##ShortTitle: Эпітэты ##LongTitle: Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы ##FrontpageTitle: Эпітэтаў ##ExpandArticle: true ##Type: slo ##HTMLDescription_BEGIN Створана на падставе:
Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы. Менск: Вышэйшая школа, 1998. ISBN 985-06-0374-7
Укладальнік: Ніна Гаўрош

Падаецца лексіграфічнае апісанне вобразных азначэнняў-эпітэтаў беларускай мовы, якія ілюструюцца тэкстамі з твораў мастацкай і публіцыстычнай літаратуры. Матэрыялы слоўніка будуць садзейнічаць павышэнню маўленчай культуры і развіццю эстэтычнага густу. Яны дапамогуць раскрыць і ўбачыць вобразнае багацце і дасканаласць беларускай мовы.


##HTMLDescription_END @

АГОНЬ. I. Полымя, святло ад таго, што гарыць; адсвечванне.

1. Пра яркасць, колер агню; пра характар гарэння, адсвечвання: барвова-фіялетавы, барвовы, бела-сіні, белы, блакітны, бліскучы, вясёлкавы, дыяментны (паэт.), жоўты, залаты, зыркі, зялёны, малінава-белы, рознакаляровыя (мн.), рубінавы, ружова-залаты, светазарны (аўт.), сівабелы, сіні, сонечны, чырванакрылы (аўт.), чырвоны, чысты, яркі, ясны  асляпляльны, бледны, бляклы, бясколерны, крывавы, руды, цьмяны; гулкі, густы, дрыгатлівы, дрыготкі, дрыготны, жывы, зіхатлівы, зіхоткі (разм.), зіхотны (разм.), імклівы, купальскі, незгасальны, непагасны (паэт.), нязгаслы (разм.), прамяністы, тонкі, трапяткі, шумлівы  вялы, кволы, кудлаты, мітуслівы, млявы, няроўны, порсткі (разм.), пякучы, траскучы, хісткі, языкаты.

А ёлачка гарэла барвова-фіялетавымі агнямі (К.Чорны). Рэзкая рыса бела-сіняга агню з шыпеннем узнікла перад Гунава (Э.Самуйлёнак). Горад... зіхацеў сінімі, белымі, жоўтымі агнямі (З.Бядуля). Над бялюткімі снежнымі сумётамі гарэў, пераліваўся вясёлкавымі агнямі марозны пыл (М.Лынькоў). Гараць дыяментным агнём Маністы. бліскучыя зорак (Я.Колас). І пульсуе радасць у прасторах, залатыя свецяцца агні (П.Трус). Я слухаю начную цішыню: Чуваць, як б’ецца сэрца птушаняці І матылёк да зыркага агню Ляціць кругамі, як на свяце (С.Грахоўскі). Захар убачыў мігатлівыя палосы бляклага, малінава-белага агню (А.Савіцкі). Спявае восень, з радуг свеціцца агонь ружова-залаты (М.Калачынскі). Трэба далей славу, што... вы слаўна баранілі, светазарнымі агнямі вышыць... (Я.Купала). І навісла цяжкая хмара, Каб пад сінім агнём бліскавіц Дружным залпам дажджу ўдарыць, Мёртвы попел з руінаў змыць (П.Панчанка). Перад ночкаю зімовай Сонечныя аганькі (М.Танк). Я з той краіны, дзе ліпень купае Зару ўсю ноч у ставах птушыных І дзе стагоддзі агнёў купалля, Чырванакрылых, не патушылі (К.Цвірка). Мільгаюць ноччу на шляхах Чырвоныя агеньчыкі. Імчацца МАЗы ў белы свет (С.Грахоўскі). І вось грыміць ужо над гаем Агонь і чысты і густы (П.Панчанка). Іскрыстае світанне запальвае нам ясныя агні (Я.Колас). У частаце ляснога частакола Гулкія праносяцца агні (А.Пысін). Густым, крывавым агнём палаў небасхіл (А.Савіцкі). Я сяджу пры агні трапяткім, Чую голас задумных гаёў (П.Прыходзька). Цьмяны, дрыготны агонь асвятліў досыць раскошную хату (М.Зарэцкі). Рукамі расхінуўшы вецце, Устаў стары, прыбавіў крок, Ідзе туды, дзе ясна свеціць Жывы нязгаслы аганёк (С.Грахоўскі). Здалёку быў відаць зіхатлівы аганёк вогнішча (М.Лынькоў). Зіхоткі аганёк весела пабег ад снапа да снапа (А.Якімовіч). Стракатым феерверкам разляталіся па ўсім небе імклівыя агні (М.Лынькоў). Люблю купальскія агні і знічкі свет у вышыні (С.Грахоўскі). Алесь верыў, што прыйдзе час і ў кожнай хаце загарыцца яркі незгасальны агонь электралямпачкі (П.Броўка). А я ўсё гляджу, як трапеча далёка Агонь непагасны (П.Панчанка). І сонца ўстала, Агнём прамяністым палі і лясы прывітала (П.Панчанка). З яловых шышак і бяросты Касцёр на тоненькім агні (В.Вярба). Гарыць-дрыжыць агонь шумлівы, А залатыя пералівы, Вуглёў міганне-дрыгаценне Ім ткуць чароўнае адзенне (Я.Колас). Стары шаркнуў запалкай і падставіў хлопцу кволы агеньчык (Я.Брыль). Лашчыўся ў партызан каля ног агонь кудлаты (Р.Барадулін). Адзін за адным гаслі млявыя, хісткія агні (І.Навуменка). Мітуслівы агеньчык асвятліў на секунду зняможаны твар Слышэні (М.Лынькоў). Языкаты, агонь каміна ліжа дровы (А.Вялюгін). Сухое галлё загаманіла порсткім траскучым аганьком (А.Якімовіч).

2. Пра ўражанне ад агню (гарэння, адсвечвання): асцярожны, бяссонны, вясёлы, жыватворны, звабны (разм.), зямны, малады, мяккі, неразгаданы, прыветны, прыемны, прызыўны, пяшчотны, святы-свяшчэнны (аўт.), спакойны, таемны, ціхі, ярка-святочны (аўт.)  блудны, будзённа-шэры (аўт.), бязлітасны, востры, дзікі, злы, мёртвы, мяцежны, ненажэрны (разм.), нямы, пякельны, пякуча-трывожны, пякучы, самотны, смяротны, сонны, спознены, страшны, чорны.

А потым зноў бліснуў асцярожны агеньчык (А.Кудравец). Бяссонны агонь у сяброўскім акне... Шацёр непагаслага неба... На гэтай зямлі палюбіце мяне... (Л.Дайнека). Прайшлі канікул дні — І зноў у вокнах інтэрната Гараць вясёлыя агні (С.Грахоўскі). І сеюць радасць поўнай жменяй Іх [промняў] жыватворныя агні (Я.Колас). Небам плыву ці шашою — Звабныя бачу агні (Г.Пашкоў). У цеснай кабіне утульна, як дома, І свецяць у змроку зямныя агні (С.Грахоўскі). ... Зоры на небе гараць Агнём маладым і мяцежным (А.Куляшоў). Яна (Часлава) зняла і паставіла кацялок на краёчку вогнішча, каб юшка зварвалася на мяккім агеньчыку (А.Савіцкі). Уночы, калі заціхалі вакол птушкі і пераставалі гусці і звінець мошкі і толькі адны зоркі свяціліся ў небе ды часамі месяц сумным вокам азіраў зямлю, — гарэў дзесьці агонь, бледны, неразгаданы і прыемны (Я.Колас). Праз цёплы мрок у вечар вераснёвы, Дзе свецяцца прыветныя агні, Паказваюць свой твар мне заўтрашнія дні (Я.Колас). Я глядзеў, як акно Мне прыемным агеньчыкам свеціць (А.Куляшоў). Наперад клічуць нас прызыўныя агні (М.Хведаровіч). Да яго, агеньчыку на плошчы, і разу не працягнулася рука нават тады, калі на дварэ было холадна, калі са мною ішлі даўнія сябры... Ён святы-свяшчэнны (Ф.Янкоўскі). Пабачыў страшнае мой зрок — таемны нейкі аганёк (П.Броўка). І, здаецца, хлопчык хоча Сказаць: “Ты бацька мой. Прашу — вярні, вярні Мой першы дзень, мой першы крок нясмелы, Зары вясновай ціхія агні” (П.Панчанка). Раса... паападала... Сонца павярнулася так, што промні ўжо не выкрасалі з празрыстых пацерак ярка-святочнага агню (Я.Сіпакоў). Здаецца, у першую страшную хвіліну хмызы спаліла, высушыла таемным, бязлітасным і злым агнём (М.Стральцоў). Аганёк на полі блудны вандраваў (Л.Геніюш). У тумане гасіць горад Будзённа-шэрыя агні (В.Вярба). Загарэўся раптам угары валасок у лямпачцы вострым чырвоным агнём (І.Пташнікаў). І толькі той адчуе ў сэрцы слодыч Ад гэтых слоў, ад гэтай цішыні, Хто столькі год, як ён, ішоў паходам Праз дзікія смяротныя агні (П.Панчанка). Будоўля. Магутныя краны. Электразваркі мёртвы агонь (У.Караткевіч). Стэп станавіўся... чорным, як нафта, быццам па ім прабег ненажэрны агонь (В.Лукша). Зары — нямы агонь. Асіны — холад сіні (Р.Барадулін). Я толькі заездам сюды, падарожнік, Каб горы твае асвятліць на хвіліну Агнём маёй зоркі пякуча-трывожным, А потым вярнуцца да роднай краіны (П.Панчанка). Надзей не трачу я: хоць валіць дым, — Замрэ агонь пякучы (Я.Колас). І яго [поле], нібы вялізныя нажы, разразаюць барвовыя языкі пякельнага агню (Р.Сабаленка). Маці возьме паправіць самотны агонь, Зложыць рукі ізноў на каленях (П.Глебка). Вёска спала. Толькі дзе-нідзе гарэлі сонныя агні (А.Пальчэўскі). І толькі дзе-нідзе свяціўся ў хаце спознены агеньчык (Я.Брыль). Страшны агонь і дым доўга клубіўся ў небе (Н.Гілевіч). Знявечаны сталлю, закураны дымам, Апалены чорным смяротным агнём, Для нас ты [Менск] застаўся красою Радзімы (П.Панчанка).

II. Унутраны стан, перажыванні чалавека, пачуццё, хваляванне і інш.: ачышчальны, вітальны, высокі, гарэзны, дзівосны, дзіўны, залаты (аўт.), малады, невыказна прыгожы, недагарэлы, незвычайны, незгасальны (паэт.), неўміручы (паэт.), нязгаслы (разм.), няўтольны, палкі, прыязны, салодкі, свавольны, светлы, святы, свяшчэнны, творчы (аўт.), усеабдымны, чысты, ясны  балесны (разм.), дзікі, жорсткі, злавесны, калючы, крывавы, неспакойны, нядобры, нясцерпна рэзкі, нясцерпны, пакутны, пануры, пякельны, смяротны, страшэнны, тупы, упарты, халодны, хцівы, чорны.

Адчайна сябе спапяляеш, актрыса, На ачышчальным агні (Н.Загорская). Дубы завуць мяне на імяніны, І я нясу вітальны свой агонь (А.Пысін). Падабрэць, памякчэць... Каб душу гартаваць на высокім агні (С.Грахоўскі). У яе вачах, што здаваліся цёмнымі ад густых веек, успыхнулі знаёмыя, гарэзныя агеньчыкі (І.Мележ). Усё было нібы, ахоплена агнём, дзівосным, невыказна прыгожым, усеабдымным (І.Мележ). У мазолях рука — верны знак мужыка, Свецяць дзіўным агнём яго вочы (К.Буйло). Не шкадуйце ж вы дроў, Мае сёстры, браты, Распаліце у душах Наш агонь залаты! (Я.Журба). Хай шугае агонь малады, Хай, дзе тонка, не рвецца. А гады — не бяды! — Калі сэрца трывогаю б’ецца (У.Паўлаў). І сон адразу ўліўся хмельнай брагай Ў натруджаныя рукі, находжаныя ногі, У песні недапетыя, недагарэлыя агні (М.Танк). Незвычайны агонь у задумных вачах (Я.Купала). Зноў пойдуць устрывожаныя маці На магілы дзяцей — партызанаў і воінаў, Каб іх прыкрыць сваімі далонямі, Сагрэць незгасальным агнём сваіх сэрцаў (М.Танк). А ў сэрцы агонь неўміручы, сэрца ад болю шчыміць... (Е.Лось). Вочы яго [дзеда Талаша] гарэлі неспакойным злавесным агнём і зачароўвалі Мартына, адбіралі яго волю (Я.Колас). Ёсць людзі з мудрай галавой, З нязгаслым сэрца аганьком, З магутнай сілай і красою (П.Броўка). І не хавай, як хітрая цыганка, Няўтольнага агню ў сваіх вачах (Г.Бураўкін). Эх, сябры-браты! Агню палкага Іскры маеце. Не тушыце ж вы Той агонь святы, Асвятляйце ім родны край (Я.Колас). Яе [Антаніны Міхайлаўны] вочы засвяціліся прыязным агеньчыкам (Я.Колас). Голас яго... пранізваў салодкім агнём усю яго істоту (З.Бядуля). Кавалёва бачыла, як... загараліся свавольным агнём вочы хлопцаў (І.Дуброўскі). З дзён малых, Відаць, да смерці, Светлым аганьком Мне запала песня ў сэрца (П.Броўка). Святым агнём душа палала, І злучнасць згоду адчувала Таемных чараў сугалосся (Я.Колас). Свяшчэнны агонь у душы натхняў Эмілію на барацьбу з усімі перашкодамі (Я.Маўр). Яе, крылатую, цаню, Яна вялікай славы варта, Крыніца творчага агню — Загартаваная упартасць (М.Хведаровіч). Вочы заблішчалі ясным чыстым агнём (М.Зарэцкі). Выйдзем у поле мы ў нашых прасторах, Глянем навокал і цяжка ўздыхнём: Раны... не лечацца скора — Спалена сэрца балесным агнём (Я.Колас). Вочы яго гарэлі дзікім агнём (Я.Колас). У вачах Марціна бліснулі жорсткія агеньчыкі (І.Мележ). Увесь цяперашні спрыт гэтага чалавека, яго рухавасць, яго жвавая гутарка, калючы агонь яго слоў, — усё гэта здавалася наіграным... (М.Лынькоў). Рваўся з сэрца крывавы дакору агонь (П.Броўка). Вішнёвыя вочы [Ганны] гарэлі ўпартым, нядобрым агнём (І.Мележ). Марыля заплюшчыла вочы ад нясцерпна рэзкага агню ў душы (А.Савіцкі). Скочваліся рэдкія слязінкі, ён змахваў іх рукой, а чорныя вочы гарэлі такім бляскам, што здавалася, гэтыя слязінкі ўскіпаюць ад нясцерпнага агню нянавісці (М.Лынькоў). Ты ж, каханне маё, Стань пакутным агнём, Стань вялікім акіянам без дна (П.Панчанка). У душы, гарыць агонь нуды — пануры, чорны (М.Багдановіч). У кожным сэрцы, Гняздзіцца птушка — зязюля, чайка, Жаўрук ці пліска, — А ў маім — фенікс, І я штодзённа З агнём смяротным мяжую блізка (М.Танк). Міхал Тварыцкі некалькі момантаў маўчаў, не зводзячы вачэй з Скуратовіча. Гэтыя моманты былі момантамі вельмі яснай работы думкі, і думка бесперапынна падагравалася страшэнным агнём з самай глыбіні чалавечай істоты (К.Чорны). Я закусіла на вуснах жаху немы гук, калі тупы агонь пацёк па жылах (М.Арочка). Ганна зірнула яму ў вочы і ўбачыла ў іх хцівы агонь (М.Машара). Вочы дзяўчыны бліснулі халодным агнём (І.Мележ).

III. Цвіценне. Пра тое, што мае колер агню, полымя: барвовы, белы, блакітны, брыльянтавы, гарача-аранжавы (аўт.), жоўты, зялёны, мяккі, пахучы, пяшчотны, сіні, чырвоны  асенні, халодна-сіні, халодны.

І журавіны агнём барвовым Сярод праталінаў палымнеюць (М.Танк). Вясной птушыны звонкі лёт І белы па садах агонь, І, як дзявочы карагод, Чаромхі кругам ля акон (П.Броўка). Ён [лубін] цвіце агнём блакітным, Незвычайным, ад яго Цеплыня ў кустах ракітных (М.Танк). Увесь луг успыхнуў раптам такімі ж самымі брыльянтавымі агеньчыкамі — ад халодна-сіняга да гарача-аранжавага (Я.Сіпакоў). Сасна ярчэй запалала агнём зялёным (П.Панчанка). А ён [куст бэзу] расцвіў, агнём гарыць, Такім пахучым, мяккім, сінім (М.Танк). Прабіваюцца з зямлі першыя, яшчэ кволыя травінкі, пяшчотнымі агеньчыкамі загараюцца зорачкі першых кветак: на ўзлеску — сіняватыя пралескі, на балоце — лотаць (В.Жуковіч). Дагарае лісце, дагарае ў халодным асеннім агні (В.Жуковіч).

IV. Стральба, абстрэл: бурны, гвалтоўны, густы, жахлівы, жорсткі, жудасны, злавесны, знішчальны, кінжальны, крывавы, помслівы, пракляты, пякельны, сакрушальны, смертаносны, смяротны, ураганны, шалёны, шквальны.

Паказаліся машыны ворагаў, і партызаны сустрэлі іх густым агнём (І.Шамякін). Гвалтоўны агонь мінамётаў... накрыў лес (Я.Брыль). Жахлівы агонь мінамётаў прымусіў партызан залегчы (А.Карпюк). Камандзір насіўся ўздоўж лініі фронту пад жорсткім агнём (Я.Брыль). Пад страшным знішчальным агнём на захад ішлі батальёны (К.Кірэенка). Новікаў з адчаем падумаў, што страты пад кінжальным агнём праціўніка будуць страшэннымі (М.Ткачоў). Толькі ў адным месцы запынілася група салдат з двума афіцэрамі, паставілі кулямёты і адкрылі бурны агонь (Я.Колас). Ведай: роднае слова грымела У крывавым агні барыкад (Н.Гілевіч). Падалі зялёнымі мяшкамі Ворагі пад помслівы агонь (А.Русецкі). Пракляты агонь вайны яе [Хатынь] забраў у звонкіх песень вясны (В.Жуковіч). Немцы адкрылі з усіх відаў зброі пякельны, сакрушальны агонь (А.Карпюк). Раззлаваныя эсэсаўцы адказалі ўраганным агнём (І.Шамякін). Шквальны агонь нямецкіх кулямётаў паклаў аўтаматчыкаў на голым, умерзлым ад ранішняга марозу палетку (В.Быкаў).

@

АДЗІНОТА (адзіноцтва). Дарожная (аўт.), велічная, салодкая (аўт.), ціхая  адчайная, безнадзейная, бязлітасная, бязрадасная, вострая, воўчая, глухая, глыбокая, горкая, доўгая, жудасная, журботная, зацятая, злая, змрочная, калючая, людная (аўт.), магільная, мёртвая, мітуслівая (аўт.), неадліпная, невыносная, нудная, поўная, пустая, пякучая, самотная, санлівая, сіроцкая, сляпая, сонная, страшная, сумная, тужлівая, усеабдымная, халодная, цягучая, шчымлівая, шэрая.

Ды дзяцел вырваўся і паляцеў... Каб толькі як быццам гулліва, але ж дзеля хлеба, упарта і майстравіта, абстукваць ствалы і галіны. Нібы просіцца гэтым сяброўскім, сваяцкім пастукваннем у дзверы нашай лясной або дарожнай адзіноты (Я.Брыль). Сосны стаялі ў велічнай адзіноце, думалі сваю лясную думу (В.Карамазаў). Гэтая салодкая адзінота, гэтае адчуванне дзіўнай загубленасці ў сусвеце паяўлялася ў Васько ў такую раннюю пору (А.Асіпенка). Душа поўнілася ціхай адзінотай (К.Каліна). О не паддайся дробязнай згрызоце. Вучы сябе, будзі свой мужны дух І не кажы ў адчайнай адзіноце, Што свет да справядлівасці аглух (Я.Янішчыц). Безнадзейная, бязлітасная адзінота гняла, адбірала волю (К.Чорны). Яна пакінула скардзіцца на воўчую адзіноту ляснога хутара (К.Чорны). Яе [Мар’янку] ахапіла вострая, глухая адзінота хутара (Я.Колас). Пра іх [людзей] і песень не спяваюць, Апроч вятроў, што нудна ў плоце Зімой у горкай адзіноце Халодны снег нясуць-здзіраюць (Я.Колас). [Захар] цяпер канчаткова паверыў, што перамагае горыч доўгай і тужлівай адзіноты (А.Савіцкі). Адчую калючую адзіноту і давер дзіцячы (Я.Янішчыц). У люднай адзіноце, у шчасця на краю, На перасмяглай ноце — замоўкнуць салаўю (С.Гаўрусёў). Прыехаў сябра. Жонка на рабоце. У мітуслівай нейкай адзіноце Мы бавім час (М.Стральцоў). Гэта была магільная адзінота, але чалавек аставаўся жывы (К.Чорны). Пазычу пёрынку з крыла У заблукалае арліцы, Каб лёгка, дзёрзка мне ўзляцець Над неадліпнай адзінотай (Р.Баравікова). Патухлі агні, і Саўка апынуўся ў поўным адзіноцтве... (Я.Колас). Вяртацца дахаты, у тую сваю пякучую адзіноту, Алаізе не хацелася (В.Коўтун). Раззброеная адзінота, свае ўсе рэчы забяры! (С.Ліхадзіеўскі). Конь вараны... З нетутэйшае стараны, Дзе ў сляпой адзіноце бліскі Выкрасае пануры агонь (М.Стральцоў). Сонная сляпая адзінота Алазані ўзлеглася на плечы (М.Хведаровіч). Страшэнная адзінота надакучыла Хадкевічу (А.Васілевіч). Седзячы ў сумнай адзіноце... думаў пра Таню... (І.Шамякін). Таму люблю да забыцця, Да ўсеабдымнай адзіноты — Зялёны парастак жыцця... (Я.Янішчыц). Упершыню ў гэтую хвіліну Максімка адчуў, што яго назаўсёды пакідае трывожны страх сіроцкай адзіноты (А.Якімовіч). Кругом стаяла празрыстае цяпло лета, замглёнае шчымлівай адзінотай... (В.Адамчык). Навокал ні душы, толькі халодная трывожная адзінота пагранічнага горада (ЛіМ). Пакуль на скверы выплачуцца вербы, Мне не пазбегнуць адзіноты шэрай (П.Панчанка).

@

АКНО (вокны). 1. Пра колер, памер, форму, асветленасць, стан і інш.: агністае, асветленае, блакітнае, вялікае, далёкае, зялёнае, круглае, малюсенькае, невялікае, паяснелае, светлае, сіняе, трохстворчатае, шырокае, яснае  дзіравае, дробнае, закратаванае, замурзанае павуцінай, крывое, курнае, мутнавата-шэрае, нізкае, сляпое, цёмнае, цьмяна асветленае.

Як радасна бачыць Між цёмных руін Агністыя вокны Вячэрніх вітрын (К.Кірэенка). З вялікіх асветленых акон грыміць радыё (Я.Брыль). З грудка мне відаць і ўсё чутно: І трактар дзесь з-за Балачанкі, І гром сталёвае крыланкі, І спеў дзявочы з Беразянкі, — А неба ўсцяж — блакітнае акно (Я.Колас). Блішчэў агеньчык у дробным акенцы (К.Чорны). Свяцілася зялёнае акно, І трапяталі цені над ліствой (А.Пысін). Малюсенькае чыстае аконца, А глянеш з хаты — як дзівосна ў ім (П.Макаль). Міхась прадзьмуў у абмерзлай шыбе акна невялікае круглае акенца (Я.Брыль). Вялікія, светлыя вокны з белаю шалёўкаю і такімі ж аканіцамі прыветна глядзелі на вуліцу (Я.Колас). Толькі на світанні, калі ў паяснелыя вокны глянуў звычайны, такі знаёмы свет... штосьці варухнулася, ажыло ў ёй [Ганне] (І.Мележ). У шырокім трохстворчатым акне, перад якім стаіць мой рабочы стол, — як у вялікай раме, — светлая, глыбокая карціна (Я.Брыль). Рашчэня адчыніў шырокае акно свайго кабінета (І.Шамякін). Жыццё я не зблытаю з сонечным ззяннем, Бо гэтулькі колераў мае яно! З маленства яно прада мною пытаннем Паўстала праз яснае тое акно (П.Макаль). А ўзімку дзіравыя вокны і столь іхняй хаты зацягваліся калючай скарынкай шэрані, нават здалёк ад якой дубянелі рукі (Я.Брыль). Пакой малы, вузкі... Адно закратаванае акно і двое дзвярэй (І.Навуменка). [Маці] пачала маліцца на ўсход сонца, найчасцей у каморцы, перад цьмяным, замурзаным павуцінай акенцам (Я.Брыль). Курныя аконцы — Каб святла хоць трошкі: Гэта нашы хаты, Хаты нашай вёскі (Я.Купала). [Дзед] глянуў на акно — яно было мутнавата-шэрым (М.Стральцоў). А праз нізкія аконцы, Як ночай, Хоць бы глянуць ясна сонца Не хоча (Я.Купала). Праз акенца сляпое Шэры дожджык глядзіцца ў хату (У.Караткевіч). Толькі аднойчы, пры цёмным акне, У задуменні мройным Неасцярожна згадаеш мяне... (Н.Мацяш). [Васіль і Пецька] раптпам апынуліся перад чатырма цьмяна асветленымі вокнамі (К.Кірэенка).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (акна): вясёлае, дарагое, матчына, мілае, незабытае, незабыўнае, нягаснучае, нядрэмнае, панаднае, роднае, ціхае, чуйнае, чыстае  адзінокае, заплаканае, пакрэсленае, прыплюшчанае, сумнае, чужое.

У вокны чыстыя, вясёлыя Глядзіцца молада зара (А.Бачыла). Людзям хочацца песні звонкай Не пра мудрасць высокіх пасад, А пра сінія матчыны вокны. І пра раніцу, і пра сад (Г.Бураўкін). Сотнямі мокрых парасонаў правісае вінаград, За заплаканым, як доля, за пакрэсленым акном (У.Караткевіч). Аднак таго таямнічага мітраволю няма. І вокны сумныя, заплаканыя... (Я.Брыль). У кожнага з іх [юнакоў] было сваё дарагое, незабыўнае акно роднага дома (ЛіМ). То ластаўкаю першай, то рабінай Пастукаюся ў чуйнае акно (Я.Янішчыц). Мой сон пудлівы да цябе плыве. З чужых краёў да вокан незабытых Яго ўспамінам ціхім занясло (Г.Бураўкін). Акно маё прашчупвае лакатар Чужога і нядрэмнага акна (Я.Янішчыц). Вяртаюся з дарогі ў позні час Да родных, да нягаснучых акон (П.Макаль), Заплаканыя вокны спахмурнелі (Г.Бураўкін). [Хата] наўкруг пакрытая саломай, зялёнай ад моху, нізка насунутай на малыя, прыплюшчаныя вокны (Я.Брыль). У хаце ёсць пакойчык чысты, А вокны светлы і панадны (Я.Колас). Нявесела пазірае адзінокае акно, што выходзіць у бок поля (Я.Колас).

@

АЛЕШЫНА (вольха). Барвова-агністая, высокая, вялізная, густая, задумлівая, ліпкая, маладая, пышная, разложыстая, раскошная, рослая, роўная, стройная, тоўстая, цёмна-зялёная  дзябёла ўпасвеная (аўт.), дзябёлая, зваленая, нізкарослая, старая, шурпатая.

За полем пачынаўся гай. Барвова-агністыя алешыны ў перамешку з залацістымі бярозкамі (А.Якімовіч). Сям-там пракідаліся высокія, пышныя алешыны (Я.Колас). А вада бурліць унізе, гамоніць несучы вялізныя алешыны і сосны, вырваныя дзесьці з карэннем (М.Ваданосаў). На балоце між густых алешын пасуцца авечкі (І.Грамовіч). На гэты лужок, што схаваўся сярод задумлівых алешын, ён натрапіў зусім выпадкова (Я.Сіпакоў). А знізу гэты лес кашлаты Меў зелянюсенькія шаты Лазы, чаромхі ці крушыны, Алешын ліпкіх... (Я.Колас). Зусім на доле дарожку перабягаў невялікі ручай, які цурчэў з-пад маладой алешыны (П.Броўка). Разложыстая высокая алешына не раз бачыла, як алешына з другога берага кідала сваё насенне проста ёй пад ногі (Я.Колас). Глядзяцца ў чыстае вадзяное люстэрка... рослыя стройныя алешыны (Р.Мурашка). Высокія, роўныя вольхі раслі сем’ямі (І.Шамякін). А навокал... тоўстыя, як дрэвы, як лес, алешыны (Я.Сіпакоў). Праз многа год, успамінаючы выпадкамі тое далёкае лета... я заўсёды бачу... гэтую хвілю, калі нізка над цёмна-зялёнымі алешынамі ляцеў дзікі голуб (В.Адамчык). Пад абрывам, бліжэй да ракі, высяцца старыя, дзябёла ўпасвеныя алешыны (Я.Брыль). Над тым дрыготкім месцам, дзе ляжаў тады Мікіта Мінавіч, нейкім чынам вісела перакладзінай зваленая алешына (А.Кулакоўскі). Нізкарослыя вольхі з кожным крокам да іх выцягваліся, шырэлі (А.Савіцкі). Прыладзіўшыся на беражку ручаіны на гнуткіх каранях шурпатай старой вольхі, Наста мыла бінты (А.Савіцкі).

@

АСІНА. 1. Пра ўзрост, колер (асіны), пра яе крону, ствол: векавая, высозная, гонкая, круглаверхая, мажная, маладая, пасівелая, разгалістая, серабрыстая, чырвоная  амаль абляцелая, старая.

Пад асінай векавой сеў дудар (Я.Купала). Высозныя асіны адчувалі сябе поўнымі гаспадарамі, хаваючы пад сабой густыя непралазныя хмызнякі (М.Лынькоў). Трымцяць гонкія асінкі (С.Грахоўскі). А круглаверхія асіны Разносяць нейкія навіны (Я.Колас). У мажнай дрыготкай асіне Кроў і мая цячэ (Н.Шклярава). Паблізу, амаль да самага кювета, падышла маладая асіна, нявопытная модніца ў бурачковым уборы (Я.Брыль). Узнялі свае галіны, К небу ўскінулі чубы Пасівелыя асіны, стогадовыя дубы (М.Смагаровіч). Да горада вяло шасэ, абсаджанае старымі разгалістымі асінамі (І.Мележ). Пасярод баравіны спадзіна: цэлы статак серабрыстых асінак пасецца там (М.Стральцоў). Прыгадала мне чырвоная асіна здрадніцу з душой акамянелай (А.Бялевіч). Паабапал яе [сцежкі] стаялі амаль абляцелыя асіны (У.Караткевіч).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (асіны): гаманлівая, дрыготная, магутная, няўмоўчная, прывабная, стройная, трапюткая, трапяткая, шапатлівая, шумная, юная  азяблая, голая, горкая (нар.-паэт.), вечна трывожная, вятрамі абсвістаная (аўт.), кволая, маркотная, нерэабілітаваная (аўт.), перадрогшая (аўт.), сіратлівая, сонная, стракатая, сумная, трывожная.

З гаманліваю асінай вецер шэпча на пакошы (М.Хведаровіч). Ігліца, якую сасна церушыла, І кожная ветка дрыготкай асіны — ўсё дыхала, пахла, хмяліла любоўю (А.Пысін). Шалясцелі няўмоўчныя трапяткія асіны (М.Лынькоў). Асіна, стройная, нібы абабітая цынкам, шумела ўжо зусім голымі галінамі (І.Мележ). У дальні свет шырокія дарогі, Асін трапюткіх нечаканы ўздых (У.Караткевіч). Задумліва шалясцела юная асінка сваімі зялёнымі лісцікамі (Я.Колас). Насустрач дню азяблыя асіны Працягваюць вільготныя лісты (П.Панчанка). І цяжка адразу паверыць... Што голыя мокнуць асіны, Што з клёнаў апалі лісты (С.Грахоўскі). Няхай вар’яцее Цемраная сіла, На далечы сцеле туман, — Фашысцкаму змею Тут будзе магіла — Пад горкай асінай курган (Я.Колас). Шапацелі вечна трывожныя асіны (А.Чарнышэвіч). Трапеча яна [асіна]... Кожным лісточкам дробным Б’ецца і ў спёку ў азнобе — Вятрамі абсвістаная, Нерэабілітаваная (А.Пысін). Ды шумяць каля дарогі Перадрогшыя асіны (М.Танк). І гнёздаў птушкі тут сабе не ўюць, Галеюць сіратлівыя асіны (Л.Забалоцкая). Дрэмлюць сонныя асіны Над бліскучаю ракой (А.Гурло). А стракатыя асіны, магутныя і разгалістыя, шапацелі на сонцы яркай чырванню, хоць ветру зусім не было, і здалёк здаваліся вялікімі палаючымі паходнямі (Я.Колас).

@

БАРАВІК (баравікі). Белагаловы, беланогі, бурштынавы, жаўтлява-белы, жоўты, карычнева-чорны, карычнева-чырвоны, карычневы, рудагаловы, смуглявы, цёмна-карычневы, цёмны, чарнагаловы, чорны; вільготны, вялікі, халаднаваты; малады, маладзенькі; добры, крамяны, крохкі, моцны, мясісты, пахучы, пузаты, румяны, тугі, цвёрды, ядраны; горды, пяшчотны, сімпатычны, хітры.

Найбольш адорвае хлопчыка белагаловымі, схаванымі ў шчыльнай шорсткай траве баравікамі невялікая паляна (І.Навуменка). Пад дубамі, дзе ніхто не спадзяваўся, выраслі вялікія беланогія баравікі (І.Навуменка). За якую гадзіну мы з бацькам нарэзалі крамяных, бурштынавых, адзін у адзін баравікоў (І.Шамякін). Зашыўся ў мох, цікуючы за мною, Баярын бору — горды баравік (Я.Янішчыц). Пападаліся дзе-нідзе ля дарогі на ўгрэвах баравікі, жаўтлява-белыя пад нізам і нібы пакалупаныя нечым зверху (М.Стральцоў). Беларус любіць [лес]... Любіць паўночныя саснякі з імхом, што расшыты каралямі брусніц і чарніц, што лілавеюць верасам, у якім сядзяць сімпатычныя таўстуны — карычнева-чырвоныя і карычнева-чорныя баравікі (У.Караткевіч). Грэх на душы, калі ў імшастых травах, Апроч мяне, не знойдуцца нікому Крамяныя мае баравікі (Я.Янішчыц). Зімой яна [шапка] была ў самы раз, а летам... зручна было набіраць у яе суніцы ці крохкія і пахучыя баравікі (М.Лынькоў). На імшысты пагорбак поруч са сцежкаю залез малады баравічок (У.Арлоў). Пад апалым лісцем яму [Петраку] удаецца знайсці некалькі добрых маладзенькіх баравічкоў (І.Навуменка). Пятрок сыходзіць са шляху і вачам не верыць: на травяным доле, проста на дзёрне, сядзяць вялікія і моцныя, як капыты, баравікі (І.Навуменка). Пад разложыстымі елкамі выглядалі з пушыстага моху цёмныя мясістыя баравікі (З.Бандарына). Паклон табе, рудагаловы Крамяны друг — баравічок! (К.Кірэенка). Абышоў я і сасоннічак, і бярозку, і рудыя бароды рэдкага верасу... Неаднойчы браў тут тугія, смуглявыя, аж чорныя баравікі (М.Стральцоў). Крамяныя, румяныя Стаяць баравікі (П.Панчанка). На невялікім лапіку сярод лесу, як сорак, як, відаць, сто год назад, прабіваюцца пяшчотныя баравічкі (І.Навуменка). Трэба было бачыць, з якім задавальненнем нёс Якуб Колас з лесу поўненькі, з каптуром, кошык чарнагаловенькіх баравікоў (П.Броўка). Баравік... вылез між каляін. Цвёрды, спадыспаду нібы абсыпаны мукою, крамяны, як сыр (У.Караткевіч). Непадалёк пад сасонкай тырчэлі з моху яшчэ два [баравікі], крыху меншыя, ядраныя, з цёмна-карычневымі галоўкамі, халаднаватыя і вільготныя (А.Варановіч). Тут трэба быць пільным: у ім [верасе] заўсёды хаваюцца хітрыя баравікі (І.Капыловіч).

@

БЕЛАРУСЬ. Велічная, гордая, дарагая, мілая, родная, пяшчотная; белая, сінявокая, сіняя; баявая, добрая, маладая, мужная, прасторная, працавітая, прыгожая, святая, узгоркавая, урачыстая, юная; баравая, завадская (аўт.), зубрыная (аўт.); сённяшняя, старажытная, шчаслівая.

Пранікніцеся любоўю да маёй роднай Беларусі, людзі. Велічная і гордая, яна таго вартая (У.Караткевіч). Мы раз’едземся дарогамі Беларусі дарагой, Каб настаўнікамі строгімі Стаць на шлях працоўны свой (Н.Гілевіч). Малюнкі мілай, роднай Беларусі! Антон і Соня адносяць далей свае чамаданы. (А.Пальчэўскі). Я ўпершыню так далёка ад родных мясцін. І ты мне прабачыш, аміка, калі я раптам заплачу... Гэта — ад радасці, што ёсць на свеце мая пяшчотная, працавітая, мужная Беларусь! (Я.Брыль). Белая ад поўні Беларусь, сіняя ад знічак Беларусь верыла стагоддзямі баёў у шчасце неадкрытае сваё (С.Панізнік). Неба чыстае і глыбокае, І бярозавы ціхі гай... Беларусь мая, сінявокая, Беларусь мая, родны край (У.Карызна). Гордай, баявой і працавітаю, Ганарымся мы табою [Беларуссю] усе (П.Панчанка). Ты [Беларусь] песні мае разбудзіла, Чую я на сабе цеплыню тваёй матчынай ласкі, Мая родная, добрая, сон мой з дзіцячае казкі (К.Буйло). Мне здаецца, з першым промнем сонечным Я цябе [Беларусь] пазнаў і палюбіў Гэткай маладой, прыгожай, сённяшняй У разліве неабдымных ніў (П.Панчанка). Тваіх пажарышчаў і дыму Хоць рэшту горычы ўбяру, Мая жалобная радзіма, Мая святая Беларусь! (В.Вярба). Ты [Беларусь] уздымаешся... урачыстпая,... Мужная душой і сэрцам чыстая (П.Панчанка). Ты [Беларусь] стаіш пад сонцам юнай і шчаслівай (К.Буйло). Пазнаю цябе [Беларусь] юнаю і старажытнаю, У сузор’ях агнёў і ў паводках бяроз (Г.Бураўкін). Гэта Нёман разліўся бязмежна на грудзях Беларусі прасторнай (П.Трус). Вось на трактары бацька: Сціскаючы, руль, Пабуцвелыя межы зрывае, Вось са стрэльбай ідзе — Каб жыла Беларусь, Наша ўзгоркавая, баравая (Н.Гілевіч). Ты стаіш Беларусь, завадская, зубрыная... Я пясчынка твая, Я — крывінка твая (Г.Бураўкін).

* Маці-Беларусь.

Самым святым пачуццём Максіма была любоў да Радзімы, да маці-Беларусі (Г.Бураўкін).

@

БЕЛЬ (белізна). Адгладжаная, блішчастая, густая, дзіўная, зіхатлівая, зіхоткая (разм.), іскрыстая, лебядзіная, мройная, некранутая, нечаканая, нечапаная, свежая, снежная, хрупастка-чыстая (аўт.), чыстая, яркая, ясная  асляпляльная, дакучлівая, калючая, сляпучая (разм.).

Адгладжаная бель з канца ў канец, Уробленая водамі прастора (Е.Лось). Каламажка з альхоўнікам, здавалася, не стаіць на месцы, а коціцца па дзіўнай і нечаканай, але густой і блішчастай белі (А.Савіцкі). На зіхатлівай белі агарода сцежка была ўжо добра прыкметная (Я.Брыль). Зіхоткая бель бяросты быццам вылузвалася з зямлі і паўзла ўгору (А.Савіцкі). І аднойчы, на самым золку, раптам пасвятлее ўсё, азорыцца іскрыстай чыстай беллю (Л.Дайнека). Першы выезд у лес на санях. Хораша ўсё гэта выглядае, калі на шэрую зямлю, на лёд ракі... пасцелецца вялізнае палотнішча іскрыстай снежнай белі! (Я.Брыль). Залягла, як пасцель, Лебядзіная бель На загон, на курган. І кажан, і груган Занямеў не на смех: Гэта снег, толькі снег (Я.Купала). Між гэтай некранутай белі вада пасярэдзіне здавалася густой і чорнай, як дзёгаць (І.Мележ). Яму [Алегу] падабалася першым пракладаць след па гэтай нечапанай белізне (Я.Сіпакоў). Захар глядзеў... на густое ззянне над цёмным лесам буйных і блізкіх зорак, якія... скатваліся ў мройную бель (А.Савіцкі). Ажно вочы слязіліся ад свежай белі (Т.Хадкевіч). Бяда ўжо будзе лыжніку. Яму так схочацца хутчэй туды, дзе беллю Хрупастка-чыстаю азначана лагчына (М.Стральцоў). Вочы міжволі заплюшчваліся ад яркай белізны снегу (Я.Бяганская). Асляпляльная, калючая белізна снегу адбірала вочы (ЛіМ). А навакол толькі снег бязмежны з яго сляпучай белізной (У.Караткевіч).

@

БЕРАГ (берагі). 1. Пра знешні выгляд, колер, покрыў і інш.; пра аддаленасць берага: абрывісты, высокі, далавы, крохкі, круты (нар. -паэт.), нізкі, пакаты, пахілены, пойменны, пясчаны, роўны, спадзісты, стромісты, стромкі, стромы, сухі, цвёрды, шырокі  багністы, балоцісты, бурны, вільготны, вытаптаны, гарбаты, заінелы, зыбкі, мёрзлы; аранжавы, белы, жоўты, залаты, зялёны  цёмны; мурожны, травяністы  голы, нагі, пустынны, пустэльны; блізкі, далёкі, дальні.

Прыдняпроўе ўражвае абрывістымі берагамі рэк, раздоллем лугоў і ніў (В.Ждановіч). [Алесь] захапляўся высокім абрывістым берагам (П.Броўка). Ёсць у мяне глыбінная туга Па далавых і ціхіх берагах (Я.Янішчыц). Крохкі бераг, на якім расла яна [алешына], не стрымаў цяжару, падаўся (Р.Мурашка). Падхапілі, узялі гусляра-старыка, Гуслі разам яго самагуды. Па-над бераг круты, дзе шумела рака, Павялі, паняслі на загубу (Я.Купала). Уся ў нізкіх берагах... Прыпяць выцякае з пінскіх трысняговых балот (В.Ждановіч). Берагам пакатым ходзіць Ева — Заатэхнік нашага сяла (Я.Янішчыц). На пахілены бераг прысядзь, Што падмыла вадою быстра (Я.Янішчыц). [Аляксей] не помніў, колькі часу ляжаў тут, на сухім пясчаным беразе (І.Шамякін). З роўных, як панацягватыя струны, берагоў глядзяцца ў чыстае вадзяное люстэрка ракіты (Р.Мурашка). Берагі Прыпяці нізкія, спадзістыя (Б.Сачанка). На стромкі бераг узышоў Купала, І песня за вянкамі паплыла (С.Грахоўскі). Левы бераг Прыпяці стромы (Б.Сачанка). Гэй, сябры, гэй, ручаёчкі! Дружна разам пабягом. Гайда, гайда ў свет, браточкі, К тым шырокім берагом! (Я.Колас). На берагах рэчкі — багністых і зыбкіх — слалі адно ля другога бярвенні, на вадзе збівалі мост (І.Мележ). Берагі рэчкі травяністыя, балоцістыя, улетку яны так зарастаюць травой, што і зблізку не відаць вады (І.Шамякін). Я з літвінкай стрэўся маладой, з рыбачкай, што мяне зачаравала Вачэй блакітам, голасам сваім. Хаця б яе няшчасце не спаткала На гэтым бурным беразе марскім (М.Танк). Свячэнне крыл, і лугу, і вады, Сляды на беразе вільготным (А.Пысін). Ад ветру ён [жолуд] увосень трапятаў Паміж лістоў пакручаных і шэрых, Хапаўся за галінкі і ... упаў На заінелы, вытаптаны бераг (С.Грахоўскі). З-за павароту выступілі жоўтыя пясчаныя гурбы перад Прыпяццю і наводдаль круты гарбаты мазырскі бераг... (І.Мележ). Павольна бераг мёрзлы асядае (А.Пысін). Над абрывам, на высокім, пагорбленым беразе — сосны (Я.Брыль). Маёй душы тут не зняверыць Ні бору шум, ні рэчак звон І ні ў рамонках белы бераг (А.Бачыла). Быў свет адпушчаны, як мера, Незразумелая табой, Як залаты ў палёце бераг На стылы восеньскі прыбой (В.Вярба). Спадзе вада, пакажуцца зялёныя берагі на старарэчышчы (М.Ваданосаў). Узняўся цёмны бераг, Як уцёс над плынямі пратокі (А.Звонак). Я піў рачную плынь кіпучую, Шум хваляў дальніх берагоў (М.Танк). Падыходзіць падарожны. І на бераг на мурожны Прагна воду дастае (Я.Колас). На Украіне берагі Дняпра нагія (У.Караткевіч). Вось і бераг, пакаты, пустэльны (М.Ваданосаў). Можа, недзе жыў твой бацька, Саша, і няпраўда, што забіты паў ля пустынных берагоў Сіваша... (М.Танк). І сэрца, можа быць, спачыне ля блізкіх родных берагоў (А.Бачыла).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (берага): доўгачаканы, духмяны, жаданы, задумлівы, запаветны, звонкі, зыходны, казачны, малады, маляўнічы, надзейны, родны, светлы, сонечны, спакойны, сцішаны, цёплы, ціхі, шаўкавісты, ясны  глухі, дзікі, журботны, засмяглы (аўт.), змрочны, маўклівы, нямы, салёны, сонны, тлумны, чужаземны, чужы, шумлівы.

За прамяністымі маякамі маленства схаваўся ў сініх незабудках духмяны стромісты бераг (К.Кірэенка). Усё далей ад хлопцаў цвёрды, надзейны і такі жаданы бераг (Я.Курто). Я навек удзячны ёй [дзяўчыне] за летуценныя вандроўныя дні, за казачны бераг, за пачуццё трывожнай недаступнасці шчасця (К.Кірэенка). А мы на бераг малады плылі, Ад радасці святлелі і смялелі (А.Пысін). Даруй жа мне, Свіслач, даруйце, маляўнічыя берагі вадасховішча ля Вяззя, даруйце, што не магу тут спыніцца (К.Кірэенка). Сэрцам я заўжды на родным беразе — З яго лугамі, нівамі, лясамі (Н.Гілевіч). Бераг Свіслачы заходні, Жэня, — бераг твой зыходны, бераг светлы, цёплы, родны, бераг стрэч, надзей, любві (В.Жуковіч). Так я чакаю і веру, Моўчкі жыву між людзей. Б’ецца аб сонечны бераг Ветразь маіх надзей (В.Вярба). Голас яго [Багдана] шырока разлягаўся над вадой і сцішанымі берагамі (А.Савіцкі). І цёмна-зялёныя хвалі... узмывалі, каціліся ў моры, адна за адной набягалі на дзікі, абрывісты бераг (М.Багдановіч). На беразе засмяглым бестурботна Аб нечым ціха шэпчуць кавылі (Р.Барадулін). А вецер, мой друг, што з’явіўся з радзімы, З лагодай і ласкай ляціць па-над морам І радасны ўздых мой нясе, як вітанне, Да змрочных глухіх берагоў Скандынавіі (К.Кірэенка). Над вадою граюць пераправы, уздрыгваюць нямыя берагі (А.Пысін). І зноў ступлю на бераг той салёны, Твае сляды на дзюнах даганю (А.Пысін). Узмах вясны І сонны бераг Адразу пачынае жыць (П.Глебка). Глядзіць у затуманеныя воды З амерыканскіх тлумных берагоў Адбітак пальцаў статуя Свабоды, Аглухлая ад звону ланцугоў (П.Макаль). А больш за ўсё я узненавідзеў Стальныя звенні якароў, Што прыкавалі нас на тыдзень Да чужаземных берагоў (М.Танк). Берагі, чужы і родны, ты злучыла ў лёс гаротны (В.Жуковіч). А чаму не паслаць было чаіц Да шумлівых тваіх берагоў (М.Стральцоў).

@

БЛАКІТ. Светла-сіні колер; чыстае яснае неба. Бясхмарны, крыштальны, празрысты, светлы, халодна-чысты, чысты, шкляны, яркі, ясны; бяздонны, веснавы, вясёлы, глыбокі, гучны, дзівосны, дзіўны, неўміручы, першы, распалены, расплаўлены, сонечны, спакойны, трапяткі.

Далонямі сабраў лясную засень І белізну, што кінуў снегапад, Блакіт нябес бясхмарны і бяздонны (М.Танк). Усё, што бачыў ён [Слышэня] над сабою — і светлыя аблачынкі, і глыбокі, крыштальны блакіт неба, і ўгрэтыя сонцам кучы пяску... і вясёлы струменьчык вады, — усё гэта стала яшчэ больш прыгожае (М.Лынькоў). І гэты клопат, і яснасць дня, што ўставаў з празрыстым блакітам неба, з птушынымі спевамі, прытушвалі яго [Валодзеву] скруху (І.Мележ). Вада гусцее, набываючы шызы бляск і часам яшчэ востра адсвечваючы халодна-чыстым блакітам (М.Стральцоў). [Андрэй Міхайлавіч] глядзеў на белае кучаравае воблака, што павольна плыло ў чыстым блакіце (Э.Самуйлёнак). Гул вакзалаў у шкляным блакіце, Бесканечнасць рэек пазнаю (А.Пысін). Яркім блакітам праменілася далячынь (Т.Хадкевіч). Вось гэты дом — калі ўзняў ён дах Насустрач яснаму блакіту неба? (Н.Гілевіч). Я ў мыслях Узношуся вышай Чымгана, Туды, дзе звісае бяздонны блакіт (Я.Колас). Заходняя старана неба зіхацела першым веснавым блакітам (К.Чорны). Іван... расплюшчвае заспаныя вочы і першае, што бачыць перад сабой, — гэта яркі глыбокі блакіт пагоднага ранку (В.Быкаў). Над золатам дубоў, асін і бяроз сягае гучны блакіт неба (В.Жуковіч). І ў гэтым светлым дзівосным блакіце плылі адзінокія белыя аблачынкі (В.Быкаў). Далёка разлягаецца неўміручы блакіт нябёс (Я.Скрыган). Як шаблямі, на часткі Ля горнае ракі Сякуць крыламі ластаўкі Распалены блакіт (П.Панчанка). Зноў чэрвень вуліцы Масквы Заліў расплаўленым блакітам (М.Танк). У гэтым сонечным трапяткім блакіце звінела песня ляснога жаваранка (А.Савіцкі). Высока ўгары... сінеча пераходзіць у спакойны блакіт неба (Я.Сіпакоў).

@

БЛЯСК (блеск). Яркае асляпляльнае святло, яго адлюстраванне: агністы, брыльянцісты, вясёлы, гарачы, дзівосны, дзіўны, залаты, зіхатлівы, зорны, зялёны, іскрамётны, іскрыста-белы, іскрысты, любы, непагасны, нестрыманы, пераліўны, праменны, прамяністы, распалены, свавольны, серабрысты, сліпучы (разм.), срэбраны, трапяткі, чысты, яркі, яскравы, ясны  бледны, вадзяны, востры, вялы, зманлівы, кволы, нудны, панура-злосны (аўт.), раўнадушны, халодны, цьмяны.

Неба ж грозна пыша, ззяе, Бляск агністы разлівае, Паліць мрочную смугу (Я.Колас). Ходзіць дзед белабароды Полем, лесам, пералескам, Засцілае рэчкі лёдам, Брыльянцістым снежным блескам (Я.Колас). Быстрыя вочы знайшлі-такі ў вясёлым бляску залатой вады патрэбнае (Я.Брыль). Тым часам сонца выйшла ўгору... На землю шчодраю рукою Лье бляск гарачы і яскравы (Я.Колас). Яна [зорка] бесперастанку мігацела дзівосным бляскам (Я.Колас). Поле страціла залаты дзіўны бляск (З.Бядуля). Усё наваколле заліта пераліўным, зіхатлівым бляскам (І.Навуменка). У хмары месяц зайшоў, І бляск зорны патух (Я.Колас). Зялёным бляскам слепіць ціна (У.Паўлаў). [Вадзяныя струмені] то бурнымі хвалямі падалі на зямлю, то рассыпаліся пылам, ззяючы вясёлкавымі пералівамі ў іскрамётным бляску маланак (Т.Хадкевіч). Глянула [Алена] на неба — і аслепла ад іскрыста-белага распаленага бляску: сонца толькі-толькі бралася на захад (І.Мележ). Яна [песня] злівалася з тым, чым мы цяпер жылі, як зліваецца калыханка з гудзеннем малога ці з любым бляскам яго бяссонных вачэй (Я.Брыль). Люблю агонь, што нельга патушыць, Што свеціць іншым — непагасным бляскам (К.Буйло). Сказалі калісьці дзяды мне, хлапчыне, Што ходзяць начамі агні на балоце, Сказалі, што з нетраў, З глыбокіх аконцаў Увысь уздымаецца Бляск нестрыманы (П.Броўка). Над хваінкаю толькі-толькі ўзышло сонца. Ад яго промняў пераліўным бляскам ззяла раса (В.Жуковіч). Хмаркі ў небе аніводнай, Толькі бляск праменны (Н.Гілевіч). Маладосці дні адшалясцелі, Пацямнеў свавольны бляск вачэй (А.Звонак). Серабрысты, трапяткі бляск рыбы цешыў, як невядома што (І.Мележ). Угары... сліпучым бляскам ззяла сонца (А.Кудравец). Ноч абсыпала срэбраным бляскам Галіны стромкае сасны (А.Звонак). А на дварэ бурліць вясна, і капяжы, каля акна На сонцы ззяюць бляскам чыстым (К.Буйло). У яркім бляску спачывае На ракіце ліст (Я.Колас). Дзянніца зоймецца шчасліва, у ясным бляску і ў красе (Я.Колас). Хіба бляск убачыш бледны, Як ліхтар мігае (Я.Колас). Вочы [старога] свяціліся кволым, як бы нейкім вадзяным бляскам (Я.Скрыган). У высокім студзеньскім небе з вострым бляскам густа высыпаюць зоркі (В.Быкаў). Затое не чар пазалота, Не зманлівы бляск медаля — Работа, работа, работа Навек застанецца пасля (Г.Бураўкін). Свеціць лямпа нудным бляскам, А вакол — ціхутка! (Я.Колас). Яна [Наста] прыкмеціла, як увачавідкі чэзне ў яго [Шаплыкавых] вачах прыветнасць, набірае глыбіню панура-злосны бляск (А.Савіцкі). Праз шыбы бачны кавалачак сіняга неба ў халодным раўнадушным бляску шматлікіх зорак (І.Мележ). У акне неспакойна мільгаў цьмяны бляск газнічкі (М.Лынькоў).

* Бляск-дрыгаценне, бляск-ззянне, бляск-чырвань, бляск-чырвонцы.

На зямлю сырую Ціха ночка пала, Бляскам-дрыгаценнем Зорка замігала (Я.Колас). Праменні, стрэлы залатыя, Макушы лесу прабіваюць І бляскам-ззяннем высцілаюць нябёсаў багны патайныя (Я.Колас). Злавесны бляск-чырвань, як кроў, Варваўся ў пакой (Я.Колас). Сноп праменняў, пышна ўзняты, Сее бляск-чырвонцы — Гэта неба сцеле шаты На дарогу сонцу (Я.Колас).

@

БОЙ (бойка). Бітва, змаганне, барацьба: агнявы, адчайны, апошні, бязлітасны, бясконцы, вечны, вялікі, гарачы, гераічны, грозны, далёкі, доўгі, душны, жорсткі, жудасны, заўзяты, зацяты, заядлы (разм.), злашчасны, злосны, кровапралітны, крывавы, люты, маланкавы, моцны, напружаны, неміласэрны, няроўны, няшчадны, пераможны, перуновы, праўдзівы, працяглы, рашучы, святы, свяшчэнны, славуты, смяротны, справядлівы, суровы, упарты, цяжкі, ярасны (разм.), яры.

Славу нашай рэспублікі, Што здабыта ў баях агнявых, Берагуць, як святыню (П.Панчанка). Хай жа славяцца мужных двое! Павядуць яны за сабой Сотні тысяч новых герояў На апошні смяротны бой (П.Панчанка). Далёкі, бясконцы успамінаецца бой, Магілы пры кожнай дарозе (П.Панчанка). Больш дзесяці дзён ідуць бязлітасныя баі (М.Гамолка). Як мне здужаць ураган і вецер, Вечны мой, зацяты, страшны бой? Як мне, моцнаму, пражыць на свеце Без цябе, такой слабой? (У.Караткевіч). Увесь гэты дзень на подступах да пушчы кіпеў гарачы, няроўны бой (Я.Брыль). Дваццацігадовы юнак з першых дзён вайны трапляе ў пекла самых гарачых і грозных баёў (В.Вітка). Над рыжым лугам, над ракою Полісь Тры дні хрыпіць цяжкі і душны бой (П.Панчанка). Апошні бой... адбыўся ноччу, у лагчыне паміж вёскамі Тударава і Стрэльнікі. Жорсткі, няроўны бой (Я.Брыль). Яна [маці] падумала: “Як добра, што ўсё тут такое, якім і было, мабыць, пасля таго жудаснага і крывавага бою” (Б.Сачанка). Кровапралітны бой як пачаўся, дык і не сціхаў чацвёра сутак: немцы кідалі ў наступленне ўсё новыя танкі, новых салдат (І.Мележ). Беларусь мая, сонца! Ці ўдасца хоць дзецям Шчаслівага дня дачакаці Пасля мужнасці гэткай, Пасля столькіх крывавых баёў? (У.Караткевіч). Між нашымі танкістамі і ворагам завязаліся зацятыя баі (І.Мележ). Мы выйшлі на двор і ўбачылі заўзятую бойку двух шпакоў у паветры (А.Пальчэўскі). Быў люты бой. Кроў, разбурэнне (Я.Колас). Бой быў маланкавы, працягваўся меней хвіліны (У.Шыцік). І прырода наша разам з намі Грознымі адзначана баямі (П.Панчанка). Пасля доўгіх дарог і перуновых боек Захочацца салдату памаўчаць (П.Панчанка). Праўдзівы бой вядзе сумленне, Ваюе сэрца не без страт (А.Пысін). Панарама славутых баёў! Я не раз аглядаў іх (М.Танк). За жыццё сваёй краіны Мы ідзём на бой святы (П.Прыходзька). Бурліць на подступах к сталіцы Смяротны бой, крывавы вір (Я.Колас). Васіль... як звер, наскочыў на яго [лесніка]... і між імі пачалася смяртэльная бойка (Я.Колас). [Айчына] праз гора, праз пажары і пакуты Вяла ў суровы, справядлівы бой (С.Грахоўскі). Ён [Шутаў] апярэдзіў нямецкае наступленне, узяў ініцыятыву ў свае рукі і ў жорсткім, упартым баі прымусіў немцаў адысці (І.Мележ). Праз гора і страты ў няшчадных неміласэрных баях прыйшла наша Радзіма да светлай Перамогі (ЛіМ). Ёсць радасць і ў ярасным баі (Х.Жычка). У гневе ярай бойкі я перамог (У.Караткевіч).

@

БОЛЬ. 1. Пра сілу, інтэнсіўнасць, працягласць (болю): адвечны, бязмежны, бязмерны, вечны, даўні, дзікі (разм.), жорсткі, зацяжны, лёгкі, люты, моцны, неадступны, невымерны, невымоўны (разм.), невыносны, невыцерпны (разм.), незгасальны, неймаверны, непераносны, нестрыманы, несціханы, неўтаймаваны, нечалавечы, нясцерпны, пакутлівы, пякельны, стогалосы (аўт.), страшны, тысячагодні, шалёны.

Усё... адгукалася ў сэрцы даўнім-даўнім, мо нават нейкім адвечным болем, што жыве ў нас ад самага нараджэння (Я.Радкевіч). Арлоў з выразам бязмежнага болю на твары, паглядзеў праз акно (А.Карпюк). Даруй, Хірасіма, за боль твой бязмерны (А.Вярцінскі). Ты знаеш добра — з вечным болем Я нёс і славу... (К.Кірэенка). Яна [Анюта] ускрыкнула: у плечавых суставах паласнула дзікім болем (П.Місько). Зацяты боль, як дождж абложны, Неўтаймаваны, зацяжны (А.Лойка). Люты боль працяў усё цела, і ён [Слышэня] страціў адчуванне рэальнага (М.Лынькоў). І гэты неадступны боль... не даваў яму [Васіліку] спакою, не пакідаў нідзе, нават тут, у глухім лесе (А.Жук). Сэрца заходзіцца ад невымернага болю... (М.Танк). Невымоўны боль працінае плечы, тулава (“Беларусь”). Праводзіны выклікаюць смутак... і часам кладуцца невыносным болем на ўсё жыццё (Я.Васілёнак). Глядзіць ён на агонь той несвядома Да болю невыцерпнага ў вачах (А.Лойка). Пралілася песня цераз край, Чуў яе наш беларускі гай, І уторыць ціха песні той, Болем нестрыманым налітой (К.Буйло). Змардаваны на допыце... і пакутуючы ад несціханага болю, Шурка туліўся да вільготнай і халоднай сцяны (У.Мехаў). Спявайце, юныя паэты, Спяліце ў бурах пачуцця Неўтаймаваны боль планеты... (Н.Гілевіч). І ў сэрцы, не закутым у браню, Я адчуваю боль нечалавечы (А.Пысін). А тут яшчэ камень. Пазногці непрыемна скрабанулі па ім і, відаць, задраліся. Нясцерпны боль... (Б.Сачанка). Зайшлося сэрца несціханым болем, І раны разбалеліся ізноў, Што мацяркі ніколі ўжо, ніколі Сваіх не дачакаюцца сыноў (С.Грахоўскі). Зняможанасць, пакутлівы боль у галаве і ва ўсім целе затрымалі яе [Зіну] у дарозе (А.Кулакоўскі). Грудзі яго [Пшанічнага] маланкай пранізаў пякельны боль (В.Быкаў). На гэтай паляне стаяла калісьці вёска Хатынь... Стогалосы боль... ніяк не могуць супакоіць ні воля, ні сонца, ні час (Я.Брыль). Смыліць душа тысячагоднім болем, Не зарастае продкаў шлях быллём... (Л.Забалоцкая).

2. Пра характар (болю): востры, гарачы, дакучлівы, затоены, зацяты, злавесны, калючы, колкі, круты, крывавы, надаедлівы, надрыўны, негаючы, незразумелы, нявыказаны, нявыпакутаваны, пакутны, прыгаслы, пусты, пякучы, развярэджаны, скрыпучы, стары, сухі, ташнатворны, тупы, халодны, цвярозы, цягучы, шчымлівы, шырокі.

І гэта яго [сонца] ціхая ласка вострым болем тугі працяла людскія сэрцы (В.Быкаў). З вінтоўкаю кінуўся Палазок на афіцэра, але ў гэты момант адчуў гарачы боль у левым плячы (Я.Колас). Затоеным болем трывожаць асколкі І шрамы ваеннай пары (А.Пысін). Роўны рып палазоў, словы песні закалыхвалі, супакойвалі, праганялі калючы боль у плячы, у руцэ (М.Лынькоў). Захар узняўся... Рыпенне старых завесаў супала з колкім болем у сэрцы (А.Савіцкі). Так жа раптоўна болем крутым Прарасло падраненае ў лёце даверу крыло (Н.Загорская). А хлопец гаварыў, і голас яго зрываўся на дзіцячы ўскрык, у якім чулася нечалавечая крыўда, крывавы боль растаптаных мар, спадзяванняў (М.Лынькоў). Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем (Я.Брыль). Сціскаецца болем надрыўным душа (П.Глебка). Граў Сымон ужо нямала, А чаго ж яго рука Так прыўдала задрыжала Пад узлётамі смыка? О, каб мог агнём пякучым Ён ім душы апаліць, Болем вострым, негаючым Думкі іх усе авіць (Я.Колас). Адам гладзіў жонку па валасах з нейкім новым пачуццём замілаванасці, у якім ужо таксама было зараз многа незразумелага, нявыказанага і нявыпакутаванага болю (Я.Сіпакоў). ... У Алесінай душы, вялікім задушлівым клубком пераварочваўся развярэджаны даўні боль (В.Адамчык). За час свайго замужжа Ганна прывыкла таіцца, хаваць у душы і пакутны боль, і тугу, і надзеі (І.Мележ). У душы абудзіўся стары... зусім прыгаслы, затоены боль (А.Савіцкі). Перамагаючы пякучы боль у назе, камісар поўз, прыціскаючыся да бакавой перакладзіны маста (М.Лынькоў). Ды што з тых, хай нават мужчынскіх слёз! Адзін толькі боль, сухі, пякучы, цвярозы... (А.Вярцінскі). Абозы бежанцаў сонца схавала З дарожным скрыпучым болем (М.Танк). Ён [Макс] раптам адчуў тупы, ташнатворны боль у жываце (М.Гамолка). Ад нейкага халоднага тупога болю сэрца Сяргеева сціскалася кожны дзень (В.Адамчык). ... У згаладалых людзей пачыналі балець нейкім цягучым пустым болем жываты (В.Адамчык). Ціхім, шырокім болем поўнілася сэрца маці (“Маладосць”). У спапялелую ад гора душу байца дыхнула замілаванай шчаслівай мінуўшчынай яго дзяцінства, шчымлівым болем па ўсім тым, што перажыта... (В.Быкаў). Ты — маё шчасце і пакута, Радасць і шчымлівы даўні боль, Горкі водар недаспелай руты, Майскі мёд і на парэзах соль (С.Грахоўскі).

3. Пра пачуцці, хваляванні, выкліканыя болем: баладны (аўт.), гаючы, крылаты (аўт.), мужна стрыманы (аўт.), нечакана салодкі, пакутна-радасны (аўт.), прыемны, салодкі, светлы, свяшчэнны (аўт.), спелы (аўт.), цёплы, ціхі, шчаслівы (аўт.)  адчайны, безвыходны, глухі, глыбокі, гнеўны, горкі (нар.-паэт.), жахлівы, з’едлівы, злы, маўклівы, незагойны, неспажыты (разм.), нудны, нязбытны, няўцешны, пануры, прыкры, таемны, тужлівы, цяжкі.

І лес, і поле, і рака — Яны сааўтары паэта Ў стварэнні слова і радка. І, пэўна, ужо ад іх пачуў бы, Хто светла ўзвеяў земляку Баладны боль і смутак чуйны, Што ў тым жа слове і радку (А.Пысін). Бывае боль гаючы, Як траў карані (У.Някляеў). О, стань крылатым — боль зямных нядоль (А.Марціновіч). Мужна стрыманы боль, некрыклівую сілу, глыбокую думку апошніх вершаў Уладзіслава Бранеўскага мне добра адчуваць, успамінаючы сустрэчы з гэтым чалавекам (Я.Брыль). Ён [Глечык] заўсміхаўся і тужліва, з незразумелым, нечакана салодкім болем у душы доўга глядзеў у неба (В.Быкаў). У тое лета Хадоська як бы нанова пачула спеў жаваранка: цёплым, салодкім болем адгукалася ў ёй даўняя, такая звычайная калісьці песня (І.Мележ). Жыві, бяроза! ... Светлым болем, шчымлівай радасцю звіні... На гэтым свеце нас з табою Адны трымаюць карані (С.Законнікаў). Свяшчэнны боль па тых, каго не будзе болей з намі, не сціхне доўга... (ЛіМ). А спярша — Патрэбен плач, каб болем спелым Магла напоўніцца душа (Н.Гілевіч). Ранейшым пакутна-радасным болем заходзіцца сэрца (В.Быкаў). І радасцю і ціхім болем сэрца сынава шчыміць (В.Жуковіч). З гэтым шчаслівым болем за ўсіх і за ўсё горка і радасна адчуваць сябе літаратарам (Я.Брыль). Хрысця адазвалася не адразу, цярпліва, з адчайным болем памарудзіла (В.Адамчык). Чаму наогул у жыцці агіднае так часта змешана з высокім, часта ганебна — да безвыходнага болю? (Я.Брыль). Грудзі сціснуў глухі боль (І.Мележ). Глыбокі боль працяў грудзі, перахапіла дыханне (І.Пташнікаў). Не павярнуў ніхто і не паверне мой гнеўны боль — навечна ён жывы (К.Кірэенка). З горкім болем успамінала яна [Наталя] пражытае, даўняе (Я.Скрыган). [Захар] спасціг астуджаным розумам і новы боль, яшчэ больш жахлівы, чым той, які яму даводзілася перажываць (А.Савіцкі). Боль толькі, з’едлівы, прыкры, у спіне ўзмацніўся (Б.Мікуліч). Напаўнялася цяжкім злым болем галава (П.Місько). У цяжкім, маўклівым болю Вочы ў слёзах у малой (П.Броўка). Яна [памяць сэрца] вяртаецца часта незагойным болем... (М.Арочка). Думкі пра інстытут... прыносілі не радасць, а нудны боль у душы (А.Чарнышэвіч). Легла на сэрца гора нядольнае, Легла і мучыць, гняце, Ў думках замёрла жальба нявольная, Боль неспажыты цвіце (Я.Купала). Маці і брат, дзве найбліжэйшыя ў яго жыцці істоты, дзве прычыны яго пякучай тугі і няўцешнага болю няведання, сталі перад вачыма такімі, якімі Алесь іх бачыў апошні раз (Я.Брыль). Данута выразна паўстала перад вачамі, выклікала тужлівы боль (А.Карпюк).

* Смерць-боль.

[Глечыку] думалася, што вось-вось ад тых варожых машын загрукаціць чарга і смерць-боль праніжа яго цела (В.Быкаў).

@

БОР. Стары хваёвы лес.

1. Пра вышыню, гушчыню, колер, плошчу (бору): белы, бронзавы, высозны, гонкі; глухі, глыбокі, густы, дрымучы; залатаногі (аўт.), залаты, залаціста-ружовы (паэт.), зеленакрылы (аўт.), зеленачубы (аўт.), зялёны, кучаравы, меднастволы, медны, неабсяжны, светлы, сіні, смалісты, стромкі, стрункі (разм.), цёмнагрывы (паэт.), цёмна-русы (паэт.), цярністы, чарнагрывы (паэт.)  кашлаты, цёмны, чорны.

Сосны захутаны ў белыя шалікі, Белая мітусь у белым бары (Н.Гілевіч). Там, дзе дарогі беглі ўдалеч, У засень бронзавых бароў, Сыны шчэ многія чакалі Сваіх бацькоў з другіх краёў (П.Прыходзька). Высозны меднастволы, бор, з засені якога выбівалася рачулка, як быццам адчуваў і разумеў настрой маёй душы (К.Кірэенка). Сумёты раскінуўшы ў гонкім бары, Вязе лесавозы бульдозер (А.Александровіч). За Глускам у глухіх барах Яшчэ маё блукае рэха. І дзень суніцамі прапах, Даспелі першыя арэхі (С.Грахоўскі). Пакаціліся самі Цымбалы з высокай гары, Загулі галасамі І зніклі ў глыбокім бары (А.Куляшоў). Гэй ты, лес, хваёвы бор, Бор густы, высокі! (Я.Колас). Ася была ўжо далёка-далёка. Яна сядзела з татам на кані і ехала ў дрымучы, цёмны, бор (Я.Брыль). Залатаногі бор лье гул і водар смолкі, Глядзяць на белы свет скрозь мох баравікі (А.Звонак). Залатога бору грэбень Пахне шышкамі, смалой (М.Танк). Перад намі паўстаў прыгожы, велічны залаціста-ружовы старадаўні бор (В.Адамчык). А твая парадзела чупрына, Бор беларускі зеленакрылы (Р.Барадулін). Прыметнікамі бор здалёк прыкметны — зеленачубы, статны, залаты (В.Гардзей). Пад борам зялёным вёска стаяла (Я.Купала). А мне крышку сумнавата зараз... Расставацца з борам кучаравым (М.Аўрамчык). Меднастволы, як выліты, высіцца бор, Зацвітае на ўзлессі блакітны чабор (П.Панчанка). Для нас бор медны, неабсяжны Шчытом надзейным быў і хатай (М.Танк). Мы адшукалі шлях у родны край, І ў светлы бор, і ў густалісты гай (П.Панчанка). Адзін ты знаеш, дружа мой маўклівы, Які быў я ў цябе ў гасцях шчаслівы, Мой сіні бор, мой родны бор зялёны (Н.Гілевіч). І калі ў паходнай палатцы прысніцца мне Светлы гай з залатымі суніцамі, Плёскат сініх азёр на зары, Спеў драздоў у смалістым бары, — Тады гасне туга, адыходзіць самота... (П.Панчанка). Стромкі, сухі бор... песціць погляд сваёй цёмнай прытульнай зелянінай (М.Зарэцкі). Закрываецца стрункі бор доўгай чыстай старонкай дарогі (Д.Бічэль-Загнетава). Бор сасновы, цёмнагрывы, А за борам — сіні Нёман (М.Танк). Дзе ні глянеш — бары цёмна-русыя — Беларускай адзнака красы (А.Гурло). Хусткі дзяўчат на галовах цвітуць. Калі ж адцвітуць — маладзіцы нясуць... Зязюльчыны песні з цярністага бору (М.Танк). Бор сасновы чарнагрывы, а за борам — сіні Нёман (М.Танк). І заімшэлы, чорны бор кашлаты Пад нос бубнеў сваю лясную песню (В.Лукша).

2. Пра бор паводле яго веку, “узросту”: адвечны, векавечны, векавы, вячысты (паэт.), малады, спелы, спрадвечны, стагодні, старадаўні, старажытны, стары.

Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі (Я.Колас). Над цішынёю бору векавога Нясецца рэха песні партызанскай (М.Танк). Над рэкамі чыстымі, Барамі вячыстымі Мігцяць, Загараюцца, Пераліваюцца, Глядзяцца ў азёры Палескія зоры (В.Вітка). У цішыні такога спелага бору я накіроўваўся ўсё далей па беразе рачулкі (К.Кірэенка). Вось люстэркі чыстых лясных азёр... І жывіцаю пахне спрадвечны бор (У.Караткевіч). Па-над Сожам стаіць стагодні бор (К.Кірэенка). Не, не спіць, не дрэмле старажытны бор (Я.Колас). Маўчалі нахмурана елі, Маўчаў бор стары (Я.Колас).

3. Пра ўражанні, пачуцці чалавека, псіхалагічнае ўспрыняцце (бору): абуджаны, ашчадны, басавіты (аўт.), велічны, відушчы, вольны, вясёлы, галасісты, гаманлівы, горды, гулкі, гутарлівы, дрымотны, духмяны, загадкавы, задумёны (разм.), задумлівы, запаслівы, звонкі, з’інелабровы (аўт.), казачна-задумны (аўт.), лагодны, магутны, маляўнічы, нязведаны, песенны, полымнастволы (аўт.), прыгожы, пявучы, пяшчотны, родны, смуглабровы (аўт.), статны, стольны (уст.), цярплівы, чуйны, шумны, шчодры, шчыры (нар.-паэт.)  аглухлы, адзічэлы, грозны, зажураны, засмяглы, знямоглы, маўклівы, непрабудны, пануры, сонны, сумны, сыры (нар.-паэт.).

Адгукніся ліст лісточку ў абуджаным бары (А.Александровіч). Люблю бары, бярэзнікі і пушчы я Яшчэ з ваеннай бежанскай пары. Цярплівыя, Маўклівыя, Відушчыя, Яны мае надзейныя сябры. Ашчадныя, Запаслівыя, Шчодрыя, Яны і мне прадоўжылі гады (Г.Бураўкін). ... Песні бяссонныя бор басавіты спявае, Пад ногі кідаючы цень (М.Калачынскі). Што за цудоўная, што за дзівосная з’ява прыроды — нашы такія песенныя, лагодныя, пяшчотныя і ... такія велічныя, нават можна сказаць, магутныя ў сваёй велічы беларускія бары (К.Кірэенка). Патрымаўшыся трохі берага, каб зусім не выбіцца з сіл, я вырашыў ісці далей прастораю вольнага бору (К.Кірэенка). А цяпер з нядаўніх пор Спахмурнеў вясёлы бор (П.Панчанка). Як ты сэрцу майму міла, Дарагая Беларусь! Рэкі, ціхія азёры, Галасісты шумны бор! (П.Броўка). І паўстае прад вачыма Ўся дарагая айчына... Бор над ракой гаманлівы (К.Кірэенка). Бор стаяў грозны і горды (З.Бядуля). Іскрыцца поле снежнае, белае, Бор гутарлівы ціха стаіць (Я.Купала). Каля гулкіх бароў столькі азёр сінее (С.Панізнік). Пазалотай заірдзеў дрымотны бор (А.Александровіч). А бор такі духмяны, загадкавы такі! Крамяныя, румяныя Стаяць баравікі (П.Панчанка). Душа Янкі імкнулася далей, У гушчар задумёнага бору (П.Трус). Беларусь мая! Цёмны, задумлівы бор... Дзе выносныя сосны ўзняты да зор, дзе пралеглі абшары лагоднай зямлі (К.Буйло). Песня чуецца ў звонкім бары... (А.Русак). Мне ўяўляўся казачна-задумны бор, пра які расказваў Янка Брыль (К.Кірэенка). Заходзіў нечакана з’інелабровы бор, Пілой падперазаны (Р.Барадулін). На месцы, дзе сёння шум гоман азёр, На золаку раннім крык чаек, Быў некалі цёмны нязведаны бор, Быў лес без канца і без краю (М.Танк). А з полацкіх стольных бароў Да полымнастволых ушацкіх Вятры пачынаюць спяшацца, Як некалі мы з вечароў (Р.Барадулін). Над Дзвіною бары пявучыя (Г.Бураўкін). Потым князь забраў Данілу, Прыпісаў яго ў свой двор, Хоць яму і больш быў мілы Бор палескі, родны бор (Я.Колас). Плакалі ветры ў дуброве галосячы, Плакаў і бор смуглабровы (П.Трус). У шчырым бары неспакой загаю (Д.Бічэль-Загнетава). Далёкія зоры слухае бор, Аглухлы і чуйны... (Р.Барадулін). Бор шумны, бор грозны, гамоніш з вятрамі... (П.Броўка). Журыцца крыніца, Бор сыры, зажураны (Р.Барадулін). Бор засмяглы, бор знямоглы так зароў: — Абудзіся ў трыдзевятым краі, гром! (Д.Бічэль-Загнетава). А нядаўна бор пануры Гнеўна з хваляй гаманіў (А.Дзеружынскі). Скалануўся сонны бор (Я.Колас). Вясёла зашумеў адвечна сумны бор (М.Чарот).

* Бор-гушчар

Не адна, як струна, Сасонка расла У бязмежным бары-гушчары (А.Александровіч).

@

БРОВЫ (брыво). 1. Пра памер, форму, размяшчэнне; пра выраз (броваў): вузкія, выгнутыя, выразныя, высокія, вытанчаныя, доўгія, звужаныя, зламаныя, круглыя, крутыя, крылатыя, прамыя, прыгожа выгнутыя, тонкія, тоўстыя, шырокія.

У яе былі чорныя-чорныя, прыгожа выгнутыя і вельмі выразныя бровы (А.Марціновіч). Твар дзяўчыны быў далікатны: вялікія шэрыя вочы пад высокімі вытанчанымі бровамі (М.Лупсякоў). Адразу кідаліся ў вочы яго [Сяргееў] шырокі лоб, доўгія прамыя бровы (І.Чыгрынаў). Лабановіч глянуў ёй [Ядвісі] у вочы... на яе чорныя тонкія бровы, якіх ён не бачыў ні ў аднае дзяўчыны, ні ў кога на свеце (Я.Колас). Твар Сухавай імгненна змяніўся, дзіўная старэчасць прабілася і на шчоках, і ў звужаных, схмурнелых бровах (А.Савіцкі). Я ўпершыню ўбачыў яе [дзяўчыны] твар. Бровы зламаныя, вочы вялікія, шэрыя... (У.Караткевіч). Дзяўчына ўскінула крутыя вузкія бровы, паглядзела здзіўлена (І.Мележ). Пад крылатымі бровамі Хітравата ззялі вочы (П.Панчанка). Пад бухматымі тоўстымі... бровамі... блішчэлі кроплі вады (А.Савіцкі). Шэрыя вочы прыязна смяюцца з-пад чорных шырокіх брывей (Я.Брыль).

2. Пра стан (броваў), пра іх гушчыню, мяккасць ці жорсткасць; пра колер: аксамітныя, бухматыя, густыя, дрымучыя, жорсткія, калматыя, касмыкаватыя, кашлатыя, кудлатыя, купчастыя, кусцістыя, навіслыя, натапыраныя, не сапсаваныя модай (аўт.), узлахмачаныя, шаўкавіста-чорныя (аўт.); белабрысыя, белапушыстыя (аўт.), белыя, бялёсыя, бясколерныя, выгаралыя, высветленыя сонцам, выцвілыя, залацістыя, зялёныя, пасівелыя, рудыя, рыжыя, саламяныя, светлыя, ссівелыя, цёмныя, чорныя (нар.-паэт.).

Багдан вывучаў Чэсін твар. Гожая лінія падбародка, бухматыя чорныя бровы (А.Савіцкі). Густыя бровы і вусы, пацямнеўшыя ад поту і пылу, надавалі яму залішняй суровасці (М.Лынькоў). Вера заўважыла гэтую ўсмешку і... пакрыўджана насупіла свае аксамітныя бровы (М.Зарэцкі). Ускінутыя над вачыма жорсткія бровы нервова трымцелі (В.Быкаў). Светла-шэрыя, як вадзяністыя вочы пад рудымі касмыкаватымі бровамі хітра і насмешліва вузіліся (А.Савіцкі). На цёмным твары салдата блішчалі вочы пад кашлатымі бровамі (У.Караткевіч). [Наста] правяла пальчыкам па кудлатых бровах (А.Савіцкі). Пракопавіч... хмурыць рудыя кусцістыя бровы (К.Каліна). Нядобра зыркалі маленькія выцвілыя вочы з-пад нейкіх натапыраных, кусцістых броваў (І.Мележ). Густыя навіслыя бровы Пакрытыя пылам дарог (Я.Колас). Трапяткія водбліскі запалкі прабягалі па калючай шчаціне, вырывалі з цемені ночы ўзлахмачаныя запыленыя бровы... (М.Лынькоў). Яна [Людачка] была прыгожая... Тонкія, чорныя бровы, вядома, яшчэ не сапсаваныя модай (Я.Брыль). У іх [вачах Ганны] таксама ж нешта таілася... Але сачылі яны з-пад шаўкавіста-чорных смелых броваў цяпер з падсцярожлівай, пільнай уважнасцю... (І.Мележ). Стась сцягнуў на ілбе белабрысыя бровы... (К.Чорны). Белапушыстыя ўскінуты бровы. Час замірання. І час адкрыцця (Я.Янішчыц). Дзед зняў шапку, пакланіўся. Лагодна з-пад белых броваў агледзеў усіх (І.Мележ). Убачыўшы Канькова, [Даніла] адсунуў міску, нахмурыў бялёсыя, выгаралыя бровы (А.Асіпенка). Шафёр меў вогненна-рыжыя валасы, кароценькія бясколерныя бровы (А.Асіпенка). Антонік змоўк, нахмурыўся, выцвілыя бровы амаль схавалі вочы (І.Мележ). І сінія вочы былі таксама даверлівыя... Глядзяць яны цяпер з-пад залацістых, высветленых сонцам броваў (А.Савіцкі). Лес насупіў зялёныя бровы (С.Законнікаў). Яшчэ больш вылінялі ад спёкі рыжыя бровы [старшыні] (А.Бялевіч). Пад густымі саламянымі бровамі — маленькія, калючыя і разам з тым вельмі светлыя вочы (Я.Брыль). Алесь стаяў перад немчыкам... спачатку звёўшы густыя светлыя бровы, пасля — з усмешкай (Я.Брыль). Затраслося помстай сэрца У грудзёх дзявочых, Спахмурнелі чорны бровы, Заіскрылісь вочы (Я.Купала).

3. Пра бровы, што выражаюць стан, настрой, характар чалавека: далікатныя, добрыя, ласкавыя, прыветныя, смелыя, спакойныя  грозныя, журботныя, злосныя, маўклівыя, насупленыя, нахмураныя, схмурнелыя, упартыя, хмурыя.

Дзяўчына ўскінула вочы, якія пад далікатнымі ласкавымі бровамі здаваліся незвычайна прыгожымі (“Маладосць”). З-пад брывей прыветных палінялых Журыцца даверлівы пагляд (Р.Барадулін). Нібы добрыя вочы з-пад злосных брывей, з-пад хмарнай навісі цёпла глядзіць зара (Я.Брыль). Грозныя бровы вахмана сышліся на пераносіцы (Я.Брыль). Ляпеча штось касцёр. Іскрынкі-восы мільгаюць ля маіх маўклівых броў (А.Пысін). Яна [маці] глядзела то на машыны,... то на свайго сына. Цяпер відаць быў яго твар, — упартыя, яшчэ юнацкія рысы, прыплюшчаныя ад сонца вочы, нахмураныя цёмныя бровы (І.Мележ). Грыша стаяў збялелы, заклапочаны, з насупленымі брывамі (П.Пестрак). Трывога і неспакой адбіліся ў схмурнелых бровах і пацямнелых яе [Майкі] вачах (М.Лынькоў).

* Дугі-бровы, хмурынкі-бровы.

[Джулія] высока над вачыма ўскінула свае шырокія дугі-бровы (В.Быкаў). Яна [дзяўчына] не чула нашай мовы І звону песень у пакос, А светлыя хмурынкі-бровы Набеглі на кірпаты нос (В.Вярба).

@

БУРА. Разбуральны вецер з дажджом ці снегам; моцнае душэўнае хваляванне: бяздушная, бязлітасная, вялікая, грозная, дзікая, жахлівая, жудасная, злавесная, злая, злосная, лютая, мімалётная, мяцежная, небывалая, нестрыманая, нечуваная, пякельная, снегавая, страшная, сцюдзёная, чорная, шалёная; жыццёвая, несупынная, цяжкая.

Яна наляцела зусім нечакана, Бяздушная бура — сястра ўрагана (Ю.Свірка). Бязлітасная бура і паводка знішчыла ўраджай, пакінула людзей без даху (ЛіМ). А неба, сыпнуўшы маланак агнём, Азвалася бурай шалёнай, вялікай, Лясы затрашчэлі, дождж лінуў ліўнём (Я.Купала). Мінулася грозная бура, а мора дасюль яшчэ б’ецца (М.Багдановіч). У дзікай страшнай буры маім думам лягчэй плыць (Цётка). Жахлівая бура Над лесам прамчала (П.Броўка). Буры злосныя гудзелі Золкай сцюжаю сваёй (П.Броўка). Буйныя ветры, лютыя буры... Ходзіць па лесе хлопец пануры (П.Броўка). Раз неяк на небе з’явілася хмура, Усякі з нас летняму дожджыку рад, Але тут шла летняя страшная бура... О, божа, хаця б не пасыпаўся град! (Я.Купала). Аклікаўся ён [звон] і громам, Неба плыні віхрабежнай, Буры чорнай і мяцежнай (Я.Колас). Ные пралеска пад бураю злой (А.Гурло). Сцюдзёнай бурай снегавой Зламаны хвоі баравыя (М.Танк). Кашлатых сосен строй грамады хмар ірве, Асенніх чорных бур па дрэвах крык плыве... (П.Броўка). Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах, Свой век канчае ён [летапісец] у манастырскіх мурах (М.Багдановіч). Пасылае маці думы ў свет па сына, — Прылятаюць тыя думы Бурай сіняй (М.Танк).

* Бура-град.

І каб бура-град З навальніцаю Не пашкодзіла Працы-радасці (Я.Колас).

@

БЯРОЗА. 1. Пра колер; пра вышыню, таўшчыню бярозы, яе крону: белагрудая (паэт.), белакорая, белакрылая (паэт.), беланогая (паэт.), белапенная, беластанная (аўт.), беластвольная, белатварая (паэт.), белая (нар.-паэт.), залатагаловая (паэт.), залатакудрая (паэт.), светлая, срэбна-белая, яснавокая (паэт.); выносістая, высокая, гнуткая, каржакаватая, касатая (аўт.), кроністая, купчастая, кучаравая, плакучая (нар.-паэт.), пышная, разгалістая, раскідзістая, рослая, стройная, танклявая, тонкая  голая, каравая, кудлатая, чорна-каравая, чорная.

Я з той краіны, дзе рвуцца з долу Тугія стрэлы хвой карабельных, Дзе, белагрудыя, над вадою Стаяць бярозы, як каралевы (К.Цвірка). Каля дуба бярозка ўзнялася высока, белакорая станам і ліствой яснавока (К.Буйло). Бярозка мая белакрылая, Якая ж ты, сонейка, мілая! (К.Буйло). Каля бярозак беланогіх Рабіны стройныя стаяць (Г.Бураўкін). Пяю белапенным у полі бярозам, Вучуся ў сэрцы людскія званіць (М.Машара). Мне сніцца старонка далёкая... Расла там бярозка другая, Такая ж, як ты беластанная, У летнюю зелень прыбраная (К.Буйло). Дубы і клёны, сярод якіх дзе-нідзе пракідаюцца танклявыя беластвольныя бярозкі... (Б.Сачанка). Следам за імі [грузавікамі] папаўзла і ўся плынь машын, мінаючы рады белатварых бяроз (І.Мележ). Палілася кроў чырвона, Сэрца абамлела, Павалілась на зямельку, Як бярозка бела (Я.Купала). Як зданні, белыя бярозы Да болю журацца ў прастор (П.Трус). Любы мне летуценні Смаленскіх бялявых бяроз (К.Кірэенка). Расчасаўшы пругкім ветрам косы, Спаласнуўшы ногі ў расе, Залатагаловыя бярозы Паўстаюць ва ўсёй сваёй красе (М.Аўрамчык). У пералеску восеньскім за вёскай... Сабой залатакудрую бярозку Ад ветру засланяе ясакар (М.Аўрамчык). Тут прывольна і зацішна... між бярозак срэбнабелых... (Н.Гілевіч). Бярозы, выносістыя і рослыя, Гасцінец прамы ў абдымкі бяруць (В.Макарэвіч). Высокія тонкія бярозы мяшаліся з шэрымі стваламі хвой (Я.Колас). Як жа добра... гайдацца на маладых, гнуткіх бярозках і перагуквацца, ловячы звонкае рэха (Я.Брыль). Каржакаватая бярэзіна, Што пры шашы здаўна расла, На хатні абыходак зрэзана... (В.Вітка). Святлее ў касатай бярозы прабор... (Р.Барадулін). Бадай і не абудзіў бы я сваіх, часам журботных успамінаў, калі б не ўцалелыя сям-там на месцы былых сядзіб грушы-дзічкі ды кроністыя бярозы (В.Жуковіч). Тонкая, сіняватая смуга, поўная цеплыні і ласкі, песціла далёкія лясы і купчастыя бярозы (Я.Колас). На невялікай градзе ўзвышаліся кучаравыя бярозы (І.Гурскі). Паміж прысад гасцінец біты — пясчаны, узвілісты пакат; Паводкай мост стары падмыты, Бяроз плакучых сумны рад (Я.Купала). Расфарбавана ў гонар свята Бяроза пышная (А.Александровіч). Бярозкі пышныя, надзеўшы свой убор, З цікавасцю глядзяць у вокны хаты (Я.Колас). Кукуе над тым дубам, над тымі бярозамі светлымі галасістая зязюля (К.Кірэенка). Я стаю на былой сядзібе пад высокаю разгалістаю бярозай (В.Жуковіч). Пацямнелі рослыя бярозы каля гасцінца (Т.Хадкевіч). Бярозкі адна ў адну, стройныя, высокія. Хто ні пройдзе міма, залюбуецца (З.Бандарына). Каля высокай раскідзістай бярозы спыніліся (І.Мележ). Танклявая бярозка махае мне рукою (А.Звонак). У начной шэрані значыліся то заінелыя голыя бярозы, то дачныя будынкі, то мачты з правадамі высокага напружання (І.Мележ). Закрые мне вочы, як медзякі, каравых бяроз жаўталісце (Р.Барадулін). Шэпчуць бярозы кудлатыя, Сцелецца сівы туман (А.Звонак). Дзесяткі два рассыпаных па пясчаным пагорку чорна-каравых бяроз абнесены невысокім дашчатым плотам (А.Кудравец).

2. Пра ўзрост (бярозы): векавая, вячыстая (паэт.), даспелая, маладая, стагодняя, старая, юная.

Бярозы векавыя, збуялыя, стройныя, танклявыя, з пышнымі шатамі. Яны яшчэ ў зелені... (І.Пташнікаў). А сэрцы! Яны — як раней. Толькі клікні — і кінуцца на арэлі Сярод сініх званкоў і вячыстых бяроз (К.Кірэенка). Дарогу завейвала лісце даспелых плакучых бяроз (С.Грахоўскі). Валока ступіў колькі крокаў, прымасціўся пад маладой бярозкай (А.Марціновіч). Узнімаецца ў самае неба чорная постаць стагодняй бярозы (К.Чорны). Бяроза, бяроза Старэнькая ў полі, Цябе і такой не забыцца ніколі (П.Броўка). А нам з табой упарта сніцца Сцяжынка вузкая мая, Бярозак юных завушніцы... (Г.Бураўкін).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (бярозы): беларуская, вясёлая, зграбная, крылатая, набухлая саладкаватым сокам, нясмелая, пакорлівая, пяшчотная, родная, сарамлівая, смелая, сонечная, спакойная, трапяткая, шумліва-трапяткая  бедная, вымаклая, журботная, ніцая, панурая, разамлелая, расхрыстаная (разм.), самотная, трывожная, тужлівая, хмурная.

Бярозка мая беларуская, Агнёвай плакучаю хусткаю Маланка цябе атуліла. І ўся ты панікла без сілы... (К.Буйло). Я бачыў перад сабой зграбныя, пяшчотныя бярозкі (М.Шыманскі). Не вытрымаўшы больш на санцапёку, Бярозы белыя, што з ранку млелі, Набухлыя саладкаватым сокам, Раптоўна неяк выпырснулі зелень (М.Аўрамчык). Там бярозы шэпчуць белыя, Сарамлівыя, нясмелыя (К.Кірэенка). Маланкі любяць дубы і амаль ніколі не чапаюць бярозу: такая яна плакучая, пакорлівая і ніцая (У.Караткевіч). Але ратаваў люд мой слова ад згубы. І, гонячы катаў ад родных бяроз, Праз далеч стагоддзяў сівых... Да нас, незамутненае данёс (К.Цвірка). Страката бялеюць-зелянеюць тры смялейшыя бярозы (Я.Брыль). Паміж сонечных бяроз я іду (А.Бялевіч). На твар мне падаюць кроплі... Гэта бяроза нада мной, спакойная, мокрая, асенняя (А.Адамовіч). Схвачана бярозка полымем зялёным, Трапяткая ўстала перад стройным клёнам (К.Буйло). Зялёная, шумліва-трапяткая Між поля жытняга на ўзгорку за сялом Мяне ты [бяроза] гэтак радасна страчаеш... (А.Бачыла). І стала сумаваць і тужыць бедная бярозка (Я.Колас). Халодны сквер дашчэнту апусцеў, Хоць бы лісток на вымаклай бярозе (Г.Бураўкін). Бярозы стаяць журботныя (В.Жуковіч). Без мяне да Пятра Венікаў навязалі З разамлелых касатых бяроз (Р.Барадулін). Асенні вецер несціханы паміж расхрыстаных бяроз, Адкуль, з якіх ты акіянаў хмурыны чорныя прынёс? (П.Броўка). Ёсць тры сцяжынкі-дарожкі каля сівых курганоў, Каля самотнай бярозкі, Каля надрэчных стагоў (М.Танк). Дзве тужлівыя, хмурныя бярозы стаялі на самым краю лесу (М.Шыманскі). Саша і Пеця... прайшлі паўз могілкі, дзе раслі бярозы, старыя і панурыя (І.Шамякін).

* Бяроза-бабулька, бяроза-патайніца, бяроза-шаптуха, бярозкі-сяброўкі, красуня-бяроза, прыгажуня-бяроза, суседкі-бярозкі, удава-бяроза.

Журботныя постаці бабулек-бяроз... паапускалі сваё гнуткае, як лён, вецце (Я.Колас). Бяроза крылатая З дарогаю сватала. Бяроза-патайніца, Ці станеш вяртальніцай? (В.Зуёнак). А лісічак набраў каля сцежкі-вяртухі, Што да хаты лісінай лагчынай вяла; Падбярозавікаў — пад бярозай-шаптухай... (М.Танк). Ля прызбы стаялі сяброўкі-бярозкі, Ранялі на голаў мне светлыя слёзкі (К.Буйло). [Аляксею] здалося, што ўсё расказанае Арцёмам ён бачыў сам і красуня-бярозка накіроўвае да яго свой запальны покліч (Т.Хадкевіч). Насыпала на яшчэ зеленаватую траву залатовак прыгажуня-бярозка (І.Шамякін). І дуб, першы прыняўшы яго [вецер] на сябе, як бы папярэджваў сваіх суседак-бярозак: будзьце напагатове, бярэцца вецер (М.Шыманскі). Удовы-бярозы сваімі каралямі горда глядзяцца ў люстэрка вады (П.Трус).

@

ВАДА (воды). 1. Пра колер, празрыстасць, чысціню (вады); пра яе тэмпературу: аксамітна-чорная, аранжавая, бірузовая, блакітная, брыльянцістая, густа-цёмная, густая, жамчужная, залатая, зялёная, іскрыстая, крынічна-празрыстая, крыштальная, люстраная, малочна-жамчужная, празрыстая, ружовая, светлая, серабрыстая, сіняя, чыстая, чысцюткая, янтарная  гнядая, збуцвелая, каламутная, мутная, пасівелая, пенная, свінцовая, сталёва-цёмная, цёмная-цёмная, чорная; зледзянелая, колкая, крынічная, ледзяная, ломкая (разм.), сцюдзёная.

Я мог зразумець, чаго варта краса гэтай цёмнай ночы і аксамітна-чорнай вады (М.Багдановіч). Пачала выступаць зямля... нібы выспа з бірузовых вод (З.Бядуля). Мільярды брыльянцістых кропель брыльянцістай вады заззялі ў праменнях (Я.Колас). А вада-то ў Волзе густа-цёмная (М.Багдановіч). Каляда пастаяў... потым асцярожна ступіў у ваду, густую ўжо, восеньскую (А.Жук). Рукі на гэты раз — не падымаліся, каб падставіць прыгаршчы пад струмень і апаласкаць крыштальнаю вадою рукі, твар (Ф.Янкоўскі). Ужо стомленыя... вочы знайшлі-такі ў вясёлым бляску залатой вады патрэбнае (Я.Брыль). З разбегу шуганулі ў іскрыстую ваду (А.Асіпенка). Нагледзеліся за век і на яснае сонца, якога так шмат бывае на крынічна-празрыстай азёрнай вадзе (Я.Брыль). Слізгацяць душагубкі па люстранай вадзе пад лоўкімі ўзмахамі вёсел прывычных палешукоў... (Я.Колас). Прысмеркам вада ў Дняпры робіцца малочна-жамчужнай (У.Караткевіч). Шумлівыя пушчы, празрыстыя воды, Радзіма, любоў мая светлая! Заслуга мая, што я аднагодак, Я кропля твая непрыкметная (П.Панчанка). Было тут Азярко... Сама прырода адарыла яго хараством, у светлыя яго воды любіла зазірнуць сонца (Я.Колас). Горад белы глянуў у сіні спакой, У хвалі серабрыстае вады (К.Буйло). Беларусы біліся, каб зберагчы і пасля ўпрыгожыць нашу маці-зямлю, абараніць гэтыя азёры і нівы, сівыя пушчы і сінія воды, старадаўнія і новыя кнігі, сваю песню і слова, веды свае (У.Караткевіч). Дрэвы таксама насцярожана драмалі, гледзячы праз сон у празрыстую, чыстую, як шкло, ваду (У.Дамашэвіч). Бывайце, даліны квітнеючых ніў, Стэповага мора бяскрайні разліў, І родных кішлакаў утульны спакой, Узоры арыкаў з янтарнай вадой (Я.Колас). Вёслы... ударылі па вадзе, ружовай ад святла бліскавіцы (У.Караткевіч). Гнядая каламутная вада радасна балбатала аб вясне (Ц.Гартны). Зялёныя, вострыя шаблі аеру Праб’юцца да сонца з збуцвелай вады (П.Броўка). Вада, мутная, цяжкая, ціхая білася аб бераг (В.Іпатава). Іскрыліся на зломах крыгі, Па плыні пасівелых вод Павольна адыходзіў з Рыгі Услед за сонцам цеплаход (С.Грахоўскі). Адзіны тыдзень выбраў я — пагрэцца... ля пенных вод (А.Пысін). [Гусі], раскінуўшы крылы, белыя-белыя, з хрыплым крыкам лятуць над свінцовай вадой (У.Караткевіч). Цёмная-цёмная вада... Шуміць Вілія, адклікаючыся здалёку-здалёку... (І.Пташнікаў). Звіняць у трубах і ў бочках Струмені колкае вады (С.Грахоўскі). А я... Здалося піў, прыпаўшы ніцма Да ручая з крынічнаю вадой (Н.Гілевіч). Ледзяной вады глыне са студні І курлыкне хрыпла журавель (М.Аўрамчык). І хочацца да ручая прыпасці — Напіцца чыстай ломкае вады (С.Грахоўскі). Пакланюся я табе, царыца, Чыстая, сцюдзёная вадзіца (М.Багдановіч).

2. Пра характар воднай паверхні, пра хуткасць цячэння: бурлівая, высокая, вялікая, вясёлая, грымучая, гуллівая, імклівая, спакойная, трапяткая, ціхая  вірлівая, стаялая, стаячая, шумлівая, шумная.

Ды вось вада, як полымя, высокая, — Ёй вечна ракатаць, свяціць, звінець (А.Пысін). Праз тры акны большай палавіны [хаты] відаць адразу лес і возера — рыжы гушчар сасновых ствалоў, маладая трава, вечназялёныя лапы і вялікая спакойная вада (Я.Брыль). Рознакаляровыя хусткі жней мільгалі на ім [полі], як каменьчыкі над вясёлай рачной вадой (А.Кудравец). Зазвіняць жалобна крыгі, І бурлівая вада Снег, размоклы ў час адлігі, Змые з лугу без сляда (М.Багдановіч). І вось ільды пакрышаны грымучаю вадой (Л.Дайнека). Дзвіна, Дзвіна! Люблю ў імгле вячэрняй Павольны ўсплеск тваіх гуллівых вод (А.Звонак). Вада — празрыстая, імклівая — з гор... (Я.Брыль). А бераг так далёка ў баку Ад трапяткой вады (П.Панчанка). Трохі вудзілі, прыпыніўшыся ў спакуслівай мясціне, а болей любаваліся, з бадзёрым грукатам летучы на празрыстай і ціхай вадзе (Я.Брыль). След вірлівай вады За кармою бяжыць (А.Зарыцкі). [Думка] не хоча спыніцца ў стаялай вадзе, хоць там і люструюцца зоры (У.Дубоўка). А вада ў канаве стаячая, затхлая (У.Паўлаў). Ідзе вясна ў шумлівых водах, У звонкім срэбры ручаёў (Я.Колас). Нібы з вядра лінулі хмары сцюдзёнай шумнаю вадой (А.Вялюгін).

3. Пра ваду як сродак фізічнага ўздзеяння на чалавека: гаючая, жывая, жыўчая (аўт.), цудадзейная, чароўная, шчодрая.

Задрамлю, і можа, зноў прысніцца, Што прынесла з поплава сюды Вечна маладая чараўніца Прыгаршчы гаючае вады (С.Грахоўскі). Мне трэба... Дапамагчы старой маці Жывой вады, шчодрай Прынесці з крыніцы гарачай Паўнюткія вёдры (М.Танк). Ліце [струны] прызыўныя чары, Жыўчую думкам ваду... (Я.Купала). Не адшукалі яшчэ такой цудадзейнай вады, якая змыла б з людскіх твараў сляды чорнай пякельнай пакуты (У.Дубоўка). Вясна ідзе да нас на Поўнач Пад грукат рэк, птушыны крык, Бы напаіў вадой чароўнай Яе раптоўны чараўнік (А.Звонак).

4. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (вады): вечная, гаваркая, дрымотная, залітая сонцам, звонкая, ласкавая, маладая, мяккая, нячутна мяккая, прыгожая, радасна неспакойная (аўт.), сінявокая (аўт.), спагадная, спелая  гарбатая (аўт.), жалезна-шэрая (аўт.), лютая, непрытульная (паэт.), растрывожаная, сонная, цяжкая, чужая.

Была нейкая загадка ў гэтай вечнай вадзе, якую давала зямля (А.Жук). Добра знайсці сцюдзёную крыніцу і прыкленчыць каля яе гаваркой вады (Я.Брыль). Кляновіч задумаўся глыбока, акунуўшы позірк у дрымотную ваду (П.Пестрак). Ідучы ў залітую сонцам, радасна неспакойную, да светлага пяску празрыстую ваду, падумаў, што напісаць трэба і пра тое, колькі я за жыццё спажыў хараства прыроды (Я.Брыль). А дзяўчына... Вёдры поўныя набрала Звонкай ранішняй вады (А.Пысін). Іду над разбуджанай рэчкай па дошцы І гляджу ў маладую ваду (К.Буйло). Чым далей адыходзіў ад рэчкі, здавалася, што зноў уваходзіў у ваду, толькі цёплую і нячутна мяккую (А.Жук). Над вадой сінявокай каліна апранула ўзорны фартух (Л.Геніюш). Пустыя вёскі... Без прозвішчаў. Ў якой жа ты Прасіў спагаднае вады? (А.Пысін). Пляж пусты, Толькі цень на пясок упадзе. Дубравенка калыша лісты — Жоўты вырай на спелай вадзе (А.Пысін). Свістала і хрыпела Жалоба і нуда, Як з крана з’іржавелага Гарбатая вада (У.Някляеў). Неба над морам... падкасалася — ясная паласа паміж цяжкай жалезна-шэрай вадой (Я.Брыль). Ці ж не чуеш ты І ці ж не бачыш, Што — да недаўмення — перавернуты Свет сцюдзёных, непрытульных вод (Н.Мацяш). За кармой на буксіры — доўгае сасновае бервяно і яшчэ даўжэйшы трохкутнік растрывожанай вады (Я.Брыль). Як адвячоркам над соннымі водамі Кнігаўка ўсё не дапросіцца піць, — Тры гады я не чуў (Р.Барадулін). Вада, як заўсёды, без назвы, чужая, халодная (Я.Брыль).

* Вада-верхалёдка, вадзіца-жывіца, вадзіца-крыніца, цуда-вада.

Ішлі, плюхалі па вадзе-верхалёдцы... (П.Місько). Пры лесе, пад горкай бруіцца крыніца. У светлай крыніцы вадзіца-жывіца (П.Броўка). Слухаў слова пра дарагую родную вадзіцу-крыніцу (Ф.Янкоўскі). Мурог! Ды што за травіца! І шоўк у ёй мяккі, і лён, і вечная наша крыніца з гаючай жывіцай-вадзіцай ад бацькаўскіх, дзедаўскіх дзён (Я.Колас). А скуль гэты смак вашай цуда-вады? (Н.Гілевіч).

@

ВАЛАСЫ. 1. Пра колер: агніста-чырвоныя, агністыя, белабрысыя (разм.), белыя, бліскучыя, бялявыя, выгаралыя, выцвілыя, жоўта-сівыя, жоўтыя, жытнёвыя, залатыя, залаціста-саламяныя, залацістыя, іскрыстыя, каштанавыя, медзяныя (разм.), медна-залацістыя, медныя, пасівелыя, попельна-залацістыя, попельна-русыя, попельныя, пшанічныя, русыя, русявыя (разм.), рыжыя, саламяныя, светлыя, сівыя, смаляныя, цёмна-серабрыстыя, цёмныя, чорна-антрацытавыя, чорныя.

Дзяўчына ўсміхнулася, і, здаецца, засвяціліся незвычайным святлом яе агніста-чырвоныя прыгожыя валасы (“Маладосць”). Хусцінка спаўзла на шыю, і вецер варушыў агністыя валасы — на белым снезе нібы разгарэлася невялічкае полымя (М.Лынькоў). Белабрысыя валасы [Славы] былі акуратна зачасаныя, твар заўсёды чысценькі, умыты (Р.Сабаленка). Русыя, нават злёгку бялявыя валасы ад шырокага ілба прывычна клаліся назад (П.Пестрак). На цёмных, гладкіх і бліскучых валасах Варвары... бегла... белая пасма (К.Каліна). Выгаралыя ад сонца валасы ўпалі на лоб і густым ценем засцілі хударлявы, загарэлы твар (І.Дуброўскі). З-пад капелюха “бацюшкі” рассыпаны на плячах рэдкія пасмы жоўта-сівых валасоў (З.Бядуля). Мільгаюць тут, — скажы, з якіх часоў? — спякотны дзень твайго тугога цела, густая ноч жытнёвых валасоў (П.Макаль). Ужо не лета і яшчэ не восень, А павуцінне ў кропельках расы Плыве, трымціць і туга заплялося Табе ў залатыя валасы (С.Грахоўскі). З гэтых чатырох [дзяцей] два галышы і адзін адзеты былі вельмі схожыя. Залацістыя зблытаныя валасы, светла-сінія вочы і нейкая асаблівая, паспешная ладнасць у руках (У.Караткевіч). Валасы ў Амельчанкі залаціста-саламяныя... (В.Хомчанка). Адзін вецер бязважна гуляў каштанавымі валасамі Кізгайлы. (У.Караткевіч). Алесь глядзеў на яе [Гелену]. Гэтыя вочы, і іскрыстыя валасы, і тонкая постаць — гэта цяпер не проста яна (У.Караткевіч). Сунічны вуснаў пах, мядзяныя валасы і гнуткая постаць у зялёных пырсках хвалі. Вось і ўсё, што засталося ў памяці з таго далёкага лета (У.Караткевіч). Мяккія шэрыя вочы пад зламанымі бровамі, густыя вейкі. Валасы попельна-залацістыя... (У.Караткевіч). Чапцоў зняў фуражку, раскудлачыў пасівелыя валасы... (І.Мележ). Я зверху бачыў толькі валасы, напэўна, попельна-залацістыя (У.Караткевіч). У валасах маіх попельна-русых З юных дзён прыгавор сівізны (В.Вярба). На галаве [Сюзаны] пушыстая вязаная хустка, з-пад якой выбіваецца пасмачка русявых валасоў (І.Навуменка). Бедныя рыжыя валасы! Як часта яны былі прычынаю гаротных слёз. Якіх толькі здзекаў і глуму праз іх не даводзілася цярпець Ігнасю (Р.Мурашка). Жанчына ўсхліпвае... Доўгія саламяныя валасы яе растрапаліся (А.Савіцкі). Гладзіў ветрык зачос Валасоў яго [хлопца] светлых... (Е.Лось). Сівыя валасы, хоць былі і прычасаныя... зноў растрэсліся, прынялі свой звычайны кучаравы беспарадак (Я.Брыль). Туравец спыніўся на самым беражку... нахіліўся над вадою, убачыў сябе: схуднелы аброслы твар, смаляныя калматыя валасы (І.Мележ). Валасы яго [камісара] перасыпала сівізна, цёмна-серабрыстыя, яны былі яшчэ ўсё густыя і прыгожыя (М.Лынькоў). Ён хацеў знайсці сівізну ў гэтых чорна-антрацытавых валасах... і не знайшоў... (В.Хомчанка). Чорныя, кучаравыя валасы [настаўніцы]... растрэсліся на падушцы (Я.Брыль).

2. Пра даўжыню, густату, стан валасоў; пра ступень іх мяккасці: багатыя, буйныя, бялява-кучаравыя, гарачыя, гладкія, далікатныя, доўгія, кароткія, кучаравыя, прамыя, пушыстыя, пышныя, рассыпчатыя, хвалістыя  бедныя, бязладныя, зблытаныя, калматыя, кудлатыя (разм.), непаслухмяныя, рэдкія, скалмачаныя, тонкія, ускудлачаныя (разм.), цяжкія; ільняныя, лёгкія, мяккія, шаўкавістыя, шаўковыя  жорсткія, каляныя, стромкія, шорсткія.

Хомчык бачыў, як... [Аксана] распусціла свае багатыя валасы, якія закрывалі спіну (П.Пестрак). Буйныя валасы ў беспарадку звісалі на бледны лоб (М.Лынькоў). Мужчына пагладзіў па доўгіх бялява-кучаравых валасах дзяўчынку (В.Адамчык). Рукі гладзілі каляныя, нейкія гарачыя Грачовы валасы (А.Савіцкі). Я абняў [дзяўчыну] за плечы і пачаў гладзіць мяккія, такія далікатныя валасы (Б.Сачанка). Дзяўчынка была кволая, з далікатнымі гладкімі валасамі, з вялікімі блакітнымі вачамі (І.Грамовіч). Кароткія шорсткія валасы Радзюк прыгладзіў на бок (Т.Хадкевіч). Чорныя кучаравыя валасы. Цёмны смуглявы твар, худы, ад чаго выгляд здаецца сярдзітым... Гэта Мікалай (П.Галавач). Падняўся чалавек з канапкі... Светлыя і прамыя, доўгія яго валасы навіслі на поўныя шчокі (М.Стральцоў). Белай алюмініевай расчоскай Наташа ўзбівае і без таго пушыстыя, як шоўк, тонкія, светлыя валасы (А.Васілевіч). Залатыя, пышныя валасы яе [жанчыны] былі растрэсены, укалмачаны ў пясок (Я.Брыль). Валасы на галаве хлопчыка былі вымытыя, набылі колер і сталі рассыпчатыя, лёгкія (“Маладосць”). Прыемна было бачыць [Амельцы] хвалістыя валасы Яніны (Р.Мурашка). Ён... злосна страсае на лоб кучму бязладных сваіх валасоў (М.Зарэцкі). Зараз жа прыйшоў і Антоніо, ладны хлопец з кудлатымі чорнымі валасамі (Я.Маўр). Бачыў я грыву непаслухмяных і бліскучых попельных валасоў, што адлівалі золатам... (У.Караткевіч). Сымон быў без шапкі, з скалмачанымі валасамі, у парванай вопратцы (З.Бядуля). Селянін без шапкі з ускудлачанымі валасамі віхрам імчаўся на шпаркім кані (Я.Колас). Мяккія ільняныя валасы [дзяўчыны] перапляліся з пяшчотным маладым веццем (Т.Хадкевіч). Валасы ў Максіма цяпер былі белыя, але не мяккія, ільняныя... а жорсткія (І.Грамовіч). Пальцы [Захара] заглыбіліся ў мяккія шаўкавістыя валасы (А.Савіцкі). І, падняўшы ўгору Стромкі валасок, Ные сірацінка, Плача каласок (Я.Колас).

@

ВЕК. Эпоха; перыяд жыцця чалавека: блізкі, бурны, велічны, гераічны, далёкі, даўні, залаты (уст.), крылаты, малады, наймудрэйшы, радасны, разумны, сівы, слаўны, шчаслівы  азлоблены, балючы, бязрадасны, высакосны, выцвіўшы, грымотны, заземісты (аўт.), крывавы, люты, неспакойны, неўтаймованы (аўт.), свавольны, сталёвы (аўт.), суровы, трывожна-кволы (аўт.), трывожны, туманны, цяжкі, чорны, шумны; вясковы (аўт.), зямны, маладзенькі, сталічны (аўт.), радасны  атамны, кароткі, страшны, трагічны.

Вольным гоманам хвоек высокіх, Туманамі санлівых нізін, Казкай векаў блізкіх і далёкіх Клічам, сонца, цябе, як адзін! (Я.Купала). Пачалося ўсё ў наш бурны, трывожны атамны век, калі забыліся пра чалавека, пра чалавечнасць (ЛіМ). І перад намі паўставалі Сівыя даўнія вякі, Калі жылі і ваявалі Не мы, а нашы землякі (П.Глебка). Наш век залаты яшчэ ўперадзе свеціць... (“Маладосць”). І хоць, як я, не ведаеш бяды, Былой вайны ты сведка не старонні, Мой век крылаты, век мой малады (Г.Пашкоў). Неўтаймованы і заземісты, Наймудрэйшы па часе век, Ды застрэмісты, ой! — застрэмісты Чалавек я, чалавек! (А.Лойка). Пракладваем сёння дарогу Ў разумны і радасны век (“Беларусь”). Мы пачынаем сягонняшнім новы, Самы шчаслівы ў гісторыі век (П.Глебка). Азлоблены век забівае Найлепшых сяброў без пары (Н.Гілевіч). Балючы век. Надвор’я перамена: Яшчэ лісток не ўпаў — а снегапад (Я.Янішчыц). Хай выпаў век наш высакосны, — Не прывыкаць нам да грымот (Я.Янішчыц). І забыцця — прадмовы ўваскрашэння — Ў цябе, наш век грымотны, не прашу (А.Пысін). Крывавы, люты век! Прыніжаны, забыты стваральнік-чалавек (“Маладосць”). Усё, чым жыве наш неспакойны і трывожны дваццаты век... знаходзіць праўдзівае і яркае выяўленне... у паэзіі Пімена Панчанкі (Н.Гілевіч). Век сталёвы, век трывожна-кволы, Ды як прошлай радасці званец — На гарышчы зашумяць шумёлы. І вуздэчка заіржэ з сянец (У.Караткевіч). І не было яму [селяніну] калі Ўнікаць у шумны век прагрэсу. Такая музыка ў зямлі — У ручая, у зор, у лесу (Я.Янішчыц). Вясковы, сталічны, трагічны, Імя сваё, век, назаві! (Я.Янішчыц). Дубы на позні дол ссыпаюць лісце, І ў кожнага зямны кароткі век (А.Пысін). Край далёкі, край чужэнькі Каля гор Урала! Ты зжыла век маладзенькі, Смерць тут напаткала (Я.Колас).

@

ВЕРШ. Мастацкі твор, напісаны рытмізаванай мовай: блізкі, бяссмертны, вольны, востры, гібкі, гучны, дарагі, дзіўны, добры, жартоўны, кіпучы, любы, маленькі, мудры, натхнёны, неастылы, неразгадана прыгожы (аўт.), несмяротны, просты, радасны, ранні, самастойны, светлы, спакойны, удумны (разм.), цудоўны, чырвоны, шчыры, яркі, яскравы  горкі, дрымучы (аўт.), знявечаны цэнзурай, наіўны, нядоўгі, нязграбны, нясмелы, няўдалы, распалены, скрэслены, снатворны (аўт.), суровы, трывожны, халодны, чужы, шурпаты.

Адзін вобраз калісьці востра ўспомнены над кнігай з малюнкам сівабародага аратага, над радкамі верша, такога блізкага і неразгадана прыгожага ў сваёй прастаце, зноў вось ажыў у сэрцы маім... (Я.Брыль). Ажыў у сэрцы з новай сілай Бяссмертных вершаў гнеўны жар... (П.Панчанка). Я на душы ўражлівай маю Жыцця мінулага пячаць: Схачу свой вольны верш пачаць — І ўраз праз прошлае згадаю (М.Багдановіч). Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем (М.Багдановіч). І верш твой гучны, верш удумны, І верш твой востры, як лязо, — Кранаў ён сэрцы шчырым словам... (П.Броўка). Вершы, вершы дарагія! Спарадзіў я вас, маленькіх, ў час, калі мне падымала грудзі хваля пачуцця (М.Багдановіч). Вы кажаце мне, што душа ў паэта, Калі спараджае ён дзіўныя вершы, Нябесным агнём абагрэта, І ў час той між люду ён першы (М.Багдановіч). У добрым вершы — радуга дугой І молата знясіленага ўзлёт (Е.Лось). Жартоўны верш аднойчы напісала, Хто ў добры час не любіць жартаваць! (Е.Лось). Бледны, хілы, ўсё ж люблю я Твой і мудры і кіпучы верш, Анакрэон! (М.Багдановіч). І толькі натхнёныя вершы За іх [паэтаў] не напіша другі (С.Грахоўскі). Яшчэ неастылыя вершы Пакінуць ніяк не магу (С.Грахоўскі). І ноч усю агнём палаюць Мае распаленыя вершы (М.Танк). Першы, зусім самастойны Алесеў верш напісаны быў на польскай мове (Я.Брыль). Пад зоры ўзнялі Мы высокія думы і светлыя вершы (П.Панчанка). І ў неспакойным горадзе — і ў свеце! — Спрабую напісаць спакойны верш (Я.Янішчыц). Цудоўны верш, наскрозь прасякнуты верай у чалавека і болем за яго (Р.Бярозкін). Пішу ды хачу, каб і белыя вершы Чырвонымі вершамі вечна былі (С.Грахоўскі). Я чытаў гонкім соснам Просты, шчыры свой верш (П.Броўка). Каля мяне спынілася вавёрка. Шкада — не ўзяў арэхаў. А верш — горкі, На мове незнаёмай і чужой, як зразумець без перакладу ёй? (М.Танк). Знаючы, што цябе, дружа, бяссонніца мучыць, Нат эскулапы не могуць бядзе памагчы, Шлю табе том сваіх вершаў снатворных, дрымучых, Толькі разгорнеш — і сон адалее ўначы (М.Танк). Як з няўдалых маіх вершаў ранніх, Скрэсленых, знявечаных цэнзурай, Адгадала аб маім каханні..? (М.Танк). Можа, якраз над гэтай крыніцай, у зялёнай загадкавай засені дрэў нараджаўся той першы наіўны вершык, за які яму бацька-ляснік адмераў авансам важкі ганарар (Я.Брыль). Нядоўгі верш — жыццё паэта На памяць ведае сястра (А.Пысін). У анкеце зноў пішу свой верш нязграбны (М.Танк). За парогам зіма і нуда, За парогам раздум’е і боль, Неспакойныя сны уначы, Пра каханне нясмелыя вершы (П.Панчанка). Ну, а масла? Што пра масла скажаш? І не трэба, а не абмінеш. Калі гэткім маслам рыфмы змажаш, Нават верш няўдалы праглынеш (П.Панчанка). Я не такі ўжо наіўны, Каб думаць, Што вершы мае, Шурпатыя, як далоні рабочага, Суровыя, як сумленне, Народжаныя На скрыжаванні Вятроў і дарог, — Больш варты, Як нейкі глыток невялічкі Вады (М.Танк). Ім [кветкам], бледным, мёртвым, не збудзіць Былога пачуцця, Як не змагу яго збудзіць Халодным вершам я (М.Багдановіч). Чужы мой верш для вас, чужы! (Н.Гілевіч).

@

ВЕЦЕР. 1. Пра сілу, хуткасць, гучанне, уяўны колер (ветру): буйны (нар.-паэт.), бурны, быстракрылы (паэт.), вальнакрылы (паэт.), вольны (нар.-паэт.), высокі, гонкі, густы, залётны, звонкі, крылаты (паэт.), лёгкакрылы (паэт.), лёгкі, ледзь улоўны, магутны, малады, моцны, нестрыманы, несціханы, нізкі, пругкі, пявучы, разгульны, свабодны, тугі, ціхавейны (паэт.), ціхі, шумлівы, шумны, шустры, шырокі  ашалелы, візглівы, востры, глухі, дзікі, заложны, неўтаймаваны, парывісты, перарывісты, пранізлівы, рэзкі, сіплы, узмяцелены (аўт.), хлёсткі (аўт.), шалёны; белагрывы (паэт.), белы (аўт.), блакітны (аўт.), зялёны (аўт.), румяны (аўт.), рыжы (аўт.), сіні (аўт.), цёмны (аўт.), шызакрылы (паэт.).

Ветры буйныя песню вясны Разнясуць па зялёнай даліне (П.Трус). Вецер, вецер быстракрылы, Дзе мой любы, скажы, дзе? Пакланюся той дарожцы, Што мілога прывядзе (А.Русак). Па шляху блакітным з хмараў караванам, з вальнакрылым ветрам [сэрца] паплыло ў нязнана (Л.Геніюш). Зашумеў на лад суровы Вольны вецер, сонца сын (Я.Колас). Сёння свет запоўнены ветрам — высокім і нізкім (М.Танк). Спярша вясна з шырокіх даляў Прыслала гонкія вятры (Г.Кляўко). Ноч. З мора цёплага Вецер густы, Ціха шэпчуцца хвалі (М.Хведаровіч). Над соснамі, асінамі Гуляюць па бары Зялёныя і сінія Залётныя вятры (Г.Бураўкін). Ці не вецер гэта звонкі ў тонкіх зёлках шапаціць? (М.Багдановіч). Абдымала яе [Бандароўну] ночка і вецер крылаты (Я.Купала). Пагуляў па волі Вецер лёгкакрылы (Я.Колас). Лёгкі ветрык сад калыша, Гойдае галінкі (Я.Колас). Аднекуль з-за калгаснага саду прышумацеў сюды лёгенькі-лёгенькі, ледзь улоўны ветрык (Я.Сіпакоў). Дзе ж вы, вятры, маладыя, магутныя? (П.Броўка). Не чакай, пакуль разгоніць хмары моцны, бурны вецер! (К.Буйло). На кручы стагоднія дрэвы. Над імі паводка зары. Вятроў несціханых напевы (М.Танк). Вясна іскрыцца над зямлёю, Захутанаю ў лёгкі дым, І свежай дыхае раллёю, І пругкім ветрам маладым (С.Грахоўскі). Вецер, рэзкі і пявучы, заскуголіў пад акном (М.Машара). Тут ціха, спакойна, утульна, І песціцца ў сонцы платан, І лашчыцца вецер разгульны, Шырокі (Я.Колас). Жыць, раскрыўшы свае грудзі насцеж Для напеваў і вятроў свабодных (М.Танк). Заплюшчу вочы — з касачамі Насустрач любая ідзе. Яе, нібы скульптуру, лепяць Тугія, сінія вятры (С.Грахоўскі). Ціхавейны, цёплы ветрык прылятае к нам (Я.Журба). Ціхі ветрык цалуецца з жытам (П.Трус). Тарасова гора, мукі Камень толькі бача, Ды шумлівы вецер чуе, Як гаротны плача (Я.Купала). Свавольнік шумны, вольны вецер! Я гаманіў з табой не раз І ў час трывог, і ў мірны час... (Я.Колас). Ветрык шустры змоўк і заціх (Р.Барадулін). А калі праз бары прарвуцца вятры ашалелыя, тады возера — неба чорнае з грымучымі навальніцамі (У.Карызна). Візглівы вецер, як бы з вялікае злосці, ірваў апошнія з дрэў кляновыя... лісты (Ядвігін Ш.). Вецер між тым узмацняецца. Востры, пранізлівы, ён так і працінае да самых касцей (Б.Сачанка). Плача-галосіць у коміне вецер глухі (Я.Купала). Пад хмарамі дзікія ветры равуць І чуецца крык жураўліны (П.Пруднікаў). Вецер заложны шуміць, не сціхае, Жаласна свішча (Я.Колас). Неспадзявана аднекуль з боку лесу вырваўся парывісты вецер, з посвістам і віскам прамчаўся над пракосамі (І.Мележ). З успамінамі крочыў пад ветрамі сіплымі І з надзеяй на студзеньскім холадзе мёрз (П.Панчанка). Хай пра нашу з радзімай сустрэчу Прапяе пераможна над краем Узмяцелены шаблямі вецер (М.Танк). Халодны дождж і вецер хлёсткі Іх [цюльпаны] секлі некалькі гадзін, Але трымаліся пялёсткі І не зваліўся ні адзін (С.Грахоўскі). [Соня] толькі чула завыванне шалёнага ветру (М.Лынькоў). Вые ноч, а вецер белагрывы Б’ецца ў шыбы лапай снегавой (А.Александровіч). Шмат разоў, напэўна, шэрыя бярозы След іх [змагароў] белым ветрам у полі замялі (М.Танк). Вецер блакітны і вецер зялёны Хай пагуляюць сабе... (Я.Янішчыц). На ветры румяным і золкім Іх [бяроз] сестры стаяць на груду (М.Хведаровіч). Паўночныя воблакі ў лёце, Свіст рыжых вятроў (А.Пысін). Цёмны вецер над замкам кружыў (П.Панчанка). Не пісаў бы, не складаў бы я вас, думы-песні, Каб не вецер шызакрылы, Вецер напрадвесні (М.Танк).

2. Пра тэмпературу, вільготнасць (ветру): асвяжальны, вільготны, воглы (разм.), волкі, гарачы, густы, задушна-мяккі, засмяглы, золкі, зыркі (разм.), калючы, колкі, ледзяністы, ледзяны, лядовы, марозлівы, марозны, мокры, пякучы, распалены, свежы, сіберны (разм.), сіверны (разм.), сонечны, стылы, сухавейны, сухі, сцюдзёны, сцюжны (разм.), сыры, халодны, цёплы.

Падуў густы асвяжальны вецер. Адразу стала лягчэй дыхаць (Ц.Гартны). Тут вецер вільготны і пруткі, І ружы ў духмянай расе (П.Панчанка). Пятрок пастаяў, сцюжа і воглы вецер трохі далі яму аддыхацца (В.Быкаў). А з рэчкі ветрык вее волкі, Як веснік блізкага ўжо дня (Я.Колас). А вецер дзьмуў сустрэчны і гарачы (М.Танк). Варушыўся ціхі, але неспакойны і густы вецер (І.Мележ). Голле старой бярозы гайдаў цёплы, задушна-мяккі вецер (А.Савіцкі). Вада жыве ў вядры халоднаю спякотай. Засмяглыя вятры аблізваюцца ўпотай (Р.Барадулін). На дварэ ў твар Васіля ўдарыў золкі вецер (І.Мележ). З адной дзьме вецер стараны, Ды вецер зыркі, сухавейны, Мой недруг... (Я.Колас). Я ўзнімаўся, хапаючы вуснамі колкі вецер (Г.Бураўкін). Зноў дыхнуў лядовы вецер (К.Буйло). Марозны белы вецер хіба не супакоіцца да рана (М.Танк). Раніцою мокры вецер біўся з лесу ў сонечнае акно (К.Чорны). Адшумеў лістапад, адзвінелі дажджы, І зіма панагнала пякучых вятроў (П.Панчанка). Закрытая, заціснутая з усіх бакоў дзеравякамі, не бачыла яна [бярозка] сонца, рэдка калі патыхаў на яе свежы ветрык (Я.Колас). Здаецца, клёны слухаюць І хочуць адгадаць, якой дарогай, дзе З сібернымі вятрамі, з завірухамі У ботах ледзяных зіма ідзе (П.Панчанка). Сцюдзёны сіверны вецер самаўладна гаспадарыў у непрыбраным кукурузным прасцягу (В.Быкаў). Я чую, як палае кроў Ад іскры першай бліскавіцы І подых сонечных вятроў, Якіх удоваль не напіцца (М.Танк). Потым з поўначы падзьмуў густы і стылы восеньскі вецер (Я.Сіпакоў). Усю ноч дзьмуў вецер — сухі, марозлівы (З.Бядуля). Як гэта страшна, калі адзін Пад сцюжны вецер, Як у бяздонне паміж лядзін, Брыдзеш у свеце (К.Кірэенка). На сырым, калючым ветры нікому не хацелася гібець... (В.Гардзей). Самы лепшы час, калі пачынаюць распускацца бярозавыя лісточкі, і няма лепшай музыкі, калі высока ўгары гойдае-песціць лёгенькі цёплы ветрык пахучыя лісточкі (Я.Колас).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце, фізічнае ўздзеянне (ветру): арлінавокі (аўт.), ветлы, вішнёвы, водарны, вясёлы, гарэзлівы, гарэзны, гаючы, гуллівы, далікатны, добры, дураслівы, духмяны, жартаўлівы, закаханы, залаты (паэт.), зіхоткі (разм.), лагодны, ласкава-цёплы, ласкавы, мірны, мядовы, мяккі, наіўны, неўгамонны, нясмелы, пахучы, працавіты, прыветлівы, прыветны, прыемны, пяшчотны, радасны, родны, рухавы, салодкі (паэт.), светлы, смалісты, снежнарукі (аўт.), спрытны, усемагутны, усхваляваны, хвалюючы, цвярозлівы (аўт.), шаўковы, шчаслівы  асіплы (аўт.), атручаны, ахрыплы (аўт.), безыменны (аўт.), без’языкі, беспрытульны, бяздомны, бязлітасны, бяссонны, востры, галодны, гаркавы, гнеўны, горкі, дакучлівы, жаласны, журботны, задумны, задымлены, засмучаны, засмяглы, заўзяты, зацяты, злавесны, злосны, злючы (аўт.), змрочны, зухаваты, калматы, кудлаты, ліхі, маркотны, нахабна-краплісты (аўт.), нахабны, нелюдзімы, непакорны, непаслушны, непрыемны, неспакойны, нечакана востры, нудны, нямы, няўтульны, нячулы, нячутна смертаносны (аўт.), пагрозлівы, пануры, плакучы, прэсны, пустапашны (аўт.), пякучы, п’яны, разбойны, разгульны, раззлаваны, раз’ятраны, роспачна-вясёлы (аўт.), салёны, свавольны, сляпы, сонны, сумны, суровы, трывожны, тужлівы, хаўтурны, хмурны, хмуры, шорсткі, шумліва-порсткі (аўт.), шурпаты.

Вадой і хлебам, словам, снежных стром парывістым арлінавокім ветрам... Радзіма ўвайшла ў мяне... (Г.Пашкоў). А заўтра будуць ветлыя вятры (Я.Сіпакоў). Вішнёвы вецер студзіць грудзі, Пялёсткі кружаць галаву (С.Гаўрусёў). Вясёлы вятрыска вітаўся з кустамі... (Н.Гілевіч). На падмостках У ззянні агнёў мюзікхола Негрыцянка пяе, І звініць яе голас, Быццам ветрык гарэзлівы, цёплы, лагодны... (М.Танк). І боль суціхаў пад журботным напевам Плакучай вярбы і гаючых вятроў (М.Машара). У даль лятуць мае белыя коні па пустым бездарожным загоне. Пераблытаў ім вецер гуллівы Легкавейныя тонкія грывы (К.Буйло). А няхай дзьме добры вецер І дзьме на наш касцёр (Я.Колас). А гэты ветрык дураслівы Траве зялёнай чэша грывы (Я.Колас). Цёплы, духмяны вецер фурчыць у вушах... (Я.Брыль). Жартаўлівы ветрык губы, твар цалуе (“Маладосць”). Вецер закаханы шэпча чараўніцы пра любоў (І.Скурко). Ідуць калоны, залатым Сцягоў авеяныя ветрам (М.Танк). Над вёскай, у полі, была імглістая, закураная смуга, быў прыхаваны смутак... незразумелы, як настрой, то сцішанага — і тады светлага, — то шумліва-порсткага, роспачна-вясёлага, нават аж зіхоткага ўваччу і ўсё адно цёмнага ветру (М.Стральцоў). Імполь падняў проці ласкава-цёплага ветру свой твар (В.Адамчык). І вецер ласкавы, вясновы Гамоніць пра мір і любоў (П.Броўка). Хай жа ціха над кожным парогам Веюць мірныя ветры (П.Прыходзька). Асвежаны халоднаю расою Мядовы ветрык шалясцеў над дахам (К.Камейша). У кроне шамаціць мяккі вецер і сціхае ў ёй (В.Жуковіч). Лісты наіўны вецер неўпапад З далёкай гнаў вярсты (Р.Барадулін). Гэй, павейце, разгуляйцеся Ветры вольныя... Зашуміце, неўгамонныя (Я.Купала). Нясмелы вецер гнаў рэдкія хмары па... светламу небу (У.Краўчанка). У трапяткім лісці заблытаўся пахучы вясёлы ветрык (ЛіМ). Напаіў траву і жыта, І бярозаў вецце... Вельмі добры, працавіты ўсемагутны вецер (А.Бялевіч). Пойдзем, пойдзем туды, Адкуль сонца ўзыходзе, Адкуль вецер прыветлівы вее (Я.Купала). Я падару табе мора... Вецер ласкавы, пяшчотны... (Н.Загорская). Меднастволая [сасна] узняла высока Кучаравае тонкае вецце, Каб яго песціў радасны вецер (К.Буйло). Колькі жыць нам — невядома... Вей, мой родны вецярок! (П.Панчанка). Але душу маю сягоння поўняць Твае [Балгарыі] мелодыі, і я не знаю... Ці гэта ветрык ранішні, рухавы Пакінуў свой начлег на перавалах? (Н.Гілевіч). Прабег па сэрцы і па кожнай жылцы Салодкі і журботны вецярок (П.Панчанка). І здаецца, што ў прыдарожнай карчме Вецер свежы, смалісты павеяў (М.Танк). У белых далях застагналі снежнарукія вятры (“Маладосць”). Гучыць, грыміць мелодыя вясны! Яе нясе на крылах ветрык спрытны (А.Звонак). Пахучыя тонкія вецці Пясціў усхвалёваны вецер (К.Буйло). А ў зялёным ветры, нечакана вострым і хвалюючым, як успамін, мроіўся... пах гарэлага бульбоўніку... (М.Стральцоў). Ён гаварыў спакойна, крыху марудна, але цвёрда, і ад яго спакойнасці на распаленыя спрэчкай сэрцы жанчын нібы дыхнула свежым, цвярозлівым ветрам (І.Мележ). Ідуць без дарогі, проста наперад, у самыя абнімкі шаўковага падатнага ветру (М.Зарэцкі). У натапыраным галлі Асіплы вецер стогне глуха (П.Макаль). Вось і горкі ўмалот — гурбы бітае цэглы, І ўсе людзі навекі пад душнаю цэглай палеглі. І, здаецца, няма ўжо нікога, нікога на свеце. То не я пазіраю — Гэта трызніць атручаны вецер (П.Панчанка). Мне трэба падабраць людзей, Якім на гэтым свеце Усё роўна дзе грудзьмі глытаць Марскі ахрыплы вецер (М.Танк). За акном скуголіў мокры беспрытульны вецер... (В.Хомчанка). Ты знаеш вецер сваёй радзімы — Не безыменны там вецер нейкі, А той, што вее начлежным дымам. Шуміць чаротам, звініць жалейкай (М.Танк). Іх [калоны] вецер без’языкі не можа заглушыць (М.Хведаровіч). Дыханнем халодным, вільготным Павейвае ветрык бяссонны (Я.Колас). Галодны вецер свішча, шалее ў злыбядзе, Цямняцкае ігрышча з сухотніцай вядзе (Я.Купала). Смакуй, як найсвяцейшае прычасце, Гаркавы вецер, цёплы дух лясны... (Г.Бураўкін). ...Вецер гнеўны клубіў дым комінаў фабрычных (М.Танк). Сцежкі незваротныя твае замятае вецер, вецер горкі... (В.Зуёнак). Што мне, вандроўніку, сон пад страхою!.. Хай не заўсёды мне цёпла і ўтульна: Часта наладжваюць свае гульні Вецер дакучлівы, дождж, бліскавіцы... Толькі пад небам адкрытым такім Бачу я дзівы і казкі лясныя... (М.Танк). І штось нашэптвае вербам задумны вецер (А.Звонак). Судзіць адшчапенцаў устануць прабітыя кулямі дзеці, Крывёю залітыя рэкі, пабітыя бомбамі хвоі... і чорны задымлены вецер (П.Панчанка). Надрывайся і шумі, Вецер злосны, ў полі (Я.Колас). І свавольны і злючы... вецер Гнуў без жалю рабіны той вецце (Я.Журба). Прыбег, няведама адкуль, на скокі вецер зухаваты (У.Хадыка). Толькі вецер калматы Замятае пры самой дарозе сляды (С.Грахоўскі). Зашуміць, можа, вецер кудлаты З падарожнай расстайнай сасны (М.Танк). Народжаны ў дні ліхіх вятроў, Ён [Колас] гартам волі наліваў нам грудзі (К.Буйло). Ты, вецер разгульны! Ты — вечны дарожны і вечны выгнаннік, бы кім закляты! Заўсёды маркотны, заўсёды трывожны, Спакою ніколі не ведаеш ты (Я.Колас). Ён... аддзімаўся ад нахабна-краплістага ветру (Я.Брыль). Са стрэхаў жмутамі вісіць салома, сарваная нелюдзімымі вятрамі (П.Пестрак). Прыціх той ветрык непаслушны, Як бы сваім аддаўся марам (Я.Колас). Нават неспакойны вецер і той гаманіў на сумны лад, прыпадаючы да зямлі, нібы для таго, каб паслухаць яе нямоўкныя песні (Я.Колас). За акном ціхі снег і блукаюць нямыя вятры (С.Ліхадзіеўскі). Вецер наскочыў, вецер нячулы Птушцы гняздзечка раскінуў (Я.Купала). Раптоўна сталі мёртвымі жывыя, жыццядайныя нядаўна, І вецер дзьме нячутна смертаносны (В.Жуковіч). Зноў мора Мінскага ўдыхаю прэсны вецер І кожнай прыдарожнай рад сасне (П.Панчанка). Пустапашны вецер полем імчыць да могілак — апошняга прычала, Дзе гора не маўчала, не маўчала (А.Лойка). Змярцвелы лес будзе стаяць... ціха скардзіцца пякучаму ветру... (Л.Дайнека). Пад сасновыя частушкі П’яны вецер завірыў (М.Танк). Паўночныя воблакі ў лёце, Свіст рыжых разбойных вятроў (А.Пысін). Раз’ятраныя халастыя ветры Гуляюць ад сяла і да сяла (Г.Бураўкін). Пажаты жыты, павязаны снапы, За хвост сябе ловіць вятрыска сляпы (С.Гаўрусёў). Толькі часам ціхай скрыпкай Заіграе сонны вецер (М.Танк). А ні хаты, а ні павеці — Голы комін ды цішыня... А тым часам трывожны вецер Хмары чорныя ў гурт заганяў (П.Панчанка). І вецер хаўтурны над сёламі вее... (П.Броўка). Хмуры цёплы вецер не мог раскалыхаць ваду (К.Чорны). Там ходзяць хмурыя вятры, Чарнеюць спаленыя хаты... (А.Астрэйка). Ноччу вецер шурпаты з оста І мяцеліцы вал дзевяты, Як на богам забыты востраў, На маю наляцелі хату (Н.Мацяш).

* Бабыль-вецер, валацуга-вецер, вей-вецер, ветры-віхуры, вецер-арганіст, вецер-буй, вецер-буйнавей, вецер-бура, вецер-вандроўнік, вецер-віхор, вецер-вятрыла, вецер-вятрыска, вецер-ганец, вецер-дабрадзей, вецер-завіруха, вецер-задзіра, вецер-музыка, вецер-пяюн, вецер-самагуд, вецер-свавольнік, вецер-сівер, вецер-снегавей, вецер-сокал, вецер-сухавей, вецер-тайгачок, вецер-чабан, віхар-вецер, гарэзнік-вецер, забіяка-вецер, званар-вецер, змей-вецер, свавольнік-вецер.

Бабыль-вецер на світанні Пойдзе ў свет шырокі, Пойдзе ў злосці, буркатанні Аглядаць валокі (Я.Колас). Парасчыняны дзверы Для валацуг-вятроў (Н.Гілевіч). Бывала, імчыцца Вей-вецер і вецце лёгкім павевам авее (А.Александровіч). Жывіце ж да поўнага веку, сябры... нішто нам віхуры-вятры, Пакуль нашы шэрагі ў шчыльнасці (Н.Гілевіч). А сёння вецер-арганіст Па згібшых рэквіем іграе (К.Буйло). Наскочыла восень, Буй-вецер загушкаў (П.Броўка). У чаротах плачуць ветры-буйнавеі, Атрасаюць долу дымную расу (С.Грахоўскі). Паляцеў бы ў луг, дзе Нёман Бераг точыць, мые, Дзе гамоняць з ветрам-бурай Дубы векавыя (Я.Колас). Ужо верасень, Ветры-вандроўнікі Аж праз вокны нясуць халады (П.Броўка). Снежная замець шуганула над полем, нібы вырваўся на волю вецер-віхор (М.Лынькоў). О вецер-вятрыла, ні зімка, ні восень, а ты задзьмуваеш апошнюю просінь! (Е.Лось). Дзякуй вам, вятры-вятрыскі, Што нам твары гартавалі (П.Броўка). Шумяць дубы, гудуць дубы, Вядуць аповесць грозных год... І славяць велічны народ — Мой край, што зведаў многа ран, Край незабыўных партызан! Вятры-ганцы склікалі іх... (П.Броўка). Добрай раніцы ў полі шырокім Вятрам-дабравеям, Каласам умалотным высокім, Рупным жнеям (М.Танк). Ты сканала і разрухі больш не будзеш бачыць. Хай хоць ветры-завірухі Па табе паплачуць (Я.Колас). А вецер-задзіра гудзе, як шалёны, І вые над лесам пустым (Я.Колас). Песню зацягнулі ветры-музыкі (Р.Барадулін). Думкі вецер-пяюн развяваў (Л.Геніюш). І спяваюць вятры-самагуды Гучным звонам у струнах дратоў (Я.Колас). Калыхала мяне мама, Потым вецярок-свавольнік... (М.Танк). Усе лісточкі даўно вецер-сівер разнёс (Я.Колас). Гоніць хмаркі-лебедзі вецер-снегавік (А.Звонак). Будуць ветры шумець, ветры-сокалы (П.Трус). З балот крынічыў вецер-сухавей (М.Танк). Нават лёгенькі вецер-тайгачок замест вечнага паху кедравай смалы водарыў сенам (Я.Сіпакоў). На высокім перавале горным, Усё роўна, як з варот шырокіх, Перад ветрам-чабаном пакорна Чарадой даўгой ідуць аблокі (М.Аўрамчык). І я зросся з гэтым горам, Як віхры-вятры з прасторам, Як з загонам жыта (Я.Колас). Восеньскі забіяка-вецер раз-пораз рыпаў... дзвярыма (В.Быкаў). Званар-вецер біў языкамі званоў аб іх край (Я.Колас). Гарэзнік-вецер голле развінуў, Наўмысна перагортвае лістоту (М.Аўрамчык). Цішыня. Ды як можа ў гэтым казачным кутку сваволіць змей-вецер (І.Пташнікаў). Ды прыціх свавольнік-вецер, Шэпча мне, змяніўшы тон (Я.Колас).

@

ВЕЧАР. Частка сутак ад канца дня да надыходу ночы.

1. Пра стан надвор’я, пра колер неба, водар паветра (вечарам): агністы, барвовы, блакітны, бэзавы (аўт.), ветраны, водарны, залаты, залацісты, зорны, крамяны, крыштальны, ліловы, мяккі, пагодлівы, празрысты, рубінавы, сіні, смугла-сіні (аўт.), смуглы, цёплы, ціхі, чарнакудры (паэт.), янтарны, ясназоры (паэт.), ясна-зыркі (паэт.), ясны  віхурны, волкі (разм.), густы, душны, замглёны, золкі, імглісты, марозны, мокры, непагодлівы, непагодны, непагожы (разм.), парны, росны, свежы, слотны (разм.), сцюдзёны, халодны, цёмны, чорны (аўт.), шэры.

Вечар агністы, ў паўнеба світанне. Тут з маёй доляй вячыстай спатканне (С.Панізнік). Тут з вудай стаяць над ракой Ігнась Бандарэвіч гатовы і ў ранішні млявы спакой, і ў вечар ціхі барвовы (А.Бялевіч). І ў вечар бэзавы на ціхай лаўцы Яшчэ ніхто па мне не сумаваў (Н.Гілевіч). Парным водарным вечарам польнаю сцяжынкаю Зося бегла ў жытное (Р.Сабаленка). Залацісты вечар дагарае (Я.Журба). Прыходзіць вечар зорны, Ды не змаўкае спеў (П.Панчанка). Правал акна. За ім — крамяны вечар (С.Дзяргай). Трызніцца мне ўсё ліловы вечар, Вашы сляды на ліловым снягу (У.Караткевіч). Ціхі, мяккі вечар. Дзень учора быў вельмі спякотны (В.Вольскі). Празрысты вечар, радасны, як ранне. Яна бяжыць, нібы ў дзівосны сон, На першае таемнае спатканне (С.Грахоўскі). Вечары рубінавыя, аўсяная замець... Сустракай, радзімая, мёдам, пірагамі! (П.Броўка). Наступае вечар сіні (М.Танк). Бывала, у вечар смугла-сіні Расою ўпоіцца сасна (П.Трус). Смуглы, суровы вечар спускаўся ціха... (М.Хведаровіч). [Валі] няможна выйсці на двор, дзе так многа святла, прастору і сонечнай ласкавасці, дзе такія цёплыя, мяккія, чорныя вечары (А.Жук). Толькі горыч Яму пакінуў на ўспамін Вясновы вечар ясназоры... (Н.Гілевіч). І вее вечар ясна-зыркі Вятрыскам зябкім ад ракі (А.Звонак). Нешта праз паўгода пасля таго, як яны прыйшлі з лесу, віхурным зімовым вечарам Зыбін завёз Жэню ў бальніцу (І.Мележ). Па вечарах, волкіх і росных, клубіцца, кудзеліцца... туман (Б.Сачанка). У забалоцкіх кустах садзіўся густы кастрычніцкі вечар (Я.Скрыган). І вось аднойчы ў душны летні вечар У чалавека нарадзіўся сын (П.Панчанка). Як чарнакрылы птах, Замглёны вечар плыве над Мінскам (А.Звонак). Цёмны і золкі вечар. Спыніўся, каб паслухаць радыё... (Я.Брыль). Ціхі марозны вечар... Недзе далёка-далёка ў палёх усхліпваюць бомы і, як старац з разбітаю лірай, манатонна скрыпяць палазы (П.Трус). Пад гэты дождж успамінаецца другая пасля пакінутай гімназіі восень, мокрыя, цёмныя вечары, лямпа на родным стале, і сам ён [Алесь] над кнігай (Я.Брыль). Непагодны вечар. Сумна, дружа, мусі? Каб разважыць смутак, ціха заспяваю... (М.Багдановіч). Як не дрыжаць у вечар непагожы Лістам? (А.Звонак). Сцюдзёны лістападаўскі вечар, Мы ішлі паміж рэдкімі, пацярэбленымі вайною соснамі на святло ў Коласавым акне (Я.Брыль). Зорны халодны вечар. Трашчыць мароз (М.Лупсякоў). Цёмны вечар насоўваецца з усіх шчылін (Я.Колас). Шэры вечар вось-вось павінен змяніцца дажджлівай ноччу (Я.Брыль). Вечар чарнакудры туліўся да зямлі, а з ім ветрык жартаваў (М.Нікановіч).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (вечара): вясёлы, гутарлівы, дасведчаны (аўт.), добры, дрымотны, задумёны (разм.), задумлівы, звонка-каляровы, звонкі, лагодны, ласкавы, незвычайны, прыгожы, радасны, расспяваны, салаўіны (аўт.), спакойны, цудоўны, чуткі, шыза-галубіны (аўт.)  бесклапотны, бестурботны, глухі, горкі, дзікі, доўгі, журботны, зажураны, заплаканы, змрочны, маўклівы, млосны, млявы, моташны, невыносны, нудны, сонны, суровы, тлумны, цягучы.

У вясёлы вечар мая Салавей ў гаі свістаў (Я.Колас). А вечар чуткі, гутарлівы Разносіць гоман, смех шчаслівы (Я.Колас). На імгненне прымоўкне дасведчаны вечар, Лістадзённік вятры адгорнуць наўздагад (Р.Барадулін). Добры зорны вечар... вецер Каштаны калыша (А.Александровіч). Дрымотным вечарам юны ліпоўнік Па схонах да цёплых бяжыць берагоў (Р.Барадулін). І вечар замёр задумёны (Я.Колас). Задумлівы вечар спусціўся на пожні, З зялёнага лесу ішоў асцярожна На поле жытное па выцвілых травах (К.Буйло). Вечар звонка-каляровы светлай стомаю гудзе (С.Гаўрусёў). Здароў, марозны звонкі вечар! (М.Багдановіч). У прыгожыя, ціхія вечары любіў Максім слухаць родныя песні (А.Бачыла). Лагодны вечар, ціхі, вераснёвы. Кучомкі хвой замлелі ў цішыні (Я.Колас). Не журы дачкі, бо пакрыўдзіцца... Немагчыма ёй, звонкай, маладой, Прапусціць было стрэчу над ракой, Вечар ласкавы, ноч з сваёй красой, Гэту раніцу з майскаю зарой (М.Танк). Цябе, любоў мая, вітаю зноў У незвычайны гэты цёплы вечар (А.Звонак). Празрысты вечар радасны, як ранак, Яна бяжыць, нібы ў дзівосны сон... (С.Грахоўскі). Расспяваны вечар пацалуе губы (Л.Геніюш). У акенца тваё я пастукаў зязюльчыным ранкам Пасля салаўінага вечара І перапёлчынай ночы (П.Панчанка). Спакойны жнівеньскі вечар. Сонца зайшло (Я.Брыль). І вечары такія ціхія, цудоўныя! (Я.Брыль). Сцяпан патроху стаў вяртацца У свой ранейшы стан-настрой... Хадзіць з Альжбетай у любімы Садок ля Свіслачы-ракі, Дзе ў вечар шыза-галубіны Рука не просіцца з рукі (Н.Гілевіч). У бесклапотныя зімовыя вечары збіраліся дзяўчаты разам: гучалі дзівосныя родныя песні, пачутыя яшчэ ад бабуль (Р.Шырма). І глухімі восеньскімі ды зімовымі вечарамі па хатах збіралася моладзь (Я.Брыль). Вечар нейкі дзікі і злы (У.Караткевіч). Сёння прыйдзе Яна, Завітае ка мне Ў гэты ціхі зажураны вечар (П.Трус). Трасецца асенні заплаканы вечар (Я.Пушча). Нашаптпала яна [восень] у вечар змрочны Невыразных загадак аповесць (А.Звонак). Вечары апускаюцца маўклівыя і кароткія (Я.Скрыган). Млосны вечар, дзённая спёка ўжо сышла, але ў паветры яшчэ патыхала духменем... (І.Мележ). Быў вечар, цёплы і млявы... (Б.Стральцоў). Восеньскія вечары, нудныя, доўгія, цягнуцца, як год (“Маладосць”). Паміж клапотаў, Між працы тлумных вечароў Агорне часам адзінота (П.Броўка).

@

ВЁСКА. Абуджаная, блізкая, вялікая, вясёлая, зялёная, людная, маленькая, мілая, наскрозь пранятая святлом, працавітая, працалюбная (разм.), прыгожая, пявучая, спакойная, сціплая, ціхая, шчаслівая  апусцелая, глухая, далёкая, заклапочаная, запусцелая, заснежаная, зруйнаваная вайною, непацешная (разм.), непрыкметная, неспакойная, падмятая пасляваеннымі кустамі, сонная, спалоханая, стомленая, сцёртая з зямлі вайною, убогая, узварушаная.

Слова — вёскі абуджанай дар, Песня спее ў вачах і на ўсмешцы (А.Пысін). Чаго, вятрыска, Так узбунтаваўся І над вёскай блізкай Ты не злітаваўся? (Я.Купала). Маленькая вясёлая вёсачка, як падковай, была атуленая лесам (Я.Колас). З далёкага краю крылатыя госці Прынеслі ў зялёную вёску Замосце Чатыры магілы (П.Панчанка). Тыя камяні і тыя дрэвы — усё, што засталося ад колішняй люднай вёскі (Я.Сіпакоў). Мілая вёска, разлогаў кілімы, Сцежкі, і рэчка, і дуб на браду! Верце: без вас мне жыццё немагчыма (К.Кірэенка). Вёска мроіць пад сонцам, уся зялёная, наскрозь пранятая святлом (У.Караткевіч). А колькі іх [вёсак], некалі пявучых і ціхіх, працалюбных і заклапочаных, сцёртых з гэтай зямлі вайною, падмятых пасляваеннымі кустамі, жывуць... урочышчамі, дарогамі, крыніцамі (Я.Сіпакоў). Ляжа Сцёпка спаць на нары, І праз цэлу ночку Сны аб роднай вёсцы сняцца, Аб сваім куточку! (Я.Колас). Позні вераснёўскі вечар. Над ціхай стомленай вёскай — шчодра зорнае неба і самотны, сарамлівы маладзік (Я.Брыль). Ты, вёска сціплая, не знаеш мод, Зямлёй і лугам пахнуць твае рукі (А.Пысін). Я ўвайду ў забыты богам дом На краёчку апусцелай вёскі (Я.Янішчыц). Гэта мне расказвалі ў глухой палескай вёсцы... (Б.Сачанка). Бабулькі неяк святлеюць і, сабраўшыся на гарадскім двары, пачынаюць размову пра вясну, пра свае далёкія, заснежаныя вёскі (Я.Сіпакоў). Шкода вёсак запусцелых, Дзе рольнік гаруе... (Я.Колас). Кусты насунуліся на зруйнаваную вайною вёску (Я.Сіпакоў). Тут у крыві людской скупана Капейка сходзіць за дармо, А там, у вёсцы непацешнай, Расце, вялічыцца ярмо (Я.Купала). У вёсцы непрыкметнай дзве заставы... (А.Пысін). Эй, вы, родныя нівы! Эй, ты, бор гутарлівы! Эй, вы, убогія родныя вёскі! Вас да самай магілы любіць трэба (Я.Купала). У нагах у яго рассцілаўся абшар... Сонных вёсак шары, хат амшалых, як мар... (Я.Купала). Амаль не спыняючыся, і дні і ночы ішоў эшалон... па шырокіх прыволжскіх палях, мінаў неспакойныя гарады, узварушаныя вёскі (І.Мележ).

@

ВОБЛАКА (аблачына, аблокі). 1. Пра колер воблака; пра яго аддаленасць ад зямлі, становішча ў прасторы: агністае, агніста-залатое, барвовае, барвянае, барвяна-ружовае, бела-барвова-шэрае, белае, белае-белае, белагрудае, белапеннае, беласнежнае, бэзавае, бялёсае, бялюткае, бялявае, дымнае, дымчатае, жоўтае, залацістае, залатое, зеленаватае, зялёнае, ліловае, малінавае, малочна-белае, пунсовае, пурпуравае, ружаватае, ружовае, румянае, светлае, серабрыстае, сівае, сівенькае, сіняе, сярэбранае, чыстае, янтарнае, яснае  бруднае, бурае, мурзатае, мутнаватае, мутнае, попельнае, пярэстае, рудое, рыжае, свінцовае, стракатае, чорнае, шэра-цёмнае, шызае; высокае, далёкае, лёгкакрылыя (мн.), недасяжнае, нізкае, хуткае, шпаркае, шустрае.

Сонца, чырвонае... павольна апускалася за стрэхі горада ў агністых аблоках (І.Дуброўскі). Сонца яшчэ не паказвалася, што ўгадвалася на паўночным усходзе па агніста-залатых дробных, як луска, воблаках (П.Місько). Мне здаецца, што гэта барвовае воблака Нада мною вісіць з палавецкіх часоў (П.Панчанка). Насустрач сонцу па блакітным полі плылі барвяныя аблокі (М.Аўрамчык). Учора быў дождж, было сонца... тады цудоўнае неба на захадзе, з нізкімі бела-барвова-шэрымі воблакамі над морам (Я.Брыль). У блакіце аблачынку белую люблю, — нібы лёгкую пушынку, позіркам лаўлю (В.Жуковіч). Неба ўскрыкне!.. І на воблака белае-белае Кроў птушыная пырсне Брусніцамі спелымі (У.Някляеў). Белагрудыя воблакі, белагрудыя воблакі За акном самалёта ўцякаюць назад (С.Гаўрусёў). Барыс Рыгоравіч ляжаў на спіне і сачыў, як спакойна плыве белапеннае кучаравае воблачка (І.Новікаў). Зусім па-летняму клубіліся рэдкія беласнежныя воблакі (М.Лынькоў). Высока ў небе воблака плыве, Плыве бялюткае, адно ў блакіце (Н.Гілевіч). Неба, усцяж засланае бялёсымі воблакамі, пазірала непрыветна і хладна (Я.Колас). У воблакаў бялявых і ружовых Ёсць контуры зямных мацерыкоў (А.Пысін). Каторы ўжо дзень раніцай і вечарам бурыя, днём жоўтыя, цяжкія воблакі віселі на гарызонце (І.Пташнікаў). З белых дымных воблакаў ішоў глухі несціханы гул (А.Савіцкі). Сонца ўжо амаль схавалася за лес, і толькі залацістыя і бэзавыя аблокі адбівалі яго святло (М.Корбан). Сярод чорных і шэрых скал струменіліся шматкі зеленаватых аблокаў (У.Шыцік). Вільготнае, ліловае знізу, воблака плыло, як ветразь (У.Карпаў). Я заглядзеўся на сутонні ў неба — Малінавыя воблакі плылі (С.Грахоўскі). Ды над сцежкамі нашымі З-за аблокаў пунсовых Рэактыўнымі нартамі Пранясецца паштовы (Л.Дайнека). І след пурпуровых аблок Дрыжыць на ўстрывожанай плыні... (А.Звонак). На небе... лёгкае ружаватае воблачка (Я.Скрыган). На небакраі ўзыдзе раптам... светлае невялічкае воблачка (Я.Сіпакоў). З вышыні самалёта, праз ілюмінатар ззялі серабрыстыя воблакі — нерухомыя вялізныя караблі на бяскрайнім моры (“Беларусь”). Сівенькае воблачка ўзвілося на грудку (А.Савіцкі). Маё поле, мае гоні — Воблакі сівыя, Маё стадка, мае коні — Хмары вараныя (Я.Купала). Адплываюць караблі далёка Ціхім шляхам вулачак крывых З маставых пад сінія аблокі, ў акіян зялёнае травы (В.Вярба). Мы (таксама выпадкова) убачылі чорнага бусла, які, нібы манах, глыбакадумна стаяў у сваім гняздзе і дужа добра быў відзён на фоне нізкіх мурзатых воблакаў (Я.Брыль). Плывуць удаль пярэстыя аблокі (Ю.Свірка). Сіні дым звіўся з рудым воблачкам (А.Савіцкі). І дзяцінства чарадой гадоў Праляцела воблакам стракатым Маладых пярэстых галубоў (М.Аўрамчык). Грувасціліся дзіўныя, як усё роўна састаўленыя ў два аграмадныя стагі, кудлатыя шызыя воблакі (А.Савіцкі). У разрыве шэра-цёмных воблакаў мільгацеў серабрысты кружок месяца (І.Навуменка). Бягуць шпаркія воблакі, бягуць здалёк ці зблізку... высокія і нізкія, рэдкія і суцэльныя (І.Грамовіч). Лёгкакрылыя воблачкі, як невядомыя белыя птахі, патроху зляталіся ў чароды (“Маладосць”). У вышыні блішчалі прагалы блакіту з беражкамі далёкіх белых аблокаў (В.Быкаў). Алесь... задумна глядзеў на ляную плынь недасяжных аблокаў (Я.Брыль).

2. Пра форму, памер, абрысы воблака, пра яго шчыльнасць, гушчыню: вялізнае, вялікае, галубінае, грудастае (разм.), грывастае (разм.), густое, дробныя (мн.), зубчатае, крамяное, круглае, купчастыя (мн.), кучаравае, маленькае, невялічкае, празрыстае, пуховае, пушыстае, пышнае, рэдкія (мн.), суцэльныя (мн.)  злямчанае, калматае, кудлатае, мутнаватае, нішчымнае.

