Узмежкам, палазнёй, лядком за словам быкаўскім, радком, не ўзяўшы ў правадыркі стому, іду, вяртаюся дадому. Барадулін. Нарэшце, упёршыся полазам у вялікі камень, што ляжаў збоку палазні, воз спыніўся, так і не з'ехаўшы з пагорка. Сіпакоў.

@

паласкавець, зак. Стать более ласковым.

Аж голас яго (заўважыў гэта Пніцкі і здзівіўся) патанчэў і паласкавеў. Чорны. Ужо змякчэла, змучанае за дзень, адышлося ад гарачыні і паласкавела сонца. Адамчык.

@

палойка, -і, ж. Прядка трёпаного или очёсанного льна.

...Высокі дубовы крыж, паўвязваны палойкамі ільну ды рушнічкамі, чорнымі, пазгніваўшымі, пахіліўся на капліцу. Мурашка.

@

палумісак (паўмісак), -ска, м. Неглубокая миска.

Можа ў біклагах скупа віна, ў латках мачанка вымачана, на палумісках мала кілбас, ці караваем абнеслі вас? Танк. Мачыха ўнесла той самы збанок з малаком і наліла яго ў парцалянавы палумісак. Сабаленка. Жонка... забразгаўшы заслонкаю, выняла з печы і паднесла Каетану паўмісак з дранымі аладкамі. Броўка. На хату не вытыкаўся [бусел], аднак і не зашываўся ў цёмны куток пры набліжэнні чалавека, кляваў, што стаўлялі, найчасцей вараную бульбу ў глыбокім паўміску. Лужанін.

@

палюдзець, зак., разм. Побыть среди людей, пообщаться с людьми.

Часам ім [хлопцам] удавалася падкупіць семінарскага вартаўніка і выбегчы на якую гадзіну ў горад, каб палюдзець на рынку або заскочыць у кавярню Навума Гаха, што размяшчалася на рагу вуліц Задамені Качскай і Міхалінскай. Тычына.

@

пампаваць, незак. Качать или перекачивать что-либо помпой.

...Заўзята пампавалі ўчатырох, а Галаскок накіроўваў напорны струмень вады ў найбольш зыркія языкі полымя, час-часом адвільваючы і, нібы незнарок, абліваючы вадою тых, хто трапляў у сферу яго дзеяння. Крапіва. Раней, пакуль я сам не паехаў, Кураўка мяне пераконваў, што Туркі ішлі са сваёю торбай не ў чайную з усімі, а да помпы на плошчы, адзін пампаваў ваду, а другі запіваў ёю хлеб, а потым, на змену, другі. Брыль.

@

панаваты, -ая, -ае; разм. Человек с претензиями на барские манеры, барский образ жизни.

Які ён важны, панаваты, выдатны, «мондры», зухаваты! Колас. А фельчары бываюць вялікія практыкі. Да таго ж: доктар заўсёды панаваты, а фельчар просты чалавек. Чорны. Апошнія гады, праўда, здароўе яго [Фэлькі] падупала. Але і тады ён напрамілы бог прасіў, каб нікога не клікалі, ані доктара, бо той панаваты, ані фельчара Максіма Грынюка, хоць ён і свой чалавек. Тычына.

@

панадворак, -рка, м., абл. Двор возле дома.

І калі запахне кропам, тады, здаецца, устае ў ваччу сонечная-сонечная раніца, калі трапечуцца кропелькі расы на кветках, калі зямля на панадворку яшчэ зябкая ў цяньку, прыемна дакранацца да яе босай нагой. Лынькоў. Гарэзным свавольнікам выскаквае ён [вецер] з-за вуглоў на цесны панадворак, цярэбіць саламяную страху хлеўчука. Быкаў. Цімоха яшчэ да сонца знікаў са свайго двара - балазе кусты падыходзяць як не пад самыя яго сенцы; яму вельмі лёгка было, выйшаўшы на панадворак, нырнуць у іх незаўважна. Сіпакоў.

@

панажы (понаж)

панажы, -оў, адз. понаж, -а, м. Подвижная педаль в ткацком станке, приводящая в движение нитченки.

З бярозы вычасаў ставы ёй новыя, набіліцы кляновыя зрабіў, а панажы выстругаваў кляновыя, навой, як трэба, зарубіў. Купала. Ізноў пачыналі рыпець панажы ў калаўротках, фыркалі, ганяючы вецер, шпулі, мігцелі колы... Адамчык. Глуха ляпалі па ставах набілкі, парыпваў навой, грукалі пад нагамі панажы... Карамазаў.

@

панскасць, -і, ж. Поведение или качество, свойственное пану, барину.

А калі што і заставалася ў народнай памяці з пахаванага, здавалася, мінулага, то яно выклікала ў яе прадстаўленні чорныя моманты прошлага, звязанага з польскім шляхецтвам, з панскасцю і прыгонніцтвам. Колас. Усе скінулі здранцвенне і неяк пажвавелі, толькі палонны па-ранейшаму абыякава сядзеў на адзіным у хаце крэсле, зробленым з нязграбнаю прэтэнзіяй на панскасць. Арлоў.

@

панцак*, -у, м., абл. Перловый суп.

Доўга стыў кавы пах гаркаваты, доўга стыў на стале панцак... Таўлай. Хлопчык завагаўся: спакуса ўзрастала; аднак адказ быў цвёрды і зусім нечаканы: - А я панцаку пад'еў. Лужанін.

@

паншчына*, -ы, ж., разм. Крепостное право.

Дзеялася тое даўно, яшчэ за паншчынай. Гарэцкі. Але вось бяда - мае ён [Яська] зямлі дужавата: цэлую паўвалоку. Колькі падзялілі, як паншчыну скасавалі, толькі і цяпер у іх ёсць. Калюга. Каты былі бедныя, казалі, што яшчэ за паншчынаю ў іхняга прадзеда, бо ленаваўся рабіць, пан адабраў палавіну надзелу. Адамчык.

@

паняверка, -і, ж. Неопределённое положение; потеря веры во что-либо.

Вельмі можа быць, што тут і пачыналася яго [Кастуся] шчасце: прынамсі, цяжкая паняверка не гняла яго душы і не сеяла ў ёй смутку. Чорны. Па сваёй натуры Тодар Пракопавіч Несцяровіч быў аптыміст, ніколі і ні пры якіх акалічнасцях не ўпадаў у паняверку. Сачанка. І ўсё ўстаюць перад намі неадольныя пытанні: чаму яны маглі і чаму апынуліся мы ў такой паняверцы? Клышка.

@

папавазіць, зак., разм. Возить долго, неоднократно; повозить много кого-либо, чего-либо.

Ці мала папавазілі з гарадскога рынку гною за гэтыя гады. Чорны. Двухжыльны ты, мабыць, быў у маладосці, бо спіна шырокая, сапраўды падвойная... Папавазіў і на спіне і ў драбінах... Кулакоўскі.

@

папаездзіць, зак., разм. Ездить долго, неоднократно.

Дарогу на Нясвіж Мікола ведаў добра: за тры гады вучобы ў семінарыі ён тут папахадзіў і папаездзіў. С.Александровіч. Акуліч нарадзіўся ў гэтай мясцовасці, у свой час - са студэнцкіх гадоў - папаездзіў па гэтай дарозе на спадарожных, а таму дарога ўяўлялася яму лёгкаю і простаю. Жук.

@

папас (папаска)

папас*, -у, м. і папаска, -і, ж. Остановка в дороге для отдыха и корма лошадей.

Праз вёску са сваёй дружынай баярын гэты ехаў раз і ля Натальчынай хаціны ён затрымаўся на папас. Купала. Кароткія іх адпачынкі, нядоўгі ў паходах папас. Колас. І вось на першай папасцы, выпрасіўшы ў салдата колькі лісткоў паперы з запісной кніжачкі і алавічок, дробна і густа нешта ўсё [немец] пісаў і пісаў. Чорны. Яны [Глаша і Кацярына Іванаўна] звярнулі на папаску ў бок паселішча. Лужанін.

@

папасвацца*, незак. Пастись где-либо время от времени.

На мусах заўсёды штосьці шукаюць куры, павольна выдыбаюць, гергечучы, гусі, іншы раз нават свінні папасваюцца. Навуменка. Метраў на дзвесце хвасты ў канюшыне аб'едзены: відаць не раз гэтыя кароўкі тут папасваліся. Лобан.

@

папасваць*, незак., разм. Подкармливать лошадей в пути.

Ён [Нявада] бачыў, як шафёры спынялі машыны і ішлі пад дрэва піць і закусваць, фурманшчыкі папасвалі сенам і аўсом тут коні. Чорны. Я спыняўся і папасваў сваю Малінку сакаўным дзяцельнікам, галінкаю збіваў аваднёў... Грахоўскі.

@

папастраляць, зак., разм. Стрелять много, неоднократно; настрелять много кого-либо, чего-либо.

Ось возьмем стрэльбы, пойдзем жыва ды хоць у смак папастраляем і ўсіх глушцоў паразганяем! Колас. Пазабіралі, папастралялі, як авечак якіх. Зарэцкі.

@

папахадзіць, зак., разм. Ходить длительное время.

Хоць і папахадзіў Аляксей па паскоціне, але ўсё ж знайшоў каня за кустамі шыпшынніку. Грахоўскі. Колькі я папахадзіў раней гэтаю зялёнаю вуліцаю! Сіпакоў.

@

папашукаць, зак., разм. Искать долго, неоднократно.

Маўчыце! - гаварыў малы свайму таварыству. - Няхай [Бычыха] папашукае. Кулакоўскі. Ну і папашукалі мы поезд, - соп Юрчанка. Гурскі.

@

папіхач*, -а, м., разм. Человек, вызывающий к себе презрение, которым помыкают, командуют.

...Сяк-так назбіраем на год хлеба; а то прызаробім часамі - так і жывецца. Не важна, бедна, затое незалежна; як і што захацеў - тое зрабіў. Не так - сваё дзела, асабістае. А ў горадзе? - папіхачом быць. Гартны. Чаму чалавек асуджаны быць пешкай, папіхачом, паслугачом уладара зямнога ці нябеснага? Лужанін. Хоць аканом і не пан, але звычайна ў такіх панскіх папіхачоў больш гонару, чым у саміх паноў. Чарнышэвіч.

@

паплаўнічы, -ага, м. Полевой сторож.

Ранейшы панскі паплаўнічы, ён і цяпер наймаўся ўлетку вартаваць ад патравы Заброддзе і Бугайнік. Крапіва. Летась лезнявіцкі паплаўнічы, якога агулам наймала вёска пільнаваць поле, абязвечыў верасаўскага пастушка: секануў цераз галаву бізуном і выбіў вока. Адамчык. Цяпер мінулася тая пара, калі ў калгасе трымалі паплаўнічых. Жук.

@

папоўніцы, прысл., разм. Набивая полный рот (есть).

Хлеб кусалі папоўніцы і, моцна сёрбаючы, праганялі яго квасам. Крапіва. Смачна апёкшы рот і ўсё нутро пахучай, моцнай вадкасцю, Іван пачаў жаваць папоўніцы. Брыль. Дзяўчынка схапіла хлеб і пачала есці яго папоўніцы. Якімовіч.

@

папрадкі (попрадкі), -ак, адз. няма. Сбор женщин в чьей-либо хате, чтобы прясть кудель.

Машэкі імем сталі маткі пужаць, калышучы, дзяцей, а кумкі, збегшысь на папрадкі, аб ім шаптаць адна аднэй. Купала. Узяць тыя самыя попрадкі... Колькі працы над гэтым ільном, часта галодныя - з адной чорствай скарынкай, а збяруцца ў места дзяўчаты і за гэтай няшчаснай зрэбнаю ніткаю - вясёлыя песні. Мурашка. Помню даваенныя доўгія асеннія, зімовыя вечары, тыя, у якія да нас у хату іншы раз збіраліся на попрадкі жанчыны. Сачанка.

@

папрастарнець, зак. Стать просторнее.

Пакой раптам папрастарнеў. Лужанін. З вагона павыходзілі жанчыны з клункамі, і ў праходзе папрастарнела. Хомчанка. Дарога неўпрыкмет папрастарнела, пачала падымацца ўгору і хіліцца... Ягоўдзік.

@

папусціцца, зак. Дать себя в обиду.

Не будзе гнаць [ляснічы] цябе за слова: няма прычын. А папусціся, тады ідзі ды хоць тапіся. Колас. Але ж і папусціцца, абмякнуць нельга, як і ў той час, калі ты трапляў у самыя што ні на ёсць цяжкія варункі... Хадкевіч. Каб хоць сын быў, дык той бы не папусціўся сам і яе [маці] не даў бы ў крыўду. Сабаленка.

@

папялець*, незак. Приобретать пепельный цвет.

Ужо і зоры ночы позняга лета папялець сталі. Чорны.

@

парадкаваць*, незак. Приводить в порядок что-либо.

Яны павячэралі і рыхтаваліся спаць: маладуха слала пасцелі, а старая парадкавала ў печы і ля печы. Гарэцкі. Пакуль зямля падсохла, ён [Антось] тупаў каля хаты, парадкаваў у хляве і гумне, а пасля браўся за плуг і сявеньку. С.Александровіч. Вераніка Васільеўна... парадкавала, тасавала сшыткі, рыхтуючыся да новага, апошняга на сёння ўрока. Рыбак.

@

паразумецца, зак. Прийти к согласию, единодушному мнению.

Я спадзяваўся, што з ім самім мы хутчэй паразумеемся. Лобан. ...Гаспадар хацеў праводзіць госця, але той адмовіўся, сказаў пра гэта прабачліва і ціха, і гаспадар зразумеў, што, можа, так і трэба, што пасядзелі і памаўчалі яны добра, а ў чым паразумеліся, здагадаецца кожны сам. Стральцоў. Канечне, рана-позна братам трэба дзяліцца, заводзіць сваю гаспадарку, але ці паразумеюцца яны мірна без яго? Далідовіч.

@

параніцца, зак., разм. Сделать что-либо, прийти преждевременно.

Асеннія халады ў гэтым годзе параніліся. Лобан.

@

парахня, -і, ж. Древесная труха.

Пад вокнамі ад частых пацёкаў павыгнівалі дзіркі, і з іх сыпалася на лавы парахня. Мурашка. ...Адскочыла [Хрысця] назад, прысела за тоўсты дуплаваты, што пах гнілою парахнёю, камель старое зломленае некалі ветрамі вярбы. Адамчык.

@

паружовіць, зак. Сделать розовым.

Хустка з'ехала на патыліцу, і сонца паспела ўзбіць і без таго пышныя густыя валасы, паружовіць лоб, шчокі, ад чаго яе [Ані] вузкі смуглявы твар памаладзеў і ажывіўся. Дуброўскі.

@

парукацца, зак., абл. Поздороваться за руку.

Высокі і пляшывы, Сідар ступіў на сцежку з альхоўніку, парукаўся і сказаў: - А мы думалі, што па цябе давядзецца ехаць. Чыгрынаў. Ну што ж, паганец, - не хавай рукі, хадзі бліжэй, не бойся парукацца. Сіпакоў. Калі яны [дзядзькі] парукаліся, а потым на нейкую хвіліну заціхлі, пачулі: воддаль шахкае-звініць піла. Далідовіч.

@

парухавець, зак. Стать подвижнее, живее.

Цяпер Саўка злез з печы, ажывіўся, парухавеў, - словам, другім стаў чалавекам, і думак у яго поўная галава. Колас. Свацця зачырванелася, парухавела. Жук.

@

пасад, -а, м.

1. Древний свадебный обряд.

Не, мужыка граф не пакліча з дачкой графянкай на пасад. Машара.

2. Место в доме, куда по свадебному обряду сажали невесту.

Раз бяседа вялікая ў князя была: на пасад дачку княжну садзілі... Купала.

@

пасажны, -ая, -ае. Данный в приданое.

Маці гаварыла гэта, ужо корпаючыся ў сваёй старой пасажнай скрыні. Брыль. Ці ў аднае дзяўчыны ў нашым краі мяне не счакаецца пасажная падушка, на якую схілю з дарогі змораную галаву! Калюга. У дваццаць год Андрэй прывёз са Старыцы ў сваю хаціну маладую жонку - рабаватую, ціхую дзяўчыну - разам з ёмістай пасажнай скрыняй, паўтарагадовым жарабём і каровай-ялаўкай. Хадкевіч.

@

паскупець, зак. Стать скупым или более скупым.

Міхал станоўка, ненарокам ішоў да мэты крок за крокам. Ён паскупеў і нават значна. Колас. ...Першыя два вяселлі цягнуліся амаль не па тыдню, дык няўжо Кудрэвіч на апошняе паскупее. Ядвігін Ш. А для Гарасіма гэта было зусім ненатуральна, бо пад старасць ён паскупеў. Чарнышэвіч.

@

паспродваць, зак., абл. Продать всё до последнего, продать многое.

Плата і штраф былі такія, што людзі паспродвалі, хто меў, жывёлу і адзежу, пазаставаліся голыя. Чорны. Я паспродваў усё, што меў, зняў з кніжкі прызапашанае на чорны дзень, хіба ж мог прыйсці яшчэ чарнейшы? Лужанін.

@

пастарунак, -нка, м. Название полицейского участка на территории Западной Беларуси до 1939 года.

Пшэбора - дзеяч з пастарунку, не просты дзеяч - хват і зух. Колас. Міця збіраўся ў Дварчаны, старое, за вёрст пяць ад Верасава, мястэчка, дзе былі гміна і пастарунак. Адамчык. Гады тры таму назад нас с сакратаром падпольнай камсамольскай ячэйкі Сцяпанам Раманавічам выклікалі ў пастарунак. Карпюк.

@

пасушэць, зак. Стать сухим или более сухим.

Вочы пасушэлі, навучыліся глядзець строга. Скрыган.

@

пасялковец, -оўца, м., разм. Житель посёлка.

Між вёскаю і пасёлкам Янкі Купалы - ні лесу, ні поля, а толькі Даколька і мост на ёй; вяскоўцы і пасялкоўцы рабілі ці папраўлялі гэты мост разам, і дружна, і зладжана. Янкоўскі.

@

патыкаць*, незак. Ткать по основе утком другого качества или цвета.

Пралятай, чаўночак, пралятай, ўзорам бель ручнікоў патыкай, як на поля зялёных краснох тчэ сам травень пахучай вясной. Геніюш.

@

патырчака, -і, ж. Какой-либо предмет, торчащий из земли.

Чапляючыся за галлё і карчы, абдзіраючы рукі аб сухія вострыя патырчакі, хлопцы нацянькі садзілі ў Вайніловічаў двор. Мурашка. Аднак варта было ёй [Ганьцы] збіць аб якую патырчаку да крыві на назе палец, ці парэзаць руку... як яна тут жа пачынала злавацца на гэтага матчынага бога. Васілевіч. За нейкую патырчаку зачапілася аборка... Наўроцкі.

@

паўтраця, ліч., нескл. Два с половиной.

І бацька яго [Кубраковіча] знаўся з папамі ды дзякамі; быў п'яніца і піў з імі, пакуль было за што, а як звёўся з капытоў далоў, то пайшоў у званары за паўтраця рубля на месяц... Гарэцкі. Падыспад, у сядзенне ўкінулі пшонкай пытляванай мукі паўтраця пуда. Калюга.

