##ShortTitle: Экалагічны слоўнік ##LongTitle: Экалагічны слоўнік ##FrontpageTitle: Экалагічны слоўнік ##ExpandArticle: true ##Type: enc ##HTMLDescription_BEGIN Створана на падставе:
Экалагічны слоўнік - Экологический словарь: Кніга для вучняў. Менск: Народная асвета, 1993. ISBN 5-341-00761-1

Слоўнік змяшчае каля 1000 тэрмінаў па ўсіх раздзелах экалогіі.


##HTMLDescription_END @

Аазіс, участак тэрыторыі ў зоне пустынь або паўпустынь з багатай травяністай, хмызняковай і дрэвавай расліннасцю; фармуецца дзякуючы ўвільгатненню грунтавымі водамі, выхаду крыніцы, арашэнню чалавекам.

@

Абалонкі зямной кары, уключаюць тры слаі: асадкавая А. з. к. - паверхневая, таўшчыня ад 0 да 8-15 км, найбольш тонкі слой - у горных абласцях; гранітная А. з. к. знаходзіцца пад асадкавай і не мае суцэльнага распаўсюджання (адсутнічае на большай частцы Сусветнага акіяна), сярэдняя таўшчыня на кантыненце 15-20 км; базальтавая А. з. к. размешчана пад гранітнай, сярэдняя таўшчыня 20 км, яе называюць акіянічнай зямной карой.

@

Абарыгены (ад лац. aborigine - ад пачатку), карэнныя насельнікі (людзі, жывёлы, расліны) якой-небудзь тэрыторыі. Гл. Аўтахтоны.

@

Абвадненне, сукупнасць мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне водазабеспячэння насельніцтва, сельскай гаспадаркі, прамысловасці.

@

Абвалаванне, абгароджванне мясцовасці дамбамі або землянымі валамі з мэтай аховы ад затаплення тэрыторый, якія прылягаюць да водных масіваў (вадасховішчаў, рэк, азёр).

@

Абісаль (абісальная зона; ад грэч. abyssos - бяздонны), зона марскога дна, якая адпавядае глыбіням акіянічнага ложа (3000-6000 м).

@

Абісапелагіяль (ад. грэч. abyssos - бяздонны і лац. pelagos - адкрытае мора), тоўшча вады ў межах глыбінь абісалі (3000-6000 м).

@

Абіятычныя фактары (ад грэч. a - адмоўе і bioticos - жывы, жыццёвы), сукупнасць умоў неарганічнага асяроддзя (тэмпературы, вільготнасці, ціску паветра, саставу марскіх і прэсных вод і г.д.), якія акружаюць арганізмы і ўплываюць на іх.

@

Абсорбцыя (ад лац. absorptio - паглынанне), паглынанне рэчыва з раствору або сумесі газаў цвёрдым целам або вадкасцю; адбываецца ва ўсім аб'ёме паглынальніку (абсарбенту). Прымяняецца ў розных галінах хімічнай прамысловасці, у сістэмах жыццезабеспячэння касмічных караблёў і інш. Параўн. Адсорбцыя.

@

Аблігатны, абавязковы. Напр., А. паразіты вядуць толькі паразітычны спосаб жыцця і па-за гаспадаром існаваць не могуць; А. анаэробы жывуць толькі ў бескіслародным асяроддзі.

@

Абмен рэчываў (метабалізм), сукупнасць усіх хімічных змяненняў і ўсіх відаў ператварэнняў рэчыва і энергіі, якія забяспечваюць развіццё, жыццядзейнасць і самаўзнаўленне арганізмаў, іх сувязь з навакольным асяроддзем і адаптацыю да змен знешніх умоў.

@

Аграбіяцэноз (аграцэноз; ад грэч. agros - поле, bios - жыццё і koinos - агульны), сукупнасць арганізмаў, якія жывуць на землях сельскагаспадарчага карыстання, занятых пасевамі або пасадкамі культурных раслін. Расліннае покрыва ствараецца чалавекам і прадстаўлена звычайна адным відам або нават сортам культывуемай расліны і спадарожнымі відамі пустазелля; характарызуецца дамінаваннем нямногіх відаў жывёл (у асноўным шкоднікаў). Гэта другасны штучна створаны чалавекам біяцэноз. Ад першаснага натуральнага адрозніваецца няздольнасцю да працяглага самастойнага існавання з-за аслаблення самарэгулятарных працэсаў.

@

Аграфітацэноз (ад грэч. agros - поле і phyton - расліна), расліннае згуртаванне, якое ствараецца чалавекам шляхам пасеву або пасадкі вырошчваемых раслін (палі, агароды, сады, полеахоўныя лясныя палосы і да т.п.). У склад А. уваходзяць культурныя расліны і пустазелле.

@

Агульнасць экасістэм, іх падабенства па відавому складу арганізмаў, якія ў іх уваходзяць; выражаецца каэфіцыентам А. э., які вылічваецца для кожнай буйной сістэматычнай катэгорыі.

@

Адаптацыя (ад лац. adaptatio - прыстасаванне, прыладжванне), сукупнасць марфалагічных, паводзінскіх, папуляцыйных і інш. асаблівасцей дадзенага біялагічнага віду, якая забяспечвае магчымасць спецыфічнага спосабу жыцця ў пэўных умовах навакольнага асяроддзя. Фармуецца на працягу ўсіх стадый жыццёвага цыкла асобін віду.

@

Адаптыўнасць, здольнасць арганізма або папуляцыі прыстасоўвацца да існавання ў змененых умовах навакольнага асяроддзя.

@

Адарант, пахучае рэчыва, якое забруджвае паветра.

@

Адбор натуральны, выжыванне ў працэсе барацьбы за існаванне найбольш прыстасаваных індывідаў.

@

Адбор штучны, адбор сартоў раслін і парод жывёл, які праводзіць чалавек для сваіх патрэб. У экалогіі разглядаюцца групавы і інш. віды адбору.

@

Адвал, насып, які ўтвараецца ў выніку размяшчэння раскрытых парод на спецыяльна адведзеных плошчах. Можа займаць і адмоўныя формы рэльефу - яры, нізіны і г.д.

@

Адкладка яец, працэс, звязаны са складаным ланцугом паводзінскіх рэакцый. У паразітаў ён цягнецца ад некалькіх секунд да 10 мін. Часам самка робіць некалькі праколаў цела гаспадара, пакуль не адкладзе ў яго яйцы.

@

Аднаўленне зямель, зварот землям урадлівасці, парушанай гаспадарчай дзейнасцю. Пры натуральным аднаўленні біягеацэнозаў працэсы А. з. праходзяць павольна, таму ў гаспадарчай практыцы выкарыстоўваюць метады паскоранага А. з. шляхам стварэння на паверхні зямель урадлівага гумусавага слоя, прымянення гумусавых прэпаратаў пераважна тарфянога паходжання, пасадкі і пасеву лясных і сельскагаспадарчых культур.

@

Адносіны біятычныя, адносіны, якія ўзнікаюць паміж папуляцыямі розных відаў і ўнутры папуляцыі аднаго віду, суіснуючымі ў адным біяцэнозе. Гл. Экалагічныя фактары.

@

Адносная вільготнасць, адносіны колькасці вадзяной пары ў паветры (у працэнтах) да магчымай яго колькасці ва ўмовах поўнага насычэння.

@

Адпад, дрэвы, адмерлыя ў выніку натуральнага зрэджвання дрэвастою.

@

Адсорбцыя (ад лац. ad - на, у, пры і sorbere - паглынаць, усмоктваць), паглынанне рэчыва з раствору або газу паверхневым слоем вадкасці або цвёрдага цела (адсарбенту). Адыгрывае важную ролю ў біялагічных сістэмах; шырока прымяняецца ў прамысловасці для асушкі газаў, ачысткі арганічных вадкасцей і вады, улоўлівання каштоўных або шкодных адходаў вытворчасці, у процівагазах. Параўн. Абсорбцыя.

@

Адстойнікі, спецыяльныя рэзервуары, басейны, вадаёмы, якія выкарыстоўваюць для адстойвання вады пры ачыстцы сцёкавых вод.

@

Азон (ад грэч. ozon - пахну), алатропнае відазмяненне кіслароду; выбуховы газ сіняга колеру з рэзкім характэрным пахам. Малекула трохатамная - O3. Моцны акісляльнік, акісляе ўсе металы (выключаючы золата і плацінавыя), а таксама большасць інш. элементаў. Утвараецца ў працэсах, дзе вылучаецца атамарны кісларод. Змяшчаецца ў нязначнай колькасці: таўшчыня слоя ў сярэднім для ўсёй Зямлі складае 2,5-3 мм (на экватары каля 2 мм). Утварае азанасферу на вышынях ад 10 да 50 км з максімумам канцэнтрацыі на вышыні 20-25 км. Моцна паглынае сонечную радыяцыю, таму біялагічна актыўная яе частка не дасягае зямной паверхні.

@

Азонавы экран, верхні слой стратасферы на вышынях 20-25 км з максімальнай колькасцю азону. Актыўна паглынае кароткахвалевае ультрафіялетавае выпраменьванне Сонца і не толькі вызначае тэмпературны рэжым стратасферы, але і з'яўляецца ахоўным шчытом для жорсткага УФ-выпраменьвання, крайне небяспечнага для ўсяго жывога на Зямлі.

@

Айкумена, гл. Эйкумена.

@

Аквакультура (ад лац. aqua - вада і культура), развядзенне і вырошчванне рыб, беспазваночных і водарасцей у прэсных і саланаватых водах. Гл. Марыкультура.

@

Акісленне біялагічнае, сукупнасць працэсаў акіслення, якія праходзяць ва ўсіх жывых клетках. Сутнасць іх заключаецца ў забеспячэнні арганізма энергіяй. Біялагічныя рэакцыі А. б. знаходзяцца пад кантролем ферментаў, аб'ядноўваемых у клас оксірэдуктаз. Асноўны шлях выкарыстання энергіі, якая вызваляецца ў выніку А. б., - назапашанне яе ў малекулах адэназінтрыфосфарнай кіслаты (АТФ).

@

Акліматызацыя (ад лац. ad - да і грэч. klima - клімат), прыстасаванне арганізмаў да новых або змененых умоў існавання, у якіх яны праходзяць усе стадыі развіцця і даюць жыццяўстойлівае патомства. Гл. Інтрадукцыя.

@

Аклімацыя (эксперыментальная адаптацыя), прыстасаванне арганізма да штучна створаных умоў. Часам тэрмін ужываецца як сінонім акліматызацыі.

@

Аксарбент, рэчыва, якое паглынае кісларод.

@

Аксенічная культура, культура, свабодная ад іншых арганізмаў.

@

Актыўны глей, маса мікраарганізмаў, якія ўтвараюцца пры аэрыраванні сцёкавых вод. Складаецца з сукупнасці бактэрый, прасцейшых, часам мікраскапічных грыбоў і водарасцей, здольных эфектыўна сарбіраваць, акісляць і разбураць арганічныя рэчывы сцёкавай вадкасці да больш простых злучэнняў, выкарыстоўваемых клеткамі для жыццядзейнасці і інтэнсіўнага размнажэння.

@

Акультацыя, перашкода для пранікнення святла ў глыб азёр і мораў, ствараемая непразрыстымі, завіслымі ў вадзе цвёрдымі часцінкамі. Узрастае з забруджваннем вады.

@

Алахтоны (ад грэч. allos - іншы і chthon - зямля), арганізмы, якія з'явіліся ў дадзенай флоры або фаўне ў выніку рассялення. Гл. Аўтахтоны.

@

Алелапатыя (ад грэч. allelon - узаемна і pathos - пакута, уплыў), узаемны ўплыў арганізмаў (у асноўным раслін), якія жывуць сумесна, шляхам выдзялення ў знешняе асяроддзе біялагічна актыўных рэчываў (фітанцыдаў, антыбіётыкаў і інш.). Часам А. вызначаюць толькі як шкодны ўплыў адных раслін на другія, але ў больш шырокім разуменні гэта як адмоўнае, так і станоўчае ўзаемадзеянне раслін. Ляжыць у аснове ўзнікнення, развіцця і змены раслінных груповак, адыгрывае важную ролю ў глебаўтваральным працэсе.

@

Алерген (ад грэч. allos - іншы і genos - нараджэнне, паходжанне), рэчыва, якое выклікае алергічную рэакцыю арганізма.

@

Алергія (ад грэч. allos - іншы і ergon - дзеянне), форма імуналагічнага адказу, якая праяўляецца ў павышанай адчувальнасці да разнастайных антыгенаў (алергенаў - пэўных відаў ежы, пылку, хімічных прэпаратаў, лякарстваў і да т.п.) і празмернай рэакцыяй у адказ арганізма. Яе разглядаюць як паталагічнае парушэнне імунітэту.

@

Алігатрофныя вадаёмы, вадаёмы з невысокім узроўнем першаснай прадукцыі. З кантынентальных вадаёмаў да іх адносяцца звычайна азёры і горныя рэкі з халоднай вадой, насычанай кіслародам і беднай біягеннымі элементамі, відавая разнастайнасць фітапланктону вялікая, але біямаса яго складае малыя велічыні. Да алігатрофных адносяць воды вялікіх прастораў цэнтральных субтрапічных абласцей Сусветнага акіяна, першасная прадукцыйнасць якіх малая з прычыны недахопу біягенаў. Прэсныя А. в. каштоўныя як крыніца чыстай вады.

@

Алігатрофы (ад грэч. oligos - нямногі і trophe - ежа), арганізмы, мала патрабавальныя да наяўнасці пажыўных рэчываў у асяроддзі пражывання, напр., багун, верас.

@

Алігафагі (ад грэч. oligos - нямногі і phagos - пажыральнік), арганізмы, якія кормяцца біямасай абмежаванага ліку відаў раслін або жывёл. Часцей за ўсё гэта віды, блізкія ў сістэматычных адносінах. А. з'яўляюцца многія членістаногія, а таксама чэрві, малюскі, рыбы, птушкі. Трафічныя сувязі А. маюць значную ўстойлівасць.

@

Алігафатычная зона (ад грэч. oligos - мала і photos - святло), зона, размешчаная паміж эўфатычнай і афатычнай на глыбіні ад 60 да 500 м.

@

Альбеда (ад лац. albedo - белізна), каэфіцыент адбіцця, роўны адносіне інтэнсіўнасці патокаў адбітай і падаючай радыяцыі. Велічыня А. аптычна дзейнай паверхні з'яўляецца важнейшай радыяцыйнай характарыстыкай экасістэмы; залежыць ад вугла падзення праменяў і ўласцівасцей адбіваючай паверхні. Гэта колькасць адбівальнага святла, паказаная ў працэнтах ад агульнай радыяцыі. Напр., А. зялёных лістоў клёну складае 10%, а асенніх пажаўцелых - 28%. Пры гэтым расліны адбіваюць у асноўным прамені фізіялагічна неактыўныя.

@

Аменсалізм (ад грэч. a - адмоўе і лац. mensa - стол, трапеза), форма ўзаемаадносін паміж арганізмамі, карысная для аднаго віду, але шкодная для другога.

@

Амфібіёнты (ад грэч. amphi - вакол, каля, з абодвух бакоў і bios - жыццё), арганізмы, прыстасаваныя да жыцця ў двух асяроддзях (у вадзе і на сушы), напр., амфібіі, водарасці, вадзяны люцік, стрэлкаліст і інш. Да А. адносяцца многія насельнікі паласы адліваў і прыліваў.

@

Амфітрафія (ад. грэч. amphi - вакол, каля і trophe - ежа, харчаванне), здольнасці аднаго і таго ж арганізма ў залежнасці ад знешніх умоў або да чыста аўтатрофнага, або да чыста гетэратрофнага спосабу харчавання.

@

Анабіёз (ад грэч. anabiosis - ажыўленне, ana - нанава і bios - жыццё), стан арганізма, пры якім жыццёвыя працэсы (абмен рэчываў і інш.) часова спыняюцца або настолькі запаволены, што адсутнічаюць усе бачныя праяўленні жыцця. Адна з форм прыстасавання арганізмаў (як раслін, так і жывёл) да перанясення неспрыяльных умоў асяроддзя. З'ява А. выкарыстоўваецца ў практыцы для атрымання сухіх і жывых вакцын, якія могуць захоўвацца на працягу некалькіх гадоў. У некаторых арганізмаў уваходзіць у нармальны цыкл развіцця (насенне, споры, цысты).

@

Анафілаксія (ад грэч. ana - зноў і aphylaxia - безабароннасць), павышаная адчувальнасць арганізма да чужароднага рэчыва (антыгену). Адна з форм алергіі.

@

Анаэрабіёз (ад грэч. an - адмоўе, aer - паветра і bios - жыццё), жыццё пры адсутнасці свабоднага кіслароду.

@

Анаэробы (ад грэч. an - адмоўе, aer - паветра і bios - жыццё), арганізмы, здольныя жыць і развівацца пры адсутнасці ў асяроддзі свабоднага кіслароду; атрымліваюць энергію для жыццядзейнасці расшчапленнем арганічных і неарганічных рэчываў. Тэрмін увёў Л.Пастэр, які адкрыў у 1861 г. мікробы масленакіслага браджэння.

@

Анемафілы (ад грэч anemos - вецер і phileo - люблю), ветраапыляльныя расліны, якія выпрацавалі для гэтага рад прыстасаванняў: звычайна адсутнічае або значна рэдуцыраваны калякветнік, шматлікія непрыгожыя кветкі пазбаўлены афарбоўкі і водару, утвараецца вялікая маса лёгкага сыпучага пылку і да т.п. Цвіценне часта адбываецца да разгортвання лістоў (хвойныя, бяроза, асіна, дуб, граб, арэшнік, злакі, асокі і інш.).

@

Анемахарыя (ад грэч. anemos - вецер і choreo - рухаюся, распаўсюджваюся), рассяленне з дапамогай паветраных патокаў. Вецер стварае магчымасць пасіўнага палёту рада арганізмаў, што характэрна для спор, пылку, насення і пладоў раслін, цыстаў прасцейшых, дробных насякомых і да т.п. Пасіўна пераносімыя патокамі паветра арганізмы называюцца аэрапланктонам.

@

Аноксібіёз (ад грэч. an - адмоўе, oxys - кіслы і bios - жыццё), здольнасць некаторых жывёл да працяглага кіслароднага галадання. Акісляльныя працэсы пры А. ажыццяўляюцца за кошт унутрымалекулярных крыніц кіслароду, які атрымліваецца пры расшчапленні глікагену і тлушчаў. Гл. Анаэрабіёз.

@

Антаганізм (ад грэч. antogonisma - барацьба, спрэчка), форма ўзаемаадносін паміж арганізмамі, пры якой адзін партнёр тармозіць развіццё другога або забівае яго. Найбольш выразна прасочваецца паміж драпежнікам і яго ахвярай (драпежніцтва), а таксама паразітам і гаспадаром (паразітызм).

@

Антагенез (ад грэч. ontos - існае і генез), індывідуальнае развіццё асобіны, пачынаючы ад стадыі аплодненага яйца да канца жыцця (натуральная смяротнасць або дзяленне асобіны). У ходзе А. адбываецца рост і развіццё (дыферэнцыроўка і інтэграцыя частак) арганізма.

@

Антрапагенныя фактары (ад грэч. anthropos - чалавек і genesis - паходжанне), уплыў дзейнасці чалавека на навакольнае асяроддзе. Перарабляючы прыроду і прыстасоўваючы яе да сваіх патрэб, чалавек змяняе асяроддзе пражывання жывёл і раслін, уплываючы тым самым на іх жыццё. Уздзеянне можа быць ускосным (шляхам змянення ландшафтаў, клімату, фізічнага стану і хімізму атмасферы і вадаёмаў, будовы паверхні Зямлі, глеб, расліннага і жывёльнага насельніцтва) і прамым (накіравана непасрэдна на жывыя арганізмы, напр., нерацыянальнае рыбалоўства і паляванне).

@

Антрапагенныя экасістэмы, экасістэмы, пераўтвораныя або створаныя чалавекам.

@

Антрапасфера (ад грэч. anthropos - чалавек і sphaira - шар), выкарыстоўваемая чалавекам частка біясферы.

@

Антрапафілы (ад грэч. anthropos - чалавек і phileo - люблю), жывёлы, якія жывуць паблізу чалавека (дамавы верабей, дамавая мыш і інш.).

@

Антыбіёз (ад грэч. anti - супраць і bios - жыццё), форма антаганістычных узаемаадносін арганізмаў, звязаная з выдзяленнем адным з іх рэчываў, якія прыгнятаюць або затрымліваюць развіццё другога.

@

Антыбіётыкі (антыбіятычныя рэчывы; ад грэч. anti - супраць і bios - жыццё), арганічныя рэчывы, якія ўтвараюцца мікраарганізмамі і валодаюць здольнасцю ў малых колькасцях забіваць мікробаў або перашкаджаць іх росту. Да А. адносяць таксама антыбактэрыяльныя рэчывы, здабываемыя з раслінных (фітанцыды) і жывёльных клетак. Кожны А. характарызуецца спецыфічным выбіральным дзеяннем толькі на пэўныя віды мікробаў. Прымяняюцца ў медыцыне і ветэрынарыі.

@

Апад, адмерлыя часткі раслін, якія апалі на паверхню глебы або дно вадаёма. Штогадовы А. у згуртаваннях на паверхні глебы называецца мёртвым покрывам, а ў лесе - лясным подсцілам.

@

Апвелінг (ад англ. up - наверх і well - хлынуць), пад'ём марскіх глыбінных вод, які выклікаецца вятрамі, што ўстойліва дуюць з кантынента і зганяюць паверхневыя воды ў бок адкрытага мора, а ўзамен на паверхню падымаюцца халодныя багатыя біягенамі воды слаёў, што ляжаць ніжэй. З А. звязаны найбольш прадукцыйныя марскія раёны.

@

Апраменьванне знешняе, адзін з відаў прыродных праменевых нагрузак арганізмаў. Складаецца з касмічнага выпраменьвання; выпраменьвання радыенуклідаў, рассеяных у біясферы; выпраменьвання матэрыялаў і збудаванняў, створаных чалавекам.

@

Апраменьванне ўнутранае, фармуецца радыенуклідамі, якія назапашваюцца ў арганізмах біёнтаў у працэсе паглынання пажыўных рэчываў з навакольнага асяроддзя.

@

Аптымальная інтэнсіўнасць промыслу, узровень здабычы таго або іншага віду (жывёл і раслін), які забяспечвае максімальна высокі працягла ўстойлівы промысел.

@

Апустыньванне, страта ўрадлівасці глеб. Асноўныя прычыны - перагрузка ландшафту сельскагаспадарчымі культурамі, празмерны выпас жывёлы, няправільная ірыгацыя зямель.

@

Араграфія (ад грэч. oros - гара і графія), раздзел геамарфалогіі, які вывучае і класіфікуе формы рэльефу (хрыбты, узвышшы і г.д.) па іх знешніх адзнаках па-за залежнасцю ад паходжання.

@

Арбарыцыды (адлац. arbor - дрэва і caedo - забіваю), хімічныя прэпараты, якія прымяняюць для знішчэння непажаданай дрэвава-хмызняковай расліннасці.

@

Арганізм (ад сярэднелац. organizo - уладкоўваю, надаю стройны выгляд), жывая істота, рэальны носьбіт жыцця, які характарызуецца ўсімі ўласцівасцямі жывога.

@

Арганізмізм, метадалагічны прынцып, які патрабуе цэласнага падыходу да вывучэння аб'ектаў арганічнай прыроды.

@

Арганічнае рэчыва планеты, маса арганічных рэчываў, якая складаецца з жывога і мёртвага рэчываў арганізмаў. Асноўныя прадуцэнты жывой арганікі - раслінныя згуртаванні, для колькаснай ацэнкі функцыянальнай дзейнасці якіх прымяняюцца наступныя паказчыкі: біямаса, гадавы прырост, апад. Мёртвае А. р. п. - прадукты распаду, якія захаваліся ад раскладання і прымаюць удзел далей у працэсах гуміфікацыі і дэструкцыі.

@

Ардынацыя, адзін з метадаў аналізу эка- і геасістэм, які заключаецца ў размеркаванні відаў або згуртаванняў па раду змянення якога-небудзь аднаго або некалькіх карэліруючых фактараў (напр., змяненне відавога складу расліннасці і вялікай колькасці асобін кожнага з відаў з павелічэннем засалення глеб, са змяненнем мясцовага балансу цяпла і вільгаці).

@

Арнітахарыя, распаўсюджванне насення, спор, пладоў некаторых раслін птушкамі.

@

Артагенез, эвалюцыя, якая ідзе ў адным пэўным напрамку, «прамалінейная» эвалюцыя.

@

Арыдная расліннасць (ад лац. aridus - сухі), расліннасць тэрыторый з засушлівым (арыдным) кліматам, пры якім колькасць выпараемай вільгаці большая за колькасць выпадаючых ападкаў.

@

Арыдныя экасістэмы (ад лац. aridus - сухі), экасістэмы стэпаў, пустынь і паўпустынь, у якіх выпаральнасць перавышае гадавую суму ападкаў. Расліны зведваюць недахоп вільгаці на працягу вялікай часткі вегетацыйнага перыяду.

@

Арыентацыя жывёл (біяарыентацыя; ад фр. orientation - напрамак на ўсход), здольнасць жывёл вызначаць сваё становішча ў прасторы. Можа ажыццяўляцца з дапамогай розных органаў пачуццяў (зроку, слыху, смаку, нюху), біялакацыі.

@

Арэал (ад лац. area - плошча, прастора), частка зямной паверхні (тэрыторыі або акваторыі), у межах якой распаўсюджаны і праходзіць поўны цыкл свайго развіцця той або іншы від (род, сям'я і г.д.) жывёлы або расліны.

@

Асацыяцыя раслінная, асноўная адзінка класіфікацыі расліннага покрыва, якая ўяўляе сабой сукупнасць аднародных фітацэнозаў з падобнымі структурай, відавым складам і ўзаемаадносінамі як паміж раслінамі, так і паміж імі і асяроддзем.

@

Асектатары (ад лац. assectator - пастаянны спадарожнік), пастаянныя, але не пануючыя віды раслін у раслінным згуртаванні. Параўн. Эдыфікатары.

@

Асенізацыя (ад фр. assainissement - аздараўленне), устарэлая сістэма ачысткі неканалізаваных населеных месцаў ад вадкіх адкідаў і нечыстот. Уключае іх збор, часовае захоўванне, вываз, абясшкоджванне і ўтылізацыю. У сучасных гарадах выцясняецца каналізацыяй.

@

Асіміляцыя (анабалізм; ад лац. assimilatio - прыпадабненне, засваенне), утварэнне складаных рэчываў арганізма з больш простых (элементаў знешняга асяроддзя). Адна з характэрнейшых уласцівасцей жывога. Забяспечвае рост, развіццё, абнаўленне арганізма і назапашванне рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці крыніцы энергіі. Найбольш інтэнсіўна адбываецца ў перыяд росту: у жывёл - у маладым узросце, у раслін - на працягу вегетацыйнага перыяду. У адзінстве з дысіміляцыяй (распадам рэчыва ў арганізме) складае абмен рэчываў арганізма - метабалізм.

@

Асматычны ціск, вонкавы ціск, які неабходна прыкласці з боку раствору, каб процідзейнічаць паступленню ў яго растваральніку праз падзяляючую іх пранікальную мембрану.

@

Асноўны абмен, колькасць энергіі, затрачанай арганізмам у стане спакою, калі не адбываецца ператраўлівання ежы і не выконваецца ніякай мышачнай работы.

@

Аспектаванне (апісанне), разглядае гадавы сезонны цыкл і ўплыў яго на актыўнасць, характар і вонкавы выгляд згуртавання розных жывёл і раслін. Гадавы цыкл уключае наступныя перыяды: перадвясну, вясну, лета, позняе лета, восень і зіму.

@

Астэнасфера (ад грэч. asthenes - слабы і sphaira - шар), слой паніжанай цвёрдасці, трываласці і вязкасці верхняй мантыі Зямлі, які з'яўляецца падсцілачным для літасферы. Верхняя мяжа на глыбіні каля 100 км пад мацерыкамі і каля 50 км пад дном акіяна; ніжняя - на глыбіні 250-350 км. Перамяшчэнне рэчыва ў А., відавочна, прычына вулканізму і тэктанічных рухаў.

@

Асяроддзе, усе целы і з'явы (прыродныя і антрапагенныя), з якімі арганізм знаходзіцца ў прамых і ўскосных узаемаадносінах. Адрозніваюць тэрміны: «знешняе А.» - сукупнасць сіл і з'яў прыроды, не абавязкова кантактуючых з арганізмамі; «навакольнае А.» падразумявае непасрэдны кантакт з аб'ектам; «прыроднае А.» (комплекс фактараў жывой і нежывой прыроды, якія ўздзейнічаюць на арганізм) уключае асяроддзе абіятычнае (па паходжанню не звязанае з жыццядзейнасцю арганізмаў) і біятычнае (абумоўленае жыццядзейнасцю арганізмаў).

@

Асяроддзе пражывання, сукупнасць пэўных абіятычных і біятычных умоў, у якіх жыве дадзеная асобіна, папуляцыя або від. Нізкаарганізаваныя жывёлы і ўсе расліны трапляюць у сваё А. п. пасіўна і выжываюць у ім, калі да яго прыстасаваны. Большасць жывёл актыўна выбіраюць падыходзячае для сябе А. п., а часам і самі яго ствараюць (пабудова плаціны бабрамі для павышэння ўзроўню вады).

@

Атмасфера Зямлі (ад грэч. atmos - пара і sphaira - шар), газавая абалонка вакол Зямлі, якая верціцца разам з Зямлёй як адзінае цэлае. Маса каля 5,15 x 1015 т. Састаў яе каля паверхні Зямлі: 78,1% азоту, 21% кіслароду, 0,9% аргону, у невялікіх долях працэнта вуглякіслы газ, вадарод, гелій, неон і інш. газы.

@

Атмасферная цыркуляцыя, сістэма руху атмасфернага паветра ў маштабе ўсяго зямнога шара (агульная цыркуляцыя атмасферы) або над невялікай тэрыторыяй (мясцовая цыркуляцыя).

@

Атмасферны ціск, ціск паветра на зямную паверхню і на ўсе прадметы ў атмасферы; асноўны фактар, які вызначае напрамак і скорасць ветру.

@

Атмасферныя ападкі, вада ў вадкім або цвёрдым стане, якая выпадае з воблакаў (дождж, імжа, снег, змешаныя ападкі, крупы, град, ледзяны дождж) або ўтвараецца непасрэдна на зямной паверхні і наземных прадметах (раса, намаразь, галалёд, іней).

@

Атол, каралавы востраў, які мае форму суцэльнага або разарванага кольца, што акружае лагуну невялікай глыбіні (да 100 м). Утворан галоўным чынам вапняковымі пабудовамі каланіяльных каралаў. А. звычайна невялікія, але часам дасягаюць 50 км і больш у дыяметры. Сустракаюцца ў адкрытым моры ў трапічных шыротах, асабліва часта ў цэнтральнай частцы Ціхага акіяна.

@

Атрактанты (ад лац. attraho - прыцягваю да сябе), прыродныя або сінтэтычныя рэчывы, якія прывабліваюць жывёл (асабліва насякомых). Сінтэтычныя А. перспектыўныя як прынады для шкоднікаў сельскагаспадарчых раслін. Гл. Рэпеленты.

@

Атрактыўнасць (ад грэч. attractiveness - прывабнасць), здольнасць прывабліваць жывёл. Для энтамафагаў ёю могуць валодаць расліны, на якіх харчуюцца насякомыя (фітафагі) - іх ахвяры.

@

Аўтатрофныя арганізмы (аўтатрофы; ад грэч. autos - сам і trophe - ежа, харчаванне), арганізмы, якія сінтэзуюць з неарганічных рэчываў (г.ч. вады, дыаксіду вугляроду, неарганічных злучэнняў азоту) усе неабходныя для жыцця арганічныя рэчывы, выкарыстоўваючы энергію фотасінтэзу (усе зялёныя расліны - фотатрофы) або хемасінтэзу (некаторыя бактэрыі - хематрофы). Гл. Гетэратрофныя арганізмы.

@

Аўтахтоны (ад грэч. autochthones - карэнныя жыхары), арганізмы, якія ўзніклі ў працэсе эвалюцыі ў дадзенай мясцовасці і жывуць у ёй у цяперашні час. Так, качканос і эўкаліпт з'яўляюцца аўтахтонамі Аўстраліі, а мурашкаеды, ляніўцы і дзікая бульба - аўтахтонамі Паўднёвай Амерыкі. Гл. Абарыгены, Алахтоны.

@

Аўтэкалогія (аўтаэкалогія; ад грэч. autos - сам, oikos - дом і logos - вучэнне), раздзел экалогіі, які вывучае дзеянне розных фактараў асяроддзя (пераважна абіятычных) на асобныя папуляцыі і віды. Гл. Сінэкалогія.

@

Афатычная зона (ад грэч. a - адмоўе і photos - святло), адна з зон Сусветнага акіяна, якая ўключае глыбінныя, прыдонныя слаі вады, куды ніколі не пранікаюць сонечныя прамені.

@

Ахова паветра, комплекс мерапрыемстваў па санітарнай ахове атмасфернага паветра, якія можна падзяліць на: планаванне - рацыянальнае размяшчэнне прамысловасці ў пэўных санітарна ахаваных зонах у залежнасці ад віду і магутнасці прадпрыемстваў і мясцовых умоў; эфектыўныя спосабы газаачысткі, пылаўлоўлівання і рэдукцыі (выкарыстанне ўлоўліваемых прамысловых выкідаў); санітарна-заканадаўчыя мерапрыемствы, якія прадугледжваюць нормы гранічна дапушчальнай колькасці шкодных рэчываў у атмасферным паветры населеных пунктаў.

@

Ахова прыроды, комплекс мерапрыемстваў, якія ахопліваюць рацыянальнае выкарыстанне, ахову і аднаўленне аб'ектаў жывой і нежывой прыроды. Ажыццяўляецца міжнароднымі, дзяржаўнымі, рэгіянальнымі, адміністрацыйна-гаспадарчымі, палітычнымі, юрыдычнымі і грамадскімі камітэтамі і арганізацыямі.

@

Ахова раслін, комплекс мерапрыемстваў і прыёмаў, якія маюць мэтай поўнае знішчэнне або значнае зніжэнне колькасці розных шкоднікаў сельскай і лясной гаспадарак. У цяперашні час найбольшае распаўсюджанне атрымалі хімічныя сродкі аховы раслін, аднак у перспектыве яны павінны быць заменены біялагічнымі, якія не наносяць урону жывой прыродзе і здароўю чалавека.

@

Ацэнка па якасці патомства, метад селекцыі, пры якім генатып вызначаюць шляхам пробных скрыжаванняў і ацэнкі атрымліваемага патомства.

@

Ачаг,

1) цэнтр узнікнення якога-небудзь працэсу;

2) абмежаваная плошча, на якой назіраецца які-небудзь працэс.

@

Ачыстка,

1) устараненне пабочных і непажаданых рэчываў з паверхні або з аб'ёму якога-небудзь прадмета;

2) вызваленне цвёрдых, вадкіх і газападобных адходаў ад забруджваючых асяроддзе шкодных прымесей.

@

Ачыстка сцёкавых вод, разбурэнне і выдаленне з іх забруджваючых рэчываў. Існуюць тры асноўныя метады ачысткі вод: механічны - выдаленне са сцёкавых вод нерастваральных рэчываў; хімічны - дабаўленне ў сцёкавыя воды хімічных рэагентаў, што садзейнічаюць выдаленню з вады забруджваючых рэчываў; біялагічны, які заключаецца ў натуральным раскладанні (з дапамогай мікраарганізмаў) атрутных рэчываў у вадаёмах.

@

Аэратэнк (аэратанк; ад грэч. aer - паветра і англ. tank - рэзервуар, бак), збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых вод, якое ўяўляе сабой некалькі праточных рэзервуараў, што прадзімаюцца паветрам. Параўн. Метантэнк.

@

Аэрафілы (ад грэч. aer - паветра і phileo - люблю), жывёлы, якія жывуць на сушы.

@

Аэрафіты (ад грэч. aer - паветра і phyton - расліна), паветраныя расліны, якія пасяляюцца на ствалах або галінах іншых раслін і атрымліваюць усе неабходныя пажыўныя рэчывы з навакольнай атмасферы. З кветкавых да іх належаць некаторыя расліны вільготных трапічных лясоў, а таксама некаторыя імхі, лішайнікі і водарасці.

@

Аэрацыя вады, натуральнае або штучнае насычэнне вады кіслародам.

@

Аэробы (аэробныя арганізмы; ад грэч. aer - паветра і bios - жыццё), арганізмы, здольныя жыць і развівацца толькі пры наяўнасці ў асяроддзі свабоднага кіслароду, які выкарыстоўваецца ў якасці акісляльніку.

@

Багацце віду, колькасць асобін на адзінку плошчы або аб'ёму займаемай прасторы. Паказчык выкарыстоўваецца для ацэнкі ролі асобных відаў у відавой структуры біяцэнозу.

@

Багна, моцна пераўвільготненая мясцовасць з зараснікамі трыснягу і інш. вільгацелюбівай расліннасцю.

@

Бактэрыцыды (бактэрыцыдныя рэчывы; ад грэч. bakterion - палачка і лац. caedo - забіваю), рэчывы, якія забіваюць бактэрый і інш. мікраарганізмаў, затрымліваюць іх рост і развіццё.

@

Банка (водмель), участак марскога дна, над якім глыбіня мора значна меншая за глыбіні, што акружаюць яго. У раёне Б. развіваецца багаты жывёльны свет. Шырока вядомы вустрычныя і мідыевыя Б. Звычайна з'яўляюцца раёнамі інтэнсіўнага рыбалоўства.

@

Барэальная вобласць (ад лац. borealis, ад грэч. boreas - паўночны), зоагеаграфічная вобласць Сусветнага акіяна, якая займае прамежкавае становішча паміж Арктычнай і Трапічнай абласцямі. У адрозненне ад Трапічнай і прыпалярных абласцей, воды якіх маюць амаль нязменную тэмпературу на працягу года, для Б. в. характэрны рэзкія сезонныя хістанні тэмпературы вады - ад 3 да 15°C і большай. У сувязі з гэтым арганізмы, якія жывуць у Б. в. (барэальныя арганізмы), здольныя пераносіць значныя змяненні тэмпературы (эўрытэрмныя арганізмы).

@

Басейнавыя інспекцыі тэрытарыяльныя, ажыццяўляюць кантроль за рацыянальным выкарыстаннем і аховай водных рэсурсаў у межах пэўных тэрыторый.

@

Батыбіёнты (ад грэч. bathys - глыбокі і bios - жыццё), марскія арганізмы, якія жывуць у тоўшчы вады на вялікіх глыбінях (ад 500 м).

@

Батыграфічная крывая (ад грэч. bathys - глыбокі і grapho - пішу), частка гіпсаграфічнай крывой, якая характарызуе распаўсюджанасць розных глыбінь дна акіяна або мора. Гл. Гіпсаграфічная крывая.

@

Батыметрыя, вымярэнне глыбінь акіянаў, мораў і інш. водных аб'ектаў спецыяльнымі прыборамі розных сістэм.

@

Батыпелагіяль (ад грэч. bathys - глыбокі і лац. pelagos - адкрытае мора), водная тоўшча, якая знаходзіцца паміж глыбінямі ад 200 да 3000 м.