Справа за дарогай у небе грувасціліся вялізныя грывастыя белыя воблакі (А.Савіцкі). Добра... заглядзецца на... кучаравыя верхавіны соснаў на фоне цёплага блакіту і галубіных воблакаў (У.Караткевіч). Крамяныя грудастыя аблокі Над пожняю, над лесам коціць дзень (М.Стральцоў). А ваўкі халодныя насы Узнялі на воблака густое І спрабуюць ціха галасы (П.Панчанка). Далей, на самым небасхіле, стаялі нізкія зубчатыя аблачынкі (Т.Хадкевіч). Нізка над лесам у тым баку, дзе стаяла сонца, збіліся ў кучы белыя круглыя воблакі (І.Пташнікаў). Быў адзін з тых восеньскіх дзён, калі па небе паволі і нізка плылі купчастыя воблакі (Я.Скрыган). У вышыні раскідвалася ясная сінява, маленькія кучаравыя аблачынкі таялі ў яе неабдымнасці (Т.Хадкевіч). Высока ў жнівеньскім небе зіхацела празрыстае воблака, падобнае на бліскучы камяк пены (І.Мележ). [Аляксей] ляжаў на спіне, і ў шырока расплюшчаных вачах яго адбівалася красавіцкае неба з рэдкімі пушыстымі аблачынкамі (Т.Хадкевіч). ...Неба блакітнае, і толькі дзе-нідзе відаць невялічкія пуховыя воблачкі... (І.Гурскі). Як засінелася возера чыстае, Бо маладая красуня вясна, Каб падсініць аблачынкі пушыстыя, Сінькі ў ваду сыпанула спаўна (Р.Барадулін). Раптам самалёт доўга падаў уніз праз злямчаныя, шэрыя воблакі... (Я.Сіпакоў). Праз кудлатыя і белыя, як воўна, воблакі спрабавала прабіцца сонца (А.Кудравец). У даляглядзе пад яркім сонцам горы... лезуць адна на адну, выступаюць у небе мутнаватымі воблакамі... (З.Бядуля). Удзень па небе плылі груды разарваных воблакаў, халодных, нішчымных (Я.Колас).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (воблака): дзіўнае, лёгенькае, лёгкае, лёгкакрылатае, маладое, пышнае, пяшчотнае, цёплае, ціхае, цудоўнае, чароўнае, шаўковае  адзінокае, грознае, маркотнае, млявае, панурае, суровае, халаднаватае, халоднае, хмурае, хмурлівае, цяжкаватае, цяжкае.

Дзіўнае воблака ў небе жыве (Я.Янішчыц). Высока-высока над дзедам паружавела лёгенькае воблака (Я.Брыль). Маладыя аблокі над Ушаччынай ціха плывуць (Р.Барадулін). Воблачкі пышныя, лёгкакрылатыя з полудня вольна плывуць (ЛіМ). Алесь ляжаў цяпер у лагернай нестаптанай траве, задумна глядзеў у высачэзную просінь на ляную плынь... пяшчотных аблокаў (Я.Брыль). Прыхільны лёс да розных дзівакоў, Ён адарае нас не толькі снамі... І пралятаюць чайкі па-над намі Кавалачкамі цёплых аблакоў (П.Панчанка). Жоўты лубін цвіце паміж цёмна-зялёнымі пералескамі, а зверху, скажам, яшчэ і блакіт, і белыя, ціхія аблачынкі (Я.Брыль). Хацелася паваліцца ў траву і глядзець у неба, дзе гусцеюць чароўныя аблокі (І.Шамякін). Як лёгка ты ідзеш па вуліцы. У плацці, Пашытым з шаўковага воблака (П.Макаль). Радасцю напаўнялі сэрца і суседняя ялінка... і адзінокае пушыстае воблака з бледна-ружовымі краямі (Т.Хадкевіч). Над зямлёй віселі грозныя, суровыя воблакі (М.Зарэцкі). Неба было зацягнута шэрымі панурымі воблакамі (Я.Скрыган). Спачатку высока-высока ў небе з’яўляюцца шэрыя халаднаватыя воблакі, якія ў нас называюцца шэрымі коньмі восені (Я.Сіпакоў). Сонца нехаця варочалася ў густых цяжкаватых воблаках (Я.Скрыган).

@

ВОДАР. 1. Пра сілу водару, яго характэрныя прыкметы: асенні, бальзамічны, вільготны, вясновы, густы, далікатны, духмяністы, духмяны, клейкі, лёгкі, мурожны, мядовы, мядункавы, мяккі, сакавіты, саладжавы, смалісты, смаляны, стойкі, сунічны, тапаліны, таполевы, тонкі, хваёвы, цёплы, чысты  востры, гаркавы, душны, золкі, слабы, халаднаваты, церпкі.

Асенні водар кружыць галаву (У.Някляеў). З нетраў веяла бальзамічным водарам маладой лістоты... (У.Караткевіч). Люблю зямлю, што пахне лесам. Люблю густой жывіцы дух, Вільготны водар свежых трэсак... (С.Грахоўскі). Над Прыпяццю сінее лес, адтуль нясе церпкім густым водарам (І.Навуменка). Далікатны мядовы водар верасоў напаўняў паветра (В.Вольскі). І духмяністым водарам яблык Залівае палі навакол (В.Гардзей). З варот ударыла мурожным водарам (Н.Гілевіч). Праз водар мядункавы Спелых лугоў у пракосах... Спяшаецца ўдалеч Стары беларускі бальшак (Н.Гілевіч). Валяцца аіры, валяр’яны, Малачай лье слёзы малака. Сакавіты водар іх духмяны Ап’яніў да стомы Петруська (Х.Жычка). Саладжавы водар тлуміў галаву (А.Савіцкі). Тхнула смалістым водарам, ішоў дым, трапяталіся агні (К.Чорны). Сасонкі... выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі, напоўніўшы паветра стойкім смаляным водарам (У.Шыцік). І вольна ў гэтым лесе дыхаць Сунічным водарам густым (К.Кірэенка). Ад далёкае ласкі нябачнага сонца ірдзелі снегавыя вяршыні гор... мацней запахла клейкім тапаліным водарам (В.Быкаў). Чайныя ружы ў мяне на стале Свецяцца квола ў вячэрняй імгле, Свецяцца бляскам сваім залацістым, Дыхаюць водарам тонкім і чыстым (К.Буйло). Водар хваёвы. Сіняе неба, Кожнае ранне Рады я хлебу (П.Броўка). За цёплы водар малака — Павага мне і вам пашана (П.Панчанка). Усё навокал тады незвычайнае: зеленавата-празрыстае, як шкло, неба... і вясновы, яшчэ халаднаваты, востры водар лесу! (А.Жук). Твой [Белавежы] водар гаркавы Нясу я з сабой: Зубрыныя травы, зазубраны боль (Я.Янішчыц). У душным водары палян, дзе маладосць хадзіла, багун, дурнічнік, дурнап’ян — раздзьмулі ўсе кадзіла (А.Вялюгін). Восень... З агародаў нясе золкім водарам ад выкапанай і скіданай на мяжы рэдзькі... (І.Пташнікаў).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце водару; пра характар фізічнага ўздзеяння (водару): амаль няўлоўны, гаючы, дарагі, жыватворны, здаровы, магічны, непаўторны, несмяротны, неспазнаны, пахучы, прыемны, п’янлівы, п’янючы, родны, самлела-гаркавы (аўт.), светлы, скупы, хвалюючы, хмельны, чараўнічы, шчымлівы.

Я... усё азіраўся, хацеў зразумець, адкуль струменіць такі тонкі, амаль няўлоўны і неспазнаны водар (Я.Сіпакоў). Вецер прыносіць у салон пах мёду, пах лугу і сена, прыемны, дарагі з дзяцінства водар сенавання (Б.Сачанка). Здаровы водар маладога хлеба! Шчаслівы час — заможнасць і спакой (С.Гаўрусёў). Хацелася на поўныя грудзі ўдыхнуць жыватворны водар вясновых дрэўцаў... (А.Кулакоўскі). Яе [юшкі] магічны водар, духмяны пах гарачы Мы ўчулі з парахода за тры вярсты ад дачы (Н.Гілевіч). Над палеткамі разліўся непаўторны водар канюшыны (А.Чарнышэвіч). Ад іх [коўдраў] струменіць несмяротным водарам Дымкоў пастушых, спелых траў і лісця (Н.Гілевіч). Антон прагна... удыхнуў пахучы водар (І.Сіняўскі). Дождж прайшоў — І водарам п’янлівым Пацягнула з маладога бору (Н.Гілевіч). Неба — ружовае-ружовае. Паветра напоўнена п’янючым водарам (М.Ваданосаў). Водар лета самлела-гаркавы, П’ю бярозавы ранак з карца (Я.Янішчыц). І светлы, нібы німб святога духа, Асенні водар кружыць галаву (У.Някляеў). Калі спалучу я ў адным адчуванні скупы водар халоднай зямлі, журблівае святло неба, — скрозь восень гляну я сабе ў душу (М.Стральцоў). Тут, у вёсцы, першабытная цішыня, хвалюючы водар зямлі... (І.Навуменка). Зноў над роднай зямлёй Вее водарам хмельным, вясновым (Н.Гілевіч). Ад слоў дзяўчыніных ідзе аж водар чараўнічы... (У.Дубоўка). Водар шчымлівы мяты — як тытуню зацяжка (К.Камейша).

@

ВОЗЕРА (азёры). 1. Пра колер, празрыстасць вады; пра форму і велічыню (возера): блакітнае, густа-сіняе, залатое, зеленкавата-блакітнае, зялёнае, ізумруднае, крыштальнае, празрыстае, ружовае, сіняе, чыстае, шэрае, шэра-халоднае; бясконцае, бяскрайняе, вузкае, вялікае, глыбокае, доўгае, малое, невялікае.

Люстры, блакітных, сініх, зялёных азёр ці адасоблены, ці пераліваюцца з аднаго ў другое (В.Ждановіч). Над густа-сінім возерам чарот з прыходам восені шуміць тужліва (У.Караткевіч). І зоры воду выпілі З азёраў залатых (Я.Янішчыц). Пад нагамі ляжала вялікае зеленкавата-блакітнае возера ў зялёнай аздобе баравін (У.Арлоў). Сцелюцца між хвойніку паплавы сенакосу, упіраючыся ў маленькія засценкі і хутаркі. Зялёнае возера, сярод якога шэрыя выспачкі-будынкі (П.Галавач). Ізумруднае возера з зялёнай вадою. Да нейкай халаднаватай жудасці глыбокае (Я.Брыль). Краіна ваколіцаў сініх, крыштальных азёр і крыніц, твой люд у няволі не згіне (М.Машара). Белыя азёры — самы прыгожы куток Брэстчыны. Азёры празрыстыя, чыстыя (У.Караткевіч). Азірнуўся на вёску, глянуў на ружовае возера за ёй, якое нерухома застыла (А.Варановіч). Гараць пад сонцам сінія азёры... (А.Звонак). Там зорак асколкі на дне Мільгаюць у возеры чыстым (А.Звонак). Хлопцы доўга... сачылі з кустоў за самотным, растрэсеным хутарам у даліне, на беразе вялікага і, як здавалася, шэра-халоднага возера (Я.Брыль). Бясконцыя азёры, шматлікія дробныя прытокі ва ўсіх напрамках праразаюць пойму (В.Ждановіч). Прыгожы быў позірк... вачэй адкрытых і чыстых, як само бясхмарнае неба, паўторанае ў крынічным люстры бяскрайняга возера (Я.Брыль). Кусты алешніку растуць па берагах шматлікіх крыніц і ўздоўж вузкіх і доўгіх азёраў (І.Шамякін).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (возера); пра характар яго паверхні: аслоненае дубамі і ліпамі, быліннае, лагоднае, ласкавае, ласкава пакрытае снегам, легендарнае, непрыступнае, прыгожае, пышнае, сінявокае, спакойнае  аглохлае, аглухлае, лянівае, маўклівае, мёртвае, прахалоднае, соннае, сумнае; бурлівае, бурнае, зацішнае, зыбкае, іскрыстае, люстранае, шкляное  зацягнутае слізкім жабурыннем.

Свіцязь. Аслоненае дубамі і ліпамі, ласкава пакрытае снегам малое возера, якое праз адну душу ўлілося ў вялікую паэзію (Я.Брыль). Нашы плечы ў баях не паслаблі, Хоць крышыў іх нягоды віхор. Чаратамі — сталёвыя шаблі Над прадоннем былінных азёр (Я.Янішчыц). Самалёт, быццам чайка зарой, Праімчаўся над хвалямі жыта, Будзіў нетры плужанскіх бароў, Легендарнае возера Свіцязь (М.Танк). Недзе далей, за курганам, там, дзе Сож прымае ў сябе глыбокія рукавы непрыступнага ляснога возера, засталіся патаемныя сцяжынкі да партызанскай базы (К.Кірэенка). Рэчка была невялікая: у лесе яна пачыналася, у лесе і канчалася, — канчалася пышным і прыгожым возерам... (Я.Колас). Ой, не чапайце вуціцу У аглохлым азяры! (Я.Янішчыц). Крутыя берагі. Аглухлыя азёры. “Ты ёсць — і свет другі!” — мне чуецца ў прасторы (Я.Сіпакоў). Сінявокае і празрыстае, як расінка ў лузе, чыстае возера Свіцязь (В.Шымук). Возера, лянівае і спакойнае, было аслоненае высокімі елкамі (ЛіМ). Мы з Васілісай... па крутой сцяжынцы паволі спускаемся да маўклівага возера (А.Васілевіч). Мёртвае возера было цяпер сумнае (З.Бядуля). Блішчыць сярод зеляніны невялікае прахалоднае азерца (Я.Сіпакоў). З табою мы ў чоўне былі І па возеры сонным плылі (К.Буйло). І вецер затрубіў з паўночы Над возерам бурлівым, сінім (М.Танк). Глыбокае возера, бурнае. Ідзе канал з яго да Белага мора (М.Лынькоў). Спярша далекаватае ад буйных гарадоў, зацішнае возера вабіла яго [Уладзіслава] толькі ўдалай рыбалкай (У.Арлоў). Зараз плысці ім [лодкам] па возеры нецярпення зыбкім (Р.Барадулін). На дзяўчыну пала змора, Спіць яна ў полі чыстым. Поўнач. Месяц выплыў з бору, П’е ваду з азёр іскрыстых (П.Броўка). Убачу народ — непахісны ў змаганні... І роднага неба блакітны прастор, І ясныя зоры — вясной, на світанні, І ціхія гладзі люстраных азёр (К.Буйло). Над возерам шкляным стаяць касмічным роем зоры, мігцяць, адсвечваюцца ў ім (У.Ляпёшкін). Над маленькім, зацягнутым слізкім жабурыннем азярцом прабілася сонца (С.Грахоўскі).

* Возера-акно, дзіва-возера, казка-возера, легенда-возера.

А вось і возера-акно, Якога мала дзе пабачыш. Такое дзікае яно (Я.Колас). Свіцязь — дзіва-возера, казка-возера, легенда-возера! На цябе глядзеў бы і не наглядзеўся б... (У.Дамашэвіч).

@

ВОЛЯ. Свабода. незалежнасць; настойлівасць у дзейнасці, у пераадоленні перашкод: агняцветная (аўт.), арліная (паэт.), вольная, залатая, звонкая, светлая, хмельная, шчырая  безнадзейна-разгульная (аўт.), жудасная; аграмадная, агромністая, велізарная, гранітная, жалезная, неадольная, непахісная, несакрушальная, неўміручая, неўтаймаваная, нязломная, тытанічная, фантастычная, цвёрдая  паганая, упартая.

Зашумелі, загудзелі, як віхор сусветны, Не праспалі ў пасцелі волі агняцветнай (Я.Купала). Дайце мне волю, дайце арліную, Вырвіце з путаў, акоў! (Я.Купала). Любіцьму волю вольную да скону, ды над каханнем узвышаў яе дарма (В.Жуковіч). Гісторык грэчаскі эпічна й проста Пра нас даўным-даўно паспеў сказаць: “Жыве ў Гіпербарэі люд дзівосны, Якому не балюча паміраць, Калі ў яго забраць жадаюць долю... І родны, гай, і залатую волю!” (У.Караткевіч). Гэта памяць — вольная песня, Гэта памяць — звонкая воля. Гэту памяць вякам не закрэсліць, — Я цябе не забуду ніколі (В.Зуёнак). Як хацеў бы я Па палях прайсці І ўпіцца іх Пахам, росамі. ...Толькі ж мне няма Светлай волечкі (Я.Колас). Здавалася, у самім паветры звінела хмельная воля, І самі галовы вышэй падымаліся, вальней дыхалі грудзі, ясней пазіралі вочы на залітыя сонцам далі (Я.Колас). Пяюць аб шчасці, добрай долі, Аб волі шчырай для людзей, Пяюць [паэты], не помняць, што ніколі Не будзеш песняй сыт аднэй (Я.Купала). Сопкі, скалы, валуны. Глядзіш, і такое ўражанне ў цябе, што тут прайшоў... волат: ён ніколі ўжо не вернецца сюды, але ўсё тут жыве ягонай безнадзейна-разгульнай воляй (М.Стральцоў). І як мне добра, што тут, у пустыні, на гэтай жудаснай волі, ёсць хоць адзін чалавек... (Я.Брыль). Можна толькі здзіўляцца і захапляцца той аграмаднай воляй і настойлівасцю, з якой Уладзімір Дубоўка працаваў дзеля шчасця і росквіту нашай Айчыны (Ю.Пшыркоў). Гэтая гранітная воля свой гарт набыла ў барацьбе (Я.Колас). А воля мне жалезная патрэбна За крыўды маёй мілай заплаціць (Я.Купала). Наша воля неўміруча, хоць і пад замкамі (М.Хведаровіч). Любоў мая! Я свет табе пакіну Неўтаймаванай воляю дарма (В.Вярба). І волі маёй непахіснай не хопіць, Каб гора пазбыць (“Маладосць”). Патрэбна была сапраўды тытанічная, нават фантастычная воля лепшых сыноў Беларусі, каб адстаяць яе незалежнасць, зберагчы яе неацэнную спадчыну (“Беларусь”). І ўсё складалася так, як бы нечая паганая воля неадступна цягнулася за Іванам і не давала яму выпадку аблегчыць душу (Я.Колас).

@

ВОСЕНЬ. 1. Пра наяўнасць лістоты, яе афарбоўку, колер; пра характар надвор’я; пра час наступлення восені: агністая, барвовая, жоўтая, залатая (нар.-паэт.), залацістая, квяцістая, янтарная, яркая, ясная  бязлістая, цёмная, шэрая; крамяная, крыштальная, мяккая, пагодлівая, пагожая (разм.), празрыстая, сонечная, сухая, цёплая, ціхая  абложная, воблачная, волкая, вятрыстая, гнілая, дажджлівая, золкая, мокрая, пахмурная, слотная (разм.), сцюдзёная, сырая, туманная, хлюпаткая (разм.); глухая, глыбокая, даспелая, доўгая, запозненая, позняя, ранняя.

У лесе ўжо гаспадарыла агністая восень (Я.Колас). Пачалася жоўтая восень (Я.Брыль). Залатая восень уладарыць над Прыпяццю ва ўсёй непаўторнай красе (В.Вольскі). Калі надышла залацістая восень, Рыгорку адвялі ў школу (Я.Колас). Плакала лета, зямлю пакідаючы; Ціха ліліся слязінкі на поле. Але прыгожаю восенню яснаю Там, дзе ўпалі яны, выраслі Кветкі асеннія... (М.Багдановіч). Над лесам зорка светлая ўзышла... Яна свяцілася нязвыкла блізка — Над цішынёю восені бязлістай (Н.Гілевіч). Нягледзячы на тое, што ўжо мінаў першы месяц зімы, здавалася, нібыта на дварэ стаіць самая цёмная, глыбокая восень (Я.Сіпакоў). Гоніцца [вецер] з ворахам лісцяў зжаўцелых, Злосны на шэрую восень (К.Буйло). А восень крамяная думала, што будзе вечнаю, такой крамянаю, як лета бабіна (Ю.Свірка). Цёплая, мяккая восень коціцца з жоўклай травой (М.Хведаровіч). Сухая пагодлівая восень. Ляніва і неахвотна плыве... рэдкая пража павуціны (Б.Сачанка). Наўкол такая пагожая восень, што слоў не знайсці, каб выказаць прыгажосць (І.Грамовіч). Пачнецца абложная восень, Асыплюцца жалуды (В.Вітка). Я на свет радзіўся Пад глухі шум бору, Позняю парою, Восенню гнілою (Я.Колас). Хутка — праз дзень ці праз тыдзень — Восень дажджлівая прыйдзе Яблыкі ў садзе атрэсці (М.Танк). За вокнаміпозняя, мокрая восень (Я.Брыль). Росы буйныя на павуцінні Звоняць звонам... Ад якога прад восенню слотнай У сэрцы светла і неяк маркотна (М.Танк). Позняя, хлюпаткая восень. Я вяртаюся з камандзіроўкі (Б.Сачанка). Літасцівы мой лёсе, Падары мне вясну І даспелую восень (С.Грахоўскі).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце; ацэнка восені: вабная, вячыстая (паэт.), дзіўная, добрая, жаўтакудрая (паэт.), задуменная, задумёная (разм.), звонкая, канапляная (аўт.), лагодная, ласкавая, мірная, непаўторная, пахучая, руплівая, стройная, усеўладная, ціхая, чулая, шчодрая  бяздомная (аўт.), бяззубая (аўт.), бязрадасная, дробна-слязлівая (аўт.), журботная, лысая (аўт.), нахмураная, нудная, няпэўная, пакутлівая, панурая, плаксівая, самотная, слязлівая, сумная, хмурая.

Ходзіць восень па лесе... Пастой, пастой, вабная. Пастой са мной, добрая, вячыстая (К.Кірэенка). Восень дзіўная, як казка, вераснем цвіла (П.Прыходзька). Залатое калоссе адшумела ў палях. Жаўтакудрая восень сыпле лісце на шлях (П.Прыходзька). Па кранутай золатам зямлі Восень задуменная ступае (І.Калеснік). Як толькі лета сваім спякотным і вясёлым тварам паварочвалася да халаднаватай і задумёнай ужо восені, — тады да яе міжволі вярталіся вось гэтыя дзіўныя і знаёмыя сны (Я.Сіпакоў). Сумую я ў восень звонкую Ў павуцінні русых кос (В.Вярба). Мы чакалі канаплянай восені, Сініцы той, што ў школу нас гукне (А.Пысін). Паветра напоена той празрыстасцю і чысцінёй, якая бывае толькі цёплай, лагоднай восенню (І.Навуменка). Хай носяць уборы, не зносяць, Хай бачыць праз часу сцяну Бабуля — ласкавая восень — Сваю маладую вясну (С.Законнікаў). А то была не мірная шчодрая восень з ціхай журботнай прыгажосцю лясоў і гаёў (Т.Хадкевіч). Была непаўторная восень, Шмат жоўтага лісця Гнаў вецер між сосен (Я.Колас). Восень зроду такой не была: Залатая, пахучая, цёплая (Н.Гілевіч). Бярозы яшчэ ў зелені, але руплівая восень паначапляла на іх “жоўтыя парашуты”, — так выдае, калі глядзіш аднекуль здалёку (І.Пташнікаў). Восень стройная, як арабіна, Загарнула мяне ў падол (В.Іпатава). Усеўладная восень неадступна цікавала за апошнімі праявамі... летняга жыцця (І.Навуменка). Жалем агорне, Шчымліва адыдзе Ціхая восень, як мама (Р.Барадулін). Можа й добра, што сівер злы Восень чулую дакарае, Што далёка зімуюць буслы, аж, напрыклад, у Ленкарані (Р.Барадулін). Нашаптала мне словы падману Дажджавая бяздомная восень (А.Звонак). Была позняя дробна-слязлівая і нудная восень (З.Бядуля). Восень — бяззубая, лысая восень!... Лес атрасаецца жоўтаю перхаццю (Н.Гілевіч). Адна толькі светлая мінуціна мігалася яму, як адзінокая зорачка ў бязрадасную восень (Я.Колас). У гэту журботную восень, Здаецца, зямля ўся галосіць, І вецер праклёны разносіць, І пушча трывожна гудзе (П.Панчанка). Любоў злачынству хіліцца чалом, Як лебяда ў нахмураную восень (Т.Кляшторны). Зіма — нібы ўзнагарода за няпэўную, пакутлівую восень (І.Навуменка). Жалобныя росы апаўшы ліст росяць, Пажоўклая восень, плаксівая восень (Я.Пушча). Колькі раз гарачае лета саступала з дарогі панурай, самотнай восені (А.Васілевіч). Зашумела слязлівая восень — І закрылася хмарамі просінь (Я.Журба). Песня заўсёды была пра вясну, нават калі за цьмяным акном стаяла сумная восень (Я.Брыль). Хмурная восень злізала пагоркі. Познія яблыні ў садзе пагорклі (Л.Галубовіч).

* Восень-ключніца, восень-свякроўка, свята-восень.

А восень-ключніца ідзе Такою ціхаю хадою (П.Броўка). І з кожнай лісцевай галоўкі Глядзіць твар восені-свякроўкі (Я.Колас). За летам была свята-восень (І.Мележ).

@

ВОЧЫ (вока). 1. Пра колер (вачэй): агатавыя, аксамітна-цёмныя, аксамітна-чорныя, арэхавыя, белазорыя (аўт.), бірузовыя, блакітна-прамяністыя, блакітныя, васількова-блакітныя, васільковыя, вельмі светлыя, вільготна-цёмныя, вільготныя, вішнёва-чорныя, жаўтавата-карыя, залатыя, залаціста-зялёныя, залацістыя, карыя, маслінавыя, незвычайна ясныя, светла-блакітныя, светлыя, сінія, сінявата-шэрыя, сіняватыя, цёмныя, чорныя, чысцютка-сінія, шэра-сінія, шэрыя, шэрыя з зелянінкай, яркія, ясна-сінія, ясныя  блеклыя, бялёсыя, бясколерныя, выцвілыя, жоўтыя, злінялыя, млява-блакітныя, паблеклыя, попельныя, празрыстыя, сталёвыя.

У агатавых вачах яго [Дзіміна] загойсалі вясёлыя чорцікі (У.Карпаў). Аксамітна-чорныя вочы, здавалася, засланялі сабой... увесь твар (В.Хомчанка). Біскуповіч Януш усміхнуўся аксамітна-цёмнымі вачыма (У.Караткевіч). Царук падышоў да яе [Алімпіяды] і глядзеў з-пад прыплюснутай кепачкі маленькімі арэхавымі вачыма (І.Пташнікаў). Толькі здзіўлена... [дзед] лыпаў вялікімі белазорымі вачыма... (Б.Сачанка). У жонкі Ніканора бірузовыя вочы (З.Бядуля). Жанчына сумна ўздыхнула... і ў яе вачах, блакітных, засяроджаных, успыхнуў на момант агеньчык (Б.Сачанка). Даўно знаёмы яму прамы, адкрыты позірк яе [Каціных] вялікіх, блакітна-прамяністых вачэй (М.Ваданосаў). Пад густымі саламянымі бровамі... вельмі светлыя вочы (Я.Брыль). Янка Купала... быў чалавекам прыгожым — з удумлівым поглядам васількова-блакітных вачэй (А.Лойка). Як і раней, не было, здавалася, такой хвіліны, каб вочы яе [Ганніны], вільготна-цёмныя, падобныя на спелыя вішні, былі абыякавыя, нудлівыя, увесь час блішчэла, ззяла ў іх няўціхнае хваляванне (І.Мележ). Яна бачыць сіняватыя матчыны вочы, сумныя і вільготныя, што пазіраюць на яе з пяшчотай (І.Мележ). У іх [Ганніных вачах] таксама ж нешта таілася, у цудоўных вішнёва-чорных вачах (І.Мележ). Саханюк меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі (Я.Колас). Яе [Машыны] залатыя вочы раптам адплылі некуды, на іх месцы закалыхаліся зялёныя хвалі мора (І.Шамякін). Залаціста-зялёныя вочы ката з вузкімі цёмнымі рыскамі глядзелі задуменна (З.Бядуля). Ранены спыніўся... зірнуў на Олю. Вочы, вялікія, карыя, былі вельмі падобны на вочы ўрача (І.Мележ). [Аля] глянула проста ў яго вочы сваімі... вільготнымі, незвычайна яснымі вачамі (І.Мележ). Маслінавыя вочы [Пачулія] затуманіліся (Э.Самуйлёнак). Крушынавы светлыя вочы зноў сталі добрыя (Я.Брыль). Вялікія светла-блакітныя вочы глядзелі па-дзіцячы даверліва (Я.Брыль). Зажурыліся вочы сінія непагодаю, быццам на дождж (М.Танк). Прывыкайце, мае сіні вочы, Адны начаваці (Д.Бічэль-Загнетава). Прачытаўшы ўсю дыктоўку, настаўніца паглядзела на маленькі ручны гадзіннік, потым на сваіх вучняў, паглядзела ўжо інакш, — строгія сінявата-шэрыя вочы яе чакалі (І.Мележ). Я вочы цёмныя, бяздонныя Так блізка ўбачыў першы раз (П.Панчанка). Перад ім [Кастусём] стаялі брыгадзір трэцяй брыгады Абуховіч і яшчэ адна жанчына... з лагоднымі чорнымі вачыма (І.Мележ). Прастадушна здзівіўся Глечык, узняўшы на хлопца вялікія чысцютка-сінія вочы (В.Быкаў). Невялікі твар яе [Алены], усыпаны каля малых шэра-сініх вачэй і на тонкім носе дробнымі крапінкамі вяснушак, густа пачырванеў (І.Мележ). Шэрыя мяккія Ганчаронкавы вочы пацямнелі (А.Кудравец). Ён [Зыбін] заўважыў, што вочы яе, добрыя, шэрыя з зелянінкаю, напаўняюцца слязамі (І.Мележ). ...Яркія, рухавыя вочы старога хітравата заблішчэлі (І.Мележ). Алеся ўсміхнулася матцы... і спасцярожлівымі дзіцячымі вачыма, яснымі і чыстымі, як крыніца на цёмным дне, паглядзела ў матчыны вочы (Я.Колас). Твар Марыйкі быў далікатны, вочы ясна-сінія (В.Васілёк). “Пан Стась” — асаднік. Бялёсыя, светлыя, амаль бясколерныя вочы (Я.Брыль). А ў шараватых, блеклых, стомленых вачах [старога] ужо да смерці затаіўся ніцы сум (Я.Брыль). Ззаду ўсіх ішла ў затаёным роздуме, з глыбокім страхам у выцвілых вачах, старая кабета (З.Бядуля). Жоўтыя журботныя вочы Чапідзе глядзелі некуды ўдалячынь разгублена і рассеяна (В.Хомчанка). Каго ты цураешся? Маці сваёй? Бо рукі яе Ў мазалях і апёках, Злінялыя вочы, Ватоўка на ёй, Струменьчыкі поту на шчоках (С.Грахоўскі). Яна [гаспадыня] уперлася ў яго дабрадушна-тупым позіркам неяк млява-блакітных вялікіх вачэй (Я.Брыль). Паблеклыя вочы яе [маці] глядзелі на свет з-пад нізка насунутай хусткі, здаецца, зусім абыякава (Я.Брыль). Сухава... утаропіла на Захара вялікія попельныя вочы (А.Савіцкі). Афіцэр падпёр губамі нос, паглядзеў празрыстымі, бы вадзянымі вочкамі... (П.Місько). Але жахлівей за ўсё былі вочы [Раманавы] ... то шэрыя, то сталёвыя (У.Караткевіч).

2. Пра выраз, стан (вачэй); пра характар позірку: агнёвыя, агністыя, адкрытыя, аксамітныя, арліныя, бліскучыя, блішчастыя, бойкія, быстрыя, бяздонныя, вострыя, вясновыя, глыбокія, жывыя, зоркія, зыркія (разм.), іскрыстыя, крыштальныя, маладыя, падабрэлыя, пагодныя (аўт.), палкія, палымяныя, памаладзелыя, празорлівыя, празорныя (разм.). прамяністыя, праніклівыя, рахманыя, рухавыя, рэзвыя, сонечныя, чыстыя  абмярцвелыя, асавелыя, асалавелыя, бяльматыя, бяссонныя, бясстрасныя, вадзяныя, драўляныя (аўт.), дрымучыя, завялыя, заняпалыя, заплыўшыя, застылыя, калючыя, косыя, ледзяныя, ліхаманкавыя, масляныя, мігатлівыя, млявыя, мутныя, натруджаныя, немігатлівыя, непрыкметныя, непрытомныя, нерухомыя, памутнелыя, патухлыя, пранізлівыя, прытухлыя, санлівыя, сівыя (аўт.), спакутаваныя, спасцярожлівыя, спыненыя, стамлёныя (разм.), старыя, стомленыя, шкляныя, шырока расплюшчаныя.

І вочы яго агнёвыя Аж лёд растаплялі зімой (П.Прыходзька). Кароне маёй усё чагось не стае... Што значаць мне белыя грудзі мае, Мой голас, што досвітнай птушкай пяе, Агністыя вочы і рукі, як хмель? (Я.Купала). Прыгожы быў позірк светла-блакітных вачэй, адкрытых і чыстых, як само бясхмарнае неба, паўторанае ў крынічным люстры бяскрайняга возера (Я.Брыль). Вы ж збіліся з сцежкі, вас ноч ахапіла, Арліныя вочы патухлі (Я.Колас). Позірк яе [Марфіных] бліскучых вачэй быў скіраваны на мужа (І.Чыгрынаў). Насця адышла да парога, уступіла хлопцу ўвесь круг, не зводзячы з яго блішчастых гарачых вачэй (В.Карамазаў). Жывыя і бойкія вочкі яе [Габрынькі] так і свяціліся радасцю (Я.Колас). Дзед Талаш быстрымі, вострымі вочкамі прабег па тварах вайскоўцаў (Я.Колас). Жанчына азірнулася і на які момант уставілася на Слімака глыбокімі, бяздоннымі вачыма (М.Лынькоў). Зоркія вочы Палазка разгледзелі ўзброеных салдат (Я.Колас). А дзед перавёў на прышэльца калючыя, зыркія вочы (Я.Колас). На Охту, пацішэлую даўно, Ішоў юнак з іскрыстымі вачыма (С.Грахоўскі). Крыштальныя вочы [лірніка] На сонца высока Занёс асцярожна Наднёманскі сокал (М.Танк). Трудна, крыўдна жыць на свеце Між нячулымі людзьмі, Не раз вочы маладыя Заліваюцца слязьмі (Я.Купала). Сяржант падабрэлымі вачыма разглядае яго [палоннага] (В.Быкаў). Ад радасці вочы мае расцвілі, пагодныя, памаладзелыя (А.Вялюгін). Ды пакінуў слімень свой наседжаны корч, Рукі гневу крутнулі яго дагары. Мы спалілі яго злосцю палкіх вачэй... (П.Броўка). Адзін Рыхард Зольц спахмурнеў, быццам ноч, Не зводзіць з Дубягі празорлівых воч (М.Танк). І вокам празорным ён [арол] даль азірае, І гучныя крыкі над полем раняе (Я.Колас). Дзяўчына зірне на іх [партызанаў] такім прамяністым вокам, як у самую душу загляне. І адразу знікне напускны форс і шык хлопцаў (М.Лынькоў). Ракіта падняў на яго [Бадзейку] праніклівыя вочы (Я.Колас). Вачаняты, жывыя, рухавыя, пазіралі ў блакітную празрыстасць неба, дзе праносіліся зрэдку імклівыя самалёты (М.Лынькоў). Алеся, бедная Алеся, краса наднёманскіх дзяўчат! Ты сінь азёрнага Палесся Адбіла ў сонечных вачах (П.Трус). Яго вочы былі абмярцвелыя, спыненыя... (М.Лобан). Нарэшце ён падняў галаву, зірнуў асавелымі вачыма Ігналю ў твар (М.Лупсякоў). Хлопец стаяў цяпер... лыпаючы быстра-быстра асалавелымі вочкамі (М.Лынькоў). Бяльматыя вочы, у якіх так і б’ецца неўтаймаваны жах, палахліва скіроўваюцца... на сонца (Б.Сачанка). Здаецца, мала вачэй бяссонных, Каб хвалю кожную прывітаць (М.Танк). Афіцэр перакінуўся некалькімі словамі з падначаленым І ўрэшце абыякавым позіркам бясстрасных вачэй працяў палоннага (В.Быкаў). Салдат нёс свой аўтамат у руцэ і пільна шнырыў лупатымі вадзянымі вачыма па баках (А.Якімовіч). Прохараў сядзіць на сваім экскаватары, як статуя. Твар жалезны і вочы драўляныя (У.Краўчанка). Незвычайнымі былі толькі вочы [мужыка]. Чорныя, дрымучыя, яны з непрыхаванай нянавісцю глядзелі на пана Кроера (У.Караткевіч). Стомлена глядзелі заняпалыя вочы, і ўвесь твар яго [Чычына] неяк змяніўся, зрабіўся больш халодны, суровы (М.Лынькоў). Заплыўшыя шэрыя вочы [Плішчынскага]... пазіралі калюча, пранізліва (І.Навуменка). Ён глянуў на яе косым вокам (М.Лынькоў). [Феня] з Антона не зводзіла сваіх млявых вачэй (М.Ракітны). Спачатку Ўладзіка, пасля Алеся... вахман абвёў грозным позіркам мутных вачэй (Я.Брыль). Цела прыемна ныла, адпачываючы пасля трохгадзіннага сядзення за рулём, натруджаныя вочы з асалодай адпачывалі на ласкавай зеляніне (Я.Брыль). На Захара ўмольна зірнулі немігатлівыя і блішчастыя, крыху раскосыя вочы (А.Савіцкі). Дзед... пазіраў на свет нейкімі непрытомнымі вачыма (А.Якімовіч). З чорных правалаў, якія ўтварыліся раптам на матчыным твары, глядзелі да жудасці нерухомыя, страшныя вочы (Б.Стральцоў). Сяргей Карага бледны, з памутнелымі вачамі стаяў, прыпёршыся да сцяны (Я.Колас). Кажушок на прыгнутых плячах, Боль пякельны ў патухлых вачах (Г.Бураўкін). Неба мне гаварыла: Не хоча яно Азарацца агнямі, Пажарамі зноў І глядзець на застылыя вочы людзей (М.Танк). Асабліва кідаўся ў вочы з усяе гэтае кампаніі стары шляхціц з пранізлівымі зеленкаватымі вачамі (Я.Колас). Не дружы з панамі, Бедзен мужычок. Стаіш у парозе з шапкаю ў руках, Патухлыя вочы водзіш па панах (Я.Купала). Ён [Раман] глянуў на каня санлівымі вачыма... (Я.Колас). Гэтак слухае, выслухаў князя гусляр, Заіскрыліся вочы сівыя (Я.Купала). Яна [маладзіца] зірнула дзеду ў вочы сваімі шэрымі спасцярожлівымі вачыма (Я.Колас). Я трапятаў, нібы сініца, Самкнуць не мог стамлёных воч (А.Бачыла). У спакутаваных вачах [Люды] цяплілася прытоеная радасць (М.Лынькоў). Стомленымі вішнёвымі вачыма паглядвала [Ганна] на гасцей, не магла адагнаць зноў адчування, быццам бы ўсё ў сне (І.Мележ). Чамусьці па-ранейшаму няёмка было глядзець у яе [Джуліі] глыбокія, шырока расплюшчаныя вочы (В.Быкаў).

3. Пра форму, памер, абрысы (вачэй): агромністыя, акруглыя, буйныя, выразныя, вялікія, глыбокія, доўгія, звужаныя, круглыя, малыя, невялікія, прадаўгаватыя, пушыстыя, шырокія  вераб’іныя, вузкія, вылупленыя, вырачаныя (разм.), вытарашчаныя (разм.), глыбока-запалыя, дробныя, запалыя, зіркатыя, зяркатыя (разм.), каровіны, лупатыя, мышыныя, незвычайна вырачаныя (разм.), плоскія, птушыныя, пукатыя, раскосыя, рачыныя, савіныя, тхарыныя.

Ніколі яшчэ Гораў не бачыў такога аблічча. Густыя цёмныя бровы, якія здаваліся б амаль мужчынскімі, каб не агромністыя, як чорныя азёры, бліскучыя вочы... (У.Караткевіч). Лабановіч глянуў ёй [Ядвісі] у вочы, у гэтыя акруглыя цёмныя і такія слаўныя выразныя вочы (Я.Колас). Сівы глянуў яму [Міколу] у вочы вялікімі, поўнымі слёз вачыма (Я.Брыль). Вочы — глыбокія сінія вочы — пакінулі раптам смяяцца (Я.Брыль). Ірына бачыла яго цёмны профіль. Потым доўгія вочы, што цяжка зірнулі на яе (У.Караткевіч). У звужаных вачах выспела шчырае здзіўленне (А.Савіцкі). Жанчына пазірала на дзеда Талаша шэрымі круглымі вачыма з-пад тонкіх дуг чорных броваў (Я.Колас). Лабановіч, зблізку ўбачыўшы яе [дзяўчыны] твар з бліскучымі прадаўгаватымі вачамі, злёгку здрыгануўся (Я.Колас). Глянуўшы на Андрэя пушыстымі вачыма, яна сказала: “Я думала, вы мяккі і добры” (У.Караткевіч). Люба шырокімі вачыма глядзела яму [чалавеку] проста ў вочы (К.Чорны). Ён [вартавы] правёў за імі вытарашчанымі вачыма — зусім не арыйскімі, нейкімі цёмнымі, вераб’інымі (П.Місько). Падслепаватыя вырачаныя вочы, яго [Мурашкі] сонна плюскалі (В.Хомчанка). У незвычайна вырачаных круглых сіняватых вачах каня быў жах... (І.Мележ). Васіліна Карпаўна з-пад далоні невялікімі, глыбока-запалымі вачыма глядзела ўніз на ваду, на якой хмурылася рабацінне, што ціха падбягала да берага (І.Мележ). Запара, стрымліваючы дзікаватага каня, дробнымі няласкавымі вачыма паглядаў... на салдат (І.Мележ). Волак... зноў устаўляў свае запалыя вочы на Казлюка (Р.Няхай). Афіцэр спыніўся, Яго зіркатыя алавяныя вочы з жахам глядзелі на Палазка (Я.Колас). Падымаецца Пятро Бацюк... Зяркатыя вочы яго кідаюць іскры (Я.Колас). Нарэшце Рыжы... падняў галаву і ўставіўся на Саўку пранізлівымі лупатымі вачамі (Я.Колас). Шустры паўзіраўся ў Саўку мышынымі вочкамі (Я.Колас). Плоскія алавяныя вочы Гвардыяна пачалі трывожна шныпарыць па баках, нібы шукаючы нейкае апоры (М.Зарэцкі). Неўзабаве прыйшоў Макееў... Цёмна-русы, з трошкі раскосымі мякка-светлымі вачыма на шырокім абветраным твары (А.Марціновіч). Худзенькі, цёмны, з выпучанымі рачынымі вачыма, ён гаварыў спяшаючыся (Я.Якімовіч). Савіныя вочы Сыкуна забегалі па людзях, як бы шукаючы іх спагады, падтрымкі (М.Лынькоў). [Глушак] узяў лыжку, зачэрпнуў з чыгуна баршчу, тхарынымі вачыма павёў па ўсіх, хто сядзеў (І.Мележ).

4. Пра выражэнне пачуцця, стану, характару чалавека і інш., што адлюстроўваюцца ў вачах: адважныя, адданыя, безабаронна-сінія (аўт.), безабаронныя, бесклапотныя, бестурботныя, бясстрашныя, ветлыя, вольныя, выразлівыя, вясёлыя, гарачыя, гарэзлівыя, гарэзныя, гасцінна-вясёлыя, гордыя, гуллівыя, дабрадушныя, даверліва-радасныя, даверлівыя, дапытлівыя, дасціпныя, дзівавідныя (аўт.), дзікавата-цікаўныя, дзіўныя, добрыя, жаданыя, жартаўлівыя, жыццярадасныя, задуменна-пяшчотныя, задуменныя, задумлівыя, закахана-раўнівыя (аўт.), закаханыя, замілаваныя, зачараваныя, зіхотка-радасныя (аўт.), кемлівыя, клапатлівыя, лагодныя, ласкавыя, летуценныя, любімыя, наіўна ясныя, натхнёныя, невінаватыя, незвычайна дзіўныя, непадкупныя, непакорлівыя, непакорныя, нявінныя, нядрэмныя, пакорлівыя, палкія, па-рыбацку цярплівыя (аўт.), патрабавальцыя, пацяплелыя, пачцівыя, пільныя, прарочыя, праўдзівыя, прывабныя, прыветлівыя, пяшчотныя, радасна-пакутныя (аўт.), радасныя, разумныя, рахманыя, рашучыя, руплівыя, салодкія (аўт.), слаўныя, смелыя, смяшлівыя, сонечныя, спагадлівыя, спагадныя, спакойныя, спрактыкаваныя, строгія, сур’ёзныя, суровыя, уважлівыя, удумлівыя, удзячныя, умольныя, усхваляваныя, цёплыя, цікаўныя, ціхія, цудоўныя, чароўныя, шчаслівыя, шчырыя, ясныя  абураныя, адзічэлыя, адчайныя, адчужаныя (разм.), азартныя, асуджальныя, ачмурэлыя (разм.), балючыя, безуважлівыя (разм.), бессаромныя, бядачыя, бяздушныя, бязлітасныя, вінаватыя, віхурныя, галодныя, гнеўныя, горкія (аўт.), грозныя, дзікаватыя, дужа заклапочаныя, жахлівыя, жорсткія, журботныя, задзірлівыя, задзірыста-насмешлівыя, зайздросныя, засмучаныя, збалелыя, звярыныя, здзічэлыя, злосныя, змрочныя, зухаватыя, казённыя (аўт.), калючыя, каменныя, кплівыя, крыклівыя, леныя (разм.), лісліва-мітуслівыя, ліслівыя, ліхаманкавыя, ліхія, лютыя, маркотныя, марозныя (аўт.), мяцежныя, наіўна-легкадумныя, напоеныя горкім сумам, насмешлівыя, насцярожана-недаверлівыя, насцярожанарасшыраныя, насцярожаныя, не вельмі відушчыя, недаступна жорсткія, нелагодныя, непакорныя, неспакойныя, нудныя, нядобрыя, няласкавыя, пагардлівыя, пакеплівыя, пакутлівыя, пакутна-няўцямныя, палахліва-здзіўленыя, панурыя, панылыя, помслівыя, прагавітыя, прагныя, разгублена-дзікія, раз’ятраныя, самотныя, саркастычна-пагардлівыя, сірочыя, скамянелыя, сквапныя, спалоханыя, страшныя, сумныя, сцюдзёныя, уладныя, унізлівыя (разм.), упартыя, учэпістыя, халодныя, халодныя ў сваёй рашучасці, хітравата-пагардлівыя (аўт.), хітрыя, хцівыя, цяжкія, чужыя, шалёныя, шальмоўскія (разм.), шэра-халодныя (паэт.), ярасныя (разм.).

— Так, так, пан, — Гулік глядзіць на майстра адданымі вачамі (І.Навуменка). Глаша глядзіць на мяне, вочы вялікія, безабаронна-сінія... (А.Адамовіч). Ён стаяў і глядзеў на яе бязважкую фігурку, на шэрыя вочы пад зламанымі бровамі, безабаронныя і насцярожаныя вочы (У.Караткевіч). Яе [Людзіны] вясёлыя, толькі што бесклапотныя вочы адразу зацягнула асеннім туманам (І.Мележ). Хлопец кінуў ветлым вокам: “Слаўны, сёлета ўмалот!” (Н.Гілевіч). Аўгіня ўважліва слухала... і глядзела на бабку ласкавымі, выразлівымі вачамі (Я.Колас). Упіўся Панасюк гарачымі вачыма ў зморшчаны твар роднай маткі (З.Бядуля). Дзяўчына звонка засмяялася і паглядзела на Юрку сваімі гарэзлівымі вачамі (І.Навуменка). Ганна ўбачыла перад сабой... зноў нібы падмазаныя маслам гарэзныя вочы (І.Мележ). Алесь зірнуў у... гасцінна-вясёлыя вочы (Я.Брыль). Ён абавязкова будзе цікаваць за ёю сваімі гуллівымі, бессаромнымі вачыма, прыкмячаць кожны яе рух... (У.Карпаў). Пасвецяць мне даверлівыя вочы, Душу маю палашчыць голас твой... (В.Ракаў). Васіль убачыў вочы — строгія, дапытлівыя і спыніўся (І.Мележ). Яна [дачка] будзе з тваімі вачыма дзівавіднымі (П.Місько). І глядзела яна [Ганна] інакш, — нядаўна адно дзікавата-цікаўнымі вачыма... Але сачылі яны... цяпер з падсцярожлівай, пільнай уважнасцю (І.Мележ). Леановіч глядзеў на зграбную постаць маладога чалавека нейкімі дзіўнымі, саркастычна-пагардлівымі вачыма (У.Караткевіч). Тым часам дзядзька ненарокам Глядзеў на човен добрым вокам (Я.Колас). Зямлі сваёй жаданым вокам [Машэка] Шукае, як канюх расы (Я.Купала). Развіталася Люба з песняй шчырай, дзявочай, Назаўсёды пагаслі жартаўлівыя вочы (П.Броўка). Я ж у сэрцы нязменна і дагэтуль нясу Сініх воч задуменных неразгаданы сум (Н.Гілевіч). Ды вось у вачах маіх паяўляецца яна [мама], з добрымі, задуменна-пяшчотнымі вачыма (В.Жуковіч). Чысты высокі лоб [Станіслава] і цеплыня ў задумлівых вачах прываблівалі (Т.Хадкевіч). Калі Касач адлучаўся куды ў гэту пару, праводзілі яго закахана-раўнівыя вочы — мае і Глашыны (А.Адамовіч). “Шэсць кіламетраў, таварыш старшына!” — замілаванымі вачамі паглядаючы на выпражанага каня, адказаў Карніцкі (М.Паслядовіч). Ён стаяў, не рухаючыся з месца, і зачараванымі шчаслівымі вачыма глядзеў ёй [дзяўчыне] услед (А.Васілевіч). Здалося яму [Івану], цэлую вечнасць не бачыў ён гэтых зіхотка-радасных вачэй (В.Быкаў). Усё тут было дагледжана, прыбрана, на ўсім бачылася клапатлівае вока гаспадара (К.Цвірка). Прысадзістая, у сінім камбінезоне, постаць камбрыга нібы скамянела, шэрыя лагодныя вочы не адрываліся ад машыны (І.Мележ). Настаўніца з серабрыстымі скронямі, клапатлівая і строгая жанчына, доўга глядзела на Рыгорку сваімі ласкавымі вачыма (Я.Колас). Ружэ парушыў гэтае маўчанне... Цярплівасць надарвалася, і маладое сэрца — з болем крыўды і... страсцю нянавісці — успыхнула раптам і, бяссільнае, толькі заплакала. А за ім заплакалі і чорныя летуценныя вочы (Я.Брыль). І нават уночы Сцішалі трывогу Любімыя вочы Байца маладога (П.Броўка). Прыгожы, рослы, з наіўна яснымі і чыстымі вачыма былы яе [Алін] таварыш (І.Мележ). Вочы яе не верылі. Незвычайна дзіўныя былі сёння гэтыя вочы, якія так умелі калісьці смяяцца, як строга і рашуча яны глядзелі (І.Мележ). У позірку яе [мачыхі] нелагодных, унізлівых вачэй было насцярожанае: чаго прыйшлі? (І.Мележ). Відаць, здагадаліся каты Па бляску вачэй непакорных, Па нашай маўклівасці грознай, Што нават і мёртвыя могуць Надзею будзіць і рашучасць (М.Танк). Двое палонных — не асабліва, праўда, спяшаючыся, але варушачыся пад нядрэмным вокам наглядчыкаў — накопвалі за дзень шэсцьдзесят — семдзесят кашоў [бульбы] (Я.Брыль). Памятаю нашу настаўніцу Лідзію Сулкоўскую, маладую жанчыну з пакорлівымі, як бы вінаватымі вачыма (Я.Скрыган). Ужо і стомленыя, але яшчэ ўсё па-рыбацку цярплівыя, быстрыя вочы знайшлі-такі ў вясёлым бляску залатой вады патрэбнае (Я.Брыль). Зыбін агледзеў вясёлымі, пацяплелымі халодна-шэрымі вачыма шырокі двор, абсаджаны маладымі клёнамі (І.Мележ). Пільнае вока чырвонаармейца разгледзела штучна насаджаныя кусты на адхоне ўзгорка (Я.Колас). Якімі ж ты [Песцель] нас бачыў з эшафота, калі глядзеў прарочымі вачамі? (Н.Тулупава). Прысеўшы паблізу пад лапкай яліны, добрымі, пяшчотнымі вачыма сачыла, як ён [Зыбін] еў хлеб з салам (І.Мележ). Колькі бязмерна роднага было ў іх, гэтых радасна-пакутных вачах (В.Быкаў). О, колькі яна [зямля] у сённяшні дзень пабачыла радасных вачэй! (І.Чыгрынаў). Высокі і статны, з разумнымі вачыма, ён [Ян Босак], здаецца ўсё і дакладна бачыў, фатаграфаваў памяццю (Ф.Янкоўскі). Раптам Загорскі ўбачыў, што добрае, трохі разгубленае ад ціхага замілавання аблічча нібы падсохла і стала жорсткае. Рахманыя вочы востра звузіліся (У.Караткевіч). І праўда, — вось ён, Мікіта Самійлавіч, глядзіць на мяне трошкі іншымі, рашучымі вачыма (Я.Брыль). Апошні раз зірнуў руплівым вокам На нас маяк кранштацкі і пагас (П.Панчанка). Лёня па-блазенску схаваўся за лямку, каб не бачыць Чэсіных хітраватых, салодкіх, сонечных вачэй... (Я.Брыль). Ясныя, слаўныя вочкі яе [Аленкі] зрабіліся незвычайна строгімі (Я.Колас). Шэрыя смелыя вочы... Няўжо гэта не той самы Васіль, якога ён ведаў і любіў у атрадзе? (І.Мележ). Ядвіся ўскінула на настаўніка свае вясёлыя смяшлівыя вочы (Я.Колас). У смутны час мілей сардэчнасць... Таварышава сарамлівасць, вачэй спагадных аганькі... (Е.Лось). Язэп зірнуў удаль спакойнымі задуменнымі вачыма (З.Бядуля). Тры пары вострых спрактыкаваных вачэй моўчкі глядзелі на тое, як падыходзяць тры машыны (Я.Брыль). О, не! Такіх вачэй суровых, Дзе сталая туга, дзе боль і гнеў, У тры гады ніколі я не меў (П.Панчанка). Люда спакойна падняла круты белы лобік, яснымі, уважлівымі вачыма стала глядзець на настаўніцу (І.Мележ). Клебер глядзеў на Пацейчыка ўдзячнымі вачыма... (К.Чорны). [Зінаіда] павярнула галаву ў яе [Рэнаты] бок, бачыла ўмольныя, тужлівыя вочы (А.Савіцкі). Ганна, як і раней, не зводзячы з яе [Параскі] усхваляваных, неспакойных вачэй, кіўнула (І.Мележ). Тут быў і дзікаваты дзявочы сорам, які яна [Жэнька] перамагла толькі сёння, і першы вялікі жаль, які вось зноў наплывае на цёплыя вочы... (Я.Брыль). Як толькі я зашамацеў паблізу лісцем, хлопец падняў галаву і паглядзеў на мяне вялікімі і цікаўнымі вачыма (Б.Сачанка). Ён [Сцяпан] па-ранейшаму не адводзіў ад Апейкі ціхіх, задуменных вачэй (І.Мележ). У іх [Ганніных вачах] таксама ж нешта таілася, у цудоўных, вішнёва-чорных вачах (І.Мележ). — Ты ведаеш, што ты ў мяне ў руках? — памаўчаўшы знячэўку спытаў ляснік. — Я ў тваіх руках? — ускінула Ганна на лесніка чароўныя вочы (Я.Колас). Маці з сынам абое сядзелі на тапчане і не зводзілі адзін з другога шчаслівых вачэй (І.Чыгрынаў). Валя павярнула галаву да яго [Валодзі], і ён убачыў па шчырых светлых вачах, што яна верыць усяму нагаворанаму (А.Жук). І нідзе не схавацца Ад сынавых ясных вачэй (Г.Бураўкін). Сымон глядзеў... адзічэлымі вачыма, увесь дрыжаў і, мабыць, не ведаў, на якім ён свеце (А.Чарнышэвіч). І нечакана свята стала трызнаю: Праводзіў я адчайнымі вачмі, Здавалася мне, самае вялізнае, Што век за векам рухае людзьмі (П.Макаль). І калі ён [Заслонаў] выходзіў ад... рабочых, адчуваў на сваёй спіне злобныя, пранізлівыя позіркі адчужаных воч (М.Лынькоў). Валерка паглядзеў на яго [Ратнікава] раптам нейкімі балючымі вачыма (І.Пташнікаў). Пачырванелыя ад бессанні яго [Саўчанкі] вочы сталі яшчэ больш безуважлівымі і панылымі (М.Лупсякоў). У хатцы старой у гэту завею Лучынка свеціць святлей то цямней, Там дзеткі малыя з маткай сваею Льюць горкія слёзы з бядачых вачэй (Я.Купала). Хлопец мімаволі сціснуў аўтамат: змерыў Грэчку бязлітаснымі блакітнымі вачамі (І.Мележ). Ты кажаш, вочанькі ў яе Блакітныя, Нябёсныя! А я іх бачу, браце мой, Віхурнымі і злоснымі (П.Броўка). Ён [хлопчык] глядзеў галоднымі вачмі, як вораг еў (П.Панчанка). Сабраны ў агні гэтым іскры пажараў, Пякучая помста і чырвань штандараў, Прабітых жалезам, І белая ярасць сцюдзёных маланак І гнеўныя вочы ўдоў-партызанак (П.Панчанка). З-пад болю, з-пад снегу, з-пад няўтульнага дажджу, з усёй айчыннай волі і няволі на свет вачамі горкімі гляджу (Е.Лось). Ён [Венік] натапырыўся, зрабіў грозныя вочы (Я.Брыль). І нейкі выраз вачэй дзіўны — самотныя, дужа заклапочаныя вочы (А.Савіцкі). І дзяўчынка маўчыць, унурыўшыся, глядзіць спалохана, глядзіць — разумнымі, журботнымі вялікімі вачыма... (Я.Брыль). Янка бачыў блішчасты круглы твар суседкі з задзірлівымі вачамі, бачыў, што смяецца яна хціва... (М.Лупсякоў). Сяргей моўчкі... глядзеў на шырокі загарэлы твар, у задзірыста-насмешлівыя вочы (І.Сіўцоў). Стаю я на сопцы, на самай высокай, На захад гляджу засмучаным вокам (П.Панчанка). А ў вачах збалелых Яна слёзы праступаюць (М.Багдановіч). Палонны бліскаў здзічэлымі вачыма, не разумеючы ні слова (М.Лынькоў). У вачах Тосі — бляклых і змрочных — адбіўся сполах (А.Савіцкі). Гэта быў ён. Пастарэлы... з ліхаманкавымі вачамі замест ранейшых быстрых і зухаватых... (Я.Васілёнак). Паміж ім [Алесем] і тварамі родных людзей — зноў нахілены штык і казённыя вочы (Я.Брыль). Байсак, які назіраў за ўсім леным вокам, раптам страпянуўся (М.Лынькоў). З яго [афіцэравай] няскладнай постаці не зводзілі позіркаў багата сялянскіх вачэй, насцярожана-недаверлівых і ліслівых, спалоханых і хітравата-пагардлівых... (І.Чыгрынаў). І раптам дзед сам азірнуўся, як бы яго нешта ўкалола: ...ці не глядзяць і за ім чые-небудзь ліхія вочы (Я.Колас). Я і цяпер яшчэ бачу лютыя каршуновыя вочы, разяўленую дзюбу і растапыраныя кіпцюры (І.Грамовіч). Пятрусь Кухар маўклівы, з глыбока запалымі маркотнымі вачыма, аж згорбіўся неяк за гэты дзень (К.Крапіва). Прыжмурана ён пазіраў навокал, Услаўлены да самых да нябёс, І хто калісь нам іншы зычыў лёс — Дранцвеў перад яго марозным вокам (А.Русецкі). З партрэта глядзіць на нас маладая дзяўчына са светлымі, наіўна-легкадумнымі вачамі (М.Стральцоў). На яго [фельдфебеля] зусім сур’ёзна глядзелі глыбокія, напоеныя горкім сумам вочы юнака (Я.Брыль). Іван Васільевіч убачыў спалох на яе [Надзіным] набалелым твары, прачытаў запытанне ў насцярожана-расшыраных вачах (І.Шамякін). Алесь па прывычцы, ды сёння не вострым, не вельмі відушчым вокам глядзеў праз краты на хмурнае неба і шэраг бяроз, якія чагосьці сумна, нават у тон яго думкам — насцярожана, з непакоем — шапталіся (Я.Брыль). Стаяў [Васіль], апусціў недаступна жорсткія вочы (І.Мележ). Ох, паплыў бы я, здаецца, Хмаркі, разам з вамі, Каб на вёску сваю глянуць Нуднымі вачамі (Я.Колас). Паглядзеў Яхім на бядняцкія хаты нядобрым вокам (Я.Колас). Рудзька з пільнай увагай зразумець нешта ўзіраўся ў яго твар сваімі пакутна-няўцямнымі вачамі (В.Быкаў). І няхай пакеплівыя вочы Немагчыма нават разгадаць (П.Глебка). [Паранены] прыўзняўся і пакутлівымі вачыма на схуднелым твары глядзіць на мяне (В.Быкаў). Справа... стаяў і таксама не зводзіў палахліва-здзіўленых вачэй з немцаў Парфен Вяршкоў (І.Чыгрынаў). Дзед апусціў наніз свае панурыя вочы (Я.Колас). А воўк стаіць воддаль і прагавітымі вачыма смакуе ўжо сваю багатую спажыву (Я.Колас). Ён [Іван Харытонавіч] стаяў сярод поля і прагнымі вачамі акідваў шырокія палеткі (К.Каліна). Вочы Андрэя сталі разгублена-дзікімі (У.Караткевіч). На брацкай магіле — балгарскія ружы. Сірочыя вочы і плачуць і тужаць У трэцяй хаціне (П.Панчанка). Стары нічога не разумеў... Бледны, без шапкі на лысіне, аброслы сівеючай шчэццю, у нейкім рыззі, ён упёрся ў немца скамянелымі вачыма і маўчаў (Я.Брыль). У Сахвеі дужа доўгія рукі і сквапныя вочы: усё, што ні ўбачыць, хочацца забраць, занесці сабе ў двор (Б.Сачанка). Вялікія карыя вочы яе [настаўніцы] глядзяць у шэрыя, ужо спалоханыя Данікавы вочы (Я.Брыль). Толькі на яго [Сярожу], услед яму глядзяць Галіны карыя, сумныя вочы (Я.Брыль). Ён [Крывёнак]... пазірае на мяне чужым позіркам сцюдзёных вачэй (В.Быкаў). Міцька адно знешне занадта гарачлівы, легкадумны. Не, галава ў яго не дурная, вока ўчэпістае... (В.Карамазаў). У прывычнай вечнай скуранцы хадзіў ён [Зыбін] у тыя дні, пануры, паглыблены ў сябе, тоячы настойлівы позірк халаднаватых і шэрых, як лістападаўскія хмары, вачэй (І.Мележ). Ігнат убачыў, што гэта... — дзяцюк гадоў васемнаццаці. Насцярожаныя, халодныя ў сваёй рашучасці вочы (А.Кудравец). А яна [дзяўчына] глядзіць на яго хітрымі шэрымі вочкамі з-пад залацістых брывей (Я.Брыль). А за Якубам у гэты самы час праз шчыліну ў сенцах цікавалі хцівыя Саўкавы вочы (Б.Сачанка). Валошка марудна падняў цяжкія і шэрыя, што свінец, вочы... (В.Карамазаў). [У жанчыны] каса доўгая, залацістая, вочы цёмна-блакітныя і таксама трошкі шалёныя (У.Караткевіч). Ярасныя вочы яго [Багалюбскага] загарэліся, напоўніліся нейкай злою рашучасцю (У.Караткевіч).

* Вочанкі-зоры, вочкі-вачаняты, вочкі-зярняткі, вочы-азёры, вочы-васількі, вочы-зоры, вочы-трохкутнічкі, жучкі-вочы.

Маці не знесла тугі і ў жальбе Вочанькі-зоры закрыла навек (К.Буйло). Ззяюць вочкі-вачаняты валошкавай чысцінёй (В.Жуковіч). [Вавёрка] стаіць і пазірае на іх вочкамі-зярняткамі (А.Кудравец). Да пояса выраслі чорныя косы, Як зоры, іскрыліся вочы-азёры (П.Броўка). Убачу хустку белую ў калоссях ля ракі, І шчокі загарэлыя, І вочы-васількі (А.Русак). Не знойдзеш такой кралі, Як Таццяна Чабарок. Губкі тыя — ну, каралі, Бровы — дужачкі-шнурок. Тонкі стан і тварык белы, Вочы-зоры — ясны дзень (Я.Колас). Сарокін дастаў з кішэні фрэнча мандат і даў яго чэкісту. Той прачытаў хутка, мангольскія вочкі-трохкутнічкі радасна засвяціліся (В.Хомчанка). Гулліва косячы на яго свае жучкі-вочы, яна [Джулія] нягучна, але рытмічна выводзіла незнаёмыя напеўныя словы (В.Быкаў).

@

ВУСНЫ. 1. Пра колер, форму, абрысы вуснаў; пра іх фізічны стан, ступень мяккасці (цвёрдасці), вільготнасці: вільготныя, вішнёвыя, выразныя, замкнёныя, запунсавела-прытухлыя, малінавыя, поўныя, прыпухлыя, пульхныя, пунсовыя, пухкія, пухлыя, румяныя, сакавітыя, тугія, чырвоныя, ярка-чырвоныя, яркія  белыя, бясколерныя, бяскроўныя, засмяглыя, засушаныя, надзьмутыя, пабляклыя, пасінелыя, пасмяглыя, рэзка акрэсленыя, сасмяглыя, сінія, смяглыя, сухія, тонкія, тоўстыя, халодныя, цвёрдыя, цёмныя, чорствыя, шархоткія, шурпатыя.

Яе [Алі] вільготныя выразныя вусны задрыжалі, вочы напоўніліся слязамі (І.Мележ). Гэй, жаніх, гані нам выкуп І багаты, і вялікі За кужэльныя косы, за блакітныя вочы, За вішнёвыя вусны! (П.Панчанка). Тонкія замкнёныя вусны рабілі твар дзяўчыны разам з тым і крыху строгім і сур’ёзным (Я.Колас). Запунсавела-прытухлыя вусны Свецяцца ціха-шчасліва праз снег (Я.Янішчыц). І адразу зразумеў Пракаповіч, што ўсё гэта для яго — ...і нясмелая, з затоенай надзеяй усмешка на поўных малінавых вуснах (Я.Радкевіч). На ёй [Алесі] лёгкія летнія туфлі, шэры касцюм, які шчыльна аблягае... фігуру. Смуглявы твар, прыпухлыя вусны, вясёлыя шэрыя вочы (І.Навуменка). У Касі ўсё такія ж румяныя, як у маладой дзяўчынкі, пульхныя вусны (А.Васілевіч). Яна [Марына] засмяялася, загарэліся яе шчокі і пунсовыя вусны (А.Савіцкі). Пухкія, падобныя да дзіцячых, вусны задрыжалі ад крыўды (І.Мележ). Усмешка перасмыкнула яе [паненкі] румяныя вусны (Я.Брыль). Вусны дзяўчыны — прыпухлыя, як у дзіцяці, трохі як бы пакрыўджана надзьмутыя і сакавітыя, што маліны (І.Шамякін). Алена, як і раней, стаяла разгубленая і спалоханая, — пухлыя, быццам у дзяцей, вусны, бездапаможна ўздрыгвалі (І.Мележ). У жанчыны яшчэ зусім малады твар і чырвоныя выразныя вусны (С.Грахоўскі). Калі клубіўся ранак сіні, На вусны белыя, як мел, Зляталі з вецця апельсіны, Што зрэзаў нечаканы стрэл (С.Грахоўскі). — Дайце мне чыстую кашулю, — сказаў Валодзя і адвярнуўся, заўважыўшы, як яна [маці] па-свойму мужна звяла сухія, бясколерныя вусны... (Я.Брыль). Яна [Майка] глядзела на [Алеся]. Бяскроўныя вусны, змярцвелае аблічча і глыбокія вочы... (У.Караткевіч). Быццам само па сабе зляцела з яе засмяглых вуснаў: — Веру (А.Савіцкі). За боль бяры [бабка], за жорсткія спакусы Вачэй, што адшугалі, як ільны. За цёмныя засушаныя вусны з трагедыі праклятае вайны (Я.Янішчыц). Куточкі строгіх, рэзка акрэсленых вуснаў госця ледзь прыкметна задрыжалі ад затоенай усмешкі... (І.Мележ). Тут колісь прашчур тупаў басанож... Шаптаў замовы вуснамі сасмяглымі, Бездапаможны перад злой бядой (Н.Гілевіч). Пані Любка разбудзіла мяне ўначы. Твар бледны, вусны сінія (У.Караткевіч). Ён [дождж] упіваўся, прыпадаючы, У вусны смяглыя зямлі (Н.Гілевіч). А ў цэнтры [фатакарткі] — герой, вялікі лётчык. На цвёрдых вуснах — не астыўшы смех. Высокі лоб. Брывей круты разбег, І смелыя дапытлівыя вочы... (П.Панчанка). Вусны былі халодныя, шурпатыя (М.Гамолка). І вусны чорствыя мае Сагрэліся цяплом яе [Сальвейг] (М.Танк). [Гайдаш] пацалавала яго [Захара] моцна, парывіста, адчайна, гарачымі, але шархоткімі вуснамі (А.Савіцкі).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце вуснаў; пра вусны, якія выражаюць стан, настрой, рысы характару чалавека: бяссонныя, вабныя, гарачыя, даспелыя, зваблівыя, знаёмыя, ласкавыя, мілыя, мядовыя, натхнёныя, нявінныя, падатлівыя, пекныя, прыветлівыя, пяшчотныя, родныя, салодкія, смачныя, смелыя, спелыя, трапяткія, чароўныя, чуткія  горкія, грэшныя, жорсткія, згорклыя, непаслухмяныя, нямыя, падатлівыя, палахлівыя, прагныя, распаленыя, салёныя, сляпыя, спакуслівыя, строгія, суровыя, тужліва сціснутыя, уладныя, упарта сціснутыя, упартыя.

На падлогу звалілася кніжка. Нагнуўся, каб падняць яе, але Мальвіна мяне апярэдзіла. Мільганулі толькі тонкія рукі ды ў лагоднай усмешцы скрывіліся вільготныя, такія вабныя вусны (Б.Сачанка). Здалося, крануліся скроняў Гарачыя вусны твае (С.Грахоўскі). Гладзіць вецер чало прапацеўшае, то гуляе з кашуляй жняі, песціць вуснаў даспелых чарэшні, дзесь адносячы песню ў палі (Л.Геніюш). Панна Анэта мела чорныя, вельмі зваблівыя вочы і яшчэ больш зваблівыя, пекныя вусны (Б.Сачанка). Я ўзыходжу на двор, Я кажу ёй: “Са святам!” І цалую знаёмыя родныя вусны... (Н.Гілевіч). Ласкавыя, мілыя вусны [Майкі] задрыжалі, скрывіліся ў горкай усмешцы (М.Лынькоў). І як мне паверыць, што яно [сэрца] ужо не б’ецца, што натхнёныя вусны замерлі зацята (А.Лойка). Цяпер з яе падатлівых вуснаў нібы цёк хмель... (А.Карпюк). А вусны, пяшчотныя, салодкія, як яны ўмелі цалаваць! (“Маладосць”). І я прайшоў калісьці паўз цябе. Паўз вусны смелыя... (У.Караткевіч). Спелых вуснаў вырыс, ясь вачэй крутая... (А.Жук). І толькі вусны былі зусім незнаёмыя — тонкія, чуткія вусны, якія прыкметна ўздрыгвалі... (А.Савіцкі). Горкія дзіцячыя вусны, пасмачка валасоў, рух цела, як быццам дзяўчына гуляе ў лапту (У.Караткевіч). Здароў, ігумен слуцкі, залатыя рукі і вусны грэшныя! (М.Клімковіч). Іх [суседзяў] рукі і вусны да мулкасці жорсткія, І ў кожнага вочы — надзея ў хворага (П.Панчанка). Дзе, пад якою зоркаю Варушыцца курган? І шэпчуць вусны згорклыя: “Іванечка, Іван!” (Я.Янішчыц). А ў гаспадыні твар, як маска... і непаслухмяныя вусны (У.Караткевіч). Яны [продкі] аддалі нам меч і касу, Слова з вуснаў, цяпер нямых... (У.Караткевіч). Каханне маё берагло І сон твой спакойны, І рук тваіх холад, І вуснаў тваіх палахлівых цяпло (П.Глебка). Ён [Грач] не даў ёй [Насці] дагаварыць... пацалаваў прагнымі гарачымі вуснамі (А.Савіцкі). І ад радасці хмельнае грузны, Абмінаючы дрэвы і пні, Прыпадзі да распаленых вуснаў... (Р.Баравікова). І толькі вусны, Твае сляпыя і сухія вусны, Як месяц прабіваліся праз цемру І зноў вярталі мне ў душу святло (Г.Бураўкін). Паміж сабою сталі мы бліжэй, З суровых вуснаў не злятаюць скаргі. І куст лазы палескай даражэй Зрабіўся нам за казачныя скарбы (П.Панчанка). Па тужліва сціснутых вуснах... ён [Захар] зразумеў, што Гайдаш чула яго размову (А.Савіцкі). Памятаю невялічкія, упарта сціснутыя вусны (К.Каліна).

@

ВЫШЫНЯ (высь). Высокая прастора над зямлёй.

1. Пра бязмежнасць, неагляднасць прастору: бяздонная, бязмежная, бясконцая, бяскрайняя, высокая, далёкая, завоблачная, неабсяжная, неаглядная, недасягальная, недасяжная, нябачная, паднебная, падсонечная, скразная (аўт.).

Ён ляжыць... і паглядае з-пад рукі ў чыстую бяздонную сінюю вышыню (М.Ракітны). Вочы [дзяўчынкі] пазіралі ў бязмежную вышыню роднага неба, а вусны сумна маўчалі (М.Лынькоў). З бясконцай і, здавалася, бяскрайняй вышыні блакітнага прастору лілася прывітальная песня жаваранка (“Маладосць”). Гняздо ўпадзе з высокай высі — І зноў становіцца зямлёй (А.Пысін). І перша жаваранка божа Запела ціха аб вясне, Паліўся срэбрам спеў прыгожа У далёкай сіняй вышыне (Я.Колас). І часам з завоблачных вышынь, з светлых мар... Косця і Надзя варочаліся да сённяшняга, да звычайнага... (М.Лынькоў). Люб мне поўдзень, цішыня Раніцы прахладнай, Крык у небе каршуна, У высі неагляднай (Я.Колас). У недасягальнай вышыні замігцелі першыя зоры (М.Лынькоў). Салодка ім [ластаўкам] лунаць над вечным светам У пругкай недасяжнай вышыні (С.Законнікаў). Пад нябачнымі высямі Зоры і яблыкі выспелі (А.Пысін). Эх, як прыгожа ты, высь неаглядная, Цёмная, сіняя гладзь! (Я.Колас). У высі паднебнай мой зрок спачывае... (Я.Колас). І тады прыйшлі паважна хмары — Айсбергі падсонечных вышынь (П.Панчанка). У бераг білі хваляў пералівы, Курлыкала скразная вышыня (А.Пысін).

2. Пра колер, празрыстасць; пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце вышыні: агністая, блакітная, бязвоблачная, крыштальная, празрыста-сіняя, празрыстая, сіне-сонечная, сінюткая, сіняя, чыстая, ясная  засмужаная, чорная, шэрая; жураўліная, маўклівая, пругкая, прыціхлая, сумная, трапяткая, тугая, уяўная, халодная.

Трывога цяпер ішла... з-за лесу, з той агністай, як падпаленай, высі (А.Савіцкі). Праз бела-зялёную навісь галін і галінак прабіваецца блакітная вышыня (В.Жуковіч). Падымаўся ў бязвоблачную вышыню дым вогнішчаў (У.Караткевіч). І кліча [сонца] к жыццю ўсё стварэнне З сваёй крыштальнай вышыні, І будзіць кліч той аддаленне Прызывам радасным вясны (Я.Колас). Ён [гай] з вышыні празрыста-сіняй Пад ногі сыпаў нам лісты На цёмны дол, дзе першы іней Кранаў расліны і кусты (П.Глебка). Узняўся б у неабсяжную сіне-сонечную вышыню, разгарнуў бы ўшыр магутныя крылы (З.Бядуля). Хораша летам у лузе: унізе квяцісты дыван, а ў небе чыстая сінюткая вышыня (“Беларусь”). [Глечыкаў] зрок ледзь-ледзь знаходзіў у шэрай засмужанай высі рухавую рыску (В.Быкаў). Ён [Захар] прагна абсачыў позіркам чорную высь неба (А.Савіцкі). Песня сэрца майго замірае ў жураўлінай тугой вышыні (В.Жуковіч). Захар глядзеў... на кола поўні, што, як скамянелае... сіратліва вісела ў халоднай і маўклівай высі (А.Савіцкі). Аж са здзіўлення ўрэзаўся ў азерца Маладзічок з прыціхлай вышыні (К.Кірэенка). Здалася ты [Прыпяць] мне з вышыні трапяткой, З глухой самалётнай шыбы Сасновай галінкаю, да якой, Як гнёзды, прыліплі сялібы (П.Макаль). Не веру ўяўнай вышыні, Што змерана сляпым аршынам (А.Пысін).

* Высь-багна

З цёмнай высі-багны Ўжо глядзяць Стажары, Пояс дыяментны Ткуць нябёс абшары (Я.Колас).

@

ВЯРБА (вярбіна). 1. Пра колер, ствол, крону вярбы, пра яе ўзрост: белая, гнуткая, густая, каржакаватая, круглаверхая, маладая, ніцая (нар.-паэт.), разгалістая, разложыстая, расахатая, раскідзістая, русакосая (паэт.), сівая, шырокая  дуплаватая, крывая, кудлатая, пахілая, старая.

І чаго журылася яна [маці]: Можа, лісце тое шкадавала Ці яе дзявочая вясна Белаю вярбою ашукала (А.Пысін). Плачуць гнуткія вербы ў полі (В.Вярба). Прышпарылі да добрай рэчкі Шчары, Дзе пад густымі вербамі, над берагам, Стаяў у засені будан дашчаны (Н.Гілевіч). Вёскі цягнуцца амаль неразрыўным ланцугом... абапал якіх густа стаяць то каржакаватыя вербы, то велічныя красуні-ліпы (Я.Брыль). Разложыстыя круглаверхія вербы абступаюць адхонны пясчаны бераг (Я.Колас). Каля хаты вярба ніцая Да страхі галлём схіліліся (Я.Колас). За акном ноч. Там гойдаюцца веццем разгалістыя вербы, шасцяць асеннім лісцем ракіты (І.Навуменка). Над ручаём стаяла старая раскідзістая вярба (Т.Хадкевіч). З вярбой самотнай, расахатай Абняўся месяц ля затокі (М.Танк). Ты плакала, песня, — Русакосай, Пахілай вярбою над ставам. (Н.Гілевіч). Ехалі па шашы і брукаваных вясёлкавых гасцінцах у жывых тунелях сівых вербаў (У.Арлоў). Ой, не раз удваёчку Пад шырокай вярбой, у зялёным садочку, Мы сядзелі з табой (Я.Купала). Збоку вербачкі крывыя, Бы кабеціны старыя, Нуднай кучкаю стаяць (Я.Колас). Было дзіўна бачыць, як бязгучна хістаюцца ад ветру кудлатыя вербы (А.Савіцкі). На руках мяне мілы Да ракі прынясе Каля вербаў пахілых Па пякучай расе (В.Вярба). За палацам — атуленая старымі вербамі сажалка (А.Ліс).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (вярбы): даўняя, задумлівая, мілая, прыціхлая, пышная  бедная, знясілая (разм.), нямая, паніклая, самотная, смутная, сумная.

Пад гэтай даўняю вярбою... Мяне атуліць ціхі боль... (Я.Янішчыц). З аднаго боку звісала над вадою дуплаватая задумлівая вярба (П.Броўка). Адкажы мне, вербачка, Адкажы мне, мілая, Чаго зажурылася, Смутная, знясілая? (Я.Колас). Прыціхлыя вербы, як тыя бабулі, Пасталі над Свіслаччу ў рад (Я.Колас). Над вадою адзінютка Пахілілася вярбіна; Ные бедная ціхутка (Я.Колас). На траве, якою ўсё парасло, стаяць самотныя вербы (Я.Брыль). Але з упартасцю нямой вярбы З тых дзён імкнуся да яе [вады] пявучай (А.Пысін). А ў люстры водаў гэтай рэчкі, Як закаханая дзяўчына, Глядзіцца пышная вярбіна (Я.Колас). І пелі штось ля хаты Дзве сумныя вярбы (П.Панчанка). І шэпчуцца ў нетрах жуды Над грэбляй паніклыя вербы (Н.Гілевіч).

* Сірата-вярбіна.

Пытаў ручаёчак сірату-вярбіну, Што над ім стаяла, Знізіўшы галіны...: “Адкажы мне, вербачка, Адкажы мне, мілая, Чаго ты ўсё смуцішся, Журышся, пахілая?” (Я.Колас).

@

ВЯСЁЛКА. Бліскучая, добрая, залаціста-пурпуровая, звонкая, зіхатлівая, зіхоткая, зыркая, летуценная, праменная, прамяністая, радасная, рознакаляровая, светазарная, стракатая, цвятлівая, цудоўная, чароўная, шматколерная, яркая, яснавокая (паэт.)  вялая, невыразная, слабая, халодная, цьмяная.

Дождж перастаў, і добрая вясёлка Павісла над ракой дугой (“Маладосць”). Сонца садзілася, на вадзе... зіхацела залаціста-пурпуровая вясёлка (М.Джагараў). Весела пад звонкаю вясёлкай Выязджала хмарка з-за лясоў (В.Зуёнак). Сонца глянула, з хмаркі грымотнай Апусцілася зыркай вясёлкі дуга (У.Ляпёшкін). Адыходжу дарогаю колкаю, Як на верную смерць, басанож Летуценнай і добрай вясёлкаю Пад вясновы і цёплы дождж (В.Вярба). Кідаю вобзем кубак пеністы, Гуляю звонка да відна, І смех вясёлкаю праменістай Іграе ў кропельках віна (Р.Барадулін). А над лесам праявілася і правільнай яркай дугой усю красу падкрэсліла радасная вясёлка (Я.Брыль). Светазарнаю вясёлкай усміхнулась воля ім [бедным] (М.Машара). Ён [лівень] расчасаў яшчэ раз косы Бяроз... І, заглянуўшы ў вокны хаты, Цішком блукаючы ў лістах, Вясёлкай, яркай і стракатай, Над краем радасным устаў (К.Кірэенка). Рассыпайся па сёлах, па нівах Брыльянцістай ажыўчай расой, У вясёлках купайся цвятлівых, Ласкай сэрца, душу супакой (Я.Купала). Мне сёння свет — вясёлка шматколерная (П.Макаль). Ты ад мяне цяпер далёка, Але і з той далечыні Гараць вясёлкай яснавокай Твае прывабныя агні (Я.Колас). На ўсходзе — дзве вясёлкі: ніжэй — ярчэйшая, вышэйслабая (Я.Брыль). Мільёны, мільярды халодных вясёлак Убралі снягоў абрусы (Я.Колас).

* Вясёлка-бліскавіца.

Пад краснаю сталіцаю Вясёлкай-бліскавіцаю Іграе морскі гмах (Я.Колас).

@

ВЯСНА. I. Пара года.

1. Пра характар надвор’я; пра колер лісця, яго прыгажосць; пра вясновыя гукі: бурная, бясхмарная, вятрыстая, дружная, пагодліва-багатая (аўт.), празрыстая, сонечная, хуткабежная (аўт.), цёплая  парная, халодная, хмурная; бела-зялёная (аўт.), белая (паэт.), блакітная, залатая (паэт.), зеленабокая (аўт.), зялёная, іскрыстая, квяцістая, кучаравая, ружавашчокая (паэт.), сінявокая (паэт.), сіняя; галасістая, гаманкая (разм.), гаманлівая (разм.), гулкая, звонкая, зычная, мнагаграйная (аўт.), пявучая  гарластая, рыкастая (аўт.).

Зруйнаваны дашчэнту межы, Прастораў зрокам не абняць, Да іх павольна з ветрам свежым Прыходзіць бурная вясна (П.Глебка). У ім [пакоі] водсвет вясны бясхмарнай, поўны ён маладога святла (А.Вярцінскі). Прайшла вятрыстая вясна, Другая йдзе зялёная (У.Ляпёшкін). Крыху спозненая, але дружная вясна набірала ўсё болей і болей жыватворных сіл (Я.Колас). Жыццё, прашу, ты сыну дай вясны пагодліва-багатай (В.Жуковіч). Я стаю, стаю ў чаканні Празрыстай, сонечнай вясны (П.Панчанка). Дзяцінства гады залатыя, Маленства ружовыя сны, Лятуць, як віхуры ліхія, Як дні хуткабежнай вясны!.. (А.Звонак). А тут снег яшчэ не скора згоніць цёплая вясна (Я.Колас). Вясна ўдалася цёплая, парная, з навальніцамі (М.Лупсякоў). Эх, вясна, вясна халодная, Чым пацешыш ты аратага? (Я.Колас). Часамі хмурнаю вясною Цяплом павее, цішынёю... (Я.Колас). Лунае ў прасторы задушэўная песня... пра нашу бела-зялёную вясну (Я.Брыль). Дзяўчаты ў час мяцеліц ткалі [ручнікі], Бялілі белаю вясной (А.Пысін). Баец папрасіў сваіх верных сяброў, Каб тыя ў яго на магіле Дубкі маладыя з любімых бароў Блакітнай вясной пасадзілі (У.Ляпёшкін). Калі, калі мае песні-сны зазвіняць між ніў залатой вясны? (М.Танк). Пралеска ўжо ачуньвае, А дзесьці кнігаўка галёкае, Што з жаўруком на крылах чуйных Нясуць вясну зеленабокую (Н.Мацяш). Вясна чароўная, вясна іскрыстая Ў краіну родную прыйшла, квяцістая (М.Васілёк). І вясна прыйшла. Такая самая, як летась, як кожны год: звонкая, пявучая, кучаравая і маладая (Я.Скрыган). Чуецца зялёны шум вясны, Мне відаць вясна ружавашчокая (А.Бялевіч). І на крылах вясну сінявокую [май] Да высокага сонца прынёс (А.Бялевіч). Ведаю, сіняй таёжнай вясной пырснула позна на схілах трава (А.Вялюгін). Пасля... дажджу... лес нібы памаладзеў, і вярнулася галасістая, зычная вясна (І.Новікаў). Не вер нашэсцю лютаўскай віхуры, Вер у нашэсце гаманкой вясны (А.Звонак). Дзікія лагчыны Сняць сны аб гулкай сонечнай вясне (А.Звонак). Прыходзяць вёсны мнагаграйныя і адыходзяць рана-рана (В.Ракаў). У гушчар нівелір углядаецца пільна — Выбірае сцяжынку гарластай вясне (В.Лукша). І мяне рыкастаю вясною Падхапіла з сцежак карусель (А.Пысін).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (вясны): вечна юная, вольная, добрая, маладая, мілая, незабыўная, непераможная, неўміручая, нясмелая, прыветная, прыгожа-светлая (аўт.), прыгожая, пяшчотная, радасная, родная, самая лепшая, святочная, урачыстая, хвалюючая, цудоўная, чароўна-светлая (паэт.), чароўная, юная  ваяўнічая, галодная, забытая, заплаканая, невясёлая, непуцёвая, няўмольная, няўтольная, трывожная.

Над светам, змучаным тыранам І пакалечаным вайной, Заззялі ранкам вы [байцы] румяным І вечна юнаю вясной (Я.Колас). Вольная вясна... радасна ўсміхалася людзям (А.Васілевіч). То мастак навеяным пейзажам Зноў наблізіў добрую вясну (А.Пысін). Смутку не знае вясна маладая Ніколі ні ў полі, ні ў лесе (А.Александровіч). Прылятае вясна мілая Ды вясна мая туманніца (Я.Колас). Непераможная вясна Ідзе над мірнымі палямі (А.Звонак). Як першы крок вясны прыветнай Устала сонца над гарой (А.Звонак). Хачу, каб вечна красавала прыгожа-светлая вясна (П.Трус). Дні пяшчотнай вясны ўспамінаю, На бязмежных лугах кураслепаў халодны папар, Жыватворнае, мяккае сонца раскошнага мая, І дажджы залатыя, што шчодра бруіліся з хмар (У.Караткевіч). Зноў вясна рамонкі сыпле мне пад ногі, Радасная звонкая вясна (Н.Тарас). Людзі з палёгкай адчулі, што і тут, у Наднямонні, паказаліся нарэшце першыя ластаўкі роднай вясны (Я.Брыль). У горадзе самая лепшая вясна, калі яна яшчэ нясмелая і маладая (М.Стральцоў). Будуць [ліпы] нам жывымі ўспамінамі Аб цудоўнай маладой вясне (Н.Плевіч). Не ўсядзіш, не заўважыш, Як насустрач вясне, Маладой і прыгожай, Выбягаеш... (А.Бачыла). І п’ю я ў маладосці мілай Кілішкі, поўныя да дна, Што мне ў маленстве падарыла Чароўна-светлая вясна (П.Трус). Ваяўнічыя вёсны Тут [у лесе] гнёзды свае заснавалі (П.Макаль). Невясёлая, галодная, Халадэчамі багатая, Эх, вясна, вясна халодная, Чым пацешыш ты аратага (Я.Колас). Словы жудасна паміраюць... Толькі недзе ў далёкай вёсцы З плёску рэк і шуму лясоў, Узляцяць, як забытыя вёсны, Салаўямі на сто галасоў (Г.Бураўкін). І пачуў салдат па-над дарогай Ціхі кліч заплаканай вясны (К.Кірэенка). Але ўжо над таполямі З відна і да відна Крыламі б’е няўтольная, Няўмольная вясна (Г.Бураўкін). Недзе там была і засталася Сіняя трывожная вясна І ў далёкім пачатковым класе Белая дзяўчынка ля акна (С.Гаўрусёў).

II. Светлая, радасная пара ў жыцці чалавека: юнацтва, маладосць: адчайная, бурная, залатая (паэт.), казачная, маладая, незабыўная, прыгожая, роспачна-радасная (аўт.), светлая, смелая, шумная, юная  адшумеўшая (аўт.), блакадная (аўт.), зраненая(аўт.), незваротная, сівая (аўт.), убогая.

А намі ж яшчэ не растрачана, Не вычарпана да дна Адвага наша юначая, Адчайная наша вясна (П.Броўка). А як разгарнуўся наш росквіт вялікі У дні нашай бурнай, прыгожай вясны! (П.Броўка). Ка мне ж ты не прыйдзеш, вясна залатая! І жаль нейкі сэрца маё спавівае (Я.Колас). Ты пагладзь мяне, мая матуля, ласкава, ціхенька, хоць у сне, як тады, калі пяяла люлі ў дзяцінства казачнай вясне (Л.Геніюш). Каб я волю меў, я сказаў бы: “Стой, Дні вясны маёй, Светлай, маладой! (Я.Колас). Ад той роспачна-радаснай, Незабыўнай давеку вясны... Вось каторы ўжо год У мае неспакойныя сны... Прыходзіць начамі... Чарот (Н.Гілевіч). Не крыўдуй, не журыся, паэт, Тут прычына, як кажуць, адна — Тваіх думак не хітры сакрэт Ці не смелая песень вясна (А.Куляшоў). Пройдзе многа заснежаных зім, Шумных вёсен і сонечных летаў (Н.Гілевіч). Гартавалася [Арыядна] добра ў паходах лясных, на парозе семнаццатай юнай вясны (У.Дубоўка). Адгукніся, вясна, мне зязюляй з-за рэчкі, Дай яшчэ раз прыпасці да любай зямлі І каштанаў сваіх незгасальныя свечкі над маёй адшумеўшай вясной запалі! (А.Куляшоў). А навокал — Курганы, курганы, курганы... Дзе па-брацку — Плячом да пляча — Пахаваны Блакадныя зімы, Блакадныя вёсны (Г.Бураўкін). Над маёй зраненай вясною І сёння плачуць журавы (“Маладосць”). І такая лагода навокал і ўва мне! Усміхаюцца годы незваротнай вясне (Т.Каржанеўская). Я ўдзячная сівой сваёй вясне, яна заўжды са мной на сцежцы спеўнай (Е.Лось). Мой родны кут, як ты мне мілы... Забыць цябе не маю сілы! Не раз, утомлены дарогай, Жыццём вясны мае убогай, К табе я ў думках залятаю І там душою спачываю (Я.Колас).

* Вясна-вяснянка, вясна-жартаўніца, вясна-краса, вясна-красна, вясна-красуня, сонца-вясна, чараўніца-вясна, юначка-вясна.

У садзіку ля крымскіх стромаў павеяла вясной-вяснянкай (Е.Лось). А вясна-жартаўніца, Бы знарок, як сыпне Рой бялёсых пялёсткаў Мне на стол... (А.Бачыла). Вясна-красна наўкол Загуляла ліха (А.Звонак). У песнях радасці прыйшла вясна-краса (А.Александровіч). Глуха лес маўчыць, Думку думае... Па вясне-красе, Залатой пары (Я.Колас). Вясна-красуня ў бубен б’е (А.Александровіч). Засвяціла цяпло бляскам радасці яснай... Бачым светласць кругом, бачым сонца-вясну! (Я.Купала). Я пакораны ўладай тваёй, чараўніца-вясна, Першым буйным дажджом, першым грукатам перуна (А.Звонак). І новыя песні ў народзе звінелі, Як голас юначкі-вясны (Я.Колас).

@

ГАЙ. Невялікі лісцёвы лес.

1. Пра колер гаю, яго вышыню, гушчыню: барвовы, белакоры, белы, блакітны, выносісты, высокі, гонкі, густалісты, густы, залаты, зялёны, купчасты, кучаравы, малады, малочны, празрысты, пышны, ружовы, рэдкі, светлы, серабрысты, сіні, стройны, цёмна-сіні, цёмны, цяністы, чысты  голы, стары, чэзлы.

Захмарыла ўжо восень неба І распранае гай барвовы (А.Вялюгін). І плешча пад гай белакоры Ячменю вусатае мора (М.Лужанін). Яму шкада было бяроз, шкада ўсяго гэтага белага, малочнага гаю (І.Шамякін). Я ішоў праз высокі і нейкі блакітны бярозавы гаёк, і на душы было светла (К.Кірэенка). Над гонкім гаем, над густым кустоўем сінечу неба вочы ціха п’юць (В.Жуковіч). Мы адшукалі шлях... у густалісты гай (П.Панчанка). Восень, Залаты бярозавы гай іскрыцца на скупым сонцы (“Беларусь”). У кветкі луг прыбраўся, Спяваў зялёны гай (П.Броўка). Звешвае лісцяў маністы купчасты бярозавы гай (Я.Колас). Пра што шапочаш, гай празрысты, вераснёвы? (У.Някляеў). Выдаліся дні, калі настрой душы вельмі лёгка зліваўся з настроем пышных шапатлівых гаёў... (В.Карамазаў). Прыйшоў сюды, на бераг нізкі І пасадзіў ружовы гай Настаўнік з горада Сімбірска (С.Грахоўскі). Сын твой [Беларусі], у белай ільнянай кашулі ў свет ідучы светлым бярозавым гаем, імя тваё, славу тваю, песню тваю берагчы перад светам усім прысягаю (В.Жуковіч). Слаўна жыць з табой, серабрысты гай (М.Лужанін). Адцвіце вясна на ўзлеску, Пабяжыць за сіні гай (Я.Янішчыц). Шкода мне гаёў цяністых І лугоў прастору, Дзе пад ветрам ходзяць хвалі Травянога мора (Я.Колас). У голым бярозавым гайку зрабілі прывал (І.Навуменка). Баравікі Петрык часта знаходзіў у старым дубовым гаі (І.Навуменка).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (гаю): вечны, вясёлы, гаваркі, галасісты, гутарлівы, добры, задуменны, задумлівы, звонкі, пахучы, прыціхлы, прыцішаны, радасны, расспяваны, родны, салаўіны, сонечны, спакойны, трапяткі, усхваляваны, ціхі, цудоўны, чароўны, шапатлівы  зажураны, змрочны, маўклівы, невясёлы, пахмуры, сонны, шумлівы, шумны.

Зірні — які спакойны гай... Свяці і грэй, а не шугай, Каб на святло ішоў сустрэчны, Каб зелянеў вясною гай, Празрысты, радасны і вечны (С.Грахоўскі). Звонкаструнны ты, мой лесе, галасісты гай, Для мяне, якую хочаш, песню заспявай (А.Русак). Што ж ты невясёлы, змрочны, добры гаю? (А.Бялевіч). Мне ўсё дорага тут — І ў прысадах дарога, І задумлівы гай Над высокай гарой... (П.Броўка). Дорага ўсё да драбніц! Засень гаеў задуменных, Белыя крушні на ўзмежку... (Н.Гілевіч). Знаходзілі мы адпачынак здаровы Па ціхіх дубровах, па звонкіх гаях (П.Броўка). Сонейка схавалася, і толькі на заходзе, над прыцішаным гайком, чырванеецца паласа небасхілу (М.Гарэцкі). Мне сніцца старонка далёкая, Там Свіслач плыве сінявокая, Вясной у расспяваным гаю (К.Буйло). Ой ты, поле! Гай ты родны! Толькі ж я не з вамі (Я.Колас). А ў полі тры таполі Зашумелі як ніколі, А пасля у адзін міг Салаўіны гай прыціх (А.Дудар). Усходзяць замест сонечных гаёў там Маўклівыя журботныя крыжы (П.Панчанка). Прыслухаешся — поруч з полем усхваляваны гай шуміць (В.Жуковіч). Я прыйшоў у рабінавы гай. Гай мой ціхі, Як сам я, зажураны (П.Панчанка). Пасля поўдня яны пайшлі гуляць... за сад, дзе быў цудоўны гай з таполяў і каштанаў (М.Ваданосаў). Ішлі на бой харобра За свой народ і край, Аб гэтым помніць добра Стары маўклівы гай (П.Панчанка). У цішы, у цішы гай стаіўся пахмуры, А ў душы, а ў душы не сцішаецца бура (П.Броўка). Я шчасце гукала ў сонных гаях (К.Буйло). Дзень добры, рэчанька! Прывет, шумлівы гай! (П.Панчанка).

@

ГАРА (горы). 1. Пра вышыню, велічыню гор; пра іх колер, афарбоўку: аграмадная, асмужана-сіняя, высокая, завоблачная, зарослая лесам, захмараная, крутая, неабсяжная, недаступная, стромая, стромкая, цёмная, чорная, шэрая.

Ён [Васіль] узяў мыліцы, рэзка ўскочыў... падышоў да акна. Моўчкі пазіраў на далёкія асмужана-сінія горы, да паловы пакрытыя белымі шапкамі воблакаў (І.Мележ). Проста перад намі — высокая, зарослая лесам, панурая гара (І.Мележ). Макоўчык, які пад вечар заступіў дняваліць на канюшню, гледзячы ў бок захмараных гор, прамовіў: “Глядзі ты, там лье, як з прорвы...” (І.Мележ). На гары на крутой, на абвітай ракой, Лет назад таму сотня ці болей, Белы хорам стаяў... (Я.Купала). Спакойна спіце над затокай, Вяршыні неабсяжных гор (М.Танк). Рака бегла то лагчынаю, то паміж аграмадных, недаступных гор... (Т.Хадкевіч). Між стромкіх гор — Лугі, палі... (П.Броўка). А горы — без дрэў і без траў выглядаюць шэрымі, нават чорнымі (“Маладосць”).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (гор): вабная, велічная, задумлівая, родныя (мн.), спрадвечная  абалдзелыя (мн.), грозная, змрочная, маўклівая, пакутная, панурая, пачварная, праклятая, чужая.

Каўказскія горы — грозныя, чужыя і вабныя, нібы руіны велічэзных замчышч. У даляглядзе пад яркім сонцам горы колеру паленай цэглы лезуць адна на адну, выступаюць у небе мутнаватымі воблакамі ў розныя ўзоры (З.Бядуля). А горы, велічныя горы Шмат нагадалі сёння мне (П.Броўка). Ён [Любамір] углядаўся ўдалеч... любаваўся задумлівымі роднымі гарамі... (Т.Хадкевіч). Унізе чыстымі снягамі Гараць хрыбты спрадвечных гор (С.Грахоўскі). І сотні гадоў Глядзяць абалдзелыя горы На нуднае мора садоў (П.Панчанка). Сінява світання бляднела, набываючы шэра-блакітныя адценні... выразна праступалі ў далечыні цёмныя, маўклівыя горы (Т.Хадкевіч). За пакутнай за гарою Ўзнёсся явар адзінокі І ківае галавою... (Я.Купала). Панурая поўнач. Халоднае мора, Дзе бура выводзіць акорды глухія, Дзе голага лёду пачварныя горы Вартуюць сакрэты і тайны стыхіі (Я.Колас). Глухая злосць на праклятую гару падымалася ў сэрцы людзей, бо памяць аб Жывой Вадзе не забывалася (Я.Колас).

* Круча-гара.

За высокай кручаю-гарою — крылы недасяжныя твае (Я.Янішчыц).

@

ГЛЫБІНЯ (глыб). Блізкая, бурная, бяздонная, бязмежная, відушчая, вільготная, высветленая, далёкая, загадкавая, невымерная, непраглядная, прадонная (аўт.), сіняя, спелая (аўт.), таямнічная, трывожная, цёмная, чуйная, чуткая, яркая, ясная.

Плыве ў блізкіх глыбінях салака, Хвалі — валошкавы цвет, Трое нас — мора, я і сабака, Трое на ўвесь белы свет (А.Пысін). Ні ў спёку, ні ў мароз, ні ў навальніцу Не вычарпаць бяздоннай глыбіні (С.Грахоўскі). Як доўга вучыўся Я ў песні лавіць Птушыныя трэлі І ззянне зарніц, А потым — людскія І мары і сны Ў бязмежнай і бурнай Жыцця глыбіні (М.Танк). Баяўся вешчай варажбы, Таму баяўся глыбіні відушчай (А.Пысін). Ты прыйшла — з маланкамі і ліўнем, З вільготнай глыбінёй (А.Пысін). [Часлава] зноў звесіла галаву над вадой, са здзіўленнем углядалася ў высветленую глыбіню, таямнічую і загадкавую (А.Савіцкі). Вышыня! Натоўп гранітных глыбаў. Горны звал на стромкіх берагах. Возера невымернай глыбі. Як іртуць, паблісквае ў гарах (А.Звонак). У непрагляднай глыбыні ляснога возера дзяўчыне штось мроілася незразумелае (“Беларусь”). Ззяюць, граюць рыбкі ў сіняй глыбіні (З.Бядуля). У трывожнай глыбіні схавалася вада, Ледзь з-пад зямлі вядро яе дастала... (А.Пысін). Дрэвы насцярожана маўчалі, углядаючыся ў ясную глыбіню возера (“Маладосць”). Як на яго яна [Альжбета] глядзела! З якой прадоннай глыбіні (Н.Гілевіч). Вось тут засыпаны калодзеж, Што хваляваў трывожнай глыбінёй (А.Пысін). І свет навыкаце, як вока, Наліты спелай глыбінёй (А.Пысін). Тонкі прамень зламаўся ў люстэрку — таямнічыя глыбіні адкрыліся ў шкле (М.Стральцоў). Дарожныя пабеленыя знакі Спыніліся ля чуткай глыбіні (А.Пысін).

@

ГНЕЎ. Агністы, барыкадны (аўт.), высакародны, высокі, вялікасны, вялікі, гарачы, жоўты (аўт.), кіпучы, крылаты, моцны, мужны, мяцежны, народны, нестрыманы, нечалавечы, нястрымны, нясцерпны, праўдзівы, раптоўны, святы, свяшчэнны, суровы, трапяткі  абуральны, аслеплы, буйны, бурны, бязлітасны, бяссільны, дзікі, знішчальны, пякельны, сляпы, узбураны, чорны, шалёны.

Прыгавор бязлітасна суровы Прагне ўся зямля пачуць... Прыгавор — забойцам... катам... Прыгавор, як гнеў людзей агністы, Ад імя ўсіх зямных краін (П.Панчанка). Эй, хлебаробы і докеры, грузчыкі і вуглякопы, Кіньце супроць рэакцыі гнеў барыкадны свой! (М.Танк). Высокі гнеў, халодная нянавісць і нязмернае хваляванне нараджаліся ў глыбіні істоты Тапурыя (Э.Самуйлёнак). Толькі ў сэрцы палае вялікасны гнеў: Не, не стопчуць красы тваёй [Беларусі] брудныя боты, Не, народа майго аніхто не сагне! (П.Панчанка). Смерць ворагам! Склікае нас да бою Народны гнеў, вялікі мужны гнеў (П.Панчанка). Гарачым гневам напоўніліся вочы дзеда Талаша (Я.Колас). Ні чорны жах, Ні жоўты гнеў Батыеў Тваіх [Кіева] не ўсухавеілі гадоў (Р.Барадулін). Тронам-астрогам усё прыдавіла, Моцна калоны палацаў стаяць. Здаецца, ці можна гэткую сілу Нат гневам народным калі ўзарваць (П.Панчанка). Надыдзе час, калі і боль, і слёзы Перарастуць у нестрыманы гнеў (А.Вольскі). [Жанчына] адарвала дзіця ад грудзей і, высока трымаючы яго на выцягнутых руках, падалася наперад, грозная, страшная ў сваім нечалавечым гневе, у спапяляючай нянавісці (М.Лынькоў). Жахнула маланка нясцерпнага гневу (Я.Колас). Словы сыпаліся і сыпаліся з ўсіх бакоў. Тут былі і ўедлівыя жарты, і абурэнне, і праўдзівы гнеў (І.Дуброўскі). Стася ўскочыла з месца, распаленая раптоўным гневам (М.Зарэцкі). Пакуль сэрца ад гневу святога гарыць, Пакуль куля ў дуле нагана ляжыць — Буду жыць (П.Панчанка). Свяшчэнны гнеў нам грудзі паліць, Бязлітасны, пякельны гнеў! (“Маладосць”). Каму Суровы мой гнеў перадаць? (П.Глебка). Аслеплы гнеў не бярыце за свята, Ступайце з павагаю па зямлі (Р.Барадулін). Алесь прыйшоў у гнеў, у дзікі, І ў абурэнне, жаль вялікі, Катоў ён бедных б’е, ганяе (Я.Колас). Хлопец... змераў Грэчку бязлітаснымі блакітнымі вачыма, якія гарэлі ад абуральнага гневу (І.Мележ). Хай на Лукішках з-за цёмных сцен Льецца бяссільны гнеў (А.Дудар). Таго, што тут рыбак-мудрэц злавіў, — Не праглынуць было ліхому зброду. Сам родны край яго благаславіў На гэты ўлоў у буру-непагоду. Улоў ягоны — гнеў твой [Нарачы] трапяткі, Той чорны гнеў, што ўздыбліваў глыбіні (Н.Гілевіч).

@

ГОД (гады). Перыяд у жыцці чалавека, краіны, адзначаны нейкімі падзеямі; ацэнка гэтага перыяду (пераважна ў форме мн. л.): адметны, баявы, векапомны, высокі, далёкі, дзівосны, дзіўны, жудасна шчаслівы (аўт.), залаты, зялёны, зямны, касмічны, кіпучы, крамністы, маладыя (мн.), малыя (мн.), мудрэцкі (разм.), недасяжліва далёкі (разм.), незабыўны, незгасальны, непаўторны, непражыты, нязгасны, партызанскі, перажыты, пераможны, светлы, славуты, слаўны, удалы, хлебадайны (аўт.), шчыры, яркі, ясны  бурны, гнеўны, грозны, доўгі, замутнёны (разм.), ліхі, незваротны, няласкавы, няспраўджаны, пакутлівы, пакутны, пякельны, самы горкі, самы цяжкі, страшны, суровы, трудны, чорны, штармавы.

Лявонік часта ўспамінае тыя адметныя, непаўторныя гады (І.Навуменка). Былі дні гарачай... эры, быў дваццаты, векапомны год (Ю.Лявонны). Паўстаюць з камення і жалеза За спіной высокія гады (А.Пысін). Паўсталі і прайшлі перад вачыма яго памяці дні і людзі незабыўных і ўжо далёкіх гадоў (Э.Самуйлёнак). Якія жудасна шчаслівыя гады, і дні нашай любві, дружбы, і як жа часта мы марнуем іх на пустое (Я.Брыль). Дзівосныя гады далёкай маладосці, Як часта мы не цэнім вас... (“Полымя”). Жывучы ў зарэччы лясістым, У малыя свае гады Я зайздросціла ўсім машыністам, Што па рэйках вядуць паязды (Е.Лось). Маладыя гады, маладыя жаданні! Ні жуды, ні нуды, Толькі шчасце кахання (М.Багдановіч). Для паэзіі працы служыць гатоў... Да апошніх зямных і касмічных гадоў (М.Танк). Будзе год залаты, хлебадайны, Трудны год ярыну абміне (Я.Янішчыц). У сяле, сярод садоў і красак, Дзе цвілі зялёныя гады, Мы наслухаліся даўніх казак, Што калісь расказвалі дзяды (М.Аўрамчык). Леапольд Гушка бачыў перад сабой берагі шчаслівай зямлі, да якой плыў з самых маладых год сваіх (К.Чорны). ...І не пыталі ў зязюль-варажбітак, Колькі ў запасе год непражытых (М.Танк). Народ гэты просты... яшчэ не ў мудрэцкіх гадах, а робіць такую машыну, што цудам завуць на палях (Е.Лось). Я на свяце маладым Сонца, ветру і аблокаў — Ахвярую годам тым, Недасяжліва далёкім (У.Някляеў). Фатаздымкаў на паўсцяны, Партызанскія гнеўныя годы (П.Панчанка). У Прыпяці маёй залатабруйнай — Майго жыцця нязгасныя гады (У.Верамейчык). — Расці, лён, высокім! — Сказаў партызан. — Нямала прыкрыў ты Шрамоў, нашых ран У грозныя годы вайны (М.Танк). Хутка ўжо споўніцца доўгі і пакутны год, як я пакінуў [Беларусь] (В.Быкаў). А за плячмі ўсяго семнаццаць Нічым не замутнёных год (А.Пысін). Мінулі даўно тыя змрочныя, грозныя трывогі і бітваў ліхія гады (В.Шымук). Не заўважыў ты ў громе няласкавых год, Што да сонца ўзнясла твае пошукі сталасць (К.Кірэенка). І лес пасівеў, як матуля, Над кожным жыццём маладым, Адлічвае толькі зязюля Няспраўджаныя гады (В.Вярба). Героі садзяць сад, якому век цвісці. Не трэба паліваць — ён будзе сам расці, Бо ў той пякельны, незабыўны год Яны аддалі глебе кроў І пот (І.Калеснік). Гэты апошні гадок няволі Язэпу здаваўся самым цяжкім і пакутлівым (А.Якімовіч). Мінуў яшчэ адзін мой год, Год самы цяжкі, самы горкі (Я.Колас). Бачыш, дружа, праз колькі суровых гадоў Мы ў свабоднай Варшаве сустрэліся зноў (М.Танк). Франтавыя дарогі Грозных, чорных гадоў. Дым уедлівы, горкі, Сталі плаўленай гром. Смерць пад кожным узгоркам, Смерць пад кожным кустом (П.Броўка). Прыпарушыла скроні ўжо шэранню Штармавых, перажытых гадоў (М.Танк).

@

ГОЛАС. I. Гукі, якія ўзнікаюць пры размове, крыку, спевах дзякуючы ваганню галасавых звязак.

1. Пра сілу, гучнасць (голасу); пра характар, чысціню, працягласць гучання: аксамітны, арганны, бурны, быстры, варкатлівы, вільготны, вольны, выразны, высокі, грудны, жывы, залівісты, звонкі, зычны, магутны, малады, меладычны, мілагучны, моцны, мяккі, негусты, нізкі, нясмелы, пералівісты, прыглушаны, прыцішаны, пявучы, размашысты, сакавіты, свежы, спакойны, сцішаны, танклявы, тонкі, ціхі, цудоўны, чысты  агрубелы, аднатонны, апаўшы, асіплы, атрутны, ахрыплы, віхлясты (разм.), выцвілы, вялы, глухі, грымучы, гугнявы, густы, драўляны, зашэрхлы (разм.), кволы, крыклівы, млявы, надарваны, напружаны, пераселы, пісклівы, прарэзлівы, прастуджаны, скрыпучы, старэчы, упалы, хісткі, хрыплаваты, хрыпаты, хрыплы.

Аксамітны голас дзяўчыны хваляваў, здаваўся знаёмым (К.Чорны). І раптам высокі арганны голас... з рокатным уздыханнем пачаў пра нешта пытаць... (К.Кірэенка). Не чуваць галасоў, Свежых, вольных, жывых, Толькі совы крычаць Па трушчобах глухіх (Я.Колас). “Добры дзень, пані Мар’я”, — сказала яна варкатлівым грудным голасам (З.Бядуля). Голас у Макса Лібермана пісклівы, вільготны... (З.Бядуля). “Я да вас ад Глінскага”, — голас пяшчотна-мяккі і залівісты... (У.Караткевіч). Чуецца малады звонкі дзявочы голас (Я.Колас). Разлягаўся па паляне зычны голас Камарова (П.Місько). У Маі быў голас ціхі, але меладычны (А.Карпюк). Голас быў у Цярэшкі прыемны, мяккі і такі шчыры, што ішоў, здавалася, ад самога яго сэрца (У.Краўчанка). Негусты голас яго, што нярэдка пераходзіў у фальцэт, быў надзіва моцны (І.Мележ). — Аўгіня! — пазваў яе прыязны, нізкі, ціхі голас (Я.Колас). [Амяльян] чуе як бы чыесь галасы, прыцішаныя, нясмелыя (Я.Колас). Тонкі, пералівісты голас Веры... празвінеў... даволі супакойліва (П.Броўка). Урэшце, як з-пад зямлі, раздаўся ціхі, прыглушаны голас (М.Лынькоў). “Брат Міша”... дагнаў Лапінку размашыстым скрыпучым голасам (Я.Брыль). — Тата, — пяе ён сакавітым голасам, — а нашто табе пуга? (Б.Сачанка). Марына паківала галавой, пасядзела і раптам загаварыла ціхім і зусім спакойным голасам (А.Кудравец). Галасы чуваць... сцішаныя (А.Савіцкі). Дзіця сумыслу закрычала высокім сваім тонкім голасам (К.Чорны). “Вас?” — спытаў нейкім віхлястым і танклявым голасам афіцэр (І.Чыгрынаў). З краіны, дзе Каліноўскага слова Лес гнеўных кос на цара ўздымала, Дзе голасам чыстым у час суровы Зваў з цемры люд свой Янка Купала (К.Цвірка). Чуе ён [Мікульскі] нечы агрубелы, хрыплаваты голас... (П.Місько). Пракаповіч хутка, ледзь не подбегам, ішоў да суседняга пад’езда і ўжо дайшоў быў да дзвярэй, як пачуў высокі аднатонны голас Дзерваедава і глухі, гугнявы, крыху ў нос, — Вакулы (Я.Радкевіч). Грамілі вы [Маякоўскі] бязлітасна пралаз, Глушылі гнеўны голас іх атрутны (П.Панчанка). “Няма гарэлкі”, — сказаў Пятрок асіплым голасам (В.Быкаў). Надарваны ахрыплы голас крычаў у цемру (П.Броўка). Раптам цётка сказала нейкім выцвілым, вялым голасам: “Можа, ты есці хочаш?...” (Л.Арабей). З грудзей нашых панясецца Вір песень грымучых І ў адзін голас зліецца, У адзін магучы (Я.Купала). На стрэлы не адказваў дом. “Пара!” — прамовіў нехта голасам драўляным (З.Астапенка). Потым ён [Міша] пераселым зашэрхлым голасам выціснуў з сябе адно слова (Я.Сіпакоў). Яна пачынала кволым старэчым голасам тую несмяротную песню, якой захапляліся і яшчэ будуць захапляцца мільёны сястрычак і брацікаў, мамаў і татаў, дзядуль і бабуль (Я.Брыль). Гаворыць Галя нейкім млявым... ад стомы голасам (Я.Брыль). У трубцы зацурчэў напружаны быстры голас (М.Гамолка). Тоненькім пісклівым, як у птушкі, галаском... [дзед Мірон] апавядаў майму бацьку былі (З.Бядуля). У той жа момант лес загуў прарэзлівымі галасамі [партызанаў] (М.Гамолка). Гэта было сказана такім ціхім і ўпалым голасам, што я аж памкнуўся ўсім целам уперад (Б.Сачанка). У крыклівым голасе заўжды хрыпата будзе, ён не чысты. Сапраўдны паэт не крычыць (П.Галавач). Хрыпатымі галасамі маладых пеўнікаў пачынаўся новы дзень (М.Гроднеў).

2. Пра гучанне голасу пры спевах; пра якасць гэтага гучання: высокі, глыбокі, гнуткі, звонкі, зычны, малады, мілагучны, мяккі, пекны, поўны, прыгожы, пявучы, пяшчотны, сакавіты, салаўіны, светлы, сярэбраны, хвалюючы, ціхі, цудоўны, чароўны, чысты  безнадзейны, крыклівы, самотны, тонкі.

Мужчына страсянуў галавою і заспяваў таксама чыстым высокім голасам (А.Жук). Ты спяваў! Такі глыбокі голас, Быццам хваля з пеністай вадой... (К.Буйло). Гнуткі голас артыста лёгка зліваўся з цудоўным вакальным малюнкам вобраза (“Беларусь”). І панёсся на прыволлі Жнейчын звонкі галасок, Сакавіты і пявучы, Як вясенька малады (Я.Колас). Зычны пявучы голас, яго высокі тэмбр узмацніў агульнае пяянне (Ц.Гартны). А песня лілася, мілагучны, мяккі голас то заміраў, то зноў імкнуў у завоблачную далячынь (“Маладосць”). Можа, пан Адольф, спяеце нам што-кольвечы? Я чула, што вельмі пекны голас маеце (Я.Купала). Адпелі поўным голасам дзяўчаты (Я.Колас). Прырода адарыла яго [Леаніда Мяфодзевіча] прыгожым, хвалюючым голасам (В.Жуковіч). Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, з косамі, як чысты лён (С.Грахоўскі). Вандраваць пачаў я над Бярозай Пад гамонку ціхую лясоў. Радугі стаялі ў вербалозах Між птушыных светлых галасоў (П.Панчанка). Дзяўчына вясёлая, многа і часта пяе прыгожыя... песні, а голас яе — звонкі, сярэбраны (В.Каваль). Раніцою мяне будзіць голас, Ціхі, пяшчотны, быццам гуд руплівай пчалы (Б.Сачанка). Князёўна так узрадавалася, што заспявала цудоўным голасам старую, прыгожую песню (Э.Самуйлёнак). А голас чароўны з тугою звінеў Пра птушку маленькую з хворымі грудкамі. Сціскаў нашы сэрцы журботны напеў, І вочы хавалі за дым самакруткі мы (П.Панчанка). І голас, нібыта ў пустэльні, звінеў, Такі малады і такі безнадзейны... (Г.Бураўкін). Тонкім, крыклівым голасам там, за вербамі, спявала... дзяўчо (В.Адамчык). Самотным голасам спявала-жалілася Марыя (П.Місько).

3. Пра стан, перажыванні чалавека; пра голас, які выражае стан, настрой, рысы характару і г.д.: адданы, журботна-ласкавы, задуменна-журботны, задуменны, задушэўны, замілаваны, лагодны, любасны (аўт.), наіўна-шчаслівы (аўт.), настойлівы, незямны, нязломны, нясмелы, паважны, празрысты, праўдзівы, прыветлівы, прыязны, пяшчотны, радасна-жартлівы, разумны, райскі, расчулены, рашучы, родны, спачувальны, таропкі, усцешаны, цвёрды, чулы, шчаслівы, шчыры  агідны, агорклы, адчайны, асавелы, ашалелы, брыдкі, варожы, гнеўны, горкі, грозны, грубы, гуллівы, дзікі, добразычліва-ледзяны (аўт.), жабрацкі, жорсткі, журботны, здзеклівы, злосны, зухаваты, калючы, кіруючы (аўт.), лісліва-салодкі (аўт.), люты, лянівы, нясмелы, няўцямны, пагрозлівы, панылы, плаксівы, раздражнёны, раз’юшаны, раз’ятраны, рэзкі, сварлівы, сонны, трывожны, утомлены, фальшывы, цукровы, чужы.

Адданы голас мой нязломны І пацалунак без тугі (В.Вярба). Помніцца голас журботна-ласкавы: “Хай бы зайшлі, не чакалі званка...” (Э.Агняцвет). Галасок яе [Хадоські] быў нясмелы, кволы — здавалася, ён, лагодны, задуменна-журботны, з недарэчнай скаргай крыўдай, вось-вось патоне ў выбуху рогату... (І.Мележ). Голас дзяўчыны, лагодны, задушэўны, навяваў успаміны аб далёкіх днях маладосці (М.Ваданосаў). — Якія мілыя дзеткі, — замілаваным голасам хваліла старая (Р.Няхай). — Добры вечар вам, — кажа да нас такі незвычайны тут, нейкі мілагучны і любасны голас дзяўчыны (В.Быкаў). І наіўна-шчаслівы мой голас, Прытаміўся, як летні дзень (В.Вярба). Голас Свідзерскага настойлівы, рашучы (В.Хомчанка). Чую, за мною плачуць людзі, стогнуць незямным голасам (А.Кулакоўскі). Голас жонкі здалёку звінеў басавымі ноткамі... паважны, грозны (З.Бядуля). Яе празрысты галасок пяшчотна поўніў свет да донца... (С.Законнікаў). Жонцы муж тэнарам дыпламатычным Нешта даводзіць надзвычай тактычна. Вось каб на службе той голас пачулі — Ціхі, разумны, прыветлівы, чулы (П.Панчанка). Голас, пяшчотны і ціхі, Повен жывой пекнаты: Ну абмінула вас ліха! (А.Звонак). Чуецца чыйся радасна-жартлівы голас (Я.Колас). Пяшчотным, райскім голасам увязалася ў гаворку Эльга, робячы прыемную ўсмешку (Б.Мікуліч). Нехта кліча яго з таго боку, дзе сонца ўстае пасля ночы, такім родным і чыстым, як рэха над рэчкай, голасам (Я.Брыль). Галасы чуваць таропкія... (А.Савіцкі). До відзэня! До відзэня!... — зноў, як бульба з меха, пасыпаліся з хаты ў сенцы іх [вучняў] усцешаныя галасы (Я.Брыль). — Дамоў вярнуўся, вот і ўсё, — сказала Насця гэта такім цвёрдым голасам, што Кузьма спалохаўся (Я.Колас). Дзеці... як пчолкі з вулля, высыпалі са школы на вуліцу, напаўняючы яе звонкімі, шчаслівымі галасамі (Я.Колас). На досвітку грымеў званок і чуўся агорклы вахманскі голас (Я.Брыль). Іншы раз даносіўся... адчайны матчын голас (А.Кулакоўскі). “Што гэта было?” — ашалелым голасам запытаў Казік (А.Чарнышэвіч). Хлопца спыніў брыдкі голас вартаўніка (Ц.Гартны). А голас жорсткі і варожы Гудзе назолаю слаты (Я.Колас). “Вазьміце, цётка, грошы вось...” Але яна ніколі ў рукі іх не брала. “Пакінь іх там, дзіцятка, на стале”, — Глухім, няўцямным голасам казала (Н.Гілевіч). Голас гнеўны, бурны, Быў за вярсту ўсім чуцён (П.Панчанка). У маім сэрцы адклікнуўся яе звонкі, нейкі гуллівы голас (А.Марціновіч). Сярод дзікіх, раз’юшаных галасоў вылучаўся здаровы тэнар Поля (М.Гамолка). “Зайдзіце ў пакой”, — добразычліва-ледзяным голасам сказаў Леановіч (У.Караткевіч). Жаўтавалосага абкружылі сотні галасоў. Журботныя, расчуленыя... яны луналі над яго галавою (У.Караткевіч). Я помню такую ж поўню, Трывожную, маладую, Твой здзеклівы голас помню, Маладзіка шкадую (Р.Барадулін). Голас цёці Веры... стаў рэзкім, калючым (М.Лынькоў). Праца зраўняла ўсіх. Нават і сам гаспадар адрозніваецца толькі сваім кіруючым голасам (Я.Брыль). Змяніўшы лісліва-салодкі голас на грубы, [Лёшка] гукае ў наш бок (В.Быкаў). За спіной грымнуў раптам люты голас... (М.Капыловіч). “Так... Так...” — лянівым голасам мармытнуў Іван Мацвіевіч (З.Бядуля). — Пайграй... — панылым голасам прамовіў Сымон. — Пайграй... (А.Чарнышэвіч). Чарнамор пераступіў з нагі на нагу... і сказаў плаксівым голасам (Я.Колас). Хлопец бег... Ззаду калацілася і шапялявіла ад раз’ятраных галасоў рэха (М.Гамолка). Хтось галасы трывожныя, Прыйшоўшы, абарваў (М.Танк). “Эт, — кажа Лявоніха цукровым голасам, — жыву-гадуюся” (З.Бядуля). Зноў загаманілі, ажно закрычалі кругом чужымі галасамі салдаты (І.Чыгрынаў).

II. Гукі ад неадушаўлёных прадметаў: бунтарны, густы, жалезны, задумлівы, надрыўны, неразвейны, несціханы, неўніманы (разм.), пераліўны, прытоены, родны, сцішаны  глухі, страшны, хрыплы.

Штыком цябе [Беларусь] перакрэслівалі І асуджалі на здзек. Твой голас бунтарны глушылі З гармат і званіц усіх (М.Танк). Ты пачуеш тут на змярканні, На світанні пачуеш ты Зязюль кукаванне, Ласёў рыканне І матораў голас густы (П.Панчанка). І дрогне жалезны голас гудка Радасцю чалавечай (П.Панчанка). Не кліч мяне музыкай модненькай — Другое здаўна па душы: Задумлівы голас гармоніка, Дзявочая песня ў цішы (Г.Бураўкін). Зноў я чую надрыўныя Грузавікоў галасы (П.Панчанка). Паляці ты лесам, полем, Голас неразвейны (Я.Купала). Я чую голас несціханы — Зямля мая мяне заве (Я.Колас). Як зайгралі-загудзелі Гуслі-самаграі. Панясліся, паляцелі Песні па ўсім краі. Ад паляны да паляны, Ад бора да бора Плыве голас неўніманы, Як бы хвалі мора (Я.Купала). Люблю я ночы той час дзіўны, Калі прастор, абняты сном, Пабудзіць голас пераліўны — Далёкіх хмар магутны гром (Я.Колас). — Гром, гром! Вы чуеце гром? — прытоеным, сцішаным голасам загаманілі аўсяныя кістачкі (Я.Колас). Толькі ўслухайся ў гучанне Родных галасоў Беларускіх рэк блакітных, Векавых лясоў (М.Танк). З маленства люблю я лясы, Іх сцішаны голас і шум патаемны (Я.Колас). Б’юць гарматы, Аж гудуць ад водгулля лясы. І плывуць на захад перакатам Хрыплыя, глухія галасы (П.Панчанка). Адвечная скарга грымела ў небе страшным голасам грому і калыхала ўсю зямлю (Я.Колас).

@

ГОМАН (гамана). Бязладны шум, мноства галасоў, прыродных гукаў.

1. Пра гучнасць, характар гоману, яго працягласць, аддаленасць: аднастайны, бурны, бязладны, бязмежны, бясконцы, вірлівы, вялізны, вялікі, глухі, густы, гучны, далёкі, доўгі, жвавы, звонкі, злітны, зычны, многагалосы, моцны, несканчоны, нецярплівы, няспынны, няўмоўчны (разм.), няясны, працяжны, прыглушаны, рознагалосы, роўны, стогалосы, стозыкі (аўт.), ціхі, цягучы, шматгалосы, шумны.

Грушэўскаму надакучыў аднастайны гоман лесу і нязладныя галасы ночы... (Р.Мурашка). Ля барвовых ракіт Бурным гоманам пеніцца Нёман (А.Астрэйка). Тут завіраваў нецярплівы, бязладны гоман (І.Мележ). Бязмежны гоман лесу, невыразная чужая гаворка зліваліся ў адно (І.Шамякін). Рэха з вялікім лёскатам доўга ідзе да другога берага і не памірае, а вяртаецца назад памаладзелым і памножаным на бясконцы гоман хваляў (К.Кірэенка). У пахучым паветры стаяў вялізны гоман (В.Каваль). Я бягу праз поле-шыр на вірлівы гоман (В.Каваль). Густы гоман лесу супакойваў інжынера (М.Лынькоў). Густы, злітны гоман лесу, плёскат азёрных хваляў настройваў на ціхі роздум... (“Маладосць”). Глуха шэпча лес зялёны, І шуміць ён і шуміць, Гоман доўгі, несканчоны Цэлы дзень над ім стаіць (Я.Колас). Плёўся жвавы, радасны гоман са смехам... (І.Мележ). Многагалосы вясковы гоман доўга вісіць у паветры, а потым пачынае паступова сціхаць (А.Васілевіч). За вакном не змаўкаў роўны, прыглушаны гоман горада (П.Галавач). Жураўліная песня злівалася з няўмоўчным гоманам бору (М.Лынькоў). Праз ранішні гоман стозыкі пасёлкаў і вёсак... Спяшаецца ўдалеч стары беларускі бальшак (Н.Гілевіч). Любы ваш ля хваляў Гоман шматгалосы — Райнісавы сосны, Райнісавы сосны! (П.Броўка). З самай раніцы лес напоўніўся рознагалосым гоманам (І.Шамякін). У карчомцы грук вялікі, Гоман шумны... (Я.Колас).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (гоману): адвечны, баравы, велічны, вольны, вясёлы, дзіўны, дрымотны, зеленалісты (аўт.), зялёны, малады, мілы, непаўторны, прыветлівы, прыемны, радасны, разухабісты, таемна-глухі, таемны, урачысты, шчаслівы, ясны  журботны, каснаязыкі (аўт.), маркотны, нядобры, няўцямны, пагрозлівы, пагрозны, страшны, сумны, сцішны, трывожны, тужлівы, халодны.

Прыслухоўваючыся да гэтага адвечнага баравога гоману, Дубок пачуў ціхія галасы, дзесьці там, унізе, над рачулкай (М.Лынькоў). І гэтая ясная раніца, і велічны гоман горнага лесу, і так цяжка здабытая воля — усё хвалявала, здавалася яму [Аляксею] нерэальным (Т.Хадкевіч). Вольным гоманам хвоек высокіх, туманамі санлівых нізін, Казкай векаў блізкіх і далёкіх Клічам сонца... (Я.Купала). У звонкую марозную раніцу ўварваўся вясёлы разухабісты гоман гармоніка... (А.Васілевіч). Ах, як нам блізка і знаёма З гадоў дзіцячых, маладых — Вясновых рэчак дзіўны гоман (П.Броўка). Дрымотны гоман баравы Захутаў сосны і яліны... (П.Броўка). У карчомцы грук вялікі, Гоман... малады... (Я.Колас). Шчадрэе вясны казна Гоманам зеленалістым (Р.Барадулін). Будзе над вогнішчам гоман зялёны, Стрэнем світанейка ў спевах птушыных... (П.Броўка). Шэпчуць згодна каласінкі, Гойдаюцца нівы, Ходзіць гоман між збажынкі, Мілы і шчаслівы (Я.Колас). Я... глыбока ў душы берагу Гоман пушчаў таемна-глухі... (Н.Гілевіч). Усю ноч ад рэчкі і на Нёман Ушыр, удоўж нясецца гоман Няўцямны, сцішны і таемны І разам страшны і прыемны (Я.Колас). Я люблю твой [краіна] гоман ясны гарадоў і ніў... (А.Астрэйка). Над гаманой каснаязыкай — Не трэба нам вялікіх слоў... Даволі музыкі вялікай (У.Някляеў). Зноў пайшоў нядобры гоман (І.Мележ). Кучаравыя дрэвы паспляталіся ў вершалінах, быў чутны тужлівы гоман (І.Гурскі). Ён адзін. Халодны гоман, За акном драты гудуць (А.Александровіч).

* Гоман-спеў, гоман-шум, гоман-шчэбет.

Калі ў засень ад сонца Пахаваюцца росы, Будзеш слухаць бясконцы Гоман-спеў стогалосы (Н.Гілевіч). Дубы стаяць у пагрозным гомане-шуме ў часе восеньскай завірухі (М.Лынькоў). Колькі чуў ён [дуб] тут дзіцячага гоману-шчэбету (Н.Гілевіч).

@

ГОРА. Адчайнае, барадатае, безвыходнае, безнадзейнае, беспрасветнае, бязмернае, велізарнае, вечнае, вострае, вялізарнае, вялікае, гаручае (нар.-паэт.), глухое, глыбокае, горкае (нар.-паэт.), грознае, жахлівае, звонкае, злое, злоснае, ліхое, лютае, маладое, маўклівае, мацярынскае, найвялікшае, невыказнае, невымернае, невымоўнае (разм.), незагойнае (разм.), неймавернае, непазбыўнае, непамернае, непапраўнае, неразвейнае (аўт.), несуцешнае, нявыказанае, нязмернае, няўгойнае (разм.), няўтольнае, няўцешнае, палахлівае, пякучае, роднае, сапраўднае, святое, спрадвечнае, страшнае, сусветнае, цяжкае, чалавечае, чорнае, шчырае.

Адна зусім засталася яна [Люба] са сваім адчайным, безвыходным горам (К.Чорны). Прыпомнілася... хатка на крутым адкосе ў канцы вёскі... Самае, можна сказаць, барадатае гора, спрадвечнае (Я.Брыль). Заламаў дзед на галаве рукі і з бязмерным горам пазіраў на Панаса (Я.Колас). Можна боль заглушыць і суцішыць вялікае гора, Можна жыць у разлуцы далёка ад родных прастораў, Аднаго не забыць, аднаго ў душы не закрэсліць — Гэта нашу нянавісць, якую праз бой мы пранеслі (П.Панчанка). Песня, дзіцятка сэрца балючага! Толькі цябе запяю, Многа абудзіш ты гора гаручага, Смуціш душу ты маю (Я.Колас). Я плачу, я з горкага гора крычу, Малюся народнай расплаце і кары (А.Астрэйка). Вайна пакінула свой след на нашай зямлі: жахлівае гора маткам і дзецям... (“Беларусь”). Ах, якое грознае гора! Ах, якая журба ў світанні: На вачах у нябёсаў чорных на расстрэл адводзяць каханне (У.Караткевіч). Жаваранак недзе ў хмарах разліў звонкае гора (Н.Тарас). Няхай бача ўвесь свет Цяжку долю тваю [селяніна], Няхай бача ўвесь свет Злое гора тваё! (Я.Купала). Не зможа нас лютае гора асіліць, Мы знаем, што час наступаць (М.Танк). Тут была цэлая бездань маладога, няўцешнага гора, тут было шмат, адразу вельмі шмат пачуццяў — тых, з якімі адгэтуль выходзілі многія (Я.Брыль). І гора схована ліхое — Жыццё бядачае людское (Я.Колас). І старая... як быццам... хоць на момант адышла ад самага краечку чорнай бездані свайго маўклівага мацярынскага гора, хутка ішла насустрач госцейцы (Я.Брыль). І мо таму, што не было ні асаблівых клопатаў, ні асаблівага гора, мо таму, што была ты [Люба] у шмат чым падобна на ляльку, выглядам сваім і розумам, ты прайшла сваім сэрцам міма найвялікшага гора, якое навалілася на народ (М.Лынькоў). Шпалы старыя! Колькі іх плечы Вытрымалі на сабе Эшалонаў З боепрыпасамі, З танкамі, З раненымі, З горам людскім невымоўным (М.Танк). Паўстае маладосць у атрутнай красе, Паўстае невыказнае гора (П.Глебка). Зіна сядзела на траве і плакала, бяссільна, жаласна, як плача чалавек, да якога прыйшло непапраўнае гора (А.Карпюк). І клянеш напэўнае Гора неразвейнае, Долю пуставейную, Долю беззямельную (Я.Купала). Адна, з нявыказаным горам... Нясе нявыплаканы сорам (С.Грахоўскі). І слязамі не астудзіш Гора несуцешнае, гора непазбыўнае (“Маладосць”). І некага ёй [маці] выпраўляці, І некага ёй сустракаці, Адно — галасіць засталося І ў горы няўгойным гарэць (П.Панчанка). Колькі гора яшчэ палахлівага... Колькі слёз... Колькі дум, колькі мар! (В.Вярба). Маўчаў і Янка... Апроч агульнай бяды, аднаго для ўсіх роднага гора, была ў яго свая бяда (Я.Брыль). Святое гора матчына ўсім душу пякло (“Полымя”). Ён з усёй яскравасцю зразумеў, што яго ў жыцці напаткала страшнае, непапраўнае гора (А.Чарнышэвіч). Пацягнуліся нудныя пякучыя словы... малітвы, у вымове якой нібы захавалася сусветнае гора (М.Лынькоў). Ішоў трэці год вайны. Спрадвечнае гора абдымала чалавека (В.Адамчык). А маці ноч бяссонную Малілася, каб бог Ад бед, ад гора чорнага Ёй сына пабярог (П.Панчанка). Прывычка да матчынага малака каштавала Юльцы шмат слёз, шмат шчырага гора (З.Бядуля).

* Блуканне-гора, гора-забава, гора-нядоля.

На блуканне-гора Бог судзіў, няйначай, І злучыў ён долю З доляю бядачай (Я.Колас). Бясхлеб’е глухое На стале засядзе... У карчму загоне На гора-забаву (Я.Купала). Чыёю рукою Крыжы пастаўляны? Знаць, гора-нядоля Тут след пакідае... (Я.Колас).

@

ГРОМ. I. Грукат, трэск, што суправаджаюць маланку ў час навальніцы: адважны, адзінокі, арганны, басісты, весні, восеньскі, вясёлкавы, вясёлы, вясновы, гулкі, густы, гучнабежны (аўт.), зялёны (аўт.), крутарогі (аўт.), крылаты, лагодны, летні, магутны, несціханы, нясмелы, першы, плодны, працяглы, радасны, раскацісты, сіні, сінялобы (аўт.), сталёвы, ціхі, яркі  аблачынна-калматы (аўт.), аглушальны, глухі, гнеўны, гразлівы, грукатлівы, гультаявата-грозны, далёкі, кульгавы, позні, пыхлівы, рэзкі, страшны, строгі, сухі, цёмны, цяжкі.

Гром прайшоўся адважны і гулкі, Скалануў пацямнелы прастор (П.Прануза). Міл майму сэрцу гоман далёкі, Водгук вясёлы і шум. Гром ты магутны, гром адзінокі! Колькі ўскатурхаў ты дум! (Я.Колас). Раскацістым громам арганным Агучыўся свет у імгненне (В.Ракаў). Уціхла, прайшла завіруха, Замоўклі басістыя громы (Я.Колас). Прызначыла мне сустрэчу Пад вясёлкай Першага весняга грому І не прыйшла (М.Танк). Восеньскі, З ночамі вераб’інымі, Забурчыць сярдзіта хрыплы гром (Р.Барадулін). Вясёлы гром, нібы грукат калёс, пракаціўся па лесе (Я.Брыль). Качаю бульбіну ў руках, як дома, — з-пад хмары, з-пад вясёлкавага грома (Е.Лось). І чуецца грому вясновага грукат (М.Танк). Ці гром гучнабежны пракоціцца ў хмарах, Ці грукне над лесам пярун, — Усё адклікаецца ў вольных абшарах, Усё іх дакранаецца струн (Я.Колас). А маланка ў тайзе бывае зялёная... Яна таропка жыхала па зялёнай тайзе — здавалася, шукала, дзе б схавацца ад зялёнага грому (Я.Сіпакоў). Першай прачнулася вярба — Руплівая маладзіца, Пачуўшы, як верхаводка Казыча ногі. Верхаводка, Абліскавічаная бліскавіцай, Агромленая Громам крутарогім (М.Танк). За брамаю мігцяць вясёлкі, Ляціць крылаты плодны гром (М.Лужанін). Лагодны гром за дальняю дубровай Напомніць ім [дзецям] пра жах бамбардзіровак (П.Панчанка). Каб хлеб, як сонца, палымеў У кожным нашым доме, Каб сэрца грэў і ў жылах пеў Вясёлым летнім громам — Пад ветру сіні перасвіст, Шум вербалозаў ніцых Кляновы ліст, асенні ліст Збіраюць маладзіцы (М.Танк). Мы прачнуліся ад несціханага глухога грому (І.Навуменка). Недзе далёка-далёка грымеў першы нясмелы гром (А.Асіпенка). І радасны гром ударыў, Зямельку ад сну абудзіў (“Маладосць”). Ён [сланечнік], як і я, без зямлі жыць не можа, Любіць вясёлы раскацісты гром... (М.Танк). Спякота, Лівень. Сіні гром. Раскрыла лета ўсе вароты, І хоча кожны жаўтароты Дастаць да гэтых дзіў крылом (А.Пысін). Пад страху падстаўляю вядро, Грукну, грымну ў самае дзенца. Забурчыць сінялобы гром, Бліскавіцу скіне ў вядзерца (Н.Тулупава). Будуць і маланкі, калі зноў сталёвы Чуецца ў песнях навальніцы гром (М.Танк). Сёстры-хмары! З ціхім громам, з радасным дажджом Вы прайдзіце... (К.Кірэенка). І ў адказ на гром той, яркі і вясёлы, Віхрам закружыўся збуджаны пасёлак (М.Танк). А гром аблачынна-калматы — Марудна сплывае за лес (В.Зуёнак). Далёкі глухі гром раз-пораз чуўся мацней, бліжэй і магутней (Я.Колас). Песня расцвіла, заўладарыла, Чуецца ў ёй сум і гнеўны гром (П.Панчанка). Пыхлівы, гразлівы і строгі Гайдаўся пад хмаркі гром (К.Кірэенка). Варочаўся пад самым сонцам гультаявата-грозны гром (А.Вялюгін). Кульгавы гром Спускаецца апоўначы Дасюль са стром (Р.Барадулін). Можа песня, што ласкі чакае даўно, Аджыве і ад позняга грому (К.Кірэенка). Недзе за даляглядам красала маланкі сухога грому (У.Паўлаў). Цёмны гром прагрукоча над шэраю пусткай аблог (М.Стральцоў). Арлянят падлічвае арліца. І песціць тых, што жывы пад крылом, І кліча тых з тужліваю надзеяй, Каго разбіў аб скалы цяжкі гром (К.Кірэенка).

II. Моцны гул, грукат: бясконца старажытны, гарматны, журботны, затоены, касмічны, магутны, малады, некрыклівы, нязвыклы, прыглушаны, ракетны, раскацісты, рэактыўны, салаўіны, смяротны, старажытны, сцюдзёны, трывожна-дзіўны, трывожны, чырвоны, ярасны.

Я пачуў якісь нязвыклы Трывожна-дзіўны гром званкоў. Якісь бясконца старажытны, Ён завалодаў зразу мной (Н.Гілевіч). Я ў сорак першым развітаўся Пад ярасны гарматны гром (А.Зарыцкі). Я люблю гэты помнік просты Пад высокім зялёным шатром... І нібы не было тое ростані Пад аркестра журботны гром (П.Панчанка). Жыццё пачну... З першым громам Раўчука, Маладым, сцюдзёным (Р.Барадулін). І некрыклівы гром, і стрыманая радасць ціхай паводкі гукаў, і песня скрыпак, што захоплена ішла па гэтым громе і сардэчным рокаце..., — усё здавалася незямным, незвычайным (Я.Брыль). Артылерыйская кананада даходзіла сюды прыглушаным громам (К.Чорны). Гром ракетны, наш магутны гром Для ворагаў не скончыцца дабром (П.Панчанка). Мне сніўся ў зімовы той памятны вечар Рагоў паляўнічых раскацісты гром (М.Танк). У кроны яблынь, вінаграда Пад шум далёкага каскада Ударыў салаўіны гром (М.Танк). Пад якім лазняком, ядлоўцам Навальніцы [вайны] мінулай Смяротны затоены гром (М.Танк). Хутчэй давайце, скрыпачы, Чырвоны гром сваім цымбалам (М.Танк).

* Гром-чарадзей.

Клубястыя хмары паціснулі далей, Зганяе іх гром-чарадзей (Я.Колас).

@

ГРУША (ігруша). Блішчастая, высокая, вясёлая, задумёная (разм.), задумлівая, знаёмая, зялёная, маладая, мілая, разложыстая, раскідзістая, стройная, танклявая, тонкая, трапяткая  адзінокая, засохлая, калючая, крывая, маўклівая, расхрыстаная, самотная, сіратлівая, старая, сумная, цёмная.

Перад самым акном красавалася маладая высокая ігруша (П.Пестрак). Дзве маладзенькія грушы-дзічкі, вясёлыя, тонкія, таксама выкапалі і прынеслі ў школу (А.Пальчэўскі). Нечакана адкрылася лугавіна ля ручая, адзінокая груша-дзічка на пакатым узгорку, незвычайна цёмная і блішчастая... (А.Савіцкі). І нічога не засталося на былым котлішчы, толькі старая задумёная ігруша (З.Бядуля). [Васіль] бег, вясёлы і нецярплівы, да знаёмых, цяпер такіх мілых груш (І.Мележ). Цвіла, раскашавала старая разложыстая ігруша (У.Караткевіч). Ускрай балаціны... горбіцца нейкая пабудова і за ёй, на пагорку, раскідзістая груша-дзічка (А.Савіцкі). Недалёка ад сяла Адзінокай прыгажуняй Груша стройная ўзрасла (Н.Гілевіч). Сад мой дзіцячы — калючая груша, Бабка Луцэя ды сіні прастор (Я.Янішчыц). Самотная, трапяткая грушка сіратліва пазірала на свет (М.Зарэцкі). У паўзмроку, як здані, цьмянымі плямамі вызначаюцца дзве маўклівыя ігрушы, пасаджаныя некалі на мяжы бацькам (І.Мележ). І вецер... Шпурнуў на сад непагоду. Расхрыстаныя ігрушы Збіраліся запярэчыць, А вецер хмары абрушыў на іх зялёныя плечы (П.Панчанка).

* Груша-дзічка, груша-красуня, груша-сіраціна.

Сцяга нейкая вунь відаць ля грушы-дзічкі (А.Савіцкі). Вецер бяроз тваіх косы даўгія расчэша, рассыпле па белых камлёх, а грушы-красуні страсе снегавыя... (Л.Геніюш). Вербы, груша-сіраціна, Нізкарослы цёмны гай... Гэта ты, балот краіна! Гэта ты, палескі край (Я.Колас).

@

ГУБЫ. 1. Пра колер, форму, памер, абрысы (губ): вішнёвыя, маленькія, малінавыя, малыя, поўныя, прыгожа абрысаваныя, прыпухлыя, пунцовыя, пухкія, пухлыя, ружовыя, румяныя, цёмна-вішнёвыя, чырвоныя, яркія  абвіслыя, адтапыраныя, белыя, бледныя, бляклыя, бясколерныя, бяскроўныя, вузкія, моцна сцятыя, расцягнутыя, сашчэмленыя, сінія, сінявата-бяскроўныя, тонкія, тоўстыя, шырокія.

Шчасце гэтай перамены як след Зыбін адчуў не адразу, а тады, калі малое пачало, пускаючы бурбалкі, штосьці вымаўляць сваімі маленькімі вішнёвымі губкамі... (І.Мележ). У дзяўчыны былі палкія вочы... малыя поўныя губы (Ц.Гартны). [Лабановіч] паспеў разгледзець і запамятаваць твар гэтае паненкі: тонкія бровы, бойкія сіняватыя вочы, пухлыя, прыгожа абрысаваныя губы (Я.Колас). Марыйка зграбная... Пунцовыя, прыпухлыя губы, мяккія лініі падбародка, нібы вытачаны стан... (І.Навуменка). Яго [Мікітавы] пухкія маладыя губы дрыжалі са злосці пад рыжаватымі, запушчанымі вусамі (Я.Брыль). Засліненыя ружовыя губкі пачалі яго [дзьмухавец] незадаволена і па-дзіцячы няўдала сплёўваць... (Я.Брыль). Вясёлыя, румяныя сваім румянцам губы па-свойму прыгожа разводзіць шчырая ўсмешка (Я.Брыль). Яркія, чырвоныя губы дзяўчынкі ўсміхаліся... (І.Грамовіч). Не падабаўся Андрэю гэты твар... і гэтыя абвіслыя мокрыя губы, з паднятымі ўгару чорнымі вусікамі (Я.Колас). З-пад адтапыраных губ бялелі яе шчыльныя ў радах, свежыя зубы (П.Галавач). Чалавек гаварыў з ліслівай усмешкай на бледных губах (З.Бядуля). Пячнік толькі паварушыў бяскроўнымі губамі (Я.Брыль). І гэты размашысты зачос валасоў, і крыху прыўзнятае левае брыво, і моцна сцятыя заўсёды губы... Перад Саколічам быў партрэт Слышэні... (М.Лынькоў). Смяецца ён заўсёды ціха, спачатку патрымаўшы свой хлапечы смех, нібы ваду, у сашчэмленых тонкіх губах (Я.Брыль). Сінявата-бяскроўныя, моцна сцятыя губы яе [Алесі] крыўдна і балюча ўздрыгвалі (В.Адамчык). [Лейтэнант] змоўк, падціснуў тоўстыя губы (А.Савіцкі). Шырокія прыпухлыя губы хлопца... кранула нейкая нядобрая ўсмешка (Я.Радкевіч).

2. Пра фізічны стан, ступень мяккасці (цвёрдасці), вільготнасці (губ): вільготныя, гарачыя, крамяныя, маладыя, сакаўныя, свежыя  абветраныя, абсівераныя, высахлыя, засліненыя, засмяглыя, застылыя, звялыя, здзервянелыя, здранцвелыя, знямелыя, каменныя, парэпаныя, пасмяглыя, патрэсканыя, пачарнелыя, перасохлыя, сасмаглыя (разм.), ссохлыя, сухія, халодныя.

Смыкалі нітку з кудзелі, кожная слінячы тую нітку ў румяных вільготных губах... несучы на той нітцы вясёлае... верацяно (Я.Брыль). О, белыя яблыні, белыя яблыні, Пялёсткаў шалёны хвалюючы пах! Дзяўчаткі пужлівыя, хлопцы нязграбныя, І хмель веснавы на гарачых губах (П.Панчанка). Сцяпан засмяяўся... абхапіў Ілонку за плечы... і злавіў крамяныя панадныя губы (В.Хомчанка). Яго маладыя губы дрыжалі ад злосці (Я.Брыль). Іван абняў яе [жонку] моцна, крэпка пацалаваў у свежыя, сакаўныя губы... (Я.Колас). Багдан глядзеў на Артура, пасміхаўся, і абветраныя губы ўвесь час неяк сутаргава торгаліся (А.Савіцкі). Вузкія, абсівераныя, па куточках парэпаныя губы саўгануліся — Фаміч збіраўся нешта запярэчыць (А.Савіцкі). Высахлыя губы яе дрыжалі ад гневу (М.Машара). У спёцы засмяглыя губы Шукалі засмяглых губ (А.Бачыла). — Хто сказаў? — перапытаў ён [Мірон] здзервянелымі губамі... (М.Лынькоў). Пальцы рук сутаргава ўчапіліся ў край стала, ледзь варушыліся здранцвелыя губы... (М.Лынькоў). Вісарыён не мог вымавіць ні слова знямелымі, застылымі губамі (Э.Самуйлёнак). Пад вачыма ў Андрэя — чорныя кругі, а губы пасмяглыя, з белым налётам па кутках (І.Новікаў). Слоў вуголле злятала з патрэсканых губ, І растоптаны кут быў да болю мне люб (П.Панчанка). Па ссохлых губах бегалі нервовыя дрыжыкі (Ц.Гартны). Аблізаўшы сасмаглыя гаркаватыя губы, Лёдзя паспрабавала ўсміхнуцца (У.Карпаў). “Але раней вы можа дасталі б вады мне...” — ціха гаварыў ён засмяглымі, пачарнелымі ад пылу губамі (М.Лынькоў).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (губ): вясёлыя, дабрадушныя, лагодныя, нецалаваныя, палкія, панадныя, смачныя (аўт.), смяшлівыя, чуллівыя  гаркаватыя, горкія, драпежныя, жорсткія, журботныя, заядлыя, капрызныя, марудныя, напышлівыя, насмешлівыя, невясёлыя, нямыя, прагныя, п’янлівыя, скупыя, упартыя, халодныя.

Вясёлыя... губы па-свойму прыгожа разводзіць шчырая ўсмешка (Я.Брыль). Ад чаго, як жар, была, Не ведаю я сама, — Ці ад палкіх губ, ці ад дужых рук (Р.Барадулін). Чуллівыя... губы хваравіта шавяліліся (М.Паслядовіч). Залацістыя пышныя валасы, адкрыты светлы лоб... пухлаватыя смачныя губы... Так, яна ўсё яшчэ ведала сабе цану (Я.Брыль). Каля вітрынаў зіхатлівых Дзяўчынка адрас мне дае, І на губах яе смяшлівых Сняжынка лёгка растае (С.Гаўрусёў). Пераступлю, як зруб, Жыццё і шкадаванне Да гэтых горкіх губ, Бязгрэшнасці прызнанне (В.Вярба). А губы [у Янкі] тонкія, драпежныя (А.Савіцкі). У жанчыны... ёсць у смуглявым твары нешта ястрабінае... жорсткія, скупыя губы (В.Вольскі). Жанчына сядзела сумная... моцна сцяўшы журботныя губы (І.Мележ). — Не падпішу,адрэзаў з-за чужых плячэй даўганосы, чорны Федзя, зноў надоўга звёўшы свае заядлыя тонкія губы (Я.Брыль). Выйшаў на ганак, пацягваючыся, хлопец з упартымі, капрызнымі губамі (І.Мележ). Пячатка-сонца замацавала шлюб. І з той пары я адзначаю свята Тваіх марудных і п’янлівых губ (П.Макаль). Яна [Насця] з пагардай усміхнулася краямі тонкіх насмешлівых губ (І.Мележ). Выйшаў хлопец... з упартымі, невясёлымі губамі (І.Мележ). На развітанне... паабяцаў [жонцы], цалуючы яе нямыя халодныя губы, што, калі будзе жывы, — абзавецца (А.Васілевіч). Каб у спякоту пад снапамі, Падняўшы гладышы з зямлі, Дзяўчаты прагнымі губамі Густы бярозавік пілі (С.Грахоўскі).

@

ГУК (гукі). Ваганні паветра, успрымальныя на слых.

1. Пра гучнасць, тэмбр, характар (гука); пра аддаленасць, працягласць гучання: акруглены, аксамітны, выразны, глыбокі, густы, гучны, дрыжачы, залівісты, заліўчаты (разм.), звінючы (разм..), звонкі, зіхатлівы, круглы, крыштальны, лёгкі, магутны, мажорны, медзяны, меладычны, металёвы, мілагучны, мяккі, няўлоўны, павольны, пакручасты, пералівісты, пераліўчаты, плаўны, празрысты, пругкі, пявучы, серабрысты, сярэбраны, трапяткі, унушальны, ціхі, чысты, яркі, ясны  аднастайны, аднатонны, бязладны, віскатлівы, глухі, кволы, меланхалічны, мінорны, набатны, невыразны, нізкі, нязладжаны, няясны, плыткі, пранізлівы, прарэзлівы, прыгаслы, прыглушаны, роспачна-абрывісты, сіплы, слабы, сухі, трупцявы (разм.), тупаваты, тупы, хрыпаты, цяжкі; абрывісты, аддалены, адрывісты, блізкі, далёкі, доўгі, кароткі, незмаўкальны, несупынны, несціханы, няспынны, працяглы, працяжны, суцэльны, часты.

Ціхія аксамітныя гукі адажыо напаўнялі душу, супакойвалі (Я.Сіпакоў). Як бы прыпыняючы іх [Рамана і Пятра] спрэчку, пракаціўся густы выразны, акруглены гук (Я.Колас). Раптам з бору, аднекуль зусім зблізку, мабыць з-пад кургання, дайшлі да слыху старога мілагучныя дзіўныл гукі (К.Кірэенка). Праз адчыненае акно пачуўся нейкі залівісты, дрыжачы гук (“Маладосць”). Подыхам ветру прынесла пакручасты і заліўчаты гук гармоніка (Х.Шынклер). Вада бесперапынна білася ў берагавы схіл, нараджаючы меланхалічны, звінючы гук (К.Чорны). Плачуць... пераліваюцца зіхатлівымі гукамі Ромкавы цымбалы (У.Мехаў). Гукі, сухія і круглыя, як гарошыны, шамацелі, бегалі, нібы па ланцужку (А.Кудравец). Дрыжыць крыштальны гук высокай скрыпкі... (Н.Тулупава). Хлопцы нечакана пачулі лёгкі гук (А.Якімовіч). Медзяныя гукі то жаласліва-пакорліва, то пагрозна-прызыўна клічуць... (З.Бядуля). І малады чалавек ужо не той аднакурснік, а начальнік з металёвымі гукамі ў голасе (“Беларусь”). Пачуліся плыткія і гучныя гукі ўрачыстага марша (Х.Шынклер). І ў гуках, празрыстых і яркіх, чуваць, Як ад краю ў край гудуць трактары... (П.Глебка). Павольныя... гукі адажыо адразу ж прыносілі нейкі супакой (Я.Сіпакоў). Мажорна гукі пругкія плылі, Як лава сінявы пасля грымот... (А.Пысін). Скрыпка спявала яшчэ галасней, перакрываючы сярэбраныя пералівістыя гукі акардэона (У.Дамашэвіч). Каб соль не страціла ўласцівую ёй солкасць, А песня — гукаў трапяткіх і кволых, На свеце існуе мастацтва (С.Дзяргай). Здалёку пачуліся глухія, нізкія гукі (В.Вольскі). Густы трупцявы гук званка справадзіў Рыгора... на яго месца (Ц.Гартны). Чуцён быў трэск галінаў бярозы, што з тупым гукам біліся адна аб адну... (П.Пестрак). Ад узрыву дэтаніравала снарады, і атрымаўся даволі ўнушальны гук, быццам залп артылерыі (Я.Брыль). З неба зляцеў на зямлю другі, роспачна-абрывісты гук, поўны трывогі (В.Быкаў). Усе трое змаўкалі і прагна прыслухоўваліся да няясных слабых гукаў жыцця (Л.Дайнека). Нейкія дзіўныя, прыгаслыя гукі, падобныя на журботную, разарваную ветрам песню, увесь час жылі ў пасохлых сцяблінах (А.Савіцкі). Звонкія і прарэзлівыя гукі плылі з канца вёскі (М.Нікановіч). У пакой урываліся аддаленыя гукі радыёрупара (М.Ракітны). Няведама адкуль... даляцелі быццам першы раз пачутыя, але такія знаёмыя і блізкія гукі (М.Чарняўскі). Балеслаў чуў выразны — сухі, кароткі, не досыць часты гук (К.Чорны). Я прызвычаіў зрок даўно Да сонца, да штурвала — рукі, А слых і сэрца — да званоў, Набатных несціханых гукаў (М.Танк). Ад аргана, ад яго густых, працяжных гукаў, што шырыліся... ад спеваў хору ў Алесі замерла, зашчымела ўсё ў душы (В.Адамчык).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (гука): агністы, бадзёры, вясёлы, гарачы, дзівосны, дзіўны, жывы, заліхвацкі, замілаваны, звыклы, лагодны, ласкавы, новы, прыгожы, пяшчотны, сарамлівы (аўт.), светлы, смелы, таемны, таямнічы, цудоўны, чароўны, чуллівы  абыякавы, баязлівы, востры, грозны, драўляны, жаласлівы, журботны, засмучона-паважны (аўт.), злавесны, калючы, кволы, млявы, нудны, пакутліва-тонкі (аўт.), палахлівы, развітальны, скігітлівы, страшны, сумны, халодны, шчымлівы.

Гармонік... агаласіў хату агністым гукам (П.Пестрак). Наперад выйшаў хлопец, расцягнуў гармонік на ўсё плячо, і бадзёрыя, заліхвацкія гукі ўстрывожылі ціхую вуліцу (У.Шахавец). ...І льюцца вясёлыя гукі, Прывабныя, як шашлыкі (Л.Дайнека). Раптам загаварыў рэпрадуктар, пачуліся дзівосныя гукі (І.Гурскі). У той жа момант да яго [Глечыка] слыху даляцелі дзіўныя журботныя гукі (В.Быкаў). І падалі гукі жывыя На дол, дзе рамонкі цвілі (А.Бачыла). Звыклыя гукі напоўнілі лясныя гушчары: у галлі заварушылася сонная птаха, піскнуў заяц, бязгучна мільгануў кажан... (М.Лынькоў). Гарманіст кінуў збіраць іх [гукі], чапляць на нітку, але разам з імі траплялася шмат другіх, новых, прыгожых... (А.Кудравец). У сівым кудлатым тумане над соннай вадой б’юцца прыгожыя, ласкавыя гукі (М.Зарэцкі). Пяшчотныя гукі прыроды цешылі вуха (Я.Маўр). Флейта валодала светлым, мяккім і вельмі лёгкім, але некалькі халодным гукам (ЛіМ). Шнур жывы, загнуты крукам, Ледзь чарнеецца ўгары, І ўсё стада з смелым гукам Журавель вядзе стары (Я.Колас). Чуліся... таямнічыя... гукі летняга вечара (І.Новікаў). Гукі цудоўныя мае музыка рухаў — Яна агнявая (І.Калеснік). Хачу я чароўныя гукі У словы сардэчныя ўкласці (А.Бялевіч). Кволыя і баязлівыя гукі мацнеюць... (З.Бядуля). Гук ног аб мёрзлую зямлю быў востры і калючы (К.Чорны). Жаласлівы, скігатлівы, пакутліва-тонкі, перарывісты, ён [гук] ішоў ад маснічыны са спальні (Я.Радкевіч). У халодным вільготным паветры далёка чуваць дзіўныя, нібы драўляныя гукі (В.Вольскі). Абдзіраловіч адчыніў акно і пачуў засмучона-паважныя і прыгожыя гукі хаўтурнага марша (М.Гарэцкі). ...Ціхія, нібы сарамлівыя гукі адажыо адразу ж прыносілі нейкі супакой... (Я.Сіпакоў). Раман прыслухоўваўся нядоўга: таемны гук грымнуў і трэці і чацвёрты раз (Я.Колас). Алесь нібы слухае, нібы здзіўляецца зноў, колькі цудоўных гукаў схавана ў душы... баяна (Я.Брыль). Грозны гук паўтарыўся грозна і выразна (Я.Колас). Ніводнага выстралу на тысячы кіламетраў вакол, ніводнага злавеснага гуку вайны (І.Новікаў). З вестыбюля далятаюць прыглушаныя, млявыя гукі музыкі... (І.Навуменка). Прыслухаўся Міколка да палахлівых гукаў (М.Лынькоў). Ланцужок [птушыны] карацей, карацей, І цішэй развітальныя гукі (А.Пысін). Не кувай ты, шэрая зязюля, Сумным гукам у бары (М.Багдановіч). А страшныя гукі, так моцна калышучы душу, усё грымелі і грымелі, то кароткія, то працяжныя (Я.Колас). За шчымлівымі гукамі траўрнай мелодыі адплываў ён ад берага жыцця (А.Грачанікаў).

@

ГУЛ. Пра гучнасць, характар гулу; пра яго працягласць, аддаленасць гучання: адрывісты, басавіты, буркатлівы, віратлівы (разм.), высокі, глухі, густы, гучны, дрыжачы, звонкі, зіхатлівы, ледзь улоўны, маўклівы, медны, мембранны, металічны, мяккі, надрыўны, натужны, несціханы, несціхаючы, неўгамонны, няясны, пералівісты, перакатны, працяжны, прыглушаны, раскацісты, роўны, стальны, струмністы (аўт.), траскотны (разм.), траскучы, урачысты, хрыплы, ціхі, цяжкі, шматгалосы; аднастайны, бясконцы, далекаваты, далёкі, дужы, неўтаймоўны, суцэльны.