@

пахватны, -ая, -ое; абл. Удобный в употреблении.

- Нехта сядзіць на гары, - цвярдзіла і бегла спераду, а мужчыны ледзь паспявалі за ёю, адзін з добрым бічом, другі з пахватною сякераю. Дамашэвіч. Толькі Марылька, якая ўвесь час працавала побач са Сцяпанам Фамічом, не ўцярпела, збегала ў домік і, захапіўшы кароткі, пахватны кажушок, накінула яго на плечы Пятру. Краўчанка.

@

пачатковец, -оўца, м. Тот, кто начинает заниматься какой-либо деятельностью.

Гартаю наўдачу: Уладзімір Паўлаў, паэт выяўлены, добра прыкметны, і пачатковец, хай даруе Ніна Радзівончык, можа яна друкуецца і не ўпершыню. Лужанін. Мы пачаткоўцы, сціплыя курсанты, нам дрэвы з лесу не прашалясцяць - пасля якіх баёў «нас у сержанты, бы ў рыцары, нарэшце, пасвяцяць». Зарыцкі. З яе старонак гучыць - у яго жывой інтанацыі - разважлівы голас Івана Мележа, які ўмеў убачыць талент у самага нясмелага пачаткоўца... Палтаран.

@

пачувацца, незак., разм. Чувствовать себя.

Лабановіч пачуваўся добра і вольна і ўвесь час вёў размову то з гаспадарамі, то з паненкамі. Колас. Сымон Ракуцька пачуваўся так, быццам зараз лясне над ім гром. Чорны. Чаму я пачуваўся шчаслівым, забылася. Лужанін. А ў дрывотні я пачуваўся, далібог, лепей, чым прарок Іёна ў чэраве Левіяфана. Арлоў.

@

пачужэць, зак. Стать кому-либо чужим.

Стары менчук, я паўтараю, не помсціў брату і братавай, стаў вышэй над уласніцкай цемрай. Аднак і пачужэў ім да канца. Брыль. Ён [чалавек] глядзеў на ўсё гэта і думаў, што ўсё тут змянілася і пачужэла. Адамчык. Затое свая радня аддалілася, пачужэла. Асіпенка.

@

пачысцець, зак. Стать чище.

Каб сэрцам пачысцеў, думкамі пасвятлеў... Як у Сібіры папакутуе... Няхай жа з богам едзе. Гарэцкі. Хіба што ўдасца перарабляць арганічныя адыходы на нафту, такія праекты і распрацоўкі ёсць, можа тады пачысцее. Лужанін. Калі рукі мае і ногі не так пачысцелі, як пачырванелі, зайшліся ад сцюдзёнай вады, я пакінуў драць іх і, ступаючы на пятах, вярнуўся ў хату. Далідовіч.

@

пелюсці, -яў, адз. няма, абл. Закраины у корыта для стирки.

Усімі рукамі лье дзіця ваду на сябе, на пелюсці начовак, на падлогу. Баранавых. Каля свірна валяліся старыя начоўкі з гнілымі абламанымі пелюсцямі. Каваленка.

@

перабіранка, -і, ж., разм. Постилка, выполненная в технике народного ткачества.

Человек рассцілаў у сенцах ці ў пуні перабіранку, садзіў свой украдзены «пасад», зачыняўся і пачынаў працу: грукне адзін раз пранікам, пачакае крыху, а потым зноў... Сіпакоў.

@

пералетаваць, зак., разм. Пережить лето.

Дзед Богуш, дык той аднойчы, пры мне, нават і павітаўся ўголас: - Здаровы быў, божая птушка! Каб жа лета нам добра з табой пералетаваць! Брыль. Адзімаваў і пералетаваў... Не за гарой і лістапад. Бачыла. Не буду расказваць, як мы перазімавалі, як пералетавалі. Якімовіч.

@

пер'е, пер'я, н., зб., разм. Зелёные листья лука или чеснока.

...Туды, у мястэчка, нарваўшы кошык салаты і нашчыпаўшы маладога пер'я цыбулі, хадзіла мая маці... Адамчык. Кася, калі не забыліся, якраз у гародзе калупалася (ці гарбузы папраўляла, ці пер'е часнаковае звязвала, ці што ёй там трэба было)... Янкоўскі. Яе [бульбу] добра пасыпаць соллю і есці сухама ці нашчыпаць звялага пер'я цыбулі і кусаць з ёю. Далідовіч.

@

персі*, -яў, адз. няма. Грудь лошади.

Сцяпан аброццю прыціснуў галаву каня да персяў, налёг локцем на хамут. Мележ. Беспярэстанку рэгчучы, шаленцам наліўшы вочы, яна [Ластаўка] кідалася па стойле, разбівала персі, ламала праслы і вырывалася да Бутона. Скрыган. Ілья ўжо ляпаў каня далонню па бугрыстай шыі, мацаў персі. Карамазаў.

@

перыць*, незак., абл. Колотить вальком бельё.

Яна, свой скінуўшы каптанік, кашулю падкасаўшы і спадніцу, ўзышла на кладку, ўзяўшы пранік. І перыць стала мокра палаценца... Купала. Каб плынь не падагнала да мастка, на якім звычайна перылі бялізну, мог развітацца навек з роднай трэцяй групаю школы - паблізу нікога не было. Лужанін. ...Верасаўскія маладзіцы, адна перад адной з размаху білі па вымачаным нанач у попеле і складзеным у гармонік на заслонах палатне вагкімі пранікамі - перылі яго. Адамчык.

@

пісароўна, -ы, ж. Дочь писаря.

Маці была ў мястэчку швачкаю, шыла сукенкі папоўнам і пісароўнам, але зарабляла так мала, што часам сядзелі мы не еўшы. Гарэцкі.

@

пісарчук*, -а, м., разм. Помощник писаря.

Прыстаў яго адразу і прывітаў з пачаткам яго кар'еры: пакуль што, вядома, пісарчук, але кожны спрытны чалавек павінен выслужыцца. Чорны.

@

пістаноўка, -і, ж., разм. Пистонное ружьё.

Як бы там ні было, але ў шапцы сапраўды можна было знайсці і люльку, і лусту хлеба, і запасы шроту, і ўсякія іншыя прыпасы для лесніковай пістаноўкі. Лынькоў. Толькі трэба будзе перазарадзіць нашы дапатопныя пістаноўкі... Танк. Антон стаяў і думаў, чым набіта яго пістаноўка. Грамовіч.

@

плечавень, -еня, м., абл. Плечистый человек.

Аднойчы яго [Цімчука] заспеў за гэтым заняткам дырэктар тэхнікума, лысы, каржакаваты плечавень. Левановіч.

@

плугарыць, незак., разм. Обрабатывать землю плугом.

Згарэў даўно ля вогнішча плашч, тады, калі Раман першы раз плугарыў ноччу. Пташнікаў.

@

плытніцтва, -а, н. Лесосплавное дело.

[Прахарэня] доўга служыў у купца Залмана па лясной часці і плытніцтву. Якімовіч.

@

плюшаўка, -і, ж., разм. Жакет из плюша.

Калі ж зачапіць адзежу Макарыхі, то перш за ўсё трэба ўспомніць пра яе даўнюю і вельмі моцную плюшаўку. Кулакоўскі. Плюшаўка яе вісела пад марляю на сцяне, над самым ложкам. Чыгрынаў. Быццам ямчэй уладкоўваў пакункі, Самусік схіліўся над авоськай і спадылба акінуў постаць у чорнай плюшаўцы і бліскучых гумавых боціках - чыя гэта старая? Калодзежны.

@

плябанія*, -і, ж. Дом, в котором живёт ксёндз.

Пасля на хлебе і вадзе ксёндз у плябаніі сядзеў - пасціў, як схімнік, бо сінод такіх не любіць «ваявод». Бажко.

@

пляга, -і, ж., абл. Стихийное бедствие.

Калі ж ты, як нядбайны туляга, за чужыя хаваешся спіны, то няхай на цябе падзе пляга - ты не сын свае маці-айчыны. Колас.

@

пляцак, -а, м., абл. Вещевой мешок.

З вясёлым гоманам з лавак пачалі падымацца гарцэжы, хватаючы свае напакаваныя і туга перацягнутыя паскамі плецакі. Адамчык. Янка, запыніўшыся ў парозе, скінуў з плечука пляцак і апусціў яго на нябачную, але блізкую знаёмую лаву. Далідовіч.

@

повязь, -і, ж. Преемственная связь чего-либо.

...Ты абавязкова адчуеш сваю жывую повязь з тымі - даўно адшумеўшымі маладосцямі, вёснамі, зімамі, радасцямі і бедамі, гадамі, стагоддзямі, пакаленнямі, пачуеш магутны покліч крэўнасці, роднасці, лучнасці... Блакіт. ...Бліскочуць патроны, завуць недажытыя гронкі гадоў... У доўг не магу жыць на звесненым свеце, і повязь суцэльную каб не парваць, - прашуся да вас, землякі і суседзі, пад аграмаднаю ношаю стаць. Панізнік.

@

покуць (покут)

покуць, -і, ж. і покут, -а, м. Место в углу под образами.

На покуць, пад іконы, бацька і дзед кладуць патроху сена і каласавой саломы. Навуменка. І тады асцярожна заварушылася на сваёй лаве ля покуці Бычыха. Кулакоўскі. Ганна сядзела на покуце ўсё з той жа нясмеласцю і асцярожлівасцю, якія не ападалі, не адступаліся. Мележ. Не спяшаючыся, дзед сеў за стол на покуце, паклаў рукі перад сабой на чысты абрус. Асіпенка.

@

поплаў, -лаву, м. Заливной луг.

Я памятаю, што першая ад поплаву стаяла маленькая трохаконная хатка нашага вясковага каваля. Чорны. Узвышаліся плячыстыя стагі на паплавах. Броўка. Над поплавам мокрым пад вечар пыл стаяў да нябес. Караткевіч.

@

порт, -у, м. Льняная или хлопчатобумажная ткань.

А спаткаем чалавека, порт рассцеле ён. Багдановіч.

@

посніца*, -ы, ж., разм. Постная еда.

Язэп, праз цябе, Язэп. І ты ведаеш, чым гэта пахне. Адзін бы я... ніколі ў свеце. Калі ж у хаце посніца. І то, каб не ты, ніколі б я не зачапіў. Пташнікаў. Добра яму, Марціну, быць прынцыповым, калі ў брата кожную раніцу есць бліны, а цяпер часта і скварку даюць. А ў іх, у Піліпчыкаў? Душацца посніцай - ён гэта ведаў. Каваленка.

@

постаць, -і, ж. Полоса поля, занятая одной жнеёй или уборочной машиной.

Мальвіна жала на гары, заняўшы постаць між жанок. Бялевіч. ...Выгляд зжатай постаці разам з радасцю за скончаную работу заўсёды, мне здаецца, пакідае нейкі вярэдлівы сум, які цяжка бывае растлумачыць. Сіпакоў. «Хуткая» асцярожна паплыла па дарозе, пачалі раз'язджацца машыны, і камбайны заступілі ў постаць. Жук.

@

поўня, -і, ж. Луна в фазе круглого диска.

Над партызанскімі лагерамі, дзе патухла зарыва, зноў зачырванелася неба, там узыходзіў месяц - сцёртая зверху поўня: паказалася з-за лесу, з-за вострых елак. Пташнікаў. Уставала сонца. У бездань неба нырнула поўня. Кірэенка. Ззяла поўня, з усіх бакоў абсыпаная яснымі зорамі, яшчэ адна поўня ззяла на вадзе пад тым, далёкім берагам. Карамазаў.

@

почапка*, -і, ж. То, с помощью чего можно прицепить или привязать какой-либо предмет.

Вінтоўку жоўтаю раменнаю почапкай павесіў на тын ля кухні. Быкаў. Весела боўтаюцца на почапках каромысла вёдры, і нібыта вызвоньваюць нейкую песню, і самі ж пад яе скачуць. Дудараў. Зямля ўжо не хісталася пад нагамі, пабялеў у вачах снег, і ён [Дзімка] ступіў да санак, узяў у рукі почапку. М.Капыловіч.

@

пошум, -у, м., разм. Тихий шум.

Зайграй жа пра новыя дні маладыя, пра наш адваёваны край, пра пошумы ніваў і былі лясныя зайграй жа, Даніла, зайграй! Пестрак. Не ўціхайце ж, бярозы, шуміце, каб яшчэ доўга чулі ў вашым пошуме людзі галасы ўсіх, каму жылося тут горка і беспатольна. Лужанін. У святаянскую ноч сярод змрочнага пошуму лістоты і еркатання ваўкалакаў хмары раптам чырванелі ад жару... Карпюк.

@

прававацца, незак., разм. Доказывать кому-либо свои права, свою правоту.

...Але скажуць яны свайму чалавеку ветлае, лагоднае слова, дармо, што скарбовыя парабкі, а іхны пан з баркаўчанамі за сервітут правуецца. Калюга. Век [маці] нікому не змоўчыць, усё правуецца з людзьмі, дзярэ гэтую зямлю ад самае вясны, матычыць поле, жыта тое сярпом пілуе ад цямна да цямна. Жук.

@

прадажнік, -а, м. Человек, продавшийся за обещание, вознаграждение.

Гэта быў стары, месцамі крануты іржой сямізарадны наган, якім мы ў сваёй вёсцы яшчэ да роспуску кампартыі і камсамола палохалі штрэйкбрэхераў ды розных іншых прадажнікаў. Карпюк. А часам падае руку з усмешкаю сяброўскай місіі прадажнік той, што на вяку ў мяне не вымаліць амністыі. Пысін. З легенды засталіся: Юда - здраднік, прадажнік; срэбранікі - плата за здраду... Янкоўскі.

@

прадвесне, -я, н. Канун весны, предвесеннее время.

Адно з вясной яснай Палессе ускрэсне, спаткае няшчасна вясну і прадвесне. Купала. На ўзгорку ля камення раслі палыны, на ўзлеску цвілі верасы, на прадвесні адгэтуль на ўзбалоцце сцякалі каламутныя ручаіны снегавой вады. Чорны. А сэрца? Сэрца хоча жыць як рунь, чакаючы прадвесня. Машара.

@

пражмо (прыжмо), -а, н., абл. Колоски ржи, запечённые на огне.

Пахне пражмом, але іначай, як ад жмені каласоў, мацней, аж пяршыць у горле. Карамазаў. У руках у хлопчыка было самае непрыдуманае, самае сапраўднае, рэальнае - аж слінкі пацяклі! - пражмо. Кірэенка. Ці то ўспомнілася яму, як некалі вадзіў коней на начлег, пёк бульбу і рабіў прыжмо, ці то дзяўчынка так уразіла - толькі Кандрат Сідаравіч расчуліўся. Лупсякоў.

@

празрысцець, незак. Становиться прозрачным.

Месяц неяк адразу ж змізарнеў, зрабіўся бледны і кволы - яго амаль не відаць было ў небе, якое проста ўвачавідкі празрысцела, шырэла, зелянела, а на ўсходзе ўжо дзе-нідзе і ўсміхалася... Сачанка. Смуга над полем празрысцела, танчэла, - зменлівая і неазначальная для вока смуга. Стральцоў.

@

пракідацца, незак. Изредка встречаться, попадаться среди чего-либо.

Адзін схіл гары быў пакрыты жоўтым глыбокім пяском, сям-там пракідаліся чэзлыя кусцікі ядлоўцу, купінкі чабору і астраўкі белага баравога моху. Колас. Дзе-нідзе ў хвойніку пракідалася бяроза, часамі траплялася асіна. Чорны. На ўскраіне горада, дзе раней рос бор і цяпер зрэдку пракідаюцца выносістыя сосны, узвышаюцца карпусы трактарнага завода... Гурскі.

@

праставаць, незак., разм. Идти напрямик, не сворачивая.

Пагаманіўшы з голлем, дамоў прастуе дзед, мяркуючы павольна, што складна зроблен свет. Лужанін. Тодаркаў бацька больш ніколі не хадзіў нацянькі. Бо, дзеці, яно так і выходзіць: хто прастуе, той часам дома не начуе. С.Александровіч. Наступны ўсплёск азарыў белую постаць, што ўваходзіла ў лес, і чорную вялікую постаць жанчыны, якая праставала да млына... Караткевіч.

@

прастарнець, незак. Становиться просторнее.

Святлеў, прастарнеў намружысты, вузкі калідор у суботу па апошняй лекцыі. Калюга. І прастарнеў Радзімы шлях. Лужанін. Здаецца, тады хата прастарнее і святлее. Тычына.

@

прахапіцца, зак. Внезапно очнуться ото сна, пробудиться.

Аднае ночы ўсе прахапіліся са сну ад вялікага крыку. Лынькоў. Ад дзіцячага крыку за сталом прахапіўся Сотнікаў, чырвонымі са сну вачыма зірнуў на хату, але, згледзеўшы побач таварыша, зноў лёг на траву. Быкаў. Прахопіцца на світанні Зінаіда Трафімаўна, да акна хутчэй, у мокрыя шыбы пазірае. Бялевіч.

@

праява*, -ы, ж. Необыкновенное проишествие.

Гоман, вохі і здзіўленне непакояць больш сяло: - Ось праява! Ось здарэнне! - толькі й гутаркі было. Колас. Запомнілася і яшчэ адна праява з Леўкам. Сабаленка. Нечаканая праява развесяліла іх абаіх. Наўроцкі.

@

пробашч, -а, м. Католический священник, возглавляющий приход.

А пробашч у турботах не разагнуў спіны ў касцельным сутарэнні. Бажко. Ён [Тамаш Зарэмбоўскі] сябраваў з панам пробашчам, нават меў пры касцёле нейкі чын. Сабаленка.

@

просва, -ы, ж., абл. Металлический болт для запирания ставен.

...Тут - замкнёны ўваход, аканіцы на просвах, за дрывамі прыхованы лаз у падвал... Лужанін.

@

протар, -а, м., абл. Иголка с поломанным ушком; обломок металлического стержня.

Толькі выняў Сцяпан капшук, каб закурыць, пачаў прачышчаць цыбук прывязаным да капшука драцяным протарам, як спыніўся каля яго Баранок. Крапіва. На табе, качачка, хлебца кусочак, а ў асяродак - сталёвы кручочак. Хапай ротам, глытай протар. Вітка.

@

прочкі, -чак, адз. няма. Уход из семьи в результате ссоры, размолвки.

Ён [Пракоп] проста выказаў свой пратэст, абурэнне і крыўду ў форме гэтых старых традыцыйных прочак. Колас. Даўняя спрэчка паміж зацікаўленымі асобамі вырашалася звычайна прочкамі. Сыходзіла жонка - быў вінаваты муж, сыходзіў муж - лічылася пераможанай жонка. Стральцоў. Не ад мужа, а найперш ад свёкравай знявагі яна [Зося] яшчэ пазалетась сыходзіла ў прочкі... Далідовіч.

@

прошча, -ы, ж. Место или предмет, обладающий, по представлению верующих, чудодейственной силой.

Як у прошчу па лек, стане йсці чалавек к мохам высланай крушні камення, - ад звана чарапок, цэглы - муру кусок - будуць несці падмогу ў цярпенні. Купала. Па полі, як праведзена мяжа калгаснай і вясковай зямлі, ідзе з прошчамі натоўп сялян. Галавач. Ён [Ігнась] любіў марыць, але адчуваў, што мары не задавальняюць яго. Мо таму і пацягнула яго да прошчы. Чарнышэвіч.