@

Батыскаф (ад грэч. bathys - глыбокі і skaphos - судна), глыбакаводны самаходны апарат для акіянаграфічных і інш. даследаванняў дна мораў і акіянаў.

@

Батыяль (батыяльная зона; ад грэч. bathys - глыбокі), зона марскога дна, якая адпавядае кантынентальнаму схілу (ад 200-600 да 3000 м).

@

Безадходныя тэхналогіі, тэхналогіі, якія забяспечваюць максімальнае выкарыстанне і перапрацоўку сыравіны, матэрыялаў і паўфабрыкатаў у працэсе вытворчасці шляхам найбольш эфектыўнага і эканомнага іх расходавання (пры мінімальных стратах сыравіны, паліва і энергіі), паўторнага ўцягвання адходаў у вытворчасць або вяртання іх у навакольнае асяроддзе ў бясшкодным для яго стане.

@

Бенталь (ад грэч. benthos - глыбіня, дно), дно і прыдонны слой вады вадаёмаў як асяроддзе пражывання арганізмаў.

@

Бентас (ад грэч. benthos - глыбіня, дно), насельніцтва дна; сукупнасць арганізмаў, якія жывуць на грунце і ў грунце дна вадаёмаў. Б. дзеляць на раслінны (фітабентас) і жывёльны (заабентас).

@

Берагаўмацавальныя насаджэнні і збудаванні, сродкі для аховы берагоў і ўхілаў земляных дамбаў ад размыву і абвальвання. Выкарыстоўваюцца насаджэнні з вербаў, густасцябловых травяністых шматгадовых раслін (чароту, асок, рысу далёкаўсходняга і інш.), якія эфектыўна затрымліваюць змыванне ў вадаёмы ўрадлівага грунту.

@

Біём (ад грэч. bios - жыццё і лац. omat, oma - канчатак, які абазначае сукупнасць; ад англ. biom), сукупнасць відаў раслін і жывёл і асяроддзя іх пражывання ў пэўнай ландшафтна-геаграфічнай зоне; тэрмін распаўсюджан г.ч. у замежнай літаратуры. Да гэтага паняцця блізкі тэрмін «біёта», які прымяняецца да больш вялікіх участкаў паверхні зямлі.

@

Біёнт (ад грэч. bion (biontos) - які жыве), арганізм, які прыстасаваўся ў ходзе эвалюцыі да пражывання ў пэўным асяроддзі - біятопе. Адрозніваюць аэрабіёнты, гідрабіёнты і інш.

@

Біёта (ад грэч. bios - жыццё), сукупнасць жывых арганізмаў, якая склалася гістарычна і аб'яднана агульнай вобласцю распаўсюджання. У адрозненне ад біяцэнозу ў склад Б. уваходзяць віды, якія могуць не мець экалагічных сувязей адзін з адным (напр., кенгуру і рыба цэратодус, якія ўваходзяць у склад аўстралійскай фаўны).

@

Біяакустыка (ад грэч. bios - жыццё і akustikos - слыхавы, які слухае), раздзел біялогіі, які вывучае гукавую сігналізацыю і зносіны жывёл у прыродзе, іх арыентацыю ў прасторы з дапамогай натуральных рэхалакатараў, а таксама будову слыхавой і галасавой сістэм.

@

Біягеасфера (ад грэч. bios - жыццё, ge - Зямля і sphaira - шар), абалонка зямнога шара, у якой сканцэнтравана жывое рэчыва планеты; размешчана на мяжы кантакту паверхневага слоя зямной кары з паветраным акіянам і ў верхняй частцы воднай абалонкі.

@

Біягеахімічныя цыклы (біягеахімічны кругаварот рэчываў), абмен рэчывамі і энергіяй паміж рознымі кампанентамі біясферы, які абумоўлен жыццядзейнасцю арганізмаў і носіць цыклічны характар. Тэрмін уведзен у 1910-х гг. У.І.Вярнадскім, які распрацаваў тэарэтычныя асновы біягеахімічнай цыклічнасці ў вучэнні аб біясферы і працах па біягеахіміі.

@

Біягеацэналогія (ад біяцэноз і logos - вучэнне), навука, якая вывучае згуртаванні арганізмаў (біяцэнозы) ва ўзаемадзеянні з нежывой прыродай. Параўн. Біяцэналогія.

@

Біягеацэноз (ад грэч. bios - жыццё, ge - Зямля і koinos - агульны), аднародны ўчастак зямной паверхні з пэўным складам жывых (біяцэноз) і косных (прыземны слой атмасферы, сонечная энергія, глеба і інш.) кампанентаў, звязаных паміж сабой абменам рэчываў і энергіі. Тэрмін прапанаваў савецкі вучоны Ў.М.Сукачоў (1940); часам ужываецца як сінонім экасістэмы.

@

Біягенныя элементы (ад грэч. bios - жыццё і genesis - нараджэнне, з'яўленне), хімічныя элементы, якія ўваходзяць у састаў арганізмаў і неабходныя ім для жыццядзейнасці. Важнейшымі з'яўляюцца: кісларод (каля 70% масы арганізмаў), вуглярод (18%), вадарод (10%), азот, бор, кальцый, калій, натрый, фосфар, магній, сера, хлор.

@

Біяіндыкатары (біялагічныя індыкатары; ад грэч. bios - жыццё і лац. indicator - паказальнік), арганізмы, прысутнасць, стан і інтэнсіўнасць развіцця якіх служаць паказчыкам ступені забруджвання асяроддзя.

@

Біякамунікацыя, зносіны жывёл, сувязі паміж асобінамі аднаго або розных відаў, якія складваюцца шляхам прыёму сігналаў, што ўтвараюцца імі. Гл. Рытуалізацыя.

@

Біялагічнае насельніцтва, сукупнасць раслінных і жывёльных арганізмаў, якія пражываюць у пэўным месцы. Тэрмін падразумявае адначасовую прысутнасць некалькіх розных відаў.

@

Біялагічная ахова раслін, выкарыстанне жывых арганізмаў або прадуктаў іх жыццядзейнасці для знішчэння шкодных арганізмаў, папярэджання або змяншэння страт, якія імі наносяцца. Прымяняюць драпежных і паразітычных насякомых (энтамафагаў), драпежных кляшчоў (акарыфагаў), антаганістычных мікраарганізмаў (бактэрый, грыбоў, вірусаў, актынаміцэтаў), насякомаедных птушак і інш., прадукты абмену жывой клеткі (антыбіётыкі, фітанцыды).

@

Біялагічная ачыстка сцёкавых вод, спосаб ачысткі бытавых і прамысловых сцёкавых вод, які заключаецца ў біяхімічным разбурэнні (мінералізацыі) мікраарганізмамі арганічных рэчываў (забрудненняў арганічнага паходжання), раствораных і эмульгаваных у сцёкавых водах.

@

Біялагічная індыкацыя, ацэнка асяроддзя па наяўнасці або адсутнасці ў ім тых або іншых арганізмаў, называемых індыкатарамі. Напр., толькі ў чыстай вадзе сустракаюцца лічынкі шыцікаў; наадварот, толькі ў моцна забруджаных вадаёмах распаўсюджаны лічынкі некаторых хіранамід.

@

Біялагічная прадукцыйнасць, экалагічнае і агульнабіялагічнае паняцце, якое абазначае ўзнаўленне біямасы мікраарганізмаў, раслін і жывёл, што ўваходзяць у склад экасістэмы; звычайна выражаецца ў масе прадукцыі за год на адзінку аб'ёму (грунту, вады). У больш вузкім сэнсе - узнаўленне дзікіх жывёл, раслін, выкарыстоўваемых чалавекам.

@

Біялагічны гадзіннік, умоўны тэрмін; абазначае здольнасць жывых арганізмаў арыентавацца ў часе, якая ўзнікае ў працэсе іх эвалюцыйнай адаптацыі да цыклічнасці рада працэсаў, што адбываюцца ў навакольным асяроддзі (змены дня і ночы, пор года).

@

Біялагічныя рытмы, раўнамернае чаргаванне ў часе якіх-небудзь станаў арганізма. Б. р., перыяд якіх роўны або блізкі да 24 гадзін, называюцца цыркаднымі або сутачнымі (ад лац. circa - каля і dies - суткі). Адлюстроўваюць цыклічнасць з'яў у прыродзе і падтрымліваюцца ўнутраным механізмам біялагічнага гадзінніка.

@

Біялагічныя цыклы, рытмічнае паўтарэнне біялагічных з'яў у згуртаваннях арганізмаў (папуляцыях, біяцэнозах), якое служыць прыстасаваннем да цыклічных змяненняў умоў іх існавання. Уваходзяць у больш агульнае паняцце - «біялагічныя рытмы», якое ўключае ўсе біялагічныя з'явы, што рытмічна паўтараюцца. Могуць быць сутачнымі, сезоннымі (гадавымі) або шматгадовымі.

@

Біялакацыя (ад грэч. bios - жыццё і лац. lacatio - размяшчэнне), здольнасць жывёл вызначаць становішча якога-небудзь аб'екта або сваё ў прасторы.

@

Біялюмінесцэнцыя (ад грэч. bios - жыццё і лац. lumen - святло, -escent - суфікс, які азначае слабае дзеянне), бачнае свячэнне жывых арганізмаў, звязанае з працэсамі іх жыццядзейнасці і абумоўленае ў значнага ліку відаў ферментатыўным акісленнем асобых рэчываў - люцыферынаў. Назіраецца ў многіх бактэрый, ніжэйшых раслін (грыбоў), некаторых беспазваночных жывёл (ад прасцейшых да насякомых уключна), рыб. Больш шырока распаўсюджана сярод насельнікаў мораў і акіянаў. Тут арганізмы, якія свецяцца, часам размнажаюцца ў такой колькасці, што выклікаюць свячэнне мора.

@

Біямаса (ад грэч. bios - жыццё і massa - камяк, кавалак), агульная маса асобін аднаго віду, групы відаў або згуртаванняў у цэлым (раслін, мікраарганізмаў і жывёл), якая прыпадае на адзінку паверхні або аб'ёму месцапражывання; адзін з важнейшых экалагічных тэрмінаў. Б. часцей за ўсё выражаюць у масе сырога або сухога рэчыва (г/м2, кг/га, г/м3 і г.д.) або ў прапарцыянальных ёй адзінках (масе вугляроду або азоту, арганічных рэчываў цела і інш.). Б. раслін называецца фітамасай, жывёл - заамасай.

@

Біяметад, метад барацьбы са шкоднікамі сельскай гаспадаркі, заснаваны на выкарыстанні арганізмаў (драпежнікаў або паразітаў), якія знішчаюць шкоднікаў. Гл. Біялагічная ахова раслін.

@

Біясфера (ад грэч. bios - жыццё і sphaira - шар), вобласць актыўнага жыцця, якая ахоплівае ніжнюю частку атмасферы, гідрасферу і верхнюю частку літасферы. Тэрмін увёў аўстрыйскі геолаг Э. Зюс (1875), які разумеў яе як тонкую плёнку жыцця на зямной паверхні. Заслуга стварэння цэласнага вучэння аб Б. належыць У.І.Вярнадскаму (1926).

@

Біятоп (ад грэч. bios - жыццё і topos - месца, мясцовасць), участак зямной паверхні (сушы або вадаёма) з аднатыпнымі ўмовамі асяроддзя, заняты пэўным згуртаваннем арганізмаў - біяцэнозам.

@

Біятычны патэнцыял, патэнцыяльны рост колькасці папуляцыі ў геаметрычнай прагрэсіі пры яе размнажэнні ў некантралюемых умовах, г.зн. без уплыву якіх-небудзь знешніх фактараў.

@

Біятычныя фактары асяроддзя (ад грэч. bios - жыццё і лац. factor - які робіць, выконвае), сукупнасць уплываў жыццядзейнасці адных арганізмаў на другія. Гэта ўзаемадзеянне драпежніка і ахвяры, паразіта і гаспадара, унутры- і міжвідавая канкурэнцыя і г.д. Уздзейнічаюць на арганізм не толькі непасрэдна, але і ўскосна - праз навакольнае асяроддзе (напр., бактэрыі ўплываюць на састаў глебы; пад полагам лесу адбываецца змяненне мікраклімату і г.д.).

@

Біяфагі (ад грэч. bios - жыццё і phagos - пажыральнік), арганізмы, якія кормяцца жывым арганічным рэчывам.

@

Біяхімічнае спажыванне кіслароду (БСК), паказчык інтэнсіўнасці аэробнага акіслення арганічнага рэчыва і адпаведна ступені ачысткі вод. У чыстых водах мораў і прэсных вадаёмаў БСК не перавышае 2-5 мг О2 на 1 л. У забруджаных водах БСК замяраюць праз пэўныя часавыя інтэрвалы (5, 10, 20 сутак), каб вызначыць хуткасць працэсу мінералізацыі арганічнага рэчыва.

@

Біяхор (ад грэч. bios - жыццё і chora - прастора), падраздзяленне біясферы, якое ўключае групу падобных біятопаў. Б. аб'ядноўваюцца ў біяцыклы.

@

Біяцыды (ад грэч. bios - жыццё і лац. caedere - забіваць), рэчывы, якія выклікаюць гібель арганізмаў (раслін, жывёл). Звычайна выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы. Да Б. адносяцца гербіцыды, пестыцыды, малюскацыды, інсектыцыды і інш.

@

Біяцыклы (жыццёвыя вобласці; ад грэч. bios - жыццё і kyklos - круг, кругаварот), тры самыя буйныя падраздзяленні біясферы: суша, мора і ўнутраныя вадаёмы. Кожны Б. падраздзяляецца на біяхоры, якія ўключаюць значны лік біятопаў. Напр., біятопы пясчаных, гліністых і камяністых пустынь аб'ядноўваюцца ў біяхор пустынь, які разам з біяхорамі лясоў, стэпаў і інш. складаюць Б. сушы.

@

Біяцэналогія (ад грэч. bios - жыццё, koinos - агульны і logos - вучэнне), навука, якая вывучае паходжанне, будову, узаемадзеянне з навакольным асяроддзем, развіццё ў часе і прасторы згуртаванняў жывых арганізмаў - біяцэнозаў.

@

Біяцэноз (ад грэч. bios - жыццё і koinos - агульны), сукупнасць жывых істот (раслін, жывёл, мікраарганізмаў), якія насяляюць участак сушы або вадаёма і характарызуюцца пэўнымі адносінамі як паміж сабой, так і з абіятычнымі фактарамі асяроддзя. Тэрмін упершыню прапанаваў нямецкі біёлаг К.Мёбіус у 1877 г. Гл. Біятоп.

@

Блакітныя патрулі, аб'яднанні (атрады) школьнікаў, якія садзейнічаюць захаванню і павелічэнню рыбных запасаў.

@

Буралом, выварочванне моцным ветрам (скорасць 15-20 м/с) дрэў з каранямі.

@

Бытавыя адходы, разнастайныя па складу і фізіка-хімічных уласцівасцях рэшткі, якія ўтвараюцца ў працэсе бытавой дзейнасці людзей (сцёкавыя воды, нечыстоты, смецце, кавалкі паперы, тканін, гумы, металаў і інш.). Выкарыстоўваюцца пасля спецыяльнай апрацоўкі або падлягаюць знішчэнню для папярэджання забруджвання асяроддзя.

@

Вадаём, вялікая колькасць бяссцёкавых або з запаволеным сцёкам вод у прыродных або штучных упадзінах (азёры, вадасховішчы, сажалкі, каналы і г.д.).

@

Вадасховішча, штучны вадаём, утвораны, як правіла, у даліне ракі водападпорнымі збудаваннямі для назапашвання і захоўвання вады з мэтай яе выкарыстання ў народнай гаспадарцы. Для ўсіх В. характэрны: узрастанне глыбінь у напрамку да плаціны, выключаючы тыя з іх, у склад якіх увайшлі глыбокія азёры; вельмі запаволеныя ў параўнанні з ракой водаабмен і хуткасці цячэння; няўстойлівасць летняй тэрмічнай і газавай стратыфікацыі і некаторыя інш. асаблівасці гідралагічнага рэжыму.

@

Валавая першасная прадукцыя, агульная маса раслінных тканак на адзінку паверхні або аб'ёму месцапражывання, якая ўтвараецца ў працэсе фотасінтэзу за пэўны час.

@

Вегетацыйны перыяд, перыяд года, у які магчымы рост і развіццё (вегетацыя) раслін у дадзеных кліматычных умовах. Час актыўнай жыццядзейнасці. Працягласць залежыць ад прыродных умоў (геаграфічнай шыраты, клімату). Ва ўмовах умеранага клімату В. п. травяністых раслін прыкладна адпавядае прамежку часу ад апошніх вясенніх да першых асенніх моцных замаразкаў; у дрэў - ад пачатку руху соку (у клёну, бярозы) да канца лістападу. Важнейшы біякліматычны паказчык, якім карыстаюцца пры інтрадукцыі і акліматызацыі раслін.

@

Ветравая эрозія глебы, разбурэнне і перанос глебы ветрам.

@

Вецер, рух паветра адносна зямной паверхні, які выклікаецца нераўнамерным размеркаваннем атмасфернага ціску. Над вялікімі тэрыторыямі ўтварае паветраныя плыні.

@

Від [species], адзінка класіфікацыі раслін і жывёл; папуляцыя асобін, якія падобны па сваіх марфалагічных і фізіялагічных адзнаках, маюць агульнае паходжанне і скрыжоўваюцца ў прыродных умовах толькі паміж сабой.

@

Від дамінантны (ад лац. dominans - пануючы), від, які пераважае па колькасці.

@

Від эдыфікатар (ад лац. aedificator - будаўнік), від, які сваёй жыццядзейнасцю ў найбольшай ступені стварае асяроддзе, прадвызначае існаванне іншых арганізмаў.

@

Від эндэмічны (ад грэч. endemos - мясцовы), від, які пражывае толькі ў дадзеным рэгіёне. Развіццю эндэмізму садзейнічаюць геаграфічная ізаляцыя, кліматычныя ўмовы, біятычныя фактары (канкурэнцыя, паразітызм і да т.п.).

@

Відавая разнастайнасць, лік відаў раслін і жывёл, якія ўтвараюць дадзены біягеацэноз.

@

Віды знікаючыя, віды, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення і якім пагражае непасрэдная небяспека вымірання; далейшае існаванне іх немагчыма без ажыццяўлення спецыяльных мер аховы.

@

Віды рэдкія, віды, якія не знаходзяцца пад непасрэднай пагрозай вымірання, але захаваліся ў невялікай колькасці або на абмежаваных тэрыторыях; ёсць небяспека іх знікнення.

@

Віды, якія скарачаюцца, віды, колькасць і арэал якіх памяншаецца на працягу пэўнага часу, або па прыродных прычынах, або з-за ўмяшання чалавека, або ў выніку таго і іншага разам.

@

Вільготнасць паветра, колькасць вадзяной пары ў паветры; адна з найбольш істотных характарыстык надвор'я і клімату. Найбольш важны і часта ўжываемы паказчык В. п. - адносная В. п., вымяраемая працэнтнай адносінай фактычнага ціску вадзяной пары ў атмасферы да максімальна магчымага пры дадзенай тэмпературы паветра.

@

Вільготнасць паветра абсалютная, колькасць газападобнай вады (пары) у грамах на 1 м3 паветра.

@

Віхар, звычайна невялікая маса паветра, ахопленая вярчальным рухам вакол гарызантальнай або вертыкальнай восі.

@

Вобласць арыдная, вобласць, у якой выпарэнне перавышае гадавую суму ападкаў, раслінны свет зведвае недахоп вільгаці на працягу вегетацыйнага перыяду.

@

Вобласць гумідная, вобласць, у якой расліны забяспечаны вадой у дастатковай меры.

@

Водаахоўныя зоны, тэрыторыі, якія мяжуюць з акваторыямі рэк, азёр і інш. водных аб'ектаў, дзе наладжаны спецыяльны рэжым гаспадарчай дзейнасці для прадухілення забруджвання, засмечвання, вычарпання вод і заглейвання вадаёмаў.

@

Водаахоўныя лясы і лясныя насаджэнні, палосы і масівы лесу прыроднага або штучнага паходжання вакол вадаёмаў, якія захоўваюць і ствараюць для засцярогі берагоў ад разбурэння ветрам і патокамі вады з вадазбору, а таксама для аховы ад забруджвання і змяншэння страт ваы на выпарэнне; маюць таксама аздараўленчае, рэкрэацыйнае і эстэтычнае значэнне.

@

Водаачыстка, комплекс тэхналагічных працэсаў, накіраваных на давядзенне якасці вады, якая паступае ў водаправодную сетку з крыніц водазабеспячэння, да вызначаных паказчыкаў.

@

Водазабеспячэнне, метады і спосабы пошуку водакрыніц і падачы вады спажыўцам. Ажыццяўляецца будаўніцтвам вадасховішчаў, трубаправодаў і інш. інжынерных збудаванняў, якія забяспечваюць забор паверхневых і падземных вод.

@

Водазатрыманне, комплекс агратэхнічных, гідратэхнічных і лесамеліярацыйных мерапрыемстваў, накіраваных на назапашванне вільгаці ў глебе, рэгуляванне паверхневага сцёку талых і дажджавых вод, запавольванне і папярэджанне эразійных працэсаў.

@

Водакарыстанне, выкарыстанне водных аб'ектаў, якія знаходзяцца ў выключнай уласнасці дзяржавы, для задавальнення патрэб насельніцтва і народнай гаспадаркі ў вадзе.

@

Водападрыхтоўка, паляпшэнне якасці прыродных вод, якія выкарыстоўваюцца для тэхналагічных мэт (забеспячэнне вадой паравых і вадагрэйных катлоў і г.д.).

@

Водаспажыванне, расходаванне вады, якая падаецца для задавальнення патрэб насельніцтва, сельскай гаспадаркі, прамысловасці і інш. водаспажыўцоў.

@

Воднае заканадаўства, комплекс прававых норм, якія рэгулююць парадак выкарыстання і аховы водных рэсурсаў.

@

Водная гаспадарка, галіна народнай гаспадаркі, якая займаецца выкарыстаннем паверхневых і падземных вод для розных галін эканомікі, іх аховай, а таксама барацьбой са шкодным уздзеяннем на воды.

@

Водная эрозія, працэс разбурэння (змыў і размыў) глебы і падсцілаючых парод патокамі дажджавых і талых вод, перамяшчэння прадуктаў разбурэння і іх пераадкладання. Прыводзіць да гаспадарчага і экалагічнага ўрону - змыву ўрадлівага слоя глебы, разбурэння глебагрунтоў, размыву берагоў, заглейвання вадаёмаў, утварэння яроў.

@

Водны баланс, колькаснае супастаўленне ўсіх відаў прыходу, расходу і змянення запасаў вады ў межах якой-небудзь тэрыторыі за адпаведны адрэзак часу.

@

Водны кадастр, сістэматызаваны звод звестак аб водных аб'ектах, водных рэсурсах, водакарыстальніках, рэжыме якасці і скарыстання вады.

@

Водны кодэкс, адзіны сістэматызаваны заканадаўчы акт, які змяшчае нормы права па ахове і выкарыстанню водных рэсурсаў.

@

Водныя жывёлы (гідрабіёнты), арганізмы, усё жыццё якіх праходзіць у вадзе.

@

Водныя расліны, расліны, якія растуць у вадзе. Адрозніваюць гідрафіты - апушчаныя ў ваду толькі ніжняй часткай, і гідатафіты - цалкам або большай часткай сваёй апушчаныя ў ваду.

@

Водныя рэсурсы, усе прыгодныя для выкарыстання ў народнай гаспадарцы воды рэк, азёр, каналаў, вадасховішчаў, мораў, акіянаў, падземныя воды, глебавая вільгаць, вада ледавікоў, вадзяная пара атмасферы. Гл. Гідрасфера.

@

Возера, кантынентальны стаячы вадаём. Біёта В. залежыць ад плошчы паверхні і глыбіні вадаёма, хімічнага саставу вады, кліматычных умоў рэгіёна. Гэтыя фактары ляжаць у аснове класіфікацыі азёр.

@

Востраў, участак сушы, абкружаны вадой.

@

Выжыванне, здольнасць арганізмаў перажываць неспрыяльныя фактары асяроддзя. Сярэдняя для папуляцыі верагоднасць захавання асобін кожнага пакалення за пэўны прамежак часу. Ацэньваецца адносінай ліку дарослых асобін, якія ўдзельнічаюць у размнажэнні, да ліку тых, што нарадзіліся ў кожным пакаленні.

@

Выміранне, працэс, які суправаджаецца затрымкай размнажэння і павышанай смяротнасцю. Вядзе да скарачэння колькасці папуляцыі. Вядомы выпадкі поўнага вымірання класаў (трылабіты, шчытковыя рыбы, стэгацэфалы, іхтыязаўры і г.д.). Адной з прычын В. з'яўляецца змяненне ўмоў існавання, да якіх арганізм не можа прыстасавацца.

@

Газаачыстка, працэс улоўлівання цвёрдых, вадкіх або газападобных забруджвальнікаў з выкідаў у атмасферу.

@

Галабіёнты (ад грэч. hals - соль і bion - які жыве), арганізмы, якія жывуць у перасоленых вадаёмах.

@

Галаклін, зона хуткага ўзрастання салёнасці, якая ніжэй пераходзіць у павольнае і плаўнае змяненне салёнасці ў глыбінных водах.

@

Галапланктон (ад грэч. holos - увесь і planktos - блукаючы), сукупнасць арганізмаў, якія праводзяць усё жыццё ў тоўшчы вады.

@

Галарктычная вобласць (галарктыка; ад грэч. holos - увесь і arktikos - паўночны), фларыстычная і зоагеаграфічная вобласць сушы. Для раслін і жывёл межы Г. в. не супадаюць.

@

Галафілы (ад грэч. hals - соль і phileo - люблю), жывёлы, якія пражываюць ва ўмовах высокай салёнасці.

@

Галафіты (ад грэч. hals - соль і phyton - расліна), расліны, якія растуць на моцна засоленых глебах па берагах мораў, на саланчаках і да т.п.

@

Гамаятэрмныя жывёлы (ад грэч. homoios - падобны, аднолькавы і therme - цяпло), жывёлы з пастаяннай, устойлівай тэмпературай цела, якая амаль не залежыць ад тэмпературы навакольнага асяроддзя (цеплакроўныя жывёлы). Да іх адносяцца птушкі і млекакормячыя.

@

Гамеастаз (ад грэч. homoios - падобны, аднолькавы і stasis - нерухомасць, стан), здольнасць біялагічных сістэм супрацьстаяць змяненням і захоўваць дынамічнае адноснае пастаянства складу і ўласцівасцей. Паняцце Г. прымяняюць да біяцэнозаў (захаванне пастаянства відавога складу і ліку асобін). Тэрмін прапанаваў амерыканскі фізіёлаг У.Кенан у 1929 г. для характарыстыкі стану і працэсаў, якія забяспечваюць устойлівасць арганізма.

@

Гаспадар, арганізм, які выкарыстоўваецца паразітам для пражывання, кармлення, аховы або як сродак перамяшчэння.

@

Гаспадар асноўны, від, на якім звычайна паразітуе дадзены від паразітаў.

@

Геабіёнты (ад грэч. ge - Зямля і bion - які жыве), пастаянныя насельнікі глебы. Увесь цыкл іх развіцця праходзіць у глебавым асяроддзі. Тыповымі прадстаўнікамі з'яўляюцца дажджавыя чэрві, многія першаснабяскрылыя насякомыя.

@

Геаксены (ад грэч. ge - Зямля і xenos - чужы, госць), жывёлы, якія калі-нікалі наведваюць глебу для часовага ўкрыцця або прытулку (тараканавыя, некаторыя паўцвердакрылыя, грызуны і інш. млекакормячыя, што жывуць у норах).

@

Геамарфалогія (ад грэч. ge - Зямля і марфалогія), навука аб рэльефе зямной паверхні (сушы, дна акіянаў і мораў), яго паходжанні і гісторыі развіцця.

@

Геасфера (ад грэч. ge - Зямля і sphaira - шар), канцэнтрычныя сферы, якія складаюць Зямлю. Верхняя з іх - атмасфера, затым біясфера і гідрасфера, літасфера, мантыя і ядро Зямлі.

@

Геафізіка, комплекс навук, якія вывучаюць фізічныя ўласцівасці Зямлі ў цэлым і фізічныя працэсы, што адбываюцца ў яе цвёрдых сферах, а таксама ў вадкай (гідрасферы) і газавай (атмасферы) абалонках.

@

Геафілы (ад грэч. ge - Зямля і phileo - люблю), жывёлы, частка цыкла развіцця якіх, часцей адна з фаз, абавязкова праходзіць у глебе. Да іх належыць большасць насякомых: саранчовыя, рад жукоў, камары-даўганожкі, лічынкі іх развіваюцца ў глебе, а ў дарослым стане гэта тыповыя наземныя насельнікі. Да Г. належаць і такія насякомыя, якія ў глебе знаходзяцца ў фазе кукалкі.

@

Геафіты (ад грэч. ge - Зямля і phyton - расліна), шматгадовыя травяністыя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення размешчаны на падземных органах (цыбулінах, карэнішчах, клубнях). Адна з жыццёвых форм раслін.

@

Гелафілы (ад грэч. helos - балота і phileo - люблю), балотныя жывёлы; часцей за ўсё з'яўляюцца гіграфіламі.

@

Гелафіты (ад грэч. helos - балота і phyton - расліна), балотныя расліны. Гл. Гіграфіты.

@

Геліяфільнасць (ад грэч. helios - Сонца і phileo - люблю), адносіны арганізмаў да святла.

@

Геліяфіты (ад грэч. helios - Сонца і phyton - расліна), расліны, якія прыстасаваліся да жыцця пры поўным сонечным асвятленні і ў якіх пры зацяненні паяўляюцца адзнакі прыгнечанасці. Часта Г. называюць святлалюбнымі раслінамі.

@

Гемікрыптафіты (ад грэч. hemi - напалову, kryptos - тайны, скрыты і phyton - расліна), шматгадовыя травяністыя расліны, пупышкі ўзнаўлення якіх закладваюцца на карэнішчах, клубнях, цыбулінах глыбока пад зямлёй (гл. Геафіты) або пад вадой (Гл. Гідрафіты). Наземныя парасткі к зіме адміраюць. Вельмі многія лугавыя расліны.

@

Геміксерафіты (ад грэч. hemi - напалову, xeros - сухі і phyton - расліна), засухаўстойлівыя расліны, здольныя пераносіць перагрэў і абязводжванне дзякуючы магутнай каранёвай сістэме, якая забяспечвае бесперабойнае водазабеспячэнне і інтэнсіўную транспірацыю. Працяглага абязводжвання не выносяць (шалфей, вярблюджая калючка і інш.).

@

Генафонд, сукупнасць спадчынных уласцівасцей усіх існуючых на Зямлі арганізмаў. Кожны біялагічны від непаўторны. Таму ўвесь Г. нашай планеты, за выключэннем Г. некаторых небяспечных хваробатворных арганізмаў, падлягае строгай ахове.

@

Генератыўныя асобіны (ад лац. generare - нараджаць, вырабляць), асобіны, якія здольны да размнажэння, хоць і не абавязкова размнажаюцца ў дадзены перыяд.

@

Генерацыя (ад лац. generatio - нараджэнне), пакаленне; перыяд жыцця жывёлы (або расліны) ад пачатку яе развіцця да палаваспелага стану. Некаторыя віды жывёл даюць некалькі Г. у год (трусы, мышы, многія насякомыя і г.д.), іншыя - адну ў некалькі гадоў (кіты, сланы).

@

Гербіцыды (ад лац. herba - трава, caedo - забіваю), хімічныя рэчывы, якія прымяняюцца для знішчэння расліннасці шляхам апыльвання, апырсквання або ўнясення ў глебу. У сельскагаспадарчай практыцы прымяняюць як агульназнішчальныя Г. (суцэльнага дзеяння), што знішчаюць усе расліны на апрацоўваемай плошчы, так і выбіральныя, што згубна дзейнічаюць толькі на пэўную групу пустазелля.

@

Гетэратрофныя арганізмы (гетэратрофы; ад грэч. heteros - іншы і trophe - харчаванне), арганізмы, якія выкарыстоўваюць для свайго харчавання гатовыя арганічныя рэчывы. Да іх адносяцца: чалавек, усе жывёлы, грыбы, некаторыя расліны і мікраарганізмы, якія не валодаюць здольнасцю да фотасінтэзу або хемасінтэзу. Параўн. Аўтатрофныя арганізмы.

@

Гетэратэрмія (ад грэч. heteros - іншы і therme - цяпло), розны ўзровень тэмпературы цела ў залежнасці ад функцыянальнай актыўнасці арганізма. Уласціва жывёлам, якія ўпадаюць у неспрыяльны перыяд года ў спячку або часовае здранцвенне (суслікам, вожыкам, лятучым мышам, птушанятам стрыжоў і інш.). Пры гэтым высокая тэмпература іх цела прыметна зніжаецца за кошт запаволенага абмену рэчываў.

@

Гетэратэрмныя жывёлы (ад грэч. heteros - іншы і therme - цяпло), група цеплакроўных жывёл, у якіх перыяды захоўвання пастаяннай высокай тэмпературы цела змяняюцца перыядамі яе паніжэння пры ўпадзенні ў спячку.

@

Гіграфілы (ад грэч. hygros - вільготны і phileo - люблю), наземныя жывёлы, прыстасаваныя да пражывання ва ўмовах высокай вільготнасці: на забалочаных месцах, у поймах рэк, па берагах вадаёмаў, а таксама ў вільготнай глебе і гніючай драўніне. Да тыповых Г. адносяцца макрыцы, нагахвосткі, камары, а таксама наземныя планарыі, малюскі, амфібіі.

@

Гіграфіты (ад грэч. hygros - вільготны і phyton - расліна), расліны, якія жывуць ва ўмовах залішняга ўвільгатнення. Да іх адносяць трапічныя расліны, якія растуць пры высокай тэмпературы і вільготнасці паветра. Ва ўмераным і халодным клімаце тыповымі Г. з'яўляюцца ценявыя травяністыя расліны лясоў. На адкрытых месцах растуць на вільготных глебах (лотаць, расянка, многія злакі і асокі).

@

Гідатафіты (ад грэч. hydor - вада і phyton - расліна), расліны, якія цалкам апушчаны ў ваду, але часам плаваюць на паверхні або маюць плаваючыя лісты (напр., эладэя, ірдзест, белы гарлачык). Параўн. Гідрафіты.

@

Гідрабіёнты (ад грэч. hydor - вада і bion - які жыве), арганізмы, якія жывуць у водным асяроддзі.

@

Гідрабіялогія (ад грэч. hydor - вада, bios - жыццё і logos - вучэнне), навука аб арганізмах, якія жывуць у водным асяроддзі, іх узаемадзеяннях адзін з адным і з умовамі пражывання, аб біялагічнай прадукцыйнасці акіянаў, мораў і ўнутраных вод. Раздзел экалогіі, які вывучае водныя экасістэмы і кампаненты, што іх складаюць.

@

Гідрасфера (ад грэч. hydor - вада і sphaira - шар), сукупнасць усіх водных аб'ектаў зямнога шара: акіянаў, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў, балот, падземных вод, ледавікоў і снегавога покрыва. Гл. Водныя рэсурсы.

@

Гідратэрмічны каэфіцыент па Селянінаву, адносіна сумы ападкаў за перыяд з тэмпературамі паветра вышэйшымі за 10°C да сумы тэмператур за гэты ж перыяд, павялічаная ў 10 разоў; важная характарыстыка ўвільгатнення тэрыторыі. Каэфіцыент меншы за 1,3 сведчыць аб недастатковым увільгатненні, вышэйшы за 1,3 - аб дастатковым.

@

Гідратэрмы, крыніцы высокатэмпературных вод, якія паступаюць з нетраў Зямлі; сустракаюцца як на сушы, так і на акіянічным дне.

@

Гідрафілы (ад грэч. hydor - вада і phileo - люблю), жывёлы, якія хоць бы ў лічыначнай стадыі жывуць у вадзе. Асобай групай з'яўляюцца жывёлы, адаптаваныя да ўмоў хуткацякучых рэк (рэафілы).

@

Гідрафіты (ад грэч. hydor - вада і phyton - расліна), расліны, пупышкі ўзнаўлення якіх знаходзяцца ў вадзе; усе водныя расліны.

@

Гідраэкалогія (ад грэч. hydor - вада, oikos - дом, жыллё, месцапражыванне і logos - вучэнне), экалогія воднага асяроддзя, якая вывучае водныя экасістэмы і кампаненты, што іх складаюць, Гл. Экалогія.

@

Гіпалімніён (ад грэч. hypo - пад, унізе і limne - возера), глыбінны, прыдонны слой вады, які не перамешваецца і характарызуецца больш нізкай, практычна пастаяннай тэмпературай.

@

Гіпанейстон (ад грэч. hypo - пад, унізе і neusten - здольны плаваць), сукупнасць арганізмаў, якія жывуць пад паверхневай плёнкай вады. Да Г. адносяцца некаторыя водарасці, прасцейшыя, ракападобныя, насякомыя, лічынкі камароў і інш.

@

Гіпатэрмія (ад грэч. hypo - пад, унізе і therme - цяпло), ахаладжэнне; паніжэнне тэмпературы цела цеплакроўных жывёл і чалавека з прычыны цеплааддачы, якая перавышае цеплапрадукцыю. Прыводзіць да зніжэння жыццядзейнасці арганізма, павышае ўстойлівасць да кіслароднага галадання.

@

Гіперасматычныя жывёлы (ад грэч. hyper - над, зверху і osmos - штуршок, ціск), жывёлы, у якіх ціск унутранага асяроддзя (г.зн. сокаў і крыві) падтрымліваецца вышэйшым за ціск навакольнага асяроддзя. Да іх адносяцца касцістыя рыбы і астатнія водныя пазваночныя, другасна водныя марскія арганізмы, беспазваночныя прэсных вадаёмаў. Ажыццяўляюць гіперасматычную рэгуляцыю работай спецыяльных органаў выдзялення.

@

Гіпсаграфічная крывая (ад грэч. hypsos - вышыня і grapho - пішу), крывая ў прамавугольных каардынатах, якая паказвае распаўсюджанасць на Зямлі розных вышынь (на сушы) і глыбінь (у моры). Атрымліваецца, калі па восі ардынат адкласці вышыні (уверх ад пачатку каардынат) і глыбіні (уніз ад пачатку каардынат), а па восі абсцыс - плошчы, занятыя пэўнымі вышынямі і глыбінямі. Паказвае, што 80% рэльефу Зямлі прыпадае на прастору марскога дна, невысокіх раўнін сушы і шэльфа, а таксама высокіх выраўнаваных паверхняў. Частка крывой, якая паказвае профіль дна акіяна, называецца батыграфічнай.

@

Глеба, цвёрды субстрат наземных згуртаванняў, які ўтвараецца ў выніку ўзаемадзеяння кліматычных і біялагічных фактараў з падсцілаючай геалагічнай пародай. Глебавае покрыва з'яўляецца асновай зямельнага фонду біясферы; характарызуецца ўрадлівасцю.

@

Глебава-біякліматычны пояс, сукупнасць глебавых зон і вертыкальных глебавых структур, аб'яднаных блізкасцю радыяцыйных і тэрмічных умоў і падобным характарам іх уплыву на глебаўтварэнне, выветрыванне і развіццё расліннасці. Вылучаюць наступныя Г. п.: палярны, барэальны, суббарэальны, субтрапічны і трапічны.