[Наста] злавіла цяпер ледзь улоўны, адрывісты гул матораў (А.Савіцкі). З басавітым гулам, працяжным Кружацца жорны (П.Броўка). Як толькі прагудзе гудок надвечар, Заціхне віратлівы гул машын, Я развінаю стомленыя плечы, На лыжах з сябрам выязджаю ў шыр (П.Глебка). Ідзе высокі гул і стогн ракі, Калыша зоры і вякі (А.Разанаў). З мястэчка... даносіўся глухі пералівісты гул ад касцёльных званоў (П.Пестрак). Ад вёскі гул разыходзіўся па полі — густы гул людскіх галасоў (К.Чорны). Яго [ветэрана] з сяла ці з горнага аула, З Палесся, з Дагестана Ці з Тувы Сустрэнуць гучным і ўрачыстым гулам І музыкаю вуліцы... (С.Грахоўскі). Гарадскі шум гучэў больш выразна, набываючы пад вечар звонкі гул (Р.Мурашка). Сны дзявоцтва ў зіхатлівым гуле Сцелюцца ўзорным палатном (С.Гаўрусёў). Вокны, люстры на маім паверсе Здрыгануліся ў маўклівым гуле (А.Пысін). Чую гул мяккі конскага тупату (М.Багдановіч). Зрэдку даносіўся зверху прыглушаны гул матора, надрыўны, з задышкай (М.Лынькоў). Шура раптам пачуў натужны густы гул, які даносіўся з-за павароту шашы (І.Навуменка). Малатарня зноў загула роўным, злёгку дрыжачым гулам (А.Васілевіч). Дарога. Абапал густа стаяць стромкія хвоі. Угары гул несціхаючы, роўны, ціхі... (П.Галавач). Гул стальны, як мора, неўгамонны Цішыню расколе на Дзвіне (М.Калачынскі). У гарах стаяў няясны гул, нібы недзе далёка рушыліся абвалы (В.Каваль). Неслі гул перакатны з сабою Грудзі соцень людзей... (А.Куляшоў). І даспявае далягляд У трапяткім мембранным гуле (А.Пысін). Абуджаны раскацістым гулам грому вяз пытаўся ў бярозкі: “Чаму ты не спіш, дзеткі?” (Я.Колас). Гул струмністы на небасхілах, Пах мядовы на ўвесь небасхіл (А.Пысін). [Грач] услухаўся ў траскотны гул... загадна махнуў рукой (А.Савіцкі). З захадудакучліва і глуха — Даносіцца хрыпаты гул гармат (П.Макаль). Жыццё, сваім цяжкім гарачым гулам ў зашклёныя ўрываючыся дні, дыктуе рытм (Т.Бондар). Я выходжу да людзей на вуліцу, У натоўпа шматгалосы гул (Г.Бураўкін). Над ёю [грэчкай] плыў аднастайны гул працавітых пчол (І.Сіняўскі). Цяжкаю ўрачыстаю актавай Я хацеў уславіць волі сонца, Гарадоў дыханне, луг у травах І бароў дрымучых гул бясконцы (К.Кірэенка). Неўзабаве Апейка пачуў далекаваты, але дужы гул (І.Мележ). Адгукаюцца ў далёкім гуле Кананады ўсіх франтоў маіх (А.Пысін). Галасы людзей зліваліся ў суцэльны гул, падобна на аддалены шум марскога прыбою (І.Шамякін).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (гулу): бадзёры, бяссонны, велічны, гарачы, лабасты (аўт.), мускулісты, (аўт.), радасны, руплівы, светлы, трапяткі, трывожна-горды (аўт.), трывожны  абураны, гнеўны, грозны, дзікі, душны, д’ябальскі, злосны, крывавы, лянівы, маркотны, насцярожаны, нясцерпны, смяротны, сыты, трывожны.

Ад самых верхавін стромкіх і цяглых соснаў ішоў нейкі велічны гул (“Маладосць”). Гул бадзёры, вечар звонкі, Маладзёжны карнавал... (А.Александровіч). Сціхлі хвалі на Бярозе, Змоўк гармат гарачы гул (А.Александровіч). Бяру цябе агулам — З усім цяплом, з усім святлом, З бяссонным мускулістым гулам І німбам зорным над чалом (С.Гаўрусёў). Лабасты гул чарговага прыбою, І на жарстве ўспеніўся паўкруг (А.Пысін). Бор, перакулены ўніз галавой, Топіць у возеры радасны гул (Н.Гілевіч). Узлессі, палянкі поўніў неўтаймоўны, руплівы гул, звон незлічоных дробных насельнікаў добра ўвагрэтай зямлі (І.Мележ). Нясу ў душы трывожны, светлы гул (К.Кірэенка). І даспявае далягляд У трапяткім мембранным гуле (А.Пысін). Усё ў адным трывожна-гордым гуле: Нашэсце птушак, думак і віны (Я.Янішчыц). Сход адказаў абураным гулам (І.Шамякін). Хай лёс прарастае праз бур гнеўны гул — Ды пэўна ў чаргу за шчасцем не станеш (Т.Бондар). З дзікім гулам праносіліся варожыя эскадрыллі (В.Мыслівец). Ад вітрын, ад д’ябальскага гулу... Скіравалі ў вузкі мы завулак (П.Панчанка). А неба зноў прасякла злосным гулам — Над могільнікам юнкерс закружыў (П.Панчанка). Два дні зліліся тады ў адзін нясцерпны, душны, крывавы гул (І.Новікаў). А калі ў смяротным грозным гуле ўпаду я, Кінуты на дол ранняю хваробай або куляй, І асірачу пісьмовы стол, — Аб такім не пашкадую лёсе (А.Куляшоў).

@

ДАЛЬ (далечыня, далеч, далячынь). Вялікі, далёкі прастор.

1. Пра велічыню, шырыню прастору, яго ўсеабдымнасць і неабсяжнасць: безгранічная, бяздонная, бязмежная, бязмерная, бясконцая, бяскрайняя, вольная, вялікая, глыбозная, глыбокая, неабдымная, неабсяжная, неаглядная, недасяжная, нязмерная, прасторная, прывольная, раздольная, разложная, свабодная, шырокая.

Ёсць нейкае хараство ў гэтай няяснасці, у гэтай безгранічнай далечыні, дзе неба нізка-нізка нахіляецца над зямлёй (Я.Колас). Беларусь, твае далі бязмежныя Ўскалыхнуць сваёй песняй хачу! (М.Танк). ...Клічуць дарогі ў бясконцыя далі... (К.Кірэенка). Паплылі залатыя калоссі У бяскрайнюю сінюю даль (А.Астрэйка). Узнялося сонца яснае Над палямі, над азёрамі, Асвяціла далі вольныя (А.Русак). А зоры клікалі ў даль вялікую, У даль прасторную (П.Глебка). У неагляднай глыбознай далечыні ні адной хмурынкі (І.Мележ). Паходны мяшок, як на фронце, на плечы, Дачку пацалуй — і гайда! Ад нудных размоў, ад пракураных спрэчак У неабдымную даль (П.Панчанка). [Ірыне] падабалася быць увесь дзень пад сонцам і ветрам, любавацца неабсяжнымі палявымі далямі (У.Шахавец). У бязмерную даль вы [коні] ляціце, А за вамі, прад вамі — гады (М.Багдановіч). Дух чалавека, дух непакорны Рвецца ў прывольную даль (Я.Колас). Туманамі апавіта даль разложная палёў (Я.Колас). Засмуцілася, Зажурылася Даль шырокая, Неаглядная (Я.Колас).

2. Пра колер, празрыстасць; пра характар надвор'я: аксамітавая, аранжавая, барвовая, беласнежная, белая, залатая, залацістая, люстраная, празрыстая, ружова-сіняя, ружовая, светлая, святлістая (аўт.), серабрыстая, сіне-блакітная, сіняя, смуглая, сонечная, яркая, яскрава-сонечная  пацямнелая, сівая, цёмная, чорная, шкляная, шызая, шэрая; асмужаная, аснежаная, імглістая, мутная, непраглядная, пераднавальнічная, туманна-празрыстая, туманная.

Верасень — месяц святла, празрыстасці, асмужаных, аксамітавых даляў (І.Навуменка). Вечарам аранжавыя далі сеюць зорны пыл (А.Звонак). Ідзём у даль барвовую (М.Танк). Даль беласнежная вабіць і радуе (А.Александровіч). І ў хмарах відны белыя, сінія, чорныя далечы (М.Лужанін). Даль анямела залатая (М.Смагаровіч). Дзяўчына вядзе карабель свой між хваль, Карабель свой вядзе ў залацістую даль (А.Куляшоў). Гэй, ляці, маленства, рвіся ў люстраную даль (С.Шушкевіч). Далі, яркія, празрыстыя, як шкло, пачалі зацягвацца валокнамі шэрай бавоўны (З.Бядуля). Я люблю гэтыя прасторы, люблю неаглядныя, ружова-сінія далі іх... (Я.Колас). Спыніліся мы, і ў вачах маладых Ружовая далеч, як дзіва, паўстала (А.Звонак). Арлы новай эры снавалі пуціны У светлыя, вольныя далі (Я.Колас). Ляці мая думка... Аб далях святлістых... На ліры іграй (К.Буйло). Вабіць вока бор далёкі, Далі серабрыстыя (А.Русак). Лісці даўно абсыпаліся з дрэў, і праз сеткі галін відаць была даль, яркая, сіне-блакітная, нібы на паперы намаляваная (З.Бядуля). Сэрца вабіла возера Даллю ружовай і сіняй (А.Куляшоў). Вясна праляцела, прамчалася лета, бы коннік у смуглую даль (З.Бядуля). У сонечную даль народ шляхі пракладзе (“Беларусь”). ...Празрыстыя далі, збягаючыся... рабіліся блізкімі, яскрава-сонечнымі (М.Нікановіч). Нейкі смутак лажыўся на гэтыя пацямнелыя далі (Я.Колас). З далячыняў сівых наплывае самотны напеў (У.Някляеў). Нас разлучалі вёрсты і гады, І цёмныя аснежаныя далі (С.Грахоўскі). Вакол хмялеюць шкляныя далячыні... (З.Бядуля). Прамчала віхрам конніца І знікла ў шызай далі (С.Гаўрусёў). Чарнела неба ад хмар, шумеў голым веццем узлесак, стыла шэрая далячынь (В.Быкаў). Даль імгліста, нерухома — Не відна нічога (Я.Колас). Луіза... задуменна глядзіць у мутную далячынь (А.Шашкоў). Дарога ў далеч пераднавальнічную, Хоць незнаёмая, здалася роднай (Н.Гілевіч). Даль была туманна-празрыстая, абрызганая з берагоў пазалотаю сонейка (З.Бядуля). Ці клікне вас мора туманная даль... Пакіньце на беразе смутак і жаль (Н.Гілевіч).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (далі): аблюбаваная, гожая, дарагая, добрая, дрымотная, жаданая, жураўліная, задуменная, ласкавая, маляўнічая, мілавідная, мілая, мнагадумная (аўт.), незабыўная, нязведаная, нязнаная, промнерогая (аўт.), прывабная, прыгожая, світальная, сцішаная, таемная, таямнічая, ціхая  засмучоная, знямелая, маркотная, маўклівая, мяцежная, неакрэсленая, невядомая, нудная, нямая, пахмурная, расхрыстаная (аўт.), сцюдзёная, тужлівая, хмурная, чужая.

І стала прасіць маладое насенне, каб вецер узяў яго з сабой і панёс у аблюбаваную даль (Я.Колас). Эх, што можа быць дарожай Вольнай волечкі, палёў? Гэтай сіняй далі гожай, Невядомай і прыгожай, Без канца, без берагоў (Я.Колас). Далеч дарагая, неабдымная. Над зямлёй цвіце зара барвовая (К.Кірэенка). Ласкавая, быццам добрая, была сіняя далеч (І.Мележ). Загараюцца агні Ў начных дрымотных далях... (А.Зарыцкі). Ізноўку даль жаданая ўваччу (В.Ракаў). Па-сірочаму плакалі жураўліныя далі (В.Лукша). Як увосень туман аблягае лугі І палёў задуменную даль (Я.Колас). Беларусь гукае, кліча Больш, чым нечых мораў шквал, Сваёй даллю маляўнічай, Сваім рокатам цымбал (К.Кірэенка). Вось мілавідная дзе далеч!.. Які прастор... (А.Лойка). [Сяргей Карага] акідаў вачыма гэтыя такія мілыя, такія прывабныя далі, што больш і больш вырысоўваліся і асвятляліся ясным усмехам новага дня (Я.Колас). Прыветна пазіралі мнагадумныя светла-сінія далі (Я.Колас). І свецяцца зоркі, І людзі, як хвалі, — То падаюць, То ўваскрасаюць яны... Мінулыя дні, Незабыўныя далі... (А.Куляшоў). І чым ты так вабіш, не знаю, Нябёсаў бяздонная сінь, За казачныя небакраі У нязведаную далячынь! (М.Танк). З лёскатам крыга за крыгаю Трэцца, нясецца ў нязнаную даль (Я.Купала). Аж дзесь за даллю промнерогаю, Чужая ўсяму, ўпаду (Н.Мацяш). Усё тыя ж шырокія, яшчэ больш прывабныя далечы разгортваюцца перад вачамі (Я.Колас). Даль світальная — белая пустка, Ды не боязна — сцежка свая (А.Пысін). Бягуць сасонкі — за сястрой сястра — Пад небасхіл у сцішаныя далі (А.Пысін). Новы, невядомы свет вабіў сваімі таямнічнымі, неакрэсленымі далямі (І.Навуменка). Поле без берага, шыр несканчоная, Даль неаглядная, даль засмучоная, Смугай спавіта ўся ты! (Я.Колас). Чаго ж смуцішся І маркоцішся, Даль шырокая, Даль знямелая? (Я.Колас). Далячынь віднелася па-асенняму задуменная, маркотная са сваімі спусцелымі палямі... (І.Мележ). Стагі, нібы вежы, па Свіслачы ўсталі, І час восеньскай глухаты-смугі Выражалі маўклівыя далі (Я.Колас). Мне весела разагнацца ў мяцежную даль (А.Дудар). Тое, што, можа, і радавала некалі, загінула ў нуднай далечы перажытага (Э.Самуйлёнак). Даль нямая з-за туманаў сірацінаю глядзіць (Я.Колас). За нязнаную даль пахмурную закацілася Ясна сонейка (Я.Купала). [Вярблюд] Ляціць насустрач далечы расхрыстанай (Н.Гілевіч). Замлелі тужлівыя далі За сінім лясным рубяжом (Я.Колас). Лёгкаю, цёплаю смугою, нібы сумам, засцілаліся ціхія далечы з іх лясамі... (Я.Колас). Я гляджу ў сцюдзёныя далі — Сорак выраяў выпусціў з рук (А.Пысін).

@

ДАЛЯГЛЯД. Уяўная лінія паміж небам і зямной ці воднай паверхняй; небасхіл: агністы, блакітны, бясконцы, густы, дзіўны, дымны, залаты, малінавы, неабсяжны, прасторны, прываблівы, прыветлівы, радасны, родны, ружова-сіні, ружовы, светлы, сіні, чароўны, чысты, ярка-чырвоны, ясны  белабрысы (аўт.), замглёны, затуманены, зыблівы, нахмураны, пусты, сярдзіты, чорны.

Захар ахапіў позіркам пагоркі вельмі выразныя на агністым даляглядзе (А.Савіцкі). Жывая Беларусь, апетая Янкам Купалам, паўстае перад намі — ...блакітныя далягляды, баравы шум (У.Караткевіч). Прысніўся мне той край у ззянні сонца: Над галавою неба сінява, І неабсяжны далягляд бясконцы, І сцелецца пад ногі нам трава (Н.Тарас). Густы, малінавы далягляд наблізіўся... (А.Савіцкі). Заглянуць хацелася за дзіўны, Борам акаймлёны далягляд (П.Панчанка). Садзілася сонейка, далягляд рабіўся залаты і прыветлівы (“Маладосць”). З вяршыні Машука... — проста арліны агляд. На паасобныя горы, што акружаюць горад зялёнымі пірамідамі, на горны хрыбет, што снежна бялее на прываблівым, радасным даляглядзе (Я.Брыль). Мігалі водбліскі, агні Над даляглядам родным, сінім (Я.Пушча). Вас [дарогі] горне шлях прасторнай плыні І далягляд ружова-сіні, дзе так панадна свеціць сонца (Я.Колас). Хадзем жа, любая, пад светлы далягляд, Пад шум вясны і дзён няспынны грукат (А.Звонак). [Возера] нерухома застыла, разліўшыся да сіняга далягляду (А.Варановіч). З высокага пагорка лашчыў вока чароўны далягляд (Я.Рамановіч). Нагоняць хмар на чысты далягляд, вятроў, на гора зорцы, назапасяць... (Е.Лось). Усходняе акно паказвала дзяўчынцы ясныя далягляды... (М.Лужанін). Пчолам хочацца лета вярнуць, Чаіцца далягляд белабрысы (Р.Барадулін). А ўсё ж ратунак прыйшоў!.. Спачатку толькі паказаўся на вадзяным, зыблівым ды замглёным даляглядзе (Я.Брыль). Ужо канавы поўныя наліты І далягляд нахмураны, сярдзіты (Е.Лось). За лесам, на чорным даляглядзе, нясмела міргалі зарніцы (І.Мележ).

@

ДАРОГА. I. Паласа зямлі для язды, хадзьбы; шлях зносін.

1. Пра шырыню, даўжыню, форму, іншую характэрную прымету (дарогі); пра стан праезджай часткі: блакітная, бязмежная, бясконцая, вілястая (разм.), вітая, вузкая, гнуткая, далёкая, дальняя, калёсная, мяккая, неабсяжная, паднебная (разм.), падсінена-белая, пакручастая, прамая, роўная, санная, язджалая  крывая, пакалечаная, пыльная, цесная; бітая, гладкая, звонка ўкатаная, уезджаная  бліскучая, выбоістая, завеяная, золкая, малаезджаная, няезджаная, няроўная, няходжаная, разбітая, скрыпучая, слізкая, трасучая, ухабістая.

Вясёлая трывога Прагнала моцны, сон... Блакітная дарога з асенніх верасоў (П.Панчанка). Конскія капыты паблісквалі срэбрам — то ляцела насустрач бязмежная і бясконцая дарога (М.Лынькоў). Азіраюся — тая ж вілястая пыльная дарога, той жа бясконцы вірлівы паток... (Б.Сачанка). Вялічка павёў свой узвод вітай дарогай, цаліной паміж двума ледзь заўважнымі ўзвышшамі (К.Чорны). Вузкая калёсная дарога між тым... рассекла невялікую круглую паляну, спаласаваную зялёнымі радамі бульбы... (Б.Сачанка). ...І зноў ціха. Толькі ветраная поўзь. Толькі гнуткая восеньская дарога (Я.Скрыган). На станцыі, пакідаючы мяне, мама заплакала... Перасільваючыся, вінавацячы сябе, сказала: “Усё адно як адвезла і пакінула. Неабсушанага... Далёкая дарога...” (Ф.Янкоўскі). Тры нялёгкія заданні Мне жыццё дало: На начной дарозе дальняй Адшукаць святло (М.Танк). Пайшлі па дарожцы, усыпанай лісцем, вузенькай і пакручастай (Я.Скрыган). Дарога ляжала падсінена-белая, мяккая (В.Карамазаў). Пойдзем жа сёння з табой па разлогах, Па неабсяжных радзімы дарогах (М.Танк). Між паўночных зор месяц коціцца Па дарогах паднебных глухіх (М.Танк). Пакручастая, між казачных узгоркаў дарога ад самага Мінска ўзяла ў палон (Ф.Янкоўскі). Не ўсюды роўная, прамая Мяне дарога ўдаль вядзе (Г.Бураўкін). І як толькі Саўка выбіўся з Камаровай паляны на санную ўхабістую дарогу, так канчаткова і выспела ў яго галаве думка звесці са свету гэтыя пчолы (Б.Сачанка). Дарога не вельмі язджалая (Я.Брыль). Скажы мне, дарожка, Чаму ты крывая, І вузка, і цесна, Як доля людская? (Я.Колас). Разбітая, пакалечаная вайною дарога. Абапал яе — разварочаная, перакапаная снарадамі і бомбамі зямля... (Б.Сачанка). Завеянай дарогаю. Далінамі, разлогамі З табой ідзём (М.Танк). За малаезджанай лясной дарогай — першай дарогай, што сустрэлася яму ў лесе, — Васіль убачыў пад кусцікам арэшніку баравічок (Б.Сачанка). Праз нейкі час калёсы зноў скрыпяць па бітай палявой дарозе (Б.Сачанка). А калі сядалі ў машыну, сказала [жанчына] зноў тое матчынае, шчырае, тое народнае, незабыўнае: — Я й за гарою вам пакланюся. Дадала: — Гладкае вам дарогі. Хай будзе гладкая ваша дарога (Ф.Янкоўскі). Вёскі цягнуцца... злучаныя звонка ўкатанымі дарогамі (Я.Брыль). Ад завірух калючых пацярух... дарога ўезджаная ўгрэта (Р.Барадулін). Выбоістая, золкая дарога, Куды ты скіравалася, скажы? (С.Гаўрусёў). Дарога гладкая, слізкая, бліскучая. Ільсніцца сліпучы белы снег (М.Лужанін). І ўсё ж я рад, што шмат яшчэ Да нашага паселішча Такіх палёў, Такіх далін завеяных, Такіх дарог няезджаных, Такіх вятроў (М.Танк). І сэрца не заные без трывогі, Без дабраты не знойдзеш уначы Няходжанай, няроўнае дарогі, Каб чалавеку ў горы памагчы (С.Грахоўскі). Змоўклі пыльныя скрыпучыя дарогі (М.Танк). На раз’юшаны захад У чорную дымную далеч Маладосць наша крочыць Па разбітых дарогах вайны (М.Танк). Люблю я гэту вузкую, гэту трасучую мужыцкую дарогу (Я.Колас).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (дарогі): бойкая, ветлая, гаманкая (разм.), гарачая, гулкая, дзіўная, звонкая, лучыстая, мілая, мнагадумная (аўт.), настраёвая (аўт.), незвычайная, празрыстая, прамяністая, прыгожая, родная, слаўная, смутна строгая (паэт.), цудоўная, чароўная  адзінокая, глухая, журботная, забытая, задуменная, маркотная, маўклівая, мёртвая, непрытульная, пакутлівая, пустая, сляпая, смутная, сумная, трудная (разм.), тугая, турботная, цёмная, цяжкая, шумная.

Мы ішлі пераважна лясамі, абыходзячы бойкія дарогі (Е.Лось). Разаслаліся шырока Ветлыя дарогі, Я ступаю смелым крокам Без тугі, трывогі (Я.Колас). Калісь, яшчэ ў дні юнацтва, мяне зачароўвалі прасторы зямлі з іх шматлікімі гаманкімі дарогамі, шырокімі і вузкімі, роўнымі і крывымі (Я.Колас). Ішлі мы да яго [дзеда], як падалося мне, страшэнна доўга... па мяккай, пыльнай і гарачай, бы прысак, дарозе... (Б.Сачанка). Дарога стала гулкая: падмарозіла (Ф.Янкоўскі). ПІто гэта была за дароганезвычайная, дзіўная, не падобная на ўсе іншыя дарогі ў балотнай старане! (І.Мележ). А я праз лес пракладваю... Тугую звонкую дарогу (С.Грахоўскі). Дарогі, родныя дарогі!... Як быццам пратапталі вас: Прамыя — у часы трывогі, Лучыстыя — ў спакойны час (М.Аўрамчык). А сама гэтая дарога! Мілая, слаўная! Яна бегла кудысьці далёка адгэтуль (Я.Колас). Ноч міне, дарогай прамяністай Дзень сустрэчы нашай прабяжыць (А.Александровіч). Заманілі Даніка і гэтыя высокія бярозы, і прыгожыя дарожкі вакол школы (Я.Брыль). Не хачу спяшацца пакідаць Родныя дарогі і хаціны, Поле з каласамі, сенажаць, Гэта неба над маёй краінай (М.Танк). Дарогі, вечныя дарогі!... Няма канца вам, ні супыну; Вы жывы кожную часіну, То задуменны, смутна строгі, Як след захованай трывогі (Я.Колас). Нас бачылі толькі глухія дарогі, Сляды замяталі суровыя зімы (С.Грахоўскі). Яны [дарогі] заўсёды свежы, новы І мнагадумны, настраёвы (Я.Колас). І хто паддасца нагаворам, Засне навекі пад прасторам Халодных зор, снягоў глыбокіх, Сярод дарожак адзінокіх (Я.Колас). Маёй рукой пасаджанай бярозе Гадоў якіх праз сорак, сорак пяць Не пры глухой дарозе красавацца, А ў будучага веку на парозе (А.Куляшоў). Жыве яна, песня... Як куст шыпшыны, пяшчотна-ружовыя кветкі якой цвітуць пры пясчанай, журботнай дарозе, пакрытыя пылам (Я.Брыль). Дрэўцы стаялі ўжо голыя — дзе-нідзе сіратліва трапяталіся адзінокія лісцікі, і ад гэтага дарога здавалася яшчэ больш маркотнай і пустой (І.Шамякін). Захацелася, каб дарога была мёртвая, забытая ўсім светам; Хацелася ад непрытульнай дарогі накіраваць каня да хатак (З.Бядуля). Я памятаю ноч: Маўклівая дарога Вілася, вузкая, У цемры... (П.Глебка). Цёмная паласа лесу... вабіла прытулкам, адпачынкам, абяцала канец гэтай пакутлівай дарогі (П.Пестрак). Ад пылу і сляпнёў сляпая Дарога ў возера нырае (М.Танк). Тая ж трудная дарога Між пяскоў ідзе ўбога (Я.Колас). Яна і спявала, і плакала, і рассыпалася смехам — ягоная скрыпка. І гэта было незвычайна да самай сапраўднай радасці — там, у глухім палескім лесе, на турботнай і пыльнай дарозе (Я.Брыль). І ў вачах паўстала раптам... глухая, цёмная дарога праз зарослыя маладняком дзялянкі (Б.Сачанка). Дзецям ногі баляць, іх дарога цяжкая стамляе (А.Куляшоў). Пры дарозе пыльнай, шумнай, Недалёка ад сяла, Адзінокай прыгажуняй Груша стройная ўзрасла (Н.Гілевіч).

II. Паход, паездка, падарожжа: далёкая, доўгая, паходная, шчаслівая  беззваротная, крывавая, неадольная, прыкрая, цяжкая.

Паўстанак адпраўляе цягнікі У шчаслівую далёкую дарогу (С.Грахоўскі). Бяры, таварыш, майго варанога... На полі шырокім, у доўгіх дарогах Дзесяць гадоў ён служыў аддана (П.Панчанка). Пасля дарог паходных, Пасля... турбот Зайшоў у цэх я родны Праз дзевяць доўгіх год (П.Панчанка). Ты смяешся. Не знаеш, вярнуўся з якой Беззваротнай дарогі на голас я твой (М.Танк). А па страчаных блізкіх На крывавай дарозе Можна плакаць, Ды плачам ў жыцці не паможаш (П.Броўка). Каб гора і бяду перамагчы, Адчай і неадольную дарогу, Склікалі ў паходы трубачы (С.Грахоўскі). Яна [Надзея] гаварыла і заклапочана паглядала на Ксаню, якая карміла пад дрэвам дзіця, на маленькага Васільку, якога так змарыла прыкрая дарога (М.Лынькоў). І хоць прайшлі дарогаю цяжкой — На загарэлых тварах быў спакой (М.Танк).

III. Жыццёвы шлях; кірунак у развіцці (народа, краіны): вольная, вялікая, жыццёвая, зорная, надзейная, новая, нязнаная (разм.), празрыстая, пракладзеная, прамая, прамяністая, прасторная, разумная, роўная, свабодная, светлая, святая, слынная (аўт.), торная, цвёрдая, шырокая, ясная  крутая, суровая, цяжкая, цярністая.

Дарогай вольнай, зорнаю, Шырокаю, прасторнаю... Ідзе вясёлы Май (Я.Колас). Я хацеў бы, каб песню маю... Не забылі ніколі сябры, Не занеслі пяскамі вятры І не сцёрла імгла забыцця На вялікай дарозе жыцця (М.Танк). О, якое шчасце ісці па вялікай жыццёвай дарозе! (Е.Лось). Колькі я не ўзараў, не скасіў, Не прабіў у завею надзейных дарог, Не пакінуў сцяжынак на золкай расе... (С.Грахоўскі). Выходзіш ты [равеснік] у пошук нязнаных дарог, Насустрач спакою і ночы (А.Звонак). Суровая і роўная, празрыстаю была Дарога мая, поўная і смутку, і святла (М.Хведаровіч). І плывуць прамяністыя Дарогі радзімы да сённяшніх дзён (П.Панчанка). Здольна для шчасця без ценю трывогі Сэрца тваё расцвісці — Толькі ніколі са светлай дарогі Ты не збівайся ў жыцці (А.Бачыла). Колькі слынных дарог ты [краіна] прайшла! (Я.Колас). Мы згадаем быль далёкую, Наш парыў і пачуццё, Як дарогаю шырокаю Мы выходзілі ў жыццё (Н.Гілевіч). На прастор, на шырокі разлог выхадзі, мой народ, грамадою, — сотні новых і ясных дарог рассцілае жыццё прад табою! (Я.Колас). Ён лічыў, каб выкіравацца на цвёрдую жыццёвую дарогу, трэба прыдбаць добры кавалак зямлі (А.Кудраўцаў). Не баяліся ў паходах Ні крутых дарог, ні стром, І было жыццё народа Нашым першым букваром (А.Александровіч).

* Бальшак-дарога, далячынь-дарога, дарога-пуціна, дарога-пуцявіна, дарога-разгон, дарога-струна, дарога-сцежка, мяжа-дарога, насып-дарога, пуцявіна-дарога, сінь-дарога, шлях-дарога.

Гэты борвысозны подых нетраў, Звон крынічак, цёплы белы мох, Цішыня сцяжынак непрыкметных І прыволле бальшакоў-дарог (К.Кірэенка). Трэба мне пільней Углядацца ў далячынь-дарогу (М.Танк). Мой верны друг! Прайшлі мы крок у крок Крывых дарог-пуцін ужо нямала (Я.Колас). Выйшла маці ўслед за ёю, Зорыць на дарогу, На дарогу-пуцявіну — Там яе Гануля (Я.Колас). Нас вабіць і горне, і туліць Дарога-разгон (Я.Колас). Напяты ўвысь дарогі-струны, Яны мінулі Марс ужо... (П.Броўка). І стане мой сынок на ножкі Ды пойдзе сам хадзіць-гуляць, Дарожкі-сцежачкі таптаць (Я.Колас). Глыбока ўрэзваюцца каляіны ў аксамітную мяжу-дарогу (Я.Скрыган). За ельнікам — лугавіна, якую перасякае насып-дарога (І.Навуменка). Ой, лясы-бары ды лугі-разлогі! Цераз вас ідуць пуцінкі-дарогі (М.Багдановіч). На карце... не ў баку ні трошкі Ад новых пуцявін-дарог Раён Старадарожскі (К.Цвірка). Сінь-дарогай раннем, Як жыццё, даўгою я нясу каханне З жалем і тугою (В.Вярба). Ляжа вольная шлях-дарога З краю ў край (Я.Колас).

@

ДЗЕНЬ (дні). 1. Пра колер неба, празрыстасць паветра; пра стан надвор’я; пра даўжыню (працягласць) дня: барвовы, белы, беласнежны (паэт.), блакітны, бліскучы, залаты (паэт.), зіхатлівы, зялёны (аўт.), іскрысты, прамяністы, раздольна-сонечны (аўт.), румяны, светлы, святлісты (аўт.), сонечна-снежны, сонечны, срэбны, чысты, яскравы, яснавокі (паэт.), ясны (нар.-паэт.)  пахмурны, хмарны, хмурны, шэры; вельмі цёплы, ветраны, гарачы, пагодлівы, пагодны, пагожы (разм.), сухі, цёплы, ціхі  дажджавы, дажджлівы, душны, марозны, непагодны, нягожы (разм.), пахмурны, размыты (аўт.), спякотлівы (разм.), спякотны, халодны; бясконца доўгі, бясконцы, доўгі, імклівы, павольны, хуткацечны, цягучы.

Я чакаў асенніх дзён барвовых, Калі будуць ападаць лісты... (М.Танк). Хай белы дзень адзене снегам чыстым Зямлю маю (А.Звонак). Я ўспомніў, як беласнежным днём... У поўны рост стаяў ён [Мікалай Стрыбук] у санях (Н.Гілевіч). Прыгожы хмарны дзень па-свойму, Ды ў дзень блакітны весялей (П.Броўка). Гарачым і бліскучым летнім днём Апейка з маткаю завёз яго [хлопца] на станцыю (І.Мележ). І залаты вясновы дзень настаў (Я.Брыль). Была пара зіхатлівых сонечных дзён, высокага неба і да слёз іскрыстага снегу ў палях (А.Жук). Прамінула многае мноства белых, зялёных, сонечных, шэрых і чорных дзён (Я.Брыль). Дзень сонечны, іскрысты душу маю хвалюе (“Маладосць”). Не знаў жа ён [Арцём], што набяжыць такое ліха, Чорны час, Што прамяністы дзень пагас, Што знікла з поля цішыня, — З захаду ўдарыла вайна (П.Броўка). Змярцвелы лес будзе стаяць пад суровым небам, успамінаць раздольна-сонечныя вясновыя дзянькі (Л.Дайнека). У аправе кос іскраных Дзень выходзіць з-за зямлі, Яснавокі і румяны (Я.Колас). А, памяць, ты ж усё хаваеш... Хаваеш светлых дзён не многа... (П.Броўка). І на світальны змрок святлісты пырсне дзень, І сонцу лісце дрэў зашэпча штось спрасоння... (А.Звонак). У сонечна-снежныя дні Стэфка выводзіла дзяцей на дзядзінец (З.Бядуля). Унучак просіць, каб дзядуля дазволіў разуцца (сонечны, вельмі цёплы чэрвеньскі дзень), пабегаць басанож... (Ф.Янкоўскі). І ад срэбнага дня і ад яе [Ірынінай] халоднасці ў душы нараджаўся нейкі... адчай (У.Караткевіч). Весела спявалі жаўранкі ў вышыні, славячы чысты сонечны дзень (Т.Хадкевіч). Над намі сёння дзень устаў яскравы, Вось лог, на ім квітнеюць буйна травы (К.Буйло). Уцякай жа за пагодай, Донька маладая, Покі дзень засвеціць ясны, Покі сіл хапае! (Я.Купала). Пахмурны дзень імжыў, імжыў І пералескі затуманіў (С.Грахоўскі). Дзядзька кленчыць у санях-развалах і нудна, як гэты хмарны дзень, маўчыць (Я.Брыль). Дзень непагодны, ветраны, шэры, Невадам з стрэхаў рыбацкіх Спусціўшыся, мокне... (М.Танк). Як люстра, возера лягло ў гарачы ясны дзень (А.Бачыла). Пагодлівых дзён і начэй было больш, чым дажджлівых і хмарных (Я.Брыль). Відаць, самотна ў дзень пагожы Сасонкам на касе крутой (А.Пысін). А нядзеля цэлая, ад раніцы да вечара, сухі, доўгі і нудны дзень... (І.Пташнікаў). Асабліва прыгожай бывае палеская пушча ў ціхія марозныя дні (У.Краўчанка). Відаць, аб многім думае араты У гэты дзень, размыты, дажджавы (А.Пысін). Ліпнёвым днём, спякотлівым і душным, Прыладзіўшы за плечы хатулёк, Ішла бабуля (Н.Гілевіч). Калі ўлетку статак пас, Днём нягожым, хмурым, Ты [лес] не раз мяне, не раз Прыкрываў ад буры (П.Броўка). Над сонечным мацерыком разліта Духмянасць ніў спякотным летнім днём (А.Куляшоў). Настане дзень халодны, змрочны. Ты ловіш водгукі начы... (Я.Колас). Першым пачуццём, з якім я ўбачыў іх [промні сонца], была тая самая злосць на доўгі, бясконца доўгі летні дзень (Я.Брыль). Бясконцы чэрвеньскі дзень нарэшце канаў (А.Марціновіч). Шпаркім лётам над гэтай краінаю Пралятаюць імклівыя дні (П.Глебка). Пачакай, хуткацечны дзень! Затрымайся хоць на імгненне (В.Жуковіч). Цягучы дзень... схіліўся к вечару (А.Кулакоўскі).

2. Пра адметны (баявы, працоўны і інш.) дзень: агністы, баявы, векапомны, вясняны, добры, залаты (паэт.), незабыўны, радасны, светлы, святлісты (аўт.), сіні, славуты, слаўны, сонечны, урачысты, яскравы, ясны  віхурны, грозны, суровы, цяжкі, ярасны.

Мне не забыцца дзён агністых, Ні страт цяжкіх, ні горкіх ран (П.Броўка). Але сэрцы салдацкія, Сэрцы ўсё тыя ж! Помнім Грозныя, Цяжкія Дні баявыя (К.Кірэенка). У гэты дзень векапомны Болей песняў і руж бы! (М.Танк). Але незабыўны вясняны Балгарыі сённяшні дзень... (М.Танк). Устань, свабодны мой народзе, Ідзе твой ясны, добры дзень! (К.Буйло). Дзён залатых, раскіданых па свеце Не шкода мне... (А.Куляшоў). У сонечны, радасны дзень Першамая, пасля парада на лясной паляне, казакі... прайшлі ўрачыстым маршам па многіх вёсках ваколіцы (Я.Брыль). Не забывайце сцежкі даўнія, Што мсціўцы вытапталі ў лесе, Калі праз ночы легендарныя Вам светлы дзень насустрач неслі (Н.Гілевіч). Расія! Вечна ззяе над табою Святлістых дзён праменная пара (А.Звонак). Народ мой, дзякуй, што нідзе Мяне балюча не ўпікнулі За твой далёкі век мінулы, За сённяшні твой сіні дзень (Г.Бураўкін). Вечны агонь — Славутыя дні, Бачу герояў У вечным агні (П.Броўка). У гэты слаўны дзень ад рана На рэвалюцыі паверцы Суладны сэрцы ветэранаў І маладыя нашы сэрцы (У.Паўлаў). Мне ў сэрца песня звоніць, Што ідзе мой дзень яскравы (К.Буйло). Паходы грозных дзён... Іх слава ў песнях шчасця і вясны (А.Александровіч). Адгрымелі суровыя дні, І завеі даўно адшумелі (А.Звонак). На плошчах, на плошчах, на плошчах паслухай — Глыбінна чуцён суровы, разложысты пошчак Віхурных і ярасных дзён (В.Ракаў).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (дня): асабліва прыгожы, бесклапотны, бестурботны, блаславёны, ветлы, высокі, вясёлы, гаманлівы (разм.), гасцінны, горды, дзівосны, дзіўны, духмяны, жудасна шчаслівы (аўт.), залаты (паэт.), звонкі, каларытны, клапатлівы, ласкавы, любы, малады, медназвонны (аўт.), мяккі, незабыўны, немяцежны (разм.), непаўторны, новы, падцягнуты, паэтычны, працавіты, прыветны, прыгожы, прыўдалы, радасна насцярожаны (аўт.), радасны, расквечаны, руплівы, рупны, светлы, святы, спелы, хлебадайны (паэт.), ціхазвонны (аўт.), чароўны, шчаслівы, шчыры, шырокі  аднастайны, ашалелы ад болю, беспрасветны, будны (разм.), бязладны, гаротны, глухі (аўт.), горкі, жахлівы, журботны, засмучоны, змрочны, казённа-шэры (аўт.). кіслы, лянівы, марна пражыты, марудны, мітуслівы, напружаны, невыносны, нудны, нялёгкі, нясцерпна галодны (аўт.), няўдалы, пакутны, пануры, панылы, пахілы (аўт.), перажыты, плакучы (уст.), пусты, пякельны, разжалены, самотны, спусцелы, страшнаваты, страшны, сумны, трывожны, тужлівы, узрушана трывожны (аўт.), узрушаны, хмурны, хмуры (разм.), цяжкі, чорны, шумлівы, шэры.

Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца, калі даўно скошана жніво (М.Лынькоў). Эх вы, бесклапотныя дні дзяцінства, што адляцелі так рана (І.Мележ). Мы дзень сустракалі прыгожы і ветлы, На бераг затокі мы з песняй ішлі (А.Звонак). Выносіць сонца дзянёк новы Скрозь гэты лес стары, хваёвы, Дзянёк кароткі, чуць заметны, Але вясёлы і прыветны (Я.Колас). Дзень гасцінны, мітуслівы, Гаманлівы, каларытны. Доўга я блукаў шчаслівы Сярод вуліц старажытных (М.Танк). І вось тая субота — сонечны, страшнаваты і горды дзень яго [Алесевага] жыцця!.. (Я.Брыль). Падарыць табе рэчку з жоўтым дном, Мурожным берагам... Ліпнёвым сонечным духмяным днём? (Д.Бічэль-Загнетава). Якія жудасна шчаслівыя гады і дні нашай любві і дружбы, і як жа часта мы марнуем іх на пустое!.. (Я.Брыль). Прайшлі незваротна дзянькі залатыя, Адспеваны песні вясны маладыя (Я.Колас). Патрымаўся глыбокі ранні снег толькі да Новага года, потым задажджыла, быццам на поўдні — то мокры снег, то дождж, і як рэдкае шчасце — снежныя, чыстыя і звонкія марозныя дні (А.Жук). Хутка прачнецца клапатлівы дзень (П.Глебка). Радуюць сэрца Збожжа і травы, Дзень мой праменны, Дзень мой ласкавы (П.Броўка). Ой, прайшлі дзянькі любыя, немяцежныя, святыя, Іх няма, няма! (Я.Колас). І ўсё ўстала прад вачыма Беднае кабеты: Маладыя дні дзяцінства, Дзявочыя леты (Я.Колас). Не жалобу і не смутак люты Ты прыносіш, медназвонны дзень (С.Гаўрусёў). Неспадзяваны мароз, раптоўна наваліўшыся на Палессе пасля некалькіх ціхіх і мяккіх дзён на сходзе зімы, пратрымаўся нядоўга (Я.Колас). А Данік, дык ён узлез з каленьмі на падаконнік і — як у той незабыўны дзень, калі на тратуары перад школай галасіла цётка, — узяўся рукой за раму фортачкі (Я.Брыль). Колькі дзён непаўторных і зорных начэй!.. (М.Танк). У спевах гудкоў, перазвоне трамваяў Я чую, як дзень працавіты вітаеш, Рэспубліка маладая! (А.Звонак). Пасля трэцяга ўрока ўся школа пайшла на высокі бераг пацешыцца з прыгожага яснага дня (К.Чорны). І вось у дзень адзін прыўдалы загаманілі перавалы (Я.Колас). У адзін з тых радасна насцярожаных і нясцерпна галодных красавіцкіх дзён на Руневіча цэлым сонцам упала першае пісьмо з дому (Я.Брыль). А на ўсходзе чырвань грае, Цень радзее, нікне мрок, І зямельку ўжо вітае Новы радасны дзянёк (Я.Колас). Плаваюць песні звонам-разлівам, Песні расквечаных дзён (Я.Колас). Мяняе працоўныя змены, — Руплівы наш дзень (А.Пысін). Радзіўся новы рупны дзень — Ад рос, ад сонца яркі (П.Панчанка). Не, не так меркаваў Сустракаць я цябе, маё свята... Мой светлы і радасны дзень (П.Панчанка). З трывогай з дарогі бяжыць цішыня Ад гулкага постуку спелага дня (А.Александровіч). Ціхазвонныя ды ласкавыя дні плешчуць раніцай з бярозавых крыніц (А.Дудар). Напэўна, тысячу год: На захадзе — дзень хлебадайны, На ўсходзе — песні ўмалот (В.Зуёнак). Я вітаю чароўныя дні, Я вітаю сваё абуджэнне (А.Звонак). Ці помніш жніў, касьбы дзень шчыры, Начлег, агонь сярод кустоў; Палёты з выраю ў вырай Буслоў, гусей і журавоў? (Я.Купала). [Тварыцкі] чуў увесь гэты сонечны і шырокі дзень (К.Чорны). Ішлі дзень за днём аднастайныя, здавалася, незвычайна доўгія і пустыя (І.Мележ). Гэта было ў той суровы Памятны год над Віллёю Днём ад пажараў барвовым І ашалелым ад болю (М.Танк). Каб не было даляглядаў хмарных Дзён беспрасветных, пражытых марна (М.Танк). Без цябе ўсе мае дні — Глухія і будныя (М.Танк). Тлуму шмат было, мала плёну, дзень бязладны мой аддыміў (В.Жуковіч). Песню адну прыгадаў я, З дзён перажытых, гаротных (М.Танк). Помню змалку Горкіх дзён нямала... (П.Броўка). Ёй [Рэнаце] нават здавалася, што жахлівага мінулага дня і яшчэ больш жахлівай ночы ўвогуле не было (А.Савіцкі). Над скрухаю ўсходзіць яго светласць — жывы, журботны, клапатлівы дзень (Н.Тулупава). І дзень тужлівы, засмучоны Аздобіць сонцаў агняпіс (Я.Колас). І [нямецкі] батальён тым асеннім змрочным днём быў пасланы, як чарговая экспедыцыя рабаўнікоў (Ф.Янкоўскі). Звычайны дзень, казённа-шэры, падцягнуты і посны, ён разнасцежыў зарана дзверы ў гімназічны пансіён (А.Вялюгін). Цішыня. Глушыня. Кіслы дзень. Цяжка, чорна на сэрцы ў Міная (А.Бялевіч). І над Кісцянямі пацягнуліся лянівыя і пагодныя дні (У.Караткевіч). І бясконца доўга цягнецца марудны, белы, спрэс аднолькавы дзень (Я.Скрыган). Добра, што гэты дзень канчаецца — Гэты цяжкі, невыносны дзень (А.Вярцінскі). Дні цягнуліся за днямі, шэрыя, нудныя, халодныя (М.Лынькоў). Ужо і сонца на заходзе, Упаў на травы доўгі цень, І непрыкметна адыходзіць Яшчэ адзін нялёгкі дзень (С.Грахоўскі). Дзень мінае няўдалы... (А.Куляшоў). Дні цягнуліся адзін за адным, нудныя... пакутныя (М.Лынькоў). Ішоў зранку дзень пануры, Ахінуўшыся ў імглу (Я.Колас). Марудна цягнуўся панылы, змрочны дзень (А.Асіпенка). Дзе вы, думкі мае чыстыя, Майго сэрца дзеткі мілыя? Як жылося лёгка з вамі мне У дні шэрыя, пахілыя! (Я.Колас). Які дзень быў тады, вясновы, ясны, што абяцае шчасце, ці восеньскі, плакучы? (Т.Хадкевіч). Пасля двух пякельных баявых дзён рота лейтэнанта Клямта была адведзена з пярэдняга краю (І.Мележ). Вопратку з дрэваў віхур ужо скінуў, подзьмухам гнуткім, як быццам смыком, ударыў па струнах бязлістых галінаў восені сумным разжаленым днём (Л.Геніюш). Бы словы разор, Дні спусцелыя... (У.Някляеў). Хай скруха самотных дзён Нікому не будзе вядома (Р.Барадулін). Аж вось прайшло маруды колькі Трывожных дзён, а ўсё няма Ні Веранікі, ні пісьма (М.Багдановіч). Цяпер былі тыя ўзварушана трывожныя дні, якіх ён [Алесь] так доўга чакаў, да якіх рыхтаваўся з зімы (Я.Брыль). Восень слала дзень свой хмурны Па падатак у лясы (Я.Колас). Хмуры асенні дзень саступаў месца шумнаму гарадскому вечару (Я.Колас). Прамінула многае мноства... чорных дзён (Я.Брыль).

* Дзень-санцавей, дзень-скакун.

Ой, не яснага сокала крылле, — Праімчаліся дні-санцавеі (П.Трус). Дні гарачыя, дні-скакуны! Я джыгіт ваш, імчуся ў страмёнах (А.Звонак).

@

ДЗЯЎЧЫНА (дзеўчына, дзевачка, дзяўчо). Вясёлая, гарэзлівая, жвавая, залатая, зграбная, лёгкая ў танцы, маладая, маленькая, мілая, ненаглядная, простая, прыгожая, пяшчотная, разумная, сарамлівая, сінявокая, сталая, сур’ёзная, тоненькая, ушчэнт шчаслівая (аўт.), харошая, худзенькая, чарнявая, шустрая, шчаслівая  грозная, легкадумная, няшчасная, пакутная, самотная, сумная, тужлівая, устрывожаная, усчырванелая, хударлявая, худая.

Умеру вясёлая і сур'ёзная, лёгкая ў танцы, простая, мілая [дзяўчына] у скромнай стракаценькай сукенцы, — такой я сёння бачу Машу тых дзён (Я.Брыль). Гарэзлівыя грозныя дзяўчынкі, Яшчэ не цалаваныя нікім, Ляцелі ў пекла і без адпачынку Бамбілі і ўзнімаліся над ім (С.Грахоўскі). Мама апранула сваю залатую дзяўчынку, трапяткімі ад радасці пальцамі зашпіліла ўсе гузікі шубкі... (Я.Брыль). Не нацешацца дзяўчынкай Дзеткі маладою (Я.Колас). І ніяк не праходзіць туга Па маленькай чарнявай дзяўчыне (П.Панчанка). І наш Машэка, у жальбе Па ненаглядненькай дзяўчыне, Паплыў з плытамі ў край чужы (Я.Купала). О, шмат прыгожанькіх дзяўчатаў Старонцы нашай бог прыдбаў! (Я.Купала). Вось яна, сінявокая дзяўчына, што стаіць тут у лесе і з прыадкрытым ротам слухае музыку (М.Лынькоў). У яе, у гэтай пяшчотнай, худзенькай дзяўчыны, на ўсё, здаецца быў адказ! (І.Мележ). Быццам сарамлівая дзяўчына Аж гарыць ад чырвані рабіна (П.Броўка). І на падворку хлапчукоўскі смех Хвалюе дзяўчанятак сарамлівых (Е.Лось). Ушчэнт шчаслівая дзяўчына На вулку выбегла з варот (Н.Гілевіч). А пад нагамі тоненькай дзяўчынкі, Нібыта глобус, круціцца зямля (С.Грахоўскі). І Сцяпан успомніў Кацю, жвавую тоненькую дзяўчынку са светлымі косамі (М.Стральцоў). Але дзяўчына, якая завіхалася там, устрывожаная, усчырванелая, не гледзячы на яго, сарамліва махала рукамі (М.Лынькоў). У святочныя дні там [у лесе] шумліва блытаюцца песні птушак з песнямі шустрых дзяўчат (М.Зарэцкі). Трэба было б назаўсёды, на ўсё жыццё падзяліцца шчасцем з гэтай харошай, яшчэ ўсё самотнай дзяўчынай (Я.Брыль). Няхай не кажа часам майстра, Што — легкадумнае дзяўчо (А.Пысін). Я бачыў дзяўчыну няшчасну адну... (Я.Купала). Апусціліся вейкі У пакутнай дзяўчыны, Быццам сумныя хвоі Па-над возерам сінім (П.Броўка). А я ўсё глядзеў на хударлявае дзяўчо (У.Караткевіч). Жаніўся Мартын, узяў сінявокую грабараву Еву, сталую, зграбную дзяўчыну і разумную (Я.Колас). Худая дзяўчынка. А зубы, як пена. Ад холаду рукі і губы дрыжаць (З.Бядуля).

* Дзевачка-галубачка, дзевачка-нябожа, дзеўчына-краса, дзяўчына-басаножка, дзяўчына-казка, дзяўчына-красуня, дзяўчынка-галубка, дзяўчынка-нежурынка, дзяўчынка-нябожа, дзяўчынка-сонца, ненаглядачка-дзяўчынка, працаўніца-дзяўчынка, сонейка-дзевачка.

Тругі, тругі, трубачкі! Грайце ў добры час! Дзевачкі-галубачкі, Люблю, люблю вас! (Я.Купала). Дзевачка-нябожа Уздыхае, плача Па сваім прыгожым Па жыцці бядачым (Я.Купала). Спадабаў той хлопец дзеўчыну-красу, гаварылі разам ціха пра вясну (Л.Геніюш). Між столікаў — дарожкі, Дзяўчаты-басаножкі Кветкамі гандлююць — Ружы, астры, ландыш (А.Александровіч). Калі толькі пала раса на лугавыя травы, схапіў вораг дзяўчыну-казку (Т.Хадкевіч). Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня (С.Грахоўскі). Будзь шчасліва, дзяўчынка-галубка!.. (Я.Купала). Ці не яна [маладосць], звонкая, заводзіць песню пра дзяўчынку-нежурынку? (М.Лужанін). Прыстройся дзяўчынка-нябожа, Так, як у дзянёчак святы, Галоўку ўчашы ты прыгожа, — Сягоння прыедуць сваты (Я.Купала). І кроў маладая Ў жылах закіпіць, І дзяўчынку-сонца Хацеў бы туліць (Я.Купала). На млын грэбляй ручаінку Здзержу, перайму; Ненаглядачку-дзяўчынку За жонку вазьму (Я.Купала). Дзе ты, мая працаўніца-дзяўчынка, Што ж не ўзяла ты мяне на зажынкі? (А.Пысін). Вочы неўспадзевачкі Усё туды бягуць, Дзе сонейкі-дзевачкі, Любачкі жывуць (Я.Купала).

@

ДОЖДЖ. 1. Пра сілу, працягласць, гучанне, тэмпературу (дажджу); пра велічыню і частату вадзяных кропель; пра колер (дажджу): бурны, гарачы, грымотны, грымучы, доўгі, дружны, звонкі, лапаткі (разм.), напеўна-ціхі (паэт.), спорны, цёплы, ціхі, шапаткі (разм.), шапатлівы, шпаркі  аблажны, абложны, бясконцы, выхаладжаны ветрам, золкі, несціханы, сляпы, сцюдзёны, уліўны (разм.), халодны, шалёны; буйна краплісты (разм.), буйны, густы, дробны (нар.-паэт.), краплісты (разм.), танклявы, тонкі, залаты (аўт.), зялёны (аўт.), праменісты (аўт.), прамяністы (аўт.), светлы, серабрыста-шэры, серабрысты, сіні (аўт.), шматкаляровы, шэры.

Вяртаюцца госці з вяселля. Не можа іх уціхамірыць Ні бразгат калёсаў, ні ноч, Ні чэрвеньскі бурны і шчыры — З грымотамі гулкімі дождж (М.Танк). Падалі долу на вузкія сцежкі [слёзы], З пылам мяшаліся, з дробным пяском, Тайна ліліся, адкрыта ліліся, Падалі долу гарачым дажджом (Я.Колас). Ёсць на маёй радзіме дрэвы, Яны не толькі ад вятроў, Птушыных крыл і іх напеваў, Грымотных жнівеньскіх дажджоў, Ад глыбіні, ад вышыні, А нат звіняць ад цішыні (М.Танк). Спяшайся, вясна, і маўчанне зімы Вятрамі, дажджамі грымучымі змый (М.Танк). У канцы красавіка на збуялую раннюю зелень пайшлі спачатку доўгія золкія дажджы, як увосень (І.Пташнікаў). Апоўначы паліўся дружны цёплы дождж (І.Мележ). Ты [краіна] часта прыходзіш ка мне, як сон, Хмараю праплываеш, Птушкай садзішся на ціхі клён, Звонкім дажджом ападаеш (П.Панчанка). Чорнае ветранае неба ўсё сыпала ў ноч спорны лапаткі дождж (В.Быкаў). І не паможа мне... гэты... напеўна-ціхі дожджык шапатлівы (Н.Гілевіч). Даль, абмытая дажджамі шпаркімі, Ясным вырысам чаруе зрок (Н.Гілевіч). Над Браціславай цёплыя дажджы, Хоць стань пад іх і даспатолі грэйся (У.Паўлаў). Выбег ён, нічога не помнячы і не бачачы перад сабою, на гэты шапаткі, на гэты ціхі дождж... (В.Адамчык). [Дождж] усё прабірае наскрозь, Аблажны... (Р.Барадулін). Гэта была не кароткая летняя навальніца, а працяглы абложны дождж (У.Краўчанка). Ты не хавайся, не ўцякай За цень начны, за небакрай, За дождж абложны ці за снег (М.Танк). Нібы знарок для іх з Алечкай пастаралася прырода, каб парадаваць яшчэ раз перад тым, як пойдуць нудныя бясконцыя дажджы, і раскісне слатою зямля (І.Мележ). Золкі, як восеньскі, выхаладжаны парывістым ветрам дождж... туман, які ледзь не кожны дзень вісеў над камяніцамі... (Я.Сіпакоў). Што найсумнейшае ў свеце? Восеньскі дождж несціханы? (М.Танк). Праходзяць летнія дажджы, Сляпыя, цёплыя, грыбныя (С.Грахоўскі). Свежыя наспы мураўка яшчэ не пакрыла, Жвір толькі свеціцца, змыты сцюдзёным дажджом (Я.Купала). Вясна пачалася рана, выдалася зацяжная, халодная, але цяпло пад канец мая ды некалькі спорных уліўных дажджоў зрабілі сваё (А.Жук). Ды ўсё гоніць хмар валокны І бубніць, бубніць у вокны Дождж халодны, дробны (Я.Колас). І любоў да дзяцей, асабліва бацькоўская, непасрэдна найшчаслівейшая, быццам уся адразу, як сонечны, буйна краплісты дождж на траву і лістоту, вярнулася да мяне (Я.Брыль). Дожджыкам буйным абмыты, я Смела вяслую ў прыволле (П.Трус). Льецца дожджык, цёплы і густы, як дар жаданы для зямлі вясновай (А.Вярцінскі). І дождж краплісты пачынаў імглець (М.Танк). Іх [сірот] аплакваў танклявы дождж (П.Глебка). Звініць лістапад залатымі дажджамі, Лятуць журавы над палямі, лугамі, Над Прыпяццю сіняй (П.Панчанка). Дажджы зялёныя шумяць, Маланкі гром красае (П.Панчанка). Дажджы прамяністыя, з хмар ападайце! Жыты, прарастайце, сады, зацвітайце! (П.Панчанка). Дождж ідзе праменісты і дробны, Пахнуць мятай мокрыя лугі (П.Панчанка). Хмурынку ручаі напояць, І — ліцца светламу дажджу (А.Пысін). Серабрыста-шэры, ён [дождж] амаль хаваў блізкія дрэвы... (У.Караткевіч). Імгліць пачынае дождж нудны і шэры (М.Танк). На рыштаваннях новых Ён [дождж] з феерверкам бліскавіц Заззяў шматкаляровы (М.Танк).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (дажджу): асцярожны, ветлы, гаючы, грыбны, дажынкавы, добры, доўгачаканы, жыватворны, жыватворчы, залётны, зорны (паэт.), ласкавы, малады (аўт.), незабыўны, родны, рупатлівы (разм.), сонечны (аўт.), спакойны, удалы, украдлівы (аўт.), уладарны, чаканы, шчыры  абрыдлы, аднастайны, атрутны, безвыходны, безгалосы, беспрасветны, востры, гарбаты (аўт.), глухі, дакучлівы, дакучны, журботны, злючы (разм.), калматы (аўт.), калюча-злюшчы (аўт.). калючы, колкі, маркотны, маўклівы, набеглы, навальны (разм.), надакучлівы, неадчэпны, непрыкаяны, нудны, порсткі (разм.), прыкры, свінцовы, смертаносны, сумны, уедлівы, упарты, цыбаты, цяжкі, шкляны.

[Дождж] спачатку асцярожны, рэдкі, А пасмялеўшы, спорна ліў (П.Прануза). Дождж мінуўся — цёплы, ветлы, І такая цішыня ў полі (В.Вітка). Колькі трэба было, Шматпакутная маці — радзіма мая, І гаючых дажджоў, І вясенніх вятроў, Каб у косах нявест Нелінючыя стужкі заззялі (М.Танк). З гнёздаў мы даўно павыляталі, Ды не развучыліся глядзець, Як па спелым полі, па атаве Дождж грыбны на дыбачках ідзе (П.Панчанка). І стукаў дождж дажынкавы журботна Апошні раз у кожную страху (П.Панчанка). Шчодрасцю праліўся доўгачаканы дождж (С.Законнікаў). Пад гэтым начным, глухім і вечным, як стагоддзі, жыватворным і беспрасветным дажджом мой, наш дуб [стаіць] (У.Караткевіч). Гучна зашумеў вецер, пагнаўшы пыл па зямлі, каб зараз жа прыбіць яго жыватворчым дажджом (Я.Колас). Сям-там дубы, няйначай Гіганты-маякі, Дажджам залётным значаць, Кірунак браць які (Н.Гілевіч). Ты яго [золак] у косах сваіх прынясла. Прынясла яго ў вуснах Праз зорны дождж У купальскую ноч (М.Танк). Пасля абеду зацерусіўся ласкавы дождж (А.Жук). Калі сухавей панаробіць бяды, А выпадзе дождж удалы, малады, — Тады маё свята! (П.Броўка). Сячы, дождж, мацней па дарогах, раўнінах, Людзям і зямлі гавары аб вясне! Аб тым незабыўным дажджы і вайне (М.Танк). Лійцеся сягоння ціха, ціха, Родныя зялёныя дажджы (П.Панчанка). Рупатлівы, уладарны дождж абмыў берагі (К.Кірэенка). Так сонца ўзышло. І гара Не адкінула цень. І сонечны дождж... на далоні праліўся (У.Някляеў). Без вятроў і раскатаў грамавых пайшоў ён [дождж] раптам, цёплы і спакойны (А.Вярцінскі). І не паможа мне ні гэты ўкрадлівы... дожджык шапатлівы (Н.Гілевіч). Зямлю і ўпоперак і ўдоўж Гаіў чаканы цёплы дождж (П.Панчанка). І зноў цэдзіць, як на цадзілку, прыкры, абрыдлы дождж (Р.Мурашка). Пасля быў дождж, дакучны, аднастайны, Хліпела лістападаўская золь... (П.Марціновіч). А можа смертаносны, атрутны дождж упасці над зямлёй (А.Пысін). Нават дождж і той не безгалосы, Не нямыя дрэвы і трава (Я.Ярац). Усю ноч цадзіў па шыбах дождж калючы, востры (І.Пташнікаў). Нібыта слізкія смаўжы, паўзуць гарбатыя дажджы (Н.Тулупава). З неба імжыць, здаецца, ад пачатку свету, дождж, — дакучлівы, халодны (Я.Брыль). Як дажджоў калматых многа праплыло (П.Броўка). Імжыў спорны, калюча-злюшчы дождж (А.Масарэнка). І вось на нівы, на кусты, На жаўталісце скрозь — Ударыў колкі і густы, Нібы іголкі, дождж (П.Броўка). Без цябе ўсе дажджы шэрыя і маркотныя (М.Танк). Прыгнуўшыся, ідуць пад небасхілы Асеннія маўклівыя дажджы (А.Пысін). Зноў вярнуцца ў дождж набеглы, Лес і лужы перайсці (А.Пысін). На Ваню і Эрпідаў абрушыўся навальны дождж (П.Місько). Невыразнае прадчуванне не пакідала яго [Міхала] увесь дзень на лясных абходах пад неадчэпным асеннім дажджом (М.Лужанін). Ёсць [рабіне] пашаптацца з кім, паплакаць пад непрыкаяным дажджом (Е.Лось). Нудны дожджык, хмары, аднастайны гул ракі наганялі сум (І.Мележ). Ужо красавіцкае сонца ўзяло верх над халадамі, прыгрэла шчодра, яму пасобілі дажджы... не ў пару цёплыя, порсткія (В.Карамазаў). Над ёю [бярозкай] сёння шалее вецер З дажджом свінцовым, з ліхою сцюжай (М.Танк). Пад гэты гром, пад дождж упарты То там, то тут пачуеш жарты (Я.Колас). Збіраюць сонечна ігліцы У лесе сумныя дажджы (В.Вярба). Паселі ў крэслы маразы лысыя, вятры кудлатыя, снягі пухнатыя, дажджы цыбатыя (М.Лужанін). Дождж шкляны чароўных гукаў У люстэрка даляў стукаў (З.Бядуля).

* Дождж-вадалей, дождж-дратаванка, дождж-патоп, дождж-сляза, дожджык-грыбасей, дождж-шаптун.

Як дожджык-вадалей, Шуміць сянцом прасцяг (В.Зуёнак). Ну і грыміць тады громам [Ілля], Ну і сцёбае сваіх коней Дажджом-дратаванкай (М.Танк). Уцяклі дзяўчаты Пад стагі і копы Ад грымот схавацца, Ад дажджу-патопу (М.Танк). Гадае, думае зямля, Што хмарка дожджыкам-слязою Спадзе — ажывіцца ралля (Я.Колас). Барабаніць па акне ад рання цёплы дожджык-грыбасей (Е.Лось). Хацелася спаць: пасля паўночы заўсёды вельмі хіліць на сон, а тут яшчэ гэты нудны шаптун-дожджык (І.Мележ).

@

ДОЛЯ. Стыхійны, незалежны ад волі чалавека ход падзей; лёс.

1. Пра шчаслівую, вялікую, удачную (долю): вялікая, гаючая, добрая, лёгкая, льняная (аўт.), маладая, неблагая, новая, нястомная, песенная, прыгожая, сакаліная, светлая, слаўная, харошая, шчаслівая, шчасная, яркая, ясная.

Старасвецкі ён [дудар] музыка, Важна толк вядзе ў дудзе, Важна доляю вялікай І свабодаю гудзе (Я.Купала). Дай мне [Прыпяць] долю сваю гаючую, Дай блакітную чысціню (В.Вярба). Гэта ёй, маладой, Зычаць шчасця сябры, Зычаць долі прыгожай і лёгкай (Н.Гілевіч). З пагоста, з бітага гасцінца Тут не мыляліся з вякоў Льняная доля пехацінца І песня шчодрых землякоў (Я.Янішчыц). Астаўся стол адзін на месце, Каб у апошні раз накрыцца І даць мужчынам прыпыніцца, На час кароценькі прысесці І выпіць чарачку, другую За жыцце, долю маладую (Я.Колас). А я вот павіншую: Мець спор вам з любасці сваёй, Мець долю неблагую (Я.Купала). Засявайце нівы зернем новай долі! (Н.Гілевіч). Благаслаўляю нястомную долю: Найчалавечнаму свету служыць (Я.Янішчыц). Калі спяваць прытоміцца душа, Не бойся скрухі, песенная доля (Я.Янішчыц). А лятаў ён, бо шукаў сакалінай долі (У.Някляеў). Прывітайма ж мы нашу долечку, Долю светлую, долю слаўную... (ЛіМ). А у небе, сінім полі, Без сляда, за край зямлі, Як бы думкі светлай долі, Хмаркі белыя плылі (Я.Колас). Шчаслівую доленьку, як у снох, вытку ніткай тоненькай на краснох (Л.Геніюш). Весела, прывольна жыць пад небам вольным... Сярод долі шчаснай (М.Танк). Друг, калі ты ў вёсцы будзеш, Пакланіся ўсім руплівым Той зямлі гаспадарам, Што заўжды жадалі нам Долі яснай і шчаслівай (К.Кірэенка).

2. Пра нешчаслівую, цяжкую долю: беззямельная, бяздольная, горкая (нар.-паэт.), жабрацкая, жабрачая, жабрачыная (разм.), зласлівая, золкая, зрэбная (аўт.), лапцюжная (разм..), ліхая, нешчаслівая, няздзейсненая, нясытая, няшчасная, пакутлівая, пакутная, пахілая, праклятая, пустасейная (аўт.), сабачая, сівая (аўт.), сіроцкая, сірочая, скрыўджаная, сумная, цёмная, цяжкая, чорная.

І клянеш напэўнае Гора неразвейнае, Долю пустасейную, Долю беззямельную (Я.Купала). Згінула доля бяздольная, Сонца над хатай і ў хаце (Я.Купала). Хлопчык выбег на пашу свіным пастушком — чарнаногім, у латаным зрэб’і, з кіёчкам. І разам з ім на пашу выбегла горкая доля (Я.Брыль). Глядзеў хлеў гэты старычынай, Пахілай доляй жабрачынай (Я.Колас). Як Беларусь, відаць, ніколі Ніводзін край, ніводзін кут Не знаў такой зласлівай долі... (А.Александровіч). Зярнятка радасці маёй, Карэньчык сонца ў золкай долі! (Н.Мацяш). Ніткаю срэбнай на утку долю зрэбную разатку (Л.Геніюш). Каб гэткі прайсці шлях жыццёвы бясконцы: Ад долі лапцюжнай да яснага сонца, — ...Мець трэба было ў грудзях сілы без меры... (М.Танк). [Максім Багдановіч] чакаў шчаслівага вяртання, Як лета кветак і святла. Чакаў... Ды збыцца спадзяванням Ліхая доля не дала (А.Бачыла). Нешчасліва наша доля: Нам нічога не дала. Не шукайце кветак ў полі, Бо вясна к нам не прыйшла (Я.Колас). І на пясках дрымотных поля, Разняўшы прывіды свае, Мая няздзейсненая доля Такою, брат мой, паўстае (П.Глебка). Не забывалася ў долі нясытай — Роднае слова (М.Лужанін). Няшчасная доля — памерці У смутку-тузе аднаму (Н.Гілевіч). Над жаночай пакутлівай доляй Чыстым імем, як струнны гук, Плачуць гнуткія вербы ў полі... (В.Вярба). Эх, праклятая доля мая, Ненавісная служба-прыгон! (Я.Купала). Такая ўжо служба паліцэйская, сабачая доля (М.Лынькоў). Долі сівой не тоячы, Дуб памірае стоячы (Д.Бічэль-Загнетава). Перад яго [Максімавымі] вачыма ажывалі ў новай красе далёкія вобразы, якія заставаліся да канца неспазнанымі на той зямлі, дзе ляжала яго маці, дзе лёс рана прымусіў спазнаць сіроцкую долю (А.Бачыла). Доля горкая, сіроча, Як і тая даль, маўчыць (Я.Колас). Гэта плача вінавата наша скрыўджаная доля (П.Глебка). Думу думаю, Каб шчаслівых больш нараджалася, Каб апошняю доляй сумнаю Доля ўласная заставалася (Е.Лось). Чаму ж, доля, ты цяжкая, Тут мне шчасця не даеш? (Я.Купала). Не спадзейся, сын і матка, Ад жыцця патолі... Ні канца, ані пачатку Вашай чорнай долі (Я.Купала).

* Доля-весялуха, доля-воля, доля-нядоля, доля-радасць, мачыха-доля, песня-доля.

Цяжка сірацінцы Адзінокай жыць; Доля-весялуха Знікуль не бяжыць (Я.Купала). Роднай бацькаўшчыны долю, Як у люстры, бачыш так. Долю-волю ў бязволлі, Што сышла, ідзе наўзнак (Я.Купала). Нарадзіўся на долю-нядолю Чалавек на багатым свеце (Я.Купала). Толькі вам [сябрам] няма Долі-радасці (Я.Колас). Спі, мой Сымонка, дзіцятка маё... Лёгка ж табе было век гараваць, з мачыхай-доляй змагацца? (Я.Купала). Як ты дорага мне, мая родная мова — Песні-долі маёй векавая аснова (Н.Гілевіч).

@

ДРЭВА (дрэвы). 1. Пра колер, наяўнасць лістоты, пра таўшчыню, вышыню дрэва, пра яго крону: белакорае, вогненнае, высокае, галінастае, густалістае, густое, зялёнае, разгалістае, разложыстае, рослае, стройнае, стромае, стромкае, цяглае (разм.), чырвонае  голае, крываватае, крывое, пахілае, сухое, счарнелае, танклявае, тонкае, цёмнае, чорнае.

А ці ты выстаіш, круча-любоў, Тая, якой мы баімся і самі, Як белакорае дрэўца гадоў Над маразамі і над слязамі (Я.Янішчыц). Паглядзелі, як весела гарыць агонь... як шырока раскінуліся над намі пышныя кроны высокіх дрэў (В.Вольскі). На паўнеба жыхнула маланка... Галінастае вогненнае дрэва з грукатам і бляскам упала на зямлю... (Л.Дайнека). Дрэвы густыя ў бліскучых латах, Як вартавыя, вартуюць сады (У.Караткевіч). Захар нічога не ўгледзеў сярод зялёных маладых дрэўцаў (А.Савіцкі). Добра пад бярозай! Заплюшчыш вочы, і тады разгалістае зялёнае дрэва ўявіцца мачтай (І.Навуменка). Хутка вясна! Гэта значыць — пара для яе Гнёзды бусліныя ўзнесці на стромкія дрэвы (М.Танк). Стары бор. Сасонка з сасонкай гаворыць. Усе дрэвы рослыя, цяглыя (“Беларусь”). Ён паглядзеў у акно, за якім стаялі дрэвы, высокія, голыя падбеленыя з аднаго боку мокрым ліпкім снегам (І.Мележ). Дрэвы голыя, цвёрдыя (А.Куляшоў). Здаецца, вада бліснула за камлём старой бярозы, што расце неяк адзінока, паадсунуўшы ад сябе ўсе танклявыя крываватыя дрэўцы (А.Савіцкі). Купкі белаватых вербаў... гусцеюць, упіраюцца ў пахілае разгалістае дрэва (А.Савіцкі). Сухія дрэвы на пагосце Паданнем цёмным зацвілі (А.Пысін). Пякліся яблыкі. І цень Адама Віднеўся між счарнелых голых дрэў (А.Пысін). Пацягнулася тонкае дрэўца, І туды і сюды трапянецца — Не хапае апоўдні святла (А.Пысін). За сцяною цёмных дрэў уздыхі (А.Пысін). Дрэвы, чорныя ад дажджу, густалістыя і разложыстыя, нагадвалі нейкія пабудовы (М.Лынькоў).

2. Пра ўзрост, век (дрэва): адвечнае, векавое, векавечнае, маладое, пасталелае, спрадвечнае,сталетняе, старое.

Проста маленькім ялінкам добра ў цяні адвечнага дрэва (У.Караткевіч). Векавыя дрэвы схілілі вершаліны свае... (Т.Хадкевіч). Уражвае... задумлівае маўчанне векавечных дрэў (А.Ліс). На высокім беразе вышэй ад усіх кустоў узнімалася маладое дрэўца (К.Чорны). Я ў сустрэчу верыў і не верыў, І вось іду між пасталелых дрэў, І нечакана ў асеннім скверы Адзінага знаёмага сустрэў (С.Грахоўскі). Сталетняе дрэва. Раскошна галіны У зелень убрала вясна (Я.Колас).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (дрэва): высакароднае, гаманлівае, гаманкое, запаведнае, магутнае, мілае, мудрае, новае, падмаляванае, памаладзелае, пявучае, радаснае, рознаплямённыя (мн.), роднае, свежае, ціхае, цудоўнае  адзінокае, гаротнае, горкае, дрогкае, закіданае, згалелае, змаркатнелае, змрочнае, маўклівае, мокрае, надакучлівае, напаўструхнелае, незнаёмае, нямое, соннае, стомленае, струхнелае, сумнае, тужлівае, хлуслівае.

Толькі на Палессі можна ўбачыць такія... запаведныя зборышчы высакародных дрэў (В.Вольскі). Ён [Іван] любіць і гэтую цесную глухую дарогу, і змрочныя, гаманкія дрэвы і кусты (Б.Сачанка). Ноч... плыла. Дагаралі сілуэты вежаў, Незнаёмых запаведных дрэў (А.Пысін). Я вучань, першакласнік я нясмелы, Вучуся ў мудрых дрэў... (А, Пысін). А дрэўца мілае ў куточку сумуе ціха... (П.Пестрак). Напэўна, навальніца некалі скалечыла гэтае рослае, магутнае дрэва (Т.Хадкевіч). Вакол возера, як вежы, стаялі мудрыя дрэвы — дубы (Я.Колас). Час адлічваюць новыя дрэвы, Што ў сярэдзіне веку ўзышлі (А.Пысін). На чысценькай вуліцы, на памаладзелых падмаляваных беллю дрэвах, на дахах ляжаў першы мяккі сняжок... (І.Мележ). О, не сячыце дрэў гэтых пявучых, Калі свае любіце песні (М.Танк). Як паміралі людзі, — дрэвам Перадавалі галасы. І дзед мой лёгкую калыску Зрабіў з такіх пявучых дрэў (В.Вярба). Сабраліся, нібы на з’езд Рознаплямённыя дрэвы (П.Макаль). Прыемна пахне тут смалою І свежым дрэвам, хваіною (Я.Колас). Сям-там цьмяна стракацела кустоўе, адзінокія палявыя дрэўцы... (В.Быкаў). Дрэва горкае ў скверы, бывай! (Е.Лось). Мне ўслед чародкі дрогкіх дрэў Самотна галлё заламалі (П.Макаль). Спярша нават здавалася, што гэтае закіданае адзінокае Дрэва стаяла з боку жыцця — больш гібела, чым жыло... (Я.Колас). Дзе-нідзе трапляліся цэлыя дзялянкі зусім згалелых дрэў, і лес сумна хваляваў пустэчай (І.Мележ). У парку — лістапад. Стаяць маўклівыя, сонныя дрэвы (М.Дзелянкоўскі). Спачатку вецер... паабтрасае апошнія лісты з мокрых дрэў (Я.Сіпакоў). Гаспадар круціўся з боку на бок, дарэмна прыжмурваў вочы і зусім змучаны бяссонніцай кляўся заўтра ж знішчыць надакучлівае дрэва (В.Гардзей). На лютаўскіх бульварах такія нямыя дрэвы... (У.Караткевіч). Ходзяць зоры над краінай, Дрэвы стомленыя спяць, Толькі маці з любым сынам Будзе доўга размаўляць (П.Глебка). Плоткай іграючай быстры мой човен Выплыў, мінаючы сумныя дрэвы (М.Танк).

* Дрэва-аднагодак, дрэва-манумент.

А люблю вясной глядзець на вішню, Нават на сырое бервяно. Як святлее дрэва-аднагодак... (А.Пысін). Рукі твае дакранаюцца да кары дрэваў-манументаў, галубяць кожны ліст на прырэчнай каліне (У.Караткевіч).

@

ДУБ. 1. Пра вышыню, таўшчыню, магутнасць ствала, крону (яе форму); пра колер [дуба]: вынослівы, выносны, высокі, гонкі, гузаваты, дзябёлы (разм.), дужы, звязісты (разм.), каранасты, каржакаваты, кашлаты, кражысты, крамністы (аўт.), купчасты, магутны, мажны, моцны, пакручасты, плячысты (аўт.), прысадзісты, развіслы, разгаты (разм.), разложысты, расахаты, раскідзісты, роўны, стройны, танклявы, таўшчэразны, тоўсты, шыракаплечы (аўт.); жаралісты (аўт.), жоўты, зялёны, медналісты, сівавата-замшэлы, чорны.

Стройны, вынослівы [дуб], толькі невялічкі венчык галін гайдаўся ў вільчыку (Б.Сачанка). На горцы стаялі старыя выносныя дубы (Я.Колас). На ўскрайку лесу Ніна ўбачыла высокі, раскідзісты стары дуб (І.Новікаў). Тры магутныя дубы, мо самыя раўнюткія, гонкія, тоўстыя, самыя дуброўныя крапакі ляжалі (В.Карамазаў). Вось сашчапіліся два адвечныя асілкі: магутны, прысадзісты, гузаваты, звязісты дуб з таўшчэзным і высачэзным вязам (Я.Колас). Вось яна: нешырокая, але доўгая дзялянка... з роўнымі радамі не надта высокіх, але дзябёлых, прыгожых... маладых дубоў (І.Шамякін). Буду ехаць бітым гасцінцам, выйдзе з бору сасна пакланіцца. Нават бусел з дужага дубу прывітае (Д.Бічэль-Загнетава). Свой дубок Андрэй знайшоў лёгка. Маладзенькі, занадта танклявы, каб яго падперці плячом, але стаяў ён зручна... (В.Карамазаў). Дуб галлё распусціў каранасты над ім, Сухазелле ў грудзі ўпілося (Я.Купала). З краю лес высокі: Тут жа, каля хаты, Дзве старыя вербы, Дуб каржакаваты (Я.Колас). Чуеш — бусел клякоча над дубам кашлатым? (К.Буйло). Я вырашыў трохі адпачыць, паставіўшы веласіпед каля векавога кражыстага дуба (“Маладосць”). Пачынае вясна Сем славутых гадоў, Садзяць людзі на згад Сем крамністых дубоў (П.Броўка). Гляджу на дуб я на зялёны... Стаіць мажны, стаіць прыгожы (П.Броўка). Ускрай Глушаковага надзелу стаяў малады, ужо моцны дубок (І.Мележ). А дуб пакручасты... стары, краявід псуе (В.Карамазаў). Дубоў плячыстых тугое вецце Сплятае з ценяў прывідны невад (Р.Барадулін). Там-сям пападаліся... развіслыя таўшчэразныя дубы (Я.Колас). Перад вачыма паўставалі знаёмыя мясціны: і мілая рэчка... і паплавы з рэдкімі купчастымі дубамі (Т.Хадкевіч). Пад разгатым дубам шум і гоман За ўсе гады. ў першы раз (А.Астрэйка). Сілачом стаіць дуб разложысты (Я.Колас). З Белавежскай пушчы-хаты. Выпраўляў дуб расахаты Маладых сыноў — Слаўных жалудоў (М.Танк). Чуецца гоман мне спелае нівы., Ціхая жальба палёў, Лесу высокага шум-гуд шчаслівы, Песня магутных дубоў (Я.Колас). Унь гурт дубоў шыракаплечых — Стаяць, нібы на нейкім вечы (Я.Колас). Дзіця... паднялося на ўзгорак — і зноў шыры.ня свету — зялёныя хвоі, жоўтыя дубы... (К.Чорны). Маё сэрца, маё вока Цягне жаралісты дуб высокі, Колісь поўны. сілы (Я.Колас). Навакол, як пабачыш, След пажары.шчаў чорны... Ні дубоў медналістых, ні ліповых прысадаў, Ні гаёў над ракою, Ні зялёнага саду (П.Броўка). Ясна і высока сінела чыстае неба. У высь да яго са старых сіваватазамшэлых дубоў цягнуўся гонкі бярэзнік (В.Адамчык).

2. Пра ўзрост, век (дуба): адвечны, векавы, вячысты (паэт.), малады, многавяковы, сівы, сталы, старасвецкі, стары, стогадовы, шматвяковы, шматгадовы.

Між адвечных дубоў... [месяц] У высокай траве прытаіўся (К.Буйло). Вакол сялібы дазорам стаяць векавыя дубы (Я.Брыль). Па-над рэчкай дуб вячысты Не схіне ніводным лістам (Я.Колас). Побач з ёй [бярозай] рос малады дуб (В.Жуковіч). Роўная дарожка, высаджаная ліпамі, высокія многавяковыя дубы. пазіралі, як здавалася студэнту, тужліва... (Я.Колас). Люблю сівых дубоў калоны І соснаў стромкія ствалы... (С.Грахоўскі). Гаспадаром рассеўся добра-такі сталы дуб (Я.Брыль). Старасвецкія дубы, магутныя, як каменныя горы., стаялі над мураваным скляпком (К.Чорны). Хоць тут мясцінка гожа, міла І так гарнула, так хіліла К сабе і лесам, і лугамі, І старасвецкімі дубамі! (Я.Колас). Год за годам прамінае, Зеестак дуб стары чакае З дальніх ніў, палёў Ад сваіх сыноў (М.Танк).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (дуба): велічны, думны, задумёны (разм.), зграбны, казачны, мілы, мужны, несмяротны, неўміручы, паважны, слаўны, спакойны, фар-

сісты  асірацелы, грозны, журботны, знявечаны, маўклівы, самотны, сумны, хмуры (разм.), шумлівы, шумны.

Шумяць маладыя бярозкі і велічны, несмяротны дуб (Я.Брыль). Вы [кіпарысы] заместа ядлоўцу і думнага дуба, што растуць на радзіме Максімавай, любай... (Е.Лось). Стаіць дуб палыселы, няма на ім кроны.; Самотны, журботны, і ўвесь задумёны. (Я.Колас). У лесе хвоям трэба было цягнуцца адной перад адною: там раслі зграбныя дубкі і паважны.я грабы. (Я.Колас). Пад казачным дубам над Нёманам сінім хлапец прызнаваўся ў каханні дзяўчыне (Д.Бічэль-Загнетава). Гэта быў акраек лесу, таго самага лесу, дзе і цяпер стаяць такія мілыя, слаўныя дубы (Я.Колас). І прырода адплаціць дабром:

неўміручымі дубамі, стронгаеымі рэкамі, якія так ласкава мыюць пыльныя ногі, сонцам і крыштальным небам... (У.Караткевіч). Ты [дуб] і мужны і дужы такі, Тваю сілу ўслаўляюць лясы (А.Астрэйка). Дубы стаялі маўклівыя, лаважны.я, ні адзін лісток не трапятаўся на іх (І.Шамякін). Векавыя дубы стаяць... спакойныя ў сваёй велічы (І.Шамякін). Падперазаў фарсісты, дужы дуб Зялёны пояс хмелю з кутасамі (Р.Барадулін). Асірацелыя старыя дубы ў чорных шапках бусліных гнёздаў спакойна стаялі, не варушачы. ніводным лістам (Я.Колас). Па-над знявечаным дубком не вецер стогне — я! (П.Броўка). Чуліся галасы. начны.х птушак, лесавыя шолахі, нечыя дзіўныя ўздыхі, нібы ўздыхала зямля і ціха перашэптвалася з маўклівымі дубамі (М.Лынькоў). Застаўся попел ды. пясок, Ды сумны дуб непадалек, Што вартаваў калісьці дом (П.Броўка). Пра маладосць пяюць бярозы, Пра вечнасць — хмурыя дубы. (А.Бачыла). Я аддаў яму хлеб І вось стаў за дуб шумлівы І гляджу, як бяжыць да калёс Хлопчык з хлебам (А.Куляшоў).

* Асілак-дуб, бацька-дуб, волат-дуб, дуб-адзінец, дуб-велікан, дуб-вядун, дуб-двайнік, дуб-дзед, дуб-крапак, дуб-сталетак, цар-дуб.

А над бярозамі, быццам закрываючы іх ад ветру, стаяў асілак-дуб (М.Шыманскі). Па-над абеліскамі-слупамі Дуб-асілак з гордай галавой, Тройчы расстраляны перунамі, Выглядае вежай вартавой (М.Аўрамчык). Стаіць і расце вялікі бацькадуб (У.Караткевіч). Гэта былі... раскошныя зялёныя паплавы, на якіх стаялі волаты-дубы (Т.Хадкевіч). Сям-там відаць цёмна-зялёныя астраўкі яшчэ нярослага дубняку і дубы-адзінцы (Я.Брыль). Дорага ўсё да драбніц!... Люстра лясной азярыны, Дуб-велікан у лагу... (Н.Гілевіч). У дуба-ведуна з-пад кораня Прабілася бруістая крыніца (Р.Барадулін). У лагу будзе малады, высокі і прыгожы дуб-двайнік (А.Кудравец). Дубы-дзяды імшэлыя — ледзь золак, і яны На дудках перагукваюцца з гуслямі вясны (А.Александровіч). І дуб-крапак, і куст малы Стаяць у мудрым задуменні (Я.Колас). Паміж палёў, дубоў-сталетак, Каля празрыстага Дняпра Ляжаў выгнання шлях паэта (А.Александровіч). Цар-дуб каржакаваты з сасной свае камлі У некалькі абхватаў Ўзаемна абвілі (М.Аўрамчык).

@

ДУБРОВА. Невялікі лісцёвы ці дубовы лес; гай.

1. Пра колер, гушчыню, вышыню, убранства; пра ўзрост (дубровы): барвова-залатая, барвовая, высокая, вялікая, густалістая, густая, жоўтая, залатая, празрыстая, пышная, светлая, сярэбраная, цёмналістая, шыракалістая; векавая, вячыстая, паўвекавая, спрадвечная, старая.

Быў час, калі адспявалі ўжо птушкі, і невялікая дуброва за рэчкай ззяла на сонцы: то барвовая, то жоўтая, то нават барвова-залатая (“Беларусь”). Толькі на Палессі можна ўбачыць такія вялікія і прыгожыя дубровы... (В.Вольскі). Замірае, сціхае Мая залатая дуброва (Н.Гілевіч). На самым беразе раскінулася пышная густалістая дуброва (К.Кірэенка). У дубровах светлых Народ мой катаў падсцярог (М.Аўрамчык). Па рацэ Свіслачы і яе прытоках, за Мар’інай Горкай і пад Асіповічамі масівы нашых сасновых бароў у поймах рэк і на лагчынах перавівалі цёмналістыя, шыракалістыя паўвекавыя дубровы (Я.Семяжон). Нібы сімфонія жывая Ці таямнічасць нечых дум, Шуміць дуброва векавая (А.Бачыла). Яны [дубы] тут, у вячыстай дуброве здаўна раслі (В.Карамазаў). Я часта гасцюю ў спрадвечных дубровах (М.Танк).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (дубровы): вясёлая, галасістая, дзівосная, задумлівая, звонкая, лясістая, прыгожая, родная, салаўіная, цудоўная, чароўная  асмужаная, журботная, сонная, сумная, цёмнашумная, шумлівая, шумная.

У дуброве звонкай, салаўінай Я сустрэў каханую дзяўчыну (“Маладосць”). Якія дзівосныя нашы беларускія галасістыя дубровы! (К.Кірэенка). Шум стаіць над лясістай дуброваю, Быццам рада аб нечым ідзе (Я.Купала). Толькі з роднага долу, Толькі ў роднай дуброве — Як не дрэвам, хоць кветкай Прарасту для жывых (Н.Гілевіч). Толькі на Палессі можна ўбачыць такія... прыгожыя дубровы (В.Вольскі). Мы спыніліся ў цудоўнай залатой дуброве (В.Вольскі). Сонца нізка навісла над асмужанымі дубровамі (С.Грахоўскі). Над разлогамі ніў хутка-шыбка ён [месяц] плыў, Прытаміўся над соннай дубровай (К.Буйло). Там бацькава хата ў гаі, Дзяцінства прыгожыя вёсны, Дзяўчына, з якою хадзіў Паміж цёмнашумных дуброў (П.Броўка). Для мяне ўсё нова: палявыя ночы, Шумныя дубровы, Нёман і начлег (А.Александровіч).

@

ДУМКА (дума). Разважанне, роздум; тое, што з'явілася ў выніку развагі, роздуму.

1. Пра думкі (думы) вялікія, значныя, узвышаныя: агнявая, блакітная, велічная, вольная, высокая, дзівосная, дзіўная, залатая, залацістая, крылатая, прыгожая, радасная, свабодная, светлая, святая, чаруючая, чыстая, шчасная, ясная.

Ты цягнулася да яе [Радзімы] усім сваім дзіцячым сэрцам, чыстымі, блакітнымі думкамі дзіцяці (М.Лынькоў). Радкі высокіх дум не нікнуць у знямозе (П.Броўка). Можа з гэтых чысцюткіх крыніц, Верасоў, траў духмяных і соснаў Ты па кропельцы ўзяў, Каб з драбніц скласці гмах сваіх думак дзівосных (М.Калачынскі). Родзяцца ў сэрцы дзіўныя думы, Хочацца пушчу паслухаць, паняць (Я.Купала). Бачыў я тваіх рэк сінь і сталь, Думаў думу з табой залатую (А.Дудар). Ой, так думкі снавалі залацістыя мы, Покуль нам не сагналі беды гэтыя сны (Я.Купала). [Дубы] постаць згадалі бунтарскую, рысы задумнага твару, Думы паэта крылатыя, Тыя, што нішчылі хмары (П.Броўка). А ў душы прыгожыя, Чыстыя і светлыя Думкі-мары бліскаюць, Нібы, зоркі снежныя (Н.Гілевіч). У сэрцы поўна думак радасных і кволых (К.Буйло). Ваш брат і цёмны і галодны: Хацінка свой зжывае век: І век не знаў ён дум свабодных, І крыўдзіў свой брат — чалавек (Я.Купала). Светлых думак гнаць не хоча Маладосць-краса (Я.Купала). Не! Душа ў вас [сяброў-выгнаннікаў], Сэрца — добрыя, Думкі чыстыя, Мыслі ясныя! (Я.Колас). У іх [песнях] арліныя крылы чаруючых думак баяна (Я.Колас). Я думаю шчасную думу, Атулены ласкай начной (А.Звонак).

2. Пра думкі (думы) сумныя, пакутлівыя: абразлівая, балючая, безнадзейная, бязрадасная, гаротная, горкая, жорсткая, журботная, злая, злосная, ліхая, маркотная, напружаная, невясёлая, недарэчная, неўвароткая (разм.), нудная, няздзейсненая, паганая, пакутлівая, прыкрая, самотная, скрушная, сумная, суровая, трывожная, турботная, хворая, хмурная, цёмная, цяжкая, чорная, шурпатая.

“Даруй, Сашок”, — ціха папрасіў ён прабачэння за свае абразлівыя, недарэчныя думкі (І.Шамякін). І раптам знікла цяжкая і балючая думка, што яна [жонка] загінула (А.Кулакоўскі). І тысячы самых розных думак праносіліся ў галаве дзяўчыны, думак горкіх і светлых, радасных і безнадзейных (М.Лынькоў). Бязрадасныя думы апанавалі старую жанчыну (А.Пальчэўскі). Думкай горкаю, Невясёлаю звіс туман сівы над балотамі (Я.Колас). Замаўкаюць абодва. І ў кожнага думка жорсткая, шурпатая (М.Лынькоў). І розныя думкі, лёгкія, як цені хваёвых галінак, журботныя, як курлыканне журавоў у небе, снавалі ў яго [Лабановічавым] сэрцы (Я.Колас). Бачыш слёзы ты [месяц] людскія, Як яны з расою льюцца, у тумане думкі злыя Горкім плачам аддаюцца (Я.Колас). Калі Міхайла Іванавіч быў не ў гуморы, то Ксеня Паўлаўна прымала ўсе меры, каб вярнуць мужу спакой душы і адагнаць яго ліхія думкі (Я.Колас). Думы маркотныя, думы гаротныя, Труціце быт мой сірочы... (Я.Купала). Глыбока запалыя вочы яго [параненага] свяціліся напружанай думкай і дапытлівасцю (І.Новікаў). Я гнаў невясёлыя думкі, але адчуванне страшнай трывогі не адыходзіла (І.Мележ). Горкія мне песні толькі дасталіся, Многа думак нудных, Слёзы каб ліліся (Я.Колас). Дум няздзейсненых чуеш палёт (А.Пысін). Грышка падняўся, азірнуўся і пачаў свістаць, каб адагнаць паганыя думкі (Я.Колас). Каму з нас прыйшла прыкрая думка палохаць ластавак, не памятаю (А.Пальчэўскі). Ляжа спаць, укрыецца аўчынаю, — Ад самотных дум знікае сон (П.Панчанка). Астаткі крыўды, шкадавання, Ды думка скрушная, з якой Даўно змірыўся (Н.Гілевіч). Зняў пілотку ля помніка з думай суровай (П.Панчанка). Трывожныя думкі дарог заўсёды вядуць да цябе (Д.Бічэль-Загнетава). І гэтак штоночы, Да першай зарніцы, Калі непагоды гудуць, Адна за другой Да заходняй граніцы Турботныя думкі лятуць (П.Глебка). Ціхне на душы змаганне хворых дум... (М.Багдановіч). Эх ты, лета гарачае, бурнае! Ажыўляеш ты поле і луг. Люба, думкі пакінуўшы хмурныя, На свет выйсці ды глянуць... (Я.Купала). Цяжкіх дум, горкіх дум Зваяваць не магу (Я.Купала). Загараліся шляхі зорныя — Зоры зорныя над паласой: Пазбіраліся думы чорныя — Хмары чорныя над галавой (М.Танк).

3. Пра накіраванасць, характар думак: адвечная, белая (паэт.), бязважкая, важкая, вечная, вясенняя, ганарліва-задаволеная (аўт.), гарэзлівая, гаючая, далёкая, духмяная, жывая, знаная (разм.), імгненная, маладая, мройная, няскораная, няўлоўная, няясная, павольная, патаемная, пралётная, радасна-пякучая (аўт.), разважная, руплівая, сталая, творчая, трапяткая, трывожна-салодкая (аўт.), фантастычна-неверагодная, ціхая, шчырая, шырокая  адчайная, атрутная, беспрасветная, бесталковая, бяссонная, вірлівая, дзёрзкая, дзікая, жалем выліваная (аўт.), ліхаманкава-адчайная, ліхаманкавая, маркотная, неакрэсленая, неспакойная, неўсвядомленая, нудная, няўтрымная, панура-злосная, панурая, прытупленая, пякельная, страхавітая (аўт.), супярэчлівыя (мн.), суцяшальная, упартая, чужынская (разм.), шэрая, ясна-балючая (аўт.).

І плывуць, адплываюць чаўны Дум адвечных, як мора шырокіх (П.Трус). Ціха, так ціха — ні ветру, ні шуму... Быццам лес белую думае думу (М.Танк). Было хораша і зручна сядзець на сене... аддавацца мройным, бязважкім думкам (А.Асіпенка). Поўны важкіх дум, ён [Васіль] задрамаў толькі пад світанне (І.Мележ). А ці думы вечныя прыйшлі Аб краіне, Ворагам забранай? (П.Глебка). Яшчэ ніяк не страчаны запал, Яшчэ шумяць вясенніх думак рэкі (А.Бачыла). За клопатным роздумам пра яе [Ганну] таілася ў бацьку ганарліва-задаволеная думка — завіталі, кланяюцца... (І.Мележ). Іншы раз узбрыдала Міканору гарэзлівая думка (А.Кулакоўскі). Гаючая і суцяшальная думка, што Кулеш жывы і выратуе Рэнату, імгненна аддаліла бяду (А.Савіцкі). І раптам прыходзяць далёкія, ціхія думы (Я.Скрыган). Толькі думы думныя чуюць хмары буйныя, Хвойкі, елкі шумныя (Я.Купала). На кожным уроку ў прыцішаным гуле ўсяго класа гучыць, як срэбная песня жаваранка, голас жывое, трапяткое думкі (В.Вітка). Ціснуць думы знаныя, жалем выліваныя (Я.Колас). Мільганула [у Петрыка] нейкая думка ў галаве, няясная і неакрэсленая, імгненная, як маланка (Я.Колас). Ой, сябры мае... Дзе цяпер вы, дарагія? Ці схавалі свае сілы? Ці ёсць думкі маладыя? (Я.Колас). Шуміць цёмны лес. Без канца яго шум. І я ад людзей не ўтаю: Адну з яго шчырых няскораных дум Пазычыў я ў песню сваю (К.Кірэенка). Нейкая няўлоўная і неўсвядомленая думка стала карцець яму [Лабановічу], разганяць добры настрой (Я.Колас). Гэтыя павольныя і разважныя ў цішыні думкі чалавека раптам прыпыніліся ад далёкіх раскацістых стрэлаў (В.Быкаў). Затое — ад вобраза простай жанчыны, ад матчынай яе слязы, ад смаку вясковага чэрствага хлеба зноў ажывалі яго, Алесевы, патаемныя думкі (Я.Брыль). Ці вымкну я птушкаю з думкай пралётнаю На тое поле, на роўнае тое, Ці ўгледжуся ў хату ўбога-маркотную — Сумна мне бачыць гора людское (Я.Купала). Ён ішоў, здалёк назіраючы за дзяўчынай, і думаў сваю радасна-пякучую думку (А.Марціновіч). Праходзіць нетаропка гэта лета, Вызвоньвае руплівай думкай час... (К.Кірэенка). Яна ж — Дзіна Сяргееўна... [чакала дзіця]... і думкі пра гэта былі трапяткія, трывожна-салодкія (А.Марціновіч). Як нашу працу не спыніць, Так не спыніць і творчай думкі (У.Дубоўка). Фантастычна-неверагодная думка бліснула ў галаве Сашы: можа, Данік такім чынам падрыхтоўвае яе сустрэчу з Пецем (І.Шамякін). Светлая хмарка, як ціхая думка шчасця, ціха і спакойна плыла ў небе (Я.Колас). Адчайная думка застроміла кухару мазгі, і ён паманіў князёвага ката выстаўленымі пальцамі (М.Гарэцкі). Думкі былі неспакойныя і атрутныя (М.Лынькоў). Нялёгка было распазнаць, калі яна [мама] плача, а калі спачывае ад слёз, зноў снуючы беспрасветную думку (Я.Брыль). А думкі, бесталковыя, дзікія думкі, заварушыліся ў ім скора-скора, як снег, які з усіх бакоў так бязжаласна сыпаў на Васіля (Я.Колас). Праяснілася вірлівая думка, што трэба нацягнуць на галаву кофту, каб не чуваць было кашлю (А.Савіцкі). Няўжо не падкажа Быліна, Як дзёрзкаю думкай Акінуць мяжу Абсягаў тваіх, Украіна (Р.Барадулін). Цяпер бурна, страшна мора! Хваля поўна дзікіх дум (Цётка). Захлынаючыся ад сухіх рыданняў, якія раздзіралі горла, аднымі ліхаманкава-адчайнымі думкамі ён раджаў гэтыя радкі на свет (У.Караткевіч). Кроў здавалася густой і цяжкай, як ртуць. Яна цякла павольна, нараджаючы панура-злосныя, амаль ліхаманкавыя думкі (У.Караткевіч). Думы ўзнімаюцца, думы маркотныя (Я.Купала). Разам з ветрам, з халадамі Думак рой к нам наляціць, — Нудных думак, неспакойных, — Сэрца беднае сушыць (Я.Колас). Стэпа прачнулася і падняла з сабою ўчарашнія думкі. Ні каліва не прытупленыя, ясна-балючыя, няўтрыманыя, трывожныя (Ц.Гартны). Віктар... забыўся на свае панурыя думкі (А.Асіпенка). Колькі патрэбна было перадумаць думак і дум — пякельных і горкіх, — каб дачакацца вось гэтага берага (К.Кірэенка). Упершыню пасля запальчывага ўзрушэння з’явілася страхавітая думка: куды? Куды яны яго вязуць? (В.Быкаў). Супярэчлівыя думкі таўкліся ў галаве ў Васіля (Б.Сачанка). Так ён [кравец] і астаўся стаяць... апанаваны новай І ўпартай думкай (К.Чорны). Таймуючы тугу і здраду Чужынскіх дум, Варожых дзей, Мы падымалі барыкады, Каб вораг не прайшоў нідзе (П.Глебка). Думы шэрыя Таццяніны нявесела На бярозах падарожных ноч развесіла (М.Танк).

* Думка-маладуха, думкі-весялушкі, думкі-задумы, думкі-жаданні, думкі-летуценні, думкі-лятункі, думкі-маланкі, думкі-мары, думкі-парывы, думкі-ўзоры, думкі-ўспаміны, думы-імкненні, думы-пчолы, кветкі-думкі, лятункі-думкі, чараўніцы-думкі  думка-роздум, думка-смутак, думкі-трывогі, клопаты-думкі.

Думкі, думкі-весялушкі! Скуль вы ўзяліся, што ў душы, як тыя птушкі, Песняй азваліся (Я.Купала). Сонца ўздымаецца раннем, сыплючы промні сустрэчы, З сэрцаў, вачэй, з думак-задум чалавечых (П.Броўка). Новая думка-жаданне нечакана з’явілася ў яе [Сцепанідзінай] галаве (В.Быкаў). Луналі думкі-летуценні Над ціхай Свіслаччу маёй (А.Александровіч). Скінь, мой дружа, пыху з сэрца, Скінь, вазьмі паслухай, Што хачу тут расказаці Думкай-маладухай (Я.Купала). Шмат снавалі мы кросен шаўковых З нашых думак-лятунак і мар (Я.Колас). Ты [ледакол] здзейснены водгук... думак-лятунак, Што выкрасаў з сэрца... (П.Броўка). А ў думках-марах столькі сонца, блакіту і зеляніны (Я.Брыль). Дні маладосці, Думкі-парывы, Узносце, узносце Да зорак шчаслівых Мае запаветныя спадзяванні (В.Вітка). Маці шые-вышывае... То барвенкам наплываюць Думкі-ўзоры на канву (А.Александровіч). Мяккай згоднай чарадой плывуць думкі... Думкі-ўспаміны (М.Зарэцкі). У сэрцах людскіх агнявыя напевы, Бо можна забіць, растаптаць чалавека, Ды нельга забіць яго думкі-імкненні (К.Кірэенка). Я кожны дзень бяруся за пяро — І прылятаюць думы-пчолы роем... (К.Буйло). Дзе вы, другі-аднадумцы? У якіх шыротах, далях? Мне пра вас лятунка-думка Звычай даўні прыгадала (А.Звонак). Абступілі чараўніцы-думы, Маладосці светлыя ўспаміны... (А.Звонак). Праблукаў я ўсю ноч да відна Думкай-роздумам светлым, Радзімы цяплом абагрэты (А.Звонак). Сцішна ў вёсцы. Думка-смутак часта душу томіць (Я.Колас). Захопленая думкамі-трывогамі, узрушаная невядомасцю, якая прыйшла к ёй разам з Карчамі, Ганна ўсё стаяла на агародзе (І.Мележ). ...Усё шчыльней агарталі яго [старшыну] клопаты-думкі (В.Быкаў).

@

ДУХ. Пах, водар: адвечны, гарачы, гаючы, жыватворны, жыватворчы, калядны, магічны, малады, настоены, настойна-смаляны, святочны, смачны, старажытны, таемны, усемагутны, усеўладны, хлебны, цёплы  грозны, злосны, злы, кіслы, марозны, млявы, нафталінавы, панскі, прытарны, спёрты, сярдзіты, тленны, цяжкі.

І вось у твар дыхнула цёплым, Адвечным духам збажыны (Н.Гілевіч). Ад печы несла гарачым, смачным хлебным духам (Я.Колас). Спяшайцеся, брацці, расою халоднай Ваш твар выразлівы абмыць І дух той гаючы палёў, нівы роднай У грудзі чым больш захапіць (Я.Колас). Спевам-гоманам і звонам Поўніцца ўвесь луг, І дрыжыць над ім, зялёным, Жыватворчы дух (Я.Колас). Святочны, старажытны дух калядны, Магічны дух язычніцкіх акрас, Смалення дух, дух кмену і каляндры... Калісьці ўсемагутны, усеўладны, што ж на “куццю” ты не збіраеш нас? (Н.Гілевіч). Пахла жывіцай, цягнула настоеным духам лесу (В.Карамазаў). Таму і жыць, і жыць мне тут заўсёды, Любіць твой [зямлі] дух настойна-смаляны (Я.Янішчыц). Шлях-гасцінец. Старасвецкія бярозавыя прысады загінаюцца ўправа, а адтуль ужо спрадвеку патыхала панскім духам: Глухенькае месца, панскае і шляхечае гняздо (К.Чорны). І гэтая цішыня, і таемны густы дух лесу хвалявалі — радавалі і трывожылі (З.Бядуля). Вядома, марозны дух грозны, Вядома, вядома — зіма (А.Пысін). [Дзед] венікі — злосны дух абнаўлення — Мурашынай дарожкай нясе (А.Пысін). Пахне потам чалавечым... Цяжкі, спёрты, кіслы дух... (Я.Колас). [Клопікаў] старанна выпрасаваў свае лепшыя ўборы і, каб перабіць моцны нафталінавы дух ад іх, спляжыў на сурдут цэлую бутэлечку адэкалону (М.Лынькоў). І нясе сярдзітым духам, Дзікім сіверам зіма (Я.Колас). Маўчала воддаль цэркаўка, не звонячы, Акацый водар ліўся ў тленны дух (Н.Гілевіч).

@

ДУША. Рысы характару, унутраны, псіхічны свет чалавека; чалавек з пэўнымі (тымі ці іншымі) уласцівасцямі.

1. Пра станоўчыя ўласцівасці душы: адданая, адкрытая, асветленая, багатая, бескарыслівая, блізкая, бяздонная, высакародная, высокая, галубіная, глыбінная, глыбокая, далёкая, дарагая, дзівосная, добрая, жывая, залатая, здаровая, іскрыстая, крылатая, крыштальная, лагодная, ласкавая, маладая, мудрая, мяккая, незласлівая, непадкупная, неўміруючая, нявінная, нязломная, простая, прыгожая, пяшчотная, разумная, родная, самаадданая, светлая, слаўная, спагадлівая, спагадная, сумленная, сціплая, цёплая, чулая, чуткая, чыстая, шчодрая, юная.

І хачу, каб з любоўю да краю Паўтарыў ён [сын] маю маладосць, Каб душу меў адданую, чулую (К.Кірэенка). Слязіна радасці пры шчасці, Нібы крышталь ці біруза, Яна вачэй зусім не засціць, Душы асветленай сляза (П.Броўка). І гэтая душа, багатая і слаўная, іншы раз хаваецца пад самым сціплым абліччам (У.Карпаў). Бліжэй за ўсіх у гэтую пару яму стаў Іваноў з яго бескарыслівай самаадданай душой (В.Быкаў). Ні далёкай, ні блізкай душы, — Так бывала з табой? (А.Пысін). З высокіх душ гартуецца планета, Каб душагубам месца не было! (Я.Янішчыц). Прагна я ўглядаюся ў калодзеж, Быццам бы ў бяздонную душу (Я.Янішчыц). Адслужыце па ёй паніхіду — Галубінай душы памін, Морам сонечнага краявіду, Прыдарожнай журбой галін (В.Вярба). Адно я знаю, што пустога слова Не выцерпіць глыбінная душа (Я.Янішчыц). У Боркі ёсць слаўная маці, якая абавязкова навучыць яго іграць... За жыццё шмат усякіх мелодый сабралася ў яе глыбокай душы (К.Кірэенка). І глядзіш маўкліва На дарожку тую, Што нясе ўдалечу Душу дарагую (Я.Колас). Ці прыме яе [Джуліі]... добрая, сумленная дзявочая душа яго суровую праўду (В.Быкаў). Край праўды выгляне з-пад плесні І ўскалыхне душой жывой (Я.Купала). Забраць цябе цалкам, як ёсць ты, такую: гарачае сэрца, душу залатую... (А.Астрэйка). Цяпер мне хочацца, зноў набіраючы сілы, шчыльней дакрануцца да гэтай простай, здаровай душы (Я.Брыль). Стала неяк холадна, сумна, дзіўна ад думкі, што жывога чалавека, з яго глыбокай іскрыстай душой... замкнулі ў камень і метал шматлікіх помнікаў (Я.Брыль). Ляціце, крылатыя душы, Спявайце, крылатыя душы! (П.Панчанка). ...Рыму называлі... героем, патрыёткай, крыштальнай душы дзяўчынай (А.Васілевіч). Жывога розуму дзяўчына І шчодрай, ласкавай душы (Н.Гілевіч). Надакучліва, сумна, з надрывам плача нябачная кнігаўка... Гэты плач... змушае прызнаць яго нечым зусім неразлучным з расой, і травой, і паўцемрай, і смуткам, які агарнуў маладую душу... (Я.Брыль). Ты пішаш мне спакойныя запіскі Збалелым цельцам мудрае душы (Я.Янішчыц). Што ж за дзіва, што нашай душой неўміручаю стала [мова]? (Н.Гілевіч). Савельеў глядзіць на мяне з фотаздымка, і ў вачах яго тая самая простая і сціплая, разумная душа (Я.Брыль). Толькі на гэтай зямлі мог нарадзіцца [Купала] чалавек з прыгожай душой (У.Караткевіч). Пялёсткі кволыя сціскаюцца У кулачкі вільготныя. Цюльпаны ўноч абараняюцца, Душу хаваючы пяшчотную (В.Вярба). Плача [каласок], што дарэмна Тут расце ў глушы, Што нідзе не згледзіш Роднае душы (Я.Колас). Аж скаланецца раптам сэрца, Ліхой збаяўшыся мяжы, І так захочацца пагрэцца Ля ўласнай цёплае душы (М.Стральцоў). На Сымонку даўно ў хаце Усе махнулі ўжо рукой, Не радзіцца б лепш дзіцяці З такой чуткаю душой (Я.Колас). Мне насустрач здалечы Лесам песня ішла. Вечаровай часінай зазвінела ў глушы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. (Н.Гілевіч).

2. Пра адмоўныя ўласцівасці душы: азмрачнелая, акамянелая, апусцелая, аслеплая, васковая, гнілая, дваістая, дзікая, дробязлівая (аўт.), дробязная, жабрачая, заскарузлая, застылая, змучаная, камарыная, каменная, крывая, маркотная, мёртвая, ненатоленая, нізкая, параненая, прыспаная, разбойная, сасмяглая, скалечаная, смутная, спусцелая, ссамотненая, счарсцвелая, халодная, хамская, хворая, цёмная, чорная.

У белы свет адкрыты дзверы Для азмрачнелае душы (М.Стральцоў). Прыгадала мне чырвоная асіна Здрадніцу з душой акамянелай (А.Бялевіч). Я на душы васковай маю Жыцця мінулага пячаць... (М.Багдановіч). Я не чакала, што ў цябе такая гнілая душа (У.Дамашэвіч). Я рагачу з Герасіма, пазнаючы ў ім адразу ўсю душу — дваістую, хворую (Я.Скрыган). І ў сіняй нябеснай купелі Душу дзікую ён ахрысціў (М.Багдановіч). Душа твая [Сяргеева] дробязлівая (М.Лынькоў). [Русаковіч:] Вашу заскарузлую душу не кратаюць ніякія довады (К.Крапіва). Вершы пачалі размякчаць Вользіну застылую душу (І.Шамякін). І звёў [лёс]... “Прыслухаўся”, нарэшце, Да крыку змучанай душы (Н.Гілевіч). І раптам пасуравеў Сілівон: “Устань, камарыная душа!” (М.Лынькоў). Грозна нясліся магутныя вашы [зваяваных] клікі, Нават каменныя душы скідалі свой сон (Я.Купала). Скаціўся цяжкі камень гнёту З крывой душы... (Я.Колас). Смутна мне, божа! Куды я ні гляну, Куды ні мчуся з маркотнай душою, Бачу, што шчасця зары не дастану (Я.Купала). Дай хлеб [Максім] душы ненатоленай, Змажы, што маці не змагла (А.Бачыла). Хутка мёртвую душу да жыцця разварушу (А.Александровіч). Ні ласкай, ні мікстураю ніколі Не залячыць параненай душы (С.Грахоўскі). А не трапіць ён [кліч] к душам прыспаным, Вызву гром, перуны — хай памогуць яны (Я.Купала). Баяліся [фашысты] партызан, як агню, і ненавідзелі іх усёю звярынаю злосцю свае разбойніцкай душы (Я.Колас). Маці, як кожная маці, зноў з самага пачатку, пачала рабіць сваю вечную справу: лячыць скалечаную душу сына... (У.Караткевіч). І ты [паэт] душу сасмяглую напоіш Сівой расою з роднага двара (Я.Янішчыц). Гэй, ты, сэрцайка, Не тужы, замры! Душа смутная, Песень не твары! (Я.Купала). Я хачу зберагчы цябе, Матчына песня, Каб запоўніць табою Спусцелыя душы! (Н.Гілевіч). І дзень павекі разамкне... Што для яго пялёстак кволы Ссамотненай душы? (Н.Мацяш). Душы счарсцвелай, быццам сажа, Ужо нічым не дагадзіць (С.Грахоўскі). Лепш быць сляпым або бязногім, Чым мець халодную душу (С.Грахоўскі). Эге, васпане, ды тут змова. О, хаме, хамская душа! Сышоў, як злодзей, і ні слова... (Я.Колас). Душа ты цёмная. Колькі можна парад не слухаць (У.Караткевіч). З табою, свет мой добры, раюся, Як звесці чорную душу (А.Пысін).

3. Пра тэмперамент, сілу пачуццяў; пра характар перажыванняў чалавека: агністая, акрыленая, гордая, крылатая, маладая, моцная, музычная, натхнёная, непагасная, паэтычная, раскаваная, распетая, свабодалюбівая, сільная, страсная, тонкая, цярплівая, чуллівая, шчаслівая, шчасная, энергічная, яркая  адвеяная (аўт.), адзінокая, адчайная, відушчая, горкая, зацятая, збалелая, змораная, кончаная, ліхая, маўклівая, набалелая, надарваная, непакорная, неспазнаная, неспакойная, неўтаймоўная, неўталонная (аўт.), нешчаслівая, няшчасная, няшчырая, пакутная, спапялелая, стамлёная (разм.), уражлівая, устрывожаная, цяжкая, шчымлівая.

Любіў жыццё, свабоду Я душой сваёй агністай (П.Броўка). І неба тое, што калісь Душу акрыленую стала У зорную гукала высь, Над галавою столлю стала (П.Макаль). Продкі пакланяліся дубу і дзічцы, лічылі, што жывуць у іх гордыя душы палескіх мужчын і пяшчотныя душы мясцовых жанчын, ледзь не самых прыгожых на ўсёй Беларусі (У.Караткевіч). Крылатая душа, дай сонцам набрыняць (Н.Тулупава). А маладая, моцная душа яе [Надзеі] імкнулася да шчасця... (М.Лынькоў). Мець у сэрцы трэба мару і натхнёную душу (А.Астрэйка). Сымонава музычная душа спявала разам з прыродай (А.Чарнышэвіч). Другія заплачуць, збяруцца другія ... У золкія ранні і ў ночы глухія Ім свеціць святло непагаснай душы (С.Грахоўскі). Час змываць бруд зімовы з раскаванай душы (А.Куляшоў). Я буду маліцца і сэрцам і думамі, Распетаю буду маліцца душой, Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй (Я.Купала). Душы сільныя Абяссілелі, Сэрцы добрыя Азвярэліся (Я.Купала). [Мастак да Галі:] — Калі не памыляюся, вы... вельмі ўражлівы, з тонкай душой чалавек (М.Ракітны). Хаціну між белых бяроз Запомнілі людзі навек: У ёй гадаваўся і рос [З.Бядуля] Чуллівай душы чалавек (Н.Гілевіч). З глыбіні душы шчаслівай Нясмела, нетаропка і ўрачыста... слова ўсплывае (Г.Бураўкін). Спяць стрыжы... Не будзіце стрыжоў, Душ абвеяных не разбудзіце (А.Пысін). Адчайныя і кончаныя душы, — сказаў я, — але зноў-такі для бою ў шырокім полі” (У.Караткевіч). Цяпер я кірую паўстаннем Сваёй адзінокай душы (Ю.Свірка). Не магу я адмовіць нікому ў радзіме, Калі ўпоцемку стане відушчай душа (М.Лужанін). І цяжкія, горкія душы жывуць на чужой старане (“Маладосць”). Душа зацятая, ліхая, Такіх паноў і свет не знае (Я.Каолас). Над магілай друга не грашы, Гавары ты шчыра і сурова ад імя збалелае душы (В.Жуковіч). І па кроплі, па маленькай частцы Мне ў душу збалелую ідзе Нехаванае чужое шчасце Толькі што спатканых мной людзей (Г.Бураўкін). Цярнёвым шляхам я ішоў, Пакіну томік грэшных твораў, Сагрэтых зморанай душой (Я.Пушча). Нібы глыбіннае свячэнне, Душы маўклівае агонь (В.Вярба). Каму вас, песні, я нясмелы Тут буду пець, снаваць з душы, З душы няшчаснай, набалелай, Аж, змучан, згіну дзе ў глушы? (Я.Купала). Кветкі асеннія, родныя, бледныя! Выраслі вы, каб ураз жа і згінуць. Можа таму-та душа надарваная Гэтак любоўна вянок з вас сплятае (М.Багдановіч). Я, нафта, прабілася лаваю чорнай З чырвоным агнём У душы непакорнай (П.Макаль). Канспект накідваю лекцыйны пра неспазнаную душу (Е.Лось). ...Хмурылася нізкае неба, поўнячы шчымлівай самотай і без таго неспакойную душу дзяўчыны (В.Быкаў). Душу неўтаймоўную поўняць пачуцці начной цішыні (К.Кірэенка). Выберу сёння якую вандроўку, Каб неўталоннай душы дагадзіць (Я.Янішчыц). Злятаюцца думы ў душу нешчаслівую, І вырвецца песня абліта слязой (Я.Купала). Як душы тваёй пакутнай З-пад магільнай пліты Гоман веча ў гуслях чутны, Чутны звон разбіты (Я.Купала). У спапялелую ад гора душу байца дыхнула замілаванай шчаслівай мінуўшчынай... (В.Быкаў). З вышынь гадоў, з жыццёвага ўзвышэння Цяпер гляджу ў стамлёную душу (А.Пысін). У першыя гады жыцця ўражлівая душа дзіцяці спасцігае найтанчэйшыя фарбы і адценні роднага слова (В.Вітка). Устрывожаная душа [Васіля] адгукнулася на гэтыя родныя праявы (І.Мележ). Душы не патрывож Адчайнай і шчымлівай (Я.Янішчыц).

* Душа-камень.

Дык чаму ж напятаю струною Не рыдае сэрца, а пяе? Я яго аб гора разбівала, Аб чужыя душы-камяні (Я.Янішчыц).

@

ДЫМ. 1. Пра форму, стан, шчыльнасць і іншыя характэрныя прыметы (дыму): вільготны, высокі, густы, дужы, красавіцкі, кучаравы, празрысты, ранішні, танюткі, тонкі, хвойны, ціхі, шаўковы  ваенны, грывасты, дрыготкі, кароткі, кволенькі, кволы, кудлаты, кудлаценькі, лянівы, мутны, разрэджаны, рэдкі, слабенькі, слабы, цяжкі.

І валасы [дзеда] ляжалі дымам, І барада — кудлаты дым. Вільготны дым пляскаўся ў вёдрах, — Сцякаў і па масніцах плыў (А.Разанаў). У гэты дзень я ўбачу Праз хмары высокага дыму, Як далёкае сонца, Сваю дарагую Радзіму (П.Панчанка). Перад вачамі пажар вялізны, Густы, цяжкі, ваенны дым (П.Панчанка). З самага ранку перад шчодрым вечарам пацягнуліся ў неба дужыя дымы (І.Мележ). Цябе палохае і кліча Зялёны красавіцкі дым, І незнаёмае аблічча, І бэз пад берагам крутым (С.Грахоўскі). З белых комінаў хат гаманлівых Завіхрыўся дымок кучаравы (Я.Журба). Дым бялявы, дым празрысты Тчэ ў паветры паравоз (Я.Колас). З комінаў на куранёўскіх стрэхах віліся ціхія ранішнія дымочкі (І.Мележ). Дымок танюткі, белаваты Ўжо павіваецца над хатай (Я.Колас). Чаго ж, чаго прыходзіў я сюды, Па звонкі ліст, пад хвойны сіні дым... (А.Пысін). Шаўковыя дымы плылі роўнымі слупамі з каміноў (П.Пестрак). Грывасты дым вісеў над лесам... (А.Савіцкі). Брыгадны стан. Кацёл брыгадны. Дымок дрыготкі ў сіняве (А.Пысін). Дыміцца гліна, Дым кароткі (А.Пысін). Нават калі чалавек, здавалася, назаўсёды пакінуў стойбішча... ён не-не ды і ўбачыць... кволенькі дымок, які адразу ж над чумам зрывае пурга... (Я.Сіпакоў). Плыве кудлаценькі дымок ад папяросы ў дзверы (А.Бялевіч). На лагу за вуліцай лянівы дымок чапляўся за сцены лазні, загінаўся, ападаў на мокрую і парную траву (М.Стральцоў). Сягоння дзён былых паліць не будзем, Каб не панёс чагосьці мутны дым... (А.Пысін). Захар памалу набліжаўся да нізенькай драўлянай будыніны... з пакатым дзіравым дахам, над якім віўся... слабенькі дымок (А.Савіцкі).

2. Пра колер (дыму): барвовы, белаваты, бела-сіні, белы, блакітны, бялявы, жаўтавата-сіні, жаўтлявы, жоўты, залаты, зялёны, пазлачоны, ружовы, сіза-чорны, сіні, сінявы, чорна-сіні, чырвоны, шматколерны, шызы.

Чырвоны агонь шалёна танцаваў, круціўся, ахутваўся барвовым дымам (І.Новікаў). Бела-сіні, надта горкі лезе ў вочы... дым махоркі... (К.Крапіва). Сяло глядзела сіня-цёмна, Над ім стаяў дым белаваты (Я.Колас). У вузкіх цяснінах — блакітны, дым, На горах — ружовы дым (П.Панчанка). Падсохшае сена палыхнула агнём, і стажок абвіўся жаўтавата-сінім дымам (Я.Колас). Гары, гары, мой свеце сіні, Дым залаты над галавой... (В.Вярба). Я павольна крочу Туды, дзе гай спавіў зялёны дым (П.Панчанка). І ўзнімаўся дым клубкамі, Злёгку пазлачоны... (Я.Колас). У лесе нешта гарэла, угару выкіроўваўся сіза-чорны дым... (М.Гамолка). Сіні дымок выбіваўся з узлеску (А.Савіцкі). Паціху паўзе і паўзе гэты сінявы дым з бярэзніку (А.Савіцкі). Чорна-сіні дым падкідвала ўверх, і ён змешваўся з жаўтлявым, і гэтыя хвалістыя, няроўныя скруткі... цягнуліся да сцяны (А.Савіцкі). А на захадзе ў дыме чырвоным Бой жалезным голасам роў (П.Панчанка). Дык вось яны... — Хрыбты за стэпам Дона У шызым дыме Раніцы лагоднай (З.Бядуля). І ці вітаў бы гэтым гожым раннем Шматколернага дыму калыханне?! (А.Лойка).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце дыму, пра характар яго фізічнага ўздзеяння: вечаровы, вясёлы, даўні, духмяны, жвавы, жытні, мройны, начлежны, пахкі, пахучы, прапахлы ўспамінамі (аўт.), салодкі, удумны, цёплы  атрутны, гаркавы, горкі, даўкі, едкі, пануры, прагорклы, саладкава-даўкі, сінявата-едкі, смуродны, смярдзючы, смяротны, удушлівы, уедлівы.

Чуваць, як дыша вераснем зара Па ўсёй зямлі, што ў вечаровым дыме (П.Панчанка). Аж заскакалі іскры, дым вясёлы пачаў кружыцца на адной назе (А.Пысін). Ад вогнішча долкамі сцелецца едкі, Прапахлы ўспамінамі даўнімі дым (Н.Гілевіч). Галлё затрашчала, пабег жвавы духмяны хвойны дымок (“Беларусь”). І толькі вецер вее У вочы жытнім дымам (М.Танк). Ужо на спад плыло і лета, Уральскай спёкі мройны дым (К.Кірэенка). Сок бяроз і начлежны дымок... Ногі ў цыпках і чыстыя душы (А.Пысін). О боль салодкі смутку, О шчасны міг вяртання, О Бацькаўшчыны мілай Блакітны пахкі дым! (А.Звонак). Добры дзень, дымок зямлі салодкі! Добры час, мае таварышы! (Я.Янішчыц). Дым ранішні, які ён лёгкі, жвавы, Паўдзённы — больш удумны, менш рухавы (А.Лойка). Знікае ў цёплым дыме ціхі бераг, Зарослы да вачэй сівой лазой (П.Панчанка). У верасня — свой асаблівы пах: Курыць сівец — плыве дымок гаркавы (Р.Барадулін). Атрутны дым уздымаўся ад абпаленай цэглы (М.Лупсякоў). Дагараюць росы на траве, Засцілае вочы горкім дымам (С.Грахоўскі). Запахла даўкім, прагорклым дымам... (М.Лынькоў). Не загояць і не залечаць гады... сум людскіх галасоў і пануры дым... (П.Панчанка). Калі ўдыхаў ён [Сяргей] саладкава-даўкі паравозны дым, нешта шчымлівае, прыемна-балючае кралася ў сэрца (М.Стральцоў). У дзверы вагона нясло і смуродзіла сінявата-едкім дымам (В.Адамчык). Глытнуўшы горкага смярдзючага дыму, які сінім туманам вісеў у будыніне, Захар закашляўся... (А.Савіцкі). Смяротны дым плыве над папялішчамі (П.Панчанка). Дым, горкі, як палын, і страшэнна ўдушлівы, расплываўся па зямлі (Т.Хадкевіч). Полымя пачало скакаць ад куста к кусту, хапаць... сухія, зляжалыя галінкі, буралом, і неўзабаве ўсё навокал завалакло горкім, уедлівым дымам (Б.Сачанка).

@

ЕЛКА. 1. Пра вышыню, таўшчыню, характар ствала; пра форму, гушчыню кроны; пра колер (елкі): векавая, вечназялёная, выносістая, высокая, гонкая, густая, зялёна-белая, зялёная, камлістая, купчастая, кучаравая, маладая, маладзенькая, малая, малюсенькая, нятоўстая, прыдарожная, разлапістая, раскідзістая, роўная, таўстастволая, цёмнагрывая (паэт.), шатрыстая (аўт.)  бухматая (разм.), калматая, кашлатая, кудлатая, нерухомая, нізкая, прыземістая, прыгнутая, ускалмачаная, цёмная.

А хвоі, елкі векавыя Пад зыкі песень маладыя Маўчком стаялі... (Я.Колас). За дубамі ўзвышаюцца, гамонячы сваімі калматымі вершалінамі з сінім небам, вечназялёныя елкі і сосны (М.Паслядовіч). Партызаны ціха выбраліся з-пад густой елкі (В.Шымук). Елкі зялёныя, гонкія Плямамі цені раскінулі (“Маладосць”). За акном злева — камлістыя елкі, зялёна-белыя, у серабрыстым мроіве мяцеліцы... (ЛіМ). Невысокія стройныя сосны ўперамежку з кучаравымі елкамі паўкругам абдымалі поле (У.Шахавец). Антанюк... кінуўся за першае дрэва, адтуль нырнуў пад маладзенькія прыземістыя елкі... (І.Шамякін). Вагоннае акно, распісанае ўзорамі наледзі. За акном, у прахуканым кружочку, сцяна прыдарожных елак (Я.Брыль). Пад разлапістымі елкамі выглядалі з пушыстага моху цёмныя галоўкі баравікоў (З.Бандарына). Астрова — роўная і гонкая нятоўстая елка, адзін бок яе абчасаны (Ф.Янкоўскі). Елкі цёмнагрывыя намоклі (П.Панчанка). Замест вежы аказалася шатрыстая елка... (Я.Колас). І вось на ранку ля чаўноў збуцвелых Я збіў з бухматых елак пульхны снег (К.Кірэенка). Сцяжынка абагнула таўстастволую елку, якая ўчапілася ў зямлю пяццю каранямі. Калматыя елкі засталіся ззаду, сярод балота (М.Капыловіч). А елкі кашлатыя, ліпы, бярозы Пад снежнаю ватай: не возьмуць марозы (У.Карызна). І тут адзін з іх [людзей] заўважыў ногі [Слышэні], якія вытыркаліся з-пад кудлатай елкі (М.Лынькоў). Нерухомыя елкі ўткнулі ў неба свае доўгія пікі-верхавіны (М.Дзелянкоўскі). Са страхам я паглядаў на прыгнутыя ўскалмачаныя елкі, з заміраннем душы чакаючы, што некаторая з іх усім сваім велічным ствалом рухне на дарогу (В.Адамчык).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (елкі): велічная, гордая, задумлівая, паважная, пяшчотная, урачыстая, чароўная  журботная, нязграбная, няўдалая, панурая, пахмурная, смутная, спахмурнелая, сумная, суровая, сярдзітая, хітрая.

[Чалавеку] карціць дазнацца, чаму такія ўрачыстыя і такія велічныя гэтыя елкі і сосны (С.Кухараў). Цень ляжыць ад гордай елкі, Як піковы чорны туз (П.Панчанка). Цішыня. Маўчаць паважныя, задумлівыя елкі (“Маладосць”). Падсада малюсенькіх, пяшчотных, як у казцы, елачак (Я.Брыль). На самым краечку лесу расла журботная елачка, нязграбная, малая (Я.Колас). Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу (Я.Колас). Заўсёды смутныя, бы ўдовы, Яны [елкі] найбольш адны стаялі... (Я.Колас). У сярдзітай елкі іх [сукоў] даволі (Р.Барадулін). А елка хітрая і цёмная У сховішча пазвала нас (А.Ліс).

* Гардыня-елка, елка-выварацень.

У такі час хочацца думаць. Пра што? Ці не ўсё адно для гэтых прыгажунь-соснаў і гардынь-елак (С.Кухараў). Многа было елак-вываратняў (П.Місько).

@

ЖАЛЬ (жальба, жаласнасць). Пачуццё жаласці, спагады; смутак, туга, скарга, нараканне: балючы, бясконца страшны, востры, вялікі, глыбокі, горкі, едкі, затоены, зацяты, калючы, колкі, лёгкі, ліпучы, магільны, невыказны, невымоўны, незвычайны, неспадзяваны, нядобры, нямы, нясцерпны, няўрымслівы, няўцямны, пакутны, палючы, пякучы, разважлівы, раптоўны, сардэчны, суровы, сцішны, сялянскі, цёплы, ціхі, чулы, шчымлівы, шчыры.

Багдан глядзеў на яго [Паню] з балючым жалем і заклапочанасцю (А.Кулакоўскі). Аб вялікай, аб старонцы, Беларусі-маці, Жальба страшная бясконца Ўсё чуваць-чуваці (Я.Купала). Востры цёплы жаль ахапіў яго [Грынкевічава] сэрца (У.Караткевіч). Алесь прыйшоў... у абурэнне, жаль вялікі (Я.Колас). Як успомніш кут свой родны, Кут закінуты, галодны, Сцісне сэрца горкі жаль (Я.Колас). У горле цёпла заказытала горкая жальба па знішчаным лясным харастве (М.Лужанін). Месца трывогі і журбы ў матчыным сэрцы паступова займалася едкім, колкім жалем (М.Машара). Здаецца, усё разумее Люба, але больш маўчыць, як бы носіць у сабе затоеную жальбу і крыўду на кагосьці, вядомага толькі ёй (П.Пестрак). Жанчына білася ў зацятым жалі... (А.Пысін). Як невядомая дарога, Бягу ў бярозавую даль, Уся — надзея і трывога, Далёкі смутак, лёгкі жаль (В.Вярба). Чакаў, што ўбачыць Аўгіньку заплаканую... і загадзя нарыхтаваўся змагацца з ліпучым жалем (М.Зарэцкі). Песні вольныя Апанурылісь І магільнымі Звоняць жальбамі (Я.Купала). Ад невыказнага жалю падгіналіся ногі... (Р.Мурашка). [Васіль] чуў незвычайную, чулую жаласнасць да малога (І.Мележ). Грудзі [Ганны] напоўніў жаль, неспадзяваны і палючы (І.Мележ). Амаль адразу ж у радасць успамінаў улез, зашчымеў нядобры жаль, і Васіль спахмурнеў (І.Мележ). Не стала сіл... Змагацца з доляю няшчаснай На радасць недругам, На жаль нямы сваім (Я.Купала). Хрысцю абняла адзінота, агарнуў нясцерпны шчымлівы жаль... (В.Адамчык). Ну што адказаць пра самоту, пра гэты няўрымслівы жаль, што з рук выбівае работу, Хмурынай зацягвае даль? (Е.Лось). Якіх толькі тут [у лесе] не было спеваў! Сумных, скрухлівых, што наганялі нейкі няўцямны жаль (Б.Сачанка). Хто з нас верыць расстанням, за якімі — пакутны жаль?! (А.Лойка). Жаль расстання сэрца кроіў, Горкі жаль, пякучы (Я.Колас). І заходзіцца сэрца сялянскім разважлівым жалем. Шкода парасткаў гэтых, што глебу прабілі... (У.Караткевіч). Знікненне лета... То — струн дрыгучых заміранне, Натхнёнай песні жаль сардэчны... (Я.Колас). На апошнім прыпынку Ў суровай жальбе Апушчу я рабінку На грудзі сабе (А.Пысін). Стаіш і глядзіш на бунтоўныя воды, І сэрца лялеецца ў сцішнай жальбе... (Я.Купала). Гучны звон нясецца І далёка між раўнін Ціхім жалем льецца (Я.Колас). Кожны раз думкі цямніў Яўхімаў цень, і ў чулы жаль яе [Хадоські] ліўся горкі струмень (І.Мележ). Голас, у якім чуўся шчыры жаль і спачуванне, відавочна, належаў пажылой жанчыне (А.Васілевіч).

* Жаль-смутак.

Гэта песня жалем-смуткам Сэрца спавівае (Я.Колас).

@

ЖУРБА (журбота). Белая, блакітная, бяскрыўдная, васільковая (аўт.), вясёлая, вясновая, жураўліная (аўт.), маладая, малінавая, мяккая, незразумела-ціхая, простая, ружовая (аўт.), салодкая (аўт.), светлая, стоеная, ціхая, чыстая  адвечная, асенняя, безвыходная, беспрычынная, бясконцая, вечная, глухая, глыбокая, горкая, закінутая, звярыная, наіўная, невыносная, нямая, няпрошаная, нястомная, нясцерпная, перажытая, пякучая, скупая, спрадвечная, чорная, шчымлівая.

Глянь: і не ў цяжар ёй [вярбе] белая гэта журба! (Н.Гілевіч). А ў асенняй, блакітнай журбе Позірк, смуткам натомлены, вязне (Я.Сіпакоў). Сама сабою запаўзла далёка ў сэрца бяскрыўдная журба, акутвала няпрошаная (Р.Мурашка). І нездарма ж цягнуць іх [паэтаў] то блакітна-сінія далі, то васільковая журба, то проста аўсянае поле... (Я.Колас). Песня вясновай вясёлай журбы плыла над зямлёю (К.Чорны). Зажурыцца восень журбой жураўлінай, Заплачуць дажджы, загалосіць зіма (С.Грахоўскі). ...Была тваёй маладою журбою, Тваёй ахоўнай арліцай была! (Я.Янішчыц). Можа той [неспакой] з’явіўся ад замілаванасці да ўсяго ўбачанага, што... падступіла да сэрца нейкай амаль беспрычыннай малінавай журбой (І.Чыгрынаў). Многа ў песні праліта простай ружовай журбы (В.Каваль). У жыцці вялікая радасць заўжды мяжуецца з незразумела-ціхай, салодкаю журбою (В.Каваль). Столькі светлай журбы ў паглядзе, Бы купальскі касцёр не ачах... (Я.Янішчыц). Поле жыло ўжо іншым настроем, ціхай, шчымлівай журбою (І.Мележ). Ён, гэты чэх, стаіць перад Насцяй у нейкай стоенай журбе (Я.Колас). У прысадах цяністых я сустрэўся з табой, Маёй светлаю, чыстай веснавою журбой (Г.Бураўкін). Толькі хвалі не маюць спачыну У адвечнай нястомнай журбе (С.Грахоўскі). З бытнасці першай, з сярэднявечча Ў радасці і ў безвыходнай журбе Кім ты ні быў за свой век, чалавеча?! (Я.Янішчыц). Будзе вечная журба Да мяне прывязана (Я.Янішчыц). [Захар] адчуваў, як глухая, звярыная журба кладзецца яму на сэрца (А.Савіцкі). Яшчэ ты [Вераніка] паспееш самотна Наплакацца ў горкай журбе (Н.Гілевіч). Працягнула з былымі нястачамі, З перажытай наіўнай журбой Я празрыстыя рукі дзіцячыя Над вайною і над табой (В.Вярба). Адышла, з вачэй адпала невыносная журба (П.Броўка). Хлопец зацяў у сабе нясцерпную журботу душы (В.Быкаў). Як глуха! Якая закінутая журба (У.Караткевіч). І вяла, як праз волкі туман, Адзінокая песня з пякучай журбы пра ракіту (Р.Баравікова). Скупой журботай дыхае зямля (М.Стральцоў). Як над краем, калісьці загнаным, Як над краем спрадвечнай журбы Узыходзіць світанак чаканы (А.Звонак). Чорнай журбою сэрца спавіта... (“Маладосць”). А з-за гор радасным рассыпістым бляскам пырснула запозненае сонца і весела асвяціла... застылых у нямой журбе байцоў (В.Быкаў).

* Скруха-журба, туга-журба.

Калі не жадаеце знацца ў жыцці З назойлівай скрухай-журбою — Куды б ні прыйшлося паехаць, пайсці, — Песню бярыце з сабою! (Н.Гілевіч). Але не радасць ты [сын] прынёс дадому — тугу-журбу бясконцую прынёс (В.Жуковіч).

@

ЖЫТА (жыты). 1. Пра вышыню, гушчыню, колер (жыта), пра ступень спеласці: высокае, густое, даспелае, дружнае, жаўтлявае, жоўтае, жоўта-попельнае, залатое, залацістае, зеленаватае, зялёнае, зярністае, каласістае, кусцістае, лапушное, лапушыстае, маладое, наліўное, паспелае, рослае, сакаўное, саладжавае, серабрыстае, сіваватае, сіва-зялёнае, сінявата-зялёнае, спелае, сцяна-сцяною, чырвонае  дробнае, заглушанае валошкай, збэрсанае, кволае, невысокае, нізкае, няспелае, пасмяглае, пустое, рэдкае, стракатае.

Зялёнаю сцяною да самай дарогі падступала густое высокае жыта (Б.Сачанка). Ты [Беларусь] узяла ў азёраў блакітныя вочы, У даспелага жыта ўзяла валасы (С.Грахоўскі). Ах, якое дружнае... жыта! (І.Мележ). Прабегшы па ўзмежку ля... кліна жоўта-попельнага жыта, яна [Наста] прадралася праз вузкі лаз (А.Савіцкі). Звезлі з поля залатое жыта (П.Броўка). Бежанцы ішлі паміж залацістых жытоў (І.Гурскі). Па адным баку дарогі стаяла высокая сцяна зеленаватага жыта (І.Сіняўскі). Дожджыку просіць зялёнае жыта, Прагне вады ярына (Я.Колас). А жыта сцяною, зярністае, лапушыстае... (“Беларусь”). Навокал стаіць густое, каласістае жыта (Я.Брыль). Густа жыта маладое поле ўсё акрыла, Лапушное, сакаўное — Проста глянуць міла (Я.Колас). Да небакраю — наліўное жыта, Імклівыя каналы між балот (П.Панчанка). Радавала і кусцістая грэчка, і бясконцы масіў жыта, хоць яно і не ўсюды было аднолькавае, рослае і густое (І.Сіняўскі). Міця нарэшце выбег з сіва-зялёнага, саладжавага, што блытала ногі, жыта (В.Адамчык). Дарога выбегла да сіваватага, серабрыстага жыта, марнага, невысокага, заглушанага сіняй валошкай (В.Адамчык). Лес пачынаўся за сінявата-зялёным... жытам (В.Адамчык). Спелае жыта схіліла каласы (М.Гарэцкі). У спелым і высокім жыце Чакае першае адкрыцце — Бяссмерце зерня (С.Грахоўскі). Крывая, вузенькая, як аднаму прайсці, сцежачка ўкінулася ў лаву зялёнага, густога, сцяна-сцяною, жыта (М.Лобан). А жыта, жыта — з залатога на чырвонае змянілася (Ц.Гартны). Жыта на палях стаяла дробнае, кволае, лёгка трымаючы беднае нікчэмнае калоссе (І.Мележ). [Міця] падазрона зірнуў на прымяты ў збэрсаным жыце доўгі шнурок свайго следу (В.Адамчык). На пясчаных пагорках, паміж вёскамі, скрозь шапталася пасмяглае і пустое жыта (І.Чыгрынаў). Воддаль ад дарогі сярод стракатага жыта чарнела голая груша (В.Адамчык).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (жыта): дзівоснае, дзіўнае, добрае, залатое, калюча-мігатлівае (аўт.), расістае, роднае, свежае, супакоенае, цёплае, цудоўнае, чуйна-шапаткое (аўт.), шчодрае  марнае, мізэрнае, нікчэмнае, сухое, тужлівае.

Змагацца будзем — і ўродзяць Дзівосныя жыты, аўсы (П.Панчанка). За жыты залатыя свой тост я ўзніму Ды за песню, што згублена ў жыце (Н.Гілевіч). Лес пачынаўся за... калюча-мігатлівым... высакаватым жытам (В.Адамчык). Сонца, паказаўшыся на даляглядзе, пырснула чырвоным золатам, і рознакаляровыя пералівы пайшлі па расістым жыце (Т.Хадкевіч). Чалавек стаяў на полі, гладзіў каласы роднага жыта... (К.Чорны). [Васіль] усё ж падаўся на прыгуменне... мінуўшы чорнае гуменца, што пахла... сухім, свежым жытам (І.Мележ). У супакоеным жыце... недзе з самага дна, ад самай зямлі, пачынае падаваць свой голас перапёлка (Я.Брыль). Стаіўшыся за чуйна-шапаткім жытам яны [Імполь і Алеся] ляжалі, покуль не сціхла далёкая страляніна (В.Адамчык). Шапацела бездапаможна жыта, Цёплае, як малако (В.Вярба). Заціснуўшы вярэдлівую рану, Паверу ў невымернасць дабраты І радаваць цябе не перастану: Паглянь, якія шчодрыя жыты! (Я.Янішчыц). Дарога выбегла да... жыта, марнага, невысокага (В.Адамчык). Пастаяўшы каля мізэрнага жыта, Шыманскі падаўся на двор трэцяй брыгады (І.Дуброўскі). Жыта было нікчэмнае, малаціць яго — адна пакута (І.Мележ).

@

ЖЫЦЦЁ. Жыццёвы ўклад, спосаб існавання чалавека, прыроды; быт.

1. Пра жыццё змястоўнае, творчае, шчаслівае: адменнае, актыўнае, багатае, бадзёрае, баявое, бурлівае, бурнае, велічнае, выдатнае, вялікае, вясёлае, гарачае, гордае, дзіўнае, доблеснае, добрае, доўгае, жвавае, жывое, залатое, захапляльнае, захапляючае, зялёнае (аўт.), імклівае, іскрамётнае, іскрыстае, каляровае (аўт.), кіпучае, летняе, магутнае, маладое, неабсяжнае, невытлумачальна любае, паўнакроўнае, поўнае, праведнае, прыгожае, пярэста-звонкае (аўт.), радаснае, роднае, светлае, слаўнае, сонечнае, страснае, строгае, таямнічае, творчае, трапяткое, хмельнае, цудоўнае, чароўнае, чыстае, шматграннае, шматколернае, шчаслівае, шырокае, яркае, яснае.

Лес ужо жыў сваім актыўным, багатым вясновым жыццём (Б.Сачанка). У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё (М.Зарэцкі). Баявое і суровае жыццё адшліфавала яго [Бачылы] характар (С.Грахоўскі). Цяпер з табой мы неразлучны У нашым велічным жыцці (А.Астрэйка). Я ведаю, цяжкімі будуць годы, А нам стаяць, не гнуцца, як трысцё, Бо лёс славян і лёс майго народа — Нялёгкае і гордае жыццё (У.Караткевіч). Як добра легчы з кнігай на траве, абаперціся над ёй на локцях і чытаць, бясконца чытаць, — жыць тым дзіўным, чароўным жыццём, што схавана ў радочкі слоў!.. (Я.Брыль). Прыгажосцю і сілай песні — яшчэ адной з’явай жыцця, такога добрага, вялікага, незразумелага, невытлумачальна любага і таямнічага (Я.Брыль). Я гляджу на раку... і думаю: якое вялікае і доўгае ў ракі жыццё (Б.Сачанка). З апошнім званком у Ганьцы зноў прарастае жыццё — жывое, трапяткое, захапляючае! (А.Васілевіч). Дымам пойдзе ўсё ліхое, Ўсё, што душыць нас і гне. Вер, брат, — жыцце залатое Будзе ў нашай старане (Я.Колас). А жыццё — цудоўнае і грознае, Каб стаць чалавекам У час наш суровы, Помні жыцця асновы (П.Панчанка). Жыве тады лес пярэста-звонкім жыццём, і ў тым жыцці — у зялёным, у сонечным — чуваць гармонія шчасця, гармонія светлае радасці (М.Зарэцкі). Іван Савіч, каб выправіць няёмкае становішча, прапанаваў свой тост — за жыццё кіпучае, імклівае, поўнае працы і змагання (І.Мележ). Сядзіш, ап’янёны, незвычайна напоўнены іскрамётным жыццём, якое прынёс у хату бесклапотны весялун, і хочацца, каб гэта жыццё не канчалася (В.Карамазаў). Над сталёвым бёрдам у ясны дзень жыццё каляровае зацвіце, бо буду надзеямі звонка ткаць, будзе толькі бёрдачка ляскатаць (Л.Геніюш). Жыццё магутнае ёй [жанчыне] падарыла сына. І хоць яшчэ маўчаў ён, як нямы, З ім горда выйшла ў свет пасля пакут жанчына І ўпэўнена сказала слова: “Мы” (К.Кірэенка). Рэня мала чым адрознівалася ад усіх іншых дзяўчат-першакурсніц. Такая ж вясёлая, такая ж рухавая, поўная маладога кіпучага жыцця (М.Лынькоў). Усеўладная восень неадступна цікавала за гэтымі апошнімі праявамі хмельнага летняга жыцця (І.Навуменка). Жыццё! Яно — магутнае, імклівае і неабсяжнае (М.Гамолка). Мы ніколі... не залезлі ў гэты сад. Можа таму, што Ласіху нашы маткі лічылі жанчынай праведнага жыцця (І.Навуменка). Доўгія-доўгія гады, цэлыя вякі, жыла пушча згодна, шчасліва, жыла поўным, багатым жыццём (Я.Колас). Якому сыну ахвота развітвацца з прыгожым і паўнакроўным жыццём свету! (Е.Лось). Перад вачыма Сівага, нібы наяве, разгортваецца роднае жыццё і першая праца — касьба (Я.Брыль). Каб толькі светлае жыццё тут красавала, Якое сёння ля дубоў тваіх шуміць! (У.Дубоўка). На лёгкіх крылах летуцення, На бурных хвалях пачуцця Зноў неслі людзям захапленне І радасць творчага жыцця (П.Глебка). Усё жыццё такое ж цёплае, шурпатае, як шырокая бацькава далонь (М.Лынькоў). І ў напружэнні паўнаты свайго шырокага жыцця Без болю, ціха зойдзеш ты ў краіну забыцця (М.Багдановіч). Вуліцы жывуць сваім яркім, адменным, непрывычным для нас жыццём (В.Вольскі).

2. Пра цяжкае, нешчаслівае, беднае жыццё; пра бадзяжнае жыццё: адзінокае, ахвярнае, беднае, беспрагляднае, беспрытульнае, бядачае, бязвольнае, бяздомнае, бязладнае, бязрадаснае, вандроўнае, гаротнае, горкае, грознае, дробнае, жабрацкае, жорсткае, замужняе, здрадлівае, злое, ліхое, лядачае, маркотнае, неверагоднае (аўт.), невясёлае, незразумелае, ненадзейлівае (аўт.), непражытае, неспакойнае, нецікавае, нуднае, нязвычнае, нязнанае, нялёгкае, няпэўнае, паганае, пакутлівае, пакутнае, паспешлівае, пахілае, прытоенае, пякельнае, рабскае, распраклятае, страшнае, сумнае, суровае, трагічнае, трывожнае, тужлівае, хапатлівае, цёмнае, цяжкае, цярністае, чорнае, шурпатае, шэрае, шэранькае.

Як жа гэтага многа ў адзінокім жыцці, калі гора з парога не жадае сысці (А.Бачыла). Паміраюць байцы і паэты, Што ўслаўлялі свае запаветы І ахвярным жыццём І радком (А.Пысін). Аб жыцці беспраглядным сваім Разважаю я ў гэтай цішы... (Я.Купала). Нельга не дзівіцца, колькі паспеў зрабіць ён [Язэп Драздовіч] у сваім беспрытульным, бяздомным жыцці-вандраванні (А.Ліс). А тут закопаны навекі Надзеі, радасць чалавека, І гора схована ліхое — Жыццё бядачае людское (Я.Колас). І вечна не знойдзеш спакою Ў замужнім бязвольным жыцці: Нядоля ўслед за табою, Як здань тая, будзе ісці (Я.Купала). Перабірае [Бадзейка] у памяці сваё жыццё, бязладнае і цёмнае (Я.Колас). Дзіця адчувае нейкую вялікую віну перад сваёй старой маці за яе бязрадаснае жыццё (А.Адамовіч). Спачатку жылі вандроўным жыццём, бо сталую работу цяжка было знайсці (А.Чарнышэвіч). Кузьма Чорны з малых год наглядаў гаротнае жыццё вясковай беднаты... (Я.Скрыган). Вырасла, стала дзяўчынай прыгожаю, Ды горкім было жыццё далей (Я.Купала). Колькі пастак ты мне прыхавала, Добрае не дробнае жыццё! (П.Панчанка). Ён стаяў разгублены, гнучы, ламаючы маладую галінку-парастак з бярозы... думаў,... якое ўсё-ткі жорсткае і здрадлівае жыццё (І.Мележ). “І гэй ты, наша жыццё злое! — Міхал у лесе песню цягне (Я.Колас). Мы вырасталі непакорныя Жыццё ліхое перайначваць (П.Глебка). Стану баіць, гаманіці Аб жыцці лядачым (Я.Купала). Лопат лакамабіля і гудзенне трактароў за прысадамі даносіліся да яго вуха далёкім, маркотным жыццём (І.Грамовіч). Чытай, сынок, вясёлыя запіскі Майго неверагоднага жыцця (Я.Янішчыц). Але ж і тое-гэтае спазнаем У гэтым ненадзейлівым жыцці, Каб сівізной расквеціцца, як маем, І ў новы свет паціху адплысці (М.Стральцоў). [Куранёўцам] не было відаць тое, што мы бачым за сабой... Ім трэба было ісці няходжаным полем непражытага жыцця (І.Мележ). Увесь гэты час, пасля вайны, Кавалевіч жыў неспакойным, імклівым жыццём (І.Мележ). Праўда, дзякаваць богу, ён-такі выбавіўся з гэтага шэранькага і нецікавага жыцця (М.Лынькоў). Зноў пацягнуліся аднастайныя будні нуднага лагернага жыцця (М.Машара). Сярод гэтага нязвычнага жыцця Ганне больш верылася, што от і для яе пачынаецца інакшае, нязнанае, добрае жыццё (І.Мележ). У тым прытоеным, няпэўным жыцці... найбольш няпэўнасці, нязладнасці было ў Васіля (І.Мележ). О, колькі гора, колькі мукі Нясеш, паганае жыццё! (Я.Купала). Вельмі ж ужо блізка мы стаім да кузюрак, і нам не трэба нагінацца, каб убачыць іх жыццё — паспешлівае і хапатлівае, як і ў людзей (Я.Сіпакоў). Івану ніколі не ўдавалася выплакацца, выгаравацца, выскардзіцца і гэтым самым выліць з душы ўсю гаркату, усю боль пахілага жыцця (Я.Колас). Таіса Міхайлаўна не надта любіла ў кіно і ў кнігах жыццё звычайнае, суровае, цяжкае, асабліва трагічнае... (І.Шамякін). Блудныя сцежкі цёмнага жыцця Навукі сонцам мусіш рассвятліць, Каб мы і наша ў прышласці дзіця, Не блудзячы, маглі свой век дажыць (Я.Купала). Шчыра дзякую вам [Пяшчынскаму] за пяснярскі прывет, Якім міла мяне прывіталі; Так цярніста жыццё, столькі мук, столькі бед! Вы другое жыццё паказалі (Я.Купала). Івану стала горка, як ніколі. Усё жыццё, шэрае, невясёлае жыццё, прайшло яшчэ раз перад яго вачыма (Я.Колас).

@

ЗАВЕЯ. Снежная бура; мяцеліца; завіруха: белая, густая, лагодная, лёгкая  ашалелая, грозная, гулкая, дзікая, жахлівая, злая, злосная, знясіленая, калючая, касматая, колкая, кудлатая, лютая, моцная, мутная, непраглядная, непраходная, несціханая, неўніманая, раз’юшаная, страшная, суровая, тужлівая, шалёная.

Ціха. Белая жахлівая завея ўгаманілася (С.Кухараў). Уздоўж ці ўпоперак Беларусь можна праехаць за адзін дзень — дазволяць і дарогі і надвор’е, хіба зіма знянацку спыніць густою завеяю (В.Ждановіч). Лёгкая, лагодная завея, Першародначысты, ясны снег (А.Лойка). Завеяй ашалелаю вятрыска загуляў (М.Багун). Завеі знясіленай млявы лёт. Ахрыплае рэха прастору не мае (Р.Барадулін). Завея колкая і злая Шрапнеллю з лютасцю сячэ (П.Прануза). І зноў касматая завея ўсе засыпала палі (“Маладосць”). Я ведаю вашы палёты У лютых завеях пургі, Над страшным нязведаным лёдам, Праз вечную ноч і снягі (П.Глебка). Зімой суровыя завеі намяталі высокія гурбы снегу (В.Вольскі). У мутнай, непрагляднай завеі за крок перад сабой нічога не было відаць (М.Лынькоў). Завеі непраходныя вылі, Цемра, ноч навакол... (П.Броўка). Толькі вецер снегам сее, Злы мароз трашчыць, І тужлівая завея жаліцца ўначы (Л.Геніюш). Завей шалёных бель. Як чарка лёд звініць. Зімовы срэбны хмель Мяне заўжды п’яніць (А.Зарыцкі).

@

ЗАРА (заранак). I. Яркая афарбоўка гарызонту пры захадзе і ўсходзе сонца. Пра колер, ступень гушчыні; пра час з’яўлення зары, пра яе працягласць і характар: агністая, барвістая, барвовая, барвяная, блакітная, вогненна-чырвоная, вогненная, журавінавая (аўт.), залатая (паэт.), залацістая, малінавая, прамяністая (паэт.), пунсовая, пунцовая (разм.), пурпуровая, рубінавая, ружовая, румяная, санцавейная (аўт.), светлая, смуглаліцая (аўт.), ясная (нар.-паэт.)  вогненна-крывавая, іржавая, крывавая, цьмяная; асенняя, весняя, восеньская, вячэрняя, летняя, ранішняя, ранняя; велічная, дзіўная, заравая (разм.), ласкавая, палымяная, хмельная, ціхая, чыстая  доўгая, пахмурная, сумная, халодная.

Пад агністай зарой Над сівым курганом Заручаліся з ёй Туманом і агнём (Я.Купала). Мне цябе не стае, быццам мору прыбою, Ветру — ветразям, ранню — барвовай зары (В.Лукша). І тады пад небам нашым сінім, Пад барвянай восеньскай зарою Зноў збіраюць да астачы сілы Маладой рэспублікі героі (А.Звонак). Купаюцца вострыя вежы ў праменнях блакітнай зары (П.Прыходзька). А зара ўставала вогненна-чырвоная, крывавая (М.Лынькоў). Агнямі журавінавай зары... маіх пачуццяў дух гарыць (“Маладосць”). І строй залатой зарою Будзе склікаць трубач (В.Ракаў). Жыццё — не адна толькі роўная роўнядзь, Бясхмарная далеч з зарой прамяністай (К.Кірэенка). Велічная, пурпуровая зара ахінала неба (Э.Самуйлёнак). Непрыкметна патухла на захадзе пунсовая зара (Р.Ігнаценка). Помніш вечар з рубінавай дзіўнай зарой, ружавелі далёкія далі? (Т.Кляшторны). Зара ружовая плыла з-за гор (Н.Гілевіч). ...У гэты ціхі ранак, з марозікам пасля адлігі, з яснай румянай зарой усходу, з чырвонымі, здаецца, нават цёплымі снегірамі на сярэбраным голлі, з хрустам снегу і стракатаннем сарок — усё для Толі было напоўнена новым, яшчэ не зведаным, радасным зместам (Я.Брыль). А усмешкі — водбліск ясны санцавейнае зары (А.Звонак). Радзіме не быць паланянкай... Хай светлым і ясным заранкам Дзень шчасны ўзыдзе над ёй! (А.Звонак). Позна-позненька Зарою смуглаліцай Каля постаці кудравіста-аўсянай Я спаткаю жнейку-маладзіцу (П.Трус). Сонца шар зарою іржавай на аселіцу выцек (П.Панчанка). У знобкіх туманах усплывала цьмяная зара (Э.Самуйлёнак). Займаўся вогненна-крывавы заранак (П.Ткачоў). Я цябе і цяпер уяўляю сасонкай, Што яшчэ палымнее вячэрняй зарой (С.Грахоўскі). Так раннем барвяным зара заравая, Зара заравая зганяе туман (А.Звонак). Яна [вясна] сустрэла мяне рана, З дарамі ласкавай зары, Як сонца плавала ў тумане Ды сосны плакалі ў бары (П.Трус). ...У садах залатыя ранеты Хмельнай, як мёд, налівала зарой (М.Танк). І зарою, ціхай, чыстай, пра каханне мне казаў... (“Маладосць”). За вокнамі дагарала халодная малінавая зара (У.Карпаў). Тлела, дагасаючы, сумная зара (Э.Самуйлёнак).

II. Пачатак, зараджэнне новага, радаснага, шчаслівага: маладая, незгасальная, цёплая, яснакрылая (аўт.), ясная (нар.-паэт.).

У маўчанні стаю ля тваіх [Беларусі] абеліскаў, Бачу новага дня маладую зару (Г.Бураўкін). І, як водсвет зары незгасальнай, гарыць Па-над Венгрыяй усёю... Ззянне сцяга... (М.Танк). Слаўлю я свой край любімы, Незгасальную зару (П.Броўка). Зара мая, зара надзеі І веры цёплая зара, З табой тварыў усё, што спее Майго на высевах дабра (К.Кірэенка). Зарою яснакрылаю, Красою, новай сілаю Над светам ты [родны край] заззяй! (Я.Колас). На кліч жыцця ішлі будаўнікі З вясковых хат, ад роднага двара, — Каб праз усе гады і праз вякі Свяціла шчасця ясная зара (Н.Гілевіч).

@

ЗАРАВА (зарыва). Агністае, агніста-чырвонае, барвовае, вялізнае, вялікае, дрыготкае, залатое, малінавае, нясмелае, пунсовае, румянае, светлае, светла-жоўтае, серабрыстае, чырвонае, ярка-чырвонае, яркае, яснае  жудаснае, злавеснае, змрочнае, кволае, крывавае, стракатае, страшнае, халоднае, цьмянае, ярка-халоднае.

Адтуль, дзе была родная вёска, чулася страляніна, на паўнеба разлілося агністае зарава пажару (“Беларусь”). На небакраі палала барвовае зарыва (Е.Лось). Злавеснае, агніста-чырвонае зарыва знікла... (Я.Васілёнак). Наваколле зноў асвятлілася дрыготкім заравам, і адразу ўдарыў гром (Т.Хадкевіч). Паўнеба на захадзе палыхала вялізным зарывам (М.Лынькоў). На паўнеба разлілося залатое зарава агнёў... (“Беларусь”). Ля ўваходных стрэлак, дзе ўзнімалася нясмелае зарыва, былі нямецкія вартавыя, салдаты з чыгуначнага батальёна (М.Лынькоў). Асцярожна трымаў на далонях тугіх Серабрыстае зарыва клён (П.Панчанка). З-за ўзгорка ўзнімалася, трапечучы, светла-жоўтае зарыва... (Т.Хадкевіч). Перад вачыма загойдалася чырвонае зарава. Ён [Каваль] заўважыў, што яно неяк аддалілася, адбеглася наперад і палала недзе там, удалечыні, у змроку (А.Савіцкі). Зноў пыхнула яркае зарава за акенцам (А.Савіцкі). З яго [месячным] святлом змяшалася кволае зарыва вулічных ліхтароў (М.Лобан). Вечарам, праязджаючы па дарогах за горадам, бачыш, як палымнее стракатае зарыва (І.Новікаў). Замільгала цьмянае зарыва ракет (А.Карпюк). Сонца зайшло, пакінуўшы ярка-халоднае зарава (Т.Хадкевіч).