@

пругло, -а, н., абл. Длинный шест у колодца.

Недзе рыпнула калодзежнае пругло, па вуліцы з вёдрамі прайшла жанчына... Скрыган.

@

прыблуда*, -ы, ж., разм. Приблудное животное.

Звер скупы і злосны - да логава другога не пусціць і блізка, на прыблуду кідаецца з зубамі - крыві не мінуць. Пташнікаў. І на бяздомнікаў-прыблуд [сабакі] гірчаць з нянавісцю былою, хоць у прыблуд вучыцца тут, як не расстацца з галавою. Грачанікаў.

@

прыбянтэжыцца, зак., разм. Немного смутиться, сконфузиться.

Ён [Назарэўскі] змоўк і сам прыбянтэжыўся. Чорны.

@

прыганяты, -ага, м. Приказчик, приставленный для надсмотра за работой крестьян.

Помніце, як упрагалі нас тройкамі, як бізуном не адзін быў забіты, як раз'язджалі калісь прыганятыя... Танк. Шмат чаго бачылі на сваім вяку старыя бярэзіны. Бачылі, як сцябаў селяніна бізуном панскі прыганяты. Галавач. І зненавідзелі яго паны, сабралі сваю сілу, усіх цівуноў ды прыганятых, ды падпанкаў лютых, падцікавалі аднойчы асілка... Кірэенка.

@

прыгон*, -у, м. Крепостное право.

Угары краталіся ад ветру старыя сосны, высокія, аж у неба, што раслі на Яськавым балоце недзе яшчэ ад прыгону. Пташнікаў. Было гэта яшчэ за паншчынай, год, можа, так за дзесяць да скасавання прыгону. Тычына.

@

прыдомак, -мка, м. Приставка к фамилии.

...З пірага і дваранства гэта пачалося. Кароль польскі - бац, прывілей: даць Леановічам прыдомак «пара», а як на іхняй мове гэта дрэнна гучыць, то перарабіць на «пора». Караткевіч.

@

прымацтва, -а, н., разм. Жизнь в чужой семье на правах примака.

Яна [Капіталіна], нібы назнарок, шукала сустрэч з Лёшкам, балюча падколвала, саланавата жартавала з Лёшкавага прымацтва... Асіпенка. Яму б [Міхалу] і ў галаву не прыйшло з тым Алесем, з яго прымацтвам да іхняй Гарпінкі. Сабаленка.

@

прынамсі, пабочн. По крайней мере.

Да вечара дзень цягнуўся вельмі марудна, прынамсі яму так здавалася. Чорны. Хто ведае разгадку ці, прынамсі, здагадваецца пра яе?.. Зуёнак. [Радзюк] адчуваў сябе паўнапраўным пераемнікам, прынамсі хацеў, каб усе гэта адчулі і зразумелі. Жук.

@

прысак, -ску, м. Горячая зола.

Восеньская радасць маленства - дым сцелецца над шэрым полем, а ў прыску, зразумела, пячэцца бульба. Брыль. Ухадзіўшыся, Вера лягла ў пасцель, узяла кніжку, а Драгун усё хадзіў па пакоі, варушыў прысак у печы, каб хутчэй перагарэў і каб можна было зачыніць комін. Дамашэвіч. Пясок на пляжы быў як прысак, аж падэшвы ног пёк. Сабаленка.

@

прысвятак, -тка, м., разм.

1. Канун праздника.

Якраз прыпала так, што Кастрычніцкае свята было ў нядзелю, а субота стала прысвяткам. Дубоўка.

2. Небольшой праздник.

Кожны прысвятак ці свята людзей поўна наша хата. Крапіва. Проста не збыць было без работы доўгіх піліпаўскіў вечароў у святы ды ў прысвяткі. Калюга.

@

прыскрынак*, -нка, м. Ящик на боковой стенке сундука для хранения мелких вещей.

Калі ён [Кастусь] адамкнуў куфар і паклаў у прыскрынак золата, быццам з душы яго спала што цяжкае. Чорны. Дабро з машыны згружалі ўсе гуртам, колькі было рук: хто клуначак хапаў, хто каструлю, хто прыскрынак з нажамі-відэльцамі, хто мяшок з атопкамі... Лобан. А ў малым прыскрынку, што збоку прыбіты, акрамя караляў, стужак аксамітных, ёсць і жменька грошай, на долы, на труны, на шчырасць апошняй гасціны хаўтурнай. Геніюш.

@

прысценак, -нка, м. Боковая пристройка.

У хаце нікога не было, толькі чутна - у прысценку за дзвярмі матка ляпала ў качарэжніку вілкамі. Гарэцкі. Выгнутаю сцяною, якая выходзіла на вуліцу, яна [хата] вельмі ж ужо выпіралася ў агародчык - так і здавалася, што нехта моцны, упёршыся рукамі ў прысценак між акон, піхае яго з хаты. Сіпакоў.

@

прытомніць, незак. Приводить в чувство.

...Я памятаў і яшчэ памятаю - тады непасрэдна, а сёння з даўно па-бацькоўску сталай адлегласці, - як я ляжаў на зямлі, як мяне прытомніла наша суровая сухаватая маці. Брыль.

@

прычолак, -лка, м., абл. Усечённый сверху скат четырёхскатной крыши.

- То заходзьце онь у гэну хату з прычолкамі, - праз дым паказалі Зубрыцкаму асядласць баркаўскога багатыра. Калюга. Запечны абібок - наш кот Цімох - знайшоў ужо сухое месца на прычолку страхі і шчасліва мурлыча пад промнямі ласкавага сонца. Брыль. Прыгарадная, невялікая, з хораша памаляванымі частаколамі і прычолкамі, і аканіцамі вёска. Янкоўскі.

@

прычыніцца, зак.

1. Послужить причиной.

Можна сказаць з упэўненасцю, што гэта ён [Вялічка] першы прычыніўся да таго, што вобраз яе вырысоўваўся перад усімі, як незвычайны. Чорны.

2. Оказаться причастным к чему-либо.

Ён [Давыд] яшчэ перад вайной выпісваў «Нашу ніву» і хоць не вершам, але крыху прычыніўся да краснага пісьменства. Калюга. Разам з гэтым чалавекам прыйшла пагалоска, праўда ці чутка, нібыта прычыніўся ён да паўстання матросаў недзе на Чорным моры. Лужанін.

@

прэнт, -а, м. Металлический стержень.

Нявада, які стаяў, хапіў у сябе з-пад ног нейкі гнуты прэнт з раструшчанага грузавіка і з першага размаху апусціў яго на галаву маладога чалавека... Чорны. Міця сеў, аглядаючы невялікі пакойчык з адным, забітым жалезнымі прэнтамі акном, з вялікім, як шафа, сейфам у кутку, з точанаю драўлянаю вешалкаю... Адамчык. Андрэй Чмель плюшчыў вочы і пакручваў доўгімі абцугамі тоўсты жалезны прэнт, што быў ужо чырвоны ад агню. Савіцкі.

@

пульхнець, незак. Становиться пухлым.

У шырокай печы ля парога весела гарэлі дровы, клекаталі, з сіпеннем плюхаючы варам на вуголле, чыгуны і ўвачавідкі пульхнеў на патэльні жоўты, як паўдзеннае сонца, блін. Хадкевіч. Падушка - блінец-блінцом, нават узбівацца не хоча, бо няма ад чаго пульхнець: пер'я ў ёй адна жменя. Кулакоўскі.

@

пушчанскі, -ая, -ае. Имеющий отношение к пуще.

А зараз ён [тэўтон] як чарвяк, на якога магутным капытом наступіў пушчанскі зубр. Дайнека. А ўначы да пушчанскіх бароў пастушок іх завёз на драбінах. Арочка. Мясціна ў той час была глухая, пушчанская, з топкімі багнамі, дрыгвістымі балотамі. Ягоўдзік.

@

пшанічышча, -а, н. Поле, засеянное пшеницей или с которого убрали пшеницу.

Андрэй хапіўся за галаву: - Бяжы на пшанічышча, бяры аднаго каня, запрагай і гані па доктара ў мястэчка. Чорны.

@

пылок*, -лку, м. Лёгкая, негустая пыль.

У куточках Алесевых вуснаў, з-за паднятага, прыцярушанага снежным пылком каўняра, здавалася, кожны момант гатова была зайграць усмешка. Мележ. І гэтага было даволі, каб пылок замітусіўся ў самых блытаных кірунках, каб зусім непрадбачаныя ў ім з'явіліся віры. Калюга. ...Іржэ гудок, працуюць шасцяронкі, і ходзіць нюхаць ён [Жмінда] мучны пылок, мучны пылок прыносіць ён да жонкі на ганарыстай барадзе. Русецкі.

@

пыніцца, незак., абл. Управляться по хозяйству.

Жанчына стала пыніцца ў хаце і, каб не разбудзіць бацьку, рабіла ўсё ціха, асцярожна, хадзіла на кіпеньках. Кулакоўскі.

@

пытальнік, -а, м. Вопросительный знак.

Потым здалося, што пад струнамі, у проразі, падобнай на граматычны пытальнік, тырчыць нейкі белы ражок. Кулакоўскі. Чырвоным алоўкам падкрэслены некаторыя радкі і паасобныя словы, сям-там стаяць пытальнікі і клічнікі. С.Александровіч. Яны [вершы] нават знешне стракацелі клічнікамі і пытальнікамі, працяжнікамі і шматкроп'ямі. Тычына.

@

пыцель (пыталь), -тля, м.

1. Вальцовая мельница.

Выстарайся яму, Зэня, малатарню, сячкарню, вальцы пад пшанічны пыталь, цэнтрыфугу... Чорны. Асыпаны на корх пылам ды кастрыцаю, стаяў між вялізных драўляных кол яшчэ не бязгодны рухавік; на сваіх месцах у чынным парадку тырчэлі пытлі, грамаздзіўся непарушны пастаў з двух камянёў. Гартны.

2. Пеклеванная мука.

А дзе ж мне той пшаніцы на пыцель набрацца? Брыль. Туман, ацярушаны пытлем, цадзіў белаватую боязь. Пушча.

@

пэндзлік*,-а, м. Кисточка для рисования.

Усе смяюцца, а пані Мар'я бярэ ў Даніка яго пэндзлік, набірае ім чырвонай фарбы і пачынае папраўляць яго няшчаснае яблыка. Брыль. Першы раз за ўсю гэту бясконцую размову вейкі ў яе [жанчыны] здрыгануліся, зліпліся ў мокрыя акварэльныя пэндзлікі. Лужанін. Вацура памятаў таго маленькага мужчыну, вастраносенькага, з кароценькімі, як пэндзлікі, вусікамі, з рыжымі калючымі броўкамі, падобнымі на ячмянёвыя каласкі. Карамазаў.

@

пярун*, перуна, м. Удар грома.

Мільгнула маланка адблескам далёкім. Ударыў у елку гняўлівы пярун. Купала. Я люблю часіну навальніцы, калі б'е пярун па ўсіх ладах і злуюцца ў хмарах бліскавіцы, кроплі асыпаючы на дах. Панчанка. І лепш бы ўжо пярун хутчэй ударыў, ці ўсё ільдом паскоўвала зіма. Бачыла.

@

пярэбірак, -рка, м., абл. Пласт сена, который можно поднять граблями, вилами.

Ён [фурманшчык] абцёр яго [каня] саломай, накрыў халатам, знятым з сябе, добра даў яму сена: на хаду скубянуў пярэбірак сена з чужых саней і падкінуў свайму каню. Чорны. Вера хапае пярэбірак на коўзкія вілы, а ён рассыпаецца і падае пад ногі. Грахоўскі. І бацька навучаў мяне тады, што не трэба спяшацца, трэба акуратненька браць граблямі сабе пад ногі той пярэбірак, што падасць ён віламі, і ўжо толькі тады хадзіць па ім, таптаць. Сачанка.

@

пярэзімак, -мка, м., разм. Годовалое животное.

Мне прыйшлося хата і адрына, а яму хлеў і ток. Ён узяў сабе адну карову і пярэзімка. Баранавых. Хлопчык так задумаўся, што не заўважыў, як Красуля і цялушка-пярэзімак убілася ў шкоду. С.Александровіч. Чацвёрты [воўк] - пярэзімак, - выкачаны ў гразь, у руды торф, ляжаў ля другой пярэчкі. Пташнікаў.

@

пярэлетак, -тка, м. Полугодовалое домашнее животное.

Цяпер: хлеў. У хляве - дзве каровы і пярэлетак. Баранавых.

@

пятнастоўка, -і, ж., абл. Пятнадцатилетняя девочка.

Сама сабе саромеецца прызнацца [Адарка]: абы згледзела Ваню ў канцы вуліцы, здаецца, і бегла б насустрач, нібы пятнастоўка. Лужанін. Дый шчасце не любіць, каб пра яго ведалі многія, яно цнатлівае, да палахлівасці, як дзяўчынка-пятнастоўка... Сачанка.

@

пячонік, -а, м., абл. Картофелина, запечённая на огне.

Адбіўся хіба ад сваіх, заблудзіўся і згаладаўся так, што рад пячоніку?.. Сачанка. Смешныя ў яго выходзілі пячонікі: зверху вуголле, а ўсярэдзіне цвёрдыя як камень, - ні ўкусіць, ні ўгрызці. Ракітны. А праз якой паўгадзіны, мо нават менш, яны справіліся ці, сказаць лепей, расправіліся са сваімі пячонікамі і ажно пашкадавалі, што ўсе. Дамашэвіч.

@

пячура, -ы, ж., абл. Ниша сбоку шестка, куда загребают уголья, пепел.

Салома па баках згарэла хутка; аставалася ляжаць толькі на карку ў парсюка чырвонай кучкай, як жар у пячуры ў печы... Пташнікаў.

@

пячыста, -а, н. Блюдо, приготовленное из больших кусков мяса, запечённого на огне.

У першую нядзелю па вялікадні на полацкім кірмашы ўдава рыбака Агафія, кінуўшы на прылаўку рашоты з пячыстамі, як каршун наляцела на рослага сухарлявага чалавека з дарожнаю кайстраю на плячы. Арлоў.

@

рагавень, рагаўня, м. Табакерка, сделанная из рога.

Дабыў з табакай рагавень і храпы напіхаў цяртухай, - бо не ўжываў я цэлы дзень! Тарас на Парнасе.

@

рагач*, -а, м., уст. Деревянная соха.

А ўжо ты, Марыля, за рагач бярыся, або ты, Агата, будзь у нас араты. Колас.

@

радняны, -ая, -ае. Сделанный из рядна.

У самым большым пакоі паслалі пахучага мурагу, далі пад вуха падушкі і радняныя коўдры. Лужанін. Парваны радняны лахман прыкрые ссінелыя целы. Пушча.

@

разбараніць, зак. Разнять дерущихся.

Ледзь разбараніў іх наш бацька, адцягнуў ад ягамосця дзядзьку, павёў назад на панскую ферму. Сачанка. З цяжкасцю ўдалося мужчынам разбараніць іх, утаймаваць дзве нечалавечыя злосці. Ермаловіч.

@

разлягацца*, незак. Наполняться громкими звуками.

На вуліцы ж што робіцца? Ад песень яна разлягаецца. Жартаў у меру і зверх яе. Калюга. Спалі [ваенныя] дзень да вечара, спалі ноч - храплі без аддухі, аж хлеў разлягаўся... Пташнікаў. Не раз браты браліся загрудкі, а іх жонкі - зачубкі, і хата аж разлягалася ад сваркі. Сабаленка.

@

разнасцежыць, зак., паэт. Открыть настежь.

Волі дух узляціць, чалавек непакорны разагне ланцугі, распрастаецца ён... парасхліствае вокны, разнасцежыць дзверы і ўзарвецца паўстанне з муроў гарадскіх. Лужанін.

@

разьбярыць, незак., разм. Заниматься художественной резьбой, ваянием.

Дзень добры!.. Выразаеце кійкі ў вольны час? Разьбярыце? Куляшоў.

@

рала*, -а, н. Толстый сук.

Некаторыя хвоі аж на ралы пабіліся, вяршаліна часта віламі ўбок пайшла. Чорны. Дрэвы раслі на прыволлі: яны былі высокія, тоўстыя ў абхваце, з разгалістымі раламі. С.Александровіч. У ёй [бярозе], у дупле, ніжэй рала, жыла шпачыная сям'я. Жук.

@

рамізнік, -а, м. Извозчик наёмного экипажа.

Ты прыедзеш у горад, дасі рамізніку адрас, і ён прывязе цябе на кватэру. Чорны. Мы прыехалі на рамізніку ў раён, вядомы як паселішча мясцовых чыгуначнікаў. Лужанін. Афіцэры саскочылі з пралёткі, сунулі рамізніку грошы і, пазвоньваючы шпорамі, пайшлі... Гурскі.

@

расіцца, незак. Становиться мокрым от росы.

Сек [Лявон] спачатку ад краю, не лез далёка, не хацеў расіцца, але, калі ўсё ж вымачыўся, пашыўся глыбей. Калодзежны.

@

расіць, незак., разм. Мочить росой.

Канец бядзе, нудзе і гору - не росяць вейкаў кроплі слёз. Бялевіч. Высокі густы бульбоўнік блытаўся ў нагах, расіў адзенне. Сачанка.

@

раскрыжоўваць, незак. Разделывать ствол дерева на части в поперечном направлении.

Малады хлапец з веснавым рабаціннем на твары раскрыжоўваў у гэты час тоўстую яліну. Чарнышэвіч. Ён... авалодаў лучковай пілою, спрытна валіў дрэвы з пня, раскрыжоўваў, калоў, словам, выкладаўся, не шкадуючы сілы... Грахоўскі.

@

распалавініць, незак., разм. Разделить приблизительно на две равные части.

Не хацела яшчэ раз Мацвеевай добрасцю пакарыстацца ды і Марыны такі ж пабойвалася. А той бы прывалок, распалавініў бы [соль] і прывалок. Лобан. ...Раман распалавініў вайсковую форму, у якой уцёк з дзеючай арміі, і замест гімнасцёркі надзеў бліскучую сацінавую кашулю... Чыгрынаў. Знешне такі здаровы і магутны, а ўсярэдзіне - чарвівы. Мабыць, шапка чыстая - і я грыб распалавініў. Супрунчук.

@

распанець, зак., разм. Приобрести барские привычки, замашки.

Бач ты іх, распанелі, журнал не запаўняюць, адзнакі не пастаўлены, усім незадаволены ды яшчэ бэсцяць сумленных работнікаў... Грахоўскі. Антон пагрозліва ўстаў, і старая на ўсякі выпадак падалася бліжэй да дзвярэй, прымірэнча загаварыла: - Вот ужэ распанеў, і слова яму не скажы! Жук. Бо, мае галубкі, раз чалавек трапіў у штаты, то навек і сам ад работы адбіўся, і жонка распанела. Дуброўскі.

@

расстайны, -ая, -ае; паэт. Связанный с расставанием.