@

Глебавая фаўна, жывёльны свет глебы. Адрозніваюць жывёл геабіёнтаў (жывуць у глебе на працягу ўсяго жыцця), геафілаў (праходзяць у глебе адну стадыю развіцця) і геаксенаў (знаходзяцца ў глебе ў неактыўным стане).

@

Глей, мяккі тонказярністы асадак на дне вадаёмаў. Уключае мінеральныя часцінкі і дэтрыт. Моцна абагачаны арганічнымі рэчывамі Г. носіць назву сапрапель.

@

Гоматэрмія, выраўноўванне тэмпературных градыентаў.

@

Град, атмасферныя ападкі ў выглядзе крупінак лёду разнастайнай формы і памераў. Выпадае ў цёплы перыяд года з кучава-дажджавых воблакаў, суправаджаецца ліўнямі, навальніцай, зрэдку шквалістым ветрам. Праходзіць звычайна 2-5 км палосамі шырынёй да 300-500 м. Таўшчыня слоя Г. на зямлі, як правіла, не перавышае некалькі сантыметраў.

@

Градзірня (ад ням. gradieren - згушчаць саляны раствор; першапачаткова Г. служылі для атрымання солі выпарваннем), збудаванне для ахалоджвання вады атмасферным паветрам. Прымяняецца г.ч. у сістэмах цыркулярнага (абаротнага) водазабеспячэння прамысловых прадпрыемстваў для паніжэння тэмпературы вады.

@

Гразелячэнне (пелатэрапія; ад грэч. pelos - гліна і therapeia - клопат, догляд, лячэнне), выкарыстанне гразей (глеевай, сапрапелевай) і гразепадобных рэчываў (гліны і інш.) у лячэбных мэтах.

@

«Грамадскі» спосаб жыцця жывёл, уласцівасць некаторых жывёл утвараць скопішчы (чароды, касякі, калоніі), што забяспечваецца спецыфічнымі паводзінскімі рэакцыямі і служыць прыстасаваннем да асяроддзя пражывання.

@

Гранічна дапушчальная канцэнтрацыя (ГДК), канцэнтрацыя рэчыва (звычайна забруджвальніка) у вадзе, глебе, паветры, харчовых прадуктах, пры павышэнні якой яны становяцца непрыгоднымі для выкарыстання чалавекам.

@

Грунтавыя воды, падземныя воды першага ад паверхні Зямлі пастаяннага ваданоснага гарызонту, які не мае зверху суцэльнага даху воданепранікальных парод; не валодаюць напорам і схільныя да сезонных ваганняў узроўню.

@

Гуана (ад гішп. guano), памёт марскіх птушак, які расклаўся ва ўмовах сухога клімату; прымяняецца як азотнае і фосфарнае ўгнаенне. Г. называюць таксама ўгнаенні з адкідаў рыбнага і зверабойнага промыслаў.

@

Гумідны клімат (ад лац. humidus - вільготны), клімат з залішнім увільгатненнем, калі ападкі перавышаюць суму вільгаці, якая ідзе на выпарэнне і прасочванне ў глебу, а лішак вільгаці выдаляецца рачным сцёкам.

@

Гумідныя экасістэмы (ад лац. humidus - вільготны), участкі сушы, дзе расліны забяспечаны вадой у дастатковай меры.

@

Гуміфікацыя (ад лац. humus - зямля, глеба і facio - раблю), працэс біяхімічнай трансфармацыі арганічных рэшткаў і прыжыццёвых выдзяленняў арганізмаў (перш за ўсё раслін, а таксама мікраарганізмаў і беспазваночных жывёл), якія жывуць у глебе і на яе паверхні. У працэсе Г. адбываецца ўтварэнне і замацаванне ў глебе спецыфічных гумусавых рэчываў, што адносяцца да высокамалекулярных злучэнняў.

@

Гумус (ад лац. humus - зямля, глеба), перагной; арганічная частка глебы, якая ўтвараецца ў выніку біяхімічнага ператварэння раслінных і жывёльных рэшткаў, а таксама прадуктаў іх жыццядзейнасці. У ім змяшчаюцца асноўныя элементы харчавання раслін, якія пад уздзеяннем мікраарганізмаў пераходзяць у даступную для іх форму. Колькасць Г. - паказчык урадлівасці глебы.

@

ДДТ (дыхлордыфенілтрыхлорэтан), хлорарганічнае рэчыва; пестыцыд, які атрымаў пасля другой сусветнай вайны шырокае распаўсюджанне ў свеце для барацьбы з насякомымі-шкоднікамі сельскай гаспадаркі. У цяперашні час забаронены для прымянення з прычыны назапашання ў глебе, вадзе, раслінах, целе жывёл і чалавека (у СССР забаронены з 1970 г.).

@

«Драпежнік - ахвяра», адносіны; уплыў віду драпежніка на колькасць папуляцыі віду ахвяры, які служыць драпежніку ежай, і, як вынік гэтага, на біялагічныя паказчыкі папуляцыі ахвяры. У сваю чаргу змяненні колькасці ахвяры ўплываюць на біялагічныя паказчыкі (пладавітасць) драпежніка. Адносіны тыпу «драпежнік - ахвяра» тэарэтычна ўпершыню (1926, 1927) вывучаны вядомым італьянскім матэматыкам В.Вальтэра. Прапанаваная ім матэматычная мадэль гэтых узаемаадносін узнаўляе перыядычны вагальны рэжым у выніку міжвідавых узаемадзеянняў (без якога-небудзь уплыву знешніх фактараў), які назіраецца часам і ў прыродных папуляцыях. Аднак, як выявілася, падабенства тут хутчэй знешняе, паколькі мадэль Вальтэра вельмі схематычная. У ёй не ўлічваюцца многія важнейшыя фактары, у тым ліку селектыўнасць харчавання драпежніка нават пры манафагіі, вынікам чаго з'яўляецца выключэнне з папуляцыі ахвяры, у першую чаргу хворых і старых асобін. Паколькі пераважная большасць як драпежнікаў, так і ахвяр з'яўляюцца паліфагамі, то пабудаваць матэматычную мадэль адносін тыпу «драпежнік - ахвяра» немагчыма без колькаснага ўліку селектыўнасці кармлення ўзаемадзеючых відаў.

@

Драпежнікі, арганізмы (жывёлы, расліны, мікраарганізмы і грыбы), якія кормяцца, як правіла, жывёльным кормам (заафагі, насякомаедныя расліны). Вылучаюць таксама групу драпежных жывёл, што кормяцца мясам цеплакроўных, якіх часцей за ўсё здабываюць актыўным гонам або падпільноўваюць у сховішчы. Валодаюць кароткім стрававальным трактам, высокай актыўнасцю стрававальных ферментаў, высокаразвітымі цэнтральнай нервовай сістэмай і органамі пачуццяў, а таксама органамі захопу і ўмярцвення здабычы.

@

Драпежнікі другога парадку, драпежнікі, якія нападаюць на больш слабых драпежнікаў (шчупак, які харчуецца акунём).

@

Драпежнікі першага парадку, драпежнікі (большасць павукоў, ліса і інш.), якія нападаюць на «мірных» (траваедных, насякомаедных і інш.) жывёл.

@

Драпежніцтва, адзін з тыпаў біятычных узаемаадносін паміж дзвюма групамі жывёл; спосаб здабывання ежы жывёламі, рэдка раслінамі, пры якім адзін від ловіць, умярцвляе і паядае другі. Д. сустракаецца практычна сярод усіх тыпаў жывёл (ад прасцейшых да хордавых), грыбоў і насякомаедных раслін. Узаемаадносіны паміж драпежнікамі і іх ахвярамі прыводзяць да таго, што ў працэсе эвалюцыі драпежнікі ўдасканальваюць спосабы нападзення, а ахвяры - спосабы абароны. Вынікам гэтых адносін з'яўляюцца спалучаныя змяненні колькасці папуляцый драпежнікаў і ахвяр.

@

Другасная прадукцыя, прадукцыя гетэратрофных арганізмаў (кансументаў), якія кормяцца гатовымі арганічнымі рэчывамі (усе жывёлы, гетэратрофныя мікраарганізмы і сапрафітныя расліны).

@

Дрэнаж сельскагаспадарчых зямель, асушэнне залішне ўвільготненых глеб, звычайна з дапамогай штучных падземных вадацёкаў - дрэн. Часцей за ўсё выкарыстоўваюцца ганчарныя трубы.

@

Дыаксін, рэчыва, якое можа быць утворана як пабочны прадукт пры вытворчасці рада хлараваных злучэнняў бензолу (у прыватнасці, трыхлорфенолу і яго вытворных), частка якіх шырока выкарыстоўваецца ў якасці гербіцыдаў. З усіх вядомых хімічных рэчываў - адно з найбольш таксічных.

@

Дынаміка колькасці папуляцыі, перыядычныя змяненні ў часе колькасці асобін, а таксама ўзроставага складу папуляцыі пад уплывам уздзейнічаючых на яе абіятычных і біятычных фактараў. Колькасць папуляцыі бесперапынна змяняецца нават у стабільных умовах асяроддзя. Адносна стабільная колькасць папуляцыі жывёл ва ўмовах тропікаў, у высокіх жа шыротах часта назіраюцца вельмі рэзкія змяненні колькасці (напр., тундравы грызун лемінг).

@

Дысіміляцыя (ад лац. dissimilis - непадобны), працэс распаду арганічных рэчываў у арганізме; састаўная частка абмену рэчываў (метабалізму). Ажыццяўляецца ў цеснай сувязі з асіміляцыяй. У выніку Д. вызваляецца энергія, неабходная для жыццядзейнасці арганізма. Канечныя прадукты Д. у жывёл - вада, дыаксід вугляроду, аміяк, мачавіна.

@

Дыск Секі, простая прылада для вызначэння празрыстасці вады ў вадаёмах; уяўляе сабой белы металічны дыск дыяметрам 30 см. Пры апусканні на глыбіню раптам перастае быць бачным, адзначаючы ў момант знікнення глыбіню, куды пранікае прыкладна 5% сонечнай радыяцыі, якая дасягае паверхні вады.

@

Дыстанцыйны маніторынг, назіранне і вывучэнне навакольнага асяроддзя ў цэлым і асобных элементаў біясферы з дапамогай лятальных паветраных і касмічных апаратаў. Галоўнымі, практычна важнымі перавагамі дыстанцыйных метадаў маніторынгу з'яўляюцца: інтэграцыя гарызантальная, г.зн. атрыманне на адным відарысе вялікіх участкаў зямной паверхні; інтэграцыя вертыкальная, г.зн. атрыманне на адным відарысе розных кампанентаў ландшафту (літасферы, гідрасферы, біясферы, антрапасферы і атмасферы); інтэграцыя дынамічная, г.зн. атрыманне адной рэгіструючай сістэмай паслядоўных відарысаў адной і той жа тэрыторыі праз пэўныя прамежкі часу. Відарысы падраздзяляюць на тры катэгорыі ў адпаведнасці з узроўнем іх прасторавай інтэграцыі: глабальныя, рэгіянальныя, лакальныя. Пры выкарыстанні сістэмы дыстанцыйных даследаванняў, пры ўмове дастатковай тэхнічнай аснашчанасці, становіцца магчымым знайсці пабочныя рэчывы ў асяроддзі, ідэнтыфікаваць спецыфічныя забруджвальнікі і класіфікаваць іх, выяўляць крыніцы забруднення, вызначаць уплыў забрудненняў на асяроддзе, ацэньваць якасць асяроддзя ў цэлым і г.д. Вынікі даследаванняў служаць для матэматычнага мадэліравання розных працэсаў у біясферы і ў канчатковым выніку ажыццяўлення планавых мерапрыемстваў.

@

Дыяпаўза (ад грэч. diapausis - перапынак), перыяд у развіцці жывёл, які характарызуецца рэзкім зніжэннем інтэнсіўнасці метабалічных працэсаў, спыненнем росту і формаўтварэння. Назіраецца ў прадстаўнікоў многіх класаў жывёл, але асабліва характэрна для насякомых і, у значна меншай ступені, млекакормячых. У высокіх шыротах для жывёл характэрна зімовая Д., у зонах з цёплымі і засушлівымі перыядамі года - летняя. Пачатак і заканчэнне Д., а таксама яе працягласць рэгулююцца гарманальна. Вялікую ролю пры гэтым адыгрываюць фактары знешняга асяроддзя - даўжыня светлавога дня (фотаперыядызм), тэмпература і вільготнасць, колькасць і якасць ежы. Можа працягвацца ад некалькіх гадзін да некалькіх год, але часцей за ўсё доўжыцца некалькі месяцаў. У стане Д. жывёлы, у прыватнасці насякомыя, становяцца ўстойлівымі да дзеяння неспрыяльных фактараў асяроддзя - пестыцыдаў, нізкіх або высокіх тэмператур, вільгаці. У сувязі з гэтым Д. з'яўляецца прыстасаваннем, якое значна павышае экалагічную пластычнасць відаў.

@

Дэградацыя асяроддзя, пагаршэнне прыроднага асяроддзя або сумесна прыроднага і сацыяльнага асяроддзяў.

@

Дэградацыя глеб, паніжэнне ўрадлівасці глеб, выкліканае пагаршэннем іх карысных уласцівасцей, што выклікаецца неразумным землекарыстаннем. У дэградуючых глебах паніжаецца колькасць гумусу, развіваюцца працэсы воднай і ветравой эрозіі, засаленне і г.д.

@

Дэльта (ад грэч. delta - літара, якая мае форму трохвугольніка), рачная нізіна ў нізоўях ракі, якая ўпадае ў мелкаводны ўчастак мора, са шматлікімі рукавамі і пратокамі.

@

Дэмаграфічныя табліцы (ад грэч. demos - народ, насельніцтва), табліцы, у якіх прыводзяцца важнейшыя статыстычныя даныя аб папуляцыі, у першую чаргу доля асобін, якія дажываюць ад моманту нараджэння да пэўнага ўзросту, а таксама пладавітасць палаваспелых жывёл пэўнага ўзросту. На аснове гэтых даных аказваецца магчымым вылічыць чакаемы лік патомкаў і верагоднасць далейшага жыцця для асобін кожнай узроставай групы. Служаць таксама для ацэнкі чыстай хуткасці размнажэння і імгненнай адноснай (імгненнай удзельнай) хуткасці росту папуляцыі.

@

Дэмаграфія (ад грэч. demos - народ, насельніцтва), галіна навукі, якая вывучае насельніцтва, людзей, іх геаграфію, структуру, колькасную прасторава-часавую дынаміку. Пад Д. у экалогіі жывёл разумеюць суму статыстычных даных аб складзе папуляцыі: колькасці, шчыльнасці, узроставым і палавым складзе.

@

Дэндрабіёнты (ад грэч. dendron - дрэва і bion - які жыве), арганізмы, якія насяляюць дрэвавы ярус расліннасці.

@

Дэндрарый (ад грэч. dendron - дрэва), калекцыя жывых дрэў і кустоў, якія культывуюцца ў адкрытым грунце.

@

Дэнітрыфікацыя, мікрабіялагічны працэс, у выніку якога нітраты ператвараюцца ў азот (NO3 → NO2 → N2O → N2). Пры гэтым на кожным з этапаў вылучаецца кісларод. Д. актыўна праходзіць на вельмі ўвільготненых або затопленых, дрэнна аэрыруемых глебах, вадаёмах, багатых лёгкадаступным для бактэрый арганічным рэчывам. Перашкаджае залішняму назапашванню ў асяроддзі аксідаў азоту, якія ў высокіх канцэнтрацыях таксічныя.

@

Дэпапуляцыя, памяншэнне колькасці насельніцтва людзей або жывёл.

@

Дэпрэсія колькасці, рэзкае скарачэнне ліку асобін віду або групы відаў, выкліканае абіятычнымі, унутрыпапуляцыйнымі або біяцэнатычнымі прычынамі.

@

Дэструкцыя (ад лац. destructio - разбурэнне), раскладанне арганічных рэчываў. Пры гэтым адбываецца перадача рэчываў і энергіі ад адмерлых раслін і жывёл да наступных звёнаў харчовага ланцуга, аж да амаль поўнай мінералізацыі арганічных рэчываў.

@

Дэструкцыя ландшафтаў, парушэнне ўстойлівасці ландшафтаў у выніку адмоўнага дзеяння на іх. Часцей за ўсё назіраецца пры непрадуманай гаспадарчай і іншай дзейнасці чалавека. Так, драпежніцкае выкарыстанне лясных рэсурсаў вядзе або да знікнення лесу на тэрыторыі, або да рэзкай перавагі ў дрэвастоях маладнякоў і малакаштоўных відаў дрэвавых раслін. Аднабакова асушальная меліярацыя прыводзіць да гібелі малых рэк, паніжэння ўзроўню грунтавых вод на прылягаючых тэрыторыях. У месцах інтэнсіўнай эксплуатацыі мінеральных рэсурсаў назіраецца назапашанне велізарных адвалаў, асяданне паверхні глебы, засаленне глебы, грунтавых і паверхневых вод на велізарных тэрыторыях. У наваколлі буйных населеных пунктаў Д. л. развіваецца з прычыны празмерных рэкрэацыйных нагрузак.

@

Дэтрыт (ад лац. detritus - пацёрты), мёртвае арганічнае рэчыва рознай ступені раскладання і рознага паходжання (рэшткі жывёл, раслін і грыбоў разам з бактэрыямі, якія ў іх змяшчаюцца). У вадаёмах знаходзіцца на дне і ў тоўшчы вады, служыць ежай некаторым водным жывёлам, фільтратарам і дэтрытафагам.

@

Дэтрытафагі (ад дэтрыт і ...фаг), жывёлы, якія кормяцца дэтрытам разам з бактэрыямі, якія змяшчаюцца ў ім, і інш. мікраарганізмамі. Адносяцца да сапрафагаў.

@

Дэтэргенты, паверхнева-актыўныя сінтэтычныя рэчывы, якія ўжываюцца ў прамысловасці і быце як эмульгатары і мыйныя сродкі. Служаць адным з асноўных хімічных забруджвальнікаў вадаёмаў, паколькі павольна раскладаюцца мікраарганізмамі.

@

Дэфаліяцыя (ад лац. de - адмоўе і folium - ліст), знішчэнне лісця дрэў у выніку масавага развіцця насякомага-шкодніка або прымянення ядахімікатаў (дэфаліянтаў) чалавекам.

@

Ёмістасць асяроддзя, лік асобін папуляцыі, патрэбнасці якіх, у першую чаргу харчовыя, могуць быць задаволены рэсурсамі дадзенага месцапражывання. Пры перавышэнні папуляцыяй гэтай велічыні (скажам, у выніку іміграцыі) назіраецца павышаная смяротнасць, і лік асобін дасягае першапачатковага значэння, г.зн. фактычна раўнаважнага стану.

@

Жывое рэчыва, сукупнасць у біясферы жывых арганізмаў (раслін, жывёл, бактэрый), іх біямасы. Характарызуецца спецыфічным хімічным саставам (O, C, H, N, Ca, P, S, K, Na, Mg, Cl і інш.).

@

Жылыя рыбы, рыбы, якія пастаянна жывуць у рэках і інш. праточных вадаёмах. Тэрмін прымяняецца для супрацьпастаўлення іх прахадным і паўпрахадным. У сувязі з гідрабудаўніцтвам і забруджваннем рэк і мораў многія віды прахадных і паўпрахадных рыб, большасць з якіх высокакаштоўныя (асятры, ласасёвыя, вугор), або рэзка паменшыліся ў колькасці, або зніклі з нашых вадаёмаў, так што дамінуюць у вадаёмах у цяперашні час менавіта Ж. р.

@

Жыццёвая форма, у раслін (біяморфа): вонкавы выгляд (габітус) раслін, які адлюстроўвае іх прыстасаванасць да ўмоў асяроддзя, а таксама група раслін з падобнымі прыстасавальнымі структурамі, не абавязкова звязаных роднасцю (напр., кактусы і некаторыя малачаі ўтвараюць Ж. ф. сцябловых сукулентаў). Змяняецца ў антагенезе (так, аднагадовыя сеянцы елкі або дуба яшчэ не маюць формы дрэва), таму пад Ж. ф. як класіфікацыйнай адзінкай разумеюць сукупнасць дарослых асобін. Адзін і той жа від раслін у розных умовах можа мець розныя Ж. ф. (дуб, елка, ядловец і інш. у лясной зоне або лясным поясе гор - высакастволыя дрэвы, а на паўночнай і высотнай межах арэала - кусты або сланікі). У жывёл - група асобін (розных відаў або ўнутры аднаго віду), якія маюць падобныя морфаэкалагічныя прыстасаванні для пражывання ў аднолькавым асяроддзі. Для відаў, якія развіваюцца з метамарфозам, характэрна змена Ж. ф. у антагенезе (лічынка, кукалка і імага насякомых). Як самастойныя Ж. ф. могуць развівацца падвіды або расы жывёл, якія рэзка адрозніваюцца па морфаэкалагічных адзнаках (напр., ручаёвая і азёрная фарэль). Пры экалагічным аналізе той або інш. групы ў аснову класіфікацыі могуць быць пакладзены розныя крытэрыі (спосабы перамяшчэння, здабычы ежы і яе характар, аднесенасць да пэўнага ландшафту, розныя стадыі антагенезу і г.д.). Напр., сярод марскіх жывёл па спосабу здабывання корму і яго характару можна вылучыць групы Ж. ф. - расліннаедныя, драпежныя, трупаеды, дэтрытаедныя (фільтратары і грунтаеды); па ступені актыўнасці - плаваючыя, поўзаючыя, сядзячыя.

@

Заабентас (ад грэч. zoon - жывёла і benthos - глыбіня), сукупнасць жывёл, якія жывуць на дне вадаёмаў.

@

Заафагі (ад грэч. zoon - жывёла і phagein - есці), жывёлы (вельмі рэдка расліны), якія кормяцца жывёламі. Сюды ж адносяцца і жывёлы, якія кормяцца прадстаўнікамі свайго віду (канібалізм). Стрававальны тракт З. звычайна адносна карацейшы, чым у фітафагаў. Усе яны могуць быць названы драпежнікамі, хаця ў некаторых выпадках гэты тэрмін не зусім падыходзіць. Так, звычайны прадстаўнік рыб нашых вадаёмаў лешч з'яўляецца З., аднак драпежнікам яго не называюць.

@

Заафілія (ад грэч. zoon - жывёла і phileo - люблю), апыленне раслін рознымі жывёламі.

@

Заахорыя (ад грэч. zoon - жывёла і choreo - перамяшчэнне), распаўсюджванне пладоў, насення і спор раслін жывёламі. Насенне можа прымацоўвацца да паверхні цела жывёл з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў (кручкоў, зачэпак, шчацінак і інш.). Пры пападанні ў стрававальны тракт жывёл насенне многіх раслін не ператраўліваецца і рассейваецца з экскрэментамі. Плады і насенне распаўсюджваюцца таксама жывёламі, якія робяць запасы корму.

@

Забалочванне, працэс, у выніку якога адбываецца аглеенне і атарфаванне арганічных рэчываў глебы. Пры гэтым назіраецца паступовае змяненне складу раслінных і жывёльных арганізмаў з усё большай перавагай гідрафільных і гіграфільных відаў. Адбываецца ў выніку падняцця грунтавых вод (шчодрыя ападкі, няправільна праведзеная меліярацыя).

@

Забруджванне біясферы, працэс, які прыводзіць да павелічэння ўзроўню колькасці шкодных рэчываў у біясферы, з'яўлення новых хімічных злучэнняў, часцінак і чужародных прадметаў, празмернага павышэння тэмпературы (цеплавое З. б.), шуму (шумавое З. б.), радыеактыўнасці (радыеактыўнае З. б.) і г.д. Выклікаецца гаспадарчай дзейнасцю, якая ўсё павялічваецца ў маштабах. Пагражае здароўю чалавека і стану навакольнага асяроддзя, абмяжоўвае магчымасці далейшага развіцця чалавечага грамадства. Маштабы З. б. настолькі вялікія, што натуральныя працэсы метабалізму і разбаўляючая здольнасць атмасферы і гідрасферы ў радзе раёнаў свету не ў стане нейтралізаваць шкодны ўплыў. Назапашанне т.зв. персістэнтных (стойкіх) забруджваючых рэчываў, якія амаль не разбураюцца ў прыродзе (некаторыя пестыцыды, поліхлорбіфенілы і інш.), а таксама рэчываў, якія маюць натуральныя механізмы раскладання (угнаенні, цяжкія металы і інш.) у колькасцях, што перавышаюць здольнасць біясферы да іх перапрацоўкі, парушае прыродныя сістэмы і сувязі ў біясферы, якія склаліся ў ходзе працяглай эвалюцыі, падрывае здольнасць прыродных комплексаў да самарэгуляцыі. Экалагічныя парушэнні праяўляюцца ў скарачэнні колькасці і відавой разнастайнасці раслін і жывёл, у паніжэнні прадукцыйнасці лясоў і сельскагаспадарчых угоддзяў, дэградацыі экасістэм. Увядзенне ў кругаварот рэчываў біясферы мільёнаў тон хлорарганічных злучэнняў прыводзіць да таго, што, з аднаго боку, скарачаецца колькасць многіх відаў жывёл (асабліва птушак і рыб), разбураюцца трафічныя ланцугі, якія склаліся ў ходзе эвалюцыі, і, значыць, біяцэнозы, а з другога - адбываецца некантралюемае размнажэнне арганізмаў, што лёгка выпрацоўваюць устойлівыя формы.

@

Заказнік, тэрыторыя (акваторыя), якая часова ахоўваецца з мэтай захавання асобных відаў раслін і жывёл, геалагічных аб'ектаў і г.д. У адрозненне ад запаведнікаў засноўваецца на тэрыторыі прадпрыемстваў сельскай, лясной, рыбнай і інш. гаспадарак. Гаспадарчая дзейнасць у З. не павінна наносіць шкоду ахоўваемым аб'ектам.

@

Замкнутыя цыклы вытворчасці, сістэма тэхналагічных працэсаў, пры якой ліквідуюцца або максімальна магчыма скарачаюцца вытворчыя адходы шляхам іх уключэння ў вытворчыя цыклы. Пры гэтым сыравінныя матэрыялы выкарыстоўваюцца максімальна поўна, выключаецца нанясенне ўрону навакольнаму асяроддзю і тым самым здароўю людзей. Пры стварэнні З. ц. в. вызначальную ролю адыгрываюць навуковыя распрацоўкі.

@

Замор, гібель водных жывёл, у асаблівасці рыб, выкліканая вострым дэфіцытам кіслароду ў вадзе. Часцей за ўсё назіраецца зімой у замерзлых непраточных вадаёмах, летам зрэдку назіраецца ў рыбаводных сажалках у перыяд інтэнсіўнага «цвіцення» вады, выкліканага масавым развіццём водарасцей.

@

Занальнасць, дзяленне зямной паверхні на зоны па кліматычных, біягеаграфічных і інш. асаблівасцях. Мае ярка выяўлены шыротны характар (зоны тундры, тайгі, стэпу і г.д.).

@

Запаведнік, навечна выключаная з гаспадарчага выкарыстання тэрыторыя (акваторыя) з мэтай захавання ў натуральным стане ўсяго прыроднага комплексу ахоўваемай тэрыторыі. Большасць З. заснавана для аховы рэдкіх звяроў і птушак, якім у першую чаргу пагражае знікненне ў выніку прамога вынішчэння чалавекам і разбурэння асяроддзя пражывання ў выніку гаспадарчага асваення. Дзякуючы З. захаваны многія віды жывёл (зубр, кулан, усурыйскі тыгр, хахуля, гага і інш.), адноўлена да прамысловага ўзроўню колькасць бабра, лася, собаля і інш. каштоўных паляўніча-промыславых жывёл.

@

Засаленне, павелічэнне канцэнтрацыі солей у вадзе вадаёмаў і глебе (прэснай лічыцца вада, якая змяшчае не больш за 1 г солей у 1 л). Назіраецца часцей за ўсё ў арыдных зонах у выніку няправільнага выкарыстання для арашэння вады раўнінных рэк, якая характарызуецца вялікай мінералізацыяй у параўнанні з вадой горных рэк.

@

Засухаўстойлівасць, здольнасць жывых арганізмаў, у першую чаргу раслін, пераносіць працяглы час дэфіцыт вільгаці без значных неабарачальных парушэнняў жыццёвых функцый.

@

Зброя экалагічная, наўмыснае ўздзеянне на прыроднае асяроддзе ў ваенных мэтах. Асабліва востра гэта праблема праявілася ў перыяд вайны ў Індакітаі ў 1961-1975 гг. У выніку прымянення атрутных рэчываў узброенымі сіламі ЗША велізарныя плошчы былі ператвораны ў безжыццёвыя пустыні. Аднаўленне расліннасці магчыма толькі праз 10-15 гадоў.

@

Зваротная сувязь, рэгуляванне якога-небудзь працэсу. Напр., назапашанне прадукту рэакцыі пачынае тармазіць рэакцыю.

@

Зваротныя воды, воды, якія сцякаюць з арашаемых тэрыторый у выглядзе паверхневых (скідныя воды) і падземнага (дрэнажныя воды) сцёку, дасягаюць водапрыёмніка (меліярацыйнага канала, ракі, возера, вадасховішча) і прыгодныя для паўторнага выкарыстання ў гаспадарчых мэтах.

@

Зверагадоўля, галіна жывёлагадоўлі. Клетачная пушная З. з'яўляецца ў цяперашні час галоўным пастаўшчыком пушніны на планеце. Асноўныя віды звяроў, якіх разводзяць, - амерыканская норка, серабрыста-чорная лісіца, пясец, нутрыя, собаль.

@

Зверхпаразіт (гіперпаразіт, надпаразіт), паразіт, які жыве на іншым паразіце або ўнутры яго.

@

Згуртаванне, сукупнасць арганізмаў розных відаў, якія сумесна жывуць і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Часам яго вызначаюць як сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл і мікраарганізмаў) і тады трактуюць як сінонім біяцэнозу. Адрозніваюць таксама З. раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). Такім чынам, З. складаецца з папуляцый розных відаў і з'яўляецца, у сваю чаргу, элементам экасістэмы (біягеацэнозу).

@

Здольнасць да рассялення, сукупнасць уласцівасцей арганізмаў, якія садзейнічаюць іх распаўсюджванню за межы першаснага арэала або з месцаў высялення (пры іх інтрадукцыі).

@

Зімоўка жывёл, розныя прыстасаванні жывёл да перанясення зімовага перыяду года ва ўмераных і высокіх шыротах. Яны выключна разнастайныя: зімовы сон (барсук, мядзведзь), зімовая спячка, запасанне корму (вавёрка, бобр, палёўка-эканомка і інш.), лінька ў пушных звяроў, качоўкі (ласі, галкі, вароны). У насякомых і некаторых інш. членістаногіх для перанясення неспрыяльных умоў служыць дыяпаўза.

@

Змена біягеацэнозаў, паслядоўная і паступовая змена расліннасці, жывёльнага свету, мікраарганізмаў, уласцівасцей глебы і інш., г.зн. фактычная замена біягеацэнозу іншым пад уплывам унутраных працэсаў, яго ўзаемаадносін з асяроддзем.

@

Змыў, размыванне горных парод або глебы па паверхні схілу дажджавымі і талымі водамі.

@

Зоагеаграфія, раздзел біягеаграфіі, які вывучае заканамернасці размеркавання жывёл на Зямлі.

@

Зоапланктон (ад грэч. zoon - жывёла і planktos - блукаючы), сукупнасць мікраскапічных і паўмікраскапічных жывёл, якія жывуць у тоўшчы вады.

@

Зоацэноз (ад грэч. zoon - жывёла і koinos - агульны), сукупнасць відаў жывёл, якія сумесна існуюць у параўнальна аднародным месцапражыванні. З'яўляецца часткай біяцэнозу.

@

Зоны Сусветнага акіяна, часткі акіянаў, якія ўключаюць прылягаючыя моры, што адрозніваюцца па экалагічных умовах і з прычыны гэтага заселены рознымі відамі арганізмаў. Акіян як асяроддзе жыцця можна падзяліць на дзве асноўныя часткі: водную масу - пелагіяль і дно - бенталь. У бенталі, у сваю чаргу, адрозніваюць: літараль, сублітараль, бенталь, абісаль. Зона, куды дасягаюць пырскі прыбою, называецца супралітараллю. Пелагіяль у вертыкальным напрамку дзеляць на наступныя зоны: эўфатычную, або ўласна пелагіяль (эпіпелагіяль), дысфатычную, або батыпелагіяль, і афатычную, або абісапелагіяль, якая распасціраецца да дна.

@

Ізалініі (ад грэч. isos - роўны, аднолькавы, падобны і лінія), уяўныя лініі ў картаграфіі, якія злучаюць мноства пунктаў, што маюць аднолькавую вышыню над узроўнем мора.

@

Ізалюючыя механізмы (экалагічныя), механізмы, дзякуючы якім жывёлы блізкіх відаў, што жывуць на адной і той жа тэрыторыі, не ўступаюць паміж сабой у канкурэнцыю. Прыкладам могуць служыць розныя тыпы дзюб у птушак: адны віды здабываюць насякомых са шчылін дрэвавай кары, а дзюба другіх прыстасавана для лоўлі насякомых на паверхні лістоў.

@

Ізаляцыя (ад фр. isolation - аддзяленне, раз'яднанне), выключэнне або цяжкасці свабоднага скрыжавання паміж асобінамі аднаго віду, якое вядзе да адасаблення ўнутрывідавых груп і новых відаў. Адрозніваюць геаграфічную І. (наяўнасць геаграфічных бар'ераў) і рэпрадуктыўную (біялагічную) І.

@

Ілжывапаразітызм, выпадковае прабыванне ў арганізме жывёл або чалавека некаторых звычайна свабоднарухаючыхся беспазваночных, называемых ілжывапаразітамі. Імі могуць быць лічынкі рада мух, мнаганожкі і інш. Напр., лічынкі падлавай мухі ў ранах, яйцы пакаёвай мухі ў стрававальным тракце.

@

Іміграцыя (ад лац. immigro - усяляюся, усяленне), усяленне ў якое-небудзь месцапражыванне арганізмаў, якія раней там не жылі. У жывёл звычайна назіраецца пры павелічэнні ў якім-небудзь месцы шчыльнасці папуляцыі да такіх меж, што практычна поўнасцю адбываецца выкарыстоўванне жыццёва важных рэсурсаў, і частка найбольш актыўных асобін перасяляецца.

@

Інакуляцыя (ад лац. inoculatio - прышчэпка), працэс унясення мікраарганізмаў або суспензіі мікраарганізмаў у пажыўнае (культуральнае) асяроддзе.

@

Інвазія (ад лац. invasio - нападзенне, уварванне), заражэнне жывёл і чалавека паразітычнымі жывёламі.

@

Інвентарызацыя фаўны, складанне спісаў жывёл, якія насяляюць пэўную мясцовасць.

@

Інгібітары росту раслін (ад лац. inhibeo - стрымліваю, спыняю), хімічныя злучэнні, якія выклікаюць тармажэнне росту раслін. Да іх адносяцца натуральныя І. - абсцызавая кіслата і некаторыя фенольныя рэчывы. Сінтэтычныя І. (марфактыны, дэфаліянты, гербіцыды і інш.) выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы ў асноўным для барацьбы з пустазеллем. Процілеглыя па дзеянню прыродным (гіберэлінам, аўксінам і інш.) і сінтэтычным рэгулятарам росту.

@

Індывідуальная тэрыторыя, частка месцапражывання папуляцыі, у межах якой асобіна або пара асобін палююць і гадуюць сваё патомства і якую абараняюць ад пабочнага ўварвання. І. т. маюць прадстаўнікі многіх відаў птушак, млекакормячых, рыб, рэптылій, членістаногіх. Усякае праяўленне антаганізму паміж асобінамі, у тым ліку абарона тэрыторыі, прыводзіць да раўнамернага размеркавання асобін у падыходзячых для іх месцапражываннях.

@

Індыкатары (ад лац. indicator - паказальнік), хімічныя рэчывы або жывыя арганізмы, стан або наяўнасць якіх паказвае на характар або змяненне ўласцівасцей аналізуемага асяроддзя.

@

Інсектыцыды (ад лац. insectum - насякомае і caedo - забіваю), рэчывы, якія прымяняюцца для знішчэння або рэзкага скарачэння колькасці шкодных насякомых.

@

Інстынкт (ад лац. instinctus - прымушэнне), сукупнасць складаных, спадчынна абумоўленых актаў паводзін жывёл, якія выпрацаваліся ў працэсе эвалюцыі (гістарычнага развіцця) арганізмаў і з'яўляюцца адной з форм іх прыстасаванасці да ўмоў жыцця.

@

Інтрадукцыя (ад лац. introductio - увядзенне), усяленне ў якую-небудзь мясцовасць відаў карысных арганізмаў (раслін або жывёл), якія раней там адсутнічалі.

@

Інфаўна (ад лац. in - у, унутры і фаўна), водныя донныя жывёлы, якія зарываюцца ў грунт вадаёмаў або перамяшчаюцца ў яго верхніх слаях. Такі спосаб жыцця вядуць многія малюскі, чэрві, ракападобныя.

@

Іхтыяфаўна (ад грэч. ichthys - рыба і фаўна), сукупнасць відаў рыб якога-небудзь вадаёма, раёна, краіны, зоагеаграфічнай вобласці і г.д.

@

Калонія (ад лац. colonia - пасяленне), групавое пасяленне аселых жывёл. Могуць існаваць працягла або ўзнікаць толькі на перыяд размнажэння. Па складанасці ўзаемаадносін паміж асобінамі К. жывёл надзвычай разнастайныя: простыя тэрытарыяльныя скопішчы адзінкавых форм (марскія жалуды, мідыі); больш складаныя пасяленні, у якіх некаторыя функцыі жыцця жывёл выконваюцца сумесна (абарона ад ворагаў у К. ластавак, чаек, гракоў і інш. птушак); найбольш складаны тып пасяленняў характэрны для «грамадскіх» насякомых - мурашак, пчол, вос і інш. Такія К. узнікаюць на аснове сям'і, якая моцна разраслася.

@

Кальцафіты (кальцафільныя расліны; ад лац. calcis - вапна і грэч. phyton - расліна), расліны, якія аддаюць перавагу вапнавым, са шчолачнай рэакцыяй, глебам.

@

Каменсалізм (ад лац. com (cum) - супольна, сумесна і mensa - трапеза, стол), рэдкая форма адносін паміж відамі арганізмаў (каменсаламі), пры якой адзін з іх корміцца кормам другога, не наносячы яму шкоды. Так, чэрві роду Nereis пасяляюцца на ракавіне, займаемай ракам-пустэльнікам, і кормяцца рэшткамі яго корму.

@

Канвергенцыя (ад лац. convergo - набліжаюся, сыходжуся), незалежнае развіццё падобных адзнак у розных груп арганізмаў у падобных умовах знешняга асяроддзя (напр., абцякальная форма цела ў дэльфінаў і рыб, форма цела ў тушканчыка і кенгуру).