@

ЗВОН. 1. Пра гучнасць, тэмбр, характар, час гучання; пра ўяўны колер (звону): вераснёвы, весні, высокі, галасны, глыбокі, залівісты, златагукі, зорны, іскрысты, крыштальны, лёгкі, меладычны, мілагучны, мяккі, незмаўкальны, нязмоўклы, празрысты, працяжна-медзяны, прачысты, пругкі, прызыўны, срэбраструнны, стогалосы, стройны, струнны, тонкі, ціхі, часты, чысты, шматструнны, шырокі  аглухлы (аўт.), аднастайны, аднатонны, глухі, гнусавы, густы, дробны, дрыготкі, дрыжавы, жалезны, замагільны, іржавы, кволы, манатонны, металічны, натужны, пранізлівы, разбіты, рэдкі, стальны, сухі, хаўтурны, цягучы; аранжавы (аўт.), васільковы (аўт.), жоўты (аўт.), зялёны (аўт.), малінавы (паэт.), празрыста-сіні, серабрысты, срэбна-медны, срэбны, срэбраны, сярэбраны.

А карты ў яе [восені] незвычайныя: З лістоты бяроз і клёнаў — Барвовыя, разнастайныя, З вераснёвым звонам (М.Танк). Мо нехта дні былыя ўспомніць Пад весні звон (М.Танк). Звоняць звоны галасныя (Я.Колас). З кузні ляцеў звон, сухі, высокі (І.Пташнікаў). А за полем — агародам, Дзе пажоўклыя сады, — Звон шырокі, Сэрцу родны, Звон глыбокі, Малады (П.Трус). А звон залівісты бліжэй Разносіць тоны ў ціхім ранку (Я.Колас). Вясна ідзе ўжо з поўдня З нечым радасным каханнем, З салаўямі, зорным звонам... (П.Панчанка). Здасца часам гул імклівы. То падкоў іскрысты звон... (П.Броўка). З палёў шырокіх вецярок прыносіць Крыштальны звон даспелага калосся (П.Панчанка). І на міг яму [разведчыку] здалося, Што ідзе ён на пакос, Што чуваць у сініх росах Лёгкі звон сталёвых кос (П.Панчанка). Гучна, з лёгкім меладычным звонам адбіваў секунды маятнік... гадзінніка (І.Шамякін). Сасна загудзела, перадаючы меладычны звон з камля ў верхавіну (І.Шамякін). І лашчыў [звон] сэрца іх і вушы, І поўніў радасцю ім душы, Такі прыемны, мілагучны (Я.Колас). Чуваць, як аб галінкі хвой Сняжынкі б’юцца з мяккім звонам (Р.Барадулін). І месяц зазвоніць празрыстым звонам, Аж ходзіць рэха па цёмным лесе (П.Панчанка). Плыве прачысты звон суровы За жураўліным клінам дзён (В.Вярба). Зямля мая, мая краіна! Я чую твой прызыўны звон. Прымі ж хоць слова твайго сына — Не доўгі будзе твой палон (Я.Колас). Жучкі і конікі трашчалі І ў стройны звон свой зык злівалі (Я.Колас). А пад вечар навасёлаў Стогалосы чуўся звон (М.Калачынскі). І толькі пчолы струнным звонам Гудуць працяжна... (Я.Колас). Угары над хвойнікам зялёным Снуюцца пчолкі з ціхім звонам (Я.Колас). Суцішна спалі дрэвы, росы, Калі данёсся часты звон (А.Пысін). Выбіўшыся з цеснаты, з гурту людзей... заміраючы ад працяжна-медзянога чыстага звону, што калыхаўся і высока плыў у небе, яна высунулася крышку наперад, каб бачыць гэтых прывабных дзяўчатак (В.Адамчык). Шматструнны звон штодзённых гукаў урываецца затым у вясковую вуліцу (А.Васілевіч). Званамі аглухлымі падаюць бэры На попел цяпельца любові і веры (У.Някляеў). Аднастайны, манатонны звон кроплі з неахайна закручанага крана... (М.Паслядовіч). [Лес] зачаруе глухім звонам глыбокай сваёй цішыні (М.Зарэцкі). З-пад “святога калодзежа” далятаў, як бы з разбітага чыгуну, нудны, гнусавы звон (Я.Колас). Дзесьці далёка раставаў і густы, што плыў, пераліваўся і трымцеў, цягучы звон (В.Адамчык). У няяснай прасторы асенняй раніцы плыў, пераліваўся кволы дрыготкі звон (“Беларусь”). Не звіняць жалезным звонам Цяжкія кайданы... (Я.Колас). Макрычны змрок. Іржавы звон. Стары сакрэтны бастыён (А.Вялюгін). Раптам птушынае курлыканне заглушыў металічны натужны звон (М.Гамолка). Не чутно пранізлівага звону матораў, толькі глуха татакаюць колы (А.Савіцкі). Хоць разбіты, хоць забыты [звон], — Для ўсіх зразумелы, І ад свету аж да свету Слухае свет цэлы (Я.Купала). Дождж ападае стрэламі на дах, Чуваць хаўтурны звон падраных блях (П.Панчанка). Цягучы, натужлівы звон у маёй галаве памалу аддаляецца (В.Быкаў). Сіні спеў жаўрука... Аранжавы звон... (У.Караткевіч). І зноў тоны заігралі Ў зачарованай жалейцы... Васільковым звонам лёну (М.Танк). Хіба ніхто з вас восенню не чуў, які стаіць над краем жоўты звон? (Я.Сіпакоў). Паверу, што зямля ў зялёным звоне, Памаладзеўшы, зноўку расцвіце... (М.Федзюковіч). Над зямлёй плыве малінавы звон (А.Грачанікаў). Я неба звон празрыста-сіні Над зелянінай так люблю (П.Броўка). Сінія кубкі азёр, Звон ручаёў серабрысты І ў берагах задуменных Ціхія плыні Дзвіны (П.Броўка). Доўга прыслухоўваўся чалавек да тонкага срэбранага звону і ўсё не мог уцяміць, ці наяве ён чуе яго, ці ў дрымотным сне далятаюць да яго меладычныя гукі (М.Лынькоў). У сваю мелодыю ён уплятаў... шум трапяткога лісця, сярэбраны звон ручаін (М.Гамолка). І быў [звон]... Срэбраструнны, златагукі (Я.Колас).

2. Пра ўражанне псіхалагічнае ўспрыняцце (звону): векавы, векапомны, ветлівы, вясёлы, думны, жывы, любоўны, малады, прыемны, пявучы, пяшчотны, радасны, развітальны, раздольны, родны, рытарычны, удалы, цудоўны, чароўны, шчаслівы  абрыдлы, балючы, гнеўны, грозны, жаласны, журботны, забыты, заклапочаны, захмялелы, маркотны, невясёлы, нудна-тоненькі, нудны, нясмелы, паганы, пакутны, смутлівы (аўт.), смутны, сумны, суровы, сцюдзёны, трывожна-набатны (аўт.), тужлівы, халодны, шчымлівы.

Мы адліць усё патрапім, Апроч звону векавога, Таго звону, які ўсе мы Роднай моваю завём (М.Танк). Шуміць, апавядае вёска Лістотай памяці вайны. І звоняць сосны і бярозкі, Як векапомныя званы (В.Вярба). Хвалі весела ветлівым звонам Набягаюць на бераг зялёны (А.Александровіч). Ляціць вясёлы звон з кацельняў... (К.Кірэенка). З глыбінь прыйшла, з глыбінь прынесла Нязмоўклы, думны, чысты звон Рачулка ціхая, як песня... (К.Кірэенка). Ходзяць па свеце людзі, Нібы званы жывыя (П.Макаль). У белай гушчы бязлікіх вішнёвых кветак да новай раніцы заціх любоўны, заклапочаны пчаліны звон (Я.Брыль). А за полем — агародам... Звон шырокі, Сэрцу родны... Малады (П.Трус). Ветру не было, а дрот бесперастанку гуў прыемным звонам, ціхім, аднатонным і жаласным, як казка гэтых панурых лясоў і балот Палесся (Я.Колас). [Зіма] адступае ў невядомыя паўночныя далі, а наўздагон ёй імчыцца вясёлая пераклічка пералётных птушак, пяшчотны звон ручайкоў (Т.Хадкевіч). Люблю да забыцця... І развітальны звон лістоты (Я.Янішчыц). Часта меладычнасць верша падмяняецца рытарычным звонам... (М.Хведаровіч). Адазваўся песняй новай І панёсся стройнай мовай Чуткіх струн удалы звон (Я.Колас). Ад Слаўгорскіх бароў да шырокіх лугоў Перагону Не іду, а лячу я на крыллях чароўнага звону (К.Кірэенка). І быў сэрцам ён [звон] чуллівы. Срэбраструнны, златагукі, Успрымаў ён радасць, мукі, То маркотны, то шчаслівы... (Я.Колас). Вушы заклала абрыдлым, нудна-тоненькім звонам (В.Адамчык). Шоў тым месцам падарожны І спыніўся: чуе ён — Не то голас чый трывожны, Не то струн балючы звон (Я.Колас). Дакраніся, таварыш, да ўласных грудзей — Сэрца б’е гнеўным звонам (П.Панчанка). Пятроўскіх шабляў грозны звон, здаецца, чуўся мне заўсёды... (К.Кірэенка). Рана, жоўтае лісце, Са звонам журботным злятаеш, Рана сцежкі мае — Дарагія сляды — замятаеш! (П.Панчанка). Пад захмялелы звон цымбальных струнаў народу гаманіла паўсяла (Е.Лось). Чую звон я нудны, Рэдкі, невясёлы (Я.Колас). Я пазнаваў у хоры два галасы: грудное, мяккае кантральта і пяшчотны, нясмелы званочак. Гэта Наталька і сумавала, і рада была, што жыве (Я.Брыль). Звон пакутны, звон паганы Аддае стагнаннем (Я.Колас). Было ўжо адно адчуванне напятай, незразумелай пустаты і гэтага смутлівага і тонкага звону (М.Стральцоў). Сцюжа, Мяцеліца Сцелецца, Кружыць. Звонам Сцюдзёным Наліты прастор (А.Александровіч). І сціхне ліры звон тужлівы, Бо блізак захад той маўклівы... (Я.Колас). Трывожна-набатны... над зямлёй плыве... звон (А.Грачанікаў).

* Гуд-звон, заўцы-званы, звон-веча.

Гудам-звонам срэбна-медным Звоняць звоны на званіцы (Я.Колас). Як хмуран пагляд туманны, Як заўцы-званы. На няцвіўшыя паляны Леглі курганы (Я.Купала). [Ветры] Ускалыхніце сэрцам, каменным, Звонам-вечам ды ўсё полацкім... (Я.Купала).

@

ЗІМА (зімы). 1. Пра характар надвор'я (тэмпературу, вільготнасць і інш.), наяўнасць снегу, завірухі; пра час наступлення (зімы): белавокая (паэт.), беласнежная, белая, светлая, серабрыстая, сіняя, снежная, сняжыстая (разм.), срабрыстая, цёплая  жудасна-халодная, завейная, завірушная, калючая, лютая, марозлівая, марозная, мяцелістая, сіверная, сцюдзёная, сцюжная, туманная, халодная; бясконцая, глыбокая, доўгачаканая, доўгая, позняя.

Праз вокны глядзіць белавокая зіма (З.Бядуля). Зіма... была прыгожая, беласнежная, светлая... (З.Бядуля). Перажывуць мяне мая надзея І двое крыл, як белая зіма (В.Вярба). Ты помніш калючыя сінія зімы? Ты помніш глухія сігналы адбою? Ты помніш разлукі? І толькі Радзіма Была неразлучна са мной і з табою (С.Грахоўскі). Прыйшла другая зіма, марозная, снежная (Я.Колас). Сярод зімы сняжыстай, Сярод вясны вятрыстай Я вырасла, каб сэрцам Адчуць цяпло зямлі... (Я.Янішчыц). Ой, жудасна-халодная Ўзгулялася зіма, Цярпі, зямелька родная, Няма жыцця, няма (Я.Купала). Завейная, закруціцца Зіма ды без пары (Я.Янішчыц). Падары мне яшчэ Завірушныя зімы І ўсмешку вачэй Дарагое радзімы (С.Грахоўскі). Магло б усё іначай быць зусім, Каб не яго ты, а мяне любіла, Маглі б не знаць сцюдзёных, лютых зім, І адзінота ў сэрцы не гасціла б (М.Танк). Над лютай зімою настойліва бралі верх цяплынь, вясна (Б.Сачанка). У снежных тунелях астываюць прытомленыя за дзень снегаачышчальныя машыны, якія так спяшаліся вывезці мяцелістую зіму за горад... (Я.Сіпакоў). Як быццам параніла сонца халоднай зімы дзіцянят... (Е.Лось). Сляды расталі капытоў і санак На згоне доўгай снежнае зімы (С.Грахоўскі).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (зімы): беларуская, добрая, лагодная, маладая, мяккая, прыгожая  азіяцкая (аўт.), блакадная (аўт.), бязлітасная, ваенная, галодная, глухая, голая, грозная, дзікая, дрымотная, жорсткая, жудасная, зацятая, злая, злосная, змрочная, калматая, кудлатая, ліхая, маркотная, нудная, нягодная, няпэўная, панурая, пражытая, пякельная, разлютаваная, раз’юшаная, саслабелая, сібірская, слёзная (аўт.), старая, суровая, сярдзітая, упартая, чужая, шалёная.

Зіма была не наша беларускаялагодная і мяккая, а чужая, сібірская — лютая і пякельная (Я.Васілёнак). Хутчэй бы прыйшла зіма, Белая і маладая (П.Панчанка). Сябры! Прыгожая зіма У нас па ўсёй краіне. Нідзе на свеце больш няма Такой прасторы сіняй (П.Глебка). Азіяцкая зіма, дзе снег толькі для прыліку выпадзе ўночы... (Я.Скрыган). А навакол — Курганы, курганы, курганы... Дзе па-брацку — Плячом да пляча — Пахаваны Блакадныя зімы... (Г.Бураўкін). Прайшло лета, прайшла восень. І вось зіма. Лютая, марозная, бязлітасная першая ваенная зіма (Р.Сабаленка). І песня гавора, як цяжка жылі мы, Як чахлі ў прыгонныя ночы, Як нас гадавалі галодныя зімы, Як цемра сляпіла нам вочы (Я.Купала). Зіма была голая, снег лажыўся некалькі разоў, ды ненадоўга — раставаў... (У.Дамашэвіч). ...Люблю зіму Я, мой сын, не грозную, А прад самаю вясной — Пад блакітам слёзную (К.Кірэенка). Дрэвы голыя, цвёрдыя. У лісты ляж, паклікай: будзе рэха дрымотных, суровых зім... (А.Куляшоў). Была зіма. Жорсткая, сцюдзёная зіма. Завея і завея (М.Зарэцкі). Суровая, зацятая зіма, а навакол так бела-бела... (“Маладосць”). Няхай шумяць вятры ў полі Халоднай злоснаю зімой (Я.Колас). Людзі пакорліва рыхтаваліся да зімы: змрочнай, няпэўнай (А.Пальчэўскі). Камусь на нешта жаліцца кудлатая зіма (“Маладосць”). Тут ліхая зіма нам кавала варожыя путы (Я.Журба). Цярпі, старонка родная, Мучэнне пі да дна, — Міне зіма нягодная І ўскрэсне зноў вясна! (Я.Купала). Разлютаваная зіма выла, кіпела мяцеліцамі, трашчала маразамі... (М.Лынькоў). Свой снег пазнаю сёння й заўтра. Бо ён пражытых зім сааўтар, І нешта ў ім заўжды маё (А.Пысін). Зіма саслабелая шалёна хоча Яшчэ хоць ноч падыхаць і пажыць (У.Караткевіч). А ў суровыя, у сіверныя зімы, Калі сцюжы заляталі ў дом, Усе рэспублікі маёй радзімы Саграваліся тваім цяплом (П.Глебка). Вясна не хацела мірыцца з упартай зімою (В.Карамазаў). Ідзі, зіма, ідзі ў дарогу... Пабач, старая, там, у полі, Чарнеюць леташнія ролі! (Я.Колас). Сярдзітая нахлынула зіма (М.Танк).

* Гасцюха-зіма, золь-зіма, летуценніца-зіма.

Першая бель — прывітанне доўгачаканай гасцюхі-зімы (М.Зарэцкі). І ў будан з дрыгвы плыве золь-зіма (У.Караткевіч). Кожны дзень малюе нездарма Лісце пальмаў на аконных шыбах Наша летуценніца-зіма (П.Макаль).

@

ЗЛОСЦЬ. Агорклая, адвечная, адчайная, азвярэлая, атрутлівая, атрутная, безвыходная, буйная, бяззубая, бязлітасная, бяссільная, вар’яцкая, гарачая, глухая, горкая, грозная, дзікая, дзіўная, дурная, д’ябальская, жахлівая, жорсткая, жудасная, зайздрослівая, запальчывая, зацятая, заядлая, звярыная, з’едлівая, калючая, камарыная, кіпучая, ліхая, лютая, неадступная, нелітасцівая, нечалавечая, нудная, нязгасная, нямая, нястрымная, няўтольная, палкая, панурая, помслівая, прагавітая, прагная, пякучая, раз’юшаная, раз’ятраная, раўнівая, саладкаватая, салодкая, сляпая, страшная, тупая, халодная, чорная, шалёная.

І жыла яна [Люба] з гэтай адчайнай, агорклай злосцю на ўвесь свет (К.Чорны). Усярэдзіне [Касьяна] бушавала атрутлівая злосць (Ц.Гартны). Безвыходная, горкая злосць закіпае ў душы, і мне становіцца цесна і душна ў палаце (Я.Брыль). А дзяцюк ад буйнай злосці непрытомны, аж дрыжыць (З.Бядуля). Пырскае слінаю [вораг], грозіць нам згубаю І давіцца ўласнаю злосцю бяззубаю (К.Крапіва). Бяссільная злосць вылілася на Машку, яго [Мікіты] безадказную памочніцу, і ясна стала, якая яна, гэтая злосць, горкая, дзікая і дурная (Я.Брыль). Ці то слёзы з крыўды страшнай, Ці з бяссільнай злосці, Што к чужынцу без пытання прывялі ў госці (Я.Купала). Прыступ нейкай вар’яцкай злосці захоплівае яго ўсяго (Я.Колас). І таму я глытаю гарачую горкую злосць і, супакоены трохі, кажу: “Ну, хлопцы, будзем сцены разбіраць” (Я.Брыль). І злосць яе [Вользіна] на тых, што ўцякаюць на машынах, мацнела. Дзіўная і страшная злосць (І.Шамякін). Дзесьці цяжка плёскалася на дне глухая, чорная злосць (М.Лынькоў). Твар [Джуліі] зноў разгарэўся запальчывай злосцю (В.Быкаў). Зацятая злосць і глухата старой... захмарылі ўсё, што ўвайшло ў душу Башлыкова ў гэтай неабыякавай яму хаце (І.Мележ). Яна заўважыла, якой звярынай злосцю бліснулі вочы Лукашыка (У.Дамашэвіч). Паны кідаюць маланкі з’едлівай атрутнай злосці на... усход (П.Пестрак). Мы ўсё разумеем — не толькі шэдэўры, Але і тваю камарыную злосць (Н.Гілевіч). Мучаідзе адчуў нейкую ліхую злосць... (Э.Самуйлёнак). Міця ў лютай, гарачай злосці пагнаў каня (В.Адамчык). Гэтая маўклівая дагадлівасць, неадступная, нелітасцівая злосць між імі [Імполем і Хрысцяй] узнікала ўжо не раз (В.Адамчык). У яе была толькі злосць немаведама на каго; нудная, яна, як чарвячок, тачыла Лідзіну істоту... (А.Чарнышэвіч). Калі нямая злосць дыхне з астрожных крат, Даволі сэрцу стукнуць гордым рытмам — І зернем залатым запырскае іскра, І змрок густы, пажарам загарыцца (В.Таўлай). Кіпела ў ім [Васілю] няўтольная злосць (І.Мележ). Млеючы ад саладкаватай помслівай злосці, думала, што, можа, і не вернецца [Імполь] у Дварчаны (В.Адамчык). Каб не раз’ятраная, сляпая злосць... такою ўжо дачка была б (В.Адамчык). На хвіліну ў яе сэрцы абудзілася раўнівая жаночая злосць, але яна [Гелена] адразу справілася (У.Караткевіч). Ад тупой звярынай злосці [Рэдар] пачаў біць пасуду (І.Шамякін). Шалее неба ў чорнай злосці (Л.Дайнека). Везувія злосцю шалёнай Палохаў нас захад (П.Панчанка).

@

ЗМРОК (мрок). Белы, блакітны, вячэрні, духмяны, загадкавы, зорны, мяккі, падсвечаны, пахучы, перадранішні, празрыста-шэры, празрысты, пяшчотны, ранні, роўны, светлы, сіні, сіняваты, срэбны, трапяткі, цёплы, ясны  ашалелы, ашаломлены, важкі, вільготны, глухі, глыбокі, грыфельны, густы, душны, замжэлы, золкі, імглісты, каламутны, кудлаты, магільны, маўклівы, мутны, невідушчы, непраглядны, рэдкі, свінцова-цьмяны, свінцовы, сляпы, сонны, спатнелы, сцюдзёны, таўстагубы (аўт.), тонкі, туманны, фіялетава-попельны, халодны, хмуры, цягучы, цяжкі, чарнахмары (аўт.), чарнільны, шарахаваты, шэры.

Белы празрысты мрок павіс над хатамі, над садамі, над рэчкай (“Маладосць”). У густым вячэрнім змроку патанула вёска (А.Асіпенка). Была пара вясновай квецені. У духмяным вячэрнім змроку чуваць былі далёкія перакаты грому (“Беларусь”). Ты любіш жыццё і сонца, Людзей, хоць бывае горка; Ты любіш і дрэвы, і росы, І зорны загадкавы змрок (П.Панчанка). Дзверы ў пакой, дзе былі хворыя, адкрывалі за сабою мяккі сонны змрок (К.Чорны). Над агародамі — празрыста-шэры, падсвечаны зорным небам змрок (І.Навуменка). Станцыя хавалася ў перадранішнім змроку (М.Лынькоў). Цёплы і пахучы змрок выносіў з сабою на вольнае паветра... і лёгкасць, і пах, і спакой (Ц.Гартны). Светлы змрок загусцеўся, як ліпец у ліпаўках (Р.Барадулін). Цікае гадзіннік у цішыні, Сіні змрок стрыгуць нажніцы стрэлак (А.Пысін). Да вокнаў туліўся сіняваты змрок зорнага вечара (Т.Хадкевіч). Вечар ліпнёвы ахінуў змрокам срэбным і трапяткім палі местачковыя (М.Лынькоў). Яна адна ідзе пустою дарогаю. Ноч. Ясны змрок (К.Чорны). Над ашалелым змрокам Сведчаннем вечнай вясны Шумяць пераможна над брызам зялёныя лахманы (У.Караткевіч). Аж боязна працягнуць руку ў гэты важкі змрок (К.Кірэенка). Вільготны змрок спаўзае на лугі... (Я.Колас). І не загінула добрая справа Сэрца людскога і ў змроку глухім (П.Глебка). Перакрэсліўшы вудай смугу агнявую, Я гляджу ў свінцовы і грыфельны змрок (У.Караткевіч). У вокны глядіць густы змрок (Я.Колас). Ды раптам развідніць замжэлы змрок Спатнелы і таўстагубы, Як негр, што з паўднёвых штатаў уцёк, Усмешкай белазубай (Р.Барадулін). Пакой заліваўся цяжкім каламутным змрокам (М.Зарэцкі). Удзень і ўноч пад небам шэрым Льецца змрок свінцова-цьмяны (А.Звонак). У змроку невідушчым Яснеў любві ачаг (Я.Янішчыц). Змрок непраглядны... Далячынь — не знікла (Т.Бондар). Сляпы, маўклівы змрок у Маабіце, Ды топча цемрыва бяссонніц крок (А.Лойка). У змроку раннім і густым Ён бронзавы [помнік] на плошчы вырас (М.Танк). Два агністыя струмені Разганяюць хмуры змрок (А.Зарыцкі). Плывуць... І след іх [журавоў] чарады Знікае ў змроку чарнахмарым (А.Звонак). ...Бліскавіцы ўспыхвалі часам у чарнільным змроку (У.Караткевіч). Сонца ўжо зайшло, але яшчэ цэлую гадзіну трымаўся шэры змрок (Я.Маўр).

@

ЗОРКА (зоркі, зоры). 1. Пра велічыню, колер, яркасць; пра характар адсвечвання: агнёвакрылая (аўт.), агністая, агромністая, бахматая, белая, блакітнавокая (паэт.), блакітная, бліскучая, буйная, бурштынавая, бурштынашчокая (аўт.), залатая, зыркая (разм.), іскрыстая, квяцістая, крынічная, крыштальная, малінавая, махнатая, поўная, празрыстая, прамяністая, светлая, серабрыстая, сіняя, смугла-залатая (паэт.), ядраная, яркая, ясная (нар.-паэт.)  бледна-зялёная, бледная, бляклая; зіхатлівая, зорная, мігатлівая, нерухлівая, трапяткая, цёплая, чыстая  зябкая, пахаладзеўшая, сцюдзёная, халодная.

Зірні: палошчацца ў крынічаньках Агнёвакрылая зара (А.Звонак). Сонца ціха скацілася з горкі; Месяц белы заплаканы свеціць, Аглядае бахматыя зоркі... (М.Багдановіч). На белых зорах выраслі рамонкі, Вясною кожны топча іх і мне (А.Пысін). Блакітнавокія, бледна-зялёныя зоры ўрачыста паблісквалі ў вышыні (М.Лынькоў). Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй (Я.Колас). Буйныя зоркі залатымі вышыўкамі мігацелі ў прасторы, віселі ў бяздоннай вышыні (З.Бядуля). І нават чайка, што, як мы, шукае З-пад пенных хваль бурштынавыя зоры... такая, З якой спрачаўся ты на Мінскім моры (М.Калачынскі). Хусцінкай весняга кастра Мой смутак відніш, Аўкштайтыя, Бурштынашчокая зара (Р.Барадулін). У блакітнай высі, цёмна-сінім моры, Дагаралі зоры, Зоры залатыя (П.Трус). А зоры зыркія ірдзяцца, А песні з далечы плывуць (К.Кірэенка). Сажалкі... адлюстроўвалі ў сваёй глыбіні тысячы іскрыстых зорак, што весела мігцелі ўгары (А.Чарнышэвіч). А квяцістыя зоры... усыпаюць усё неба, дрыжаць, пераліваюцца колерамі вясёлкі (Я.Колас). ...Пад гэты халодны небасхіл, пад першую крынічную зорку на ім, да залатога іканастаса захаду прыйшлі людзі — мы (У.Караткевіч). Не шукайце красы за морамі, Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі, — Прыяджайце да нас на Полаччыну (Г.Бураўкін). Адгаманіла лета на мове зор малінавых і кветак (П.Панчанка). Нібы ўпершыню ён [Міколка] бачыў і гэтае неба, і такія ж махнатыя зоры (М.Лынькоў). Даўно апусцілася ноч, высыпаўшы на неба поўныя зоры (Я.Скрыган). Над бярозамі віселі халаднаватыя і празрыстыя зоры (У.Караткевіч). Адзінокі курган заўважыў, што з недасяжнай нябеснай вышыні над ім свеціцца яркая, бліскучая, нібы дыямент, прамяністая зорка (Я.Колас). Я ім [жураўлям] кажу: ляціце, родныя, Па светлых пуцяводных зорах На нашы рэкі паўнаводныя, На неабсяжныя прасторы (М.Танк). Гэй, вольная песня, ляці ты На крыллях заранак і зор серабрыстых... (М.Танк). Калі ж сачыўся бледнаваты Зор сініх свет праз небасхіл І ўплятаўся вулак пыл, — Мы ўсе пяялі каля хаты (М.Багдановіч). Як зоры смугла-залатыя, Ў дакорах сыплюцца на снег (П.Трус). Неба, адразу ж пасля заходу сонца, расквечвалася, нібы пры салюце, густымі, яркімі і ядранымі зоркамі, што халаднавата ўжо, зырка глядзелі на зямлю (Я.Сіпакоў). Цвіце Кася на ўсю вёску Зоркай яснай (Цётка). Махнатыя зоры рабіліся бледнымі перад заравам (М.Лынькоў). Людзі, верце: ёсць у нас свае Зоркі зіхатлівыя ў Сусвеце! (К.Цвірка). Загараліся шляхі зорныя — Зоры зорныя над паласой... (М.Танк). Ападаў, цішэў вецер, праз мутную павалоку хмар дзе-нідзе праразаліся нізкія мігатлівыя зоры (Б.Сачанка). І ўсім добранька: раслінкам... І тым зоркам нерухлівым, І тым зоркам, што дрыжаць, І прасторам тым маўклівым, Што над зоркамі ляжаць (Я.Колас). Над Бугам грымяць і грымяць цягнікі, І сіняя плынь пагранічнага Буга, Не гасячы зор трапяткіх аганькі, То ворага твар адбівае, то друга (П.Панчанка). І цёплых зор касцёр Хай зіхаціць над нашай галавою (А.Звонак). Блішчаць зоркі, чыстыя, зыркія, нібы вымытыя ў расе (І.Навуменка). У ранішнім небе дрыжалі зябкія мігатлівыя зоркі (“Маладосць”). У небе зоркі ад марозу Пахаладзеўшыя дрыжаць (М.Багдановіч). А там, на радзіме, марозам убраны ў сцюдзёныя зоры стары медны бор (М.Танк). На вясеннім чыстым небе мільгалі далёкія халодныя зоры (Я.Колас).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (зоркі): адвечная, бяздонна таямнічая, вечная, квяцістая, маладая, мудрая, неатухлая (разм.), незгасальная, непагасная, нязгасная, нясмелая, пахучая (аўт.), пуцяводная, спелая (паэт.), таемная, трапяткая, ціхая, шчаслівая  адзінокая, баязлівая, безнадзейная, бяздумная, далёкая, забытая, завялая, задуменная, змрочная, колкая, маркотная, маўклівая, неасцярожная, недасяжная, нервовая (аўт.), неспакойная, самотная, сонная, спакойная, сумная, хлуслівая (аўт.).

Між зорак адвечных нязгаснай і новай Заззяла ты [слова] зоркаю... (А.Александровіч). А ноччу, калі Руневіч, стоячы, на варце, многа, па-чалавечы думаў пад вечнымі, і ў кнігах апісанымі, і ўсё ж бяздонна таямнічымі зоркамі, — метраў за дваццаць ад яго паста свяціла вокнамі, спявала скрыпкамі афіцэрскае казіно (Я.Брыль). А квяцістыя зоры, бы дыяменты, усыпаюць усё неба (Я.Колас). Ходзіць месяц, выглядае: Дзе ты, зорка маладая? (Н.Гілевіч). У вочы мудрым зорам глянуць уладары касмічных трас (Л.Дайнека). І лёгка забрысці Па неатухлых зорах У неба ў забыцці... (Р.Барадулін). Тры бярозы шумяць Пад зарой незгасальнай, Тры бярозы Чацвёртую ўспамінаюць (М.Танк). І ўзыходзяць Над лесам Пражытых табою гадоў Непагасныя зоркі Законаў бацькоў і дзядоў (Г.Бураўкін). Неба на ўсходзе пацямнела, на ім заблішчалі першыя, яшчэ нясмелыя, бледныя зоркі (Т.Хадкевіч). І жнівеньскія зоры пахучыя, як дыні, Сінія, нібыта верасы (Г.Бураўкін). Ледзь пуцяводныя зоры відаць (М.Танк). Зоры спелыя навіслі густа (А.Вялюгін). Зоркі таемныя, зоркі далёкія Ціха мігаюць, дрыжаць (Я.Колас). Месяц-маладзік яшчэ не ўзыходзіў, і цёмнае неба, усеянае безліччу трапяткіх зорак, здавалася бяздонна глыбокім (І.Сіўцоў). Ціхія зоркі пераліваліся дзіўнымі агнямі розных колераў (Я.Колас). Тваё нараджэнне шчасліваю зоркай Адзначана ў небе высокім (Н.Гілевіч). Я толькі гляджу ў неба. Там прарэзалася і блішчыць маленькая адзінокая зорка (В.Быкаў). Баязлівая зорачка загарэлася ў небе над непрывычна прыціхшай вёскай і зазіхацела (В.Гарбук). Салдат у роспачы зноў заўважыў над сабою безнадзейныя зоры і халоднае неба (К.Чорны). Неба, спакойнае і лагоднае, свяцілася бяздумнымі зоркамі (І.Чыгрынаў). Ляцяць мае думкі Да нейкае зоркі забытай, Маўклівай... (У.Някляеў). Хай ранак збірае ў чырвоны прыпол На ўсходзе завялыя зоры (М.Арочка). На небе мігцелі вялікія колкія зоркі, марознае паветра дыхнула бадзёрасцю (С.Грахоўскі). А над лесам цёмнае неба ды маркотныя задуменныя зоркі (З.Бядуля). З неба асенняга ноччу Неасцярожная зорка, як светлячок, заляціць (М.Танк). І было штось незвычайна важнае і велічнае ў гэтым далёкім харастве недасяжных зор (Я.Колас). А ў вышыні — Зірні: Нервовых зор табло! (Р.Барадулін). А яны, неспакойныя зорачкі, кожную ясную ночку будуць свяціць сваім немяцежным бляскам (Я.Колас). На бляклым небасхіле ўдалечыні ўжо запалілася і ціха гарэла адзінокая, самотная зорка (В.Быкаў). І скалы над вадой звісалі, нібы шторы, Чарнелі сонныя на гарызонце зоры (С.Шушкевіч). У галодных вачах ваўкоў мігцяць, пераліваюцца водбліскі далёкіх сумных зор (М.Лынькоў). Начныя хлуслівыя зоры, Вялікі ўстрывожаны свет... (П.Панчанка).

* Агеньчыкі-зоркі, агняцветы-зоры, дружкі-зоры, зорка-заранка, зорка-знічка, зорка-поўня, зоркі-каралі, зоркі-сёстры, зоркі-спарышы, зоры-сведкі, зоры-стажары, іскрачкі-зоркі, краска-зорка.

[Неба] заззяла тысячамі рознакаляровых агеньчыкаў-зорак (Я.Колас). Аддам сягоння ўсё За агняцветы-зоры, За любы, родны край, Так сэрцу дарагі! (П.Трус). А дружкі-зоры штось пяялі Аб шчасці вечнага кахання (К.Буйло). Не крыўдзі, Сонца, нашу расіянку, У тваю сям’ю прыйшла яна дачкой, Падобная на зорачку-заранку, Што ўсходзіць над стагамі за ракой (А.Пысін). Ты не знікнеш зоркай-знічкай — Дай жа, дай мне слова (А.Бачыла). Сее зорачкі-каралі Млечны пас (Я.Колас). Паплыву я між бяроз За імглістай зоркай-поўняй Ў срэбры палыновых рос (В.Вярба). А дзве зоркі смяюцца... Яснакосыя, шустрыя зорачкі-сёстры (К.Буйло). Схаваўся месячык за дрэвы. Мільгаюць зоркі-спарышы (Г.Бураўкін). Як жывыя, зоры-сведкі У нябеснай у купелі, Патанулі далі ў белі, Засвяціліся палеткі (Я.Купала). Ажываюць аблогі-імшары, Загараюцца зоры-стажары, Асвятляюць вялікі паход (Я.Колас). На марознай шыбе зіхацелі радасныя іскрачкі-зоркі (І.Мележ). Дзе ты, краска-зорка ясная? Між народу ты свяцілася (Я.Колас).

@

ЗЯМЛЯ. I. Глеба, грунт; суша: белая, вільготная, жыватворчая, мяккая, падатная, пахучая, пладаносная, поўная сілы, пульхная, пухкая, сакавітая, свежая, смалой прапахлая, тлустая, ураджайная, устойлівая, цёплая, цяжарная (аўт.), чыстая, шчодрая  абвугленая, апусцелая, атрутная, волкая (разм.), вымачаная дажджамі, вязкая, голая, гулкая, засмяглая, золкая, крамяністая, настылая, няласкавая, парная, пастылая (разм.), патрэсканая, пустая, пясчаная, самлелая, сасмяглая, снежная, сухая, схаладнелая, сырая, талая, халаднаватая, халодная, цвердая, цупкая (разм.), чорная, чужая, чэрствая.

Падзьмуць вятры — і снежныя каметы Праносяцца над белаю зямлёй (П.Панчанка). Шыр запахне раллёй, жыватворчай зямлёй (З.Бядуля). Мяккая, халаднаватая зямля здалася падушкай (Б.Сачанка). Бадзейка зноў у дарозе. Радасна і ветла разгортваецца перад ім пахучая зямля (Я.Колас). [Плуг] плыве ў чарназёме лёгка, чыркне аб камень знянацку і зноў у пухкай зямельцы тоне (К.Цвірка). Да рук ліпла пульхная зямля, раса сцюдзёніла пальцы (Б.Сачанка). Гэта шум сакавітай зямлі, Свежай, поўнае сілы, Пралятае па струнах кары, Песні сонца бярэ... (П.Броўка). Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста (Я.Колас). Ідзе... наступ на векавыя балоты, ...людзі ператвараюць іх у пладаносныя, ураджайныя землі (У.Краўчанка). Бераг паволі набліжаўся. Вось нарэшце зямляцвёрдая, устойлівая (І.Мележ). І нават чуваць, як трава маладая З зямлі прабіваецца, цёплай і волкай, І пахне сасоннік празрыстаю смолкай (С.Грахоўскі). І зноў на глебе хоча засяродзіцца Цяжарная і чыстая зямля, Як багародзіца (П.Макаль). З ласкі шчодрае зямлі Тут кожны атрымаў Па сто хваін, па дзесяць ліп, Па мору чыстых траў (П.Панчанка). Чуваць, як знізу парасткі тугія Свідруюць пласт абвугленай зямлі (М.Аўрамчык). Пад вечар, калі чырвонае сонца сцякала за лес, апусцелая, няласкавая зямля стыла на холадзе (І.Мележ). Мне зямля твая, горад, — атрутная, злая, чужая — стала роднай зямлёй (У.Някляеў). Ногі яе [Ганніны], здавалася, ледзь дакраналіся вымачанай дажджамі, схаладнелай зямлі (І.Мележ). Зямля стала вязкай, усюды купіны... (Э.Самуйлёнак). Наскочыў мароз — закарэла гразь, умерзла і аж патрэскалася голая зямля, стала цупкаю і гулкаю, як бубен, калі па ёй ехаць калясьмі (І.Капыловіч). Засмяглая зямля... ледзь не прасіла: дажджу, дажджу! (Р.Сабаленка). Ад начных замаразкаў зямля стала крамяністай... (М.Ткачоў). Навокал у шэрым туманістым мроіве ляжала золкая веснавая зямля (В.Быкаў). Стагнала пад рыдлёўкай гліна, Зямля настылая гула (С.Грахоўскі). Цёплая, парная зямля... Дажджу не было, ён толькі збіраўся і пайшоў бокам (І.Чыгрынаў). Над гарбом зямлі пастылай, Над прасцецкаю магілай Пара вырасце бяроз (Я.Колас). Летам зямля пахне завялым рамонкам і, сухая, патрэсканая, робіцца, як спрацаваныя рукі хлебароба (К.Каліна). Трызніць самлелая зямля Аб росах, аб дажджы і громе (С.Грахоўскі). А ціш... Сваё сэрца Ты чуеш у ёй, А птушак нідзе тут Над снежнай зямлёй (З.Бядуля). На сырой прыляж зямельцы, Атулісь касою, Няхай сэрцайка дзявоча Прыйдзе да спакою (Я.Купала). Над ціхай талаю зямлёю Навісла ночка той парою (Я.Колас). Тут кожны куст трывожнаю парой Хаваў мяне. Тут да зямлі халоднай і сырой Я прыпадаў, як да матулі роднай (Н.Гілевіч). Ссохлі травы, усё павяла. Слоць, плюхота, холад, цьма. Эх, скарэй бы закрывала Землю чорную зіма! (Я.Колас).

II. Краіна, дзяржава, бацькаўшчына; планета: абетаваная, адвечная, азонная (аўт.), благаславёная, блаславёная, блізкая, бусліная, бязмежная, вечна добрая, вечна жывая, вольная, вясёлая, гаючая, гераічная, дарагая, дзівосная, дзіўная, добрая, залатая, заспакоеная, зялёная, квяцістая, любая, любімая, маладая, мілая, мудрая, неабсяжная, непараўнаная, непаўторная, нязнаная (разм.), песенная, працавітая, прашытая баравікамі, прыветная, прыгожая, прыціхлая, пявучая, радзімая, раскалыханая, раскутая, родная, свабодная, светлая, святая, свяшчэнная, смалой прапахлая, сонечная, спакойная, сціплая, таемная, трапяткая, уваскрэслая, утульная, хлебная, цёплая, цудоўная, чароўная, шчаслівая  абгарэлая, азяблая, балючая, бедная, варожая, вогненная, вусцішная, гаротная, гнеўная, далёкая, заняволеная, запалоненая, засмучоная, здрасаваная (разм.), змрочная, знявечаная, зняволеная, зраненая, крывавая, маўклівая, мёрзлая, многапакутная, натруджаная, ненадзейлівая (аўт.), пакутная, параненая, прыбітая, разамлелая, разгневаная, раненая, самотная, скапаная, стомленая, страшная, сумная, суровая, сцішаная, чорная, чужая, шматпакутная, шумная.

Сцякае сонца з мокрых грон Зямлі абетаванай, Калі зімовы першы гром Грукоча над Гаванай (Р.Барадулін). ...Вы хаця б на хвіліну засталіся там [у Белавежы] сам-насам з аленямі і зубрамі, з аксамітнымі грабамі і вузлаватымі дубамі, з сумленнем, з чалавечнасцю, з усёй гэтай добрай і адвечнай беларускай зямлёй (У.Караткевіч). З цёплай зямлі, Зялёнай, азоннай, Кліча нас уладарна След касмічных ракет (П.Панчанка). У краі тым, дзе нарадзіўся я, Сваёй хапала і чужой трывогі, Ды слалася трыпутнікам пад ногі Мая благаславёная зямля (У.Паўлаў). Хай згінуць сум і гора. Весяліся, не журыся, благаславёная зямля (П.Панчанка). Бусліная зямля. Азёры ды бары... Зямля святая (У.Някляеў). Да гэтых вандраванняў Цябе так не любіў я, Бязмежная, цудоўная... зямля! (А.Звонак). Я гляджу на агеньчык і нязменна, не падбіраючы слоў, думаю: агеньчык пасылае нам сама зямля, сама пакутніца, пасылае ад сябе, ад мільёнаў страчаных, ад сябе, здрасаванай, скапанай, вечна добрай і непаўторнай (Ф.Янкоўскі). Прыпадзі да зямлі цёплай ніцма, Да ўзоранай плугам раллі — Ты пачуеш, як б’ецца крыніцай Сэрца вечна жывое зямлі (А.Звонак). І калі сёння чую песню я Пагожым ранкам або на змярканні, Я слухаю з глыбокім хваляваннем, Як вольная пяе зямля (М.Танк). У чужой і новай для мяне краіне я яшчэ мацней адчула любоў да сваёй Радзімы, да мілай сэрцу, шматппакутнай і гаючай зямлі нашай (Я.Янішчыц). У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай, Нашых дум карані (Н.Гілевіч). Мы — на волі, Блуканням канец, Перад намі... — Дарагая зямля (А.Куляшоў). Любўйцеся ж гэтай дзівоснай зямлёю, Як некалі мы любаваліся ёю (Н.Гілевіч). Блакітнаю знічкаю наша планета Здаецца ў замеці зорных дарог, То знікне, то ў змроку касмічным забліскае, То песняй, то словам сагрэе здаля, Такая знаёмая, родная, блізкая, Такая далёкая наша зямля (С.Грахоўскі). Сваю зямлю, любімую, святую, Якую грубым словам не назваць, Такую светлую, такую залатую Распусніку... аддаць? (У.Караткевіч). Нехта гаворыць пра дзіўныя землі, пра неба (М.Танк). Над заспакоенаю зямлёю звісала цёмная глыб неба (Я.Колас). На тваёй [Шаўчэнкі] зямлі квяцістай Сонца ясна свеціць (Я.Купала). У вырай далёкі лятуць жураўлі Ад любай, утульнай бацькоўскай зямлі (К.Буйло). Зноўку зямля маладая — Раніцай твар абдало (Р.Барадулін). Зноў для кожнай травінкі свой Я на мілай бацькоўскай зямлі (Г.Бураўкін). Бераг мудрай, таемнай Зямлі, Ад якога ідуць караблі. ...Я прымаю яе абшар... (С.Панізнік). Вось я таму і кладу на цымбалы Сцежкі-дарогі, што леглі ўдалі, Промні, што майскай зарой запалілі Рэкі маёй неабсяжнай зямлі (М.Танк). Ты ўстаеш, атакованы снамі, і верыш, і верыш У далёкія рэкі, у голас марскіх караблёў, У нязнаныя землі (П.Панчанка). І не мае аздобы зямля працавітая, І сумуе па кветках маўклівы туман (П.Панчанка). Пачую я, як прарастае песня, Як цёплыя і трапяткія крылы Узносяць над прыціхлаю зямлёй У слова пералітае імгненне, У словы пералітыя гады (Г.Бураўкін). Родная зямля! Прыгожая, чароўная, любімая. Па ёй хадзілі... людзі, па-рознаму заўважалі і цанілі яе прыгоства (І.Шамякін). Прывет табе, зямля Тараса, Пявучая зямля братоў (М.Танк). Паломаны жыццём, чакаючы магілы.. Радзімая зямля, прынікнуў я к табе, І бодрасць ты ўліла ў слабеючыя жылы, Зварушыла маёй душы драмаўшай сілы, І месца ў ёй з тых пор няма ўжо больш жальбе (М.Багдановіч). Раскалыханая, плыла зямля, Зямля гукала ўсімі галасамі (А.Пысін). Вольныя людзі раскутай зямлі, Песняю вас мы вітаем (Я.Колас). Гэй, родныя песні! Вы ў суме і ў горы, Ці ночка пануе, ці сівер дзьме зімны, — Для роднай зямелькі вы — светлыя зоры, Для роднага краю вы — райскія гімны! (Я.Купала). Была са мною святая зямля, на якой сустрэла раніца (Ф.Янкоўскі). Ды мы наіўна прывыкаем, Што нам спатрэбіцца пасля Прашытая баравікамі, Смалой прапахлая зямля (Г.Бураўкін). Палессе, звонкае Палессе, На гэтай сонечнай зямлі Мы новыя пачулі песні (В.Вітка). А над пшаніцай, над лёнам, над хлебнай спакойнай зямлёй — высока ў небе поўны, усім задаволены маладзік (Я.Брыль). Я ў лясах валдайскіх ваяваў, На зямлі той сціплай і прыгожай. Я Дзямянск і Полу вызваляў (П.Панчанка). Там, дзе гнеў клекатаў сэрцаў братніх, разлучаных, Дзе бізун прасвістаў і слязамі калючымі Набрыняла зямля трапяткая і гнеўная, Пачынаешся ты, Беласток (П.Панчанка). Да планет збіраецца ў госці цёплая... зямля (П.Панчанка). І мы ўжо думалі, што знаем Зямлю цудоўную братоў, Пакуль не ўстаў за небакраем З высокім імем горад Львоў (П.Панчанка). Тут, на гэтай чароўнай зямлі, Нашы думы і гады прайшлі (П.Глебка). Я ведаю: кастру майму ніколі не згаснуць на зямлі шчаслівай (С.Панізнік). Жаданне маё тады простае будзе: За ночы бяссонныя адаспацца, З сябрамі за чаркаю развітацца, А потым ісці скрозь агні лістапада Дахаты па той абгарэлай зямлі, Дзе некалі мы, маладыя салдаты, Ваду, адступаючы, прагна пілі (П.Панчанка). Сад калыша зямля азяблая, нецярпліва сукі трасе (С.Панізнік). Уся зямля — ад краю і да краю — Балючая, крывавая, святая... Другой такой зямлі няма нідзе (У.Някляеў). На вогненнай зямлі ў сталёвым свісце Тут кожны воін б’ецца за траіх (П.Панчанка). Дудары ўсё перайгралі... у свет яны пайшлі, А ў душы яшчэ спявалі Зыкі дзіўныя, плылі, Разрасталіся й далёка Душу вабілі сабой І няслі яе высока Над гаротнаю зямлёй (Я.Колас). Тады адзін другога сагравалі І дружбай і ўспамінамі, А калі цішэй было на фронце, — гаравалі Аб нашай запалоненай зямлі (П.Панчанка). А ўсё застпалося: І пройдзены шлях, І горад з прасцёртымі ў дыме рукамі, І ты, засмучоная наша зямля, Аблітая ў ростані буйна слязамі (П.Броўка). Месяц выплыў над змрочнай... зямлёй, І павёў яго ў цёмную даль за сабой (М.Багдановіч). І хоць даўно магілы параслі травою забыцця, яшчэ і сёння На раненай знявечанай зямлі Крывавяць кратэры каменаломняў (М.Танк). Зняволеную зямлю роднай Беларусі вызвалялі рускія і беларусы, узбекі і казахі, грузіны і башкіры (І.Мележ). Я не проста свой дзённік пішу, А прысуд выношу, Каб над ворагам здзейсніць пасля, — Бо чакае ратунку Заняволеная зямля (А.Куляшоў). Чорная, маўклівая ляжала зямля (Я.Скрыган). А мы і не бачылі шчасця... На зраненай нашай зямлі (К.Цвірка). На край суровай мёрзлае зямлі, Пашырыўшы паўдня граніцы, Шарэнгі дрэў мічурынскіх пайшлі, Каб з полюсам далёкім парадніцца (А.Пысін). Тут, на зямлі многапакутнай, Каля дарогі кожны схіл Асветлен зоркай... (М.Аўрамчык). На прасторах Між вялікіх гарадоў, Над зямлёй, Спакойнай і натруджанай, Іней асыпаецца з калматых правадоў Лініі высокага напружання (П.Панчанка). Так бессмяротнасць, можа, і не купім На гэтай ненадзейлівай зямлі (М.Стральцоў). Але йшчэ больш здзівіўся я, калі Праз чвэртку веку з вогненных шляхоў Паклон пакутнай бацькаўскай зямлі Прынёс... (К.Кірэенка). Пацякла гарачая крыніца, Нібы кроў параненай зямлі (А.Звонак). І вось напрадвесні сорак другога года прыбітую і сумную з выгляду зняволеную зямлю і тут прарвала помстай (Я.Брыль). Шумяць плакучыя бярозы Па ўсёй знявечанай зямлі, Каб толькі больш ніколі слёзы Па дзецях маці не лілі (С.Грахоўскі). У небе стайка белых галубоў Над разамлелаю зямлёй уецца (Н.Гілевіч). Абаронцы міру! Нас мільёны На ўсёй разгневанай зямлі (П.Панчанка). Тады яе, нашай любай і страшнай Зямлі, яшчэ ніхто не бачыў зводдаль, у блакітным ззянні. Самотная, яна паволі, вусцішная круцілася ў чорнай бездані (Я.Брыль). Да суровых земляў шматпакутных Я хачу пранесці праз драты... Нашую любоў да вас, браты (П.Панчанка). А ноч рассьтала каралі Над гмахам сцішанай зямлі (Я.Колас). Выбіраюць зорную дарогу Да чужой далёкае зямлі, Трубяць развітальную трывогу У халодным небе жураўлі (С.Грахоўскі).

* Айчына-зямля, зямля-карміцелька, зямля-матка, зямля-матуля, красуня-зямля, матка-зямля, маці-зямля  зямелька-чужаніца, зямля-непакора, зямля-пакутніца, зямля-парадзіха.

Кавылі, кавылі, кавылі, Песня жаўранка над галавою, Цёплы подых айчыны-зямлі, І жыцця трапятанне жывое! (А.Звонак). Ганчар змушае гліну Ператварыцца ў збаны... Араты — зямлю-карміцельку Жывучы хлеб нараджаць (М.Танк). Апранула зямля-матка кажушок зялёны (Я.Колас). Далёка ты, мая зямля-матуля (Я.Колас). Ды ўсё ж я лішне самаўпэўнена думаю часамі, што я цябе нібыта добра ведаю, мая красуня-зямля (Я.Брыль). Матка-зямелька! Эх, не, недарма ты Корміш... свой люд! (Я.Колас). Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор, Сваю матку-зямлю — Беларусь (Я.Купала). Кінуў вораг цымбалы, Яны пакаціліся ў лог. Пад гарою Травою Укрыла іх маці-зямля (А.Куляшоў). — Дай, зямелька-чужаніца, Мне ад ветру затуліцца (С.Панізнік). О зямля-непакора, о край дарагі! Мы адной тваёй ласкай жывём да сканання (К.Кірэенка). Варочаліся ў родны край салдаты, Паэты, спевакі і рыбакі, Будаўнікі палацаў, зямляробы... Зямлі-пакутніцы няслі жыццё (К.Кірэенка). Цяжка ўздыхае зямля-парадзіха... (А.Пысін).

@

ІМГЛА. 1. Пра колер, гушчыню, вільготнасць; пра тэмпературу; пра час з'яўлення: беласнежная, бела-шэрая, белая, блакітная, жоўтая, залатая, залацістая, зялёная, лёгкая, малочна-белая, малочная, пахучая, ружовая, серабрыстая, сіняя, срабрыстая  безнадзейна-адліжная, беспрасветная, бязмежная, бяскрайняя, вадзяністая, вільготная, густая, душная, золкая, крывавая, непраглядная, падрапяшчаная мітуснёю сняжынак, рэдкая, свінцовая, сівая, сцюдзёная, туманістая (разм.), туманная, цяжкая, шэра-густая; дрогкая, халодная; асенняя, восеньская, вясенняя, вячэрняя, ранішняя.

Пад беласнежнаю імглой Мароз патроху браўся ў сілу (Я.Колас). У бела-шэрай імгле хаваецца далягляд (А.Савіцкі). Белая ранішняя імгла паступова радзела, рабілася жоўтаю (Я.Маўр). Усё, што знаходзілася ніжэй доўгай зубчатай сцяны лесу, плавала цяпер у лёгкай блакітнай імгле (М.Паслядовіч). А ён [дождж] ішоў далей, За шумныя прадмесці, І знік у залатой імгле... (М.Танк). Цёплы дзень дагарэў... Саснячок над ракою ў зялёнай імгле (У.Караткевіч). Вужакай сцелецца нізамі сівая, малочная імгла (Я.Брыль). Была пара квецені. Усё наваколле плавала ў пахучай ружовай імгле (“Маладосць”). На досвітку ў лесе ціха, Курыцца сіняя імгла (С.Грахоўскі). У гармонік бярозавы грае Ў пералеску срабрыстая мгла (А.Звонак). [Чайкі] лётаюць-пералётваюць, нібы прабіваючыся крыллямі з шэра-густой падрапяшчанай мітуснёю мокрых сняжынак, безнадзейна-адліжнай імглы (Я.Брыль). Няхай той час, што згінуць мусіў У беспрасветнай векаў мгле, Для беспрыпыннай Беларусі Хоць толькі ў песні ажыве (Я.Купала). У бязмежнай, непрагляднай імгле хат нельга было пазнаць (Ц.Гартны). Святая пасцель небасхіла Крывавай імглой заплывала... (Я.Купала). Дудзінка курыцца сіваю імглой І месяц тонкаю ільдзінкай Плыве... (С.Грахоўскі). Гушчар драмаў на мшалай горцы Пад туманістай імглой (З.Бядуля). У цяжкай туманнай імгле раніцы вырысоўваліся дзве постаці (Э.Самуйлёнак). [Наста] проста разглядае дзіўныя, не вельмі выразныя малюнкі, што выплываюць з дрогкай... імглы (А.Савіцкі). Зверху пасыпалася халодная імгла (А.Кулакоўскі). Над хатай Біруковых шумела рабіна, бо вецер пабольшаў і восеньская імгла пачынала пераходзіць у дробны дождж (А.Кулакоўскі).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (імглы): дрымотная, звонкая, пяшчотная, чуйная  журботная, маркотная, падманлівая, прывідная, сляпая, сонная, сумная, хмурая, хмурная.

Цішыня. Засыпае Марынка, і Настуля ў дрымотнай імгле... (Э.Агняцвет). Марозны вечар... звонкай імглой захутаў горад (А.Васілевіч). Спавітая пяшчотнаю імглой, Антэна чэпкае лазы вясёлай Трымае сувязь з небам і зямлёй (Р.Барадулін). Дробненькі-дробненькі дожджычак сеяўся над полем, стаяла чуйная, прывідная ў сваёй сцішнасці імгла (М.Стральцоў). Хурма залатая ляжыць на стале І водарам поўдня спякотнага дыша. Тут — восень. Дзень тае ў маркотнай імгле, Стаіць за акном ледзяністая ціша (К.Буйло). Апанавала дрымота сярод сумнай імглы восені (М.Гарэцкі). А навакол — сляпая, сонная імгла... (“Беларусь”). Дзень сягодня хмурыў бровы ў хмурнай імгле (З.Бядуля). Хмурая восеньская імгла паўзла з сівага неба (М.Гарэцкі).

@

ІНЕЙ. Пра колер, бляск; пра таўшчыню, характар покрыва: асляпляльны, белы, блакітны, бліскучы, іскрысты, крыштальны, малочны, ружовы, срэбны, сярэбраны, шараваты, шэры, яркі, ясны; густы, калючы, карункавы, лёгкі, махнаты, першабытны, пушысты, рэдкі, тонкі, хрусткі, чысты.

І белы іней, асляпляльны, бліскучы, паў на дрэвы і кусты (А.Асіпенка). Раскідзістая груша-дзічка стаяла ў пышным уборы іскрыстага срэбнага інею (М.Лынькоў). Раніцы ўставалі ружовыя, з ружовым снегам і ружовым інеем (І.Мележ). Ружовы іней на бярозах, А на душы — даўнейшы боль (С.Грахоўскі). Як гэты срэбны іней — Я чую — дні звіняць (Н.Гілевіч). На бярозах сіні іней, карункавы, пушысты... (“Маладосць”). У сярэбраным інеі вербы стаяць (Л.Геніюш). Першабытны іней. Снег няталы. У белых правадах стаіўся час (А.Пысін). Раніцай на траве ляжаў рэдкі іней (М.Стральцоў). Учора ноччу хрусткі іней Яшчэ лажыўся на лугі (С.Грахоўскі). Чыстым інеем пакрыты На гасцінцы беразняк, Космы густа ім абвіты; У белым снезе маладняк (Я.Колас).

@

КАЗКА. Белая (аўт.), быстраногая (аўт.), вушастая (аўт.), дзівосная, дзіўная, мудрая, народная, неверагодная, непрыдуманая, неразгаданая, прыгожая, разумная, родная, раптоўная, сівая, сонечная, таемная, таямнічая, тоненькая (аўт.), хітрая, цёпла-шэрая (аўт.), цёплая, цікавая, цудоўная, чароўная  журботная, сумная, сонная, старая, страхотная, страшная, хлуслівая.

Белая казка... Зіма беларуская... Што ж мне не дорыш снягурачку ты? (Н.Гілевіч). Сустрэнуцца сям-там маленькія елачкі ў снезе, і пад кожнай мне будзе так несур’ёзна, сентыментальна бачыцца цёпла-шэрая ды вушастая, быстраногая казка маленства (Я.Брыль). Лябедзіку, вячэрняя памрока, а ты плывеш дзівоснай казкай дня (Е.Лось). Вакол гэтай думы дудара-званара Казак дзіўных злажылась нямала (Я.Купала). Я пад яе зімовай маскай — Пад снегам — бачу твар вясны, І вее верш мой дзіўнай казкай, І ясны ён, як зорак сны (М.Багдановіч). Закінуў [кот] казкі мудрыя свае Ў густыя палыны (А.Пысін). З-пад снегу векавога прыгону выбілася наша народная казка, расплылася па свеце і, зліўшыся з пахамі вясны, зачаравала ўсіх — і маленства, і старасць (Я.Брыль). Вянкі грыбоў — лясныя анталогіі Неверагодных, фантастычных казак (М.Танк). Тут калісьці да кастра майго з імшараў, Непраходных, непрабудных нетраў наскіх У адведзіны прыходзілі ўсе чары, Маладосці неразгаданыя казкі (М.Танк). Зірні ты светлым вокам ласкі, Авей крылом прыгожай казкі (Я.Колас). Цягнецца нітка тоненька, Размотваецца клубочак. Як дотык раптоўнай казкі Нас атуляе надзейна Пража яе ласкі (П.Макаль). Словы ж так ападаюць, як лісце бярозы, На асеннюю быль і на казку сівую (М.Танк). Я думаў: сонечную казку Раскажуць ліштвы, а ў акне Адчыняць вейкі — калі ласка — Блакіт нябесны ў сэрца мне (К.Цвірка). Пахне цёмнай таемнай казкаю, Што спрадвеку гушчар расказвае... (Я.Янішчыц). “Раскажы мне тоненькую казку”, — Просіць перад сном мяне малы (П.Панчанка). Не хочацца нават бабуліных казак, бо вясна бае сваю чароўную сонечную казку, бо гэтак соладка пахне над плотам росная чаромха (Я.Брыль). Бралі з сабою Базыля, і ён ім мармытаў сваю казку — адну і тую ж, аднак такую цікавую, цёплую, сонную (Я.Брыль). І родныя казкі, разумныя, старыя расказвае лес... (“Маладосць”). Гэта было адно з тых месц, пра якія калісьці народ расказваў страхотныя казкі — з разбойнікамі, з лесунамі, з русалкамі (З.Бядуля).

* Казка-байка, казка-мова, казка-праўда, казка-сон.

Аб высокай гарэ, дзе ніхто не арэ, Казкі-байкі ліюцца крыніцай (Я.Купала). Ды гэты лес, хоць ён і немы, Але скрозь ціш халоднай дрэмы, Скрозь гэты мёртвы сон зімовы Вядзе з Міхалам казкі-мовы (Я.Колас). Выпадковыя стрэчы, Без паклону, без слоў, Адыходзяць у вечнасць Мілай казкаю-сном (Н.Гілевіч). Успомніш гэту казку-праўду І ўздыхнеш з трывогай (Я.Купала).

@

КАСА. Доўгія заплеценыя валасы.

Пра памер, гушчыню, мяккасць валасоў і інш.; пра колер (касы): буйная, густая, даспелая (аўт.), доўгая, ільняная, кужэльная, кучаравая, мяккая, пушыстая, пышная, раскошная, тоўстая, тугая, цёплая, цудоўная, цяжкая, шаўкавістая, шаўковая  кволая, рэдкая, шорсткая; бялявая, жаўтаватая, залатая, залацістая, з водбліскам золата, каштанавая, медна-залацістая, медная, мядзяная, пшанічная, русая, русявая, рыжая, светлая, цёмна-каштанавая, цёмна-шатэнавая, цёмная, чорная.

[Вецер] расплятаў ёй [Бандароўне] косы буйны, Песціў белы грудзі (Я.Купала). Пад дзікай ігрушай Даспелыя косы начлежніца сушыць (С.Грахоўскі). Доўгія косы тугія, Ой, на плячах маладых! (Я.Янішчыц). Зірнеш на косы ільняныя — Адвага траціцца твая... (С.Гаўрусёў). А звеннявая па ільну, здаецца, Сама з ільну з’явілася на свет: Кужэльная каса ў яе віецца І вочы сінія, як той ільняны цвет (П.Панчанка). І каса ў яе [Хадоські] была гусцейшая, цудоўная, русявая, з водбліскам золата каса (І.Мележ). У маці беспасажніцы галоўным пасагам былі маладосць, русыя кучаравыя косы і залатыя рукі (А.Астрэйка). У Зіны... пышная, з залацістым адценнем, каса (М.Ваданосаў). На плячах... віселі дзве раскошныя цёмна-шатэнавыя касы (А.Кулакоўскі). Тоўстыя залацістыя косы [Зіны] на спіне (Е.Лось). Тугія косы, як прынада, Ляжалі на яе плячы (А.Бачыла). У адвялых пракосах Дрэмле ціша святая. Твае цёплыя косы Я няўмелай рукой расплятаю (Г.Бураўкін). Сонца косы шаўковыя песціць... (П.Глебка). У люстры стаяла зграбная... дзяўчына з ільняной шаўкавістай касою на грудзях (У.Карпаў). Рэдкія, шорсткія косы дзяўчынкі выбіваліся з-пад шапкі (М.Лынькоў). Яна [дзяўчына] сядзела на карме чоўна і выкручвала ад вады цяжкую бялявую касу (К.Кірэенка). Помніш толькі красу, Мілы тварык дзявочы, Залатую касу, Сіняватыя вочы (М.Багдановіч). З яе анёла можна было пісаць. Каса доўгая, залацістая... (У.Караткевіч). Ці любіў жа ты яе, чыстую, З касой доўгаю, залацістаю? (В.Вярба). Русыя косы яе [Майкі] даўно не давалі спакою хлопцу (М.Лынькоў). Косы мядзяныя, косы — як змеі... Іх параўнаць ані з чым я не ўмею! (А.Вольскі). Я новых вандровак маршрут і кірунак На карце, прыехаўшы, зноў правяду, Вясёлку табе прывязу ў падарунак І ў светлыя косы твае запляту (С.Грахоўскі). Я адракаўся, нібы здраднік, Ад цёмных кос (П.Панчанка). І здавалася мне: З-за бору зноў ты войдзеш з чорнай касой (П.Панчанка).

* Краса-каса.

Б’юцца, б’юцца удвух Два разбойнікі За красу-касу, Неспакойнікі (Я.Купала).

@

КАХАННЕ. 1. Пра ўстойлівасць, працягласць пачуцця; пра час яго ўзнікнення: бессмяротнае, бязмежнае, бясконцае, вечнае, доўгае, доўгачаканае, лёгкае, маладое, моцнае, неакрэсленае, невычэрпнае, непахіснае, неперажытае, неспадзяванае, неўміручае, нечаканае, нядоўгае, нязвыклае, паўзабытае  запозненае, кароткае, мімалётнае.

Дзяўчынка мая любая... Шчасце маё. [Андрэй] не знаходзіў больш слоў, каб выказаць сваё пачуццё, сваё бязмежнае каханне і шчырасць (А.Чарнышэвіч). О каханне маё бясконцае, Не ўцякай ад мяне, пашкадуй! (У.Караткевіч). І вось яно прыйшло, маё неспадзяванае, доўгачаканае і такое нядоўгае каханне (І.Мележ). Я ведаў, што яна мяне любіць, яна сама пісала і гаварыла аб гэтым. Гэта было як бы гарантыяй таго, што наша каханне непахіснае (І.Шамякін). За што каханне берагчы? Неперажытае, нязвыклае, Як дзікі голуб на плячы (В.Вярба). У дарозе ружы Заснулі... І, беражна раскрыўшы рукі, Пялёсткі слухала, як гукі, Было мне водару гучанне, Як паўзабытае каханне (В.Вярба). Думітрашка кахаў яе [Ліду] першым, для яго самога яшчэ неакрэсленым каханнем (Я.Колас). Я не ведаў... ці мне адвярнуцца ад яе і захаваць у сэрцы маладое, шчырае каханне (З.Бядуля).

2. Пра глыбіню і сілу пачуцця, пра пяшчотнае і грубае, шчаслівае і нешчаслівае каханне: асаблівае, ахвярнае, бурлівае, бязмернае, высакароднае, высокае, вялікае, гарачае, глыбокае, гордае, кранальнае, летуценнае, міжвольнае, моцнае, неазмрочанае, невыказнае, нездрадлівае, нерастрачанае, нябеснае, нясцерпнае, палкае, патаемнае, прыгожае, пяшчотнае, радаснае, светлае, таемнае, тайнае, усёпаглынальнае, чыстае, шчаслівае, шчырае  адбалелае, безнадзейнае, бязрадаснае, вымучанае, выпакутаванае, горкае, грэшнае, журботнае, маўклівае, непадзельнае, нярадаснае, няшчаснае, пакутнае, пякельнае, раўнівае, самотнае, сарамлівае, саромнае, утрапёнае, хваравітае, ціхае.

Ён [Імполь] пачынаў... разумець, што патаемна, ціха... любіць Хрысцю, ды нейкім асаблівым, вымучаным і нерастрачаным каханнем (В.Адамчык). Міг шчаслівы ў ахвярным каханні, Час здзяйснення, што свету даў цуд! (А.Пысін). Ганна растала, разлілася ў бурлівым каханні (М.Нікановіч). Дабрыня людская ёсць — Толькі ў працы з поўнай аддачай, У каханні шчырым і гарачым, І ў вачах даверлівых дзіцячых, Дзе яшчэ не начавала злосць (П.Панчанка). Калісь па светлым промні па вясне Спусцілася каханне да мяне. Яно было гарачае, зямное, Яно было нябеснае такое... (У.Карызна). У Ланскага было толькі каханне, кранальнае ў сваёй непасрэднасці і глыбіні (У.Караткевіч). Каханне яе, гордае, высокае, перамагло боль і горыч па страчаным, беззваротна згубленым у жыцці (“Маладосць”). А вочы — два глыбокія сусветы... Яны ж мяне вучылі Калісьці нездрадліваму каханню, Каханню маладому (У.Караткевіч). Быццам не год нясцерпнага кахання звязаў іх, не месячныя іскры..., а гэтыя дні яе пакут... (У.Караткевіч). Усё гэта нагадвала яму бязрадасную, батрацкую маладосць і адзінае шчасце ў ёй — светлае каханне і жаніцьбу (І.Шамякін). У гасцініцу да яго зайшла студэнтка-зямлячка, у якую ён... быў закаханы. Патаемным, міжвольным, нейкім журботным каханнем (Я.Брыль). Як можа пражыць чалавек жыццё, так і не зведаўшы моцнага, усёпаглынальнага кахання (А.Адамовіч). Забыла ўсе Машэкі ласкі, Каханне шчырае яго (Я.Купала). “Безнадзейнае каханне”, — усміхнулася Люба (А.Васілевіч). Як ускрык, як боль тваё імя. Сціснуся, перавяду дыханне. Ёсць на свеце справы, акрамя Адбалелага даўно кахання! (В.Іпатава). Восень... Жоўтая Белавежа. ...Тут самая пара ўтрапёнага кахання (Я.Сіпакоў). Сумненняў не аставалася — каханне ў іх было бяскрылае, сляпое, саромнае (У.Карпаў). Выйдзі, любы, на спатканне, Я раскажу табе пра долю, Пра наша горкае каханне (П.Глебка). Маўклівае каханне хлопца мучыла... (Я.Васілёнак). Каб загасіць агонь пякельнага кахання, Янка ўцёк у горад (З.Бядуля). Андрэй адчуў, што каханне яго да Каці стала нейкім хваравітым (А.Чарнышэвіч). З гэтай пары я пачаў углядацца У неба начное і зорку шукаў, Ціхім каханнем к табе разгарацца З гэтай пары я пачаў (М.Багдановіч).

@

КВЕТКА (кветкі). 1. Пра колер, пах, свежасць і інш.: агністая, белая, буйная, водарная, волкая (разм.), духмяная, залатая, залацістая, лапушыстая, лёгка-ружовая, мядовая, пахкая, пахучая, пяшчотна белая (паэт.), рознакаляровыя (мн.), росная, ружова-светлая, ружова-сіняя, сінявокая, сіняя, яркая, яснавокая  бледная, бляклая, вялая, зіркастая (разм.), мізэрная, сцюдзёная.

Кветка ў нетрах лясных распускалася, Залатая, агністая, сіняя (У.Караткевіч). Цвітуць на прасторах раўнін Сцюдзёныя белыя кветкі (К.Кірэенка). Дзынкалі пчолы, прысядаючы і выгінаючыся на буйных кветках канюшыны (С.Грахоўскі). Дайце ўдыхнём, як на раніцы весняй, З першае волкае, роснае кветкі (П.Броўка). Буйныя, лапушыстыя, пэўна, не таптаныя нагой чалавека, узгадаваныя вялікай шчодрасцю прыроды мільёны кветак пераліваліся ўрачыстай чырванню, ціха варушыліся на слабым ветрыку... (В.Быкаў). Уецца па сцяблінах бярозка, шчасліва выстаўляючы сонцу грамафонныя трубкі сваіх лёгка-ружовых кветак (Я.Брыль). Цвітуць водарныя, мядовыя кветачкі алісума, па-народнаму мядункі (“Беларусь”). Адхінаючы пахкія кветкі рукой, Мы з табою па садзе ідзём (К.Кірэенка). [Ласіха] смачна жуе вялікія плывучыя лісты лілеі, разам з якімі да пысы яе асуджана гайдаецца-плыве пяшчотна-белая, з сонечным “сэрцам” кветка... (Я.Брыль). Пах ветак хваёвых і кветак мядовых Ліецца ў вокны дамоў (Я.Журба). Дзеці... прыбіралі і абсаджвалі пляц вакол станцыі рознакаляровымі кветкамі (П.Броўка). Букет ружова-сініх кветак заўжды стаяў на стале (І.Навуменка). ...Там, дзе кветак яснавокіх не ставала для сцяжын, — забялела ўсё навокал ад расквечаных калін (П.Прыходзька). Прасіць, каб сонца зорнае не кінула палі, А кветкі сінявокія зноў на лугах цвілі (М.Танк). Стаю і гляджу, як на кветках зіркастых Блукае маленства далёкага чмель (Н.Гілевіч).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (кветак): дзівосная, дзіўная, жывая, жычлівая, казачная, крамяная, лёгкая, пекная, райская, родная, слаўная, цудоўная, чароўная, шчаслівая  журботная, кволая, панурая, пасохлая, самотная, сарамлівая, узбуялая.

Маладосць з краю у край мяне кідала, Колькі кветак дзівосных пабачыў і змяў! (П.Панчанка). Я таксама люблю, каб вясной на акне Ўсё гарэлі, не гаснучы, кветкі жывыя (К.Кірэенка). Два-тры з іх [курганоў] свецяцца Кветкай жычліваю, Рэшта скрываецца Лазой, крапіваю (Я.Купала). А некалі адзін чалавек шукаў казачную кветку шчасця, шукаў, каб прынесці шчасце людзям (ЛіМ). Пад мяккімі павевамі ветру лёгка заківалі белыя гарлачыкі, ужо гатовыя раскрыцца, каб цэлы доўгі дзень піць крамянымі кветкамі шчодрае ліпеньскае сонца (У.Арлоў). Мы бачылі, як красуе колас, увесь у лёгкіх і светлых, бы смуга, маленькіх кветачках (Я.Сіпакоў). Абяцаеш мне дастаць з неба зорку ты, з Марса кветак мне прыслаць пекных, залатых (Э.Валасевіч). Кветкі асеннія, родныя, бледныя! Выраслі вы, каб ураз жа і згінуць (М.Багдановіч). Я ўсё ж прынясу іх, шчаслівыя кветкі (К.Кірэенка). Нібы цудоўная кветка, Ордэн галубіць мне грудзі (Я.Купала). Ніхто не знайшоў у купальскую ноч чароўную кветку — прываблівы скарб (П.Панчанка). Але многія вяртаюцца сюды зноў: без гэтага свінцовага неба, без гэтага запалярнага холаду, без гэтых самотных кветак між валуноў... ім цяпер усюды было ўжо неяк халаднавата і няўтульна (Я.Сіпакоў). Зямля яшчэ не адтала (з яе тырчаць умарожаныя, пасохлыя мінулагоднія кветкі) (Я.Сіпакоў). Прабіраўся я праз чараты і алешнікі, вербалозы і крушыннікі..., густа аплеценыя рознакалёрны.мі паясамі дзікаватага хмелю і ўзбуялых кветак (К.Кірэенка).

* Кветка-званочак, кветка-сястрыца, кветка-цуд, маланка-кветка, чары-кветкі.

Яшчэ гарэлі, быццам зоркі, Маланкі-кветкі ля дарог, Цвілі тапорыкі на ўзгорках, І васілёк красу бярог (К.Кірэенка). Кветку-званочак крані — Песні пальюцца адтуль жаўруковы... (Р.Барадулін). Якая ж ты кветка-сястрыца? Пад інеем сэрцайка звяла (Я.Янішчыц). Ён помніў, што Альжбета Ад мужыка пайшла з малой. Але што кветка-цуд вось гэта Яе...? (Н.Гілевіч). Свіцязь-возера спявае — Чары-кветкі ўсходзяць (Т.Бондар).

@

КЛЁН. 1. Пра вышыню, гушчыню, характар ствала, узрост; пра колер (клёна): высокі, густалісты, густы, кучаравы, лапчаты, малы, разгалісты, разложысты, раскідзісты, росла-разложысты, рослы, статны, стройны, стромкі, тонкі, тоўсты  голы, стары; барвовы, жаўталісты, жоўты, залаты, залацісты, зялёны, пунсовы, чырвоны  чорны.

Быў густалістым клёнам гэты цень — І мы з ёй лівень тут перачакалі... (Н.Гілевіч). Пад самымі вокнамі школы аб чымсьці шапталіся два густыя кучаравыя клёны (А.Пальчэўскі). Хутка Прымацкі прайшоў паўз малады калгасны сад, агароджаны густой сцяной лапчатых клёнаў (І.Сіняўскі). Каўпак сеў на лавачку пад старым разгалістым клёнам (У.Краўчанка). І пад росла-разложыстым клёнам, Дзе шумелі галіны густыя... Абняліся паўстанцы-браты (П.Трус). Схвачана бярозка полымем зялёным, Трапяткая ўстала перад стройным клёнам, Мусіць, спадабаўся, белай, клён прыгожы... Ззяе ў сонцы лісцем, статны і высокі, Сіла веснавая ў жылах гоніць сокі (К.Буйло). Ужо і стромкія клёны, і... дубы, і галасістыя песні птушак, што ўсё некуды плывуць і плывуць у паднябессі, здаюцца непатрэбнымі, лішнімі... (Б.Сачанка). І гарыць, як свечка, Тонкі клён барвовы (В.Вярба). Ляцяць лісты і павуціна, Барвовы дагарае клён (С.Грахоўскі). Водбліскі цьмянага сонца залацяць голле жаўталістых клёнаў (А.Звонак). Вынесем лаўкі пад клён залаты, Сядзем за стол (К.Буйло). Глянь! Адлятае апошні Ліст залацістага клёна (М.Танк). На ўзбярэжжы пунсовыя клёны І суровыя сосны маўчаць (С.Грахоўскі). Злятае ліст на дол настылы З чырвоных клёнаў і калін (С.Грахоўскі). Добра было слухаць, як шуміць голы клён каля акна (К.Чорны).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (клёна): гаманлівы, гутарлівы, дзівосны, дзіўны, задуменны, задумны, калёны, крылаты, лёгкі, мілы, напеўны, паспакайнелы, прыгожы, пяшчотны, родны, самы лепшы, юны  абгарэлы, гарэлы, згалелы, змрочны, маўклівы, нямоглы, нямоцны, пахілы, самотны, сумны.

Вяне клён гаманлівы. Ні хмурынкі ўгары (Г.Бураўкін). Дзівосны клёнік гутарлівы лапоча пад маім акном... (“Маладосць”). Хай ён [ліст] знойдзе цябе і раскажа няхай, Як з маіх не выходзіш ты думак і сноў, Як ірвецца душа мая ў бацькаўскі край Да сцюдзёных крыніц, да задумных кляноў (К.Кірэенка). Табе асветляць шлях праз гушчары Калёны клён І ясень ясны ўночы (Р.Барадулін). Загарыцца полымна над хатай клён наш мілы, лёгкі клён крылаты (К.Буйло). Журавінкай ірдзее пэўнасць: Застанецца па наснапеўным Лёгкім клёнікам — цень радка (Н.Мацяш). Паспакайнелы, вунь імгліцца Празрыстай беллю чорны клён (М.Стральцоў). Мусіць спадабаўся белай [бярозе] клён прыгожы... (К.Буйло). Вось урэшце і яе родны клён (М.Лынькоў). А дзеці выбралі Ліпе самы меншы і самы лепшы клёнік (Я.Брыль). І вечарамі юны клён ля ганка Мне тры гады ківаў, як сваяку (Г.Бураўкін). Грыша знясілена прыхінуўся да абгарэлага клёна... (К.Кірэенка). Гарэлы клён схіліўся да паркану (Я.Колас). Калі ён [Васіль] знайшоў вуліцу Чкалава, Лідзіну вуліцу, то яшчэ здалёк убачыў нямоцны, згалелы клён і драўляны дамок з парканам (І.Мележ). І вось-вось шугануць, як прыбой, Словы ўскінуць да сонца далоні І прарэжуцца самі сабой, Як лісты на маўклівым клёне... (Г.Бураўкін). Пахілы, старэнькі аб нечым гадае, Аб нечым гадае... клён (А.Звонак).

@

КЛІЧ (вокліч). Заклік; крык, вокліч: баявы, вечавы, вялікі, заклікальны, магутны, магучы, прызыўны, сярэбраны, ціхі  грозны, трывожны; вясёлы, прывабны, прывітальны, радасны  безнадзейны, бязрадасны, журботны, нервовы, спалоханы, сумны, тужлівы.

На мой кліч вечавы хто жывы, чуць жывы, Пад гарою касой загамоне (Я.Купала). Гэткі будзе мой кліч — і магуч, і вялік, А не трапіць ён к душам прыспаным, — Вызву гром, перуны — хай памогуць яны... (Я.Купала). Добры дзень, прызыўны кліч аленевы! Памаўчы, бо я ў цішы гаёў Сам трубіць пачну ў тузе асенняй... (У.Караткевіч). Як гром, пранёсся баявы кліч: “Далоў вайну!” (А.Александровіч). І пачуў салдат па-над дарогай Ціхі кліч заплаканай вясны (К.Кірэенка). Але сягоння хай у нашых хатах Трывожным клічам песні загучаць (П.Панчанка). Трубі, трубі, пастух! Склікай кароў сваім вясёлым клічам (П.Панчанка). Між елак тых, дзе снег таптаў [лось], Да нашых вёў дарог І клічам радасным вітаў Нас, як сваіх сяброў (К.Кірэенка). Які прывабны кліч яго [крумкача] птушыны У прадчуванні веснавых уцех (Н.Гілевіч). З неба зляцеў на зямлю другі... гук, поўны трывогі, просьбы і безнадзейнага журботнага клічу... (В.Быкаў). Спалоханы і нервовы, вокліч Грача абарвала доўгая захлёбістая кулямётная чарга (А.Савіцкі). Аднекуль наляцела безліч чаек і сваім сумным клічам абудзіла наваколле (П.Броўка).

* Гром-кліч, кліч-заклінанне.

Запяялі вазы песню сваю рана, Як бярозавы рог Вяля серабраным Громам-клічам над зямлёю затрубіў (М.Танк). Стукнецца [яснасць] у шыбы, у сенцы, Ўкіне свой кліч-заклінанне... (Я.Купала).

@

КЛОПАТ (клопаты). Адвечны, бацькоўскі, бескарыслівы, вечны, выключны, высокі, вялікі, гарачы, добры, доўгі, жыццёвы, ласкавы, мацярынскі, надземны, надзённы, найвысокі, найвялікшы, неадступны, немарудны, нехапаткі (разм.), няспынны, нястомны, паважны, прыемны, пяшчотны, сардэчны, смешны, спрадвечны, цёплы, чулы  абразлівы, будзённы, будні, дробны, журботны, згрызотны (разм.), мізэрны, мітуслівы, невыносны, нікчэмны, пакутлівы, пусты, пякучы, сумны, цяжкі.

Гэта спраўлялі бацькі свой адвечны клопат па гаспадарцы, гатавалі ўсё патрэбнае ў дарогу... (Я.Лецка). З бацькоўскімі клопатамі... сабралі Багуцкага ў цяжкую дарогу (М.Лынькоў). Зноў ты, маці, прада мной: Бачу я тваё старанне, Бачу вечны клопат твой (А.Пысін). Праверка сшыткаў, ведала Ганна, — доўгі клопат (І.Мележ). У Наталлі, як звычайна ў гаспадыні ў святочны дзень, было безліч дробных клопатаў па гаспадарцы: то заслаць, то прыбраць, то выцерці пыл, то падумаць, што згатаваць паесці (Я.Скрыган). Потым дарогі іх разышліся... іх галасы перасталі гучаць, паглынутыя дробнымі жыццёвымі клопатамі (М.Лынькоў). Найвялікшым сваім клопатам яна лічыла зберагчы ад гэтай страшнай навалы сваю дачку... (М.Лынькоў). [Багдан] З радасным здзіўленнем прыгадаў ласкавы Чэсін клопат, і развітанне, і трывогу (А.Савіцкі). Зноў дубы на маўклівай сяўбе. І ў мяне ёсць свой клопат надземны. Часам я адчуваю сябе Вартавым, што чакае ўсё змены (А.Пысін). Усё ў чалавеку, што робіць яго чалавекам: І памяць, і клопат надзённы, і мараў разбег (Н.Гілевіч). Будзе ў ёй [песні] пра шлях далёкі, пра прастору пад крылом і пра клопат найвысокі аб гняздзечку пад акном! (Е.Лось). Вясна... Каму вясна, а яму толькі яшчэ большыя турботы, нястомныя клопаты (М.Лынькоў). Алесь на дзеле пераканаўся, Што ён дарэмна марнаваўся І што ўжо больш няма збавення, Як толькі ўзяцца за вучэнне, Як гэты клопат немарудны (Я.Колас). Днём Курані былі ў будзённым, нехапаткім клопаце (І.Мележ). Думкі яго [лорда] былі заняты больш паважнымі клопатамі (М.Лынькоў). Гаварыць тут пра сардэчныя клопаты, пра Васіля нельга было... (І.Мележ). Былі, напэўна, недарэчы І словы тыя неўпапад, І смешны клопат той хлапечы Аб лёсе дзедавых прылад (А.Пысін). Яшчэ адно лета, адно з многіх, якія ўжо зведалі ў спрадвечным клопаце Курані (І.Мележ). Яе мацярынскі, чулы і пяшчотны клопат паставіў у строй не аднаго байца (“Беларусь”). І мой будзённы, мой згрызотны клопат, Што не даваў зірнуць ушыр і ўвысь, Сарваўся ўміг і адляцеў кудысь... (Н.Гілевіч). Валіны клопаты здаліся Юру абразлівымі (У.Карпаў). Дзяцел сеяў чорнае насенне, А ў мяне журботны клопат быў... (А.Пысін). Адзінаю ўцехаю былі дзеці; неадступныя былі клопаты аб іх здароўі... (У.Дамашэвіч). Над палеткам загінуў сум непатрэбнай самоты, смутак мізэрных клопатаў (П.Глебка). Адкінь нікчэмны мітуслівы клопат І не вагайся: “Быць або не быць” (С.Грахоўскі). Мама мая — паэтэса Са шчымлівай грудною песняй, З клопатамі пякучымі (Я.Янішчыц). І ў яго з душы спаў яшчэ адзін цяжкі клопат (В.Адамчык).

@

КОЛАС (калоссе). 1. Пра важкасць, напоўненасць зернем, ступень спеласці, пра колер (коласа): белы, буйны, важкі, васковы, вусаты, высокі, грузны, залаты, залацісты, медзяны, наліты, наліўны, поўны, пругкі, сакавіты, сівы, спелы, тугі, умалотны, цяжкі, ядраны  бедны, квола-пляскаты, недаспелы, неналіты, нішчымны, нязжаты, няспелы, парожны, пусты, ссівелы, шорсткі, шурпаты.

Спагадная, нудная песня плыве, Губляючы ў пушчы свае пералівы, У шэлестах белага коласу нівы (Я.Купала). Люблю я прыволле Шырокіх палёў, Зялёнае мора Буйных каласоў (Я.Колас). [Людзі] гадуюць важкае калоссе (Е.Лось). Колькі жыцця пад вусатым калоссем! (Я.Брыль). Нахіляецца колас васковы Да сагрэтай крывёю зямлі (М.Хведаровіч). Нівы пладавітыя Шэпчуць грузным коласам (П.Глебка). Што ж прынесці сягоння на свята Краіне маёй У падзяку за тое, што рукі мае Хлеб трымаюць з яе залатога калосся (М.Танк). Лета. Жнівень нахіліўся Да сярпа і да касы. Жоўтым воскам наліліся Медзяныя каласы (П.Броўка). Сцяблінка жытняя — несамавіты Музычны інструмент... Перш чым запець, Трымала колас над зямлёй, наліты, Каб ён на радасць людзям мог даспець (Н.Гілевіч). Поўныя тугія каласы важка пагойдваюцца пад гарачым павевам ветру... (І.Мележ). ...Жыта пругкімі каласамі біла па твары, ногі блыталіся ў сцяблінках (Х.Жычка). А тут, дзе ўчора багна прэла, Гнілі век-векам балаты, Збажынка сёння зарунела І спее колас залаты (Я.Колас). А мяне заўсёды цешыць восень, Яблык і грыбоў салодкі пах, І тугое спелае калоссе, Цішыня і сонца ў снапах (С.Грахоўскі). Добрай раніцы ў полі шырокім... Каласам умалотным высокім, Рупным жнеям (М.Танк). Пад лёгкім ветрам гайдаліся хвалямі цяжкія каласы калгаснай ярыны (У.Краўчанка). Сонца паўднёвае, жар несцярпімы! Жыта шуміць ядраным коласам... (А.Гурло). Міця скочыў у сіваватае жыта..., збіваючы квола-пляскатыя каласы (В.Адамчык). Падняліся над долам нязбітым Недаспелыя каласы (А.Пысін). Лёгкі ранішні ветрык калыхаў загоны жыта... і яно... шумела сівым, яшчэ не налітым коласам (Б.Сачанка). Топчуць боты палын прагорклы І недаспелыя каласы (Г.Бураўкін). Восень на свеце. Бор стогне, шуміць; Колас нязжаты на полі стаіць (Я.Купала). Міхал падыдзе і прыстане, І лаву жыцейка агляне Ды возьме ў пальцы асцярожна Яшчэ няспелы і парожны Ён колас жытні (Я.Колас). Ніва пустымі шуміць каласамі, Ніва не цешыць жаночых вачэй (Я.Колас). Ссівелы ўжо колас схінула к мяжы (Я.Купала). Лашчаць пальцы шорсткі каласок (Н.Мацяш). Вазьму шурпаты каласок На чуйным провадзе саломы — І адзавецца мне здалёк Мой продак (А.Пысін).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (коласа): высакародны (аўт.), мускулісты (аўт.), пяшчотны, цудоўны, чароўны, шапаткі, шапатлівы  адзінокі, высмалены, забыты, засмяглы, маркотны, нікчэмны, сіратлівы, сумны.

Ды я прашу: дапамажыце ўбачыць, Як упершыню, высакародны колас жытні, Нябёсаў сінь і вышыню (Г.Каржанеўская). Выставіць у полі войска хлеб — Мускулістых каласоў атрад, Хоць свае налёты робіць з неба Бамбардзір цяжкі — грымотны град (П.Макаль). Навокал — ціхая песня вячэрняга сонца, пяшчотнага калосся, непрыкметных жаўранкаў (Я.Брыль). Спее ніва залатая, чароўным коласам шуміць... (“Маладосць”). Не стаяць мне з сярпом вастразубым у жыце, Не схіляцца сярод шапаткіх каласоў... (Н.Гілевіч). На саломцы тонкай У траве густой Спее адзінокі Колас сіратой (Я.Колас). Цяпер на полі значыліся выжарыны, і яно [жыта] не гарнулася ў трубу, а суха, нашчацінена стаяла пустым, высмаленым... калоссем (А.Жук). Ці за грэх закляты Я не маю долі, Як забыты колас На мужычым полі? (Я.Колас). І колас, засмяглы, у полі звінеў, І кожнай вясною, вітаючы вырай, Лавілі мы ўсходняга ветру напеў (М.Танк). Жыта на палях стаяла дробнае, кволае, лёгка трымаючы беднае, нікчэмнае калоссе (І.Мележ).

* Колас-сіраціна, колас-стораж.

І жнеі сышліся. — Направа, налева Кладучы ў снапы каласы-старажы (Я.Купала). Пад шчытом на павуціне Нішчымны колас-сіраціна Ў зацішку лёгенька гайдаўся... (Я.Колас).

@

КОНЬ. 1. Пра шпаркага, гарачага, натурыстага каня; пра каня спакойнага, паслухмянага: агністы, быстры, гарачы, гуллівы, імклівы, крылаты, лёгкі, нервова-чуйны (аўт.), парывісты, хлёсткі, шпаркі, шустры  апраметны, ашалелы, ліхі, наравісты, натурысты, неслухмяны, нестрыманы, неўтаймаваны, нястрымны, няўрымслівы, свавольны, упарты; верны, пакорлівы, пакорны, разумны, рахманы, спакойны.

Першая лёгка ішла агністая і хлёсткая... кабыліца Зорка (М.Ракітны). Праплыла яшчэ палоска дня Белым крыллем спуджанай лябёдкі, Белай грывай быстрага каня (Я.Янішчыц). Партызан гаворыць у адказ: — Выпраўляла мяне ў грозны час, Зброю мне ўручала і да дня Асядлала вернага каня... Родная краіна — маці мая! (М.Танк). Каня гарачага без жалю Аддай другому, здатнаму ў яздзе (С.Грахоўскі). Хлапчук падганяў гуллівага каня (К.Чорны). Ды хай адкажа час, каго нясе ў сядле той конь імклівы... (Т.Бондар). І конь крылаты ад Парнаса Мой дух імчыць... (М.Багдановіч). — Можа, чым памагчы? — спытаў ён [Імполь], ужо адымаючы ад цугляў руку і даючы свабоду нервова-чуйнаму каню (В.Адамчык). Селянін без шапкі з ускудлачанымі валасамі віхрам імчаўся на шпаркім кані (Я.Колас). Варанецкі хапаецца за білы, ловіць лейцы, каб спыніць лёт апраметных коней (І.Дуброўскі). На падмогу... падскочылі два таварышы і ледзь утрымалі ашалелага каня (М.Машара). Конь быў ліхі, натурысты, але прадавалі танна, і Стручок паквапіўся на яго (І.Мележ). Самыя наравістыя, самыя няўрымслівыя коні ў каваля станавіліся рахманыя, спакойныя, пакорлівыя (У.Дубоўка). Яўхім... дужай рукой прыпыніў неслухмянага каня (І.Мележ). Неўтаймаваныя нясуцца коні (В.Вярба). Чый быў конь нестрыманы, золатам падкаваны? (Л.Геніюш).

2. Пра ўкормленасць, стан каня; пра яго ацэнку: аўсяны (аўт.), гладзенькі, гладкі, дужы, кругленькі, малады, моцны, сыты, укормлены  запараны, напуджаны, спуджаны, сухарлявы, узмылены, худы; баявы, добры, залаты, зграбны, легендарны, пародзісты, фарсісты, цягавіты  малы, марны, нявідны, нядошлы, нязграбны, няўклюдны, пануры.

Коні дамчалі да маёнтка хутка. І коні былі сытыя, аўсяныя... (У.Караткевіч). Яўхім ішоў першы, трымаючы гладкага, агністага колеру каня на кароткім повадзе (І.Мележ). Конік, малы, кругленькі, гладзенькі і вельмі цягавіты... (Э.Валасевіч). Малады ўкормлены конь бег шпарка, спяшаючыся да цёплага даху (“Маладосць”). Добра, што пад’ехаў ротны повар На рудым запараным кані (П.Панчанка). І ўслед за спуджаным канём — Чарнавалосы і бялёсы — Імчаць падлеткі... (Г.Бураўкін). Сухарлявы конь... ледзь мог цягнуць плуг (В.Каваль). На пачатку мая прымчаў на ўзмыленым кані ганец (У.Караткевіч). Хто табе ранюсенька да дня Баявога асядлаў каня? (М.Танк). У Кірылы добры коні, Бо Кірыла — галава!.. (Я.Колас). Гэй вы, коні, гэй малыя! Што заснулі? Весялей! Гэй, у скочку, залатыя! Варушыцеся жывей! (Я.Колас). Легендарныя коні і світкі — Ўсё разбуджана гулам зямлі (Я.Янішчыц). Коні, коні, дзе вы, коні,... зграбныя, фарсістыя (Е.Лось). Порскаюць, тупочуць нагамі нявідныя коні (М.Гарэцкі). Пан Францішак... корпаўся ў гаспадарцы з адным нядошлым канём (Я.Брыль). Гэй, варушыцеся, коні панурыя, Досі ўжо працы, бо сонца зайшло! (М.Багдановіч).

3. Пра масць каня, яго грыву, грудзі і г.д.: белагрывы, буланы, буры, вараны, галавасты, гняды, грудасты, грывасты, залатагрывы, калматы, кары, кашлаты, каштанавы, мышасты, папялясты (разм.), пярэсты, руды, сівенькі, сівы, стракаты, чарнагрывы  слепаваты, сляпы.

Мой конь белагрывы, нясі мяне ў поле, Дзе воля, дзе вецер... (“Маладосць”). І — заспявалі пра лябёдачку, Пра коней вараных (А.Пысін). Прывязаны да плоту, стаяў нязграбны галавасты конь (І.Мележ). Трызніць ён [франтавік], што ляжыць у шпіталі, І смыляць яго раны агнём, І не ведае — танкам падмялі Ці стапталі грудастым канём (А.Пысін). Я распрагаў кашлатага грывастага коніка... і пускаў на пакос (Б.Сачанка). У садзе залатагрывы конь пасецца (А.Якімовіч). Дрэвы схавалі ад Чэсіных вачэй і поле, і кабету, што кіравала каштанавым канём (В.Адамчык). Патрошку цюхціў кары конь, бразгаючы банечкаю па дузе (М.Гарэцкі). Дзіцячы смех не звініць на лёдзе, а сялянскія калматыя конікі не праводзяць па снежных абшарах прыбярэжжа ранейшых “зімнікаў”. ...Граніца (З.Бядуля). ...Хлапчук... круціць над галавой лейцамі і пакрыквае на кругленькага мышастага, чарнагрывага коніка (М.Ракітны). — Гэй, мой конік! Гэй, мой сівы! Ну яшчэ, маленькі! Варушыся, гэй, не бойся, Конік мой сівенькі! (Я.Колас). Я луг шкадавала за тое, што косяць касою... Шкадавала канька сляпога... (Е.Лось). Цягнецца араты за сахой крывой, Конік слепаваты трасе галавой (Я.Купала).

* Конь-валах, конь-скакун.

Яшчэ поўнач, — петухі Першыя не пелі, Твае коні-валахі Сена не паелі (Я.Купала). Прысніўся Дубягу ў абозе сон, Што ў родную хату прыехаў ён. Спыніў каля брамы каня-скакуна... (М.Танк).

@

КРАЙ (краіна). Дзяржава; радзіма, бацькаўшчына.

1. Пра заможны, вольны край: абноўлены, адзіны, адноўлены, азёрны, баравы, бацькоўскі, блаславёны, бязмежны, бялявы, бясконцы, вольны, вялікі, вясёлы, горды, далёкі, дарагі, дзівосны, дзіўны, жураўліны (аўт.), задуменны, залатакосы (паэт.), залаты, запаветны, зманлівы, зялёны, калінавы (аўт.), казачны, каханы, квітнеючы, любімы, любы, люстраны, малады, мілы, мірны, неабдымны, незабыўны, непадкупны, непаўторна прыгожы, непаўторны, праўдзівы, прыгожы, радзімы, разбуджаны, райскі, родны, свабодны, светлы, сінявокі (паэт.), сінякрылы (паэт.), смелы, сонечны, таемны, таямнічы, ціха-белы (аўт.), чароўны, шчаслівы, шыпшынны (аўт.), шырокі, янтарны, яснавокі (паэт.), ясназоры (аўт.).

Золак пунсовы заліў небакрай, Ранне страчае абноўлены край (А.Звонак). Нікому не дазволіць прадаць, ні заняволіць ні ўнука, ані сына край любы, край адзіны (А.Куляшоў). Гамоняць, гудуць пуцявіны Адноўленай роднай краіны (Я.Колас). У цёплы жнівень, калі бываю У нарачанскім азёрным краю, Па даўніх сцежках... Да ўсходу сонца карціць прайсці мне (М.Танк). Паліты край мой баравы, Як хлеб, крывёй і потам (Р.Барадулін). Гэта песня была пра дом, Пра далёкі бацькоўскі край, Дзе ў гародчыку пад акном Хутка зеленню пырсне май... (Н.Гілевіч). Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і моры можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны (Я.Купала). Краю мой бялявы, Краю мой любімы, З сіняю істужкай прыдарожных хвой... (А.Звонак). Іх каханне маладое, Іх юнацтва залатое, Як прадвесня, І ляціць над полем, гаем, Над бясконцым родным краем Разам з песняй (М.Танк). Над вольным краем сонца ўсходзіць, Гарыць вясёлкавы прамень... (К.Буйло). Даўно, з самага дзяцінства, уяўлялася, мроіўся мне гэты вялікі, неабдымны край (А.Пысін). А гэта — вандроўка праз сёлы, Праз край мой шырокі, вясёлы, Бясконцыя нівы, дубровы — Ў маю беларускую мову (М.Танк). А другу, што ў працы ці ў бітвах змарнеў... Як светлую кнігу, жыццё разгарне Наш край пагранічны, шчаслівы і горды (П.Панчанка). Ты ляці, маё слова, праз палі і лясы, Прывітайся з краінай маёй дарагою (П.Панчанка). Вось чаму так у змроку сніцца ў камеры цеснай Край дзівосны, далёкі, Дзе жыве мая песня (М.Танк). Аддаў бы я край самы райскі і дзіўны За цень ад сасны на далёкай Радзіме (П.Панчанка). І я на “клюкву” “журавіны” Не прамяняю, не аддам. І светлы край наш жураўліны Я дзецям ціха перадам (П.Панчанка). Мой край задуменны!.. Праз буры ты поступам цвёрдым прайшоў (А.Звонак). Дзе ж той край залатакосы, край зялёны?.. Там, дзе Свіцязь, там, дзе Прыпяць і Ясельда... (П.Панчанка). Сёння з песняй абыду я... Залатую, маладую, Нашу родную краіну (П.Панчанка). Перасекшы ў шляху рубяжы, прыляцеў ён [бусел] у край запаветны (А.Бялевіч). І нехта разнасцежваў дзверы Ў таемны і зманлівы край... (А.Бачыла). Крані глыбей зямныя жылы І казачны пабачыш край (М.Танк). Ім [пралазам] здасца квітнеючы край наш няўтульным (П.Панчанка). Край ты наш любімы, край каханы... Да грудзей тваіх мы сэрца тулім (К.Буйло). Мой край азёрны, край люстраны, З таемнай гутаркай лясной, Чым да цябе я прывязаны, Што ты заўсёды прада мной? (П.Броўка). Скажы мне, ці калі ў Чужой зямлі далёкай Успамінаеш ты край родны, мілы свой? (К.Буйло). Пасля таго, як ты [Купала] пакінуў край незабыўны і сяброў, Трывожаць думы безупынна, Вядуць у твой музей — дамоў (М.Танк). А ў вёсках, якія разам з пяццю азёрамі відаць з высокай гары, простыя, шчырыя людзі гавораць пра тых безыменных Дваццаць, што не захацелі цаной нявіннай крыві вяртацца нават сюды, у сваю непаўторна прыгожую краіну (Я.Брыль). Бо трэба нам пакінуць Наследнікам навек Праўдзівую краіну Між салаўіных рэк (П.Панчанка). О, край родны, край прыгожы! Мілы кут маіх дзядоў! Што мілей у свеце божым Гэтых светлых берагоў (Я.Колас). Гэтак часам уходзіць у зямлю крыніца, Дзесь у нетрах таемна бяжыць, Але мусіць урэшце на волю прабіцца, Шмат яшчэ на зямлі будзе ліцца-каціцца і радзімаму краю служыць (М.Багдановіч). Родны край Беларусі, Ты, мне любы да болю! Я цябе не зракуся, Нізашто і ніколі (Н.Гілевіч). Наступнага дзень Па краіне ідзе, каб святлелі й раслі гарады, Каб зямлю усцілалі сады, Залацеў на палях ураджай, Расцвітаў мой разбуджаны край (А.Звонак). Далёка ты ад нашай Беларусі, Зямля сяброў, зямля красы юначай. Калі — не ведаю — у шлях збяруся, Цябе, свабодны горды край, пабачу (Н.Гілевіч). Я прыйду ў твой светлы край, Стану на парозе (А.Звонак). Жыве паэт і на вачах згарае, Каб з годнасцю пакінуць для вякоў Энцыклапедыю святога краю (Р.Барадулін). Я сінявокім краем ганаруся, куды б вандроўны вецер ні паслаў (С.Панізнік). Сінякрылая краіна З песняй сонца і арла І паіла, і карміла, І лячыла, як магла (А.Пысін). І вось ён [Робсан] у нашым сонечным краі, Дзе сэрцу і песням радзіму знайшоў (М.Танк). То хмызнякі ўздымаюцца сцяной, То векавыя волаты ў бары Ў край не пушчаюць таямнічы свой (М.Танк). Будзе зноў грымлівая гулянка з тостамі за ціха-белы край (С.Панізнік). Усіх непакоіла, Што нас прыгнала да іх берагоў: Ці выпадку вецер шалёны, Ці мара аб краі чароўным..? (М.Танк). Напэўна, буду сумаваць па Латвіі. Янтарны край, любіць цябе дазволь! (А.Пысін). Мой край яснавокі і вы, людзі-брацці! Распалім жа помсты пажар, Фашысцкую погань, народаў пракляцце, Знічтожым (Я.Колас). Мой край ясназоры! Прайшоў ты нямала Шырокіх і вузкіх дарог (Я.Колас). Калінавы, шыпшынны Мой край ад зор азяблы. Ды вас заваражыла Святое слова “сябра” (Я.Янішчыц).

2. Пра бедны, зняволены, прыніжаны, далёкі (край): бедны, галодны, далёкі, забыты богам, закатаваны, здрасаваны, здратаваны, знявечаны, зруйнаваны, калісьці загнаны, няродны, пакінуты, праставалосы (аўт.), распяты, сіверны, сумны, халодны, цёмны.

Ці збяромся зноў калі мы Ў нашым бедным родным краі, Як бы птушкі пасля зімы? (Я.Колас). Край ты наш! Як міл ты сэрцу, Цёмны край, галодны! (Я.Колас). Буду ў далёкім краю я нудзіцца, Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю; Кожную ночку на зорку дзівіцца Буду ў далёкім краю (М.Багдановіч). Край наш бедны, край наш родны, Лес, балоты і пясок... Чуць дзе крыху луг прыгодны... Хвойнік, мох ды верасок. А туманы, як пялёнка, Засцілаюць лес і гай. Ой ты, бедная старонка! Ой, забыты богам край! (Я.Колас). Прыйшлі мой край закатаваны Браты-героі вызваляць, — Байцы франтоў і партызаны На Беларусі побач спяць (П.Броўка). Падняліся арлы па-над Нёмнам-ракой, Грозным клічам гукнулі сыноў Мастаўляны. І здалося, што сам Каліноўскі з труной развітаўся, каб вызваліць край здрасаваны (К.Кірэенка). Заснулі ўсе, адзін Нябаба, На лаве лежачы, не спіць: Не так баляць цяжкія раны, Як сэрца ные і баліць, Баліць за край свой здратаваны (М.Танк). Я ведаю — прытулку там няма: Зямля і край знявечаны... (Я.Колас). За ўсіх і за ўсё мы адпомсцім — За край зруйнаваны, за здзекі, За нашых сясцёр і братоў (П.Панчанка). Ты пачуеш... Як над краем, калісьці загнаным, Як над краем спрадвечнай журбы Узыходзіць світанак чаканы... (А.Звонак). І ліст ападае з бярозы і грушы, І толькі без ветру няродны край сушыць (М.Танк). Трэба ж было пры жыцці табе зведаць Сум па далёкім, пакінутым краі (М.Танк). Злічы ахвярных юнакоў, мая праставалосая краіна (В.Жуковіч). Мая зямля, мой край распяты, Не радуй ворага слязой (П.Панчанка). А сягоння на чужой бяседзе У далёкіх сіверных краях Я прыпомніў, што сумуе недзе Залатавалосая мая... (А.Звонак). Край беларускі мірны, сумны, Свой родны край ці помніш ты? (Я.Купала). Цяплом іх можна абагрэць Халодныя краіны свету (П.Глебка).

* Краіна-пралеска, матуля-краіна, маці-краіна, сонца-краіна.

І выходзілі хлопцы-вяскоўцы, на бой За краіну-пралеску сям'ёй незлічонай (К.Кірэенка). Матуля-краіна! Я вярнуся к табе, каб ніколі ў жыцці не пакінуць (К.Кірэенка). Шле горад падзяку ад маці-краіны У вёску... (К.Кірэенка). Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць Першы раз: “Беларусь, мая сонца-краіна!” (Н.Гілевіч).

@

КРАСА. Хараство, прыгажосць (прыроды, чалавека, наваколля і інш.): адвечная, адменная, бяскрайняя, высокая, гаючая, дзіўная, жывая, зайздросная, залатачубая (аўт.), залатая, зыркая (разм.), зялёная, казачная, кідкая, маладая, мілая, мядовая, небывалая, незямная, некрыклівая, непагасная, непазбыўная, непаўторная, нерастрачаная, несмяротная, някідкая, няпісаная, паўнацветная (паэт.), пенная, першародная, пяшчотна-суровая, пяшчотная, радзімая, раздольная, светлая, святая, спакойна-рашучая (аўт.), строгая, усемагутная, цудоўная, шматвяковая, шырокая  атрутная, ашуканская, грымотная, журботная, маўклівая, нерухомая, нямая, пустацветавая, расхлістаная (аўт.), сівая (аўт.), сірочая, смяротная, сонная, спакуслівая, сумная, халодная.

Мы выйдзем з думамі ў бяскрайнія прасторы, Абсыплем ружамі адвечную красу (П.Трус). Восень не сумная, ёй уласціва свая, адменная і непаўторная краса (У.Краўчанка). Утопіцца вока там [на Волзе] у пеннай бяскрайняй красе (А.Вялюгін). І прад высокаю красою, Увесь зачараваны ёй, Скланіўся я душой маёй, Натхнёнай, радаснай такой (М.Багдановіч). І спатрэбяцца словы гаючай красы, Каб любоў не была і чужой і забытай (Ю.Свірка). Эх, луг шырокі! Як жывы, ты, Травой мурожнаю закрыты, Стаіш зялёны прада мною І ззяеш дзіўнаю красою! (Я.Колас). Тады і загучала песня родная — Старая песня беларускай вёскі. Яе краса жывая, несмяротная На дне душы будзіла адгалоскі (Н.Гілевіч). Я хадзіў і параўноўваў іх [дзяўчыны і грушы] зайздросную красу (Н.Гілевіч). Хутчэй у поле, покуль не убралі яго залатачубую красу! (Е.Лось). Падрастаюць руні на шырокім полі, Разлілося сонца залатой красой (А.Русак). Гармонію вуглоў і граняў З лінейкай вымяраў я сам: Я ўведаў моц і сілу ззяння, Што мае зыркая краса (А.Русецкі). Чакаю вясновай зялёнай красы (П.Броўка). Зіма! Сваёю казачнай красою Чыёй душы ты толькі не кранеш! (А.Астрэйка). Мы ўяўлялі, што калоссе Стаіць у залатой красе (П.Прануза). Ніколі ў лесе не было такой дружнай, бурнай, як усплёск полымя, яркасці фарб, такой кідкай красы (І.Мележ). Вясна маладая! Як мне цябе шкода! Ты прыйдзеш, я знаю, усё прыйдзе з табою, І блісне прырода красой маладою (Я.Колас). Ціха прыходзіце вы [родныя вобразы], як жывыя, Ззяючы мілай красой (Я.Колас). Я кланяцца гатовы пчаліным сотам, Мядовай іх спакуслівай красе (П.Макаль). Дзякуй цёплым дажджам і халоднай расе За жыты, што ўзраслі ў небывалай красе (А.Вольскі). Мы ўбачым жанчын у няземнай красе іх, Яны — наша шчасце... (П.Панчанка). Мне суджана навечна У неаплатным быць даўгу Перад тваёю [Беларусі] некрыклівай, Зусім не кідкаю красой (Н.Гілевіч). Вымыта пякучаю слязою Непагасная твая [Беларусі] краса (А.Бялевіч). Поўны твары маладыя непазбыўнаю красой (П.Броўка). І глядзяць мне ў вочы красой нерастрачанай Сінія касачы (П.Панчанка). А прыгож быў дуб, над дубамі дуб, У красе паўнацветнай і сіле (Я.Колас). Ты [Палессе] спрадвеку ўсім сэрцам трывожыла Першароднай журботнай красой (П.Панчанка). На сонечнай зямлі пяшчотна-суровай красы, на радзіме Сервантаса... песня яшчэ раз паўтарылася ў маёй душы (Я.Брыль). Краса пяшчотная ў плячах, У ручаінах кос дзявочых (В.Жуковіч). Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі Сціраючы яму, штось пачала казаць, Каб заспакоіць плач — зусім як быццам маці, ...і ў гэты час яна, Здавалася, была аж да краёў паўна Якойсь шырокаю, радзімаю красою... (М.Багдановіч). А там, пад Мінскам, мора ў сонцы майскім Бярэ ў нябёс раздольную красу (П.Прыходзька). Не згадаць не змагу... Поля, дзе смутак забудзеш адразу, Сэрцам аддаўшыся светлай красе (К.Кірэенка). Чуццё прабудзіцца людское, Дабро ў сэрцы ажыве, І зацвітуць красой святою Дзіцячы думкі ў галаве (Я.Купала). Была восень з апошнімі днямі спакойна-рашучай нейкай красы (М.Стральцоў). Здзівіў ён [Львоў] нас красою строгай, Кіпеннем паркаў і садоў (П.Панчанка). Толькі знаю: немінуча, Што табе самой дакучыць Жыць нявольнікам, скаваным Уладай неабмежаванай, Тваёй уладай незямною — Усемагутнаю красою (М.Танк). Ах, колькі ёсць красы цудоўнай поруч з намі, Калі глядзець вакол дзіцячымі вачамі (М.Багдановіч). І вабяць зрок падземныя палацы Сівою шматвяковаю красой (П.Макаль). Паўстае маладосць у атрутнай красе, Паўстае невыказнае гора (П.Глебка). Мы патомкам нашым кінем межы без ашуканскіх крас (Я.Купала). Не раз, не раз красой грымотнай Пярун акрэсліць вышыню (К.Кірэенка). І прыходзіць радасць у красе маўклівай (П.Трус). Відаць грудок і вуллі ўсе, Дубы за рэчкаю і тоні У нерухомай іх красе (Я.Колас). Цэлы дзень мяцеліца снежны мех трасе. Поле, луг, аселіца У нямой красе (Н.Гілевіч). Восень, восень! Тыя песні перазвонены ўсе, Адгулі бясследна ў пустацветавай красе (В.Вітка). Тут (у музеі)... і школы новыя кагалам з сваёй расхлістанай красой (П.Панчанка). Стаю каля сівой красы, Хаджу па гулкіх сутарэннях — І чую продкаў галасы, І бачу нашых дзён карэнні (Г.Бураўкін). Чырвоная хусцінка з вышытымі над ілбом пшанічнымі каласамі, неяк па-свойму, непаўторна завязаная на чорных густых валасах, была ў сірочай красе тым нечым вельмі важным, вельмі ўдала знойдзеным, з-за чаго вар’яцелі бадай усе гаросіцкія дзецюкі (Я.Брыль). Нібы ўсё тут і ўсе ў соннай вечнай красе... (С.Дзяргай). Чым так прыкованы Я к вам, мае ўзгорачкі роднага поля, Рэчкі, курганы, лясы, Поўныя смутку і жальбы нядолі, Поўныя сумнай красы? (Я.Колас). Хто ў часе халоднай, смяротнай красы Уславіць зямлю бессмяротным словам (А.Куляшоў).

@

КРОК (крокі). Поступ, хада, паходка.

1. Пра хуткасць, памер, характар кроку; пра манеру паходкі: акрылёны, бадзёры, бойкі, борзды, буйны, выразны, вялікі, гіганцкі, горды, жвавы, знаёмы, зямны, мажны, малады, маршавы, мерны, моцны, мужны, натхнёны, нестрыманы, няспешны, паважны, павольны, пасвяжэлы, пераможны, пругкі, прыгожы, радасны, развітальны, разгоністы, размашысты, размераны, роўны, руплівы, смелы, спорны, сталы, таропкі, упэўнены, урачысты, цвёрды, часты, чуйны, шпаркі  аднастайны, адчайны, асцярожны, гнеўны, дробныя (мн.), запаволены, захмялелы, змораны, марудны, насцярожаны, натруджаны, невялічкі, незнаёмы, непадслуханы, непазбежны, нервовы, неспакойны, нязграбны, нямоглы, няпэўны, нясмелы, паспешлівы, разбойніцкі, развалісты, расслаблены, расхлябаны, спалоханы, стомлены, халодны, хісткі, хітры.

Ах, два гады назад Было здзіўленне сэрца, Было з'яўленне цуда І стыхіі, якія неслі па дыяганалі Мой акрылёны, непазбежны крок (Я.Янішчыц). Да яго [Васіля] бойкім, размашыстым крокам падыходзіў Антось (А.Кулакоўскі). У хаце нешта грукнула аб падлогу і затупалі борздыя і лёгкія крокі (І.Пташнікаў). Яны [слупы] мне ўяўляюцца чыімісьці гіганцкімі крокамі (Р.Сабаленка). Спыняюцца зямныя крокі, А песні ў вечнасці жывуць (А.Бачыла). Грымяць мажныя крокі, Над глыбінёю нашых вуліц Будынкі высяць кроквы (П.Глебка). Ён [Сымон] ідзе, ідзе напорна Крокам смелым, маладым (Я.Колас). Сцёпка трохі падумаў. Ні да чаго пэўнага не дадумаўшыся, выйшаў на вуліцу і мерным крокам, як чалавек сталы, пайшоў у бок Андрэевай хаты (Я.Колас). Шпаркім маршавым крокам Валерый падышоў да Кастуся... (А.Якімовіч). Яны кладуць баразну за баразной, ідуць павольным, але моцным крокам наперад (З.Бядуля). Славяць палі Навагрудчыны Генія мараў высокіх, Чуюць дубы па-над Свіцяззю, Чуюць натхнёныя крокі! (П.Броўка). Бушавала бура з сілай нечуванай, А вы йшлі напорна крокам нестрыманым (Я.Колас). Ён ішоў на трыбуну паважным, упэўненым крокам... (М.Гамолка). [Марыля] да студні ішла пасвяжэлым, спорным крокам (А.Савіцкі). Крок быў цвёрдым і пругкім (Э.Самуйлёнак). Калі б ад тваіх развітальных крокаў і слоў аддзяліць цішыню, што ўварвалася ў хату... (М.Танк). Вера схамянулася ад паспешлівых разгоністых крокаў (М.Паслядовіч). [Багдан] ішоў смела, хуткім размашыстым крокам (А.Савіцкі). Мяне разбудзілі нечыя размераныя цвёрдыя крокі па ўзбочыне дарогі (І.Навуменка). Сцяпан ішоў няспешным крокам Ускрай высокай збажыны (Н.Гілевіч). Так хацелася, каб пачуліся руплівыя крокі [людзей]... (І.Новікаў). Сталым крокам між бярозак З сябрам-кіем ён [Сымон] ідзе, А з ім лісце ў гушчы розаг Мову згодную вядзе (Я.Колас). [Алёшка] чуў... частыя таропкія крокі [Рэні] на садовай сцежцы (М.Лынькоў). Чуйныя, дажджом размытыя крокі (Я.Янішчыц). Зноў шаша і зноў аднастайны, расхлябаны крок (І.Навуменка). Спыню свой крок адчайны і таропкі... (Я.Янішчыц). То былі асцярожныя, але таропкія крокі [Паўла] (Т.Хадкевіч). Ледзь сціхлі за ганкам гнеўныя крокі, Хоню ўзяло шкадаванне, што гаварыў так задзірыста (І.Мележ). Крокі доўга было чуваць, насцярожаныя, занадта запаволеныя (А.Савіцкі). Пачуліся асцярожныя і страшэнна марудныя крокі (М.Зарэцкі). [Іван Іванавіч] ускочыў з крэсла і дробнымі крокамі выбег з пакоя (В.Быкаў). Цвёрда мною завучан натруджаны крок Твой [мамін]... (Я.Янішчыц). Красавік, я чую крок твой, Неспакойны,, захмялелы!.. (А.Звонак). Зранку ёй [вясне] было пад сілу зрабіць нясмелы, невялічкі крок... (М.Лужанін). Чакае дзед, І чуе ён здалёк Цяжкі і незнаёмы нечы крок (П.Панчанка). Лес да макавак гулам спавіты, Тоне ў ім непадслуханы крок (А.Пысін). Адзін з іх [людзей] ішоў так ціха, што яго крокі пачулі, толькі прыслухоўваючыся да нязграбных крокаў другога (У.Караткевіч). Нервовым крокам яна прайшла па пакоі... (Я.Васілёнак). Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся і ўжо не тым нямоглым крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны (Я.Брыль). І хісткі, і няпэўны крок Сваім [бабуліным] засведчаць пасяджэннем (А.Пысін). Ігнат ішоў расслабленым крокам (А.Кудравец). За дзвярыма спалоханыя крокі, шэпат (Я.Скрыган). Момант. Спыняецца змучаны зрок, Чыйсці знаёмы халодны крок, І дакранаюцца пальцы: Устаньце, Мікола, Устаньце! (М.Хведаровіч). Больш не горка гасцям. Нават мёду не п'юць. Хісткім крокам ідуць да парога (Н.Гілевіч). Урокі вывучыўшы, васьмікласніцы Развучваюць факстрота хітры крок (Р.Барадулін).

2. Пра гучанне крокаў, пра іх лёгкасць (грузнасць): бязгучны, бясшумны, важкі, гулкі, гучны, звонкі, кашэчы, лёгкі, мяккі, нячутны, салаўіны (аўт.), ціхі  глухі, грузны, прыглушаны, прыцішаны, слановы, сталёвы, тупы, цяжкі, чыгунны.

Яны [вочы] з непрыхаванай нянавісцю глядзелі на пана Кроера, што набліжаўся да купкі людзей бязгучнымі кашэчымі крокамі (У.Караткевіч). Ідзе ён [Драздовіч] важкім і ўпэўненым крокам па сцяжынах і ўзгорках такой роднай яму Дзісеншчыны. (А.Марачкін). Раптам крокі, мерныя, гучныя крокі Проста ў вуха, прыціснутае да зямлі (У.Караткевіч). Пачуліся хуткія і мяккія, але дужа знаёмыя крокі — ішоў Артур (А.Савіцкі). Праходжу моўчкі я начную плошчу, І ловяць сутарэнні гулкі крок (П.Панчанка). Хіба толькі мой слых і зрок Захаваюць яшчэ надоўга Ціхі голас і звонкі крок (Р.Тармола). На сцяжынцы... пачуліся лёгкія крокі (М.Ракітны). Ты [чалавек] не чуеш, як падаюць росы патокам, Як гарлачыкам трызніцца новы дзень, Як нячутнымі, як салаўінымі крокамі Над вялікай ракою каханне ідзе (У.Караткевіч). Цемра. Глухія крокі... Яны ішлі даволі доўга (У.Караткевіч). Марыя чуе яго цяжкаватыя, грузныя крокі (А.Кулакоўскі). Раптам Тварыцкі пачуў як бы прыглушаныя крокі (К.Чорны). Сталёвым крокам... Пад узрывы медныя аркестраў Ідуць калоны... (М.Танк). Тупы, цяжкі, павольны крок — Выходзіць з дому Касцянок, Каля акна ўмываецца Халоднаю вадой (А.Куляшоў). Марш жалезны. Чыгунны крок (У.Караткевіч).

@

КРОПЛЯ (кроплі). Бліскучая, буйная, важкая, вялікая, драбнюткая, дробная, дужая, жвавая, жывая, зеленаватая, зіхатлівая, зялёная, іскрыстая, крыштальна-сярэбраная, крыштальная, малая, малюпасенечкая, празрыстая, светлая, смагарадавая, срэбная, сярэбраная, чыстая  дымная, каляная, крывавая, настылая, рэдкія (мн.), халодная-халодная, цёмная, цяжкая, чорная.

І ападаў на сад са звонам Бліскучых буйных кропель рой (П.Панчанка). Вось і схлынулі хмары, і дождж пераціх, Чуцен кропель буйных перазвон (П.Панчанка). З лісця на галаву сыпаліся важкія і халодныя кроплі, цяклі па твары... (І.Мележ). Цішыня. Золак больш і больш наганяе драбнюткія кроплі святла, яно ўжо сыплецца недзе зверху, з бакоў, падымаецца ад зямлі (Я.Скрыган). Спачатку падаюць рэдкія, дужыя кроплі (Я.Брыль). Пырснуў першы нясмелы прамень, і жывыя, іскрыстыя кроплі расы зазіхацелі, заззялі рознымі колерамі (Т.Хадкевіч). Вялікія зеленаватыя кроплі дажджу віселі на... галінках (М.Стральцоў). Прайшоў дождж. Свяціла сонца... і Захару на нейкі момант здалося, што... трымцяць на сцяблінах травы зіхатлівыя смагарадавыя кроплі (А.Савіцкі). На бязлістым голлі і вецці дрэў і кустоў, нізка над сцежкай, безліч крыштальна-сярэбраных кропель (Я.Брыль). Бабка-зялёнакрылка сядзела на чарацінцы.. Яе тоненькае стройнае цельца шчыльна прытулілася да лісціка, малюпасенечкія кропелькі расы ледзь-ледзь выступалі на крыльцах... (Я.Колас). Калі Аня падышла да Арыны і ўзяла за плечы, вусны сястры задрыжалі, а ў кутках вачэй набеглі дзве светлыя празрыстыя кроплі (І.Мележ). І ляцяць халодныя срэбныя кроплі На вусны дзяўчатам... (Г.Бураўкін). Гулка забарабанілі па вадзе на рачным павароце буйныя, дымныя кроплі (К.Кірэенка). Халодныя каляныя кроплі каціліся на веі, расплываліся на шчоках (А.Савіцкі). На лісцях — крывавыя кроплі. Гэта іх восень параніла (П.Макаль). Каб з твару ты ўсмешкай не сцёрла Настылыя, чорныя кроплі дажджу, Хіба і цябе не пазнаў бы (М.Танк). На твар раптам пырснулі халодныя-халодныя кроплі (І.Пташнікаў). Цяжкія рэдкія кроплі халоднага дажджу ўпалі на гарачы, не астылы яшчэ пыл дарогі (В.Адамчык).

@

КРОЎ. 1. Пра колер, стан крыві: агністая, алая, барвовая, барвяная, гарачая, гулкая, густая, жывая, кумачовая, палкая, пунсовая, свежая, цёплая, чырвона-ірдзістая, чырвоная (нар.-паэт.), чыстая, ярка-чырвоная  запечаная, засохлая, халодная, цёмная, цяжкая.

Беларуская маці Дала мне агністую кроў (К.Кірэенка). З родным словам на вуснах герояў Запякалася алая кроў (Н.Гілевіч). Ці доўга йшчэ бы гаспадарыў Ён [Машэка] гаспадаркаю такой, Крывёй палошчучы папары, Крывёй гарачаю людской (Я.Купала). [Беларусь] Зямля твая да жудасці шчодра паліта гарачай крывёю тваіх абаронцаў (Я.Брыль). Усё застаецца трывога І ў лесе, і ў гулкай крыві (С.Грахоўскі). І ажно перахопіць дыханне, Як у словах пявучых зноў Затрапеча чыёсьці каханне, Запульсуе густая кроў (Г.Бураўкін). З першым цяплом ажывае прага вандровак зямных, Б’ецца ў жылах жывая Палкая кроў вясны (А.Звонак). Крамянае сэрца ў Сілівона, але ў сэрцы тым жывая чалавечая кроў (М.Лынькоў). Ох, патрапіць народ часам За сябе ўступіцца, — Зруйнаваць палацы вашы, Свежай кроўю ўпіцца (Я.Купала). Я бачыў, як ястраб галубку забіў, І выкляваў сэрца, і цёплу кроў піў (Я.Купала). Сцякала чырвона-ірдзістая, падсвечаная нізкім вечаровым сонцам кроў (В.Адамчык). Вырве сэрцайка няшчаснай, Вып’е кроў чырвону, Застануцца толькі косці На зямельцы соннай (Я.Купала). Кроў здавалася густой і цяжкай, як ртуць (У.Караткевіч). Вы нарадзіліся, панове, З крывёю цёмнай і халоднай... (“Маладосць”).

2. Пра кроў як сімвал годнасці чалавека, яго чысціні або заганы і інш.: бунтарская, высакародная, высокая, гарачая, гордая, маладая, мужная, мяцежна-маладая, нявінная, праведная, светлая, святая  акаянная, варожая, злая, паганая, распусная, чорная.

У нашчадкаў віруе бунтарская кроў — Гэта гордая кроў, кроў бацькоў-змагароў (А.Грачанікаў). Князёўна высокай крыві прабіралася да выхаду (Э.Самуйлёнак). Гарачая кроў закіпела ў грудзях, З пагардай чужынцу прамовіў казах: — Табе не вярнуцца Ніколі з вайны, І выдзяўбуць вочы табе гурганы... Ну, што ж, хай загіну і я на вайне, Зямля, мая маці, сагрэе мяне! Я гэтай зямлёю, як сын, даражу, Нічога, Нічога табе не скажу! (П.Броўка). Байцы, што падымаліся ў маўчанні У свой апошні рукапашны бой, Нам са свабодай разам завяшчалі І пульс крыві мяцежна-маладой (Н.Гілевіч). Для сваіх сыноў Не сіроцкую долю пакінулі, А гарачую мужную кроў (П.Панчанка). Гэта ў бойцы мручы, нешчаслівыя Залілі свет нявіннай крывёй (Я.Купала). Народ паднявольны ўзнімаецца грозна: Убачыў я ў люстры бліскучых шароў Іх чорныя слёзы, іх светлую кроў (П.Панчанка). Ужо святая кроў праліта... (Я.Колас). Вясняныя воды змываюць Варожую злую кроў (М.Танк). Паганаю, чорнай... крывёю Быў план перакрэслен вар’яцкі! (Н.Гілевіч). Ім [фашыстам] незнаёмы дружба, ласка, Ні радасць працы, ні любоў. Бунтуе пад жалезнай каскай Распусная і злая кроў (П.Панчанка). Росіць вораг кроўю чорнай Багуны і верасы, І гамоняць непакорна Беларускія лясы (Я.Колас).

@

КРЫК. 1. Пра сілу, гучнасць, характар (крыку): галасісты, галосны, глыбокі, звінючы, звонкі, тонкі, трубны  аднастайна-рыпучы, ахрыплы, ашалелы, бязгучны, бязладны, далёкі, здушаны, кароткі, кволы, надарваны, надрыўны, немы, нямоглы, нямы, нячутны, пранізлівы, прарэзлівы, працяжны, прыглушаны, спалоханы, хрыпаты, хрыплы, цягучы, шалёны.

Генрых мінаў сваіх сясцёр, якія крочылі... з галасістым крыкам... (М.Ракітны). Каля вёскі... уздымаўся, прыхаваны сіваватымі вербамі галосны тонкі крык (В.Адамчык). Абуджае дол шырокі — Заспрачаюцца калі — Крык хвалюючы, глыбокі, Крык адвечны па зямлі (П.Броўка). Класы і калідоры школы напоўніліся звонкімі дзіцячымі крыкамі, смехам (І.Шамякін). Над галавой, дзесьці высока ў небе, чуваць трубныя крыкі адлётных жураўлёў (У.Краўчанка). Адгукаецца на песню адзін аднастайна-рыпучы крык дзеркача (М.Зарэцкі). Востраў сустракаў нас ашалелым крыкам чаек (В.Хомчанка). Вецер твой рот разрывае страшэнным бязгучным крыкам (П.Панчанка). Калі сціхла сіпенне пары, ён [Антонік] пачуў крыкі — кароткія, прарэзлівыя, бязладныя (І.Мележ). Шпак здалёк пачуў здушаны жаночы крык (М.Ваданосаў). Раптам крык, Немы крык, З лесу крык страсянуў цішыню (А.Куляшоў). Але сціхаў нячутны крык бяды — І паўставала з небыцця нанова Краса ў абліччы каменя і слова (Н.Гілевіч). Крык быў поўны такога адчаю і такі пранізлівы, што ўсе... мімаволі ўвабралі галовы ў плечы (М.Лынькоў). Ды ноччу ў спакойныя сны бягуць незнаёмыя людзі, і памяць заснуўшую будзяць прарэзлівым крыкам яны (Г.Каржанеўская). На росным дварэ пачуўся качыны спалоханы крык і шум крылаў: сюды ішоў чалавек (Я.Брыль). А мора шуміць... Праз шум ягоны раз-поразу аднастайна лезе ў душу галашэнне сірэны — з далёкага самотнага ў імглістай цемры маяка. Цягучы, сумны крык! (Я.Брыль). І крыкам шалёным [Зося] Азвалася з жалю над Янкам... (Я.Купала).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (крыку): адвечны, вясёлы, малітоўны, непераможны, пераможны, прызыўны, радасны, развітальны, урачысты, хвалюючы  адчайдушны (аўт.), адчайнадушны, адчайны, асліны, балючы, безнадзейны, вар’яцкі, ваяўнічы, галодны, дзікі, дурны, жахлівы, жудасны, журботны, звярыны, злавесны, злосны, істэрычны, люты, нахабны, недарэчны, незразумелы, пагрозлівы, пагрозны, пакутніцкі, пакутны, раздражнёны, раз’юшаны, роспачлівы, роспачны, самотны, страхавіта-пагрозлівы, страшны, страшэнны, сумны, суцэльны, счарнелы (аўт.), трывожны, цяжкі, шалёны.

Абуджае дол шырокі... Крык адвечны па зямлі (П.Броўка). Толькі дзетак крык вясёлы Льецца ў вуліцах руччом (Я.Колас). Нездарма ж аднойчы з грудзей чалавека вырваўся малітоўны крык: “Спыніся, імгненне!” (Я.Радкевіч). Спявайце, юныя паэты! Спяліце ў бурах пачуцця Неўтаймаваны боль планеты, Непераможны крык жыцця! (Н.Гілевіч). [У душы Глечыка] вялікаю прагай да жыцця ўсё біўся далёкі прызыўны жураўліны крык (В.Быкаў). [Ластаўкі] доўга з урачыстым радасным крыкам ляталі ў чыстым блакітным небе (В.Вітка). І жураўліны развітальны крык Знясілена даносіўся з-за хмар (М.Танк). Вось гэты [аўтограф]... О, як акрыліў ён душу... Якраз, калі мне аж калола ўвушшу Ад крыку дурнога аслінага! (Н.Гілевіч). Я сядзеў на прызбе ля хаты, чуў гэтыя журботныя, адчайнадушныя крыкі [журавоў]... (Б.Сачанка). — Ма-ма! — даляцеў адчайны дзіцячы крык, перамешаны з плачам (А.Васілевіч). Потым з двара даляцелі стрэлы і немы, балючы крык (Р.Сабаленка). Усё часцей і часцей чуліся адчайныя і безнадзейныя крыкі [нямецкіх салдат] (М.Лынькоў). [Іван] прахапіўся адразу і ў тое ж імгненне пачуў недарэчны вар’яцкі крык (П.Панчанка). Ты пачуеш плач, іржанне коней, Спеў дзяўчат і ваяўнічы крык (П.Панчанка). І крыкам немым і галодным Ад болю чорнага крычу: — О край мой, святлісты, родны, Я гэтак жыць яшчэ хачу (В.Вярба). Дзікі крык вырваўся сам проці волі Васіля, і самі пацяклі слёзы. Вецер падхапіў яго немы крык... (Я.Колас). І енк, і плач, калёс засмягшых скрып... — Усё злівалася ў жахлівы крык (М.Танк). Паветра разадраў шалёны звярыны крык (М.Лынькоў). Шэрай восеньскай раніцай мястэчка разбудзілі стрэлы і жудасны крык (Я.Брыль). Маўчалі, прыслухоўваліся да начных гукаў, да лясных шолахаў, да нахабнага крыку савы ў лясной аўражыне (М.Лынькоў). Толькі Сушчэня бокам зморана апусціўся ля Бурава, як ззаду на шашы раздаўся прыглушаны крык, незразумелы, але... страхавіта-пагрозлівы (В.Быкаў). Адразу ж у адказ прагучаў выбух, і ўслед рассыпаўся шматгалосы пагрозны крык (І.Мележ). Радзеў і падаў ахрыплы пакутны крык (Г.Бураўкін). Прачнуўся ён ад якогасьці раздражнёнага крыку... (Я.Сіпакоў). Паводкай атрутнай нахлынуў з гары ачумелых маўраў раз’юшаны крык (М.Хведаровіч). Нечакана балота абудзіў роспачны чалавечы крык (І.Дуброўскі). Самотны крык гусей Даносіцца з-пад воблак (П.Панчанка). І вось ужо нёсся над узбярэжжам адзін суцэльны, жахлівы крык (М.Лынькоў). Ускіне твар счарнелы крык Хатыні, І Брэст барвовым стогнам загудзе (У.Някляеў). Трывожны крык начное птушкі абудзіў наваколле (“Беларусь”).

@

КРЫЛЫ (крыло, крылле). 1. Пра колер, сілу, характар паверхні і інш. прыметы (крылаў): агнёвыя, беласнежныя, белыя, быстрыя, бялюткія, вераснёвыя, вялікія, гонкія, дужыя, лёгкія, магутныя, маладыя, моцныя, празрыстыя, прасвечаныя сонцам, тугія, шэрыя  аслабелыя, ацяжэлыя, зрэджаныя, навальнічныя, рэдкія, слабыя, цяжкія, шурпатыя.

Над гасцінцамі і ляснымі сцежкамі паляцела на агнёвых крылах трывога (Т.Хадкевіч). Там, дзе сонца агнёвымі крыламі Хоча слёзы балота выпіць, Шэпча хвалямі ціха гуллівымі Чараўніца — Прыгожая Прыпяць (М.Чарот). Над пакгаўзам кружыліся галубы, усё вышэй і вышэй узнімаючыся над страхой, пабліскваючы на сонцы беласнежнымі крыламі (М.Лынькоў). Мяне таксама некалі віталі І крылы белыя, і рукі дрэў... (А.Пысін). І слонкі быстрае крыло У зыркіх промнях трапятала (М.Стральцоў). На трапяткіх бялюткіх крылах Ляцяць у далечы гады (В.Вярба). Вячэрняе люстра вады Распырскалася пад вяслом. Над ім халадок малады Ўзмахнуў вераснёвым крылом (М.Танк). Ляцела следам кручаная куля І перабіла дужае крыло (С.Грахоўскі). Нагуляе зноўку сілу [вецер] маладым магутным крылам, Каб яны і ў сне маглі адарвацца ад зямлі (Т.Бондар). Дажджавыя хмары раздзяліліся на два крылы. Левае, цяжкае, навальнічнае... А правае, рэдкае, прасвечанае сонцам пацягнулася сеткай дажджу (Я.Брыль). Адлятаюць [жураўлі] бяспечнай дарогай. Крыл тугіх не даносіцца шум... (М.Аўрамчык). Вось ён [жаваранак] трапеча шурпатымі шэрымі крыльцамі, нібы ледзь-ледзь патрапляючы трымацца ў паветры (Я.Брыль). Качка хіснулася, нырае ўніз, няёмка махае аслабелымі крыламі (Я.Колас). І чмель, які гудзе, Не могучы падняць На сваіх крылах ацяжэлых Вёдры з красавіковым мёдам (М.Танк). Стогнуць пчолы на зрэджаных крылах (А.Пысін).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (крылаў): высокія, гарачыя, здольныя, мяккія, свабодныя, трапяткія, цёплыя  асалавелыя, грымучыя, драпежныя, журботныя, падрэзаныя, стамлёныя.

Так адлятаюць у далёкі вырай, Але высокім крылам сцюж няма (Я.Янішчыц). Можа, заўтра буду думаць: “Дзе цяпер яна [птушка] трапеча Маладым гарачым крыллем у салодкім забыцці?” (Н.Гілевіч). Але пакрыўдзіла прырода гусей: не дала лёгкіх і здольных крылляў, каб перанесці праз тыя парогі, што стаялі на дарозе і якіх не маглі пераступіць іх няўклюдныя ногі (Я.Колас). Як часта на сцяжынцы палявой Яна [песня] ўва мне прачнецца нечакана І па спакойным і будзённым сэрцы Ударыць мяккім, трапяткім крылом! (Г.Бураўкін). Святла дагнаць не можа гук, Хоць і мае трапяткія крылы (П.Макаль). Песні дрэмлюць пад цёплым крылом (Р.Барадулін). І сэрца трывожна заные, Калі пад грымучым крылом Лясы і азёры зямныя Зноў лягуць духмяным скрылём (Г.Бураўкін). Няхай яшчэ над нашай хатай Вісіць драпежнае крыло — А знаем мы: свабоды свята Настане... (К.Кірэенка). Цень палявога абеліска — Крылом журботным над усім (А.Пысін). Толькі ж падрэзаны крыллі свабодныя: Моцна пільнуюць мяне. Дзверы акутыя, сцены халодныя, Краты жалеза ў акне (Я.Колас). Шпак спявае... Стамлёныя крылы — ўразлёт... (Г.Бураўкін). Жураўлі памагаюць слабому не крыкам, А дужым, хоць і стомленым крылом (С.Грахоўскі).

@

КРЫНІЦА. 1. Пра колер вады, яе чысціню, тэмпературу, характар цячэння (інтэнсіўнасць, наяўнасць гукаў і г.д.); пра ўздзеянне крынічнай вады на чалавека: агнявая, блакітная, вогнемгненная (аўт.), іскрыстая, крыштальная, люстраная, празрыстая, светлая, сіняя, срэбраводная (аўт.), сярэбраная, шклістая; ламоткая (разм.), свежая, сцюдзёная, халодная, чыстая; бруістая, буркатлівая, бурлівая, быстрая, вечна гаманлівая, гаманлівая, жвавая, звонкая, кіпучая, невычэрпная, пявучая, шпаркая  вечна неспакойная, дымная, жвірыстая, неўгамонная, неўтаймаваная, ціхая; гаючая, жывая, жыўчая (разм.).

Бурліць крыніца агнявая... (Я.Колас). Дай вось толькі прагнаць чужаніц Ад шырокіх дарог, ад блакітных крыніц, Каб пазваць на вяселле я мог землякоў, Каб мы жыць распачалі ля родных дубоў (П.Панчанка). І вось жахнула бліскавіца, Як вогнемгненная крыніца... (Я.Колас). Чаму ж ты, крынічанька, Светлая, празрыстая, Вечна гаманлівая, чыстая, іскрыстая? (А.Русак). Там цішыня, прахалода, крыштальныя лясныя крыніцы (М.Гамолка). Стаў пясочак, як вадзіца люстранае крыніцы (У.Дубоўка). Я... крыніцай на золку стала... Там пілі мяне светлую, сінюю... Рукамі, што пахлі бензінам, распырсквалі — гаючую — на пяскі, на травы калючыя (Д.Бічэль-Загнетава). Яны ж [песні] пра мілыя і гэтакія родныя нябёсы і крыніцы срэбраводныя... (У.Карызна). Слухаюць смехаў русалчыных, Лопату крылляў начніцы... Плюскату шклістай крыніцы (Я.Купала). Не ведае стомы Узбор’е... П’е жніўнем з ламоткіх крыніц (В.Зуёнак). Паводка змые берагі, Як хлыне свежая крыніца (Я.Колас). Хутка пойдуць дзяўчаты грамадою вясёлай, Каб з крыніцы сцюдзёнай чэрпаць вёдрамі золак (М.Танк). Эх вы, песні, мае песні З ніў, з дуброў цяністых, Ад сярпа, касы, сякеры, Ад крыніц бруістых! (М.Танк). Дзень добры, буркатлівая крыніца... (Я.Янішчыц). Вясною са мною дамоў Вяртаюцца птушкі ізноў. І кожная з іх пакрысе Што-небудзь з сабою нясе. Жаўрук — звон бурлівых крыніц... (М.Танк). Чаму ж ты, крынічанька, Быстрая, кіпучая, Вечна неспакойная, Звонкая, пявучая? (А.Русак). Паэзіі плысці ракой, Цячы крынічкай жвавай, Як на вяселлі маладой, Заўсёды быць цікавай (П.Броўка). І тваіх [краіны] невычэрпных крыніц Не запыніць чужая навала (Я.Колас). Замёрзла ноччу шпаркая крыніца (М.Багдановіч). З дымнай крыніцы коні пілі ахвотней, як з вядра... (В.Карамазаў). Я выпечан з такога цеста, Што толькі ў нашай старане Яго ўсчынялі ў пушчы сіняй Пад булькат жвірыстых крыніц (Г.Бураўкін). Неўгамонныя тры крыніцы б’юць, З першай — саснякі баравыя п’юць, А з другой, крутой, веснавой бруі, Галасы свае мыюць салаўі (М.Танк). На дне яра зеленавата-сінімі плямамі пракідаецца зусім свежы, яшчэ не пераможаны снегам лядок неўтаймаванай крыніцы (Я.Брыль). Крынічкі, ціхія крынічкі, Як я люблю вас... (К.Кірэенка). Зачэрпай жа сілы з гаючай крыніцы, З зямлі нашай, горам спавітай! (Я.Колас). Белыя ліпы здалёку прыйшлі, Іх напаілі жывыя крыніцы Сілай і водарам шчодрай зямлі (С.Грахоўскі).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (крыніцы): вольная, вясёлая, дзівосная, задуменная, зацікаўленая, здзіўленая, радасная, разбуджаная, родная, сарамяжлівая, скромная, стомленая, сумная, таямнічая.

Звонкая песня вясёлых крыніц, Памяці горкай не кратай (А.Бачыла). Зашумела, забурліла вольная крыніца... (Я.Колас). Дзівоснай гаманліваю крыніцай вітае нас радзімы край... (“Маладосць”). Да задуменнае крыніцы, яе крыштальнай чысціні, раўнуй мяне да навальніцы, да завірухі, цішыні... (В.Жуковіч). — А што можа рабіцца ў зямлі? — спытала здзіўленая і зацікаўленая крынічка (Я.Колас). Дарогаю зары вяртаюся ізноў... У перашум і звон разбуджаных крыніц (М.Танк). Трэба пра ўсё гэта новая песня, Песня, у якой бы краіна мая Чула шум родных крыніц напрадвесні, — Голас сірэны і свіст салаўя (М.Танк). Але крынічка была такая скромная, такая сарамяжлівая, што нават не зварачала ўвагі на сябе самую і ніколечкі не ганарылася сабой (Я.Колас). Але, каб мог, як мог калісьці, І я пабегчы басанож, — З табой і я б там ладзіў выйсце Крынічцы стомленай у Сож (К.Кірэенка).

* Вакалісты-крыніцы, дзіва-крыніца, ключык-крыніца, крыніца-жывіца, флейта-крыніца.

Прайдзі берагам паўз рэчку — здзівяць, а то і хораша збянтэжаць цябе сваім звонам і спевамі вакалісты-крыніцы і крынічкі (Ф.Янкоўскі). Самая чыстая ў свеце бруіцца Слова народнага дзіва-крыніца (В.Жуковіч). Не змаўкаючы звіняць Ключыкі-крыніцы (А.Звонак). Там крынічак-жывічак няма, бо няма і такога сасонніку, дзе б лавіць між галінак сонейка (Д.Бічэль-Загнетава). Пералівам флейты-крыніцы Альшанік пяе без устанку (П.Пестрак).

@

КРЫЎДА. Агорклая, адчайная, атрутная, балючая, беспадстаўная, бязлітасная, бяссільная, вострая, вялікая, глухая, горкая, дзіўная, дробязная, едкая, жахлівая, жорсткая, кіпучая, лёгкая, ліхая, лютая, малая, мікраскапічная, моцная, набалелая, неадольная, невыказная, невымоўная, недаравальная, незабыўная, незаслужаная, непадробная, несуцешная, нягодная, нязносна-балючая (аўт.), падслепаватая (аўт.), пакутлівая, пакутная, помслівая, пякучая, слязлівая, старая, страшная, тупая, ціхая, цяжкая, чорная, шалёная, шчымлівая.

Тваю крыўду агорклую, — Ніяк яе не задушу! (Р.Барадулін). Балючая крыўда горкім камяком падкатвала да горла... (А.Кулакоўскі). А колькі ж бяссільнай горкай крыўды зазналі нашы нервы, затузаныя голадам, холадам, здзекам, тугой!.. (Я.Брыль). Горкая крыўда, быць можа, беспадстаўная, сціснула сэрца (Я.Колас). Атрутная крыўда перавярнула ўсё ў душы (В.Адамчык). І крыўда была, вострая, неадольная... (М.Лынькоў). Нейкая дзіўная крыўда несла яго [Захара] (А.Савіцкі). І выйшаў Васіль ад пана з горкай крыўдай у сэрцы (Я.Колас). І малю я сонца, неба, корсту: Хай яны палаюць над табой, Над тваёй былою крыўдай жорсткай, Вечныя — пяшчота і любоў (У.Караткевіч). Сцёпку апанавала кіпучая крыўда (С.Баранавых). А ты, калі гора каго напаткае, Ці жальба пачуецца, плач, Або запануе дзе крыўда ліхая — На ўсё адгукніся, адзнач (Я.Колас). Сыдуцца ў крыўдзе — у лютай крыўдзе, Заглухнуць вятрыскі ад гаму (Р.Барадулін). Бушуе шквал мікраскапічных крыўд: Чарга не прапускае ветэрана, Таму што ветэран — не інвалід (У.Караткевіч). [Кацярына] адчула, як цяжкая, невыказная крыўда ахапіла яе (В.Карамазаў). І доўга крыўдай невымоўнай Цямрэла ў сэрцы ноч пакут (Н.Гілевіч). Боль і горыч ад незаслужанай крыўды ахапілі сэрца старога, і ён, стоячы на скрыжаванні, у думках звяртаецца да сына (В.Хомчанка). Гэй, пясняру мой, браце мой родны... Біся, не дайся крыўдзе нягоднай, Пей нам аб шчасці, голасна пей! (Я.Купала). Імполь заплюшчыў вочы, замёр ад шчымлівай, нязносна-балючай крыўды (В.Адамчык). Ёсць вёсачкі, дзе моладзі няма, Дзе колькі хат даўно пазабівана. Такія адзінокія, яны глядзяць на свет з падслепаватай крыўдай (Т.Каржанеўская). У Чэсінай душы запяклася помслівая крыўда на... Шкудлярыка (В.Адамчык). Крыўды дзяцінства — самыя слязлівыя (В.Зуёнак). Аставалася яна, гэтая тупая, цяжкая, нібыта вялікі кавалак жалеза, горкая крыўда (В.Адамчык). У голасе раненага чулася прытоеная крыўда (К.Каліна). Ў вачах толькі рдзяцца слёзы, Як улетку росы. Ці то слёзы з крыўды страшнай, Ці з бяссільнай злосці... (Я.Купала). Там жа бацька недзе томіцца, не спіць. Пэўна, ў ціхай крыўдзе на сцяну глядзіць (З.Бядуля). І тады ад хаты ў хату, Ад сяла і да сяла, Нібы панскі прыганяты, Крыўда чорная пайшла (С.Грахоўскі). Лістападу радуйся і снежню, І вятрам асеннім і снягам. І малая крыўда здасца смешнай, І як слаўна жыць — адчуеш сам (П.Панчанка).

* Крыўда-ведзьма.

Вера ў будучыні жніва Спапялела з гора, Крыўда-ведзьма незмянліва Заліла, як мора (Я.Купала).

@

КУРГАН. Адвечны, векавечны, высокі, вялікі, задумёны, задумлівы, залаты, мудры, пясчаны, свежы, спакойны, старадаўні, старажытны, стары, стоена-мудры (аўт.), удзірванелы  забыты, здзічэлы, знябыты, нямы, пануры, сумны.

На кургане, на адвечным, Пад асінай векавой, Сеў дудар, сагнуўшы плечы, З пасівелай галавой (Я.Купала). Паміж пустак, балот беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, — Ўдзірванелы курган векавечны (Я.Купала). І вось мужчыне хмурнаму здалося, Што вершы пра маё — чужыя тым, Хто цэглу лепіць, мацае калоссе І плача на кургане залатым... (Е.Лось). І курган старажытны, задумёны і мудры, Шмат пра што нам раскажа... (“Маладосць”). Заснулі вы, сокалы, рана Ў курганах пясчаных, спакойных, Між сцежак закінутых польных, У краі палос і туманаў (М.Танк). Быдлём асуджан быў валяцца Сын свайго краю, родных межаў; Калі ж хто думаў прачынацца, Курган прыбавіў толькі свежы (Я.Купала). Каля вёскі Ствольная ўзвышаецца сярод поля даволі вялікая група старадаўніх курганоў (В.Вольскі). Расчасаўшы пышныя кудры, Лес па пояс убрыў у туман. Старажытны, стоена-мудры, Выступае з сінечы курган (Я.Колас). Паліліся мае слёзы На гасцінец, перавозы, На крывавыя паляны, На забытыя курганы (Я.Купала). Знаю — нямала на родных раўнінах Вырасце новых курганаў нямых (М.Танк). І дрэмле тут курган пануры і здзічэлы з далёкай прошласці вякоў... (“Маладосць”).

* Курган-ахвяра, насып-курган, узгорак-курган.

Дзе залёг абшар Курганоў-ахвяр, Сей, засей прасвет. Ты слуга і цар, Ты — дудар-званар, — Чуе, знае свет... (Я.Купала). Дзівам дзівяцца з праяваў Маткі ды сыны: Скуль такую ўзялі славу Наспы-курганы?! (Я.Купала). Паміж трох адвечных дубоў — мохам і галлём усланы ўзгорак-курган (Я.Купала).

@

КУТ (куток). I. Мясцовасць, мясціна.

1. Пра маляўнічую, прыгожую мясцовасць: багаты, выгодны, вясёлы, зацішны, летуценны, маляўнічы, паквапны (разм.), прывабны, прыгожы, прыемны, утульны, цёплы, ціхі, цудоўны, чароўны.

Так. У лясніцтве кут парожны, Куток паквапны і багаты, Не застаіцца, не згуляе, Паноў к сабе ён прыцягае... (Я.Колас). Вось у кірмашовы б дзень выходны з ім ці з ёй зайсці ў куток выгодны (Ёсць такія на зямлі куткі) — Раз у сем гадоў павіць вянкі (А.Куляшоў). Парэчча — слаўная мясціна, Куток прыгожы і вясёлы... (Я.Колас). Якуб Колас не любіў ездіць на курорты. За лепшы адпачынак яму было пажыць лета дзе-небудзь у зацішным кутку Беларусі (П.Броўка). На ўскраіне сасновага падлеску... я знайшоў сабе ціхі, цёплы і, я нават сказаў бы, летуценны куток (К.Кірэенка). Прыемна прайсціся, падыхаць свежым паветрам. Ды і куток тут маляўнічы (А.Астрэйка). Першыя краскі варта ахоўваць, каб не збядніць прывабны куточак лесу (Р.Ігнаценка). У самым цэнтры Мінска, у зацішным і ўтульным куточку над Свіслаччу, там, дзе калісьці стаяў яго [Купалаў] дамок, цяпер музей і парк (В.Вітка). Пачуццё зачараванасці цудоўным кутком беларускага краю назаўсёды застанецца ў сэрцы (К.Кірэенка).

2. Пра глухую, далёкую мясцовасць (мясціну): задумлівы, задумны, патаемны, таемны, таямнічы  глухі, далёкі, дзікі, невясёлы, парожны, пусты, цёмны.

Нямала сказаць можа пільнаму воку Задумны надсожнага бору куток (К.Кірэенка). Забіраючыся ў самыя патаемныя, глухія куткі на Бярозе, я, прызнацца, доўгі час лічыў сябе першаадкрывальнікам іх непаўторнай красы (К.Кірэенка). У тым далёкім таемным куточку Коласу заўсёды добра думалася ў цішыні лесу (“Беларусь”). У тым кутку, глухім і дзікім, Стараннем дзядзькавым вялікім І цяжкай працай хлебароба Набыта розная надоба (Я.Колас). Абы не бачыць сцен тых голых, Куткоў пустых і невясёлых (Я.Колас). Даўно не шануем багоў. Электраліній апоры Нясуць ачышчэнне грахоў... Бетонным слупам пакланюся, Каб менш было цёмных куткоў (А.Пысін).

II. Радзіма, родны край (дом): абжыты, белабярозавы (аўт.), бярозавы, дарагі, жытнёвы, мілы, незабыўны, родны, сіні, слынны, святы  галодны, грамамі, здзекамі пужаны, забыты, закінуты, самотна-зялёны (аўт.), спрадвечна рэзаны, стары, таптаны, цярплівы, шчымлівы.

Ёсць у кожнага свой незабыўны, абжыты куток, дзе ніколі не страшаць ніякія спёкі і сцюжы (Ю.Свірка). Сэрцу збалеламу ёсць на прыкмеце Белабярозавы кут (Я.Янішчыц). Прымі ж удзячнасці вяршэнства, Бярозавы мой сіні кут, Што ты ўбярог маё маленства Ад слёз дарослых і пакут (В.Вярба). Хоць знаю: ўсюды ёсць святое, А толькі тут і толькі тут Я адчуваю, чый я, хто я, І што мне дзе загадкай тоіць Зялёны луг, жытнёвы кут (А.Бачыла). Дольцы! Дольцы! Хай цяжка, хай горка жылося, Кут мой родны, забыты калісьці на свеце, Прыгадаць не магу, каб не білася сэрца... (П.Броўка). Убогая дзеўка Пайшла ў двор на службу... Ад хаты радзімай, святога кутка (Я.Купала). Кут мой слынны не глухі І да песень, і да танцаў (Я.Янішчыц). Як успомніш кут свой родны, Кут закінуты, галодны, Сцісне сэрца горкі жаль (Я.Колас). На міг я адкрыю сабе, што замала Пражыта ў самотна-зялёным кутку, Што часта губляла, калі вандравала Без мэты, вось гэты лясок і раку (Я.Янішчыц). Люблю цябе, мой кут стары, Спрадвеку рэзаны, таптаны, Грамамі, здзекамі пужаны, Цярплівы, але да пары (Е.Лось). У кожнага з нас ёсць такі шчымлівы куток — наша Учора (Я.Сіпакоў).

@

ЛЕС. 1. Пра вышыню, гушчыню, велічыню, колер; пра характар кроны дрэў; пра вільготнасць і тэмпературу (лесу): бяскрайні, высокі, вялікі, густалісты, густы, дрымотны, дрымучы, магутны, магучы, некрануты, непрабудны, непралазны, непраходны, несканчоны, стромкі; асмуглы, белагаловы (паэт.), жоўты, залаты, збялелы, зялёны, празрысты, сіне-зялёны, сіні, смуглы, сонечны, цемраністы (аўт.), цёмны, чорны, чырвоны; бязлісты, голы, зубчасты, кашлаты, кучаравы, рабрысты (аўт.), сакавіты, свежы, цяністы; вільготны, дажджысты (аўт.), марозны, мёрзлы, росны, снежны, цёплы.

Зайздрошчу я табе, ляснічы... Бяскрайні лес — твая дзяржава (П.Броўка). Не налюбавацца гэтым лесам! Высокі, густы, сакавіты, поўны радасці... стаяў ён воддаль, побач з ракою, расступаючыся перад ёю, як перад красуняю (Я.Колас). Там цягнуўся вялікі лес, густы і стары (Я.Колас). Калышацца дрымучы лес (М.Танк). Як жа сівер замкне азёры, Распране густалісты лес? (А.Вялюгін). З двух бакоў стаяў магутны лес — дубы, бярозы (І.Шамякін). Лес, непралазны, некрануты, якому, здавалася, і канца няма, прыгнятаў Андрэя (П.Пестрак). Уразаецца ў нетры прагрэс — Расступаецца дзікі лес, лес непраходны, лес непрабудны, — Блізка, блізка дзень яго судны... (В.Зуёнак). Шлях карэльскі, Валуны, як горы, І дрымотны, несканчоны лес (П.Броўка). Стромкі лес белагаловы пахмурнеў увесь, суровы прыглушыў яго мароз (А.Александровіч). У поўным бляску месяц круглы... Глядзіць на дол, на лес асмуглы... (Я.Колас). Адышлі дні былыя ў песню. Дзе сябры мае? Дзе яны? Ходзіць вецер па жоўтым лесе І не бачыць нідзе вайны (П.Панчанка). Я чую сціплы шолах вольхі, І як, зліваючыся з ім, Гул правадоў высакавольтных Плыве над лесам залатым (А.Александровіч). Ах лес, як добры той знаёмы, Стаіць збялелы, нерухомы (Я.Колас). Хоць слаўлю зіму, Не цешыць празрыстага лесу свячэнне, Не знаю чаму (У.Паўлаў). У промнях сонца купаўся сіне-зялёны лес (А.Астапенка). Начамі побач навальніцы грымяць і б’юць за сіні лес, На золку бліскаюць зарніцы І ціха лопаецца бэз (С.Грахоўскі). І з табой [з Нёманам] высокі, смуглы Лес ціхутка гаварыў (Я.Колас). Мы любаваліся і полем абапал дарогі, і хатамі пад цяжарам буслянак, і сонечным лесам (Я.Брыль). У небе зорачка нясмела над гэтым лесам цемраністым Зірнула вокам прамяністым (Я.Колас). Лес цёмны з ветрам гаманіў (Я.Купала). Гэта лютасць вяртае Век панура-пячорны З партызанскага краю Лес чырвоны і чорны (Р.Барадулін). Убярэцца лес бязлісты У гарнітур свой зялёны (Я.Колас). Ударыў гром на голы лес (М.Танк). Наперадзе зубчасты хваёвы лес, незнаёмы, і таямнічы (І.Новікаў). А знізу гэты лес кашлаты Меў зелянюсенькія шаты (Я.Колас). Балота... як згледзець воку, на цэлыя кіламетры, да сіняй пасачкі кучаравага лесу (І.Мележ). Сонца садзіцца за лес рабрысты (А.Грачанікаў). Плылі [хмары], як гускі маладыя, Чародкай белай над лугамі, Над свежым лесам і палямі (Я.Колас). Ой, панёсся б з вамі, хмары, Я ў той лес цяністы, Дзе ўдыхалі б мае грудзі Хвояў пах смалісты! (Я.Колас). Вільготны і цёплы лес прапах грыбамі, чарніцамі (А.Адамовіч). Лес — сонечны, дажджысты, росны. Лес снежны, лес дзівосна розны (П.Марціновіч). Еду ў студзеньскі марозны лес (А.Пысін). Ад паху мёрзлага лесу магла закружыцца галава (К.Чорны).

2. Пра ўзрост (век) лесу: векавы, вячысты (паэт.), першабытны, пракаветны, стагодні, старасвецкі, стары, шматвяковы, юны.

Ўсё гамоніць вакол і шуміць, як даўней, Гэты лес векавы, гэты бор (Я.Колас). Я вечны вязень твой, Ушацкі лес вячысты! (Р.Барадулін). Тысячу год назад большую частку цэнтральнай і ўсходняй Эўропы пакрываў дзікі і цёмны першабытны лес (У.Караткевіч). Няма ўжо і тых пракаветных, няходжаных лясоў, што гаманілі з небам... (Б.Сачанка). Густы старадаўні лес дзвюма магутнымі сценамі абступаў дарогу (Я.Колас). Гэта быў старасвецкі лес (Я.Колас). Я іду ў стары, дрымучы лес Па знаёмых сцежках і палянах (М.Танк).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (лесу): бяссонны, важны, велічны, вясёлы, гаманлівы, горды сваім узростам, дарагі, дзівосны, дзіўны, дружбавіты (аўт.), дрымотны, духмяны, загадкавы, задуменны, задумёны (разм.), зачараваны, звонкаструнны (аўт.), казачны, лагодны, мудры, неўгамонны, нязвыкла ціхі (аўт.), поўны радасці, прыветны, прыгожы, родны, слаўны, сцішаны, таемны, таямнічы, харошы, ціхі  амярцвелы, вусцішны (разм.), глухі, грозны, дзікі, жудасны, журботны, зажураны, замрэяны (аўт.), занямелы (разм.), зацяты, здзічэлы, змрочна-сінявы (аўт.), змрочны, змярцвелы, знямелы, маўклівы, натапыраны, нахмураны, незнаёмы, нерухлівы (разм.), нерухомы, пануры, пахмурны, расстрэлены (аўт.), сонны, строгі, страхлівы (разм.), суровы, таямніча-зацяты (аўт.), трывожна-насцярожаны, трывожны, тужлівы, хмурны, хмуры, шматпакутны (паэт.), шумлівы, шумны.