Чаму ж на расстайных гасцінцах, шляхах жураўліных, даўно перацвіўшая сніцца каліна?.. Танк. Хай прычашчэннем да тайны стане нам глытка вады, каб пацалунак расстайны быў, як агонь, малады!.. Гілевіч. О зямля мая, зорка расстайная, адлятаючы, забяры мяне, не пакінь з той заклятаю тайнаю... Зуёнак.

@

рата, -ы, ж., разм. Одна из частей общей платы, долга.

Узяў хату на выплату, штогод выплачваў наступную рату, і так выплата расцягнулася на многа год. Чорны. ...Бо купля была зроблена ў растэрміноўку і паспрабуй апазніся з наступнай ратай. Лужанін.

@

рахавацца*, незак., разм. Сводить счёты, вести взаимный учёт обид, претензий и под.

Пасёрбаў ён [Пархім] крыху локшыны ды пайшоў на вёску, дзе ўжо збіраўся, рахаваўся баркаўчанскі маладзеж. Калюга.

@

рачкаваць, незак., разм. Работать не разгибаясь, ползая на четвереньках.

Праўду, аднак, кажучы, дык і нашто яна, тая патрэба прасці ды ткаць ці, не разгінаючыся, рачкаваць у зямлі, калі зусім другое жыццё настала. Васілевіч. Бацька даглядаў авечак, маці разам з іншымі жанчынамі ад цямна да цямна рачкавала з капаніцай у гародзе... Сачанка. Неаднойчы [сын] слухаў яго [Жэню] і неаднойчы бачыў, як яна [Маня] рачкавала ў барознах бульбы, поўзала на каленцах па градах, полючы агуркі ці буракі... Гіль.

@

рубель, рубля, м. Толстая жердь для прижимания сена или снопов на возу.

Вазы як бачыш растуць. А некаторыя накладзены ўжо і прыціскаюцца жоўтым сасновым рублём ды абводзяцца ўжышчамі. Мурашка. Спуджаны конь турзануў убок з дарогі, сцялежыўшы і перавярнуўшы туга сціснуты рублём воз. Адамчык. Сена было мяккае, шаўкавістае, настоенае на густым лугавым водары, але ўціснута рублём і вяроўкамі гэтак, што і пальцаў нельга нават уторкнуць. Рыбак.

@

рудаўка, -і, ж., разм. Болотная вода рыжего цвета.

На балоце рудаўка багністая рассыпаецца ў плачу і квоху: - Гэй, брыдзіце ка мне, ветры мглістыя, па сцяжынках пуховага моху. Бядуля. Ажно бяжыць Надзя з пустым вядром, з ног да галавы мокрая, у балотнай рудаўцы і чорнай жужаліне-твані, на сябе не падобная. Гіль.

@

ружовіць, незак. Окрашивать в розовый цвет.

Агата глядзела, як Фэлька глядзеў Алімпе ў вочы, як ружовіў хмель Алімпін твар. Чорны. Сонейка хмарку ружовіла, ветрык яе лёгкім адзеннем пагойдваў. Карпюк.

@

рум, -у, м., разм. Место на берегу реки, откуда сплавляют брёвна или где вяжут их в плоты.

Як толькі на дварэ стала паказваць на вясну, некрашоўскія плытагоны пачалі збірацца на румы. Лобан. Хлопцы хадзілі з дзядзькам Антосем на рум, дзе завіхаліся плытнікі каля высокіх ярусаў бярвенняў. С.Александровіч. Некалі гэтым бальшаком, які зваўся гразівецкім - вёў на Гразівец, - з пушчы на рум, у Пагост, на машынах ды конях, болей на конях, вазілі лес... Карамазаў.

@

руплівец, -іўца, м., разм. Прилежный, рачительный, старательный человек.

Прыцяжэння зямля маладая мая, ты - жаноцкай красы таямніца, а я, твой руплівец... гатовы табой захапляцца. Русецкі. Пачуў сваё сэрца там, дзе хадзіў, ствараў і аздабляў роднае жыццё, упрыгожваў родную зямлю руплівец, што хораша, глыбока, назаўсёды пазнаў, хто ён, дзе ён жыве і з кім ён, дзеля чаго жыве. Янкоўскі. Але пакуль вучоныя думаюць над новымі машынамі, якім пад сілу будуць і пацяжэлыя нашы ўраджаі, нядрэнна працуюць і яны, стомленыя полем рупліўцы. Сіпакоў.

@

рухавіць, незак. Заставлять двигаться, приводить в движение.

Міхасёнак не раз ехаў на такім кані, які ішоў з нізка апушчанаю галавою і неахвотна пераходзіў на бягу; такога крыху ажыўляў і рухавіў бізун, але не вельмі. Янкоўскі.

@

ручайка, -і, ж.

1. Веретено с намотанными на него нитками.

- Упільнуеш іх, - прарыпацела старая, і верацяно загуло зусім як у маладой - дапрала, відаць, ручайкі і запрала новае верацяно. Мурашка. Часам мужчыны памагалі Ганне змотваць ручайкі. С.Александровіч. Лісавета, напраўшы дзве ручайкі, заўсёды спяшалася дамоў. Чарнышэвіч.

2. абл. Пучок льна, конопли.

За паклонамі б'юць церніцы паклон, за ручайкаю ручайку грызуць лён. Крапіва.

@

рызыкант, -а, м. Дерзкий человек, готовый идти на риск.

...Варожыя кулі ціўкаюць, цокаюць па бярозавых камлях. - Пойдзем адгэтуль, - кажа. - Тут прастрэльваецца. Сам бачу, што «прастрэльваецца»! Злосць мяне разбірае: храбрасць сваю хоча паказаць, рызыкант! Бялевіч. Бываюць от жа такія рызыканты - ты яму кол на галаве чашы, а ён адно выскаляецца. Вітка. Бач ты яго, рызыканта! Перад машынай дарогу пераязджаць! Карпюк.

@

рышток, -тка, м. Водосточная канавка.

Скрозь у полі снег пазганяла ў лагчыны і прыдарожныя рыштокі. Чорны. Каб размінуцца з рамізнікам, трэба перачакаць у бліжэйшай браме, з-пад варот якой і зімой і летам плыве ў рышток нейкая атрутная гразь. Танк. Сягоння ў рыштках, каля крам пасцеле ім ночка пасцелі. Пушча.

@

рэзгіны, -гін, адз. няма. Приспособление в виде верёвочной сетки на деревянных дугах для переноски сена, соломы.

Хлюпала пад нагамі, калі Марка ішоў у ток з рэзгінамі каровам трушанкі ўзяць. Калюга. Ён [дзядзька Антось] ішоў з гумна і нёс рэзгіны трасянкі. С.Александровіч. Алесь зачыніў адрыну, ускінуў на плечы рэзгіны з сенам і паволі пайшоў да конскага хлява. Чарнышэвіч.

@

рэхва, -ы, ж., абл. Железный обруч, который нагоняют на бочку, деревянную колодку колеса, сваю и т.п.

Усё стаяла на сваім месцы, як і пакінуў; толькі ззаду, пад комлем, хтось уткнуў новую скрынку з напільнікамі, малаткамі, разцамі, шаблонамі, рэхвамі і шрубамі. Гартны. Рыпелі гужы на аглоблях, як сухастоіна ў лесе, шоргала рэхва на задняй восі аб калодку, мякка ступаў конь, але Кароль не чуў... Адамчык.

@

саета (сает)

саета, -ы, ж. і сает, -а, м. Тонкое высококачественное сукно.

На вяселле-разгул наплыло, як на сход, госці знатных зусюль, на паўсвету, гэткай гучнай бяседы не помніў народ, гэткіх скарбаў, брыльянтаў, саетаў. Купала. Праз ноч адну на цэлы свет цудоўны шые ён [мароз] сает. Дубоўка.

@

сакуны, -оў, спец. Беларусы, твёрдо произносящие звук [с] в частице -ся.

Толькі я не з паўднёвай часткі, а з паўночнай, бліжэй да Гомеля. Сербаў - вучоны такі быў, відаць, чулі, ведаеце, - адносіў нас да сакуноў. Сачанка.

@

саладзець, незак. Становиться слаще.

На яблынях жа наліваюцца цудадзейнымі сокамі, саладзеюць яблыкі... Сачанка.

@

саланець, незак. Становиться солёным, более солёным.

І зноў саланее на вуснах: - Адзіны з адзіных каханы! Аколава.

@

сальнік*, -а, м. Торговец салом.

На самым праходзе між вазамі стаяў местачковы сальнік Адольф Крывадубскі, з кублам на возе. Чорны. Кожны дзень я хадзіў дадому па харчы і назад ішоў, несучы вялізны гладыш маслёнкі, якую мы бралі ў Фрумы, буханку хлеба і калі-нікалі кавалак мяса, свіных костак, якія даваў сальнік Паўлюк у доўг на адпрацоўку. Хведаровіч. Сымон пачаў заганяць у кутузку былых гандляроў, калішняга валаснога пісара, сальніка, некалькі «падкулачнікаў», не пашкадаваў і роднага дзядзьку Васіля Сапегу. Грахоўскі.

@

самотнічаць, незак., разм. Находиться, проводить время в одиночестве.

У задуме глядзіць Хомка на галузванне і дуронства малых, і, калі іх пачынаюць біць за тое, што адураюць галаву, ён палахліва прыліпае ў куточку і жаласна самотнічае ў ім. Гарэцкі.

@

сапсець*, зак., разм. Выжить из ума.

І дзед махаў рукою: - зусім бацян сапсеў! А бусел думаў тое ж, але сказаць не ўмеў. Лужанін.

@

сасмягнуць*, зак. Истомиться от жажды.

Меншыя нашы - Грышка і Косцік - зусім сасмяглі, аж румзалі ўжо. Сачанка. Сінеча, спакой і пустэча над зрубам. Сасмягла даўно жураўліная дзюба. Камейша.

@

сахор, сахара, м. Железные вилы, предназначенные для накидывания навоза.

Не відно было яе [Еўдакіі] і на агародзе, хоць ужо многія гаспадыні гнуліся ля плятнёў з рыдлёўкамі ды сахарамі. Кулакоўскі. А як выкуе тапор ці нарог альбо сахор - не нацешацца дзядзькі: вось каваль у нас які! Якімовіч. Яму памагала Еўка: начапіўшы на жалезны сахор заплеснелыя пласты, нясла далей ад дзвярэй... Адамчык.

@

сацьмець, зак. Догореть постепенно, без пламени, тлея.

Агонь, забыты людзьмі, хутка апаў, сацьмеў. Мележ.

@

свінаваты, -ая, -ае; разм. Проявляющий низкие (свинские) качества.

Аканом запнуўся, падбіраючы слова. Усе ведалі яго як служаку грубага, свінаватага. Якімовіч.

@

свяжак, свежака, м., разм. Прохладный, свежий ветер.

Ці пену з заліва здзімае свяжак? Барадулін. На вуліцы, на свежаку [Мікалай] адчуў хутка, як змяняецца настрой. Тычына. Я ніколі не бачыў цябе - такую, зарумяненаю на свежаку ў кажушку вышываным з апушкаю... Арочка.

@

селядзёўка (селядцоўка), -і, ж., разм. Сельдяная бочка.

Там Ворка на рагу карчму трымае, а ў карчме людзей, як селядцоў у селядзёўцы, там сабе знойдзеш добрага чалавека, каб сваю бяду яму расказаць. Калюга. Згнецены вы тут, як селядцы ў цеснай селядцоўцы. Гарэцкі.

@

сенаванне, -я, н. Заготовка сена.

...Не закончана сенаванне, а ўжо асыпаецца жыта, не закончана жніво, а ўжо, бачыш, падганяе бульба. Сіпакоў. Не толькі не хацеў, а і не мог я губляць набыткаў на пастухоўстве і на сенаванні, на вучобе і на будоўлі - спрыту, лёгкасці, рухавасці. Янкоўскі. Тады яшчэ цікавей ішло сенаванне. Ягоўдзік.

@

сенаваць, незак. Заготавливать сено.

Дзень той выдаўся сухі і ветраны - ужо сенавалі. Адамчык. Тое балота - бралі на часць, сенавалі - рабілі сена. Янкоўскі. - Дык не ведаеш, дзе Сідарук? - На лузе, - падказаў Вяртун, які ўсё заўсёды пра ўсіх ведаў. - Сянуе ўжа каторы дзень. Далідовіч.

@

серадольшы (селядоршы), -ая, -ае; абл. Средний по возрасту.

На другі дзень трэба ісці серадольшаму брату. Сержпутоўскі. Раскідаліся Шэметы па свеце: Мацвей у Некрашах, у калгасе, Лукаш у Менску, у аспірантуры, а гэты, серадольшы, тут раптам аказаўся, на Ўстроні. Лобан. Селядоршых пабралі раней, а старэйшага ўлетку. Брыль. У селядоршага, пастрыжанага ў рады хлопчыка пад чорнымі жучкамі вачэй дрыжалі нявыцертыя слёзы... Адамчык.

@

сёлета, прысл. В этом году.

Ты бачыш, колькі ў нас з табою сёлета работы? Скрыган. Я па ўсіх прыкметах бачу - будзе сёлета багаты ўраджай. Панчанка. У канцы жніва Міхал сказаў жонцы: - Як ты думаеш, маці, можа варта сёлета дажынкі справіць? С.Александровіч.

@

скавароднік, -а, м., абл. Плоский круглый хлеб, испечённый на сковороде.

Неўзабаве яна [Гануся] спякла такім парадкам тры скавароднікі, пульхныя і тоўстыя. Чорны. Потым, праўда, калі пайшоў ён, Раман, працаваць у леспрамгас, муку пачалі даваць, то на стале час ад часу з'яўляліся і аладкі, скавароднікі. Сачанка. І сніць Раман, што ён у роднай хаце, што бесклапотны хлопчык ён яшчэ, прыбег з гуляння і глядзіць, як маці к абеду скавароднікі пячэ. Зарыцкі.

@

скавыш, -у, м., разм. Сквозной ветер с характерным звуком, напоминающим завывание.

Няміра адубеў, стоячы на скавышы, не бачачы людзей на пустой вуліцы. Чорны. А вось тыя Зэнкавы аднагодкі, на каторых у гэту пору лахманы матляў вецер у чыстым полі, каторыя стылі на скавышы, пасучы статак, - тыя ведалі гора. Калюга. Але нашых плеч не сагнулі ні замець, ні снег, ні скавыш, - гайдаліся рэчышчы вуліц, высокія вежы Масквы. Глебка.

@

скалка, -і, ж. Капля жира на поверхности воды или жидкой еды.

Не давялося яму, беднаму [Трахіму], і разу глытнуць. А такая была на погляд капуста смачная, харошая, з бліскучымі скалкамі. Калюга. Кастусёвы абеды ўсім прыйшліся па густу: і крупнік густы, скалкі плаваюць, і дабаўка ёсць. С.Александровіч. Абмакне [гаспадар] крышан хлеба ў крупнік ці ў капусту са скалкамі, ці ў іншае што, аднясе пад самы парог, хлеба пакладзе каля чарапка... Янкоўскі.

@

скарач, -а, м., абл. Полотенце с длинной бахромой.

Следам за мужыком адчыняе дзверы і гаспадыня ў падранай шарачковай куртцы і падпяразаная скарачом з махрамі. Калюга. Ды аблавухіх панічоў давай шалёстаць скарачом. Крапіва. Я з дзядзькам Рыгорам сядзелі пры ім [Ячэні] па чарзе, мачылі ў халоднай вадзе скарач і клалі яму на галаву, часта давалі піць. Якімовіч.

@

скварыць*, незак. Жарить на огне (сало, жир и под).

І нос яго не ашукае, вядзе, як компас, у той двор, дзе гаспадыня запраўская пячэ бліны і скварыць здор. Колас. Я рад, што было мне суджана вырасці у той жа хаціне, дзе ты ўладарыла, дзе спраўна так грэла, пякла і скварыла. Вярцінскі.

@

скіба*, -ы, ж. Пласт вспаханной земли.

Але ўсё ж, у часе жніва зноў зярном я лягу ў ніву, каб расці на гэтых скібах каля бацькаўскай сялібы. Танк. З ім [трактарам] стрэўся салдат у палях, і з радасцю сеў за руль, і паплылі за ім чорныя тлустыя скібы. Кірэенка. Ззаду за ім [трактарам] пераварочваліся чорныя скібы і, вільготныя, блішчалі на сонцы. Пташнікаў.

@

складанчык, -а, м., разм. Складной ножик.

Сагнулася. Падняла адну дзярнінку, капанула складанчыкам. Гарэцкі. Узяў кошык, акраец хлеба і жаўтлявы, мяккаваты шматок сала, вышчарблены братаў складанчык на шнурку і - пайшоў, трохі баючыся, каб не трапіць каму вельмі на вочы... Стральцоў. Паўлік дастаў зроблены ў кузні складанчык, спрытна выстругаў лаўцы. Левановіч.

@

скрыляць, незак., разм. Нарезать ломтиками, снимать слоями.

Ксеня, наравіста ададзьмуўшы губы, скрыляе скрэбеную бульбу ў гаршчок. Калюга. Яма ў яе [Клані] пад нагамі шырэла: яна скрыляла ў яе ад берагоў чырвоную ліпкую гліну на ўвесь штых старой рыдлёўкі... Пташнікаў.

@

скурат, -а, м., разм. Обрезок, кусок кожи.

Чалавек... быў у шарачковых нагавіцах, зрэбнай кашулі пад кароткай ватоўкай з афарбаванага ў руды колер палатна і ў падшытых скуратом лапцях. Чорны. Бацька сядзеў каля стала. Меркаваў скурат да пераплеценага лапця. Баранавых. Чаму няма шчасця беднаму чалавеку? Ён круціцца, як скурат на агні, б'ецца, як рыба аб лёд, каб вылезці з беднасці, і ніяк не вылезе. Чарнышэвіч.

@

слібізаваць, незак., разм. Читать по слогам.

У Кастуся «Родное слово»; ён слібізуе ўсё нанова, але склады штось не выходзяць і хлопца ў злосць адно прыводзяць. Колас. На словах з «Слоўніка замежных слоў» ён [сакратар] трымаўся, слібізаваў па складах і наракаў на члена бюро... Калюга. Я сядзеў на печы і слухаў, як вучні слібізуюць склады, чытаюць, вучаць табліцу множання, і ўсё гэта ўголас. Чарнышэвіч.

@

слівіна, -ы, ж. Единичное дерево сливы.

Васю ўдаецца аддзерці ад камля слівіны невялікую пасачку светла-жоўтай смалы, і ён аддае яе брату. Навуменка. Усяго і засталося ад некалі дагледжанай і вясёлай сядзібы - з пяток пакалечаных яблынь, падапрэлая ў камлі і ўсохлая ў галінах слівіна і зусім здзічэлая груша-рагач. Кухараў. Не прыхінайся да плота, слівіну зломіш. Дайнека.

@

сліўняк, -у, м., зб. Заросли слив.

Пад саменькімі нашымі вокнамі добра кусціўся малады сліўняк, а ўздоўж драцяной агарожы шчыльна стаяў, вызверыўшыся калючымі лапамі, агрэст. Лужанін. А на завулічных агародах, бо малінаўцы жылі па адзін бок вуліцы, уздоўж усіх платоў густа рос вішняк і сліўняк. Чарнышэвіч.

@

смагнуць (смягнуць)*, незак. Изнывать от жары, жажды.