@

Канібалізм (ад фр. cannibale, гішп. canibal - людаед), паяданне асобін свайго віду. Адзначан больш чым у 1300 відаў жывёл. Праяўляецца звычайна ва ўмовах недахопу корму або нізкай яго якасці. Так, ва ўмеранай зоне ёсць азёры, дзе з рыб жыве адзін акунь. Дробныя акунькі кормяцца зоапланктонам, больш буйныя асобіны паядаюць дробных. У Паўночнай Амерыцы ёсць азёры, рыбнае насельніцтва якіх прадстаўлена толькі шчупаком.

@

Канкурэнцыя (ад лац. concurro - спіхванне), узаемаадносіны паміж асобінамі аднаго або блізкароднасных відаў, абумоўленыя імкненнем выкарыстаць адны і тыя ж рэсурсы асяроддзя пры недахопе апошніх. Найбольш вострая К. назіраецца паміж больш падобнымі асобінамі віду.

@

Кансорцыя (ад лац. consortium - удзел), сукупнасць папуляцый, жыццядзейнасць якіх у межах аднаго біягеацэнозу трафічна або тапічна звязана з дамінуючым відам (напр., расліна з усімі звязанымі з ёй арганізмамі: эпіфітамі, паразітамі, шкоднікамі, апыляльнікамі, сімбіёнтамі і інш.).

@

Кансументы (ад лац. consumo - спажываць), арганізмы, якія спажываюць арганічныя рэчывы. Усе яны гетэратрофныя ў адрозненне ад прадуцэнтаў, якія з'яўляюцца аўтатрофамі. У трафічных ланцугах адрозніваюць К. першага, другога і больш высокіх парадкаў. Так, у вадаёмах дробныя рачкі-фільтратары спажываюць фітапланктон; рачкамі кормяцца рыбныя маляўкі, якія з'яўляюцца ежай для дробных драпежнікаў (напр., акуня); дробныя драпежнікі, у сваю чаргу, паядаюцца буйнымі драпежнымі рыбамі (напр., шчупаком).

@

Капрафагі (ад грэч. kopros - памёт, кал і phagein - есці), жывёлы, якія кормяцца экскрэментамі інш. жывёл, г.ч. млекакормячых (жукі гнаевікі, лічынкі мух і інш.).

@

Касмапаліты (ад грэч. kosmo(s) - свет, сусвет і polit(es) - грамадзянін), надзвычайна шырока распаўсюджаныя віды арганізмаў, якія сустракаюцца ва ўсіх буйных рэгіёнах Зямлі.

@

Катабалізм (ад грэч. katabole - скідванне ўніз), тое ж, што і дысіміляцыя.

@

Катарабіёнты (ад грэч. katharos - чысты і біёнт), арганізмы, якія жывуць у незабруджаных водах з вялікай колькасцю кіслароду.

@

Каэвалюцыя (ад лац. со - сумесна і evolutio - разгортванне), сумесная эвалюцыя дзвюх або больш таксанамічных груп арганізмаў, звязаных цеснымі экалагічнымі сувязямі. Добрым прыкладам К. могуць служыць некаторыя жывёлы-фітафагі і апыляльнікі.

@

Каэфіцыент нараджальнасці (КН), каэфіцыент размнажэння; лік патомкаў, якія нарадзіліся ў адзінку часу на 100 асобін абодвух полаў. Уяўляе сабой адносную (удзельную) скорасць (у працэнтах) росту папуляцыі пры адсутнасці смяротнасці.

@

Каэфіцыент росту папуляцыі, канстанта, якая паказвае, у колькі разоў павялічваецца колькасць або біямаса папуляцыі арганізмаў за адзінку часу.

@

Каэфіцыент смяротнасці, лік асобін, загінуўшых за адзінку часу на 100 асобін дадзенага віду ў выніку натуральных фактараў смяротнасці. Пры адсутнасці нараджальнасці - гэта адносная (удзельная) скорасць (у працэнтах) страт або памяншэння папуляцыі.

@

Кватаранцтва (ад ням. Quartier - кватэра), сумеснае існаванне арганізмаў, якія маюць розныя крыніцы кармлення і, такім чынам, не канкурыруюць паміж сабой (імхі і лішайнікі на ствалах дрэў і інш.).

@

Кіслотныя дажджы, паяўляюцца ў выніку хімічнага ўзаемадзеяння і наступнай кандэнсацыі пары вады, сярністага ангідрыду і аксідаў азоту. Апошнія трапляюць у атмасферу з прамысловымі газападобнымі выкідамі, у першую чаргу электрастанцый і металургічных заводаў. Могуць выпадаць за тысячы кіламетраў ад крыніц узнікнення; ад іх гінуць лясы, змяняецца актыўная рэакцыя вады (рН) азёр і вадасховішчаў. Асаблівыя страты ад К. Д. нясуць скандынаўскія і паўночнаамерыканскія азёры, якія валодаюць слабай мінералізацыяй, малой колькасцю карбанатаў і, такім чынам, слабай буфернасцю.

@

Класіфікацыя (ад лац. classis - разрад, група і facio - раблю), размеркаванне арганізмаў па групах на аснове іх роднасці (натуральная К.) або К. прыватных асаблівасцей (гаспадарчых - напр., шкодныя і карысныя жывёлы; экалагічных - напр., планктонныя і бентасныя арганізмы і г.д.).

@

Клімакс экалагічны (ад грэч. klimax - вышэйшая кропка, кульмінацыя), адносна ўстойлівы стан экалагічнай сістэмы, пры якім назіраецца найлепшая адпаведнасць відавога складу арганізмаў умовам асяроддзя. Экасістэма ў такім стане характарызуецца найбольшай агульнай біямасай і найбольшай відавой разнастайнасцю.

@

Клімат, сукупнасць атмасферных умоў, характэрных для дадзенай мясцовасці. Кантынентальны К. характэрны для аддаленых ад мора тэрыторый буйных кантынентаў; яго адметная асаблівасць - вялікі дыяпазон сярэднясутачных тэмператур у міжсезонным аспекце. Марскі К. - К. раёнаў, якія прылягаюць да мора; вызначаецца малымі амплітудамі тэмператур і высокай адноснай вільготнасцю. Міжземнаморскі К. характарызуецца цёплым сухім летам і дажджлівай зімой. Мусонны К. - К. раёнаў дзеяння мусонаў з сухой зімой і вільготным летам. Горны К. залежыць ад вышыні над узроўнем мора; адрозніваецца нізкім ціскам і інтэнсіўнай сонечнай радыяцыяй, багатай ультрафіялетавымі праменямі.

@

Клон (ад грэч. klon - парастак, галіна), генетычна аднароднае патомства адной асобіны, якое адбылося шляхам бясполага размнажэння. К. могуць быць атрыманы ў арганізмаў, якія размнажаюцца дзяленнем, пачкаваннем, фрагментацыяй і г.д. У вегетатыўна размнажаемых культурных раслін (напр., бульбы) часта сорт уяўляе сабой асобны К. Новы метад атрымання К. раслін - вырошчванне іх з адной клеткі з прымяненнем клетачнай культуры.

@

Клопат аб патомстве, комплекс жыццёва важных, як правіла, генетычна абумоўленых дзеянняў жывёл, якія заключаюцца ў ахове патомства, доглядзе, кармленні і інш.; ажыццяўляецца самкай, самцом, шлюбнай парай або групай роднасных асобін. Асабліва характэрны для цеплакроўных жывёл (млекакормячых і птушак).

@

Колернасць вады, паказчык аптычнай шчыльнасці вады; залежыць у асноўным ад колькасці гумусных кіслот.

@

Колькасць, К. асобін папуляцыі на адзінку плошчы або аб'ёму. Залежыць ад многіх фактараў: умоў навакольнага асяроддзя, біятычных узаемаадносін, біятычнага патэнцыялу віду і г.д. К. арганізмаў пастаянна вагаецца, асабліва ў час сукцэсіі. К. раслін вызначаецца падлікам асобін на пробных пляцоўках, жывёл - прамым падлікам, адловам («кашэннем» сачкамі, метадам пастак, сеткамі), падлікам нор і г.д.

@

Краявы эфект, з'ява павышанай відавой разнастайнасці і вялікай колькасці арганізмаў на стыку двух біягеацэнозаў і ў прылягаючых зонах.

@

Кругаварот рэчываў у біясферы, цыклічныя фізічныя, хімічныя і біялагічныя працэсы. Найбольшую ролю адыгрываюць цыклы вугляроду і інш. элементаў (кіслароду, азоту, вадароду, серы і фосфару). К. р. у б. не з'яўляецца поўным. Частка элементаў і рэчываў выходзіць з цыкла і акумулюецца ў зямной кары, утвараючы радовішчы торфу, вугалю, нафты, серы, фасфарытаў, салетры і інш.

@

Крывая росту папуляцыі, лінія, якая графічна паказвае змяненне колькасці або біямасы папуляцыі ў залежнасці ад часу. Найбольш поўнае ўяўленне аб ёй можна атрымаць у тым выпадку, калі пачатковая шчыльнасць (біямаса) папуляцыі на некалькі парадкаў ніжэйшая за максімальна магчымую пры дадзеных умовах асяроддзя.

@

Крыль (ад гал. kriel - крошка, малыш, драбяза), скопішча рачкоў атрада эўфаўзіевых і бакаплаваў, якімі харчуюцца кіты, ластаногія, рыбы і інш.

@

Крыптафіты (ад грэч. kryptos - тайны, скрыты і phyton - расліна), жыццёвая форма раслін, у якіх пупышкі ўзнаўлення закладваюцца на карэнішчах, клубнях, цыбулінах і знаходзяцца ў глебе (або пад вадой).

@

Крыясфера (ад грэч. kryos - холад, мароз, лёд), сукупнасць масы лёду і снегу на Зямлі.

@

Крыяфілы (ад грэч. kryos - холад, мароз, лёд і phileo - люблю), арганізмы, якія жывуць у талых водах на паверхні лёду або снегу. Да іх адносяцца аднаклетачныя водарасці, некаторыя віды чарвей і насякомых. Масавае развіццё водарасцей выклікае афарбоўванне лёду або снегу ў чырвоны або зялёны колер.

@

Крыяфіты (ад грэч. kryos - холад, мароз, лёд і phyton - расліна), раслінныя арганізмы, прыстасаваныя да жыцця ў халодных і сухіх умовах. Утвараюць расліннае покрыва тундраў, альпійскіх лугоў, скал у высакагор'ях.

@

Ксантафілы (ад грэч. xanthos - жоўты і phyllon - ліст), прыродныя пігменты раслінных клетак з групы каратыноідаў. Сустракаюцца разам з хларафілам, які звычайна маскіруе К.

@

Ксерафілы (ад грэч. xeros - сухі і phileo - люблю), сухалюбівыя жывёлы, прыстасаваныя да пражывання ў сухіх месцах і здольныя працяглы час абыходзіцца без вады. У К. добра развіты механізмы рэгуляцыі воднага абмену і прыстасаванні для ўтрымання вады ў целе: адсутнасць скурных залоз, запасанне вады ў мачавым пузыры.

@

Ксерафіты (ад грэч. xeros - сухі і phyton - расліна), расліны, прыстасаваныя да жыцця ў месцах з пастаянным або сезонным дэфіцытам вільгаці (арыдныя зоны). Найбольш тыповыя - саксаул, кавыль, ціпчак і інш.

@

Ксілафагі (ад грэч. xylon - ссечанае дрэва і phagos - пажыральнік), жывёлы, якія кормяцца драўнінай.

@

Лагістычнае ўраўненне, ураўненне, якое апісвае рост папуляцыі па S-падобнай крывой. Характэрная форма крывой абумоўлена паступовым узмацненнем па меры нарастання шчыльнасці папуляцыі дзеяння неспрыяльных фактараў (супраціўлення асяроддзя). У прасцейшым выпадку ўзмацненне дзеяння стрымліваючых фактараў прама прапарцыянальна шчыльнасці. Упершыню прапанавана Ферхюльстам (1838), а затым яго «пераадкрылі» Пірл і Рыд (1930).

@

Лагуна, невялікі, звычайна мелкаводны вадаём, злучаны з адкрытым акіянам.

@

Лакамоцыя (ад лац. locus - месца і motio - рух), сукупнасць узгодненых рухаў, з дапамогай якіх жывёлы і чалавек актыўна перамяшчаюцца ў прасторы (хадзьба, палёт, плаванне і інш.). Вялікая роля ў кіраванні Л. належыць мазжачку, рэтыкулярнай фармацыі, вестыбулярным і чырвоным ядрам мозга. У прыматаў і чалавека падпарадкавана кары вялікіх паўшар'яў.

@

Лакацыя жывёл (ад лац. locator - які гаворыць), здольнасць рада жывёл да арыентавання і пошуку корму з дапамогай асобых органаў пачуццяў. Адрозніваюць некалькі тыпаў Л. ж.: рэхалакацыя - здольнасць успрымаць адбітыя ад аб'екта гукавыя сігналы рознай частаты; радыё- або электралакацыя - здольнасць ствараць вакол сябе электрастатычнае поле і, відавочна, успрымаць адбітыя электрычныя імпульсы.

@

Ландшафт, аднародная па свайму паходжанню тэрыторыя, якая валодае адзіным геалагічным фундаментам і не дзеліцца па занальных адзнаках. Мае аднатыпны рэльеф, клімат, пэўнае спалучэнне гідратэрмічных умоў. Асноўная адзінка геаграфічнага раянавання.

@

Ландшафт адбору (адаптыўны ландшафт), рэльефная карта, якая ўяўляе сабой мадэль эвалюцыі. Паказвае рух папуляцыі ад адной адаптыўнай вяршыні да другой, звычайна вышэйшай. Гарызанталямі паказваюцца магчымыя станы генатыпаў і фенатыпаў у адносінах да навакольнага асяроддзя. Дае магчымасць мадэліраваць змяненне фактараў, якія вызначаюць напрамак і інтэнсіўнасць адбору.

@

Ландшафтныя заказнікі, ствараюцца для аховы і аднаўлення асоба каштоўных прыродных ландшафтаў і комплексаў. У Беларусі заснаваны 4 Л. з. рэспубліканскага значэння: Белае, Блакітныя азёры, Міжазёрны, Свіцязянскі. На тэрыторыі Л. з. забаронены выпас жывёлы, суцэльныя высечкі лесу, будаўніцтва, меліярацыйныя і інш. работы, звязаныя са змяненнем ландшафту. Адлоў і адстрэл карысных дзікіх звяроў і птушак, адлоў рыбы ў азёрах на тэрыторыі Л. з. праводзіцца з дазволу Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па экалогіі.

@

Ланцуг харчавання (харчовы), паслядоўнасць груп арганізмаў, кожная з якіх (харчовае звяно) служыць ежай для наступнага звяна, г.зн. звязана адносінамі «ежа - спажывец» («драпежнік - ахвяра», «паразіт - гаспадар» і да т.п.).

@

Латычныя экасістэмы, экасістэмы цякучых вод - рэкі.

@

Ледавікі, прыродныя скопішчы лёду на зямной паверхні, якія рухаюцца. Утвараюцца з цвёрдых атмасферных ападкаў у тых абласцях, дзе іх адкладваецца больш на працягу года, чым выпараецца і тае. Дзеляцца на: далінныя, якія сцякаюць па далінах горных рэк, што вызначаюць іх форму, характар і напрамак руху; каравыя - горныя, якія ляжаць у чашападобных паглыбленнях схілаў, створаных або пашыраных дзейнасцю лёду; шэльфавыя, якія плывуць або часткова абапіраюцца на дно, цякуць ад берага ў мора.

@

Ледавіковыя рэлікты, віды раслін і жывёл, якія захаваліся на дадзенай тэрыторыі з ледавіковай эпохі. Сустракаюцца, як правіла, у ізаляваных месцах са спрыяльнымі мікракліматычнымі ўмовамі. У Беларусі з ледавіковых рэліктаў сустракаюцца: расліны - журавіны, некаторыя віды асок; жывёлы - хахуля, зубр.

@

Лес, элемент геаграфічнага ландшафту, што складаецца з сукупнасці дрэвавых, хмызняковых, травяністых раслін, жывёл і мікраарганізмаў, якія біялагічна ўзаемазвязаны ў сваім развіцці, уплываюць адзін на аднаго і змяняюць навакольнае асяроддзе.

@

Лібіха закон, правіла мінімуму; адзін з прынцыпаў, якія вызначаюць ролю экалагічных фактараў у распаўсюджванні і колькасным развіцці арганізмаў. Упершыню сфармуляваны Лібіхам (1840) у прымяненні да сельскагаспадарчых культур. Пазней Мічэрліхам было сфармулявана правіла сукупнага дзеяння фактараў, якое разглядаецца цяпер як папраўка да Л. з. Па сутнасці, Л. з. з'яўляецца прыватным выпадкам правіла Шэлфарда.

@

Лімацыды, таксічныя рэчывы, прымяняемыя для барацьбы з малюскамі, у прыватнасці смаўжамі.

@

Лімітуючы фактар, адзін з экалагічных фактараў, які абмяжоўвае магчымасці існавання віду або папуляцыі на пэўнай тэрыторыі. Л. ф. могуць выступаць як абіятычныя, так і біятычныя фактары.

@

Лімнафілы, арганізмы, якія жывуць пераважна ў стаячых вадаёмах.

@

Лімнічная зона, зона адкрытай вады ў возеры, дзе дамінуе фітапланктон. Размешчана паміж літаральнай і прафундальнай зонамі.

@

Літараль (ад лац. litoralis - берагавы), прыбярэжная зона Сусветнага акіяна, якая ахоплівае вобласць прыліваў і адліваў. Арганізмы, якія тут жывуць, называюцца літаральнымі. У Л. прадстаўлены ўсе тыпы жывёл.

@

Літасфера (ад грэч. lithos - камень і sphaira - шар), вонкавы цвёрды слой Зямлі, які ўключае зямную кару і верхнюю частку зямной мантыі. Распаўсюджанне арганізмаў у Л. недастаткова вывучана.

@

Літафілы, арганізмы, якія жывуць пераважна на камяністым субстраце. Напр., ласасёвыя, якія адкладваюць ікру на каменным грунце.

@

Літафіты (петрафіты), расліны, якія растуць пераважна на камяністым субстраце. Напр., лішайнікі, пасяляючыся на камянях, удзельнічаюць у глебаўтваральным працэсе.

@

Ліцэнзійная здабыча жывёл, адлоў або адстрэл жывёл па афіцыйных дакументах устаноўленага ўзору, у якіх названы віды дазволеных да здабычы жывёл, іх колькасць і раён здабычы. У Беларусі да такіх відаў жывёл адносяцца: казуля, лось, глушэц, бобр, выдра, кабан.

@

Ліцэнзія, дазвол, выдаваемы спецыяльнымі дзяржаўнымі органамі, на права гаспадарчай або інш. дзейнасці на працягу пэўнага часу.

@

Луг, біягеацэноз, раслінны кампанент якога ўтвораны пераважна шматгадовымі мезафільнымі травамі, якія растуць на працягу ўсяго вегетацыйнага перыяду (без летняга перарыву, характэрнага для стэпавых раслін). Л. звязаны пераходамі з інш. травяністымі біягеацэнозамі - стэпамі, травяністымі балотамі і інш.

@

Люцыферын (ад лац. lux - святло і fero - нашу), рэчыва, якое свеціцца ў прысутнасці ферменту люцыферазы, кіслароду і вады. Знаходзіцца ў спецыялізаваных органах або фатагенных клетках жывёл і мікраарганізмаў. Вывучэнне будовы люцыфераз паказала, што яны адносяцца да класа оксірэдуктаз.

@

Лясное заканадаўства, комплекс прававых норм, рэгулюючых умовы і парадак карыстання лясамі: рацыянальнае выкарыстанне, аднаўленне, ахова, павышэнне прадукцыйнасці і інш. прыродных якасцей лясоў.

@

Лясны фонд, адзіны дзяржаўны лясны фонд краіны. Уключае ўсе лясы натуральнага і штучнага паходжання. Л. ф. складаюць лясы дзяржаўнага значэння і калгасныя, якія знаходзяцца ў межах землекарыстання калгасаў. У склад дзяржаўнага Л. ф. не ўваходзяць дрэвава-хмызняковая расліннасць і насаджэнні, якія растуць на землях сельскагаспадарчага прызначэння, на палосах адводу чыгунак, аўтадарог і каналаў, у гарадах і інш. населеных пунктах, на прысядзібных, дачных і садовых участках.

@

Магнітасфера (зямная), магнітнае поле Зямлі, якое распасціраецца на 70-80 тыс. км у напрамку да Сонца і на многія мільёны кіламетраў у супрацьлеглым напрамку. Асноўныя характарыстыкі: накіраванасць, гамагеннасць і напружанасць.

@

Мадулярныя арганізмы, арганізмы, што складаюцца з набораў асноўных канструктыўных элементаў, лік якіх надзвычай зменлівы. Іх развіццё не прадвызначана жорсткай праграмай, а залежыць ад узаемадзеяння з навакольным асяроддзем. Прыклады М. а. - расліны, губкі, гідроіды, каралы, імшанкі, многія грыбы, прасцейшыя. Асноўны канструктыўны модуль у вышэйшых раслін - ліст разам з яго пазушнай пупышкай і прылягаючым участкам сцябла.

@

Мадыфікацыя (ад лац. moditicatio - змяненне), фенатыпічныя змяненні, якія ўзнікаюць у выніку ўздзеяння навакольнага асяроддзя на арганізм (фенатыпічная зменлівасць). Гэтыя змяненні ляжаць у межах нормы, не закранаюць генатып і не наследуюцца. Працяглыя М. на працягу некалькіх пакаленняў наследуюцца, а затым затухаюць (самкі каларадскіх жукоў пры павышэнні тэмпературы змяняюць афарбоўку і перадаюць яе ў 5-6 пакаленнях па жаночай лініі); дапускаюць цытаплазматычнае наследаванне праз плазмагены.

@

Мадэль, абстрактнае апісанне той або іншай з'явы рэальнага свету, якое дазваляе рабіць прадказанне адносна гэтай з'явы. У сваёй прасцейшай форме М. можа быць слоўнай або графічнай (нефармалізаванай). Аднак для павышэння надзейнасці прагнозу павінна быць статыстычнай і строга матэматычнай (фармалізаванай). Характарыстыка добрай М. павінна ўключаць тры кампаненты: аналізуемую прастору (межы сістэмы); субсістэмы (кампаненты), якія лічацца важнымі для агульнага функцыянавання; разглядаемы часавы інтэрвал. На гэтых прынцыпах грунтуецца мадэліраванне экасістэм.

@

Мадэльны від, эксперыментальная папуляцыя жывёл, на якой даследуецца дзеянне экалагічных фактараў (або аднаго з іх) на параметры росту, развіцця і размнажэння асобіны або папуляцыі. Як правіла, М. в. падбіраецца з кароткім антагенезам і высокай пладавітасцю. Гэтымі якасцямі валодаюць, напр., з наземных беспазваночных - пладовая мушка - дразафіла, з водных жывёл - галінаставусыя рачкі і калаўроткі. У якасці М. в. можа выступаць і промыславы від з мэтай вывучэння яго эколага-фізіялагічнай характарыстыкі.

@

Макраклімат, клімат вялікіх тэрыторый, аднародных па ўмовах цыркуляцыі атмасферы і валодаючых пэўнай цэласнасцю (мацерыкоў, акіянаў).

@

Макрапланктон (ад грэч. makros - буйны і planktos - блукаючы), сукупнасць планктонных арганізмаў, буйнейшых за 5 мм і меншых за 100 мм. Прадстаўлен у асноўным рачкамі эўфаўзідамі, медузамі і абалоннікамі.

@

Макрарэльеф, найбольш істотныя перапады значэнняў вышынь элементаў рэльефу над узроўнем мора (гор, нізін, каньёнаў).

@

Макрафаг (ад грэч. makros - буйны і phagos - пажыральнік), арганізм, які корміцца буйной здабычай (супрацьлегласць мікрафагу).

@

Макраэдементы, элементы, якія патрабуюцца арганізмам у параўнальна вялікіх колькасцях. Першаступеннае значэнне сярод іх маюць азот і фосфар. Таксама важныя для арганізма кісларод, вадарод, калій, кальцый, сера, магній, г.зн. тыя хімічныя элементы, канцэнтрацыя якіх у арганізме складае 0,1 мг і вышэйшая.

@

Малісмалогія, дысцыпліна, якая вывучае забруджванне акіяна.

@

Мамагамія (ад грэч. monos - адзін і gamos - шлюб), у жывёл адна з форм адносін паміж поламі, пры якой самец на працягу аднаго або некалькіх сезонаў аддае перавагу адной самцы, часам пры гэтым праяўляе клопат аб патомстве. Распаўсюджана сярод млекакормячых значна радзей, чым палігамія.

@

Манафагія (ад грэч. monos - адзін і phagein - есці), аднаеднасць; крайняя ступень спецыялізацыі кармлення ў жывёл, якая прыводзіць да спажывання строга пэўнага віду корму. Жывёлы, якія спажываюць адзін від корму, - манафагі. Маюць найбольш устойлівыя трафічныя сувязі, якія сустракаюцца часцей за ўсё ва ўстойлівых цэнаэкасістэмах. М. распаўсюджана сярод некаторых беспазваночных (тутавы шаўкапрад).

@

Маніторынг (ад лац. monitor - які наглядае), комплексная сістэма доўгатэрміновых назіранняў за змяненнем экасістэм і біясферы пад уплывам антрапагенных уздзеянняў. Ажыццяўляецца на спецыяльных станцыях і ў біясферных запаведніках. З'яўляецца інфармацыйнай і не ўключае кіраванне якасцю навакольнага асяроддзя.

@

Маніторынг экасістэмны, пастаяннае або перыядычнае назіранне з дапамогай пастоў, спецыяльных установак, спадарожнікаў за працэсамі, якія адбываюцца ў экасістэмах.

@

Мантыя верхняя, адзін са слаёў знешняй сферы Зямлі (літасферы). Размяшчаецца пад зямной карой. Таўшчыня складае 900-1000 км. Верхні слой М. в. служыць для ўтварэння зямной кары; у аснове гэтага працэсу ляжаць складаныя фізічныя з'явы.

@

МАП, Міжнародная арганізацыя працы. Асноўная задача - стварэнне бяспечных умоў працы на вытворчасці, папярэджанне прафхвароб. Адна з задач па прыродаахоўнай рабоце - выхаванне пачуцця адказнасці за захаванне навакольнага асяроддзя.

@

Марыкультура, штучнае ўтрыманне і развядзенне марскіх прамысловых арганізмаў. Шырока распаўсюджана ў Японіі, Галандыі.

@

Мацерыковая водмель (шэльф), звычайна вельмі пакатая і доўгая падводная марская тэраса, якая акружае мацярык і з'яўляецца яго працягам. Нахіл дна паступова павялічваецца, і М. в. пераходзіць у мацерыковы схіл.

@

Мацерыковы схіл, зона з найбольшай крутасцю дна, звычайна размешчана паміж 150-200 і 1500-2000 м.

@

Мегапланктон (ад грэч. mega - гігант), планктонныя арганізмы, памеры якіх перавышаюць 100 мм (медузы, калоніі сальпаў).

@

Меза (ад грэч. mesos - сярэдні, прамежкавы), частка складаных слоў, якія абазначаюць умераную велічыню або прамежкавае становішча.

@

Мезапланктон, сукупнасць планктонных арганізмаў, памеры якіх знаходзяцца ў межах ад 1 да 5 мм. Гэтым тэрмінам часам абазначаюць планктон, які насяляе мезапелагічную зону (у інтэрвале глыбінь 60-200 м).

@

Мезарэльеф, сярэдні перапад значэнняў вышынь паміж макра- і мікрарэльефам: грады, узгоркі, стэпавыя сподкі, яры.

@

Мезасфера, адзін са слаёў іанасферы, верхняга слоя атмасферы, які мае працягласць сотні кіламетраў. Характарызуецца тым, што паветра ў ёй знаходзіцца ў іанізаваным стане.

@

Мезатрофы, арганізмы, якія насяляюць асяроддзе (ваду, глебу) з умеранай колькасцю пажыўных рэчываў. Займаюць прамежкавае становішча паміж эўтрофамі і алігатрофамі (напр., елка, зялёныя імхі).

@

Мезафілы (ад меза і грэч. phileo - люблю), жывёлы (многія насякомыя, птушкі, млекакормячыя), якія жывуць у раёнах з невысокай вільготнасцю і параўнаўча лёгка пераносяць яе ваганні. Займаюць прамежкавае становішча паміж гіграфіламі і ксерафіламі.

@

Мезафіты, расліны, умерана патрабавальныя да ўвільготненасці месцапражывання. Займаюць прамежкавае становішча паміж ксера- і гідрафітамі.

@

Меланізм (ад грэч. melas (melanos) - чорны),

1) з'яўленне ў покрыве жывёл празмерна вялікай колькасці цёмнага пігменту - меланіну;

2) павелічэнне ліку цёмнаафарбаваных асобін у папуляцыі.

@

Меліярацыя (ад лац. melioratio - паляпшэнне), сістэма мер, накіраваная на паляпшэнне прыродных глеб. Адрозніваюць абвадняльную, асушальную, фітамеліярацыю і інш. формы. Дае магчымасць змяняць комплекс прыродных умоў і такім чынам асвойваць раней непрыгодныя для гаспадарчай дзейнасці чалавека землі, фармаваць высокапрадукцыйныя аграбіяцэнозы, забяспечваць устойлівыя ўраджаі.

@

Мератоп,

1) падраздзяленне біяцэнозу (лісты жывых раслін, іх карані);

2) падраздзяленне біятопу, якое адпавядае сінузіі біяцэнозу.

@

Месцапражыванне, участак сушы або вадаёма, які заняты арганізмам або групай асобін аднаго віду і валодае ўсімі неабходнымі для іх існавання ўмовамі.

@

Метабалізм (ад грэч. metabole - перамена), тое ж, што і абмен рэчываў. У больш вузкім сэнсе - прамежкавы абмен, які ахоплівае ўсю сукупнасць рэакцый, г.ч. ферментатыўных, якія працякаюць у клетках і забяспечваюць як расшчапленне складаных злучэнняў, так і іх сінтэз і ўзаемаператварэнне.

@

Метабаліраванне (ад грэч. matabole - перамена), часовае змяненне формы цела з абавязковым вяртаннем да пачатковай. Найбольш часта тэрмін ужываецца ў адносінах да прасцейшых.

@

Метантэнк (ад фр. methane - балотны, або рудніковы, газ і англ. tank - рэзервуар, бак), збудаванне ў выглядзе вялікага рэзервуара для біялагічнай перапрацоўкі асадкаў, выдзяляемых пры ачыстцы сцёкавых вод з дапамогай мікраарганізмаў без доступу паветра. Параўн. Аэратэнк.

@

Механахоры, расліны, якія механічна раскідваюць плады, насенне або споры.

@

Міграцыйныя шляхі, пэўныя, строга абмежаваныя геаграфічнай шыратой і даўгатой шляхі міграцыі жывёл. Вывучэнне і веданне М. ш. мае вялікае значэнне для арганізацыі рацыянальнага промыслу жывёл.

@

Міграцыя (ад лац. migratio - перасяленне), перамяшчэнні жывёл, звязаныя са змяненнямі ўмоў існавання (асеннія і вясеннія пералёты птушак) або з паходжаннем цыкла развіцця (М. вугроў). М. перыядычныя - якія паўтараюцца заканамерна (М. прахадных рыб, вертыкальныя М. планктону). М. неперыядычныя - звязаныя з рэзкім раптоўным змяненнем умоў (паводкай, засухай і інш.).

@

Міжвідавая ўзаемадапамога, адзін з відаў адносін у біяцэнозе: адыгрывае вялікую ролю ў барацьбе за існаванне. Напр., птушкі, якія знішчаюць лічынак-паразітаў пад скурай буйвалаў; птушкі, якія ачышчаюць пашчу кракадзілаў ад п'явак.

@

Мікарыза, грыбакорань, сімбіёз міцэлію грыба і каранёў вышэйшай расліны. М. разглядаюць або як мутуалістычны сімбіёз, або як абмежаваны паразітызм. У залежнасці ад глыбіні пранікнення міцэлію ў глыб каранёвай тканкі расліны адрозніваюць: экатрофную, эндатрофную, перытрофную М.

@

Мікраарганізмы, найдрабнейшыя арганізмы, бачныя толькі ў светлавы мікраскоп: бактэрыі, мікраскапічныя грыбы і водарасці, вірусы і прасцейшыя. Валодаюць высокай хуткасцю росту і размнажэння, маюць добрыя прыстасавальныя здольнасці, пераносяць шырокі дыяпазон змянення фактараў.

@

Мікраклімат (мікра і грэч. klima (klimatos) - рэжым надвор'я), сукупнасць кліматычных фактараў невялікага рэгіёна, якія складаюцца ў выніку неаднолькавага прагравання, ахалоджання, увільгатнення і інш. розных па характару ўчасткаў зямной паверхні (М. паляны, вяршыні, узгорка, лагчыны, паўднёвага і паўночнага схілаў бархана і інш.).

@

Мікракосм (мікраэкасістэма), невялікі аўтаномны «свет», які імітуе ў мініяцюры прыроду экасістэмы. Эксперыментальныя М. вар'іруюць ад часткова закрытых сістэм, у якіх адбываецца газаабмен з атмасферай, але няма абмену біягеннымі рэчывамі, да поўнасцю адкрытых сістэм, якія ўключаюць згуртаванні арганізмаў з рэгулюемым прытокам і адтокам біягенных элементаў. Дае магчымасць мадэліраваць амаль усе асноўныя функцыі і трафічныя структуры прыроднай экасістэмы.

@

Мікрапланктон (ад грэч. mikros - маленькі і planktos - блукаючы), сукупнасць планктонных арганізмаў, памеры якіх знаходзяцца ў дыяпазоне ад 50 мкм да 1 мм. Прадстаўлен некаторымі відамі аднаклетачных водарасцей (хларэлай, плеўракокам) і калаўроткамі.

@

Мікрарэльеф, найменш выражаныя перапады значэнняў вышынь элементаў рэльефу над узроўнем мора: прыстваловых павышэнняў, кратавін, дробных западзін і інш. выкідаў зямлі рыючых жывёл.

@

Мікрафагі (ад грэч. mikros - маленькі і phagein - харчавацца), арганізмы, якія кормяцца дробнай здабычай. Да іх адносяцца і кіты.

@

Мікрацэноз (біяхарлон), найменшы фрагмент біяцэнозу; сукупнасць арганізмаў, аб'яднаная агульным прыстанішчам або ежай, не валодаючая гомеастатычнымі механізмамі самарэгуляцыі і, такім чынам, няўстойлівая. Напр., згуртаванне арганізмаў, якія жывуць на трупе, што раскладаецца, у дупле і г.д.

@

Мікраэвалюцыя, эвалюцыйныя працэсы, якія адбываюцца ўнутры віду і вядуць да ўтварэння новых разнавіднасцей, падвідаў і відаў.

@

Мікраэлементы, хімічныя элементы, якія змяшчаюцца ў арганізме ў нізкіх канцэнтрацыях (тысячных долях працэнта і ніжэйшых) і неабходныя для іх нармальнай жыццядзейнасці (Al, Fe, Cu, Mn, Zn, Mo, Co, I і інш.). Недахоп іх можа стаць прычынай значных парушэнняў клетачнага абмену рэчываў, паколькі М. выступаюць у ролі каталізатараў многіх хімічных працэсаў.

@

Мікробацэноз, згуртаванне мікраарганізмаў. Паняцце прымяняецца пры дэтальнай характарыстыцы біяцэнозу і канкрэтызацыі яго кампанентаў.

@

Міксатрофныя арганізмы (міксатрофы; ад грэч. mixis - змешванне і trophe - харчаванне), арганізмы са змешаным тыпам харчавання (аўтатрофным і гетэратрофным). Сустракаюцца сярод прасцейшых з класа жгуцікавых. Напр., эўглена зялёная, якая валодае храматафорамі, на святле харчуецца як тыповы зялёны раслінны арганізм, а ў цемнаце пераходзіць на гетэратрофны тып харчавання, г.зн. харчуецца гатовымі арганічнымі рэчывамі. Да М. а. адносяцца прадстаўнікі дынафлагелят.

@

Мімезія (ад грэч. mimesis - перайманне), прыватны выпадак мімікрыі; ахоўнае прыстасаванне жывёл, якое выражаецца ў вонкавым падабенстве безабаронных жывёл з раслінамі або неадушаўлёнымі прадметамі: іголка-рыба нагадвае некаторыя водарасці; яйцы куліка, сарокі падобныя па велічыні і знешняй форме на гальку.

@

Міметызм (ад грэч. mimetes - пераймальнік), прыватны выпадак мімікрыі; ахоўнае прыстасаванне жывёл, не валодаючых сродкамі актыўнай аховы, якое выражаецца ў падабенстве з жывёламі, надзеленымі такімі сродкамі (перасцерагальная або адпуджвальная афарбоўка).

@

Мімікрыя (ад грэч. mimikos - пераймальны), ахоўная афарбоўка або форма цела; пераймальнае падабенства неабароненага арганізма з абароненым або непрыдатным да яды. Шырока распаўсюджана ў раслін і жывёл. Разнавіднасці: мімезія і міметызм. М. - біялагічнае прыстасаванне, якое садзейнічае выжыванню віду.

@

Мінералізацыя, бактэрыяльнае раскладанне рэшткаў адмерлых арганізмаў да стану мінеральных злучэнняў.

@

Мірмекахарыя, распаўсюджванне насення, забяспечанага ядомымі прыдаткамі, мурашкамі.

@

Міяфагі, арганізмы, якія кормяцца пераважна мясам (мышачнай тканкай) жывёл.

@

ММФ, міжнародная моладзевая федэрацыя па вывучэнню і ахове навакольнага асяроддзя. Праводзіць актыўную работу па распаўсюджванню ведаў па ахове і захаванню асяроддзя, арганізуе штогадовыя мерапрыемствы па прыродаахоўнай тэматыцы.

@

Монакультура, у земляробстве:

1) адзіная сельскагаспадарчая культура, якая вырошчваецца на пэўнай тэрыторыі;

2) працяглае бесперапыннае вырошчванне аднаго віду раслін на пэўнай тэрыторыі без захавання севазвароту, што пагаршае структуру, хімічныя і фізічныя ўласцівасці глебы.

@

Морфа (ад грэч. morphe - форма, від),

1) група асобін унутры аднаго віду, якая рэзка адрозніваецца па свайму фенатыпу; М. уласцівы паліморфным папуляцыям або відам;

2) сезонныя змяненні формы цела ў некаторых ракападобных і рыб.

@

Морфагенез (морфа і грэч. genesis - узнікненне, развіццё), паслядоўны працэс развіцця марфалагічных структур як у ходзе антагенезу, так і ў ходзе філагенезу.

@

МСАП, Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў. Створан у 1948 г. пры падтрымцы ЮНЕСКА. Адна з пастаянна дзеючых камісій - па асвеце, рэгіянальныя камітэты якой арганізуюць курсы па прыродаахоўнаму выхаванню, выпускаюць інфармацыйныя бюлетэні, праводзяць семінары, нарады.

@

Мульчыраванне, земляробскі прыём, які заключаецца ў пакрыцці глебы рыхлымі матэрыяламі (торфам, саломай), часам плёнкай з хімічнага валакна для паляпшэння аэрацыі, воднага і цеплавога рэжымаў глебы.

@

Мутагенез, працэс змянення генетычнага матэрыялу.