Лес мой бяссонны! У час навальніцы буду разгадваць твае таямніцы (Г.Кляўко). Побач чыгункі стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны (Я.Колас). Цэлымі гадзінамі лясы і лясы, старыя, гордыя сваім узростам лясы! (У.Караткевіч). Дарагія лясы, дзе партызаніў, дарогі, па якіх хадзіў чырванагвардзейцам (І.Мележ). А лес, хлопча, хоць ён дзікі, Але мудры і дзіўны (Я.Колас). Я вынесу на тысячы дарог Цябе, харошы, дружбавіты лесе, І цеш ты сэрца салаўінай песняй, Асеньвай прахалодаю мурог!.. (У.Дубоўка). Спавіты дробнай сеткай імжы, набрынялы вільгаццю, па-асенняму дрымотны лес абудзіўся (Т.Хадкевіч). І хата ўжо блізка, і лес наш духмяны Пах смолак зычліва струменіць (Я.Колас). У ціхую пагоду зімовы лес маўклівы, задуменны і таямнічы (М.Машара). Я вырас, захапляючыся тут высокім небам, Шчары ціхім звонам, Агністым сонцам, лесам задумёным (А.Лойка). Звонкаструнны ты, мой лесе, Галасісты гай, Для мяне, якую хочаш, Песню заспявай (А.Русак). Навокал знерухомеў сцішаны і лагодны лес (А.Савіцкі). Мой край азёрны, край люстраны! І сёння я з табою ўвесь — З палямі, з трактарам старанным, З табою, неўгамонны лес (П.Броўка). А лес! Не налюбавацца гэтым лесам. Высокі, густы, сакавіты, поўны радасці... (Я.Колас). Лес Петрыку здаецца зусім незнаёмым, загадкавым, таямніча-зацятым (І.Навуменка). Куды ні зірні — усюды лес ды лес — таемны, магутны, прыгожы (Р.Мурашка). Там, за ракою, таксама, як і за вёскаю, стаіць сцяною лес, нязвыкла ціхі ў гэты прадвячэрні час (В.Гігевіч). І не раз гэта зорка ў родных лясах Мне да дома дзяўчыны паказвала шлях (А.Куляшоў). У партызанскім слаўным лесе, Ў густым ягодніку брусніц, Варожы чорны танк стаіць (М.Танк). За вокнамі снежныя казкі расказвае сцішаны лес (С.Грахоўскі). Лес сіні, як ад дыму, і ціхі, натапыраны (І.Пташнікаў). А лес маўчыць, глухі, таемны (Я.Колас). Яму [Астапу] было шкада і ціхага лесу, і сонечнай сялібы, і прытуленай рачулкі — на ўсё гэта, відаць, замахваліся гэтыя чужыя людзі (М.Лынькоў). Нерухома стаяў густы амярцвелы лес, шчыльна прытуліўшы верхавіны да верхавін... (Я.Колас). Апейка, едучы маўклівым, вусцішным лесам, доўга і радасна думаў пра Алеся (І.Мележ). Побач дарогі стаяў лес, пануры і грозны (Я.Колас). Жудасны лес моўчкі калышацца пад ззяннем зорак паўночных (З.Бядуля). Маўчыць журботны зімовы лес (М.Лынькоў). Сцежка ўзбегла на пагорак, з яго адкрыліся выгібы рачулкі, а за ёю замрэяныя, зажураныя, бясконцыя лясы (У.Караткевіч). Ёсць хараство і ў гэтых зімах І ў мёртва-белых тых кілімах, Што віснуць-ззяюць хрусталямі Над занямелымі лясамі (Я.Колас). На полі неба лес страхлівы Стаіць зацяты, нерухлівы (Я.Колас). Мы ідзём па сцяжынках, на якія не вернемся, Мы ідзём па дзіцячых здзічэлых лясах (Р.Барадулін). [Далі] былі ўбраны... у змрочна-сінявыя лясы (З.Бядуля). Ён [Сяліба] добра ведаў гэты змрочны лес (М.Танк). Затое ў лесе, змярцвелым і суровым, было зацішна і нават цёпла (А.Асіпенка). І над знямелымі лясамі Шугае полымя рабін (С.Грахоўскі). Маўклівы лес навісаў з бакоў, хаваючы дарогу ад зорнага неба (А.Кудравец). Лясы нахмураныя ўсталі, І непрыступнаю сцяной Карпацкія ўзняліся скалы (М.Танк). Лес стаяў хмуры і трывожна-насцярожаны. Нерухомы, ён нібы, спаў, сагрэўшыся ў снегавой адзежы (А.Кудравец). Нават гэты пануры лес крыху праясніўся і меў больш прыветны выгляд (Я.Колас). Старажытнасць глядзіць затуманеным воблікам З курганоў прыдняпроўскіх, з пахмурных лясоў (П.Панчанка). Вы мне скажаце: будзе ізноў бэз і дзяўчаты ў лёгкіх блакітных сукенках... Для мяне ж яшчэ доўга расстрэлены лес Захліпацца будзе дзіцячым енкам (П.Панчанка). Успамінаецца Асі, што яна таксама сядзела ў цёткі на руках і, як цяпер гамоніць сонны лес, тады гаманіла вада (Я.Брыль). Надыходзіў вечар. Вышыню, маўклівы, строгі лес паволі агортваў сіняваты прыцемак (І.Мележ). Людзей не знаў лес гэты хмурны (Я.Купала). Не трэба, каб уставалі ў нетрах [Пушчы] слупы дыму, каб гэты (адзіны ў Эўропе) і такі шматпакутны лес аддаваўся на водкуп... (У.Караткевіч). Там, дзе восень ідзе, лес шумлівы радзее (А.Куляшоў). Нікла жыццё ў шумным лесе, Агаляўся твар зямлі, І ляцелі ў паднябессі З звонкім крыкам жураўлі (Я.Колас).

* Бор-лес, лес-волат, лес-гусляр, лес-гушчар, лес-ноч, лес-ратавальнік, лес-шаптун, лясы-імшары, лясы-пералескі.

У вянку з пралесак, У святлянай шаце Ходзе [вясна] борам-лесам, Полем, сенажацей (Я.Купала). На доўгія вёрсты і мілі Раскінуў лес-волат шатры (Я.Колас). Зложыць нам былін нямала Беларускі лес-гусляр (Я.Колас). Я праязджаю тым маршрутам Праз беларускі лес-гушчар, Якім, скаваўшы думы ў путы, Паэта гнаў у ссылку цар (А.Александровіч). Лес-ноч гаманіста, шумліва З мінуўшчыны казкі складае І шле іх далёка... (Я.Купала). Памяць зямлі, памяць лесу-ратавальніка святая (Ф.Янкоўскі). Ніхто так з казкамі не пазнаёміць, Як лес-шаптун (М.Танк). І гараць лясы-імшары, — дымяцца балоты (П.Трус). Лясы-пералескі, дубровы, гаі З бярозамі ў чорных прошвах І ноччу і днём шумелі-гулі, Каб песня была харошай (Н.Гілевіч).

@

ЛЕТА. 1. Пра характар надвор'я (тэмпературу, вільготнасць, яркасць сонца і інш.); пра колер; пра час наступлення: гарачае, грымлівае, душнае, зыркае, маланкавае, парнае, пякучае, спякотнае, сухое, хмарнае, цёплае  дажджлівае, дажджыстае (разм.), халоднае; белазорае (аўт.), белае, вечназялёнае, залатое, зялёнае, краснае (нар.-паэт.), светлае, сіняе, смуглявае, чырванашчокае (паэт.), яркае, яснае  пасівелае, сівае, шкляное; бурнае, дачаснае, доўгачаканае, запозненае, кароткае, позняе, ранняе.

Нясу я вітанне Ўраджаям нябачаным, І зімам, і вёснам, І лету гарачаму (П.Макаль). Сад адцвіў, і гарачае лета Напаўняе ўжо сокамі завязь (К.Кірэенка). Лясной малінай палымнее... Грымлівае, маланкавае лета (М.Федзюковіч). Сосны. І горкія гронкі рабін. Ціхія могілкі. Душнае лета (Я.Янішчыц). Вясна была ўжо зыркім летам, Запозненага шчасця мела ўзлёт (Е.Лось). Не баюся парным летам ў полі жыта жаці! (Л.Геніюш). У іх халодныя зімы, пякучыя леты і ў крыві то мароз, то агонь (У.Караткевіч). Лета, якое спякотным было і сухім, Нашых сяброў нечаканасцю новай спаткала (А.Куляшоў). — Гэй, дзеці, кланейцеся гэтым Барам, азёрам і лугам, Што ў дні вясны і цёплым летам Прытулак свой давалі нам (К.Кірэенка). Белазорае бабіна лета У гародчыку расцвіло (А.Вялюгін). Як пайшло маё сэрца па беламу свету Пакланіцца зялёнаму, беламу лету (К.Кірэенка). Праз сумёты мы пойдзем туды, дзе далёкія птушкі дзяўбуць вечназялёнае лета (Я.Сіпакоў). Як прыйшло, Так і пайшло, Ціха, непрыкметна, За палеткі, за сяло Залатое лета (М.Танк). Спіць пад снежнай коўдраю палетак, Спіць, напэўна, залатое лета (П.Макаль). Яшчэ няспелае, дачаснае Упала ніцам І запалала лета краснае Усё ў суніцах (В.Вітка). Нарачанскае сіняе лета Пахам сосен плыве над вадой (П.Прыходзька). Промень падыме смуглявае лета (М.Стральцоў). Цешуся зялёным пошумам чырванашчокага лета (Р.Ігнаценка). Ехала лета, Яркае, нібы сонца, Звонкае, як крыніцы, Паганялі яго бліскавіцы... (У.Карызна). Так жыве ў пасівелым леце Вёсен вогненных маладосць (А.Вялюгін). Ёй [восені] у нас не адабраць празрыстае смугі шклянога лета (Х.Жычка). Эх ты, лета гарачае, бурнае! Ажыўляеш ты поле і луг (Я.Купала). Лета! Доўгачаканае лета. Да зямлі прытуліцца б сагрэтай... (В.Вярба).

2. Пра ўраджайнае, плоднае лета: багатае, буяністае (аўт.), зайздроснае (аўт.), пшанічнае, саспелае, спелае, спрыяльнае, ураджайнае, урадлівае, шчодрае.

Як успамін раіцца лістапад: Зялёнае, буяністае лета, Дзе ты? (П.Макаль). Машына са збожжам Гасцінна бяжыць — ...І вецер разносіць над светам: У нас — зайздроснае лета. ...У нас — багатае лета (П.Макаль). Яна лунае ў прастор — песня пра нашы прыгожыя, спакойныя прасторы, пра нашу бела-зялёную вясну, наша залатое пшанічнае лета (Я.Брыль). Млее саспелае лета (Г.Пашкоў). Спелае лета. Лагода і мір. Толькі без бацькі... (Я.Янішчыц). Лета надышло спрыяльнае для ўраджаю (Т.Хадкевіч). Мігцяць за жняяркай касынкі дзяўчат. Красуюць узорамі кветак, І следам — снапы залацістыя ў рад: У нас — ураджайнае лета (П.Макаль). З вясной у яе [маці] была звязана надзея на ўрадлівае лета (В.Жуковіч). Паўтараецца шчодрае лета, Азараюць мой шлях перуны... (Я.Янішчыц).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (лета): выдатнае, высокае, зацішнае, звонкае, звонкарэхае (аўт.), крамянае, любае, мядовае, падпаскавае (аўт.), працавітае, прыгожае, прыгожа-квяцістае (аўт.), раскошлівае (аўт.), раскошнае, роднае, ціхае, цудоўнае, чароўнае, шчаслівае  бразгатлівае, ганарлівае, камарынае, непадступнае, нясмелае, расхрыстанае, спатнелае, стомленае, строгае, сумнае, суровае, цяжкае, шчымлівае.

Якое выдатнае плыве лета! (І.Навуменка). Высокае лета буяла, цвіло. Драмала на пасеках ціш (А.Вялюгін). І ў зацішным падпаскавым леце Той прафесіі [машыніста] прагла сама (Е.Лось). І сумна, і крыўдна, і горка, Што ўжо не вярнуцца назад У звонкае шчодрае лета... (С.Грахоўскі). Адгуло, адплыло маё лета вазамі Звонкарэхае, Я не збярог (Р.Барадулін). Крамянае такое ходзіць лета (У.Хадыка). Эх, лета-лецейка любое, Ты адцвітаеш, залатое!.. (Я.Колас). Ох і лета мядовае будзе... (В.Хомчанка). Камбайнер спацелы Сядзіць за рулём: У нас — працавітае лета (П.Макаль). Лета ты, лета прыгожа-квяцістае, Колькі ты ўносіш аздобы з сабой! (Я.Купала). Сярэдзіна раскошлівага лета. Цяніста ў садзе... (А.Лойка). Хмарнае роднае лета, Восень за лета не лепш, І пад суровай сурвэтай Чорны, ды смачны свой хлеб... (Е.Лось). Табе здалося: гэта сівізна гарачай працай стомленага лета, Ды ціхае і светлае яно... (А.Вярцінскі). І якому шчасліваму лету Зноў кукуе зязюля ў бары (Я.Янішчыц). За акном строгае бразгатлівае лета, накрылася ад сонца... шалем хмар, ганарлівае, непадступнае (Р.Мурашка). І толькі камарыным летам, У доўгі незаходны дзень, Сярод праталін тлеюць цветам Кіпрэй, іван-чай ды скрыпень (М.Танк). З далёкага цяплыньскага павета, Пакінуўшы ржавець з’араны плуг, Спатнелае, расхрыстанае лета Прыйшло — і луг ад конікаў аглух (Р.Барадулін). Там лета шалела. Спякотнае, Сумнае лета... (У.Някляеў). Вайна. Суровае цяжкае лета. Па вуліцах Масквы плывуць вянкі. Праводзяць у апошні шлях паэта, Вянок яму прынеслі землякі (М.Аўрамчык). Успамін пра тое шчымлівае лета асвятляў яму жыццё... (Я.Сіпакоў).

* Лета-песня, лета-свята.

Пакуль жа цвіло іх [Васіля і Ганны] лета. Лета-песня, лета-свята... (І.Мележ).

@

ЛЁД (лядок). Белы, блакітны, бліскучы, гладкі, гулкі, звонкі, крыштальны, летні, малады, моцны, наздраваты, неакрэплы, празрысты, свежы, серабрысты, сіні, сцёмна-зялёны, тонкі, тоўсты, храбусткі, хрусткі  аглухлы, зацяты, здрадлівы, кволы, крохкі, ломкі, мокры, слабы, цёмны, цяжкі, цяжэрны, шурпаты.

Засвішча, заскуголіць паўночны вецер, скуе дарожныя каляіны і травяністыя балотцы свежы бліскучы лёд... (Л.Дайнека). На гладкім блакітным лёдзе чуецца скрып палазоў, асцярожнае фырканне коней (“Маладосць”). Біце, капыты, звонкі лёд! (Д.Бічэль-Загнетава). Цяжкіх хмараў праб’ём стагі, сэрцам сплавім крыштальны лёд, сілай скінем з рук ланцугі (Л.Геніюш). Па бліскучым мокрым лёдзе яшчэ бегалі... бесклапотныя і крыклівыя хлапчукі (У.Аляхновіч). Недзе недалёка ў праліве крэкча, мусібыць асядаючы, тоўсты летні лёд (Я.Сіпакоў). Па маладым лядку і халадку... Ступаў... былой армейскай вывучкі хадок (А.Пысін). Грэла сонца — і таяў-блішчэў На сцяжынцы лядок наздраваты (Н.Гілевіч). Ізноў крыштальныя лілеі на сінім лёдзе расцвілі (В.Матэвушаў). А лёд, бы мур сцёмна-зялёны, Чуць пасярэдзіне падняты, Ляжыць, цяжэрны і зацяты (Я.Колас). Снег зацягвала тоненькім, храбусткім лядком (І.Новікаў). Завірухай разгайданыя, Нагадаўшы карагод, Йшлі лілеі, закаваныя У аглухлы тоўсты лёд (Я.Янішчыц). Прыкованы вочы, увага мільёнаў Да лагера Шміта на здрадлівым лёдзе (Я.Колас). Ногі людзей патрушчылі слабы лядок (І.Шамякін). А сёння лёд шурпаты пасінеў... (Ю.Свірка).

@

ЛЁС. Стыхійны, незалежны ад волі чалавека ход падзей.

1. Пра ўдалы, шчаслівы, добры лёс: бяскрыўдны, выдатны, высакосны (аўт.), высокі, вялікі, гарэзны, дзівосны, дзіўны, добры, зайздросны, зорны, літасцівы, нечуваны, новы, паблажлівы, ружовы, светлы, слаўны, спагадлівы, шчаслівы, ясны.

За прагай перамены Сачу бяскрыўдны лёс (В.Вярба). Ізноў чалавек у космасе... Дзень добры, мой лёс высакосны! (П.Макаль). Простая сялянка ўпэўнена ішла насустрач свайму высокаму лёсу (ЛіМ). Вялікая і святая зямля Сонцам раны залечвала без пакут, Спакваля. Залівалася краскамі, што даўно не цвілі, Найчысцюткімі зернямі засявала палі І, расой ападаючы на суквецці бяроз, Песняй жаўранкаў славіла дзіўны свой лёс (К.Кірэенка). У кожнага аўтара свая дарога і свой лёс. У адных ён — добры, спагадлівы... (А.Бачыла). Добры лёс паслаў... [Крамарэвічу] чалавека з душой і розумам (К.Чорны). Можна страціць усё, Што нажыць давялося, Можна ўсё да апошняй драбніцы, аддаць І яшчэ ўсміхнуцца гарэзнаму лёсу... (Н.Гілевіч). Ці зайздросны мой лёс? (Н.Гілевіч). Якім законам сэрцы навучыць, Каб надарыла доля зорным лёсам? (Н.Тулупава). Літасцівы мой лёсе, Падары мне вясну І даспелую восень, Туманы і агонь лістпападу (С.Грахоўскі). Не, не бінты мае, не раны Сабралі люд, — то бачыў я, — А лёс мой дзіўны, нечуваны (К.Кірэенка). І зноў нам свеціць ранак малады, Свой новы лёс народ упарта творыць (Н.Гілевіч). Лёс, які дагэтуль наносіў яму [Сымону] удары, стаў больш паблажлівым (Э.Самуйлёнак). Яна ж [ружа], хаваючыся ў вецце, Захоўвала духмяны цвет. Люляў яе ружовы вецер, Ружовы лёс, ружовы свет... (П.Макаль). Мой родны Мінск, табою ганаруся І слаўлю твой шчаслівы, светлы лёс (П.Прыходзька). Яго [Таўлаевым] напевам выпаў слаўны лёс: Набатным рэхам прагучаць над краем (М.Танк). Зямля, зямля! Шчаслівы лёс Таго, хто твой араты (А.Пысін).

2. Пра непастаянны, непазбежны, цяжкі лёс: балесны (разм.), бядачы, бязлітасна-суровы, бязлітасны, бязрадасны, вайсковы, гаротны, глыбінны (аўт.), горкі, жорсткі, здзеклівы, здрадны, капрызны, круты, люты, незайздросны, неласкавы, нелітасцівы, неразгаданы, нялёгкі, няўмольны, паганы, пакутны, паламаны, пасляваенны, помслівы, свавольны, суровы, трагічны, трывожны, фатальны, хцівы, цяжкі, чорны.

Упляліся ў Ваш [Купалы] балесны лёс Шыпы і ружы (Я.Янішчыц). Марынка часта па-дзіцячы На свет глядзела, на людзей, І не туманіў лёс бядачы І новы дзень яе вачэй (Я.Колас). Але яму [хлопцу] дастаўся лёс — не, не бязлітасны суровы (В.Жуковіч). Знаеш душы беларускае рану, ведаеш лёс нашай мовы гаротны (В.Жуковіч). Хаваеш стомленыя рукі, Талкуеш мне пра сенакос. ...Але на мне свінцовай мукай Адбіўся твой глыбінны лёс (Я.Янішчыц). І нікому не вядомы Будзе лёс твой горкі. І не ўчуюць спеў знаёмы Родныя пагоркі (Я.Колас). Лёсе мой жорсткі! Калі ж ты дазволіш мне зноў убачыць першыя мэндлі на ўзгорку за роднаю вёскай... (Я.Брыль). Як бы ні аддаляўся Адам Ягоравіч ад радзімы, здзеклівы лёс прыводзіў яго толькі сюды (М.Стральцоў). Здрадны лёс Яшчэ адно прыбавіў гора, Яшчэ адзін жалобны след (А.Бачыла). Сяголета ў дзень лістападны, Капрызны лёс, вайсковы лёс, Мяне па справах неадкладных Да Івацэвічаў занёс (А.Зарыцкі). Усё, што маю, усё ад маці — Усмешка, першы боль да слёз, І асцярожны крок па хаце, І мой круты, нялёгкі лёс (С.Грахоўскі). Песні суровага і незайздроснага лёсу, Але якія не ведаюць старасці, зносу (М.Танк). Наш неласкавы лёс судзіў і яму [Міцкевічу] назваць яе [Беларусь] афіцыйна, на мове ўладароў, Літвой (Я.Брыль). Нелітасцівы быў наш лёс, браты... (Н.Гілевіч). Маці будзе да зары тужыць... Аб маім неразгаданым лёсе Паспрабуе ўрэшце варажыць (М.Аўрамчык). Мой мілы сын, мая Маруся! Нас разлучыў няўмольны лёс (Я.Колас). І ціха скардзілася потым Яна [яблыня] на свой паганы лёс (П.Панчанка). Баліць душа, засмучаная горам, За лёс пакутны твой баліць... (А.Бачыла). А я ці дарую вайне за бацьку, За мамін, такі паламаны лёс (Т.Бондар). Мая вясковая хаціна, Пасляваенны горкі лёс! Прымі мяне, бадзягу-сына, У цёплы цень сваіх бяроз (Г.Бураўкін). Можна ўсё да апошняй драбінкі аддаць Ды яшчэ і ўсміхнуцца свавольнаму лёсу (Н.Гілевіч). Ён [Сяргей Пятровіч] глядзіць на асколак прапелера, на патрушчаны, пабіты кавалак лакіраванага дрэва. Дарагая памяць баявой машыны. ...Дарагая памяць згубленых крылаў... Трагічны лёс старадаўняга Ікара... (Э.Самуйлёнак). Туманам ранішняга плёса, Смугой і золатам грады Вітаюць сны трывожным лёсам Загадкавыя гарады (В.Вярба). Нібы праклён самога свету, Ён існаваў, фатальны лёс (А.Бачыла). Паў у прошласць гнёт суровы, Цяжкі лёс жанок (Я.Колас).

@

ЛІВЕНЬ. Моцны, праліўны дождж; вялікая колькасць таго, што падае: агнявы, ачышчальны, барвовы, белы, весні, высакосны (аўт.), вясенні, вясёлы, грыбны, гулкі, густы, добры, жыццядайны, здаволены, ласкавы, любы, магутны, малады, поўны дабраты, прыткі, родны, светлы, сонечны, спорны, сярэбраны, цёплы, шчодры  абломны, захлёбісты, несамавіты, позні, сляпы, страшэнны, цёмны, шумны, шэры.

Сціхні, навальніца! Не разбудзім Тых, хто лёг пад ліўнем агнявым (А.Пысін). Хвастануў ачышчальны лівень,... зямля набрыняла вадою, прагна ўсмоктвала яе... (У.Караткевіч). Расплёскан на бярозах і хваінах Барвовы лівень жнівеньскай зары (П.Панчанка). Зямля ад шчасця лікавала: “Я ліўні белыя люблю!” (А.Бялевіч). Лівень, ласкавы, весні, агонь захлыні! (Р.Барадулін). Не спазніся, наша навальніца, Высакосным ліўнем зазвіні! (А.Пысін). Ён быў такі магутны лівень... Размыў шляхі, прыбіў да долу Зялёных парасткаў узлёт, Прайшоў здаволены, вясёлы Ракой праз кожны агарод (К.Кірэенка). Грыбныя скончыліся ліўні, туманы нікнуць да трысця (Е.Лось). Як хачу я вярнуцца ў той вечар ліпнёвы на Віцебшчыне, У той водсвет маланак, пад гулкі захлёбісты лівень (Н.Гілевіч). Густы і цёплы [лівень] хлынуў з вышыні — Змываць пазем’е, разганяць заспанасць (Н.Гілевіч). Хлынуў цёплы вясенні лівень (І.Гурскі). А ліўняў, цёплых, жыццядайных, якія б абмылі нябёсы і зямлю, якія б памаглі адскочыць, зарунець траве, не было зусім (У.Карпаў). За акном — дарваўсялівень хвошча, Шумны, цёплы, поўны дабраты: Мые паркі, вуліцы і плошчы... (А.Бачыла). Лівень родны, любы ратаваў ад згубы, ліў, як з луба, спорны, прыткі (Я.Пушча). Лівень, а светлы жа, светлы! Каснікі намачылі ў сажалцы ветлы (Е.Лось). З гаёў апельсінавых сонечны лівень Цябе залівае... (П.Панчанка). Самыя лепшыя лекі ад болю, ад лютай хваробы — Гай, сенажаці і рэкі і лівень сярэбраны, добры (Э.Агняцвет). Кіньце, хмары, на абшары Шчодры лівень ваш... (К.Кірэенка). Шумеў, гуў абломны лівень (Б.Сачанка). Над усім Палессем ішоў некуды і не праходзіў несамавіты лівень (У.Караткевіч). Перад зімовым сном палёў Як не прайсці па ціхіх пожнях, Дзе безліч прагуло вятроў І столькі шэрых ліўняў позніх (М.Танк). Сляпога ліўня кручаная плётка па іх галовах скораных — з пляча! (Н.Мацяш). За якія пяць хвілін рэдкі дождж змяніўся страшэнным ліўнем (А.Шашкоў). І раптам вось гэта аднекуль нахлынула Такая туга, такая самоцішча, Што станеш наўмысна пад цёмнымі ліўнямі — І не, не крануць, анічуць не замочышся (П.Панчанка).

@

ЛІПА. 1. Пра колер, пах, вышыню, характар ствала ліпы, пра яе крону: акуратна падстрыжаная, белая, высокая, густая, духмяная, зялёная, купчастая, магутная, пахучая, пышна-зялёная, развіслая, разложная, разложыстая, расахатая, сакавітая, светла-зялёная, тоўстая  абвугленая, аголеная, голая, дуплістая, кашлатая, чорная.

Седзячы на лаўцы, пад акуратна-падстрыжанай ліпай, можна было адчуваць прыгажосць і разнастайнае багацце свету (І.Навуменка). Вецце раскінулі і расцвілі Белыя ліпы (С.Грахоўскі). Гарэла старая высокая ліпа, на вяршыні якой прыляпілася буслянка (К.Кірэенка). Зводдаль за карычняватым ад перасохлага моху гумном над густой светла-зялёнай старой ліпай кружыў бусел (В.Адамчык). Была калісьці вуліца Зарэчная, Ацененая ліпамі духмянымі (М.Танк). Усцяж прасторных тратуараў зазелянелі роўныя рады купчастых ліп (І.Мележ). Бярозы маладой, нявіннай легкадумнасцю ўпрыгожваюць, а векавыя, магутныя ліпы вартуюць гэты спакой (Я.Брыль). Ціха шалясцяць на вятрыску пахучыя ліпы (М.Лынькоў). Далёка ўперадзе між высокіх пышна-зялёных ліп бялелі шыферныя і гонтавыя дахі хат (Г.Далідовіч). А тыя ліпы ці таполі! Развіслы, тоўсты, сакавіты, Гамоняць з небам... (Я.Колас). На краю сяла глухога Паміж ліп разложных Прытуліўся дом... (Я.Колас). Пад высокімі, разложыстымі ліпамі і каштанамі тулілася драўляная станцыйка (П.Пестрак). Там, гэй, на ліпе на расахатай Птушка гняздо ўе, будуе... (Я.Купала). Хоць ліпа і стаяла чорная, абвугленая, але бусляняты засталіся жывыя (К.Кірэенка). І голыя ліпы, І гулкія дахі За ноч апранулі Сівыя папахі (С.Грахоўскі). Гэта ж вунь там, за старымі дуплістымі ліпамі, каля затравелай сажалкі, стаяў некалі раскошны белы дом (К.Цвірка). Яны [арэлі] прыглушана рыпелі Сярод старых кашлатых ліп (Г.Бураўкін).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце ліпы; пра яе ўзрост: дзіўная, паважная, прыгожая, родная, чароўная  адзінокая, ахаладаўшая, гаротная, нерасквітнеўшая, самотная, сумная; векавая, маладая, сталетняя, стара-старая, старая.

На самым краечку лесу раслі дзве маладзенькія, чароўныя ліпкі, невядома кім пасаджаныя... (ЛіМ). Высока-разложыста Расселася пры хаце Стара-старая ліпа, Паважная, як свацця (Я.Купала). Нерасквітнеўшыя родныя ліпы Попел ад спаленых вёсак абсыпаў (К.Буйло). Плачуць гаротныя ліпы старыя, Плачуць на долю сваю: Пышна раслі мы, цвілі маладыя, Добра было ў гаю (Я.Колас). Пахлі журавінавым сокам ахаладаўшыя ліпы і дубы (М.Лужанін). Цяпер былі толькі зямлянкі... і неяк асабліва аголеныя і самотныя ліпы... (Я.Брыль). А ён [Сцяпан] знарок стаіўся воддаль За тоўстай ліпай векавой (Н.Гілевіч). І кулачкі засохлыя лісцяў Сціскаюць маладыя ліпы (Р.Барадулін). Сталетні ліпы ўкруг панура Стагналі ночаю і днём (Я.Купала).

* Волаты-ліпы.

Волаты-ліпы стаяць па баках велізарнай чарадой, не пускаюць на дарогу ані косачкі сонечнага свету (М.Зарэцкі).

@

ЛІСТ (лісток, лісце, ліства, лістота). 1. Пра колер лістоў; пра іх памер і форму, моц і пругкасць; пра тэмпературу, вільготнасць; пра характар лісця паводле ўзросту, паху, смаку і г.д.: барвова-чырвоны, барвовы, бронзавы, жаўтлявы, жоўта-чырвоны, жоўты, залаты, залацісты, зялёны, медны, мядзяны, праменісты, ружовы, серабрысты, сіні, сіняваты, сонечны; срабрысты, счырванелы, чырвоны  бледна-зялёны, бледны, блеклы, высахшы, гарэлы, жоўклы (разм.), зрудзелы, пажоўклы, парудзелы, пачарнелы, шэры, шызы; агромністы, выразны, вялізны, даланясты (разм.), дробны, жылкаваты, лапушысты, рэзны, шарготкі, шорсткі; крамяны, ліпучы, моцны, напоўнены сокам, свежы, сыты, тонкі, тлусты, тугі  кволы, слабы; гаручы (нар.-паэт.), цёплы  абледзянелы, азяблы (аўт.); вільготны, мокры, шчодра акроплены расою; духмяны, малады, салодкі, спелы, стары.

Горкім дымам пацягне ад барвова-чырвонага лісця, Ад асенняга (У.Някляеў). З усіх бакоў абступалі Ганну кучы падпаленага лісця, жаўтлявага, дзе-нідзе зеленаватага, зусім, дарэшты, чырвонага, ружовага, барвовага (І.Мележ). Як хораша жыць, глядзець, як іграе ранішняе сонца на жывой вадзе, як цалуе яго бронзавы ліст... (М.Лынькоў). Галінка з жоўта-чырвоным лісцем зноў падымаецца ўгару, не дастаць рукой (І.Пташнікаў). Жоўты ліст, тонкі ліст Аблятае, шапоча, звініць, Нізка ходзяць, а можа, плывуць Вераснёвыя хмаркі... (А.Звонак). Жоўтым бляскам шары-светлякі Пазалотай пакрылі І так залацістае лісце (А.Звонак). І за простымі, ад самае раллі, словамі сябра ўстаюць, шумяць зялёнай, сонечнай лістотай будучыя карціны волі, вялікай дарогі (Я.Брыль). Спадае медны ліст каштанаў На жоўты стоптаны мурог (М.Танк). Адвячоркам вецер, як сляпы, Начаваць кульгае пад ракіты. Ён шукае вобмацкам лісцё, Медзяное, звонкае, тугое... (К.Кірэенка). Там пальмы растуць, прамяністае лісце Узняўшы ў неба блакіт (К.Буйло). Вось у цішыні лясоў Ліст трапеча счырванелы (А.Пысін). Здавалася тады, што стары пануры лес наўмысна развесіў тонкую празрыстую покрыўку, сатканую сонцам і зямлёю з тысячы тысяч маладых, кволых, бледна-зялёных лісточкаў... (Я.Колас). Вы, хто любіце натрапіць Між страніц старых, пажоўклых, Кнігі, ўжо даўно забытай, Блеклы, высахшы лісток, — Паглядзіце гэты томік (М.Багдановіч). Гарэлыя лісты злятаюць з лоз, На захадзе сціхае гул трывожны (П.Панчанка). Золь асенняя, туман, Шэпчуць жоўклыя лісты (К.Крапіва). Жалобна шумелі зрудзелым лісцем бярозы (В.Быкаў). Так дрэвы скідаюць пажоўклае лісце, Пажоўклага лісця асеннюю медзь (А.Звонак). Замятае і двор і балкон Парудзелае мокрае лісце... (С.Грахоўскі). Стаіць на вадзе Пачарнелае лісце альховае (Н.Гілевіч). Лісце пажоўклае, шэрае Ціха шасціць пад нагамі, Толькі дубы па-над Свіцяззю Меднымі звоняць лістамі (П.Броўка). Кожны парастак прагнуў Узвысіцца дрэвам магутным, Кожны лісцік хацеў Разрасціся ў агромністы ліст (Н.Гілевіч). Ходзіць бабка лесам-гаем, У хусціначку збірае: Даланясты ліст кляновы — Хлеб на ім пячы жытнёвы (М.Танк). На дробным лісточку расінку Аднойчы сустрэў светлячок (М.Танк). Кожны лісцік шэпча з небам, а прыгожы, выразны, Як зялёны аганёчак, пасланец сваёй вясны (П.Броўка). Раса шукае выйсця — Стрывожаная вецярком, З пажоўклых жылкаватых лісцяў, Нібы з далоняў, лье цурком (П.Панчанка). З лапушыстага лісця росы Асыпаеш поўнай жменяй (П.Глебка). Ніхто ў Куранях, бадай, не заўважыў, калі яна [рабіна] красавіцкай раніцай апранулася ў лёгкае празрыста-зялёнае плацце з кволых, рэзных лісточкаў (І.Мележ). Прыемна было глядзець на мокрае крамяное дубовае лісце, успамінаючы таксама моцны і сыты капусны ліст (Я.Брыль). І яму [Захару] здавалася, што ён чуе, як шумяць густыя дубровы, як трапечацца на ветры ліпучы бярозавы ліст (М.Лынькоў). Дыша і праціскаецца пругкі, напоўнены сокам ліст (Я.Скрыган). А навокал сонца, серабрыстае лісце зіхаціць, пераліваецца (“Маладосць”). Цвёрдая, сухая сцежка ўбегла ў халодны і настылы лес і скоранька знайшла там вузенькую, засыпаную тлустым сіняватым лісцем дарогу (В.Адамчык). З цяністых груш і яблынь маладых Сарваў лісты гаручыя віхор (М.Танк). Вось так і да мяне прыйшла пара Прайсці па цёплым вераснёўскім лісці Да той хаціны, Дзе я жыў калісьці (Г.Бураўкін). Маладыя дубкі, якія не захацелі скінуць асенняга ўбрання, перазвоньваліся абледзянелымі і бронзавымі лісткамі (З.Бандарына). ...Вятрыска варушыць азяблае лісце (А.Звонак). Майскае ранне на Дняпры... Зялёны, амаль да самага неба стромы абрыў, з густой, аціхлай, шчодра акропленай расою лістотай (Я.Брыль). У садочку май, Май, духмяны ліст, І ўсю ночку несціханы Салаўіны свіст (М.Танк). Не кватэр аганькі мірна ў вокнах гараць, як калісьці, А агню языкі Ліжуць ліпы салодкае лісце (А.Куляшоў). І паляцеў паштоўкай лета на бераг снежня спелы ліст (А.Вялюгін). Гоніць вецер ад лімана, ад Дняпра здалёк Малады лісток (М.Танк).

2. Пра гучнасць (гаманлівасць) лістоў: жывыя, звонкія, стозвонныя (аўт.), шалпатлівыя (разм.), шапаткія (разм.), шарготкія, шумлівыя.

Першы клён за мястэчкам. Духмяная засень ад гушчы жывых шалпатлівых лістоў (Я.Брыль). Калі так хочацца смяяцца, Што бачыш ты І чуеш ты, Як ціха сыплюцца праз пальцы Каштанаў звонкія лісты (М.Танк). Шапаткое, яно [лісце] яшчэ ўсё падымалася і жыло, дыхала (В.Адамчык). А навокал сонца, шарготкае лісце пад нагамі, цеплыня і цішыня, якія бываюць толькі ў апошнія дні восені (Я.Сіпакоў). Абвіты ліствою стозвоннай, І я стаў падобны зусім Да цёмна-зялёнага клёна (М.Танк). Вішня-вішанька дарагая, Скора збудуцца твае сны, Дачакаешся белых кветак І шумлівай зялёнай ліствы (А.Вярцінскі).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце ліста (лістоў); пра іх стан: буйнацветны (аўт.), вясёлы, гожы, далікатны, дзівосны, ласкавы, мілы, прыгожы, прыўдатны (разм.), пяшчотны, раскошны, родны, свежы, трапяткі, цудоўны, чароўны, ярка-пышны  анямелы, апечаны замаразкам, здратаваны, знявечаны, пагарджаны, пакалечаны, палахлівы, патоптаны, самотны, сонны, сумны.

Дзе такому [лісту] раўняцца З іншымі — Буйнацветнымі, Ярка-пышнымі (Н.Гілевіч). А ў агародзе мак чырвоны, Раскрыўшы гожыя лісточкі, З іх ткаў прыўдалыя вяночкі Вакол галоўкі маладзенькай (Я.Колас). На дрэве покаўка таўшчала, У сабе лісточак далікатны, Пахучы, свежанькі, прыўдатны На добрым сонцы гадавала (Я.Колас). Рукі мае ловяць пяшчоту ласкавых лісцяў... (В.Жуковіч). Адчайна трапятала тонкімі галінкамі і пяшчотным лісцем бярозка (А.Жук). Клён... стаяў яшчэ многа гадоў, абсмалены, аднабокі, але зялёны, і трымаў буйное, раскошнае лісце (А.Жук). І толькі асіны шалясцелі трапяткой ліствой, сумнай і палахлівай... (М.Лынькоў). Маладая бярозка пад маім акном штосьці лапоча мілымі і чароўнымі свежымі лісточкамі (“Маладосць”). Мы так, без болю, не ўмелі І не патрапілі б гэтак Мірна, як ліст анямелы, Кінуць свой родны палетак (М.Танк). [Лісце трыпутніку] Патаптанае, Здратаванае Каблукамі і капытамі, Пакалечанае, Знявечанае І машынамі і калясьмі, Шэрым пылам удзень спавітае, Невядома чым ноччу ўмытае — Ці то росамі, Ці то слязьмі. Дзе такому раўняцца З іншымі ... Што адвеку красою славяцца... Што кідаюцца ў вочы кожнаму І прывабліваюць здалёк... Пагарджанаму, Прыдарожнаму І не сніцца падобны лёс!.. (Н.Гілевіч). Пад нагамі Міці шастала сівае, апечанае замаразкам лісце (В.Адамчык). Вячэрні сад. Над лісцем сонным Плыло высокае акно (А.Пысін).

* Ліст-бедачок, ліст-далонь, ліст-струна, талерка-ліст  бадзяга-ліст, галуза-ліст.

Эх, дажыў ты свой век, Жоўты ліст-бедачок, А на весну цябе скіне новы лісток (Я.Колас). Павекі пазаплюшчвалі лілеі, Спяць, ліст-далонь паклаўшы пад шчаку (Р.Барадулін). Сам лес таямніча шапацеў чуллівымі лісточкамі-струнамі (Я.Колас). ...Пагойдваліся на вадзе белыя кветкі... — ліліі ў акружэнні цёмна-зялёных талерак-лістоў (Я.Брыль). Цішыня, цішыня, Толькі шолах бадзягі-ліста (А.Звонак). І рэдка-рэдка варушыцца на грушы... галуза-лісток (М.Гарэцкі).

@

ЛУГ. 1. Пра памер, рэльеф (лугу); пра наяўнасць і характар травянога покрыва: бязмежны, бяскрайні, вялізны, вялікі, неабсяжны, прасторны, прывольны, раздольны, роўны, шырокі; аксамітны, буйнатраўны, густы, мурожны, пышны, расяны, росны, сакавіты, сакаўны, травяністы, шаўкавісты, шаўковы  голы, лысы.

Са смугі выступалі... бяскрайнія лугі з крыху сумнымі стагамі (У.Карпаў). Перайшлі горы, і перад вачыма раскінуліся бязмежныя травяністыя лугі (Т.Хадкевіч). У лугах прасторных і шырокіх плывуць-дрыжаць спяванак тоны (Я.Колас). Разам кормяць [птушкі] пісклянят, Хітрых і свавольных, Разам лётае атрад Па лугах раздольных (Э.Агняцвет). А лугі, лугі! Неабсяжныя, буйнатраўныя, яны раскінуліся па беразе рэчкі... (У.Караткевіч). А якія тут шырокія, роўныя лугі — ні канца ні краю (Б.Сачанка). Як люблю я задумлівы шэлест бяроз, Хвалі жыта, святло перадранішніх рос На тваіх аксамітных лугах (П.Панчанка). На лугі густыя, на мурогі Пусціць коннік друга варанога (П.Броўка). Над рэчкай гэты луг мурожны, Дубоў развіслых цэлы рад, І буслаў дом, стары, заможны (Я.Колас). У пералівах кветак ззяе луг зялёны, Луг шырокі, пышны (Я.Колас). І мне ўявіць сабе зусім не цяжка Расяны луг, туману лёгкі дым... (Г.Бураўкін). Толькі ў думках сваіх я цябе ўяўляю Чыстай, лёгкай, як лёгкі пейзаж-акварэль З росным лугам (А.Бачыла). Каб напаілі вы [хмары] колас на полі, Яблыню ў садзе, луг шаўкавісты (П.Броўка). Плакалі ветры ў дуброве параненай, Плакалі ў лузе шаўковым (П.Трус). Яшчэ, як бубен, лысы, голы За вёскай быў калгасны луг (А.Бялевіч).

2. Пра колер, пах (травы); пра пачуцці, выкліканыя лугам: бліскучы, вясёлкавы, духмяны, жоўты, залаты, зялёны, каляровы, квяцісты, крынічны, мядовы, пазалацелы, расквечаны, шматколерны  заценены, пасівелы, прымглёны, сівы; маляўнічы, мілы, нясмела-зялёны (аўт.), святочны, сцішаны, утульны, цёплы  пахаладнелы, смутны, сумны.

А скоціцца знічка з бліскучага луга, Як лісцік з нябеснага гаю. І я тады ўспомню далёкага друга, Па кім я так часта ўздыхаю (Я.Колас). Ты — мой чысцец, Высакагорнасць маіх вясёлкавых лугоў (Н.Тулупава). Яны зноў перайшлі парог і пабачылі бязмежныя залатыя лугі (У.Караткевіч). Лятуць журавы за Казбек і Эльбрус, І сэрца сціскае туга. Сустрэне іх хутка мая Беларусь На цёплых зялёных лугах (П.Панчанка). Па-над рэчкай у лузе квяцістым Мы хадзілі, бывала, не раз (Я.Колас). У застуджаных нізоўях, Дзе ў стагах крынічныя лугі, Качак, кнігавак гняздоўі Белыя засыпалі снягі (В.Матэвушаў). Будуць коні сніць лугі мядовыя І, як людзі, цяжка ўздыхаць (П.Панчанка). Альбуць! Старых дубоў Зялёная падкова, Пазалацелы луг (А.Звонак). Натаміўшыся, засынала І харошыя сніла сны: развітанне. Салодкі плач. Луг расквечаны... (Г.Каржанеўская). З поля дыхнула на пахаладнелы і заценены луг цёплым паветрам (І.Чыгрынаў). Пусцеюць гнёзды ў чорным вецці, І ўслед за песнямі тугі Птушыны пух адносіць вецер На пасівелыя лугі (С.Грахоўскі). Іх [птушак] галасы ўзрушліва спалучаліся з красой... летніх вечароў, з таямнічасцю роснага, прымглёнага лугу (Я.Брыль). А калі ў лугах сівых світае, Пад старэнькі мост [здань] бяжыць бягом... (Р.Баравікова). Быў летні луг, Святочны, маляўнічы... (П.Марціновіч). Эх, луг шырокі! Як жывы, ты, Праменнем сонейка заліты, Увесь стаіш перад вачыма, Ты міл і смуцен, як радзіма (Я.Колас). І тут над лугам, яшчэ нясмела-зялёным... паказаўся мой сёлета першы бусел (Я.Брыль). Свежы халаднаваты ветрык ляцеў з поля і сцішаных лугоў (Л.Дайнека). Такі табе навокала прастор! Кучматы, лес, утульны луг і поле... (Я.Колас).

* Лугі-мурагі.

Як спяшаўся я да вас, Засмучоныя хаты, Здратаваныя нівы, Лугі-мурагі (П.Броўка).

@

ЛЮБОЎ. Пачуццё глыбокай прыхільнасці, адданасці; каханне: абноўленая, адданая, адзіная, братэрская, бязмежная, вялікая, гарачая, кроўная, ласкавая, моцная, нязменная, прасветлая, прыгожая, радасная, самаадданая, сардэчная, светлая, святая, сыноўняя, трапяткая, узнёслая, усемагутная, усеўладная, чыстая, шчаслівая, шчырая  горкая, горная, дурная, злая, маўклівая, неадчэпная, неспатольная, сарамлівая, сумная, трывожная, тужлівая.

Хачу абноўленай і чыстай Аддаць людзям любоў сваю (А.Пысін). Як гаючы бальзам, п’ю твой вецер ласкавы І шапчу табе [Беларусі] слова адданай любві (Г.Бураўкін). Пайду, шукаючы справядлівасць — Любві адзінай, нязменнай (В.Вярба). Мы дружбы народам жадаем І шчырай братэрскай любві (А.Бачыла). Вялікая любоў вяла гэтага чалавека [Язэпа Драздовіча] па роднай зямлі (А.Ліс). Дамоў Янук ледзь, змораны, дайшоў: Мо давяла гарачая любоў Да волі, да Раіны (М.Танк). Люблю цябе, жыццё, любоўю кроўнай (Н.Гілевіч). Нарадзілася дачка, і сэрца загарэлася новым пачуццём... самай моцнай любві — любві маці (І.Дуброўскі). Перамагла прасветлая любоў! Яго [Кузьмову] дачку, кірпаценькую Зінку, Са Стрыбуком убачылі ізноў (Н.Гілевіч). Я шчаслівы, што ўзяў для жыцця Хоць па кроплі малой ад цябе — Працавітасці шчырай тваёй, І сардэчнай любві і спагады (Н.Гілевіч). Любоў да роднага краю, да мовы свайго народа — самая светлая і святая робіць чалавека сапраўдным грамадзянінам (ЛіМ). Радзіма мая дарагая, Ты ў шчасці жаданым жыві! Я сэрцам табе прысягаю У шчырай сыноўняй любві (А.Бачыла). Я маю шчасце быць маленькім сціплым сведкам шчырай любові да вялікага сына Расіі [Лермантава]... (Я.Брыль). Пагодны май і светлыні даволі. Святочны май. І свята пірагоў. Ды ўбачу, як расце яшчэ на полі Наш горкі хлеб І горкая любоў (Я.Янішчыц). Радзіма, Радзіма, Зямля маіх продкаў... Сціскалася сэрца ад болю салодкага, Ад горнай любові, пазнанай спярша (А.Звонак). Ні праклёны, ні грозьбы не давалі палёгкі; хоць не ведаў гэтага, любіў яе [Ганну]... па-ранейшаму любіў дурной, як хвароба, неадчэпнай любоўю (І.Мележ). На лузе, нібыта на свяце, Стаю ў неспатольнай любві... (Я.Сіпакоў). Мірыцца з палонам дубовым не хочуць Палкі навальнічныя слоў. Патрэбны ім шчырыя сэрцы і вочы, Людзей трапяткая любоў (П.Панчанка). Паўторыць тысячы разоў Імя адной адзінай, Яна, усеўладная любоў, Душ юных гаспадыня (А.Звонак). Я спадзяюся на сяўбу, На кожны лісцік новы, На залатую малацьбу Трывожнае любові (Я.Янішчыц).

* Круча-любоў.

А ці ты выстаіш, круча-любоў, Тая, якой мы баімся і самі (Я.Янішчыц).

@

ЛЮДЗІ (люд). Баявыя, вольныя, высокія, вялікія, вясёлыя, гордыя, дарагія, дарослыя, добрыя, дружныя, дужа вучоныя, дужыя, загарэлыя, клапатлівыя, мілыя, мудрыя, працавітыя, працоўныя, простыя, родныя, сардэчныя, свабодныя, сільныя (разм.), слаўныя, сціплыя, удалыя, умелыя, шчаслівыя, шчасныя, шчырыя  абыякавыя, бяспечныя, гаротныя, грозныя, грэшныя, жорсткія, загнаныя, запыленыя, злыя, малыя, несагрэтыя, нешчаслівыя, няшчасныя, пагарджаныя, прагавітыя, скаваныя, таемныя, труслівыя, цёмныя.

Ласёў багата развялося, Людзей умелых, баявых (Е.Лось). Хутаючыся ў незашпілены кажушок, яна [Галя] чула... не чула, а прагна слухала маладую гутарку вольных, шчаслівых людзей (Я.Брыль). Гаворыш з настаўнікам, які яго [Купалу] ведаў, з селянінам, якому ён дапамог, і не можаш не думаць, якія гэта чыстыя і высокія людзі (У.Караткевіч). У вялікія ты людзі Выйдзеш з беднаты, — Шаблю звесіш цераз грудзі, Стражнік будзеш ты (Я.Купала). Можа будзе так лепей, чым пераносіць увесь жах, быць сведкам лютай расправы ненажэрнага ката над мілымі і дарагімі яму людзьмі (М.Лынькоў). І глядзелі з усмешкай дарослыя, мудрыя людзі: то яшчэ не тваё, не тваё, мілы хлопча, “люблю” (Н.Гілевіч). Жыве ў Гіпербарэі люд дзівосны, Якому не балюча паміраць (У.Караткевіч). У нас маладых людзей дужа вучоных Цяпер надта шмат развялося (Я.Купала). Разляцеўся па краі Люд дружны, вясёлы (Е.Лось). Быццам ён [Максім] даўно ўжо ведаў гэта сяло: павінны жыць у ім людзі, не падобныя да тых, якіх ён дагэтуль ведаў, — вялікія, дужыя, з яснымі блакітнымі вачыма (А.Кудравец). З поля вярталіся загарэлыя, запыленыя людзі (І.Мележ). Аўтобус лёгка імчаў па шашы.. У ім, як у хаце, весела і дружна гаварылі да гэтага людзі, добрыя і шчырыя, працавітыя і клапатлівыя (Я.Сіпакоў). Засланяючы вочы Ад солі рукой, Углядаюцца ў мора Сардэчныя людзі (К.Кірэенка). І выйшлі людзі сільныя На бітву на крывавую, Дый смерцяю акрыліся, Хоць несмяротнай славаю (Я.Купала). Наш край нарачанскі, Край сініх азёраў,... Бяроз меднастволых, Свабодалюбівых, працоўных людзей (М.Танк). Мае знаёмыя няўзрачны, Нічым не слаўны і не значны, Усе людзі простыя, малыя, Хоць па-сваему і ўдалыя... (Я.Колас). Пра будучыню марыў я не раз. Аб людзях працавітых, гордых, чыстых. Без гультаёў, паклёпнікаў, пралаз (П.Панчанка). Як без волі і без хлеба Працавіты люд наш гнецца... Кінь ты [месяц] жальбу нашу ў неба — Няхай неба ўскалыхнецца! (Я.Колас). Мовы ён [хлопец] не забыўся, вядома, Гэтых простых і сціплых людзей (Н.Гілевіч). Свет быў для яго [Васіля] цяпер напоўнены абыякавымі людзьмі, і ён сярод іх жыў адзінокі... (І.Мележ). О, жаль мне праз гэта вас, людзі загнаныя, Цёмныя людзі, гаротныя людзі, Жаль, што вы такія, праз свет пагарджаныя, Жаль, што так жыцца йшчэ доўга вам будзе (Я.Купала). І людзі ў роздуме Стаялі грозныя Над тымі чорнымі Сваімі сцежкамі (П.Глебка). Навукі паданне, ой, шмат захавала Для грэшных, труслівых і цёмных людзей, У ім бачым, што шчасця зазнае той мала, Хто праўды не хоча пазнаці... (Я.Купала). Ці то людзі злыя Шчасце адабралі, На маёй дарозе Ямы пакапалі? (Я.Колас). Валянціна Андрэеўна палажыла трубку і, зусім знясіленая, прысела на канапу: “Якія жорсткія людзі” (І.Шамякін). Ён [Шліпчык] добра не ўяўляў яшчэ, чым небяспечныя гэтыя людзі, але вострая непрыязнь да іх хвалявала яго (М.Лынькоў). Ой, чаму на хаты гэтыя Сышла восень з халадамі, Калі людцы несагрэтыя Трасуцца пад лахманамі?! (Я.Купала). Чуць толькі купальскае свята Набліжыцца з ночкай сваёй, Як папараць кветкай заклятай Чаруе няшчасных людзей (Я.Купала). Трудна, крыўдна жыць на свеце Між нячулымі людзьмі... (Я.Купала). І ідзі, і крычы Прагавітым людзям, Няхай хлеба дадуць Табе, жонцы, дзяцям! (Я.Купала). То падымаўся люд скаваны... (Я.Купала). Каля яго мітусіўся Піліпчык, які не мог дачакацца канца ўсёй справы, каб уведаць усё... аб усіх гэтых таемных людзях... (М.Лынькоў). Шэрая вёска. Цёмныя людзі. Цьмяная рэчка жыцця (М.Зарэцкі).

* Люд-волат, людзі-волаты.

Вышэй, ярчэй узнімем молат, Распалім горны гарачэй. На абарону, мой люд-волат! (Я.Колас). Людзі-волаты! Глядзіце, Колькі гонім мы вады, Бо яднанне — сіла ў свеце, Хто ж дужэй ад грамады? (Я.Колас).

@

МАЛАДЗІК. 1. Пра форму, колер, характар бляску і інш. прыкметы маладзіка: агністы, барвовы, белы, бліскучы, вастраносы, вогненна-чырвоны, двухрогі, жоўты, залаты, залацісты, зіхатлівы, зыркі (разм.), круты, курносы (аўт.), празрысты, праменны, расяны, ружовы, светлы, світальны, серабрысты, срабрысты, срэбны, сярэбрана-зубчаты, тонкі, чырванабокі, ясны  бледна-сіні, бледны, заінелы, ледзяны, мутны, счарнелы, халодны.

Празрысты, як ільдзінка, маладзічок раставаў на небе, станавіўся белым (В.Хомчанка). Чаму сярод зорных гронак, Што ў рэчку зляцелі з кручы, Як абручальны пярсцёнак, Трымціць маладзік бліскучы? (П.Макаль). На ачышчаным ад хмар небе нерухома вісеў вастраносы маладзік (В.Карамазаў). Двухрогі вогненна-чырвоны маладзічок трымцеў у марозным небе (З.Бядуля). Над шырокім купалам зіхаціць у бляску сонечных праменняў залаты маладзік (В.Вольскі). Зіхатлівы, зыркі маладзік глядзіць з высокай далі... (“Маладосць”). Цябе, круты маладзічок, Паэты бралі зморам (Р.Барадулін). У касцёл сам просіцца з нябёсаў, Быццам часнаку зубок, Курносы маладзік (Р.Барадулін). Над стэпам маладзік праменны... Працуе поплеч шчыра сёння... (Р.Барадулін). У прагаліне маладзік, расяны і тонкі, Адзінокую зорку пасе (М.Стральцоў). Малады і ўрачысты, як світальны маладзічок, ішоў у свет кампазітар і клікаў усіх за сабою ў шчаслівыя далі (К.Кірэенка). Сасна над сцежкай. Бусел. Срабрысты маладзік. Кажан на сіняй нітцы Пагойдаўся і знік (А.Пысін). Маладзік сярэбрана-зубчаты вас [дзяўчат] прывёў ад бацькавай страхі (С.Гаўрусёў). За... [хмарамі] то хаваўся, то выбліскаваў тоненькі халодны маладзічок (С.Грахоўскі). Яшчэ чырванабокі маладзік гайдаецца... (А.Грачанікаў). ...Усходзіў ясны маладзік (П.Глебка). Сумна плыве маладзік бледна-сіні Ў небе вячэрнім, зялёным, як лёд (М.Багдановіч). З аднаго боку вісіць на ім [небе] бледны маладзік, з другога — залатое сонца (В.Вольскі). На заінелы маладзік Маленькімі вачыма, скоса, Загледзеўся змарнелы дзік (С.Грахоўскі). І ніколі халодны разлік Не заменіць дарогі пад небам, На якім ледзяны маладзік (У.Караткевіч). Білі ўнізе агню языкі, І стагнала зямля валунамі. А яны [стрыжы] паміж зорак луналі, Бы счарнелыя маладзікі (А.Пысін).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (маладзіка): бяссонны, крамяны, мядовы, пяшчотны, раскошны, спакойны, трапяткі, чысты, шчаслівы  адзінокі, адталы, баязлівы, бесклапотны, бяздомны, гаротны, задумлівы, кволы, падслепаваты, раўнадушны, самотны, сарамлівы, стомлены, строгі, сумны, сярдзіты, тужлівы.

Над стэпам маладзік бяссонны... Працуе... з намі ў начную змену (Р.Барадулін). І маладзік, крамяны, чысты, Растком прарэзаўся над стэпам (Р.Барадулін). Мядовы маладзік, І маладзіцы прапахлі мёдам з ног да галавы... (Н.Тулупава). А ў небе маладзік спакойны Глядзіць, пяшчотны, трапяткі (“Маладосць”). Смяецца маладзік шчаслівы (Л.Заблоцкая). Дняпроўскі мост і маладзік адталы Віншую з першым жаўранкам вясны (А.Пысін). Асцярожна выглянуў з-за хмары баязлівы маладзічок і, адзінокі, застыў на небасхіле... (ЛіМ). Не шыкуй палотнаў, дзеўка, не прадзі — глянь, які гаротны месяц-маладзік! (Л.Геніюш). Але сцямнее неба просінь, узыдзе кволы маладзік, і ўжо чагосьці сэрца просіць... (Е.Лось). Вунь самотны маладзік На марозе стыне (А.Звонак). Над... вёскай — шчодра зорнае неба і самотны, сарамлівы маладзік (Я.Брыль). Мне маладзік схіліўся строгі У яве пройдзеных дарог (В.Вярба). Вясенні месяц сакавік, Сняжок вакол чарнее, Сярдзіты ноччу маладзік, А днём і сонца грэе (М.Хведаровіч). Хіба падслепаваты маладзік угледзеў іх пацалунак — больш ніхто не бачыў таго граха (А.Асіпенка).

@

МАЛАДОСЦЬ (моладасць). Бясхмарная, вольная, вясёлая, гарэзлівая, гарэзная, дзівосная, запаветная, звонкагалосая, звонкая, крылатая, летуценная, мілая, незабыўная, спеўная, удалая, харошая, цудоўная, чароўная, чыстая, шчаслівая, шыпшынная (аўт.), ясная бязрадасная, валачашчая (разм.), віхурная, галодная, гаручая, горкая, забытая, загубленая, залётная, змарнаваная, спакуслівая, страчаная, сумная, суровая, цяжкая.

Пра маладосць бясхмарную маю Усё часцей ка мне прыходзіць роздум (Г.Бураўкін). За далёкай даллю бачылася Ганне вольная, гарэзная маладосць (І.Мележ). Золушкай была І каралеўнаю. Знаю радасць і кладоў гарбы І цябе [маладосць], вясёлую ды спеўную, Я наўрад ці стрэну без жальбы! (Я.Янішчыц). А ты — за даллю міжпланетнай — Куточак казачнай зямлі, Дзе маладосці запаветнай Мяне страчалі караблі (В.Вярба). За ярамі, за лугамі роснымі, За снапамі залатымі сноў — Моладасць мая звонкагалосая, Ты пашто вяртаешся ізноў (Я.Янішчыц). Ці не яна гэта, мая маладосць, махнула белым рукавом... ці не яна, звонкая, заводзіць песню пра дзяўчыну-нежурынку? (М.Лужанін). Не скруціць ніякай чорнай скрусе Маладосць крылатую маю (Г.Бураўкін). То была ягоная [Лявоніка] маладосць, летуценная і горкая (І.Навуменка). На пачатку маладосці мілай Не хачу чужых перасцярог, — Не лічыце дарагіх памылак (В.Вярба). Эх, моладасць-радасць Мінула ўдалая! А старасць-няўдаласць ніяк не мінае (Я.Купала). Вярніся ты хоць як-небудзь назад, мая харошая, мая загубленая маладосць! (Я.Брыль). Той першы снег, з яго шчаслівай, чыстай маладосцю, тут нагадала мне задушэўная, урачыстая песня аргана (Я.Брыль). І гасне маладосць мая шыпшынная, як светлы дзень ў вячэрняй сіняве (Л.Геніюш). Жыла з табой [маці] моладасць ясная, Вясёлыя песні ці пела? (Я.Купала). [Цыганка] расказвала, добра па-беларуску, пра найлепшае шчасце свае валачашчае маладосці (Я.Брыль). Далёкія, палітыя крывёй дарогі віхурнай маладосці. Хто адважыцца кінуць камень у тых, хто па іх прайшоў? (І.Навуменка). О, маладосць мая гаручая! Світальных колаў перастук (В.Вярба). Мяне не пазнаюць суседкі Сягоння такога, як ёсць, Таму запрашаю ў сведкі Забытую тут маладосць (С.Грахоўскі). Гляну на быт свой, Што век не ўзвяселіцца, На змарнаваную моладасць З гора (Я.Купала). Пануры халасцяк ажыў пад промнямі спакуслівай маладосці — зашапялявіў, заўсміхаўся галантна (Я.Брыль).

@

МАЛАНКА. Агністая, асляпляльна-белая, асляпляльная, белая, бліскучая, бязгучная, вясёлая, жоўтая, залатая, залацістая, звівістая, зыркая, кароткая, нястомная, нястрымная, празрыстая, сіняватая, сіняя, тугая, чырвона-жоўтая, чырвоная, яркая, ясна-ружаватая, ясная  бледная, віхлястая, вострая, жыхлівая, палахлівая, пякучая, сляпучая, схаваная за хрыбтамі, хапатлівая, хвастатая.

Угары, перакрыжаваўшы неба, мільганула кароткая агністая маланка (В.Адамчык). Бліснула асляпляльна-белая маланка, і з трэскам ударыў гром (“Беларусь”). Хай маланка вясёлая спаліць, Ліўні выметуць пад сіняву. Не хацеў бы нічым я запляміць Вас, нашчадкі, у якіх жыву (А.Пысін). Бледная бязгучная маланка заліла няпэўным дрыготкім святлом абшар... (У.Караткевіч). Жоўтая віхлястая маланка бліснула за адчыненым акном (А.Савіцкі). І мнагацветныя акружаць нас вясёлкі, Маланкі залатыя замігцяць (Я.Купала). Мы на міг былі аслеплены зыркаю маланкай... (Я.Непачаловіч). Гэй, вольная песня, ўздымайся, ляці ты На крыллях маланак нястрымных, агністых (М.Танк). Раз-пораз змяіліся... празрыстыя маланкі (Ц.Гартны). І абрынулася на зямлю ўсё разам: і прыцемак, і суцэльная, як з лубу, сцяна вады, святло сіняватых ад лютасці маланак (А.Жук). У тым баку, дзе клубілася хмара, бліснула сіняя маланка; счакаўшы трохі, ударыў пярун... (І.Новікаў). Там, на другім баку ракі, дзе паласавалі лес чырвона-жоўтыя маланкі, раптам узняўся страшэнны гул (К.Кірэенка). У цемнаватым вагоне ясна-ружаватаю маланкаю палыхнуў недалёкі гарачы бляск (В.Адамчык). Дождж там, відаць, ліў... ціхі, спакойны: не чуваць было грому І не відаць жыхлівых маланак... (Я.Сіпакоў). Жаданне ўбачыць сапраўдную тайгу, хоць трохі спазнаць... вось такую хапатлівую, схаваную за сямю хрыбтамі маланку доўга вадзіла, насіла і вазіла мяне па Сібіры (Я.Сіпакоў). Жахала і нячутна трапяталася за акном палахлівая маланка... (В.Адамчык). Як агністая пякучая маланка, Міцева памяць раптам выкрамсала з цемнаты белаватую... шашу (В.Адамчык). Праплывалі сумнай чарадою... З громам і маланкаю тугою Хмары... (М.Хведаровіч). Гром... на жыта, травы і бары хвастатую маланку кінуў (У.Ляпёшкін).

@

МАРА (мроя). Агнявая, агучаная (аўт.), адважная, адвечная, блакітная, бліскучая, высокая, высотная (аўт.), вялікасная, вялікая, вясенняя, гарачая, гарэзлівая, гордая, дзівосная, дзіўная, залатая, запаветная, затоеная, зямная, імклівая, крылатая, лагодная, лёгкакрылая, лёгкая, маладая, мармуровая (аўт.), натхняльная, незгасальная, непаўторная, неўміручая, нязменная, няўтольная, палкая, прываблівая, прыгожая, прыемная, пяшчотная, радасная, ружова-светлая, ружовая, салодкая, светла-русая (аўт.), светлая, святая, свяшчэнная, смелая, стопавярховая (аўт.), стромкая, таямнічая, трапяткая, хлёсткая, ціхая, цудоўная, чарадзейная, чыстая, шчодрая, яркая, ясназорая (аўт.), ясная  балючая, безразважная, блудная, бяздумная, далёкая, дзёрзкая, журботная, запозненая, згаслая, зялёная, неакрэсленая, прывідная, пустая, пякельная, туманная, хітрая, цяжкая, чорная, шчымлівая.

Ты [птах] вясёлаю нотай сваёй цішыню Пранізаў, нібы промень, што бліснуў з-за хмар, Падарыўшы зямным слухачам вышыню Летуценняў блакітных, агучаных мар (П.Макаль). На моры хваля крылом калыша Счарнелы парус блакітнай мары (П.Макаль). Я жыву [Радзіма] тваёю доляй Высокіх мар і светлых дум. Як рэчка ціхая ці поле, Як маладой бярозы сум (В.Вярба). Я уладар высокіх мар І добрай волі чалавечай (П.Панчанка). Будуй з пяску высотных мар пакоі (П.Макаль). І я ўпэўнены: Той, каму ў сэрца ўвайшло Хоць адзіным праменьчыкам Ваша [кнігаў] святло,... Той не здрадзіць Вялікаснай мары людской! (Н.Гілевіч). Радасным вясеннім марам майго Славіка проста і канца няма (А.Кулакоўскі). Мы з сэрцам, поўным мар гарачых і агню, Павінны выпаўніць заданне ўсесвятое (К.Буйло). О светлыя мары, далёкія мары, Я ж думаў, вы ў сэрцы заснулі навек! (Н.Гілевіч). Дзіўная мара гэтая з’явілася яшчэ ў сорак другім, калі ён [Пятро] ляжаў у партызанскім шпіталі (І.Шамякін). Ты залатую мрою не адгоніш, А толькі словам немату загоіш (Я.Янішчыц). Была проста даль..., над якою драмалі ў залатых марах, здавалася, нерухомыя клубочкі кучаравых хмарак (Я.Колас). І пясчаныя пляжы, і загарэлыя твары нарачанцаў, і, вядома, паход за галавастымі шчупакамі — запаветная мара кожнага, хто трымаў хоць раз у руках рыбацкую снасць... (К.Кірэенка). Ці то сапраўды самая затоеная, самая светлая мара становіцца праўдаю, рэчаіснасцю? (Я.Колас). Не забываліся жаданні Мар імклівых, агнявых (П.Броўка). Куды ні кідала хлопчыка яго крылатая мара... (“Полымя”). Звінеў задорны тэнар, плылі ўслед за ім лагодныя мары (М.Ваданосаў). Адляцелі, нібы сны, мары маладыя (А.Вольскі). Для сябе і для другіх сінім светам паланеюць берагі, сінім светам мармуровых стромкіх мар (А.Дудар). Ёсць у кожнага з нас Незгасальная мара — Свой куток, Свой парог, Свой пад вокнамі клён (П.Броўка). О, пара шчаслівага юнацтва З непаўторнай сонечнаю марай (А.Звонак). Толькі чалавечая цяглая душа На зары засвечыны зноў і зноў ішла, На зары заручыны, бачачы здалёк Мары неўміручае, волі вугалёк (М.Лужанін). І, можа быць, зусім невыпадкова Паўстану я ў святле нязменных мар Дзяўчынкай той, якой вядома слова і невядомы ўвесь яго цяжар (Я.Янішчыц). З рэальнага грунту разважання Лабановіч паволі з’ехаў у павабны край прыгожых мар (Я.Колас). Многа ёсць недасягнутых скарбаў, яшчэ болей прываблівых мар (Л.Геніюш). А якія пяшчотныя мары прыходзілі з гэтым вясновым пахам! (А.Кулакоўскі). У самых светлых, смелых і радасных марах не сягаў я да сённяшніх дзён (М.Машара). Эх, зямля! Колькі думак людскіх нячутнымі крокамі прайшло па табе, звіваючы цябе вяночкамі надзей і ружова-светлых мар аб шчасці... (Я.Колас). І хоць яго [Максімава] дзяцінства не было такое бесклапотнае, як у іншых, але яно нарадзіла нямала светлых мар (А.Бачыла). І марай свяшчэннаю самай У сэрцах надзея гарыць... (Г.Бураўкін). Калі да мары маёй стопавярховае З паходняй падпальшчыка вораг лез, Я сказаў: “Будзь маёй аховаю... Лес” (П.Макаль). Лічу кожную вясну марай трапяткою, Што наноў жыццё пачну з маладой травою (Р.Барадулін). Мару ў сэрцы люляю хлёсткую (А.Жук). Чарадзейныя мары Наплываюць, Мяняюцца (В.Вітка). [Любоў] жыве ў маім сэрцы... чыстай светлаю марай (В.Лукша). У сэрцы шчодрыя мары ўзыходзяць, як жыта, У хвіліну вяртання снягоў (С.Законнікаў). Вечар. Гадзіна каторая? Люднаю плошчай іду. Мары мае ясназорыя! Водбліскі ўзбуджаных дум! (А.Звонак). Раптам чуе Алеся, як нехта бярэ яе голаў, яна заплюшчвае вочы... адкідвае голаў, але пуста. Толькі пякельная, балючая мара (Я.Скрыган). Мы гонімся часта за мараю блуднай, Якая ў нас шчасцем завецца (Я.Купала). Ранняе юнацтва прынесла новыя мары... Яны віліся, як сіні дым у яснае надвор’е: неакрэсленыя, лёгкія, бяздумныя (І.Навуменка). У Белавежы — лосьна, язьна ў Шчары. З лясной крыніцы агнявы глыток. Уважлівая яснасць дзёрзкай мары І стрыманасці першы халадок (Р.Барадулін). Ад запозненай мары, Ад шчаслівай трывогі Мне навек застанецца Сумна-горкі ўспамін (Н.Гілевіч). ...Пайсці ў вясну, каб зноў зару сустрэць на скрыжаваннях мар маіх (Н.Загорская). Упартая думка на момант як бы разагнала пустыя мары... (К.Чорны). Балючай марай светла-русай Яна [Мар’яна] стаяла перад ім (Н.Гілевіч). Самае страшнае, што яно, жыццё гэтае... раптам як бы адляцела ў будучыню, стала туманнай марай (І.Шамякін). Хай сонца прагляне, Хай цяжкія мары Не мучаць душы і грудзей... (Я.Купала). І зноў прысніўся мне начлег на хутары... — І той далёкі дзень, смугой ахутаны, Перада мной узнік шчымлівай марай (Н.Гілевіч).

* Іскарка-мара, мара-краля, мара-сон, надзея-мара.

Ляцела, грымела па краю адплата, Крышыла ў баях чужакоў бастыёны. І слёзным усім і жальбою забітым Давала чаканую іскарку-мару (К.Кірэенка). Раздолле тут табе і воля! Працуй, чуць з хаты толькі выйшлі. Але ўсё гэта толькі мыслі, Эх, гэта толькі мары-кралі! (Я.Колас). Жыве сваім жыццём пасёлак, Свае гадуе мары-сны (Я.Колас). І глядзелі засмучона, як знікалі хмары, І як з імі прападалі Іх надзеі-мары (Я.Колас).

@

МАРОЗ (маразы). Бадзёры, белавалосы, добры, дружны, здаровы, зухаваты, зялёны, іскрысты, лёгкі, мяккі, невялічкі, першы, прыемна цвярозлівы, прыемны, радасны, сіне-зялёны, сіні, скрыпучы, слабы, слаўны, сняжысты, сонечны, сухі, усясільны, цвярозлівы, ядраны  бязжаласны, бязлітасны, вастраваты, востры, вялікі, жорсткі, задзірысты, зайздросны, заўзяты, заядлы (разм.), злосны, злы, калючы, крамяны, крохкі, круты, кусачы (разм.), куслівы (разм.), люты, моцны, назойлівы, настырны, неспыняны, няласкавы, нясцерпны, прыкры, пякучы, разгневаны, раз’юшаны, сібірскі, сівы, суровы, сцюдзёны, траскучы (нар.-паэт.), учэпісты, шалёны, яршысты.

Шчокі цяпер прыемна шчыпаў бадзёры марозік (І.Грамовіч). А мароз белавалосы Пойдзе ўсюды на ачосы У ледзяным халаце (Я.Колас). Потым бадзёры яршысты марозік падмарозіць поле (Я.Сіпакоў). Пёк добры мароз, хоць і быў ужо красавік месяц (І.Шамякін). І паветра, і сонца, і неба паказвалі, што бярэцца на дружны марозік (Ф.Янкоўскі). Мароз зялёны па начах На белым небе паліць зоры (К.Буйло). Ураніцы ўсё на дварэ пабялела было ў іскрысты мароз. Першы мароз (Р.Мурашка). Лёгкі марозік зацягаў лужынкі тонкай пялёнкай лёду (Я.Колас). Было маўкліва на вуліцы, пуста, і ў самай моцы быў марозік, такі вастраваты, жорсткі, але прыемна цвярозлівы (М.Стральцоў). Прыемны марозік. Яшчэ больш прыемныя сняжынкі... — усё хораша бадзёрыла (І.Шамякін). Грудзі яго [Васіля] зайшліся ад бадзёрай чысціні радаснага ранішняга марозіку (І.Мележ). Мароз увіхаецца — сіне-зялёны, — каля маладзіцы-зімы (Г.Каржанеўская). Ціснуў сухі, скрыпучы марозік (Б.Сачанка). І тады знікла марозная зачараванасць завулка ў клёнах, зноў зямля загула, заспявала, зазвінела. Слаўны мароз! Слаўная раніца! (Б.Мікуліч). Часам апусцяцца вароны імпэтна на пушыстую вяршыню... і зноў уздымуцца з карканнем у сонечны мароз (З.Бядуля). Ён [Фірага] нават помніць той дзень. Зіма, сама піліпаўка, і сухі-сухі мароз (І.Пташнікаў). Пасля дажджоў і парнай цеплыні зноў пачаліся ядраныя ранішнія марозы (А.Асіпенка). Марозік крэпіць, лёд таўшчэе, І рэчка вольная нямее, Да дна вадзіца вымярзае І ходу, бедная, не мае... Але дарма: жывую сілу Не запраторыш у магілу, Мароз бязжаласны і люты! (Я.Колас). Задзірысты мароз шчыпаў шчокі (У.Мяжэвіч). Зайздросны мароз узяў ды пазакрываў лёдам і храбусткім снегам шыбы на вокнах (Я.Колас). І толькі ён, мароз заўзяты, Мароз занадта зухаваты, Адзін па лесе пахаджае, Бо роўных ён сабе не мае (Я.Колас). Мароз заядлы і пякучы шчыпае шчокі, нос і вушы... (“Маладосць”). І ходзіць паважна мароз па бары, Злы, белавалосы (Я.Колас). Мароз пахруствае крамяны... (С.Гаўрусёў). Насычанае крохкім, як шкло, марозам паветра чулліва лавіла ранішнія гукі на рыпучым снезе (Я.Колас). Стаяў туман, мароз круты (А.Александровіч). У садзе тваім [маміным] мароз, як піла, куслівы... (У.Карызна). Зімой над зрубам і жолабам курыцца пара, вада там ніколі не замярзае, і ў самыя лютыя маразы чуваць, як звініць раўчук, хаваючыся пад заснежаны лёд (М.Лынькоў). ...У цішыні той быў спакой і адпачынак ад нуднай язды, назойлівых марозаў (В.Каваль). ...Пануе мароз настырны, і пінгвіны крыжуюць сляды (Е.Лось). Каго люты мароз Тут так моцна скаваў, Каб наш светач-агонь Асвятляў, саграваў... (Я.Журба). А рукі і ногі мароз неспыняны Даўно замарозіў (Я.Купала). [Беларусь] у стаптаных лапцях прыйшла сюды, у нечапаную тайгу, прынесла сюды сваю мову, песні, звычкі і абрады, а сама назаўсёды прапахла тайгою кедрачоў, лісцвяжніц ды няласкавых сібірскіх маразоў (Я.Сіпакоў). Ціснуў пякучы мароз, аж у горле перасыхала (Б.Сачанка). Мароз разгневаны нярэдка прымушаў нас хавацца ў дом (Г.Каржанеўская). Песня маладая васільковая Гоніць прэч раз’юшаны мароз (М.Шаховіч). Іду я [мароз], сняжысты, усясільны, Па сцежках-пуцінах пустых... (Я.Купала). Страляе у сцены сцюдзёны мароз, І вецер шалёны вые ў полі (Я.Купала). Зіма зусім не збіралася адступаць, доўга яшчэ баранілася, пякла, асабліва па начах, траскучым марозам... (Б.Сачанка). Мароз браўся ўчэпісты, дрэвы перакідаліся сухімі, нібы з ружжаў, стрэламі (В.Карамазаў). З лядоўні Поўначы дыхнулі... шалёныя і лютыя марозы (А.Асіпенка).

* Мароз-калун, мароз-кіпун, мароз-мастак, мароз-траскун, слабак-мароз.

Не люблю я, сын, зімы З гурбамі-сумётамі, З маразамі-калунамі, З бурамі-залётамі (К.Кірэенка). За акном мароз-кіпун аж шыпіць (В.Карамазаў). Мароз-мастак рукой старэчай На шыбах піша свой узор (Я.Колас). А яшчэ: як мароз-траскун ці дождж-паласун, тады за сталом дужа адліжна (В.Карамазаў). Крадзецца ў ноч і там блукае двухградусны слабак-мароз (В.Жуковіч).

@

МАЎЧАННЕ (маўчанка). Велічнае, гордае, загадкавае, задумлівае, залатое, звыклае, красамоўнае, пакорлівае, пачцівае, сцішанае, таемнае, урачыстае, усепераможнае, ціхае, шчаслівае  абыякавае, адчужанае, адчужана-халоднае, анямелае, вострае, глухое, глыбокае, гнятлівае, горкае, грознае, доўгае, жалобнае, журботнае, зацятае, заядлае, злавеснае, ледзяное, магільнае, маркотнае, напружанае, напятае, насцярожанае, няёмкае, нязносна-цяжкае, нямое, нясцерпнае, пагардлівае, панылае, пастылае, прыкрае, самотнае, свінцовае, страшнае, суровае, трывожнае, халоднае, цягучае, цяжкае, шчымлівае.

Дубы стаялі яшчэ зялёныя ў сваім велічным і гордым маўчанні (Я.Колас). Вучыся ты ў гор задуменна маўчаць. Маўчанне ж у іх залатое (Ю.Свірка). Яна маўчыць, але маўчанне красамоўнае: знявага (Б.Мікуліч). Крыўда за галоднага брата вывела Зосю з пакорлівага маўчання (К.Чорны). Цудоўныя, шчаслівыя хвіліны. Час адзіноты, роздуму і песенна-бяздумнага маўчання на стыку яшчэ адной ночы, якая снамі твая, і новага дня, які ўсё яшчэ — чаканне свабоды (Я.Брыль). О сусветнае, усепераможнае маўчанне першай зямлі, Калі выйшла яна з гарніла агню і пакуты (У.Караткевіч). Хвіліну было цягучае, звыклае маўчанне (І.Мележ). Ён хоча гутарку пачаць, Бо ў гэтым сцішаным маўчанні Туга бязмерная чуваць (Я.Колас). Адзінокія птушыныя галасы няўтульна гучалі ў гэтым урачыстым халодным маўчанні (Л.Дайнека). Шчаслівае маўчанне няспыннай карпатлівай падрыхтоўкі да тае працы, якая, я верыў, чакае мяне... (Я.Брыль). Тым часам бацька з дачкой у цяжкім адчужана-халодным маўчанні падыходзілі да будынка местачковае сямігодкі (М.Зарэцкі). На колькі секунд занялося вострае напружанае маўчанне (М.Зарэцкі). На крутых узбярэжжах стаяць курганы У глыбокім, суровым маўчанні... (С.Грахоўскі). У хаце запанавала глухая і прыкрая маўчанка (А.Васілевіч). Мы заціхаем у горкім маўчанні (Я.Брыль). Маўчанне грознае з агнём, Здавалася, расло (М.Танк). Як праз сон да Міці даносіцца: “Дзе прыёмнік?” — “Не ведаю”. — “А хто ведае?”... Маўчанне. Доўгае, зацятае. Зноў насядаюць на Сяргея (І.Навуменка). У журботным маўчанні міналі хвіліна за хвілінай (М.Гамолка). Гучныя лозунгі недалужна захрасалі ў ледзяным маўчанні (М.Зарэцкі). Насцярожнае маўчанне ночы парушылася раптам нечаканым раскатам грому (А.Васілевіч). Кароткая паўза... павісла ў пакоі нязносна-цяжкім напятым маўчаннем (М.Зарэцкі). Было няёмкае, здавалася, доўгае маўчанне (І.Мележ). У нейкім панылым маўчанні застылі кусты... алешніку (У.Краўчанка). Маўчання пастылага сум. Я клічу цябе на помач... (Р.Барадулін). Маўчанне было свінцовае... (У.Караткевіч). Працяглае маўчанне, роспачны ўздых, павольны тупат босых ног па падлозе... (І.Навуменка).

@

МАЦІ (мама, матуля, матка). Ашчадная, бясконца дарагая, ветлівая, вясёлая, гасцінная, гордая, дарагая, добрая, дужая, клапатлівая, ласкава-трывожлівая, ласкавая, літасцівая, любая, любімая, маладая, маладзенькая, мілая, нястомная, пакорліва-святая (аўт.), пакорлівая, па-народнаму мудрая, паслухмяная, прыветлівая, прыветная, прыгожая, пяшчотная, разумная, родная, руплівая, рупная, сімпатычная, славянская (аўт.), сціплая, сялянская (аўт.), трапяткая, шчаслівая, шчасная  адзінокая, журботная, заплаканая, маўклівая, нядужая, пасівелая, расхваляваная, сівая, старая, сумная, суровая, трывожлівая, цягавіта-набожная (аўт.), цягавітая, шматпакутная.

І матчыны словы і ласка яе... зноў вярнулі Івану адчуванне радасці, што... ёсць маці, жывая, руплівая, ашчадная... (А.Кудравец). Дождж ліў як з вядра, а жанчына і хлапчук стаялі і моклі... За кампанію мок я, думаючы пра маці, родную, бясконца дарагую... (Б.Сачанка). Маці, матуля мая дарагая, мне расказала пра наша жыццё (А.Александровіч). Маці мая сялянская, маці мая славянская, ветлівая, гасцінная, ў крыўдзе чужой непавінная (Л.Геніюш). Ты і ўдавой нічога не папрасіла, мама, мая гордая мама! (В.Вярба). І колькі б разоў я ні вяртпаўся ў творчасці да вобраза старой, па-народнаму мудрай жанчыны-маці — перш за ўсё мне ўспамінаецца свая. Нястомная, суровая і добрая (Я.Брыль). Ён [Алесь] абняў яе, беражліва прыгарнуў да сябе, зусім па-новаму адчуўшы, што гэта даўно ўжо не тая дужая, добрая і суровая мама, што ўжо ён патрэбен ёй, як абарона і пацеха (Я.Брыль). Найвышэйшы ідэал жанчыны для яго [Багдановіча] — мадонна, маці. Трапяткая і пяшчотная, ласкава-трывожлівая ў сваёй мацярынскай любові (М.Стральцоў). Як жывая паўстала ў памяці маці — маладая і прыгожая, але не такая прыветная і пяшчотная, як была заўсёды (В.Быкаў). Рукі ў цябе добрыя, тонкія, Літасцівая мама (В.Вярба). Амаль кожную ноч снілася маці. Маладая, вясёлая, клапатлівая, ласкавая (І.Новікаў). Маладзенькая сціплая мама. Красуня. І хлопчык вельмі прыгожы (Я.Брыль). Учора я бачыў хлопчыка на руцэ ў маладзенькай і маладосцю сваёй сімпатычнай мамы (Я.Брыль). Бо ёсць яна, такая добрая, разумная, старая маці. Жыве ў пушчы над возерам (Я.Брыль). Маці, маўклівая і паслухмяная, пайшла ўслед за ім [Васілём] (І.Мележ). Маці шчаслівая сынам любуецца (П.Панчанка). Ты, мама, да канца Пакорліва-святая... (Я.Янішчыц). Хлеб і ў дзяжы, і на лапаце, На подзе ў печы, на стале, І на далонях шчаснай маці... (Н.Гілевіч). Калі пушок прабіўся над губою І ў сны прыйшло дзявочае імя, Я ні аб чым не раіўся з табою, Матуля адзінокая мая (С.Грахоўскі). Журботная маці заморскай зямлі, Сачы гэтай мірнай часінай, Каб буры ад дома не адмялі Навекі апошняга сына (П.Панчанка). Шмат росаў на магільных травах, Нібы журботных матак слёз (П.Броўка). Увесь сённяшні дзень, — высока і недасягальна над усім, што давялося перажыць, — ішоў з ім вобраз яго заплаканай маці (Я.Брыль). Я гляджу ў яе [маці] вочы, што свецяцца шчасцем... І хілюся да сэрца... А трэба ўпасці Перад ёю — нядужай, сівой — На калені... (Н.Гілевіч). Адна, ля вярбы надламанай, Сядзіць пасівелая маці, Глядзіць і маўчыць, і чагосьці Не можа ніяк зразумець (П.Панчанка). А па шчацэ расхваляванай маці Плыве ці то дажджынка, ці сляза (С.Грахоўскі). Узнялася сумная маці І да танка з сынам ідзе (П.Панчанка). На пятнаццатым годзе жыцця ён [Алесь] адмовіўся ехаць да споведзі. І яна, цягавіта-набожная маці, хацела па прывычцы, памкнулася нават адлупцаваць неслуха... (Я.Брыль). Не плач, шматпакутная маці! Мы прыйдзем і ласкай сагрэем Тваё набалелае сэрца, І знікне самота з вачэй (П.Панчанка).

* Мамачка-галубка, маці-словатворца, маці-ўдоўка.

Мамачка-галубка! — Просіць сын так міла. — Можа б ты на рэчку пагуляць пусціла? (Я.Колас). Жанчыны, Маці-словатворцы, Ў час калыханак вы сплялі Імя вясне, пчале і зорцы — Ўсім добрым дзівам на зямлі (А.Пысін). Маці-ўдоўка, сірацінка Паглядаюць у аконца, — Дагарэла ўжо лучынка... Ці ты ўзойдеш калі, сонца? (Я.Купала).

@

МЕЛОДЫЯ. Арганная, безупынная, бесклапотная, бестурботная, бурная, велічная, вольная, гордая, гучная, дзівосная, дзіўная, дужая, душэўная, жыццярадасная, задуменная, задумлівая, задушэўная, захапляльная, захапляючая, крылатая, ласкавая, летуценная, лёгкая, лірычная, магутная, мажорная, мірная, моцная, мяккая, напеўна-задумлівая, напеўная, нячутная, павольная, палкая, пераліўчатая, поўная велічнай гармоніі, працягла-пявучая, працяжная, простая, пявучая, пяшчотная, родная, рэзвая, светлая, страсная, стройная, ціхая, чыстая, шчырая, шырокая  аднастайная, аднатонная, асенняя, жалобная, журботная, надакучлівая, назойлівая, неадчэпная, неверагодная, нудная, падобная на далёкі прыглушаны плач, прыглушаная, пякельна-шалёная (аўт.), сумная, суровая, тужлівая, цягучая.

Яны [сосны] як звонкія струны... У любую пару года хораша слухаць, як на гэтых дзівосных цымбалах няўрымслівы вецер-арганіст іграе то ціхія, лірычныя, то магутныя, арганныя мелодыі (С.Законнікаў). Плешчацца мора, а хвалі вядуць сваю безупынную, бесклапотную мелодыю... (“Маладосць”). Спявалі дрэвы безупынную мелодыю сваёй ветравой волі (К.Чорны). Паплавы прытаіліся слухаць бурную мелодыю зыкаў (К.Чорны). Мелодыя танца..., вольная, напеўна-задумлівая, клікала моладзь... (У.Шахавец). Да гэтай дужай, крылатай, душэўнай мелодыі прасіліся новыя, непаўторна свежыя словы (Я.Брыль). Гучаць беларускія мелодыі ў аркестры: ціхія, задуменныя, працягла-пявучыя і лірычныя (“Полымя”). Урачыстая, магутная сімфонія бушуе, скаваная мембранай. Гэта захапляючая, моцная мелодыя (Э.Самуйлёнак). Ласкавая, летуценная мелодыя скрыпкі хвалявала, навявала ўспаміны... (М.Лупсякоў). Па радыё выконвалася п’еса Шумана. Мелодыя лілася светлая, лёгкая (К.Кірэенка). Мірную мелодыю лета... парушыла завыванне машын і тарахценне фурманак (Р.Няхай). Шырокая напеўная мелодыя запаўняе ўсю прастору, плыве ўдалячынь (З.Бандарына). З надрэчча цягне сіняй прахалодаю, На небе ранак З хмар карункі тчэ. І я лаўлю нячутную мелодыю, Якая не народжана яшчэ (П.Макаль). Павольная, поўная велічнай гармоніі мелодыя гучыць у зале (І.Мележ). Мудрык іграў “Дунайскія хвалі”. Працяжная, крыху сумная мелодыя прымусіла прыціхнуць нават тых, хто яшчэ размаўляў (І.Навуменка). З усіх ананікавых танцаў мне запомнілася толькі простая і страсная мелодыя вальса (Я.Брыль). Стройная мелодыя прылашчыла... і камендант... адкінуўся на спінку крэсла (Р.Няхай). Клава ціха спявала сумную, задушэўную мелодыю (І.Мележ). І глушыць выбух чыстую мелодыю, Што не паспела загучаць яшчэ (П.Макаль). Ён [голас] нібы не спяваў, а ціха расказваў, расцягваючы словы ў шчырую, сумную мелодыю (А.Кудравец). Мяккая, пяшчотная мелодыя песні лілася аднекуль з поля... (Т.Хадкевіч). Над вуліцай... плыве жалобная, сумная мелодыя (А.Вярцінскі). Нарэшце я забыў неадчэпную мелодыю (В.Вольскі). Рэня... з трывогай прыслухоўвалася да журлівай мелодыі... (В.Гардзей). Наста чула ўсё тую ж прыглушаную мелодыю, якую па-ранейшаму цягнуў Зуеў (А.Савіцкі). Бярозы на шляху... не шумяць нудлівым шэптам асенняе мелодыі — пазіраюць на вясну (Ц.Гартны). Скрыпяць дошкі, шалясцяць зараслі; вецер свішча... Усё гэта зліваецца ў адну нейкую пякельна-шалёную мелодыю (Я.Купала). Тужлівая, падобная на далёкі прыглушаны плач мелодыя, рэзала сэрца (А.Савіцкі).

@

МЕСЯЦ. Планета.

1. Пра велічыню, форму; пра час з'яўлення на небасхіле: востры, вузкі, вышчарблены, двурогі, круглаліцы, круглы, крутабокі, крутарогі, няпоўны, пашчэрблены, поўны, рагаты, тонкі, шчарбаты, шырокі; апознены (разм.), жнівеньскі, малады, ранні, спелы.

...Маё шчасце з духмянай мятай Жнівеньскім вострым месяцам зжата (М.Танк). Срэбраны месячык, то круглы, то вузкі, як серп, хораша свеціць над чорнаю цемрай... (Я.Колас). Свеціць вышчарблены месяц. Бледнае святло яго прабіваецца праз лісце ліпы... (А.Пальчэўскі). Водбліскам пажару неба край гарыць — Там двурогі месяц выплыў з-за гары (Я.Колас). Стаў чырван месяц куглаліцы, І зоркі боязна дрыжаць (Я.Колас). Крутабокі, крутарогі ходзіць месяц ля дарогі (А.Грачанікаў). Над палямі хістаўся пашчэрблены месяц (М.Танк). Поўны месяц высока стаіць над палямі (Я.Брыль). Халоднае неба здаецца загадкай, І лукам згінаецца месяц рагаты (С.Гаўрусёў). Хай будзе тонкі месяц за фіранкай (Г.Бураўкін). Па небе плыў шчарбаты месяц (Я.Васілёнак). Плывуць стругі, плыты, плыты — Сасновы звонкі лес, Шырокі месяц залаты І берагі ў імгле (М.Танк). Апознены месячык загарэўся залатым пажарам за тым панурым лесам... (Я.Колас). Малады месячык схіліўся над ветракамі (Я.Колас). Спелы месяц над ціхай Волгай. Глядзіш — і на кручы здаецца: у цёмначы смутнай і волкай не Волга, а месяц ліецца (А.Вялюгін).

2. Пра колер, празрыстасць, характар месячнага ззяння: агністы, аліўкавы, белы, блакітны, блішчасты, бурштынавы, бялесы, бяляны, жоўты, залаты (нар.-паэт.), зялёны, падрумянены, пурпурна-чырвоны, ружовы, румяны, серабрысты (паэт.), сівабровы (паэт.), смуглы, снегавы, срэбны (нар.-паэт.), срэбраногі (паэт.), чырвоны, ярка-медны, яркі, ясны (нар.-паэт.)  бледны, замурзаны, мутны, пранізліва-чырвоны, пурпурна-крывавы, сцьмелы, туманны, халодны, цьмяны.

Яна [прырода] падзяліла ўсё без падману... Вуліца — пылу, рэчка — туману, А рэдкія зоркі — агністаму месяцу (Ю.Свірка). Над вежамі свяціў месяц — такі пяшчотны, аліўкавы, ружовы (У.Караткевіч). Зірні наўкола, стань, пастой, Дзівіся пекнатою, Як белы месяц над ракой плыве ў нямым спакоі (А.Звонак). Месяц быў блакітны (М.Ваданосаў). І сумаваў тады круглы блішчасты месячык і хаваў свой твар у светлых хмарках (Я.Колас). Сінім небам — месячык бялесы, Сінім небам — грае вышыня (Л.Гаўрылаў). Выгляні, месяц бяляны, Светач ад веку да веку (Я.Купала). І месяц, як антонаўка, жоўты і тугі (Г.Бураўкін). Люблю ў пагодную я ночку... На месяц залаты глядзець (К.Буйло). На небе месяц устаў зялёны І хутка стане снегавым (М.Багдановіч). Выплыў месяц круглы, поўны, Падрумянены, як блін (Я.Колас). Месяц на небе пурпурна-чырвоны, Панура так зоры гараць (К.Буйло). І месяц коціцца румяны Па-над пуховай гладдзю стрэх (С.Гаўрусёў). Свеціць серабрысты месяц, Пад ялінай вецер нанач лёг у лесе (А.Александровіч). Нават месяц сівабровы водзіць зорны карагод (А.Александровіч). Смуглы месяц хаваўся за горы (П.Трус). Срэбны месяц прытаіўся І глядзіцца ў раку (Н.Гілевіч). Без сцяжынкі, без дарогі Ходзіць месяц срэбраногі (Н.Гілевіч). Усходзіў месяц, вялізны, чырвоны, яркі (А.Асіпенка). Над цёмнаю каронай стромкіх дрэў вісіць на жылах сівай хмары ярка-медны месяц (З.Бядуля). Не было і не будзе ніколі, Каб хадзіў ясны месяц назад (Я.Колас). Месяц бледны срэбрам ліўся Ў нетры ночы шэрай (Я.Колас). З-за хмары выкаціўся замурзаны месяц... (С.Грахоўскі). Тут месяц выплыў мутны... І ў хмарах знік сваіх (А.Куляшоў). Пранізліва-чырвоны месяц ужо напалову схаваўся за пушчу (У.Караткевіч). Дзень сканаў за гарой, а над соннай зямлёй Выплыў месяц пурпурна-крывавы (К.Буйло). Над аблітымі шызай смугою стрэхамі заседзеўся сцьмелы месяц (В.Карамазаў). Якраз супраць Каспара блішчаў халодны жоўты месяц (З.Бядуля). Запазніўся месяц цьмяны Стаць на варту ў гэту ноч (Я.Колас).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (месяца): вільготны (аўт.), вольны, вясёлы, гарэзлівы, гожы, гуллівы, задуменны, задумлівы, крамяны, лагодны, ласкавы, неразгаданы, нясмелы, пяшчотны, сарамлівы, спакойны, строгі, стройны, таемны, таямнічы, трапяткі, цікавы, ціхі, чароўны  адзінокі, баязлівы, бяздомны, гаротны, журботны, заплаканы (паэт.), маркотны, маўклівы, мёрзлы, млявы, насуплены, невясёлы, пагрозлівы, пахмуры, п’яны, расхлістаны (разм.), самотны, сонны, стомлены, сыты, тужлівы, халодны, хмурны, хцівы.

Вільготны месяц стуль на поле Празрысты, светлы стоўп спусціў... (М.Багдановіч). Па туманах касых вінаградныя вусікі ўюцца... і імкнуцца спаймаць малады і гарэзлівы месяц (У.Караткевіч). Пазіраў яшчэ ясней Гожы месячык няпоўны (Я.Колас). Хачу я, каб месяц гуллівы, Спрадвечны начны вандраўнік, Стаў чорны, як спелая сліва... (А.Астрэйка). У ім [азярку] купаў свае праменні задуменны месяц (Я.Колас). Над пушчаю вечар, Над пушчаю вецер, Над пушчаю месяц Задумлівы свеціць (П.Панчанка). У нейкай халоднай самлеласці каціўся над горадам месяц крамяны, слепкі і поўны (М.Стральцоў). Вольны месяц, ласкавы і нясмелы, сарамліва выглядаў з-за далёкага лесу... (“Маладосць”). Ціха месяц адзінокі Ходзіць у небе над зямлёю. Неразгаданы, далёкі, Што ты бачыш пад сабою? (Я.Колас). І месяц строгі і высокі Вартуе сон і цішыню (П.Глебка). Пацалуе твае вочкі стройны, ясны месяц (Л.Геніюш). Свяціў месяц — такі пяшчотны... (У.Караткевіч). Навучыла маці вогнік адліваць, а таемны месяц навучыў кахаць (Л.Геніюш). Над лесам — поўны, таямнічы месяц (Я.Брыль). Цікавы месяц выплыў з-за белай хмаркі... (Я.Колас). Цяпер над полем ціхі, поўны месяц (Я.Брыль). Усходзіць месяц чароўны ў промені... (А.Гурло). Адзінокі месяц Выплыве з-за хмары, На зямлю, на неба Сходзяць яго чары (Я.Колас). Часам месяц бяздомны Забярэцца на стрэхі дзіравыя хмар... (М.Танк). Не шыкуй палотнаў, дзеўка, не прадзі — глянь, які гаротны месяц-маладзік! (Л.Геніюш). Сонца ціха скацілася з горкі; Месяц белы заплаканы свеціць (М.Багдановіч). Месяц маркотны свяціў, Падымалі крыжы ў неба елі (М.Багдановіч). Выйшаў месяц маўклівы (А.Бачыла). Мёрзлы месяц з-за гор Васількамі перасыпаў азёрную сінь (Т.Кляшторны). Месячык выплыў з-за гаю, невясёлы, тусклы... (Я.Колас). Месяц пахмуры ў далёкай цішы Праходзіць памалу над лесам (П.Глебка). Белы месяц, расхлістаны, п’яны, Плыў, каціўся над лесам панурым (П.Трус). І ходзіць над садамі сонны месяц (Г.Бураўкін). Вецер павее ці ўранку, ці ўвечары, Месяц тужлівы зірне з-за аблок (Я.Колас). Халодны над школаю месяц — Палярны вакол яго круг (А.Куляшоў). А хцівы месяц да відна Як быццам высцеле дарожку З бялюткай трубкі палатна (П.Броўка).

* Баханец-месячык, жартаўнік-месячык, месяц-вандроўнік, месяц-вястун, месяц-лежабока, месяц-паўня, месяц-серп, месяц-чараўнік, месяц-юнак, разведчык-месяц.

І небу, як відаць, не хацелася паверыць, што там, на зямлі, і сапраўды спакойна, бо яно зараз жа выслала з-за цёмнага краю зямлі яшчэ аднаго дазорцу — крывава-чырвоны, сцяты баханец-месячык (Я.Колас). У прасветліны паміж хмарамі выглядаў малады жартаўнік-месячык (І.Шамякін). А як хораша сцеле бляск вадзе Неразгаданы месяц-вандроўнік (Я.Колас). Гэта месяц-вястун, Гэта хлопец-пястун, Легкадумны і звонкі, Як птушка (В.Вярба). Хітра пазірае месяц-лежабока (Я.Купала). Над полем вісіць месяц-паўня (І.Навуменка). Серп-месяц на небе між хмараў брыдзе (Л.Геніюш). І толькі ў мутным шкле часамі Адб’ецца месяц-чараўнік (Я.Колас). Месяц-юнак, круглаліцы, бялявы, поглядам ніжа азёрную глыб (П.Трус). Разведчык-месяц з хмараў выглядае (Л.Геніюш).

@

МОВА. Сродак грамадскіх узаемаадносін; спосаб выражэння думак, пачуццяў.

1. Пра родную беларускую мову: адвечна новая, адвечная, адзначаная ўзнёслай прастатою (аўт.), багатая, баравая (аўт.), бясконцая, вечна жывая, вобразная, вогнетрывалая, вольная, высакародная, вялікая, гаваркая, гарачая, гаючая, глыбінная, гнуткая, гордая, гучная, дарагая, дзівосная, дзіўна жывучая (аўт.), дзіўная, жыватворная, жыватворчая, жывая, жытнёвая (аўт.), звонкая, ільняная (аўт.), іскрыстая, кроўная, крыштальная, крэўная (разм.), лаканічная, ласкавая, любімая, магутная, матчына, мілагучная, мілая, мяккая, найбагацейшая, найчысцейшая, невычэрпная, непаўторная, неўміручая, нязводная (аўт.), няспынна-плынная (аўт.), па-народнаму невычэрпна багатая (аўт.), паэтычная, песенная, праўдзівая, пявучая, раздольна-велічная (аўт.), раздольна-вячыстая (аўт.), раздольная, родная, родненькая, сакавітая, сакаўная, самая славянская, светлая, сівая, сіняя, спеўная, спрадвечная, старажытная, сучасная, сялянская, трапяткая, узнёслая, цвёрдая, цёплая, цудоўная, чароўная, чыстая  грымотная, грымучая, забітая, загнаная, задушаная, убогая.

Наша родная мова... Гнуткая, пявучая, адвечна новая, без якой нельга ўявіць сабе свайго жыцця, як без хлеба, як без паветра (У.Караткевіч). Хто ж нас абакраў зухавата? Хто ў душах святое забіў? Ну хто без віны вінаватай адвечную мову зрабіў? (В.Жуковіч). Аднак жа ніхто з вялікіх не сказаў пра родную мову прыгнечаных, абяздоленага беларуса так, як сказаў гэта ён [Міцкевіч], з эўрапейскай трыбуны назваўшы яе найбагацейшай і найчысцейшай з усходнеславянскіх моў, адзначанай узнёслай прастатой (Я.Брыль). Ільняная і жытнёвая. Сялянская. Баравая ў казачнай красе. Старажытная. Ты самая славянская. Светлая, як травы ў расе. Вобразная, вольная, пявучая, Мова беларуская мая! (П.Панчанка). “І буду, буду пісаць, — зноў усміхнуўся Алесь. — ...Бо недарма ў душы маёй жыве і ўсё крышталізуецца ўпэўненасць, што і нам, шматпакутнікам-беларусам, нароўні з усімі дадзена права жыць сапраўдным жыццём, што і нам, на нашай бясконца, дзіўна жывучай, па-народнаму невычэрпна багатай мове давядзецца яшчэ сказаць чалавецтву наша вялікае, братняе слова!”... (Я.Брыль). Кажуць, мова мая аджывае Век свой ціхі: ёй знікнуць пара. Для мяне ж яна вечна жывая, Як раса, як сляза, як зара (П.Панчанка). Вякамі ёй ходу-жыцця не давалі, Вякамі чынілі насмешкі ды кпіны, Вякамі крыўлялі, глушылі, тапталі, Вялікую мову няшчаснай краіны (Н.Гілевіч). Мова наша — вогнетрывалая, Быццам брэсцкія камяні (П.Марціновіч). О слова — кропелька ў моры Маёй высакароднай мовы (Г.Каржанеўская). Ёсць паданне, што... няўмольна сальюцца мовы зямлі ў адну, няродную нам. І мая безвыходна пойдзе ў змрок..., Трапяткая і сіняя, як васілёк, Гарачая, як прамень... (У.Караткевіч). Я з той краіны..., Дзе песню новую да небакраю Нясе маладосць па шляхах вясновых І плешча мора — вечна жывая, Мая беларуская звонкая мова! (К.Цвірка). Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок. Тая гордая мова, якую й тады не забудзем, Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбіцца змрок (У.Караткевіч). З легендаў і казак былых пакаленняў, З калосся цяжкога жытоў і пшаніц, З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў, З грымучага ззяння бурлівых крыніц, З птушынага шчэбету, шуму дубровы, І з гора, і з радасці, і з усяго Таго, што лягло назаўсёды ў аснову Святыні народа, бяссмерця яго, — Ты выткана дзіўная родная мова (М.Танк). Табе складаю шчыры свой санет, Прапрадзедаў маіх жывая мова (Е.Лось). Ты — шчырага сэрца жывая крыніца, Крыштальная... мова! (М.Танк). Ты [слова] наталяла смяглы рот І выкрасала ўдар грамовы, Каб сам сабою стаў народ, Пачуўшы гукі крэўнай мовы! (Р.Барадулін). Пад столлю вялізнай залы гучала мяккая, як ручаіна, пявучая, як голас птушкі, гнуткая і цвёрдая адначасова, лаканічная мова (У.Караткевіч). Пра цябе [мову], як сонечнае дзіва, І Купала, ды і ўсе мы снілі сны... Ад цябе, ласкавай і праўдзівай, Адракаюцца цяпер твае сыны (П.Панчанка). У любімай мове, роднай, наскай, Ах, якія словы!.. (П.Броўка). Дарагая, магутная мова народа майго! Ты жыць вечна будзеш... (“Полымя”). Я выпешчу, выпушчу ў ранак вясновы, Як птушак, душы запаветныя словы Пасланцамі песеннай матчынай мовы (Т.Бондар). Таму я і іх [песні] да апошняй аддам Зямлі..., якой я вінават за цяпло, За хату з бярвенняў сасновых, За гора і радасць, за цень і святло, За родную матчыну мову (М.Танк). Мілая мова твая, паэтычная, спеўная і гаваркая, яна свеціцца ўсёй чысцінёю крынічнаю, водарам дыхае, быццам вясна (В.Жуковіч). Мова! Як сонца маё беларускае, Ты свецішся словам кожным. Цябе і заворвалі і закопвалі. І ўсё ж нашы продкі праз гора Данеслі да нас цябе, родную, цёплую, Жывую і непаўторную (Я.Янішчыц). Пакіну для памяці знак свой прысутны, — каб слова, што дыхала... не знікла, а ў родныя нетры пранікла... да следу нашчадка — нязводнае мовы (С.Панізнік). Наша мова неўміручая, бо яе захоўваюць усе (У.Караткевіч). Беларуская мова, Маўчання хвілінаю Ушануй аднаго са сваіх старэннікаў: Як і ты, меў павагу, Няспынна-плынная, Да канкрэтных назоўнікаў — Не да займеннікаў (Р.Барадулін). Пявучая родная мова, Ты — уладарка нявызнаных скарбаў (А.Зарыцкі). Не звініць і не льецца Раздольна-вячыстая мова... (Н.Гілевіч). Каб ніколі не чураўся Сваёй родненькае мовы, У якой узгадаваўся, Хоць забыўся дзеля новай (Я.Купала). Спрадвеку хлеб наш сакаўны І мова сакаўная (В.Вітка). Мова і з крыўдай, са скарбамі ўласнымі, што пранесла праз жудасны век, і сівая, і, разам, сучасная, як харошы, жывы чалавек (Л.Геніюш). І будзе мне сэрца грэць Кожным ашчаджаным словам Мая спрадвечная Беларуская мова (Р.Барадулін). Край мой беларускі, край! Дай ты мне паслухаць, дай! Як на лад пявучы Старажытнай мовы Тут гамоняць пушчы, Там шумяць дубровы... (Н.Гілевіч). Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова! (У.Дубоўка). Якія знаёмыя назвы і словы, Якая цудоўная, родная мова! (П.Панчанка). Трэсліся, быццам ад землетрасення, Гвалтоўныя сейбіты сталі рурскай Ад партызанскага вымаўлення Грымотнай мовы маёй беларускай (П.Макаль). Песні пачаў пець той мовай убогай, Якой пагарджаюць горка, нядбала, Пэўна і песняй счураюцца многа, От, ведама, здумаў Янка Купала (Я.Купала). Што ім [простым людзям] іхні лёс, Вялікі й суровы? Што ім, — мо ўжо адкажаш нарэшце ты, — Да загнанай, забітай, задушанай мовы, Іх вялікасць першы вандроўны артыст?.. (У.Караткевіч).

2. Пра ўяўную мову навакольнага асяроддзя (мову прыроды): гутарлівая, даверлівая, задумлівая, звонкая, лапатлівая, неўміручая, панятлівая (аўт.), пявучая, родная, стройная, шапатлівая  самотная, сумная.

Задумлівай, даверліваю моваю Нясе нам любасць мудрае жыццё (К.Кірэенка). І столькі ён [вецер] мне песень новых Пераказаў і нашаптаў На гэтай неўміручай мове Маіх лясоў, азёр і траў (М.Танк). Лісцікі зеленяй хваляцца небу панятлівай мовай: Росамі мыюцца раніцай, Песцяцца сонцам паўднёвым (Я.Купала). О зямля! Ты ўся ў абновах! Ты ў мільён званочкаў звоніш, Ты на ста пявучых мовах Весняй радасцю гамоніш (Н.Гілевіч). І па струнцы па шаўковай Тромкнуў пальчыкам Сымон, — Адазваўся песняй новай, І панёсся стройнай мовай Чуткіх струн удалы звон (Я.Колас). Гэта я з табой вечарую, Туманамі цябе чарую. Васількоў шапатліваю моваю Зачароўваю, зачароўваю (Г.Бураўкін). Я чую дуброў размову І доўгі, працяглы, стогн, І гэтая сумная мова Вядомая мне здавён (П.Броўка).

* Мова-песня.

І ні разачку ніколі Ты не чула, як жыва, Галасоў начных у полі, Ці як шэпчацца трава?.. Як у лесе дрэва з дрэвам Ціха, важна загудзе, І як жыта шумам-спевам Мову-песню павядзе? (Я.Колас).

@

МОРА. 1. Пра колер, велічыню, глыбіню мора; пра стан воднай паверхні, пра гукі мора: асляпляльнае, барвовае, белае, белапеннае, бірузовае, блакітнае, бурштынавае, зіхатлівае, зялёнае, ліловае, прамяністае, светлае, сіняе, сонечна-бірузовае, сонечнае  свінцовае, цёмна-сіняе, чорнае, шэрае; блізкае, бяздоннае, бязмежнае, бясконцае, велізарнае, глыбокае, далёкае, магутнае, неабдымнае, неабсяжнае, неагляднае, раздольнае, шырокае; акутанае смугою, бурлівае, бурнае, гулкае, каламутнае, крутое, мірнае, пеністае, спакойнае, ціхае, шумлівае, шумнае.

Вакол было мора — шырокае, асляпляльнае, гулкае (Е.Лось). Незнаёмае мора клікала змалку мяне. Сіняе-сіняе, чорнае-чорнае, белае і бурштынавае (Н.Загорская). Аднаго яны моцна жадаюць: Пабываць у краёх незнаёмых, Ды зазнаць там і шчасце і гора, І загінуць у хвалях салёных Белапеннага сіняга мора (М.Багдановіч). Днём яно, мора, пяшчотнае, сонечнае, бірузовае (Я.Брыль). У блакітным моры прамяністым Белы ветразь зіхаціць на хвалі... (“Маладосць”). Як вокам кінуць да самага таго месца, дзе неба зліваецца з зямлёй, цягнецца зялёнае мора (І.Шамякін). Яно [мора] ляжала спакойнае, сіняе, светлае, акутанае ўдалечыні ласкавай смугой (М.Стральцоў). Днём яно, [мора] пяшчотнае, сонечна-бірузовае (Я.Брыль). Ад плошчаў да лісточка на вярбе Мы зноў цябе стварылі, родны горад, І рукатворным цёмна-сінім морам Завабілі мы чаек да сябе (П.Панчанка). Раніца. Шэрае, нізкае неба. Шэрае, ціхае мора (Я.Брыль). Ляжала яно [мора] недзе за сопкамі,... блізкае... (М.Стральцоў). Бязмежнае роднае мора, Ляцяць альбатросы, ляцяць (М.Хведаровіч). Зноў па моры бясконцым, Што шумела пад сонцам, Дзядзька вёз іх назад (А.Куляшоў). ...Задарожны верыў, што спявала жанчына на беразе ціхага і далёкага мора, і таму так доўга і журботна ляцела песня над вадою... (А.Жук). Цяпер мора, магутнае, неабдымнае, каціла свае неўгамонныя хвалі... (М.Ваданосаў). ...Неспакойна хвалявалася свінцовае мора (Я.Бяганская). Навокал разляглося неабсяжнае каламутнае мора (Я.Маўр). Ах, рака — рука крутога мора, Ты не знаеш, што такое змора (П.Макаль). Каспійскае мора! Раздольным і сінім Прыйшло на спатканне ка мне ты (П.Панчанка). Час адлёту настаў. Важака выбіраюць. Ды такога, які Бачыў мора бурлівае... (М.Танк). Сонца ў моры купаецца бурным (А.Александровіч). Мора прачыналася ціхае-ціхае У сонечных струменях (В.Вярба). Далёкі бераг пеністага мора, З шырынь паўночных сцюжныя вятры... (А.Звонак). Плешчацца мірнае мора, Чайкі плывуць ў далячынь (М.Танк).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (мора): бяскрыўднае, зваблівае, ласкавае, нязморанае, нястомнае, палоненае берагамі, прыгожае, пяшчотнае, радаснае, роднае, трапяткое, цудоўнае, чароўнае  грознае, злавеснае, млявае, недаступнае, непрыветнае, няўтульнае, разгневанае, раз’юшанае, свавольнае, стомленае, тамлівае (разм.), шалёнае, шчымлівае.

Мора ціха ўздыхала — роўнае, шэрае, бяскрыўднае... (В.Хомчанка). Мора ляжала недзе за сопкамі, зваблівае і блізкае, але пакуль недаступнае (М.Стральцоў). Мора ляжала радаснае, ласкавае... (У.Карпаў). Тысячагоддзямі бурлі, нязморанае мора (П.Прыходзька). Нястомнае мора падкідвае раз’юшаныя хвалі ў самае неба (З.Бядуля). Палоненае берагамі Рычыць і кідаецца мора (П.Макаль). Днём яно, мора, пяшчотнае... (Я.Брыль). Там ты, аміка, успомніў бы роднае мора (Я.Брыль). Ходзіць мора трапяткое, Паднімае вал... (С.Грахоўскі). Ціхае і ласкавае, грознае мора, З валам дзевятым... Злавеснае... (Н.Загорская). І было мора — прыгожае пад ранішняй смугой і тамлівае, млявае пад дзённым сонцам (М.Стральцоў). Вось ты калышашся, мора — чароўнае, ціхае мора! (Я.Брыль). Разгневанае, непрыветнае мора Сягоння бушуе ўвесь дзень за кармой (М.Танк). Горад знае, Што ў моры раз’юшаным зараз Можа быць чалавек (К.Кірэенка). Б’е паводкай бяскрылая Пціч Ці свавольнае мора наперадзе? (А.Пысін). Качалася ў пяску, як жарабец З сукрыстай грывай, стомленае мора (Е.Лось). Шчымлівы пах мора. Што ён нараджае ў сэрцы?.. Шчымлівую горыч, шчымлівыя мроі, шчымлівае мора (П.Марціновіч).

* Мора-веліч, песня-мора.

Слова гучнае, як горы, Ці як зоры — з дзён даўных, Мора-веліч, Песня-мора, Мора колераў усіх (П.Броўка).

@

МОРАК (мрок). Змрок, цемра: вячэрні, ласкава-спагадлівы (аўт.), ласкавы, мяккі, патайны, плыўкі, роўны, цёплы, ціхі  бяздонны, бязмоўны, гнятлівы, грозны, душны, маўклівы, непраглядны, непранікальны, сіні, сумны, тужлівы, цяжкі, чорны, шызы, шэры.

І не паможа мне... Ні гэты морак, ласкава-спагадлівы (Н.Гілевіч). І нават уначы, у мяккім мораку, Мне добра бачна — лепей не ўявіць — Маленне рук [Марыі Занькавецкай] (Н.Гілевіч). Сціраюцца яркія тоны, Напоўзвае мрок патайны (Я.Колас). Світала. Шызы морак плыўкі Сплываў у закуткі на дзень (Н.Гілевіч). У цёплым і ціхім вячэрнім мроку засынала дзіва-возера (“Беларусь”). Церушыўся мрок бязмоўны, І п’яніў мяне язмін (Я.Колас). Сцяпан устаў... Тут морак душны (Н.Гілевіч). У бяздонным і чорным мораку калодзезя нічога не было відаць (І.Шамякін). Ноч землю туліць цяжкім мрокам (Я.Колас). Ноч настае, І мрок маўклівы крадзецца... (Я.Колас). Кладзе вялікай ночы шэры морак Сваю далонь на белыя шатры (А.Звонак).

* Морак-цішыня, мрок-цень.

А постаць круць! — і шыбкім крокам Назад — у морак-цішыню (Н.Гілевіч). Пройдзе ноч, згіне цьма, Непаглядны мрок-цень (Я.Колас).

@

МОХ (імхі). Бела-кудзелісты, белы, жоўта-буры, жоўты, зеленаваты, зялёны, калматы, кудзелісты, кудлаты, ласкавы, мяккі, пушысты, сівы, срабрысты, срэбны, ссівелы, ярка-зялёны  адталы, бледны, іржавы, пажоўклы, парыжэлы, паўзучы, рыжы, слабенькі, сухі, тлусты, цёмны, шорсткі.

Анюта памагала яму [Мікульскаму] вырваць боты..., памагала выціраць іх аб мох — то зялёны, то бела-кудзелісты (П.Місько). Я бачу... Ядлоўцаў шэрыя аблокі, Дзе белы мох, сівец убогі... (Я.Колас). Ногі правальваліся па калена ў жоўта-буры мох... (Л.Дайнека). Дыміцца жоўты мох, птушыны спеў замоўк, І млеюць яшчаркі зялёныя ад смагі (П.Панчанка). Дол, усланы, што коўдраю, сухім зеленаватым мохам (П.Броўка). Крочу па зялёным мяккім моху (М.Шыманскі). Як мне мілы тыя хаты, Дзе красуе мох калматы На старэнькай стрэсе (Я.Колас). Убіраў стрэхі мох кудлаты (Я.Колас). Ласкавы, мяккі мох Нячутна лёг, Нібы сняжынак Зорачкі зялёныя (Р.Барадулін). Паўзучы мох на адзінокіх плітах; Тут “у вайну” гулялі хлапчукі (А.Пысін). Зялёны дах, тоўсты ад тлустых, пушыстых імхоў (У.Караткевіч). Каля падножжа [сосен] слаўся сівы мох (Т.Хадкевіч). Дол у прагалах між дрэвамі, нібы дываном, зарос срэбным мохам (І.Навуменка). Сярод ярка-зялёнага, як быццам падсвечанага знутры, моху вогненна чырванелі шапкі сыраежак, чырвонагаловікаў (М.Капыловіч). Цягнула парнасцю, адталым мохам, смалой (А.Кудравец). З-пад гэтай перапрэлай за многія гады коўдры сям-там праглядваў бледны, як вымачаны, мох... (У.Дамашэвіч). Вясенні вечар на ўзлессі сінім. Бярэзнічак. Іржавы мох балота (У.Караткевіч). Хвоі высяцца, нібы вежы, Над пажоўклым імхом палян (П.Панчанка). Ён [Хведар] раптам спыніўся, уражаны тым, што, як жывую, пачуў пад нагамі пакрытую слабенькім мохам і ігліцаю зямлю (А.Жук). Сосны, елі, хвоя, хвошчы, Цёмны мох. Чую я — лясун касматы Тут залёг (М.Багдановіч). “Якое шчасце — жыць...” — шукаючы скалелымі пальцамі паміж шорсткага моху журавін, думаў Барыс Аляксеевіч... (Л.Дайнека).

@

МУДРАСЦЬ. Абозная (аўт.), антычная, бязмежная, векавечная, верная, вечная, высокая, вялікая, жыццёвая, загадкавая, зямная, крылатая, народная, практычная, простая, світальная (аўт.), цудоўная, ясная  бязмоўная, жорсткая, журботная, нудная, суровая, халодная.

Абознай мудрасці тайком паклонімся. Ўсё з намі, з часам Талстой на коніку мышастым, Гамер з арэхавым кійком (А.Пысін). І была заўсёды бязмежная мудрасць нашых жанчын: клапаціцца, каб жыццё не спынялася... (“Беларусь”). Чаму было не паверыць векавечнай мудрасці: сцерпіцца — злюбіцца (І.Мележ). Сама цішыня, як дзіця, Садзіцца пры нас на калені, І мудрасцю вернай жыцця Прасвечваюць нас струмені (К.Камейша). І слоў... гарачае дыханне... Высокай мудрасцю душу кране (А.Звонак). [Бобрык:] — За касільна трымацца вялікай мудрасці не трэба (І.Дуброўскі). Яна ўсміхаецца нейкай сваёй думцы... У ёй загадкавая мудрасць (Л.Арабей). Задуменны я прыйшоў дахаты, Крылатай мудрасцю багаты (Л.Галубовіч). Я прыходжу паслухаць Світальную мудрасць дубровы (П.Макаль). І мудрасць ясная і простая заўсёды — Ў бядзе краіне памагчы... (“Маладосць”). І ўсюды мудрасці бязмоўнай Ляжыць спрадвечная пячаць (Я.Колас). Ах, якая ты жорсткая ўсё-такі, мудрасць людская! (Н.Гілевіч). З журботнай мудрасцю пяці стагоддзяў глядзеў ён [Скарына] на свой горад (У.Арлоў). Такая туга, што не знойдзеш і месца, Ну хоць бы адна да вясёласці кладачка! Нібыта сядзіш адзінокі на месцы І слухаеш нудную мудрасць дакладчыка (П.Панчанка). І баюся студзіць сваёй разважнасцю і мудрасцю халоднай во гэтае свята неслухмяных ліній [малюнкаў], яшчэ не зведзеных ні ў якія параграфы вучоных кніжак (Я.Сіпакоў).

@

МУЗЫКА.Агністая. агнявая, аптымістычная, бадзёрая, баявая, бравурная, бурлівая, бурная, велічная, высокая, вялікая, вясёлая, гарэзная, гордая, грацыёзная, густая, гучная, далёкая, дзівосная, дзіўная, жывая, жыццёсцвярджальная, жыццярадасная, задуменная, задумлівая, задушэўная, звонкая, зладжаная, імклівая, імпэтная, казачная, крыштальная, ласкавая, летуценная, лёгкая, магутная, непаўторна-прыгожая, непаўторная, няспынная, прыглушаная, прыгожая, прыцішаная, пяшчотная, радасная, родная, сардэчная, святая, сіняя (аўт.), скочная (аўт.), срэбная, узвышаная, узнёслая, урачыстая, цікавая, ціхая, цудоўная, чароўна-летуценная (аўт.), чароўная, элегічная, яркая  аднатонная, дзіка-магутная (аўт.), дзікая, жаласная, жудасная, журботная, журлівая, сонная, страшная, сумная, суровая, траскучая, цягучая.

Агністая музыка чардаша хвалявала, напаўняла ўсю істоту незвычайнай імклівасцю (ЛіМ). Думкі ўзвышае... музыка рухаў — яна агнявая (І.Калеснік). Гэта ад яго [радыёпрыёмніка] ляціць, грыміць такая бадзёрая імпэтная музыка (М.Гамолка). Ідзе пятнаццаты Браўншвейгскі пяхотны полк... О, якая высокая, урачыстая, баявая музыка! О, які марш! (Э.Самуйлёнак). Над качарэжкамі галоў, Над гаманой каснаязыкай — Не трэба нам вялікіх слоў, Даволі музыкі вялікай (У.Някляеў). Тады мне адкрыўся рытм, элегічная і велічная музыка... (Я.Сіпакоў). Поўняцца прасторы музыкай бурлівай (В.Матэвушаў). Ізноў густая, высокая музыка аргана загрымела ў Алесіных вушах (В.Адамчык). Гучная музыка ўрываецца ў навушнікі (Э.Самуйлёнак). Звінела мора прыцішанай, зладжанай музыкай (І.Навуменка). У дрэвах, лістах і былінках пераклікаюцца птушкі, казуркі, і іх галасы зліваюцца ў адну сімфонію дзівоснай музыкі жыцця (Я.Колас). Скрыпачка іграла натхнёна, і са звонкіх струн злятала дзіўная музыка, казачная, крыштальная, імклівая... (“Маладосць”). Магутная музыка гімна... нібы хвалі вялікай вады, абрыналася ў душу вясковага парабка (Я.Брыль). Бор поўніўся няспыннай музыкай... (К.Кірэенка). А навокал сонца... і ціхая, нібы прыглушаная, музыка з якогасьці акна... (Я.Сіпакоў). Колькі ў адной копцы свежага сена Музыкі радаснай! (М.Танк). Задуменная музыка лесу настройвае на роздум, на летуценную развагу (І.Навуменка). Далёкая, родная музыка слоў... яна сама прыйшла наверх з глыбіняў Алесевай памяці (Я.Брыль). Новая мелодыя паўставала з нейкай смугі, няяснасці, з сіняй раніцы ці... з сіняга вечара? Баркарола? Ах, гэта яна, тая сіняя музыка! (В.Карамазаў). Люба чуці табе скочнай музыкі звон (Я.Купала). Хацелася паслухаць цікавую музыку, якую складалі дробненькія хвалькі (Я.Колас). Шум ветру за акном пераходзіць у ціхую музыку (К.Чорны). Ціхая ласкавая і пяшчотная музыка няспынна лілася, напаўняючы залу радасным спакоем (Э.Самуйлёнак). Над галавой Максіма гулі правады, якія неслі ў вёску гэтую цудоўную музыку (І.Шамякін). З хаты пачулася чароўна-летуценная музыка (К.Кірэенка). У душы ў цябе гучыць чароўная музыка, ты ўвесь у палоне гэтай музыкі (Б.Сачанка). Гэту срэбную музыку скрозь чуў маёр (А.Куляшоў). Непаўторна-прыгожая, дзіка-магутная музыка! І вось ужо па плацы, дзе калісьці блішчала мундзірамі і тлустымі тварамі чорная царская стаўка, разгарнуўся шырокі народны мітынг (М.Зарэцкі). Над лесам струменіць разліў, Як музыка гукаў жывая (Я.Колас). Прыёмнічак адразу азваўся ціхай жаласнай музыкай (І.Пташнікаў). Яны [Васіль Дзянісавіч і Антось] стаялі на вуліцы і з заміраннем сэрцаў слухалі жудасную музыку (І.Мележ). З-пад Нёмана ляцеў трывожны крык сялян і чуўся плач жанок; усе гэтыя зыкі зліваліся ў страшную музыку якогась няшчасця (Я.Колас).

* Цуда-музыка.

А цуда-музыка гучала Усё званчэй, усё званчэй (Н.Гілевіч).

@

МЯСЦІНА (мясціны, месца). Тэрыторыя, прастора, мясцовасць: аблюбаваная, багатая, блізкая, вольная, вясёлая, гасцінная, далёкая, дапушчаная ў сэрца (аўт.), дарагая, добрая, запаветная, любая, любімая, маляўнічая, мілая, нагледжаная, недаступная, незабыўная, непаўторная, прыгожая, прынадная, радзімая, райская, родная, слаўная, спакуслівая, таемная, таямнічая, травяністая, ціхая, цудоўная, чароўная, шчаслівая  глухая, дзікая, змрочная, пустая, страшная.

Любіў я прыходзіць на сваю аблюбаваную мясціну, чакаючы рыбацкага шчасця (К.Кірэенка). Куды закіне яго [Кастуся] доля — у блізкія ці далёкія мясціны, — яшчэ невядома (С.Александровіч). Я не забуду ні сяброў, ні той гасціннае мясціны! (Э.Агняцвет). Канстанцін Міхайлавіч павёў нас па прыцярушаных сняжком лясных сцежках... і мы пасябравалі з нагледжанымі і дапушчанымі ў яго сэрца мясцінамі (М.Лужанін). Гэта запаветная мясціна, дзе, як па кнізе, ён [Алесь] можа прачытаць, згадаць усё перажытае-перабытае... (І.Дуброўскі). Перад вачыма стаялі маляўнічыя мясціны азёрнага краю (С.Александровіч). Ніна крыху паблукала між дрэў, шукаючы прынадную мясціну (І.Мележ). Радзімыя мясціны, два гады я не хадзіў, Не падзяляў я з вамі высокага ляснога суму дрэў (А.Куляшоў). Колькі я за жыццё спажыў хараства прыроды... Над ціхай рачулкай у родных мясцінах (Я.Брыль). Князь калісьці ўпадабаў Слаўную мясціну, Замак тут пабудаваў У падарунак сыну (Н.Гілевіч). Колькі разоў мы пачыналі думаць пра тое, каб некуды з’ехаць, далёка-далёка, у таямнічыя, нікому не даступныя мясціны (М.Стральцоў). З якой хвіліны вядзе сваю сцежку зачараванасць красою бацькоўскага краю, смутак па мясцінах непаўторных і незабыўных... (К.Кірэенка). Акінчыцы, потым Ласток — гэта ціхія і прыгожыя мясціны чароўнага роднага краю (С.Александровіч). Трохі вудзілі, прыпыніўшыся ў спакуслівай мясціне, а больш любаваліся (Я.Брыль). Вясной яны [дубы] апранаюцца ў зеляніну амаль разам з бярозамі..., бо растуць... у вельмі травяністых мясцінах (М.Лупсякоў). Не дачакаўшыся,... пайшоў на шчаслівае месца і зноў, прыгнуўшыся, пусціў блешню за борт (Я.Брыль). Тут Адась Гушка спаткаў ажыўленне: рэвалюцыя ўжо ўскалыхнула гэтае глухое месца (К.Чорны). Якое дзікае страшнае месца! Гэты сум закрадаецца ў Ігнасёву душу, і мястэчка здаецца такім непрывабным, чужым і маркотным (А.Чарнышэвіч).

@

МЯЦЕЛІЦА (мяцель). Белагрывая, белая, вясёлая, гарачая, гулкая, густая, звонкая, іскрыстая, пявучая  буйная, грозная, дзікая, дрымучая, жахлівая, злая, злосная, калматая, кудлатая, ліхая, лютая, марозная, пенная, пругкая, раз’юшаная, сляпая, сп’янелая, страшная, халодная, шалёная, шумная.

Надыдзе люты, і белагрывыя гулкія мяцеліцы загудуць у полі (З.Бядуля). Разгулялася вясёлая мяцель, Прабудзіўся, ў поле кінуўся Падвей... Доўга, доўга будзе цешыцца Падвей! Калі ж зваліць хмель у пуховую пасцель, — Белы снег яго схавае між палей, Замяцець, уложыць буйная мяцель (М.Багдановіч). Зашастала, зашастала раз’юшаная мяцель, гарачая, іскрыстая, пявучая... (М.Дукса). Я ў песню пралью твае [дзяўчыны] думы, І разам спяём гулкім голасам Пад дзікай мяцеліцы шумы (Я.Купала). З родных ніў і лясоў вецер радуе, хмеліць, — Самы час маразоў і дрымучых мяцеліц (М.Маляўка). А за вокнамі кудлатая мяцеліца Белай пенай, белай хмарай звонка сцелецца (М.Танк). Усю ночку лютая кружыцца мяцеліца (Э.Валасевіч). Буран па хвалях нёсся ўдалі, Узняўшы пенную мяцель (М.Машара). І доўга... пахла снегам, марозам і пругкай мяцеліцай... (Я.Сіпакоў). Сіва-белым агнём Пойдзе дуба сляпая мяцеліца (З.Бядуля). Па вулках вее дзікі хмель, Гудзіць сп’янелая мяцель (М.Багдановіч).

@

НАВАЛЬНІЦА. I. Моцны дождж з маланкай і громам: агністая, асвяжальная, ачышчальная, бурная, вясновая, зіхатлівая, зіхотная, летняя, прадвесняя, урачыста-святочная, урачыстая, цёплая, шчодрая, шырокая  буйная, бязлітасная, грозная, грымотная, гулкая, далёкая, жахлівая, жудасная, лютая, моцная, небывалая, нечуваная, парная, пякельная, разгневаная, разлютаваная, раз’юшаная, страшная, халодная, шалёная.

Між гулу і грому, дзе ўсё закіпала, Заварана той навальніцай агністаю, Нібыта ўсплакнула [чайка], на хвалю прысела... (А.Бялевіч). Зямля смягла і прасіла асвяжальнай і моцнай навальніцы (П.Пестрак). Я навальніцы люблю ачышчальныя, Што працінаюць да донца душы (П.Панчанка). Заўсёды пасля бурнай навальніцы Клякоча над разбураным гняздом Ды арлянят падлічвае арліца (К.Кірэенка). [Я.Колас] слухаў песні лясных жаваранкаў, радаваўся гулкім вясновым навальніцам (С.Александровіч). Не, не сціхлі ў душы навальніцы далёкай грымоты (Н.Гілевіч). Жахлівая навальніца пранеслася над вёскай, паздзірала стрэхі хат, бурлівым патокам паплыла праз гароды (“Маладосць”). Вадзім Мікалаевіч любаваўся гэтай, відаць, апошняй за лета цёплай і ўрачыста-святочнай навальніцай. Яна была шырокая, на ўсё небе, і зіхотная, як казка (М.Гамолка). А цішыня на дзіва. Не верыцца, як гэта яна ахінула наваколле так раптоўна пасля кароткай, але шалёнай летняй навальніцы (І.Пташнікаў). І подых нечуванай навальніцы Кранаецца даверліва шчакі (С.Законнікаў). Амаль кожны дзень к вечару збіраліся парныя навальніцы... (М.Лупсякоў). Таму няма патрэбы ў звон набатны біць, Калі пасля грымот і навальніц прадвесніх Пабачыце ўзарваны брук ля камяніц Жывымі, маладымі парасткамі песні (М.Танк). Паўвека, мабыць, не было такой пякельнай навальніцы (С.Грахоўскі). Над Дняпром раўла страшэнная навальніца (У.Караткевіч). Адбіўся крок дарожным пылам Пад буру шчодрых навальніц (В.Вярба). Небывалая навальніца, разгневаная і грозная, пранеслася кароткім ураганам (“Маладосць”).

II. Бурныя, грозныя падзеі: агнявая, баявая, ваенная, вялікая, грозная, крывавая, ліхая, лютая, расцугляная (аўт.), сакрушальная, смяротная, франтавая.

Адшумелі гарачыя дні Баявых, агнявых навальніц (М.Хведаровіч). Ваенная навальніца насоўвалася (Я.Колас). Знайце, злыдні, Хто пасее вецер, — Навальніцу грозную пажне (А.Звонак). Ішлі, як хвалі, орды Пад грозныя акорды крывавых навальніц... (Я.Колас). Клічуць мяне ля расстайных дарог Сосны, якіх я ад куль не збярог, Нівы, якіх ад ліхіх навальніц Мне не ўдалося грудзямі закрыць (М.Танк). Палкасць — бліскавічная, крывая, Зводня расцугляных навальніц, Голас твой заве і акрыляе... (Р.Баравікова). Сакрушальная, смяротная навальніца пранеслася праз наш край, нашы душы, і кожнага чацвёртага беларуса забрала... (“Беларусь”). Мільёнаў пяць! А паміж імі Былі такія, што пралеглі Праз франтавыя навальніцы, Праз агнявыя небасхілы, Над нашым партызанскім краем (М.Танк).

@

НАДЗЕЯ. Бясхмарная, вялікая, вясёлая, гарачая, глыбокая, дзівосная, дзіўная, добрая, жыватворчая, жывая, жывучая, залатая, зямная, іскрамётная, крылатая, палкая, патайная, прывабная, радасная, ружовая, салодкая, светлая, святая, сумленная, таемная, тамлівая, трапяткая, цвёрдая, цёплая, ціхая, цудоўная, чалавечая, шчаслівая, ясная  адважная, адчайная, балючая, баязлівая, безразважная, гаротная, згаслая, кволая, маленькая, невыразная, нясмелая, няясная, падманлівая, пакутлівая, пакутная, прытушаная, слабая, трудная, тужлівая.

Святло трапяткое ў табе Паўторыцца... надзеяй бясхмарнай (Т.Бондар). Пойдзем, сушачы вечных крыві й слёз разводдзе, К лепшай долі з вялікай надзеяй, Пойдзем, пойдзем туды, адкуль сонца ўзыходзе, Адкуль вецер прыветлівы вее (Я.Купала). Ты той, каго няма са мной Ні ў будзень, ні ў нядзелю. Ды цеплю я (якой цаной!) Вясёлую надзею (Я.Янішчыц). Жыла надзея, глыбокая, таемная: вось-вось нешта павінна змяніцца (І.Шамякін). ...А ў душы ўсё расла дзіўная надзея на тое, што Нямко раптам загаворыць... (А.Кулакоўскі). Ледзь толькі неба пацямнее, Пяюць штоночы салаўі, І горкі смутак дум маіх вяселяць добраю надзеяй (П.Глебка). Жыватворчая надзея землю абняла (Я.Колас). Пакідаю я тайна пад час развітання Разам з сэрцам жывыя надзеі свае (А.Бачыла). Ад вас [зыкаў] я набраўся надзеі жывучай... каб вярнуцца ў свой кут (А.Гурло). Пад святлом іскрамётных надзеяў рассыпаецца ў попел страх... (Л.Геніюш). Спускаліся ў лона даліны Крылатай надзеі старацелі (А.Звонак). Ад радаснай надзеі сунялося бомканне ў галаве... і Наста смела кінулася ўніз з касагора (А.Савіцкі). Але, каб не зводзіць салодкіх надзей каня, ён [дзед] узяў жменю сена і панёс да жолаба (Я.Колас). Узыходзіць сонца светлаю надзеяй На пагодны ранак і красу зямлі (С.Грахоўскі). А нашы радасці і слёзы, Надзеі светлыя, пагрозы І ўсё, чым жыцце нас вітае, Яно адзначнасці не мае (Я.Колас). Мы радкі пакідаем жывымі, І паслужаць яны сувязнымі Нашых дум і сумленных надзей (А.Пысін). Патайная тамлівая надзея... раптам пачала чахнуць і астываць (В.Адамчык). Усё перамешана з тугою і смагаю, з потам і слязьмі, з адчаем і — са святой чалавечай надзеяй (Я.Скрыган). Сумныя весткі і трапяткія надзеі насіў... Пракоп у пакамечаных салдацкіх трыкутніках (А.Васілевіч). Даруйце мне, клёны, даруйце мне, зоры... І ты, не апетае мною каханне, Шчаслівых надзей маладая зара (Н.Гілевіч). Мей надзею ў сэрцы ясную, Што не век зіма... (Я.Купала). А ў свеце, дзе столькі балючых надзей, Жывём, як на атамным полі (Я.Янішчыц). І вось спынілася, анямела сэрца: Ганна ідзе. З нейкім страхам і баязлівай надзеяй... ступіў насустрач (І.Мележ). З надзеяй гаротнай, З слязою чырвонай Блуджу я, маркотны, Па родных загонах (Я.Купала). У Марыны Паўлаўны занялася кволая невыразная надзея (М.Зарэцкі). І цяпер вось горы — Лахтальскія Альпы — невядомы, загадкавы, ніколі нябачаны край, і ў ім — маленькая трудная надзея прыдбаць волю (В.Быкаў). Нясмелая, падманлівая надзея выбавіцца з гэтага становішча падтрымлівала чалавека... (К.Чорны). Агонь патушаных надзей То ўспыхваў полымем, то гас (А.Бачыла). Арлянят падлічвае арліца. І песціць тых, што жывы, пад крылом, І кліча тых з тужліваю надзеяй, Каго разбіў аб скалы цяжкі гром (К.Кірэенка).

@

НАПЕЎ. Весні, вясельны, вясёлы, гаючы, дзіўны, жніўны, задумлівы, наіўны, непагасаючы, прыгожы, родны, салодкі, трапяткі, цудоўны, чароўны, шчаслівы  аднастайны, аднатонны, бясплодны, журботны, журлівы, невычэрпна тужлівы (аўт.), самотны, сумны, сумотны (разм.), хітраслівы (аўт.).

Ды зноў дыхнулі Веснія напевы, І зноў прасторы Нашы ажылі, І ў час расплаты Ссечаныя дрэвы На суд Жывымі сведкамі прыйшлі (М.Танк). Жніўны напеў змяняецца вясельным (Я.Брыль). Дзіўны, гаючы напеў старадаўняй песні хваляваў, нёс палёгку збалелай душы (“Маладосць”). У пустым гулкім доме недзе чуўся дзявочы напеў — прыгожы, задумлівы (М.Ракітны). І доўга чуў я ў аддаленні Непагасаючы напеў (А.Пысін). Жыве яна, песня... Як песня аўсянкі — не аднастайны, не, а невычэрпна тужлівы, салодкі, наіўны напеў над аціхлым пад вечар калоссем на ўзлеску (Я.Брыль). На мяне пазіраюць Маўкліва цымбалы, якія Не паспелі рассыпаць Напевы свае трапяткія (П.Макаль). А голас чароўны з тугою звінеў Пра птушку маленькую з хворымі грудкамі. Сціскаў нашы сэрцы журботны напеў... (П.Панчанка). Чароўны напеў роднай зямлі ляцеў, здаецца, з-за высокіх гор... (Т.Хадкевіч). Наплывае самотны напеў, Я прадоўжыць яго — нават голас мне дай — Не бяруся (У.Някляеў). Над стрэшкай працягла сасонка Шушукала з ветрам адным, Над вухам камарык гуў тонка Напевам сумотным адным (Я.Колас). Адзін толькі вецер любіў часта варушыць лісцё гэтага Дрэва, гойдаць яго галінкі і шаптаць яму хітраслівыя напевы (Я.Колас). А вецер бясплодныя дудзіць напевы (Я.Колас).

@

НАРОД. Вольны, вялікі, вясёлы, гасцінны, гераічны, горды, дарагі, дбалы, дружны, дужы, кампанейскі, клапатлівы, лагодны, малады, міласэрны, мілы, многапакутны, незвычайны, незласлівы, непарушны, непераможны, нячынны, просты, родны, ціхі, цудоўны  абнядолены, акаваны, грозны, загнаны, закаваны, змучаны, зняволены, прыгнечаны, прыніжаны, скуты, сумны, сярмяжны, цёмны.

Сям’і народаў вольных, дружных Прызнанне [Катлярэўскі] шчырае прымі (М.Танк). Не вырвеш з нас жывую душу, Бы з дзёснаў слабых набалелы зуб, Бо мы народ вялікі, непарушны, Народ, што да зямлі прырос, як дуб (У.Караткевіч). Вёскі, мястэчкі абапал дарогі, Дбалы, гасцінны народ (Я.Колас). Народ устане з новай сілай Непераможны, горды, грозны (М.Танк). Я сам гаспадар неабсяжнай краіны І верны слуга дарагое айчыны, Народа майго гераічнага сын... (П.Глебка). Я не бачыў больш незласлівага, лагоднага і кампанейскага народа [беларусаў] (У.Караткевіч). Усё, да апошняй пясчынкі зямлі На ўзоранай трактарным плугам раллі, Ад краю — у край, ад заходу — да ўсходу, Належыць майму маладому народу (П.Глебка). А ў доме на волі, на строме жыве незвычайны народ. Народ гэты просты, нячынны... (Е.Лось). Долю каб бачыў у родным народзе, А быў бы шчаслівы Янка Купала (Я.Купала). Многа паэзіі ў гэтай прыгожай краіне [Сербіі], у гэтым цудоўным народзе! (Я.Брыль). Усюды броіў самазбродам [баярын], Тварыў закон свой і свой суд Над абнядоленым народам (Я.Купала). О! Веру, веру, што загнаны Мяне не здрадзіць мой народ, Але ён цёмны й акаваны, І бедны думак яго ўзлёт (Я.Купала). То не рой груганоў падымаецца... Гэта гурты казакаў злятаюцца Закаваны народ катаваць (Я.Купала). Там накрыж бізуном крывавым Запісана на спінах дзён Народу змучанага права... (П.Глебка). Я межы бачыў, на якіх Нядолі рос асот, Муры астарожныя, і ў іх — Зняволены народ (М.Танк). Ужо мінула дваццаць год, Як на законы самаўладства Паўстаў прыгнечаны народ (П.Глебка). І далей па пясчаных абшарах Пойдзе скуты народ пад ярмом, Пакуль гнеў зноў збярэцца ў хмару І не ўдарыць з маланкаю гром (М.Танк). Многапакутны народзе ты мой, Хутка ўбачыш светлае ранне, Сонца свабоды па-над зямлёй (М.Танк). Як у свята купальскае, сонца, Свой жывы абнаўляеш паглёд, Аднаві славу нашай старонцы, Аднаві яе сумны народ! (Я.Купала). Глянь на нашы вёскі, хаты, На шнуры, на край, На народ зірні сярмяжны І тады пытай (Я.Купала). Цёмны, цёмны народ гэты, Трудна і сказаць, Абарваны, неадзеты... (Я.Купала).

@

НАСТРОЙ. 1. Пра добры, радасны настрой: бадзёры, баявы, бесклапотны, бестурботны, бойкі, бравы, бэзавы (аўт.), вальготны, высокі, вясенні, вясёлкавы (аўт.), вясновы, гарэзлівы, гасцінны, гаючы, гулкі, гуллівы, дзівосны, дзіўны, добры, жыццярадасны, задаволены, зямны, лагодны, ласкавы, летуценны, лёгкі, лірычны, мажорны, малітоўны, музычны (аўт.), натхнёны, незразумелы, паэтычны, працавіты, прыгожы, прыўзняты, радасна-ўрачысты, радасны, рамантычны, расчулены, роўны, светла-ўрачысты, светлы, святочны, святы, спакойны, стрыманы, уздымны (аўт.), узнёслы, урачысты, хвалююча-млявы (аўт.), ціхамірны, ціхі, цудадзейны, цудоўны, цымбальны (аўт.), шчаслівы.

Па першым марозіку дзяўчына бегла з нейкім узнёслым і бадзёрым настроем (“Маладосць”). Грамадою валодаў бойкі, уздымны настрой (Ц.Гартны). Ніна ішла лёгка, з нейкім радасным, бестурботным настроем (І.Мележ). Дзякую за бэзавы настрой, Дарагія хлопцы і дзяўчаты! (Н.Мацяш). І, як сонца, высокі настрой. Як сонцава цяплынь, абымае сэрца радасць бязмежная (М.Лынькоў). Тады Карызна — ужо зусім з лёгкім вальготным настроем — стаў апавядаць пра свецкія падзеі (М.Зарэцкі). Вясёлкавы настрой у душах калгаснікаў акрыляў, сеяў надзеі... (П.Пестрак). Настрой вясновы, ласкавы бадзёрыў... (Р.Мурашка). ...Гарэзлівы настрой змяніўся задумлівасцю, засяроджанасцю (Г.Бураўкін). Мяне ўсяго напаўняла радасцю, дзіўным, цудадзейным, гаючым настроем (Б.Сачанка). На Максіма сыходзіў незразумелы, дзіўны настрой, падкрадваўся смутак (М.Стральцоў). Уставіць слова і жонка, калі гаспадар у добрым, гасцінным настроі (А.Кулакоўскі). Я, каб не перашкаджаць ягонаму [Коласаваму] задаволенаму настрою, не абзываўся... (П.Броўка). Усмешку гор бяру У свой зямны настрой (А.Пысін). Ды тут, як кажуць, жыццё ўнесла папраўку ў наш паэтычны, амаль малітоўны настрой... Пачулася тахканне матора, а потым глухія падводныя выбухі... (Я.Брыль). Лапаткі ажно ўздрыгваюць ад зябкасці, а зубы вось-вось увойдуць у зусім музычны, у цымбальны... настрой (Я.Брыль). Ёй [Васіліне] падабаліся і гэтая мітусня, і гэтыя людзі з працавітым настроем (Т.Хадкевіч). Уначы ішоў дождж. Аднак гэта не псавала агульнага радаснага, святочнага настрою (І.Шамякін). У яго [мастака] жыцці была вясна светлага настрою і прадчування цікавай работы (В.Карамазаў). Быў настрой ва ўсіх... радасна-ўрачысты (Н.Гілевіч). Зялёная трава, зялёныя дрэвы, блакітнае неба, сонца — усё гэта стварала светла-ўрачысты настрой (Я.Сіпакоў). Усе былі ахоплены нейкім святым настроем... (К.Чорны). Вярталася Волька ад суседзяў лагодная, у нязвыклым для Казіку ціхамірным настроі (М.Стральцоў). Салдаты пасмейваліся. У кожнага быў хвалююча-млявы настрой ад вясны, ад блізкага канца вайны (В.Хомчанка).

2. Пра сумны, цяжкі настрой: абыякавы, асенні, бязрадасны, восеньскі, вялы, гнятлівы, жахлівы, жудасны, журботны, заклапочаны, злосны, змрочны, кіслы, ледзяны, маркотны, марозны, меланхалічны, мемуарны, невясёлы, нудлівы, нудны, панылы, пахмурны, прыбіты, прыгнечаны, роспачны, самотны, спадманлівы, спадманны, сумна-прыгожы (аўт.), сумотны (разм.), трывожна-насцярожаны, трывожны, тужлівы, цяжкі, чорны.

Не параднюся я восеньскім настроем (П.Панчанка). У строгай маўклівасці хвоі стаяць Над дарогай пустой І нібы ў журботным настроі Аб долі смуткуюць людской (Я.Колас). Яшчэ ніводнай веснавой прыкметы, У дрэў і птушак ледзяны настрой (П.Панчанка). У маркотным настроі хлопчык варочаўся назад: на сэрцы было горка, слёзы самі каціліся па твары (М.Лынькоў). Марознаму настрою рад, На даланях сняжынкі важу (Р.Барадулін). ...Надышоў мемуарны настрой (П.Панчанка). Увесь панылы настрой [Лабановіча]... развеяўся... (Я.Колас). Усюды заўважалі мы пахмурны настрой людзей (М.Лынькоў). У Петрушах настрой — прыбіты, Гудзе, хоць глуха, грамада... (Я.Колас). У гэткім роспачным настроі Яна [Альжбета] ішла прасіць яго, Каб ён пакінуў у спакоі Мар’яну... (Н.Гілевіч). [Андрэй] быў у нейкім самотным настроі (У.Краўчанка). На хісткай цішыні Спадманнага настрою Ты ў глыб агню зірні У прыцемак спакою (Я.Янішчыц). І пакой навеяў Любе ціхі, сумна-прыгожы настрой (Р.Мурашка). Ласкавая з раніцы лясная палянка, атуленая соснамі і бярозамі, к вечару нават крыху палохала сваёй самотнасцю і трывожна-насцярожаным настроем. (І.Навуменка). Апанаваная чорным настроем, Зося ўзялася за лямцавую вопратку свайго мужа (К.Чорны).

@

НЕБА (нябёсы). 1. Пра велічыню, уяўную аддаленасць (неба): агромністае, бяздоннае, бязмежнае, бясконца далёкае, бясконцае, бяскрайняе, высокае, глыбокае, далёкае, неабдымнае, неабсяжнае, неахопнае, недасяжнае, нізкае, нязмерна высокае, прасторнае, раздольнае, шырокае  грувасткае.

Неба, высокае, агромністае, звісала над зямлёй... (І.Мележ). У небе бяздонным дзе хмаркі купаюцца У золаце яркіх агнёў, Вольныя песні штодзень разліваюцца... (Я.Колас). У бязмежным небе Роўненькім шнурочкам Жураўлі на вырай Мкнуцца над лясочкам (Я.Колас). Свяціла сонца з бясконца далёкага, яснага неба (Я.Скрыган). Было бяскрайняе зорнае неба, а пад ім — спакойная і цёплая вада, таксама без канца і краю (Я.Брыль). У высокім і яшчэ светлаватым небе сям-там гараць маленькія рэдкія зоркі (В.Быкаў). У глыбокім начным небе высыпала безліч зор, і яны ледзь трымаліся ў марозных вышынях (М.Лынькоў). А неба! Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты, без болю, без трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна (Я.Колас). Здавалася, што ў небе неабдымным Плыве свой Сож пад пенаю густой (А.Пысін). Неба глыбілася нязмерна высокае, неабсяжнае (І.Мележ). Шэрае, нізкае неба. Шэрае, ціхае мора. І свежы, зноў непераможны белы снег (Я.Брыль). Неба раздольнае, на дзіва ласкавае. Пахне мёрзлай асінавай карой... (В.Хомчанка). Пад небам шырокім і сінім Над вамі [курганамі] схіліліся ліпы (М.Танк). Над лютаўскім горадам такое грувасткае неба, што яно насядае на дым і гне яго да зямлі (У.Караткевіч).

2. Пра колер, чысціню, празрыстасць, воблачнасць; пра тэмпературу, вільготнасць (неба): апалавае, аранжавае, барвовае, бела-блакітнае, белае, бірузовае, блакітнае, бэзавае, густа-сіняе, залатое, залацістае, залаціста-чырвонае, зеленавата-празрыстае, зялёнае, лазурнае, ліловае, лілова-папялястае (аўт.), малочнае, малочна-фіялетавае, мякка-шэрае, ружова-сіняе, светла-блакітнае, светлае, сіняе, сіняе-сіняе, цёмна-блакітнае, цёмна-сіняе  алавянае, бледнае, выцвілае, медна-чырвонае, пабляклае, палінялае, попельнае, попельна-сівае, рудаватае, свінцовае, сівае, цёмнае, чорнае, чорна-снежнае (аўт.), шыферна-шэрае (аўт.), шэрае; азоранае, бязвоблачнае, бясхмарнае, валакністае, вымытае, гладкае, густа зорнае, зорнае, зыркае (паэт.), пагоднае, празрыстае, свежае, свяжуткае, сонечнае, чыстае, чыстае-чыстае, яркае, яснае  асмужанае, бруднае, задымленае, імглістае, ледзь-ледзь асмужанае, мутнае, непрагляднае, хмарнае; асмужана-гарачае (аўт.), душнае, распаленае, спякотнае, цёплае  настылае, халоднае; дажджлівае, навальнічнае, парнае, сухое.

На апалавым небе не было ніводнай хмурынкі (Б.Мікуліч). Весела і молада глядзела ў вароты блакітнае, на гарызонце аранжавае неба (Я.Скрыган). Алесь кленчыць на лаве перад акном... глядзіць на цудоўнае неба на захадзе. Барвовае, і сіняе, і залатое (Я.Брыль). Гляджу... на белыя шыферныя стрэхі вясковых хат, на гэтае бела-блакітнае... неба (В.Гігевіч). [Ластаўкі] доўга з урачыстым радасным крыкам ляталі ў чыстым блакітным небе (В.Вітка). Імклівы полаз. Храп каня пад белым небам (Л.Дайнека). У бязвоблачным, бірузовым небе свеціць яркае сонца (В.Вольскі). На вуліцы неба сапраўды ставала бэзавым (У.Караткевіч). Неба густа-сіняе, чыстае, як вымытае, у ім — ні хмурынкі, ні воблачка (І.Дуброўскі). Гармонія ў старой жанчыне, у адпаведнасці яе і яе ўбору... гэтаму залацістаму вячэрняму небу (У.Караткевіч). [Буслы] выразна вылучаюцца... на фоне вячэрняга залаціста-чырвонага неба (В.Вольскі). І ўсё навокал тады незвычайнае: зеленавата-празрыстае, як шкло, неба, быццам прасвечанае з самае запаветнае глыбіні (А.Жук). Сумна плыве маладзік бледна-сіні У небе вячэрнім, зялёным, як лёд (М.Багдановіч). З лазурных, чыстых небясоў Прыветна сонейка глядзіць (Я.Колас). Палажыў свайго нястомнага, загарэлага пестуна, а сам стаю каля веснікаў, гляджу на неба. Лілова-папялястае, ціхае (Я.Брыль). Ліловае на даляглядзе, неба вышэй было малочна-фіялетавае (У.Карпаў). Празрыстае паветра пад малочным небам туманіла вочы (Ц.Гартны). Дубы. Пасохлыя дрэвы на беразе старыцаў. Мякка-шэрае нізкае неба (Я.Брыль). Некалькі пазалочаных воблакаў... нерухома вісяць у бяздонным светла-блакітным... небе (В.Вольскі). Пасядзелі яшчэ каля вогнішча, паглядзелі, як весела гарыць агонь, як узнімаецца ў яснае сіняе неба ледзь прыкметны дымок (В.Вольскі). А над галавою — халоднае сіняе-сіняе неба (С.Грахоўскі). Праз голле было відаць неба... цёмна-блакітнае за макавінай сасны і рудаватае... над грабянём пагоркаў (А.Савіцкі). А калі я прачнуўся, то ў вочы мне кінуўся кавалачак цёмна-сіняга неба і тры вялікія чырванаватыя зоркі. Над горадам вісела халоднае алавянае неба (П.Місько). Хутка імчаліся ў бледным, задымленым... небе круглыя цёмныя воблачкі (Э.Самуйлёнак). Высока ў выцвілым ад спякоты небе змрочна крумкаў адзінокі крумкач (В.Адамчык). Запаланёнае хмарамі неба стала медна-чырвоным... (Я.Васілёнак). У пустым, пабляклым небе, як жар у прыску, палала жоўтае сонца (І.Дуброўскі). Попельнае, як падбеленае, неба святлела (А.Савіцкі). На попельна-сівым небе выбліснула некалькі зорак (І.Навуменка). Срэбнымі рожкамі мгліцца З цёмных нябёс маладзік (М.Багдановіч). З чорнага неба надзіўся нудны дожджык, і ад гэтага спаць хацелася яшчэ мацней (І.Мележ). І змагацца стаў угоры з бураю мяцежнай... Рэжа крыллямі узоры ў небе чорна-снежным (М.Чарот). Нізка насядала шыферна-шэрае неба (А.Кудравец). Шэрае неба не ведае літасці (П.Броўка). Працу скончым, скажа: “Хопіць!” Усміхнецца: дом падрос, І злятае ў змрок наш хлопец З-пад азораных нябёс (П.Панчанка). Яна [думка] хутка сходзіць, нібы хмурынка ў ясным, бязвоблачным небе (І.Мележ). Светлы жнівеньскі дзень. Высока ў бясхмарным блакітным небе плыве сонца (І.Навуменка). Была асенняя, але на дзіва яшчэ цёплая ноч — ціхая, парная, з нізкім валакністым небам (М.Ракітны). Рассее ночка ў небе сінім гладкім З Каўша свайго мільёны светлых зор (М.Танк). Захар сказаў, азіраючы зусім чыстае, густа зорнае, без адзінай хмурыначкі, начное неба: — Каб жа толькі шчасліва даляцелі дзеці (А.Савіцкі). Ён [Міхалка] не мог спаць: стаяў пры акне ўпоцемку і глядзеў праз шыбу ў зорнае неба (К.Чорны). Над зямлёю звісала яркае, зыркае неба (Я.Колас). Вячэрняя сцішанасць высокага пагоднага неба мірам і добрасцю ліецца ў разварушаную душу (В.Быкаў). Над ім [Валерыкам] сіне-белым крылом, як выцвілы, позні сноп, павісла празрыстае... неба (І.Пташнікаў). У бляску сонца нікнуць росы; Свяжуткі, чысценькі нябёсы (Я.Колас). Спяваюць у сонечным небе жаваранкі... (М.Лынькоў). Перада мною яна, крыніца і сонца. Яно толькі што выкацілася на чыстае-чыстае неба (Ф.Янкоўскі). Дрыжала дробненька і жоўтае ад сонца поле ля сада, і асмужанае ўгары неба (І.Пташнікаў). Чаму закідана вуголлем дарога і неба зрабілася шэрым і брудным? (А.Куляшоў). Я магілу капаў пад задымленым небам, І яе, сваё першае шчасце, хаваў (П.Панчанка). Рассыпаны зоркі на небе імглістым (П.Панчанка). У ахвоту ззяла сонца ў чыстым, недзе над самым лесам ледзь-ледзь асмужаным небе (В.Карамазаў). Ля шляху нерухома... маячылі ў мутным небе бярозы... (В.Быкаў). Непрагляднае неба, здаецца, апусцілася на стрэхі хат (П.Пестрак). Калі парою лістападу У вырай адлятаюць птушкі, Яны ў дубровах пакідаюць Свае вясновыя напевы, Каб не згубіць іх недзе часам У хмарным небе на чужыне (М.Танк). І неба было ўжо не лагоднае, не асмужана-гарачае, а халаднаватае і нядобрае, і, гледзячы на яго, хацелася зашпіліцца ці надзець паліто (І.Мележ). Млоснаю нематою патыхала летняе неба, цёмнае і душнае (М.Гарэцкі). У распаленым небе, Як у прысаку шэрым, Паміж зор можна бульбу Пячы на вячэру (М.Танк). У спякотным чэрвеньскім небе тоўпіліся шызыя груды Альпаў (В.Быкаў). Зачэпіцца вецер настылым небам за сосны, З шалёным свістам закруціць агні і снягі (Т.Бондар). Трубяць развітальную трывогу У халодным небе жураўлі (С.Грахоўскі). У цёплым чыстым небе на ўсю моц ззяюць круглы месяц і зоры (В.Карамазаў). Тут пад небам дажджлівым... Мы друкуем гарачыя словы Аб славе і доблесці (П.Панчанка). Душа ідзе ў крылаты стан, нібы пад небам навальнічным гіганцкі слухаю арган (В.Жуковіч). Якое неба парнае, Туман такі густы (І.Калеснік). Сухое узбекскае неба, Скупое на дождж і на гром, І цешыцца марна не трэба, Што новы дзень прыйдзе з дажджом (Я.Колас).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (неба): беларускае, вечна прывабнае, вольнае, жаўруковае (аўт.), жураўлінае (аўт.), звонкае, зорамі вышытае (аўт.), лагоднае, ласкавае, маладое, мройнае, неразгаданае, неразгадана-таямнічае (аўт.), палюбленае (аўт.), пяшчотнае, разбуджанае, роднае, самалётнае (аўт.), святочнае, спрадвечнае, таемнае, таямнічае, урачыстае, ціхае, шчодрае  абыякавае, бяздушнае, бязлітаснае, бязрадаснае, бясплоднае, бяссоннае, глухое, грознае, жалобнае, журботнае, зводна-неспагаднае (аўт.), злое, змаркатнелае, змрочнае, маркотнае, маўклівае, мёртвае, млявае, напружанае, незнаёмае, непрыветлівае, непрыхільнае, нерухомае, нудна панурае, нядобрае, нямое, панурае, панылае, пранізлівае, п’янае, раззлаванае, раскрыжаванае (аўт.), раўнадушнае, слязлівае, соннае, спахмурнелае, сумнае, суровае, сцішнае (аўт.), трывожнае, тужлівае, цяжкае, чужое, шалёнае.