І смагла зямля, і тужэла яна, няўзятаю сілай сваёю набрыньвала... Лужанін. Дваццаць гарачых дзён мы смаглі ў паходзе ад спёкі. Хведаровіч. Хто сказаў - вада без паху? Хто сказаў - вада без смаку? Той, відаць, не смяг у спёку і ад смагі ў суш не млеў. Сіпакоў.

@

смажэнікі, -аў, мн. няма, абл. Жареный картофель.

Днём бабка пасадзіла іх (дзяцей) за стол і накарміла капустай і смажэнікамі з маладой бульбы. Васілевіч.

@

смаляк, -а, м. Смолистый кусок дерева.

Там ён [Косцік] выграб з пячуркі чырвоныя вугалі, угарнуў іх у закарэлую анучку, схапіў смалякі і бяросту, што ляжалі пад прыпечкам, і выбег з хаты. С.Александровіч. - Ну, то раздзявайся, сынок, - завіхаючыся каля прыпечка, на якім палалі ўжо смалякі, сказала маці. Васілевіч. А Прахор ужо злазіў з печы, і за ім падалі смалякі, што сушыліся там. Дайнека.

@

смык, -а, м. Деревянное приспособление для рыхления земли и заделывания в неё семян.

Зямлю саха і смык мярэжыў, а што ты мела з свайго жніва? Колас.

@

сніць*, незак. Видеть сон, видеть во сне.

Усе малыя спалі, толькі зрэдку з ціхім мерным дыханнем злучалася глухое мармытанне: дзеці штосьці снілі. Мележ. Перад тым, як прачнуцца ад Бычышынага шоргання, Багдан сніў прыгожы, радасны сон. Кулакоўскі. Я ўспомніў, як маці, калі ёй сніліся нябожчыкі, ішла ў царкву і ставіла па тым, каго сніла, памінальную свечку. Карамазаў.

@

солтыс*, -а, м. Сельский староста в Западной Беларуси.

Солтыс яшчэ з вечара заказаў, і Шурка ўжо запрагаў каля хлява, калі іх удвух зайшло ў расчыненыя вароты. Брыль. Солтыс загадаў усім сабрацца да крукоўскага свірна. Сабаленка. Марудзіць няма чаго, бо, калі мы выходзілі з нашай хаты, у вокнах солтыса яшчэ свяцілася. Машара.

@

спажываць*, незак. Использовать как пищу.

Выхваляецца [Васіль] дачай, якую мае пад Ленінградам, на Карэльскім перашыйку, рыбай, якую ловіць у азёрах і рэках, а потым вяліць, сушыць, спажывае з півам. Навуменка. - Спажывайце на здароўе! - высыпаўшы ягады, пажадаў хлопчык і хутка знік з вагона. Гурскі. Некаторых [курэй] парэзаў, а некаторых, мабыць, трымаў у катуху і спажываў паступова. Кулакоўскі.

@

спакайнець, незак. Становиться спокойнее.

Але ўжо адышоўшыся крокаў трыста, малады чалавек пачаў спакайнець. Чорны. Але вось святло ліхтара выхоплівала яе [сувязістку] аднекуль зноў, і я спакайнеў. Пестрак. Толькі каля самага Балтыйскага мора [Заходняя Дзвіна] спакайнее, і берагі ў яе робяцца нізкія. В.Вольскі.

@

спалатнець, зак. Стать бледным, как полотно.

Малады чалавек зірнуў на яго, спалатнеў раптам, не ведаючы - загаварыць з ім ці не. Чорны. Скасавурыўшыся трохі ўбок,.. Люба зусім скамянела і спалатнела. Гігевіч. Віславус спалатнеў, але не зварухнуўся, толькі ціха прамовіў... Арлоў.

@

спарахнець*, зак. Превратиться в труху.

То там ніякага лесніка няма, і дом спарахнеў дарэшты. Крапіва. Сцяна справа ад ганка асунулася, хоць даўно была ўзята ў лісіцы, ганак спарахнеў, і замест яго ляжала сукаватая калода. С.Александровіч. Млын ужо спарахнеў, нахіліўся і мог хутка рухнуць. Рыбак.

@

спарнець, незак., разм. Становиться более спорым.

А дождж спарнеў. Быкаў.

@

спатоліцца, незак. Утолить жажду.

Той не мроіў ёй - да тлуму, і не прагнуў - да трымцення, калі п'еш, і ўсё, здаецца, не спатолішся ніяк. Сіпакоў.

@

спатольны, -ая, -ае. Утоляющий жажду.

Сыдзі ў мае глухія лёхі, падай спатольнае вады. Стральцоў.

@

спружыноўка, -і, ж., разм. Пружинная борона.

Адрубы па дзесяцін 40-60, з паравым млынам, малатарняю (яна давалася напракат), сеялкамі, касілкамі і жняяркамі, дыскавымі баронамі і спружыноўкамі. Лужанін.

@

спрычыніцца, зак., разм. Послужить, стать причиной.

Карызна, вядомая рэч, зусім не ведаў таго, што гэтае «чыстае, бязвіннае дзіця» колькі дзён таму мела сур'ёзную гутарку з Марынай Паўлаўнай і што фактычна гэтая гутарка спрычынілася канчатковай пастанове Марыны Паўлаўны пра свой адыход. Зарэцкі.

@

спяліць, незак. Доводить до спелости, зрелости.

Работу кончыў серп у полі, і лета хіліцца на спад, і плод у сонцавым падоле за агарожай спеліць сад. Колас. У сене - каб цёпла і цёмна - я памідоры бацьку спяліў. Барадулін. Пазаўчора прыбягае да мяне ранічкаю Моця і як не плачыць: - Цімоха, нехта ўсе мае памідоры абабраў. Яны ж ужо чырванабокія былі, я ж іх спяліла дачушцы маёй з зяцем. Сіпакоў.

@

стадола, -ы, ж.

1. Сарай на заезжем дворе.

На сярэдзіне дарогі паміж гэтым мястэчкам і Нясвіжам стаяла тады старая карчма, як і належыць ёй, з стадолай і прасторнай хатай на падлозе і з бакоўкамі. Чорны. Уваход у карчму і ўезд у стадолу былі проста з гасцінца. Тычына.

2. Большой хлев.

Потым у абсмаленай пажарам ксяндзовай стадоле з аполак ладзілі сцэну і паўтаралі па памяці тыя спектаклі, што бачылі ў Нардоме. Грахоўскі.

@

стаеннік, -а, м. Лошадь, предназначенная только для выезда, а не для работы.

І мой Гняды хвост угору задраў, нібы стаеннік які! Чарнышэвіч. Не ўцярпеў панскі паляўнічы і расказаў людзям, што князь толькі на стаенніку гарцуе, а стралок з яго няўдалы. С.Александровіч. Стаеннікі раздражнёна махалі хвастамі, адганяючы мух і сляпнёў, якія наляцелі і сюды, у халаднаватую крыху канюшню. Сіпакоў.

@

стальмашня, -і, ж., разм. Мастерская колёсника.

От ён [Змышлевіч] тады ў стальмашні і налажыўся гэблік у руках трымаць, з пілкаю ды з долатам як абыходзіцца, сёе-тое ў паяздзе паправіць мог. Калюга. Я часта прыбягаў у стальмашню да бежанца, пазіраў на яго рукі... Бялевіч. Мы з ім [Лёвачкам] пасябравалі і ўвесь час праводзілі то ў лесе, які быў недалёка, то ў садку, забаўляліся пад паветкай, дзе была бацькава стальмашня. Кухараў.

@

стальмашыць, незак., разм. Заниматься ремеслом колёсника.

А калі нехта майстраваў штосьці, стальмашыў, то яго сусед, падыходзячы, пытаўся: - На гары ці на вышках хавацьмеш? Янкоўскі.

@

старана, -ы, ж., абл. Половина гумна от тока до стены.

Прывёзшы дахаты шэсць кавалкаў дуба, Андрэй, да часу, паскідаў іх на старану, дзе ляжалі яшчэ немалочанае жыта і салома. Колас. На другую восень пасля таго, як Сцяпура паклаў першы вянок свае хаты, у пуні ўжо ляжала цэлая старана ячменю і жыта з зямлі свае, а не заарандаванай. Чорны.

@

стараніць, незак., абл. Складывать снопы по обе стороны тока.

Снапы Жыгар скідаў прама на ток, а Мар'я стараніла. Жук.

@

староства (I), -а, н.

1. Имение, предоставленное в распоряжение феодала Великого Княжества Литовского королём или князем.

Адсюль набіраў сваё войска і Васіль Вашчыла, калі ўзбунтаваў Крычаўскае староства. Чыгрынаў.

2. Администрация воеводства в буржуазной Польше.

Ваяводствы, староствы, павятовыя «камісаржы», войты, пастарункі - ужо адны гэтыя голыя формулы змушалі падазрона наставіць вушы і станавіцца да ўсяго гэтага скептычна, варожа, безнадзейна. Колас. Мы павінны, калі чаго хочам, заявіць спакойна, праз гміну, праз войта, праз староства... Тычына.

@

староства (старастоўства)

староства (II) і старастоўства, -а, н. Должность и занятие старосты.

Яна [Ганна] ніяк не магла пагадзіцца нават з думкай аб старостве. Лынькоў. Не раз у гэтым збожжы пагрэў быў рукі і Андрэя Каржакевіча бацька за шэсць гадоў свайго старастоўства. Крапіва.

@

старцаваць, незак., разм. Просить подаяния, милостыню.

А сёлета давядзецца з самай восені старцаваць. А ў каго яго [хлеба] старцаваць? Хіба што ў багацейшых асталося леташняе. Сабаленка. Убачыўшы, што далей цярпець няма як, бацька ў горад падаўся - старцаваць у немцаў: можа хто дасць, што яму не трэба. Сачанка.

@

стаўбунаваты, -ая, -ае; абл. Похожий на высокий конусообразный предмет с округлым верхом.

Высахла чарніла ў кантовай стаўбунаватай пляшцы - адна гушча была на дне. Баранавых. Ад стаўбунаватай, таксама выплеценай з ракітніку і пафарбованай у чырвоныя і зялёныя паскі круглай карзіны, дзе ляжалі колькі свежых сыроў ды ўкручаных у анучкі асялкоў масла, смачна пахла солкай, падсушанай паляндвіцай... Адамчык. Мільгалі заінелыя кусты, вывернутыя карчы здаваліся казачнымі белабародымі дзядамі ў стаўбунаватых шапках. Грахоўскі.

@

стаўпец, -пца, м. Колодка в граблях, на которую набиваются зубья.

Пад плотам, ля карыта... ляжыць абкоранае грабільна і некалькі неабструганых стаўпцоў - гэта дзед некалі збіраўся майстраваць на пакос граблі, дык так і не зрабіў іх, памёр... Сачанка. Ля сажалкі, абапёршыся на стаўпец грабель, як бы нечым устрывожаная, стаяла Зоня. Адамчык. Тата зрабіў мне. Грабільначка, стаўпец і зубы шклом абгладзіў, пахарашыў. Янкоўскі.

@

стромкі*, -ая, -ае. Ровный и высокий.

З мроку вырысоўваліся стромкія камлі асін, каржакаватыя дубы, шурпатыя крывыя бярозы. Колас ...І песні звонкія, і стромкіх сосен шаты, і беларуса дом - твой родны дом. Панчанка. Патрэбны сосны, роўныя і стромкія - такія, каб з кожнай выйшла па чатыры бервяны на лазню. Лупсякоў.

@

стрэлка, -і, ж., разм. Пастушья сумка.

Неяк гэтым летам дзяўчынка Таня, мая суседка па дому, збірала на лузе кветку за кветкай: рамонку, шчамяліцу, глухую крапіву, стрэлку, трыпутнік - ад кожнага віду па сцяблінцы. Гарбук.

@

стусаваць, незак., разм. Складывать в стопку.

Цэлае лета сядзеў над аповесцю ў Бабры, дзе піянерскую работу пры школе вёў. Старонку да старонкі стусаваў. Калачынскі.

@

стусінавы, -ая, -ае. С гибким кнутовищем; специального изготовления (кнут).

Шапку ён [Бушмар] няспрытна трымаў у руках, у руках трымаў і стусінавую пугу, пакуль яму не параілі хоць пугу гэтую куды-небудзь паставіць у кут. Чорны. З воза стырчма глядзела пуга з жоўтым стусінавым пужальнам і чырвоным кутасікам на сырамятным паску. Адамчык.

@

стырнаваць, незак. Управлять кормилом.

Часу не марнуе ластаўка са стрыжам, і плывец стырнуе цераз вір на стрыжань. Пушча. Скора ўсе яны ўжо ляжалі на сене, на дне чоўна, а Андрэй стырнаваў, седзячы на карме. Караткевіч.

@

сукала, -а, н. Приспособление для навивания пряжи на цевку.

Пашапталіся і раздзяліліся - каталіцкая палавіна завярнула да Алесі, праваслаўная, ці, як яшчэ на яе казалі, кацапская, са сваім красённым начыннем - вітушкамі, сукаламі - у нейкай ціхай набожнасці пайшла ў другі канец вёскі... Адамчык. Яна [Маня]... пачула, як мяккім драўляным постукам пастуквала сукала, на якім Міця сукаў цэўкі. Жук.

@

сумленнік, -а, м., разм. Честный, совестливый человек.

Яна [Антаніна] была дачка чалавека, якога на поўны сэнс слова можна было б назваць ціхманым сумленнікам і працавітым баязліўцам. Чорны.

@

сунічнік, -у, м. Заросли земляничного ягодника.

Успомніць босага маленства дні, грыбныя пні, маліннік і сунічнік, і светляковыя агні, і поўныя крыніцы. Вітка. ...А мо, і мядзведзіха з дзецьмі таксама прыйдзе па суніцы, як Тонечка з мамай, - дык чым жа сунічнік гасцей пачастуе, калі ўсе суніцы з табой забяру я?!. Лойка. Сунічнікам акопы зараслі, і ягады чырвоныя паспелі. Грахоўскі.

@

сурма, -ы, ж. Старинный украинский народный музыкальный инструмент.

Дзесьці ў шале коні скачуць перад боем, і ў стэпе рыдаюць сурмы за сялом. Трус. Як быццам і цяпер перад варожым дотам знаёмы лейтэнант з забінтаванай галавой наперад кліча ў наступленне роту, іграючы на сурме баравой. Аўрамчык. Сурмы над краем зайгралі гэтак трывожна аб волі. Няхай.

@

сурмач, -а, м. Играющий на сурме, подающий сигнал сурмою.

Рад партызанскі край, паэце, прывеціць сурмача дасвецця. Барадулін. Здаецца, чую, як пад вечар у рог турыны дзьме сурмач. Вольскі.

@

сухмарак, -рка, м., абл. Белая бездождевая тучка.

Страх як люблю я глядзець на неба... Асабліва калі па ім праплываюць белаватыя, бездажджавыя хмаркі - іх у нас завуць сухмаркамі... Сачанка. Але сонца не хацела прарэзвацца скрозь сухмаркі, не хацела грэць. Місько. Але не заўсёды гуляе сонца па чыстым ясным небе - находзяць на яго сухмаркі і хмары. Ракітны.

@

сушэць, незак. Становиться сухим или более сухим.

Зямля сушэла, пакрывалася цвёрдаю скарынкаю. Колас. Уласна, на гарод мухалоўка прыляцела яшчэ толькі з надзеяй - адчула раптам, што выясняецца і сушэе, тады і заспяшалася сюды, каб лавіць пчол... Чыгрынаў. Зямля пад нагамі цвярдзела, паветра сушэла. Карамазаў.

@

схлупіцца, зак., абл. Сбиться, столпиться в одном месте.

Нейк разам усе схлупіліся і перашкаджалі адзін аднаму. Чорны. Саламяныя накрыўкі старых хат, быццам баронячыся ад якой напасці, схлупіліся адна да адной і выдаваліся суцэльнай страхой. Сабаленка. На кацеры загаварылі часцей - як спрачаліся. Схлупіліся разам, нешта рабілі. Воранаў.

@

сценка, -і, ж. Дорога между полями, широкая межа.

Сёмка на вока адмяраў першыя гоны, якія хапалі ад сценкі да невялікага ўзгорку з тоўстым каменем пасярод палоскі. Гартны. ...Ён [Міця] ішоў дадому снедаць, ішоў адзін, босы па цёплай, утравелай і наезджанай сценцы сярод высокага жыта. Адамчык. ...Далей трэба было перасекчы яе [вуліцу] і выехаць на пагонку, што цягнулася ўздоўж Шлёмавай карчмы, а пасля павярнуць на іхнюю сценку. Далідовіч.

@

сцізорык, -а, м. Складной карманный ножик.

Потым выразаў я «Шамшавілі» на кійку сваім вострым сцізорыкам. Бядуля. Быў грэнадзёр таксама ўмелец хвацкі, сцізорыкам мог лялькі майстраваць. Зарыцкі. Калі б за мяшком ляжала баба, то, правёўшы маленькім сцізорыкам, непрыкметна на шве, можна было б цягаць па сухарыку, пакуль даехалася б, але ж за мяшком хроп здаравенны, малады мужчына... Лобан.

@

сцірка*, -і, ж., разм. Кусок ткани хозяйственного назначения (для вытирания стола и под.).

Выткаўшы, бяліла, але так - на сціркі... Купала.

@

сцэдкі, -аў, адз. няма. Остатки после сцеживания жидкости.

Калі б чалавек прыдумаў і змайстраваў такую цадзілку, такое сіта, якое збірала б сцэдкі, то яны, гэтыя сцэдкі, замянілі б хімікаты, якія хоць і павышаюць ураджай бульбы, ячменю, пшаніцы, але тут жа падкарочваюць лік і век пчолкам. Янкоўскі.

@

сцюдзёнка, -і, ж., абл. Холодная вода.

Лаза распушыцца, лаза асмялее, глядзіш - па калені ў сцюдзёнцы стаіць. Броўка. Сіл нестае, хоць стой, хоць ляж, - дай мне глыток тваёй сцюдзёнкі, Пяндж! Калачынскі. Мой дзед, нябожчык Даніла - хай яму пухам зямля, - бывала, папарыцца, абдасца сцюдзёнкай - і гатоў. Левановіч.

@

сцялежваць, незак. Вырывать передок из-под телеги.

А бедныя коні высільваліся, ламалі дугі, сцялежвалі вазы. Лобан.

@

сябрына, -ы, ж., разм. Круг друзей; дружеское застолье.

Вось дык дзіўная сябрына, што за дружны люд такі, тут магутныя мужчыны, і дзяды, і хлапчукі. Броўка. ...Быць там рашыла, дзе пароўну падзеляць шчасце, хлеб і соль, сябрынаю сустрэнуць поўнач і радасць шугануць пад столь. Калачынскі. Ты паслухай, ты паслухай, сябрына ўся мая, ты пацешся, беларуская зямля, падзівіцеся, суседка і сусед, - пра Лявоніху спявае увесь свет. Вітка.

@

сяйво, -а, н., абл. То, что сыплется, сеется откуда-нибудь.

...Абвіслыя дагэтуль ланцугі нацягнуліся струною, і па іх, па бартавінах і зубах каўша, пасыпалася густое пясчанае сяйво, чырвонае, з буйнымі камякамі і камянямі. Савіцкі.

@

сямейнік, -а, разм. Член семьи.