@

Мутагены, фактары, якія выклікаюць змяненне генетычнага матэрыялу. М. бываюць: фізічныя (усе віды іанізуючых выпраменьванняў, ультрафіялетавае выпраменьванне, тэмпература і інш.); хімічныя (сродкі дэзінфекцыі; некаторыя медыкаменты: папаверын, атрапін; кансерванты: ванілін, нітраты K і Na); біялагічныя - дзейнічаюць апасродкавана, змяняючы метабалізм клеткі (плесневыя грыбы, якія выдзяляюць таксіны і антыбіётыкі, вірусы).

@

Мутацыя (ад лац. mutatio - змяненне), раптоўнае змяненне генетычных структур арганізма, выкліканае натуральнымі або штучнымі мутагенамі. Адрозніваюць М.: трансгенацыі (кропкавыя) - пашкоджанне структуры ДНК; храмасомныя - пашкоджанне структуры храмасом; геномныя - парушэнне агульнай колькасці храмасом у ядры. М. даюць матэрыял для мутацыйнай зменлівасці або «няпэўнай» зменлівасці па Дарвіну.

@

Мутнасць вады, адна з фізічных характарыстык вады, празрыстасць якой парушана прысутнасцю вельмі дробных завіслых часцінак. У лабараторных умовах вызначаецца шляхам параўнання з эталонамі. У натуральных - вымяраецца з дапамогай белых дыскаў пэўнага дыяметра, якія апускаюць у ваду да таго часу, пакуль яны бачныя.

@

Мутуалізм (ад лац. mutuus - узаемны), форма сімбіёзу, пры якой абодва арганізмы маюць карысць з сумеснага жыцця. Партнёры ўскладаюць адзін на аднаго рэгуляцыю сваіх адносін з навакольным асяроддзем. Прыкладам могуць служыць узаемаадносіны бактэрый роду Achromobacter і некаторых нематод. Бактэрыі без дапамогі нематод не могуць папасці ў цела насякомага, а нематоды, пазбаўленыя бактэрый, не здольныя да паўнацэннага развіцця пасля пранікнення ў цела гаспадара. Іншы прыклад: тэрміты і прасцейшыя. Жгуціканосцы, пасяляючыся ў кішэчніку тэрмітаў, валодаюць здольнасцю ператраўліваць клятчатку. Сярод раслін вядомы мутуалістычныя адносіны паміж некаторымі відамі грыбоў і водарасцей, вынікам якіх з'явілася паяўленне новага віду раслін - лішайнікаў.

@

Наасфера (ад грэч. noos - розум і сфера), «мыслячая абалонка», «сфера розуму» - фаза развіцця біясферы, у перыяд якой разумная чалавечая дзейнасць становіцца вызначальным фактарам яе развіцця і функцыянавання. Паняцце Н. падобнае з тэрмінамі: тэхнасфера, антрапасфера і інш.

@

Навакольнае асяроддзе, комплекс прыродных цел і з'яў, з якімі арганізм знаходзіцца ў пэўных узаемаадносінах. Адно з асноўных экалагічных паняццяў. Для характарыстыкі Н. а. выкарыстоўваюцца абіятычныя, біятычныя і антрапагенныя фактары.

@

Навальніца, атмасферная з'ява, пры якой у кучава-дажджавых воблаках або паміж воблакам і зямлёй узнікаюць маланкі, чуецца гул грому. Часта суправаджаецца ліўневым дажджом і шквалістым ветрам, радзей - градам.

@

Навігацыя, арыентацыя ў палёце; цесна звязана з міграцыяй. Птушкі арыентуюцца ў палёце па прыметах мясцовасці, калі пералёт кароткі; па нябесных свяцілах (Сонцу і інш. зорках), - калі пералёт далёкі.

@

Нараджальнасць, інтэнсіўнасць працэсу з'яўлення новых асобін у папуляцыі за кошт размнажэння. Н. разлічваюць на адну асобіну або адну самку ў папуляцыі - удзельная Н. або выражаюць лікам асобін, якія нарадзіліся ў адзінку часу, у адносінах да ўмоўнага іх ліку (да 100 або 1000).

@

Народанасельніцтва, сукупнасць людзей, якія жывуць на Зямлі (чалавецтва) або ў межах асобнай тэрыторыі, краіны, кантынента і г.д. У адрозненне ад тэрміна «насельніцтва». Н. ужываецца ў асноўным пры сацыяльна-эканамічнай характарыстыцы насельніцтва. Даследаваннем Н. займаецца спецыяльная навука - дэмаграфія. Існуе некалькі канцэпцый аб праблемах народанасельніцтва ў будучым: дэмаграфічны максімалізм; дэмаграфічны фаталізм; дэмаграфічны біялагізм і г.д.

@

Настыі (ад грэч. nastos - ушчыльнены), рухі органаў раслін у адказ на змяненне фактараў знешняга асяроддзя (святла, тэмпературы і інш.), якія дзейнічаюць ненакіравана. Так, кветкі цюльпана адкрываюцца і закрываюцца ў адказ на змяненне тэмпературы (тэрманастыі). Кветкі пахучага тытуню раскрываюцца ў начны час (адмоўная фотанастыя), адуванчыка - пры яркім сонечным асвятленні (дадатная фотанастыя). Параўн. Трапізмы.

@

Натуралізацыя (ад лац. naturalis - прыродны, натуральны), поўнае асваенне арганізмамі новых умоў пражывання. Адрозніваюцца: натуралізацыя, калі від пераносіцца ў падобныя з былымі ўмовы; акліматызацыя, калі ўмовы існавання віду значна мяняюцца.

@

Натураліст (ад лац. natura - прырода), чалавек, які займаецца вывучэннем прыроды; прыродазнавец.

@

Нахлебніцтва, тое ж, што і каменсалізм; сумеснае пражыванне двух відаў жывёл, пры якім адзін з іх корміцца рэшткамі корму другога, не наносячы яму шкоды.

@

Нацыянальны парк, вялікая тэрыторыя, якая ўключае ландшафтныя комплексы і ўнікальныя аб'екты прыроды (каньёны, вадаспады і г.д.), якія не падвергліся ўздзеянню чалавека. Ад запаведніка адрозніваецца допускам наведвальнікаў. Акрамя задачы захавання ўчасткаў тэрыторыі (акваторыі) у адноснай недатыкальнасці, прызначаны для арганізацыі адпачынку. У многіх краінах Н. п. засноўваецца вышэйшымі заканадаўчымі органамі дзяржавы.

@

Неабіёнты (інтрадуцэнты), арганізмы, адносна нядаўна занесеныя на разглядаемую тэрыторыю. Могуць быць занесены прыроднымі агентамі або чалавекам.

@

Неатэнія, затрыманне антагенезу або выпадзенне дарослай стадыі з цыкла развіцця. У гэтым выпадку асобіны размнажаюцца ў лічынкавай або ювенільнай стадыі: некаторыя павукападобныя, насякомыя.

@

Неаэндэмікі, маладыя віды, якія яшчэ не паспелі пашырыць свой арэал. Узнікаюць як вынік відаўтваральных працэсаў пры інтрадукцыі відаў у новыя для іх экалагічныя ўмовы (напр., крымскі бук).

@

Нейстон (ад грэч. neustos - які плавае), згуртаванне планктонных арганізмаў, якія насяляюць паверхневую плёнку вады (гіпанейстон) або яе паверхню (эпінейстон). Да Н. адносяцца некаторыя прадстаўнікі жукоў, клапоў, камароў, дробныя лічынкавыя малюскі.

@

Нейтралізм, суіснаванне дзвюх папуляцый, якое не адбіваецца ні на адной з іх. Адна з форм міжвідавых узаемаадносін.

@

Некрафагі (ад грэч. nekros - мёртвы і фаг), трупаеды; жывёлы, якія кормяцца трупамі жывёл. Н. з'яўляюцца жукі-магільшчыкі, некаторыя птушкі (сцярвятнікі, грыфы) і інш. Маюць вялікае санітарнае значэнне ў экасістэмах, паколькі з'яўляюцца спажыўцамі мёртвай біямасы.

@

Некроз (ад грэч. nekros - мёртвы), адміранне клетак тканак у жывым арганізме. Н. папярэднічаюць незваротныя фізіялагічныя і біяхімічныя змяненні, якія ўзнікаюць на клетачным узроўні.

@

Нектон, сукупнасць арганізмаў, якія жывуць у тоўшчы вады і здольныя актыўна перасоўвацца, пераадольваючы сілу цячэння; у асноўным гэта пелагічныя рыбы і буйныя галаваногія.

@

Нітрафілы, арганізмы, якія насяляюць асяроддзе, багатае злучэннямі азоту (пшаніца, лён).

@

Нітрыфікацыя, мінералізацыя складаных арганічных злучэнняў азоту ў працэсе гніення. Нітрыфікуючыя бактэрыі пераводзяць азот у засваяльную раслінамі форму - нітрыты і нітраты. Нітраты - асноўныя вытворныя азоту, якія выкарыстоўваюцца раслінамі ў працэсе росту. Назапашванне ў раслінах нітратаў вышэй ГДК становіцца таксічным для чалавека і можа мець непажаданыя вынікі.

@

Ніша (экалагічная), лакальнае, вузка абмежаванае месца пражывання, якое з прычыны спецыфічных умоў асяроддзя выклікае ў насяляючых яго арганізмаў асобыя прыстасавальныя рэакцыі і адзнакі. Выраз «свабодная экалагічная Н.» азначае, што ў экасістэме недастаткова выкарыстоўваецца сума ўмоў, прыгодная для пражывання яшчэ аднаго віду. Свабодная або слабавыкарыстоўваемая патэнцыяльная экалагічная Н. тэарэтычна - адна з перадумоў для інтрадукцыі.

@

Нозаарэал, арэал хваробы, г.зн. тэрыторыя, дзе ёсць або былі зарэгістраваны выпадкі той ці іншай хваробы чалавека, жывёл або раслін. Лакальны ачаг захворвання - нозаачаг.

@

Норма здабычы, гранічная колькасць асобін каштоўных відаў дзікіх жывёл, якую дазволена здабываць на дадзенай тэрыторыі. Промысел жывёл, для якіх штогод вызначаецца Н. з., вядзецца па ліцэнзіях. Адвольнае перавышэнне Н. з. лічыцца браканьерствам.

@

Норма рэакцыі, межы, якія вызначаюць адаптыўныя магчымасці арганізма, у якіх могуць адбывацца фенатыпічныя змяненні пад уздзеяннем фактараў асяроддзя. Зменлівасць адзнакі можа быць вялікая (шырокая Н. р.), напр., велічыня ўдояў малака, або малая (вузкая Н. р.), напр., тлустасць малака. Н. р. відаспецыфічная і ўласцівая ўсім жывым арганізмам.

@

Нулявы прырост насельніцтва, дэмаграфічная тэорыя, якая адстойвае неабходнасць падтрымання пастаяннай колькасці насельніцтва ў сувязі з агульным кантролем нараджальнасці. Згодна з гэтай тэорыяй каэфіцыент нараджальнасці павінен быць роўным каэфіцыенту смяротнасці.

@

Нутрыенты, хімічныя рэчывы ежы, якія ўсмоктваюцца праз кішэчнік. Структурна адрозніваюцца ад спажываемых харчовых кампанентаў і ўтвараюцца ў ходзе стрававання і дзейнасці сімбіятычных мікраарганізмаў кішачнай флоры.

@

Оптымум экалагічны, найбольш спрыяльныя ўмовы для жыцця (росту, развіцця, размнажэння) арганізма (віду). Адрозніваюць тэмпературныя, кіслародныя, светлавыя і інш. зоны О. э. Можа адрознівацца ад О. біяцэнатычнага: напр., некаторыя расліны ў эксперыментальных умовах культывавання патрабуюць большай вільготнасці, чым у натуральных умовах, у якіх яны ўтвараюць устойлівыя згуртаванні.

@

Осмарэгуляцыя (ад грэч. osmos - штуршок, ціск і лац. regula - накіроўваю), сукупнасць працэсаў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства асматычнага ціску вадкасцей ва ўнутраным асяроддзі арганізма жывёл. У О. удзельнічаюць гіпофіз, наднырачнікі, шчытападобная і падстраўнікавая залозы і інш. Эвалюцыя О. садзейнічала асваенню розных біятопаў.

@

Осмас (ад грэч. osmos - штуршок, ціск), пераход малекулы растваральніку з менш канцэнтраванага раствору ў больш канцэнтраваны раствор ва ўмовах, калі два растворы раздзелены мембранай, якая прапускае растваральнік, але непранікальная для раствораных рэчываў (аднабаковая дыфузія).

@

Осматрафія, паглынанне пажыўных рэчываў непасрэдна праз плазматычную мембрану (па асматычнаму градыенту), апісанае пераважна ў паразітычных пратыстаў.

@

Паверхнева-актыўныя рэчывы (ПАР), адзін з відаў арганічных забруджвальнікаў. Да іх адносяцца маслы, тлушчы, змазачныя матэрыялы - рэчывы, якія ўтвараюць на паверхні плёнку, што перашкаджае газаабмену паміж вадой і атмасферай. Гэта акалічнасць уплывае на колькасць кіслароду ў вадзе і, такім чынам, на стан гідрабіёнтаў.

@

Паветра атмасфернае, фізічная сумесь газаў рознай хімічнай прыроды, якія маюць для жывых арганізмаў першаступеннае значэнне. З экалагічнага пункту погляду П. а. - гэта не толькі газавая абалонка Зямлі, але і газавая кампанента глебы, раствораныя газы прыродных вод і тканкавых вадкасцей арганізмаў. З'яўляецца матэрыяльным асяроддзем, з якім цесна звязана жыццядзейнасць практычна ўсіх арганізмаў.

@

Паветраныя масы, велізарныя аб'ёмы паветра ў трапасферы (на вышыні 10-12 км ад паверхні зямлі), сувымерныя па плошчы з часткамі мацерыкоў і акіянаў.

@

Паводка, стыхійнае бедства, якое прыводзіць да затаплення нізінных тэрыторый рачных далін. Выклікаецца хуткім таяннем вялікіх аб'ёмаў снегу і лёду, ураганамі, цыклонамі, працяглымі мусоннымі дажджамі. Экалагічныя вынікі П. нельга прадказаць. Значныя П. адзначаюцца пасля моцных і працяглых дажджоў у басейнах Амура, Зеі, Бурэі. На Няве П. узнікаюць з-за ветравога нагону вады ў вусце.

@

Паган (ад грэч. pagos - лёд і on - існае), згуртаванне арганізмаў, якія насяляюць паверхню або тоўшчу лёду (бактэрыі, водарасці, калаўроткі і інш.) звычайна ў стане анабіёзу.

@

Пайкілатэрмныя жывёлы (ад грэч. poikilos - стракаты, разнастайны і therme - тлушч, цеплыня), жывёлы з непастаяннай тэмпературай цела, якая мяняецца ў залежнасці ад тэмпературы асяроддзя. Да іх адносяцца ўсе жывёлы, за выключэннем птушак і млекакормячых. Тэмпература цела іх звычайна на 1-2°C вышэйшая за тэмпературу асяроддзя, роўная ёй або некалькі ніжэйшая. Пры павышэнні або паніжэнні тэмпературы асяроддзя за межы оптымуму гэтыя жывёлы дранцвеюць або гінуць.

@

Палаваспеласць, здольнасць арганізма да размнажэння пасля дасягнення ім пэўнага ўзросту.

@

Палавыя паводзіны, паводзіны большасці жывёл у пэўную пару года і ў падыходзячых кліматычных умовах у шлюбны сезон. У кожнага віду ёсць спецыфічныя спосабы для выражэння гэтых паводзін, з прычыны чаго выключаецца скрыжаванне паміж прадстаўнікамі розных відаў.

@

Палеабіяцэноз, скопішча рэшткаў загінуўшых арганізмаў, якія жылі на месцы іх знаходжання або былі перанесены цячэннямі, ветрам і інш.

@

Палеаэндэмікі (ад грэч. palaios - старажытны і endemos - мясцовы), большай часткай згасаючыя віды, якія маюць патрэбу ў асобай ахове (напр., паўночнаамерыканская секвоя гіганцкая).

@

Палі арашэння, участкі зямлі, падрыхтаваныя для натуральнай біялагічнай ачысткі сцёкавых вод і вырошчвання сельскагаспадарчых раслін. На іх дазваляецца вырошчваць тэхнічныя, збожжавыя, кармавыя і сіласныя культуры. Забаронена вырошчваць агароднінныя культуры, якія выкарыстоўваюцца ў ежу без тэрмічнай апрацоўкі.

@

Палі фільтрацыі, участкі зямлі, прыстасаваныя для натуральнай біялагічнай ачысткі вадкай фазы сцёкавых вод шляхам фільтрацыі іх праз глебавыя гарызонты. Найбольш падыходзячымі грунтамі для іх з'яўляюцца пяскі і супесі. П. ф. трэба размяшчаць ніжэй водазаборных збудаванняў па цячэнню грунтавога патоку.

@

Паліфагія (ад грэч. polys - многі, шматлікі і phagein - есці), мнагаеднасць; выкарыстоўванне жывёламі (паліфагамі) рознага расліннага і жывёльнага корму, што забяспечвае ім існаванне ва ўмовах з няўстойлівымі запасамі рэсурсаў.

@

Паляванне,

1) спосаб здабывання ежы жывёламі;

2) адстрэл і адлоў чалавекам каштоўных прамысловых відаў жывёл (дзічыны).

@

Пампасы, злакоўнікі Паўднёвай Амерыкі, аналаг стэпаў Эўразіі. Распаўсюджаны на ўсходзе Аргенціны і ў перадгор'ях Андаў. П. разглядаюць як рэлікт, які не адпавядае сучасным кліматычным умовам гэтай тэрыторыі.

@

Панміксія (ад грэч. pan - усе, увесь і mixis - змешванне), выпадковае неабмежаванае скрыжаванне індывідаў папуляцыі паміж сабой.

@

Папуляцыя (ад лац. populus - народ, насельніцтва), сукупнасць асобін аднаго віду, якія свабодна скрыжоўваюцца. Працягла існуе ў пэўнай частцы арэала, адносна адасобленага ад інш. сукупнасцей таго ж віду. Для кожнай П. характэрны пэўная колькасць асобін, суадносіны полаў і асобін розных узроставых груп, частата варыяцый розных адзнак і г.д. Гэта форма існавання віду і элементарная адзінка эвалюцыі.

@

Паразіталогія, навука, якая вывучае паразітаў, выклікаемыя імі захворванні і метады барацьбы з імі.

@

Паразітызм (ад грэч. parasitos - нахлебнік, para - побач, каля і sitos - хлеб, ежа), форма відавых узаемаадносін, якая носіць антаганістычны характар, калі адзін з відаў (паразіт) выкарыстоўвае другога (гаспадара) у якасці асяроддзя пражывання або крыніцы корму. Сярод паразітаў адрозніваюць энда- і эктапаразітаў. Эндапаразіты жывуць у целе гаспадара і кормяцца яго тканкамі або змесцівам стрававальнага тракта (напр., паразітычныя чэрві). Эктапаразіты жывуць у асноўным на скуры гаспадара і валодаюць дастатковай рухомасцю, каб пераходзіць ад аднаго гаспадара да другога (насякомыя-крывасмокі). Для П. характэрна вялікая залежнасць паразіта ад канкрэтнай таксанамічнай групы, за кошт якой ён існуе, набываючы спецыялізаваныя марфалагічныя і біялагічныя прыстасаванні да гаспадара.

@

Парніковы эфект, паглынанне прыземнай атмасферай, якая змяшчае вуглякіслы газ, даўгахвалевага інфрачырвонага выпраменьвання, адбітага паверхняй Зямлі. Павышаецца тэмпература прыземнай атмасферы, што можа прывесці да непажаданых экалагічных вынікаў (раставання ледавікоў, павышэння ўзроўню Сусветнага акіяна і інш.).

@

Партэнагенез (ад грэч. parthenos - нявінніца і genesis - нараджэнне), нявіннае размнажэнне; адна з форм палавога размнажэння арганізмаў, пры якой развіццё патомства адбываецца з яец, не аплодненых мужчынскімі гаметамі. Пол патомства можа быць розным: мужчынскім (напр., трутні ў пчол), жаночым (у тлі-заснавальніцы, якая дае пачатак партэнагенетычным самкам-перасяленцам, а з пазваночных - у яшчарак) або змешаным, г.зн. і мужчынскім і жаночым (напр., у тлі пакалення паланосак). Значэнне П. заключаецца ў забеспячэнні магчымасці размнажэння пры рэдкіх кантактах разнаполых асобін, а таксама ў рэзкім павелічэнні колькасці ў папуляцыях жывёл з вялікай смяротнасцю, выкліканай, напр., моцным выяданнем.

@

Парцэла (ад фр. parcelle - часцінка), мікрагрупоўка ў біягеацэнозе. Напр., адасобленыя групы елак, асін у розных лясных згуртаваннях; групы хмызняку на лузе; унутрыпапуляцыйныя групы жывёл («вялікія сем'і»), якія жывуць у непасрэднай блізкасці адна да другой. Моцна выражаная парцэлярнасць вызначае мазаічнасць біягеацэнозаў.

@

Патаген (ад грэч. pathos - пакута, хвароба і genos - які нараджае), арганізм, здольны выклікаць хваробу.

@

Паток энергіі на гетэратрофным узроўні, сума прыросту прадукцыі і затрат энергіі на дыханне. Аналагічны валавой прадукцыі на аўтатрофным узроўні. У адпаведнасці з другім законам тэрмадынамікі П. э. на г. у. на кожным наступным трафічным узроўні памяншаецца, паколькі пры ператварэнні адной формы энергіі ў другую частка яе траціцца ў выглядзе цяпла. Найлепшым чынам выражае сапраўдныя ўзаемаадносіны паміж трафічнымі ўзроўнямі, асабліва калі арганізмы, якія ўваходзяць у іх, вельмі адрозніваюцца па памерах.

@

Педасфера (ад грэч. paidos - дзіця і sphaira - шар), глебавае покрыва, якое ўяўляе сабой самастойную зямную абалонку. Па Ў.І.Вярнадскаму, глеба - біякоснае цела, якое складаецца адначасова з жывых і косных (неарганічных) цел: мінералаў, вады, паветра, арганічных рэшткаў.

@

Пелагічныя арганізмы, расліны і жывёлы, якія жывуць у тоўшчы вады і на яе паверхні. Звычайна тэрмін выкарыстоўваецца ў прымяненні да арганізмаў, якія жывуць у адкрытым моры.

@

Пелагіяль (пелагічная зона; ад грэч. pelagos - адкрытае мора), адна з зон Сусветнага акіяна, тоўшча вады акіянаў, мораў і азёр, населеная расліннымі і жывёльнымі арганізмамі: планктонам, нектонам, плейстонам, нейстонам. Раслінныя пелагічныя арганізмы (фітапланктон) - асноўныя прадуцэнты арганічнага рэчыва ў акіяне.

@

Першасныя прадуцэнты, арганізмы, здольныя да фота- і хемасінтэзу.

@

Перыфітон (ад грэч. peri - вакол, каля і phyton - расліна), сукупнасць арганізмаў, якія жывуць на падводных прадметах і раслінах.

@

Пестыцыды (ад лац. pestis - зараза і caedo - забіваю), хімічныя сродкі для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін, пераносчыкамі захворванняў, пустазеллем, шкоднікамі зерня, драўніны, шэрсці, скуры і да т.п. Да іх адносяцца таксама хімічныя сродкі для выдалення лістоў (дэфаліянты), знішчэння завязі (дэфіранты), адпуджвання жывёл (рэпеленты) і інш. П. адмоўна ўплываюць на экасістэмы, і выкарыстоўваць іх трэба строга па назначэнню ў мінімальна неабходных колькасцях.

@

Пік колькасці, максімальная колькасць папуляцыі, якая дасягаецца перыядычна ў межах нормы або выходзіць за межы пры масавым размнажэнні. Адрозніваюць сезонныя, шматгадовыя і векавыя П. к.

@

Пірафітная флора (ад грэч. pyr - агонь і фіт), згуртаванне раслін, якое прыстасавалася ў працэсе эвалюцыі да агнявога ўздзеяння. Для П. ф. характэрныя наяўнасць трывалай і цвёрдай скуркі ў насення, хуткі рост, ранняе плоданашэнне, высокая вогнеўстойлівасць кары ствалоў, высокая рэгенерацыйная здольнасць каранёвых сістэм, высока паднятая крона.

@

Пладавітасць, здольнасць арганізмаў рэгулярна даваць уласцівую кожнаму віду колькасць нармальна развітога патомства. П. розных жывых арганізмаў, што склалася ў працэсе эвалюцыі, абумоўлівае іх колькасць і хуткасць, з якой яны засяляюць біятоп. П. і клопат аб патомстве звязаны, як правіла, зваротнай залежнасцю.

@

Планктон (ад грэч. planktos - блукаючы), сукупнасць арганізмаў, якія насяляюць тоўшчу вады кантынентальных і марскіх вадаёмаў і не здольны супрацьстаяць пераносу цячэннямі. У склад планктону ўваходзяць як расліны (фітапланктон), так і жывёлы (зоапланктон), а таксама бактэрыі (бактэрыепланктон). Маюць спецыфічныя прыстасаванні для лунання ў тоўшчы вады: нарасці цела, тлушчавыя кроплі, газавыя вакуолі і інш. Марскі П. складаецца ў асноўным з дыятомавых водарасцей, ракападобных, кішачнаполасцевых (медузы і інш.), ікрынак і лічынак рыб. У прэсных водах у яго складзе: дыятомавыя, зялёныя водарасці, цыянабактэрыі, галінаставусыя і весланогія ракі, калаўроткі. Здольны да вертыкальных міграцый.

@

Плейстон (ад грэч. pleusis - плаванне, pleo - плыву), сукупнасць арганізмаў, якія жывуць на паверхні вады або вядуць паўапушчаны спосаб жыцця. Многія плейстонныя жывёлы выкарыстоўваюць як апору плёнку паверхневага нацяжэння, інш. утвараюць паветраныя поласці або пеністыя паплаўкі. З раслінных арганізмаў да П. адносяцца плаваючыя саргасавыя водарасці.

@

Помнікі прыроды, асобныя аб'екты, якія маюць навуковае, гістарычнае і эстэтычнае значэнне: біяцэнозы, старыя або асоба магутныя дрэвы, адкрытыя месцазнаходжанні палеанталагічных аб'ектаў, геалагічных агаленняў і да т.п. Арганізацыя іх аховы знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовых Саветаў.

@

Правіла Бергмана, у межах віду або блізкіх відаў жывёлы з больш буйнымі памерамі цела распаўсюджаны ў больш халодных раёнах. Аднак у П. Б. ёсць многа выключэнняў.

@

Прадукцыйнасць, уласцівасць жывых арганізмаў ствараць прадукцыю.

@

Прадукцыя (ад лац. produco - раблю, ствараю), прырост біямасы арганізмаў за пэўны прамежак часу на адзінку плошчы або аб'ёму. Можа служыць мерай біялагічнай прадукцыйнасці розных згуртаванняў. Адрозніваюць першасную П., утвораную прадуцэнтамі, і другасную, утвораную гетэратрофнымі арганізмамі.

@

Прадукцыя другасная, колькасць арганічных рэчываў, утвараемых гетэратрофнымі арганізмамі. Знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад першаснай.

@

Прадукцыя першасная, колькасць арганічных рэчываў, утвараемых аўтатрофнымі фота- і хемасінтэзуючымі арганізмамі. Адрозніваюць валавую П. п. - агульную колькасць новаўтворанага арганічнага рэчыва і чыстую П. п. - тое ж, але за вылікам рэчываў, патрачаных на дыханне. Гадавая валавая П. п. біясферы складае каля 100 млрд. т сухога арганічнага рэчыва.

@

Прадуцэнты (ад лац. producens - які робіць, стварае), аўтатрофныя арганізмы, якія ствараюць арганічнае рэчыва з простых неарганічных злучэнняў. Да іх належаць фота- і хематрофныя арганізмы. П. - абавязковы кампанент экасістэм, якія ўтвараюць яе першы трафічны ўзровень (аснову экалагічнай піраміды).

@

Працягласць жыцця, тэрмін жыцця жывога арганізма. П. ж. птушак і млекакормячых, як правіла, звязана з іх памерамі: чым буйнейшыя жывёлы, тым працягласць жыцця іх большая. Гэта агульнае правіла прымальнае толькі ў межах аднаго і таго ж атрада.

@

Прынцып канкурыруючага выцяснення (прынцып Гаўзе), гіпотэза, згодна з якой два або некалькі відаў не могуць існаваць за кошт аднаго і таго ж рэсурсу, колькасць якога малая ў параўнанні з патрэбнасцю ў ім. У выніку адбываецца замяшчэнне аднаго экалагічна блізкага віду другім, што можа прывесці да вымірання выцесненага віду.

@

Прыродакарыстанне, сукупнасць уздзеянняў чалавека на геаграфічную абалонку Зямлі, разглядаемая ў комплексе. Існуюць рацыянальнае П., накіраванае на забеспячэнне ўмоў існавання чалавецтва, падтрыманне і павышэнне прадукцыйнасці і прывабнасці прыроды, прадухіленне або максімальнае зніжэнне магчымых шкодных вынікаў уздзеяння на прыроду; нерацыянальнае П., якое выражаецца ў зніжэнні якасці, растраце і вычарпанні прыродных рэсурсаў, падрыве аднаўленчых сіл прыроды, забруджванні навакольнага асяроддзя.

@

Прыродныя рэсурсы, сукупнасць прыродных аб'ектаў і з'яў, выкарыстоўваемых цяпер, у мінулым або будучым у працэсе грамадскай вытворчасці для задавальнення матэрыяльных і культурных патрэбнасцей грамадства. Класіфікуюць П. р. або па прыродных групах: водныя, паветраныя, глебавыя, біялагічныя, кліматычныя, энергія Сонца; або па іх вычарпальнасці і хуткасці аднаўлення, што вызначае стратэгію іх выкарыстання.

@

Прыстасаванне, гл. Адаптацыя.

@

Прэрыі, група фармацый высакатраўнай расліннасці стэпавага або саваннага тыпу. Распаўсюджаны ў Паўночнай Амерыцы. Травяністая расліннасць П. складаецца са шматгадовых злакаў з глыбокай каранёвай сістэмай, часам сустракаецца рэдкая дрэвавая расліннасць. Глебы чарназёмныя; кліматычныя ўмовы характарызуюцца вялікай разнастайнасцю.

@

Псамафіты (ад грэч. psammos - пясок і фіт), расліны сыпучых пяскоў, распаўсюджаных г.ч. у арыдных і часткова ўмераных зонах (рухомых барханаў пустынь і дзюн марскіх узбярэжжаў, пясчаных масіваў ледавіковага і марскога паходжання). Адаптацыя раслін да пясчанага субстрату накіравана на памяншэнне адмоўных вынікаў своеасаблівасці цеплавога, паветранага, воднага рэжымаў у месцах распаўсюджання.

@

Пустыні, тып ландшафту, які склаўся ў абласцях з пастаянна сухім і гарачым кліматам і характарызуецца вельмі абедненымі і разрэджанымі фітацэнозамі. Адрозніваюць некалькі тыпаў П. у залежнасці ад характару глеб і грунтоў: пясчаныя, галечныя, камяністыя, сугліністыя і інш.

@

Радыебіялогія (ад лац. radio - выпраменьваю, распаўсюджваю прамені і біялогія), навука, якая вывучае дзеянне радыеактыўных выпраменьванняў на жывыя арганізмы і іх згуртаванні. Як самастойная сфармавалася ў першай палове 20 ст. дзякуючы хуткаму развіццю ядзернай фізікі і тэхнікі.

@

Радыенукліды, нестабільныя радыеактыўныя ізатопы. Характарызуюцца атамнай масай і хуткасцю распаду, якую ацэньваюць перыядам паўраспаду - велічынёй, пастаяннай для дадзенага ізатопа. Вельмі цікавыя з пункту погляду экалогіі, паколькі здольныя акумуліравацца ў жывых арганізмах.

@

Радыяцыя сонечная, выпраменьванне Сонца электрамагнітнай і карпускулярнай прыроды; асноўная крыніца энергіі для большасці працэсаў, якія адбываюцца на Зямлі.

@

Развіццё згуртавання, паслядоўнае замяшчэнне папуляцый шляхам заканамернага прасоўвання да ўстойлівага стану - клімаксавага. Змена папуляцый адбываецца ў выніку змяненняў згуртаваннем фізічнага асяроддзя і міжпапуляцыйных узаемадзеянняў.

@

Размеркаванне асобін, прасторавае размяшчэнне асобін у папуляцыі. Адрозніваюць выпадковае, раўнамернае і групавое Р. а. Выпадковае Р. а. назіраецца тады, калі асяроддзе аднароднае і арганізмы не імкнуцца аб'ядноўвацца ў групы; сустракаецца рэдка. Раўнамернае Р. а. назіраецца там, дзе вельмі моцная канкурэнцыя паміж асобінамі. Групавое Р. а. - утварэнне рознага роду скопішчаў сустракаецца часцей за ўсё ў прыродзе.

@

Размнажэнне, здольнасць да ўзнаўлення сабе падобных, уласцівая ўсім жывым істотам. Адрозніваюць дзве формы Р.: бясполае і палавое. Пры бясполым Р. адна бацькоўская асобіна дае пачатак дзвюм або большаму ліку новых асобін, ідэнтычных па спадчынных адзнаках бацькоўскай. Разнавіднасцямі яго з'яўляецца вегетатыўнае Р. (пачкаванне, фрагментацыя), а таксама спораўтварэнне. Пры палавым Р. удзельнічаюць дзве асобіны (у гермафрадытных жывёл - адна). Яны даюць разнаякасныя гаметы - нерухомыя яйцаклеткі і рухомыя сперматазоіды, якія пасля зліцця ўтвараюць зіготу, што развіваецца ў новы арганізм, адметны ад бацькоўскіх асобін.

@

Размяшчэнне, характар размеркавання асобін і папуляцый у біяцэнозе. Бывае раўнамерным, або дыфузным, а таксама групавым.

@

Разнастайнасць відаў, лік відаў у дадзеным згуртаванні або біяцэнозе.

@

Раскладанне, гл. Дэструкцыя.

@

Расліннае згуртаванне, гл. Фітацэноз.

@

Рассяленне, распаўсюджванне жывых арганізмаў на значнай тэрыторыі, каб пазбегнуць перанаселенасці. Напр., маленькія павукі падарожнічаюць на вялікія адлегласці па ветры, выкарыстоўваючы ніці павуціны як паветраныя шары.

@

Рост папуляцыі, павелічэнне колькасці яе асобін. Вызначаецца як прырост колькасці ў адзінку часу (абсалютная хуткасць росту) або працэнтнае павелічэнне масы ці колькасці папуляцыі (адносная хуткасць росту).

@

Рыбаводства,

1) галіна жывёлагадоўлі, якая арганізуе на базе натуральных і штучных вадаёмаў развядзенне каштоўных відаў рыб (карпа, белага і пярэстага таўсталобікаў, белага амура, фарэлі, сырка і інш.);

2) навуковая дысцыпліна, якая вывучае прынцыпы і метады развядзення рыб у штучных і натуральных вадаёмах.

@

Рыпаль (ад лац. ripa - бераг ракі), прыбярэжная частка ракі з найбольш спрыяльнымі для жывых арганізмаў экалагічнымі ўмовамі пражывання (устойлівым грунтам, наяўнасцю сховішчаў, аптымальнымі ўмовамі харчавання).

@

Рытуалізацыя (ад лац. ritualis - абрадавы), стандартны сігнальны паводзінскі акт, выкарыстоўваемы жывёламі пры зносінах. Параўн. Біякамунікацыя.

@

Рэакліматызацыя (ад лац. re... - прыстаўка, якая абазначае нанава, назад, зноў і грэч. klima - рэжым надвор'я), развядзенне жывёл, якія некалі жылі ў дадзенай мясцовасці, але амаль або поўнасцю знішчаны. Паспяхова праведзена Р. бабра (у Беларусі, Сібіры), собаля (у Сібіры) і інш. каштоўных відаў жывёл.

@

Рэатаксіс (ад грэч. rheos - цячэнне і taxis - размяшчэнне), здольнасць арыентавацца па цячэнню. Рачныя жывёлы, як правіла, нязменна арыентуюцца супраць цячэння.

@

Рэафілы (ад грэч. rheos - цячэнне, паток і phileo - люблю), арганізмы, прыстасаваныя да пражывання ў цякучых водах. Валодаюць здольнасцю процістаяць цячэнню актыўным рухам, прымацаваннем і інш.

@

Рэгенерацыя біягенных рэчываў, зварот біягенных рэчываў у навакольнае асяроддзе, ваду, глебу з тканак адмерлых жывёл.

@

Рэгуляцыя колькасці папуляцыі, працэсы, якія вызначаюць шчыльнасць папуляцыі і дзейнічаюць па прынцыпу зваротнай адмоўнай сувязі. Пад імі разумеюць толькі кампенсатарныя рэакцыі, якія паказваюць адхіленні, выкліканыя выпадковымі змяненнямі ў навакольным асяроддзі. У Р. к. п. абавязкова ўдзельнічае хаця б адзін фактар смяротнасці, які залежыць ад шчыльнасці папуляцыі.

@

Рэдзіны (рэдкалессі), нелясныя ўчасткі, на якіх самкнутасць крон дрэў складае 5-20%, напр., саванна ў тропіках.

@

Рэдуцэнты (ад лац. reducentis - вяртаць), арганізмы, якія харчуюцца арганічнымі рэшткамі і раскладаюць іх да мінеральных злучэнняў (г.ч. бактэрыі і грыбы). Абавязковы кампанент любога біягеацэнозу, паколькі ажыццяўляюць замкнутасць біялагічнага кругавароту рэчываў. Заключнае звяно ў харчовым ланцугу.

@

Рэзерваты (ад лац. reservo - захоўваю), агульная назва ахоўваемых тэрыторый - помнікаў прыроды, заказнікаў, запаведнікаў.

@

Рэзістэнтнасць (ад лац. resistance - устойлівы), устойлівасць жывых арганізмаў да дзеяння якога-небудзь пашкоджваючага агента. Мае вялікае экалагічнае значэнне. Напр., працяглае прымяненне пестыцыдаў у сельскай гаспадарцы прывяло да з'яўлення рэзістэнтных рас шкоднікаў і распаўсюджвання «новых» шкодных арганізмаў, прыродныя ворагі якіх або канкурэнты былі знішчаны пестыцыдамі.

@

Рэкультывацыя, штучнае аднаўленне ўрадлівасці глебы і расліннага покрыва пасля іх разбурэння.

@

Рэлікты (ад лац. relictum - рэшткі), жывыя выкапні; віды раслін і жывёл, якія захаваліся вонкава нязменнымі на працягу соцень мільёнаў гадоў, а таксама рэшткі фаўны і флоры мінулых геалагічных часоў (палеанталагічныя Р.). Жывыя рэліктавыя формы захаваліся ў тых раёнах, дзе ўмовы для іх пражывання адносна падобныя да ўмоў эпохі іх шырокага распаўсюджання.

@

Рэпеленты (ад лац. repello - адганяю), розныя прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, якія адпуджваюць жывёл (насякомых, грызуноў і інш.).

@

Рэсурсы (ад фр. ressource - дапаможны сродак), каштоўнасць, запасы, магчымасці. Гл. Прыродныя рэсурсы.

@

Рэтарданты, рэгулятары росту і развіцця раслін.