Зараз хочацца мець беларускага неба багата, Па тых сцежках хадзіць, дзе хадзілі і нашы дзяды, Каб старая зязюля, прысеўшы на хвою ля хаты, Кожны вечар лічыла пражытыя дома гады (П.Панчанка). Не тое ў вёсцы, сярод цішыні палёў, пад купалам зорнага неба, неразгадана-таямнічага і вечна прывабнага (І.Навуменка). Там ліпы як ліпы і вербы як вербы — Растуць як хочуць пад вольным небам (К.Цвірка). Ды нам і размінацца Зусім няма патрэбы Сярод палёў жытнёвых Пад жаўруковым небам (М.Танк). Неба жураўлінае, журботнае, Цёмная вільготная зямля (П.Панчанка). І папраўдзе, усё дакляравала добрую ноч: неба чыстае, звонкае, а ўвечар асядае ўжо дзяняшняя гарачыня (Я.Скрыган). Васіль устаў, паглядзеў на сіняватае, глыбокае, зорамі вышытае неба (І.Мележ). У мяне няма нічога, Акрамя прастораў польных Пад высокім, пад лагодным сінім небам (К.Кірэенка). Над Брэстам у небе ласкавым Празрыстыя хмаркі плывуць... (А.Бачыла). У чыстым небе, маладым і сінім, Перапляліся промні з павуціннем (Г.Бураўкін). З арламі неба мройнае — Купала, З ратаем Колас — Крэўная зямля (Р.Барадулін). Хай дзівіцца палюбленае неба, Хай забіраюць шаты да сябе... (Е.Лось). Хацелася зноў выйсці пад гэтае шчодрае сонца, пяшчотнае неба, якое трывожыць душу прадчуваннем вясны (А.Жук). І, пэўна, гэтакі лёс у сапраўднага сокала — Не паспеўшы стаміцца і пастарэць, Узляцець над зямлёю высока-высока, У разбуджаным небе сустрэць сваю смерць (Г.Бураўкін). Зямля мая, нябёсаў родных сінь, Лугоў зялёныя пасцелі! Вы ўстаяце з-за смутных далячынь... (Я.Колас). А мне праз акіян, праз маё самалётнае сцішнаватае неба над вечным акіянам... стала яшчэ раз шчасліва ясней, якія мы, людзі на ўсёй планеце, аднолькавыя (Я.Брыль). Спакойна вясну сваю могуць чакаць усе дрэвы і горы... Спрадвечныя неба і мора (М.Танк). Снег, які толькі што панападаў,... бывае сіні-сіні — нібы святочнае вясновае неба (Я.Сіпакоў). Неба было па-жнівеньску зорнае, вялікае, урачыстае ў вечнай сваёй цішыні (Я.Брыль). І хочацца спяваць пад ціхім, чыстым небам у самоце (Я.Брыль). Шчодрае неба спакойна шуміць дажджом, а прагная зямля гатова багацець бясконца (Я.Брыль). Не радуе неба бяздушнае, злое (Я.Колас). Не стрэнеце вы Ні сяброў, ні спагады Пад бязлітасным небам чужым (М.Танк). Імчалі... у бязрадасным небе журавы... (Э.Самуйлёнак). Бедавалі людзі і з непрыемнасцю паглядалі на глухое бясплоднае неба (Я.Колас). Неба, цяжкое, хмарнае, грымлівае, нізка-нізка вісела над зямлёй (Л.Дайнека). Пад небам зводна-неспагадным... Сную... (Я.Купала). Змаркатнелае неба ўсё далей, шырэй абкладвала мутная хмара (В.Быкаў). Шэрае, маркотнае неба зусім нерухомае (І.Пташнікаў). З нябёс маўклівых глядзяцца зоры (А.Куляшоў). Неба чорнае, цяжкае і таксама мёртвае (М.Гамолка). На Доўгіх засівелася неба... ціхае, млявае... (І.Пташнікаў). Неба — напружанае, бясконцае — трымціць пякельнай слепкасцю (Я.Скрыган). Усё ж лягчэй чамусьці дыхаць мне На неспакойным моры Чорным, Як недзе там — у дальняй старане, Пад незнаёмым небам зорным (М.Танк). У нізінах на пожнях стаялі вялізныя лужы, і ў іх адбівалася свінцовае, непрыветлівае неба (А.Асіпенка). Яны ідуць агромністай грамадой пад непрыхільным небам сваім (А.Ліс). Будзе вясна. Хоць адвячорак яшчэ ўсё як быццам зімовы... З нізкім, нудна панурым небам (Я.Брыль). І неба было... халаднаватае і нядобрае (І.Мележ). Толькі бачылі яе [смерць] ...ніцыя лазнякі ды, панурае зімовае неба (М.Лынькоў). Здаецца, каб былі фарбы, ...пастараўся б перадаць усе колеры і адценні тайгі, гэтага пранізлівага неба і цішыню адцвітання (С.Грахоўскі). Неба спахмурнелае крамсаюць Дваццаць шэсць ахвярных бліскавіц (Р.Барадулін). Час вам [вятрам] з’явіцца з песняй імкліваю, Час вам расчысціць неба слязлівае (П.Броўка). І нікога навокал няма, толькі шэрае сумнае неба... (Я.Брыль). І толькі тут між іх [ліп] маіх сябровак, З якімі разам рос калісьці я, З якімі ў цяністых у дубровах, Пад небам непагожым і суровым, Звінела песня ранняя мая (М.Танк). Па адным, па два яны [заслонаўцы] асцярожна прабіраліся па глухіх завулках... гарадка, які насцярожана пазіраў на трывожнае неба, у якім яшчэ змагаліся з цемрынёй першыя водбліскі зарыва (М.Лынькоў). Тут неба нізкае, цяжкое, Як безнадзейнасць, ад яго Аж гнуцца тундравыя хвоі Ды асядаюць плечы гор (М.Танк). Чужое неба сэрцу не дагодзіць, душы не загадае: “Не балі!”... (Е.Лось). Гарыць рака і над ёй кусты. Усё ад агню зялёнае. Нават неба ў хмарах густых Зялёнае і шалёнае (У.Карызна).

@

НЁМАН. Блізкі-блізкі, быстры, велічны, вольны, вялікі, гаманлівы, дарагі, лагодны, ласкавы, поўны сілы і красы, прамяністы, родны, свабодны, светлы, сіні, срэбраводны, урачыста ціхі (аўт.), урачысты, чысты  абкоўзаны зімой, аплаваны ўлетку, бурлівы, бурны, грозны, разгневаны, разлютаваны.

Эх, зараслі вы, пуцявіны. У гэты мілы мой куточак, Дзе ные жоўценькі пясочак Пад летнім сонцам, пад спякотай І ззяе смутнай пазалотай Над самым Нёмнам срэбраводным, Так сэрцу блізкім-блізкім, родным (Я.Колас). Колькі раз рыбацкі човен На грудзях тваіх гуляў!... Гэй ты, Нёман, быстры Нёман, Колькі дум ты мне нагнаў! (Я.Колас). Нёман адкрыўся хлопцам урачыста ціхі, велічны (Я.Брыль). Ласкавы Нёман, у воды якога глядзяцца лістоўныя пушчы (У.Караткевіч). Льецца Нёман паміж гораў, Поўны сілы і красы, У далёкія прасторы Гоніць воду праз лясы (Я.Колас). Я бягу праз поле-шыр На вірлівы гоман. — Вось ён, Нёман-багатыр, Прамяністы Нёман (А.Александровіч). Перарэзаў край ты родны Беларуса-мужыка... О, наш чысты, наш свабодны Нёман, быстрая рака! (Я.Колас). І каціліся водгукі глуха Па грудзях срэбраводнага Нёмана (П.Трус). Перасякаючы гэты круг, з поўдня на поўнач плыў Нёман. Таксама родны, свой, аплаваны ўлетку, абкоўзаны зімой (Я.Брыль). Хай імчыцца наша песня Птушкай па-над гай, Дзе бяжыць бурлівы Нёман, Дзе наш родны край! (Я.Купала). З поўначы вецер у месяца човен Плёскае сінія хвалі Нявы... Пэўна, таксама разгневаны Нёман З пены кудлатую грыву завіў (М.Танк).

@

НІВА (нівы). Апрацаванае пад сяўбу або засеянае поле; збажына, што расце на полі: буйная, бязмежная, бяскрайняя, восеньская, высокая, густая, жывая, залатая, залацістая, каласістая, маладая, народная, неаглядная, неабсяжная, пладавітая, плодная, родная, спелая, ураджайная, урадлівая, цёплая, ціхая, шырокая  апусцелая, благенькая, гарбатая, здратаваная, зраненая, пакінутая, пустая, разараная, стаптаная, шэрая.

Бачыш, на месцы палос неўрадлівых Закаласіліся буйныя нівы (М.Танк). Ходзіць па нівах бязмежных Вясна маладая (М.Танк). Чакаючы світальнае зары, Над восеньскімі нівамі, шляхамі, Так часам хочацца пагаварыць З маімі незабыўнымі сябрамі (М.Танк). Прыпыніў машыну ў полі хлебаробаў старшыня. Да густое выйшаў нівы, нівы цёплае, жывой... (В.Жуковіч). Шмат здабыткаў важкіх У яе [Літвы] праз гады — Мора ніў залатых, Увысь растуць гарады (П.Броўка). Гарачыня ў полі, а пад сярпом Звініць залацістая ніва аўсом (М.Танк). І цяпер на родныя прасторы Мы прыйшлі вучыцца бараніць Любы край машынаў і матораў, Каласістых, ураджайных ніў (А.Куляшоў). Дымок танюткі, белаваты Ужо павіваецца над хатай, Бо трэба ж выпаліць печ тую Ды йсці на ніўку маладую (Я.Колас). Нас з народнай ціхай нівы Разагналі па ўсім свеце... (Я.Колас). Зноў сярод ніў неабсяжных, шырокіх Іду, як калісь, у задуме... (М.Танк). Нівы пладавітыя Шэпчуць грузным коласам (П.Глебка). О колькі шчасця на родных нівах У часе жніва, у цёплы жнівень! (М.Танк). Чуецца гоман мне спелае нівы, Ціхая жальба палёў... (Я.Колас). Нібы сунічка на прагалку, сярод людзей і ціхіх ніў я падрастала... (Д.Бічэль-Загнетава). Тужыць вятрыска між ніў апусцелых (К.Буйло). Так прагну я ступіць на ролі Сваіх палеткаў, ніў благенькіх... (Я.Колас). Памалу з ніў гарбатых снег спаўзаў Ніжэй ў лагі... (М.Танк). Здратаваныя нівы шэрыяНе пад хлеб вайной разараныя (М.Танк). Можа мала цябе, зямля, Каласамі я абнаўляў, Прыбіраў вянкамі садоў І сузор’ямі гарадоў, З году ў год потым шчыра мыў Плечы зраненых тваіх ніў? (М.Танк). Я зноў вярнуўся да цябе, Мая пакінутая ніва... (М.Танк). Жніва надыдзе — і жаць нам няма чаго: Ніву пустую драсён заглушыў (Я.Колас). Відаць, ніколі не забыцца Ні сціплых хат, ні шэрых ніў (П.Броўка).

* Ніва-кніга, нівы-разоры.

Старшыня стаяў, нібыта ніву-кнігу ўсё гартаў (В.Жуковіч). Паводкаю коцяцца воды Руч'ёў паміж долаў і гораў, У хвалях пагодай-нягодай Купаючы нівы-разоры (Я.Купала).

@

НОГІ. Доўгія, загарэлыя, зграбныя, лёгкія, магутныя, пругкія, прыгожыя, пяшчотныя, рэзвыя, спрытныя, статныя, стройныя, тонкія, точаныя, трывалыя, хуткія, цёплыя, шпаркія, шустрыя, шчаслівыя, юнацкія  аслабелыя, ацёкшыя, бусліныя, ватныя, выгнутыя, дубовыя, жураўліныя, збалелыя, здарожаныя, здранцвелыя, змораныя, кароткія, кволыя, крывыя, непаслухмяныя, нязграбныя, няўклюдныя, парэпаныя, пацяжэлыя, слабыя, старыя, стомленыя, тоўстыя, хісткія, худыя, цыбатыя, цяжкія, чужыя.

Стракатая сукенка пашыта, відаць, даўно: тонкія, загарэлыя ногі дзяўчынкі здаваліся доўгімі (Я.Брыль). А празвалі некалі чапляй за цыбатыя ногі, такія спрытныя і такія лёгкія, што яна [Майка] і сапраўды, як чапля, прабіралася па любой дрыгве... (М.Лынькоў). За брамаю гарачая хада магутных ног дагнала... (К.Чорны). Упёршыся худымі і пругкімі нагамі ў рабрыну вялікай лодкі, “кароль вугроў” паволі і няспынна разгойдваўся..., рытмічна ўзмахваючы цяжкімі вёсламі (Я.Брыль). [Хлопчык] у адной белай кашульцы, з цёплымі ножкамі... (Я.Брыль). У яго [Ванькі] былі доўгія, як у Самсона, валасы і надта шпаркія ногі (Я.Колас). Па іх [расстраляных] прайшлі паходы, карнавалы, Мільёны ног Старых і змораных, Юнацкіх і шчаслівых (М.Танк). Чуваць было, як ціснулі аборы, уядаючыся ў стомленыя, ацёкшыя ад хады ногі (Я.Колас). На аслабелых хісткіх нагах ён [Іван] сашкандыбаў праз хмызняк уніз (В.Быкаў). Курт ужо не вымерваў двор буслінымі нагамі (М.Ракітны). Рукі і ногі нязграбныя, ватныя, паколвае па ўсёй скуры... (А.Адамовіч). Клыпае чалавек сваімі кароткімі, выгнутымі з сярэдзіны нагамі (А.Кулакоўскі). Тонкія, жураўліныя ногі пастуха былі босыя (П.Галавач). Тэкля ішла па дарозе, абапіраючыся на кій, ледзь пераступаючы збалелымі, натруджанымі нагамі (В.Быкаў). Здарожаныя ногі коле гліна (С.Грахоўскі). Чужымі, здранцвелымі нагамі Хрысця адступіла назад (В.Адамчык). Шлях да лесу даўгі, ой, даўгі... Але шустрыя ногі данеслі (Э.Агняцвет). Жанна на хуткіх загарэлых ножках ізноў ніяк не можа разабрацца, каторы бок набліжаецца да перамогі (Я.Брыль). У натруджаных Аленіных нагах млела стома (І.Мележ). Бусляняты пішчаць жалобна... І няўклюднымі нагамі Танцуюць смешна пад дубамі (Я.Колас). Моўчкі, марудна перастаўляючы пацяжэлыя, як каменныя, ногі Захар наблізіўся да бяроз (А.Савіцкі). І малы..., збіваючы з травы босымі парэпанымі нагамі сівую расу, бег, куды яму казалі (Б.Сачанка).

@

НОЧ (ночы). 1. Пра стан надвор'я, пра колер неба; пра наяўнасць месяца і зорак і інш.: зімовая, восеньская, вясновая, гарачая, душная, мяккая, пагодная, парная, сухая, цёплая  важкая, вільготная, волкая, грымотная, дажджлівая, дрогкая, завейная, задушлівая, марозная, мокрая, прамоклая, свежая, сцюжная, сырая, туманная, халодная; аксамітная, аксамітна-цёмная, белабрысая (аўт.), белазорая (аўт.), белая, блакітная, густа-цёмная, малочна-сіняватая, празрыстая, сівая, сіне-снежная, сіняватая, сінявокая (паэт.), сіняя, сярэбраная (паэт.), чорна-сіняя; відная, зорная, месячная, светлая, ясная  беспрасветная, бяззорная, густая, сляпая, спавітая смугою, хмарная, цёмная, цёмная-цёмная, чорная; гулкая, духмяністая, напоўненая жывым плёскатам вады, спевамі салаўёў, прапахлая рыбнай луской, травой, водарасцямі, ціхая.

Добра, што ноч... мяккая, вясновая... (П.Пестрак). Ой, гарачыя ночы ды ліпнёвыя ночы, Калі конікі ў полі востраць косы, стракочуць, Калі кветкі і дрэвы ўсе абмыты расою (М.Танк). Люблю ў пагодную я ночку Дапозна на дварэ сядзець (К.Буйло). Душная цёмная ноч. Міронава сям’я спіць у пуні на свежым сене. Не спіцца толькі двум: старому дзеду Мірону і яго васьмігадоваму ўнуку Андрэю (З.Бядуля). Цёмная парная ноч канца чэрвеня. Пахне смалою, маладымі сасновымі шышкамі (Б.Сачанка). Днём яшчэ цёпла, а ночыволкія, важкія... (І.Мележ). Калі б ты знала, ноч грымотная, Як дыхаць стала мне вальней (Н.Гілевіч). Некалі ў дажджлівую беспрасветную ноч пад Вязьмай ён [Клімчанка] ужо чуў, як брахаў праз дынамік нейкі нягоднік (В.Быкаў). Дрогкая, глуха і нема, Сцелецца ноч вясны (А.Звонак). Сузор’і гараць, Каб з дарогі не збіцца Завейнаю ноччу (С.Грахоўскі). Задушлівая сухая ноч млела над мястэчкам (В.Адамчык). Ціха брыла па панскіх абшарах у снежнай спадніцы марозная сіняя ноч (З.Бядуля). Восень сорак другога года. Цёмная мокрая ноч. А мужчыны стаяць на загуменні і глядзяць, як — за сем кіламетраў адгэтуль — гарыць, дагарае падпаленая партызанская вёска (Я.Брыль). Чалавек стаяў пасярод дарогі, невысокі, хударлявы... сіратлівы ў гэтай прамоклай халоднай ночы (А.Жук). Сцюжная і нялітасная зімовая ноч. Цераз... рэчку пярэднім пайшоў Высоцкі (А.Кулакоўскі). Пачуццё перамогі не радавала палкоўніка — не выканалі дзённага задання. А тут ноч — цёмная, сырая (І.Мележ). Ой, туманныя ночы, вераснёвыя ночы, Калі з дрэў ападае пераспелы лісточак (М.Танк). Аксамітная, чорна-сіняя ранняя ноч моўчкі прыпала да роснага шоўку травы (М.Нікановіч). Што табе сніцца, сасна, сярод гэтай пустэльні?.. Аксамітна-цёмныя ночы з буйнымі зорамі? (М.Стральцоў). Ноч белабрысая ад бёзу і белазорая ад зор (Р.Барадулін). Шэрыя хаты, платы і вароты, Белая ноч на дварэ (М.Танк). Па полі коціцца званочак за пасівелае сяло. Яшчэ такіх блакітных ночак У нас ніколі не было (С.Грахоўскі). Над палеткамі спусцілася ноч. Цёплая, кароткая, але густа-цёмная і крыху вільготная (А.Кулакоўскі). Малочна-сіняватая ноч мяккаю дабратою абняла вёску (В.Адамчык). Ноч зрабілася празрыстай (М.Гамолка). У гэту ноч, бяззорную, сівую Вятры зімы распачалі грызню (А.Звонак). Бацька меў стрэльбу пры сабе. Выстраліў у бок лесу, у выццё, у сіне-снежную ноч... (З.Бядуля). Як забудуся сном У сіняватыя ночы, — Прылятаеш ты ў дом, Пазіраеш у вочы (М.Багдановіч). Ціха па мяккай траве Сінявокая ноч прахадзіла (М.Багдановіч). Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы ў ціхую сінюю ноч... (М.Багдановіч). Паэт празорліўцам не створан. А ўсё ж натхнёнаму відно, як па Няве ў гранітным створы Плыве сярэбраная ноч (А.Звонак). У цёплую, відную летнюю ночку паехалі мы з Пранцуком на начлег (Ядвігін Ш.). Аднаго разу зімой у марозную месячную ноч бачыла Надзейка, як, настырчыўшы хіб, хлябтаў ваду, аблізваўся, зноў прыпадаў да жолаба стары воўк (М.Лынькоў). Рознай бываеш ты, ноч. Чорная, чорная, чорная, Гэта цябе як няма. Светлая, светлая, светлая, Як ты прыходзіш сама (П.Броўка). У змроку яснай ночы Галіна бачыла гэтыя рэзкія рухі [Яраша] і, адчуўшы навальніцу, маўчала (І.Шамякін). Цёплай, бяззорнай ноччу Жэня прывезла яго [Зыбіна] да сябе (І.Мележ). Многа сэрца аддаў ён [Адам Міцкевіч] нашым палям і пушчанскім нетрам, яснай Свіцязі, быстраму Нёману, нашаму небу, усходам і заходам сонца, пяшчотнасці белых аблокаў... высокай мужнасці зорных начэй (Я.Брыль). Была густая цёмная восеньская ноч (Я.Скрыган). Ночы, смугою спавітыя, Любы вы сэрцу майму!.. (А.Звонак). Хмарная ноч. За акном шуміць мора. Быццам нехта бязмежна дужы хоча ўзабрацца на бераг (Я.Брыль). Ляжала цёмная-цёмная лістападаўская ноч (Я.Колас). Чорная ноч узнялася над светам (А.Звонак). Ноч над квадратамі дамоў разгортваецца марозная і гулкая (З.Бядуля). Духмяністая, прапахлая рыбнай луской, зелянінаю дрэў, напоўненая жывым плёскатам вады, спевамі салаўёў майская ноч ляцела да нас, як на крылах (М.Лупсякоў).

2. Пра даўжыню, працягласць (ночы): бясконцая, вечная, глухая, глыбокая, доўгая, позняя, спрадвечная, шырокая.

Як адзін доўгі-доўгі дзень, як адна бясконцая, дурнотная ноч успаміналася Ганне яе замужняе жыццё... (І.Мележ). Я ведаю вашы палёты У лютых завеях пургі, Над страшным нязведаным лёдам, Праз вечную ноч і снягі (П.Глебка). Хліпанне, плюскат... Ночка глухая Цягнецца доўга, як год (Я.Колас). Ужо позні час, глыбокая ночка, А хлапчукі сядзяць маўкліва і навакол глядзяць пужліва (Я.Колас). Нямала зор апала ў Нарач Шэрай восенню, Шмат згасла іх начамі цёмнымі глыбокімі (М.Танк). Няхай доўгія ночы находзяць І трывожныя веюць вятры, — Іх адалееш ты, мой народзе, І табе зложаць гімн песняры (Я.Колас). Позняя ноч. На акне каля бабулінага ложка, дзе ляжыць Ніна, цьмяна гарыць укручаная лямпа (Я.Брыль). На дварэ даўно ляжыць шырокая ціхая ноч (Я.Скрыган).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (ночы): бесклапотная, да светлай сцішнаты прыгожая (аўт.), дзівосная, дзіўная, добрая, жаданая, жыватворная (аўт.), запаветная, зачараваная, казачна неабсяжная (аўт.), касмічна высокая (аўт.), ласкавая, маладая, мяккая, мядункавая (аўт.), невыказная, невымоўная, незабыўная, непаўторная, перапёлчына (аўт.), прыгожая, прыемная, пяшчотная, радасная, разгавелая (аўт.), раскрылая (аўт.), салаўіная (аўт.), сінякрылая (паэт.), слаўная, спагадлівая, спакойная, урачыста маўклівая, урачыстая, утульная, цудоўная, чароўная, харошая, хмельная, чарнабровая, чуйная, шчаслівая  азяблая, баязлівая, бязлітасная, бяссонная, жахлівая, жудасная, зацятая, злая, злосная, змрочная, кашмарная, лютая, маркотная, маўклівая, мёртвая, млосная, нахмураная, недалужная (разм.), непрыветная, непрытульная, неспакойная, нудная, нядобрая, нялёгкая, нялітасная, пакрыўджаная, пакутлівая, пакутная, палахлівая, панурая, панылая, праклятая, пякельная, раз’юшаная, самотная, сонная, стамлёная частымі снамі, строгая, сумная, трывожная, тужлівая, цёмназгорклая (аўт.), цягучая, шалёная.

І канчаецца сон бесклапотных начэй (Я.Янішчыц). Так зноў вярнулася да мяне касмічна высокая, казачна неабсяжная, да светлай сцішнаты прыгожая зімовая ноч (Я.Брыль). Дзіўныя ночы наведваюць зямлю, людзей і звяроў (В.Карамазаў). А Сымон, ачараваны гэтай раніцы красой І выпадкам негаданым Добрай ночкі веснавой, Сам не ведаў, што з ім, дзе ён (Я.Колас). Летняя ноч — як матчына ласка: прыемная і цёплая, спакойная і жаданая (М.Лупсякоў). А пройдзе ноч, жыватворная летняя ноч, — ізноў усё ажывае, зелянее (А.Кулакоўскі). Вясной, у маі, за адну цёплую ноч расцвітаюць ва ўсёй ваколіцы яблыневыя сады... Наступіць гэтая запаветная ноч — і ўсё мяняецца (І.Навуменка). Ноч зачараваная, ці не тоіш зла? (А.Бачыла). ...Маладая, ласкавая ноч ішла, што здавалася, грэх і спаць (А.Жук). Як сумна-тужліва зязюля кукуе ў бары, На познім змярканні, насупраць мядункавай ночы! (Н.Гілевіч). Потым ноччу непаўторнай Доўга слухаў я, як грае Весні вецер смыкам зорным На тугой струне Дуная (М.Танк). У акенца тваё я пастукаў... Пасля салаўінага вечара і перапёлчынай ночы (П.Панчанка). Плыве ноч і сыпле зоры. Маўчаць срэбныя ў снягах палі і лясы. Ясная ноч, прыгожая ноч (Э.Самуйлёнак). Аддаю супакой нескаромны за адну разгавелую ноч (Р.Баравікова). І думкі ўсплываюць іншыя: ...пра гэту раскрылую на бяскрайні абсяг ноч (В.Карамазаў). Колькі сцежак за лета мы з ёй пратапталі Ў тыя салаўіныя ночы (П.Панчанка). Іду, а неба — нізкае, А ночка — сінякрылая, І ўсё да болю блізкае, І ўсё — старонка мілая (Н.Гілевіч). Ты паверыць не хочаш, Што вернуцца зноў салаўіныя ночы (С.Грахоўскі). Ноч была строгая і ўрачыста маўклівая (Я.Скрыган). Ноч плыла міма, утульная, мяккая (В.Якавенка). Эх, і слаўныя гэтыя летнія ночы!.. Эх, ночы, хмельныя летнія ночы! (Я.Колас). Ой, харошыя ночы ды зімовыя ночы, Калі белай дарогай ты ў мяцеліцу крочыш (М.Танк). Ой, не шуміце дубровамі, Шэптам бярозавых слоў, Ночкі мае чарнабровыя... (А.Звонак). Ноччу летняй, чуйнаю, як звон... Зноў і зноў я думаю пра тых, Хто адсюль паехаць мусіў... (Н.Гілевіч). Ліся, шчаслівая ноч салаўіная, Покуль каханы са мной (У.Карызна). Можна, абпаліўшы край фіранак, Сонца ў ноч азяблую ўкаціць... (Т.Бондар). Але бязлітасная ноч Зару змывае з красак (П.Панчанка). Бяссонная ноч лягла шэрай павуцінай на яго [лейтэнантаў] твар (А.Кудравец). Ніколі не забудзе Лёня той жахлівай жнівеньскай ночы (А.Пальчэўскі). Наперадзе — васемнаццаць гадзін ночы, марознай, жудаснай (І.Шамякін). Я ляжу адзін, бывала, Ноч зацятая, жуда І смяртэльная нуда Кіпці выпусціць і джала (Я.Колас). Змрочная, непрытульная ноч напаткала ўцекачоў у камяністай цясніне (В.Быкаў). Вісіць лютая ноч Сівай футрай над пушчай кашлатаю (З.Бядуля). Маўклівая глухая ноч абнімала стары лес (Я, Колас). Ціхая і мёртвая асенняя ноч. Цемра густымі пластамі ляжыць на балоце (З.Бядуля). Раніцаю мне трэба было развітацца з трапяткой сінню Нарачы... і таму ноч здалася пакрыўджанай, млоснай (Т.Бондар). Срэдзь асенняй нахмуранай ночы музыка зайграла (М.Багдановіч). Васілю прыйшла на памяць у гэтую ноч ужо амаль забытая юравіцкая каморка, недалужная ноч, якою гналі яго маслачкі між чорных гумнаў (І.Мележ). Ноч надыходзіла цёмная, маўклівая, па-асенняму сумная і непрыветная (А.Чарнышэвіч). І ноч такой доўгай і нуднай здалася, што аж успамінаць не хочацца... (Б.Сачанка). ...Нялітасная зімовая ноч. Цераз... рэчку пярэднім пайшоў Высоцкі (А.Кулакоўскі). Калі скончылася тая пакутная ноч, Анэля была ў беспрытомнасці (А.Чарнышэвіч). Палахлівыя ночы Ўсё маглі б расказаць, Як салдацкія вочы Засцілала сляза (А.Бачыла). Без канца цягнулася ноч... Маўклівая, панурая ноч (Э.Самуйлёнак). Знікала стагоддзяў праклятая ноч (П.Броўка). І вось пачалося змаганне Дабра і спрадвечнага зла, Світальнай зары і змяркання, Пякельнай начы і святла (М.Танк). Толькі самая верхняя шыба чамусьці адтала пасярэдзіне, і праз гэтую адталіну... глядзела ў хату раз’юшаная ноч (І.Шамякін). Ноч, ад вечара душная, сонная, Галаву пад яліны кладзе (У.Паўлаў). Ноч, стамлёная частымі снамі, Памяць промнем сваім не будзі! (А.Пысін). Маўклівая і трывожная ноч плыве над затоенай, прыціхлай зямлёю (В.Быкаў). Цёмназгорклаю ноччу, Мінаючы змрок, Перайду-пераскочу Яр, балотца, лясок (Я.Янішчыц). Ночка цягучая, Змрок і спалох — дружбакі неразлучныя (А.Александровіч). Бушавала шалёная завірушная ноч (Т.Хадкевіч).

* Ночка-змоўшчыца, ночка-цыганка, ночка-чараўніца  ноч-аблога, ноч-цямніца.

Аб нашых спрэчках да зары Ўсе знаюць: ночка-змоўшчыца І зоры, што ў крутым віры Крынічанькі палошчуцца (М.Танк). Чарнамазая ночка-цыганка Над далінаю жмурыла бровы (П.Трус). Ночка-чараўніца! Як ты ціха, міла! Як ты многа думак Ў сэрцы нарадзіла (Я.Колас). Ноч-чараўніца! Таемнасці вечнай краса! З неба глядзіш... (К.Буйло). Ноч сляпая, ноч-аблога Зданню чорнаю астрога Прыдушыла ўсё жывое (Я.Колас). А прыйдзе ноч. Эх, ноч-цямніца, Зацятых страхаў таямніца! (Я.Колас).

@

ПАВЕТРА. 1. Пра тэмпературу, вільготнасць, рух, гучанне, шчыльнасць і іншыя прыметы (паветра): бязветранае, вячэрняе, гарачае, гулкае, густое, дрыготкае, звонкае, зімовае, крыштальна-звонкае, лёгкае, марознае, пасвяжэлае, празрыстае, прасторнае, пругкае, тугое, цёплае, ціхае, чуллівае, чуткае  вільготнае, волкае, вязкае, дажджлівае, застылае, ігольчатае, калючае, калянае, кволае, колкае, крохкае, маўклівае, напружанае, настылае, насычанае парай, нерухомае, парнае, пахмурнае, пякучае, разамлелае, соннае, стальное, сырое, халоднае.

Ад вады ішоў халадок, вільготнае, насычанае халоднай парай паветра студзіла лёгкія, бадзёрыла, праганяла стому і сон (У.Дамашэвіч). Тройчы праспявала дуда, і гукі яе ў майскім вячэрнім паветры таксама былі асабліва сумнымі і празрыстымі (У.Караткевіч). Толькі ў гулкім паветры громам адклікнуўся выстрал (М.Танк). Летні ранак. Паветра яшчэ не нагрэлася, але густое, хоць ты рэж яго нажом (А.Карпюк). Надыходзіць той ціхі час, калі паветра робіцца больш звонкае, ядранае (Я.Сіпакоў). Расчыніліся дзверы, у аўтобус хлынула свежае, дрыготкае паветра... (В.Адамчык). Паветра здавалася крыштальна-звонкім, крохкім, і калі б праляцела зараз птушка, то быў бы чуцён звон яе крылаў (В.Хомчанка). І ад песні, поўнай тугі і скрухі, што нібыта нікуды не адплывала, а вісела ў ціхім марозным паветры, знаёмы боль апёк Захарава сэрца (А.Савіцкі). Максім тады спыніў фурманку, прыслухаўся і ўдыхнуў на поўныя грудзі пасвяжэлага пад ранак паветра (В.Быкаў). Звініць празрыстае паветра, Дарогу мосціць лістапад (А.Александровіч). На ганку ён [Васіль] аж захлынуўся ад халоднага, нейкага прасторнага паветра (І.Мележ). Пругкае марознае паветра абняло яго [Лабановіча] сваім дыханнем (Я.Колас). Мнагагалосы,, разнастайны паток жыцця поўніць лясы... і несціханым звонам калыша чуллівае празрыстае паветра (Я.Колас). Ціхае і вільготнае паветра раніцы прыдавала яму [гуку гармат] яшчэ большую сілу (Я.Колас). Мядзведзь ішоў, прынюхваўся да сырога, волкага паветра... (А.Кажадуб). Паветра між рэдкіх хвой — ігольчатае і калянае... (В.Макарэвіч). Седакі на санях адчувалі, як яны рэжуць сабою напружанае, як шкло, зімовае паветра (З.Бядуля). Хмары слаліся нізка, павольна, як заўсёды ў восеньскі дзень, калі паветра пахмурнае, кволае (П.Ткачоў). Настылае, аж колкае паветра п’яніць хмелем прывялай лістоты і траў, зачароўвае маўкліваю цішынёю (С.Грахоўскі). Нібы застыўшы ў разамлелым паветры, вісяць над вадой сінія і жоўтыя стракозы (І.Навуменка).

2. Пра чыстае, прыемнае, водарнае (паветра): бадзёрае, блакітнае, водарнае, гаючае, духмянае, жыватворнае, жывое, залатое, залацістае, здаровае, крыштальна-чыстае, ласкавае, маладое, марозна-чыстае, мядовае, мякка-аксамітнае, мяккае, пахкае, пекнае, піткое (разм.), п’янае, п’янлівае, пяшчотна-чуллівае (аўт.). роднае, ружовае, салодкае, свежае, светлае, хмельнае, чыстае, чысцюткае, шкляное, шчодрае, эфірнае, ядранае.

Пасля начнога дажджу... паветра было асабліва бадзёрае і прыемнае (І.Дуброўскі). Прагна ўбіраў грудзьмі яшчэ водарнае ад лета паветра лугоў (К.Кірэенка). На ўсе лады заходзіліся салаўі, асабліва на рэчцы... у духмяным, што мёд, паветры (В.Карамазаў). Паветра жывое ўдыхаю, Па сцежках ступаю ў гаі (А.Бялевіч). Другі трывожны акорд аддаўся ў залацістым замглёным паветры (У.Караткевіч). ...Паветра такое крыштальна-чыстае, якім бывае толькі ў асобныя дні верасня... (Т.Хадкевіч). Адыходзіў, адступаў цень навальнічнага прыцемку, пакідаў за сабою спакой, маладое паветра... (А.Жук). Яшчэ нядаўна марозна-чыстае паветра поўнілася пахам дымнага смуроду... (І.Мележ). І паветра здаецца мядовым... (Г.Бураўкін). Паветра было мякка-аксамітае, чуць-чуць вільготнае, як перад дажджом... (Т.Хадкевіч). У паветры, мяккім, пекным, паплыла ты тужліва, песня (М.Багдановіч). Наперадзе перад ёю [Чаславай] — бляск вады, пахкае паветра (А.Савіцкі). Паветра п’янае, бы Цынандалі (У.Караткевіч). Паветра чыстае, лёгкае, піткое... (Б.Сачанка). Асабліва гучна звініць гэтая песня надвячоркам або раніцаю, калі паветра такое пяшчотна-чуллівае, што кожны гук плыве-разыходзіцца па яго струнах у працяглых музычных тонах (Я.Колас). Чаму без роднага паветра Я доўга дыхаць не магу (Н.Гілевіч). Ні славы, ні скарбаў я не хачу, Мне б толькі прайсці непрыкметна, Зямлю сваю пад нагамі адчуць, Надыхацца родным паветрам (П.Панчанка). За мурамі сабора дагарала на купалах сонца, круціліся вакол іх у ружовым вячэрнім паветры стрыжы... (У.Караткевіч). Разгойданае цюканне сэрца, ненасытная прага салодкага эфірнага паветра, подых лёгкага ветрыку... (Ц.Гартны). На свежым лясным паветры ўсё здавалася такім смачным (В.Вольскі). Паветра здалося... хмельным, ударыла ў галаву, закружыла яе (У.Карпаў). Чыстае, свежае ранішняе паветра разносілася па невідомых струнах песні жаваранкаў (Я.Колас). І блакітнае, без хмурынкі неба, і асаблівая, незвычайная празрыстасць чысцюткага паветра... (І.Мележ). Спёка. Жаўранкі звоняць у шкляное празрыстае паветра (У.Караткевіч). Сілкуе грудзі шчодрае паветра Дапытлівасці вечным пачуццём (С.Законнікаў). У ядраным паветры ўсё вельмі далёка чуваць (Я.Сіпакоў).

3. Пра забруджанае, кепскае паветра: агіднае, горкае, душнае, задушлівае, задымленае, мляўкае, нездаровае, смуроднае, спёртае, спрасованае, тухлае, удушлівае, цяжкае, чаднае, чорнае.

Паветра густое і... агіднае (А.Якімовіч). Паветра горкае чужыны, Пыл едкі рурскае руды (П.Прыходзька). Спёртае, душнае паветра абдало Рыгора... (Ц.Гартны). Задушлівае, мляўкае паветра вагона выклікала слабасць ва ўсім целе... (“Маладосць”). На Рыгора панясло смуродам тухлага... паветра (Ц.Гартны). Стаяла густое, цёплае, смуроднае паветра (М.Гарэцкі). І зноў асела ля арэшніку цяжкое, як спрасаванае, паветра (А.Савіцкі).

@

ПАВУЦІНА (павуццё, павуцінне). Агністая, белая, бліскучая, бялюткая, вясёлкавая, вясёлая, залатая, лёгкая, мяккая, празрыстая, прыгожая, ранняя, светлая, серабрыстая, срабрыстая, танюткая, тонкая, трапяткая, ціхая  восеньская, золкая, ліпкая, ліпучая (разм.), нудная, цягучая.

Блішчалі-пераліваліся на сонцы агністыя, трапяткія павуцінкі восені (М.Лынькоў). У празрыстым паветры, у блакітнай высі лётае белая павуцінка (І.Навуменка). На ніцях белай павуціны Прыносяць восень павучкі... (Я.Колас). А ялінка!.. Чаго толькі На яе няма галінках! Свецяць зоркі і вясёлкі У бліскучых павуцінках (Я.Колас). Я ім [бярозам] сокі даю, іх на ноч паліваю, каб яшчэ пастаялі, а ўранні цішком павуціны бялюткай ніццё абрываю (Е.Лось). Лес быў яшчэ зялёны, поўніўся птушыным звонам, але ўжо сям-там паблісквалі мяккія вясёлыя павуцінкі — прыкмета блізкай восені (“Маладосць”). Залатыя павуцінкі ткуцца ў шоўк чырвоны... (Я.Колас). Стаяў лістапад, а ў паветры лятала лёгкае павуцінне (І.Навуменка). І ніць празрыстай павуціны Не абыду, не абыду (М.Стральцоў). А як прыгожы павуцінкі Ў шаўках зялёнае травінкі! (Я.Колас). Харошая пара. Нейкая паўза... перад журботна-сонечнай паэзіяй маладога лісця і амаль па-жаночы пяшчотных дотыкаў ціхага, светлага, лёгкага павуціння (Я.Брыль). І толькі рэдкія жоўтыя лісточкі ды серабрыстае павуцінне між галін напамінаюць пра блізкую восень (А.Варановіч). У паветры лятала срабрыстае павуцінне (І.Навуменка). Антаніна згадала, як учора... нябачна вісела ў паветры, пяшчотна дакраналася да твару, лёгка казытала шчокі і вусны танюткае павуцінне (Я.Радкевіч). На кустах ужо вісела золкая восеньская павуціна (К.Чорны). Ноч. Асенняя, цёмная, нібы чорны атрамант. Густы дробны дожджык цыркае зверху, цягнецца золкай павуцінай (З.Бядуля). Восень. Нудны дождж. У лесе ліпучае нуднае павуцінне вісіць на кустах... (М.Лынькоў).

* Павуцінне-кросны.

Промні сонца не паспелі запаліць буйныя кроплі расы, што віселі на траве, на павуцінні-кроснах, напнутых паміж галінак арэшніку (Л.Гаўрылкін).

@

ПАКЛОН. Важны, ветлівы, вітальны, глыбокі, зямны, ласкавы, лёгкі, нізкі, пачцівы, прывітальны, прыгожы, пяшчотны, развітальны, сардэчны, стрыманы, сяброўскі, удзячны, шчыры  барадаты (аўт.), журботны, ліслівы, маўклівы, нязграбны, няўдалы, цырымонны.

Пан Богут ветлівым паклонам Гасцей вітае дарагіх (Я.Колас). Паклон вітальны — купінам адталым І журавінам, што не ўмерзлі ў лёд (А.Пысін). З глыбокім паклонам вітаю я вас, Сябры мае... (“Маладосць”). О, сябры? Калі нешта значыць Мой усім вам паклон зямны — Хай і цень мой з пагорка бачыць Жыта, сосны і валуны (Н.Гілевіч). Вам паклон сардэчны, воіны, паплечнікі, З кім зямлю я родную разам бараніў (П.Панчанка). Загорскі зрабіў лёгкі пачцівы, але прыгожы паклон галавой (У.Караткевіч). Ён прывітаў хлопцаў, важна нахіліўшы голеную галаву ў стрыманым паклоне (М.Машара). Клопікаў схіліўся ў ліслівым паклоне... (М.Лынькоў). І мой барадаты паклон Малдове! Прыеду і я... (Р.Барадулін). А ваякам тваім [краіна], хто загінуў За свабоду, працоўных айчыну, Мой журботны і нізкі паклон (Я.Колас). Шчыры паклон вам, родныя гоні, Мілы, далёкі мой край (“Маладосць”). Кавалеры падскочылі..., выгінаючыся ў цырымонным паклоне (В.Вітка).

@

ПАЛЬЦЫ (палец). 1. Пра даўжыню, таўшчыню, форму, колер, ступень мяккасці (цвёрдасці); пра характар скуранога покрыва: беласнежныя, белыя, гладкія, доўгія, загарэлыя, малыя, мяккія, прамыя, пульхныя, пухлыя, пяшчотныя, роўныя, ружовыя, тонкія, точаныя  адтапыраныя, бледныя, вузлаватыя, глініста-рудыя, грубаватыя, драўляныя, дубовыя, жалезныя, жоўтыя, жылаватыя, жылістыя, закарузлыя (разм.), заскарузлыя, зашмальцаваныя, караватыя, каравыя, кароткія, каструбаватыя (разм.), кручкаватыя, куксатыя (аўт.), парэпаныя, пачарнелыя, пляскатыя, растапыраныя, сагнутыя, скурчаныя, сухія, тоўстыя, чорныя, чырвоныя, шорсткія, шурпатыя.

Растапыраныя, кароткія і пухлыя белыя... пальцы выразна выдзяляліся на цёмна-зялёным аксамітавым абрусе (П.Галавач). Беласнежныя гладкія пальцы піяністкі, здавалася, ледзь-ледзь краналіся клавішаў (“Маладосць”). На дошках засталіся адбіткі пальцаў, нейкіх дужа доўгіх (А.Савіцкі). Якія пяшчотныя і мяккія ў яе [дзяўчыны] пальцы! (А.Савіцкі). Маленькая далонь, на якой я адчуў мазалі, і ўсе пяць малых і цёплых пальчыкаў схаваліся ў маёй бруднай, вялікай жмені (Я.Брыль). Ён [Мінкін] маладзее ў твары. Махае валасатымі рукамі. На адным з пульхных падагрычных пальцаў масіўны пярсцёнак з рубінам (З.Бядуля). Тонкія ружовыя пальчыкі дзяўчыны дрыжаць, голас зрываецца на шэпт (“Беларусь”). На чорным фоне адзежы белая рука з адтапыраным пальцам была вельмі выразна белая, як мармуровая (К.Чорны). Пальцы... на левай руцэ нейкія глініста-рудыя, сагнутыя, зрэдку варушацца (А.Савіцкі). Вузлаватымі кароткімі пальцамі жанчына сціскала ражкі хусцінкі, няўцямна пазіраючы на незнаёмых... (“Полымя”). Па гузіках баяна лёгка і чула ходзяць грубаватыя пальцы... кавальскіх рук (Я.Брыль). Толя злуе, што ў мяне тупы слых і дубовыя пальцы (Я.Скрыган). Міцька ад нечаканасці расчыніў свае жалезныя пальцы (І.Шамякін). Перад ім закарузлымі пальцамі карты цыганка лажыла (Н.Гілевіч). Потым [паказаўся] увесь ён [Чарнушка]... у даматканай сарочцы і штанах, босы, з кручкаватымі жоўтымі пальцамі на нагах (І.Мележ). Як нейкі скарб трымаюць камялі, Шырэй тапыраць пальцы караватыя (Р.Барадулін). ...Угледзеў цёмны раздвоены пень. Быццам два куксатыя пальцы незразумела вялізнай рукі вылазілі з шэра-зялёнай зямлі (А.Кудравец). [Рукі жанчыны] учэпістыя, з няроўнымі, падобнымі на зубчыкі ржавелай пілы ногцямі на каструбаватых пальцах (А.Савіцкі). Шурпатая ў бацькі далонь... Тоўстыя парэпаныя пальцы... заўсёды чорныя, зашмальцаваныя — не адмыеш іх мылам (М.Лынькоў). [Наста] разглядала пачарнелыя, у дробных рэпінах пальцы (А.Савіцкі). Курдзянкоў... стаяў і мацаў пляскатымі кароткімі пальцамі дрэнна вымалачаныя каласы (І.Дуброўскі). Сполах, нянавісць у сп’янелых вачах... чалавека... і рух затвора, які смарганулі тоўстыя чырвоныя пальцы, вярнулі Захара ў свет рэальны (А.Савіцкі). Спелае зерне скрозь пальцы шурпатыя льецца (С.Гаўрусёў).

2. Пра стан, рухавасць пальцаў; пра іх ацэнку: артыстычныя, далікатныя, дрыготкія, дрыжачыя, залатыя, зграбныя, пакорлівыя, палкія, рухавыя, спрытныя, трапяткія, умелыя, хуткія, цёплыя, чуйныя, чуллівыя  абвялыя, агрубелыя, адзервянелыя, ацёклыя, брудныя, вялыя, загрубелыя, задубелыя, занямелыя, здранцвелыя, знямелыя, кволыя, непаслухмяныя, нервовыя, нерухомыя, падагрычныя, перапэцканыя, прагныя, учэпістыя, хапатлівыя.

Дрыготкімі зграбнымі пальчыкамі дзяўчынка ўзяла кавалачак хлеба, але есці саромелася (І.Грамовіч). Памятлівую галаву меў сакратар, залатыя меў пальцы (Р.Мурашка). Я ўзяў яе руку ў сваю і пачаў перабіраць пакорлівыя цёплыя Ганчыны пальцы (М.Стральцоў). Пальцы палкія спляліся, Вусны вуснам штось шапталі (Х.Жычка). Краты на вокнах магазінаў — работа варшаўскіх рамеснікаў — нібы вывязаныя спрытнымі пальцамі рукадзельніцы (Я.Брыль). А ў душы бяздомнага блукальца Ўсё ж жыве ўсхвалёванае мора, Рук пяшчотных трапяткія пальцы, Галубіная вачэй пакора (А.Звонак). Яны [пальцы], прасвечаныя, здаваліся нязвыкла тонкімі і доўгімі, артыстычнымі (І.Хадановіч). Хлопец пачырванеў і... нясмела падаў... руку канцамі абвялых пальцаў (П.Галавач). Сэрца білася ў скронях і... у кончыках ацёклых пальцаў (І.Шамякін). Пальцы правай рукі брудныя, перапэцканыя зямлёю, сціснуты ў кулак... (А.Савіцкі). Расцалуй да чыстых слёз, да смеху, Пальчыкі азяблыя сагрэй (Я.Янішчыц). Алаіза міжволі сціснула ў кішэнях пінжачка задубелыя пальцы (В.Коўтун). Хведар доўга пляскаў рукамі, саграваючы здранцвелыя ад холаду пальцы (І.Новікаў). [Васіль] вачэй на Ганну не падымаў і ў думках злаваў на свае асабліва непаслухмяныя пальцы (І.Мележ). [Палкоўнік] забарабаніў па стале доўгімі нервовымі пальцамі (М.Гамолка). На адным з... падагрычных пальцаў масіўны пярсцёнак... (З.Бядуля). Хораша яна, гэтая плотка, выглядае на кручку, калі, трапечучы на валасяной струне, набліжаецца да прагных пальцаў жывым, мокрым срэбрам лускі (Я.Брыль). І я адчуў, як за плячо спалохана Схапіліся ўчэпістыя пальцы (Н.Гілевіч). [Жанчына] хапатлівымі пальцамі развязала вузлікі, з размаху разгарнула хустачку па ўсёй далоні (Я.Скрыган).

@

ПАМЯЦЬ. I. Здольнасць запамінаць, захоўваць і аднаўляць у свядомасці ранейшыя ўражанні; запас гэтых уражанняў: адменная, адчувальная, багатая, бліскучая, бяссонная, вострая, выдатная, выключная, глыбокая, дасканалая, дзіўная, добрая, моцная, народная, неверагодная, непадкупная, неўміручая, нядрэмная, нятленная, пільная, рэдкасная, свежая, светлая, узварушаная, усячутная (аўт.), фенаменальная, чуйная, чыстая  глухая, горкая, дзіравая, заняпалая, каціная, курыная, пустая, скупая, слабая, успамінамі скупая.

Памяць у Гаранскага нейкая адменная: яна доўга-доўга захоўвае выразныя драбніцы чалавечага твару (Р.Сабаленка). О сэрца адчувальнейшая памяць, Ты захавай да рысачкі адной Любімы вобраз... (А.Пысін). Цяпер жа ў памяці маёй бяссоннай Усе ажылі таварышы, іх справы... (М.Танк). Памяць Беларусі аб мінулай вайне надзвычай вострая (А.Адамовіч). Сэрца таксама мае памяць. Дасканалую, непадкупную памяць (У.Карпаў). У яго [Івана Васільевіча] была дзіўная памяць на сёлы, воблік якіх ён запамінаў гэтак жа, як твары людзей (І.Шамякін). Як метэор, што азарае свет, Ты [Гастэла] праляцеў над Беларуссю роднай, Навек пакінуўшы глыбокі след У неўміручай памяці народнай (М.Аўрамчык). Памяць нядрэмная, будзь жа ўсячутнай, Грукай у сэрцы ўдарам тарана... (П.Макаль). Кнігі — сябры... Але ў сэрцы яны застаюцца, Як памяць нятленная (У.Караткевіч). А памяць пільная вартуе Хвіліну тую праз гады, — Як рэжа, стоячы, матуля На лусты бохан малады (С.Законнікаў). Горкая памяць ахвяр... Светлая памяць сяброў... (Я.Брыль). Узварушаная памяць напомніла ўміг амаль, здавалася, забытае... (І.Мележ). Відаць, яно [забыццё] прыйшло таму, Каб я прачнулася, устала І ў памяць чыстую ўвабрала Дзівосна першую зіму (Г.Каржанеўская). Памяць вякоў глухая, Чуйная памяць зямлі (Р.Барадулін). Ёсць горкая памяць у маёй зямлі (У.Караткевіч). Памяць у мяне... дзіравая... (М.Лобан). Не, галубок: не пазнала я — памяць мая заняпалая... (Я.Колас). У многіх каціная памяць, ім абрыдлі напаміны [аб вайне] (У.Караткевіч). Раптам... ён аж падскочыў на месцы: “А пра галоўнае і забыўся, во памяць курыная! (М.Лынькоў). І толькі памяць пустая варушыць бясконцасць хваль кіпучых (А.Куляшоў). Вось затое ў часе не растане Памяць, успамінамі скупая, Пра такіх бясстрашных і адданых, Як Васіль Іванавіч Чапаеў (А.Звонак).

II. Успамін пра кагосьці (пра штосьці): ачышчальная, белая, вячыстая, гаючая, гордая, жывая, зваблівая, незабыўная, незагойная, несмяротная, святая, слаўная  балючая, горкая, даўняя, жахлівая, жорсткая, колкая, неспакойная, нядобрая, палыновая (аўт.), прыкрая, рассечаная (аўт.), сівая, страшная, суровая, трывожная, чорная.

Ды патрэбна яму, каб сумленнем не слеп, Нібы воку сляза, ачышчальная памяць (С.Законнікаў). Заваліла, засыпала ганак Белай памяццю белых начэй (Я.Янішчыц). Яны [легенды] узыходзяць пад гоман травы, Як людзі змаганне распаляць, І вечную славу спяваюць жывым, А мёртвым вячыстую памяць (П.Глебка). Я іду па слядах тваіх у свет нязнаны Па гаючай памяці, незагоеных ранах (В.Вярба). І зырчэла зноў у клопатнай маркоце неспакойная і зваблівая памяць пра Ганну (І.Мележ). Незагойная памяць жывая З блакаднага забыцця вырывае Імёны бацькоў і братоў (Р.Барадулін). Стаіць Курган на пагарбелай выспе, — Святая памяць (В.Лукша). Горда ўзвышаешся, Белая Вежа — Слаўная памяць вякоў (А.Бачыла). Будуем шмат, і вывучаем высі, І на радзінах голасна пяём: ...Хаця б каторы не адгарадзіўся Ад памяці балючай дываном (Т.Каржанеўская). Доўга бегла дзяўчынка праз цемру і замець, Пасінеўшымі ручкамі падала ў снег. Адтаго і застаўся, як горкая памяць, На маленькіх далонях маршчыністы след (Н.Гілевіч). Строма ўзвышаешся, Белая Вежа — Даўняя памяць вякоў (А.Бачыла). Ні гукам, ні званком не адгукнешся. Атуліць колкай памяці сувой (Я.Янішчыц). Васільковы спакой. Смутак верасу сіні. Палыновая памяць тугі (Р.Барадулін). Згінулі ранейшыя мары [Міхала], пакінуўшы, пасля сябе прыкрую памяць (І.Кудраўцаў). Дзед хмурнеў, хаваў свой боль стары ў скрыню, пад замок: рубцы рубцамі — з той адчайна-юнае пары ныла ў ім рассечаная памяць (Т.Бондар). Памяць сівая ў пагнутай касцы Часта ў сны ім [салдатам] знячэўку ўрываецца (Г.Бураўкін). За сувязь з хлопцамі ляснымі, Каб памяць страшнаю была, З людзьмі нявіннымі — жывымі! — Спалілі вёсачку датла (С.Гаўрусёў). Нібыта суровую памяць вайны, Гартаю старонкі альбома (А.Бачыла). Праз гурбы і сцюжу, Праз дзікую замець На сцежку выводзіць Трывожная памяць (С.Грахоўскі). А Гуртавенка аб сабе чорную памяць пакінуў, нядобрую памяць... (Б.Сачанка).

* Памяць-боль, памяць-гора.

Усё ў іх ёсць, а памяці няма. Такой, як памяць-гора, памяць-боль, Што гоніць нас — калі касцёр запаляць — Па крупы, па запалкі і па соль (У.Някляеў).

@

ПАРА. Час, перыяд.

Пра шчаслівую, вясёлую пару; пра цяжкую, нешчаслівую пару жыцця чалавека, існавання прыроды: агністая, адчайна-юная (аўт.), бесклапотная, бестурботная, высокая (аўт.), грыбная, дарагая, дзівосная, дзіўная, добрая, залатая, звонкапалозная (аўт.), зялёная (аўт.), магутная, незабыўная, непаўторная, новая, пекная, першародная, радасная, светлая, слаўная, смутна-ціхая (аўт.), суцішная (аўт.), увішная, цудоўная, чароўная, шчаслівая, ясная  гаратлівая (разм.), глухая, грозная, змрочная, ліхая, навальнічная, ненавісная, нешчаслівая, нялёгкая, суровая, цяжкая.

Нашы бацькі нам падарылі Славу агністай пары (К.Кірэенка). ...З той адчайна-юнае пары ныла ў ім [дзеду] рассечаная памяць (Т.Бондар). Скажы, што незваротна Небяспечна Гарыць касцёр высокае пары (Я.Янішчыц). Грыбная першародная пара, Ускінь жа нада мною свае крылы (А.Грачанікаў). ...Раптам дарагой парою весняй, сябе здзівіўшы сполахам душы, зайшлася, нібы жаваранак, песняй... (Е.Лось). Гэтай дзіўнай парой, Кажуць, з сэрцам чаго не здараецца! (Н.Гілевіч). А ў вясёлы, вечар мая Салавей у гаі свістаў... Ой, пара ты залатая! Хто цябе не *ўспамінаў? (Я.Колас). А то парой звонкапалознай, Не дачакаўшыся гракоў, Пяро я аскаромлю прозай, Як нехта з племя мудракоў (Р.Барадулін). Было лета, самая зялёная пара яго (І.Мележ). Ды хто ж можа не любіць гэтую магутную пару..., калі ўсё жыве і дыхае, трапечацца, спявае... (М.Паслядовіч). Хіба выжывем для Непаўторнае, новае, Залатое пары... (Я.Янішчыц). Уздыхнуўшы, успамянеш: лета — пекная пара (А.Гурло). Праляцела борзда лета, Наша светлая пара (Я.Колас). Тая смутна-ціхая пара, каторую так любіў і каторая стаяла ўваччу... ужо даўно мінулася (М.Гарэцкі). Пара суцішная пакуль, І не сягоння развітанне (А.Пысін). Здарылася так, што ўвішная летняя пара спыніла будаванне (І.Мележ). Перад вачыма — вочы, Паходка ганчара... Далёкі час дзявочы, Шчаслівая пара! (А.Куляшоў). Як добра яснай чэрвеньскай парой Жыць у спакойным свеце (В.Матэвушаў). Адышла ў нябыт з праклёнам гаратлівая пара (А.Александровіч). Родным словам мы грознай парою Гуртавалі рады змагароў... (Н.Гілевіч). Зброя сатыры... добра служыла ў змрочную пару пілсудчыны (Я.Брыль). Магчыма, й ты, як вырасцеш, Радзімай паклікан будзеш у магутны строй, Каб чужаніц ад меж зямлі любімай Адводзіць навальнічнаю парой (К.Кірэенка). Той ненавіснай прыгоннай парою Труцень вяльможны сядзеў у пакоі (У.Дубоўка). Вёска спіць — пара глухая, Позняя часіна. Не спіць толькі маладая У школцы дзяўчына (Я.Колас). Цяжкая пара мінавала... (А.Александровіч). У нас з табою стрэч было нямала У грозны час і радаснай парой (М.Танк).

@

ПАХ (пахі). Апетытны, асабліва свежы, асаблівы, бязлітасна шчодры (аўт.), вільготны, выразны, высакародны (аўт.), вясёлы, вясновы, гаючы, густы, далікатны, дамавіты, дамашні, дзівосны, дзіўны, духмяны, жыватворны, жывы, здаровы, зманлівы, зялёны (аўт.), казытлівы, малады, моцны, мядовы, мяккі, невымоўны, непаўторны, непераможны (аўт.), няўлоўны, праменны (аўт.), прыемны, прынадны, пяшчотны, размаітыя (мн., разм.), рамонкавы, родны, салодкі, свежы, смалісты, смачны, спакуслівы, спелы (аўт.), тонкі, усеўладны, флёксавы, хваёвы, хвалюючы, хлебны, цёплы, цудоўны, чабаровы, ядраны  брудны, волкі, востры, гаркавата-смалісты, гаркаваты, гаркавы, даўкі, дурманліва-п’янлівы (аўт.), дурманліва-салодкі, дурманлівы, душны, забыты, знаёмы, кволы, клейкі, колкі, ледзь улоўны, лёгкі, млосна-гаркавы, млосны, млявы, не вельмі прадуманы (аўт.), незнаёмы, незразумелы, нечаканы, нязвыклы, няўстойлівы, пранізлівы, прытоены, прэсны, рыбны, рэзкі, салона-горкі, слабы, сумны, сыраваты, сыры, трывожны, удушлівы, уедлівы, халаднаваты, халодны, цклівы (разм.), цяжкі, шалёны, шчымлівы.

Па хаце пайшоў апетытны пах... (І.Новікаў). Усё ж халаднаваты, нейкі асабліва свежы пах саломы з гумна, зычны рып паслухмяных гуменных варот не прайшлі міма ўвагі (І.Мележ). Зямля ў кожную пару года мае свой асаблівы і непаўторны пах і выгляд... Асабліва гэты млосна-гаркаваты пах чуецца на бульбяных палетках (К.Каліна). Гэты бязлітасна шчодры, не вельмі прадуманы флёксавы пах успомніўся мне ў Пяцігорску сёлета вясной... (Я.Брыль). [Маша] з прыемнасцю ўдыхала вільготны пах узаранай зямлі (І.Шамякін). Мядзведзь спыніўся, задраў уверх галаву... Наверсе быў мёд, пах сплываў з вяршаліны, слабы, але выразны (А.Кажадуб). Такіх селядцоў і нашы міністры не ядуць. Гэта ж высакародны пах (І.Шамякін). Я зноў адчуў вясёлы, пах палёў (П.Панчанка). У букавых лясах Стаіць нямая ціша, Мы пах гаючы п’ём — Лясным паветрам дыхаем (П.Макаль). Хораша летам у лесе! Стаіць млосная, з густым пахам соснаў і ягад, цішыня (І.Мележ). А калі ножычкам акуратненька з чатырох бакоў разрэжуць скуру і, нібы з банана, спусцяць яе доўгімі палосамі ўніз, далікатны, тонкі пах маладога панта пагоніць сліну нават у негалоднага чалавека (Я.Сіпакоў). Першыя мэндлі. Шпакі пачынаюць лётаць чародамі. На выгане — басаногія пастушкі і дамавіты пах торфу ад іхняга вогнішча (Я.Брыль). І матчыны словы, і ласка яе, і такі знаёмы дамашні пах смажанага сала з каўбасой зноў вярнулі Івану адчуванне радасці жыцця (А.Кудравец). Па вуліцах горада разгульвалі вятры, прыносячы з сабой дзівосныя пахі квітнеючых садоў (І.Гурскі). У сухім паветры застаўся нейкі дзіўны і трывожны пах (Э.Самуйлёнак). Янук пачуў духмяны хлеба пах (М.Танк). А ў смалістым бары стаіць настоены жыватворны пах хвоі (“Маладосць”). Не віселі над зямлёй і жывыя пахі, адно казытала ў носе ад сапрэлага лісця... (А.Кажадуб). Запомняцца — бярозкі з вольхаю, Суніц здаровы спелы пах... (А.Пысін). І зманлівы пах даспелых малін, І водар лугоў някошаных — Усё змясцілася ў сэрцы маім... (Н.Гілевіч). Зялёных яблыкаў зялёны пах. І цішыня (А.Сербантовіч). І вось яны ўсе ў хлеве, на палацях, агорнутыя цемраю і духмяным, казытлівым пахам сена (І.Мележ). Пах гэтых руж, Як вясна, малады, Сціпла закрэсліў старыя гады... (К.Буйло). Вось і цёмны той бор З векавечнымі соснамі, З моцным пахам смалы, І з лясной цішынёй, Дзе з каханым хадзіла... (А.Бачыла). Над ружавата-белым дзяцельнікам мірна зумкалі пчолы, стаяў густы мядовы пах (П.Місько). У аўтобус хлынула свежае дрыготкае паветра з нейкім мяккім халодным пахам (В.Адамчык). Залатыя рамонкі. Пярэсна. Невымоўны майнікаў пах (К.Кірэенка). З недалёкага... тока... несла непаўторным пахам новага хлеба (І.Шамякін). У памяці ўсплыла камора старэйшай, замужняй сястры, вялікая і змрочная камора... з моцным, мядовым, непераможным пахам воску... (Я.Брыль). А можа, сапраўды снег убірае ў сябе няўлоўныя пахі адвечна жывой зямлі? (І.Шамякін). Усё цвіло і поўніла ранішняе паветра густым праменным пахам мёду, поля, саду... (А.Васілевіч). Прынадныя пахі разлівала ў паветры маладая чаромха (Я.Колас). [Сусед] узяў антонаўку, зноў пакруціў яе ў руках, удыхнуў пяшчотны пах (А.Васілевіч). Прыпарвала, і бор аж млеў ад размаітых пахаў — хвоі, ягадніку, травы (Б.Сачанка). Па роснай траве, у рамонкавым паху, у ранішнім золаце сонца пройдзе яна [Люда]... (Я.Брыль). І калі згасне сонца ў вачах, — Мне будуць сніцца кожны дзень шпакоўні І аржанога хлеба родны пах (Г.Бураўкін). Салодкі пах багунніку злёгку кружыць галаву (М.Лынькоў). Увайшлі ў поўны смалістага паху сасоннік (В.Быкаў). Устане рана хлебапёк, адчуе смачны пах, і пойдзе жытні свежы хлеб з румянцам на шчаках (Э.Агняцвет). Раптам зверху, з вяршаліны высачэзнага дуба, пацягнула спакуслівым, смачным... пахам (А.Кажадуб). Так, тонкі і востры пах жывога дрэва крышку кружыў галаву (А.Кажадуб). Ствалы набраклі, вось, здаецца, пырснуць. Плыве над верасам хваёвы, душны пах (П.Панчанка). Ужо чуецца ледзь-ледзь хлебны пах, які так прыемна казыча ноздры (П.Броўка). О, белыя яблыні, белыя яблыні, Пялёсткаў шалёны хвалюючы пах! Дзяўчаткі пужлівыя, хлопцы нязграбныя, І хмель веснавы на гарачых губах! (П.Панчанка). Ну глядзіце, яблыні, глядзіце На чубатых, статных, маладых, На пагоны рукі пакладзіце, Бо няма паблізу тых, Што не вельмі часта шлюць пасланні З хмельным пахам веснавых садоў... (А.Пысін). Лес гаманіў ужо, шчабятаў, спяваў. Густыя цёплыя пахі разліваліся, як мора (Р.Мурашка). Час вечаровы. Пах чабаровы. Кветку-званочак крані — Песні пальюцца адтуль жаўруковы (Р.Барадулін). Усё гэта, прасычанае свежым, ядраным пахам пагоднага рання, узняло ўнутры Лясніцкага ціхую радасць (М.Зарэцкі). На Зеленюка патыхнула брудным пахам жылля (М.Зарэцкі). Водар ад яе [акацыі] пранікаў у пакой, перабіваў волкі пах пабелкі (А.Асіпенка). Жнівень прыйшоў..., шчодры і працавіты жнівень з вострым хлебным пахам... (Я.Брыль). У вільготным паветры стаяў гаркавата-смалісты пах ігліцы (В.Быкаў). Навокал стаіць... жыта, спакойна дыхаючы смачным, гаркавым пахам (Я.Брыль). І не паможа мне... Ні гэты пах, дурманліва-п’янлівы... (Н.Гілевіч). З глінянага гладыша разыходзіўся дурманліва-салодкі пах самагонкі (М.Паслядовіч). Для нас, маладых, засталіся ў лугах яе [Валянціны] несабраныя краскі, І белай чаромхі дурманлівы пах... (Н.Гілевіч). Маё маленства! Душны пах чарэмхі, Арэхаў залатых даспелы град... (П.Панчанка). Недзе на паўдарозе абавязкова рабіў прыпынак... Садзіўся між разнатраўя, каб надыхацца гэтым цклівым, забытым у горадзе пахам (Я.Сіпакоў). У горадзе яшчэ стаяў пах гару, цяжкі і даўкі (Л.Арабей). Да гэтага ўсеўладнага паху і цішыні далучаўся ля возера пах ранняй атавы (А.Ліс). Гой... радасна засмяяўся і пайшоў далей адзін, адчуваючы тонкі і кволы пах духоў (У.Карпаў). Усім целам Крушынскі адчуваў гэты клейкі, густы пах (З.Бядуля). Пах сухіх суквеццяў быў востры, колкі... (А.Савіцкі). Але дзіўней за ўсё зямля пахне зімою... У паветры тады носіцца ледзь улоўны, незразумелы пах разрэзаных гарбузоў (К.Каліна). Ёсць боль затоенай тугі У кволым паху звялых кветак (У.Жылка). З агародчыка тугімі, густымі хвалямі ўліваўся млявы пах бэзу (Я.Скрыган). Неўзабаве [лось] пачуў наперадзе незнаёмы пах гару і яшчэ нечага нязвыклага (І.Чыгрынаў). Самыя нечаканыя, размаітыя пахі поўнілі наваколле (Б.Сачанка). Пахам нязвыклым вецер дыхне з Нафтаграда (Р.Барадулін). Цяжкі, але няўстойлівы пах папялішчаў... абуджаў горыч (А.Савіцкі). Пахне бадзяк... Але яго пах іншы, прытоены (Я.Сіпакоў). Мы былі адны. Вакол трава, моцны рыбны пах, спеў птушак (М.Лупсякоў). Нейкі салона-горкі пах прыстаў да яго... (З.Бядуля). Вецер раптам аднекуль прынёс млявы, крыху сумны пах травы (І.Мележ). Нізам слаўся водар цёплай восені, з якога найбольш выдзяляўся сыраваты, смачны пах грыбоў (Я.Брыль). Эх, заспяваць бы, ды няможна, Шчымлівы надта хвойны пах... (Р.Баравікова).

@

ПАЦАЛУНАК. Агністы, агнявы, ап’яняльны, асцярожны, бязгучны, вясёлы, гарачы, доўгі, доўгі-доўгі, дрыготкі, звонкі, лёгкі, моцны, неабдымны, неўпатольны (разм.). нясмелы, палкі, палымяны, парывісты, пругкі, пякучы, радасны, развітальны, расстайны, сакавіты, салодкі, страсны, сустрэчны, трапяткі, хмельны, шчыры  безразважны, вялы, горкі, дзікаваты, зацяжны, кароткі, пакутлівы, пералётны (аўт.), прагны, салёны, сасмяглы, сляпы, халодны, шалёны.

І лёгкім дзявочым лятункам Ужо не вярнуцца сюды — Агністым сляпым пацалункам Дзіцячыя дзьмухне сляды (С.Гаўрусёў). Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў... [Лабановіча] шчасцем (Я.Колас). Запанавала маўчанне з яго бязгучнымі пацалункамі (У.Караткевіч). [Міхась] зноў прытуліў... [Тамару] да сябе, і іх вусны, гарачыя і сухія, зліліся ў доўгім пацалунку (І.Сіўцоў). Памятаю тыя нясмелыя, дрыготкія, гарачыя і прагныя пацалункі (Б.Сачанка). Яна [Хадоська] не адвярнулася, адказала доўгім-доўгім пацалункам (І.Мележ). Дзе спляценне цяністых карунак, дзе зялёная траўка ўстае, звонкі радасны пацалунак ашчаслівіў, відаць, яе (Е.Лось). Сасмяглы пацалунак на губах, Як вечнасць — неўпатольны, неабдымны (В.Вітка). Першы раз табе я падарыў Пацалунак, палымяны, шчыры (І.Калеснік). [Захар] не зведаў радасці і ад прызнання Гайдаш, і ад яе дзікаватага, парывістага пацалунка (А.Савіцкі). Развітальны пацалунак горкі На губах астылых засмыліць... (“Маладосць”). Мой век складаецца: ...З сустрэчных і расстайных пацалункаў... (М.Танк). Паміж двума сакавітымі пацалункамі Сімон пачуў такую лічбу, ад якой яму стала холадна (Э.Самуйлёнак). Яшчэ трапяталіся смехам вейкі, як... [Рэня] уздыхнула і раптам парыўчата абняла... [Алёшку], страсным пацалункам апаліла анямеўшыя губы яго... (М.Лынькоў). Тыя два, першыя для яго [Алеся], пералётныя пацалункі... здаюцца часамі проста... чымсьці неверагодным (Я.Брыль). Праляталі гадзіны ў размове, Пацалунках, як ты, трапяткіх (А.Марціновіч). ... А гаркаваты пах смалы на лапках зломаных яловых — Як хмельны пацалунак на губах (М.Аўрамчык). Абхапіў Яніну і прынік да яе ў безразважным, шалёным пацалунку (А.Марціновіч).

@

ПАЧУЦЦЁ (пачуцці). Псіхічны стан чалавека, яго перажыванні; каханне.

1. Пра сілу, глыбіню, свежасць пачуцця; пра ўсвядомленасць, акрэсленасць перажыванняў: агнявое, агромністае, багатае, вольнае, вострае, вялікае, гарачае, глыбокае, дзіўнае, замілаванае, захапляльнае, зямное, кіпучае, лёгкае, маладое, мнагалучнае (аўт.), моцнае, мужчынскае, неабсяжнае, неадольнае, невыказнае, непераможнае, нестрыманае, неўтаймоўнае, няўрымслівае, няўтольнае, няяснае, парывістае, патаемнае, пякучае, уладнае, усёабдымнае, усёпаглынальнае, цёплае, шырокае.

Такі напал, такая сіла Былі ў пачуццях агнявых (А.Бялевіч). Як у маўклівых, скупых словах выказаць тое агромністае, багатае пачуццё, якое ў ім [Васілю] жыве? (І.Мележ). Пачуццё, шырокае, вольнае, кружыла і кружыла [Іванку]... (М.Стральцоў). Клара прысутнічала ва ўсіх яго занятках і думках вострым, няўтольным пачуццём крыўды... (І.Навуменка). Кожны з нас паасобку і ўсе мы разам складаем народ, Радзіму, пачуццё любові да якой глыбокае і вялікае ў кожнага сумленнага чалавека (В.Вітка). І гарачая душа, і гарачыя пачуцці свяціліся ў тых вачах (А.Бялевіч). Тады робішся нібы сам не свой, ходзіш задумлівы, з нейкім дзіўным пачуццём (Я.Сіпакоў). І ўжо толькі адзін напамін пра яе [прыроду] заўсёды выклікае ў нас нейкае вельмі ж ужо цёплае, замілаванае, як ласка, пачуццё (Я.Сіпакоў). Няхай яно жыве са мною, Да скону грэючы жыццё, Маё мужчынскае, зямное, Святое гэта пачуццё (Г.Бураўкін). І вялікае, непераможнае пачуццё помсты запаліла Міколку (М.Лынькоў). Мяне ты ўспамінаеш З пачуццем лёгкім, як уздых Зімой па восені ці леце, І што пачуццяў маладых Нам не трымаць ужо... (М.Стральцоў). Раман сядзеў і слухаў, як грымелі далёкія стрэлы гармат, і ў душы падымаліся хвалі мнагалучнага пачуцця і нейкага невыразнага настрою (Я.Колас). Неадольнае пачуццё радзімы! Яно... напамінала пра сябе неадчэпна (А.Бачыла). ...У Таніным сэрцы... яно [пачуццё] не было такім моцным, усёпаглынальным, якое перапаўняе істоту чалавека... (М.Машара). Сэрца поўняць пякучыя неўтаймоўныя пачуцці (І.Дуброўскі). Анэта зразумела патайное Міхалава пачуццё (А.Васілевіч).

2. Пра характар пачуццяў, іх ацэнку: бескарыслівае, бесклапотнае, высакароднае, высокае, гордае, далікатнае, добрае, лагоднае, ласкавае, мужнае, невыказна-радаснае, незвычайна высокае, непаўторнае, праўдзівае, простае, прыгожае, прыемнае, пяшчотнае, радаснае, салодкае, светлае, святое, трапяткое, цнатлівае, чароўнае, шчырае  баязлівае, варожае, гнеўнае, гнятлівае, грубае, грэблівае, дзікае, дзіўна-недарэчнае (аўт.), зблытанае, звадлівае, ліхаманкавае, недарэчнае, непрыемнае, неспакойнае, няшчырае, няяснае, пакутлівае, пакутнае, прыкрае, раўнівае, сарамлівае, трывожнае, тужлівае, цяжкае, шчымлівае.

З бесклапотным пачуццём спакою і развагі жанчына ўглядалася ў твар чалавека, які здаваўся ёй даўно-даўно знаёмым... (“Полымя”). Напоўнены сэрцы пачуццём высокім... (Я.Колас). Ніхто, як Сухамлінскі, так асцярожна не ўмеў закінуць у душу дзіцяці зярнятка, якое, упаўшы на ўдзячную глебу, прарастае добрымі пачуццямі (В.Вітка). Маё малое сэрца абмывае крывёй гарачай мужныя пачуцці Нянавісці пякучай і любві (П.Панчанка). Светлае і невыказна-радаснае пачуццё запоўніла душу Віктара (Г.Шчарбатаў). У Мележа было незвычайна высокае пачуццё адказнасці за сваю пісьменніцкую прафесію (Н.Гілевіч). У кожнага з нас ёсць свой Лермантаў. У кожнага з нас жыве непаўторнае пачуццё, нават па-дзіцячы, падсвядома раўнівае: я люблю яго больш за ўсіх (Я.Брыль). Спявала [Ядвіся] з такім праўдзівым пачуццём, што рабіла вельмі добрае і прыемнае ўражанне (Я.Колас). [Сіўцоў:] — Кахання, Мікола, не бойся. Узвышанае гэта, прыгожае пачуццё (У.Краўчанка). Светлае і радаснае пачуццё ўлівалася ў сэрца, іначыла настрой, як бы выводзіла на новую дарогу (А.Савіцкі). Да светлых пачуццяў душу так і горне... (А.Бачыла). І ўсё ж самым гарачым, самым трапяткім, самым святым пачуццём Максіма была любоў да Радзімы (Г.Бураўкін). Стаялі моўчкі, але самі [Васіль і Ганна] поўніліся пачуццямі, чаканнем. Не радасныя, не бесклапотныя былі гэтыя пачуцці (І.Мележ). Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў (П.Глебка). Я не ведаў, ці мне ў нейкім забыцці, быццам мармуровую багіню, цалаваць яе, ці адвярнуцца ад яе і захаваць у сэрцы маладое, шчырае пачуццё... (З.Бядуля). Па гэтым салодкім, дзікім пачуцці Лёня б’е такім яшчэ жывым успамінам (Я.Брыль). Я азіраюся і слупянею... ад дзіўна-недарэчнага пачуцця няпэўнай радасці (В.Быкаў). Трывожныя, зблытаныя пачуцці ахапілі яе [Любу] у момант, сціснулі незразумелым страхам сэрца (А.Васілевіч). Я зачыню наглуха ў сэрца дзверы, І волі звадлівым пачуццям больш не дам (Я.Колас). У Ганне цяпер мітусілася, віравала цэлая бура нецярплівых, ліхаманкавых пачуццяў (І.Мележ). Гэта была не крыўда, не злосць, а пакутлівае і цяжкае пачуццё (І.Шамякін). Толю агарнула нейкае няяснае пачуццё смутку і радаснай надзеі (А.Якімовіч). Пакінутыя на пуцях вагоны выклікалі шчымлівае пачуццё адзіноты (І.Навуменка).

@

ПЕСНЯ. Невялікі паэтычны твор, які спяваюць (спяваецца).

1. Пра характар спеваў, пра гучнасць, працягласць (песні): бязмежная, бясконцая, бяскрайняя, вечная, галасістая, гарманічная, грымучая, гулкая, гуллівая, далёкая, звонкая, магутная, меладычная, найзванчэйшая, нягучная, павольная, працяжная, пявучая, раздольная, стогалосая (аўт.), тысячазвонная (аўт.), ціхая, шматколерная, шырокая  адрывістая, бязгучная, доўгая, доўгая-доўгая, ледзь чутная, недапетая, несціханая, нячутная, цягучая, шумная.

Дарога вілася і звінела наперадзе, як бясконцая песня (Я.Скрыган). І песня была пад высокімі зорамі, песня таксама бяскрайняя (Я.Брыль). Як маланка ўзаўецца, Блісне стужкай агнявістай, І як песняй галасістай Вам [хмаркам] зямелька адгукнецца (Я.Колас). З грудзей нашых панясецца Вір песень грымучых І ў адзін голас зліецца, У адзін магучы (Я.Купала). Вясёлы шпак трапеча крыльцамі, спявае сонцу сваю гуллівую песню (Я.Брыль). І ўсе пасажыры адразу прыціхлі, зачараваныя цішынёй і хараством і ледзь чутнаю далёкаю песняю (С.Грахоўскі). І раптам... пачулася... песня... звонкая і вясёлая, як ручаіна (М.Стральцоў). І вось смычок цалуе ціха струны, Як быццам праганяе сон апошні і асцярожна выпытаць спрабуе, Дзе песня найзванчэйшая ляжыць (Г.Бураўкін). Зашумелі, загрымелі магутныя песні (Я.Купала). І думаў я песню нягучную скласці Пра мілую згоду нябёс і зямлі (Н.Гілевіч). Даспадобы мне ціхія нашы мясціны ...А працяжная песня, што ад сэрца нясецца (П.Броўка). Без гэтых песень, шчырых і пявучых, Без роднай мовы я не змог бы жыць (П.Прыходзька). Спяваў тэнар. Вясёлую, маладую, раздольную песню (Б.Мікуліч). А стогалосая песня звініць (Я.Брыль). Аж нават сорамна было мне Прызнавацца, што часамі іх [песень] Шматколерных, тысячазвонных Шукаў я на шляхах другіх (М.Танк). Дзесьці далёка над Волгай гучала песня, такая шырокая і раздольная, як рака... (С.Александровіч). Наперадзе пачулася песня, ціхая, нясмелая, як ласкавы подых ветру ў спякотны летні дзень (А.Кудравец). Усе гэтыя туманныя, разнагалосыя гукі зліваліся з адрывістаю песняю салдат... (Я.Колас). Узбуджаны настрой быў ва ўсіх, ён прарываўся часамі песняй, ціхай, бязгучнай... (М.Лынькоў). Колькі ні слухаў я песень працяжных — Самую доўгую вецер спявае (П.Броўка). Песні былі ягадныя, старадаўнія, доўгія-доўгія і цягучыя-цягучыя (Б.Сачанка). Глянь, канчаецца бабіна лета Рэхам песні ў палёх недапетай (М.Танк). Льецца нячутная песня, Вечная песня жыцця... (А.Звонак). Можна пець салаўіныя шумныя песні, Што шчаслівы ўвесь свет, няма гора ў людзей (Я.Купала).

2. Пра меладычныя гукі, якія нагадваюць песню: вясёлая, галасістая, звонкая, многагалосая, шырокая  аднастайная, аднатонная, балесная (разм.), доўгая-доўгая, жаласная, несканчоная, развітальная.

Хочацца мне прыдарожнай дубровы Песні вясёлыя слухаць душой (А.Куляшоў). Званы гучна загудзелі Галасістай песняй (Я.Купала). Я нават чую аднатонную многагалосую песню жытніх каласоў (Я.Колас). Напевамі песні шырокай Гамоняць палі і лугі (Я.Колас). Аднатонныя песні спявала восень, жалобна шумеў аголены лес (Я.Колас). Аднатонную песню вялі колы вагонаў (Я.Колас). А якую жаласную, несканчоную песню выводзіў комін!.. Гэта балесная песня ў коміне клала свой адбітак на настрой Лабановіча... (Я.Колас). У паветры было ціха, толькі звон летнікоў зліваўся ў адну доўгую-доўгую... песню (Я.Колас). Калі развітальную песню Пяюць журавы, — На лукі, ішмары, Дзе сцелюцца ніцыя лозы, На купіны моху Зязюльчынага і травы З-пад хмараў асенніх Дажджом ападаюць іх слёзы (М.Танк).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (песні); пра ацэнку (песні): агністая, агнявая, адвечная, адзіная, бадзёрая, баявая, бесклапотная, бравая, бунтоўская (разм.), бурная, бязвоблачная, велічная, верасам прапахлая, віхурна-вясёлая, вольная, высокая, вясельная, вясёлая, гарачая, гарэзлівая, горда-арліная, гордая, грозная, да грудзей прытуленая, дарагая, дзівосная, дзіўная, жніўная, жывая, жытняя, жыццярадасная, звонкакрылая (аўт.), здаровая, здольная, іскрыстая, кранальная, крылатая, лагодная, ласкавая, лёгкая, любая, маладая, мудрая, мужная, мядовая, наструненая, натхнёная, начлежная, неадступная, незабытая, незабыўная, непаўторная, непераможная, неспадманна-сапраўдная (аўт.), неўміручая, новая, нявыспеваная давеку, нязломная, няўрымслівая, палкая, палымлівая (разм.), празрыстая, працавітая, простая, радасная, радзінная, разухабістая (разм.), раскутая, родная, сакавітая, салаўіная, салодкая, сардэчная, свабодная, светлая, світальная, свойская, святая (паэт.), серабрыстая (паэт.), славутая, слаўная, смелая, сонечная, спагадная, срэбна-звонкая (аўт.), старадаўняя, сярэбраная, трапяткая, урачыста-раздольная, урачыстая, хвацкая (разм.), хмельная, цудоўная, цёплая, шчодрая, шчырая, юная, ягадная, яркая, ясная  азяблая, анямелая, босая (аўт.), гаротная, горкая, даўно забытая, дзікая, думная, жаласлівая, жаласняная (аўт.), жалезная, журботная, забытая, засмучоная, засмяглая, кволая, легкадумная, магільная, маркотная, набалелая, наіўная, непрытомная (аўт.), нудная, нязваная, нязнаная, нясвойская, нясмелая, няспетая, пакутная, пастылая (разм.), порсткая, посная, прытомленая, самотная, сіратлівая, сіроцкая, слёзная, смутная, старая, сумна-шэрая, сумная, тужлівая, халодная, шчымлівая.

Ставала часу і кніжкі чытаць... і песню агністую і баявую праспяваць у хоры... (В.Мыслівец). Родны горад!.. Мы сваёй не пашкадуем працы... Каб шумелі паркі маладыя, Каб звінелі песні агнявыя! (П.Броўка). А зламаныя сосны Адвечную песню шумяць і шумяць (С.Грахоўскі). Сэрцу радасна і балесна Ад таго, як прыходзіш зноў Ты, мая беларуская песня... Ты ж мая адзіная, Ты ж мая наіўная, Ты ж мая радзінная, Ты ж мая жніўная, Ты ж мая вясельная, Ты ж мая вясенняя, Ты ж мая нязваная, Ты ж мая нязнаная, Да грудзей прытуленая — Матуліна (Г.Бураўкін). Праз полымя пякельнае вайны І праз усе франты, як сцяг, пранеслі Адважныя і мужныя сыны Шчымлівыя і баявыя песні (С.Грахоўскі). Песня ішла і ішла поруч з маладосцю і сталасцю, радасцю і бядой, працай і адпачынкам: то бадзёрая, парыўная, то журботная, жаласлівая... (А.Ліс). Ляцела над плошчай мелодыя песні, Славутай, народнай, бунтоўскае песні (К.Кірэенка). Я цябе прымаю, Быццам песню, Што праходзіць праз маё жыццё. Бурную, як ранняе прадвесне. Ясную, як поначы касцёр (П.Глебка). Песні вольныя Разліваліся (Я.Колас). Радуйся, жыві ды спявай бязвоблачныя песні... (М.Калачынскі). Дзе тыя прашчуры, Што цябе [песню], як жаваранка, Бераглі і лашчылі, У туманы хуталі, Грэлі пад пахаю, Ціхую-ціхую, Верасам прапахлую (Г.Бураўкін). А як умелі беларусы складаць песні! То журботныя..., то ўрачыста-раздольныя..., віхурна-вясёлыя (М.Гамолка). Не спакушай нас высокай песняй гэтак рана, Галактыка (П.Панчанка). Я гарачыя песні люблю (М.Танк). Што ж яны там спявалі? Можа гэтую горда-арліную песню (Я.Брыль). Што ж, дазволіш, пясняр, яму [злачынцу] ліха тварыць, Тваю гордую, мужную песню забіць? (Е.Лось). Грозную песню ім [хмаркам] гром напявае... (Я.Колас). Плывуць у сэрцы пералівы Дзівоснай песні... (Я.Колас). Долю чорную ноч не схавае, Калі выльецца песня жывая! (М.Багдановіч). Кажуць: намалюй ноч месячную, май, Або сівую буру на Ла-Маншы. Не быў я там І знаю толькі жытніх песень край І сцежак маладосці нашай (М.Танк). Над вёскаю... узлятае звонкакрылая песня (З.Дземідовіч). Нясліся зыкі песень здольных (Я.Колас). Песня вольная, крылатая Пралятае над старонкаю (А.Русак). Думкі ўюцца, томяць грудзі — Волі хочацца і ім, — Хочуць песняй стаць лагоднай, Мілым дзіцяткам маім (Я.Колас). Касцы з касавіцы песню на кончыках косаў неслі. Дадому праз лес наўпраста — лёгкую з мяккіх пакосаў (Д.Бічэль-Загнетава). Мы трацім слова, Мы нямеем І хвалімся, Што ўжо не ўмеем Так гаварыць, Як наша маці, І дарагую песню трацім (С.Грахоўскі). Не зломяць сэрца ні замовы, Ні боль, ні лютая бяда, Пакуль магу ісці і словы У песні любыя складаць (К.Кірэенка). Якое шчасце — вызнаць мару І чуць заўжды яе агонь, Які так радасна ўладарыць Над лёсам песні дарагой (К.Кірэенка). Чутна і песня маладая, І поле раптам ажывае (Я.Колас). І ў хату ў поўнач упушчу Даўно забытую жар-птушку..., Што ад вясны і да вясны Тры песні мудрыя складала (С.Грахоўскі). А недзе ў высокай сіне-выгаралай далі стомлена трапечацца жаўручок, здаецца, трымаецца з апошніх сіл на сваёй кволай, наструненай песеньцы... (А.Дзятлаў). Край мой, дзяцінства маё, Песень натхнёных калыска... (П.Броўка). І песня лунае начлежная воддаль (М.Танк). Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён Па струнах з неадступнаю песняй, — Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн, Не шумяць ясакары, чарэсні (Я.Купала). Дрэмле вечар у ціхай дуброве, летняй стомаю пахне зямля. Заспявай мне на матчынай мове незабыўную песню з сяла (Л.Геніюш). Як толькі паверыў, што зноў уваскрэсне, Забулькала ў горле у салаўя Нідзе не забытая матчына песня (С.Грахоўскі). І сэрца б’ецца думай гордай: А ці ж адна на свеце зала, Дзе песняй шчырай, непаўторнай Радніць людзей баян Купалы! (Н.Гілевіч). Ён [Колас] з песняю непераможнай Край абышоў і ўсіх сяброў (М.Танк). Толькі б песня была Неспадманна-сапраўдная, Як зямля (Н.Гілевіч). Толькі пела цёплая крынічка Неўміручай песняй пра жыццё (А.Звонак). І новыя песні ў народзе звінелі, Як голас юначкі-вясны (Я.Колас). О, Беларусь! Мой лёс, Мой вечны боль, Мая нявыспеваная да веку Песня! (Н.Гілевіч). Вечна сонцу купацца У лясных беларускіх крыніцах, І няўрымслівай песні У вечным паходзе звінець! (Н.Гілевіч). Я ведаю, што песня мусіць быць нязломнай, крылатай... (М.Танк). Разводзілі кастры Купалля продкі І песні палымлівыя спявалі (С.Панізнік). Свет быў поўны гукаў... Ён жыў увесь час, дзівосна багаты і розны, з няўціхнай песняй: празрыстай, звонкай — ранкам, гарачай, прытомленай — днём, ціхай, думнай — увечары (І.Мележ). Я цябе [Беларусь] пазнаў і палюбіў... З пушчамі, з бярозавымі трактамі, З гулам самалётаў над зямлёй, З працавітай песняй дружных трактараў, З яснай электрычнаю зарой (П.Панчанка). І песня, просценькая, цёпленькая песня “са свае галавы”, просіцца на язык (Я.Брыль). І вось невядома з чыёй глоткі ўзнікла... радасная хмельная песня (У.Караткевіч). Запявалам вызваўся Хлор, завёўшы разухабістую вясельную песню (Ц.Гартны). Раскутая песня не будзе больш плакаць (М.Танк). І снуюцца сумна ў сэрцы, Ўюцца адгалоскі Роднай песні Беларускай вёскі (М.Багдановіч). Пракоціцца цымбальным звонам у ціхім вячэрнім паветры здаровая, сакавітая... песня касцоў (М.Нікановіч). Я тады б у песні звонка салаўінай Выліў тугу і на вецер буйны кінуў (М.Багдановіч). Салодкай песні век не вер, Пакуль не разбярэшся — хто спявае (У.Корбан). Паміж вёскамі, па лугавой даліне, цячэ апетая ў сардэчнай песні рэчанька (Я.Брыль). Дзе вы, песні, дзе свабодныя? (Я.Купала). Не пытайце, не прасіце Светлых песень у мяне, Бо, як песню заспяваю, жаль вам душу скалыхне (Я.Колас). Поле ўздыхнула світальнай песняй (М.Танк). Свойскай песняй у слоў родных цвеце Я хачу, што ў душу мне нагоне, З вашых хат, вашых спочаных гоняў, Вашу долю, нядолю апеці (Я.Купала). Ці помніш ты сваю матулю, Што над калыскаю тваёй Пяяла песню-байку “люлі”, Снуючы ў думках рой надзей? Святую песню родных межаў, Няхітры мовы свойскі твор, З якой зліваецца звон вежаў, А рэха ловіць цёмны бор? (Я.Купала). Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сінім-сінім небе жаўранак (Р.Мурашка). Дзякуй шчыра табе, Украіны зямля, Што калыскаю ты Слаўнай песні была (М.Танк). Мы гадавалі дружбу ў песнях смелых (М.Танк). Спагадная, нудная песня плыве, Губляючы ў пушчах свае пералівы, У шэлестах белага коласу нівы (Я.Купала). Жаваранак, жаваранак, Наша радасць весняя, Падымі ты нас, гукні Срэбна-звонкай песняю (К.Кірэенка). Ува мне старадаўняя песня запусціла свае карані (Л.Геніюш). Няроўнымі штуршкамі ў вышыню ўзнімаўся жаваранак. На зямлю палілася яго сярэбраная песня (“Полымя”). Спявае жаўранак вясне, ёй трапяткую дорыць песню (В.Жуковіч). Песня была не вельмі ўжо і хвацкая, але ў гэтыя дні... [яе] круцілі можа сто разоў... (У.Караткевіч). Калі на ўсё жыццё зачаравала, Цудоўная, як радасць напрадвесні, — Матчына песня! (К.Кірэенка). Як за дзіцё, за песню я баюся... Каб шчодраю была, нібыта восень, Каб для людзей была жаданай госцяй... (В.Лукша). А край падымаўся, пад зорамі рос, Квітнеў штовясну небывала. Яму сваю шчырую песню прынёс Пясняр непаўторны — Купала (К.Буйло). Прарэзвалася юная песня, Падрастала яна І мацнела (А.Пысін). Шмат пуцін схадзіў ён [Купала] з песняй звонкай, яркай, як дзень ясны (Я.Колас). Я... Песню азяблую сагрэць хачу... (Р.Барадулін). Над анямелай песняй жаўрука Паднятых крылаў Дым... (А.Пысін). Расою ішла песня босая... (Р.Барадулін). Каб гэткі прайсці шлях жыццёвы, бясконцы: Ад песень гаротных да велічных гімнаў,... — Мець трэба было ў грудзях сілы без меры І ў будучыню непахісную веру, Мець трэба было непакорнае сэрца (М.Танк). Ці таму гарую, Што шукаў на свеце Я святла і сонца І ўздыхаў па леце? Горкія мне песні Толькі дасталіся... (Я.Колас). Я ўсё часцей лаўлю ў цішы Даўно забытай песні водгук... (Н.Гілевіч). Той рвецца да славы шырокай, вялікай, Той — жыці нязначна, як дзеці; Той песняй азвецца нясвойскай і дзікай, Той — родную думку запеці (Я.Купала). Шуміць шумненька барок Песняй жаласнянай... (Я.Купала). Хто пачуў тваю песню жалезную, Хто астрожную скаргу пачуў? (М.Танк). Па дымных руінах пранеслі Сумленна сваю маладосць, Спявалі журботныя песні, Адчулі і гора і злосць (П.Панчанка). Пад ветрам бярозка Дрыжыць сіратліва ля гаю, Бярозка, а можа забытая песня мая (Г.Бураўкін). Плакала засмучаная песня, Узнікала над франтамі бура, Узлятала песня, як віхура (П.Броўка). Хто гэта знае: чаму на чужыне Вецер у вочы дзьме пылам заўсёды. Песня на вуснах, засмяглая, стыне, Неба глядзіць штармавой непагодай (М.Танк). Пытаю словы, што зямля дала мне: Ці перайначыў калі сэнс іх Ў сваёй нейкай легкадумнай песні? (М.Танк). Магільную песню ў душы запяе, Нашле нуды плесень на думкі мае (Я.Купала). І напаўняе нячутны хор Маркотнай песняй сціхшы двор (М.Багдановіч). Выспела песня ў душы, пакутная, набалелая... (В.Макарэвіч). Атуманіла ночанька цёмная Нашы нівы і нашы сялібы. І ўсім песню пяе непрытомную (Я.Купала). А там — пад журбой арабінавай Песня нясмелая (К.Кірэенка). Навек астаешся ты песняй няспетай, мая Беларусь (А.Бачыла). Плачуць ветры... З песняй нуднай і пастылай пралятаючы ўдаль (Я.Колас). Пачулася птушыная песня, такая порсткая, як сонечны прамень... (М.Стральцоў). Павек не паверу, каб тут у паэтаў сумна-шэрыя, посныя песні былі! (Н.Плевіч). Хай над пакутнаю зямлёй пральецца Дажджом жаданым, як слязінай весняй, Хмурынка, што на Случчыну імкнецца Тужлівай і самотнай песняй (В.Вітка). Над лугам загаласіла — той самай жніўнаю песняй — жалейка. Сіратлівая, сумная песня! (Я.Брыль). А гулка сіроцкая песня Па свеце нясецца з трывогай (Я.Купала). Вам страшна нашай слёзнай песні І жальбы страшна вам [ворагам Беларушчыны] глухой? (Я.Купала). Песеньку заводзіць, Як жыццё, старую (Я.Купала). Народныя песні душой [пясняр] успрымаў Тужлівыя, быццам шум бору (К.Буйло).

* Думка-песня, звон-песня, песні-арляняты, песні-веснаплыні, песні-весялушкі, песні-пералівы, песня-байка, песня-быль, песня-гаворка, песня-дума, песня-жальба, песня-заклік, песня-казка, песня-калыханка, песня-крык, песня-крынічанька, песня-меч, песня-музыка, песня-навасёлка, песня-прызванне, песня-радасць, песня-рокат, песня-скарга, песня-споведзь.

Калі ж пройдуць партызаны ў нетрах баравых, Думку-песню праспяваюць Пра сяброў сваіх (М.Танк). Пад звон-песню жывучых гусляравых струн Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць (Я.Купала). Песні, песні-арляняты, Вам наказ гарачы з сэрца я даю: Будзьце куляй, бомбай, мінай і гранатай, І штыком, і сілай для байца ў баю (К.Буйло). Ой, песні!.. Песні-веснаплыні, Маёй душы зялёнацвет (П.Трус). Ой, мае вы песні, Песні-весялушкі! Будзьце мне слухмяны Вы, мае пяюшкі (Я.Купала). І ў гэтых песнях-пералівах Я чуў магутнасць і разгон (П.Трус). Ці помніш ты сваю матулю, Што над калыскаю тваёй Пяяла песню-байку “люлі”? (Я.Купала). Дык дазволь жа і мне ты, краіна, Прывітаць малады твой разгон, Песню-быль, казку-сон... (Я.Колас). Схіляецца дзень к надвячорку Ў зняменні стаяць тапалі І слухаюць песню-гаворку Арыкаў ташкенцкай зямлі (Я.Колас). Акалічны народ гуслі знаў гусляра; Песня-дума за сэрца хапала (Я.Купала). Ці вас песня-жальба, Думкі, ўзгадавала? Ці людское гора Ў лесе вас спаткала? (Я.Колас). Гэта значыць — трэба мне пільней Углядацца ў далячынь-дарогу. На Марселя вуліцы хутчэй Заклік-песню кінуць на падмогу (М.Танк). Сніў наш Дон, што плынь сваю з Волгай ён магутнай зліў, А над ім палі пяюць Песню-казку плодных ніў (К.Буйло). З дажджом і сонцам дбайна даглядаў [бор] грыбоў і ягад кожную дзялянку І птушанят маленькіх калыхаў пад ветравыя песні-калыханкі (В.Жуковіч). Без хітрых шматкроп’яў і клічнікаў, Без чорнай бяздомнай тугі Плыве мая песня-крынічанька — Бярозавыя берагі (Г.Бураўкін). Ён [Купала] на ўзбраенне песню-меч Даў мужным партызанам (А.Александровіч). Водзіць [гусляр] пальцам худым па сталёвых струнах, К песні-музыцы ладзіцца, строе (Я.Купала). Тым часам песня-навасёлка Пайшла гуляць па цаліне (Н.Гілевіч). Гарманісты чародкамі ходзяць, Носяць песні-прызнанні ўначы ля акон (Г.Бураўкін). А як волю ўсю пачуе, Дрэва тое ажыве, Песня-радасць запануе, У прасторы паплыве (Я.Колас). Ёй, зямлі нашай, сэрца й душа! Час было журбу заглушыць... Песняй-рокатам дужых машын (А.Звонак). Чыя песня-скарга Ў неба йдзе дакорам, К месяцу і к сонцу, І к далёкім зорам? (Я.Колас). Даўно вядома: песня-споведзь Умее абмываць душу (А.Пысін). Дзіўна тут усё і незнаёма: Песня-крык і востры пах пладоў (П.Панчанка).

@

ПЛАЧ. Бесклапотны, радасны, салодкі, таемны, трапяткі, цёплы, ціхі, шчыры  адчайны, балючы, безабаронны, беспатольны, беспрасветны, бязгучны, вечны, вымушаны, глухі, глыбокі, горкі, даўкі, жаласлівы, жаласны, жалобны, жаночы, жахлівы, жудасны, журботны, задушаны, заскарузлы, звонкі, моцны, мужчынскі, надломны, надрыўны, наіўны, немы, нудны, няўмольны, няўтольны, пакутны, прыглушаны, прыдушаны, раптоўны, скамянелы, страшны, цяжкі.

І радасным і бесклапотным плачам Ужо [немаўля] вітае клопаты жыцця (С.Грахоўскі). Яна [Алеся] ...адчайна затаілася ў салодкім наіўным плачы (В.Адамчык). І плакала дзяўчынка-маці Таемным плачам ціхім, трапяткім (“Маладосць”). А мне прыпомніцца вясёлы смех падсочніц І баравых сасонак ціхі плач (П.Панчанка). Ці то цёплы плач, ці то горкі дым раз’ядае мне вочы (П.Панчанка). Пратэст выказаўся адзіным для маленства сродкам — плачам — адчайным, няўмольным (Я.Брыль). Енкі і балючы плач раздзіралі мураваныя сцены, цяжкім каменем клаліся на сэрца вязня (Р.Няхай). Толькі той дзікі рогат чуецца. І плач. Безабаронны, беспрасветны (Я.Брыль). Моўчкі абняўшы сына, заплакаў бязгучным мужчынскім плачам (І.Шамякін). Кінь вечны плач свой аб старонцы! (М.Багдановіч). ...Душыла ў сэрцы вымушаны плач, пужалася шыпення гадаўя (Е.Лось). І яна, Майка, заплакала глухім, горкім плачам (М.Лынькоў). Не забыць нам век нястач і здзекаў... І нашых матак даўкі, горкі плач (В.Ракаў). Агата заплакала сваім жаночым, беспатольным плачам (Р.Сабаленка). Плач, падобны да енку, нудны і жаласлівы, паўтарыўся (Л.Арабей). Дзесьці ў самым гушчэрніку закугакала сава, і здавалася, нібы недзе блізка-блізка, вось пад самым кустом, заліваецца жаласным плачам дзіця (М.Лынькоў). ...Андрэй бачыць. Ён тут. Ён стаіць у вачах Жэнькі, над гэтым жудасным плачам сваіх найбліжэйшых... (Я.Брыль). Сашчапіў мой Петрык рукі, палажыў іх мне на плячо, а галавою прынік да маіх грудзей і ўвесь здрыгануўся ад немага, здушанага плачу (Я.Колас). На пярэймы сну твайму і снам — Звонкі плач будзільніка жывога. Толькі хай міне цябе трывога, Ля калыскі я пабуду сам (А.Пысін). Захлынуўся ветру плач надрыўны... (П.Макаль). Саша бачыла, як уздрыгваюць яго [Паўлавы] плечы ад нямога плачу (І.Шамякін). ...Затрымцела раптоўным, прыдушаным плачам Аўдоцця... (І.Мележ). І носіцца ціхі надломаны плач, І хвалі шумяць на азёрах (П.Глебка). Яна [дзяўчынка] плача. Гэта ціхі і страшны плач (Я.Брыль).

@

ПЛЕЧЫ (плячо). Багатырскія, белыя, далікатныя, дужыя, круглыя, магутныя, мармуровыя, моцныя, мужныя, мяккія, налітыя, прамыя, прыгожыя, пяшчотныя, тугія, цудоўныя, шырокія  васковыя, вострыя, вуглаватыя, вузкія, высахлыя, гарбатыя, завостраныя, згорбленыя, знясіленыя, кволыя, неакрэплыя, нязграбныя, панурыя, потныя, скрываўленыя, скрыўленыя, старыя, сутулыя, схуднелыя, худыя.

Ты ўсё сваіх чакаеш стрэч. А не твае — цябе мінулі; Не зачапілі белых плеч І кос даспелых не кранулі (Н.Гілевіч). “Вы ж бачыце, сіл у мяне — на дваіх”. — І нібы жадаючы пацвердзіць свае словы, распрастаў свае шырокія багатырскія плечы (М.Гамолка). Жанчына ведала сабе цану: яе далікатныя мармуровыя плечы былі адкрытыя, пальцы ўпрыгожаныя пярсцёнкамі (“Беларусь”). Разгорнем шырока магутныя плечы І вышай падымем наш сцяг (Я.Колас). ...Не быць пад прымусам Такой вось магутнай зямлі, Дзе крыўду сваю беларусы На мужныя плечы ўзялі (П.Прыходзька). “Воля ваша, таварыш старшы сяржант”, — спакойна павёў крутымі плячамі баец (І.Мележ). Марыля кінулася да сына... прыгарнула да сябе,... абмацала плечы, крутыя, моцныя (А.Савіцкі). Рыма зварухнулася, яшчэ шчыльней прыціснулася да яго мяккім, цёплым плячом (А.Савіцкі). Свякруха — сухенькая, з худымі вострымі плячыма бабулька — паставіла на стол вячэру, падала ўсім лыжкі і села таксама (І.Мележ). Марыля перасмыкнула сваімі вуглаватымі плячыма (М.Ткачоў). Напружыліся жылы на Базылёвай шыі і... затрасліся... вузкія плечы (М.Багдановіч). Артур адчуў пад сваімі далонямі схуднелыя, як высахлыя зусім, матчыны плечы (А.Савіцкі). Туман засцілае людзям душы і вочы. З туману тырчэлі гарбатыя плечы (Я.Купала). Завостраныя плечы дзяўчыны тырчэлі ўгару... (К.Чорны). Пад гімнасцёркай вызначаліся вострыя неакрэплыя яшчэ плечы (І.Мележ). Шарсцяны світар шчыльна аблягаў поўныя грудзі і круглыя плечы (І.Мележ). Мужчына — у шэрым касцюме, адразу прыкметна — мацак: плечы шырокія, тугія, як налітыя... (У.Дамашэвіч). Залемантавала бабка, але тут жа і сціхла, быццам гэты доктар сваімі рукамі зваліў з яе старых знясіленых плеч цэлую гару дзікага болю (А.Васілевіч). Цягнем мы цябе [дваццаты век] да сонца На потных і скрываўленых плячах (Г.Бураўкін).

* Плечы-крылы.

Разнімае плечы-крылы Праметэй раскуты (Я.Колас).

@

ПОЗІРК (погляд, пагляд). Выраз вачэй, накіраванасць зроку, манера глядзець.

1. Пра характар позірку, яго выраз, працягласць: агністы, адкрыты, ажыўлены, бачлівы, быстры, востры, гарачы, глыбокі, дзіўна-праніклівы, дзіўны, доўгі, жывы, зіхатлівы, зыркі, імклівы, іскрамётны, іскрысты, маланкавы, мужны, мяккі, непаўторны, нетаропкі, поўны яснай мудрай глыбіні, праменны, прамы, прамяністы, праніклівы, светлы, спакойны, стрыманы, хуткі, цвёрды, чысты, шпаркі, шырокі, ясны  адсутны, адчужаны, алавяны (аўт.), безжыццёвы, бляклы, бясколерны, важкі, воўчы, вялы, дзікаваты, дзікі, жалезны, жорсткі, заспаны, застылы, згаслы, здзічэлы, злы, зменлівы, змрочны, змярцвелы, калючы, каменны, косы, ледзяны, ліпкі, напружана-засяроджаны, напружаны, насцярожаны, невідушчы, немігатлівы, нервовы, нерухомы, неспакойны, нямы, пануры, пранозлівы, прыкуты, прытуплены, пусты, рэзкі, самотны (разм.), стомлены, тупы, уедлівы, учэпісты, халодны, хмурны, цяжкі, чужы, шкляны.

Цёмны сад-вінаград, Цвет бяленькі вішнёвы, — І агністы пагляд, І гарачыя словы (М.Багдановіч). На крутой, нязведанай дарозе Не змуціўся ў полымі-агні Гэты, мужны і адкрыты позірк, Поўны яснай, мудрай глыбіні (Н.Гілевіч). Аленка паглядзела на яго [Сцёпку] бачлівым поглядам (Я.Колас). Яна [Жэня] кінула на яго быстры, спасцярожлівы позірк (І.Мележ). Вострым, нервовым позіркам Іван усё ўзіраўся праз рэдзенькую, яшчэ прытуманеную сетку дажджу (В.Быкаў). Позірк твой гарачы Я начной парой Ў кожнай зорцы бачу, Кветцы палявой (М.Танк). Блакітныя вочы, Як пушча іх погляд глыбокі (А.Александровіч). Позірк яе вялікіх блакітных вачэй быў адкрыты і дзіўна-праніклівы (“Маладосць”). Петрык агледзеў чалавека доўгім, па-дзіцячы строгім поглядам... (Я.Скрыган). Носік дзяўчыны зграбны... Позірк цёмна-карых вачэй прамяністы, зыркі (М.Гамолка). Парфіры заўважае на стале разгорнутыя паперы, кідае на іх імклівы позірк... (У.Краўчанка). І словы, што яна [дзяўчына] вымаўляла, і іскрысты позірк, і ўся тонкая, сабраная постаць нібы ўвасаблялі энергію і волю (Т.Хадкевіч). Васількевіч кінуў на Лукаша іскрамётны позірк (Я.Колас). Раманенка мітнуў на Бялькевіча маланкавы позірк (А.Савіцкі). У шырока расплюшчаных вачах, у прамяністым позірку якіх заўсёды было радаснае здзіўленне свету, непрыкметна было цяпер ні сполаху, ні трывогі (М.Лынькоў). І людзі простыя так ветлы, І погляд добры іх і светлы (Я.Колас). Тры позіркі нямыя скіраваны, Нібы адзін праніклівы пагляд, Тры позіркі прамыя скрыжаваны (А.Пысін). Позірк яго [Башлыкова] вачэй быў цвёрды і неспакойны... (І.Мележ). Мужны і дародны [Батура], як той дуб, плячысты, погляд — ясны, чысты (Я.Пушча). Ён агледзеў шпаркім позіркам усё: зялёную рунь зямлі, лес, неба... (К.Чорны). Ясны, шырокі позірк Веранікі Васілеўны сустрэў чыстае мора, голыя сінія сопкі (В.Хомчанка). [Люська] адсутным, невідушчым позіркам глядзіць на шурпатую кару таўшчэзнага клёна (М.Ракітны). [Дзяўчынка] павольна падыходзіла да нас і глядзела на цесляра ўсё тым жа адчужаным позіркам (М.Ракітны). Яго [немца] вялы, алавяны позірк каўзануўся па натоўпе (М.Лынькоў). У гаспадара быў безжыццёвы, пусты позірк, і пад вачыма ляжалі цені (М.Лупсякоў). А вусы таксама стаяць, як у чорта, і позірк воўчы (К.Крапіва). І не бачачы яго [Васіля], яна [Ганна] чула дзікаваты, важкі і разам з тым разгублены позірк спадылба (І.Мележ). На Ардабельскім перавале, Пад дзікім позіркам арлоў, Мяне, як скрыпку, пілавалі Смыкі дванаццаці вятроў (П.Панчанка). О, колькі дакору і скрухі было ў тым жалезным позірку! (М.Ваданосаў). Глянуў у твар Аксаны жорсткім позіркам (М.Гамолка). Асееў зморшчыўся, нібы ад зубнога болю, і здзічэлым позіркам лыпаў па абшарах... (В.Быкаў). Капітан марудна спыніў на лейтэнанце цяжкі злы позірк (В.Быкаў). Чалавек быў малады, зграбны, з лагодным, прыветлівым тварам, са зменлівым, неспакойным позіркам вачэй (І.Мележ). Дзяўчына выпрасталася і, кінуўшы калючы позірк на брата, моўчкі занялася сваім арсеналам (М.Лынькоў). Сёй-той [з рабочых] кінуў косы позірк спадылба (М.Лынькоў). Даўгалыгі, змераўшы яго [Петрыка] ледзяным позіркам, нешта незразумелае прагергетаў... (В.Быкаў). Ён не мог цярпець яго... ліпкага і дапытлівага позірку... (М.Лупсякоў). Улавіла напружана-засяроджаны позірк Стасевых вачэй... (А.Кудравец). Васіль кінуў на яе [Ганну] насцярожаны позірк (І.Мележ). Невідушчым позіркам змярцвелых вачэй старшына паглядзеў на дарогу (В.Быкаў). Цяпер тут, на правулку, той немігатлівы каменны позірк вартавога не свідраваў ёй плечы, і Рэната азірнулася... (А.Савіцкі). Гэты нерухомы позірк спалохаў дзіця (К.Чорны). А Байсак сядзеў і свідраваў яго [Сыча] цяжкім, панурым позіркам (М.Лынькоў). І раптам яна [жанчына] адвяла цяжкі, прыкуты позірк ад нязгаснай цеплыні дзіцячых воч... (М.Лынькоў). Касач стаяў з прытупленым... поглядам (А.Адамовіч). Даніла спыніў на нявестцы свой доўгі, самотны погляд, і твар яго падабрэў (А.Кулакоўскі). Як бы знарок марудзячы прызнавацца, чаго прыйшоў, Пазняк аглядаў стомленым позіркам сцены, увешаныя фотакарткамі (І.Дуброўскі). Гэты злы і халодны погляд прыводзіць Насцю ў поўнае замяшанне (Я.Колас). Чалавек з перавязанай рукой глядзеў на Астапа халодным, пранозлівым позіркам (М.Лынькоў).

2. Пра выражэнне (позіркам) пачуцця, настрою, стану чалавека: адданы, велічны, дабрадушны, даверліва-крыштальны, даверлівы, дакорлівы, далікатны, дапытлівы, дзіўна стрыманы (аўт.), жаласна-замілаваны, жаллівы (разм.), невымоўны, журботны, захоплены, лагодны, ласкава-строгі, ласкавы, мілы, мройлівы (разм.), наіўны, прыветны, пяшчотна-строгі, радасна-ўзрушаны, радасны, развітальны, разумны, спасцярожлівы (разм.), строгі, суровы, таемны, удумны (разм.), уладны, усемагутна нявінны (аўт.), шчыры  абыякавы, агідна ўгодлівы (аўт.), безнадзейны, бяздумны, бязлітасны, дабрадушна-тупы (аўт.), запальны, затоена люты (аўт.), затрывожаны, зацкаваны, зацяты, здзеклівы, здзіўлены, маркотны, нахабны, недаверлівы, ненавідны (разм.), ненавісны, непрыхільны, нецярплівы, няласкавы, няўцямны, пагардлівы, пагрозлівы, пакутліва-тужлівы, пакутлівы, панылы, патрабавальны, прагны, прастадушна-хітраваты (аўт.), разгублены, разлютаваны, раз’юшаны, роспачны, сквапны, спалоханы, сумны, тужлівы, упарты, устрывожаны, утомлены, цяжка-застыглы (аўт.), шалёны, шчыра-бессаромны.

Пераняўшы адданы позірк сакратаркі, ён усміхнуўся (У.Карпаў). Цётка Палашка кідала велічны позірк на сваіх падначаленых... (М.Лынькоў). Над ім [Сцяпанам] шчаслівая Гелена: Пагляд даверліва-крыштальны (Н.Гілевіч). Ён [Сахно] працінае жанчыну дакорлівым позіркам. Памятным ненавісным мне позіркам. Я бачыў яго розным: пагрозлівым, разгубленым і агідна ўгодлівым (В.Быкаў). [Камандзір] неяк прасветлена ўсміхнуўся цёмнымі вачамі і спытаў, пранікаючы тым жа далікатным, але вострым позіркам Шпакевічаву душу (І.Чыгрынаў). Башлыкоў улавіў, што [Васіль] глядзіць на яго разумным дапытлівым позіркам (І.Мележ). Дзіўна стрыманым, нібы недаверлівым быў гэты яе [Ганнін] позірк (І.Мележ). Яна [маці] паглядзела на іх [дзяцей] жаласна-замілаваным позіркам (К.Кірэенка). Едучы назад, Ганна трымала ў руцэ кнігу, везла ў памяці апошні строгі і жаллівы дзявочы позірк (І.Мележ). І гэты яго апошні позірк быў невымоўна журботны і дзікі (У.Караткевіч). Лясніцкі правёў яе захопленым позіркам (І.Шамякін). Ці засмяюцца ў жытнім дыме Пад летні ветрык васількі, І погляд іх такі лагодны (Я.Колас). І зараз яму [Верасоўскаму] хацелася сесці за стол, абвесці ласкава-строгім позіркам прыціхлых хлапчукоў і дзяўчынак (Я.Сіпакоў). І я зразумеў, што... нідзе не знайду [мама]... тваёй душы, твайго голасу, твайго стомленага, ласкавага погляду (Я.Брыль). Хай мне пакінуў бы ён [суд] хвілю — З маленства ўсяго адну, — Калі праз матчын позірк мілы Я ў свет бязмежны зазірнуў (К.Кірэенка). Я мройлівы позірк на момант прымечу (Р.Барадулін). [Іржынка] тады зірнула на яго [Алеся] ужо іхнім і зноў усемагутна нявінным, нават наіўным позіркам (Я.Брыль). Кожны раз пагляд прыветны Пасылаў я ў шчасці ёй [грушы], Ідучы ў калгас суседні Да каханае сваёй (Н.Гілевіч). І вецер гэты шум страсе, А позірк твой пяшчотна-строгі Зноў з гэтым шумам разнясе Мае сумненні і трывогі (Я.Верабей). Яны абмяняліся радасна-ўзрушанымі позіркамі (М.Лынькоў). Доўгім развітальным позіркам Бацюня акінуў пакой (І.Мележ). З партрэта быстрым, разумным і трохі суровым позіркам прыплюшчаных вачэй глядзеў... ён (Я.Брыль). Ён [Васіль] перахапіў спасцярожлівы матчын позірк (І.Мележ). Раптам кране халадок І загамоніць з-пад броў погляд таемны (П.Броўка). Акінь прастор удумным позіркам, У вочы светлых даляў глянь! (А.Звонак). У матулі стол не пустуе — чым багата, тым пачастуе: пірагом, верашчакаю, сырам, ды смятанай, ды позіркам шчырым (Д.Бічэль-Загнетава). Няўцямным, абыякавым да ўсяго позіркам я аглядаю [байцоў] астатніх (В.Быкаў). Шафёр пабег, пазвоньваючы бляшанкай, і ўсе тыя байцы, што сядзелі на бартах, праводзілі яго сумнымі безнадзейнымі позіркамі (А.Кулакоўскі). Па сухой сцяблінцы побач узбіралася нейкая казюрка... Ігнат правёў яе бяздумным позіркам (М.Лынькоў). Каця кідае на мяне жорсткі бязлітасны позірк (В.Быкаў). Яна [гаспадыня] уперлася ў яго дабрадушна-тупым позіркам... (Я.Брыль). Другі раз Васіль убачыў Яўхіма... Ідучы, чуў на спіне ненавідны, затоена люты позірк (І.Мележ). Хлопец кідае ў мой бок збянтэжаны позірк (В.Быкаў). Пад зацятымі поглядамі прыціхлых салдат Клімчанка пахіснуўся (В.Быкаў). Кашын пекануў Аляксеева злым, зацкаваным позіркам (У.Карпаў). Баялася нахабнага, шчыра-бессаромнага позірку Алёшкі, яго настойлівасці (У.Карпаў). Глушачыха праводзіла яе [Ганну] позіркам непрыхільным, ненавідным... (І.Мележ). Аля раптам парывіста павярнулася да яго. І Леаніда апаліў яе позірк, нецярплівы і патрабавальны (І.Мележ). Адкіньце ўсё — І смутак, І жальбу. Забудзьце крыўду позіркаў няласкавых. Станьце каля хаты пад вярбу, Слухайце ластавак (К.Кірэенка). — Першым жа снарадам вас забіла б, — кінуўшы пагардлівы позірк, прарочым голасам упэўнена прамовіў Запара (І.Мележ). А зараз вось ён [Стрыбук] — сам сабе нямілы... Жыргае з позіркам цяжкім, панылым (Н.Гілевіч). Грыша прагным поглядам азіраў гэты яр і меркаваў, як уцячы (Я.Колас). Андрушка стаяў і нейкім спалоханым, пакутліва-тужлівым позіркам глядзеў услед Раечцы (М.Лобан). Пад прастадушна-хітраватым позіркам яго дзяўчына апусціла вочы (Я.Брыль). Роспачным сваім позіркам яна [Люба] выпрошвала, вымольвала параду, апеку ад гэтага чалавека (К.Чорны). Сквапным позіркам Крушынскі аглядзеў постаць [Мэры]... (З.Бядуля). Сумны позірк дзявочы ў душу мне пранік (Н.Гілевіч). [Наста] сумелася пад гэтым тужлівым і стомленым позіркам (А.Савіцкі). Андрэй пакутлівым і здзіўленым позіркам глянуў навокал... (М.Ткачоў). Юрка нечакана занерваваўся і, кідаючы раз’юшаныя позіркі, зайшоўся крыкам... (У.Карпаў). [Башлыкоў] бачыў: позірк у гаспадара — упарты, тупаваты (І.Мележ). Наста, сустрэўшыся з яго [Грачовым] засяроджаным і ўстрывожаным позіркам, адчула сябе непамысна (А.Савіцкі). Славін, сказаўшы некалькі слоў, змоўк і ўпёрся ў акно цяжка-застыглым, маркотным поглядам (М.Зарэцкі). Ганна раптам узнялася, ніжучы гарачым, шалёным позіркам, ступіла да яго [Глушака]... (І.Мележ).

@

ПОЛЕ (палі). Абшар зямлі, прызначаны, прыгодны для ворыва, сяўбы ці пакрыты, засеяны чым-небудзь.

1. Пра велічыню, працягласць, рэльеф (поля): бязмежнае, бясконцае, бяскрайняе, велічэзнае, вялікае, далёкае, камяністае, неагляднае, неабдымнае, няроўнае, пагорыстае, раздольнае, шырокае.

Я над бязмежнымі палямі пачую ўсюды голас твой (М.Танк). Між снягамі і сонцам полем бясконцым насустрач ветру дзяўчына ідзе (А.Вярцінскі). Над бяскрайнім полем голым Пяе разгневаны буран (М.Танк). На гэтым велічэзным полі толькі стары вяз быў відзён здалёку (К.Чорны). Наперадзе гайдаецца далёкае жоўтае поле (І.Пташнікаў). Густа рассею Збожжам зярністым Па гэтым полі Па камяністым (Я.Купала). Беларусь! Край палёў неабдымных... (П.Прыходзька). Млынкоўскае поле няроўнае, пагорыстае; цяпер, у вайну, яно парэзана на дробныя вузенькія загончыкі (Б.Сачанка). Між палёў шырокіх Я адзін стаю, Ахваціла ціша Ўсю душу маю (Я.Колас). Юнака ў палымяную клетку [агонь] У раздольных палях зачыніў (С.Гаўрусёў).

2. Пра колер, вільготнасць, урадлівасць (поля): аксамітнае, жаўтагрудае (аўт.), жоўтае, залатое, залаціста-жоўтае, залацістае, зялёнае, светла-жоўтае, светлае, серабрыстае, сіняе, тлуста-чорнае, цёмнае, чорнае, чорна-чорнае, чыстае, шэрае, яснае; імглістае, роснае, снежнае, сырое, халоднае; непустое, спелае, ураджайнае, урадлівае  аднастайна-пустое, апусцелае, беднае, благое, голае, неўрадлівае, пустое, убогае, чахлае, чэзлае.

Над аксамітным полем стаяла лёгкае дрыготнае морыва (Я.Васілёнак). На палёх жаўтагрудых імгліцца заходу жалоба (У.Дубоўка). Мы ідзём з вінтоўкай у руках, Дзе заўчора хмарай саранча Папаўзла па залатых палях (М.Танк). А за той мяжою лазнякоў... разбегліся палі — шырокія, дымныя, вясной чорна-чорныя, а ўлетку, калі выспявала на іх збажына, залаціста-жоўтыя... (А.Савіцкі). На шырокім прасторы светла-жоўтага жытняга поля чуваць шорханне (З.Бядуля). Імчыць ён [Васіль] па светлым полі імкліва (А.Куляшоў). Плыве хмурынка ў сінім полі, Мінае лес, мінае гай... (Я.Колас). Белым снегам замятае Вецер чорныя палі (Я.Колас). Павяваў ветрык, і поле станавілася то зялёным, то серабрыстым (“Маладосць”). Замільгалі тлуста-чорныя пераараныя на папар палі... (Б.Сачанка). Мы выбраліся на край лесу і разораю між аўса рушылі ў цёмнае анямелае поле (В.Адамчык). Лес часам расступаўся, і шаша вынырала на чыстае поле (М.Лынькоў). У чыстым полі вецер вее, павявае... (М.Багдановіч). Надышла восень. Поле зрабілася шэрае, нуднае (З.Бядуля). А хмарка ў небе, у ясным полі плыве шчасліва (Я.Колас). Гаспадар успорваў да свету, выштурхоўваў за вароты разам са статкам на роснае, яшчэ імглістае поле (І.Дуброўскі). [Маечка] потым доўга расказвала бацьку..., як прыгожа блішчыць за вёскай снежнае поле (У.Краўчанка). Яна [Зося] глядзела ў акно на сырое, халоднае поле (Я.Брыль). Для нас шумелі слелыя палі, Для нас дразды спявалі звонка песні (П.Панчанка). Поле пласталася голае, аднастайна-пустое, але цяпер гэта не кідалася так у вочы, як адразу пасля жніва — надышоў лістапад (І.Мележ). Далячынь віднелася па-асенняму задуменная, маркотная, са сваімі апусцелымі палямі, з пагалелымі там і тут дрэвамі (І.Мележ). Дай бог шчасця вам і долі Усім, хто слёзы праліваў, Хто ў бедным, родным полі Зерне праўды засяваў (Я.Колас). Я не знаю, чым мне дораг від палёў благенькіх, Нудны клік у родных горах, Вербак рад крывенькіх (Я.Колас). Машына пыліць паміж голых асенніх палёў (Я.Брыль). Парэчча — месца неблагое, І поле там не так пустое (Я.Колас). Крыху засмучаным здаваўся далягляд, а ў сэрцы глыбока, як далёкі ўспамін, пачынала варушыцца тая даўняя, з маленства знаёмая туга, якая ахінае чалавека ў пустым восеньскім полі (А.Жук). Поле ўбогае, поле пясчанае! Нудна лягло ты між гор і лясоў (Я.Колас). Чахлыя, выгаралыя палі наводзілі смутак і горкі роздум (“Маладосць”).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (поля): быліннае (аўт.), гарачае, дзівоснае, духмянае, задуменнае, задумлівае, кроўнае, маладое, мілае, пахучае, пералівістае, прыцішанае, радаснае, роднае, саматканае (аўт.), хвалістае, ціхае  абліванае слязамі, анямелае, безгалосае, беспрытульнае, гаротнае, глухое, залітае потам, змярцвелае, каламутнае, маўклівае, мёртвае, непрытульнае, нерухомае, нуднае, няласкавае, няўтульнае, панурае, прытомленае, сіратлівае, стамлёнае, сумнае.

Ты вярніся на поле быліннае, што ўзарана плугамі і ліўнямі (Г.Каржанеўская). Сярод палёў стамлёных і гарачых Цябе ў сырой зямельцы пахавалі (С.Басурматава). І птушак галасы ўзрушліва спалучаліся з красой летніх вечароў, з таямнічасцю... духмянага хлебнага поля (Я.Брыль). Ціхаму кроўнаму полю, Слёзьмі абмытай зямлі, Вызваньце лепшую долю [струны]... (Я.Купала). І што за Ліпава такое? А гэта — поле маладое сярод лясоў, як скінуць вокам (Я.Колас). Тады цвіла ў палях пахучых віка, Тады трубілі гусі за ракой (М.Танк). ...Разбегліся палі... хвалістыя, пералівістыя (А.Савіцкі). І закрыўся пылам белым шлях, Дзе ад марозу трэснутыя зоры Іскрацца на прыцішаных палях (С.Грахоўскі). Сустракай нас, радаснае поле, Гул машын, трымценне правадоў! (А.Куляшоў). Моцна мяне ты клічаш на волю — Цяжка без волі мне тут. Кланяйся, громе, роднаму полю, Родны вітай ты мой кут (Я.Колас). І таму, каму дорагі мір і спакой, Дружба вольных людзей, І блакіт над зямлёй, І вясна, што ў палях саматканых цвіце, ...Мы — майстры, хлебаробы Руку падаём (М.Танк). Поле ўбогае, поле пясчанае! Кепска ты плаціш за працу людзям: Залітае потам, слязьмі абліванае, Дзікае зелле прыносіш ты нам (Я.Колас). Два-тры дразды на цэлы лес — Пераклікаюцца нібыта На анямелым полі бітвы (Н.Гілевіч). Дым-туман у безгалосым полі, А яна [вавёрка] не думае аб тым І арэхі лічыць на прыполе, І здаецца кожны — залатым (С.Гаўрусёў). Стаў відзён скрозь лазінкі млын у беспрытульным полі (Я.Скрыган). На ўскраі гаротнага поля, Дзе толькі гуляе вецер, Высокія дзве таполі стаяць... (М.Танк). Панурая поўнач над полем глухім... Шумяць абшарэлыя сосны бароў (М.Танк). Думкі варушыліся ляніва, часамі іх бязладна перабівалі то малюнкі сну, то малюнкі замеці... Зламаны дуб... Каламутнае поле... Агеньчык мігае (І.Мележ). Снягі, снягі... Маўклівыя палі. Адны снягі і вецер на зямлі (Д.Бічэль-Загнетава). Потым машыны чужыя Селі на мёртвае поле... (М.Калачынскі). Поле, што пяклося маўклівае і нерухомае, стала ажываць (І.Мележ). Шэрае непрытульнае поле захлынулася ў ветраным шолаху быльнягу (В.Быкаў). Хоць і даўно ні лісціка на голлі, А востра пахне яблыкамі сад І збажыной прытомленае поле (А.Звонак). Поле ляжала сумнае, сіратлівае (І.Новікаў).

* Разлогі-палі.

Я шчаслівы, што ў суджаны час Нарадзіўся на гэтай зямлі... Дзе вясной непаўторна штораз Зелянеюць разлогі-палі (Н.Гілевіч).

@

ПОЛЫМЯ. I. Агонь, які ўзнімаецца над тым, што гарыць; святло ад вогнішча, ад лямпы і інш.

1. Пра велічыню, форму, колер, тэмпературу (полымя); пра характар гарэння: агромністае, аранжавае, барвовае, бела-жоўтае, высокае, гарачае, густое, жоўтае, зыркае, кароткае, магутнае, не вельмі прыкметнае, невысокае, немітуслівае, непрыкметнае, неязыкастае (разм.), пунсовае, сцюдзёнае, чырванаватае, чырвонае, чырвонасмольнае (аўт.), чыстае, языкатае; грымучае, дружнае, дымнае, жыхлівае, імклівае, напорыстае, няўрымслівае, пакручастае, траскучае, хісткае, шустрае, шыпучае.

Усход гарэў агромністым пунсовым полымем (І.Шамякін). Я глядзеў на аранжавае полымя пастушковага вогнішча... (А.Пальчэўскі). Барвовае полымя шыбае ўверх роўна, бо ў гэтым бярэзніку не праймае вецер (П.Пестрак). Бела-жоўтае полымя пыхнула дзіўна не ўверх, а па зямлі (А.Савіцкі). Бой разгараўся на шырокім полі, асветленым высокім полымем ад палаца, што гарэў (П.Пестрак). Калі прарваліся аднекуль нясмелыя промні сонца, флаг узгарэўся адразу гарачым і зыркім полымем (М.Лынькоў). Толькі зіхнула ў вочы, у твар печ. Яна глядзела на хату, на нас яшчэ не густым, але ўжо гатовым полымем (Ф.Янкоўскі). Жоўтае полымя ад сухіх бярозавых пален... гарэла роўнай агнёвай шапкай (З.Бядуля). За вокнамі раз-пораз зыркім Маланка ўспыхвала... полымем (Н.Гілевіч). Тыталь адразу скочыў убок і рвануў пісталет з кабуры. Ударыла імклівае кароткае полымя (І.Мележ). А ў полі пастушкі палілі бульбоўнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску салодкую духавітую бульбу (Я.Брыль). Возьмеш асцярожна, узніжаш на лавец скварку, патрымаеш над ужо немітуслівым і не вельмі прыкметным полымем, над жарам — скварка засквярэцца, засквірчыць... (Ф.Янкоўскі). Смажылі-пяклі яе [скварку] проста над полымем, а ўмельцы надчэквалі, калі полымя адшугае, адгуляе сваё, калі на вуголлі, гарачым і чырвоным, прабягаюць рэшткі полымя, невысокага і неязыкастага (Ф.Янкоўскі). Іскры! Іскры! Сцюдзёным полымем Дыхае ў твар (М.Танк). Чырвонае полымя, падняўшы ўгару чорны дым, выскачыла вышэй прысад (І.Пташнікаў). Сярод ночнай цемры золата блішчыць чырвонасмольным, жудкім полымем (Я.Купала). У печы палалі дровы. Полымя — чыстае, зыркае (Ф.Янкоўскі). Незагойнай болькай шчымяць у душы пажары над Бялынічамі: чорныя дымы ў неба, полымя вышэй дрэў — языкатае... (В.Мыслівец). Грымучае полымя імкліва кацілася па лесе (Г.Шчарбатаў). Стоячы, як прыварожаны, не распрануўшыся, толькі зняўшы шапку, я глядзеў на дружнае полымя (Ф.Янкоўскі). Падбітая машына гарэла дымным, хісткім на ветры полымем (В.Быкаў). І якое збавенне ад гэтай назойлівай, надакучлівай морасі — вясёлае цяпельца, якое так падміргвае табе сваім жыхлівым полымем (Я.Сіпакоў). Пакручастае полымя спавівала... машыны (М.Ткачоў). [Хлопцы] маўчаць, толькі ўзіраюцца ў зыркае траскучае полымя (Я.Лецка). Памяць зямлі, памяць лесу-ратавальніка святая. Не пакрыўдзі яе нават громкім словам, нават шустрым полымем (Ф.Янкоўскі).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (полымя): бацькава, вечнае, вялікае, вясёлае, дарагое, даўняе, добрае, неапісальнае, нясмелае, роднае, трапяткое, трывожнае, усемагутнае  грознае, жахлівае, жудаснае, жудкае, злавеснае злое, нядобрае, палахлівае, панурае, прагнае, пякельнае, страшнае, цяжкое.

Я стаяў перад бацькавым полымем. Свяці ж і свяціся, полымя! Як трэба яно, гэтае святло! Сваё і на сваёй бацькаўшчыне. Дзеля самой бацькаўшчыны! (Ф.Янкоўскі). Прашу, перуны, не грыміце Над полымем вечным (П.Панчанка). Яшчэ і яшчэ ўспомніцца, загаворыць простымі, непрыдуманыміі толькі шчырымі — словамі перажытае, убачанае, незабыўнае, непрыдуманае. Будзе і пра даўняе полымя на вуголлі ў горне маленькай вясковай кузні. І пра тое полымя, якому стагоддзямі засцілі, якое тушылі, якому гнюсілі чужынцы... І пра тое вялікае, усемагутнае — дзеля чалавечнасці, чалавецтва, Чалавека (Ф.Янкоўскі). Як тады [у вайну] трэба было добрае полымя! Пагрэцца, каб не скачанець, не легчы карчом. Дарагое яно, калі б можна было раскласці агонь... (Ф.Янкоўскі). Штодзень не раз бачыў помнік, пры ім неапісальнае полымя (Ф.Янкоўскі). Душою радасна-ўлагоджанай Не забывайце, што і сёння — Гарыць, гарыць мая Лагойшчына Трывожным полымем бяссоння (Н.Гілевіч). Мая любоў гадавалася пры дарагім на Бацькаўшчыне полымі. Любоў маю гадавалі і мацавалі цяжкія гады жахлівага полымя, жахлівых гадоў і перуноў над краем (Ф.Янкоўскі). З... акна шугала злое, чырванаватае полымя... (У.Карпаў). Сярод ночнай цемры золата блішчыць... жудкім полымем (Я.Купала). Ноч, на калодцы стаіць свечка і дрыжыць. Палахлівае полымя асвятляе тоўстыя бярвенні накату і маўклівыя твары байцоў (І.Грамовіч). Ужо не іскры, а снапы пякельнага полымя На галовы абрынуліся са страхі (Г.Бураўкін). Прагнае полымя ўмомант знішчыла палову вёскі, лізала магутны ствол дуба (К.Чорны). Завіруха лесавая з Вечалля Рукавом змяці Цяжкое полымя (Р.Барадулін).

II. Запал, уздым, душэўны стан: гаручае, жывое, зыркае, зялёнае, непагаснае, чырвонае.

Толькі ніхто не пагасіць ніколі ў сэрцы гаручага полымя волі. Полымя, што кожнай весняю раніцай Над непакорнай зямлёй разгараецца (М.Танк). Зачараваныя, глядзім На сілу, моц сваёй радзімы, Што ззяе полымем жывым... (М.Танк). Тых, хто любіць сваю радзіму, Страх не здужае, не сгасне. Зыркім полымем, чорным дымам [маладых] успыхнуў гнеў (П.Панчанка). Мая душа — яна не спіць, Зялёным полымем шугае, Чырвоным полымем гарыць! (П.Броўка). Возьмеш яе [кнігу] у рукі — і апячэ цябе радасцю і болем, непагасным полымем чалавечых лёсаў (М.Аўрамчык).

III. Пра тое, што мае колер полымя: адвечнае, барвовае, белае, гарачае, густое, жоўтае, зялёнае, ліловае, чырвонае, ярка-барвовае, яркае  сумнае.

У лагодным сонечным святле гарэлі сумным адвечным полымем ліпы і бярозы каля хат... (І.Мележ). Але на плошчы нечакана, Ледзь-ледзь прабіўшыся з зямлі, Барвовым полымем цюльпаны Ў Дзень Перамогі расцвілі (С.Грахоўскі). І неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак (І.Мележ). Бярозы на могілках стаялі ў жоўтым полымі (І.Шамякін). Пад марш вясельны пчол з чмялямі Бялюткім полымем [вішня] гарыш (П.Броўка). Схвачана бярозка полымем зялёным (К.Буйло). Калі бачыў ты, як тут шугае Бэз ліловым полымем ля хат, Ад якога сполахі мільгаюць Ў шыбах вокан і ў вачах дзяўчат (М.Аўрамчык). Пасадзіў [дзед] рабіну, каб вечна гарэла чырвонае полымя (В.Карамазаў). Звоніць белае срэбра На яблынях, грушах, Яркім полымем Свечкі гараць каштаноў (П.Броўка). Густым ярка-барвовым полымем гараць макаўкі асін (І.Навуменка).

* Полымя-дым, светач-полымя.

У полымі-дыме Дарогі, масты перапраў (А.Пысін). Нашу яго [скарб] у жывой душы, Як вечны светач-полымя, што сярод цемры і глушы Мне свеціць між вандоламі (Я.Купала).

@

ПОСТАЦЬ. Асілкавая, багатырская, бравая, важная, велічная, высокая, гаманкая (разм.), гібкая, гнуткая, горда ўзнятая, даверлівая, дзівосная, дзіўная, дзябёлая, дужая, жывая, зграбная, здаровая, камлюкаватая, каранастая, каржакаватая, ледзь прыкметная, лёгкая, магутная, маляўнічая, маўклівая, моцная, мужная, мускулістая, натхнёная, паважная, плячыстая, прыгожая, прысадзістая, рослая, рухавая, рухлівая, спрытная, стройная, суровая  тонкая, энергічная  агідная, будзённая, вычварная, грувасткая, грузная, журботная, згорбленая, змораная, змрочная, кволая, мізэрная, настырчаная, натапыраная, нехлямяжая, нязграбная, няўклюдная, панурая, панылая, сагнутая горам, скамянелая, ссутуленая, сутулая, сухая, фацэтная, хліпкая, хударлявая, худая, цёмная, шэра-папяловая, шэрая.

Галіна Адамаўна залюбавалася яго [Ярашавай] асілкавай постаццю (І.Шамякін). Гэта быў артыст з незвычайным тэмпераментам, высокай багатырскай постаццю... (“Полымя”). За сталом... сядзеў прэзідыум, і цэнтральнае месца там займала важная постаць Кузьмы Кузьміча (В.Быкаў). Праз хвіліну ў растворы дзвярэй з’явілася высокая постаць (Э.Самуйлёнак). Прайшло некалькі постацей, гаманкіх, маўклівых (І.Мележ). Гібкая, спрытная постаць яе [Аўдолькі] варушылася рухава, і роўнымі радочкамі клаўся лён на пажоўклы дол (Я.Колас). Алесь дзіўна, нібы спалохана... глядзеў ёй у вочы... І што гэта ў ім такое новае? Ага, вочы не такія мяккія. І ў постаці няма нічога ад медзведзяняці: стройная, гнуткая постаць (У.Караткевіч). Міжвольна ўспомнілася пяшчотнае адчуванне даверлівай постаці (А.Кулакоўскі). Як белыя лебедзі, паплылі яны [хмаркі] у бяскрайняй прасторы, ператвараючыся ў самыя вычварныя, дзівосныя постаці, і зніклі з вачэй (Я.Колас). Дзябёлая постаць Шыманскага неяк згорбілася (І.Гурскі). Ён вырас на парозе нечакана... і засланіў сваёй дужай плячыстай постаццю ўвесь дзвярны праём (І.Шамякін). Ён... гаварыў ціхім голасам, які зусім не пасаваў да яго здаровай, моцнай постаці (І.Шамякін). У акне мільганула... бацькава камлюкаватая постаць (Б.Сачанка). Сілівон глядзеў на яго каржакаватую прысадзістую постаць, на шырокія плечы, якім, здавалася, зацесны быў стары пінжак (М.Лынькоў). Багдан азірнуўся, убачыў ледзь прыкметную ля чорнай сцяны постаць Чэсі (А.Савіцкі). Захоплены Міхал глядзеў на свайго друга, не ў сілах будучы адвесці вочы ад яго яшчэ магутнай постаці, горда ўзнятай і натхнёнай (Э.Самуйлёнак). На гэты раз дзверы расчыніліся болей урачыста... і парог пераступіла даволі фацэтная і маляўнічая постаць штацкага чалавека (Я.Колас). На чоўне бялее гнуткая, рухлівая дзявочая постаць у чырвонай хустачцы (Я.Колас). І па суровай постаці Нялёгка зразумець, Якія словы вострыя І думкі ён займеў (П.Панчанка). Ты прыйшла з усмешкай цёплай, Прашумела, нібы ветласць Той вясны, што ты адбіла Тонкай постаццю дзявочай (П.Панчанка). Постаць тонкую, рукі гнуткія, Вочы шэрыя, рухі хуткія — Ці забыўся ты? (В.Вярба). Ніна з пагардай і нянавісцю акінула гэтую агідную постаць (І.Мележ). У адкрытых люках стаялі... танкісты, і іх ссутуленыя будзённыя постаці ніяк не пасавалі да грозных магутных машын (У.Карпаў). Святло мільготка бегала па чатырох грувасткіх, настырчаных постацях, што разваліста тупалі па хаце (В.Быкаў). Напаўвайсковая вопратка не пасавала да грузнай каржакаватай постаці Бабейкі (Т.Хадкевіч). Дзе-нідзе віднеюцца журботныя, прыбітыя горам жаночыя постаці (І.Мележ). Паважная постаць у дзеда Рыгора... (Я.Колас). Бушмар стаяў на ўзлеску, адзін, з панурай постаццю (К.Чорны). Прыземістая постаць Аннушкі як бы ўрастала ў табурэтку (Р.Няхай). Лейтэнант уважліва агледзеў усю хударлявую, мізэрную постаць Соміка (М.Лынькоў). Яе [Мар’і Пятроўны] кволая, сагнутая горам постаць выклікала ў Васіля жаль і пяшчоту (І.Мележ). Няўклюдная шэрая постаць камандзіра атрада... выдавала вельмі самотнай, адзінокай (А.Савіцкі). Шэра-папяловыя іх постаці здаваліся спачатку надта высокімі (К.Кірэенка). Чалавек наблізіўся; стала відна ў змроку цёмная постаць (І.Мележ). Рыгор кінуўся да мацеры, абняў яе худую, крохкую постаць (Ц.Гартны).

@

ПРАМЕНЬ (промень, праменне). Вузкая палоска святла ад сонца ці месяца (або ад іншых крыніц святла).

1. Пра колер, яркасць (промня): агністы, асляпляльны, барвовы, барвяны, бліскучы, бурачны, вясёлкавы, жаўтлява-ружовы, жоўты, залаты, залацісты, зіркаты (разм.), зіхатлівы, зіхоткі, зыркі, іскрысты, ліловы, празрысты, пунсовы, рознакаляровы, ружовы, румяны, светлы, серабраны, серабрысты, сляпучы, чырвона-палаючы, чырвоны, чысты, ярка-залаты, яркі, ясны.

Першыя агністыя промні сонца пырснулі з-за небасхілу (А.Чарнышэвіч). Пагас барвовы Скразны прамень і знік ліловы. Ёсць толькі цень (А.Пысін). Бліскучы прамень каўзануўся па рэйках (М.Стральцоў). Пад залатымі сонечнымі промнямі Не хочацца і птушкам паміраць (П.Панчанка). Я слаўлю радасныя дні, Калі ў праменнях залацістых... Гараць святочныя агні (П.Глебка). Будзе ўзыходзіць сонца, ля таго берага акунецца ў вадзе першы вясёлкавы прамень (А.Кулакоўскі). Міця зноў убачыў перад сабою Чэсін тварок..., абліты жаўтлява-ружовымі промнямі [сонца] (В.Адамчык). Не гады мінуць, стагоддзі — і прамень зіркаты прадзярэцца, сцежкай пройдзе праз гушчар закляты (Т.Бондар). І спявае промень зіхатлівы (Е.Лось). Вырвалася раптам аднекуль на волю сонца і, пераліваючыся, асыпаючы ўсё наваколле вострымі, зыркімі праменнямі, паплыло над зямлёю (Б.Сачанка). А сонца струны павучка Кране празрыстым променем. Заслухаешся, як гудуць Лясы-бары над Нёманам (М.Танк). Ружовы ранішні прамень пяшчотна казытаў яе [Валюшкі] белы тварык (Г.Шчарбатаў). І вось у Дубягавых чорствых руках Іграе прамень серабраны смыка (М.Танк). Праменьчык серабрысты сонца Майстрыха юная ўзяла... (А.Пысін). Промень на захадзе з чырвона-палаючага рабіўся бурачным, а па краях пераходзіў у буланы колер (Ц.Гартны). Радасна і сумна шалясцяць асіны — Гоман жаўталісця я пачуў у іх, І нітуюць неба струны-павуціны Ў сонечных праменнях чыстых, залатых (А.Куляшоў). І прасціна вялізная на сцэне Пад яркім промнем раптам ажыла (Н.Гілевіч). Вясна прыйдзе, снег пагіне, Вышэй сонца хадзіць стане. Промень ясны ўсюды кіне, Рунь падыме на паляне (Я.Колас). ...Падалі мне на твар... сляпучыя промні сонца (Б.Сачанка).

2. Пра форму, накіраванасць, тэмпературу; пра час, інтэнсіўнасць выпраменьвання: асенні, весні, востры, высокі, вясенні, вясновы, вячэрні, гарачы, густы, касы, колкі, наведзены, незваротны, неспякотна-ласкавы, нізкі, прамы, пякучы, раскосы, роўны, скразны, скупы, спякотны, стромкі, тонкі, халодны, цёплы, шырокі.

Вострым промнем [зорка] коле вока (М.Стральцоў). Вясенні промень стрэхі лашчыць, І слёзна плачуць цеплякі (М.Хведаровіч). Матчыны пяшчоты — як вясновыя, ясныя праменьчыкі! (І.Мележ). Зверху праз густую сетку галля і лісця падалі... гарачыя... промні сонца (Б.Сачанка). ...Ласкавае сонца на пачатку восені добра грэе, адчуваеш, як густыя промні ласкава торкаюцца ў твой нос, перабягаюць са шчакі на шчаку (Я.Сіпакоў). Марознае сонца быццам палошча дрэвы сваімі касымі промнямі (В.Мыслівец). Плаўна круціцца наша планета Пад наведзеным промнем касым (А.Пысін). І незваротным промнем зіхацяць На пальцах скамянелыя пярсцёнкі (Я.Янішчыц). Калоссе яшчэ не хіліцца долу ад маладога, салодкага цяжару зярнят, а ледзь не да болю ў сэрцы, ледзь не да слёз прыгожа ружавее ды мігціць у неспякотна-ласкавых промнях вячэрняга сонца (Я.Брыль). Нізкія сонечныя промні... знаходзілі беласнежную кіпень яблынь (В.Карамазаў). Нам некалі было хавацца ў цень Ад позіркаў чужых і ад пякучых промняў (М.Аўрамчык). Прахапілася сонца. І прамянямі раскосымі Да сонных павек дакранулася (Р.Барадулін). Шуміць асенні вецер верасовы, Скупы праменьчык сэрца саграе (Я.Янішчыц). І ўзляцеўшы шпарка на праменнях тонкіх, Пар зрабіўся слічнай чарадою хмар (М.Багдановіч). Месяц сцежку ў дубняк Залівае халодным праменнем (А.Куляшоў). [Сонца] выкацілася іскрыстым паўколцам з-за застылай на ўсходзе хмаркі і тут жа схавалася, сыпануўшы наўкруг сябе жменю зыркіх цёплых промняў (Б.Сачанка). Цягнік імчыць шалёна, быццам уцякае ад шырокіх і колкіх промняў вялізнага агністага сонца (А.Савіцкі).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (промня); пра яго ўздзеянне на чалавека, прыроду: асцярожлівы, асцярожны, вясёлы, гарэзлівы, гарэзны, гаючы, жыватворны, звонкі, крохкі, ласкавы, малады, мяккі, нясмелы, пачэсны, пяшчотны, развітальны, трапяткі, хрупкі, хрусткі, шчодры  кволы, ляны, свінцова-цяжкі, сіратлівы, шалёны.

У кожнай буйнай кроплі адбіваўся зялёны, поўны асцярожлівых сонечных промняў, суладны ранішні свет (У.Арлоў). Сонца шле ім праз вецце Высокі, вясёлы, прамень (А.Куляшоў). Не пайду я ў бярэзнік: Там замнога весялосці, Шмат праменняў там гарэзных На галіне кожнай госціць (П.Панчанка). Прагне сонца — каб яго жыватворныя промні абудзілі насеннае зерне (Н.Загорская). Як запомніць вось гэты блакіт... Гэтых коней, што ў ціхіх лугах Топчуць звонкія, крохкія промні (Я.Сіпакоў). Сонца шле нам апошні ласкавы прамень (К.Буйло). Загараліся ў сіняй страсе Вечных зор маладыя праменні (А.Астрэйка). Нечакана азвалася сонца, коса сыпнула ружовыя мяккія промні на ствалы дрэў, на верас (М.Стральцоў). І праменьчык малы, пяшчотны, Што праз лісце ў шчыліну ўпаў, Руку голую цёплым ротам, Крадучыся пацалаваў (У.Караткевіч). Па нівах промені пачэсныя, Як лён той, сцелюцца ў жывых агнях (Я.Купала). Сонца прамень развітальны іграе, Скача На забаўках дзіцячых... (М.Танк). Трапяткі і тонкі праменьчык спускаўся з неба: міргала над горадам зорка (М.Стральцоў). А некалі ж у зеляніне шат Вас [гнёзды] песціў сонца першы промень хрупкі (А.Бачыла). Зацяты боль, як дождж абложны, неўтаймаваны, зацяжны, рвануў мяне, як шаблю з ножнаў, пад промні хрусткія вясны (А.Лойка). Уся прырода, нібы ачнуўшыся ад сну, радавалася цеплыні, маладзела пад шчодрымі промнямі сонца (У.Краўчанка). Марудзіць час. Прамень ляны, як кот (С.Дзяргай). Дняпро... ляжыць цяпер пад свінцова-цяжкімі промнямі сонца, трывожны і нямы (У.Караткевіч). Сіратлівы прамень ціха зайшоў у кабінет... (Р.Мурашка). Ты мне сцежку паслала з шалёных праменняў... (С.Гаўрусёў).

* Агеньчык-прамень, піка-прамень, праменьчык-валаконца, промень-пялёстак, промні-навальніцы.

Але вось з-за лугавых расцяробаў, з-за вежаў сасновага бору прабіўся і выскачыў на прастор залаты агеньчык-прамень (К.Кірэенка). Макавінкі старой яліны... нібыта прапорвалі сонца..., выкінуўшы чорную піку-прамень (А.Савіцкі). Сонца — сланечнік на сіняй градзе, Промень-пялёстак на дол упадзе (М.Стральцоў). І той праменьчык-валаконца [майстрыха] Да верацёнцаў падвяла (А.Пысін). Мне не да твару грым ружовай маскі — Саткана доля з промняў-навальніц (Я.Янішчыц).

@

ПРАСТОР (прастора). Свабоднае вялікае месца, абшар, абсяг; свабода, раздолле.

1. Пра колер, празрыстасць паветра; пра неагляднасць, бясконцасць (прастору): аксамітны, белы, блакітны, бліскучы, бязвоблачны, залаты, залацісты, зіхатлівы, зорны, зялёны, іскрысты, празрысты, светла-зялёны, светлы, сівы, сіні, сінявокі (аўт.), чарнабровы (аўт.), чысты, ясны  затуманены; агромністы, безгранічны, бяздонны, бязмежны, бязмерны, бясконцы, бяскрайні, вольны, вялікі, далёкі, неабдымны, неабсяжны, неаглядны, прывольны, раздольны, свабодны, цёмна-дальні (аўт.), шырокі.

Песня льецца ў прастор аксамітны, Адгукнецца за ўзгоркам пакатым, Мятным водарам жнейка аблітая Са жніва паспяшае дахаты (П.Трус). Вёска адплывала... у белую іскрыстую прастору (В.Карамазаў). Убачу народ — непахісны ў змаганні, І роднага неба блакітны прастор (К.Буйло). Града снегу, на якой пракладзены дзве каляіны палазоў, — брудная дзяга, кінутая на гэтым чыстым бліскучым прасторы (Я.Брыль). Кліча ранак і жней, і сярпы На прастор свой бясконцы Жаць прастор залаты — Жыта колеру сонца (А.Куляшоў). Як ты сэрцу майму міла, Дарагая Беларусь! Залацістыя прасторы, Незлічона ясных зор... (П.Броўка). Я доўга глядзеў на зіхатлівы азёрны прастор (С.Грахоўскі). Бо хто знае, колькі дарог Прайсці давядзецца па зорных прасторах... (М.Танк). Яно [возера] паглядае, як сіняе вока, з бязмежнага зялёнага прастору зямлі (П.Броўка). І прастор празрысты, светлы Поўніцца зноў гулам пчоллім (В.Вітка). Шумяць і бушуюць сівыя прасторы [мора]... (А.Звонак). Ад Карэліч на Любчу пачынаецца лагодная роўнядзь... з светла-зялёнымі прасторамі слаўнага лёну... (Я.Брыль). Сябры! Прыгожая зіма У нас па ўсёй краіне, Нідзе на свеце больш няма Такой прасторы сіняй (П.Глебка). На заводах, на фабрыках дымных, Дзе палёў сінявокі прастор, — ...Іх [маладых] злучае юнацкі задор (М.Чарот). Іграй [скрыпка] — прасторам чарнабровым. Праз дым і чад я змог дыхнуць (У.Някляеў). Лес адшумеў, расступіўся: перада мною бясконцы ясны прастор (Я.Скрыган). І ў затуманеным прасторы Ці то ў душы маёй плылі Вачэй бяздонныя азёры, Крылатых броваў жураўлі... (Г.Бураўкін). І вось я на зямлі сібірскай... Усё тыя ж бязмежныя прасторы, якія здзіўляюць, уражваюць (А.Пысін). Бяскрайнія прасторы ляжаць перад ім [Сцёпкам] (Я.Колас). Перад ім [Саўкам] той самы вялікі і шырокі прастор, якога ён не заўважаў раней... (Я.Колас). Хмары так хочуць шырокага, вольнага Ў небе прастору, бясконца раздольнага, — Хочацца шпарка па небе лятаць... (А.Гурло). Сівы рыбак. Ён любіць мора За неабсяжныя прасторы, За шум прыбою неўгамонны, За подых штармавы, салёны (М.Танк). Усё заззяла, і прасторы сталі неабдымнымі (К.Чорны). Неаглядная водная прастора іскрылася на сонцы (Я.Маўр). І заўсёды здалёк, праз прасторы вялікія Усміхаліся мне і дамоў мяне клікалі Сінія касачы (П.Панчанка). Засынаў цёмна-дальні прастор (П.Трус). Вось яны, прывольныя прасторы роднай зямлі (М.Аўрамчык).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (прастору): абуджаны, велічны, дзівосны, дрымотны, жывы, звонкі, каласіста-спелы (аўт.), лагодны, пеністы, родны, святы, спакойны, сцішаны, ціхі, цудоўны, шаўковы (аўт.)  гнеўны, знямелы, маўклівы, неспакойны, нязнаны, сірочы, сонны, тужлівы.

Ад сініх полацкіх азёр Да ціхіх тураўскіх нізін Шуміць абуджаны прастор (А.Александровіч). Тры сэрцы мужных, тры народы Дняпра спакойны велічны прастор Злучае плынню яснай назаўсёды (А.Зарыцкі). Спакваля, марудна вяртаўся Захар з тае дзівоснае прасторы і зноў, як бы нанова, адкрываў сабе свет (А.Савіцкі). Вось з дрымотных прастораў начных шум данесла рака... (А.Куляшоў). На лагодным агромністым прасторы неба не было ні адной хмурынкі (І.Мележ). Я Чорнае мора зялёным назваў бы, Як толькі заціхнуць і буры і шторм, Сюды мяне змалку і клікаў і вабіў Бязмежны, жывы, неспакойны прастор (С.Грахоўскі). Мо знайшоў бы я сад вінаградны, Каб не звонкі жытнёвы прастор, Дзе любоў колас коласу шэпча, Дзе легенды расказвае бор (А.Русак). Далей за ракою — лугі, за імі каласіста-спелыя прасторы палёў... (Я.Брыль). Не зразумела мне адно: У гнеўных пеністых прасторах Як утрымала палатно Стыхію, што названа морам (Ю.Свірка). Сок родных вясновых прастораў Хай чэрпае кожны рукой (М.Танк). Не прасочыцца вораг да прастораў святых (В.Шымук). Ах, хараство вераснёвае — Сцішаны, ясны прастор, Шчырай лагодай прасякнуты ён (А.Зарыцкі). Пайшла за ціхія, далёкія прасторы Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве (А.Куляшоў). Раніца. Цудоўныя прасторы... (У.Дубоўка). За гэты мурожны шаўковы прастор Гатоў я памерці цяпер (П.Броўка). Так зычліва ззялі зоры, Мабыць радыя вясне, А знямелыя прасторы Штось таілі ў цішыне (Я.Колас). Час той схаваўся за дальняй гарою, Здасца хвілінай — яна прада мною. Выйду. Гукаю. Маўклівы прастор. Пахне чабор (П.Броўка). А юным — заўтра між тых зор Ісці ў нязнаныя прасторы... (К.Кірэенка). Выбухі гармат абуджалі гулкім рэхам сонныя прасторы поля (М.Лынькоў). Быў тут нейкі тужлівы прастор, як на старым забытым дварышчы (М.Стральцоў).

* Прастор-бязмеж, шыр-прастор.

Ёй [Мар'яне] так хацелася шчасліва абняць увесь прастор-бязмеж (Н.Гілевіч). Сцяпан на момант прыпыніўся, Абвёў паглядам шыр-прастор (Н.Гілевіч).

@

ПРАЎДА. Тое, што адпавядае рэчаіснасці; ісціна: адкрытая, бясспрэчная, вечная, высокая, вялікая, глыбокая, жывая, залатая, ласкавая, літасцівая, міласэрная, мудрая, мужная, непарушная, непераможная, неўміручая, пераканальная, простая, светлая, святая, чалавечая, чыстая, ясная  аголеная, балючая, брыдкая, бязлітасная, вострая, голая, горкая, грозная, грэшная, жахлівая, жорсткая, злая, крутая, мазольная (аўт.), невясёлая, непрыемная, пякучая, страшная, сумная, суровая, таптаная, халодная, цярновая.