І чаму Такса забрахала і сціхла. Няйначай свой сямейнік ідзе, - цюкнула мне. С.Александровіч. Сярод асоб, якія пасылалі хадзяку Падабеда Макара, сына Іванавага, былі перапісаны ўсе сямейнікі, у тым ліку і Захар... Карамазаў. Не цікавілі вершы і астатніх нашых сямейнікаў - старэйшага за нас з Юркам Пятра, меншых нашых - Грышу і Косціка. Сачанка.

@

сяніна, -ы, ж., разм. Травинка, отделённая от копны сена.

Сонечнае цёплае плыве лета. Яно пераваліла ўжо на другую палавіну, аднак у хляве, у спецыяльна адведзеным, адгароджаным закуце няма ні сяніны. Навуменка. А Ранік радасна рагатаў на ўсю паляну, трос сваім рыжым, аж агністым, нібы цесцевы вусы, чубам,.. струшваў з галавы сяніны. Сіпакоў. Паднёс [дзядзька] сяніны да акуляраў, пачаў сляпіцца, перабіраць іх пальцамі, браць у шырокія і тоўстыя, як капыты, пазногці. Капыловіч.

@

табака*, -і, ж. Нюхательный табак.

Тут вагон табакі цёртай выпісаў Гавака. Крапіва. Экзаменаваў маладжавы цыбаты поп. Ад яго моцна пахла табакай. Хведаровіч. А ў вузел трапіў панюх табакі... Сіпакоў.

@

талака*, -і, ж. Коллективная помощь, работа сообща.

Трэба, казаў, талаку збіраць, талакою жыць - думаць... Карамазаў. Адсюль, відаць, і тая ўсхваляванасць, і ўрачыстасць, з якою людзі ладзілі калёсы, зубілі сярпы, збіраліся на далёкія сенажаці ці сыходзіліся на талаку. Сіпакоў.

@

таляжоўка, -і, ж., разм. Дисковая борона.

Ты мне свае таляжоўкі дасі, як снег сыдзе, удзірванела ў мяне за гумном. З таляжоўкаю трэба будзе прайсці разоў па два. Чорны. Да сонца Кучука паднялі: чаго там рассыпацца, давай адпраўляй, усё гатовае стаіць, трыццаць два «інтэры», трыццаць два прычэпы з плугамі, з таляжоўкамі, з усім патрэбным рыштункам. Лобан.

@

тандэтны, -ая, -ае; разм. Низкого качества.

На сцяне стрэльба, старасвецкі... гадзіннік і некалькі тандэтных малюнкаў. Купала. Глядзіць Астап на гарадзьбу, галавою трасе: тандэтная работа, абы з рук збыць. Колас. ...Абазваўся ў вясёленькім адказе ранейшы Вацін паэтычны спадарожнік голасам вялым, як тандэтная кілбаса. Чорны. Такім чынам мне часамі прыходзілася натыкацца то на генеральскую вопратку падкладкаю наверх, то на тандэтную фарбу, якая трымаецца да першай непагоды. Крапіва.

@

тараноўка, -і, ж., абл. Большой тёплый платок.

Люба адчыніла школьную шафу з кніжкамі і ўзяла пажоўклы ад доўгага часу тоненькі сшытачак; ахінулася тараноўкай... Мурашка. Прыкмячае Сцяпан: за плячом у сяброўкі нехта пальцамі смыча ражок тараноўкі. Лужанін. Каля сцяны, недалёка ад дзвярэй, у чорнай шарсцяной тараноўцы сядзела Бараноўская Ніна - брыгадзір суседняга калгаса. Васілевіч.

@

таркаваць, незак. Тереть на тёрке.

Чарга настаўнікаў таксама - Астрог, Гарапнік і Царква - у тры рукі душу красала, а бог, як бульбу, таркаваў. Лужанін.

@

тартак, -а, м. Лесопильный завод.

Далёка ў сіняватай смузе былі ўжо знаць белаватыя нізкія камяніцы, паднімалася цёмна-чырвоная вежа касцёла, двума чорнымі слупамі на ліловым астылым небе чарнелі высокія каміны тартака. Адамчык. Сонца ўзышло, калі мы былі ўжо за тартаком, пад самым раёнам. Пташнікаў. Над тартаком, над яго вялізным бляшаным дахам, узнімалася высозная, як не пад самае неба, дымагарная труба. Сабаленка.

@

ткачоўна, -ы, ж. Дочь ткача.

...Мужавы сваякі, перад тым як яны запісаліся ў царкве, дружна насядалі на Карла, спрабуючы адгаварыць, каб не браў у жонкі бедную, як казалі ў Цімкавічах, аж сінюю ткачоўну, за якой не давалі ніякага пасагу... Тычына.

@

трапкач*, -а, м. Полотенце с бахромой.

Сегенецкая сама ўзялася рыхтаваць вячэру, бразнула вобземлю чапялу, шмарганула з усяе сілы трапкачом сабаку па спіне. Чорны. У мыцельніку, пад чысценькім, надвое зложаным трапкачом, ляжаў касцёр блінцоў. Гартны. Не ўключаючы святла, Пракоп адчыніў акно, павыганяў трапкачом мух і, буркнуўшы на іх «чэрці», пайшоў на чыстую палавіну. Ракітны.

@

трунак, -нку, м., абл. Алкогольный напиток.

І калі ўдаецца яму [ксяндзу Пацяйкоўскаму] які-небудзь надзвычай трапны сказ, зварот, ён паўтарае яго ўголас, і тады адступае ад манаскага статута і выпівае шкалік французскага трунка. Колас. Вось прыносяць пачастункі - рознай ежы, розных трункаў. Бядуля. Сказана, каб не толькі самому гэтага трунку і ў зуб не браць, але яшчэ партыйнаму чалавеку высвятляць патрэбна такіх элементаў, што гоняць. Калюга.

@

трыумфаваць*, незак., разм. Ликовать по поводу одержанной победы, радоваться своему успеху.

...Стары хітрун трыумфаваў у душы - ён адным вокам ужо бачыў Гвардыянаву слабасць, якую ён хаваў дасюль з адменным спрытам. Зарэцкі. Пан Твардоўскі трыумфаваў. Лойка. Трыумфуе белы дзень над светам, завітаўшы к ненцам на візіт. Калачынскі.

@

тужэць, незак. Становиться тугим.

Разагрэтая за дзень вясновым сонцам зямля пачала тужэць. Крапіва. І смагла зямля, і тужэла яна, няўзятаю сілай сваёю набрыньвала. Лужанін. ...Тужэюць, аж рыпяць, ядраныя качаны капусты. Сачанка.

@

тук*, -у, м. Растопленный жир.

Яны ламалі тоўстыя лусты яшчэ не вельмі чорствага хлеба, мачалі яго ў гарачы, духмяны тук і елі спакойна, на поўны рот. Брыль. Раней хлопцы, выганяючы свіней за чыгунку, праглі на ражончыках сала, і калі сала пачынала пырскаць тукам, клалі яго на акрайчык хлеба. Навуменка. Дзяўчына зноў уладкавалася на свой корчык, трымаючы над полымем ражно з салам, час ад часу кавалачкам хлеба лавіла кроплі туку, што густа падалі ў цяпельца. Дайнека.

@

тыдняваць, незак. Заниматься чем-либо в течение недели.

З самага ранку загадаў ён [Сабастыян] пастушку, якому была чарга цяпер тыдняваць у яго, падмесці двор. Чорны.

@

тэлефанаваць, незак. Звонить по телефону.

Паліцыя пытала яе дакументы (тэлефанавала на фабрыку), калі яе муж быў звольнены з фабрыкі і дзе ён цяпер. Чорны. ...Калі хто-небудзь у гэтакі дзень тэлефанаваў, пытаўся доктара Валетава ці падымаўся на ягоны ганак, сямейнікі адказвалі даўно завучаным: - У аб'ездзе. Карамазаў.

@

угодкі, -дак і -дкаў, адз. няма. Годовщина со дня смерти; мероприятия, связанные с этой датой.

Пасля угодак - зноў музыка, ізноў у замку пышны баль. Дубоўка.

@

удзірванець, зак. Покрыться дёрном, зарасти травой.

Межы паспелі ўжо нават удзірванець, паміж імі, як раўчукі, ляжалі вузкія, на тры крокі ўшыркі, палоскі. Чорны.

@

ужываны, -ая, -ае. Бывший в употреблении.

Каля яго [рукамыйніка] вісеў яшчэ чысты, але ўжываны ручнік. Машара.

@

узболатак, -тка, м., абл. Край болота.

Бліжэй да станцыі, на ўзболатку, стаяў зялёны, засаджаны дзічкамі двор старога Язэпа, местачковага грамацея. Навуменка.

@

узмакрэць, зак., разм. Стать мокрым от пота.

Ён [Баран] нават адчуў, як плечы ў яго раптам узмакрэлі ад поту, а ногі ў каленях задрыжалі. Дамашэвіч. - А малінавага навару не пашкадуеш? - І дубовы ёсць. Ад дубовага, голубе, і мёртвы ўзмакрэе, - дзед паказаў кульбу і засмяяўся. Бажко.

@

укасіць*, зак. Смочь выкосить.

Касіў касец з расой сівец, удзень яго не ўкосіш. Бялевіч.

@

укленчыць, зак. Стать, опуститься на колени.

Як горды Эльбрус не апусціцца долу, ніколі не ўкленчаць народы Каўказа. Броўка. Я ўкленчыў на рэдзенькай траве, прыгнуўся лобам да сырой зямлі, упёрся ў яе рукамі і, падбрыкнуўшы, кульнуўся. Брыль. Прыезджы з Міканорам укленчылі каля воза, перакусілі і зноў узяліся за косы. Мележ.

@

улежаны*, -ая, -ае. Ставший пригодным к употреблению в результате долгого лежания (о фруктах, овощах).

Паласавацца б нам хоць раз удосталь улежанымі дзічкамі... Брыль. Пахла гарэлым торфам, агуркамі і ўлежанымі яблыкамі. Пташнікаў.

@

умаіць, зак., абл. Украсить первой весенней зеленью.

І хаты майскім дзераўцом не ўмаіў селянін, як прадзеды умайвалі, як вучыць абычай... Купала. І вясна [хоча] - плошчы ўмаіць у зелень каштанаў. Танк.

@

умуравець, зак. Зарасти муравой.

Лугі ўмуравелі нарэшце, і ліст заблішчэў на дрэве... Русецкі.

@

упаляваць, зак. Добыть во время охоты.

Цяпер зайцы ў лясах гуляюць, іх упалюеш без прынады, тым болей, што ганчак харошы, ёсць сэнс прайсціся па парошы. Колас. У той дзень ён [Жарнасек] пайшоў на паляванне, не дзеля таго, каб што ўпаляваць, а больш каб пахадзіць па тайзе. Асіпенка. Зімой дзічка ўпалюе, б'е рыбу ў ледастаў. Лужанін. Дамовіліся: стану жонкай таго, хто хутчэй упалюе аленя. Карпюк.

@

урвішча, -а, н. Крутой обрыв.

Пасля лістота пасыпалася з урвішча на дно яра. Караткевіч. Усевалад, ашчаперыўшы голаў, сядзеў на краі берагавога ўрвішча і моўчкі гайдаўся з боку ў бок. Арлоў.

@

усцяж, прысл., абл. На всём пространстве, во всех направлениях.

Гляньце толькі на гэны калінавы куст - ён вяночкамі ўсцяж ператканы. Дубоўка. ...Блішчэў і выганчык, раней стаптаны гусямі, авечкамі, свіннямі, а цяпер усцяж зарослы. Карамазаў.

@

утравець (утравянець), зак., разм. Зарасти травой.

У Кавалеўшчыне утравеў курганок ад хаты, дзе жылі Грышчаняты. Барадулін. Яшчэ і цяпер, хоць прайшло столькі год, высока накладзенае каменне, якое было пад ніжнім вянцом, не паспела ўтравець. Сіпакоў. Зарасло, утравянела калішняй трывогі дварышча. Лужанін.

@

фальварковец, -оўца, м., разм. Житель или владелец фольварка.

Касцёл для фальваркоўца аставаўся вызначэннем не веравызнання, а нацыянальнасці... Чорны. Раней дык з вясны [Пётра] выпраўляўся ў заробкі, батрачыць на фальваркоўцаў, цяпер жа было невядома, якія дзе будуць заробкі, ды і стаў не халасты - жанаты. Быкаў. ...Нейкі фальварковец, стоячы ў натоўпе такіх самых, як і ён, і чакаючы, калі закончыцца імша ў касцёле, даводзіў гучна, што той, хто быў нічым, той і будзе нічым, бо з нічога не атрымаецца нешта. Тычына.

@

фасоліна, -ы, ж. Горошина фасоли.

З лесу прывезлі самыя гонкія хвоі, акарылі іх, стачылі ў замок, паскручвалі жалезнымі хамутамі, прыварылі расцяжкі, абедзьве мачты злучылі антэнаю, прымацаванаю беленькімі, як фасоліны, ізалятарамі. Грахоўскі. Сярод манет быў ладны асколак, велічынёй з добрую фасоліну, шурпаты, з вострымі рванымі краямі. Марціновіч.

@

фатэль, -я, м. Мягкое кресло.

З абурэннем дзед гаварыў, як увосень 1917 года руйнавалі панскі маёнтак, як вакольныя сяляне разбівалі шыбы ў вокнах, хто нагамі бразгаў па фартэп'яна, хто абрываў плюш з пакояў Кацярыны II... хто аблупліваў скуру фатэляў, і як падпальвалі будынкі на дварэ. Бядуля. Рыгор сеў на падстаўленым таўстухаю паношаным, калісьці раскошным фатэлі... Гартны.

@

флянцавацца, незак. Пускать боковые побеги.

Толькі дрэннае яно [насенне] трапіла ў нашы людзі - не флянцуецца, новых атожылкаў ў зямлі не пушчае. Калюга.

@

фундаваць (фундзіць), незак., разм. Брать на себя расходы за угощение, развлечение.

У Рыся заўсёды былі папяросы і грошы, ён фундаваў і ліманад, і марожанае. Брыль. У гэтых словах для пана самае галоўнае: ужо не трэба будзе ласаваць каменданта анісаўкай і наравіць маладой жонцы - купляць ёй дарагія сукенкі, фундаваць вечарынкі... Бажко. - Ты праўду кажаш, Ваця. Даўно ты не фундзіў нам. - Я ўсё чакаў, пакуль ты мне адфундзіш назад. - Ну і скупы ж ты, Ваця. Чорны.

@

фундуш, -а, м., уст. Щедрое пожертвование на нужды церкви или костёла.

Расце малы, растуць выдаткі: на кляштар фундуш, на ксяндзоў. Дубоўка.

@

фураваць, незак., разм. Перевозить на фуре.

Мала што секвестратары фуравалі кожны дзень сялянскае дабро, дык яшчэ і паліцыянты, як тое груганнё, наляталі. Сабаленка.

@

фэст, -у, м. Церковный престольный праздник; вообще праздник с ярмарками и игрищами.

Але гэта толькі казалася так, каб неяк прабачыць вясковую былую беднасць, бо на справе не адным хлебам жылі і сяляне; любілі яны і святы, фэсты, кірмашы... Марціновіч. Ён гэтае чортава зелле калі і ўжываў, дык хіба дзе на фэсце - адну-дзве чаркі - не болей. Сабаленка. Увесну, у дзень Ефрасінні - заснавальніцы манастыра, прылічанай да святых, наладжваўся квяцісты і шумлівы фэст, на які прыязджаў народ з шырокага наваколля. Хадкевіч.

@

хакаць, незак. Тяжело дышать раскрытым ртом (обычно задыхаясь).

Секлі,выварочваліся з-пад удараў адзін аднаго, з запалам хакалі пры кожным удары. Караткевіч. ...У пярэдыхах маленькіх чуваць, як цяжка хакаюць траіх. Сіпакоў.

@

халасцякаваць, незак., разм. Жить холостяком, не иметь жены.

Яшчэ тады, калі халасцякавалі ў цёці Каці, заўважаў Сцяпан, што Надзя неяк умела пражыць на сваю, намнога меншую, чым яго, зарплату, часам ён нават пазычаў у яе якую дзесятку. Гіль. Не доўга я халасцякаваў пасля ад'езду з Янкавін майго земляка, Сяргеева. Далідовіч. Халасцякаваў [Пятро Сухі] ледзь не да сарака. Парахневіч.

@

хартоўня, -і, ж. Помещение для борзых собак.

Мякка, нячутна [хорт] падышоў да столу, задраў вострую морду, схапіў у шырачэнную зяпу зайцаву галаву і шмыгнуў з сваім радым сябрам на двор у хартоўню. Гарэцкі.

@

хаўкаць, незак., разм. Хватать воздух раскрытым ртом.

...Затое цяпер [яшчарка] стала падобна на жабу-рапуху: гэтак жа хаўкала ротам, трасучы адвіслым падбародкам, і бяздумна шалопіла вочы. Чыгрынаў. ...Скідалі пасля з плеч кіцелі, каб падставіць пад вецер потнае цела, - хаўкалі ад гарачыні, як рыба на пяску. Пташнікаў.

@

хаўруснічаць (хаўрусаваць), незак., разм. Водить компанию.

Хіба для таго вучыўся год у гімназіі, каб хаўруснічаць з гэтым мужыкаватым панам Цыбульскім... Лынькоў. Стася адчула: тут, на менскай вуліцы, страх яе перад немцамі амаль знік, але нянавісць расла да іх, да немцаў, і да ўсіх тых, што хаўруснічаюць з імі. Шамякін. Філіповіч зморшчыўся; кожны дурань адчуў бы, што Хамічонак азвярэў, будзе рабаваць і страляць, што хаўрусаваць з ім - і не вялікі гонар, і небяспечна... Далідовіч.

@

хіб, -а, м.

1. Передняя часть хребта животных.

Кіяш выскаліў зубы; бліскучая гладкая шэрсць на хібу пастала стырчмаком. Мурашка.

2. Щетина на хребте.

Як дзікі кабан, наставіўшы хіб, [месяц] хацеў рынуцца і распароць адвіслы жывот чарназорнаму небу... Баранавых. Кураглядаў пагладзіў Дзіка па паднятым чорным хібе - той супакоіўся і апусціўся на падлогу. Далідовіч.

3. Верхний край чего-либо на стыке, гребне и под.

Сарваўшы кастрыцу з хіба, вецер адарваў паплеціну і раскрыў цэлы рад саломы. Пальчэўскі.

@

хлевішча, -а, н. Место, где стоял хлев.

Праз свае соткі я давалокся да хлевішча, на якім чарнелі абсмаленыя сохі, што кожны раз, калі б я ні праходзіў міма, палохалі мяне сваім падабенствам на абгарэлыя, сашчэпленыя ў кулакі рукі... Сачанка.

@

хлуд, -у, м. Мелкий хворост.

І там, дзе гібелі лаза да імхі, дзе вокны бяздонныя ляжалі пад хлудам, дзе продкі вялі з лесуном перасуды, - ішлі з перамогаю нашы плугі. Броўка. Нават і на сухім аеры ды хлудзе, нават і ў ботах, адзетаму ды пад плашчом - даволі-такі холадна. Брыль. На тых, хто шарахаўся зайцом у хлудзе, пазіралі з дакорам, бо вышэй над усім ушацкія людзі ставілі сорам. Барадулін.