@

Рэхалакацыя (ад грэч. echo - гук, водгалас і лац. locatio - размяшчэнне), выпраменьванне і ўспрыманне адбітых высокачастотных гукавых сігналаў з мэтай выяўлення аб'екта (здабыча, перашкода і інш.) у прасторы, а таксама атрыманне інфармацыі аб іх уласцівасцях і памерах. Ёсць у дэльфінаў, лятучых мышэй.

@

Рэхалаціраванне, метад вызначэння глыбіні акіяна, заснаваны на адбіцці выпрамененых акустычных хваль.

@

Рэчышча, асноўная, глыбакаводная частка Сусветнага акіяна. Характэрная асаблівасць у тым, што яно перасякаецца шматлікімі падводнымі хрыбтамі і парогамі. Займае 77,1% Сусветнага акіяна.

@

Саванна (ад гішп. sabana), тып трапічнай і субтрапічнай расліннасці з разрэджаным нізкарослым травастоем, засухаўстойлівымі хмызнякамі і травяніста-злакавымі асацыяцыямі.

@

Сажалка, штучны вадаём, выкапаны да глыбіні 3-5 м або створаны шляхам пабудовы плаціны ў далінах невялікіх рэк, ручаёў і г.д. Павінна мець дастатковай стромкасці берагі, слабы ўхіл дна і ўстойлівае да размыву рэчышча. Ствараецца з мэтай арашэння, абваднення, развядзення рыбы.

@

Сазалагічная экалогія (сазалогія; ад грэч. sozo - ахоўваць), галіна агульнай экалогіі, якая распрацоўвае навуковыя асновы аховы экасістэм, біяцэнозаў, асобных папуляцый, раслін і жывёл.

@

Саланцы, тыпы глеб, насычаных мінеральнымі солямі (у асноўным хларыдам натрыю) у выніку блізка размешчаных да паверхні крыніц лёгкарастваральных солей або другаснага засаланення (з прычыны няправільнага паліву).

@

Салёнасць вады, агульная сума солей, якія змяшчаюцца ў вадзе. Выражаецца ў праміле (‰), г.зн. у дзесятых долях працэнта. Адзначаюць прэсныя (да 0,5‰), саланаватыя (0,5-30‰), эўгалінныя, або марскія (30-40‰), і гіпергалінныя, або перасоленыя (больш за 40‰), вадаёмы.

@

Самаачышчэнне, сукупнасць натуральных працэсаў, якія прыводзяць да раскладання забруджваючых рэчываў, што паступаюць у прыроднае асяроддзе або ў арганізмы.

@

Самаачышчэнне вады, бесперапынны працэс біяхімічнай, хімічнай, біятычнай утылізацыі і перапрацоўкі рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Пры аднаразовым скідзе сцёкавых вод у натуральныя вадаёмы (часцей за ўсё рэкі) за кошт працэсаў сорбцыі, асаджэння і перапрацоўкі завіслых і раствораных рэчываў жывымі арганізмамі, што насяляюць вадаём, уласцівасці вады ў значнай ступені аднаўляюцца.

@

Самарэгуляцыя экасістэмы, здольнасць экалагічнай сістэмы аўтаматычна наладжваць і падтрымліваць на пэўным (пастаянным) узроўні свае структуру і функцыі.

@

Санар (ад англ. so(und) na(vigation) and r(anging)), гукалакацыйная прылада, якая ўлоўлівае пэўныя гукавыя і інфрагукавыя хвалі (не чутныя чалавечым вухам) і выкарыстоўваецца ў акіянаграфіі пры вывучэнні марскога дна.

@

Санаторна-курортныя зоны, землі, прадастаўленыя ў карыстанне лячэбна-курортным установам. Падлягаюць асобай ахове. У гэту зону, акрамя зямельных і лясных участкаў, уваходзяць водныя аб'екты, аднесеныя да ліку лячэбных. Наяўнасць такіх зон з'яўляецца істотным фактарам аховы прыроды.

@

Саперніцтва, гл. Канкурэнцыя.

@

Сапрабіёнты (ад грэч. sapros - гнілы і bios - жыццё), арганізмы, якія жывуць у водах, багатых забруджваючымі арганічнымі рэчывамі (г.ч. з гаспадарча-бытавых сцёкавых вод).

@

Сапрапель (ад грэч. sapros - гнілы і pelos - глей, гразь), глеістыя адкладанні прэснаводных азёр, якія змяшчаюць вялікія колькасці дэтрыту, солі кальцыю, жалеза, фосфару. Часта выкарыстоўваецца ў якасці ўгнаення і падкормкі сельскагаспадарчых жывёл.

@

Сапратрофы (ад грэч. sapros - гнілы і trophe - ежа, харчаванне), арганізмы, якія выкарыстоўваюць для свайго харчавання арганічныя рэчывы мёртвых цел і выдзяленні (экскрэменты) жывёл. Да С. адносяцца бактэрыі, грыбы і сапрафіты.

@

Сапрафагі (ад грэч. sapros - гнілы і phagos - які пажырае), арганізмы, якія кормяцца мёртвым арганічным рэчывам (трупамі жывёл, адмерлымі раслінамі, выдзяленнямі арганізмаў). Да С. адносяцца, напр., жукі трупаеды, гнаевікі, лічынкі рада мух і інш.

@

Сапрафіты (ад грэч. sapros - гнілы і phyton - расліна), некаторыя вышэйшыя расліны, якія растуць на арганічным рэчыве, што раскладаецца.

@

Сапробнасць (ад грэч. sapros - гнілы), уласцівасці арганізма, якія абумоўліваюць яго здольнасць жыць у вадзе з той або іншай колькасцю арганічных рэчываў, што паступаюць г.ч. з гаспадарча-бытавымі сцёкавымі водамі.

@

Сапробы (ад грэч. sapros - гнілы і bios - жыццё), арганізмы, якія жывуць у вельмі забруджаных вадаёмах (калаўроткі, некаторыя ракападобныя, прасцейшыя і інш.). Служаць для біялагічнай ацэнкі ступені забруджання вадаёмаў.

@

Сацыяльная эталогія, галіна эталогіі, якая вывучае сацыяльныя паводзіны жывёл з улікам умоў навакольнага асяроддзя, інстынктыўных рэакцый, звычак, набытых на працягу жыцця, і г.д. для таго, каб уявіць ва ўсёй паўнаце складаную карціну дзейнасці сацыяльных відаў жывёл.

@

Свойскія жывёлы, жывёлы, якіх разводзіць чалавек, у першую чаргу, для атрымання бялкоў жывёльнага паходжання і сыравіны для прамысловасці. Найбольшую ролю пры гэтым адыгрываюць млекакормячыя, значна меншую - птушкі, рыбы, насякомыя і інш. групы жывёл. Пераважная большасць С. ж. была адамашнена яшчэ ў раннім і сярэднім галацэне. З іх найбольшае гаспадарчае значэнне маюць буйная рагатая жывёла, свінні, авечкі, козы, куры і інш. Інтэнсіўнае развядзенне С. ж. істотна змяніла прыроднае асяроддзе ў радзе раёнаў свету. Так, перавыпас і знішчэнне лясоў пад пашы прывяло да разбурэння натуральных біяцэнозаў на поўначы Афрыкі (пашырэнне зоны пустыні Сахары), абязлесення схілаў у Грэцыі, павелічэння стэпавых плошчаў у Эўразіі і г.д. У сувязі з вострым дэфіцытам у многіх краінах свету бялкоў жывёльнага паходжання маштабы развядзення жывёл, а значыць, і ўплыў іх на навакольнае асяроддзе павялічваюцца.

@

Седыментацыя (ад лац. sedimentum - асяданне), асяданне розных завіслых часцінак у вадзе. Прыводзіць да асвятлення вады ў вадаёмах.

@

Сезонная перыядычнасць, заканамернае змяненне жыццядзейнасці арганізмаў, звязанае са зменай пор года. Так, большасць пазваночных жывёл размнажаецца вясной; летам гадуе маладняк; восенню жыруе, ліняе, мігрыруе; зімой многія віды ўпадаюць у спячку, здранцвенне, дыяпаўзу, качуюць і г.д.

@

Сейшы (ад фр. seiche), перыядычныя ваганні ўзроўню вады ў вадаёмах, у якіх удзельнічае ўся іх водная маса. Пры нязменным агульным аб'ёме вады павышэнне ўзроўню ў адной частцы вадаёмаў суправаджаецца яго паніжэннем у другой. Выклікаюцца шквалістымі вятрамі, ліўнямі, рэзкім перападам ціску і інш.

@

Сель (ад араб. сайль - бурны паток), бурны паток горнай ракі, які ўзнікае раптоўна і захоплівае з сабой розныя горныя пароды (камяні, пясок). Часта выклікаецца выпадзеннем вялікай колькасці ападкаў.

@

Серабактэрыі, тыповыя хемасінтэзуючыя мікраарганізмы, якія ажыццяўляюць аўтатрофную асіміляцыю, дзе ў якасці крыніцы энергіі выкарыстоўваецца не сонечнае святло, а хімічная энергія, выдзяляемая ў працэсе акіслення аднаўленчых злучэнняў серы. Па марфалогіі, характару руху, будове клетак С. маюць вялікае падабенства з сінезялёнымі водарасцямі (цыянабактэрыямі).

@

Серыя (сукцэсійны рад), сукупнасць раслінных згуртаванняў, якія развіваюцца паслядоўна.

@

Сестан (ад грэч. sestos - прасеяны), дробныя планктонныя арганізмы і завіслыя ў вадзе неарганічныя і арганічныя рэчывы (г.зн. усё, што ўлоўлівае планктонная сетка, «пашытая» з дробнаячэістага газу).

@

Сестанафагі (ад сестан і фаг), водныя жывёлы, якія кормяцца завіслым у тоўшчы вады мёртвым арганічным рэчывам з мікраарганізмамі і дробным планктонам, што змяшчаюцца ў ім.

@

Сівела, маладая стадыя вугра даўжынёй 6-8 см, які пераходзіць з мора ў прэсныя воды.

@

Сімбіёз (ад грэч. symbiosis - сумеснае жыццё), цеснае сумеснае існаванне розных відаў. Пры шырокай трактоўцы ў гэта паняцце ўключаюць паразітызм (адзін арганізм жыве за кошт другога), а ў больш вузкім сэнсе - гэта толькі выпадкі ўзаемна выгаднага сумеснага жыцця, так званы мутуалізм (ад лац. mutuus - узаемны) С. бывае неабавязковым (факультатыўным), калі кожны з арганізмаў пры адсутнасці партнёра можа існаваць самастойна, і абавязковым (аблігатным), пры якім самастойнае існаванне немагчыма. Прыклад С. - мікарыза - злучэнне кораня вышэйшай расліны (яе канечных разгалінаванняў) з міцэліем грыба.

@

Сінайкія (ад грэч. synoikia - сумеснае жыццё, жыллё), тып міжвідавых узаемаадносін, пры якім адзін від жыве ў жыллі другога (гаспадара) - норах, гнёздах. Корміцца рэшткамі корму гаспадара.

@

Сінантропныя арганізмы (ад грэч. syn - разам і anthropos - чалавек), жывёлы, расліны і мікраарганізмы, якія прыстасаваліся да існавання паблізу чалавека (яго жылля, відазмененага ім ландшафту). Некаторыя з С. а. настолькі цесна звязаны з чалавекам, што не сустракаюцца па-за яго паселішчамі. Сярод іх - дамавая мыш, пацукі, тараканы, клапы і інш.

@

Сінузія (ад грэч. sinusia - сумеснае прабыванне, згуртаванне), прасторава адасобленая частка фітацэнозу, якая складаецца з раслін адной або некалькіх блізкіх жыццёвых форм, звязаных паміж сабой агульнымі патрабаваннямі да асяроддзя пражывання.

@

Сінэкалогія (ад грэч. syn - разам, oikos - дом і logos - вучэнне), раздзел экалогіі, які вывучае шляхі фармавання і развіцця, структуру і дынаміку шматвідавых згуртаванняў арганізмаў (біяцэнозаў, экасістэм).

@

Сістэматыка (ад грэч. systematikos), раздзел біялогіі, задачай якога з'яўляецца апісанне ўсіх існуючых і вымерлых арганізмаў, а таксама іх класіфікацыя па таксонах (групоўках) рознага рангу. Служыць базай для многіх біялагічных навук. С. асноўных груп арганічнага свету - пракарыёт і эўкарыёт - мае адны і тыя ж асновы, задачы і многа агульнага ў метадах даследавання.

@

Сістэматычныя (таксанамічныя) катэгорыі жывёл, групы жывёл, якія валодаюць пэўнымі ступенямі роднасці і шэрагам агульных рыс будовы. Размяшчаюцца (сістэматызуюцца) у серыю супадпарадкаваных груп і ў цэлым ствараюць сістэму жывёльнага свету. Прасцейшая схема супадпарадкавання ўтварае наступны рад: віды аб'ядноўваюцца ў роды, роды - у сем'і, сем'і - у атрады, атрады - у класы, класы - у тыпы, тыпы - у царствы.

@

Сістэмная экалогія, сукупнасць прынцыпаў і канцэпцый сістэмнага аналізу ў прымяненні да экалогіі.

@

Склерафіты (ад грэч. skleros - цвёрды і phyton - расліны), расліны з моцна развітымі механічнымі тканкамі, цвёрдымі лістамі, часам павышанай масай драўніны (трыснёг, фісташка і інш.).

@

Скрэб (ад англ. scrub), густая фармацыя склерафільных, звычайна вечназялёных нізкарослых дрэў, калючых хмызнякоў ва ўмовах, прамежкавых паміж пустыняй і саваннай, з аднаго боку, і дажджавым лесам - з другога.

@

Смерч, магутны віхар, які ўзнікае ў навальнічным воблаку, што спускаецца да паверхні сушы або мора ў выглядзе рукава ці хобата. Вярчэнне супраць гадзіннікавай стрэлкі суправаджаецца ўзніманнем з паверхні зямлі пылу, розных прадметаў, жывёл і нават вады. Вядомы вадзяныя С., якія ўзнікаюць над нагрэтай марской паверхняй каля берагоў. Яны ўсмоктваюць ваду цёплага слоя мора разам з яе насельнікамі ў воблакі і пераносяць на сушу. Устаноўлена, што С. няма там, дзе пастаянна холадна або горача. Рэдка ўзнікаюць яны і ў адкрытым акіяне.

@

Смецце, сукупнасць цвёрдых бытавых адходаў і адкідаў, якія ўтвараюцца ў бытавых умовах: шкло, металы, косці і г.д.

@

Смог (ад англ. smog - туман з дымам), моцнае забруджанне паветра ў выглядзе аэразоляў з дымам, газам і туманам.

@

Смяротнасць, інтэнсіўнасць працэсу гібелі асобін у папуляцыі. Выражаецца лікам асобін, загінуўшых за пэўны перыяд часу на пэўнай тэрыторыі. Змяняецца ў залежнасці ад умоў асяроддзя, узросту, стану і колькасці папуляцыі і выражаецца ў працэнтах ад пачатковай або, часцей, ад сярэдняй колькасці.

@

Спат, маладыя малюскі, якія ўжо маюць ракавіну і прымацаваліся да субстрату.

@

Спіс блакітны, раздзел Чырвонай кнігі, што ўключае віды птушак, колькасць якіх паніжаецца.

@

Спіс зялёны, пералік відаў раслін і жывёл, выключаных з Чырвонай кнігі, таму што колькасць іх папуляцый адноўлена да аптымальнага ўзроўню.

@

Спіс чорны, віды раслін і жывёл, якія зніклі (напр., Стэлерава карова на Камандорскіх астравах).

@

Спіс чырвоны, рэдкія і тыя віды раслін і жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

@

Споры (ад грэч. spora - пасеў, семя), аднаклетачныя мікраскапічныя зачаткі арганізмаў, якія служаць для іх размнажэння і захавання віду пры неспрыяльных умовах. Многія С. маюць трывалыя абалонкі і даволі працяглы час захоўваюць здольнасць да прарастання.

@

Спосаб жыцця, уся разнастайнасць адносін індывідаў якога-небудзь віду да абіятычных умоў існавання, асобін свайго і інш. відаў, вызначаемая наяўнасцю комплексу спецыфічных для віду прыстасаванняў, якія ўзніклі ў ходзе эвалюцыі. Адзін з эквівалентаў шырока распаўсюджанага ангельскага тэрміна «Natural History».

@

Спячка, рэзкае паніжэнне жыццядзейнасці гамаятэрмных жывёл, якое наступае ў перыяды памяншэння колькасці даступнай ежы, з прычыны чаго захаванне высокай актыўнасці і інтэнсіўнага абмену рэчываў становіцца немагчымым. Адрозніваюць летнюю і зімовую С. Першая характэрна для пустынных і паўпустынных жывёл (суркоў, суслікаў, яшчарак), другая - для некаторых насякомаедных (вожыкаў), а таксама для бурага мядзведзя. У адрозненне ад стану анабіёзу, жывёлы ў працэсе С. здольны прачнуцца, змяніць сховішча і зноў заснуць. Аналагічны стан у пайкілатэрмных жывёл называецца здранцвеннем.

@

Стабільнасць біясферы (ад лац. stabilis - устойлівы), здольнасць біясферы процістаяць знешнім і ўнутраным уздзеянням, уключаючы любыя антрапагенныя працэсы.

@

Стагнацыя вадаёма (ад лац. stagno - раблю нерухомым), перыяд застою ў вадаёме, калі адсутнічае вертыкальная цыркуляцыя водных мас, з прычыны чаго можа ўзнікаць дэфіцыт кіслароду.

@

Старэнне, заканамерны працэс узроставых змяненняў арганізма, які вядзе да зніжэння яго адаптацыйных здольнасцей, павелічэння верагоднасці смерці. Уласціва ўсім арганізмам і працякае на ўсіх узроўнях арганізацыі - ад малекулярна-генетычнага да арганізменнага.

@

Статак, працяглае або пастаяннае аб'яднанне жывёл, у якім ажыццяўляюцца ўсе асноўныя функцыі жыцця віду: здабыванне корму, абарона ад драпежнікаў, міграцыі, размнажэнне, гадаванне маладняку. Для С. характэрна наяўнасць часовага або пастаяннага лідэра, на якім канцэнтруюцца паводзіны іншых. У адрозненне ад лідэра, важакі характарызуюцца паводзінамі, непасрэдна накіраванымі на актыўнае кіраўніцтва. У буйных С. вылучаюцца сямейныя або ўзроставыя групы са сваім іерархічным супадпарадкаваннем асобін розных рангаў (С. дзікіх аленяў, зебраў, паўлінаў і інш.).

@

Статацыст (ад грэч. statos - які стаіць і kystis - пузыр), орган раўнавагі ў некаторых жывёл.

@

Статыстычныя метады, метады варыяцыйнай статыстыкі, якія дазваляюць даследаваць цэлае (біяцэноз, папуляцыю) па яго прыватных сукупнасцях (па даных, атрыманых, напр., на падліковых плошчах) і ацаніць дакладнасць атрымліваемых вынікаў.

@

Стафілакокі (ад грэч. staphyle - гронка і kokkos - зерне), шарападобныя бактэрыі, якія размяшчаюцца вялікімі скопішчамі, што нагадваюць гронкі вінаграду. Выклікаюць стафілакокавую інфекцыю ў чалавека і стафілакакозы ў жывёл.

@

Стахастычная мадэль экасістэмы (ад грэч. stochastikos - які ўмее ўгадваць), матэматычная мадэль экасістэмы, якая спрабуе ўлічыць эфекты выпадковай зменлівасці асобных функцый і параметраў.

@

Стацыя (ад лац. statio - месца, становішча), участак тэрыторыі, які заняты папуляцыяй віду і характарызуецца сукупнасцю ўмоў, неабходных для яе існавання. У канкрэтным сэнсе абазначае ўчасткі, у якіх ажыццяўляюцца асобныя віды дзейнасці дадзенага віду (С. кармавыя, гнездавыя, начовак і г.д.). Паняцце, якое часцей ужываецца ў адносінах да наземных жывёл, блізкае да больш агульнага - месцапражыванне.

@

Стратаподыум (ад лац. stratopodium - падножны насціл), подсціл; покрыва з ападу лістоў, пладоў, кветак, кары, галін, якое шчыльна ляжыць на паверхні глебы.

@

Стратасфера (ад лац. stratum - слой), слой атмасферы, размешчаны над трапасферай. Каля меж яго ўзнікае паўночнае ззянне.

@

Стратыфікацыя тэмпературная (ад лац. stratum - слой), слаістасць водных мас, якія маюць розную тэмпературу, у вадаёмах.

@

Стратэгія жыцця папуляцый, спосабы выжывання і падтрымання стабільнасці папуляцый розных відаў раслін і жывёл.

@

Стратэгія (K), стратэгія відаў, прыстасаваных да пражывання ў стабільных умовах жыцця. Такія віды, як правіла, маюць нізкую пладавітасць і працяглы перыяд развіцця.

@

Стратэгія (r), стратэгія відаў, адаптаваных да жыцця ў зменлівых умовах пражывання. Асноўныя прыстасаванні да гэтых умоў высокая пладавітасць і кароткі перыяд развіцця.

@

Строма, аморфнае рэчыва, якое запаўняе хларапласты.

@

Стрэс (ад англ. stress - напружанне), незвычайна вялікае дзеянне якога-небудзь фактару на арганізм, якое вядзе да рэзкай рэакцыі апошняга або нават да павелічэння смяротнасці ў папуляцыі.

@

Стыхійныя бедствы, небяспечныя прыродныя працэсы, выкліканыя ўраганамі, землетрасеннем, цунамі, тарнада, вывяржэннем вулканаў, засухай, эрозіяй глеб, апустыньваннем, градам, снегападам, снегавымі лавінамі, селямі.

@

Стэна... (ад грэч. stenos - вузкі), прыстаўка складаных слоў, якая ўказвае на вузкасць, абмежаванасць умоў існавання па якому-небудзь фактару.

@

Стэнабатныя жывёлы (ад стэна... і грэч. bathos - глыбіня), водныя жывёлы, якія жывуць на строга пэўных глыбінях. Адны прыстасаваны да берагавой паласы мораў і называюцца літаральнымі (напр., некаторыя ракападобныя), іншыя жывуць на вялікіх глыбінях і называюцца абісальнымі (паганафоры, глыбакаводныя рыбы). Магчымасць рассялення іх абмежаваная, таму ім уласцівы вузкія арэалы.

@

Стэнабіёнты (ад стэна... і грэч. bion - які жыве), арганізмы, здольныя жыць ва ўмовах пастаянства якога-небудзь фактару асяроддзя або іх сукупнасці. Стэнабіёнтнасць можа быць выражана ў адносінах да асобных фактараў асяроддзя: тэмпературы (стэнатэрмныя арганізмы), салёнасці (стэнагалінныя арганізмы), гідрастатычнага ціску (стэнабатныя арганізмы) і г.д. Яна абмяжоўвае магчымасць рассялення арганізмаў.

@

Стэнагалінныя жывёлы (ад стэна... і грэч. halinos - салёны), арганізмы, якія прыстасаваліся да існавання ў вадзе пэўнай салёнасці і не вытрымліваюць значных ваганняў яе. Да іх адносяцца марскія рыбы (некаторыя селядцы, рад бычкоў), а таксама прэснаводныя (сцерлядзь, лінь, карась і інш.), якія жывуць у вадзе адносна пастаяннай салёнасці.

@

Стэнагіграбіёнтныя жывёлы (ад стэна... і грэч. hyhro - вільготны і bios - жыццё), жывёлы, для існавання якіх патрабуюцца строга пэўныя ўмовы вільготнасці асяроддзя пражывання. Тыповымі прадстаўнікамі з'яўляюцца насельнікі вільготных тропікаў, пустынь.

@

Стэнатопныя жывёлы (ад стэна... і грэч. topos - месца), жывёлы, якія прыстасаваны да жыцця ў строга пэўных умовах пражывання, г.зн. якія маюць вузкую экалагічную валентнасць. Так, паўдзённая пясчанка і танканогі суслік жывуць толькі ў пясчанай пустыні, соні - у шыракалістых лясах.

@

Стэнатэрмныя жывёлы (ад стэна... і грэч. thermos - цёплы), арганізмы, якія прыстасаваны да жыцця ў пэўных умовах і не пераносяць іх моцныя ваганні. Сярод іх вылучаюць цеплалюбівыя формы - тэрмафілаў і холадалюбівыя - крыяфілаў. Да першых адносяцца рыфаўтваральныя каралы, рад насякомых; да другіх - некаторыя віды арктычных ракападобных, ласасёвых рыб.

@

Стэнафагія (ад стэна... і грэч. phag - пажыральнік), вузкая трафічная спецыялізацыя кармлення, пры якой жывёлы паядаюць нямногія віды корму.

@

Стэнафотныя жывёлы (ад стэна... і грэч. photo - святло), арганізмы, якія патрабуюць вузка абмежаваных, пэўных светлавых умоў (звычайна начныя і глебавыя жывёлы).

@

Стэпавы тып расліннасці, характарызуецца перавагай ксераморфных злакаў, якія не пакрываюць глебу цалкам. Развіваецца ў дзвюх розных кліматычных зонах з наяўнасцю перыядаў працяглай засухі. Гэта кантынентальныя зоны ўмераных шырот з суровай зімой і засушлівым канцом лета і міжземнаморскія субарыдныя зоны з мяккай або халоднай зімой, але працяглым сухім перыядам.

@

Стэпавыя экасістэмы, экасістэмы арыднага (засушлівага) кантынентальнага клімату з дамінаваннем вузкалістых ксерафільных злакаў (кавылю, ціпчаку).

@

Стэрыльнасць, няздольнасць арганізма да размнажэння, прадуцыравання жыццяздольных гамет; бясплоддзе.

@

Суадносіны полаў, лікавыя суадносіны паміж поламі. Выражаюцца працэнтам самцоў ад агульнай колькасці асобін у папуляцыі або лікам самцоў на сто самак. Важны фактар, які забяспечвае самарэгуляцыю колькасці папуляцый. У выпадку, калі колькасць самцоў роўная колькасці самак, гавораць аб раўнамерных суадносінах полаў, якія роўны адзінцы.

@

Суадносіны Шрэдзінгера, каэфіцыент, або індэкс, які выражае адносіны затрат энергіі на падтрыманне жыццядзейнасці або дыхання да энергіі, што змяшчаецца ў структуры або біямасе.

@

Субардынацыя (ад лац. sub - пад і ordinatio - прывядзенне ў парадак), супадпарадкаванне, напр., С. таксанамічных адзінак.

@

Субдамінант, від, які мае меншую, чым дамінант, шчыльнасць, другі па колькасці і значнасці ў дадзеным біяцэнозе.

@

Сублітараль (ад лац. sub - пад і litoralis - берагавы), адна з зон Сусветнага акіяна, якая распасціраецца ад вобласці прыліваў - адліваў (літараль) да ніжняй мяжы распаўсюджання донных марскіх водарасцей. Святло даходзіць да самых верхніх яе зон.

@

Субстрат (ад лац. substratum - подсціл, аснова), аснова, да якой прымацоўваюцца нерухомыя арганізмы. Гэта могуць быць элементы знешняга асяроддзя (напр., грунт вадаёма для донных жывёл) або арганізмы, да якіх прымацоўваюцца, часцей за ўсё часова, інш. арганізмы (напр., прасцейшыя да калаўротак, калаўроткі да ніжэйшых рачкоў і г.д.).

@

Сукуленты (ад лац. succulentus - сакавіты), шматгадовыя расліны з сакавітымі мясістымі лістамі (алоэ) або сцябламі (кактусы, малачаі), якія растуць у пустынях. Здольныя канцэнтраваць ваду і дзякуючы тоўстай абалонцы эканомна яе расходаваць.

@

Сукцэсія (ад лац. successio - пераемнасць, наследаванне), паслядоўная змена на пэўным участку асяроддзя адных згуртаванняў арганізмаў другімі. Першасная С. узнікае на субстратах, не закранутых працэсамі глебаўтварэння (скальныя пароды). Другасная ўтвараецца пры аднаўленні экасістэмы пасля яе разбурэння (пажару ў лесе, на закінутых сельгасугоддзях і г.д.). Змена аднаго фітацэнозу другімі ў ходзе С. уяўляе сабой сукцэсійны рад. Мінуючы розныя фазы развіцця, экасістэма ўступае ў фазу клімаксу, утвараючы больш або менш устойлівае згуртаванне, якое знаходзіцца ў адноснай раўнавазе з асяроддзем.

@

Сума эфектыўных тэмператур, агульная колькасць цяпла, якую атрымліваюць арганізмы для завяршэння індывідуальнага развіцця. Для дадзенага віду з'яўляецца велічынёй пастаяннай.

@

Сумеснае жыццё, сумеснае суіснаванне двух відаў жывёл, якое носіць заканамерны характар. Як правіла, адрозніваюць тры формы сумеснага жыцця: сінайкію, сімбіёз і паразітызм.

@

Супралітараль (ад лац. supra - над, вышэй і litoralis - берагавы), зона на мяжы сушы і мора, якая ляжыць вышэй за літараль і не зачэпліваецца ў час прыліву. Вадой пакрываецца толькі ў час моцных штормаў і пры нагонных вятрах.

@

Супраціўленне асяроддзя, сукупнае дзеянне ўсіх абіятычных і біятычных фактараў, якое не дазваляе арганізмам рэалізаваць свой максімальны рэпрадукцыйны патэнцыял. Выражаецца адносінай фактычнай шчыльнасці папуляцыі да аптымальнай, якая вызначаецца пладавітасцю і вынослівасцю.

@

Сусветны акіян, асноўны кампанент гідрасферы, які змяшчае 93,9% агульнай колькасці водных запасаў на Зямлі. Акваторыя С. а. займае 70,8% усёй паверхні Зямлі.

@

Сустракаемасць, частата знаходжання пэўнага віду ў біяцэнозе. Паказчык размеркавання асобін ва ўсім арэале або ў асобных, часам невялікіх, яго ўчастках.

@

Сутачная актыўнасць, складаная біялагічная з'ява, у аснове якой ляжыць змяненне фізіялагічных функцый арганізмаў на працягу 24-гадзіннага інтэрвалу.

@

Сутачныя рытмы, змяненне інтэнсіўнасці і характару біялагічных працэсаў, якое паўтараецца з сутачнай перыядычнасцю. Уласцівы большасці біялагічных і фізіялагічных працэсаў. З першымі звязана сутачная рытмічнасць актыўнасці жывёл, раскрыццё і закрыццё кветак раслін і г.д.

@

Суфозія (ад лац. suffossio - падкопванне), вышчалочванне і вынас дробных глебавых і грунтавых агрэгатаў вадой, якая фільтруецца, што прыводзіць да асядання глебы і грунту.

@

Сухавей, непрацяглы па часу (некалькі сутак) вецер з высокай тэмпературай (20-25°C) і нізкай адноснай вільготнасцю (30-35%).

@

Сухастой, сухія кроны мёртвых дрэў, якія не ўпалі на глебу.

@

Сцыяфіты (ад грэч. skia - цень і phyton - расліны), ценялюбныя расліны.

@

Сядзячыя жывёлы, водныя жывёлы, якія вядуць маларухомы спосаб жыцця, прымацоўваючыся да падводных прадметаў (губкі, некаторыя кішачнаполасцевыя і інш.).

@

Табліца выжывання, спосаб упарадкаванага выражэння вынікаў назіранняў за змяненнямі шчыльнасці папуляцыі жывёл у часе і прасторы. У колькаснай форме выражае долю асобін (звычайна па стадыях развіцця) пасля ўздзеяння таго або іншага фактару смяротнасці.

@

Тайга, хвойныя лясы; біём, які ахоплівае лясную зону паўночнага паўшар'я. Займае каля 10% сушы. Таежныя лясы ў параўнанні з трапічнымі бедныя відамі і адносна малапрадукцыйныя. Адрозніваюць цемнахвойную Т. (елка, піхта, сасна кедравая сібірская) і светлахвойную (пераважае сасна звычайная і лістоўніца). Пад полаг цемнахвойнага лесу пранікае мала святла, падлесак рэдкі, але шырока распаўсюджаны хмызнячкі (чарніцы, брусніцы і інш.), у травяным покрыве - кісліца, грушанкі, папараці. Светлахвойны лес мае лепшае асвятленне. Пад полагам развіваецца хмызнякова-травяное покрыва. На поўначы Эўропы і Заўралля пераважаюць сасновыя лясы, на Далёкім Усходзе - лісцевыя.

@

Тайфуны, ураганы (трапічныя цыклоны, трапічныя ўраганы), якія ўзнікаюць над цёплымі водамі трапічнай зоны і суправаджаюцца велізарнымі разбурэннямі, чалавечымі ахвярамі.

@

Таксаномія (ад грэч. taxis - размяшчэнне, строй і nomos - закон), раздзел сістэматыкі, прысвечаны прынцыпам, метадам і правілам класіфікацыі. Асноўная задача - стварыць вучэнне аб таксанамічных катэгорыях і іх супадпарадкаванні, што дазволіць ажыццявіць натуральную класіфікацыю арганізмаў.

@

Таксацыя, ацэнка колькасці чаго-небудзь, вызначэнне яго каштоўнасці (напр., Т. лесу, розных вадаёмаў).

@

Таксікант, ядавітае рэчыва.

@

Таксіны (ад грэч. toxikon - яд), ядавітыя рэчывы, утвараемыя некаторымі мікраарганізмамі, раслінамі і жывёламі, здольныя прыгнятаць фізіялагічныя функцыі жывых арганізмаў, што прыводзіць да іх захворвання або гібелі. Найбольш поўна вывучаны мікробныя таксіны.

@

Таксісы (ад грэч. taxis - парадак, размяшчэнне), накіраваныя рухальныя рэакцыі жывёл у адказ на які-небудзь знешні раздражняльнік. Крыніцай раздражнення можа быць святло (фотатаксіс), тэмпература (тэрматаксіс), вільгаць (гідратаксіс), хімічнае рэчыва (хематаксіс), пашкоджанне (траўматаксіс), электрычны ток (гальванатаксіс), сіла зямнога прыцяжэння (геатаксіс) і г.д. Калі рухі арганізмаў накіраваны да раздражняльніка, назіраецца дадатны таксіс, ад раздражняльніка - адмоўны. Раздражняльнікі, якія прыцягваюць да сябе, называюцца атрактантамі (ад лац. attraho - прыцягваю), а тыя, што аддаляюць, - рэпелентамі (ад лац. repello - адштурхваю, аддаляю). Пры Т. цела жывёл займае пэўнае становішча ў адносінах да крыніцы раздражнення. Напр., рыбіна вош плавае заўсёды спінай уверх - да святла. Калі асвяціць жывёлу знізу, яна перавернецца і будзе плаваць спінай уніз. Дзякуючы Т. аднаклетачныя арганізмы адшукваюць ежу, больш спрыяльныя месцы пражывання, пазбягаюць шкодных уздзеянняў.

@

Таксобнасць (ад грэч. toxikon - яд), здольнасць арганізмаў існаваць у водах, якія змяшчаюць таксічныя рэчывы. У залежнасці ад ступені забруднення вадаёма таксічнымі рэчывамі адрозніваюць зоны, засяляемыя арганізмамі, здольнымі вытрымаць розную ступень (моцную, сярэднюю або слабую) таксічнага забруднення вадаёмаў.

@

Таксон, група арганізмаў, звязаных той або іншай ступенню роднасці, але дастаткова адасобленая, каб ёй можна было прысвоіць пэўную таксанамічную катэгорыю (від, род, сям'я і г.д.).

@

Тактыльная адчувальнасць (ад лац. tactilis - адчувальны, ад tango - кратаю, дакранаюся), адчуванне, якое ўзнікае пры дзеянні на паверхню цела розных механічных раздражняльнікаў; разнавіднасць дотыку.

@

Такыры (ад цюрк. тыкыр - голы, роўны, плоскі), участкі бясплоднай саланцаватай паверхні зямлі, распаўсюджаныя ў пустынях.

@

Таласафільныя арганізмы (ад грэч. thalassa - мора), арганізмы, якія жывуць выключна ў морах і акіянах (кіты, дэльфіны і інш.).

@

Талерантнасць (ад лац. tolerantia - цярпенне), здольнасць арганізмаў пераносіць пэўную амплітуду хістанняў фактараў асяроддзя ад аптымальных для іх, пры гэтым расці і размнажацца.

@

Тамнабіёнт, арганізм - насельнік хмызнякоў. Звычайна тэрмін адносяць да насякомых (караедаў, лубаедаў, насельнікаў жывой драўніны і інш.).

@

Танатацэноз, скопішча мёртвых водных арганізмаў, якія пастаянна ператвараюцца ў асадкавыя пароды.

@

Танатоз (ад грэч. thanatos - смерць), ахоўная рэакцыя некаторых насякомых, якая выражаецца ў здольнасці прыкідвацца мёртвымі; заміранне.

@

Тапічныя сувязі (ад грэч. topos - месца), сувязі паміж папуляцыямі ў біяцэнозе, калі асобіны папуляцыі аднаго віду змяняюць фізіка-хімічныя ўмовы існавання другога.

@

Траглабіёнты (ад грэч. trogle - пячора і біёнт), насельнікі пячор. Большасць з іх з'яўляецца эндэмікамі.

@

Трансгенез (ад лац. trans - праз, пера- і генез), змяненне відавога складу і адноснага значэння асобных кампанентаў цэнозаў у выніку ўсялення ў іх новых і адмірання старых відаў.

@

Трансгрэсія, наступленне мора на сушу, якое ўзнікае часцей за ўсё ў выніку апускання сушы.

@

Транспірацыя (ад лац. trans - праз і spiro - дышу, выдыхаю), фізіялагічнае выпарэнне вады раслінамі праз вусцейкі. Вялікую частку паглынутай вады сухапутныя расліны трацяць у выніку Т. Так, расход вады з 1 га расліннасці складае ў сярэднім 3-6 тыс. т за вегетацыйны перыяд, што амаль роўна гадавой суме ападкаў у дадзенай мясцовасці. Штогод расліннасць зямнога шара аддае ў атмасферу ў выглядзе вадзяной пары 600-700 трлн. т вады.

@

Трансфармацыя (ад лац. transformatio - пераўтварэнне, ператварэнне), ператварэнне энергіі сонечнай радыяцыі, улоўліваемай зялёнымі раслінамі, у іншыя віды (хімічную, механічную і інш.), якое суправаджаецца яе стратай у выглядзе цяпла.

@

Трапасфера (ад грэч. tropos - паварот, змяненне і sphaira - шар), ніжні слой атмасферы вышынёй 10-18 км (у залежнасці ад шыраты месца), у якім сканцэнтравана больш за 4/5 усёй масы паветра і адбываюцца практычна ўсе з'явы надвор'я. Уключае ўзважаную ў паветры вадзяную пару, якая перамяшчаецца пры нераўнамерным награванні паверхні Зямлі.

@

Трапафіты (ад грэч. tropos - паварот, напрамак і phyton - расліна), расліны з сутачнай рытмікай арыентацыі лістоў у адносінах да сонечнага святла. Да Т. адносяць таксама расліны, якія прыстасаваліся да жыцця ў абласцях са штогадовай зменай вільготнага і засушлівага сезонаў.

@

Трапізмы (ад грэч. tropos - паварот, напрамак), накіраваныя роставыя рухі органаў раслін у адказ на аднабаковы ўплыў святла (фотатрапізм), зямнога прыцягнення (геатрапізм) і г.д. У аснове іх ляжыць з'ява раздражняльнасці. Любы Т. бывае дадатным і адмоўным. Параўн. Настыі.