Чалавек без руху і работы нудзіцца, марнее, кажуць філосафы, — гэта ёсць бясспрэчная праўда (З.Бядуля). А нашы дарогі — ясноты, разлогі І вечнае праўды сугучнасць і лад (Я.Колас). Свяці мне, высокая праўда, Мільярдам сваіх кілават (А.Пысін). Вялікай і адкрытай праўдай Жыве сапраўдны чалавек... (“Маладосць”). Я сёння як след распазнаў глыбокую праўду жыцця (П.Глебка). Не з вясёласці яснай, не з ясных палацаў, А з канаючай крыўды ў пахіленай хатцы, Вызываная праўдай, таптанай, жывой, Я [Беларусь] расцвіла непагаснай зарой (Я.Купала). Ты мне праўду залатую схлусіш, Слоўкам недазволеным укусіш, Нібыта юрлівы маразок (Я.Янішчыц). [Юзя:] Няўжо толькі на шальмоўстве свет стаіць? [Зыгмусь:] А на чым жа яшчэ? [Юзя:] А праўда? Чыстая, чалавечая, літасцівая, міласэрная, ласкавая праўда (К.Чорны). Захару... з выразнасцю незвычайнай адкрылася простая і горкая праўда яго ўласных страт (А.Савіцкі). Светлай праўды сіла Славу лепшую напіша Бацькаўшчыне мілай (Я.Купала). Азярко чула тут святую праўду, і яшчэ большае нездавальненне падымалася ў ім супраць Дзеда (Я.Колас). Кажы мне шчырую праўду, не люблю, калі хто маніць (М.Лынькоў). Напасцю, лаянкай напраснай Грудзей не варта мазаліць! Не пагасіць вам праўды яснай: Жыў беларус і будзе жыць! (Я.Купала). На свеце часта бывае так, што самая простая справа, самая ясная праўда пазнаецца цаной вялікай пакуты — надта цяжкая дарога прыводзіць да такога пазнання (Я.Колас). Мне здавалася, што маці знарок гаворыць Загурскаму аголеную, брыдкую праўду (А.Асіпенка). [Стары Глушак] адчуў балючую праўду сынавых слоў... (І.Мележ). І толькі на свеце нятленныя кнігі, Як вечныя сведкі пакутнай зямлі, Расказваюць горкую праўду сурова... (С.Грахоўскі). Ідзіце ж к народу, як добрыя дзеці, Ідзіце, злучайце яго І горкую праўду ў вочы скажэце, Чаго ён гаруе, чаго? (Я.Колас). Мая праўда вострая, як сталёвы меч... (З.Бядуля). Жарту не атрымалася, атрымалася голая, суровая праўда (А.Васілевіч). Навошта... гэтаму выпадковаму чалавеку гаварыць такую жахлівую праўду (Я.Сіпакоў). Расказвай жа, як жывеш. Выкладзі праўду крутую... (П.Макаль). Колькі людзей ішло [на катаргу] за нашу мазольную праўду! (Я.Брыль). Вайна са сваёю страшнаю сумнаю праўдаю невымоўным болем яшчэ доўга будзе адгукацца ў нашых сэрцах (“Беларусь”).

@

ПРАЦА. Мэтанакіраваная чалавечая дзейнасць; занятак, вынік гэтай дзейнасці.

1. Пра плённую, якасную, радасную працу: адухоўленая, бездакорная, важная, высакародная, вялікая, гераічная, дружная, духоўная, жаданая, жыватворчая, жывая, захапляльная, карпатлівая, кіпучая, любімая, мірная, настойлівая, натхнёная, нястомная, патрэбная, пачэсная, паэтычная, плённая, радасная, разняволеная, рупатлівая, руплівая, рупная, свабодная, спорная, стваральная, сумленная, творчая, увішная, удзячная, шчаслівая, шчырая.

Адухоўленая праца не можа быць сумная, нецікавая (В.Вітка). Высакародная праца нашых пісьменнікаў не прапала марна: іх творы сталі крыніцай радасці і натхнення многіх людзей (“Беларусь”). [Глебаву] была ўласціва непаўторнасць самая яркая... Гэта быў талент, на дзіва шчодра адораны прыродай, цудоўна адшліфаваны вялікай, нястомнай працай (І.Мележ). Лейтэнант [Мележ] сталеў не толькі ад бязмернай стомы, не толькі ад бязмерных бядот на дарогах адступлення, але і ад той вялікай духоўнай працы, якая пастаянна ішла ў душы (В.Палтаран). Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы (М.Зарэцкі). Жыватворчай працы многа У цябе, вясна-сяброўка (У.Хадыка). Высокую ацэнку сваёй творчасці Канстанцыя Буйло заслужыла шматгадовай карпатлівай і настойлівай працай на ўзаранай Купалам ніве (Н.Гілевіч). Дзе вы, песні, дзе, свабодныя? Дзе ваш водгалас магучы, Як вы звалі, сыны родныя, Да той працы да кіпучай? (Я.Купала). І таму мы пяём сёння песню, у якой Славім хлеб і святло нашых сёл і заводаў... І стваральную, мірную працу народа (М.Танк). І прыйдзе час: навучымся майстэрству Натхнёнай працы ўсе мы, як адзін (П.Панчанка). Палавіну стагоддзя правёў Якуб Колас у нястомнай працы (М.Лужанін). Маладзечна... Кожны... дзень табе дорыць натхнёную працу (П.Пруднікаў). Алёша таксама лічыў, што больш паэтычнай, больш радаснай і ўдзячнай працы, як праца камбайнера, на свеце няма (І.Шамякін). А праз дзень — другое дзіва: Пасля працы рупатлівай Ад шашы ў палёх Шлях у лес пралёг (К.Кірэенка). Раскаваў балота з пут, З дрыгвы непраходнай Гераічны вольны люд Працаю свабоднай (Я.Купала). Родны край да працы творчае ўздымай, Як песня птушкі раніцою К жыццю ўздымае поле, гай (А.Александровіч). Наста назірала за ўвішнай Шаплыкавай працаю (А.Савіцкі). Усю ноч не сціхала шчаслівая праца (К.Кірэенка). Працай шчырай і знаннем Гору справім скананне, Праўдай лёгка няпраўду змагаці, І на вузкіх на гонях Пры сваіх валах, конях, Ой, шмат можна чаго даказаці! (Я.Купала).

2. Пра цяжкую, напружаную працу; пра марную працу: агромністая, бясконца цяжкая, векавая, гарачая, катаржная, марудная, мурашкавая, складаная, сялянская, трудная, упартая, цяжкая; бязглуздая, горкая, невыносная, нецікавая, нудная, няўдзячная, сумная, чорная.

Вот рвуцца да працы агромністай людзі... І цяжка працуюць, зрываючы грудзі... (Я.Купала). Горача ў полі. Эх, жар дакучае, Праца марудна, бясконца цяжкая! (Я.Колас). Мы самі крылы набывалі У цяжкай працы векавой (А.Пысін). Га, з вас ніхто таго й не знае... Што йдуць за тых на катні здзек, Хто сваёй працай горкай, цяжкай Свет корміць, — сам галодны век... (Я.Купала). Пачалася праца, упартая, гарачая (Я.Колас). Я хацеў бы знаць, Як аплаціцца Праца трудная Рук мазолістых (Я.Колас). Я сэрца сваё неспакойным збярог, Каб часу хоць крыху быць вартым, для дальніх паходаў, для новых дарог, Для працы цяжкой і ўпартай (П.Панчанка). З бязглуздай працаю такой Не дачакацца вам вясны... (Я.Купала). Гануля была ў бацькоў адной дачкою і, яшчэ будучы дзіцем, дапамагала маці ў цяжкай сялянскай працы (І.Гурскі). Праца станавілася для Ніка... цяжкай, нуднай і зусім ужо невыноснай (М.Лынькоў). Народ гаротны спіны гнуў. На працы катаржнай гібеў (А.Александровіч).

@

ПРЫГАЖОСЦЬ. 1. Аб прыгажосці жыцця, прыроды, чалавечых адносін: асляпляльная, бела-лілова-блакітная, бессмяротная, велічная, высакародная, вялікая, гаючая, глыбокая, дзівосная, дзікая, дзіўная, журботная, зямная, кранальная, магутная, найвышэйшая, неабдымная, неапісальная, невыказная, незямная, непаўторная, неўвядальная, неўміручая, новая, нябачная, някідкая, нятленная, першабытная, першародная, раскошная, родная, рэдкая, свежая, светла ўсвядомленая, светлая, святая, сонечная, спакойная, строгая, суровая, узнёслая, ціхая, цудоўная, чароўная.

Перад намі ляжала першабытная, асляпляльная прыгажосць мора (А.Пальчэўскі). Глядзім час ад часу і на аблокі ўгары... На фоне гэтай бела-лілова-блакітнай прыгажосці, лена планіруючы, перавальваюцца з крыла на крыло чатыры буслы (Я.Брыль). Свет стаяў навокал, поўны вялікай сваёй прыгажосці (К.Чорны). Лес стаяў ва ўсёй сваёй велічнай прыгажосці (М.Джагараў). Музыка быў дужа багаты на тую высакародную старэчую прыгажосць, якая міжвольна выклікала павагу і зачараванне (Я.Васілёнак). Нёман. Гаючая, родная прыгажосць. Успамінаецца той час, калі яна, гэтая прыгажосць, адчувалася і паколатымі патрэсканымі нагамі (Я.Брыль). Жыццё ішло, поўнае сваёй глыбокай і неабдымнай прыгажосці (П.Кавалёў). Сяла, прыгажэйшага за нашыя Лесавічы, па-мойму, няма на Украіне. Сады, белыя хаткі... І песні, песні такой дзівоснай прыгажосці, што шчыміць у сэрцы (У.Караткевіч). Любавацца дзікай прыгажосцю няма калі: трэба некуды прабівацца, каб хоць выйсці з гэтае гушчэчы (С.Грахоўскі). На старой была хустка, гладкая і вышытая толькі “на вугал” вышыўкай дзіўнай прыгажосці (У.Караткевіч). Крочыла па зямлі восень. Але то была не мірная шчодрая восень з ціхай, журботнай прыгажосцю лясоў і гаёў (Т.Хадкевіч). Якая магутная прыгажосць асвятляе пастарэўшыя ў шуканнях вочы, калі з мінулага хоць адна невялічкая дзіцячая радасць прамільгне перад табою (Р.Мурашка). Найвышэйшая прыгажосць тая, што пазнаецца з дзяцінства, бо яна глыбей западае ў душу (І.Навуменка). Адам Міцкевіч любіў Наваградчыну, захапляўся яе раскошнай, неапісальнай прыгажосцю... (“Маладосць”). Узгорак, які тут называецца Сарапонава, люблю за тое, што адсюль адкрываецца панарама возера незямной прыгажосці (В.Лапцік). Андрэй Міхайлавіч загледзеўся, захоплены невыказнай прыгажосцю вечара, яго моцнымі і яркімі фарбамі (Э.Самуйлёнак). А звонкі смех, а задушэўныя песні!.. Нельга было не закахацца ва ўсю гэтую непаўторную прыгажосць, нельга будзе забыцца пра іх, дзе ты ні будзеш!.. (Я.Брыль). Да чаго ж прыемна вось так стаяць тут, пад гэтым небам, сярод гэтай неўміручай прыгажосці (М.Лупсякоў). У нас ёсць родная зямля і роднае жыццё, і мы то гаворым пра гэта, то думаем кожны сабе і канкрэтна, успамінаючы новую, свежую прыгажосць і мясцін, і людзей (Я.Брыль). У палісадніках, ля вясковых хат, наперагонкі хваліліся сваёй някідкай прыгажосцю жоўтыя вяргіні і астры (І.Навуменка). Скранутае з месца..., сабранае ў кучу лісце траціць сваю першародную прыгажосць (І.Шамякін). Цяпер у княжым замку гэтая песня... гучыць для мяне ў спалучэнні з той, няхай няясна, але светла ўсвядомленаю, а больш адчутай прыгажосцю (Я.Брыль). Стаю над морам і бядую, Бо прыгажосць тваю [Неапаля] святую Галечы морак заглушыў (Г.Пашкоў). Гордасць поўніла грудзі вялікім уздымам сонечнай прыгажосці (Р.Мурашка). І яна [алешына] стройна лягла на сваё моцнае галлё верхавінаю, як галавою на падушку, прылегла на другі бераг. Такая ціхая, спакойная прыгажосць! (Р.Мурашка). Мікола... любаваўся строгай прыгажосцю пушчы, убранай у снегавое адзенне (У.Краўчанка). Люблю... беларускае Палессе, і казачна мяккую Наваградчыну, і адзіную ў свеце Белавежу, і суровую прыгажосць паўночнага азёрнага краю (У.Караткевіч). Яны [кветкі] змушалі зірнуць на сябе, убачыць іх ціхую чароўную прыгажосць (Я.Сіпакоў).

2. Аб знешнім выглядзе чалавека: абаяльная, асляпляльная, ашаламляльная, гордая, даступная, дзіўная, добрая, захапляльная, зіхатлівая, іканапісная, кідкая, ласкавая, мілая, мяккая, неапісальная, неверагодная, невыказная, невымоўная, незвычайная, непаўторная, нябачаная, пагрозлівая, празрыстая, прываблівая, прывабная, пяшчотная, узвышаная, фантастычная.

Дзяўчына была сапраўды незвычайнай, ашаламляльнай прыгажосці (У.Караткевіч). Прыгажосць Любы незвычайная, ашаламляльная, якаясь фантастычная, проста неверагодная (Я.Васілёнак). Зіхатлівая прыгажосць гэтай дзяўчыны і незвычайная яе адвага ў гэтым іх больш чым складаным становішчы збівалі яго [Івана] з тропу (В.Быкаў). Міхась Чарот вельмі прыгожы, як дзяўчына. І гэтая прыгажосць нейкая простая, даступная і добрая (Я.Скрыган). [Пекната] праглядвалася ва ўсім: і ў гнуткасці рухаў, і ў ласкавай прыгажосці твару [Джуліі]... (В.Быкаў). Вочы вялізныя. А плечы тонкія, але адразу відаць, вытрымаюць усё. Незвычайная, пагрозлівая прыгажосць (У.Караткевіч). Круглатварая, поўненькая, з малой, нібы ў дзяўчынкі, галавою, Волька мела сваю непаўторную прыгажосць (М.Ваданосаў). І зноў бялявая дзяўчына бегла па лесе і настойліва заклікала яго сваёй прываблівай прыгажосцю (Я.Скрыган). Ідуць баркалабаўскія старцы з сінявокімі хлопчыкамі празрыстай іканапіснай прыгажосці (У.Караткевіч).

@

ПТУШКА (птах, птаха, птаства). Аграмадная, бела-чорна-чырвона-стракатая, белая, бестурботная, блакітная, быстракрылая, вольная, вялізная, вялікая, вясёлая, дзюбатая, дробная, крылатая, лёгкакрылая, лясная, мілая, мудрая, начная, неадлётная, невялікая, непрыручаная, непужаная, неўгамонная, пералётная, прыгожая, пявучая, пяшчотная, радасная, світальная, сінякрылая, стракатая, страката-яркая, хвойная, цудоўная, чароўная, чуйная, чуткая, шустрая, шчаслівая  асірочана-грозная (аўт.), бяздомная, гарластая, дзікая, жалобная, журботная, знясіленая, кволая, маўклівая, нехлямяжная, падстрэленая, пудкая, самотная, спалоханая, спуджаная, сумная, сытая, уразлівая, устрывожаная.

[Маці] у бляклай прадсвітальнай шэрані здаецца аграмаднай птушкай (А.Савіцкі). Ды іменна тады..., калі табе хочацца бачыць яго [дзятла] яшчэ і яшчэ, цесля гэта раптам успамінае, што ён да таго ж і птушка, ды не абы-абы, а бела-чорна-чырвона-стракатая (Я.Брыль). Даўно-даўно гукалі птушкі белыя Да ўспененай вады (А.Пысін). Адчую сутаргу, што апякла крыло, Над родным возерам у пералётнай птушкі, У бестурботнай птушкі-весялушкі, Якую ў першы вырай павяло (У.Някляеў). Сон прыляцеў блакітнай птушкай І столькі казак нашаптаў (С.Грахоўскі). Плоймы быстракрылых гарластых птушак... прывабіла да сябе былое мора (Б.Сачанка). Вольныя птушкі вакол шчабяталі (Я.Колас). Адлічваеш ты размерана, Пэўна, шчаслівую долю мне, Як прадракальніца верная, Птушка лясная, вольная (В.Вярба). На пасечанай снарадамі ліпе звілі сабе гняздо вясёлыя птушачкі (К.Кірэенка). Толькі дзюбатыя хвойныя птушкі Не пакідаюць увосень мяне (А.Пысін). І паднялася ты [песня] птушкай крылатай, І зазвінела ў дзень радасны свята! (М.Танк). Рвалась сэрца к родным гоням Птушкай лёгкакрылай, К светлым рэчкам, ціхім тоням Белай Русі мілай (Я.Колас). Ля буславага гнязда не змаўкаў вясёлы птушыны шчэбет: у шчылінах буславага гнязда заўсёды знаходзіла прытулак дробнае птаства (М.Лынькоў). Мой мілы птах, Мой жаўранак, Ты што так рана ўзвіўся? (Н.Гілевіч). І быў лес зімовы, як мудрая птушка, Склаўшая белыя крылы (В.Вярба). Вось, нарэшце, і ўмоўны сігнал — на балоце тонка прапішчала начная птушка (І.Шамякін). Словы ласкі, словы суцяшэння Так даўно ўзростам перарос. Над маленствам збліжаныя цені Неадлётных птушак і бяроз (А.Пысін). Прыпяць расплылася тут шырока. Вось дзе сапраўдны край непалоханых птушак... (Б.Сачанка). Я непрыручанаю птушкай жыву між сполахаў і дрэў (Я.Янішчыц). Дзе будзе столькі птушак непужаных, дзе мне пяройдзе сцежку рупны лось? (Е.Лось). Ляшчыннік над ручаём ажно калаціўся без ветру: неўгамонныя птахі спявалі і варушылі яго голле (П.Броўка). Я спавіў паляны дзеразою, Падпаліў чабор і верасы, Кожную травінку ўмыў расою, Даў пявучым птушкам адрасы (А.Пысін). Як стада сінякрылых птахаў, што асела ў дарозе, ляжаць і сядзяць... ваеннапалонныя аўстрыйцы (П.Пестрак). Ты пакідаеш свет рэальны, Здзяйсненне незабыўных мар, Блакітнай птушкаю світальнай Ты б’ешся раніцай між хмар (В.Вярба). У лагчыне пры дарозе вялі тры разложыстыя кусты, з якіх упала долу першае яркае, поўнае соку лісце, нетутэйшая страката-яркая птушка згубіла сваё пер’е (А.Жук). Жаваранак, жаваранак, Птушачка чароўная... Не сціхай, звіні, звіні, Песня, ласкі поўная! (К.Кірэенка). Спрасоння сям-там падавалі голас чуткія лясныя птушкі (У.Дамашэвіч). Аздобнасць неба — сонца, зоры, Спавіты месяц туманом; Русалак ночкай разгаворы, Шчаслівых птушак песні днём! (Я.Купала). То з апаленым крыллем, Як птах асірочана-грозны, Узлятала [песня], кружыла Над вогнішчам... (Н.Гілевіч). Бяздомнымі птушкамі кружыць лістота... (М.Танк). Спеўна і вольна, нібыта на горнай скале! Лётка, як птахам уразлівым, дзікім З гордым узмахам крыла! (Н.Мацяш). У той сонечны крымскі дзень... з рукі беларускага ціхага юнака вылецеў і белым жалобным птахам асеў на падлозе лісток з радкамі пра кнігу, з якой ён, гэты юнак, усімі пакінуты, быў не самотны... (Я.Брыль). Калі ж яго дужыя крылы Падхопяць на зорных шляхах, — У шчасце і ўласныя сілы Паверыць знясілены птах (С.Грахоўскі). Была такая пара лета, калі не ўбачыш маўклівай птушкі (П.Броўка). Лябедзіку, застанься недасяжным, высока шыю белую насі, не распускайся птахам нехлямяжным... (Е.Лось). Нібы падстрэленая птушка, Бярозка ўпала б у цішы, Калі б не ён, выгнаннік Пушкін (А.Бачыла). А было яшчэ так: Дзяўчаты Перад сном, Нібы птушкі пудкія Выляталі нячутна з хаты Да нагледжаных днём Трыпутнікаў (Н.Гілевіч). Так прыпаў да сэрца неадчэпна Гэты свіст самотнай птушкі... (Н.Гілевіч). Мне здалося, што ты мяне аклікнула. Але гэта быў толькі голас ветру, Не голас ветру — а спалоханай птушкі, Не спуджанай птушкі — а соннай галінкі (М.Танк). Сытым птушкам ціха спачуваю, Бо і сам я, голуб гарадскі, Пах зямлі ўзаранай забываю І не чую звону асакі (А.Пысін). Моўчкі ляталі невялікія ўстрывожаныя птушачкі з жоўтымі грудкамі (Я.Сіпакоў).

* Жар-птушка, птушачка-іскрыначка, птушка-весялушка, птушкі-пяюхі.

Яна [тайга], нібы казачная жар-птушка сваё пяро, пакідала мне нейкі адзінокі, абшарпаны вятрамі кедр (Я.Сіпакоў). За высь гораў, за цьму бораў, Там за рэчкі шум Мкнуў бы птушкай-весялушкай За палётам дум (Я.Купала). Жаваранак, жаваранак, Птушачка-іскрыначка, Галасок — як срэбра звон, Як прамень — пярыначка (К.Кірэенка). Гоман птушак-пяюх Льецца ў вушы твае, На жалейцы пастух Галасіста пяе (Я.Купала).

@

ПУШЧА. Вялікі масіў лесу: аграмадная, агромністая, амшалая, вольная, высокая, глыбокая, густая, звонкая, зялёная, магутная, маладая, наская, неабдымная, неабсяжная, неаглядная, незачапаная, некранутая, непарушная, прыбраная, прывольная, прыгожая, радасная, родная, свабодная, сіняя  глухая, грозная, дзікая, дрымотная, дрымучая, змрочная, самотная, сумная, цёмная, цёмная-цёмная, чорная.

Мой дом — амшалай пушчы сховы, сяліба ясеняў, сасон (Я.Купала). Нялёгка з пушчай вольнай разлучацца і апынуцца ў цеснакутай клетцы (Я.Сіпакоў). Пушча змрочная, высокая, Недаступная паляна, Будзь ты могільнікам ворагам, Стань прыстанішчам для сокалаў — Партызанаў (М.Танк). Жыў ляснік са сваёй леснічыхай Каля завадзі ціхай, Каля возера ў пушчы глыбокай... (А.Куляшоў). Граюць сосны па-над грудом... Пушчы звонкія, пералогі — Гэта наша радзіма, наш дом (К.Цвірка). І стаіць яна прыбраная, Як нікім не зачапаная, Не кранутая як быццам бы Ні агнём, ні навальніцамі, Маладая пушча наская, Як і слава партызанская, — Усё шырай разрастаецца, У вышыні падымаецца Непарушная, свабодная Майго краю пушча родная (К.Кірэенка). Край прыгожых, неабсяжных пушчаў, лясоў, край дзівосных азёраў і рэчак... страціў усё беззваротна (П.Сабіна). Прывольная, цёмная пушча: Вялізныя ліпы, дубы, Асінніка, ельніка гушча, Між хвоі апаўшай — грыбы (М.Багдановіч). Я спяваў аб роднай пушчы, Аб ялінах-прыгажунях (Н.Гілевіч). Вярнуся ў родную краіну — У пушчу сінюю прыйду (Н.Гілевіч). Эй, гавары ты, пушча глухая! Слухаць прыйшоў я здалёку цябе (Я.Купала). Грозная пушча! У глыб яе пойдзе не кожны Спрактыкаваны ў дарогах лясных падарожны (А.Куляшоў). Ён быў царом дубоў. Над пушчай дзікай Ён узвышаўся, як над морам траў (У.Караткевіч). Дрэваў самых магутных Я наглядаў нямала. Бачыў у пушчах дрымотных, Каля азёраў, крыніцаў... (П.Броўка). Што мне лебедзь над ложкам тваім на сцяне, Калі тысяча рэк і азёр у мяне, Сотні пушчаў дрымучых, цяністых дуброў... (Н.Гілевіч). У цёмнай-цёмнай пушчы, На цяглай-цяглай туі, Стары-стары крумкач там Даўно-даўно гняздуе (М.Танк). Лісце алае засыпае роў, Пушчу родную апавіў туман (У.Караткевіч).

* Пушча-гушча, пушча-тайга.

Цёмны лес усё ўздымаецца, Пушча-гушча не канчаецца (К.Кірэенка). Ці ляжа сцяжынка праз пушчу-тайгу Нязведанай нетрай глухою, — Выкіньце з ранцаў і сэрцаў тугу! Песню бярыце з сабою (Н.Гілевіч).

@

ПЫЛ. Белаваты, белы, бліскучы, глыбокі, дробны, жоўты, залаты, залаціста-фіялетавы, залацісты, іскрысты, крэмавы, ледзь прыкметны, лёгкі, мяккі, пяшчотны, рэдкі, светлы, серабрысты, срабрысты, срэбраны, цёплы, чырвоны  брудны, засушлівы, пякельны, руды, спякотны, цёмны, цяжкі, чорны.

У белаватым святле поўні падворак выдаўся чыстым, бы зацярушаным рэдкім белаватым пылам (А.Савіцкі). Загудуць вятругі ў полі, Загалосяць, зашумяць, Белым пылам задымяць Ды засцелюць гоні-ролі (Я.Колас). У цішыні пачулася, як мякка і глуха ўдарылі па глыбокім цёплым дарожным пыле (А.Жук). Усё насычана было дробным вадзяным пылам, які ўраганны вецер зрываў з крутых хваль (М.Лынькоў). Косы жоўтага пылу пацягнуліся на поплаў (В.Адамчык). Сонца раніцы б’е ў вокны, слупы пылу клубяцца ў паветры. Залаціста-фіялетавы пыл (Б.Мікуліч). Худая, счарнелая рука застыла ў здранцвенні на прыполе, Прапахлая цуркамі малака І залацістым пылам поля (С.Грахоўскі). Крэмавы пыл балюча і колка сыпаў у твар (А.Савіцкі). Каткі — толькі дакраніся да іх — асыпаліся на зямлю, сеючы ледзь прыкметны пыл (У.Дамашэвіч). Пыл асыпаецца на пальцы, мяккі, цёплы, пяшчотны (А.Савіцкі). Узнімаючы светлы пыл, яна [палутарка] падкаціла да агароджы скверыка (А.Савіцкі). З высокае сопкі праз срэбраны пыл Спускаўся я ноччу ў Даліну Маўчання (А.Звонак). Чырвоным засыпаны пылам Рамантыкі даўняй сляды (П.Панчанка). Зямля ўзарвецца страшным громам, Асядзе ўсцяж пякельны пыл (К.Кірэенка). Вось спякотны засушлівы пыл Толькі лівень грымотны прытушыць... (Я.Янішчыц). Па дарогах днём і ноччу ў воблаках рудога пылу беглі машыны (С.Грахоўскі).

@

ПЯСОК (пяскі). Белы, буйны, гарачы, дробны, жоўты, жоўценькі, залаты, залацісты, згладжаны, зярністы, патрывожаны, перамыты, свежы, светлы, сыпкі, сыпучы, улежаны, чысты  балючы, глыбокі, зыбучы, мёртвы, мокры, няўмольны, няўтольны, попельна-мёртвы, попельны, прагны, сыры, халодны, цвёрды.

Але яна [Надзейка] перасіліла сябе, распранула Васільку, выкруціла адзенне і развесіла сушыць на сатлелым аблупленым бервяне, якое... было напалову занесена белым сыпучым пяском (М.Лынькоў). І шуршаць пяскі буйныя (Я.Колас). Надзя сядзела поплеч і не заўважала слёз, якія скочваліся з яе твару на гарачы пясок (М.Лынькоў). Ні дзярэўцаў, ні кусточка, Апроч жоўтага пясочка, Нічагутка не было (Я.Колас). За сялом у полі, У жоўценькім пясочку, Пахавала маці Маладую дочку (Я.Колас). Усхліпвае рэчка ў пясках залатых, Як маці па дзецях сваіх (Я.Колас). І вецер адцвілым язмінам Пясок залацісты асыпаў (М.Танк). На дне пясочак жоўты, чысты, Вадою згладжаны, зярністы (Я.Колас). Ты спытаеш: хто пяском зярністым Тут пасыпаў сцежкі між сасён... (А.Пысін). Асыпаецца патрывожаны пясок (А.Савіцкі). Скача сабака — мора пад лапаю І перамыты пясок (А.Пысін). Вада ў Нёмане... не ідзе, здаецца, а бяжыць, і каламута сыходзіць хутка: як ты ні калупай дно пальцамі ног — зноў відаць светлы, цвёрды пясочак (Я.Брыль). [Фурманкі], вязнучы ў сыпкім пяску, ушчыльную адна за адной каціліся да ручаіны (А.Савіцкі). Сустрэла каля брамы цішыня Пяском улежаным, травой кароткай (А.Пысін). Мокры, глыбокі пясок пад нашымі нагамі зноў змяніўся брукам (Я.Брыль). Была адкрыта табе [бацьку] трывога За дзень наступны, За рэчку з ляском, Пакуль сама на цябе дарога Не ўпала жоўтым балючым пяском (Я.Янішчыц). Калі ў пустыню траплю я [кропля] — Мяне пясок няўтольны праглыне (П.Макаль). Сярод спаленых, Попельна-мёртвых пяскоў Ляжыць чалавечае сэрца і грукатна б’ецца (У.Някляеў). Прагны пясок засмокча светлы і звонкі ручай (П.Панчанка). Шафёр спыніў машыну, каб распазнаць мясцовасць, а галоўнае дарогу. Бо гадзіну таму назад нас хацелі затрымаць у лесе нанач зыбучыя пяскі (П.Пестрак). На пясок кладуцца людзі на сыры (М.Танк). Гэта была спрадвечная Балтыка... Дзюны — прыбалтыйскія піраміды з іхнім халодным пяском, спічастымі верхавінамі і жоўтай, таксама халоднай істужкай вячэрняй зары... (У.Караткевіч).

* Пясок-сіпак.

Завішнюк ішоў паволі сцежачкай ля канавы, утоптанай, белай у цемнаце ад пяску-сіпаку (І.Пташнікаў).

@

ПЯШЧОТА. Пачуццё ласкі, замілаванасці да кагосьці (чагосьці): бурная, вялікая, гарачая, дзівосная, дзіўная, жыватворная, кранальная, матчына, мяккая, неадчуваная, невыказная, невымоўная, незвычайная, непатольная, неразгаданая, нявінная, нясмелая, нястрымная, сардэчная, светлая, трапяткая, цёплая, ціхая, цудоўная, чыстая, шчырая  балючая, баязлівая, брыдкая, журботная, запозненая, млявая, нежаданая, незразумелая, неспадзяваная, няўтоленая, прытворная, пустая, самотная, строгая, сумная, схаваная, утрапёная, халодная.

Карызна ў бурныя пяшчоты пераліваў сваё, прывезенае з раёна ўзрушэнне (М.Зарэцкі). Сваю вялікую і гарачую пяшчоту маці аддала ёй [Любе], адзінай дачушцы (М.Лынькоў). У лесе быў відзён першы, самы нізкі і самы доўгі прамень сонца, яшчэ без цяпла, без жыватворнай пяшчоты (А.Кулакоўскі). Калі пярун штось хмары гуў, а тая Ішла-плыла нестрыманая, густая І косы дажджавыя расплятала, І з матчынай пяшчотаю шаптала: “Шумі ліствой, зялёны мой клянок!” (П.Панчанка). Незвычайная, незразумелая і ніколі неадчуваная пяшчота да гэтай дзяўчыны перапаўняла маё нутро (В.Быкаў). А маці, вочы якой свецяцца невыказнай пяшчотай, распасцірае для абдымкаў рукі (І.Хадановіч). Каханне не памірае. Яно вечна застаецца ў грудзях... безнадзейным болем і непатольнай пяшчотай (У.Караткевіч). Балюча... І іншых не прыдумаць лекаў, як толькі сэрца, поўнае надзей, трывог і неразгаданай пяшчоты... — рашуча выліць песняю з грудзей... (Т.Бондар). Колькі ласкі і пяшчоты светлай У тваёй суровасці, салдат (П.Макаль). З той жа ціхай пяшчотай, увесь час бачачы і чуючы малую, як бы толькі ад звычкі глядзела [Ганна] на вуліцу (І.Мележ). У грудзі раптам прыліла гарачая хваля, якая здараецца ў хвіліну неспадзяванай, нават нежаданай пяшчоты (І.Чыгрынаў). Мяккая пяшчота да тых, з кім яна [Паўла] звяла свой лёс, сканцэнтравала яе волю (Т.Хадкевіч). У вачах [Рамана] неўразуменне, крыўда і няўтоленая пяшчота (У.Караткевіч). Ад кожнага руху парыпвае снег: вызвоньваюць струны марозу. Як тонкае шкло, паветра звініць ад гэтай балючай пяшчоты (Т.Бондар). І пад мляваю пяшчотай Стаў пра мары забывацца (К.Кірэенка). Твой пакойчык прытульны, спакойны і белы Пахне цёплай пяшчотай нетрывожаных дзён (А.Дудар). Яны [Мікола і Мар’яна] вырашылі расстацца. Якія цяжкія былі апошнія дні! Утрапёная пяшчота, рукі, якія абдымаюць так, што, здаецца, можна вырваць з іх чалавека толькі з жыццём... (У.Караткевіч). Вецер-кусака забіраецца за каўнер, невідзімкаю прабіраецца пад кажух са сваёю халоднаю пяшчотай (М.Лынькоў).

* Пяшчота-казка.

Тваіх я рук адданых ласку Адчуў, што мой сцішалі боль. Тваёй душы пяшчоту-казку — Такой няма на свеце больш (К.Кірэенка).

@

РАДАСЦЬ. Пачуццё вялікай асалоды, шчасця; падзеі, абставіны, якія прыносяць асалоду, задаволенасць: агнёвая, адкрытая, ап’яняльная, асаблівая, асляпляльная, асцярожная (аўт.), ашаламляльная, белакрылая (аўт.), белая, бесклапотная, беспрычынная, буйная, бурлівая, бурная, буяная (аўт.), бязмежная, бясконцая, бясхмарная, вартая ўсяго жыцця, весняя, восеньская, высокая, вялікая, вясёлкавая, вясновая, ганарлівая, гарэзлівая, гарэзная, гаючая, глыбока схаваная, глыбокая, гордая, дарагая, дзіўная, жывая, жыццёвая, загадкавая, замілаваная, затоеная, звонкая, зялёна-веснавая (аўт.), зямная, імгненная, імклівая, іскрыстая, кіпучая, крылатая, маладая, неабсяжная, невыказная, непарушная, непаўторная, неспазнаная, новая, нязгасная, нястоеная, нястомная (аўт.), нястрымная, першародная, праменная, прамяністая, пявучая, пяшчотная, светлавокая (аўт.), светлая, святая, святочная, серабраная, смешная (аўт.), стоеная, узнёслая, урачыстая, усёпаглынальная, харошая, хмельная, ціхая, чыстая, шустрая, шчабятлівая (аўт.), шчырая, яскравая, ясная  адчайная, ачумелая, ашалелая, бедная, блазенская, бяздумная, бяссонная, вострая, горкая, дзікая, драпежная, жывёльная, задзірыстая, звар’яцелая, злая, злосная, зманлівая, мізэрная, невідушчая, недарэчная, непрытомная, неспакойная, нядобрая, палахлівая, перакатная (аўт.), скупая, сляпая, спякотная, стомленая (аўт.), сцішная (разм.), трывожная, тужлівая, халодная, хітрая, шалёная, шчымліва-ляклівая, шчымлівая, яхідная.

[Раіса] усміхалася яму [Лясніцкаму] такой чароўнай даверлівай усмешкай, ад якой гарэла агнёвай радасцю сэрца (М.Зарэцкі). У вачах брыгадзіра засвяцілася нейкая асаблівая, крыху загадкавая радасць (А.Кулакоўскі). Гэта ўсё прысвечана табе — Песня і туга мая апошняя, І з надзеяй радасць асцярожная... (К.Кірэенка). І гляджу ўгару, і ніяк не магу наглядзецца на іх [птушак], на маю белакрылую радасць (Я.Брыль). Глядзіш і не можаш наглядзецца на гэтую белую радасць, якая прыйшла сёння з першым сняжком (“Маладосць”). Гэтыя дарагія праявы глушылі сум па Ганне, вярталі хоць і не бесклапотную ўжо, асцярожную радасць (І.Мележ). Раніца новага дня... рассявала па станцыі і навокал праменні святла надзей і нейкай нават беспрычыннай радасці (Я.Колас). Прабудзіўся, у поле кінуўся Падвей. У галаву яму ўдарыў снежны хмель, — І не змог ён буйнай радасці сваёй (М.Багдановіч). Старшыня сходу забыў пра свае абавязкі і даў поўную волю сходу выявіць бурлівую радасць (Я.Колас). Ён [дождж] стаіць у небе чорнай хмарай — Над буянай радасцю ўсходаў, Над вялікаснай людскою марай! (Н.Гілевіч). З гэтага лета застаўся ў іх [Ганны і Васіля] на ўсё жыццё ўспамін неабсяжнай, бязмежнай, бясконцай радасці (І.Мележ). Радасць, вялікая, вартая ўсяго жыцця, ахапіла чалавека (К.Чорны). З радасцю весняй, з надзеяй Маці ў шлях паспяшае (К.Кірэенка). Восеньская радасць маленства. Дым сцелецца над шэрым полем, а ў прыску, зразумела, пячэцца бульба (Я.Брыль). А высокай радасці куток неабжыты... (Н.Мацяш). Вясёлкавая радасць гарэла ў вачах старых сяброў, што стрэліся на астрожным двары пасля доўгага расстання (М.Машара). Замятала чорная мяцеліца самоты Вясновую радасць душы (Г.Бураўкін). Ні хвіліны спакою не маю На гарэзлівую тваю радасць (М.Танк). Жывой, гаючай радасцю была работа для рук (Т.Бондар). Ён [Алесь] нёс ужо глухі, неадчэпны боль у грудзях, і боль гэты вёў за сабой глыбока схаваную радасць: “І я — за ўсіх, і я — за праўду!..” (Я.Брыль). — Сёння пойдзеце туды, за Качан, на Мітрафаніху, — глыбока тоячы гордую радасць, паказаў дзед доўгай рукой на вадзяную бясконцую роўнядзь (Я.Брыль). Дзяўчына глянула ўсхвалявана, з нейкай дзіўнай радасцю (Т.Хадкевіч). Сонца штодня ўзыходзіць, Радасць жыццёвую дорыць (П.Броўка). Няма той маладосці, няма той замілаванай радасці, якія павінны быць на пачатку нашага сумеснага жыцця (Р.Сабаленка). Устрывожаная душа [Васіля] адгукнулася на гэтыя родныя праявы ціхай, затоенай радасцю (І.Мележ). Любая сэрцу Лагойшчына, Край маіх дум запаветных! Ціша бароў партызанскіх, Звонкая радасць крыніц... (Н.Гілевіч). Зялёна-веснавая радасць хмеліць зямлю (З.Бядуля). Ганна прыглушыла імгненную радасць, што... успыхнула была ў душы (Р.Няхай). Шчаслівы Сымон, у яго ўзросце каханне — крылатая радасць... (Б.Мікуліч). Кіпучай радасці прылівы Хвалююць сэрца пералівы Ў грудзях вяснова-маладых!.. (П.Трус). Чэхаў перакладаю, замураваны слоўнікамі. Выбліскі, маладая радасць мгнення злоўленага! (Р.Барадулін). Цеплынёй дзяцінства і роднай страхі павеяла ў душу Андрэя, і на нейкі момант ён адчуў сябе маленькім пастушком... Блаславёны настрой, непарушная, бязмежная радасць! (П.Пестрак). Паўлік адразу пачуў знаёмы пах роднага лесу, і сэрца яго ахапіла невыказная пяшчотная радасць (Я.Бяганская). Андрэй Міхайлавіч адпачываў, перажываючы непаўторную радасць чалавека, што шчасліва ўнікнуў неспадзяванай і, як здавалася, немінучай смерці (Э.Самуйлёнак). І неспазнанай радасцю здаецца, Як і даўней, глыток жывой вады (С.Законнікаў). Быльняговыя межы агорклі, — Радасць новая ў сэрцы цяпер (П.Глебка). А больш за ўсё стомленай і нястомнай радасці ад знаёмства з яшчэ адной красой. Гэта — горныя сосны (Я.Брыль). Хвіліну сядзіць Лаўрэн у адранцвелым захапленні. Потым — нястрымная радасць ахоплівае яго істоту (Э.Самуйлёнак). Я іх [словы] спыняць не стану. Хай бушуюць... І радасцю шчымлівай, першароднай Калоцяцца нястрымна ў грудзях (Г.Бураўкін). Гарыць прамяністая радасць, вялікая радасць, паэт (П.Глебка). Іваноў доўга глядзіць услед Юхнаўцу, і ў грудзях і ў сэрцы яго такая цеплыня, такая радасць пявучая, што быццам свет цэлы інакшым стаў (П.Кавалёў). Дзе ты, мілы сокал, — Блізка ці далёка, — Радасць светлавокая мая (А.Александровіч). З такімі думкамі, з такой светлай радасцю ў душы ішла яна [Жэня], румяная ды спраўная, па белай неглыбокай сцежцы (Я.Брыль). Якую стоеную радасць Дарыў ёй [бярозе] кожны сонца ўсход (А.Бачыла). На дапамогу Алесю прыйшла пані Ванда — яго, да сцішнай радасці прыгожая, любоў (Я.Брыль). Звонка з вячэрняй зарою сплывае Чыстых крыніц серабраная радасць (М.Танк). І яго [Міцю], як малое дзіця, узяла смешная радасць, на душы зрабілася лёгка (В.Адамчык). Радасці — узнёслай, па-дзіцячы бяздумнай — ужо не было (А.Савіцкі). Харошай радасцю прыйшоў, праплыў карцінай суровай зімы ўспамін (Я.Брыль). [Ганна] стаяла, нічога не бачыла, нічога не думала, жыла ціхай радасцю (І.Мележ). У яе [Надзіных] сініх вачах не расталі яшчэ халодныя льдзінкі толькі што перажытага страху, але яны праменіліся ўжо чыстай і яснай радасцю (М.Лынькоў). І жаўранкі маліліся, ці не — сваволілі яны, плялі, як бязмежную сетку, сваю шчабятлівую радасць у чыстым блакіце (Я.Брыль). Радасць, быццам сцежка сувязнога, Шустрая, знікае ў гушчарах (Р.Барадулін). І калі ты [сын] мне слова з ласкай скажаш — Мне свет заззяе радасцю яскравай (К.Буйло). Адчайнай радасці адхоны Я снегам смеху спарушу (Р.Барадулін). І была яна, мусіць, такою мізэрнаю, гэтая бедная радасць, што яе цьмяны праменьчык не дасягае сённяшняга дня і не грэе старое сэрца чалавека (Э.Самуйлёнак). У чорных, з вузкім разрэзам вачах... блукала нейкая нястрымная блазенская радасць (Г.Бураўкін). Пакутлівай, шчымлівай радасцю ўсё задрыжала ў Алесінай душы (В.Адамчык). І ўжо не толькі ў вачах правафланговага, але і ў іншых, амаль прыкметна для тых, што абапал дарогі, іскрыць горкая, гордая радасць пратэсту і веры (Я.Брыль). Хлуста... круціў барабан, хапаўся за маслёнку, за ключы і ніяк не мог утаймаваць сваю драпежную радасць (А.Чарнышэвіч). Мацей Кулеш заціснуў далонямі рот, каб не закрычаць ад жывёльнай радасці (І.Шамякін). Радасць была задзірыстай, неспакойнай (П.Галавач). Цяпер зноў да звар’яцелай непрытомнай радасці хацелася абняць і пацалаваць Чэсю, хацелася зноў вярнуць тую дарогу са Світазі, росную ноч (В.Адамчык). Зманлівай, скупой радасцю праглядвала восеньскае сонца (В.Быкаў). Якая сляпая, невідушчая можа быць радасць, калі сама не хоча бачыць таго, што ператворыць яе ў боль і пакуту (І.Навуменка). Максім стаяў і думаў пра чужое няшчасце, якое так неспадзявана зрабілася сваім, і яшчэ пра тое, што неспакойнай і часам недарэчнай бывае радасць (І.Чыгрынаў). Ён [Пацяроб]... не мог схаваць свае нядобрае злоснае радасці (М.Зарэцкі). Гані мяне, доля, ад перакатных радасцей капрызнай славы да зямнога, ціхага шчасця вялікай, патрэбнай працы (Я.Брыль). Тая палахлівая радасць, што ўвайшла ў яе [Насціну] душу, жыве ў розуме і сэрцы (А.Савіцкі). Была першая ноч хады... з прагнай радасцю набліжэння да мэты (Я.Брыль). Ляпіла снежку ўпершыню, Спякотнай радасцю нямела Ад снегу — Белага агню (Р.Барадулін). Час трывожнаю радасцю нервы наструніў, Боль і шчасце з’яднаць — выпаў лёс нам такі (С.Законнікаў). Сцішаная, поўная суму і тужлівай радасці, пайшла дахаты (Л.Арабей). Грымаса хітрай радасці прайшла па Міхалкавым твары (К.Чорны). Вось яна — радасць, бурлівая, шалёная радасць адкрыцця, нястрымнае захапленне знойдзеным (В.Гарбук). “Што, даміцінгаваліся?” — з яхіднай радасцю сказаў ураднік (Л.Арабей).

@

РАДЗІМА. Адвечная, адзіная, блаславёная, векавечная, вялікая, гордая, дарагая, любая, любімая, мілая, мужная, неаглядная, незабыўная, ненаглядная, непаўторная, працавітая, свабодная, светлая, святая, святочная, сонечная, шчаслівая, ясназорая (паэт.), ясная  далёкая, жалобная, журботная, забытая, загнаная, заняволеная, здратаваная, самотная, скатаваная, стоптаная, сумная, шматпакутная.

Шчаслівы той, хто нарадзіўся і вырас у родным краі, увабраў сваею душою чысціню крыніц, пах кветак і зямлі і неба вышыню, — радзіма ў чалавека адна, адвечная, непаўторная, як матчына песня (В.Жуковіч). Радзіма мая, блаславёная, мілая, Ты гордая ўстала прад яснай зарой... (“Маладосць”). Радзіма мая дарагая, ты ў шчасці жаданым цвіці... (А.Бачыла). Клятву споўніць нерушыма Перад любаю радзімай Прысягаю я (Я.Колас). Ты, Радзіма мая далёкая, Сустракаеш вясну свабодная, І шумяць твае рэкі шырокія, Абдымаюць прасторы родныя... Дык квітней жа вясноваю ружаю, Васількоў расквітай блакітамі, Мая любая, ясная, мужная, З маім сэрцам навекі злітая! (К.Буйло). Здабыты ў грозных бітвах, Я голас свой аддаю За мужную, працавітую Радзіму тваю і маю (П.Панчанка). І мы з радасцю ўсе глядзелі З перавала, скалы крутой, Як на вольнай зямлі гарэлі Зоры светлай Радзімы маёй (М.Танк). Зырчэй ад зыркага кіліма Душу лагодзіць, цешыць вока Мая святочная Радзіма Ад Брэста да Ўладзівастока (У.Паўлаў). Сню цябе, Радзіма, па начах, Адзіную ў свеце, святую (А.Астрэйка). На радзіме сонечнай Сар’яна Пазбіралі пчолы першы мёд (П.Панчанка). Сёння Галю — дачку ясназорай Радзімы — Кліча смех дзетвары пад вясёлкавы дах (Н.Гілевіч). Незабыўнай Радзімы я вобраз бярог, Хоць і плакаў па ёй, забітай, загнанай (“Маладосць”). Відаць, мора думкі мае адгадала, Чаго я прыходжу на бераг заліва, І перада мною ў гадзіну адліва Са дна падняло свае рыфы і скалы, Каб я падысці мог на некалькі крокаў Бліжэй да радзімы далёкай (М.Танк). Хоць рэшту горычы ўбяру, Мая жалобная радзіма (В.Вярба). А вёцер ім [ліпам] прыносіў слодыч З матуліных далёкіх каміноў І стогны заняволенай радзімы (Г.Бураўкін). Над скатаванай маёй Радзімай Штандар свабоды ўзнімі, вясна! (К.Буйло). Праклён вам [войнам] за тое, што гаснулі зоры, Што енчылі дзеці ў агні Асвянціма, Што кожная сцежка крывавай разорай Прайшла па зямлі здратаванай радзімы! (П.Панчанка). Зноў сустрэла чорную навалу Радзіма шматпакутная мая (А.Звонак).

* Карміцелька-радзіма, матухна-радзіма.

Бяжыць удаль лясная гаць З вазамі жыта залатымі. Ах, добра як, што не спазнаць Цябе, карміцелька-радзіма (П.Броўка). Па сэрцы матухны-радзімы Звяраем думы на зямлі (К.Кірэенка).

@

РАДОК (радкі). Напісаныя ці надрукаваныя словы, фразы празаічнага ці паэтычнага твора (тэксту): баявы, вясёлы, гарачы, добры, жывы, задушэўны, мудры, натхняльны, неўміручы, нябачны, праўдзівы, просты, просценькі, пяшчотны, сентыментальны, спагадлівы, сурова-звонкі, трапяткі, ціхі, шчыры, ясны  востры, выцвілы, горкі, жудасны, журботны, забойчы, задзірысты, злосны, наіўны, напорысты, невясёлы, нервовы, няроўны, палінялы, пануры, поўны смутку і жальбы, суровы, трывожны, шчымлівы.

Злосныя радкі шануюць крытыкі, добрыя радкі бярэ народ (Е.Лось). Гарачыя, натхняльныя радкі вершаў і публіцыстычных артыкулаў Купалы былі мацнейшыя за зброю (“Беларусь”). Мы радкі пакідаем жывымі... (А.Пысін). Простыя, задўшэўныя і шчырыя радкі, поўныя смутку і жальбы, змяняліся мужнымі і гнеўнымі словамі (С.Александровіч). Шчасліва веру, што ён [Панчанка] як сапраўдны мастак увесь яшчэ не раскрыўся, што нас яшчэ чакае радасць не адной сустрэчы з яго нервовым і мудрым, пяшчотным і вострым радком (Я.Брыль). Кожная галінка пад ветрам — неўміруючы радок (У.Караткевіч). Пісала рупная працаўніца [Еўдакія Лось] нашага роднага пісьменства свае пяшчотныя і суровыя, спагадлівыя і задзірыстыя радкі (В.Бечык). Які малюнак ночы!.. А што за далікатнасць, якое сілы зарад і крыўды, і жаласці — “хоць ты вазьмі разарвіся ад слёз!” — у просценькіх, наіўных і, нехта скажа, сентыментальных радках... (Я.Брыль). Навагрудак, радзіма паэта [Міцкевіча]. Стары і новы горад на маляўнічых узгорках, — з руінамі замка, каля якога нараджаліся сурова-звонкія радкі “Гражыны”... (Я.Брыль). Хвалююць то сустрэчы, то расстанні... І шум дажджу, што музыкаю стане І перальецца ў трапяткі радок (С.Грахоўскі). [Люба] маўчала, углядаючыся ў жудасныя радкі, нібы чакала нейкага цуда, якое б перайначыла іх страшэнны сэнс (А.Васілевіч). Як непрытомная чытала Яна [Альжбета] забойчыя радкі (Н.Гілевіч). Я высветлю цябе зусім знянацку Над ціхім і напорыстым радком (Я.Янішчыц). Чатыры няроўныя радкі адраса напомнілі Сёмку — то яго рука... (Ц.Гартны). Ціхім сумам ахіналіся думкі, калі перачытваў палінялыя, выцвілыя радкі. Аб мінулым... (М.Лынькоў). Смыліць, як у сэрцы насечка, Як самы, шчаслівы радок (С.Грахоўскі).

@

РАКА (рэчка, рачулка). 1. Пра колер, празрыстасць, тэмпературу і ўзровень вады; пра характар цячэння, дна і інш.: агнявая, блакітная, жамчужна-блакітная, залатая, імглістая, іскрыстая, крыштальная, люстрана-гладкая, люстраная, праменістая, рыжая, светлаплынная (аўт.), светлая, серабрыстая, сівая, сіняя, срэбная, срэбраводная (аўт.), срэбраная, цёмная, чыстая, ясная; абмялелая, выгінастая, вяртлявая, звілістая, пакручастая, папаўнелая, паўнаводная, плыткая, пятлястая, сукаватая; бойкая, бурлівая, бурная, быстрацечная, быстрая, гаварлівая, гаманлівая, грукатлівая, гутарлівая, жывая, звонкая, імклівая, па-асенняму ціхая, ціхабруйная (аўт.), ціхаплынная (аўт.), шумнацечная (аўт.), шустрая; стылая (разм.). халодная, цёплая.

Разлівае ўжо бляск агнявая рака, І чыясь там рука Аднімае заслону з зямлі (Я.Колас). Нездарма Беларусь называюць краем блакітных рэк і азёр (В.Вольскі). Жамчужна-блакітная рака ледзь шалясцела млявымі хвалямі, якія на пяску здаваліся зусім ружовымі (У.Караткевіч). І шумяць і пеняцца рачулкі Па шырокіх руслах сваіх даўніх, Каб сабраць патокі водаў гулкіх Залатое рэчкі Алазані (М.Хведаровіч). Я пясняр лясоў, балота І загонаў каласістых... Мае песні — шум чароту Па-над рэчкаю імглістай (М.Чарот). Стагналі дубы стогадовыя ў лесе, змёў вецер шатры. Калі бура прайшла, ад месца таго, дзе стаяла Алеся, крыштальная рэчка слязой пацякла (У.Ляпёшкін). [Рака] па-асенняму ціхая, люстрана-гладкая, з празрыстай, як сляза, вадой (І.Навуменка). Шырэй разліваліся хвалі Цёмнай, люстранай ракі (М.Багдановіч). Заўтра сотні ў пустыні праменістых рэк працякуць (П.Панчанка). Рачулка рыжая ў пасцелі Заснула, як дзяўчо (А.Пысін). Каля цёмных берагоў Светлаплынных рэк Свет дзіцячых чыстых сноў патануў навек (А.Звонак). Кончыліся, дзеці, вашы гульні Каля светлай рэчкі, каля пуні (Я.Колас). Каля ног серабрыстая рэчка плыла (К.Буйло). Але што там блішча? Ці не ты, сястрыца, Ці не ты ліешся, срэбная рака? (М, Багдановіч). І да любай старонкі роднай, і да чужое стараны, да ручаіны срэбраводнай, да расспяванае вясны... раўнуй мяне (В.Жуковіч). Побач гасцінна — лясы, лугавіны, Мора зялёнае ніў, Срэбраных рэчак разліў (Я.Колас). Сонца промні дарыла Дрэвам, хатам, траве, Чыстым рэкам, прасторам... (А.Бачыла). Званочак коціцца па лёдзе Над цішынёю стылых рэк З даўно забытага стагоддзя У невядомы новы век (С.Грахоўскі). Вузкая, вяртлявая рачулка цякла па схіле і дзесьці гублялася між зараснікаў (Т.Хадкевіч). Хата мая стаяла за ваколіцай, паміж глыбокім ярам і пакручастаю крынічнаю рэчкаю (С.Грахоўскі). За алешнікам бліскала звілістая рэчка (І.Шамякін). І хоць яна, ведаў салдат, была неглыбокая, з’яўленне яе ззаду канавязей, да якіх падступала папаўнелая рака, занепакоіла Макоўчыка (І.Мележ). Дык вяртайцеся [браты] у край свой З далёкай чужыны, — Клічуць вас нашы пушчы, палі, Паўнаводныя рэкі (М.Танк). Цякла невялічкая рачулка, плыткая, пятлястая, з падмытымі, абрывістымі беражкамі (А.Жук). Дыхала ў любую сцюжу тхло, Бегла ў свет рачулка сукаватая (Р.Барадулін). Тут жа была і рачулка, бойкая і жывая (Я.Колас). Дні многія праходзяць Найбольш непагадліва, Шуміць маркотна вольха Над рэчкаю бурлівай (Я.Купала). Пеняцца бурныя рэкі (А.Звонак). Над ракою быстрацечнай, Над ракою звонкай, вузкай — Гарадок наш беларускі (А.Русак). Назад не прыйдзе хваля тая, Што з быстрай рэчкай уплывае (Я.Колас). Снайпер з месца тайнага не сходзіць... Сочыць ён за срэбнай хваляй І за плынню гаварлівай рэчкі (К.Буйло). Гаманлівых рэк узоры Леглі дзіўнаю разьбою... (П.Броўка). Калі ўрэшце горад паўночны ўгамоніцца, Машыны сплывуць грукатлівай ракой, Як вопытны злодзей крадзецца бяссонніца, Нячутна заходзіць у цёмны пакой (Г.Бураўкін). Пад гоман рэчак гутарлівых З табой [з вёскай] я вечна малады (П.Трус). За палянаю лясістаю, Па-над рэчкаю іскрыстаю Клён з бярозкаю калышуцца, Хараством не надышуцца (А.Русак). Падаюць зоры ў імклівыя рэкі І ўзыходзяць агнямі Нурэка (С.Грахоўскі). Пад змрочным небам Беларусі, Ля ціхабруйнае ракі, На дыване густой травы Сядзеў дзядок, як лунь сівы (А.Александровіч). І зноў прысніўся мне начлег на хутары — За ціхаплыннай, добрай рэчкай Шчарай (Н.Гілевіч). Паміж пустак, балот беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, — Удзірванелы курган векавечны (Я.Купала). Падышла да рэчкі шустрай, Месяц кружыцца ў вадзе (А.Александровіч).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (ракі): бяссонная, велічная, вольная, вясёлая, гуллівая, дарагая, духмяная, задуменная, задумлівая, казачная, ласкавая, лебядзіная, летуценная, мілая, мройная, прывольная, прыгожая, прыціхлая, пяшчотная, радзімая, рахманая, родная, славутая, спакойная, сціплая, ціхая, шчодрая  ашалелая, бездапаможная, бяссільная, злосная, ленаватая, наравістая, невясёлая, нямая, пахмурная, разгневаная, раз’юшаная, самотная, санлівая, скупая, сонная, стамлёная, трывожная.

Гараць кастры бяссоннае ракі (Л.Дайнека). Унізе пад абрывам вапняковым плыла, бурліла вольная рака (А.Пысін). Для мяне дарагою самай ракою быў і застаецца мой летуценны і казачны, мой ціхі і велічны, мой добры і ласкавы Сож (К.Кірэенка). Шуміць рака, вясёлая, жывая, Спяшаецца — да мора кліча даль (А.Бачыла). Я сёння хацеў бы праславіць Гуллівую рэчку Зяльвянку (М.Танк). Хутчэй бы да рэчкі... Вось і яна, ціхая, духмяная, у жоўтых гладышычках лілій на гладкай празрыстай паверхні (П.Пестрак). Плыве яна [рака], празрыстая, задуменная, вабіць да сябе (М.Ваданосаў). Барвяны, вялізны круг сонца за дрэвам. Прыгожая, ласкавая — і верыцца, што не скупая, — рэчка (Я.Брыль). Куды табе наша сціплая задумлівая рэчка Шчацінка з натапыранымі кустамі ды асакою (Я.Сіпакоў). Зноў нясуць мяне лёгка ўспаміны Ў знакамітыя нашы Ляўкі, Дзе шапочацца явар з калінай Над святлом лебядзінай ракі (А.Бялевіч). Праз буры і золь, і жахлівы вышынь спакой Неслі птахі лятунак праз уцехі вясны. Але прыляцелі — і над прывольнай ракой Не знайшлі бацяновай найлепшай ў свеце сасны (К.Кірэенка). Першы раз яна [Ларыса] не спынілася тут, не паглядзела на прыгожую, заўсёды гаманлівую раку (А.Кулакоўскі). Над прыціхлай ракой Туманы паплылі І вячэрняй журбой Поле, луг спавілі (А.Бачыла). Рынуліся хмары да ракі радзімай І зліліся з ёю ліўнем кропель слёз (М.Багдановіч). Рокатна і гулка Некалі рахманая рачулка Бухае (П.Макаль). Думаў я, малы, калісь з трывогай, Як да рэк славутых мне дайсці! (П.Панчанка). За кустамі вербалозу ласкава тыцкаецца ў бераг ціхая, спакойная рачулка (Я.Сіпакоў). Гадуе рыбу шчодрая рака (А.Пысін). Павольна бераг мёрзлы асядае, Падмыты ашалелаю ракой (А.Пысін). Раз’юшаным вірам клубіўся агонь, Лізаў гарачыя рэйкі, І з болем глядзелі з далін на яго Бездапаможныя рэкі (П.Панчанка). У Калхідзе — застойная вада, бяссільныя рэкі... (Э.Самуйлёнак). Унізе гоніць каламесу Імклівасць злоснае ракі (Я.Колас). Паглыбляліся, выпростваліся віхлястыя і ленаватыя рачулкі (М.Лынькоў). Я ўбачыў спічак старой каплічкі, што стаіць на гары, за невялікай наравістай рэчкай Качай... (Я.Скрыган). Рака ляжыць цяпер пад свінцова-цяжкімі промнямі сонца, трывожная і нямая (У.Караткевіч). Маўкліва прыме кволыя аковы Пахмурная стамлёная рака (Г.Бураўкін). Моўчкі пазіраючы на раз’юшаную раку, яна доўга стаяла на беразе... (М.Ваданосаў). Адразу ўспомніліся горкія словы Леановіча, шалёны дождж над самотнай ракой, вялізныя, як азёры, чорныя вочы той, якая знікла і ніколі не вернецца (У.Караткевіч). Рэкі бурлівыя, учора санлівыя, Сёння ўсталі, плывуць і бурляць (Я.Купала). На траве даўно павіслі нанач мушкі, матылькі, А касцы яшчэ раз выйшлі Да ўжо соннае ракі (Н.Гілевіч).

* Рака-працаўніца, рачулка-дарога, рачулка-крыніца, рэчка-быстрацечка, рэчка-чараўніца.

Бывай, Прыпяць, бывай, рака-працаўніца, рака-чараўніца (Б.Сачанка). Гукні ў акно, вясна маладая, Гукні ў акно, калі сівер з паўночы... Закуе звонкім лёдам рачулкі-дарогі (К.Кірэенка). Аднойчы мне прыйшло ў галаву паназіраць, як глядзяць, як бачаць людзі тут рачулку-крыніцу ў яе далонях-берагах (Ф.Янкоўскі). І табе ўжо, рэчка-быстрацечка, Ў сваім зямным улонні цесна (П.Макаль). Азёрам, рэчкам-чараўніцам І той, з якое п’еш, крыніцы, Будзь верны! (П.Броўка).

@

РАНА (раны). Пра пакуты, душэўны боль; пра страты, нанесеныя грамадству, прыродзе: адвечная, балючая, безнадзейная, гарачая, глыбокая, горкая, душэўная, жывая, жудасная, зямная, крывавая, набалелая, негалосная (аўт.), незагоеная, незагойная, нябачная, нясцерпная, няўгойная, сардэчная, свежая, скразная, смяротная, смяртэльная, старая, таемная, цяжкая, шчымлівая.

Адвечная рана, якая перадавалася ім [арандатарам] з пакалення ў пакаленне, на час зрасталася (З.Бядуля). Многа ранаў глыбокіх Пакінулі нам Навальнічныя дні, Ліхалецце, вайна (М.Танк). Залечваў мой горад Глыбокія раны, Балючыя раны вайны (А.Вольскі). Мне не забыцца дзён агністых, Ні страт цяжкіх, ні горкіх ран (П.Броўка). Гарачыя, нясцерпныя раны Чарнобыля крывавяць сэрца майго народа (“Беларусь”). Сэрца матчына — рана жывая. Не атузваецца. Не зажывае (Н.Загорская). Помняць Гомель і Ельня, Калуга і Бранск, Як фашысты каналі ад жудасных ран (П.Панчанка). Сосны! Вас дакараў я, Што ўзняліся вы рана На акопах — зямных незагоеных ранах (М.Танк). Лечым жорсткай пенай, соллю лечым Раны негалосныя свае (А.Пысін). І датуль, пакуль я буду жыць, у душы ў мяне будзе тачыцца незагойная рана... Рана, якую пакінула ў маім сэрцы вайна (Б.Сачанка). І рана няўгойная ные ад зморы (П.Панчанка). Не схаваў я сардэчныя раны, Што ў жыцці надарылі гады (М.Хведаровіч). Каб вораг задушыўся едкім дымам І загаіць не змог смяротных ран, — Змагайцеся адважна за Радзіму, Атрады беларускіх партызан (П.Панчанка). Чым больш думаю, тым больш бачу, што ўсе старыя раны адкрыліся і раз’ядаюць свежую рану (К.Чорны).

@

РАНІЦА (ранак, ранне). Частка сутак пасля ночы перад пачаткам дня.

1. Пра стан надвор'я; пра час наступлення раніцы: крамяная, марозная, пагодлівая, пагодная, пасярэбраная, расой умытая, росная, сонечна-іскрыстая (паэт.), сонечная, ціхая  асмужаная, золкая, імглістая, мжыстая, мокра-снежная, пахмурная, празяблая, пранізаная золлю, снежная, халодная, цёмная, ядрана-марозная, ядраная, яшчэ не развіднелая; восеньская, летняя, світальная.

Пад світкай сівай, самакатнай, Крамяным раннем між далін, Па струнах, горам абарваных, Плыў зык — далёкага ўспамін (П.Трус). Сонца ўзышло... З усіх комінаў белыя слупы дыму валяць. Ранне марознае, празрыстае (М.Машара). Ці, можа, яна [дзяўчына] у падарожжы па краі Пагодлівым ранкам з сябрамі ідзе? (Н.Гілевіч). Звоніць ранак, пасярэбраны першым лёгкім подыхам зімы (Н.Гілевіч). З глыбінь нялёгкіх дум вярнуў ты [скрыпач] шчасце мне, Як ноч вяртае дню расой умыты ранак (А.Звонак). Узыходзіць сонца светлаю надзеяй На пагодны ранак і красу зямлі (С.Грахоўскі). А гэты позірк — ясны, чысты, Незамутнёны анічым — Як ранак сонечна-іскрысты... (Н.Гілевіч). Прыходзіць [плотка] як яшчэ адзін хвалюючы ўспамін, як напамінак аб сонечных і росных раніцах маленства (Я.Брыль). І цяпер за гаем на майдане, Дзе ў налівах серабрыцца сад, Сустракае сонечнае ранне На траве халодная раса (А.Куляшоў). Аўтобусы праклалі росны след у ціхае асмужанае ранне (С.Грахоўскі). Ціхімі раніцамі здалёк чуваць было, як шуршыць жоўтае лісце (К.Чорны). Праміне гэта ноч, І пад небам імглістага рання Панясе самалёт Падарунак... наш (П.Панчанка). Другія заплачуць, збяруцца другія, Запаляць агонь ля Варшаўскай шашы. У золкія раніцы, у ночы глухія Ім свеціць агонь непагаснай душы (С.Грахоўскі). Заспаная раніца мжыстая, На фарбы і гукі скупая (Р.Барадулін). Рэзкі, сцюдзёны вецер, які, пасля імглістай, мокра-снежнай раніцы, здаецца мне... нечаканым (Я.Брыль). Адной пахмурнай, пранізанай золлю раніцай... у лесе спыніўся эшалон (Т.Хадкевіч). Красавіцкі празяблы ранак. Снег не ўсюды яшчэ сагнала (Н.Гілевіч). Углядаючыся ў першую снежную раніцу, ён [Валошка] доўга стаяў на ганку (В.Карамазаў). Надзея ўзяла яго пад руку, і Лазаковічу зрабілася ад гэтага неяк утульна-цёпла ў халоднай і цёмнай, яшчэ не развіднелай раніцы (Я.Сіпакоў). У адну з ядрана-марозных нядзельных раніц зірнуў Ігнат у акно на дарогу... (А.Кудравец). Раніца свежая, ядраная, пахне сырадоем і рачною цінай (П.Місько). Даспяваюць антонаўкі, І за стагамі Сейм бусліны збіраецца Восеньскай раніцай (М.Танк). На лугу касцы сышліся летняй роснай раніцою (П.Броўка). Не забудуць цябе, партызанка, Па-над Сожам світальныя ранкі (М.Танк).

2. Пра колер неба, празрыстасць паветра, пра яго водар і інш.: барвовая, белапенная, белая, блакітная, бурштынавая, васільковая (аўт.), вясёлкавая, духмяная, залатая, залацістая, каралавая, крыштальная, ліловая, малінавая, малочная, празрыстая, праменная, прамяністая, пунсовая, ружовашчокая (аўт.), ружовая, румяная, светлавокая (аўт.), светлая, сінявата-малочная, сінявокая (паэт.), сіняя, сярэбраная, чыстая, яснавокая (паэт.), ясная  цёмная, цьмяная, шызая, шэрая.

А зорка гэтак прамяніцца барвовай, чыстай раніцой (П.Броўка). І гусцела паволі святло, каб у ранку застыць белапенным згусткам светлых імгненняў (Т.Бондар). Гэткай белай, светлай, нібы свята, раніцай не прыманьвала ні сушня, ні кантора (В.Карамазаў). Прыходзіш ты — Як гул начных грымот, Як раніцы бурштынавай дыханне (К.Жук). Ды хіба ў памяці сатрэцца Той белы ранак і сяло... (Н.Гілевіч). Я з тонкіх нерваў перавясла ўю, Каб утрымаўся наш снапок жытнёвы. Жу-раў-лі-кі, пакіньце салаўю Зялёны гай і ранак васільковы (Я.Янішчыц). Люблю я ранак гарадскі, вясёлкавы, барвовы... (А.Астрэйка). А ранак свежы і духмяны Разносіць песню спевака (Я.Колас). Прыйшоў я з казкамі ў залатое ранне Ад Сожа ціхага, ад берагоў Дняпра (П.Трус). Засталіся зарніцы Залацістага ранку, Засталіся пуціны, Дзе сляды ад каханка (П.Броўка). Каралавая раніца шашэрыцца, туманіцца... (В.Лукша). Навокала залатым пылам перасыпалася перад нашымі вачыма крыштальная, бяздонная раніца (М.Нікановіч). У сіняе сёння, у ліловае ранне Ён [чалавек] смела вітае радзімы зару (М.Звонак). А ўсё ж, каб весялей ісці было Па сцежках і палянах, Правадніка вазьму ў трысці — Малінавы над рэчкай ранак (В.Матэвушаў). У празрысты ранак мая Ты разгледзіш вобраз мой (К.Буйло). Ёсць прыгажосць у ранку праменным, ёсць і ў змярканні (П.Броўка). Край мой! Ты памятны мне Ранкам сваім прамяністым (П.Броўка). Тыя, што ішлі побач, бачыў Апейка, добра адчувалі гонар і шчасце быць першымі, асабліва хвалюючыся ў такі пунсовы ранак... (І.Мележ). [Раніца] Бадзёрая, ружовашчокая, Пупышкай ляскае тугою, Дасвеццем з салаўямі шчоўкае І не вітаецца з тугою (Р.Барадулін). У поўначы астры ў саду расцвілі, Убраліся ў росы, вянкі заплялі І сталі ружовага ранку чакаць (М.Багдановіч). Сцяна нядаўна пабелена. На ёй шасцю квадратамі шыбаў ляжыць святло румянай летняй раніцы (Я.Брыль). Хоць і шкадую — дагарай Юнацтва ранак светлавокі! (А.Звонак). Мы ў клопатах вечных, у вечнай трывозе Пра светлае ранне і сонечны дзень (С.Грахоўскі). Праз вершаліны сосен цэдзіцца хмуры, сінявата-малочны ранак (І.Навуменка). А пойдзе ноч на дзень — і ранак сінявокі Угледзіцца ў акно... (У.Някляеў). Цішыня. У сінім ранку расплываецца туман (А.Звонак). Лета, нарэшце, прыйшло! Вясёлае, у зялёным разліве палёў, з ласкавымі сярэбранымі раніцамі, з ціхімі ружовымі вечарамі, з бурнымі гулкімі навальніцамі (М.Гамолка). Вераскоўскаму было крыўдна, што сын без яго пайшоў у школу, што ён, бацька, не бачыў, як перад гэтым хваляваўся малы, як, мусіць, баяўся праспаць сённяшнюю чыстую раніцу (Я.Сіпакоў). Прыйдзе тваё шчасце яснавокім раннем (А.Звонак). Абуджалася ясная летняя раніца (Я.Колас). Раніца выдалася шэрая, мароз паслабеў, паўднёвы вецер нёс пах блізкай адлігі (Т.Хадкевіч).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (раніцы): абуджаная, асляпляльная, бадзёрая, беларуская, бесклапотная, вечна маладая, вечна пявучая, вясёлая, галубіная (аўт.), гарэзлівая, гулкая, дзівосная, дзіўная, добрая, жураўліная (аўт.), журботна-ціхая (паэт.), журботная, задумліва-ласкавая (аўт.), задумная, звонкая, зязюльчына (аўт.), лагодная, ласкавая, макавая (аўт.), маладая, мілая, прыгожая, прыемная, пяшчотная, радасная, руплівая, рупная, светла-звонкая (паэт.), слаўная, чароўная, шматзычная (аўт.), шматвяковая (аўт.), шырокая  адчайна босая (аўт.), заспаная. падслепаватая, росна-дрогкая, санлівая, сонная, сумная, тужлівая, цяжкая, чорная.

Вось яно, абуджанае ранне, З блізкімі павевамі жыцця (А.Пысін). ...Шчодра гаспадарыць асляпляльная чэрвеньская раніца (М.Гамолка). Вясновы ранак — як маленства, сонечны І беларускі — як усмешка Пімена (Н.Гілевіч). Якая слаўная ты, селавая, вечна маладая і вечна пявучая раніца (Я.Скрыган). Апрытомнела яна [Хадоська] сонечнай, вясёлай раніцай (І.Мележ). Выглядае гарэзлівае ранне зялёнымі галінкамі бяроз (Г.Каржанеўская). Ішлі мы, і гулкае свежае ранне Пад сонцам праменным знікала, як дым (А.Звонак). Мы не зналі галубіным раннем Ні трывог, ні гора, ні клапот (М.Аўрамчык). У маі ткуцца дзівосныя ранкі — калі на траве ляжаць буйныя кроплі расы (В.Жуковіч). Ты ўсіх узняў, мой добры ранак, Ідзі ж працуй (П.Броўка). Журботна-ціхім жураўліным ранкам Я ад’язджаў у горад на вучобу (Н.Гілевіч). Нейкая паўза, кароткі адпачынак перад імгліцай задумліва-ласкавых вераснёўскіх раніц (Я.Брыль). Ён слухаў, як ранкам задумным у полі камбайны гулі (П.Панчанка). Ці то раніцай звонкай, Ці то вечарам ціхім — Прыязджайце дадому... (Г.Бураўкін). У акенца тваё я пастукаў зязюльчыным ранкам... (П.Панчанка). Яшчэ нямала дзён цікавых І раніц светлых і ласкавых... (Я.Колас). Нахлынуў на кветкі, на травы, на яблыні макавы ранак (П.Панчанка). А ўсё здаецца: не прапаў запал, Не адшумеў крыламі ранак мілы (Г.Бураўкін). Да чаго ж прыгожая гэта вясновая раніца! (Я.Скрыган). Смачна раніца спіць... маладая — аж зайздрасць бярэ (Ю.Свірка). Раніца была лагодная... (М.Гамолка). Вёска, не праспаўшы рупны вясновы ранак, прачыналася да відна (В.Адамчык). І ў гэты ранак светла-звонкі З рахманым сонцам на чале Спявалі пеўні, і даёнкі І дапрызыўнікі ў сяле (А.Грачанікаў). Хоць на момант ціха засяродзься [Чалавек], Прыгадай свой шматвяковы ранак (Н.Мацяш). Твой [Беларусі] ранак — залацісты і шматзычны... Заўсёды, калі сонца ўстае, Над краем тапаліным і крынічным Лунаюць думы светлыя твае (М.Дукса). І свеціць з прастору Шырокае ранне (А.Куляшоў). Не далюблена — не пражыта. Жнівеньскі ранак адчайна босы (Я.Янішчыц). Досвіткам пайшоў дождж, і раніца спазнілася... шэрая, заспаная (Я.Брыль). Ноччу прайшоў добры ўсадзісты снег, і на самым пачатку падслепаватай раніцы... сяло выдавала глухім і сонным (А.Звонак). Змажам боты... — І ў далёкую дарогу На змярканні адвячоркам Ці на ранні росна-дрогкім (А.Звонак). Я веру поўдню. Ён не памыляецца, Бо ён не мае ў сабе ані Туманнасці яшчэ санлівай раніцы І стомленай вячэрняй цішыні (Г.Бураўкін). А ў партызанскім атрадзе [Вера] помсціла фашыстам за тую... раніцу, якую яны зрабілі раптам цёмнаю і чорнаю (Я.Сіпакоў).

@

РАСА (росы). 1. Пра колер, бляск, тэмпературу і інш.: барвовая, белая, блакітная, бліскучая, брыльянцістая, дыяментная, жамчужная, залатая, залаціста-ружаватая, залацістая, іскрыстая, крыштальная, люстраная, празрыстая, прамяністая, светлая, серабрыстая, сівая, сіняя, сонечная, срабрыстая, срэбралітая (аўт.), сярэбраная, чыстая, яркая  крывавая, шэрая; цёплая  золкая, колкая, крамяная, ледзяная, лядовая (разм.), пякучая, стылая, сцюдзёная, халодная, церпкая, ядраная.

Хіба разумее гэта кабета, што значыць для яго, Банадыся, свіст касы і халаднаватая, барвовая ад сонца ранішняя раса (Б.Сачанка). Тут, умыўшыся белай расой, Мы з табою хадзілі з касой (П.Глебка). Зноў пад акном чаромхі пах духмяны Асыплецца на сон блакітных рос (Х.Чэрня). З плеч сплываюць яе косы, Як бы сонца косы, І іскрацца, як на сонцы Брыльянцісты росы (Я.Купала). Я стаяў ля сялянскай паветкі, аздобленай жамчужнай расой (З.Бядуля). А досвіткам на сенажаць з касою У новы наступ выйдзе [франтавік]. Па траве Яму насустрач з залатой расою Сто тысяч мірных сонцаў прыплыве (П.Панчанка). У мокрым бэзе, што свяціўся, мігцеў залаціста-ружаватаю расою... зашчабяталі вераб’і (В.Адамчык). На світанні [бабка] выходзіць за вёску Па іскрыстай халоднай расе, Васількі, і трыпутнік, і слёзкі У прыполе дадому нясе (С.Грахоўскі). Мне ногі змываюць крыштальныя росы (Я.Колас). ...А вясёлае... сонца п’е люстраную расу (Н.Загорская). Чакаю ліпнёвай празрыстай расы (П.Броўка). Сонцу — высь і чыстыя нябёсы, Кветцы — май і светлая раса (А.Пысін). Ірынцы спадабалася цудоўная вясна. Як восені даждалася, Пайшла прасіць яна, Прасіць нябёс не хмарыцца, Вятроў не галасіць, Срабрыстых росаў раніцай На травах не гасіць (М.Танк). У сівой расе прыгнуліся цёмныя вяргіні (В.Вітка). І на міг яму [разведчыку] здалося, Што ідзе ён на пакос, Што чуваць у сініх росах Лёгкі звон сталёвых кос (П.Панчанка). Звоняць звоны галасныя... Срэбралітаю расою іх віталі краскі, травы (Я.Колас). Зацвілі сярэбраныя росы ў кілішках выцвілых лістоў (Т.Кляшторны). На іх [травы] і на рунь пасеваў падала раса, чыстая і бліскучая, як дыямент (І.Шамякін). Якім жа мілым, родны край, Здаешся ты за акіянам! А ў тым раі за небакраем — Лугі ў брыльянтах чыстых рос (А.Бачыла). Клаліся густа засевы сталі У кроплях крывавай расы... (Я.Колас). Холадам шкліцца празрысты ранак, У травах калючых — шэрыя росы (К.Буйло). Ходзіць месяц дазорам па цёплай расе (А.Александровіч). З табой [краем] зраднілі ручаіны, На пожнях золкая раса, І позірк сумнае хаціны, І маці шчырая сляза (П.Броўка). А росы колкія — аж бегчы хочацца (Н.Гілевіч). Яна [бяроза], бялюткая, іскрыцца Крамянай сонечнай расой (П.Прыходзька). Перавяжам мы кужалем раны на целе. Стому з твараў Абмыем расой ледзяной (П.Броўка). Дзе ні ступіш, дзе ні станеш — Скрозь пякучая раса (М.Арочка). Раніца яшчэ толькі абвясціла аб сабе. На травах стылыя ядраныя росы (М.Гамолка). Цішыня. Загараюцца зоры Над сцюдзёнай расой (П.Панчанка). Галя глядзіць у поле. Ногі ў церпкай, халоднай расе (Я.Брыль).

2. Пра багацце і шчодрасць (расы), пра вадзяныя кроплі, іх водар; пра час выпадзення: багатая, буйная, вясёлая, гаючая, духмяная, дымная, жыватворная, жыватворчая, звонкая, зорная, краплістая (разм.), мурожная, мядзвяная, мядовая, пахкая, пахучая, салодкая, шчодрая  скупая, цяжкая; пераспелая, ранішняя, ранняя, світальная, святаянская, чэрвеньская.

Колерамі вясёлкі адбіваліся сонечныя промні ў багатай расе (І.Дуброўскі). Увесь ніз сонца быў у буйнай і чыстай, як слёзы, расе (Я.Сіпакоў). Луг свеціцца ад зорак — Вясёлая раса. ...Мой брат, Глядзі, каб не забыў Знаёмых сцежак і прысад, Сваіх жытнёвых ніў, Гаючых рос, духмяных траў (М.Танк). Бляск пялёсткаў у росах духмяных Ты [Купала] убачыў, цвісці ім памог (К.Буйло). Мы крочым па полю, па дымнай расе Да птушкі, нацэленай у неба (П.Панчанка). Тужу па табе я. Так хмаркі чакае пустыня, Зямля так у спёку расы жыватворчай чакае (К.Буйло). На волатаўскі луг прыходзь не вялым, Каб звонкіх рос вятры не ўкралі (А.Пысін). Вясна. А наперадзе лета, І ў космасе нашы ракеты, І дзеці на зорнай расе (П.Панчанка). А толькі сонца прамень прачнецца, — Цяплом гарачым атуліць сэрца, Амые ззяннем краплістых росаў, Птушыным шчэбетам шматгалосым (М.Танк). Вецер, гушкаючы сосны, Бегучы насустрач дню, Топіць у мурожных росах Ранішнюю цішыню (А.Александровіч). А на ўсходзе свяцілася неба і ззяла, У рацэ калыхалася бляскам жывым, Сярод красак у росах мядзвяных Разлівалася чырванню ў моры травы (К.Кірэенка). Мядовыя росы, Лядовые росы... Не росы, а слёзы Цямнеюць на лозах, На папараці і дзеразе (П.Панчанка). Пахне стэп салодкаю расой (А.Вялюгін). Нарэшце ў сасновым лесе стома скарылася песні, Шчодрай расой растала (Д.Бічэль-Загнетава). Калі Наталька прачнулася, першы, выкупаны ў скупой расе прамень сонца глядзеў у акно (А.Кулакоўскі). У цішы раса цяжкая коціцца па травах... (М.Калачынскі). І двор, і кветкі, і бярозы белыя — Усё заціхла ў пераспелых росах (Н.Гілевіч). У мутнаватай сіні чэрвеньскага неба, пакуль сонца асушвае раннія росы, жаўранкаў не відаць (Я.Брыль). Шыбы слязяцца расою світальнаю (М.Танк). Можа, вам не карціць Па гаях, сцежках роднага краю, Па расе святаянскай прайсці, Калі рунь новых слоў прарастае (М.Танк). Ты, нібы шукаючы гусей, Берагам ка мне ішла з усмешкай, І на дымнай чэрвеньскай расе Толькі засталіся нашы сцежкі (С.Грахоўскі).

* Брыльянты-росы, дыяменты-росы, кроплі-росы, росы-слязінкі, ягады-росы.

Дождж прайшоў, І на траве, на лісці Зіхацяць, гараць Брыльянты-росы (Н.Гілевіч). Падаюць сняжынкі, дыяменты-росы, Падаюць бялюткі за маім акном (П.Трус). Раніца на ніці павуцін з кропляў-рос нанізвала каралі (М.Аўрамчык). Тут люблю я глядзець, як дубочак з сасной Ціха шэпты вядуць між сабой; Як з расою-слязінкай бярозка адна..., Да зямлі валасы апусціўшы, стаіць (К.Буйло). Адгулі грымоты і замоўклі, Усюды шмат срабрыстых ягад-рос (П.Панчанка).

@

РУЖА. Белая, вясёлая, дзіўная, духмяная, залатая, незавяўшая, пахучая, пунсовая, пышная, пяшчотная, румяная, сарамлівая, свежая, святая, цудоўная, чароўная, чырвоная, ярка-чырвоная, яркая  адзічэлая, бледная, бляклая, крывавая, напышлівая, самотная.

Я па вуліцы крочу. Калгаснік-сусед Воз вязе, поўна збожжам нагружаны. Расчыняйце вароты, гатуйце засек, Сустракайце вясёлымі ружамі (П.Панчанка). Крылы ільняныя... Ручнікі... Ружы незавяўшыя і краскі... Прыкладзешся вільгаццю шчакі, Быццам матчыну адчуеш ласку (А.Пысін). Ружа сарамлівая праз плот Выглядае, свежая, пяшчотная, І гараць яе духмяныя пялёсткі Ад расы крыштальнае, халоднае (“Маладосць”). Кладу на Вечнасці Курган Святыя ружы (Я.Янішчыц). І раслі, распускаліся пышныя ружы... (Р.Мурашка). Тут скрозь зелянелі садкі і агародчыкі з ярка-чырвонымі ружамі (А.Якімовіч). Па сваёй каханай сумаваў я дужа, Наламаў букет ёй Самых яркіх ружаў (Ю.Свірка). У колішніх агародчыках цвітуць даўно адзічэлыя ружы (Я.Брыль). Хоць слова “Размініравана” Даўно ўжо сцёрлася на дошцы, Якую мы калісьці Да сасны прыбілі, Бо сняцца часта мне На гэтым месцы Крывавыя ружы вятроў, Дымныя цюльпаны выбухаў (М.Танк).

@

РУКІ (рука). 1. Пра велічыню, форму рук (рукі); пра іх сілу, моц і інш.: вузкія, вялікія, дзіўна вузкія, доўгія, дужыя, жалезныя, жылаватыя, магутныя, мазолістыя, мазольныя, моцныя, мускулістыя, натруджаныя, невымернай сілы, поўныя, пругкія, пяшчотна маленькія (аўт.), смешна маленькія (аўт.), цягавітыя, шырокія  абветраныя, агрубелыя ад несканчонай працы, бяскроўныя, валасатыя, вузлаватыя, жылістыя, заскарузлыя, касцістыя, неакрэплыя, нядужыя, нямоглыя, парэпаныя (разм.), патрэсканыя, спрацаваныя, старыя, старэчыя, сухія, трохі кашчавыя, худыя, цвёрдыя, цяжкія, чэрствыя, шурпатыя.

Вузкая, з кволымі пальчыкамі рука яе, якую Леанід трымаў у сваёй руцэ, была халодная і бязважкая (І.Мележ). Яго [Алеся] падводзяць да бацькі, а той працягвае вялікую, павольную руку і кладзе яе на астрыжаную галоўку (Я.Брыль). Глаша ўзяла яго [коніка], пасадзіла на сваю дзіўна вузкую руку (А.Адамовіч). Чэсік апусціў сваю доўгую руку, устаў і бойка загаварыў (Я.Брыль). І граната Дужай кінута рукой (П.Панчанка). І не паспеў Сяргей зрабіць і аднаго руху, як на яго ззаду навалілася нечае, як дуб, крэпкае цела, і жалезныя рукі, як абцугі, здушылі плечы... (Я.Колас). Да працы час, браты! Ніхто няхай не смее Магутную руку бяссільна апускаць (К.Буйло). Мы з году ў год мазольнымі рукамі Кавалі зброю моцную сваю (М.Танк). А каласы шапочуць... Як бы, здаецца, хочуць Падзяку перадаць Зямлі і цёплым ліўням, і сонцу, і вятрам, А перш за ўсё — руплівым Мазолістым рукам (Н.Гілевіч). Сякера лёгка, з нейкай радасцю, лётала ў моцнай руцэ (В.Карамазаў). Людзі змаркатнелі, самі сабой апусціліся долу іх натруджаныя рукі (В.Быкаў). Усё тут жыве ягонай [Волатавай] безнадзейна-разгульнай воляй, на ўсім пячатка ягонай цяжкай, невымернай сілы рукі (М.Стральцоў). Спрытна мільгае вясло ў яе [Аўгініных] пругкіх руках (Я.Колас). Малодшая Свіцязянка і вельмі добра ведала сабе цану, і разам з тым была нявінна маладзенькая з выгляду, з пяшчотна маленькай рукой (Я.Брыль). Маленькая... смачна цмокнула губкамі, паглядзела на траву і працягнула ўніз смешна маленькую ручку (Я.Брыль). І яго [Мікалаева] рука асцярожна лягла ёй [Ганне] на плечы. Шырокая, гарачая (Б.Сачанка). Ды вось у вачах маіх паяўляецца яна [мама], жывая, з добрымі, задуменна-пяшчотнымі вачыма,... з агрубелымі ад несканчонай працы рукамі (В.Жуковіч). Калі застанецца апошняя куля ў маім парабелуме І ворагі крыкнуць: “Здавайся, адрэзалі ўсе мы шляхі!” — Я сцісну мацней рукаятку рукой агрубелаю І ўспомню, як клёны дрыжаць ад рыданняў глухіх (П.Панчанка). Панна Рузя часцей за ўсё стаіць каля белай кафлянай грубкі, залажыўшы назад сухія, бяскроўныя рукі з пярсцёнкамі (Я.Брыль). Чорная тэлефонная трубка, на якую Алесь адвёў позірк з падлогі, дрыжала разам з сухой і валасатай старэчай рукой (Я.Брыль). Мне вельмі прыемна сустрэцца з даўнім знаёмым, паціснуць яго вузлаватую і шурпатую, як карага, руку, — нібы набіраючы сілы (Я.Брыль). Рука..., шурпатая, моцная, жылаватая і цягавітая,... нібы зараджала яго [Мікалая] заўсёды энергіяй (Я.Сіпакоў). Раптам Міронаў твар яшчэ больш хмурнее і перасмыкаецца, сухія, жылістыя рукі пачынаюць дробна і часта калаціцца (Б.Сачанка). Каласы нахіляюцца, пільна прыслухоўваюцца да глухога шуму. Туліцца-ціснецца ў пяшчоце галоўка да галоўкі, а жняя душыць заскарузлай, патрэсканай, мазалістай рукой цэлае племя жытніх каласоў (З.Бядуля). Неакрэплай рукой сціскалі вінтоўкі, Ідучы ў раздарожжы дваццатых гадоў (А.Звонак). Ішла бабуля. У руках нядужых Быў сукаваты грушавы кіёк (Н.Гілевіч). У тую ноч пастукалі ў шыбіну ад двара неяк надта ціха — нямоглай рукой ці асцерагаючыся (І.Пташнікаў). Заўсёды з удзячнасцю ўспамінаў парэпаныя бацькавы рукі, якія цярпліва вадзілі мяне па старонках першай чытанкі (К.Кірэенка). І рукі твае спрацаваныя, рукі ласкавыя На грудзях — як два перавяслы на полі жніва (Н.Мацяш). — Мама!.. Мама!.. — шапчу і старэнькія рукі цалую (К.Кірэенка). Чалавек... устаў і падаў цераз стол Шпакевічу трохі кашчавую руку (І.Чыгрынаў). І рукі матчыны худыя, Што ўчарнелі ад зямлі, Упершыню мяне за шыю З такой пяшчотай абнялі (С.Грахоўскі).

2. Пра колер, стан рук (гарачыя, халодныя і інш.): беласнежныя, белыя, смуглявыя  сінія, чорныя, чырвоныя, шэрыя; гарачыя, цёплыя  анямелыя, аслабелыя, ватныя, дрыготкія, дрыжачыя, здзервянелыя, здранцвелыя, ззяблыя, знябытыя, набрынялыя, нязвыкла непаслухмяныя, пакрэплыя (разм.), прапахлыя зеллем, стамлёныя, халодныя.

Ноч фіранку зняла беласнежнай рукой (П.Трус). Данік глядзіць на белую, маленькую руку настаўніцы (Я.Брыль). Чатыры гармонікі гралі разлуку, Чатыры салдаткі смуглявыя рукі Ў тузе заламалі (П.Панчанка). Дзядзька стаяў, згорбіўшыся, каля воза, дарма стараўся сагрэць у рукавах мокрага палапленага кажуха набрынялыя, сінія рукі (Я.Брыль). У кузаве было холадна; яны [Таня і Ратнікаў], стоячы на каленях ля самай кабіны, дзяржалі адно аднаго за чырвоныя, пакрэплыя на ветры рукі (І.Пташнікаў). Валошка доўга не зводзіў вачэй з матчыных рук: шэрыя ад вечнай работы, яны за апошнія гады ўсохлі (В.Карамазаў). Лаві губамі пругкі вецер мая І абдымі асмужаны прастор, Твая рука гарачая трымае Сцяблінку, што дацягнецца да зор (С.Грахоўскі). Больш як праз пяцьдзесят гадоў адчуваю цёплыя настаўнікавы рукі (Ф.Янкоўскі). Анямелыя рукі мужчыны гудзелі і ўздрыгвалі (Я.Брыль). Збіраючы ўсю сілу, якая яшчэ засталася ў аслабелых, нязвыкла непаслухмяных руках,... Зыбін дапоўз да ратоўнага гушчару (І.Мележ). Дрыготкімі рукамі ён [Алесь] адарваў краечак канверта, выняў знаёмы, родны, як хлеб маленства, лісток са сшытка... (Я.Брыль). Дрыжачаю рукою абапёрся Сцяпан Касцевіч на парэнчу, каб падняцца па сходах на высокі ганак (П.Пестрак). Здзервянелай рукой гладзіў Ігнат яе плечы (А.Кудравец). Рукі і ногі нязграбныя, ватныя, паколвае па ўсёй скуры, асабліва па спіне (А.Адамовіч). І нясмела падыходзіць да дзвярэй старая, Мокры клунак загарнула Хусткаю старою. Асцярожна — стукае у дзверы Ззяблаю рукою (Я.Колас). Але мільёны нас, жывых, Знябытых рук не склалі, Яшчэ ў шынелях франтавых Мы на работу сталі (П.Глебка). Я гляджу ў яе [матчыны] вочы, што свецяцца шчасцем, Гладжу рукі сухія, Прапахлыя зеллем... (Н.Гілевіч). Узняўшы ўгору стамлёныя рукі, Паскідалі, застыўшы без руху, Тапалі залатыя маністы (А.Звонак). Ён [бацька] нават пагладзіў мяне па галаве сваёй халоднаю... рукою (В.Жуковіч).

3. Пра ўмелыя, здольныя, працавітыя рукі: быстракрылыя, быстрыя, залатыя (нар.-паэт.), здатныя, здольныя, лоўкія, майстэрскія, нястомныя, працавітыя, руплівыя, рупныя, спеўныя (аўт.), спрытныя, удалыя, умелыя.

Па клавішах — з мінуўшчыны ў сягоння — Разлёт цыбатых быстракрылых рук (П.Макаль). Пісьмовы стол, на зялёным сукне якога, як на траве, адпачывалі быстрыя і нястомныя рукі, што тут вось, пры дапамозе гусінага пяра ўвекавечылі на паперы “Тамань” (Я.Брыль). Не аднаго мастака ведаю і я. У іх рукі залатыя, вочы бачаць, рукі працу любяць... (Ф.Янкоўскі). Пад здатнай рукой, што зламала ўсе церні, Узрасло над падмуркам калгаснае зерне (К.Кірэенка). Як па струнах смык, бывала, ручка здольная вяла: Добра гэтак скрыпка грала І звінела і гула (Я.Колас). Гэта восень майстэрскай рукою Тчэ з туманаў сівыя палотны (А.Звонак). Вось зніжацца над Прагаю сталі І ледзь толькі ступілі на брук. Колькі з кветкамі нас прывітала Працавітых, мазолістых рук! (М.Танк). Дзень добры, Беларусь, Народная дзяржава, Зямля руплівых рук, Радзіма слаўных спраў (А.Звонак). Слава рупным рукам чалавека! (К.Кірэенка). Устань, Купала! Звонкіх струн Краніся спеўнаю рукою (К.Буйло). Маленькая спрытная рука жняі пайшла па каласах, і пяшчотныя дотыкі іх разбудзілі ў душы пачуццё светлай, харошай палёгкі... (Я.Брыль).

4. Пра рукі, якія выражаюць рысы характару чалавека, яго фізічны і душэўны стан; ацэнка рук (рукі): адданыя, асцярожныя, бязлітасна добрыя (аўт.), відушчыя, дбайныя, дбалыя, добрыя, заўзятыя, зграбныя, клапатлівыя, ласкавыя, людскія, мілыя, мужныя, надзейныя, прачуленыя (аўт.), пяшчотныя, разумныя, родныя, рухавыя, смелыя, сумленныя, сяброўскія, так мала ў жыцці цалаваныя (аўт.), трапяткія, трывожныя, турботныя, упэўненыя, цвёрдыя, цнатлівыя, чулыя, чыстыя, шчаслівыя, шчодрыя, шчырыя  бязглуздыя, бязлітасныя, варожыя, гнеўныя, жорсткія, заграбастыя, зайздросныя, захопніцкія, злачынныя, лядачыя, назойлівыя, нахабныя, нядбалыя, нясмелыя, няўмелыя, нячулыя, паганыя, прагныя, разгубленыя, сарамлівыя, сляпыя, суровыя, учэпістыя, чорныя, чужыя.

Праз тысячы адданых рук перадаваліся снарады (А.Зарыцкі). Асцярожныя моцныя рукі прытулілі дзяўчынку да гімнасцёркі (В.Гарбук). Яна [дзяўчына] схапіла і сціснула правую Ганніну далонь — вузкую, моцную і бязлітасна добрую руку хірурга (Я.Брыль). Я зведаў, шлях прайшоўшы свой Расчараванняў цёмнай пушчай: Дабро — абняць рукой сляпой, Бяда — караць рукой відушчай (У.Някляеў). Якой была прырода шчодрай, якою мудраю была, калі рукою дбайнай, добрай так многа аднаму дала (В.Жуковіч). На шчаслівай зямлі З лёгкай і дбалай рукі Будуць спорна расці Маладыя дубкі (П.Броўка). Яна, ручка, Усё-такі пралезла ў дупло, як ён там матлашыўся, дзяцел, і пішчаў, і як яго тая ручка, заўзятая і дастаткова моцная, выцягнула на свет (Я.Брыль). Спадае зашчапка з крука, Мільгае зграбная рука (Я.Колас). У сярэдзіне ж доміка было чыста, утульна, і на ўсім ляжалі сляды клапатлівых Кірыных рук (У.Карпаў). Грукачыце, дзяўчаткі, абцасамі тонкімі, Каб... пачулі ваш стук, І бярыце вы шчасце залатымі пярсцёнкамі Толькі з родных, сумленных і ласкавых рук (П.Панчанка). І пакланіся, чалавеча, вадзіцы і тым нібы рукам-далоням, з якіх бяжыць яна, спяшаецца па чыстым пясочку. Тыя нібы рукі-далоні зрабілі добрыя, людскія і разумныя рукі (Ф.Янкоўскі). Ну, а калі праз сто разлук, Праз сто смярцей вайны, Да мілых, незабытых рук Не вернуцца яны, — У тым няма віны мужчын (Г.Бураўкін). Ты [Мінай] мужныя рукі і сэрца Народу аддаў (Я.Колас). Рукі ў старога надзейныя, цвёрдыя, — многа зямлі перавярнулі за свой век (Я.Брыль). “А маці, маці... Колькі ў ёй пяшчоты чалавечай!” — І ён прачуленай рукой абняў яе за плечы... (А.Бялевіч). Працягнеш пяшчотныя рукі да вуснаў засмяглых маіх (С.Грахоўскі). Рукі хірурга заўсёды вельмі чыстыя, дужыя і рухавыя, як у піяніста (С.Грахоўскі). Ва ўсім відаць клапатлівую дзявоцкую руку (Р.Мурашка). Дзвіна, Дзвіна! Табой зачараваны, Стаю і бачу, як вядуць чаўны У доўгі шлях да сонечнага рання Рукамі смелымі твае сыны (А.Звонак). Падзяліся ж даўнім сваім болем, Вось табе — сяброўская рука (В.Зуёнак). Свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі яна [маці] трымала мазалямі да мазалёў (Я.Брыль). І коннік трымае трывожнай рукой Нагана халодную сталь (А.Звонак). Турботных рук патрэбна многа ўсюды, Каб зняць праклятае кляймо вайны (Я.Колас). Я сеў на прызбе пад старою ліпай, Трымаючы малога хлапчука На дужых І ўпэўненых руках (П.Панчанка). Хоня падаў Хадосьцы халодную цвёрдую руку (І.Мележ). Нязведаным шляхам я вас [дачок] аддам — І бальшакам, і пакручастым сцежкам. Цнатлівым і назойлівым рукам, Сяброўскім і падманлівым усмешкам (Г.Каржанеўская). Дзе ты, дзяўчына, Якая хацела Прынесці шчасце ў кожны дом, Далонямі рук сваіх чулых і смелых Прыкрыць сэрца маткі, Як шчытом? (М.Танк). Тыя беды зведаны дарэшты, і нязвыкла ўспыхнула шчака, — страшна мне натрапіць там на нешта, што вяла [у пісьмах] шчаслівая рука (Р.Баравікова). На белым іскрыстым снезе ляжалі пчолы, быццам хто іх пасеяў знарок шчодраю рукою (Б.Сачанка). Чыя бязглуздая рука На твар твой Сыпле бруд, грабе... Даруй, рака (П.Броўка). Маці Нікаса Белаяніса Цяжка пісаць гэты ліст, калі словы, Як порах, гараць, Калі гнеўная сёння Шукае рука Не пяра, а гранаты І сталі штыка (М.Танк). Нібы хто дакрануўся жорсткімі рукамі да тых васковых шчок і назаўсёды пакінуў на іх гэтыя ўпадзіны-яміны (М.Лынькоў). Няхай натоміцца Яначка, лягчэй будзе ўзяць тады яго Грамабою сваімі заграбастымі рукамі (К.Крапіва). Як жа так магло здарыцца, што Трапіў гэты агонь у злачынныя рукі... (М.Танк). [Сымон] нават не заплача, Толькі галаву прыгне, А яго рука лядача Неспадзеўна штурхане (Я.Колас). Даючы ў нядбалыя рукі Івана Цераха чуллівага ўвішнага Уюна, дзядзька Арцём... яшчэ раз напомніў — чаму, па чыёй віне такі вось ладны конь дарма прастойвае ў гарачы час (Я.Брыль). І ён [Даніла] нясмелаю рукою Адводзіць веснічкі (Я.Колас). Няўмелыя хадзілі рукі Па клавішах то ўніз, то ўверх, І ўскалашмачаныя гукі Будзілі часта ўвесь паверх (С.Грахоўскі). Як браў грошы пан вяльможны Рукою паганай, Кроў блішчала на дукатах... (Я.Купала). [Ганніна] рука, гарачая, разгубленая, паспешліва адказала на поціск (І.Мележ). Вось ён, Алесь, зноў насваволіў... А маці нагадзілася з поля і сваёю суровай, моцнай рукой адлупцавала яго як след (Я.Брыль). Малання... прывычна захапіла жылаватымі, учэпістымі рукамі жменю спелых шапатлівых сцяблін, падрэзала іх сярпом (І.Мележ).

* Дзіва-рукі, крылы-рукі, рукі-ручаняты.

Вось прыйшоў ён да цябе, разбярка, той крышталь і мутны і няяркі, Каб заззяць у пераліўным руху, Праз твае прайшоўшы дзіва-рукі (А.Звонак). [Дзяўчына] прабегла тры-чатыры крокі І крылы-рукі развяла (Н.Гілевіч). Пахнуць ручкі-ручаняты ветрам, краскамі, зямлёй (В.Жуковіч).

@

РУЧАЙ (ручаіна). Безыменны, бесклапотны, бурлівы, бурны, быстры, віхрасты (аўт.), вясёлы, гаваркі, гаварлівы, гаманкі, гаманлівы, гарэзлівы, гарэзны, глыбокі, грымлівы, гуллівы, гутарлівы, гучны, жвавы, жывы, залаты, зарослы, звонкі, зіхатлівы, імклівы, іскрысты, кіпучы, крыштальны, ледзяны, несціханы, празрысты, рэзвы, свежы, светлы, смяшлівы, срэбна-светлы, срэбны, срэбразвонны, срэбрана-светлы, сцюдзёны, сярдзіты, сярэбраны, чысты, шпаркі, шумлівы, шырокі.

Наперадзе — мосцік драўляны, стары, Ручай безыменны — граніца (Н.Гілевіч). Не спыняе работы бесклапотны ручай (А.Куляшоў). А бурлівы ручай і зялёненькі сад! — Хоць, брат, сэрца аддай і душу хоць аддай!.. Сам садочак садзіў гадкоў дваццаць назад, А цяпер жа вялікі, як гай (Я.Купала). Ручаям віхрастым лёгка ліцца, Карагодзіць да начной зары (С.Гаўрусёў). Па дарогах струменілі вясёлыя, шумлівыя ручаінкі (Э.Самуйлёнак). Удзень, ледзь толькі падымалася сонца, усюды абуджаліся тысячы гаваркіх ручайкоў (У.Краўчанка). Чыстым будзь, гаманкі ручай... (Д.Бічэль-Загнетава). Два гаманлівых ручаі Сышліся нанач у гаі... (А.Астрэйка). Узмах крыла, і ў цёплы лівень усплёск гуллівых ручаёў... (В.Зуёнак). Там ручэй глыбокі, шырокі зрабіўся... (Ф.Багушэвіч). Збоку ветру ў тахт спявае Гутарлівы ручаёк (Я.Колас). А ён [ручай] гучны і смяшлівы, Так і ходзіць, аж дрыжыць... (Я.Колас). Дзе-нідзе на прыпёку ўжо булькалі жвавыя ручайкі (І.Новікаў). Да чыстага жывога ручая Губамі перасмяглымі прыпасці, Каб смага захлынулася мая Адным глытком пакутлівага шчасця (С.Грахоўскі). З ціхім звонам у рэкі сцякаюць Ручаі залатыя з бяроз (П.Панчанка). Перайшоў... зарослы ручай (Я.Сіпакоў). А ў самым нізе з гары сцякаў звонкі ручаёк (“Маладосць”). У вёсцы, дзе побач барок, Прабіўся, усплыў ручаёк, Празрысты, іскрысты і свежы (А.Бялевіч). Між алешын, кустоў, Дзе пяе салавей, І шуміць і грыміць Срэбразвонны ручэй (Я.Колас). Срэбныя ручаёчкі бліскучымі стужкамі ззялі на сонцы, весела гаманілі ў сваіх беражках (Я.Колас). Колькі песень няспетых Тут навек пахавана! Колькі срэбрана-светлых Ручаёў абарвана! (Н.Гілевіч). А ў ручаях кіпучых б’ецца радасць (П.Панчанка).

* Жэўжык-ручаёк.

Звоніць, скача, як дзіцятка, Гэты жэўжык-ручаёк (Я.Колас).

@

РЭХА. Блізкае, бязгучнае, выразнае, вясёлае, галасістае, гарачае, гордае, густое, гучнае, далёкае, добрае, доўгае, дробнае, думнае, жывое, звонкае, зялёнае (аўт.), кароткае, крохкае, крылатае, летняе, магутнае, маладое, мілагучнае, нягучнае, нямоўчнае, няўлоўнае, перакатнае, пераліўнае, пераможнае, песеннае, працяглае, працяжнае, пругкае, радаснае, разлеглае, раскатнае, раскацістае, рассыпістае, рэзвае, самае маладое, сінякрылае (аўт.), смяшлівае, сонечнае, стогалосае, сцішанае, ціхае, чуткае, шматгалосае, шматразовае  ахрыплае, вострае, глухое, грукатлівае, грымотнае, злое, каменнае, крутое, набатнае, невыразнае, палахлівае, прыглушанае, прыцішанае, разарванае, расшальное (аўт.), рванае, свісцючае (разм.), стомленае, суровае, хрыпатае, хрыплае.

Чуваць не сам голас, а толькі выразнае, блізкае рэха (А.Савіцкі). Яснее зрок, але ў цемнаце Заходзіцца бязгучным рэхам сэрца (Я.Янішчыц). Гукнеш — і дзень па-за Сажом Твой кліч, мацнеючы, крыляе Вясёлым рэхам каля стром (К.Кірэенка). І толькі спяваў вакол дзяўчыны замілаваную песню бор, і наўсцяж слалася вясёлае летняе рэха (К.Кірэенка). Звонкае, галасістае рэха заляскатала аб сцяну ўзлесся (М.Гамолка). Ударыць гарачае рэха, Я раптам адчую, што ты Прыехаў, прыехаў, прыехаў! (Э.Агняцвет). Грымнула рэха густое (Я.Колас). У гэтым рэху гордым Дум усхваляваных Чуліся акорды Звонкія баяна (М.Танк). Нягучнае, думнае, добрае рэха Нясе над залужжам нястоены жаль (К.Кірэенка). Мы скора прыйдзем з песнямі дадому З дарог вайны. У хату прынясём Жывое рэха ўшчуленага грому І сэрцы, гартаваныя агнём (К.Кірэенка). Па звонкаму рэху начных гудкоў, Па следу былых баёў Шукацьму найлепшых сваіх радкоў, Высокіх і дзіўных слоў (П.Панчанка). Там, дзе арэшнік развесіў гронкі вочак-арэхаў, — Заблудзілася ў лесе зялёнае рэха (К.Кірэенка). У сутоках за белымі мураванкамі разбівалася крохкае рэха (В.Адамчык). Не паспела дахаты Нас правесці старая, А Міхась аб крылатым Сваім рэху пытае (К.Кірэенка). Я тонкія струны нячутна крануў, Яны ж у адказ з усіх сіл задрыжалі. Так рэха магутнае коціцца ўдаль, Так бурай зіма сустракае вясну (К.Кірэенка). Ды чэснае слова не ўмёрла, Магутнае рэха ідзе (В.Жуковіч). Вясною бывае, можа, самае маладое рэха (М.Стральцоў). Гукала ты ў дрымотным гушчары — Няўлоўнае гучыць дагэтуль рэха (П.Макаль). Зямля разносіць працяжнае нямоўчнае рэха (Р.Няхай). Літасцівы мой лёсе, Падары... Хоць малую уцеху — У світальным бары Перакатнае рэха (С.Грахоўскі). Песня абарвалася Нейкім шумам дзіўным І закалыхалася Рэхам пераліўным (М.Танк). Адгукалася па хатах [маладосць] Пераможным рэхам (А.Куляшоў). Аб гэтым вясноваю ноччу прысніцца, Пракоціцца ў памяці песенным рэхам... (П.Панчанка). Прачнулася зноў некалькі трывожных... стрэлаў, што пругкім рэхам аддаваліся пры сцяне лесу (В.Адамчык). Гукі біліся аб густую сцяну бору і, не прабіваючы яе, адляталі назад працяглым рэхам (І.Шамякін). Прыйшла вясна..., каб раптам абрынуцца нястрымнай сілай сонечных промняў, птушыным гвалтам і разлеглым рэхам прыпяцкага крыгаходу (У.Аляхновіч). Прыйшла тая песня да родных загонаў І радасным рэхам апала на поле (К.Кірэенка). Недзе ўдалечы дробным рассыпістым рэхам пракацілася кулямётная чарга (В.Быкаў). Глухім, працяжным рэхам адказваюць мне рэкі і лясы (М.Федзюковіч). Не засну, як даўна, поўначчу глыбокай З сінякрылым рэхам у бары (М.Танк). Не моўкне сонечнае рэха, Сугучча наша доўжыць, доўжыць... (Н.Мацяш). Трубныя, поўныя палымянай прызыўнасці гукі стогалосым рэхам разлягаюцца ў лясным наваколлі. Іван быццам успомніў і свой голас — зычны, бадзёры, і рэха — маладое і смяшлівае, якое быццам падраблялася пад яго голас (А.Кудравец). Пляскат ног і рып дошчак аддаваліся палахлівым чуткім рэхам у пустых пакоях (В.Адамчык). Тут у шуме вятроў Чуцен гром лесуновага смеху І крутых паляўнічых рагоў Шматгалосае рэха (М.Танк). Звонкі голас пакаціўся па люстранай роўнядзі ракі і шматразовым рэхам адгукнуўся ў лесе (“Полымя”). Завеі знясіленай млявы лёт. Ахрыплае рэха прастору не мае (Р.Барадулін). Гучнае клекатанне заглушыла кулямётная чарга, па лесе і па зарасніках шуганула вострае, свісцючае рэха (А.Кулакоўскі). Па лесе кацілася грукатлівае рэха, чулася, як гудуць матацыклы (Г.Далідовіч). Пакацілася рэха грымотнае ўдаль (А.Куляшоў). Даўно не чуў я злога рэха, Што калыхала цёмны лес (А.Пысін). І так рагатала каменнае рэха на скронях (У.Някляеў). Яе [матчын] голас быў падобны на далёкае і невыразнае рэха (А.Савіцкі). Не заходзе ка мне ў госці Мілая пацеха, Не нямее людскай злосці Расшальное рэха (Я.Купала). Нячутна ноч ішла з усіх бакоў, І неба, як шкарлупіна арэха, Ганяла ціха стомленае рэха, Што глуха вылятала з-пад падкоў (С.Гаўрусёў). Два стрэлы разнесла ўпоперак Суровае рэха гор (Ю.Таўбін). Яго [Таўлаевым] напевам выпаў слаўны лёс: Набатным рэхам прагучаць над краем... (М.Танк).

@

САД. Асмуглы, аціхлы, беланогі (паэт.), белы, блакітны, буйны, бялюткі, бясконцы, весні, вясенні, густалісты, густы, даваенны, дзівосны, дзіўны, добры, дрымотны, духмяны, душысты, задуменны, зарослы, звечарэлы, звонкі, зялёнакосы (паэт.), зялёны, казачны, квітнеючы, квітучы (разм.), ледзь абуджаны, маёвы, малады, маленькі, мілы, мнагавокі (аўт.), наліты чыстым сокам, наліўны, невялічкі, нечаканы, падвесны, плодны, празрысты, прасторны, прывольны, прыціхлы, пульхны, пяшчотны, радасны, развяснелы (аўт.), росны, ружа-белы, ружакветны (аўт.), салаўіны, светлы, сіні, утульны, ціхі, цяністы, чароўны, чысты, шчодры, шчыры  абамлелы, адзічэлы, апусцелы, асенні, глухі, голы, дзікі, журботны, завейны, закінуты, занядбаны, затуманены, маўклівы, настылы, пакінуты, раздзеты, састарэлы, сонны, спусцелы, сумны, халодны, чорны, чэзлы.

Вясна!.. Вясна!.. У цвеце нівы, Цвітуць асмуглыя сады (П.Трус). Была [яблыня] зімой, як белы сад аціхлы (Я.Янішчыц). За мостам прысады парадзелі, адкрыўшы бясконцыя рады беланогага саду (Х.Жычка). У памяці чалавека навек прыжываюцца і знаёмыя краявіды..., і цеплыня роднай сэрцу мовы..., і тонкі звон пчалы ў белым маёвым садзе (К.Кірэенка). Далёкія агні палескіх вёсак, Настылыя блакітныя сады, Дзявочай песні звонкі падгалосак Мяне ізноў паклікалі сюды (С.Грахоўскі). Пішу раненька, у буйным, росным садзе... (Я.Брыль). Успамінаю срэбра поўні белай, бялюткі сад і росную траву... (Е.Лось). Праз вокны ўжо не відно было бясконцых аліўкавых садоў (Я.Брыль). Стаю я і гляджу на маю вёску, Прачнуліся вясеннія сады (М.Танк). Чыстыя мае лісты.. Мае мары і жаданні, Быццам сад на скрыжаванні, Нечаканы і густы (У.Някляеў). А вунь далёка за лужком стаіць нават яблыня, якая адна і засталася з чыйгосьці, канечне ж, плоднага даваеннага саду (Я.Сіпакоў). Залатымі рукамі Маіх землякоў і зямлячак Мілы сад, дзіўны сад Быў пасаджан (А.Звонак). Пры доме сад, хоць невялічкі, Ды добры сад (Я.Колас). Стаіць затуманены сад — Настылы, дрымотны, глухі (У.Някляеў). Я заграла б смехам кветак, Нівак шэптам залацістых, Звонам серпа, касы ўлетак, Мёдам ліп з садоў душыстых (Цётка). За плотам стаяў маўклівы і задуменны сад (М.Стральцоў). І задуменныя сады Страсалі жухлы ўбор дадолу... (Н.Гілевіч). За домам быў вялікі сад, увесь зарослы і цяністы (У.Караткевіч). У звечарэлым садзе, што, цямнеючы, Туліўся ў першай восеньскай журбе, Я... упершыню пацалаваў цябе (Н.Гілевіч). Восень. Падаюць яблыкі ў звонкіх садах (М.Лужанін). Расцвітуць заместа пушчы Зялёнакосыя сады (П.Глебка). Ой, не раз удваёчку Пад шырокай вярбой, У зялёным садочку, Мы сядзелі з табой (Я.Купала). Бо ўжо з новых дарог і песняр, і ратай Будуць бачыць пагожае неба заўжды, Небывалы на гэтай зямлі ўраджай І квітнеючыя маладыя сады (М.Танк). Зелень пастаўнікоў і белы валь квітучых садоў. ...Жніўныя песні і бесклапотныя гульні... (Ц.Гартны). У садзе, ледзь абуджаным вясной, Апанаваны думамі няпростымі, Стаю... (Н.Гілевіч). Зноў цвілі маладыя сады, Зноў цвілі вечна юныя ружы (А.Звонак). Трое дзяцей пад акном Садзяць маленькі сад (П.Глебка). Вось і сад. Тут пэндзаль патрэбен шырокі І здольная трэба рука, Каб выявіць сад мнагавокі Здольным пяром мастака (Я.Колас). А наўкола наліўныя сады, ляжаць Бурштынавыя яблыкі ў расе... (П.Панчанка). Пасля ў садах, налітых чыстым сокам, Над яблынямі загулі чмялі (У.Някляеў). Бухара. Цяністы сад эміра. Хвост паўліна як падвесны сад (А.Пысін). Густая вераснёўская раса. Світання пошум над празрыстым садам... (У.Някляеў). І я кажу: не бойся, Еўдакія, Ступіць у сённяшні прыціхлы сад (А.Пысін). Андрэй паглядзеў на сад за акном, увесь белы, пульхны, молада чысты і радасны... (У.Караткевіч). Ты ўсё побач... Увесь у песеннай уладзе — Як жаўранак над яснай нівай, Як шпак у развяснелым садзе! (Н.Мацяш). Закаханы ў жыццё і ў кожную мушку, Я іду каля хат і росных садоў (У.Караткевіч). Я іду паміж яблынь тваіх ружа-белых садоў (А.Звонак). Сад ружакветны зачах (Е.Лось). Я стаптала сцяжынак нямала, пакідала гаркоту ў слядах, я адчайна чаромху ламала ў салаўіных зялёных садах (Р.Баравікова). Я вяртаўся ў светлы гэты Сад, як яблыні цвілі (У.Някляеў). Колькі ні кляні свой стол пісьмовы, Колькі ні хавайся ў сіні сад, Усё роўна, як суддзя суровы, Зноў вяртае ён цябе назад (Г.Бураўкін). Шлычыха паказала ўтульны садок, старанна дагледжаны гародчык (А.Савіцкі). І зноў маркотны месяц і ціхі сонны сад цягнулі дзяўчыну з яе цеснага пакойчыка (М.Гарэцкі). Вечарамі ў сад цяністы Выйдзе з дудкай Якім (Я.Колас). Сыходзяцца гаспадары і госці У шчодрыя асеннія сады (С.Грахоўскі). Столькі роднасці вакол... І прымоўклы шчыры сад Над сасновай хатай (Я.Янішчыц). Ўстае перад маім паглядам І вулка, веючая сном, І ціхі старасвецкі дом З цяністым адзічэлым садам (М.Багдановіч). Шумныя ліпы Ў асеннім пакінутым садзе, Няўжо вам не спрыкрала Разам чакаць аж да дня? (М.Танк). Абамлелыя сады засыналі..., зняможаныя, скідаючы на зямлю першае лісце (Э.Самуйлёнак). А вечарамі ў апусцелым садзе, Дзе сцежкі выслаў лісцем ясакар, Каля альтанкі абдымаў і гладзіў Настаўніцу суровы камісар (С.Грахоўскі). Над лесам, над садам дзікім Дожджык забалбатаў... (У.Караткевіч). Аднолькава шчаслівыя абое Спяшаемся ў завейныя сады, Дзе на крутых сумётах за табою Не паспяваюць познія гады (С.Грахоўскі). На папярочнай вуліцы за Ваўчковым занядбаным садком, што спускаўся да рэчкі пад купы навіслых вербаў, натруджана рыпела нямазанае кола (В.Адамчык). Ля дарогі — маўклівы сад (Г.Бураўкін). І плачацца на горкую нядолю За мокрым шклом раздзеты чорны сад (У.Караткевіч). За вёскаю, як здань на даляглядзе, Тырчэў палац, разбураны ў вайну, У састарэлым, колісь панскім садзе (Н.Гілевіч). На санцапёку млее сонны сад (С.Грахоўскі). Звіняць лісця падкоўкі, Пяе спусцелы сад. То Пётр Ільіч Чайкоўскі Іграе лістапад (Я.Янішчыц). Люблю пару, як светлякі Засвецяцца ў халодным садзе (Г.Бураўкін).

* Шаптун-сад.

І сціхамірнае поле, і супакоеныя хаты, і шаптун-сад, і бяроза ля пуні — усё зрыхтавалася, каб спаць (М.Гарэцкі).

@

САСНА (сасонка). 1. Пра вышыню, таўшчыню і характар ствала, форму кроны; пра колер, пах (сасны): выносістая, выносная, высозная, высокая, вялікая, гіганцкая, гонкая, мажная, моцная, рослая, стройная, стромая, стромістая, стромкая, струнка выцягнутая, стрункая (разм.), танкаствольная, танклявая, тоўстая, цяглая (разм.)  драбнюткая, дробная, каравая, каржакаватая, кражыстая, пакручастая, пахілая, сухая, шурпатая; бухматая (разм.), густая, кашлатая, кучаравая, пушыстая, разгалістая, разложыстая, сухаверхая; бронзава-залацістая (паэт.), бронзавая, духмяная, залатакорая, залатая, залацістая, імглістая, меднакорая, меднастволая, медна-чырвоная, медная, мядзяная, светлая, смалістая, чырванастволая, чыстая, чысцюткая  рудая, рыжая, ссівелая, чорная.

Абапал дарогі — тоўстыя, выносістыя сосны (Б.Сачанка). Чаму ты стаіш невясёлая, З кронай пушыстай, шырокаю, Выносная, меднастволая, Сасонка мая адзінокая? (К.Буйло). На медныя ствалы высозных соснаў над захадам упалі промні сонца (В.Жуковіч). А сосны, гіганцкія сосны, Як варта стаяць на зямлі... (“Маладосць”). А вуха да гонкай сасны прытуліш — Яна адгукнецца затоеным стогнам (П.Панчанка). Калі сосны на схілах заціхаюць зусім, у той затоена шчаслівы, рэдкі час маўчання і непарушнасці, проста не верыцца, што яны — такія моцныя, такія гордыя, такія меднастволыя — могуць гойдацца, паддаючыся кожнаму ветрагону (Я.Брыль). З-за плячэй сасонак рослых узнімаецца рассвет (П.Панчанка). Запальвалі пасля агонь вялікі І ў стройных соснах смажылі пражмо (А.Куляшоў). Збудзіўся стромых сосен звон (М.Танк). А хто — калі і дзе на свеце — Пытаў у стромістай сасны, Што лепш ёй: кідацца пад вецер Ці быць ёй дошкай?.. (К.Кірэенка). Там адзінока на кургане Стаяла стромкая сасна (П.Трус). Настылыя, струнка выцягнутыя сосны нібыта ўслухоўваюцца ў высокае неба (А.Жук). Сасонкі танкаствольныя абуджаны ў бары (А.Александровіч). У цяглых сосен праз гушчэўе веек Глядзіць сцярожка неба сінізна (Н.Мацяш). Драбнюткія сосны Застылі ў маркоце (П.Броўка). Ліст, ціха шоргаючы па каравай сасонцы, паволі падаў долу (Р.Ігнаценка). Сасна стаяла пры паляне, кражыстая, з кучаравай шапкай старых галін (М.Гамолка). [Носке] стаяў, прыхінуўшыся плячом да каржакаватай тоўстай сасны (М.Гамолка). З бліжняй пакручастай сасонкі пырхнула маленькая куцахвостая пташка... (В.Быкаў). Вось пахілая сасонка, якую, мабыць, нейкі звер спрабаваў сагнуць (А.Савіцкі). Вельмі ўжо не хацелася вылазіць на макрэдзь з-пад гэтай сухой разложыстай сасны (В.Быкаў). Сосны, шурпатыя знізу і бронзава-залацістыя ў вышыні, цягнуцца да неба (А.Пысін). Адна смелая бухматая сасонка выбралася ажно да самай бруістай вады (К.Кірэенка). Чаму я гэтак вас люблю... І той гаёк з кашлатых сосен, Якім — куды да тапалёў! (П.Броўка). На Нарач кладуцца сівыя туманы і беляць чупрыны кучаравых сасонак (М.Хведаровіч). Разгалістыя сосны, быццам зялёныя шатры, раскінуліся на пясчаным узгорку ўскрай лесу (Я.Колас). На левым беразе засталася толькі адна сухаверхая сасна (І.Шамякін). Я хацеў блукаць Белавежай на золаку росным, Дзе з зубрамі сябруюць духмяныя гонкія сосны (П.Панчанка). І шуміш над салёнымі хвалямі, Як сасонка залатакорая, Незахмараная, незахваленая, Непаўторная Чарнагорыя (Г.Бураўкін). Шкада было жыццё ёй [Раіне] пакідаць, Далёкі шлях вячэрняе зары... І сосны залацістыя ў бары (М.Танк). І бачыў я... Узлёты ўзгоркаў і разгон З імглістымі сасёнкамі (П.Броўка). І дружна, корань да кораня, дружна, ствол да ствала, стромкія, меднакорыя цягнуцца [сосны] да святла (А.Вярцінскі). Дарогу абступіў чысты бор з меднастволымі гонкімі соснамі (Т.Хадкевіч). Дарма злуешся ты [вецер] сягоння і націскаеш на басы, Ты паглядзі — на медных соснах твае сівыя валасы (П.Броўка). Чысцюткія і светлыя, мабыць, заўсёды яны [сосны] яшчэ чысцейшымі і святлейшымі рабіліся пад сонцам (В.Карамазаў). З чырванастволай гонкаю сасной Вітаюся, як даўнішні знаёмы (В.Вітка). Між сасонак стройных, рыжых Хлапчукі ляцяць на лыжах (В.Лукша). Ссівелыя сосны на ўсе галасы Гудуць і звіняць... (С.Грахоўскі). Стаіць сухая, чорная сасна Як даўні сімвал тлену і нябыту (Н.Мацяш).

2. Пра ўзрост (век) сасны: адвечная, векавая, векавечная, вячыстая, даўняя, маладая, спрадвечная, стогадовая, шматгадовая.

О, мой адметны снег лясны, з якой ты выпаў цішынёю і незямною чысцінёю у край адвечнае сасны (В.Жуковіч). Ля гэтых сосен цяглых, векавых Не ўспомніць нельга грозных дзён мінулых І партызанскіх вогнішчаў і тых, Чые курганы слава ахінула (М.Танк). Мурава шавеліцца прымятая, І сасна вячыстая гудзе (“Маладосць”). Яна ж [рэчка]... змыла грэблі і зноў туды рынула, Дзе пад ветрам шумяць, расхістаўшыся, Яе даўнія сосны бусліныя (М.Танк). Там гамоняць сосны стройныя, Маладыя, неспакойныя (К.Кірэенка). Я не раю, сябры, Забывацца чытаць З крыгаходу, вясновага Гулу і звону, З шуму сосен Спрадвечных, З блакіту нябёс Свой лёс (М.Танк). З высокага пагорка над стогадовымі меднастволымі соснамі быў Дняпро (П.Броўка).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (сасны): гаманлівая, гордая, думная, задорна-смелая (аўт.), задорная, звонкая, казачная, незаменная, прыгожая, пявучая, пяшчотная, смелая, урачыстая, ціхая  адзінокая, анямелая, безыменная, бяссонная, дзікая, журботная, засмучаная, маўклівая, нерухомая, неспакойная, нямая, няўклюдная, панурая, расстайная (паэт.), смутная, снежная, сонная, сумная, суровая, хударлявая (аўт.).

Кроячы хлеб, па прывычцы і сёння Скібы кладзём і для тых, хто не ўстануць З-пад соснаў гаманлівых, бяссонных (М.Танк). Абыду сцяжынкі гаю, Падыду да гордых соснаў: Там ніхто не запытае Пра мой смутак невыносны (П.Панчанка). Сосны думныя, незаменныя, Адсочак падсумкамі аперазаныя, Безыменныя (Р.Барадулін). Там задорна-смелыя Сосны параслі, Там бярозы белыя Нікнуць да зямлі (П.Глебка). Я чую, як пахне смаловае вецце, Як стукае дзяцел па звонкай сасне (С.Грахоўскі). Я хацеў бы, каб нават тады, Як мае абарвуцца гады, Не паверылі ў смерць песняра: Ні прадвеснага ранку зара, Ні птушыная ў полі сям’я, Ні бурлівая Нарач мая, Ні пявучыя сосны ў бары (М.Танк). Адразу за агародам бор, урачыстыя, гонкія сосны (І.Навуменка). Смелая сасна вырасла на самым абрывістым беразе (К.Кірэенка). Будуць нявесела стаяць сосны, засмучаныя і ціхія (А.Жук). Гонка і высока стаялі адзінокія сосны (М.Стральцоў). Тут прывольна і зацішна... між сасонак анямелых... Між дубоў вячыстых (Н.Гілевіч). Маўклівыя сосны стаяць... Ад нізу да самай вяршыні гары (С.Грахоўскі). Дзед глянуў туды і сюды, Стаяць нерухомыя сосны (Я.Колас). Там гамоняць сосны стройныя, Маладыя, неспакойныя (К.Кірэенка). Соснаў вакол бальніцы было шмат, яны раслі гуртам, а гэтая, каржакаватая і няўклюдная, узабралася на пагорак (В.Іпатава). Вада... падточвае жоўтыя пласты пяску, які абсоўваецца, здрадліва агольваючы карэнне самых смелых соснаў, што густа выйшлі тут на край абрыву (Я.Брыль). Бачу маленства млечныя далі, Постаці соснаў нямых (А.Пысін). Там, дзе расстайныя сосны стаяць, Нарачы хвалі ўскіпаюць на кручах (М.Танк). Я нясу вам дар Братніх скіб і сяліб, Смутных сосен і ліп, Думак дар, сэрца жар, — Вольных, звонкіх песень чар (Я.Купала). Сонныя выносныя гордыя сосны! Шмат вы ўжо носіце сонечных вёснаў (Я.Купала). Сумныя сосны задумна маўчаць (А.Бачыла). На ўзбярэжжы пунсовыя клёны І суровыя сосны маўчаць (С.Грахоўскі). Дарога ішла лесам. Паабапал раслі хударлявыя сасонкі і пакалечаныя бярозкі (Л.Гаўрылкін).

* Сасна-прыгажуня, сасна-струна, сасонніца-сасна  сасна-векавуха, сасна-калека, сасна-ўдава.

Эх, сасонніца-сасна, Дні суровыя. Бервяно да бервяна — хата новая (А.Александровіч). — Пашкадавалі? — кіўнуў ён [Васіль] на сасну-прыгажуню (І.Шамякін). Край балот, нізін, азёраў наскіх, край лясоў, маўклівых сосен-струн... — Дарагая сэрцу Беларусь (П.Трус). І ўсплывуць адгалоскі віны У душы пад сасной-векавухай (Р.Барадулін). Толькі нічога забыць не магла ты, Памяць мая! Скруткі калючага дроту — засекі, Гул кананады, дарогі вайны, А на пажарышчах сосны-калекі Ды курганы (М.Танк). І купка ўдоў-сасёнак на пагорку, Куды мой бацька, дзіўны чалавек, Стаміўшыся шукаць у небе зорку, Як у падполле, адышоў навек (П.Макаль).

@

СВЕТ. I. Сусвет, планета, зямля з усім тым, што на ёй існуе: белы (нар.-паэт.), блакітны, бязмерны, вечна жывы, вольны (нар.-паэт.), вясёлы, дзівосна багаты, дзівосны, дзіўны, жывы, звонкі, зялёны, мілы, недасяжны, прывольны, прыгожы, пявучы, раздольны, раскуты, родны, сонечны, трапяткі, цудоўны, чароўны, шчодры, шырокі, яркі, ясны  балюча-звонкі (аўт.), бессардэчна-бязлікі (аўт.), босы (аўт.), варожы, далёкі, заінелы, заснежаны, калючы, напяты (аўт.), незнаёмы, неразумны, неспазнаны, расхрыстаны (аўт.), рыпучы (аўт.), стамлёны, стракаты, суровы, трывожны, халодны, хітры.

Глядзяць вачмі блакітнымі пралескі На белы свет, жывы і трапяткі... (А.Звонак). А вырасцеш, блакітны і зялёны Цябе пакліча незнаёмы свет (С.Грахоўскі). Глядзі без суму на свет бязмерны, Грымі ў прыбоях Без перабояў, Сэрца маё (П.Панчанка). О, мая пушча — свет мой зялёны, свет падуладны і вечна жывы (В.Жуковіч). Песня рвецца і ліецца на раздольны, вольны свет (М.Багдановіч). Можна з слыхам расстацца, Не чуць, як бурліць, Як гамоніць наўкол свет вясёлы і дзіўны... Найстрашней у жыцці страціць верных сяброў (Н.Гілевіч). Свет быў поўны гукаў... Ён жыў увесь час дзівосна багаты і розны... (І.Мележ). Толькі аднаго да слёз шкада — Гэты вось заснежаны і ясны, Мілы свет навекі пакідаць. Хай ён і халодны і калючы, Без густой травы і сінявы — Толькі ўвесь рыпучы і пявучы, заінелы, звонкі і жывы... (Г.Бураўкін). Шырокі малюнак недасяжных светаў раскрываўся перад вачамі маладога настаўніка ва ўсёй сваёй таемнасці і бязмежнасці (Я.Колас). А ў прасторах тых — дарога Да цябе і да сяброў, і ў свет прывольны... (К.Кірэенка). Калі ў свет я ні гляну прыгожы, Кожны раз штось хвалюе душу (Я.Купала). Прымаю гэты свет раскуты З яго журбой і барацьбой (Г.Бураўкін). Гэта ўсё яны [Наталька і Ганначка], вольна адчуўшы свае працавітыя рукі, песняй казалі цудоўнаму, роднаму свету, як яшчэ многа патрэбна ім чалавечага шчасця (Я.Брыль). А скрыпка спявае... Хоць музыка, з мяшком за плячыма і футлярам пад пахай, ідзе недзе далёка за намі. Такі беспрытульны ў сонечным свеце (Я.Брыль). Сябе я зноў убачыў юнаком, Упэўненым, што вельмі шчодры свет... (А.Пысін). Сям’ёй прыйшлі мы прывітаць паэта, Якога песні — дзіўны сэрца дар — Лунаюць вольна над шырокім светам (К.Буйло). Вясновы дождж За хмаркаю ўслед Пабег, як хлопчык, басанож У ясны, мілы свет (В.Вітка). Дзіўна Васілю слухаць гэты свет балюча-звонкі І зайздросціць моўчкі ручаю (В.Зуёнак). Свет не ўвесь бессардэчна-бязлікі... (Я.Янішчыц). Шуміць і скача свет, Расхрыстаны і босы (Я.Янішчыц). Я жыць пачаў і вывучаць майстэрства ў варожым свеце, між людзей скупых (М.Танк). Алесь — сапраўдны сын і брат сваіх родных, жыхар свае вёскі, з якое не па ахвоце пайшоў у далёкі, суровы свет (Я.Брыль). Але свет і дасюль неразумны, стракаты, Неаднойчы бывае на грані бяды (С.Грахоўскі). Людзі, верце ў радасць, Гэта вера — свету неспазнанага працяг! (А.Пысін). Усё спіць. Не бачыць свет стамлёны, што, свецячы праз хмары дым, У небе месяц устаў зялёны... (М.Багдановіч). І голас падае наш спадарожнік, То — нашых мар высокіх — першы крок. І спакайней стаў дыхаць свет трывожны, І хтось не змог націснуць на курок (П.Панчанка). На нашым хітрым свеце Усяк жыве народ... (Я.Купала).

II. Краіна, родны кут: агромністы, белы, вольны, вялікі, далёкі, даўно знаёмы, новы, нязнаны, раздольны, родны, свабодны, чароўны, чысты, шырокі.

Для кагосьці такое магчыма, ну, проста права на ўезд... Колькі ж гэта для таго, хто хоча быць сваім, патрэбным у родным агромністым свеце! (Я.Брыль). На гары за вёскай, любуючыся родным, даўно знаёмым і ўсё яшчэ новым светам — белым, чысценькім у вячэрнім святле, — міжволі, жыва і радасна ўявіць сябе мурашачкай на неабдымна агромністым гарбузе зямлі... (Я.Брыль). І пакой быў халодны і цішыня. Якое там! — тут быў нарэшце ўтульны закутак, частка вялікага роднага свету (Я.Брыль). Я марыў свой пракласці след У нейкі край, у нейкі свет, Такі чароўны і далёкі (Я.Колас). Як у нязнаны свет акно, Ляжыць халоднае яно [возера], Жыццё сабою адбівае, І ўсё, што згінула даўно, У цёмнай глыбіні хавае (М.Багдановіч).

III. Сукупнасць з’яў, падзей, прадметаў, што акружаюць чалавека: адзіны, ажынны (аўт.), барвовы, вялікі, гулкі, да лёгкай жудасці радасны (аўт.), далёкі, дрымучы, жывы, зялёны, казачна-дзівосны, казачны, лагодна-мяккі (аўт.) лясны, мілы, незвычайны, партызанскі (аўт.), праменны, прасторны, прыгожы, пяшчотны, радасна-просты, радасны, родны, таямнічы, трапяткі, цудоўны, чароўны, шматгалосы, шчодрадайны (аўт.), шчодры, яснавокі (паэт.)  ахутаны сардэчнай журбою, недасяжны, непачаты, неспазнаны, нязведаны, суровы, шумлівы, шумны.

Свет хараства, жывы, адзіны, суладдзя свет, ён не маўчыць — у музыцы ўстаюць карціны, ў карцінах музыка гучыць (В.Жуковіч). Ідзеш у свет ажынны, Прасторны, трапяткі (Я.Янішчыц). Іду... праз свет шматгалосы, шумлівы, барвовы (М.Танк). Быў свой, вялікі, родны партызанскі свет. Для кожнага, хто насіў гордае званне народнага мсціўца, асяродкам гэтага свету была яго група ці аддзяленне, ці ўзвод (Я.Брыль). Светам праменным і гулкім, Шчодрым і радасна-простым, Светам юнацкае веры Ты адкрываешся мне (К.Кірэенка). Будзі, будзі далёкі свет юнацтва, Дзе непаўторнасць радасных сустрэч (А.Звонак). Дзве вялікія лодкі ішлі... у нейкі да лёгкай жудасці радасны, ахутаны сардэчнай журбою свет (Я.Брыль). Я прынёс іх [грыбы] з ляснога дрымучага свету, Дзе з брусніцамі ніцымі — жар верасоў. Падасінавікаў у чырвоных берэтах Пад старою асвінай асінай знайшоў (М.Танк). Больш трэба ў дамах светлых вокнаў, балконаў, Менш сцен паміж сонцам і светам зялёным (М.Танк). Ты была для мяне незвычайным, радасным, казачным светам (І.Мележ). Прыгожы, казачна-дзівосны Дарыць ты [маці] будзеш дзецям свет (Н.Гілевіч). Сягоння сном такім глыбокім, Магчыма, і забыўся б я, Калі б не ты, дачка мая, пяшчотны свет мой яснавокі (В.Жуковіч). Мая дарога ў таямнічы свет музыкі была амаль што трыумфальная (В.Жуковіч). Пазычалі мы той аднатомнік і тады, калі ўжо і я пачаў чытаць, патроху ўваходзіць у цудоўны гогалеўскі свет (Я.Брыль). І вось, чытаючы кнігі, — нашы, польскія, а рускія найбольш, — я радасна ўбачыў, як разносіцца па свеце радочкамі літараў на паперы чароўны свет бабуліных казак (Я.Брыль). Мой родны лес, Шумі спрадвечна, вершалінна, Зялёнымі дзвярмі Адчынены гасцінна У шчодрадайны свет (Р.Барадулін). Жалуды зрываюцца, як небажаты, Узрываюцца, каб прарасці. Свет неспазнаны, непачаты Ка мне спяшаецца прыйсці (А.Пысін). Дзявочая ўсмешка, Чаромхавы цвет... Шляхі і дарогі ў нязведаны свет (А.Пысін). Мой свет пяшчотны, мой свет суровы, як спеў жалейкі (У.Паўлаў).

@

СВІТАННЕ (світанак). Бела-барвовае, белае, вогненнае, высокае, вясёлае, дзівоснае, жамчужнае, жоўтае, жыватворчае, залатое, залацістае, зіхоткае, іскрыстае, крылатае, лагоднае, ласкавае, летуценнае, магічнае, магутнае, мядовае, мятнае, парнае, празрыстае, пяшчотна-ружовае, радаснае, райскае, ружаватае, ружовае, румянае, сінявокае (паэт.), сіняе, цёплае, ціхае, цудоўнае, чароўнае, ядранае, яркае, яснавокае (паэт.), яснае  бясконцае, журботнае, замглёнае, змрочнае, золкае, зябкае, мутнае, неспакойнае, няласкавае, нясмелае, страшнае, сумнае, туманнае, халоднае, хмурнае, цягучае, шэрае.

Белае высокае світанне Ў яснасці цвярозай паўстае (А.Пысін). Ясным бела-барвовым світаннем пачынаўся дзень, першы дзень іх волі (Т.Хадкевіч). Узыходзіць цішыня бароў вогненным світаннем нада мною (Т.Бондар). Вясна прыйшла з дзівоснымі жамчужнымі світанкамі, з радаснымі пералівамі птушак (Т.Хадкевіч). І ад сну ўзняла ўсё жывое яна [вясна] Жыватворчым, магутным світаннем (Я.Журба). Пыл — як вокам прастору абняць, Пыл на самым зіхоткім світанні (Я.Янішчыц). Іскрыстае світанне Запальвае нам ясныя агні (Я.Колас). А ёсць жураўліныя спатканні летуценных світанкаў першай вясны (К.Кірэенка). О, гэты світанак магічны З акцэнтам шчаслівай любві (Я.Янішчыц). Кветак пах у мядовым світанні ап’яняе... (М.Хведаровіч). Ад яблыкаў світанне мятнае... (С.Гаўрусёў). Асабліва ён [язь] любіць раніцы, якія пачынаюцца з ціхіх і парных світанкаў (К.Кірэенка). Світанак, як сёння, Празрысты наскрозь, Ружавеў на ўсходзе (А.Звонак). Успомніць Бабруйшчыну мілую, Майскую стужку Бярозы, Дняпро на райскім світанні (У.Караткевіч). Займалася світанне, пяшчотна-ружовае, радаснае (А.Пальчэўскі). Ружаваты світанак Над горадам ціха плыве (А.Звонак). Паслухаць бы драздоў свістанне У час ружовага світання (П.Панчанка). Вяртаюцца ружовыя світанні У зіхатлівых пацерках расы (С.Грахоўскі). Світанак плыве сінявокі... (І.Калеснік). Пачую я водгулле даўніх гадоў Праз лёгкі дымок успамінаў, Што часам нахлынуць нячутнай хадой, Світанкам празрыстым і сінім... (А.Звонак). Паплавамі, сцежкамі бароў У цёплыя туманныя світанні І ў зорным змроку майскіх вечароў Хадзіла песня з песняй на спатканне (С.Грахоўскі). Шэры ядраны світанак пакрысе запаўзаў на вышкі (А.Савіцкі). Калі ж яснавокае наша світанне цудоўнаю блісне над краем зарой, — на землях сваіх мы спаткаць яго ўстанем усёю вялікаю дружнай сям’ёй (Л.Геніюш). Яркае чароўнае світанне Па-над Прыпяццю паволі ўзышло (“Маладосць”). Яшчэ ў нас не было Ні стрэчы, ні расстання. Адкуль жа б’е святло Бясконцага світання? (Я.Янішчыц). Люблю вясновы ціхі дзень, туман замглёнага світання... (Р.Баравікова). І месяц між хмар, як адчаю знак, І страшнае ў свеце світанне, Крывавы ўсход. І канчаецца так Балада пра развітанне (У.Караткевіч). Праз невялікае акенца... цадзілася мутнае світанне (А.Асіпенка). Аляксей вырас у лясной старане, бачыў туманныя світанні ў грыбных барах (С.Грахоўскі). Здалёк халоднае світанне, Няпэўнае ў сваіх правах, Крычала чайкамі ў тумане На камяністых астравах (С.Грахоўскі). Між голых шэрых дрэў цадзілася хмурае світанне (І.Навуменка).

@

СВЯТЛО. 1. Пра колер, ступень яркасці, тэмпературу; пра характар і напрамак промняў: барвовае, белае, бірузовае, блакітнае, бурштынавае, бэзавае, васковае, віннае, вогненнае, жамчужнае, жаўтавата-шэрае, жоўтае, залатое, залацістае, малінавае, ружовае, ружова-залацістае, серабрыстае, сіняватае, сіняе, срэбнае, чырвонае; бліскотнае (аўт.), бязлітасна-празрыстае (аўт.), зіхатлівае, зіхоткае, зыркае, іскрыстае, казачна-праменнае (аўт.), крыштальнае, прамяністае, раскошнае, сліпучае (разм.), чыстае, яркае  алавянае, бледнае, бляклае, іржавае, матавае, няяркае, слабаружовае, смуглае, туманлівае, туманнае, цьмяна-ліловае; цёплае  золкае, зябкае, ледзяное, халоднае; мігатлівае, мяккае, поўнае, роўнае, трапяткое  бязлітаснае, высокае, густое, далёкае, дрыготкае, зніжэлае, зыбкае, калючае, крывавае, ломкае, мітусліва-гарачае, мітуслівае, невыразнае, нерухомае, не самае высокае, няпэўнае, няўлоўнае, рэзкае, слабое, скупое, сухое, хісткае.

Сонца заліло іх [бярозкі] на развітанне барвовым, раскошным святлом (Я.Брыль). Белым, што снег на сонцы, святлом заліло кабіну (І.Пташнікаў). Толькі ўвечары, пасля заходу сонца, калі пожня заблішчала ў блакітным туманным святле, зжалі апошнюю жменю аўса, Склалі апошнія бабкі (І.Мележ). Бурштынавым святлом бруіцца звонкая Сафія (Р.Няхай). Бэзавае святло ляжала на ажурных металічных канструкцыях, рабіла бязважкімі і прывіднымі дамы (У.Караткевіч). Уначы над Карадагам узыдзе месяц, асвеціць вокны, і кожнае заззяе празрыстым, слаба-ружовым і вінным, жамчужным святлом — як сердалікі (У.Караткевіч). Буйныя гронкі пладоў былі заліты роўным васковым святлом (Б.Стральцоў). У гэтым жаўтавата-шэрым... святле вялікая рака сціхла... (У.Караткевіч). Сонца заходзіла, і залатое яго святло яшчэ ляжала на самых вяршынах ялін (А.Жук). Праскочыць праз акно прамень... На міг малінавым святлом Ён... заіскрыцца (П.Броўка). Разгаралася пагожая чэрвеньская раніца, з кожнай хвілінай ярчэй заліваючы вёску ружова-залацістым святлом (Т.Хадкевіч). На скупое жоўтае святло лямпачкі выскоквалі перапалоханыя... салдаты (В.Адамчык). Цяпер вось нізам сцелецца верас у румяным ранішнім святле (Я.Брыль). Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло (В.Вольскі). Пад сінім святлом у дуброве Спакойна клінкі зіхацяць (А.Куляшоў). Усё запаланіла срэбнае месячнае святло (У.Караткевіч). Іскрыстым, бліскотным святлом Заліты княжскія святліцы (Я.Купала). Яна [Марыя] ... запаліла ліхтар, які свяціўся цемнаватым чырвоным святлом (А.Жук). Канчалася лета, зелянкова-блакітнае неба сеяла над горадам бязлітасна-празрыстае, халаднаватае святло (М.Стральцоў). Ад зіхатлівага святла трымцеў прастор (С.Гаўрусёў). Над цёмнай сцяною Хваінкі — яснае сонца... Пасвятлела ў хаце. Але не толькі ад гэтага зіхоткага святла (В.Жуковіч). Свяцілі яны [зоркі] ярчэй, здаецца, ужо не чужым, нерухомым святлом, якое адбівалася ад іх, а сваім, трапяткім і зыркім (І.Чыгрынаў). У гэтым казачна-праменным Святле прастораў залатых Гай зіхацеў усім адценнем Асенніх колераў сваіх (П.Глебка). Дала ёй маці столькі цеплыні І столькі прамяністага святла, Што гэтая заранка з вышыні Людскую думку азарыць змагла (М.Аўрамчык). Яшчэ здалёку ад сядзібы Сцепаніда ўбачыла яркае, аж сліпучае святло ў акне... (В.Быкаў). Пасля навальніцы прыйшло чыстае святло (А.Жук). Знадворку праз невялічкія акенцы глядзелася смуглае алавянае святло (Ц.Гартны). На вуліцы гарэў ліхтар, бледнае святло клалася на падлогу... (Я.Скрыган). Выдаліся дні, калі настрой душы вельмі лёгка зліваўся з настроем шапатлівых гаёў і бароў, астылых лясных дарог, апусцела-супакоеных палёў з тым бляклым святлом сонца, якое колькі дзён лашчыла... (В.Карамазаў). У няяркім асеннім святле, Дзе, як струны, дрыжаць У паветры нямым павуцінкі, Лёгкі сум, светлы сум Пракладае да сэрца свой след (А.Куляшоў). Далёка і нясмела ўзыходзіў месяц, цыганскае сонца, слаў мяккае туманлівае святло (А.Жук). Цьмяна-ліловае святло... церусілася праз голле яліны (А.Савіцкі). Яркае сонца залівае твар зямлі мяккім цёплым святлом (Я.Колас). А над купінай з цёплых шкарлупак Птушаняты над золкім святлом Цягнуць скаргу галодную дзюбак Да карміліцы з алым крылом (С.Гаўрусёў). Гарачыя рубіны журавін на імшарыне прагна ўпіваюць месячнае святло, празрыстае, зябкае, абманлівае (М.Лынькоў). Шчодра лілося поўнае, ледзяное месячнае святло, і ў хаце было відно, бы ў дзень (Я.Сіпакоў). І ноч зусім другая, хоць так жа рыпіць снег пад нагамі, і ў тых жа ўборах дрэвы, і сцюдзёная ільдзінка на бярозе гарыць халодным сіняватым святлом (М.Лынькоў). Сам я пералез праз нізенькую агароджу ў сад і пайшоў між радамі амаль ужо голых яблынь, залітых мігатлівым, няпэўным святлом месяца (У.Караткевіч). [Гайдаш] як растала ў зыбкім бязлітасным святле, што ўхутала зямлю (А.Савіцкі). Усё гарышча адразу заліло густым і рэзкім крывавым святлом (А.Савіцкі). Неба яшчэ блішчыць далёкім зніжэлым святлом... (В.Быкаў). Нічога нельга было там убачыць, нават калі пыхкала чарговая нямецкая ракета, разліваючы сваё дрыготкае святло (А.Марціновіч). Лежачы на цвёрдым белым стале, аслепленая калючым святлом, яна [Лёдзя] адчувала, што траціць апошнія сілы (У.Карпаў). Не пабягу, як неба грымне... Як ломкае святло маланкі На момант выхапіць з начы твае закрытыя фіранкі... (Г.Бураўкін). У хаце весела гарэў на камінку агонь, кідаючы мітусліва-гарачае святло на сцены (М.Стральцоў). Ён [Захар] ішоў то марудна, то прыскорваў крок, спыняўся часам і ў трапяткім святле ліхтароў прагна прыглядаўся да надпісаў на сценах (М.Лынькоў). Мітуслівае святло газнічкі залоціць яе [Надзіны] бронзавыя косы, лашчыцца да яе рук (М.Лынькоў). Неба ўжо так і не цямнее да ранку, яно... свеціцца нейкім невыразным унутраным святлом, прытушаным да мутнай сінявы на ўсходзе і зеленаватым адценнем на захадзе (В.Быкаў). Добра прыгравала сонца, якое свяціла ўжо не самым высокім святлом (А.Жук). Удзень было ветрана, часамі сонечна, часамі пахмурна, і на ўсім ляжала нейкае асаблівае, хісткае, няўлоўнае святло (М.Стральцоў). Праз хвойныя вершаліны прабівалася скупое месячнае святло (М.Лынькоў). Без солі смачна бульбу дзеці елі Ў сухім святле недагарэўшых дроў (А.Пысін).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (святла): вясёлае, глыбокае, гулкае, жывое, загадкавае, казачнае, лагоднае, ласкавае, ласкава-лагоднае, незямное, пругкае, прыветлівае, прыемнае, пяшчотнае, радаснае, роднае, святое, спакойнае, таямнічае, таямніча-хісткае (аўт.). урачыстае, утульнае, ціхае, чарадзейнае, чароўнае, шчодрае  абманлівае, бяздомнае, бязрадаснае, бяссоннае, жорсткае, жудасна роўнае (аўт.), журблівае, журботнае, маркотнае, мёртвае, млявае, недарэчнае, нежывое, падманлівае, панурае, плыткае, раздражняльнае, самотнае, сумнае, суровае, трывожнае, хвараблівае, хварабліва-шэрае (аўт.).

Скупа прабівалася праз шчыліны Вясёлае святло сакавіцкага дня (Г.Бураўкін). Вочы дзяўчыны засвяціліся глыбокім ціхім святлом, усмешка лягла на твар (А.Жук). Бачу гулкае святло вакзала, Толькі хочу ўспомніць не экспрэс... (А.Пысін). Вялікія зоры высыпалі ў небе, як бы на які ўрачысты парад, і мігцяць, гараць нязгасным жывым святлом (М.Лупсякоў). Святло таямнічае і загадкавае церусілася праз голле ялін (А.Савіцкі). Ноч была месячная, поўная зменлівага казачнага святла (У.Карпаў). Ласкавае, спакойнае святло абедзеннага сонца залаціла... вершаліны бяроз і клёнаў (М.Ткачоў). Прывабліва зелянела мяккая травяная пасцель, засланая ласкавым сонечным святлом (Я.Брыль). Святло было ласкава-лагодным (А.Якімовіч). Праташчык нібы праз туман удалечыні ўбачыў незямное, сіняе мігатлівае святло месячыка над міліцэйскаю машынаю, адчуў, як вільготна пахне пясок і вечаровае сонца (А.Жук). Святлом прыветлівым, знаёмым Мігаюць, вабячы здалёк [агні]... (Н.Гілевіч). Седзячы ў акопе, хлопец глядзеў на неба, на чужыя зоры і з горкім сумам успамінаў роднае святло месячыка над хатай, радаснае, пяшчотнае святло дрыготкіх зорак... Цяпер усё гэта было далёкае і нібы нерэальнае (“Полымя”). Асветлены спрадвечнасці нябёсы Святым святлом Сузор’я родных моў (Р.Барадулін). У яго [месяца] таямніча-хісткім святле дрэвы, будынкі, парканы набываюць хісткія, няпэўныя абрысы (І.Навуменка). Хай ляжа мне на сцежку, лубін, Тваё спакойнае святло (В.Жуковіч). Жоўтае ўтульнае святло лямпы, белыя хрызантэмы ў слоіку... Ноч пралятала, снег ляпіў і ляпіў на шыбы... (В.Хомчанка). Чарадзейнае святло ішло са сцэны (А.Ліс). Снег іскрыцца пад ціхім і сумным святлом вулічных ліхтароў (Я.Брыль). Зверху цадзілася абманлівае месячнае святло, і клубы пылу, якія ўзнімаліся машынамі, расплываліся цьмяным срэбрам (М.Лынькоў). Асенні лес, асенні лес, Густых рабін бяздомнае святло (А.Пысін). У аконным сцішаным квадраце Падыму бяссоннае святло (А.Пысін). Усё асвятлілася жорсткім барвовым святлом (М.Лынькоў). Але ўсё ж было нешта страшнае ў гэтай цішыні, у гэтым спакойным, жудасна роўным месячным святле (А.Жук). Калі спалучу я ў адным адчуванні скупы водар халоднай зямлі, журблівае святло неба, — скрозь восень гляну я сабе ў душу... (М.Стральцоў). Ціха лілося журботнае святло месяца (У.Караткевіч). Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу (І.Мележ). У млявым ранішнім святле хвалі і сапраўды здаваліся маслянымі (У.Караткевіч). Снегавыя шапкі елак і хвой ледзь прыкметна пераліваліся недарэчным ружовым святлом (М.Лынькоў). Даволі часта... узляталі белыя ракеты і паволі згасалі, разліваючы трапяткое нежывое святло (М.Лынькоў). Кусты скончыліся, і перад Лесіным у мяккім падманлівым месячным святле адкрыта ляжала ўтравянелая лагчына (А.Жук). Плыткае святло ўжо не залівала сценку купэ (А.Савіцкі). Падсушвалася паветра, падсушваліся барозны разагнанай з раніцы бульбы, і на зямлю лілося жаўтаватае і самотнае святло (Г.Далідовіч). Нерухомы ў залатым цвіценні Лес струменіць сумнае святло (К.Буйло). Не будуць шумець, зелянець лясы Пад сонца святлом барвовым, суровым (А.Куляшоў). [Людзі] стаялі вакол дома, залітыя чырвоным, трывожным святлом (У.Караткевіч). Была ўжо глыбокая ноч, месяца не было відаць за хмарамі, але нейкае няпэўнае, хварабліва-шэрае святло залівала пусткі (У.Караткевіч).

@

СІЛА (сілы). 1. Фізічная энергія чалавека; інтэнсіўнасць, напружанасць прыродных з’яў: арліная, багатырская, вітальная, волатаўская, волатная, вялізная, вялікая, ганарлівая, гарачая, дзіўная, дружная, жалезная, жывая, крэпкая, магутная, маладая, моцная, вевымерная, незвычайная, непамерная, непарушная, нерастрачаная, нязмерная, нястрачаная, няўрымслівая, працавітая, радасная, раскутая, свежая, усеўладная, юная  глухая, жахлівая, звярыная, конская, лянівая, мядзведжая, нечалавечая, страшная, струджаная (аўт.), цяжкая, шалёная.

Верым, што знойдуцца сілы арліныя, Грудзі ахвярныя, моцныя рукі (М.Танк). А куды ж ты падзелася, вольная сіла, Што гуляла-буяла ў грудзях маладых (К.Кірэенка). І раптам усё знікла. ...І леснікоўна і ганарлівая сіла... (І.Мележ). Тады ў грудзях сваіх пачуеш ты Гарачую нахлынуўшую сілу, Што кажа песням, соснам залатым Звінець, шумець пад гэтым небасхілам (М.Танк). Крыху адвагі й дружнай сілы, А шчасце вечна зацвіце (Я.Купала). І меў ён [дзед] некалі сілу багатырскую, жалезную... (М.Лынькоў). Столькі сілы жывой у табе [вясна], столькі ясных узорных надзей (Л.Геніюш). Страшэнны штукар і свавольнік гэты Нёман... Не знае стрымання ён, не ведае куды дзець свае магутныя сілы (Я.Колас). Магутная сіла і найтанчэйшае хараство зліліся тут [у дубах] у непадзельнае і вялікае, як свет, адзінства (К.Чорны). Толькі йдуць к табе [хатка] Па мужыцкую Сілу крэпкую, Працавітую (Я.Купала). О, як бы я хацеў спачатку Дарогу жыцця папарадку Прайсці яшчэ раз, азірнуцца, Сабраць з дарог каменні тыя, Што губяць сілы маладыя (Я.Колас). З якой незвычайнай сілай парываюць яны [шляхі] да сябе і як моцна дакранаюцца да струн твае душы (Я.Колас). [Дзед] валодаў нязмернай духоўнай і фізічнай сілай (У.Караткевіч). Зямля гаротная, святая да помсты і адплаты кліча нас І сілай непамернай надзяляе (А.Астрэйка). Напэўна, нашым песням лёс падараваў Вітальную, сваю няўрымслівую сілу, Настоеную на цяністым шуме траў, На водары малін, крушын і дзівасілу (М.Танк). Даўно-даўно не чуў ён [Васіль] у руках, ва ўсім целе такой радаснай сілы (І.Мележ). Хто спыніць раскутыя сілы? Хто праўды патушыць агні? (Я.Колас). Лугавыя вятры мае грудзі Напоўнілі сілаю свежай (П.Панчанка). І так моцна сэрца кліча Ў родны край мой адпачыць, Сілак свежых там пазычыць І па-новаму зажыць (Я.Колас). Падняўшы струджаныя сілы На стоптаных абшарах скрозь, Яна [вясна] у змаганні нарадзіла І ўзгадавала дужы рост (П.Глебка). Такога заўсёды пазнаеш здалёку Па шчырай ўсмешцы, па сонцу ў вачах, Па юнай нястрачанай сіле ў плячах (Н.Гілевіч). Сабраўшы ўсю сваю волю, напружыўшы нечалавечыя сілы,... Алёшка нацягнуў на твар прызвычаеную ўсмешку... Сёмка Бугай... страшны быў, калі яго сляпую звярыную сілу накіроўвалі на чалавека (М.Лынькоў). Голас і ўся манера Леановіча былі поўны такой усеўладнай і лянівай сілы, што Гораў адразу звяў (У.Караткевіч). Халодныя калоны тэатра ўпершыню ўбачылі новага гледача: свіст, гуд, крыкі, шапкі, рукавіцы, кепкі з шалёнай сілай паляцелі ў танцора (Б.Мікуліч). На ўсім пячатка [волатавай] цяжкой, невымернай сілы... (М.Стральцоў).

2. Улада, магутнасць; жыццяздольнасць, жыццёвая энергія; здольнасць чалавека да духоўнай дзейнасці: абаяльная, актыўная, ачышчальная, бадзёрая, бунтоўная, бурная, бязмерная, вялікая, вясёлая, гаючая, глыбокая, гнуткая, гордая, дзівосная, дзіўная, дрыгатлівая, душэўная, жыватворная, жыватворчая, жывая, жывільная (разм.), жыццесцвярджальная, жыццёвая, жыццядзейная, загадкавая, магічная, магутная, маладая, мудрая, мяккая, мяцежная, напорная, неадольная, небывалая, неверагодная, незямная, непераможная, несусветная, нязгасная, нязломная, нятленная, няўмольная, няўрымслівая, патаемна-мудрая, першабытная, першародная, прыцягальная, светлая, святая, спакойная, тугая, уладарная, уладная, унутраная, хмельная, цудадзейная, чарадзейная, шчаслівая, шчодрая, яркая, ясная  адчайна-ап’яняючая, бязлітасная, варожая, гнеўная, грозная, грубая, дзікая, жорсткая, жудасная, звярыная, злая, злосная, лютая, нахабная, незразумелая, ненавісная, нечалавечая, нікчэмная, пыхлівая, пякельная, разбуральная, сляпая, смяротная, страшная, суровая, тупая, цёмная, чорная.