@

хмарыцца, незак. Затягиваться тучами, становиться пасмурным.

Каб, сышоўшыся, ўсе кавалі, усе волаты ўзяліся б каваць ранні золак зямлі - дык не выкулі б гэткай зары, як над Нараччу, калі неба ніводнаю хмаркай не хмарыцца... Танк. Ноччу неба таксама не хмарыцца, толькі пацеркі-зоры дрыжаць. Машара. Толькі б неба не хмарылася. Воранаў.

@

хмарыць*, незак., безас. Затягивать тучами.

Можа, што стаяла цудоўная раніца: хмарыла, як на дождж, а дожджыку ні кропелькі, і не горача, лес абапал дарогі цягнуўся светлы, лісцвяны перасыпаўся з хваёвым. Карамазаў. Учора хмарыла, дзьмула. А сёння сонечна, ціха. Воранаў.

@

хмурнець*, незак. Становиться пасмурным, сумрачным.

Часамі днём позняга лета пачынае хмурнець дзень, і гэта не збіраецца на дождж, а незаўважна падплылі павевы восені. Чорны. Са смерцю паквіталіся мы смела і прыпынілі вал пякельнага агню, каб над табою неба не хмурнела і гром вайны не рушыў цішыню. Калачынскі.

@

хмыліцца*, незак. Косить глаза, прижимать уши (о лошади).

Апрача таго, [конь] з'ядаў увесь Ванеў цукар і за тое, відаць, быў гатовы падзяліцца з чалавекам сваёю пайкаю аўса, бо торбы з рук не рваў і не хмыліўся, калі даводзілася здымаць яе недаедзенаю. Лужанін. Дэраш - так звалі мы яго - даволі-такі сцёр зубы, часта наравіўся, хмыліўся не толькі на чужых, а і на мяне самога. Якімовіч. Праходзіш паміж вазоў, то сцеражыся: не кожны конь, але адзін з трох-чатырох страшыць - утульвае вушы, хмыліцца. Янкоўскі.

@

храпа

храпа (I)*, -ы, ж. Морда крупных животных.

Мядзведзь смокча лапу ў бярлозе санліва, лось высунуў храпу - шукае спажывы. Купала. Праляталі ўспененыя храпы, грывы ў калючках дзядоўніку, здзічэлыя вялікія вочы. Грахоўскі. Можа конь стаміўся, можа ён, як кожная сапраўды разумная істота, разумеў, што нельга чапаць слабое дзіцяня, але ён адвёў храпу і гучна пырхнуў. Караткевіч.

храпа (II), -ы, ж., разм. Затвердевшая комками земля.

Бугай ледзь управіўся адскочыць, як яна [паплеціна] ляснула ў вулічную храпу. Мележ. Падтрэсаюць колы на крыху падмерзшай храпе. Лужанін.

@

хромка, -і, ж., разм. Хроматическая гармонь.

[Дзядзька Саўка] ішоў, не шкадуючы сваёй старэнькай, з працёртымі мяхамі, заклеенымі ў многіх месцах на згібах квяцістымі латкамі, хромкі, якую ён прывёз з вайны, ішоў і, аж заломваючы мяхі, іграў хуткую польку. Сіпакоў.

@

хрушч*, -а, м. Майский жук.

І сесці й піць красу зямліцы, якой ты гонар, моц і шчыт, красу вунь той, сваёй званіцы, дзе ў бронзу гучна б'юць хрушчы. Караткевіч. У тую пару, калі на маладзенькай лістоце бярозак і дубкоў з'яўляецца мноства хрушчоў, язь выходзіць на паляванне з самага сіняга золаку. Кірэенка. У светлым, сіняватым небе кружылі ластаўкі, зычна гулі на маладой бярозцы хрушчы, ля моста яшчэ раз-пораз закідвалі вуды заядлыя рыбакі. Левановіч.

@

цагельня, -і, ж.

1. Кирпичный завод.

У лозе каля павецяў цагельні палегла пятнаццаць гулякаў, а дзесяцёх захапілі жыўцом. Брыль. Балота пачыналася адразу за гарадком, за цагельняй, гарэла не першы год. Карамазаў.

2. Карьер, где добывают глину на кирпич.

Цераз грэблю паўз чорную цагельню цягліся ўжо ў мокрай цемры. Мележ. Тамака ў нас цагельня была - здаўна гліну бралі... Ягоўдзік.

@

цабэрак, -рка, м., разм. Небольшой ушат.

...Крыжы з дзяжой каля паркана на час кароткі прыхілілісь; збаны, гаршкі між іх тулілісь і тры цабэркі там стаялі... Колас. На Завальнай сустрэў цэлы абоз фурманак з бочкамі, цабэркамі, маслабойкамі, вядзёркамі. Танк. Згробшы зверху скружыны, сыпалі чысты авёс у шаснастку - неглыбокі, на два пуды, цабэрак з доўгаю ручкаю - мералі, колькі ўсяго намалочана. Адамчык.

@

цалок, -лка, м., разм. Человек, метко бьющий в цель.

Ён з любімай рагаткі шчоўкнуў толькі разок, і, як кажуць, нігадкі - выдатны цалок! Вітка. Сяды-тады білі толькі самыя лепшыя цалкі - «варашылаўскія стралкі» - каб без промаху. Місько.

@

цапільна, -а, н. Рукоятка цепа.

Цапільны ж ужо, мусіць, за цэлыя гады добра абгладзіліся аб малацьбітовы рукі. Чорны. Але ўмеюць і лашчыць агрубелыя гэтыя рукі, высліжаныя аб цапільны, аб касільны ды тапарышчы, што ў іх, як у тое люстэрка, можна ўсім глядзецца! Сіпакоў.

@

цапстрыкі, -аў, адз. няма, абл. Мелкие предметы домашней утвари.

Але найгоршае тут ліха - збірай зноў цапстрыкі, трасіся па каранях з дабром, з сям'ёю у самую бездараж вясною. Колас.

@

цвінтар, -а, м.

1. Огороженное место около церкви, церковный двор.

Да Антося даходзілі вясёлыя галасы дзяцей, якія гулялі на цвінтары, бегаючы вакол царквы з агеньчыкамі. Гартны. Увесь цвінтар застанаўляўся фурманкамі, на свята ўвабраныя людзі вёрст за дваццаць ехалі на фэст. Мурашка.

2. Церковное кладбище.

На цвінтары былі пахаваны знакамітыя духоўныя асобы, тут расло многа язміну, бэзу. Скрыган. Але на цвінтары, пад гэтай ліпай, спіць вечным сном Заброцкі. Зуёнак.

@

ценяваць, незак., абл. Сокращая путь, идти напрямик.

Цянююць вуліцай дзяўчаты, шчабечуць весела, смяюцца, і хлопцы дзесь перагукнуцца. Колас.

@

цёмначы, прысл., разм. Тёмной порой.

Задрамаў пасля банак і прачнуўся ўжо цёмначы. Брыль. - Добры вечар, - прыветна сказаў ён. - Адкуль жа гэта цёмначы? Кулакоўскі. Зміцер цёмначы ішоў на службу і прыходзіў з яе, калі было ўжо цёмна. Сабаленка.

@

цёрла, -а, н. Глиняная посуда, в которой трут мак, мнут картофель и др.

На голым незасланым стале ляжалі кускі хлеба, а пасярэдзіне стала бурае, старое глінянае цёрла з мёдам. Колас. [Юстына] абчышчала яе [цыбулю] ад чырвоных лушпай, а потым адразала яе доўгія хвосцікі і кідала па адной у цёрла з вадою. Баранавых. Перад ім [ганчаром] на вытаптаным брудным снезе стаялі жоўтыя гаршкі, міскі, цёрлы, доўгім радком, як грыбы без шапак, паднімаліся гладышы і збаночкі. Адамчык.

@

цішэць, незак. Становиться тихим, спокойным.

Упоцемку людзі храпелі і сонна кашлялі, дзеці часта капрысілі і хныкалі, часам усё цішэла і зусім сціхала. Гарэцкі. ...Прыкладна каля паўдня ад бухты дзьмуў чысты свежы вецер з паўднёвага захаду, пад вечар на некаторы час цішэла, а яшчэ пазней паветра пачынала рух у адваротным кірунку. Лужанін. Тры гады [Анкуда] быццам мяняўся і не змяніўся, цішэў і не пацішэў. Карамазаў.

@

цукроўня, -і, ж. Предприятие по производству сахара.

Алесь лазіў па сходах, мастках і кацельных памяшканнях цукроўні. Караткевіч.

@

цурубалка, -і, ж.

1. Обломок стебля, ветки, прута и под.

[Прадушына нары] старанна замаскіравана аголенымі лазовымі цурубалкамі, галінкамі. Масарэнка. Укруга дома - газоны, клумбы, якія зараз былі пустыя, толькі хіба дзе-нідзе тырчэлі бадыліны ад мальваў, цурубалкі ад астраў, наводкаў, марозу. І.Капыловіч.

2. Продолговатая деревянная палочка вместо пуговицы.

Так, кажух быў наш, майго бацькі... Нават цурубалкі на ім былі яшчэ тыя, што я павыразаў з сухой грабовай палкі... Сачанка.

@

цыб'е, -я, мн. няма, зб., абл. Голые стебли.

Счарнела канаплянае і сланечнікавае цыб'е, заінелі палыны і бур'яны, вецер хвастаў твары пылам і шорсткім пяском. Грахоўскі. Паўзверх лёду вытыркалася вярхоўе розных балотных дудак, зараслі трыснягу, чароту з чорнымі катамі на выпетраным цыб'і, грыўкі рудой асакі. Навуменка.

@

цыбы (цыба)

цыбы, -аў, адз. цыба, -ы, ж., разм. Длинные ноги.

...Зайцы папстрыквалі цыбамі, калі браліся з княжага поля ўдодні да дзённай сваёй дрымоты, уночы ваўкі стрыглі зверху вачыма лог. Чорны.

@

цыганаваты, -ая, -ае. Похожий на цыгана.

Але і пасля яе слоў чорны, цыганаваты твар Недасекі застаўся ранейшы - недаступны і строгі. Быкаў. Загарэўся бор з-за цыганаватага шустрака-адорвы жончынага брата Яшкі. Калодзежны. Мінулі колькі хат-блізнят, каля высокага калодзежнага жураўля, што скокнуў з вуліцы ў чыйсьці гародчык, убачылі невялічкага, з дробным цыганаватым тварыкам дзядка. Ягоўдзік.

@

цымус*, -у, м., разм. Самое важное, самое существенное, суть чего-либо.

Наўкол паперы той гара, і, пэўна, цымусу ў ёй многа: уважліва ў яе баран глядзеў, задраўшы ўгору рогі. Дубоўка. Важна тут сама карціна, у ёй увесь цымус. Каваль.

@

цынка, -і, ж., разм. Цинковая коробка для патронов.

Мы, хлапчукі, радаваліся такім знаходкам, хавалі вінтоўкі і карабіны пад стагі на пругменках, а патроны ўзрывалі цэлымі цынкамі, наклаўшы агню ў глінішчах, дзе былі глыбокія ямы і рос беразак. Лужанін.

@

цыркнуць*, зак. Плюнуть сквозь зубы.

Хлопчык цыркнуў слінаю на тратуар. Адамчык. Мой праціўнік зноў наблізіўся ўпрытык і, карыстаючыся няўвагай суседзяў, бо ў зале надта крычалі, подла цыркнуў мне слінай у вочы. Карпюк.

@

цыркулярка, -і, ж. Пилорама с дисковой пилой.

...Недзе там, з-за дрэў правага берага, нібы падыгрываючы марш, задорна дудзіць рухавік і звініць цыркулярка. Брыль. Іх цяжкі дым вецер слаў па зямлі, гнаў праз сады, агароды на тартакі, дзе чуваць быў несціханы звон цыркулярак, гул і грукат грузавікоў. Танк. І пад навесам з-за свірноў для справаў гаспадарскіх то заглушалася, то зноў звінела цыркулярка. Бачыла.

@

цытвар, -у, м. Семя цитварной полыни.

Я слухаю, чмыхаю носам і дом успамінаю, маму... Нават уяўляю, што гэта яна хлеб пячэ... І от скора ўшчыпне крыху цеста, закатае ў яго цытвару, прымусіць пракаўтнуць... Місько.

@

цэля, -і, ж. Тюремная камера.

Заблудзіўся сіні вецер між нівамі, ткаў узорамі сінія думы, прабягаў каласістымі грывамі, прабягаў між калоссямі шумам, - шумам тым, што у цэлі за кратамі не даваў днём і ноччу спакою... Танк. Праз шчылінку-акно ў цэлю прарэзаўся промень сонца, асвятліў лапінку на сцяне. Сачанка. А сёння так і сталася: яго [Кастуся] прывялі ў турму, незнаёмы дзяжурны адамкнуў дзверы другой цэлі, і яго штурхнулі за парог. Дамашэвіч.

@

цягавіты, -ая, -ае. Способный на тяжёлую работу, выносливый в труде.

Параходзік, як паслухмяны цягавіты конік, мерна тупацеў і тупацеў між мяляўнічымі рачнымі берагамі. Кірэенка. Пятро страшэнна руплівы і цягавіты: з раніцы да вечара, цёпкаючы па гразі разлезлымі лапцямі, возіць на поле гной, арэ, сее, скародзіць поле. Навуменка. А калі падумаеш нават пра недалёкую гісторыю Старыцы - дзіву даешся: да чаго жывучы, вынослівы і цягавіты наш народ!.. Хадкевіч.

@

цялеж, целяжа, м., абл. Короткое и толстое бревно из комля.

Косцік ізноў падперазаўся пілой, узяў на плечы пярэсты бярозавы цялеж, і яны пайшлі па снезе ў той бок, дзе была вёска. Брыль. Цыскало - высокі, плячысты, бы дуб-волат, а сынок яго меншы - нізенькі, тоўсценькі, як цялеж, не ў бацькаву радню ўдаўся - у матчыну. Капыловіч.

@

цяпельца, -а, н., абл. Небольшой костёр.

Гэта ж не восень, калі рукі самі просяцца ў цяпельца, а вачам так хораша глядзець на яго зыркія водсветы. Сіпакоў. А цяпельца лёгкае, нібы і гатаваць на ім не трэба, нібы і святла яго не трэба. Янкоўскі. Васіль насек паваленага абгарэлага частаколу (калі кратаў і сек, дык з большаю моцаю пахла гарэлым), расклаў паблізу калёс цяпельца. Далідовіч.

@

частаколіна, -ы, ж. Одна жердь в частоколе.

На частаколінах сох, вымыты таксама мацераю, а цяпер нікому не патрэбны шары злінялы фартух. Адамчык. Падняўшы пад плотам выламаную частаколіну, дзед забыў на нераспутаную кабылу і, не зважаючы на дажджавыя патокі, кінуўся на дапамогу ўнуку. Васілевіч. Я хапаўся за частаколіны, каб устаць, падскочыў бацька і, трымаючы за сярэдзіну, давёў да ганка. Грахоўскі.

@

часцець, незак. Становиться более частым.

Тым часам страляніна з кожнай хвілінай часцела. Чыгрынаў. Страляніна часцее, а... [Алеся] бяжыць і бяжыць, проста на тыя стрэлы, нібы заварожаная ад куль сваёй вялікай надзеяй... Палтаран.

@

чаўпці*, незак., зневаж. Говорить ерунду, нести чушь.

...Зямлі можна прыкупіць, побач пусташ кавалкамі прадаецца. Не трэба толькі зважаць, што людзі чаўпуць. Ядвігін Ш. - Чаўпеш ты, Ганька, чорт мо што, - агрызнулася Салвэсіха. Рыбак.

@

чачотка, -і, ж. Карельская берёза, древесина такой берёзы.

Стары, шморгнуўшы рукою па мокрых губах, дастаў з кішэні жоўтую, вытачаную з бярозавае чачоткі табакерку. Адамчык. Гэтым днём выбіраліся лепшыя дровы: на сугрэў - беразняк з камляватай чачоткі, а для духу - ішло абярэмца кляновых... Зуёнак.

@

чубіць, незак., разм. Трепать за чуб, хохолок.

- Акуратна жывуць, - падумаў Прахор і адразу ўбачыў, як каля плота здаравенны чорны певень чубіць курыцу. Дайнека.

@

чужэць, незак. Становиться чужим.

Нага цяжэла і чужэла, і, як дрыгва, дрыжэла цела. Камейша. Чаму з гадамі людзі чужэюць і староняцца адзін аднаго? Адамчык.

@

чук, -а, м., абл. Кожаный лапоть.

З адной кішэні доўгага сівага халата тырчэла турэцкая булка, як раменны мужыцкі чук. Колас.

@

чуцца*, незак. Чувствовать себя.

Падумала [Сцепаніда], што чуліся яны [вартавыя] упэўнена, нібы гаспадары. Быкаў. Хацеў нат выключыць тэлефон, каб не адказваць на дакучнае: - Як чуешся? Танк. Тут і людзі вальней чуюцца, і кожны неяк цікавей, на свой лад, гаворыць. Семашкевіч.

@

чучка, -і, ж., абл. Косточка согнутого пальца.

- Го, мой браток! - і дзед Куцейка пастукаў чучкаю аб бронь... Колас.

@

чыгунка*, -і, ж. Железная дорога.

Дзе вечная пустка была, там горад паўстаў і расце, а стужкай чыгунка лягла, дзе ўчора стаяў лес яшчэ. Купала. Нехта высокі памаленьку ішоў палатном чыгункі: з рэйкі на рэйку перабягала жоўтае скупаватае святло ліхтара. Адамчык. Злева ржышча цягнецца аж да самай чыгункі, справа лужок, за ім рэчка, зарослая кустамі. С.Александровіч.

@

чырваніць (чырвоніць)*, незак. Окрашивать в красное, придавать красный цвет.

Велікаваты, амаль бязбровы твар яе [маці] няроўна, хістка чырвоніла полымя. Мележ. ...Двухногія з хваткай сабачай у бязвіннай крыві чырванілі сцяг... Зуёнак. У акно другой хаты відно, як зырка паліцца ў печы - полымя яркім дрыготкім святлом чырваніць супрацьлеглую сцяну. Сіпакоў.

@

чысцець, незак. Становиться чище.

За крокам крок, за метрам метр, за гектарам гектар - чысцее поле тарфянішч, у сонцы ўжо абшар. Купала. ...І быў нейкі жаль да сябе, і знайшлася нейкая радасць, дабрата да ўсяго, што ні ёсць на зямлі, бо чалавек мо дабрэе і чысцее душой перад смерцю... Адамчык.

@

чытанка, -і, ж., уст. Книга для упражнения в чтении, для приобретения навыков чтения.

Настаўніца бярэ беларускую чытанку «Родны край» і кажа, як заўсёды, па-польску... Брыль. Нездарма першая друкаваная кніга ў яго [Коласа] была не паэтычная, не празаічная, а «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», чытанка, для якой адмыслова складаў вершаваныя радкі і празаічныя замалёўкі. Лужанін. У пяць гадоў мне даступнымі сталі «Добрые семена», «Мир в рассказах для детей», а пазней «Роднае слова», «Наша крыніца» - паперачытваў усе чытанкі з другога па чацвёрты клас. Юрэвіч.