@

Трапічны лес, тып біёму ў экватарыяльным, субэкватарыяльным і трапічным паясах Зямлі. Існуюць дзве асноўныя групы: дажджавы, або вільготны (гілея), і сезонны (зімова-зялёны) лес. Дажджавы лес прыстасаваны г.ч. да экватара і развіваецца ва ўмовах лішку вільгаці і цяпла; сезонны - размяшчаецца ў межах тропікаў з выразна выяўленымі дажджавым і сухім сезонамі. Біяцэнозы Т. л. найбольш высокапрадукцыйныя на Зямлі. Займаючы каля 6% усёй паверхні сушы, яны даюць каля 28% агульнай прадукцыі арганічнага рэчыва. Асноўная частка іх біямасы сканцэнтравана ў жывых раслінах.

@

Трафагенны слой, верхні слой воднай тоўшчы вадаёмаў, у якім адбываецца ўтварэнне арганічнага рэчыва ў працэсе фотасінтэзу.

@

Трафалогія, вучэнне аб трафічных узаемаадносінах арганізмаў.

@

Трафічная класіфікацыя вадаёмаў (ад грэч. trophe - ежа, харчаванне), раздзяленне вадаёмаў па ступені кормнасці (трофнасці) у залежнасці ад узроўню іх першаснай прадукцыі. Існуюць чатыры асноўныя тыпы вадаёмаў: алігатрофныя, мезатрофныя, эўтрофныя і дыстрофныя.

@

Трафічная сетка, перапляценне харчовых ланцугоў у прыродным комплексе.

@

Трафічная структура, арганізацыя згуртавання, заснаваная на харчовых узаемаадносінах папуляцый.

@

Трафічны ланцуг (харчовы ланцуг), харчовыя ўзаемаадносіны паміж арганізмамі, праз якія ў экасістэме адбываецца перанос рэчыва і энергіі з больш нізкіх узроўняў (расліны) да больш высокіх (драпежнікі). Пры гэтым большая частка энергіі (80-90%) траціцца ў выглядзе цяпла. Таму лік звёнаў (узроўняў) звычайна не перавышае 4-5. Чым даўжэйшы Т. л., тым меншая прадукцыя яго апошняга ўзроўню ў адносінах да першага (пачатковага).

@

Трафічны ўзровень, сукупнасць арганізмаў, якія маюць адзін і той жа тып кармлення. Першы Т. у. займаюць аўтатрофныя арганізмы, другі - расліннаедныя, трэці - драпежнікі, якія кормяцца расліннаеднымі жывёламі, чацвёрты - драпежнікі другога парадку (г.зн. драпежнікі, якія кормяцца драпежнікамі).

@

Трофаэкалогія, раздзел экалогіі, прысвечаны вывучэнню сукупнасці харчовых сувязей у біяцэнозах.

@

Трыптон (ад грэч. thrypto - раздрабняю і on - існае), арганічны дэтрыт аўтахтоннага (утвараецца ў вадаёме) або алахтоннага (прынесены звонку) паходжання, завіслы ў вадзе.

@

Трэнд (ад англ. trend - агульны напрамак, тэндэнцыя), лінія, якая паказвае шматгадовае зменнае сярэдняе па штогадовых вагальных даных колькасці, прадукцыйнасці і г.д.

@

Тугай, разрэджаная дрэвавая або хмызняковая расліннасць у рачных далінах паўпустыннай і пустыннай зон Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі.

@

Туман, скопішча вялікай колькасці найдрабнейшых вадзяных кропель або крышталёў лёду каля зямной паверхні. Утварэнню садзейнічаюць бязветранасць і тэмпературная інверсія.

@

Тундра (ад фін. tunturi - бязлеснае, голае ўзвышша), біём арктычнай зоны Зямлі. Яго характэрная рыса - адсутнасць лесу. Расліны нізкарослыя. Пераважаюць лішайнікі, імхі, травы, хмызнячкі і хмызнякі. Фаўна небагатая. Асноўныя расліннаедныя млекакормячыя - паўночны алень (Эўразія), карыбу (Паўночная Амерыка), лемінгі, заяц-бяляк, з драпежнікаў - пясец, ліса, воўк. Экасістэмы Т. надзвычай уразлівыя, іх кволасць абумоўлена кароткімі харчовымі ланцугамі (напр., лішайнікі і травы → алень → воўк, чалавек; асокі → лемінгі → пясец, сава). Істотнае змяненне аднаго з трафічных узроўняў моцна адбіваецца на інш., выклікаючы рэзкія ваганні колькасці арганізмаў - ад вельмі вялікай колькасці да амаль поўнага знікнення.

@

Турбулентная дыфузія, неўпарадкаваныя перамяшчэнні паветра ў вертыкальным і гарызантальным напрамках, абмен цяплом і колькасцю руху паміж масамі паветра.

@

Тыгматаксіс (ад грэч. thigma - дакрананне, кантакт), здольнасць арганізмаў арыентавацца ў залежнасці ад паверхні. У многіх жывёл і раслін выражан дадатны Т. Яны чапляюцца за паверхню або падтрымліваюць з ёй цесны кантакт (вусікі лазячых раслін).

@

Тынафіты (ад грэч. this (thinos) - пясчанае дно), расліны, якія насяляюць пясчаныя дзюны.

@

Тып, адна з вышэйшых сістэматычных катэгорый у сістэматыцы жывёл. Аб'ядноўвае роднасныя класы. Усе арганізмы, якія адносяцца да аднаго Т., характарызуюцца адзіным планам будовы.

@

Тыфафіты (ад грэч. tiphos - балота і фіты), расліны, якія растуць у балотах і азёрах.

@

Тыяфілы (ад грэч. theion - сера), бактэрыі, якія аддаюць перавагу асяроддзю, багатаму серавадародам.

@

Тэктоніка, галіна геалогіі, якая вывучае развіццё структуры зямной кары і яе змяненні пад уплывам тэктанічных рухаў і дэфармацый, што суправаджаюцца складкаватымі і разрыўнымі парушэннямі, сейсмічнымі з'явамі і вулканізмам.

@

Тэламарфоз (ад грэч. telos - канец і morphe - форма, від), напрамак эвалюцыі ў бок вузкай спецыялізацыі. Звязан з развіццём прыстасаванняў да існавання ў вузкім дыяпазоне ўмоў (напр., краты ў зямлі).

@

Тэлатаксіс (ад грэч. telos - канец, мэта і таксіс), накіраванае перамяшчэнне жывёл да крыніцы стымуляцыі.

@

Тэлеалогія (ад грэч. telos - мэта, вынік, завяршэнне і логія), ідэалістычнае вучэнне аб спрадвечнай мэтазгоднасці ў прыродзе; прыпісванне ўнутранай мэты жывой прыродзе.

@

Тэлергоны (ад грэч. tele - удаль, далёка і ergon - работа, уздзеянне), рэчывы, якія выдзяляюцца жывёламі ў знешняе асяроддзе і ўздзейнічаюць на жывёл таго ж (ферамоны) або інш. віду (кайрамоны, аламоны).

@

Тэмпература цела, інтэгральны паказчык цеплавога балансу арганізма. У пайкілатэрмных жывёл Т. ц. змяняецца ў залежнасці ад тэмпературы асяроддзя пражывання. У гамаятэрмных жывёл яна падтрымліваецца на адносна пастаянным узроўні (каля 38°C у плацэнтарных млекакормячых і 40-42°C у птушак).

@

Тэмпературная інверсія, павышэнне тэмпературы паветра з вышынёй замест яе звычайнага паніжэння. Узнікае ў выніку радыяцыйнага ахаладжэння зямной паверхні і прыземнага слоя паветра.

@

Тэрабіёнт (ад лац. terra - зямля і біёнт), арганізм, які жыве ў дарослым стане на паверхні сушы, корміцца і размнажаецца тут.

@

Тэратагены (ад грэч. teratos - пачвара, вырадак і ...гены), рэчывы, уздзеянне якіх на арганізм прыводзіць да анамалій ў яго развіцці.

@

Тэраталогія (ад грэч. teratos - пачвара, вырадак і ...логія), навука, якая вывучае выродлівасць і анамаліі ў раслін, жывёл і чалавека.

@

Тэрафіты (ад грэч. theros - лета і phyton - расліна), аднагадовыя расліны, жыццёвы цыкл якіх заканчваецца за адзін вегетацыйны сезон. Неспрыяльны час года Т. перажываюць у выглядзе насення. Від жыццёвай формы раслін.

@

Тэрмадынаміка біялагічных сістэм, раздзел навукі, які разглядае агульныя заканамернасці ператварэння энергіі, іх сувязь з абменам рэчываў, а таксама праблемы ўстойлівасці і эвалюцыі біялагічных сістэм.

@

Тэрмаклін (ад грэч. thermos - цёплы і climin - схіляць), слой скачка або рэзкага перападу тэмпературы ў вадаёме. Выразна наглядаецца ў глыбокіх азёрах у летні час.

@

Тэрмарэгуляцыя (ад грэч. therme - цяпло і лац. regulo - упарадкоўваю, рэгулюю), сукупнасць складаных фізіялагічных працэсаў, якія забяспечваюць падтрыманне аптымальнай для дадзенага віду тэмпературы цела ва ўмовах зменлівай тэмпературы навакольнага асяроддзя. Здольнасць да Т. вызначае ў значнай ступені межы рассялення і выжывання жывёл у розных кліматычных умовах і з'яўляецца адным з важнейшых механізмаў гамеастазу.

@

Тэрмарэцэпцыя (ад грэч. therme - цяпло і рэцэпцыя), успрыманне змянення тэмпературы, якое суправаджаецца ўзнікненнем нервовых імпульсаў з наступнай перадачай сігналаў у цэнтральную нервовую сістэму. Даказана наяўнасць Т. у пайкілатэрмных і гамаятэрмных жывёл.

@

Тэрмасфера, частка іанасферы - верхняй абалонкі атмасферы, у якой паветра знаходзіцца ў іанізаваным стане.

@

Тэрмафікацыя (цеплавое забрудненне), змяненне біялагічных працэсаў у вадаёмах, якое выклікаецца павышэннем тэмпературы ў выніку скідвання цёплых вод цеплавымі і атамнымі электрастанцыямі.

@

Тэрмафілы (ад грэч. therme - цяпло і phileo - люблю), арганізмы, прыстасаваныя да пражывання ва ўмовах пастаянна высокіх тэмператур. Так, тэрмафільныя мікраарганізмы шырока распаўсюджаны ў гарачых крыніцах, верхніх слаях лавы. Жывёлы-тэрмафілы не могуць існаваць ніжэй пэўнага ўзроўню тэмператур. Многа Т. сярод насякомых арыдных (засушлівых) зон.

@

Тэрмічны рэжым вадаёмаў (цеплавы рэжым вадаёмаў), перыядычныя змяненні тэмпературы вады і яе цеплавых запасаў у вадаёмах. Для вадаёмаў характэрна вясенняя і асенняя гоматэрмія (пастаянная тэмпература, роўная 4°C, па вертыкалі); прамая летняя (паніжэнне тэмпературы ад паверхні да дна) і адваротная зімовая (павышэнне тэмпературы ад паверхні да дна) тэмпературныя стратыфікацыі.

@

Тэрыконы (ад фр. terri - пародны адвал і conique - канічны), конусападобныя адвалы пустой пароды, якія ўтвараюцца каля горных вырабатак.

@

Тэрытарыяльнасць (ад лац. territoria - зямельная прастора), асноўныя формы выкарыстання тэрыторыі і акваторыі асобінамі таго або іншага віду жывёл і раслін. У найбольшай ступені Т. выяўлена ў пазваночных і некаторых членістаногіх, якія валодаюць складанымі паводзінамі, звязанымі з размнажэннем. Праяўляецца ў гнёздабудаванні, адкладванні яец, клопаце аб патомстве і яго ахове.

@

Тэрытарыяльныя паводзіны, рэакцыя на месцазнаходжанне інш. членаў папуляцыі (у птушак, млекакормячых, рада рыб, насякомых і інш.).

@

Тэрыяфаўна, фаўна млекакормячых.

@

Тэрэктары (ад лац. terra - зямля і грэч. ektos - па-за, знадворку), віды, якія дамінуюць у біяцэнозе, размяшчаючыся па паверхні глебы (імхі, лішайнікі).

@

Тэхнагенны пыл, пылападобныя часцінкі штучнага паходжання. Асноўнымі крыніцамі Т. п., што забруджвае паветра, з'яўляюцца цеплавыя электрастанцыі, якія працуюць на вугалі з вялікай зольнасцю, абагачальныя фабрыкі, металургічныя, цэментныя, магнезітавыя і сажавыя заводы.

@

Тэхнасфера (ад грэч. techne - мастацтва, майстэрства і sphairа - шар, сфера), частка біясферы, пераўтворанай людзьмі з дапамогай уздзеяння тэхнічных сродкаў у мэтах сацыяльна-эканамічных патрэбнасцей людзей.

@

Убіквісты (ад лац. ubique - скрозь, усюды), віды, якія валодаюць вельмі шырокай здольнасцю прыстасоўвацца да розных умоў існавання (з шырокай экалагічнай валентнасцю), таму скрозь распаўсюджаны. Напр., трыснёг звычайны расце ў вадзе і на сушы, на гліністым і пясчаным грунце. Тыповыя У. (ліса, воўк) сустракаюцца ў тундры, хвойных, лісцевых лясах, стэпах, пустынях, гарах. Маюць шырокі арэал.

@

Узаемадапамога ў жывёл, форма адносін паміж асобінамі аднаго або розных відаў, калі кожная з узаемадзеючых асобін атрымлівае для сябе пэўныя выгады, выкарыстоўваючы тыя ці іншыя біялагічныя асаблівасці партнёра (партнёраў), прычым карысныя вынікі ўзаемадапамогі выкарыстоўваюцца адначасова ўсімі яе ўдзельнікамі.

@

Узоры паводзін (патэрны), інстынкт, або імкненне (паляванне, размнажэнне), якія праяўляюцца ў асобых формах паводзін; некаторыя ўласцівы толькі вышэйшым жывёлам. Такім У. л. з'яўляюцца паводзіны ваўка, які спрабуе далучыцца да чужой зграі і праходзіць некалькі паводзінскіх стадый, перш чым яму ўдасца дабіцца прыхільнасці зграі.

@

Узровень іерархічны экасістэм, функцыянальнае месца (значнасць) экасістэмы дадзенай складанасці ў агульнай сістэме біясферы, складзенай экасістэмамі рознага памеру.

@

Узровень мора, становішча свабоднай паверхні вод Сусветнага акіяна, якая імкнецца размясціцца перпендыкулярна да раўнадзейнай усіх сіл, прыкладзеных да масы вады.

@

Узроўні арганізацыі жывой матэрыі, уяўленні аб структурнай будове жывога рэчыва. Вылучаюць: малекулярны, клетачны, арганізменны, папуляцыйны, біяцэнатычны і біясферны У. а. ж. м. Такі падзел жывой матэрыі і праблем біялогіі з'яўляецца ўмоўным, паколькі практычна ўсе задачы біялогіі адначасова датычацца некалькіх узроўняў. Уяўленне аб У. а. ж. м. наглядна адлюстроўвае сістэмны падыход да вывучэння жывой прыроды.

@

Ультраабісаль (ад лац. ultra - звыш, больш і грэч. abyssos - бяздонны), зона найбольшых акіянічных глыбінь (6-11 тыс. м). Агульная плошча складае менш за 1,5% дна акіяна. Гідрастатычны ціск 60-110 МПа стварае экалагічную ізаляцыю У. ад навакольных прастораў рэчышча і абумоўлівае своеасаблівасць фаўны (прыкладна 60% яе відаў - эндэмікі).

@

Ультрафіялетавая радыяцыя (выпраменьванне), нябачнае вокам электрамагнітнае выпраменьванне з даўжынямі хваль меншымі за 0,4 мкм (у дыяпазоне паміж бачным і рэнтгенаўскім выпраменьваннямі).

@

Умовы існавання, сума жыццёва неабходных фактараў асяроддзя, без якіх жывыя арганізмы не могуць існаваць.

@

Унікальныя ландшафты, розныя прыродныя ўтварэнні ад участка пустынь, каньёна да высакагорнага возера, якія афіцыйна не вылучаны ў самастойныя прыродаахоўныя аб'екты, але ахоўваюцца ў складзе запаведнікаў, нацыянальных паркаў, ландшафтных запаведнікаў.

@

Унітарныя арганізмы, арганізмы, будова якіх у значнай меры прадвызначана генетычна. Ідэальны прыклад - чалавек, вышэйшыя жывёлы.

@

Унутрывідавыя адносіны, уласцівыя віду ўзаемаадносіны паміж асобінамі аднаго віду, якія склаліся ў ходзе гістарычнага развіцця; абумоўліваюць структуру відавога насельніцтва.

@

Ураган, вецер са скорасцю большай за 30 м/с, які мае разбуральную сілу. У. адносяцца да найбольш грозных з'яў прыроды. Узнікаюць над цёплымі морамі трапічнай зоны і амаль заўсёды суправаджаюцца велізарнымі разбурэннямі, чалавечымі ахвярамі.

@

Урадлівасць глебы, уласцівасць, якая выражаецца ў здольнасці забяспечваць умовы для ўтварэння арганічнага рэчыва раслінамі. Вызначаецца структурнымі ўласцівасцямі глебы.

@

Уразлівасць ландшафту экасістэмы, уласцівасць; паняцце, адваротнае ўстойлівасці, няздольнасць процістаяць знешнім уздзеянням.

@

Ураўненні Лоткі-Вальтэра, дыферэнцыяльныя ўраўненні, якія апісваюць змяненне колькасці двух відаў пры іх канкурэнцыі тыпу драпежнік - ахвяра, паразіт - гаспадар.

@

Урбанізацыя (ад лац. urbs - горад), узрастанне ролі гарадоў у развіцці грамадства.

@

Устойлівасць, наяўнасць у дадзеных арганізмаў спадчынна замацаваных уласцівасцей, якія дазваляюць ім процістаяць уздзеянню неспрыяльных умоў асяроддзя. Выяўляецца пры ўздзеянні экстрэмальных фактараў.

@

Устойлівасць экасістэмы, яе здольнасць захоўваць структуру і функцыянальныя асаблівасці пры ўздзеянні зменлівых знешніх фактараў.

@

Утылізацыя прамысловых адходаў, выкарыстанне прамысловых адходаў у якасці другаснай сыравіны, паліва і для інш. мэт.

@

Фагацытоз (ад грэч. phagos - пажыральнік), актыўнае захопліванне і ператраўліванне жывых аб'ектаў і цвёрдых часцінак аднаклетачнымі арганізмамі або асобымі клеткамі мнагаклетачных жывёл. З'ява была адкрыта І.І.Мечнікавым у 1882 г. Адыгрывае вялікую ролю г.ч. пры запаленні, загойванні ран. Здольнасць клетак захопліваць і ператраўліваць часцінкі ляжыць у аснове харчавання прымітыўных арганізмаў.

@

Фазы развіцця (ад грэч. phasis - з'яўленне), этапы развіцця. Напр., у жывёл, якія валодаюць метамарфозам, ёсць некалькі асноўных этапаў індывідуальнага развіцця (антагенезу). Так, у насякомых з поўным ператварэннем вылучаюць наступныя Ф. p.: яйцо, лічынку, кукалку, імага.

@

Фактарыяльная экалогія, раздзел агульнай экалогіі, які вывучае заканамернасці ўздзеяння фактараў навакольнага асяроддзя на біялагічныя сістэмы і рэакцыі ў адказ апошніх на гэтыя ўздзеянні.

@

Фанерафіты (ад грэч. phaneros - відавочны, адкрыты і фітон), жыццёвая форма раслін, г.зн. расліны з пупышкамі ўзнаўлення, размешчанымі даволі высока над зямлёй на вертыкальных парастках. Да іх адносяцца дрэвы, хмызнякі, ліяны, эпіфітныя расліны, якія дзякуючы высокаму размяшчэнню пупышак узнаўлення (не ніжэй за 30 см), смалістым выдзяленням і лускавінкам добра ахаваны ад вымярзання і зімовага высушвання.

@

Фарычныя сувязі (ад грэч. phora - нашэнне), міжпапуляцыйныя сувязі, якія ўзнікаюць пры транспарціроўцы адных арганізмаў другімі (перанос птушкамі і млекакормячымі насення, спор, пылку і г.д.).

@

Фарэзія, тып сімбіёзу, пры якім адзін від выкарыстоўвае другі з мэтай перамяшчэння. Шырока распаўсюджана сярод нематод і членістаногіх. Паразіты прымацоўваюцца да самак, а ў некаторых выпадках і да самцоў розных прамакрылых і застаюцца на іх да капуляцыі і нават да адкладкі яец, у час якой заражаюць яйцы гаспадара.

@

Фатычная зона, верхні слой акіяна, у які пранікае дастатковая для фотасінтэзу колькасць святла.

@

Фаўна (ад лац. Fauna - багіня лясоў і палёў, апякунка жывёльных статкаў у рымскай міфалогіі), сукупнасць усіх відаў жывёл, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі. Тэрмін прымяняецца да жывёл розных сістэматычных катэгорый, аб'яднаных агульнасцю месца пражывання і спосабу жыцця. Ф. Зямлі налічвае не менш за 1,5 млн. відаў, прычым штогод адкрываюцца і апісваюцца тысячы новых відаў.

@

Фаўністыка, раздзел зоагеаграфіі, які займаецца вывучэннем фаўны, яе сістэматычнай, геаграфічнай і генетычнай структурай.

@

Фацыя (ад лац. facies - выгляд), найменшая бачная фітацэналагічная адзінка расліннага згуртавання.

@

Фекаліі (ад лац. faex - адкіды), тое ж, што і кал, экскрэменты.

@

Феналогія (ад грэч. phainomena - з'ява і ...логія), галіна ведаў аб сезонных з'явах у прыродзе, тэрмінах іх наступлення і прычынах, якія вызначаюць гэтыя тэрміны. Так, пры феналагічных даследаваннях у раслін вылучаюць фазы развіцця: набраканне і распусканне пупышак, пачатак і канец цвіцення, паспяванне пладоў і г.д.

@

Феномен прыроды (ад грэч. phainomenon - якое з'яўляецца), незвычайная, выключная з'ява прыроды.

@

Ферамоны (ад грэч. phero - нясу і hormao - прыводжу ў рух, узбуджаю), біялагічна актыўныя рэчывы, якія выдзяляюцца жывёламі ў навакольнае асяроддзе і робяць уплыў на паводзіны іншых асобін таго ж віду. Адрозніваюць палавыя Ф. (палавыя атрактанты), якія забяспечваюць сустрэчу і пазнаванне асобін рознага полу, Ф. трывогі, следавыя Ф. Лепш за ўсё вывучаны ў жыцці насякомых. У грамадскіх насякомых (пчол, мурашак) яны рэгулююць усю сістэму сувязей у калоніях, характар дзеяння, актыўнасць. Палавыя Ф. прымяняюцца пры біялагічным метадзе барацьбы з насякомымі-шкоднікамі.

@

Фіёрд (ад нарв. fjord), доўгі вузкі марскі заліў з высокімі або абрывістымі берагамі.

@

Фізіялагічныя рытмы, змяненні інтэнсіўнасці і характару працэсаў, якія перыядычна паўтараюцца і праходзяць унутры клеткі, органа, цэлага арганізма. З'яўляюцца асновай большасці біялагічных рытмаў.

@

Фіксацыя азоту (ад лац. fixus - трывалы, замацаваны), біялагічная асіміляцыя атмасфернага азоту з утварэннем азотзмяшчальных рэчываў, ажыццяўляемая некаторымі бактэрыямі і водарасцямі (г.ч. сінезялёнымі).

@

Філабіёнт, арганізм, які жыве ў кронах дрэў і хмызнякоў.

@

Філагенез (ад грэч. phylon - род, племя і генез), працэс гістарычнага развіцця жывых арганізмаў як у цэлым, так і асобных таксанамічных груп: царстваў, тыпаў, класаў, атрадаў, сем'яў, родаў, відаў.

@

Філапатрыя (ад грэч. philopatria - любоў да айчыны), імкненне асобіны вярнуцца да месца свайго пражывання або заставацца ў ім.

@

Фільтратары, водныя арганізмы, якія харчуюцца дробнымі завіслымі рэчывамі, што адцэджваюцца з вады праз складаную сістэму харчовых органаў, прыстасаваных для фільтрацыі. Да Ф. адносяцца шматлікія прадстаўнікі марской і прэснай фаўны, якія ўдзельнічаюць у працэсах самаачышчэння вадаёмаў. Многія актыўныя Ф. жывуць на дне.

@

Фіта... (ад грэч. phyton - расліна), частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны іх да раслін або навукі аб раслінах (батанікі).

@

Фітабентас, сукупнасць раслінных арганізмаў, якія жывуць на дне вадаёмаў.

@

Фітагармоны, гармоны раслін; арганічныя рэчывы, якія выпрацоўваюцца вышэйшымі раслінамі і дзейнічаюць у вельмі малых колькасцях.

@

Фітамаса, сумарная маса ўсіх раслінных арганізмаў у любым прыродным згуртаванні. У наземных згуртаваннях Ф., як правіла, большая, чым заамаса, у водных - наадварот, паколькі прадстаўлена г.ч. дробным фітапланктонам.

@

Фітанцыды (ад фіта... і лац. caedo - забіваю), утвараемыя раслінай біялагічна актыўныя рэчывы, якія забіваюць або прыгнятаюць рост і развіццё мікраарганізмаў. Адыгрываюць важную ролю ва ўзаемаадносінах арганізмаў у біяцэнозах. Ф. выдзяляюць цыбуля, часнок, хрэн і інш.

@

Фітапланктон (ад фіта... і грэч. planktos - блукаючы), сукупнасць мікраарганізмаў, якія адносяцца да прадстаўнікоў расліннага свету і жывуць у завіслым стане ў вадзе. Гэта, як правіла, дробныя водарасці, якія насяляюць тоўшчу вады. Прадстаўнік Ф. - хларэла - дробная, авальнай формы зялёная водарасць.

@

Фітатаксін, таксічнае для раслін рэчыва, здольнае парушыць іх метабалізм.

@

Фітафагі (ад фіта... і грэч. phagos - які пажырае), жывёлы, якія кормяцца раслінамі. Да іх адносяць усіх расліннаедных жывёл наземных і водных экасістэм.

@

Фітацэналогія, раздзел геабатанікі і біягеацэналогіі, які вывучае раслінныя згуртаванні.

@

Фітацэноз, расліннае згуртаванне або сукупнасць раслін на пэўным участку зямной паверхні. Гэта дынамічная сістэма, якая змяняецца на працягу года і па гадах.

@

Флора (ад лац. Flora - багіня кветак і вясны), сукупнасць відаў раслін, якая склалася гістарычна, на дадзенай тэрыторыі. Ф. Зямлі налічвае каля 375 тыс. відаў раслін. Даследаванне Ф. - прадмет раздзела батанікі - фларыстыкі.

@

Флуктуацыя (ад лац. fluctuatio - ваганне), асцыляцыя - ваганне колькасці і прадукцыйнасці папуляцыі, паказанае ў выглядзе хвалепадобнай крывой.

@

Форма жыццёвая, тып прыстасавання розных відаў да падобных умоў асяроддзя. Вонкава характарызуецца агульнымі рысамі адаптацыі да асяроддзя, падабенствам асноўных марфалагічных рыс і паводзінскіх рэакцый.

@

Фота... (ад грэч. photos - святло), частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны да святла, дзеяння святла.

@

Фотаксенны арганізм (ад фота... і грэч. xenos - чужы), арганізм, абыякавы да інтэнсіўнасці асвятлення.

@

Фотаперыяд, чаргаванне на працягу 24 гадзінаў светлага і цёмнага часу сутак. У раёнах з умераным кліматам змяняецца ў залежнасці ад пары года (кароткія светлавыя дні зімой, доўгія - летам), а на экватары амаль пастаянны на працягу ўсяго года.

@

Фотаперыядызм (ад фота... і грэч. periodos - кругавярчэнне, чаргаванне), рытмічнае змяненне розных уласцівасцей і функцый арганізма пад уплывам чаргавання і працягласці асвятлення. Адзначаецца ў раслін і жывёл. У залежнасці ад рэакцыі на даўжыню дня расліны дзеляцца на даўгадзённыя (збожжавыя злакі, блёкат і інш.) і нейтральныя (грэчка, гарох). Органы ўспрымання фотаперыяду - лісты. Выкарыстоўваючы Ф., можна рэгуляваць працэсы росту і развіцця раслін. У жывёл Ф. кантралюе наступленне і спыненне шлюбнага перыяду, пладавітасць, пераход да зімовай спячкі і інш. Ён звязан з біялагічнымі рытмамі.

@

Фотарэцэпцыя (ад фота... і лац. receptio - прыём, прыняцце), успрыманне святла асобнымі арганізмамі або спецыялізаванымі ўтварэннямі - фотарэцэптарамі.

@

Фотасінтэз (ад фота... і грэч. synthesis - злучэнне), ператварэнне зялёнымі раслінамі і фотасінтэзуючымі арганізмамі праменнай энергіі Сонца ў энергію арганічных рэчываў. У аснове Ф. ляжыць акісляльна-аднаўленчы працэс, у якім электроны пераносяцца ад адноўніка (вады, кіслароду) да акцэптара (CO2, ацэтату) з утварэннем адноўленых злучэнняў (вугляводаў) і вылучэннем кіслароду, калі акісляецца вада. Ф. - адзіны працэс у біясферы, які вядзе да павелічэння свабоднай энергіі біясферы за кошт знешняй крыніцы (Сонца) і забяспечвае існаванне як раслін, так і ўсіх гетэратрофных арганізмаў, у т.л. і чалавека.

@

Фотатаксіс, рух прасцейшых арганізмаў да крыніцы святла.

@

Фотатрапізм (ад фота... і tropos - паварот), роставыя выгіны органаў раслін пад уплывам аднабаковага асвятлення. Сцёблы звычайна маюць дадатны Ф., карані - адмоўны, лісты - папярочны.

@

Фотатрофныя мікраарганізмы, фотасінтэзуючыя мікраарганізмы, якія выкарыстоўваюць энергію святла для біялагічнага сінтэзу арганічнага рэчыва, што забяспечвае іх рост. Да іх адносяцца пурпурныя і зялёныя бактэрыі, цыянабактэрыі, некаторыя галабактэрыі. Фотасінтэз ва ўсіх Ф. м. ідзе з удзелам хларафілу.

@

Фотатрофы, раслінныя арганізмы, у якіх у якасці крыніцы энергіі ў працэсе фотасінтэзу выкарыстоўваецца сонечнае святло.

@

Фрэатафіт, расліна, здольная жыць за кошт вільгаці глыбока залягаючых грунтавых вод (вярблюджая калючка).

@

Фрэоны, хлорфторвуглевадароды, якія шырока выкарыстоўваюцца ў быце (газавае напаўненне аэразольных балончыкаў, ахалоджваючыя агенты халадзільнікаў) і разбуральна ўплываюць на азонавы слой атмасферы. У стратасферы з Ф. пад дзеяннем ультрафіялетавага выпрамянення вылучаецца хлор, які ўступае ў бурную рэакцыю з азонам з вылучэннем атамарнага кіслароду.

@

Фумігацыя (ад лац. fumigatio - акурваю), знішчэнне шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хвароб раслін.

@

Фунгіцыды (ад лац. fungus - грыб і caedo - забіваю), хімічныя рэчывы (пестыцыды), якія ўжываюцца для барацьбы з узбуджальнікамі грыбковых захворванняў раслін і жывёл.

@

Футуралогія (ад лац. futurum - будучае), навука аб будучым, або сукупнасць уяўленняў аб будучым чалавецтва.

@

Хадаль (хадальная зона), глыбіні Сусветнага акіяна, большыя за 6000-7000 м (жалабы, упадзіны).

@

Хадапелагіяль, водная маса, якая запаўняе глыбокія ўпадзіны хадальнага паверха, пачынаючы з глыбіні 6000-7000 м і да самых вялікіх вядомых глыбінь.

@

Хазмафіты (ад грэч. chasma - глыбокая расколіна і phyton - расліна), расліны, здольныя расці на малой колькасці субстрату (у паглыбленнях і расколінах скал). Тыповымі прадстаўнікамі з'яўляюцца каменяломнікі, ядловец, сасна, скальныя формы буку і дубу.

@

Халадастойкасць, здольнасць раслін пераносіць нізкія тэмпературы (-1...-10°C) і не траціць жыццяздольнасці пры замаразках.

@

Халаднакроўныя жывёлы, тое ж, што і пайкілатэрмныя жывёлы.

@

Хамефіты (ад грэч. chamai - на зямлі і phyton - расліна), жыццёвая форма раслін, пупышкі ўзнаўлення якіх знаходзяцца блізка да паверхні зямлі (на вышыні 20-30 см). Яны ахаваны пупышкавымі лускавінкамі, снегавым покрывам (зімой) і часткова подсцілам. Да Х. адносяцца хмызнячкі (брусніцы, чарніцы), паўхмызнячкі, некаторыя шматгадовыя травы (дабраполь).

@

Харалогія (ад грэч. choros - месца і ...логія), раздзел біягеаграфіі, які вывучае прасторавае размяшчэнне арганізмаў і іх згуртаванняў.

@

Харчовая сетка, разнастайнасць харчовых узаемаадносін паміж арганізмамі ў экасістэме. Адна з важнейшых асаблівасцей Х. с. заключаецца ў тым, што ў пераважнай большасці выпадкаў аднолькавы тып узаемаадносін характэрны для групы відаў, якія замяняюць адзін аднаго. Напр., драпежнікі могуць карміцца капытнымі, мышападобнымі грызунамі, зайцамі, птушкамі, насякомымі і інш. жывёламі, нават раслінамі. Калі знікае адзін від корму, яго месца часова або пастаянна займаюць інш. віды харчовых аб'ектаў (г.зн. яны экалагічна і энергетычна дублююць адзін аднаго) і экасістэма захоўвае сваю структуру.

@

Харчовыя ланцугі (ланцугі харчавання), рад арганізмаў (раслін, жывёл, мікраарганізмаў і інш.), у якім кожнае папярэдняе звяно служыць ежай для наступнага. Напр., фітапланктон → зоапланктон → дробныя рыбы → драпежныя рыбы → чалавек. Х. л. складаюцца з трох асноўных кампанентаў: прадуцэнтаў, кансументаў, рэдуцэнтаў. У экасістэмах яны не ізаляваны, а ўзаемазвязаны агульнымі відамі, дзякуючы чаму разгаліноўваюцца ў харчовыя сеткі. Выключэнне са згуртавання якога-небудзь элемента Х. л. парушае яго цэласнасць. Па звёнах Х. л., ад першага да апошняга, ажыццяўляецца трансфармацыя рэчыва і энергіі. Гл. Экалагічная піраміда.

@

Хвалі жыцця, ваганні колькасці асобін, характэрныя для любой папуляцыі жывых арганізмаў. Могуць быць сезоннымі (перыядычнымі), генетычна абумоўленымі, і несезоннымі (аперыядычнымі) у выніку непасрэднага ўздзеяння на папуляцыю розных абіятычных і біятычных фактараў навакольнага асяроддзя.

@

Хема... (ад грэч. chemeia - хімія), частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны да хіміі або хімічных працэсаў.

@

Хемарэцэптары (ад хема... і лац. receptor - які прымае), адчувальныя клеткі і структуры, з дапамогай якіх арганізм успрымае істотныя для жыццядзейнасці хімічныя рэчывы (хімічныя раздражняльнікі).

@

Хемарэцэпцыя (ад хема... і лац. receptio - прыняцце), успрыманне аднаклетачнымі арганізмамі або спецыялізаванымі клеткамі мнагаклетачных арганізмаў важных для іх жыццядзейнасці хімічных рэчываў у знешнім асяроддзі. Х. мае вялікае значэнне для большасці жывёл пры пошуку ежы, пазбяганні ворагаў, пры неспрыяльных фактарах асяроддзя і г.д. Асабліва вялікая яе роля ў жыцці насякомых.

@

Хемасінтэз (ад хема... і грэч. synthesis - злучэнне), працэс утварэння арганічных рэчываў некаторымі групамі бактэрый з CO2 за кошт акіслення неарганічных злучэнняў (вадароду, серавадароду, аміяку). Адкрыт С.М.Вінаградскім у 1887 г. Хемасінтэзуючым бактэрыям належыць выключна вялікая роля ў біягеахімічных цыклах хімічных элементаў у біясферы.

@

Хематаксіс, рух арганізмаў паддзеяннем хімічных фактараў.

@

Хематрапізм, роставая рухальная рэакцыя органаў раслін (выгібанне) пад уплывам якіх-небудзь хімічных рэчываў, вільготнасці (гідратрапізм), кіслароду (аэратрапізм).

@

Хематрофныя бактэрыі, хемасінтэзуючыя мікраарганізмы, якія выкарыстоўваюць у якасці крыніцы энергіі рэакцыю акіслення некаторых мінеральных злучэнняў. Іх існаванне было адкрыта С.М.Вінаградскім у 1892 г. на прыкладзе нітрыфікуючых бактэрый, якія раслі на мінеральных субстратах, акісляючы аманійны азот і нітраты, і стваралі пры гэтым арганічныя рэчывы. Асноўным асяроддзем пражывання для большасці Х. б. служыць глеба, у значна меншай ступені - прэсныя і салёныя вадаёмы.

@

Хімера (ад грэч. Chimaira - міфічная пачвара з галавой ільва, тулавам казы і хвастом дракона), арганізм, які спалучае ў сабе клеткі, тканкі, органы або часткі цела розных арганізмаў. У аснове ўтварэння Х. - аб'яднанне клетак, якія ўзялі пачатак ад розных зігот. У сельскагаспадарчай практыцы ў раслін Х. атрымліваюць з дапамогай прышчэпак.

@

Хіянафілы (ад грэч. chion - снег і ...філ), расліны і жывёлы, якія насяляюць месцы са снежнымі зімамі і валодаюць адпаведнымі прыстасаваннямі для жыцця ў гэтых умовах. Сярод раслін - гэта віды, здольныя развівацца пад снегам (пралеска, кураслеп, падснежнік). У жывёльных Х. к зіме паяўляецца ахоўная белая афарбоўка, развіваюцца шорсткія валасы або пёры на ступнях, павялічваецца плошча апоры і інш. Так, дробныя куніцавыя валодаюць тонкім выцягнутым целам, якое дазваляе лёгка перамяшчацца па падснежных ходах грызуноў. Да Х. адносяцца насякомыя, якія паяўляюцца на снезе (напр., нагахвосткі).

@

Хіянафіты (ад грэч. chion - снег і ...фіты), расліны, якія развіваюцца на паверхні снегу або лёду.

@

Хларафіл (ад грэч. chloros - зялёны і ...філ), зялёныя пігменты раслін, з дапамогай якіх яны ўлоўліваюць энергію сонечнага святла і ажыццяўляюць фотасінтэз. Святло, паглынутае Х., пераўтвараецца ў патэнцыяльную хімічную энергію арганічных прадуктаў фотасінтэзу.