@

шабасаваць, незак., разм. Праздновать шабаш.

У суботу Меер шабасуе, і Міхалка без яго, як без рукі. Бядуля.

@

шабета, -ы, ж., абл. Сумка, которую носят на поясе.

Ключнік, падклаўшы пад галаву раменную паляўнічую шабету, злёгку пахрапвае. Навуменка.

@

шалі, -яў, адз. няма. Чашечные весы.

Жыццё Аўгіні было роўнымі шалямі, якія заўсёды стаялі на адным месцы і не зыбаліся ў бакі. Бядуля. Прыпяцкія берагі на шалі пясочныя паклалі хвалі апошняе веры. Барадулін. Ужо зусім на сконе быў жнівень, бо тыя колькі дзён, якія заставаліся ў ягоным календары, ці маглі дадаць яшчэ што важкае на нябачныя шалі... Чыгрынаў.

@

шаля, -і, ж. Чашка весов.

З плячэй у мяне, здалося, куль скінуўся - шаля майго боку стала перацягваць. Калачынскі.

@

шапкаваць*, незак., разм.

1. Заискивающе кланяться, унизительно выпрашивать.

- У мяне, каб не схлусіць вам, сані вельмі нялюдскія, а шапкаваць перад людзьмі, каб пазычыць сягды-тагды, дык... Чорны. Гаворка ішла і пра тое, каб неяк перабрацца на роднае аселішча ў Цімкавічы, агораць свой кут, сабраць грошы на каня і карову, і пра тое, каб прыдбаць нейкі спосаб жыцця і не абіваць чужыя парогі, не шапкаваць перад кожным, не кланяцца чорту лысаму. Тычына.

2. Снимать шапку перед кем-либо.

...Як паедзем на кірмаш, дык усё мястэчка залюбуецца, гледзячы на нас. Нашы вясковыя хамулы толькі шапкаваць будуць перад намі. Крапіва.

@

шарак*, -а, м., разм. Верхняя одежда [кафтан] из сукна серого цвета.

Стаяў, стаю за новы лад, за гэта апранулі мяне ў астрожніцкі шарак... Бялевіч. Пятрок шацёр свой пакідае і крочыць сумны да барка. І тут з жальбою разглядае байцоў у зрэбных шараках. Кірэенка.

@

шарварка, -і, ж., уст. Трудовая повинность по ремонту и строительству дорог, мостов и др.

Двойчы я сустракаўся з натурай Вяршыніна. Падлеткам, на шарварцы, калі я не вельмі так, як трэба было ці як хацелася пану драгомістшу, адгладжваў рыдлёўкай адхон глыбокай дарогі. Брыль. Потым ён [сусед] расказваў пра заручыны ў Пількаўшчыне, у Слабадзе, пра суды, штрафы і што, чуваць, з восені зноў павялічаць гмінны падатак і шарваркі. Танк. А на самай вясне, калі выходзіць у поле яшчэ было ранавата, сельсавецкі дэпутат хадзіў па падвоканню і, як калісь на шарварку, загадваў калгаснікам, каб ішлі абкопваць дарогу. Сабаленка.

@

шаршатка, -і, ж. Толстая и длинная игла.

Чытаць не магла ўжо без акуляраў, не то каб уцягнуць у вушка іголкі нітку: і ў машыне, старым, даваенным яшчэ ручным «Зінгеры», і нават у шаршатку, калі трэба было залатаць мех. Пташнікаў.

@

шары, -ая, -ае; абл. Серый с коричневым оттенком.

Верасаўскі гарох збытку не меў - шары чарвівы бурчак цяпер мала хто купляў. Адамчык. І правае, уцалелае вока гэтак бачыла - пробліскамі: то цемра, то шарае, дрыготкае святло. Місько.

@

шаткаванка, -і, ж., разм. Шинкованная капуста.

На стале стаяў чыгун бульбы, міса шаткаванкі, ляжаў селядзец. С.Александровіч. Нясе старая ім гуркі, гладышык шаткаванкі. Бялевіч. Разжыліся мы на бульбу і буракі, укіслую шаткаванку, на гладышку малака, часам перападала і ладная скварка. Грахоўскі.

@

шаты*, -аў, адз. няма. Дорогая пышная одежда.

Шаты паўсюды нядзельныя, ў песнях вялікдзень чуваці, згінула доля бясцэльная, сонца над хатай і ў хаце. Купала. Як да шлюбу выпраўлялі, залатыя ўздзелі шаты. З дыяментаў даў каралі бацька, засмучоны стратай. Дубоўка. Пратканыя золатам шаты сплываюць раскошна па тонкіх, стрункіх палачанках, красою багатых. Геніюш.

@

шаўлюжка, -і, ж., разм. Старая, слабосильная, изработавшаяся лошадь.

Дрогкія, убогія калёсікі, калматая, слабасільная шаўлюжка і пануры, бедны вілянчук-фурманшчык не весялілі вока. Гарэцкі. І зноў змораная, але бязмеры старанная шаўлюжка клыпала памаленьку, адгадваючы загубленую ў цемры і снегавой замеці дарогу. Зарэцкі. І цяпер яшчэ, калі прахвацішся сярод ночы, пачынае здавацца: трухаюць калгасныя шаўлюжкі па ўчарнелым зімніку... Лужанін.

@

швайка, -і, ж. Плоское шило, предназначенное для закалывания свиней.

Але ўжо сёння, топчучы і падбіваючы чорнымі валёнкамі пухкі, што яшчэ не злёгся, сіняваты снег, праз чужыя пляцы Алеся бегла да бацькі пазычаць швайку. Адамчык. У прасоленай торбачцы ляжалі доўгая швайка, калодачка з цвічком высмыкваць шчаціну і вострыя нажы. Грахоўскі. Яўген аддаў вострую, з бліскучым джалам швайку Ахціньку, а сам зайшоў у катушок і стараўся выпхнуць з яго парсюка. Варановіч.

@

шкуматаць, незак. Рвать или стремиться разорвать на клочки.

Парфіру ён з плячэй здымае ды на анучы шкуматае... Броўка. Парасяты вішчалі, валтузіліся, шкуматалі мяшок, і бабка ніяк не магла ўскінуць яго на прыступкі. Кудравец. ...Яна [саломінка] трымцела, грала, смуткавала і гарэзіла разам з ветрам; вецер шкуматаў яе, але ўсё адно любіў, і яна любіла яго, і баялася, і не баялася ягонай моцы. Стральцоў.

@

шляхцюк, -а, м., зневаж. Молодой шляхтич.

Але сяды-тады хацелася яшчэ паглядзець, як весяліцца моладзь, а калі што - то і стукнуць па карку якому-небудзь шляхцюку ці панскаму падбрэхічу. Дамашэвіч. Ён [Іван] так трэснуў шляхцюка па галаве, што той расцягнуўся на зямлі і заверашчаў, як недарэзанае парася. Машара. І вось цяпер, калі яна забаўляе паноў у гасцінай, я адчуваю: пані нацкуе гэтых небяспечных шляхцюкоў супраць Рыгора... Бажко.

@

шмалец, -льцу, м. Гусиный жир, сало.

Жанчыны прынеслі вялізны салдацкі кацёл, які знайшлі ў нямецкім бункеры, круп і мукі, нават некалькі лыжак шмальцу, зварылі зацірку. Асіпенка. Іншы раз Ганс Кегель прыносіў з дому нам, сынам «рускага Івана», тонка парэзаныя і памазаныя шмальцам лустачкі хлеба. Сачанка. - Там былі чатыры мышкі, што дурэлі на траве... - і ў кожнай - луста хлеба, што ад шмальцу аж блішчыць? - Так... Сіпакоў.

@

шманаць, незак., з адмоўем не, разм. Не обращать внимания.

І хоць мароз крапіць пякучы, да ног даходзіць скрозь анучы і снегам вочы зашывае, - мужык жыве і не шманае. Колас. Паліцэйскія бяруць наперавагу вінтоўкі... Але на іх ніхто не шманае... Гартны. Вераб'і толькі ды галкі, гэтыя спрадвечныя жыхары беларускага горада, не шманаюць, як быццам іх не тычыцца агульнае жыццё - сваім птушыным шумам і голасам праганяюць трохі цішыню. Мурашка.

@

шмараваць*, незак., разм. Натирать мазью.

Нарэшце ўжо так у яго і пайшло: калі садзіцца шмараваць нагу, дык кладзе каля сябе закуску. Чорны.

@

шматаваць, незак., разм. Рвать или стремиться порвать на кусочки.

У наступны момант абодва качаліся па пожні, па свежай раллі, крывянілі адзін аднаму твары, шматавалі сарочкі. Мележ. ...Толькі б стаялі вакол голыя цёмныя лясы, толькі б у свісце ветру чуўся водгук той навальніцы, якая шматавала чорныя вольхі над паромам. Караткевіч.

@

шнур*, -а, м. Узкая полоска земли.

Цэлымі днямі гаворыць і гаворыць - і толькі аб Такароўшчыне: аб тым, як жыў раней у сваёй хаце, як яго бацька гаспадарку там ладзіў, якія ў яго былі шнуры, якая жывёліна, які сад і г.д. Бядуля. А ўсё ж нават птушкам без болю не кінуць чубатых пасёлкаў, шнуроў, азяродаў, лясоў маёй роднай краіны. Танк. Шнур быў, праўду кажучы, ані большы, ані выгаднейшы, ані зямліца на ім не лепшая, - можа нават горшая, бо пры канцы шнура была страшэнная гара, дзе апроч грэчкі ды ярыцы нічога не радзіла... Ядвігін Ш.

@

шпагаціна, -ы, ж. Кусок шпагата.

Вацура ўжо зашморгваў торбу шпагацінай. Карамазаў.

@

шпік, -у, м. Костный мозг.

Затым пасёрбаў [Францішак] трошкі астылай, але пахкай і смачнай капусты, што пакінулі яму з полудня, няспешна і акуратна абрэзаў сцізорыкам мяса на костцы, выбіў з яе, як тут казалі, шпік. Далідовіч.

@

штандары (штандар)

штандары, -аў, адз. штандар, -а, м., разм. Вкопанные в землю колоды, на которые кладут нижние брёвна сруба.

Знайшоў пад падвалінай каля штандара вельмі ўтульнае месца. І лёг на спіну. Сачанка. Дрэва - дуб - для штандараў бацька нагледзеў загадзя, нават згаварыўся з лесніком, і яны неўзабаве пачалі пілаваць яго без асаблівай перасцярогі. Чыгрынаў.

@

штукавацца*, незак., разм. Выделывать, демонстрировать разные забавные выходки, фокусы, приёмы.

...[Сымонка] штукаваўся ў мастацтве такога роду: кракаў, як варона, кукаваў зязюляй, спяваў жаўранкам і заліваўся салаўём на розныя лады. Бядуля. Нехта трубіў, штукаваўся з берасцянкай. Пташнікаў.

@

шугалея, -і, ж. Большая лодка, выдолбленная из цельного куска дерева.

...Расказвала казку пра шаха Алі, што быццам бы ён ды з-за мора, з-за гораў, прыгнаў шугалеі ў Палескае мора. Лойка. У чоўнах, віцінах і шугалеях, да апошняй душагубкі, папрасякалі днішчы. Караткевіч.

@

шуфляваць, незак. Сгребать, ссыпать, пересыпать что-либо совковой лопатой.

Кожны дзень, ідучы на работу, яны не ведалі, што прыйдзецца сёння рабіць: па апілкі паедуць, дошкі будуць згружаць з платформаў, вазіць тачкамі ў падвалы шкляны друз, шуфляваць вугаль у ваганеткі. Брыль. Вазі толькі збожжа на гумны, шуфлюй для бялейшага хлеба. Дубоўка. Іх было двое рослых, трэці - нізенькі, у даўгадзюбай кепцы - шуфляваў, сыпаў бліжай да праходу раструшчаную соль. Адамчык.

@

шчадраваць, незак. Праздновать канун Нового года.

Зімой каляднай смелы быў мароз, цыгане шчадравалі, варажылі. Аколава.

@

шчадроўка, -і, ж., разм. Песня, которую по традиции поют праздничным предновогодним вечером.

- Сам каваль і прозвішча - Кавалёў, - растлумачыла Саша Лялькевічу, які моўчкі ляжаў на ложку і прыслухоўваўся да шчадровак за акном. Шамякін.

@

шчадрэц, шчадраца, м., уст. Канун Нового года.

Яшчэ з ранку на шчадраца - у дзень перад Новым годам - уся сям'я пачынала займацца куццёю. Якімовіч.

@

шчупачышча, -а, м., разм. Огромная щука.

...Схапіў жыўца шчупак і свішча, дастаў - ў два локці шчупачышча! Колас.

@

шчырэць*, незак. Становиться более искренним, проявлять свою искренность.

З усімі шчырэў і палонны немец, густа мох накладаў і часта хакаў. Барадулін. Хто гадаваўся ў цішы дрэў, той ашчаджае і ўспаміны аб тым, як любасцю шчырэў да кожнай зёлкі і націны. Стральцоў. Шчырэла гамонка. Янішчыц.

@

шыба, -ы, ж. Стекло, вставленное в оконную раму.

Зазвінелі шыбы і ў разбітыя вокны паляцелі гранаты. Бялевіч. Ад зарыва ўсё відней і відней, чырванню адліваюць у вокнах шыбы. Грахоўскі. Вось Мікіта звярнуў направа, адчыніў брамку і нясмела пастукаў у шыбу. Скрыпка.

@

шыбаваць, незак., разм. Быстро, стремительно идти.

Міхал злез з воза, кінуў вокам, у двор шыбуе мерным крокам. Колас. Коля, які цяпер, маючы надзею, што гэта яго бацька таемна з'явіўся і жыве ў крайняй ад лесу старой трохаконнай хаце, шыбаваў сюды, азіраючыся і дробна перабіраючы нагамі. Чорны. ...У тым баку я нікога не бачу, акрамя палітрука, які шыбуе полем, высока ўзмахваючы кульбакаю. Карамазаў.

@

шыдэлак, -лка, м., разм. Крючок для вязания.

Калі восенню пачынала цямнець, напаліўшы добра торфам печы, мы адразу - за шыдэлкі і пяльцы ды сядалі вакол лямпы, бы начныя матылькі. Карпюк.

@

шыпшыннік, -у, м. Заросли шиповника.

Краса тайгі - шыпшыннік дзікі - пялёсткамі ўсцілае шлях. Звонак. То цяпла не ставала, то чыстай вады, і з гадамі рабіўся шыпшыннік калючы. Грахоўскі. І на шыпшынніку (не, гэта не здалося) жывая сочыцца і чырванее кроў. Шушкевіч.

@

шырэць, незак. Становиться более широким, казаться широким.

...Горы патроху адступалі ад яе [ракі], і яна ўсё шырэла ў нізкіх гліністых берагах. Мележ. На прадмесці, дзе дамы малеюць, а шырэюць градкі перад імі, некалі жыла мая надзея, з косамі тугімі, ільнянымі. Танк. ...Далей, паміж пусткаю і калгасным полем, быў глыбокі роў, які губляўся ў густым палыне і шырэў паступова, пакуль дасягаў лесу... Чыгрынаў.

@

шыцца*, незак., разм. Лезть в тесное, узкое, труднопроходимое место.

Білі яшчэ залпам, страчылі па гэтай і па другой будзе, з якіх таксама выскоквалі, выгіналіся з нечалавечым крэканнем, бы хто біў шворанам па спіне, шыліся ў кусты шэра-зялёныя фігуры... Місько. Вадзім усцешыўся і тым, як разбягалася, вызваляючы дарогу, шылася да саменькіх платоў галапузая малеча... Рыбак. Я касільнам выкідаў іх [жабянят], аброшаных, з атавы на пракос, а яны, як на ліха, зноў паспешліва шыліся ў някошанае. Сіпакоў.

@

ягамосць, -і, ж., уст.

1. Форма вежливого обращения к кому-либо.

І спытаўся пан замковы: - Гэта ён музыка й ёсць? - Ён, ён самы, ягамосць. Колас. Ты гоніш некага за дзверы, а робіш выгляд, ягамосць, што выгнаны павінен верыць, нібы ён твой найлепшы госць. Бачыла.

2. разм. Незнакомый человек.

Не завуць Сцяпана ў госці, яго тыя ягамосці, што ў яго пілі ды елі, цэлу ноч часом сядзелі. Крапіва. Ледзь разбараніў іх наш бацька, адцягнуў ад ягамосця дзядзьку, павёў назад на панскую ферму. Сачанка.

@

ядкі, -ая, -ое; абл. Охотно съедаемый.

Як верашчака ў дно спадала, то маці есці пакідала ды йшла ў камору па другое, яшчэ больш смачнае, ядкое... Колас. Атава там ужо адрастаць пачала, а трава ядкая, спажыўная. Колас.

@

яндоўка, -і, ж., зневаж. Большой нос.

- Табе ж цяжка рукі завярнуць, каб табе нечага гэту яндоўку тваю на патыліцу завярнула. Крапіва.

@

ярчэць, незак. Становиться более ярким; становиться более выразительным, ощутимым.

Яно [зарыва] то патухала, то пачынала ярчэць, набіраючыся трапяткой, залацістай чырвані. Лынькоў. Ярчэюць іх [камандзіраў] справы, і, як магутны акіян, шуміць над краем гоман славы пра беларускіх партызан. Глебка. Ён [Юльчын твар] таксама то ружавеў, ярчэў, то шэрх, цьмеючы. Карамазаў.

@

ярыца, -ы, ж. Яровая рожь.

Нехта сеяў ярыцу. Адамчык. Відаць пад ярыцаю клін, зарэчны луг і цёмнае прылессе. Астапенка.

@

яскравець, незак. Становиться ярче, яснее, выразительнее.

І яшчэ больш яскравеюць фарбы, празрыстая ружовасць насычаецца новаю сілай, пыхае новым агнём - і ўжо гарыць, паланее гордая пераможная чырвань. Зарэцкі.

@

ятка, -і, ж., уст. Мясная лавка.

З Баркоў прыляцелі сюды груганы. Па ўзлессі, як тыя сабакі ля ятак, - Мікола глядзіць, - патрулююць яны. Зарыцкі.

@

яхкаць, незак. Лаять во время погони за зверем (о собаке).

Адзін [сабака] клаўся ў канцы палосы ад саду, а другі забягаў з процілеглага боку і яхкаў, падскокваючы ў баразне, пакуль не выпуджваў зайца проста на свайго напарніка. Лужанін. Там недзе яхкаў сабака. Адамчык. Сабака, які адразу ж прапаў у лесе, коратка, як ад удару, віскануў зусім побач - ці не з-пад самага носу грабянуў снег шырокімі «лапцямі» заяц, ужо даўно насцярожаны? - і пайшоў горача і часта яхкаць... Жук.

@

ячнішча, -а, н.

1. Поле, с которого убрали ячмень.

Бывала, вяжуць у снапы, на жменькі жаты ячмень ці авёс, а потым Савэрын загадае ўзяць кашэлікі ды перайсці ячнішча, аўсянішча - каласы пазбіраць. Калюга.

2. Ячменная солома.

...Лускае, як у печы ў агні, іржышча, укошанае на ячнішча, прывезенае ў хлеў і ўскінутае на сцірту ад двара. Пташнікаў.