@

Хомінг (англ. homing, ад home - вяртацца дамоў), інстынкт дома, г.зн. здольнасць жывёл вяртацца са значнай адлегласці на свой участак жыхарства, да гнязда, логава і г.д. Асабліва ярка праяўляецца ў відаў з далёкімі сезоннымі міграцыямі (вугроў, прахадных ласасёвых рыб, многіх пералётных птушак). У аснове Х. ляжыць «прыхільнасць» асобіны да пэўнай мясцовасці, дзе жывёла нарадзілася або ўпершыню паспяхова размнажалася.

@

Хортабіёнты, арганізмы, якія жывуць у траве (напр., конікі, саранча).

@

Хронабіялогія (ад грэч. chronos - час і bios - жыццё), раздзел біялогіі, які вывучае часавую арганізацыю біялагічных сістэм, іх змяненне ў часе. Біялагічныя працэсы і з'явы, якія перыядычна паўтараюцца (біялагічныя рытмы), часам вылучаюць у самастойны раздзел - біярытмалогію.

@

Хронабіясфера, біясфера ў бесперапынным яе існаванні і развіцці ад моманту ўзнікнення.

@

Хуткасць рассялення, тэмпы рассялення асобін ад месца першапачатковага вылуску; хуткасць натуральнага распаўсюджвання інтрадуцэнта на новай тэрыторыі пасля каланізацыі.

@

Хуткасць росту папуляцыі, тып павелічэння яе колькасці. Віды, якія валодаюць высокай Х. р. п., характарызуюцца кароткім перыядам развіцця і адносна высокай пладавітасцю.

@

Царства, вышэйшы ранг пры раянаванні сушы і Сусветнага акіяна (у біягеаграфіі).

@

«Цвіценне» вады, масавае развіццё фітапланктону, якое выклікае змяненне афарбоўкі вады. Працэс абумоўлены значным павелічэннем канцэнтрацыі мінеральных пажыўных рэчываў, якія паступаюць у вадаёмы з вадазборнай плошчы.

@

Цеплавы баланс Зямлі, супастаўленне колькасці прыходзячай і расходуемай сонечнай энергіі на пэўным участку зямной паверхні.

@

Цеплапрадукцыя, утварэнне цяпла ў жывёльным арганізме ў выніку тканкавага энергаабмену (працэсаў дыхання, стрававання і работы мышцаў).

@

Цунамі, сейсмічныя хістанні тоўшчы вады ў акіяне або моры ў выглядзе доўгаперыядычных хваль, якія выклікаюцца землетрасеннем на дне або вывяржэннем падводных і надводных вулканаў. Узнікае раптоўна ў раёнах высокай сейсмічнай актыўнасці і рухаецца са скорасцю 50-1000 км/г. Уздзеянню Ц. падвержаны Камчатка, Курыльскія і Камандорскія астравы, часткова Сахалін.

@

Цыкл актыўнасці (цыклічнасць; ад грэч. kyklos - круг), перыядычныя змяненні характару паводзін і фізіялагічных працэсаў у жывёл, выкліканыя зменай умоў існавання. Найбольш ярка выяўлены ў насельнікаў паўночных і ўмераных шырот. Адрозніваюць сезонны і сутачны Ц. а.

@

Цыкл біягеахімічны, кругаварот хімічных элементаў з неарганічнай прыроды праз жывёльныя і раслінныя арганізмы назад у неарганічнае асяроддзе.

@

Цыкламарфоз (ад грэч. kyklos - круг і morphe - форма), перыядычныя сезонныя змяненні ў будове цела асобных відаў планктонных арганізмаў, звязаныя са змяненнем тэмпературы, вязкасці вады і інш. прычынамі. Праяўляецца ва ўтварэнні вырастаў галаўнога, хваставога або тулаўнага аддзелаў, якія перашкаджаюць апусканню жывёл у ваду.

@

Цыклічнасць змены (сукцэсіі), дынамічная змена згуртаванняў, абумоўленая перыядычнымі змяненнямі асяроддзя пражывання.

@

Цыклоны (ад грэч. kyklon - які кружыцца), вялікія аб'ёмы паветра з паніжаным ціскам у цэнтры, якія перамяшчаюцца ў трапасферы. Скорасць руху - каля 20 м/с і большая. Вятры ўзмацняюцца к цэнтру цыклону.

@

Цыркадныя рытмы (ад лац. circa - каля і edis - дзень), змяненні інтэнсіўнасці і характару біялагічных працэсаў і з'яў, якія паўтараюцца, г.зн. здольнасць арганізмаў паўтараць свае функцыі з перыядычнасцю каля 24 гадзінаў (ад 20 да 28 гадзінаў) нават у цемнаце пры адсутнасці змены дня і ночы. Ц. р. могуць уплываць як на паводзіны цэлага арганізма (адкладка яец насякомымі), так і на асобныя фізіялагічныя працэсы.

@

Цыркарытмы (ад лац. circa - каля і рытмы), частка біялагічных рытмаў з перыядамі, блізкімі да геаграфічных канстантаў: сонечных сутак (24 г.), месячных сутак (24,8 г.), месячнага месяца (29,53 сут.) і астранамічнага года. З імі звязаны прыліўныя рытмы, месячныя рытмы, гадавыя рытмы, якія пры аслабленні дзеяння знешніх фактараў маюць перыяд, некалькі адметны ад перыяду адпаведных канстантаў (таму выкарыстан прэфікс «цырка»).

@

Цыркуляцыя (ад лац. circulatio - кругавярчэнне), перамяшчэнне павстраных або водных мас, выкліканае градыентам тэмпературы, ціску і г.д., на вялікай плошчы.

@

Цыянабактэрыі (ад грэч. kyanos - сіні і бактэрыі), група фотатрофных пракарыётных арганізмаў, традыцыйна называемых сінезялёнымі водарасцямі. Падставай для аднясення сінезялёных водарасцей да бактэрый паслужыла падабенства ў арганізацыі іх клетак з клеткамі інш. бактэрый. Іх масавае развіццё ў вадаёмах выклікае з'яву, вядомую як «цвіценне» вады.

@

Цэнабіёз, сумеснае жыццё арганізмаў у згуртаваннях.

@

Цэнабіёнт, арганізм як член згуртавання.

@

Цэнобій (ад грэч. koinos - агульны і bios - жыццё), калоніі аднаклетачных арганізмаў з дыферэнцыроўкай функцый паміж асобнымі групамі асобін (у вольваксавых). У вышэйшых раслін - сухі плод з двух пладалісцікаў, які распадаецца на чатыры аднанасенныя часткі (у губакветных, агурочнікавых і інш.).

@

Цэноз (ад грэч. koinos - агульны), любое згуртаванне арганізмаў. Вылучаюць зоацэнозы (згуртаванні жывёл), фітацэнозы (згуртаванні раслін), мікробныя цэнозы.

@

«Чалавек і біясфера» (англ. Man and Biosphere, MAB), доўгатэрміновая міжурадавая праграма па каардынацыі фундаментальных даследаванняў праблем кіравання прыроднымі рэсурсамі.

@

Чапараль (ад гішп. chaparro - зараснікі хмызняковага дубу), фармацыя ксераморфных хмызнякоў, распаўсюджаных у Паўночнай Амерыцы. Часта ўтвараюць зараснікі з аднаго дамінуючага віду. Узнікаюць на месцах лясных пажараў.

@

Чарада, часовае аб'яднанне жывёл, якія праяўляюць біялагічна карысную арганізаванасць дзеянняў (для абароны ад ворага, здабычы ежы, міграцый). Часцей за ўсё назіраецца ў рыб і птушак.

@

Чаргаванне пакаленняў, заканамерная змена ў жыццёвым цыкле арганізмаў спосабаў размнажэння ў наступных адзін за адным пакаленнях. Так, Ч. п. у жывёл бывае двух тыпаў: чаргаванне нармальнага палавога працэсу з партэнагенезам і палавога размнажэння з бясполым.

@

Чырвоная кніга, выданне Міжнароднага саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), створанага пры ЮНЕСКА ў 1948 г. Змяшчае рэдкія віды жывёл і раслін і тыя, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Выдадзены Чырвоныя кнігі шэрагу краінаў.

@

Чыстая першасная прадукцыя, частка валавой першаснай прадукцыі, якая не расходуецца раслінамі ў працэсе метабалізму і можа быць спажыта жывёльнымі арганізмамі.

@

Шарош, рыхлы, губчаты лёд, які ўзнікае з унутрыводнага лёду, што ўсплывае на паверхню вадаёма. У склад Ш. могуць уваходзіць лёд, які плавае на вадзе, скопішчы ледзяных іголак, якія змерзліся, кавалкі дробнага бітага лёду і г.д. Узнікае звычайна перад ледаставам, можа выклікаць пад'ём узроўню вады.

@

Шквал (ад англ. squall), раптоўнае рэзкае ўзмацненне ветру на працягу кароткага адрэзку часу, якое суправаджаецца змяненнем яго напрамку.

@

Штыль (ад гал. stil), бязветранасць або вельмі слабы вецер, скорасць якога не перавышае 0,5 м/с.

@

Шумы, адна з форм фізічнага (хвалевага) забруджвання навакольнага асяроддзя, адаптацыя да якога практычна немагчымая. У цяперашні час Ш. (гукі) разглядаюцца як сур'ёзны забруджвальнік біясферы. Асноўныя рэакцыі арганізмаў на Ш. вывучаны дастаткова добра. Так, інфрагукавыя Ш. выклікаюць значныя парушэнні жыццядзейнасці арганізмаў. Гэта адчуванне псіхалагічнага дыскамфорту, развіццё падсвядомага пачуцця страху, узнікненне панікі сярод жывёл, якія можна назіраць перад вывяржэннем вулканаў, землетрасеннямі, штормам. Падобную рэакцыю ў жывёл выклікаюць гукі пралятаючых цяжкіх верталётаў, рухаючыхся машын і г.д. Ярка выяўленай здольнасцю затрымліваць і паглынаць значную частку гукавой энергіі (высокай частаты) валодаюць расліны (зялёныя насаджэнні з кустоў і дрэў змяншаюць Ш. у 10 разоў).

@

Шчыльнасць папуляцыі, колькасць асобін дадзенага віду на адзінцы плошчы або ў адзінцы аб'ёму. Важны паказчык прасторавага размяшчэння членаў папуляцыі. У большай або меншай ступені зменлівая, паколькі залежыць ад рада абіятычных (тэмпературы, вільготнасці, салёнасці, сезонных змяненняў, кліматычных умоў і да т.п.) і біятычных (наяўнасці харчовых рэсурсаў, драпежнікаў, паразітаў і да т.п.) фактараў. Знаходзіцца ў дынамічнай раўнавазе з умовамі існавання і вагаецца каля якойсьці сярэдняй, характэрнай для дадзенага віду велічыні.

@

Шалфарда правіла (закон талерантнасці), адзін з асноватворных прынцыпаў экалогіі, згодна з якім прысутнасць або працвітанне папуляцыі ў дадзеным месцапражыванні залежыць ад комплексу экалагічных фактараў, да кожнага з якіх у арганізмаў існуе пэўны дыяпазон талерантнасці (вынослівасці). Гэты дыяпазон абмежаваны па кожнаму фактару мінімальным і максімальным значэннямі, у межах якіх і можа існаваць арганізм. Ступень дабрабыту віду ў залежнасці ад інтэнсіўнасці ўздзейнічаючага фактару выражаюць у выглядзе так званай крывой талерантнасці, якая мае форму звана з максімумам, што адпавядае аптымальнаму значэнню фактару.

@

Шэльф (ад англ. shelf), роўная частка падводнага краю мацерыкоў (кантынентальны Ш.) да больш або менш рэзкага яго пераходу да крутога мацерыковага схілу.

@

Эвазія кіслароду (ад лац. evasio - адыход), выхад кіслароду з вады ў атмасферу.

@

Эвалюцыйная экалогія, раздзел экалогіі, які вывучае эвалюцыю відаў у сувязі з фактарамі знешняга асяроддзя, а таксама эвалюцыю біяцэнозаў і экасістэм.

@

Эвапатранспірацыя, сумарнае выпарэнне; колькасць вільгаці, якая пераходзіць у атмасферу ў выглядзе пары ў выніку транспірацыі раслін і фізічнага выпарэння з глебы і з паверхні расліннасці.

@

Эдасфера (ад грэч. edaphos - аснова, глеба і sphaira - сфера), акружаючая асобны арганізм прастора, на якую ён аказвае ўплыў у выніку сваёй жыццядзейнасці (ствараючы, напр., асобы клімат).

@

Эдафабіёнты, арганізмы, якія жывуць у грунце (глебе). Прыклад - дажджавыя чэрві.

@

Эдафічныя фактары (ад грэч. edaphos - глеба), глебавыя ўмовы, якія ўплываюць на жыццё і распаўсюджванне жывёл; адзін з комплексаў абіятычных фактараў.

@

Эдыфікатары (ад лац. aedificator - будаўнік), віды раслін з моцна выяўленай асяроддзеўтваральнай здольнасцю, якія пераважаюць у фітацэнозах. Так, Э. паўднёвых палёў з'яўляюцца кавыль, ціпчак; у нізінным балоце - асокі, у вярховым - сфагнавыя імхі.

@

Эйкумена (ад грэч. oikumene - заселеная зямля), частка зямной паверхні, заселеная людзьмі.

@

Экабіяморфа (ад грэч. oikos - жыллё, месцазнаходжанне; bios - жыццё і morphe - выгляд, форма), пэўны тып прыстасавальнай структуры раслін і звязаных з ёй фізіялагічных асаблівасцей, якія характарызуюць групу раслін, што звычайна растуць у падобных умовах асяроддзя. Тэрмін прапанаваны замест тэрміна «жыццёвая форма».

@

Экалагізацыя, працэс няўхільнага і паслядоўнага ўкаранення сістэм тэхналагічных і інш. рашэнняў, якія дазваляюць павысіць эфектыўнасць выкарыстання прыродных рэсурсаў адначасова з захаваннем якасці прыроднага асяроддзя.

@

Экалагічная вайна, спосаб вядзення ваенных дзеянняў, накіраваных на разбурэнне прыроднага асяроддзя.

@

Экалагічная валентнасць, ступень прыстасаванасці віду да змяненняў умоў асяроддзя. Выражаецца ў раздзяленні арганізмаў на эўрыбіёнтаў, стэнабіёнтаў і мезабіёнтаў, г.зн. відаў шырокай, вузкай і сярэдняй ступені прыстасаванасці.

@

Экалагічная ёмістасць экасістэмы, сукупнасць жыццёва неабходных умоў, якія забяспечваюць дадзеную велічыню максімальнай колькасці папуляцыі. Калі колькасць віду ўзрасце за межы ёмістасці асяроддзя, наступіць экалагічны крызіс, які прывядзе да рэзкага падзення колькасці. Прыклад: у Йелаўстонскім нацыянальным парку (ЗША) у пачатку 20 ст. для забеспячэння працвітання аленяў знішчылі ўсіх драпежнікаў (ваўкоў, шакалаў, каётаў). За паўтара дзесяцігоддзі колькасць аленяў узрасла з 6 да 100 тыс. асобін, затым пачала хутка падаць (да 1,5 тыс.). Размножыўшыся бесперашкодна, алені з'елі ўсю траву, падлесак, кару дрэў. Карміцца стала нечым. Наступіў голад, эпізаотыі. З прычыны знікнення рэгулятарных механізмаў (драпежнікаў) мяжа ёмістасці асяроддзя была парушана.

@

Экалагічная занальнасць вадаёмаў, наяўнасць у вадаёме зон, заселеных рознымі арганізмамі і іх згуртаваннямі. У аснове Э. з. в. ляжыць змяненне фактараў знешняга асяроддзя (тэмпературы, асветленасці, гідрастатычнага ціску, газавага рэжыму і г.д.).

@

Экалагічная нараджальнасць, павелічэнне папуляцыі пры фактычных або спецыфічных умовах асяроддзя.

@

Экалагічная ніша, сукупнасць усіх фактараў асяроддзя, у межах якіх магчыма існаванне віду ў прыродзе. У асяроддзі від займае пэўнае месца, якое абумоўлена яго патрэбнасцю ў ежы, тэрыторыі, звязана з функцыяй узнаўлення. Гэта месца эколагі называюць Э. н. Якія б ні былі блізкія два віды па сваёй сістэматыцы, яны заўсёды займаюць розныя нішы.

@

Экалагічная піраміда, графічны відарыс (мадэль у выглядзе прамавугольнікаў, пастаўленых адзін на адзін) убывання колькасці, біямасы або энергіі асобін ад першага асноўнага звяна харчовага ланцуга (прадуцэнтаў) да апошняга (кансументаў). Можа быць выражана ў адзінках масы (сырой або сухой) - піраміда біямасы, лікам асобін на кожным узроўні - піраміда лікаў або энергіяй, якая знаходзіцца ў арганізмах, - піраміда энергіі. Вучэнне аб Э. п. было распрацавана Элтанам (1934), таму яна часта называецца пірамідай Элтана.

@

Экалагічная пластычнасць, тое ж, што і экалагічная валентнасць.

@

Экалагічная прадукцыйнасць экасістэмы, адносіна колькасці энергіі, якая атрымліваецца з некаторага трафічнага ўзроўню, да колькасці энергіі, якая паступае на трафічны ўзровень, у адзінку часу.

@

Экалагічная раўнавага, устойлівыя (збалансаваныя) суадносіны ўзаемапрыстасаваных відаў арганізмаў, а таксама працэсаў прадукцыі і дэструкцыі ў экасістэме. У аснове Э. р. ляжыць пастаянства біятычнага кругавароту рэчываў, які ў кожнай канкрэтнай экасістэме мае свае асаблівасці, звязаныя з відавым складам і колькасцю арганізмаў, іх тыпам метабалізму. Э. р. часта дасягаецца ў клімаксным згуртаванні, дзе ўзаемаадносіны паміж відамі збалансаваны. Гэта дынамічная раўнавага з магчымымі ваганнямі колькасці розных відаў у рамках агульнай раўнавагі.

@

Экалагічная смяротнасць, пастаянная велічыня, якая характарызуе гібель асобін у ідэальных умовах, калі папуляцыя не падвяргаецца лімітуючым уздзеянням.

@

Экалагічная сукцэсія (ад грэч. successio - пераемнасць), паслядоўная змена біяцэнозаў. Ланцуг біяцэнозаў, якія змяняюць адзін аднаго, называецца сукцэсійным радам. Напр., зарастанне возера і ўтварэнне на яго месцы тарфянога балота, з'яўленне яловага лесу на запушчанай раллі.

@

Экалагічны крызіс, значнае парушэнне ўстойлівасці экасістэмы, якое стварае ў ёй напружаны стан і можа прывесці да поўнага яе разбурэння. Напр., крызіс экасістэмы Скандынаўскага паўвострава, выкліканы кіслотнымі дажджамі; крызіс экасістэмы Аральскага мора, выкліканы вялікім водаспажываннем з рэк Амудар'і і Сырдар'і, якія ўпадаюць у яго, і г.д.

@

Экалагічныя групы, групы жывёл, у якіх у дадзеных умовах існавання выпрацаваліся пэўныя, агульныя рысы будовы або паводзін. У аснову дзялення могуць быць пакладзены ежа, спосабы перамяшчэння і г.д. Кожная група расчляняецца на падгрупы, якія адрозніваюцца па ступені і характару сувязі з дадзеным асяроддзем.

@

Экалагічныя тыпы, групы арганізмаў, якія адрозніваюцца па сістэматычных адзнаках, але маюць падобнае прыстасаванне да пэўных умоў навакольнага асяроддзя (птушкі, кажаны).

@

Экалагічныя фактары, элементы асяроддзя, якія робяць на арганізм прамы або ўскосны ўплыў. Падраздзяляюцца на біятычныя, абіятычныя і антрапагенныя і ўздзейнічаюць на арганізм не ізалявана, а ў выглядзе складанага комплексу. Сукупнасць неабходных для жыцця Э. ф. называецца ўмовамі існавання. Адны арганізмы могуць выносіць значныя ваганні Э. ф., г.зн. маюць шырокую экалагічную валентнасць, другія жывуць толькі пры нязначных іх ваганнях.

@

Экалагічныя эквіваленты, арганізмы, якія займаюць аналагічныя экалагічныя нішы ў экасістэмах розных кантынентаў. Так, расліннаедныя жывёлы кенгуру ў Аўстраліі з'яўляюцца Э. э. бізона і віларогай антылопы ў Паўночнай Амерыцы.

@

Экалогія (ад грэч. oikos - дом, жыллё і ...логія), біялагічная навука, якая вывучае заканамернасці жыццядзейнасці арганізмаў на ўсіх узроўнях арганізацыі (папуляцыі арганізмаў, відаў, біяцэнозаў, экасістэм) у іх прыродным асяроддзі пражывання з улікам змяненняў, што ўносяцца дзейнасцю чалавека. Сучаснаму разуменню больш адпавядае азначэнне яе як навукі аб структуры і функцыях жывой прыроды. Тэрмін прапанаваны ў 1869 г. нямецкім заолагам Э.Гекелем.

@

Экаполіс, гарадское паселішча, спланаванае з улікам комплексу экалагічных патрэбнасцей чалавека; малапавярховы горад з вялікімі садамі, паркамі і лесапаркамі, якія ствараюць спрыяльныя ўмовы як для жыцця чалавека, так і для існавання многіх відаў раслін і жывёл.

@

Экасістэма (ад грэч. oikos - жыллё, дом і systema - спалучэнне, аб'яднанне), сукупнасць арганізмаў, якія жывуць сумесна, і ўмоў іх існавання, што знаходзяцца ў заканамернай узаемасувязі. Тэрмін прапанаваны А.Тэнслі (1935). Паняцце прымяняецца да аб'ектаў рознай складанасці і аб'ёму. Адрозніваюць Э. сажалкі або возера ў цэлым, прыбярэжных зараснікаў водных раслін, акварыума і г.д. Э. самага высокага рангу, самай высокай ступені складанасці з'яўляецца біясфера. Э. характарызуецца відавым складам, колькасцю арганізмаў, якія ўваходзяць у яе, біямасай, суадносінамі розных трафічных узроўняў і г.д. Існаванне Э. магчыма толькі пры наяўнасці прытоку рэчыва і энергіі з навакольнага асяроддзя. Усе рэальныя Э. належаць таму да адкрытых сістэм.

@

Экатон (ад грэч. oikos - дом, tonos - адценне), пераходная мікразона паміж згуртаваннямі. Звычайна мае павышаную колькасць відаў (краявы эфект).

@

Экатып (ад грэч. oikos - жыллё і тып), сукупнасць асобін аднаго віду раслін, якая прыстасавана да ўмоў пражывання і валодае спадчыннымі адзнакамі, абумоўленымі экалагічна. Э. разглядаюць як спалучэнне блізкіх біятыпаў раслін, якія пераходзяць адзін у адзін.

@

Экафаза, стадыя развіцця або жыццёвага цыкла якога-небудзь віду, прыстасаванага да ўласцівай яму экалагічнай нішы. Вусень, кукалка і матыль з'яўляюцца рознымі Э. аднаго і таго ж віду.

@

«Экафорум за мір», новы міжнародны рух са штаб-кватэрай і сакратарыятам у Балгарыі (арганізавана аформіўся ў 1986 г.). Яго мэта - зліць разам два магутныя патокі сучаснага жыцця: барацьбу супраць вайны і супраць дэградацыі прыроды. Ахова прыроды і захаванне міру настолькі перапляліся, што сталі, па сутнасці, непадзельнымі. Асноўная задача - аб'яднаць намаганні розных таварыстваў свету для забеспячэння сумеснага развіцця чалавека і прыроды, падтрымаць усе экалагічныя і звязаныя з імі рухі за дасягненне і захаванне міру, садзейнічаць наладжванню давер'я паміж народамі.

@

Экацыд, хімічныя і любыя інш. сродкі ўздзеяння чалавека, якія знішчаюць асяроддзе пражывання жывых арганізмаў.

@

Экзаметабаліты (ад грэч. exo - па-за), прыжыццёва і пасмяротна выдзяляемыя арганізмам у знешняе асяроддзе біялагічна актыўныя рэчывы.

@

Экскрэты (ад лац. excretio - выдзяляю), выдзяленні арганізмаў, канечныя прадукты абмену рэчываў.

@

Эксплерэнты (ад лац. explere - які выконвае), расліны, няздольныя хутка засяляць свабодныя тэрыторыі. Многія з іх - аднагадовыя. Тэрмін уведзен Раменскім (1938).

@

Экстразанальная расліннасць (ад лац. extra - па-за і грэч. zone - пояс), прыродная расліннасць, што знаходзіцца за межамі расліннай зоны, якую ўтварае, па-за сваім арэалам. Да яе адносяць дубовыя лясы ў стэпавай, участкі шыракалістых лясоў у паўднёвай зонах і г.д.

@

Экстрэмальныя ўмовы (ад лац. extremus - крайні), вельмі жорсткія ўмовы для існавання арганізмаў, г.зн. умовы, якія знаходзяцца на межах іх талерантнасці.

@

Элаяпланктон (ад грэч. elaion - аліўкавы алей), аднаклетачныя каланіяльныя планктонныя арганізмы, лунаючыя на паверхні вады дзякуючы таму, што ў іх пратаплазме знаходзяцца кропелькі тлушчу.

@

Элаясомы, спецыяльныя прыдаткі ў насення, якія служаць для распаўсюджвання іх у некаторых раслін мурашкамі; багатыя пажыўнымі рэчывамі.

@

Элізія (ад лац. elisio - ціск, выштурхванне), выключэнне віду са згуртавання. Адбываецца з-за розных прычын, але, перш за ўсё, з-за гібелі ў працэсе міжвідавых адносін.

@

Элімінацыя (ад лац. elimino - выношу за парог, выдаляю), гібель арганізмаў з прычыны розных абіятычных і біятычных фактараў знешняга асяроддзя. Выражаецца велічынёй, адваротнай выжывальнасці.

@

Элювій (ад лац. eluere - змываць, вымываць), адклады, якія сфармаваліся на месцы горных парод, што падвяргаліся працягламу выветрыванню.

@

Эміграцыя (ад лац. emigro - высяляюся), масавае высялснне насельніцтва з займаемай тэрыторыі.

@

Эмісія (ад лац. emissio - выпуск), выкід у навакольнае асяроддзе газападобных адходаў і (або) цяпла.

@

Эндазаахорыя (ад грэч. endon - унутры і заахорыя), распаўсюджванне пладоў і насення жывёламі праз іх паяданне і наступнае выдзяленне з экскрэментамі.

@

Эндатэрмныя арганізмы (ад энда... і грэч. theme - цяпло), жывёлы, высокая тэмпература цела якіх падтрымліваецца ўнутраным утварэннем цяпла ў выніку абмену рэчываў. Усе Э. а. - гамаятэрмныя жывёлы.

@

Эндэмікі (ад грэч. endemos - мясцовы), жывёлы і расліны, абмежаваныя ў сваім распаўсюджанні адносна невялікай геаграфічнай вобласцю, г.зн. маюць вузкі арэал. Часцей за ўсё сустракаюцца на астравах акіянічнага паходжання, у горных раёнах, у ізаляваных вадаёмах.

@

Энергетыка экасістэмы, сукупнасць працэсаў паступлення энергіі ў экасістэму, яе пераўтварэння і вываду.

@

Энтайкія (ад грэч. entos - унутры і oikia - дом, сям'я), разнавіднасць каменсалізму, пры якой адзін арганізм (энтойк) жыве ў целе другога (гаспадара). Напр., дробныя рыбкі роду Carapus знаходзяць сховішча ў клаацы галатурый, але кормяцца ў знешнім асяроддзі рачкамі.

@

Энтамафагі (ад грэч. entoma - насякомыя і phagos - які пажырае), паразіты або драпежнікі, якія развіваюцца за кошт насякомых. Выкарыстоўваюцца для правядзення біялагічнай барацьбы са шкоднікамі (напр., перапончатакрылыя з групы наезнікаў і яйцаедаў, многія птушкі).

@

Энтамафілія (ад грэч. entoma - насякомыя і ...філія), перакрыжаванае апыленне ў раслін з дапамогай насякомых.

@

Энтамахарыя, перанос насення (дробных пладоў, спор) раслін насякомымі.

@

Энтрапія экалагічная (ад грэч. entropia - ператварэнне), незваротнае рассеянне энергіі экасістэмамі.

@

Эпі... (ад грэч. ері - на, над, звыш, пры, пасля), частка складаных слоў, якая азначае знаходжанне паверх, перад або каля чаго-небудзь.

@

Эпіайкія (ад эпі... і грэч. oikia - дом, сям'я), форма каменсалізму, пры якім каменсал жыве на паверхні цела інш. арганізма, не наносячы яму шкоды. Многія арганізмы-эпіойкі вузка спецыфічныя ў адносінах да жывёл, на якіх пасяляюцца.

@

Эпібіёз (ад эпі... і біёз), пасяленне адных арганізмаў на паверхні другіх. У адрозненне ад эпіайкіі эпібіёнты не валодаюць вузкай спецыфічнасцю ў адносінах да субстрату, на якім пасяляюцца.

@

Эпібіёс (ад эпі... і грэч. bios - жыццё), сукупнасць арганізмаў, якія жывуць на паверхні субстрату.

@

Эпізаахорыя, распаўсюджванне пладоў, насення, спор раслін і грыбоў шляхам пераносу іх на покрыве жывёл.

@

Эпізаотыя (ад эпі... і грэч. zoon - жывёла), шырокае распаўсюджанне заразнай хваробы жывёл. Звычайна выклікаецца раптоўным усяленнем віду з вялікім біялагічным патэнцыялам або рэзкімі і моцнымі змяненнямі асяроддзя.

@

Эпізоя, выкарыстанне паверхні цела адных арганізмаў другімі ў якасці субстрату для пастаяннага пражывання (напр., вусаногія рачкі на паверхні цела кітоў і рыб).

@

Эпіксілы (ад эпі... і грэч. xylon - дрэва), арганізмы, якія жывуць на мёртвых ствалах дрэў і кустоў.

@

Эпілімніён, верхні цёплы і багаты кіслародам слой вады ў розных вадаёмах.

@

Эліпланктон (ад эпі... і грэч. planktos - блукаючы), планктон паверхневых слаёў вады.

@

Эпіфаўна (ад эпі... і фаўна), прымацаваныя або маларухомыя водныя донныя жывёлы, якія жывуць на паверхні грунту. Да Э. адносяцца жывёлы, якія ўтвараюць абрастанні, што свабодна ляжаць на паверхні (многія малюскі), павольна поўзаюць па дне (малюскі, ігласкурыя, ракападобныя і інш.).

@

Эпіфілы (ад эпі... і філеа), жывёлы, якія пасяляюцца на дрэвах або інш. раслінах.

@

Эпіфіты (ад эпі... і ...фіт), расліны, якія жывуць на інш. раслінах, г.ч. на ствалах і галінах, і атрымліваюць пажыўныя рэчывы з навакольнага асяроддзя. Сустракаюцца ва ўсіх класах раслін.

@

Эрозія (ад грэч. erosio - раз'ядаю), разбурэнне горных парод (выветрыванне) і глебы вадой, ветрам і ледавікамі. У выніку Э. разбураецца ўрадлівы слой глебы.

@

Эрэмафілы (ад грэч. eremos - пустынны), жывёлы пустыні.

@

Эстуарый, аднарукаўнае лейкападобнае вусце ракі, якое пашыраецца ў бок мора. Рух вады звычайна адбываецца ў напрамку сушы каля дна і ў напрамку мора на паверхні.

@

Эталогія (ад грэч. ethos - характар, нораў і ...логія), навука аб біялагічных асновах паводзін жывёл. Асноўны метад - працяглыя назіранні за жывёламі ў натуральным асяроддзі з наступнай праверкай гіпотэз у палявым або лабараторным эксперыменце. Цесна звязана з фізіялогіяй, экалогіяй, генетыкай.

@

Эўгалінныя вадаёмы (ад эў... і грэч. hals - соль), марскія вадаёмы з салёнасцю ад 30 да 40‰.

@

Эўкарыёты (ад грэч. eu - добра, поўнасцю і karyon - ядро), арганізмы, клеткі якіх змяшчаюць добра аформленае ядро. Да іх адносяцца ўсе вышэйшыя жывёлы і расліны, а таксама аднаклетачныя і мнагаклетачныя водарасці, грыбы і прасцейшыя.

@

Эўры... (ад грэч. eurys - шырокі), частка складаных слоў, якая паказвае на шырокае распаўсюджванне, разнастайнасць.

@

Эўрыбатныя арганізмы (ад эўры... і bathos - глыбіня), водныя жывёлы з шырокім дыяпазонам вертыкальнага распаўсюджання. Сярод іх асабліва шматлікія паліхеты; сярод планктонных - пелагічныя жывёлы, якія ажыццяўляюць вертыкальныя міграцыі (рачок калянус).

@

Эўрыбіёнтнасць, здольнасць арганізмаў існаваць пры значных змяненнях умоў знешняга асяроддзя. Ступень Э. віду ў цэлым вышэйшая, чым асобных асобін або папуляцыі.

@

Эўрыбіёнты (ад эўры... і біёнты), віды, здольныя існаваць пры шырокіх хістаннях фактараў навакольнага асяроддзя. Многія наземныя жывёлы, асабліва ва ўмовах кантынентальнага клімату, здольны вытрымліваць значныя хістанні тэмпературы, вільготнасці, сонечнай радыяцыі і інш. фактараў.

@

Эўрыгалінныя жывёлы (ад эўры... і грэч. halinos - салёны), водныя або глебавыя жывёлы, здольныя існаваць у шырокім дыяпазоне салёнасці асяроддзя. Найбольш дзіўны прыклад - рачок артэмія, здольны існаваць пры салёнасці ад 20 да 250‰ і нават пераносіць часовае апрасненне вады.

@

Эўрыгіграбіёнтныя жывёлы (ад эўры..., грэч. hygros - вільготны і bios - жыццё), жывёлы, здольныя выносіць шырокія хістанні вільготнасці паветра. Большасць з іх жыве ва ўмераным поясе.

@

Эўрыоксібіёнты (ад эўры..., грэч. oxis - кіслы і bion - які жыве), арганізмы, якія жывуць у асяроддзі з шырокім дыяпазонам кіслотнасці.

@

Эўрытопныя арганізмы (ад эўры... і грэч. topos - месца), арганізмы, якія здольны існаваць у розных умовах пражывання і валодаюць шырокім дыяпазонам вынослівасці. Арэалы іх звычайна вельмі вялікія.

@

Эўрытэрмафілы (ад эўры..., грэч. therme - цяпло і phileo - люблю), арганізмы, якія жывуць у шырокім дыяпазоне высокіх тэмператур.

@

Эўрытэрмафіты (ад эўры...., грэч. therme - цяпло і phyton - расліна), расліны з шырокім дыяпазонам тэрмафільнасці.

@

Эўрытэрмныя арганізмы (ад эўры... і грэч. therme - цяпло), арганізмы, здольныя існаваць пры вялікіх хістаннях тэмпературы асяроддзя. Часта маюць шырокае геаграфічнае распаўсюджанне, засяляючы вобласці з прыметнымі сезоннымі і сутачнымі хістаннямі тэмпературы.

@

Эўрыфагія (ад эўры... і грэч. phagos - пажыральнік), усёеднасць, г.зн. кармленне жывёл самай разнастайнай ежай (расліннай і жывёльнай). Назіраецца ў многіх відаў жывёл (кабана, бурага мядзведзя, крумкача). Дае значныя перавагі жывёлам для існавання ў розных умовах.

@

Эўстатычныя хістанні, павольныя («векавыя») хістанні ўзроўню Сусветнага акіяна ў выніку змянення аб'ёму яго вады, звязанага з раставаннем мацерыковых ільдоў або дзеяннем буйнамаштабных тэктанічных працэсаў.

@

Эўтрафіраванне вадаёмаў (эўтрафікацыя), узрастанне ўзроўню першаснай прадукцыі вод з прычыны павелічэння ў іх канцэнтрацыі біягенных элементаў. Павышэнне першаснай прадукцыі да пэўнага ўзроўню стварае аснову для развіцця больш багатай кармавой базы рыб і садзейнічае павышэнню прадукцыйнасці вадаёмаў. Затым якасць вады можа пагоршыцца: узнікае яе «цвіценне», памяншаецца празрыстасць і колькасць кіслароду. Высокая ступень Э. в. прыводзіць да замораў рыб і інш. гідрабіёнтаў.

@

Эўтрофныя вадаёмы, вадаёмы з высокім узроўнем першаснай прадукцыі. Часцей за ўсё гэта неглыбокія азёры з нізкімі берагамі і багатай расліннасцю ўздоўж іх. У моры - гэта звычайна прыбярэжныя воды, зоны апвелінгу (пад'ёму глыбінных вод). У Э. в. часта ўзнікае «цвіценне» вады, якое выклікаецца масавым развіццём сінезялёных водарасцей.

@

Эўфатычная зона (эпіпелагіяль; ад грэч. eu - добра і photos - святло), адна з зон Сусветнага акіяна, самы верхні слой тоўшчы вады, добра асветлены сонцам. У празрыстых экватарыяльных водах распасціраецца на глыбіню да 150-200 м. Зона развіцця водарасцей, якія прадуцыруюць арганічнае рэчыва.

@

Эфектыўнасць экалагічная, выражаная ў працэнтах адносіна велічыні энергетычнага патоку або біялагічнай прадуктыўнасці наступнага і папярэдняга трафічных узроўняў.

@

Эфектыўная тэмпература, рознасць паміж пэўнай тэмпературай развіцця канкрэтнага віду і тэмпературай умоўнага біялагічнага нуля для яго, г.зн. тэмпературай, з якой пачынаецца развіццё гэтага віду.

@

Эфемероіды, шматгадовыя травяністыя расліны, якія хутка заканчваюць вегетацыю ранняй вясной або, радзей, у асенні вільготны перыяд, а астатнюю частку года або сухога сезона праводзяць у стане спакою.

@

Эфемеры, аднагадовыя расліны з кароткім жыццёвым цыклам. Характэрны для пустынь, паўпустынь і сухіх стэпаў.

@

Ювенільны (ад лац. juvenilis - юны), непалаваспелы, перад-імагіянальны, лічынкавы; стадыя развіцця арганізмаў.

@

Ядзерная зіма, магчыма агульны экалагічны вынік выпрабаванняў ядзернай зброі, ядзернай вайны. Сярод вынікаў трэба вылучыць масавыя радыяцыйныя пашкоджанні, змяненне надвор'я і клімату, разбурэнне азонавага слоя Зямлі, змяненне радыяцыйных і экалагічных уласцівасцей трапасферы.

@

Ядро Зямлі, найбольш глыбокая, цэнтральная геасфера Зямлі. Тэмпература ў цэнтры Я. З., відавочна, блізкая да 5000°C, шчыльнасць - да 12,5 т/м3. Лічаць, што вонкавая яго частка вадкая, а ўнутраная (суб'ядро) - цвёрдая.

@

Яраўтварэнне, від эрозіі глеб; прамыванне талымі і дажджавымі водамі глыбокіх калдобін з абрывістымі берагамі, пазбаўленымі расліннасці.

@

Ярус, узровень пэўнай вышыні, да якога прыстасаваны розныя органы раслін (лісты, сцёблы, карані).

@

Яруснасць, расчляненне біяцэнозу на ярусы, полагі, біягарызонты, г.зн. структурныя і функцыянальныя часткі, якія маюць розную ступень самкнутасці і адыгрываюць розную ролю ў асіміляцыі і акумуляцыі рэчыва і энергіі ў біяцэнозе.