Густы загар надаваў дзяўчыне больш абаяльнай сілы і сталасці (І.Дуброўскі). Пісьменнік раскрывае актыўную, жыццядзейную сцвярджальную сілу шчырага кахання (“Беларусь”). Я вашу музыку звычайна Па першых гуках пазнаю, Што нейкай сілай ачышчальнай Душу ў палон бярэ маю (Н.Гілевіч). Ёсць у жыцця і свяцілы і зоры, Ёсць без канца і пяшчотаў, і ўцех. Толькі бывае, што сілы бадзёрыя Часам прыносіць журба, а не смех (К.Кірэенка). Набраўшы сілы бурнай і мяцежнай, Я змагання шляхі цераблю... (А.Гурло). Якое гэта шчасце — вось так, адчуваючы ў жменях вясёлую сілу, злажыцца, падвесці знізу... так,... уладна ўзяць правым вокам на мушку, націснуць і... (Я.Брыль). Вялікую чарадзейную сілу мае слова (Я.Скрыган). Каб жыта Гаючай набралася сілы, Вясной яго Хмарка Дажджамі паіла (П.Макаль). Ва ўсім абліччы... чалавека... было столькі ўпэўненасці, столькі глыбокай унутранай сілы (М.Лынькоў). Спеў берасцянкі... бруіцца па нябачных прыступках, то слабеючы..., то набываючы, дрыгатлівую, але гнуткую сілу (А.Савіцкі). Нейкія дзівосныя сілы ў чалавечым сэрцы схаваны! (А.Савіцкі). Я не знаю, удаўся ў каго я: Цягне дзіўная сіла мяне да ракі (Г.Бураўкін). Усё зацвіло, загаманіла, Бы жыватворчая тут сіла Ад сну прыроду абудзіла (Я.Колас). Гром, што вясной абуджае прыроду, Зямлі жыватворныя сілы дае... (М.Хведаровіч). У раллі вільготнай валаконцы П’юць жывую сілу — сок зямлі (П.Макаль). Хай упадзе мой дзень, як жолуд спелы, З тугім запалам жыццядзейных сіл (А.Пысін). Прыслухайцеся: сапе вецер жывільнай сілы, разганяе полаг цёмных хмар (Ц.Гартны). У Грачовым пытанні гучала дзівосная магічная сіла (А.Савіцкі). Каханне... Якая ты магутная, неадольная сіла! (І.Навуменка). Няхай адпачынуць лясы, Разгорнуць шырока зялёныя крылы Ды зноў назбіраюць той мудрае сілы, Што здавен ашчадна туліла край мілы (Я.Колас). Паўнаваты тварык [Параскі] папрыгажэў і як бы выпраменьваў нейкую мяккую прыцягальную сілу (І.Навуменка). Бы хвалі мора, ходзіць жыта Напорнай сілаю жыцця (Н.Гілевіч). Незразумелая ўладная сіла была ў гэтым загадным голасе (А.Савіцкі). Веру ў закліка твайго Незямную сілу, У блакітавы агонь Тваіх зрэнак мілых... (А.Звонак). Ворагам паказалася, што прытаіліся ў лесе несусветныя сілы (М.Лынькоў). Само не будзе стукаць шчасце ў дзверы, На ўтульны аганёк не забрыдзе, Яно ў нязгаснай сіле нашай веры, Яно заўжды паперадзе ідзе (А.Звонак). Ішлі мы ў маршах агнявых Нязломнай грознай сілай (М.Хведаровіч). Там галасы абуджэння, — Звонам вясны ў вушах, Сілай жыцця нятленнай Там маладзее душа! (А.Звонак). Ён [бусел] — сімвал міралюбства... і патаемна-мудрай сілы (В.Ждановіч). Зямля, нібы без рошчыны дзяжа, Нясілела ад пахаванай сілы (П.Макаль). Нават самыя збітыя газетныя выразы з яго [Бародкавых] вуснаў гучалі са сваёй першароднай сілай (І.Шамякін). Вясна паводкай захмяліла, Густой расою апякла, І з баразны тугая сіла Ў гарачых жылах пацякла (С.Грахоўскі). Каб светлая сіла не стала смяротнай, Каб людзі і горы не падалі ніц, Я след замятала на сцежцы зваротнай Да самых таемных сваіх таямніц (С.Грахоўскі). Ахоплены ўладарнай сілай успамінаў хлопец зацяў у сабе нясцерпную журботу душы (В.Быкаў). Пульсуе ў скручаных жылах Лазы вінаграднай даўно Спрадвечная хмельная сіла... (С.Грахоўскі). Ідзі, ідзі, рыбак, убірай у сэрца чарадзейную сілу надсожаўскіх краявідаў (К.Кірэенка). Было спрадвеку, слова, ты Крыніцай цудадзейнай сілы, Што вызваляла з нематы, Айчыны ніву каласіла (Р.Барадулін). Юрка адчуваў даверлівую Лёдзіну адданасць і поўніўся шчаслівай сілай і гордасцю за сябе (У.Карпаў). І перад ім у яснай сіле Пад шолах хрупкай цішыні Пераліваліся, свяцілі Вачэй даверлівых агні (С.Гаўрусёў). Здаецца, што ніколі яшчэ яна [Наталля Пятроўна] не адчувала такой радасці, такога шчасця ад таго, што... перамагла бязлітасную і страшную сілу — смерць (І.Шамякін). ...Ён [Горкін] наліваўся адчайна-ап’яняючай сілай, якая вось-вось зараз штурхне яго на нешта незразумела-пагібельнае (В.Хомчанка). Не тая бура, што ў глушы яліну паваліла, А тая, што ў маёй душы бушуе гнеўнай сілай... (А.Бялевіч). Нейкая моц, грозная сіла ўрывалася ў душу, заглушала ў ёй звычайныя інтарэсы і разам з гэтым знаходзіла ў ёй водгулле (Я.Колас). Ці цябе [вятрыска] угнявілі Людзі або неба? Ці тваёй злой сіле Выкупу патрэба? (Я.Купала). А пасля пайшлі ўсе ў наступ Чорнай ненавіснай сілай (М.Танк). Чым ён [Валодзя] заслоніцца ад іх [жандараў], якую сілу проціпаставіць гэтай уладнай і няўмольнай сіле? (Я.Брыль). Усёй сваёй жорсткай сляпой сілай прырода абрушвалася на гэтых двух людзей (В.Быкаў). Дуньце ж, о віхры прывольныя! Цёмнай не дайцеся сіле, Вырвіце думкі нядольныя, Дайце мне сонца і крылле! (Я.Купала). Усё сваё маленства і аж да дзён юнацтва я адчуў не толькі на бацьках, але і на сабе пыхлівую, нахабную і злосную сілу тых, хто пагарадліва гаварыў нам у вочы: “Бядняк, няма хлеба, еш праснак” (В.Вітка).

* Краса-сіла.

Пытаю: хто тут пачывае? Дзяўчына можа маладая ў поўным цвеце красы-сілы Сышла без часу да магілы? (Я.Колас).

@

СІНЬ (сінява, сінеча, сінізна). Бяздонная, бясхмарная, высокая, вясёлая, глыбокая, густая, далёкая, дзівосная, дзіўная, лагодная, лазурная, ласкавая, лёгкая, мілая, мяккая, начная, некранутая, нерухомая, празорлівая, празрыстая, радасная, ранішняя, свежая, светлая, спакойная, чыстая, шырачэзная, шырокая, ясная  маўклівая, мёртвая, мутнаватая, мутная, пустая, разбаўленая, самотная, смужная, сумная, туманная, ядраная.

Зноў над зямлёю бяздонная сінь Ярка палае зарой (М.Танк). Хай [дзеці] пачынаюць думкай-марай Ад таго болю, што парос Пад сінявой тваёй бясхмарнай Напевам сосен і бяроз (Н.Гілевіч). Каб толькі там, дзе ясені Вартуюць сінь высокую, Не чуць, як хтосьці ў засені Заве любоў далёкую (Н.Гілевіч). Міколка доўга пазіраў у вясёлую і ясную, без адзінай хмурынкі, сіняву неба (М.Лынькоў). А неба сінь глыбокая, як вочы Маёй любімай (П.Панчанка). Між хваляў густой сінявы Лятуць журавы за гару Арарат... (П.Панчанка). Сцяпан ласкава ўсміхнуўся [дзецям]..., падміргваў, і густая сінеча яго журботных вачэй паступова пакарыла іх (М.Ракітны). Захар прыдрамаў, як праваліўся ў тую далёкую сінечу, і прахапіўся ў прыцемках (А.Савіцкі). Купаліся далі ў ласкавай сінечы (Я.Колас). Калі ўвесь час глядзець угору, то можна ўбачыць, як на лёгкай сінізне неба гэтак жа павольна, як і хмаркі, ляціць бялюткае павуцінне (“Маладосць”). Мора было ціхае, а над ім мяккая, лагодная сінь неба (А.Пальчэўскі). Як мары, белыя бярозы Пад сінявой начной стаяць (М.Багдановіч). Красавік — Гэта першыя краскі вясны, Некранутая сінь Танканогай пралескі (А.Звонак). Чырвоныя ствалы соснаў высока-высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба (М.Лынькоў). [Расія] дала табе [Ясеніну] вочы з празорлівай сінню, Вясновую чуласць, задумнасць дарог, Праніклівы голас, як спеў салаўіны, Каб ты расказаць аб жыцці яе змог (М.Танк). П’юць грудзі ранішнюю сінь (М.Танк). Высока ўгары гэтая ядраная сінеча пераходзіць у спакойны блакіт неба (Я.Сіпакоў). З аднаго боку — шырачэзная марская сінь, з другога — неаглядныя прасторы Калхідскай нізіны (Э.Самуйлёнак). Яму [воблаку] ці сонцу ў чыстай сіняве Жняярка крыламі махае ў жыце? (Н.Гілевіч). Маўклівай сінню сярод тлуму лінулі ў вочы васількі! (Е.Лось). Пашчапалася мёртвая сінь, І маланкі агнём шалясцяць (П.Глебка). Зірну я на неба. Па сіняй раўніне За хмаркаю хмарка плыве. Тыя сальюцца, другая загіне І знікне ў пустой сіняве (Я.Колас). Вочы яе блукалі па абшары і нічога, апрача мутнаватай сіні, не бачылі (З.Бядуля). Поле зацягнулася мутнаю сінечаю (С.Грахоўскі). Далёкі лес ахутаны туманнай сінявой... (П.Галавач). Хвілін праз сорак паравозік спыніўся на станцыі, непадалёк ад якой у разбаўленай ранішняй сінечы мігацелі агеньчыкі гарадка (І.Мележ). Леглі шырока нівы калгасаў. Глянеш — разлог, далячынь. Стужак дарожных роўныя пасы Мераюць смужную сінь (Я.Колас).

@

СЛАВА. Шырокая вядомасць; усеагульнае прызнанне чыіхсьці заслуг: баявая, бессмяротная, векавая, велічная, вечная, вядомая, вялікая, вясельная, вячыстая, гаманлівая, гучная, добрая, жывая, звонкая, зямная, крылатая, легендарная, маладая, мужная, несмяротная, неўвядальная, неўміручая, нечуваная, нязгасная, нятленная, пачэсная, святляная (аўт.), усябратняя (аўт.), ціхая, цудная (разм.), цудоўная, шырокая  бяздомная, бясчэсная, ганебная, капрызная, крыклівая, легкадумная, нікчэмная, нядобрая, паказная, патухшая, пустая, танная, шумная.

Працай, як сонцам, Засвеціць яскрава Роднай старонцы Багатая слава (А.Александровіч). Бессмяротная, добрая слава Тым, хто мужна загінуў ў баі (“Маладосць”). Але будзе часіна: ўтаймуецца бой, А дажджы веснавыя загоны абмыюць. І тады, мой таварыш, мы ўбачым з табой Нашай вечнае славы агні залатыя (К.Кірэенка). Загадаў ён [князь] пазваць гусляра-старыну, Гусляра з яго ведамай славай (Я.Купала). Той рвецца да славы шырокай, вялікай; Той — жыці нязнатна, як дзеці; Той — песняй азвецца нясвойскай і дзікай, Той — родную думку запеці (Я.Купала). Пасадзіў пан Бандароўну У куце на лаве, як бы тую маладую У вясельнай славе (Я.Купала). Не шукаю гаманлівай славы І вучуся сціпласці ў кабет (Я.Янішчыц). І тыя дні вячыстай славы абрабаваны, Бедны люд плаціў крывёй За наша права на хлеб, на працу, на зямлю... (П.Глебка). Прашумеў над сценамі рэйхстага Славай гучнай магілёўскі шоўк (А.Пысін). Я шчаслівы, што ўзяў для жыцця... і пашану да славы жывой, і бязлітасць да чорнае здрады (Н.Гілевіч). Песня вольная, крылатая Пралятае над старонкаю... Акрыляе славай звонкаю (А.Русак). Высока ўзыходзіць штодзень над зямлёю Крылатая слава... людзей (А.Александровіч). Памалюся ў ім [храме] аб смяротнай ране і мужнай славе... (У.Караткевіч). І не ведаеш ты, што хлапечыя сны Ужо славай тваёй [краіна] неўміручаю поўны (К.Кірэенка). І гарэць той славе, нятленнай, шырокай Да апошніх, бязведамных нашых вякоў За адну тваю спробу заместа валокі Мову людзям вярнуць і зямлю бацькоў (У.Караткевіч). Абвеяны казкай вячыстай [родны край], Абвеяны славай святой... (В.Матэвушаў). Спяць яны [нашы продкі] у курганах, меч да мяча, па-братняму. Топчуць ворагі славу пачэсную іх (П.Панчанка). З попелу мінуўшых дзён сляпых, крывавых Весела узойдзе рунь святлянай славы (Я.Купала). Шыбы зардзелі блісканнем няўхватным, Кружацца пары, мігаюць; Душы да славы ўсябратняй не здатны, Вокліка суму не знаюць (Я.Купала). Стэфка была героем дня, ціхім героем з ціхаю славаю (З.Бядуля). Аб славе цуднай граюць сурмы... (Я.Купала). Трэба славу бяздомную, Якую не купіш у краме, Замацаваць за вядомымі, Каб маладыя не ўкралі (П.Макаль). Як пачуў ён [пан Патоцкі] у карчомцы зычную забаву, Туды йдзе сваю бясчэсну Паказаці славу (Я.Купала). Яны ж [сябры], крыклівай славай не пакрытыя, Сябе не выстаўляюць напаказ (Г.Бураўкін). Грэбля паганая — гразь і плюхота. Слава нядобрая ходзіць пра гаць! (Я.Колас). Мне... не трэба славы паказной (А.Бялевіч). Так спіш, так жывеш мімаходам, Мой край, як сцяпная магіла, З сваім незавідным народам, З патухшай і славай, і сілай (Я.Купала).

* Гоман-слава, слава-веліч.

Гоман-славу, чорнай хваляй Што збіралі курганы, Белы косці, што гублялі Беларускія сыны... Роднай бацькаўшчыны долю, Як у люстры, бачыш так (Я.Купала). І зноў кляліся прадзеды-дзяды: “Сто раз памром, а не пакінем верыць У нашу заўтрашнюю славу-веліч (Н.Гілевіч).

@

СЛЕД (сляды). Агністы, басаногі (аўт.), белаваты, белы, босы, быстры, бягучы, выразны, вясёлы, гарачы, гулкі, дарожны, дзіўны, жоўты, зімовы, знаёмы, зялёны, крылаты, лёгкі, маленькі, малы, незабыўны, нябачны, нязвыклы, пахучы, першы, пявучы, расстайны, родны, росны, свежы, светлы, таемны, таямнічы, упэўнены, усхваляваны, чуткі, юнацкі, яркі, ясны  даўні, дымны, жахлівы, жудасны, крывавы, мокры, падазроны, палахлівы, паўночны, пусты, пяклівы (аўт.), п’яны, самотны, сцёрты, трывожны, цяжкі, чорны, чужы, шчымлівы.

Упала зорачка, і след агністы зазіхацеў... (“Маладосць”). Чырвоны камяк агню... мільгануў над полем, пакідаючы белы дымны след (А.Савіцкі). У гэтым садзе для мяне Яшчэ застаўся дрэваў шум І лёгкі басаногі след Далёкага юнацтва... (М.Танк). Дзяўчо на возе засмяецца І кіне недаспелы яблык У босы след майго маленства (У.Някляеў). Дык чаму ж, свае вышыні хвалячы, Пазіраю ўсё часцей туды, Дзе знікаюць у туманнай далечы Босыя хлапечыя сляды (П.Макаль). Пушніну [падпаскі] з-пад дрэў здабывалі, З-пад быстрых звярыных слядоў (А.Пысін). На першым снезе былі відаць выразныя сляды: вясёлыя вавёрчыны і яшчэ нечыя таямнічыя, бягучыя (“Маладосць”). Гарачы след у змроку тоне (С.Грахоўскі). Альжбета знікла неўпрыкмет. Калі — не угледзеў ён, а толькі — Застаўся ў сэрцы гулкі след. Такі гарачы след трывожны... (Н.Гілевіч). Жнівень выйшаў. Восені пачатак. Па ўзлессю жоўтыя сляды. Сілы правяраюць птушаняты — Б’юць па голлі крыллем маладым (П.Броўка). Хіба гэта малая радасць: дачакацца першага, з лёгкім марозікам, снегу... не спяшаючыся, пакідаць на бялютнай снежнай нерушы свой першы зімовы след (В.Карамазаў). Ступаеш золкай, колкаю расою — Дыміцца ўсцяж зялёны след (Р.Барадулін). Брат, забывай, што малады Па бальшаку скакаў найпершы. Твае крылатыя сляды Затопчуць пешыя (У.Някляеў). І стыне на зямлі сагрэтай Нязвыклы мой і лёгкі след (В.Вярба). Пад вярбой ля самае вады Двое незнаёмых абняліся, Дзе твае маленькія сляды На пяску вільготным засталіся (С.Грахоўскі). На самай дробнай і адказнай працы Пакінуць можна незабыўны след (С.Грахоўскі). І бачыў тады На палях здратаваных, Дарогах краіны Шмат мільёнаў бяздомных Сіротаў сляды І між імі сляды Незабыўныя сына (М.Танк). Шукаў чые нябачныя сляды І думаў аб усім і аб адным... (А.Пысін). Ён [дзядзька] пайшоў па вуліцы, трымаючы на сырамятным павадку вялікага ганчака, які нецярпліва павіскваў ад прадчування свежага, такога пахучага звярынага следу (А.Жук). Пчалу праводжу ў далягляд, Ледзь заўважаю след пявучы (А.Пысін). Ехаў на трактары хлопец у поле, Ехаў вясною калгасным прыволлем І ля расстайных слядоў-каляінаў Тройчы сустрэў ён красуню-дзяўчыну (М.Танк). Дыміцца парай Раніца халодная. Сінее росны след на мураве (П.Макаль). Усё знікае, праходзіць, як дым, Светлы ж след будзе вечна жывым (М.Багдановіч). Босыя ногі адбіваліся чуткім следам на блізкім змалку і свежым халадку раллі (В.Адамчык). Васько ішоў павольна, і на белым снезе былі відаць яго ясныя сляды (А.Асіпенка). Свеціць дух сасновы. Свеціць даўні след (А.Пысін). Ён [дом] глядзеў у свет, як сляпы, пустымі вокнамі, над якімі на сцяне веерам расплываліся чорныя, дымныя сляды (І.Мележ). Ужо нямнога засталося жахлівых слядоў варожага нашэсця (І.Шамякін). Мая Дуброўка!.. Успаміны Вядуць на мой юнацкі след (А.Бялевіч). Вораг абрушыў агонь кулямётаў,... Знішчыць, прарваць абарону стараўся, Ды, пакідаючы след свой крывавы, Кожны раз ён адступаў ад заставы (М.Танк). На белай кладцы мокрыя слядкі — Як першай песні мілыя радкі (Н.Гілевіч). Партызан на сцежцы роснай Падазроны бачыць след (П.Панчанка). Апошні снег — нібы пісьмо, Што скомкана вятрамі З тваімі палахлівымі Паўночнымі слядамі (М.Танк). Я дужа вінаватая, прабач, — пустых слядоў не мінавала я... (Е.Лось). Быў міг адзін, — як знічкі зорнай Пяклівы след, — адзін быў міг! (К.Кірэенка). Абсыпае яблыня свой цвет... А куды ляцяць яе пялёсткі? На пясок, на нейчы п’яны след... (Е.Лось). Даўно збіраюся маўкліва Ступіць на сцёртыя сляды (А.Пысін). Зацвітае бахматы верас Над цяжкімі слядамі ласіх (Г.Бураўкін). І часам у забытым, перажытым Прымае след [памяць] чужы за ўласны мой (А.Пысін). А па зямлі мае ўспаміны ходзяць, Трывожачы дарожныя сляды (А.Пысін). І, можа, за табой вярнуся, Не перайду вялікі свет, Пакуль гарыць над Белай Руссю Шчымлівы жураўліны след (В.Вярба).

@

СЛЁЗЫ (сляза, слязінка). 1. Пра колькасць слёз, пра велічыню і колер слязінак, ступень іх празрыстасці: агністыя, бліскучыя, брыльянцістыя, буйныя, бурныя, бясконцыя, вялікія, дробныя (нар.-паэт.), іскрыстыя, крыштальныя, празрыстыя, ціхія, чыстыя, ядраныя  застылыя, імклівыя, мутныя, невычарпальныя, невычэрпныя, незлічоныя, нестрыманыя, несупынныя, раптоўныя, скразныя, скупыя, стрыманыя, цьмяныя.

Знічка коціцца агністаю слязой... (М.Багдановіч). На купалле, на святое Рві, матуля, зелле тое... Двойчы, тройчы — акрапліста — Злі слязою брыльянцістай... (Я.Купала). Азірнуўся на вокны роднае хаты і заплакаў... буйнымі, гарачымі слязамі (А.Асіпенка). Несупынныя слёзы Юркі былі то ціхімі, то бурнымі (К.Чорны). На дварэ стаіць матуля, Галавой кіўнула, А сама слязу буйную Рукавом змахнула (Я.Колас). Грае дудка, вымаўляе, Плача дробнаю слязой І ціхутка замірае Дзесь у полі за гарой (Я.Колас). Пасінела акно ад іскрыстай слязы (С.Гаўрусёў). Далёка мы ад роднае зямлі, Над намі неба высіцца другое, А дожджычка, хоць як тут ні малі, Ён не спадзе крыштальнаю слязою (Я.Колас). Празрыстая пала сляза На снег з задуменных вачэй (П.Броўка). Плакала ціхімі слязамі Маланка (А.Кудравец). Вянок з гадоў, з напеваў наскіх, З крыві маёй і чыстых слёз, — Усё жыццё, як віцязь з казкі, Я праз вятры і буры нёс (К.Кірэенка). У старане пазбыўнай песні было і прыгнечанне, і ядраныя жаночыя слёзы, як журавіны... (В.Каваль). З застылымі слязамі Анна глядзела на свайго чалавека (Я.Брыль). Мне суджана навечна У неаплатным быць даўгу — Перад тваёю [Беларусь]... красой, Што з воч зрываецца імклівай, Непераможнаю слязой (Н.Гілевіч). Нашы слёзы незлічоны, З нас крывавы льецца пот (Я.Колас). Няхай бяда прыб’е скразной слязой вянковай — Мая душа к табе была не выпадковай (Я.Янішчыц). — Кінь ты плакаць, старая, — Няёмка, відаць, лесніку, А ў самога скупая Выбягае сляза на шчаку (А.Куляшоў).

2. Пра слёзы, што выражаюць пачуцці чалавека; пра слёзы праўдзівыя і абманлівыя, прытворныя: матчыны, пяшчотныя, радасныя, салодкія, сапраўдныя, сарамлівыя, светлыя, святыя, цёплыя, шчаслівыя, шчырыя  балючыя, бяссільныя, вогненныя, вясельныя, гарачыя, гаручыя (нар.-паэт.), горкія (нар.-паэт.), даўно накіпелыя, жаласлівыя, журботныя, каменныя, кракадзілавыя, крывавыя, маўклівыя, мужчынскія, назойлівыя, нечаканыя, нявыплаканыя, нямыя, няпрошаныя, няўцешныя, пакутлівыя, пакутныя, палынныя, палыновыя, панурыя, пякучыя, раўнівыя, сірочыя, сляпыя, суровыя, цяжкія, чорныя, чужыя, шчымліва-жаласлівыя, шчымлівыя.

Сцежкі маленства!.. Лячыцца вашых крыніц чысцінёю Ды матчынаю слязою святою (К.Цвірка). Маці шчасцем цвіла І свяцілася светлай слязою... (У.Карызна). Цыпручыха перайшла да шчырага смутку-тугі, да пяшчотных і жаласлівых слёз (З.Бядуля). У памяці жывуць сяброў абліччы: На іх то боль, то радасць, то ўсмешка, Святыя слёзы першага кахання (С.Грахоўскі). Часамі яна, тая чуласць, вельмі рэдка і патаемна, для Толі тады яшчэ зусім невядома, выходзіла на Максімавы вочы скупой, сарамлівай мужчынскай слязою (Я.Брыль). І Марыля заплакала не вясельнымі слязьмі, для звычаю, а сапраўднымі, сірочымі! (Я.Брыль). Успомніў, што ты [мама] жывая, што смерць твая — сон, мана, і плакаў ужо іншымі, шчаслівымі слязьмі (Я.Брыль). Гулкая вясна, зямля крынічная, Шчырая сляза і звонкі смех (К.Кірэенка). І крыўда балючай слязою бяжыць (А.Бачыла). Ад слязы бяссільнай высахла шчака (Н.Мацяш). Бінты з падзёртых кашуль, анучаў... Іх мылі маці ў слязах гаручых, А не ў звычайнай вадзе рачной (М.Танк). Пакуль у слёзах вогненных зямля не зарыдала, — Павінны ў звон трывожны мы біць на цэлы свет (П.Панчанка). Гарачыя слёзы нянавісці і жалю самі каціліся з яго [Данікавых] вачэй (Я.Брыль). Ты [баец-вызваліцель] першы кроплі горкіх слёз сірочных Сваёй рукой з дзіцячых твараў сцёр (П.Панчанка). Саша дарэмна прыкусваў губу. У вачах стала цёпла, і па халодных шчоках папаўзлі няпрошаныя, горкія, ужо даўно накіпелыя слёзы (Я.Брыль). І хмары прабягуць над стомленым чалом, Змахне ён [юнак] рукавом журботную слязу (П.Броўка). О маці з Пірчупіса... Што ж не адзавешся, маўчыш З каменнай слязою на твары? (М.Танк). Нас могуць біць — Аж да крывавых слёз, Каб лёкаяў зрабіць З ахвяраў здзеку, Але мы мусім адстаяць свой лёс, Каб ён для нас шчаслівы быў Давеку (Н.Гілевіч). Пра попел з сэрцаў людскіх, пра слёзы крывавыя хіба можна пець? (К.Кірэенка). Калі, чалавека згубіўшы, Слязамі маўклівымі плачу, Сябе выпрабоўваю болем — Я набываю ці трачу? (Г.Каржанеўская). Санітарка Насця, сціраючы назойлівую слязу з вока, чытала ліст... (М.Лынькоў). Агейчык сядзеў на калёсах... а па пальцах паўзлі дзве слязіны — нечаканыя, чужыя (В.Карамазаў). Прыйшла аднойчы Галя засмучонай, Вочы поўныя нявыплаканых слёз (А.Александровіч). Бо хто толькі прайшоў Па зямлі Беларускай і бачыў піраміды з галоў, Рэкі слёзаў няўцешных, гарачых, — Той не хутка ізноў Знойдзе сон пад радзімы страхою (М.Танк). Калінавым цветам, слязою палыннай Ваш [жанчын] смех перапеты крылом галубіным (В.Вярба). Ён [Мітрафанка] толькі нема хліпаў, глытаючы палыновыя слёзы (Р.Сабаленка). Яўген не мог гаварыць — прарваліся цяжкія пакутлівыя слёзы (І.Шамякін). Калі табе бывае сумна, Не выклікай пакутных слёз... (П.Броўка). Пякучымі слязамі аплаквала Хадоська бесклапотную радасць сваю і даверлівасць (І.Мележ). Мы помнім курганы — магілы герояў, І колькі над імі змярканнем, зарою Праліта сірочых і матчыных слёз (М.Танк). Бягу наўпрост, не выцершы сляпыя слёзы... (Т.Бондар). А нам ужо стэпы вялікай Расіі Суровыя слёзы вятрамі гасілі (П.Панчанка). І падае з конскага вока цяжкая ад болю сляза (Р.Барадулін). Мне сляза твая шчырая Будзе збавай ад смутку і стомы (К.Кірэенка). Народ паднявольны ўзнімаецца грозна: Убачыў я ў люстры бліскучых шароў Іх чорныя слёзы, іх светлую кроў... (П.Панчанка). “Ластавачка мая!” — зашаптаў Ціток, і шчымліва-жаласныя слёзы навярнуліся на вочы (М.Гамолка).

* Брусніцы-слёзы, дыяменты-слязінкі, слёзы-росы, сляза-палын, слязінкі-жамчужыны.

З вачэй цяклі брусніцы-слёзы, І там, на ростанях, бярозы Хісталі веццем, як жывым (П.Трус). У блакітных вачах наведвальніцы зноў бліснулі дыяменты-слязінкі (І.Новікаў). Сляза-палын балюча-едкі На ўпалых вочах выступае (Я.Колас). Маўчы, каліна, не пытай — чаму: Ці ж не відаць — нялюбая яму... А прыйдзе з ёй — зноў не пытай: чаго? Лепш высып слёзы-росы на яго (А.Бачыла). Дзве слязінкі-жамчужыны палі на дол, пакаціліся сцежкай ля вёсак і сёл (У.Дубоўка).

@

СЛОВА (словы, слоўца). I. Моўная адзінка: абнадзейлівае, агнёвае (разм.), агністае, агняцветнае (паэт.), адзінае, ашчаджанае (аўт.), важкае, васільковае (аўт.), ветлівае, вечнае, высокае, вясельнае, вятрыстае (аўт.), гаманкое, гарачае, гартаванае, гучнае, дарагое, дзівоснае, дзіўнае, добрае, добразычлівае, духмянае (аўт.), загадкавае, залатое, зменлівае, клёкатнае (аўт.), крамянае, крынічнае (аўт.), крыштальнае, лагоднае, ласкавае, ласкава-шчырае (аўт.), любае, любімае, маладое, мудрае, мужнае, мяккае, надзейнае, наздравата-чорнае (аўт.), палымянае, праўдзівае, прачулае, простае, прыветлівае, прыветнае, прыгожае, прыязнае, пяшчотнае, разумнае, роснае (аўт.), роўнае, сардэчнае, свежае, светлае, святлістае (аўт.), святое, святочнае, сітнае (аўт.), спагадлівае, спагаднае, спакойнае, спачувальнае, суцешлівае (аўт.), сытнае (аўт.), сяброўскае, трапяткое, трывалае, уладнае, ускалыхлівае (аўт.), цёплае, ціхае, чыстае, чысцюткае, шчасліва адчутае (аўт.), шчодрае, шчырае, ядранае (аўт.), яркае, яснае  агіднае, адбеленае, азяблае, атрутнае, безадказнае, бяздумнае, выклятае (аўт.), выцвілае, гнеўнае, горкае, грамавое, грозна-незразумелае, жорсткае, злое, злоснае, ілжывае, калючае, крутое, лабавое (аўт.), ліхое, набалелае, напышлівае, незразумелае, некрыклівае, немілагучнае, непамыснае, непанятлівае (аўт.), няспетае, няшчырае, самотнае, скептычна-насмешлівае, слізкае, сумнае, сумотнае, суровае, сцёртае, тройчыклятае (аўт.), упартае, халоднае.

Мусіць, ад гэтай сваёй дабраты, ад чуласці, а можа ад пераканання, што лагоднае, добразычлівае слова больш дае сілы чалавеку, чым лаянка, ён [Кузьма Чорны] людзям, што адкрывалі яму першыя запаветныя сшыткі, задумы, часта гаварыў добрыя, абнадзейлівыя словы (І.Мележ). Аж пральецца песня з сэрца ў поўны голас, Калі вытча думка слоў агнёвых кола (К.Буйло). Колькі песень на спатканні, Слоў агністых, маладых (П.Броўка). Слоў агняцветных рэкамі, морам алею і мёду Затапілі цара оды (К.Цвірка). Шапталі яго сенажаць і дуброва, людзьмі перачутае, некаму нова, адзінае, дзіўнае, светлае слова — кахаю... (Д.Бічэль-Загнетава). І будзе мне сэрца грэць Кожным ашчаджаным словам Мая спрадвечная Беларуская мова (Р.Барадулін). І чарсцвее душа ад карозіі Безадказных, бяздумных слоў (В.Вітка). У нас сваіх хапае слоў Крамяных, росных, васільковых (Ю.Свірка). — Калі ласка!.. — нашай роднай мовы Шчырыя і ветлівыя словы (П.Броўка). Прыйдзіце, словы, Мужныя, Надзейныя, Праўдзівыя, Важкія, Гартаваныя; Прыйдзіце, гнеўныя, Як перуна ўдары (С.Дзяргай). Я... з трапятаннем адчуваю дыханне майго прашчура, зменлівае і вечнае слова яго (У.Караткевіч). Па следу былых баёў Шукацьму найлепшых сваіх радкоў, Высокіх і дзіўных слоў (П.Панчанка). А луста — слова сытнае, Духмянае і шчодрае. Яно — ад маці сітнае Ці наздравата-чорнае. А каравай вясельнае, Святочнае яно (П.Панчанка). Над лёсам маім... — Світалі вятрыстыя словы (Р.Барадулін). Хапае слоў і гаманкіх, І мяккіх, як у лузе травы (Ю.Свірка). Шмат слоў гарачых я ў душы знайду, Каб прывітаць цябе, любімы Колас (К.Буйло). Зняможаным не кажуць слоў прыгожых, Ад гучных слоў не прыбывае сіл... (А.Бачыла). Ёсць такое слова дарагое, Я яго глыбока ў сэрцы захаваў (А.Звонак). Ад слова вырастаюць крылы, А ў сэрцы стукае любоў, Ад слова прыбываюць сілы, Дык не шкадуйце добрых слоў (С.Грахоўскі). Я прысягаў не раз, не двойчы Не абуджаць у сэрцы зноў Тваю паходку, Стан дзявочы, Загадкавых апошніх слоў (П.Панчанка). Не забыць бы дзедавага Слова залатога: Не рабі ліхога, Не кажы пустога (К.Цвірка). Вострым надзяляючы крылом, Выпускаю клёкатныя словы (А.Пысін). Ціха гучаць у мове маёй Словы крынічныя, Росныя (А.Звонак). Стала ў хаце ўсім нялоўка, Бо пачулі чэрствасць, стыд, Бо з-за ласкавага слоўка Гэтак плакаў ён [Сымон] наўзрыд (Я.Колас). Не было б абяцання, Слоў тых ласкава-шчырых, Што ў хвіліну расстання Паўтарала дзяўчына, — Не тужыў бы так дужа (Н.Гілевіч). Песні пачутай не трэба супыну, Любае слова хай свеціцца ў ёй (Е.Лось). Песняры вялікія злучыць Са словам мудрым здолелі агонь (А.Зарыцкі). Прыйдзіце, словы, да мяне: Трывалыя, Прачулыя, Разумныя, Ласкавыя; Прыйдзіце шчырыя, як сэрца, трапяткія (С.Дзяргай). Па гэтых словах палымяных, Што нарастаюць з кожным днём, Вядомых, новых, безымянных Сяброў сваіх мы пазнаём (Н.Гілевіч). Прыветныя словы суровымі сталі, І стала далёкім, што звалася блізкім (А.Звонак). У гэтых, па-ранейшаму прыязных роўных словах госцю адразу пачуўся лёгенькі намёк гаспадара на “позні час” (Я.Брыль). І помню заўсёды пяшчотныя словы, Што ты [мама] мне казала малому... (Н.Гілевіч). Чалавеку патрэбна не слава, А людская ўвага і ласка, І сардэчнае шчырае слова, І вясёлая добрая казка (С.Грахоўскі). У нас хапае слоў сваіх Святлістых, важкіх, нібы глеба (Ю.Свірка). Не тое слова, не, не тое Душу ўзнясе, дзе бляск і зман. А тое простае, святое, У якім душа жыве сама (К.Кірэенка). Маша маўчала. Ад ласкавага, спагадлівага слова сэрца сціснулася (І.Мележ). А спагаднае слова — нямала! (У.Паўлаў). За спакойнымі, угрунтаванымі на вялікай аснове словамі далёка і родна чулася музыка даўняй, прыгожай дружбы (Я.Брыль). Валодзя пачуў, як, сагрэтая спачувальным словам, крыўда хваляй зноў напоўніла яго, падступіла к горлу (І.Мележ). Мачыха ўзяла Ганну за плячо, гаворачы ласкавыя, суцешлівыя словы (І.Мележ). Прасвятлела на світанні ад сяброўскіх шчырых слоў (П.Броўка). [Стрыбук] стрымліваў гнядога ўладным словам, Што на марозе сам ірваўся ў шлях (Н.Гілевіч). Дзверы мяккія ўскінь, Што завуцца ўскалыхлівым словам “Кілім” (Р.Барадулін). Якія добрыя, цёплыя словы “залатыя канапелькі” (М.Лынькоў). Шчаслівы той, Каго натхніла Адно з прыгожых, ціхіх слоў (П.Броўка). Як здаўна, песціў і галубіў [Машэка], І словы чулыя складаў (Я.Купала). Абрус — абцас — азярод — арэлі... Вясёлка — вырай — вярба — ваўчкі... Як міла пазвоньваюць, сэрца грэючы, Чыстых беларускіх слоў ланцужкі (К.Цвірка). — Людзі, браток, усюды людзі, — сказаў ён [Бутрым] ціха, з глыбіні гэтых простых, шчасліва адчутых слоў (Я.Брыль). А словы ліліся ясныя і простыя (М.Лынькоў). Ці дойдзеш ты, Адбеленае слова, Да тых, каму, хацеў бы, перадаць?.. (А.Пысін). І толькі “здраду” — выклятае слова Не мог я ні ўспрыняць, ні зразумець (П.Панчанка). У нас хапае слоў такіх Чысцюткіх, ядраных, як ранне (Ю.Свірка). Паўзіце, словы, ад мяне: Агідныя, Халодныя, Ілжывыя, Атрутныя; Паўзіце, слізкія, Ліхія... (С.Дзяргай). Цяплеюць слоў азяблых васількі... (Р.Барадулін). Я заўсёды баюся напышлівых выцвілых слоў, што звіняць, як жабрацкая медзь у асенняй журбе (А.Вялюгін). Радкі, поўныя смутку і жальбы, змяняліся мужнымі і гнеўнымі словамі (С.Александровіч). Горкія словы каціліся з дзіцячых губак (Цётка). Не трэба гучна гаварыць, Выкатваць словы грамавыя (А.Пысін). Пры пераездзе граніцы трэба было плаціць — адтуль мне помнілася грозна-незразумелае слова кантрыбуцыя (Я.Брыль). Бацька ў роспачы, у злосці Кінуў жмут калючых слоў (Я.Колас). [Валя] і потым ніяк не магла ўспомніць, адкуль яны з’явіліся, як вырваліся гэтыя жорсткія словы (А.Васілевіч). Вось-вось гатоў быў сказаць Недасеку крутое слова (Я.Брыль). О, слова, слова лабавое, Нястрымнае, яно ляціць... (А.Пысін). Тут шэпты і моцныя словы ў гоман зліліся адзін (Я.Колас). І знямела, як арліны клёкат, Слова набалелае ў грудзях (А.Пысін). Хай цябе ніколі не трывожыць Горкі сэнс незразумелых слоў. Знішчыць людаедскі план варожы Абавязак наш, усіх бацькоў (П.Панчанка). Вырас дуб малады, зашумеў непанятлівым словам (Я.Купала). Ты адзінае шчасце, мой край, Новай песні няспетыя словы (А.Бачыла). Няма журбы на свеце лепшай, Чым у красе сярод дуброў. І ад хвароб яна палечыць, І ад няшчырых слоў сяброў (К.Кірэенка). Памяць сцерла час той незвычайны, Цеплыню тваіх сумотных слоў (А.Звонак). На вуснах іх [байцоў] марш недапеты, Упартыя словы надзей (Г.Бураўкін). Каб слова тройчыклятае вайна — І знаць не знала мова чалавека (А.Александровіч). Ён [Славік] стаяў на беразе паважны, сцішаны... і з нейкім салодкім страхам адчуваў, што ў галаве яго як бы ўтварылася шчыліна і праз яе выцякаюць тыя скептычна-насмешлівыя словы, якія былі запасены там на ўсе выпадкі... (І.Шамякін).

II. Мова; стыль пісьменніка; мова мастацкага твора: агністае, бацькаўскае (бацькоўскае), беларускае, бурштынавае (аўт.), бяссмертнае, высока і свежа паэтычнае (аўт.), глыбока па-народнаму, па-хлебнаму свежае (аўт.), гнуткае, гранічна простае, гучнае, жаданае, жывое ў вяках, запаветнае, звонкае, зрэбнае (аўт.), кроўнае, ласкавае, магутнае, матчына, мілагучнае, мудрае, мужнае, непаўторна свежае, неспазнанае, несплямленае (аўт.), няскоранае, паслухмянае, пералівістае, празрыстае, праменнае, праўдзівае, пяшчотнае, радаснае, раптоўнае, роднае, свабоднае, смелае, спеўнае, цёплае, чароўнае, чыстае, шчырае, шчырасці поўнае, шырока-далёка праслаўленае (аўт.), яснае  гнеўнае, сумнае, халоднае.

Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае, Маё беларускае, роднае, кроўнае, Такое раптоўнае, такое чароўнае, Такое ласкавае, цёплае, чыстае, Як сонца, агністае, Як Нёман, празрыстае, Як казка, быліна, як песня, жаданае, Дагэтуль яшчэ ў жыцці неспазнанае, Гарачае слова ад шчырага сэрца (Д.Бічэль-Загнетава). Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца, Як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца (Я.Купала). Зямля Беларусі! Ты ў граях-вяснянках, Ты ў звоне вясёлак, ты ў гуслях вятроў; Ты песня сама ад крыніц да заранкі, Ад зорак паўночных да сіняга ранку, Ты, наша паэма з бурштынавых слоў (П.Броўка). Бяссмертнае слова, ты роднае слова! Ты крыўды, няпраўды змагло (Я.Купала). Багдановіч прыйшоў да мяне перш за ўсё сваім “Перапісчыкам”. І цяпер, перачытваючы гэты верш, амаль расчулена ўспамінаю тое сваё хлапечае хваляванне, выкліканае... гранічна простым, але высока і — галоўнае — свежа паэтычным словам (Я.Брыль). Дарогай крутой, Праз тры рэвалюцыі, горы і кручы Пранеслі гарачае слова і свой... Вялікага сэрца агонь неўміручы (А.Александровіч). Партрэт Багушэвіча... І здзіўленне, і недаўменне, і пашана да таго, хто блізу сто гадоў таму назад упарта, як парастак паміж плітамі тратуара, пралез паміж дзвюма стыхіямі, рускай і польскай, насуперак усім, уключаючы і сваіх найбліжэйшых, пралез і вырас са сваім зрэбным і глыбока, па-народнаму, па-хлебнаму свежым беларускім словам (Я.Брыль). Дух збудзіў свайму народу [Шаўчэнка] Сваім гучным словам (Я.Купала). Жывое ў вяках беларускае слова — Народа душа і народа хвала. Цябе абзывалі “мужыцкаю мовай”, А нам жа ты — матчынай мовай была (А.Бачыла). Настойліва зноў запаветнае слова Шукацьму, каб нехта ў апошняй з анкет — На камні магільным пад гоман сасновы Мог выбіць адно толькі слова — паэт (П.Панчанка). Ад першых юначых балад і рамансаў да мужнай, велічнай плыні “Пана Тадэвуша” з асаблівай сілай, з вечна свежай і неразгаданай чароўнасцю жыве яно, хараство беларускай прыроды, непераймальна проста і моцна ўзятае ў звонкае польскае слова (Я.Брыль). Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне (Я.Купала). Спадчына — адзіны запавет, Спадчына — усіх асноў аснова, І нясе цераз вякі паэт Матчына няскоранае слова (С.Грахоўскі). Як ты дорага мне, мая родная мова! Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова! (Н.Гілевіч). На беларускай зямлі раней чым дзе ўварвалася ў свет праменнае і мудрае друкаванае слова (М.Гамолка). Імя кранае, свеціць, як бурштын, І, ўдзячны пералівістаму слову, Зямное, крэўнае знаходжу ў тым, Што вызначае корань і аснову (А.Пысін). І буду шчасны я... Калі змагу, табою ў ласцы ўзрошчаны, Тваю красу падняць у мужным слове, Зямля маёй цудоўнай Магілёўшчыны (К.Кірэенка). І словы былі ў гэтай песні, ды можна было і без іх. І не таму, што іх цяжка лавіць на ляту і вязаць у адно: да гэтай крылатай душэўнай мелодыі прасіліся новыя, непаўторна свежыя словы (Я.Брыль). І скрозь — тваім чыстым, нясплямленым словам Гамоняць сягоння лясы і дубровы (П.Глебка). Чаго ты стыдаешся? Слова яе [матчынага], Празрыстага, чыстага, Быццам званочак? Яна ж не гаворыць, А ціха пяе: “Вярніся дадому, сыночак” (С.Грахоўскі). Праўдзівае слова яго [Бядулі] і сёння кранае да слёз (Н.Гілевіч). Я ж праслаўлю навекі часіну звароту Сваім шчырым радасным словам І двойчы, і тройчы (П.Панчанка). Як гоман крынічны, як звон ручаёвы, Як плёскат бязмежных блакітных азёр, Тваё [Беларусь] зазвінела свабоднае слова, Хвалой узляцеўшы да сонца і зор (П.Броўка). Бо як паверыш ты ў бязлітасную смерць, адчуўшы сілу слоў яго [Пушкіна] магутных, смелых... (М.Танк). Жыццесцвярджальным, радасным смехам іскрыліся радкі Пімена Панчанкі, які па-салдацку ахвотна і шчодра дзяліўся з чытачом сваім тады ўжо шырока-далёка праслаўленым словам (Я.Брыль). Захару здавалася, што гэты голас ужо занадта раўнадушны, так кіпела і сціскалася сэрца яго ад гэтых халодных слоў (М.Лынькоў).

III. Размова, гутарка, выказванне, фраза: ветліва-вострае, ветлівае, вясёлае, гарачае, жывое, зварушлівае (аўт.), мілае, мудрае, простае, прыязлівае (разм.), прыязнае, смешнае, сяброўскае, шчырае  горкае, пустое, страшнае, чорнае, чэрствае.

Праўда, і сам ён [Алесь] быў далёка не без’языкі, — і перакінуўся з ёй ветліва-вострым слаўцом (Я.Брыль). З асаблівай прыемнасцю прачытаў я днямі простыя, мудрыя і такія вясёлыя словы Астапа Вішні (Я.Брыль). Цёмны сад-вінаград, Цвет бяленькі вішнёвы, — І агністы пагляд, І гарачыя словы (М.Багдановіч). Згас агонь жывога слова. Змоўкла чулая струна! (Я.Колас). Добрым жартам, зварушлівым слоўцам пачастуюць аднавяскоўцы (Д.Бічэль-Загнетава). Вы задалі мне хітрую задачу — Каб я вас словам мілым весяліў (Г.Бураўкін). А побач узняўся збудованы дом З вясёлым паглядам, смалісты, сасновы, А мы і зямлянку Цяпер назавём Зусім не благім, а прыязлівым словам (П.Броўка). Сустрэлі нас [фіны] сяброўскім шчырым словам (П.Панчанка). Кулямётчык Руневіч ведае, дзесьці схапіў мімаходзь на шляху самавука, цяпер прыпомніў і нясе з сабой смешныя, горкія, страшныя словы аднаго з найбольш закончаных салдафонаў Паўла Першага: “Солдат есть простой механизм, артикулом предусмотренный” (Я.Брыль). Астыну, потым зноў вазьмуся Судзіць амаль што кожны крок, Пустыя словы і ўчынкі, Што, быццам тыя аблачынкі, Часамі засцілаюць зрок (С.Грахоўскі). Бо ў кабінеце, здараецца часам, Кідае чэрствыя словы ён басам (П.Панчанка).

IV. Прамова, выступленне, зварот, заклік: агнявое, бадзёрае, жывое, мудрае, палкае, палымянае, пераможнае, простае, светлае, святое, сталёвае, шчырае.

Апаліла губы слова агнявое: Час за зброю брацца! (К.Буйло). І рушыць Беларускі фронт, Што стаў цяпер сцяной сталёвай, Калі пачуецца, як звон, Пабудкі агнявое слова (К.Буйло). Трэба слова бадзёрае кінуць, Каб [сябры] паднялі галовы вышэй (М.Танк). Жывое слова знойдзе шлях да сэрца, Яго рупліва захавае час (А.Звонак). І мудрыя словы так проста і ясна, Як вечныя песні, гучаць (Я.Колас). Нам трэба, каб палкае слова вяло наперад думы людскія (П.Панчанка). Пішаш ты [Харужая] палымяныя словы, Што ўжо блізка наш дзень вызвалення, І здаецца, у астрозе суровым Ад тваіх слоў палае каменне (М.Танк). Прыкуты маланкамі слоў пераможных Падпальшчыкі войнаў да чорнага слупа (П.Панчанка). І ў час, калі, мажліва, ў соты раз На наш рубеж каціўся вораг валам, Салдат святое слова ўзнімала (П.Панчанка). І кідаў сталёвыя палкія словы Начальнік міліцыі (Я.Колас). Трэба шчырае слова народу, Ды такое, якое б заўсёды Пад сярмягай магло запалаць (М.Танк).

* Слова-бой, слова-гарт, слова-ззянне, слова-кліч, слова-краска, слова-крышталь, словы-зараніцы, цуда-слова.

Дай, паэзія, меч прамяністы, слова-гарт, слова-кліч, слова-бой! (П.Пестрак). Ты глядзіш праз неба просінь, Лашчыш слых мой, слова-ззянне, Атуляеш сэрца ласкай, Ноч і вечар, дзень, світанне Абняло ты, слова-краска (Я.Колас). Падарункамі снежнай пары Дзень рассыпаўся ў словах-крышталях (А.Куляшоў). Якія травы палявыя збіраў ты [Купала] чараваць людзей? З якіх вясёлак, бліскавіцаў І фарбаў неба і зямлі Тварыў ты словы-зараніцы (М.Танк). О, цуда-слова! Як зерне — коласам, як семя — кветкай, Яно аднойчы песняй прарасце (Н.Гілевіч).

@

СМЕХ (смяшок). 1. Пра гучнасць, працягласць, характар гучання: багатырскі, белазубы, бязгучны, бясконцы, бясшумны, выразны, высокі, вясёлкавы (аўт.), глыбокі, грудны, гулкі, густы, гучны, доўгі, дробны, дружны, дрыготкі, дужы, закатны, залаты, залівісты, звонкі, іскрысты, крыштальны, лёгкі, меладычны, мімавольны, мяккі, невычэрпны, незмаўкальны, нястомны, нястрымны, нячутны, пераліўчаты, празрысты, раздольны, раптоўны, раскацісты, румяны, сакавіта-смачны (аўт.), сакавіты, серабрысты, срэбны, срэбразвонкі (аўт.), сярэбраны, тоненькі, тонкі, трапяткі, унутраны, хіхіклівы (аўт.), ціхі, ціхі-ціхі, шчодры  абрывісты, аглушальны, адрывісты, адчайны, ашалелы, басавіты, басісты, вар’яцкі, вісклівы, грубы, здушаны, кароткі, колкі, непадкуты (аўт.), нямы, няясны, прыглушаны праз хрып, прарэзлівы, сіплы, сіпучы, скрыпучы, сутаргавы, сухі, сыты, траскучы, халодны, хрыпаты, хрыплы, шалёны, ядраны.

Тарас Іванавіч кінуў спяваць, заліўшыся багатырскім смехам... (Я.Колас). Ды што з прыбоем — Не магу я ўцяміць: Ён выплеснуў на бераг негрыцянак, Іх станы гнуткія і белазубы смех (П.Панчанка). Уся Майкіна істота нібы поўнілася бязгучным, унутраным смехам (М.Лынькоў). Успамінаю Гогаля. Такога іменна, якім я жыў у тыя дні: з бясконцым, невычэрпным і, як спелыя яблыкі, сакавіта-смачным смехам (Я.Брыль). [Марыся] заліваецца вясёлым, высокім смехам (Я.Колас). Вясёлкавым смехам смяецца зямля... (М.Танк). Глашын смех такі раптоўна жаночы, глыбокі (А.Адамовіч). Толькі тады, калі яна засмяялася знаёмым мне грудным мяккім смехам, я здагадаўся, што гэта яна (А.Асіпенка). Старожка залілася вясёлым доўгім смехам (Я.Колас). Адзін Антось ужо смяецца Сваім закатным дробным смехам (Я.Колас). Ён [Жэня] чуў цяпер сяброўскі дружны смех, і здаецца, дарэчы было б праваліцца (Я.Брыль). Старая колькі хвілін пазірала на настаўніка, а потым засмяялася доўгім-доўгім смехам (Я.Колас). Там вясной шумелі травы, А ў кастрычніку — Лісты... Ты смяялася ласкава Звонкім смехам залатым (П.Глебка). З песнямі, з іскрыстым смехам Кожны кветкі падаваў... (П.Броўка). Яшчэ малюся труднай долі, Яшчэ звініць мой лёгкі смех (Я.Янішчыц). Распацешаны Зелянюк не мог стрымаць мімавольнага смеху (М.Зарэцкі). Жорсткасць нашу пакрываў, вязаў у адно наш невычэрпны, нястомны смех (Я.Брыль). І чуецца смех над вадою — звонкі, нястрымны (Я.Брыль). Зноў шчасцем кавалі ўстрывожаны, Каб выкаваць празрысты смех (В.Коўтун). Рачкоўскі... нечакана зарагатаў раздольным смехам (М.Зарэцкі). Артур адразу чуў вясёлы голас Санько і раскацісты смех Зімніцкага (А.Савіцкі). Тады ўжо — бо і нашы і іхнія дзверы былі адчынены на калідор — мы часта чулі яе [дзяўчыны] вясёлы, звонкі голас і сакавіты, здаецца, нават румяны смех (Я.Брыль). — Гэта ты, — пытаю, — Баравое рэха? — Я! — і залілося серабрыстым смехам (М.Танк). Чуў я смех ваш срэбразвонкі, Беларускія жанчыны — неўміручая краса (А.Звонак). Раптам чуецца тоненькі шчыры дзявочы смех (В.Быкаў). І пабегла гучна рэха Ад сасонкі да дубка І замерла тонкім смехам, Мяккім покатам клубка (Я.Колас). Часта рэдактар смяяўся — нейкім ледзь не дзіцячым хіхіклівым смехам, які цяжка было не падтрымаць (Я.Брыль). У Сымонкі ў вочках, твару Бегаў ціхі-ціхі смех (Я.Колас). І, дзеці, мы са смехам шчодрым Хутчэй на вуліцу ляцім (М.Танк). У гурце моладзі... чуліся то нечы абрывісты смяшок, то стрыманая рэпліка... (Я.Брыль). Невыразная, патайная гамонка часам перарывалася кароткім, адрывістым маладым смехам... (Я.Колас). Гукнуць спробуй — Не пачуе рэха, Толькі звер падчас завые Ашалелым смехам (Я.Купала). “Га-га-га!” — басістым смехам загрымеў на ўсю станцыю Садовіч (Я.Колас). У вушах — вісклівы Наташын смех... (А.Кулакоўскі). Пранізаў колкі смех, балючы ўскрык: “Гарбун спявае песню пра каханне!” (У.Някляеў). І выразней свае ніці Месяц звешвае ў дно цьмы І затрымлівае ў жыце Смех няясны, смех нямы (Я.Колас). Смех непадкуты Даволі коўзаўся (Р.Барадулін). Ён [Мацюха] засмяяўся кароткім, праз хрып прыглушаным смехам (Я.Брыль). Сутаргавы смех перакрывіў яе [Алесін] схуднелы жоўты твар (В.Адамчык). Колькі неразгаданых песень жыцця пераспявана табе [зямлі] за доўгія часы і гэтым сонцам, і гэтымі хмаркамі, і гэтым гоманам дажджоў, навальніц, і халодным смехам бялюсенькіх сняжынак! (Я.Колас).

2. Пра смех, які выражае пачуцці, настрой, стан, рысы характару чалавека: агністы, адабральны, адказны, асцярожны, ачышчальны, бадзёры, безаглядна-малады (аўт.), бесклапотны, бязвінны, велічны, вясёлы, гарачы, гарэзлівы, гарэзны, гуллівы, дабрадушны, даверлівы, дзіцячы, дзявоцкі, дзявочы, дзяцінны, добры, дураслівы, жаноцкі, жаночы, жыццярадасны, жыццесцвярджальны, задорлівы, задорны, задорысты, заразлівы, здаровы, крылаты, ласкавы, малады, мудры, нясмелы, паважны, памяркоўны, прыемны, прыязны, радасна-ўзбуджаны, радасны, разухабісты, рассыпчаты, салодкі, санцавейны (аўт.), сардэчны, светлы, слёзны (аўт.), смачны, стоены, сяброўскі, таемны, удзячны, уцешны, цёплы, чароўны, чысты, шчаслівы, шчасны, шчыры, ясны  агідны, атрутны, бессаромны, бестурботны, босы, бязлітасны, востры, вымучаны, вымушаны, горкі, дзёрзкі, дзікі, д’ябальскі, жудасны, журботны, задзірлівы, задзірысты, звярыны, з’едлівы, зларадны, злосны, іранічны, істэрычны, кіслы, кплівы, крывавы, крыўдны, люты, нацягнуты, невясёлы, недарэчны, нервовы, нядобры, нялюдскі, пагардлівы, прытворны, пусты, п’яны, салодзенькі, самаздаволены, свавольны, страшны, сумны, таўстаморды (аўт.), тужлівы, угодлівы, уедлівы, хітры, яхідны.

Валя стаіць і смяецца ўласцівым ёй агністым смехам, ад якога..., здаецца сыплюцца звонкія іскры (У.Краўчанка). Смех адказны, смех шчаслівы Ходзіць па пагорках (Я.Колас). Сваім саркастычным, ачышчальным смехам К.Крапіва дапамагаў змагацца з заганамі нашага грамадства (ЛіМ). Таму шапчу ўслед на голас звонкі, На смех ваш безаглядна-малады: Радзімыя, шчымлівыя жаўронкі, Дай бог сустрэць мне вас праз два гады (Я.Янішчыц). Бесклапотны смех як бы не даходзіў да яе [Ганны], не кранаў душу (І.Мележ). Недзе ў канцы вёскі ў дварэ пачуўся бесклапотны дзявочы смех (Т.Хадкевіч). І ратам з вуст яе [Веранікі] сарваўся Такі бязвінны, чысты смех, Што на яго злавацца — грэх (М.Багдановіч). Глянуўшы на таго, хто быў бліжэй, [Чарнамор] заліўся вясёлым доўгім смехам (Я.Колас). Чаму ж ён [снег] не завеяў Шляхоў да тваёй хаты, Тваіх слядоў ля студні, Гарэзлівага смеху, Маіх былых надзей! (М.Танк). У замеці коціцца звонкі Дзявочы гарэзлівы смех (С.Грахоўскі). Салодкае вяртанне ў красавіцкі сон. Там пад зімовай маскаю — Вясны гарэзны смех (Г.Бураўкін). Я дазваляла над сабой пажартаваць і пасмяяцца, бо смех твой велічным і чыстым, як рэха ранішняе, быў (Г.Каржанеўская). Смех — дабрадушны і кплівы, вясёлы і з’едлівы — ніколі не пераставаў гучаць сярод працоўнага беларускага люду... (Н.Гілевіч). Ганну раптам узяў дураслівы смех (І.Мележ). [Міхася] усё радавала, бадзёрыла: і стомленасць, што ўчэпіста трымалася, і задорлівы смех моладзі (І.Сіўцоў). І па жніву панесліся нястройна Ускрыкі, смех задорысты дзяўчат (К.Кірэенка). На верандзе казармы на поўныя грудзі спявае прыёмнік. Да цямна раздаецца здаровы, вясёлы смех (Я.Брыль). Смех у Ліды задорны, свавольны, як яна сама (М.Ваданосаў). Іх смех такі крылаты... Як ластаўкі, дзяўчаты Шчабечуць пад карнізам (Ю.Свірка). Трэсне лёд пад напорам вады, раскаваныя рэкі, крыніцы зашумяць, быццам смех малады, што не можа, не хоча спыніцца (Л.Геніюш). Разумнік не спяшаецца з адказам, У барадзе схаваўся мудры смех (Я.Янішчыц). Пры кожным трапным сказе ці выслоўі сам ён смяяўся паважным басавітым смехам (Я.Колас). А дзядзька быў рыбак заўзяты, Рыбак у ім тут абудзіўся, Як сонца, твар яго свяціўся, І ад прыемных ціхіх смехаў Чуць не да вуха вус заехаў (Я.Колас). [Багдан] заліўся радасна-ўзбуджаным смехам (А.Савіцкі). З-пад вясковых прыветлівых стрэх [мова] мілагучна звініш да світання, бы дзявочы рассыпчаты смех, быццам першае ў сэрцы каханне (Л.Геніюш). Чуецца ціхенькі радасны смех Люсі (В.Быкаў). Андрэй Андрэевіч..., хапіўшыся за бакі, прыпадаў аж да самых нар ад разухабістага смеху і рогату (М.Лынькоў). [Ядвіся] залілася самым вясёлым сардэчным смехам (Я.Колас). Яшчэ нас сустрэнуць гоні Беларусі Каласістым морам ураджайнай нівы, Санцавейным смехам І гарачым жнівам (М.Васілёк). Быў у дзядзькі Сцяпана і трохі святлейшы смех... (Я.Брыль). А ён [Алесь] зачырванеецца, зноў да шчаслівага, слёзнага смеху (Я.Брыль). Спыніўшыся, мы рагаталі тым смачным, здаровым смехам, які прыходзіць нячаста (Я.Брыль). Лагодны, замілаваны шэпт хлопца, ціхц стоены дзявочы смех так расчулілі чалавека, што ён заплакаў, заплакаў, як плачуць толькі мужчыны: скупа, горка... (Б.Сачанка). Абзавецца шчасны, звонкі смех, І з вачэй дзіцячых ён прагляне (К.Буйло). Прыемны шчыры смех наўкол, Застолля шум, жаданы госць... (П.Броўка). Пахлі сосны, узнімаўся над вадою блакітны вецер, і такі звонкі і чысты чуўся на беразе смех (М.Стральцоў). З ясным смехам і сэрцамі чыстымі За вавёркай [дзеці] бягуць па расе (П.Панчанка). Майстар смяяўся. Агідны ў яго смех, — бязлітасны, звярыны (З.Бядуля). Ці можа я з табой не ўмеў любіць вясёласць і дакоры, Не ўмеў любіць атрутны смех (П.Трус). І нейкі смех — не той, якім жыла, а вымучаны... (Е.Лось). Ды смеху было няшмат, і смех гэты быў гаркаваты, а часам і зусім горкі (Я.Брыль). З дзікім смехам учапілісь За косы і рукі... (Я.Купала). Цімох засмяяўся д’ябальскім смехам (Я.Колас). На яго [Саўкавых] губах бегаў салодзенькі смяшок (Я.Колас). І ён засмяяўся трапяткім зларадным смехам (Я.Брыль). Смех быў гэткім жа кіслым, як і заўсёдная палкоўніцкая міна (Э.Самуйленак). Дрыжыць агонь, як смех крывавы (Я.Колас). Успамінаю крык і таўстаморды смех над шэрымі штакетамі: “Божа мой, божачка!..” (Я.Брыль).

* Гоман-смех, смехі-жарты.

Ды аднойчы на марозе Абудзілі лес палоззі. Паміж дрэў пабег Дружны гоман-смех (К.Кірэенка). Дзяўчат спаткаю — смехі-жарты Пасыплюцца, нібы з мяшка... (А.Лойка).

@

СМУГА. Белаватая, белая, блакітная, бледна-сіняя, бледная, бялёсая, густа-сіняя, густая, жоўтая, залатая, залацістая, лёгкая, ліловая, палявая, паўдзённая, перадвясенняя, роўная, ружовая, сіняватая, сіняя, сонечная, тоненькая, тонкая, трапяткая, шкляная  змрочная, непраглядная, пажоўклая, пыльная, туманістая, туманная, халаднаватая, шызая, шэрая.

Сонца зацягнула густая белаватая смуга (А.Савіцкі). Пад блакітнай смугой тонка празрысцелі гурбы (М.Стральцоў). Родны край мой!.. Я бачу твае палявыя прасторы, спавітыя блакітнай смугой (Т.Хадкевіч). Уся далеч страчвала абрысы і нібы патанала, расплывалася ў бледна-сіняй смузе (М.Лынькоў). І дарогу гэту палявую У бялёсай жнівеньскай смузе Мне давеку ўжо любіць (Н.Мацяш). У густа-сіняй смузе вырысоўваліся, зліваючыся ў суцэльнае хвалістае мора, белыя аблачынкі квецені (Т.Хадкевіч). Дрыжыць, млее ў далечыні лёгкая, як муслін, блакітная смуга (І.Мележ). Вы развейце смугу палявую, Падсініце, вятры, далягляд (А.Пысін). Раскалыханы каласы Густой паўдзённаю смугою (А.Пысін). ...Раўніна... змыкаецца з сінеючым борам, які расплываецца ў перадвясенняй смузе (С.Александровіч). Ганна стала ўзірацца ў сіняватую смугу... (І.Мележ). Маім святлом, каштанавая свечка, ты ўспыхнула ў дзень сонечнай смугі! (Е.Лось). Трыццаць градусаў спёкі. Пад сіняй шкляною смугою Задыхаецца ў сонцы бляшанымі лісцямі сад (У.Караткевіч). Усё неяк адразу, рашуча і неверагодна змянілася ў змрочнай смузе, што асела над полем... (А.Савіцкі). Залацістая пыльная смуга шугала ад саламатрэса (М.Паслядовіч). На кожнай яблыні, на ліпе Смуга пажоўклая вісела (А.Бялевіч). Пасля на вуголлі пачала ўвачавідкі расці тоненькая смуга попелу (В.Быкаў). Далячынь густа спавівалася туманам, і хоць хмар не было, змрочная туманістая смуга падмыла далёкія хрыбты гор, дашчэнту затапіла даліну (В.Быкаў). Нейкая туманная смуга засцілала вочы... (А.Савіцкі). Кволасць і знямога, здавалася, былі разліты ў паветры..., у слабым зіхаценні ўжо халаднаватай смугі (М.Стральцоў). Смугою шызаю, агнём Нябёсы спальваюць планету (А.Пысін).

* Смуга-імгла, смуга-сінеча.

Смуга-імгла навісла над табой [народ], І п’еш ты зноў пакуты чашу... (Я.Колас). Ракету некалі ў смузе-сінечы Лягчэй пушынкі хтосьці павядзе (А.Пысін).

@

СНЕГ (снягі). 1. Пра колер, бляск; пра час выпадзення (снегу): белы, белы-белы, блакітны, бліскучы, блішчаста-мокры (разм.), бялюткі, вясёлкавы, залаты, залацісты, зіхатліва-белы, зіхатлівы, зіхоткі, іскрамётны, іскрыста-чысты (паэт.), іскрысты, ліловы, непераможна белы (аўт.), першародначысты, рубінавы, ружова-сонечны, ружовы, серабрысты, сіні, сонечны (паэт.), чыста вымыты, чысты-чысты, яркі, ясны  бледны, буры, жоўты, іржавы, сівы, чорны, чырвоны, шэры; адвечны, вечны, даўні, доўгачаканы, запазнелы, малады, першазімкавы (разм.), першародны, ранні.

На жоўтай-жоўтай пожні, на шэрай-шэрай грэблі, На сіняй-сіняй руні, На цёмнай-цёмнай пушчы Лёг белы-белы снег (М.Танк). І маўчым. Ды навошта словы, Калі падае ціха снег, Снег блакітны І снег ружовы (Я.Янішчыц). Ліпа засмяялася і пабегла... па чысценькім бліскучым снезе (Я.Брыль). Барвянае вогнішча датлявала на зубчастым грэбені пушчы, яго святло гасла на блішчаста-мокрых снягах і дрэвах (В.Карамазаў). Снег пушысты, снег бялюткі, Чыста вымыты сняжок! Дзе над рэчкай дол раўнюткі, — Абнавілі вербы, хусткі І сышліся ў гурток (А.Пысін). І гамонка, і смех, І над вуснамі пара, І вясёлкавы снег, І ажыўшая мара... (Г.Каржанеўская). І сонечны дзень, і снег залацісты Хвалююць і радуюць сэрца маё... (“Маладосць”). Іскрамётны, трохі нават звонкі снег сухім пылам пасыпаўся... з галін (У.Караткевіч). Люблю глядзець, калі бялеюць Іскрыста-чыстыя снягі (А.Бачыла). Такі іскрысты сёння снег! Такія белыя аблокі! (К.Цвірка). Трызніцца мне ўсё ліловы вечар, Вашы сляды на ліловым снягу (У.Караткевіч). Шэрае, ціхае мора. І свежы, зноў непераможна белы снег (Я.Брыль). Аб гэтым вясноваю ноччу прысніцца, Пракоціцца ў памяці песенным рэхам. На віленскі бэз, на віры, на званіцы Цярушацца зоры рубінавым снегам (П.Панчанка). Снег, як цуд зіхатліва-белы (П.Марціновіч). Звіняць санкі па шкляных рэйках ружова-сонечнага снегу (З.Бядуля). Меціць шлях на снезе сінім Водбліск знічкі залатой (А.Звонак). Яна [Насця] ішла весела, лёгка... усмешліва азіралася па баках на сонечныя снягі, дрэвы, сцежкі (В.Карамазаў). Снег дасвеццем перапаў Рана-рана. І ляжыць ён на дварах, На парканах... Чысты-чысты (Н.Гілевіч). На бледны снег ляглі мерыдыяны, Армейскія прамыя правады (А.Пысін). Змыла сонца ўсюды снег іржавы, Рамантуюць вуды рыбакі (П.Панчанка). Лёгкая, лагодная завея, Першародначысты, ясны снег (А.Лойка). Буран, як ашалелы, вые, Снег уздымаючы сівы (М.Танк). А ў памяці вечна стыне Белы снег, чырвоны снег, Чорны снег Нашай святыні — Хатыні (Г.Бураўкін). Пагарэлец таптаў снег бахіламі на адным месцы, мяккі цёплы снег пад ім асядаў, правальваўся, чырвоныя бахілы ўсё глыбей хаваліся ў шэрым снезе (В.Карамазаў). Перад ёю [хмаркаю] пачаліся высокія горы, вярхі якіх пакрывалі адвечныя снягі (Я.Колас). Многа паэзіі ў гэтай прыгожай краіне... Зялёныя раўніны Сербіі... Пакрытыя дрымучым лесам і вечным снегам на вяршынях горы Босніі і Герцагавіны... (Я.Брыль). Люблю цябе [Беларусь] у веснавых праталінах, У белай хустцы маладых снягоў (Р.Барадулін). Асыпала зорамі вецце, І снег першазімкавы чысты (П.Глебка). А ўрэшце ён ідзе, гэты доўгачаканы... снег! (А.Савіцкі). Ападае... красавіцкі запазнелы снег (В.Іпатава).

2. Пра гушчыню, хуткасць падзення (снегу); пра глыбіню і вільготнасць; пра характар сняжынак і стан снежнага покрыва; пра ўяўныя гукі, што ўзнікаюць пры падзенні снегу; пра характар фізічнага ўздзеяння на чалавека: бурны, густы, дробны, імклівы, лёгкі, невялікі, спакойны, спорны, ціхі  заложны, шалёны; вільготны, глыбокі, завільжэлы (разм.), ледзяністы, марозны, мокры, набрынялы, сухі, цёплы  гнілы, гразкі, стылы, сцюдзёны, узмяцелены, халодны; звонкі, рыплівы, рыпучы, скрыпучы, храбусткі, хрусткі; ахапісты, ачарсцвелы, ватны, зацвярдзелы, зашэрхлы, зляжалы, зыбкі, зыбучы, зярністы, калматы, крохкі, крупяністы, круты, лахматы, махнаты, наздраваты, наздрысты (разм.), некрануты, пульхны, пухкі, пушысты, пышны, рассыпісты, свежы, спрасаваны, счарсцвелы, сыпкі, сыпучы, топкі, тугі, усадзісты; важкі, жорсткі, казытлівы, колкі, кусючы, ліпкі, мяккі, пякучы, сляпучы, цяжкі, шарахаваты, шорсткі, шурпаты, яршысты.

Завея гудзе да відна, Ці помніш над Нёманам ты Снег гэты імклівы, густы, І як пачалася вайна (М.Танк). Пасыпаў дробненькі, гусценькі сняжок (Я.Колас). У твар з галля пасыпаўся лёгкі іскрысты сняжок (В.Карамазаў). Спакойны, сыпкі З самай раніцы Спадаў на сцежкі Ціхі снег... (Р.Барадулін). Нечакана пайшоў невялікі, але спорны снег... (Я.Сіпакоў). А пад поўнач пасыпаў сняжок, заложны, спорны, густы і сухі (Я.Колас). Такой вясны ў блакітным краі дзяды не бачылі і ў сне: падумаць толькі — сярод мая пайшоў круты, шалёны снег (В.Жуковіч). А на карнізах і парканах Ляжаў вільготны цёплы снег (С.Грахоўскі). Усюды ляжаў глыбокі роўны снег (Б.Сачанка). Снег ляжаў глыбокі, топкі (В.Карамазаў). Пацяплела. З мяккае ігліцы Апаўзае завільжэлы снег (С.Грахоўскі). Пад нагамі паскрыпвае свежы марозны снег (Я.Брыль). Калі пасыпаў чысты халодны дождж з ліпкім мокрым снегам, мы пайшлі дамоў (Я.Бяганская). І колькі тут ясных, бліскучых іскрынак На снезе марозным, сухім! (Я.Колас). Смала іскрыцца на кары, І толькі след на стылым снезе Гарыць палоскаю зары (С.Грахоўскі). Сцюдзёныя, блакітныя снягі Засыпалі двухсотага арыйца (П.Панчанка). Нічога больш рознакалёрнага, Як узмяцелены снег, Я не знаю (М.Танк). Не бядуй, што снег халодны Скрые землю ад вачэй: Не загіне край твой родны У тэй цемені начэй (Я.Колас). Звонкі снег сухім пылам пасыпаўся на іх з галін (У.Караткевіч). Здароў, марозны, звонкі вечар! Здароў, скрыпучы, мяккі снег! (М.Багдановіч). Пачарнелы снег быў наздраваты і храбусткі (І.Новікаў). Па снягах пушыстых хрусткіх Крокам юным, неакрэплым Па абшары беларускім... Госць ідзе... (А.Звонак). Дабраў лістапад барышы, І снежань над ім нахіліўся, Ахапісты снег на галінах, Як першы цяжар на душы (Р.Барадулін). Пад зацвярдзелым шэрым снегам шэраю была і вёска (Я.Скрыган). Пад самы канец зімы, напрадвесні, калі пад нагамі ўночы хрупасцеў зашэрхлы снег, Жэня правяла яго [Зыбіна] у партызанскі атрад (І.Мележ). Хісталіся ўбакі і нудна гаманілі над галавою хвоі, бы плакалі: з іх капала на зляжалы, зярністы, як жасцвяк, снег (М.Капыловіч). А ці ж можна забыць, Як шукаў да заімкі сцяжыну, Паміж сопак панурых У сініх зыбучых снягах (А.Звонак). Снег быў густы, важкі, калматы (ЛіМ). Снег яшчэ не сышоў... Мокры, крупяністы, як соль, ён... іскрыўся ўзбоч дарогі (Б.Сачанка). Пачарнелі сляды на счарсцвелым зімовым снезе (М.Хведаровіч). А снег ахапкам валіць — махнаты і густы (Н.Гілевіч). Цёплы снег увесь у цёмных крапках, Шорсткі, наздраваты і тугі, Ціха асядае (С.Грахоўскі). Пульхны снег закаціўся ў сумёт, Звонкім смехам, агнём заіскрыўся (А.Куляшоў). Спіць пад пухкім снегам поле (К.Буйло). [Снег] рассыпісты і, здаецца, зусім не падобны, на той, што гурбамі асеў вакол на палях, на чорных ялінах... (А.Савіцкі). Нібы шыпячых зычных збег, Спакойны, сыпкі з самай раніцы Спадаў на сцежкі ціхі снег (Р.Барадулін). Ноччу прайшоў добры ўсадзісты снег... (А.Кудравец). Да сыпкіх снягоў не прабрацца Халоднага неба святлу (А.Куляшоў). Ляжыць снег — сыпучы і мяккі, белы, бы чыстая радасць (В.Каваль). Сыпаў жорсткі снег (М.Лынькоў). Яна [Ліпа] адразу спалохалася — снег жа такі казытлівы, пякучы, — а потым засмяялася... (Я.Брыль). Часам падзьме вецер, і сухі колкі снег, як шрот, непрыемна б’е ў твар (М.Лупсякоў). “Сёння ў рэспубліцы — снег...” Зноў забыліся сіноптыкі ўдакладніць: Мокры ці сухі, лагодны ці кусючы... (М.Танк). ...Стаяў вакол снег. Сляпучы... (У.Караткевіч). Успомніцца яршысты снег... (А.Пысін). Калі падзьме вецер, сосны заківаюць вершалінамі, зашумяць і будуць абтрасаць ліпкі цяжкі снег (А.Жук).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (снегу): асцярожны, вясёлы, гарэзлівы, гарэзны, далёкі, добры, жаданы, залётны, лагодны, нечаканы, нявінны, нясмелы, пяшчотны, радасны  абрыдлы, вінаваты, глухі, дакучлівы, даўно забыты, легкадумны, лянівы (аўт.), маўклівы, мёртвы, невідушчы, непрытульны, сумны, суровы.

Ападае белы, асцярожны, красавіцкі... снег (В.Іпатава). Віруе снег, вясёлы, малады... (С.Законнікаў). Зноў снег. Ён мне прыпамінае Чамусьці дальніх санак бег, Дарогу без канца, без краю, Сяло, забытае ля гаю, І іншы снег, далёкі снег (М.Танк). Вяртаецца назад даўно забыты снег (У.Някляеў). Снег выпаў нечаканы, добры (М.Танк). Калі б рэчы гаварыць умелі, то сказала б хустка, што вяжу, як вятры над хатаю шумелі, як снягі залётныя марнелі, як тужыла я і як тужу (Е.Лось). Але дзіўней за ўсё зямля пахне зімою, калі выпадзе першы нясмелы сняжок (К.Каліна). Чысты, бязмерна добры стаяў вакол снег... Нявінны (У.Караткевіч). Звіняць капяжы, Растае ўжо абрыдлы, пачарнелы снег (В.Жуковіч). Боль расстайных дарог Студзіць снег вінаваты (Р.Барадулін). З нізкага цьмянага неба пасыпаў мокры, лянівы, дакучлівы снег (Я.Брыль). Яршысты і лагодны, снег прывідам узрос І з ім у тайнай згодзе мой вераснёвы лёс (Я.Янішчыц). Але там, дзе я ступіў, ніколі не было ні птушак і ні хваляў. Толькі вееў вецер на прыволлі Ды снягі маўклівыя ляжалі (М.Танк). Прагінае вецер кроквы, Мёртвы снег пластуе дах (У.Някляеў). Хай жа снег, непрытульны і колкі, Тваю памяць нястомна пячэ (С.Гаўрусёў). Ён бачыць высачэзныя горы з... суровымі і вечнымі снягамі... (З.Бядуля).

* Снег-крупасей, снег-пушок.

“Дождж-грыбасей, снег-крупасей... Адкуль вы мне прысніліся? (М.Стральцоў). Потым бярозы валіліся, асыпаючы з вецця снег-пушок (І.Мележ).

@

СНЯЖЫНКІ (сняжынка). Белыя, бялюткія, жвавыя, жывыя, зіхатлівыя, іскрыстыя, карункавыя, крылатыя, лагодныя, лёгкія, махрастыя, мяккія, нясмелыя, нячутныя, падмарожаныя, першыя, пушыстыя, пяшчотныя, рухавыя, рэдкія, сонныя, сумныя, сухія, сцішаныя, тужлівыя, увішныя.

Падаюць сняжынкі, дыяменты-росы, Падаюць бялюткі пад маім акном (П.Трус). І вось над хатай, над гуменцам Сняжынкі жвавыя гуляюць, Садок і дворык засцілаюць Бялюткім, чыстым палаценцам (Я.Колас). Было ціха. Бясконца падалі-кружыліся зіхатлівыя сняжынкі, нейкія іскрыстыя, карункавыя (М.Лынькоў). Вецер носіць лёгкія сняжынкі — Гэта восень ходзіць белай павай (А.Звонак). Гваздзічка белая рассыпана вакол — Нібы махрыстыя сняжынкі Ляглі на тонкія націнкі, Прыгнуўшы кволыя раслінкі, Аздобіўшы пясчаны гэты дол (Я.Колас). І вочы нават цешылі гэтыя першыя, нясмелыя сняжынкі (І.Мележ). Ляцелі на ліхтар сняжынкі, нячутныя і ціхія, бы начныя матылькі (М.Стральцоў). З галінак сыпаліся, пабліскваючы на сонцы, сухія падмарожаныя сняжынкі (В.Хомчанка). Ціха ападалі, кружыліся рэдкія сняжынкі (М.Лынькоў). Будзе біцца сонная сняжынка Крыльцамі сляпога матылька (Я.Янішчыц). Павольна падаў снег, кружыліся сумныя сцішаныя сняжынкі, старанна ўсцілаючы зямлю (І.Шамякін). Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі... (І.Мележ).

* Мухі-сняжынкі, сняжынкі-пушынкі, сняжыны-вестуны.

Ноч. Нада мной, над табою цярушыцца снег, Лётаюць, кружацца белыя мухі-сняжынкі (А.Звонак). Раптам нейк, Без залётных сняжын-вестуноў, Паваліў, нібы хтось яго [снег] кідаў ахапкамі (Н.Гілевіч). Сняжынкі-пушынкі ляцяць і ляцяць, І роўненька землю ўсю засцілаюць... (“Маладосць”).

@

СОН. I. Стан спакою, спачыванне.

1. Пра стан спакою, спачын чалавека: багатырскі, бестурботны, бясконца далёкі, велічны, волатаўскі, вольны, вялікі, галубіны (аўт.), гарачы, гаючы, глыбокі, доўгачаканы, доўгі, дрымучы, жалезны (аўт.), залаты, звонкі, здаровы, крэпкі, лёгкі, літасцівы, магутны, малады, моцны, мядова-малінавы (аўт.), радасны, ранішні, салодкі, светлы, смачны, спакойны, хмельны, ціхі, чуткі, шчаслівы  будкі (разм.), бясконцы, вялы, далёкі, даўкі, каменны, кароткі, ліпкі, ліпучы, мёртвы, млявы, мулкі, мутны, неадольны, нервовы, неспакойны, нямоцны, няроўны, пакутлівы, пакутны, палахлівы, палкі, стамлёны, трывожны, турботны, хваравіты, хуткацечны, цяжкі, чорны.

Букрэева бесклапотнасць і багатырскі яго сон заспакоілі трохі дзеда Талаша (Я.Колас). А ноч бярэ свае правы І сон прыносіць бестурботны (Я.Колас). Хутка сон, вялікі, магутны сон... зачыніў Ларысе вочы (Р.Мурашка). Спіць маладосць сном волатаўскім (М.Машара). Яна [жанчына] заснула вольным, спакойным сном (П.Панчанка). Рукі маці!.. Вы аж нылі ўвечары, Мілыя рукі, Спавіваючы нас перад сном галубіным (Н.Гілевіч). Пад разлівы песні хмарыць сон гарачы (М.Танк). Ах, чаму я, калі нарадзіўся, Чараўніцтву ў бабулі не ўчыўся! Не падгледзеў, якою вадою Акрапляла яна ўсё ліхое; Скуль прыносіла траваў дрымучых, Каб вярнуць сон спакойны, гаючы (М.Танк). [Валодзя] проста заснуў, — глыбокім сном, бясконца далёкім ад страшнай сапраўднасці (Я.Брыль). Ён сядзеў, баючыся паварушыцца, каб не патрывожыць гэты доўгачаканы гаючы сон (А.Пальчэўскі). Рвучы дрымучы сон..., Не спяць буравікі (А.Звонак). У тыя дні жалезным сном Пад сцюжай засыналі (П.Глебка). Спі, сыночак мой, сном залатым... (“Маладосць”). Як сон праляцела тая пара. І светлы, і залаты, і чорны, цяжкі сон (М.Гарэцкі). Мартын заснуў маладым, здаровым, крэпкім сном (Я.Колас). Хвалі зыблюцца пяшчотна, Навяваюць шчасця мары, Навяваюць лёгкі сон (К.Буйло). Насцечка ўжо дрэмле ў сваёй пасцелі, і, нарэшце, прыходзіць сон, моцны, салодкі, здаровы (К.Чорны). І падымаюць галовы мядзведзі, Што спалі ў мядова-малінавых снах (А.Пысін). У гэты смачны ранішні сон уварваўся далёкі... высозны, нібы з нябёсаў, голас (В.Карамазаў). Ім [касцам] таксама ўжо б дадому — Пасля працы адпачыць: Улагодзіць змору-стому Сном салодкім уначы (Н.Гілевіч). Ціхі салодкі сон, Спіць баявы батальён (М.Хведаровіч). Так прайшла для Андрэя з Марынай зіма, прайшла нібы ў хуткацечным шчаслівым сне (У.Шахавец). Будкі сон атрахаецца мігам (Н.Гілевіч). Нарэшце літасцівы сон наваліўся на яе (К.Чорны). На золку, калі сон звонкі, як кляновыя дзверы стукаюцца ка мне Дрывяты зялёнай хваляй... (У.Карызна). Я адразу заснуў каменным сном змардаванага чалавека (А.Карпюк). Ноччу яна не спала, забываючыся толькі пад раніцу кароткім, нервовым сном (І.Навуменка). Мяне горне ў салодкі, млявы, ліпучы сон (В.Быкаў). Данілу морыць мутны сон (Я.Колас). Людзі... забывалі і пра ўтому, і пра камароў, і пра ноч, хуткі час мёртвага сну (І.Мележ). Галава пасля мулкага сну была цяжкая (І.Новікаў). Заснуў Валожын трывожным і неспакойным сном (А.Жук). Лена спала нямоцным хваравітым сном (А.Кулакоўскі). Людміла не вытрымала, сон, даўкі, цяжкі, змарыў яе (Л.Арабей). Я сон твой палахлівы чую, Да раніцы паберагу (Г.Бураўкін). Безнадзейнае чаканне скончылася. Яна нібы прачыналася ад цяжкага, пакутлівага сну (І.Навуменка). У цёплай цішыні чулася роўнае, лёгкае дыханне Хведзькі ды стамлёны бацькаў сон (І.Мележ). Трызніш ты трывожна ў цяжкім палкім сне, Быццам ты на фронце, быццам на вайне (К.Буйло).

2. Пра спакой, здранцвенне прыроды: адвечны, велічны, вясковы, задумлівы, зводны (аўт.), зімовы, красавіцкі, летні, лясны, салодкі, серабрысты, чароўны, чуткі  лянотны, магільны, маркотны, мёртвы, моташна-мёртвы, непрабудны, суровы, трывожна-чулы, трывожны.

Над вадой ля берага ціха спіць асока, Ды лаза зялёная жаліцца-шуміць, Хвалі ціха коцяцца і бягуць далёка, — І ўсё навокал сном адвечным спіць (М.Багдановіч). Усё вакол як бы спала велічным лясным сном (У.Краўчанка). Жызнава пацягвалася пасля вясковага летняга лянотнага сну (І.Пташнікаў). Бор шумеў, навяваў зводны сон... (М.Багдановіч). Дрэмлюць прысады ў задумлівым сне (Н.Гілевіч). Сняжынкі на расстанне, Дажынак першы звон, Салодкае вяртанне ў красавіцкі сон (Г.Бураўкін). Перамог лес сон зімовы, сон маркотны і суровы... (К.Кірэенка). Дрэмле папараць з густой крушынай Лясным, чароўным, непрабудным сном (М.Танк). Свой прыгон распасцірае царства ночы: Салодкі сон, магільны сон Смяецца свету ўсяму ў вочы (Я.Купала). А гэты лес... Скрозь гэты мёртвы Сон зімовы Вядзе з Міхалам казкі-мовы (Я.Колас). Адна рака спіць серабрыстым сном Пад перазвон дзявочых галасоў (М.Танк). Дуб стары на касагоры Спіць трывожным, чуткім сном (Я.Колас). І спіць усё вакол Трывожна-чулым сном (А.Звонак). Пачарнелыя поле і луг ляжалі ў нейкім моташна-мёртвым сне (Цётка).

3. Пра пасіўнае існаванне каго-небудзь, чаго-небудзь; пра смерць: акамянелы, аслепны (разм.), белы, беспрасветны, векавы, зацяты, каменны, ланцужны (аўт.), ледзяны, марны, трывожны; адвечны, вечны, непрабудны, суровы.

Я гэты горад знаю з даўніх дзён, Дзе дрэмлюць замка гордыя руіны, Дзе ўзняў густое вецце ясень, клён Над сном акамянелым Гедыміна (М.Танк). Зганіце сон, аслепны сон, Збудзіце дух прыбіты свой, І ўдарце ў згоды гучны звон, І сабярыцесь [адродкі Белай Русі] грамадой (Я.Купала). Вы не будзіце, не будзіце, не ўскалыхніце сон [зімовай рачулкі]..., пакуль блакітныя лілеі Плывуць у белым сне (А.Пысін). І цень няволі знік, Як беспрасветны сон (М.Танк). Народу, абуджанаму ад векавога сну, патрэбны былі выражальнікі яго дум і пачуццяў (“Беларусь”). Падымаў ён [Купала] песняй ролі, Будзіў песняй сон зацяты (Я.Колас). Ён [звон] зваў да жыцця і да лепшае долі Усіх, хто сном каменным спаў; І сну ледзянога апалі аковы (К.Буйло). Пойдзем усе на Вялікае дзела, Досыць гніць у сне ланцужным, марным (Я.Купала). Спіць сном вечным Бандароўна І болей не ўстане, А над ёй пяюць старыя “Вечна спачыванне” (Я.Купала). І спяць салдаты сном магільным, непрабудным... (К.Кірэенка). Адказала поле шумам палыновым: “Не будзі таго, Хто спіць тут сном суровым (М.Танк).

II. Тое, што сніцца, трызніцца ў час сну: белы, блакітны, вараны (аўт.), вясёлкавы (аўт.), вясёлы, дзівосны, дзіўны, добры, досвітны, жывы, залаты (паэт.), запаветны, зваблівы, звабны, казачны, красачны, летуценны, лёгкі, неверагодны, прамяністы, прарочы, прываблівы, прыгожы, радасны, салодкі, светлы, сонечны, старажытны, чароўны, чысты, яркі, ясны  беспрытульны, бязрадасны, бясконцы, горкі, дарожны, жахлівы, жудасны, забыты, змрочны, кашмарны, крывавы, маркотны, мімалётны, набрыдлы (разм.), недарэчны, несалодкі, неспакойны, няспраўджаны, пакутлівы, прыкры, пудлівы, страшны, страшэнны, сумны, трывожны, тужлівы, цяжкі, чорна-белы, чорны.

Самотная, на печы — Даніна ўсё ж вясне — Журбоціцца аб нечым Бабулька ў белым сне (Г.Пашкоў). Няхай жыве блакітны сон і сок, што ў жылах дрэва набрынялых ходзіць! (Е.Лось). І гэткі настрой ляны, Што хочацца ў смешным парыве Прысніць вараныя сны На ўвітай дзядоўнікам грыве (Р.Барадулін). Ёсць куток на зямлі Казак, песень і мар, І вясёлкавых, красачных сноў (М.Танк). І ўспамінаюцца раптам дзівосныя сны... (В.Жуковіч). Малым прысніўся дзіўны сон, Што нехта ў шынялі паходным Прыйшоў, як бацька, сеў на ўслон (М.Танк). Ціха... Ціха... Салдаты спяць. Добрыя сны яны сёння сняць, Добрыя сны (П.Панчанка). Дом спіць. Не пазяхне пад’ездамі: Пільнуе досвітныя сны (А.Пысін). І адтуль [з маленства] шчымлівы, ледзь улоўны Выдых успамінаў, сноў жывых (А.Пысін). Радзіма наша, песня наша, Мой боль і сон мой залаты... (П.Панчанка). А сом вусаты, рыбіна нямая, Ў дрымоце бачыць зваблівыя сны (А.Пысін). Стала ты маім смуткам і сном запаветным (М.Калачынскі). Сніць Ягорка на прыдзвінскай вуліцы Казачныя, сонечныя сны (В.Лукша). Мая Радзіма, я цябе шукаю У гэтым лёгкім, летуценным сне... (К.Буйло). І сніліся старому фельчару трывожныя, неверагодныя сны (А.Кулакоўскі). На вуснах дзяўчынкі ўсмешка блукае. Куды яе сон прамяністы вядзе? (Н.Гілевіч). Сніцца кожнаму з нас свой прываблівы сон (П.Броўка). Розныя сны вярзліся: то страшныя, жудасныя, то радасныя, прыгожыя (Р.Мурашка). Самы радасны сон сніцца ў роднай хаце... (А.Вярцінскі). Як мне шкада, што столькі светлых сноў, Калі ўначы над намі зоры тлеюць, Сніў без цябе я (М.Танк). Старажытнымі ўзыходзяць снамі Горы, стэпы і лясная глуш (А.Пысін). І выклаўшы новы паверх, Мы дзівімся самі: Навокал муры ўстаюць Чароўнымі снамі (П.Панчанка). І часта-часта ў чыстыя сны іх [дзяцей вайны] Урывацца будуць галасы вайны (П.Панчанка). Мяне атульвае спакой, І нібы сон мне сніцца яркі (Я.Колас). Спіць пад ціхім снегам поле. Сніць яно аб новай долі Свой вясенні ясны сон (К.Буйло). Самы салодкі сон сніцца закаханым (А.Вярцінскі). Сплывала хмара беспрытульных сноў (Р.Барадулін). Вякамі глядзелі жанкі з-пад рукі, Чакалі мужоў і сыноў. І падалі зоркі, нібы светлякі, У прорвы бязрадасных сноў (П.Панчанка). Я не спаў, добра памятаю, што не спаў, але сніў сны, бясконцыя, цяжкія, жудасныя (І.Шамякін). Я золатам лічаных дзён сваіх Шчодра і ўпарта Плачу за дарожныя і мімалётныя сны (М.Танк). Божа мой, які, аднак, жахлівы сон! (М.Лынькоў). Уздай хвалу забытым снам, І цішыні, І гулкім гукам (Р.Барадулін). І забудуцца змрочныя сны (А.Бачыла). Будзе горасны час Нам тады ўспамінацца, Як страшэнны, Крывавы, Пакутлівы сон (П.Броўка). Старшыну Карпенку сніўся маркотны, доўгі сон (В.Быкаў). Ты [сонца] жыццё даеш мурашцы, птушцы, Ядлаўчыне, папараці кволай, Дзецям, што на матчынай падушцы Горкіх сноў не бачылі ніколі (Л.Забалоцкая). Дык ноччу сон кашмарны сніўся... (Н.Гілевіч). Нават, калі змогшыся, заснуў, нейкі недарэчны, набрыдлы сон не даў спакою (Р.Сабаленка). У мае неспакойныя, У мае несалодкія сны Прыходзіць начамі... Чарот (Н.Гілевіч). Я жыў у самых светлых марах У дні дваццатае вясны, Але канчаліся на нарах Мае няспраўджаныя сны (С.Грахоўскі). І ў снах пакутлівых узніклі, Неразгаданыя спакон, Каханых незямныя лікі (Г.Бураўкін). Плыве ў чаўне сярод туману ціша, Мой сон пудлівы да цябе плыве (Г.Бураўкін). Прарочыя сны пачалі ёй [Зосьцы] сніцца бадай кожную ноч (З.Бядуля). Ноччу мне прысніўся... страшны сон — вайна (А.Карпюк). А самыя сумныя сны — калі не чуваць вясны (А.Вярцінскі). Шыбы замёрзлыя лісцем ільду, Снамі трывожнымі... (М.Танк). Сніўся тужлівы сон (Я.Колас). Сны сняцца чорна-белыя (В.Хомчанка). Даволі чорных сноў ягоных... (З.Астапенка).

* Сны-неспадзевы, сон-трызненне, сон-уладар, цёмнік-сон, ява-сон.

Як разлагодзіла душу Мне гэта дрэва! На гэтым вецці калышу Сны-неспадзевы (М.Стральцоў). І зноў не то ява, не то сон-трызненне (П.Місько). А ва ўсім тым карагодзе Думак-вобразаў і мар Выкрадаецца, як злодзей, Цёмнік-сон, сон-уладар (Я.Колас). Мне хораша, што бачу яву-сон (Е.Лось).

@

СОНЦА (сонейка). 1. Пра колер сонца, яго яркасць: агнёвае, агніста-барвовае, агнявое, агнявокае (паэт.), барвовае, белабрысае (аўт.), белае, блакітнае, бурштынавае, густое, жоўта-аранжавае, жоўтае, залатакудрае (паэт.), залатое (нар.-паэт.), залаціста-вогненнае, залацістае, зіхатлівае, зіхоткае (разм.), зорнае, зыркае, зялёнае, іскрыстае, краснае (нар.-паэт.), лімоннае, лімонна-жоўтае, малінавае, нявыцвілае, пачырванелае, празрыстае, праменнае, прамяністае, пунсовае, пунсова-чырвонае, пурпуравае, ружовае, румянае, светлае, сярэбранае, чырвонае, чырвона-жоўтае, чыстае, янтарнае, яркае, яснае  бледнае, бялёсае, выцвілае, дымнае, замглёнае, засмужанае, затуманенае, крывавае, ледзь пацягнутае дымком, меднае, мурзатае, мутнае, няяркае, пахмурнае, сляпучае, цьмянае.

Агніста-барвовым, Нявыцвілым, яркім Усходзіла сонца Над ліпавым паркам (Н.Гілевіч). Звонкія песні. Гоман народу — бурлівы, густы. І над усім — агнёвае сонца (М.Зарэцкі). Агнявое наша сонца ярка свеціць над зямлёй (А.Александровіч). Здавалася б, нізкае барвовае сонца, што высвечвала сухадол па ўсёй яго няроўнай... шырыні, павінна было... пафарбаваць і цёмна-зялёную атаву... (І.Чыгрынаў). Чырвань морам ліецца над гаем, А здалёку, з-за цёмнага бору, агнявокае глянула сонца (Я.Журба). Ён [Царук] зірнуў на хату, над якой вісела белае, у смузе, сонца (І.Пташнікаў). Белабрысае сонца рагатала ў небе і спускалася на зямлю жоўта-чырвонымі каснікамі (В.Каваль). Гатоў ізноў ісці на мукі, і замярзаць, і галадаць, Каб нашым дзецям і ўнукам Не бомбы ў спадчыну аддаць, А Радзіму, ды чыстыя ліўні, Ды зялёнае сонца лесу, Ды блакітнае сонца мора, Ды янтарнае сонца жыта (П.Панчанка). Уверсе, над галавою,... прастор блакітнага неба, аздобленага бурштынавым сонцам... (Ц.Гартны). Бяссонніцу праносяць інваліды Па вуліцах дваццатага стагоддзя. У іх вачах гарыць, не патухае Ці то чырвонае густое сонца, Ці бітваў незакончаных агонь (Г.Бураўкін). Што ж ты не пацешыш нас, сонца залатакудрае? (М.Чарот). Краса зямлі, што скута мерзлатою, Краса жыцця, схаваная ў снягах, Каб трапятала сонца залатое У нашых ператруджаных руках (А.Звонак). Цішыня і спакой, а ў небе — жоўта-аранжавае сонца... (“Маладосць”). Калі ўзнялося зіхатлівае сонца, над танкавымі калонамі ў бязвоблачным лагодным небе паявіліся нашы знішчальнікі (І.Мележ). Стомлена жмурачыся ад зіхоткага сонца [Ганна] перавяла позірк на поле (І.Мележ). Пайшла прасіць яна [Ірынка], Прасіць, каб сонца зорнае Не кінула палі, А кветкі сінявокія Зноў на палях цвілі (М.Танк). Сонца ўзышло зыркае і дружна ўзялося за рачныя туманы (М.Лынькоў). На Поўначы было лета. Роўна свяціла белае, іскрыстае... сонца (М.Стральцоў). Там і сонца краснае не ззяе (М.Багдановіч). Туман ужо спускаўся ў нізіны, малінавае сонца пазалаціла зубчастыя верхавіны лесу (С.Грахоўскі). Сонца, пачырванелае, круглае, ужо вісела над гарызонтам (К.Цвірка). Улетку праменнае, шчодрае сонца Дарыла святло сваё нівам бясконца (П.Макаль). Калі ўзнімалася над чэзлым балотным алешнікам сонца, светлае, прамяністае, ад інею аставаліся толькі цемнаватыя плямы вільгаці (І.Мележ). Залатымі праменнямі сочыцца смех На празрыстага сонца касцёр (П.Глебка). Як толькі дзядзька адчыніў старыя скрыпучыя дзверы, у гуменца хлынула маладое румянае сонца (Я.Брыль). Вярнуліся, калі сярэбранае сонца распаленым краем кранулася гарызонта (У.Шыцік). Ледзь прыкметна, над самым даляглядам, прадзіралася чырвона-жоўтае сонца (І.Новікаў). У Ялоўцы ён [дзед Гарох] не заседзеўся, выбраўся з яе недзе папоўдні, калі сонца, белае і чыстае, ледзь пацягнутае дымком, блішчала на пушчу з яшчэ ладнаватай вышыні (В.Карамазаў). Праз іх [воблакаў] прагаліны прарывалася яркае, але ўжо халоднае сонца (Я.Скрыган). Каласы ў ясным сонцы звіслі пад цяжарам жыта (К.Буйло). Ад пылу-дыму ўсё сонца мурзатае, затуманенае (С.Баранавых). За высокім... помнікам схавалася парнае, але бледнае сонца (Ц.Гартны). Сонца было нейкае пахмурнае, мутнае (М.Лынькоў). Заўтра раніцай сонца ўзыдзе крывавае, Праплывуць над акопамі журавы (П.Панчанка). Далеч марозная сонцам няяркім прасвечана (А.Звонак). Каршун быў збоку ад зыркага сляпучага сонца (І.Грамовіч). Цьмянае сонца выплывала з-за хмар (У.Караткевіч).

2. Пра тэмпературу, памер, вышыню над гарызонтам; пра час з’яўлення (сонца): бязлітасна гаручае, гарачае, парнае, пякучае, распаленае, расплаўленае, спякотнае, цёплае  азяблае, зледзянелае, зябкае, ледзяное, марознае, сцюдзёнае, халоднае; агромністае, велізарнае, велічэзнае, высокае, вялікае, невысокае, нізкае, паніжэлае, разгоністае; вечаровае, восеньскае, летняе, маладое, паўдзённае, перадвячэрняе, позняе, ранішняе, ранняе, світальнае, юнае.

Пад паўдзённым сонцам яркім, Пад бязлітасна гаручым, На Эгейскім сінім моры... Макранісас — востраў смерці (М.Танк). Гарачае сонца цяплынь пасылае вясне (А.Звонак). Ліпеньскае сонца падымаецца ў поўдзень. Пякучае, расплаўленае — разлівае ліпкую стому і смагу (Я.Скрыган). Над... вішняй навісла распаленае сонца (Я.Васілёнак). Тварэц-чалавек, пакаральнік зямлі і нябёс Пад сонцам спякотным, пад ветрам калючым і сцюжным На крыллях часін тваю [працы] жорсткую праўду прынёс (А.Звонак). Сонейкам цёпленькім, зеленню вабнаю Абдаравала зямельку вясна (Я.Купала). Мне сумна, сумна і лёгка..., калі ў сумётах азяблае сонца загрузне па пояс... (Т.Бондар). Гуляю па Поўдні, — А ў небе, як краб у палонцы, Высушвае промні Тваё зледзянелае сонца (У.Някляеў). Чырвонае марознае сонца ўпала ў лес (І.Шамякін). Смуга прытушыла нізкае сцюдзёнае сонца (В.Быкаў). Свеціць шчодра халоднае сонца (К.Буйло). Далёка... [над балотам] чарнелі хмызнякі. За іх спускалася вялікае сонца (К.Чорны). ...Вялізнае барвовае сонца на небасхіле, такое свежае, як вынуты з печы каравай хлеба (М.Гамолка). І ўзыдзе і зойдзе высокае сонца, І месяц устане ўгары (Я.Колас). Восеньскае невысокае сонца грэе ласкава (Я.Скрыган). І сонца ранняга прамень Апавясціў пра новы дзень (В.Жуковіч). У дрымотны летні адвячорак, калі паніжэлае сонца губляе свой спякотны напор, Іванка вяртаўся на хутар (В.Быкаў). Сонца выкацілася з-за лесу разгоністае, велізарнае (М.Гамолка). А перш за ўсё ён [Праташчык] пойдзе, здаўшы машыну, на возера, заплыве на востраў, ляжа нерухома і будзе чуць, як пахне пясок, вада і журботнае вечаровае сонца (А.Жук). Між... [аблокамі] скупой радасцю праглядвала восеньскае сонца (В.Быкаў). З-за цёмнага лесу пырснула першым промнем ранняе летняе сонца... (А.Жук). Ранішняе сонца толькі-толькі набірала сілы, як Астап прачнуўся (М.Лынькоў). Лявон адчуў тады, што маладое сонейка Не для яго вачэй... (П.Панчанка). Ах, сонца, сонца світальнае (В.Зуёнак). Угору штурхаць пачалі хвалі юнае сонца... (Р.Барадулін).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (сонца): асцярожнае, бяссоннае, вясёлае, гордае, гуллівае, даспелае (аўт.), дбайнае, добрае, доўгачаканае, жыватворнае, жывое, лагоднае, ласкавае, лёгкае, магутнае, маладое, мяккае, незгасальнае, непагаснае, нясмелае, прыгожае, пухлае, пяшчотнае, радаснае, радасна-ўрачыстае, раскошнае (аўт.), рахманае, роднае, сакавітае (аўт.), салодкае (аўт.), свежае, трапяткое, тугое, ціхае, шчодрае, шчырае  абыякавае, асавелае (аўт.), барвова-стомленае, босае (аўт.), бязлітаснае, вялае, гнеўнае, дзіўна аграмаднае, журботнае, заспанае, збуджанае, злавесна барвовае, калючае, ляное (разм.), масленае, мёртвае, напалоханае, нелітасцівае, неміласэрнае, нячулае, падманлівае, разамлелае, раўнадушнае, салёнае (аўт.), скупое, соннае, стомленае, страшнае, ужо аслабелае, уморанае, цяжкое.

Асцярожнае сонца з голых асін Выпаўзае на ціхі сінічы свіст (У.Караткевіч). Вызначаючы кароткі начны шлях бяссоннага летняга сонца, на поўначы святлела паласа суцэльнай зары (Я.Брыль). Мігціць, смяецца вясёлае сонца, рыжаватым золатам іграюць галоўкі і каліўцы лёну (Я.Брыль). Яркае гуллівае сонца біла цёплымі праменнямі ў ветравое шкло, сляпіла вочы (І.Дуброўскі). Ты пахнеш блізкім даспелым сонцам, Я чую сэрца твайго грымоты (Р.Барадулін). Разам з дбайным сонцам аглядаць Гэтыя бяскрайнія ўладанні Бусел падымаецца з гнязда (М.Аўрамчык). Добрае летняе сонца прыпякае як мае быць (Я.Скрыган). Грэла доўгачаканае сонца (Я.Брыль). Неўзабаве выплыла з-за хмаркі жыватворнае летняе сонца (А.Кулакоўскі). Няхай не супакойвае нас мірная, усеабдымная цішыня над палямі і лясамі, пад сінім небам і лагодным сонцам (І.Мележ). Увосень цвітуць на ўзлеску за ракою верасы, залітыя ласкавым сонцам (Я.Брыль). Пад майскім лёгкім сонейкам, маўклівы, Зачараваны, ў мураве стаю (В.Жуковіч). ...Над зямлёю Узышло і свеціць Сонца маладое (А.Александровіч). З высі магутнае сонца Як гляне — ветру нізвання! (П.Броўка). Побач раскошна ласкавеў у цёплым і мяккім перадасеннім сонцы, буяў... бадзяк (Я.Сіпакоў). І сягоння над роднай зямлёй ён [Пэтэфі] узнятай вітае рукой Незгасальнае сонца свабоды (М.Танк). Усё ў ім [сонцы] ёсць, І ўсё магчыма З ім, непагасным, на зямлі. Бо з ім не дасць, не дасць Айчына, Каб вы забылі, дзе ўзраслі (К.Кірэенка). Сонца паволі ўзнімаецца над ляснымі прасторамі, яшчэ зябкае, нясмелае, празрыстае (М.Лынькоў). А сонца такое прыгожае — Ясна свеціцца... (К.Кірэенка). Сонца, пухлае, уморанае за дзень да чырвані, масцілася нанач за лесам (І.Капыловіч). Яно [сонца] такое ласкавае і пяшчотнае, і так мілуе душу (Я.Сіпакоў). О той прастор абноўлены і чысты! Сплылі туманы лёгкія, і ў ім здалося сонца радасна-ўрачыстым, нібы ніколі не было такім (Х.Чэрня). А зверху — раскошнае сонца і белыя воблакі (Я.Брыль). І ў гэты ранак светла-звонкі З рахманым сонцам на чале Спявалі пеўні... і дапрызыўнікі ў сяле (А.Грачанікаў). І ў ранішнім святле роднага сонца ясным быў яе [маці] твар, хоць па маршчынах міжвольна каціліся слёзы (Я.Брыль). У Ціхву, дзе сонца, Нібы мандарын, Салодкае і сакавітае, Паедзем... (У.Някляеў). Усе падышлі да берага і стаялі ў суровым маўчанні, не зводзячы воч з велічнай плыні ракі, у якой, як у люстры, адсвечвалася трапяткое сонца (М.Лынькоў). У вочы балюча ўдарыла тугое ранішняе сонца (Я.Сіпакоў). Лепей за ўсё мне на свеце мясціна Тая, дзе я нарадзіўся і ўзрос, Бэз пад акном і на полі каліна... Ціхае сонца, блакіты нябёс... (К.Кірэенка). Стаялі волаты-дубы, падставіўшы шчодраму сонцу свае вершаліны, раскінуўшы магутныя галіны (Т.Хадкевіч). Адагрэты шчырым сонцам, Радзім радаваўся, што ўрэшце трапіў у гэты рай (Я.Сіпакоў). Узляцеў проста ў неба, насустрач блакітнаму, абыякаваму да ўсяго сонцу (У.Караткевіч). Чулася восень — з яе апусценнем, асавелым нізкім сонцам... і подыхам блізкага холаду... (М.Ракітны). У вузкіх, зялёна-ажурных проймах лістоты, паміж дрэвамі... бясконца паказваецца вялікае, барвова-стомленае сонца (Я.Брыль). А толькі сонца босае Абдасца ў травах росамі... (А.Вялюгін). А сонца! Ласкавае і бязлітаснае сонца. З ім жарты нядоўгія (І.Грамовіч). Вялае, добрае сонца жнівеньскай раніцы. Без звароту мінулая маладосць... І песня! — словы... па-сыноўняму тужаць... (Я.Брыль). Над галавой, у маленькім, як пятачок, прасвеце, гнеўнае сонца (У.Караткевіч). Дзіўна аграмаднае, злавесна барвовае сонца трывожыла яе [Насту] і гняло (А.Савіцкі). Рог пастуха будзіць сонца заспанае, Мякіш цішы праглынае гушчар (А.Александровіч). Але яшчэ грэе роднае журботнае сонца, яшчэ цёпла ад яго і не хочацца да чужога, дзе гэтак ярка, светла, дзе гэтак цёпла і так нудою студзіцца душа (А.Жук). І толькі збуджанае сонца Праменні кінула над логам (М.Танк). І адразу з Жоўтага Берага сцебанула па твары калючае сонца (І.Пташнікаў). Сонца, ляное і гарачае, спынілася на паўнеба... і кружыцца па ім (П.Галавач). За садамі толькі-толькі ўсплыло масленае, як скалачка, сонца (М.Лобан). Як далёкі сцюдзёны маяк, сонца мёртвае за акном (У.Караткевіч). Паказалася, зірнула з-за хмар сонца, але не ранейшае, лагоднае і вясёлае, а нібы астуджанае, нечым напалоханае (Б.Сачанка). Людзі кінуліся да вагонаў..., хочучы схавацца ад неміласэрнага сонца (К.Каліна). Спі, спі! Покі сонца на небе нячулае Узойдзе гуляці над светам (Я.Купала). Разамлелае сонца як быццам застыла ў нерухомай вышыні (І.Мележ). З раніцы паказалася сонца — скупое і падманлівае (У.Шыцік). Я недзе яе на ўзбярэжжы знайду, Хоць дзюны дымяць, непагодзіць, Соль вочы грызе і за хмарамі дум Салёнае сонца ўзыходзіць (М.Танк). За дальнімі халоднымі лясамі Ірдзее сонным сонцам небакрай (У.Караткевіч). Стомленае сонца бліскучымі стрункамі... свяціла на зеленаваты мох (В.Адамчык). Амаль такое ж страшнае сонца мічман бачыў год з восем назад, калі ўраганны вецер іх кінуў у самае “вока тайфуна”... (У.Караткевіч). Шкада было і добрага, ужо аслабелага сонца, і голых, бедных палёў, і яркіх агністых дрэў, што вось-вось павінны былі страціць сваю красу (І.Мележ). Цяжкое сонца... Нырнула ў бор... (В.Лукша).

* Сонейка-крылацейка, сонца-шар, сонца-шчасце, сонца-яснагрэй.

Як жывеш без мяне, Сонейка-крылацейка? (Я.Янішчыц). І калі ў возера спускаўся На ноч чырвоны сонца-шар, Глядзеў на хвалі я (П.Броўка). Сон свой бачыла Алёнка, Сонца-шчасце сваё сніла (К.Кірэенка). [Вясна] Сонцу-яснагрэю Расплятле косы, Раніцамі сее, Як брыльянты, росы (Я.Купала).

@

СПАКОЙ. I. Адсутнасць шуму; цішыня: адвечны, бязмежны, велічны, вечаровы, вечны, вялікасны, вялікі, вячысты, глыбокі, густы, дзівосны, дзіўны, дрымотны, загадкавы, залаты, зачараваны, зманлівы, крыштальны, ласкавы, лёгкі, лугавы, марозны, мудра-ўрачысты, мудры, неабдымны, неабудны, непрабудны, нетрывожны, перадвячэрні, першабытны, прадвечны, прадвячэрні, самавіты, санаторны (аўт.), святы, свяшчэнны, спрадвечны, урачысты, ціхамірны, ціхі, ясны  аглушальны, амярцвелы, безнадзейны, глухі, зацяты, згублены, змрочны, мёртвы, млявы, насцярожаны, падманлівы, пануры, сонны, строгі, суровы, сыраваты, трывожны, халодны, чорны.

Адкуль у прыродзе столькі прастаты, Адвечнага мудрага спакою, Амаль чалавечай дабраты? (В.Вярба). Велічны і бязмежны спакой млеў пад чыстым і высокім сонцам (В.Адамчык). Ёсць такі час, калі ўсё выспявае, і нішто тады не трывожыць велічнага спакою, які ахоўвае расліны (П.Броўка). Сядзіць ён [Мележ] наводшыбе ў ложы: Самотны — як вечны спакой, Як казачны волат — прыгожы (Н.Гілевіч). Сціскаюць моцна нашы рукі зброю. Не рушце нас. Не цяжка зразумець: Капцы жадаюць вечнага спакою, Жывыя — працаваць, кахаць і пець (У.Караткевіч). У вячыстым спакоі шумелі сосны і хвоі (А.Куляшоў). Падалося, што нехта накрыў гарадок цёмным купалам неба..., каб ніводзін... не парушыў глыбокага асенняга спакою (М.Дзелянкоўскі). За ракой у густым лугавым спакоі Пастуховай пугі ляскае стрэл (У.Караткевіч). Дрэмле ўсё ў дзівосным спрадвечным спакоі: і горы, і вечныя снягі... (“Маладосць”). Устрывожаны песняй узнёслай Дрымотны спакой на палях (П.Панчанка). Цішыня. Загадкавы чорны спакой. Каваль зашпіліўся: мароз запаўзаў пад кажух (А.Савіцкі). Залатым спакоем вечаровым Я прыйду ізноў у дзень другі (В.Іпатава). Загадай, у сасны якой Паляцела зялёная вейка? Гэты зачараваны спакой Чараўніца альбо чарадзейка (Р.Барадулін). Ці чуецца ў зманлівым спакоі Мелодыя расстайнай завірухі?.. (Я.Янішчыц). Лёгкі, ясны, у затоеным смутку, спакой марудна плыў над засмужанай зямлёю... (В.Адамчык). Толькі ўслухацца лепш у марозны спакой, Толькі вочы закрыць на хвіліну — І пачуеш дыханне далёкіх вякоў (Г.Бураўкін). Унукі і праўнукі нашы! Я чую ўжо ваша дыханне У мудра-ўрачыстым спакоі... (А.Грачанікаў). ...Тайгі неабдымны спакой Змяніў на падманшчыцу-ліру, На ўтульны і ціхі пакой... (А.Звонак). Сонца купае ў расінах усмешку, Скрозь — урачысты крыштальны спакой (С.Законнікаў). Прывітанне тваім каравелам, Што гайдае на хвалі вада, І на правым баку і на левым Каравел, каравел чарада. І — з такім нетрывожным спакоем, Бы пад імі няма глыбіні (А.Пысін). Чымганскія высі напоўнены мірам. На горах заснуў першабытны спакой (Я.Колас). Цішыню прадвечнага спакою Кіпарысы вартай сцерагуць (М.Танк). У перадвячэрнім спакоі рэзка вылучаецца маркотнае курлыканне жораваў (К.Крапіва). У пошуме лесу былі нейкі самавіты спакой і задуменнасць, нейкая свая таямнічасць (У.Паўлаў). Пуцёўка — віза за рубеж жыцця — У царства санаторнага спакою (П.Макаль). Урачыстасць, сон і спакой святы Запынілі сваю тут дарогу (Я.Колас). Спакой урачысты захоўваюць далі, Птушыныя ловяць песні-размоўкі (Я.Колас). Цішыня над гэтым лужком і ціхамірны, як сонны, спакой травы супакоілі і яго самога (Я.Сіпакоў). Вазы адскрыпелі ў нізіне І стаў аглушальны спакой (П.Панчанка). Спакой халодны, амярцвелы Паклаў на ўсё сваю пячаць (Я.Колас). Бераг адкрыўся нечакана... Халадком і безнадзейным спакоем веяла стуль (У.Караткевіч). І крэпасць маўчыць за ракой, Маўчыць у зацятым спакоі (А.Бачыла). Я ўбіраю добрыя прыкметы, Зямлі шаную згублены спакой (С.Законнікаў). А навокал быў спакой, змрочны, падманлівы (К.Чорны). Вуліца была ціхая, рэдкі прахожы парушаў гэты млявы спакой (Н.Маеўская). Мяне ўжо радуе і тое, Што ночка стала ўбываць І што ад мёртвага спакою Пачне прырода ажываць... (Я.Колас). У начным насцярожаным спакоі рэха ад іржання [коней] пайшло па ўсёй вёсцы... (А.Кулакоўскі). І гэта сцішанасць, і сыраваты прадвячэрні спакой, і засяроджанасць — усё неяк балюча і прыемна кранула Максімава сэрца (А.Кудравец).

II. Душэўная раўнавага, супакаенне: гаючы, глыбокі, душэўны, жаданы, ласкавы, мірны, мудры, небывалы, невыказны, непарушны, прыемны, радасны, самавіты, суцішаны, ціхі, шчаслівы, ясны  высакамерны, жорсткі, журботны, закамянелы, згублены, здзеклівы, млявы, непрытульны, сонны, сыты, тупы, цяжкі.

Як ні старалася яна [Люба] забыцца, але душэўны гаючы спакой не прыходзіў (“Маладосць”). У вачах ласкавы спакой, трошкі крыўды і трошкі спадзявання (А.Кулакоўскі). І мудраму спакою заўсміхаешся (Н.Гілевіч). Прыйдуць небывалы спакой і яснасць. І ён [Лагацкі] тады неяк па-новаму гляне на сябе і на людзей (М.Стральцоў). Невымоўна прыемна было ляжаць вось так на спіне, адчуваючы непарушны спакой (Т.Хадкевіч). Ад дзяўчыны вее раўнавагаю і невыказным спакоем (У.Калеснік). Нуда скончылася, уперадзе, зусім блізка, была доўгачаканая мэта — канец усіх трывог і час прыемнага спакою (І.Мележ). Відаць, гады, што сталі ўжо маімі, Шануюць лепш суцішаны спакой (А.Пысін). Увесь дзень яна [Ганна] жыла ў нейкім радасным і адначасова ціхім спакоі (І.Мележ). На смуглым худым твары ціхі шчаслівы спакой... (М.Ракітны). Чалавечае шчасце — ...Гэта ясны спакой пасля рупнага ўвішнага дня (К.Кірэенка). Конюх з тупым і высакамерным спакоем зрабіў выгляд, што не чуе (І.Дуброўскі). Усё ў ім было напоўнена самавітым спакоем... (А.Асіпенка). “Я думаў, што вы нежывы”, — сказаў чалавек з жорсткім спакоем (К.Чорны). Цяжкі, закамянелы спакой наклаўся адбіткам на твары (Х.Шынклер). Ды, пэўна, у млявым спакоі і тыдня не пражыву... (В.Іпатава).

@

СПЕЎ. 1. Пра гучнасць, працягласць спеву, пра яго характар: адвечны, аптымістычны, бязмежны, бясконцы, густы, гучны, залівісты, заўзяты, звонкі, зорны, несціханы, неўніманы, новы, нямоўчны, пакручасты, празрысты (аўт.), светлы, серабрысты, стогалосы, ціхі, шматгалосы  стары.

Дождж жыцця, Зялёных долаў свята... Слаўлю спеў твой, Ціхі і заўзяты, І адвечны і заўсёды новы! (Н.Гілевіч). З-пад пяра Алеся Гурло з’яўляецца аптымістычны спеў “Не тужы” (М.Хведаровіч). Восень спеў вяла бясконцы, З ветрам ходзячы ў кустах (Я.Колас). Люба слухаць той спеў, Несціханы, густы, І пад песні яго [ручая] Адпачынеш і ты (Я.Колас). Краіна родная, прымі ж маё вітанне, Прымі мой зорны спеў, далёкая сястра (П.Трус). Пакручасты і звонкі ...спеў салаўя наблізіўся... (А.Савіцкі). Світання спеў празрысты, Ты ў ім цвіла, жыла (С.Законнікаў). І сам у выраі ўжо дзядзька — Жыццё правёў, як светлы спеў (А.Пысін). Цябе [песню] штодзень я па радку збіраю... Там, дзе дваіх світанне застае, Дзе салавей рассыпаў спеў Срабрысты (П.Макаль). Звон гэты і шматгалосы птушыны спеў у шчодрых, пранізаных сонцам зарасніках... чуліся тут цудоўнай песняй жніўня (І.Мележ). Ты злажы нам песню волі, Песняй шчасця залівайся, Ціхім спевам нівы ў полі Ў струнах сэрца адклікайся (Я.Колас). Эх, родныя пушчы, бары!.. Дзе вецер, вандроўнік жартлівы, вясёлы, Высвіствае спеў свой стары (Я.Колас). Цябе вітаюць спевам ціхім каласы, пераліваюцца — віюцца галасы (У.Дубоўка).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (спеву): вабны, вечна малады, гарэзны, гожа-ціхі, гожы, дзівосны, дзіўны, ласкавы, мілагучны, мілы, нечуваны, нязнаны, прыемны, пяшчотны, светлы, таемны, таямнічы, узнёслы, урачысты, цудоўны, чароўны  агідны, гаротны, журботны, пастылы, самотны, сумны, фальшывы.

Пяшчотны, вабны спеў крынічны, Бывае, не кране нас (К.Кірэенка). Тым агнём душа сагрэта... Ён чаруе сваім словам Спевам вечна маладым (Я.Колас). Ганна ж быццам і не чула іх гарэзнага спеву (І.Мележ). Так на полі ў вечар мая Ветру лёгенькі павеў Чуць калосікі гайдае Ды з іх гутаркі складае Нейкі гожа-ціхі спеў (Я.Колас). Гэты спеў дзівосны Чары навявае І такія казкі Слаўныя складае! (Я.Колас). І сама сабой галоўка Заварушыцца, кіўне У тахт нейкім дзіўным спевам (Я.Колас). І зноў ў чароўны край прадвесні Мучыць душу дзіўны спеў (К.Буйло). Жыта збажынкі лёгка гнуцца І людзям радасна смяюцца Сваім прыемным мілым спевам Пад лёгкім ветрыку павевам (Я.Колас). Спявайце [паэты] спевам нечуваным На мове любай вам зямлі! (Н.Гілевіч). Слухаў хлопчык спеў нязнаны І няспеваны нікім (Я.Колас). Прыйшлі на вузкія загоны, Дзе каласочкі шумы-звоны У таямнічы спеў злілі, Упаўшы чолам да зямлі (Я.Колас). Гудуць дубы па-над Дняпром. Каб лепей чуць іх спеў узнёслы, Мы ціха міма іх плывём, Не налягаючы, на вёслы (М.Танк). Нам люба слухаць спеў яго [дуба] ўрачысты (Н.Гілевіч). Шуміць, шуміць чароўны спеў Зялёным верхавіннем дрэў (П.Броўка). Агідны спеў заўсёды — спеў фальшывы. Прыродзе ж невядомы гэткі грэх (Н.Гілевіч). Люблю я ветру спеў гаротны (Я.Колас). Выйдзі ў поле, глянь, паслухай: ...Ці не ўловіш сэрцам чуткім Спеў гаротны ручаёў? (Я.Колас). Я не знаю сам, браточкі, Чаму мне так мілы Буры, плач асенняй ночкі, Спеў яе пастылы (Я.Колас). Ходзіць вецер полем з сумным спевам (Я.Колас).

* Гоман-спеў, спеў-гоман, спеў-музыка.

Будзеш слухаць бясконцы Гоман-спеў стогалосы (Н.Гілевіч). Спевам-гоманам і звонам Поўніцца ўвесь луг, І дрыжыць над ім, зялёным, Жыватворчы дух (Я.Колас). Аддае твой [дуба] шум Спевам-музыкай (Я.Колас).

@

СТАРОНКА (старана). Краіна, мясцовасць: азёрная, бульбяная, дарагая, дзіўная, жытнёвая, залівістая, запаветная, зялёная, лагодная, ласкавая, лясная, мілая, радасная, родная, росная, хваёвая, ціхая, цудоўная, чароўная  бедная, далёкая, дальняя, забытая, закатаваная, замучаная, найцямнейшая, няродная, пакінутая, самотная, цёмная.

У азёрнай старонцы маёй Ёсць чатыры музыкі, у якіх Так пявуча іграюць смыкі, Што аж рэха грыміць над зямлёй (М.Танк). Дарагая, дзіўная старонка! Я з табой навекі параднёны... (“Беларусь”). Так хочацца ў жытнёвай старане Сябе прыўзняць мелодыяй другою (Н.Мацяш). У бульбянай маёй старонцы неяк весела свеціць сонца... (“Маладосць”). І назаве яе [песню] сваёю залівістая старана (Е.Лось). Далёка ў зялёнай хваёвай старонцы Ёсць хата свая ў мяне (П.Панчанка). Дам я вам слоўца, братняе слоўца, Шчырае слоўца, — не знаю другіх, — Сейце па роднай, беднай старонцы Праўду і ў думках, і ў песнях сваіх (Я.Купала). Цвіце за аселіцай грэчка У роснай лясной старане (С.Грахоўскі). Дажджы ідуць у мілай старане (Я.Янішчыц). Эх, луг шырокі!.. Ты міл і смуцен, як радзіма, Як наша мілая старонка (Я.Колас). Дам я вам слоўца, братняе слоўца... Жыць хачу я ў роднай старонцы... (Я.Купала). У дальняй старонцы лет многа бясконца Пражыў у бядзе ён [падарожны] цяжкой; Ні шчасця, ні долі не бачыў ніколі, бядуючы слёзна парой (Я.Купала). Ці пайшлі вы [хлопцы непакорныя] у далёкую У старонку у чужую; Ці ляглі вы, адзінокія, У магілку у сырую (Я.Купала). З плачам думка-песня льецца Па замучанай старонцы... (Я.Купала). Прывет вам, прывет з найцямнейшай старонкі, Ад браццяў, ад сёстраў загнаных сваіх, Шлю радасці поўны, шлю з песняю звонкай: Вітайце, сяўцы, нам збажынак такіх (Я.Купала). І калі паштоўку атрымаеш, Не зайздросць ты, валацугу, мне: Я сваю тут вёску ўспамінаю На чужой, далёкай старане (М.Танк). О, колькі ў нашай ціхай старане Магіл салдат, яшчэ ўсё невядомых! (“Маладосць”).

@

СТВОЛ (стволле). Надземная частка дрэва: белы, бронзавы, вастраверхі, векавы, высокі, гладкі, гожы, гонкі, жывучы, залаты, залацісты, каржакаваты, карычневы, магутны, моцны, мядзяны, непакорны, роўны, светлы, стромкі, стромы, тонкі, тоўсты, усхвалявана-тонкі, хвойны, цёмна-карычневы, цёмны, чырванаваты, чырвоны, чысты  азалелы, гузаваты, няроўны, рыпаты, рыпучы, скрыпучы, счарнелы, шорсткі, шурпаты.

Пры дарозе Не спіцца бярозе. Белы стволік трымціць і трымціць (Е.Лось). Радасцю напаўнялі сэрца і суседняя ялінка, якая... ускінула свой вастраверхі ствол (Т.Хадкевіч). Нібы свечка, быў яе [сасны] ствол: знізу — цёмна-карычневы, з тоўстай парэпанай карой, а зверху, каля галля — гладкі і залаты (І.Шамякін). Ствалы соснаў гонкія, высокія, гожыя... (Я.Сіпакоў). Калі паднімаўся сівер і гайдаў сосны унізе, ёй [сасне] даставалася найболей: кожную галінку яе выгінала і выкручвала, вершаліну дробна калаціла, і здавалася, вось-вось пераломіцца жывучы, непакорны ствол (В.Іпатава). Чысты, светлы кожны ствол, нібы з медзі кожная сасна... Ляснік ідзе ад сасны да сасны..., амаль каля кожнай спыняецца, бярэ залацісты ствол у рукі, пяшчотна водзіць па ім далонямі (В.Карамазаў). Сонечнае святло пранікае шырокімі палоскамі паміж магутных ствалоў (В.Вольскі). Бярозкі ствол усхваляванатонкі... Над берагам зялёны явар звонкі І моцныя, спрадвечныя дубы (У.Караткевіч). Полем ён бег ужо быццам у бяздум’і... Але тут перад яго вачыма мільганула чырванаватае хвойнае стволле. Лес! (К.Чорны). Грукае дзяцел у азалелы ствол (Р.Барадулін). Сарцавіна струхнела... ствол аж рыпеў хрыпаты (Е.Лось). На скручаных, на векавых Ствалах — засечыны і раны Ад стрэл, мячоў, вясновых крыг, Ад куль, гранат і ад маланак (М.Танк). Толькі на паваротах яна [рака] падмывае то адзін, то другі абрыў, вымываючы з зямлі тоўстае карэнне, а часам і цэлыя счарнелыя ствалы дубоў (І.Шамякін). Васю хацелася ўстаць, пайсці да сасны і суцешыць яе, прыціснуўшыся галавой да шурпатага карычневага ствала (В.Іпатава). Люблю сівых дубоў калоны, І соснаў стромкія ствалы (С.Грахоўскі). Чырвоныя ствалы соснаў высока-высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба (М.Лынькоў).

@

СТРУМЕНЬ (струмені). Бачны, безупынны, быстрацечны, быстры, віхрасты (аўт.), гаварлівы, гаманлівы, гутарлівы, жвавы, жывы, звонкі, змяісты, імклівы, іскрысты, крыштальны, лёгкі, малы, моцны, напорысты, неглыбокі, неспыняны, нязвонкі, няспынны, пеністы, пругкі, свежы, светлы, суцэльны, тоненькі, тонкі, тугі, цяжкі, чысты, шустры, шыпучы, яркі, ясны.

З крынічлівых нетраў пачынае свой шлях Бяроза, — ніжэй возера Медзазол, праз якое яна праходзіць бачным, чыстым струменем (К.Кірэенка). Вада цячэ Струменьчыкам нязвонкім, безупынным... (А.Пысін). Перад намі струмень быстрацечны З матылямі, стваламі бяроз, Нараджэнне чыёсьці і нечы Міг астатні... (А.Пысін). Гаманлівы віхрасты струмень Пагасіла зялёная раска (А.Пысін). [Наста] сунула пад жвавыя струменьчыкі бутэльку (А.Савіцкі). Лагчыну, пасярод якой біўся жывы струменьчык вады, таксама ніхто не касіў (Я.Сіпакоў). І толькі ў самую непагадзь, калі неба дакраналася да вершаліны адзінокай сасны, шаргаталі па шкле акна цяжкія змяістыя струмені (В.Іпатава). Напорыстыя тугія струмені вады спадалі ўніз... пеніліся, пераліваліся (З.Бандарына). Яго пеністыя струмені-фантаны з сіпеннем ударылі ў пясок, у шпалы і змяшаліся з шумам ліўня (М.Лынькоў). Наста... напілася, потым падставіла гарляк [бутэлькі] пад пругкі і моцны струмень (А.Савіцкі). Шумела вада... і светлым струменем спадала долу (П.Броўка). Алесь сядзіць каля става. І думы яго, як бы тоненькія струменьчыкі вады, спадаюць і плывуць далей у агульнай плыні (П.Броўка). Тугія струменьчыкі адзін за адным выбіваліся з нетраў зямлі, кіпелі маленькімі фантанчыкамі, варушачы пясчаны жвір (В.Шымук). На сцежку папаўзлі шыпучыя струменьчыкі снежнай пацярухі (М.Лужанін). Вада падала няспынным гутарлівым струменем, рассыпалася, іскрылася на сонцы (Т.Хадкевіч). Дождж не спыняўся. Ён, здаецца, яшчэ болей узмацніўся, ліў суцэльнымі струменямі (І.Навуменка).

@

СТРУНА (струны). Бунтарная, вячыстая, гарачая, грайкая (аўт.), гулкая, гучная, дзёрзкая, дзівосная, дзіўная, дрыготкая, жывая, залатая, збуджаная, звонкая, зямная, напеўная, недаспяваўшая, непакорлівая, непакорная, пявучая, радасная, сасновая, сонечная, спеўная, тоненькая, тонкая, трапяткая, трывожная, тугая, чулая, чуллівая  балючая, чорная.

Грымну я, грымну па струнах бунтарных Рукою, потам абмытай (Я.Купала). Зноў у аркестры скрыпачоў На струн гарачых пазалоту Прыносяць жоўты шум лістоў І страх, паложаны на ноты (М.Танк). Жальцеся, грайкія струны, Рэхам расходзьцеся ўдаль! (Я.Купала). Ты, музыка, настрой нам скрыпулю сваю, Я пад звон гулкіх струн аджыву, запяю! (Я.Купала). Я дзёрзкія струны да болю кранаю, Баюся напышлівых фраз (Я.Янішчыц). Патануў у скляпеннях адзін, другі ўдар, І заплакалі струны жывыя (Я.Купала). Навакол усё паветра Ў струнах сонца залатых (М.Багдановіч). Выплылі хмары — авечак табун Выгнаў на поле шырокае вецер І заіграў звонам збуджаных струн... (М.Танк). Ды дзесь нацята страшнае аружжа Да тоненькае струначкі зямной (Я.Янішчыц). Мала ў даўнейшых музыкаў было Сонечных струн, што спявалі аб шчасці, Сэрцы братоў азаралі б святлом (М.Танк). Не ведаеш, дзе абарвецца Неадспяваўшая струна (А.Пысін). І вецер з любоўю кране жмуты непакорлівых струн! (Е.Лось). Я тонкія струны нячутна крануў (К.Кірэенка). Звоняць тугія сасновыя струны, Рэха лясное калышацца звонка (М.Танк). Змоўкла чулая струна, Што будзіла і ўздымала, Да змагання выклікала, — Перарвалася яна! (Я.Колас). Ходзяць гутаркі па свеце Летам і зімой,... Ходзяць чарадой. Па балючай па вячыстай Б’юць усё струне (Я.Колас). Раніца. Стук малатка. Хмурыцца, браце, не варта! Чорнай струной у руках Звоніць шавецкая дратва (М.Танк).

* Струна-ашуканка, струны-званы, струны-самагуды, струны-ўспаміны.

Дык чаму ж струною-ашуканкай Не канае сэрца, а пяе? (Я.Янішчыц). Гэй, гусляр, гусляр! Ты ўдар, удар Па струнах-званах (Я.Купала). І ўзбудзіў бы ты зноў струны-самагуды, Каб радзіме праспявалі яны славу (М.Танк). З бруі крынічнай голас твой ляплю, Перабіраю струны-ўспаміны (Я.Янішчыц).

@

СТЭП. Блакітны, бязмежны, бясконцы, вялізны, глыбокі, дрымотны, залаты, лазурны, неабдымны, неаглядны, несканчоны, пахучы, прасторны, раздольны, сіні, роўны, шырокі, ясны  анямелы, бязводны, бязлюдны, бязрадасны, голы, гулкі, дзікі, засушлівы, здзірванелы, пасівелы, самотны, сонны, спякотны, сумны, хмуры.

І паніклі ў сэрцы мары, Як ў блакітным стэпе хмары, Белае руно (Я.Колас). Там і спёка пустыні, І гоман таёжны, І прасторы прыволжскія Стэпаў бязмежных (П.Панчанка). Цаліна. Навокал — вялізны, бясконцы, дрымотны стэп, які летам становіцца залатым (“Беларусь”). З поўначы-холаду, сівера бурнага Гусі на поўдзень ляцяць, З неба далёкага, стэпу лазурнага Смутна прашчанне крычаць (Я.Колас). Стэп неаглядны, шыр нелюдзіма, Вольнае царства вятроў... (Я.Колас). Несканчоны стэп пахучы, Краскі ў росквіце сваім... (“Маладосць”). Рваўся ты [вецер] у прасторы, У стэп шырокі, сіні (Я.Колас). Даль неаглядная, стэп ясны, сіні Змоўклі, як жалаба струн (Я.Колас). Два арлы арлуюць Над шырокім стэпам (М.Танк). І часамі ў стэпах анямелых, Калі толькі ты ды цішыня, — Нечакана і незразумела Мёртвыя размовы зноў звіняць (П.Панчанка). Стэпам бязводным, Мо будзеш губляць свае сілы, — Стану расінкай, Каб смагу збыла, наталіла (П.Броўка). Над голым стэпам жоўты ранак. Зямля патрэскана. Сухмень (А.Звонак). Здавён над стэпам пасівелым І на світанні і ўначы Крычаць лябёдкі (С.Грахоўскі). З ёй [дзяўчынай] касілі пшаніцу мы ў стэпе спякотным (А.Пысін). Ценем ходзіць хтось у стэпе сонным (А.Звонак). А стэп стаў настолькі здзірванелы, Ажно лямеш ламаўся ў зямлі (А.Астапенка). Прыедуць сябры, На зары У стэпе раздольным цалінным — Ураз загудуць трактары (А.Вярцінскі).

@

СУМ (смутак, сумота). Адвечны, белы (аўт.), бесклапотны, бязважкі, вечны, выразны, высокі, вясновы, вячэрні, гаючы (аўт.), дальні, дарагі, даўні, дзіўны, задумлівы, задушэўны (аўт.), зацішны (аўт.), зеленагаловы (аўт.), зялёны, зямны, кволы, клапатлівы, кранальны, лагодны, летуценны, лёгкі, любоўны, мімалётны, мройлівы, неакрэслены, невыразны, непазнаны, неразгаданы, нязведаны, патаемны, паэтычны, празрысты, прыемны, пяшчотны (аўт.), радасны (аўт.), салодкі (аўт.), сардэчны, светлы, сіні, спакойны, спрадвечны, таямнічы, творчы, урачысты, хвалюючы, цёплы, ціхі, шчыры, шырокі  адчайны, асенні, атрутны, балючы, безвыходны, безнадзейны, безуцешны, беспрычынны, будзённы, бязмежны, бязрадасны, бясконцы, бяскрайні, бяссільны, важкі, востры, вялікі, гарачы, глухі, глыбокі, гнятлівы, горкі, даўкі, доўгі, едкі, жахлівы, жорсткі, жудасны, журботны, закамянелы, заледзянелы, зацяжны, зацяты, затоены, золкі, крывавы, люты, маркотны, маўклівы, надакучлівы, неадольны, неадчэпны, невымоўны, невыносны, невычэрпны, непазбыўны, непатрэбны, непераможны, неразвейны, неспатолены (аўт.), няпрошаны, няўцерпны, няўмольны, няўтольны, няўцешны, няўцямна-беспрычынны, няясны, пакутлівы, палынны, палыновы, пякельны, пякучы, раўнівы, сівы, смяртэльна-востры, страшны, суровы, танны, трывожны, тугі, тужлівы, тупы, халодны, цьмяны, цяжкі, чарнільны, чорны, шчымлівы.

Шчымлівы, адвечны, як адчай, сум сціскаў мне сэрца (Б.Сачанка). Чаму і мяне заразіў белым сумам начной прасторы, ціхай тугой маладзенькага месяца над палямі? (Я.Брыль). Калі нават бывалі хвілі радасці, то вочы не пакідалі выразу вечнага смутку (З.Бядуля). І ніколі гэты яго смутак не быў такі выразны, як у гэтыя хвіліны (К.Чорны). І ў немагчымасці перадаць сваё захапленне красой таксама ўжо вельмі даўно знаходзіў трывожную з гаючым сумам асалоду (Я.Брыль). Ён [Толя] памаўчаў, па-свойму паглядзеў у нейкі дальні сум (Я.Брыль). І раптам, нібы подых вячэрняга ветру, перапоўненае радасцю сэрца Алены крануў ціхі даўні сум (І.Мележ). А потым песні — чароўныя песні працоўных, шчаслівыя дзеці, якія прынеслі нам... і звонкую радасць сённяшняга дня і задушэўны, горкі сум мінулага (Я.Брыль). Хочацца развеяць сум зацішны, кволы (К.Буйло). Будзе зорка да вясла прыбіта, І на дно сплыве зялёны сум (Я.Янішчыц). Час мой, набірай крутую хуткасць І не грэбуй падзяліць са мной Чорны каравай зямнога смутку, Белы бохан радасці зямной (С.Законнікаў). Там у зялёнай цішыні патоне Сум твой клапатлівы (М.Танк). Чытаю, і лагодны, цёплы смутак агортвае мне сэрца (В.Жуковіч). Лёгкі сум, светлы сум Пракладае да сэрца свой след (А.Звонак). Арцём усміхаецца скупа, з хмурынкай мімалётнага суму (М.Ракітны). Аблокі гублялі тут светлы бязважкі свой сум... (Т.Бондар). Ад балот патыхала нейкім невыразным сумам (Я.Колас). І салодкі сум закрадваецца ў сэрца, ціхі сум, непазнаны (М.Лынькоў). Я ж у сэрцы нязменна і дагэтуль нясу Сініх воч задуменных неразгаданы сум (Н.Гілевіч). І думкі новыя і сум нязведаны, салодкі (Я.Брыль). Альшэўскі сядзіць ля акна, поўнячыся прыемным смуткам, пазнаючы і не пазнаючы навакольныя мясціны (І.Навуменка). Жанчына глядзіць на малое з пяшчотным і празрыстым сумам... (М.Лынькоў). Радасны сум асенняга, небезнадзейнага завядання, пра які трэба бясконца пісаць (Я.Брыль). Каня хлопец трымаў на тугім павадку... Сінім смуткам задымлены вочы яго (П.Панчанка). Спрадвечны сум апаў тужліва — Лятуць у вырай журавы (Р.Барадулін). Гартуйцеся, паэтавы імкненні, Запал жыцця, спалі мой творчы сум! (М.Хведаровіч). Падчас з-пад выдуманых бедаў Ўрачысты смутак прарасце... (Г.Каржанеўская). Калі я пражыву і трыста трыццаць год, дык усё роўна буду з цёплым, высокім сумам успамінаць такія вечары (Я.Брыль). Жыве яна, песня, тугою і верай, жыве невымоўным, да слёз хвалюючым сумам спрадвечнай і неўміручай паэзіі, проста сама для сябе (Я.Брыль). ...У партызанскім глухім будане Смутак шчымлівы дрэмле (Р.Барадулін). Часамі на братоў Крушынскіх нападаў шчыры смутак (З.Бядуля). У страсным юнацкім голасе гучалі цяга і журба, і шырокі смутак душы... (У.Караткевіч). Толькі зрэдку, ў начную спякоту, У асенні чарнільны сум Чую з прорвы словы пяшчоты... (У.Караткевіч). Горкі, атрутны смутак... пакутліва задрыжаў у Змітрыкавых грудзях (В.Адамчык). Пытанне, аб якім з самага пачатку ўсе думалі... прымусіла цяпер усіх зацяць у душы балючы, трывожны сум (В.Быкаў). Спякотны дзень, будзённы сум на местачковай плошчы (Я.Брыль). Звычайна, не адзін толькі важкі сум прымушаў людзей вырабляць пачуццё красы... (М.Багдановіч). На душы востры, няўтольны смутак (І.Навуменка). Вялікі, як свет, смутак здушыў яго [бацькаву] душу (К.Чорны). Я хачу не шмат чаго — Суму, каб развеяцца, Ды таго, гарачага, Што ў вачах сінее так (Ю.Лявонны). У вачах людзей тлеў глухі, цяжкі смутак (М.Лынькоў). Васіль пагладзіў жончыны валасы, а ў самога ў вачах быў глыбокі смутак (П.Кавалёў). Толькі ў часе пахавання, Як закопвалі труну, Горкі смутак развітання ўскалыхнуў душу (Я.Колас). У час пакут, працяты даўкім сумам, Знайшоў ён сілу боль перамагчы (С.Законнікаў). О, калі б толькі мог мой жорсткі смутак Палёту ластаўкі быць карацей... (Н.Мацяш). Асядовіча апанаваў жудасны сум (К.Чорны). А ў сэрца закрадваўся нейкі журботны сум, развітанне з мінулым, якое больш не вернецца (І.Мележ). Паволі адтаваў, сходзіў з твару той закамянелы сум, які так адрозніваў Агрыпіну ад другіх (П.Пестрак). А я ж у памяці нясу яшчэ жахлівы колер чорны — Заледзянелы чорны сум Удоў і сірат незлічоных (Г.Бураўкін). Лучнік звісае, нібы звон, І тоіць нейкі сум зацяты (Я.Колас). Куды мне паехаць?.. Каб пазбавіць сэрца ад золкага смутку... (К.Кірэенка). Ён [Мірон] хаваў свой вялікі, крывавы смутак (Я.Брыль). Не жалобу, і не смутак люты Ты прыносіш, медназвонны дзень (С.Гаўрусёў). Маці сказаў..., што едзе да сябра адольваць надакучлівы смутак (А.Пальчэўскі). Некалькі хвілін прыемна было адпачыць, а потым паступова находзіла нейкая неадольная сумота... (А.Кулакоўскі). Абыду сцяжынкі гаю, Падыду да горкіх соснаў: Там ніхто не запытае Пра мой смутак невыносны (П.Панчанка). Непазбыўным балючым смуткам яна... была ў яго сэрцы (У.Мехаў). Смутак, страшны і непераможны, душыў яго (К.Чорны). Боль Купалы — невычэрпны, як мора-акіян. Сум — неразвейны, як плоймы надранішніх туманоў (А.Лойка). Ці ў людзей неспатолены смутак, Ці ў снягоў светлы сум узялі, Вы з’інелі, бярозы... (Р.Барадулін). Сум няпрошаны душу ў палон бярэ (Е.Лось). І смутак твой няўцямна-беспрычынны Зарніц далёкіх водбліскам сплыве (А.Звонак). Лабановічу стала чагось смутна, але гэты смутак быў мімалётны, няясны (Я.Колас). Змрочнасць і цішыня лесу наганялі журбу і цяжкі пакутлівы смутак (А.Ставер). Палынны сум, і плётак заедзь, І медны лямант: не грашы (А.Вялюгін). Па бацьку Лукашу Раіна доўга будзе слёзы ліць, Насіць у сэрцы палыновы сум (М.Танк). Толькі сэрца сцяў пякельны сум (Д.Бічэль-Загнетава). Я панесла з сабой у гады Сум — тугі і няўмольны — па маці (В.Іпатава). Дык няхай жа мой боль і пякучы мой сум Тое сэрца хоць злёгку кране (Я.Колас). Прымешваўся непатрэбны раўнівы сум (І.Мележ). Я смутак чуў смяртэльна-востры (Я.Колас). Роспач і сум танны не рос на нашых шляхах агульных (А.Куляшоў). Трывожны смутпак лёг на твары (М.Смагаровіч). Тупы смутак увесь час ныў у яе [Марылінай] душы (К.Чорны). Халодны смутак сцяў... [Хрысцю], што, можа, расстаецца з Імполем назаўсёды, на векі вечныя (В.Адамчык). Цьмяны сум. Сон-трава на прагалінах. Ноч імжыць. Адцвілі ледзяшы (Л.Забалоцкая). Жыццё выпрабоўвае гневам і болем, І сумам цяжкім, і жалобнаю стратай (К.Кірэенка). І плыве, як васільковы пах, Ціхі смутак зеленагаловы Па вачах любімых, па губах (Л.Гаўрылкін).

* Смутак-горыч.

Твар мой радасцю свяціўся, А яго пагляд міжволі Смуткам-горыччу спавіўся (Н.Гілевіч).

@

СУСТРЭЧА (стрэча). Блізкая, бясхмарная, выпадковая, гасцінная, дарожная, добрая, доўгачаканая, жаданая, запаветная, знянацкая, мілая, мімалётная, неверагодная, незабыўная, непасрэдная, неспадзяваная, нечаканая, прыемная, пяшчотная, радасная, раптоўная, светлая, святочная, таемная, трапяткая, усхваляваная, цёплая, ціхая, цудоўная, чуллівая, шчаслівая  апошняя, балючая, горкая, журботная, золкая, кароткая, непрыемная, сумная, халодная.

Сэрца забілася часта і трывожна прадчуваннем неспадзяванай, блізкай сустрэчы (І.Мележ). Стрэч бясхмарных не зычу, Пахілю галаву — І бядою паклічу, І слязой пазаву (У.Някляеў). І Вышамірскі і Мішка аслупянелі ад такой нечаканай сустрэчы (З.Бядуля). Сумеўся [Юра], бо часта ўспамінаў выпадковую сустрэчу ля купкі меднастволых соснаў (У.Карпаў). Да той дарожнай сустрэчы яны не бачыліся гадоў са тры (Я.Брыль). Амору спадабалася такая гасцінная сустрэча (М.Паслядовіч). Я знаю нямала сустрэчаў такіх Жаданых, святочных, цудоўных (М.Танк). Я гадамі шукаў запаветнай сустрэчы, На палескай зямлі, у грузінскіх гарах (У.Верамейчык). Гэта ж сапраўднасць... пляміла чорнаю хваробаю халоднага расстання цеплату і бляск знянацкай мілай сустрэчы... (Ц.Гартны). Гляджу і вачам сваім не веру: такой неверагоднай здалася гэтая сустрэча (Р.Ігнаценка). Ён [Пятро] ішоў па вёсцы, выбіраючы хату, куды можна было б зайсці папрасіцца пераначаваць... І раптам — неспадзяваная сустрэча (І.Шамякін). Такой прыемнай і радаснай сустрэчы настаўнік не чакаў (Я.Колас). Апошняя наша сустрэча была такая ціхая і светлая (Я.Брыль). Вось Сілцы, хатка, маці, таварышы, цёплая стрэча з імі (Ц.Гартны). Чуллівай і журботнай была апошняя сустрэча з маці (“Полымя”). Сустрэча з маці... усё такая ж непасрэдная, трапяткая... (Б.Сачанка). Той таемнай і шчаслівай сустрэчы яна [Ніна] не забудзе ніколі (І.Новікаў). Вось і сустрэча сяброў маленства... Халодная, золкая, як гэты асенні дзень (М.Гроднеў).

@

СЦЕЖКА (сцежачка, сцяжына, сцяжынка, сцяга). 1. Пра шырыню, даўжыню, форму, іншую характэрную прымету (сцежкі), пра яе стан: белая, волкая, вохкая (разм.), гладкая, глыбокая, даўняя, добра ўтаптаная, дзяціная, доўгая, забярозаваная (аўт.), зорная, месячная, мяккая, незляжалая, пакручастая, прамая, пратаптаная, росная, садовая, скамянелая, срэбная, травяністая, утаптаная, шырокая  віхлястая (разм.), гарбатая, зыбкая, кароткая, крутая, крывая, невідушчая, рыплівая.

Вабіла белая месячная сцяжына на вадзе (А.Жук). Была вясна, хадзіла рэха Па волкіх сцежках берагоў (К.Кірэенка). Раптам бачу: між кустоў дзяўчынка... Крочыць ціха вохкаю сцяжынкай (Н.Гілевіч). І чым далей будзеш адыходзіць ад той першай сцяжынкі, тым больш і больш будзе іх перад табою: вузкіх і шырокіх, кароткіх і доўгіх, пакручастых, крутых і гладкіх (А.Пальчэўскі). Даніку... цёпла ...ад хады па глыбокай сцежцы (Я.Брыль). Будзе бой, і праб’юся я У Прыбалтыку сінюю, І прыйду ў Беларусь сваю Сцежкай даўняй, дзяцінаю (П.Панчанка). І я, згледзеўшы добра ўтаптаную... сцежачку, што бегла цераз балотца..., з радасцю збочыў на яе (Б.Сачанка). Здаецца, толькі дзень прагасцяваў там, Дзе некалі быў сярод птушак птушкай,... Сярод заверасованых далін — далінай, А сярод сцежак забярозаваных — сцежкай (М.Танк). Давай пакінем узбярэжжа І зорнай сцежкай пабяжым (С.Грахоўскі). Мяккая балотная сцежка змяняецца за ровам утаптанаю, нібы скамянелаю, палявой сцяжынкаю (В.Жуковіч). На брадах сцяжынак незляжалых Дровы сам сячы... (А.Пысін). Сцяжынка радасці прамая, Хутчэй са мной пагавары (К.Кірэенка). Неяк раптам уявілася яму дарога з высокім веснавым небам над ёю, з вузкай віхлястай пратоптанай сцяжынкай паўз яе (А.Марціновіч). Партызан на сцежцы роснай падазроны бачыць след (П.Панчанка). [Алёшка] чуў... частыя таропкія крокі [Рэні] па садовай сцежцы (М.Лынькоў). Месячык выткаў на расе срэбныя сцежкі (І.Шамякін). Паўз бальшак ішла травяністая сцежка (Т.Хадкевіч). Валодзя не перамяніў паставы ні тады, калі ўгары басавіта тры разы запар прахрыпеў гудок, ні тады, калі за ім паплылі мазырскія кручы гарбатыя сцежкі, крывыя вулачкі... (І.Мележ). Зварочваю на тую зыбкую сцежачку, што віецца хмызам між паплавоў... (Б.Сачанка). Што ты вядзеш мяне нетраю-пушчаю, Вузкаю сцежкай, крывой, невідушчаю, Сцелеш што крок то лагі? (Я.Колас). Нібыта я яго [хутар] ніколі не бачыў — ні з саней, ні з машыны, ні з рыплівай сцежкі (Я.Брыль).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (сцежкі): баявая, дарагая, дзівосная, дзіўная, запаветная, згодная, мілая, патаемная, прыгожая, светлая, слаўная, таямнічая, ціхая, цудоўная, юнацкая, ясная  бясконцая, воўчая, глухая, журботная, задуменная, маўклівая, сляпая, трывожная, хітрая, цярністая, чорная.

На мясцінах незабыўных, Сцежках баявых І сягоння ты, пачуеш Рэха дзён былых (М.Танк). У гарадскім нямоўклым гуле Мяне ўсё клічуць журавы На тую сцежку дарагую, Дзе столькі красак і травы (Г.Бураўкін). Па даўніх сцежках, юнацкіх, дзіўных, — Да ўсходу сонца карціць прайсці мне (М.Танк). Каля непрыкметных Сцежак запаветных Раніцай вясновай Я знайшоў падкову (М.Танк). Вітаю вас, як блізкіх, родных, Старыя хвоі на палёх, І вас, красёнцы сцежак згодных, Сляды нялічаных дарог! (Я.Колас). Маленства сцежкі мілыя, бывайце! (Н.Гілевіч). Патаемнымі сцежкамі і дарогамі, а дзе і без дарог, прабіваецца, ідзе дзед Талаш (Я.Колас). Я маленства сваё і юнацтва сваё прыгадаю, Сцежкі ціхія ў полі (К.Кірэенка). Зноў лавілі мяне нераты таямнічых сцяжынак (П.Панчанка). — Ідзі, хлопча, — сказаў [Сымон]. ... — Цяпер твае сцяжынкі светлыя... (А.Кулакоўскі). Дык няхай ён праўдай-верай Доўга табе служыць, Многа ясных сцежак змерай З гэтым кіем, дружа! (Я.Колас). Словы “народны артыст” у дачыненні да Рыгора Шырмы маюць для мяне непаўторны сэнс. За імі шуміць калоссе абапал тых бясконцых і цярністых сцежак, якімі доўгія гады хадзіў збіральнік роднай беларускай песні (Я.Брыль). Атрад быў добра ўзброены, меў нават два кулямёты, а воўчыя сцежкі на балотах мала падсыхалі і летам (М.Машара). Яны [Сяргей і Марыя] збіраюцца ўдваіх Начнымі сцежкамі глухімі У лес прабрацца да сваіх (М.Аўрамчык). Направа сцежачка сляпая Вядзе балотцам на ачосы (Я.Колас). Гінуць [патрыёты] на пастах, На трывожных сцежках... (С.Грахоўскі). І хітраю сцяжынаю лясной Іду ў салаўіныя харомы (В.Вітка). Аж тры гады сірочы лёс Яе [дзяўчыну] кідаў сцяжынкамі цярністымі (К.Кірэенка). І людзі ў роздуме Стаялі грозныя Над тымі чорнымі Сваімі сцежкамі (П.Глебка).

* Сцежка-вяртуха, сцежка-дарожка, сцежка-лісіца, сцежка-павадырка, сцежка-пуцявіна, сцежка-ўспамін, сцяга-бяглянка.

А лісічак набраў каля сцежкі-вяртухі, Што да хаты лісінай лагчынай вяла (М.Танк). Многа сцежак-дарожак ля нас лягло тут (Я.Купала). Сніцца сцежка-лісіца, Што бяжыць па адхонах (Р.Барадулін). Жыццё, ты выбрала мяне! З тваёю сцежкай-павадыркай, З тваёй гаючаю вадой... (Я.Янішчыц). Пашкадую, што пайду ад гэтых Дарагіх і мілых сэрцу гоняў, Што на сцежках-пуцявінах свету Не пацісну ўжо сябрам далоняў (Н.Гілевіч). Іду па Вашых [Драздовіча] сцежках-успамінах, узнімаючыся на крылах фантазіі да планет далёкіх... (А.Марачкін). Так п’ю з крыніцы, быццам не піла, Не прыпадала да сцягі-бяглянкі (Я.Янішчыц).

@

СЭРЦА (сэрцы). I. Душэўныя якасці, характар чалавека; чалавек як носьбіт пэўных рыс характару.

1. Пра здольнасць моцна адчуваць, аддана і горача любіць; пра добры, мужны і шчыры характар чалавека: адважнае, адкрытае, анёльскае, арлінае, бескарыслівае, братняе, бязвіннае, бязгрэшнае, бясхмарна-чыстае (аўт.), велікадушнае, вернае, ветлае, вольнае, вялікае, гарачае, гераічнае, глыбокае, гуманнае, даверлівае, дапытлівае, дзівоснае, добрае, добразычлівае, жаласлівае, жыццелюбівае, залатое, зычлівае, лагоднае, ласкавае, львінае, магутнае, маладое, малое, мудрае, мужнае, надзейнае, найлепшае, непакорнае, неўміручае, нязломнае, няскоранае, нястомнае, няўрымслівае, падатлівае, палкае, палымянае, праведнае, прагнае, праменнае, прарочае, праўдзівае, пяшчотнае, самавітае, светлае, святое, спачувальнае, спякотнае, страснае, сумленнае, трапяткое, удзячнае, уражлівае, усеабдымнае, храбрае, цёплае, чалавечае, чуйнае, чулае, чуллівае, чуткае, чыстае, шалёнае, шчодрае, шчырае, юнае.

І клінкі навостраныя пелі аб адважным сэрцы чалавечым (П.Панчанка). Найстрашней у жыцці страціць верных сяброў. Іхніх сэрцаў адкрытых, надзейных іх слоў, Тых сяброў, што з табою і ў шчасці і ў горы (Н.Гілевіч). Маладосць у нас з арліным сэрцам (П.Броўка). Выпраменьваць дабрыню здольна толькі добрае, бясхмарна-чыстае сэрца... (М.Арочка). Матчына сэрца, як сонейка, ветлае, ласкавае, шчырае, добрае, светлае (У.Карызна). Пад варожаю куляю Сябры вёсен не падаюць. Б’ецца ў іх пад кашуляю Сэрца вольнае, роднае (К.Кірэенка). О, песня Маці! Колькі горкай горычы Сабрала ты ў адным вялікім сэрцы! (Н.Гілевіч). І ў сэрцы гарачым успыхнуў агонь, Жалейка ўранку зайграла (К.Буйло). У гарачае сэрца, у сэрца матулі Білі бомбы варожыя і варожыя кулі (К.Кірэенка). Ён памёр ля роднага парога, Сэрца гераічнае заціхла (П.Панчанка). Адказнасць [настаўніка] за трыццаць ці сорак даверлівых сэрцаў, якія гатовы слухаць цябе, праложыць у душы навечна глыбокі след (А.Пальчэўскі). Дапытлівым сэрцам [пясняр] з дзяцінства пазнаў Людскую нядолю і гора (К.Буйло). Незабыўныя карціны роднай прыроды... усё... сагрэта, аблашчана святлом і цеплынёй жыццелюбівага сэрца паэта [Коласа]... (М.Лынькоў). [Пытляваны:] Дзякуй, свацейка! Выручыла ты нас. Сэрца ў цябе залатое (К.Крапіва). Няхай жа ў вашым сэрцы львіным Не стыне помсты жар святы (Я.Колас). І здавалася, што на заводзе б’ецца магутнае, нястомнае сэрца (У.Карпаў). Каханне — лёгкая прынада Для сэрцаў чуткіх, маладых (Я.Купала). Маё малое сэрца абмывае крывёй гарачай мужныя пачуцці Нянавісці пякучай і любві (П.Панчанка). Па сэрцах людзей прайшоў калючы халадок і нешта падобнае на дакор сабе, на сорам: вось знайшлося мужнае сэрца, якое плюнула ў вочы смерці і адышло ў нябыт, не запляміўшы годнасці чалавечай, славы, зямлі сваёй (М.Лынькоў). Каб гэткі прайсці шлях жыццёвы бясконцы... Мець трэба было ў грудзях сілы без меры і ў будучыню непахісную веру, Мець трэба было непакорнае сэрца І песню, якая б не ведала смерці (М.Танк). Ты — вясною аквечаны луг, шум дубровы магутны, пявучы, непадайны сталёвы ланцуг, што нам сэрцы нязломныя лучыць (Л.Геніюш). Ім [фашыстам] трэба быў той, чые гукі жылі ў дыханні мільёнаў, няскораных сэрцах, Хто на акрываўленай польскай зямлі Народу свайму гаварыў аб бяссмерці (М.Танк). Ногі самлелі, рукі занядужалі, а сэрцу нястомнаму мала (Д.Бічэль-Загнетава). Але не ведала і не хацела ведаць Цішы маё няўрымслівае сэрца (В.Вітка). Жонка Аўдоцця ўсім простым, добрым і падатлівым сэрцам наскрозь была пранята майстэрствам Данілы (З.Бядуля). Бацька сына, з сэрцам палымяным, У руцэ з гваздзікай з родных гор, Па-зладзейску быў там расстраляны (М.Аўрамчык). Я прагным сэрцам п’ю настой Тваіх [вясны] чаромух... (Н.Гілевіч). Рэжым найбольшага спрыяння, О, я — за гэтакі рэжым: Спрыяння ўсім вачам адкрытым, Гарачым сэрцам самавітым... (А.Лойка). Святое сэрца, што кахала мяне, не аддам бруду (К.Кірэенка). Усім сваім мудрым і пяшчотным сэрцам маці разумела і адчувала боль і хваляванне сына (А.Савіцкі). Спякотнае сэрца якім жа лістом атуліць? (С.Гаўрусёў). Але ўсё гэта ідзе [у Марфы] з глыбіні яе добрага спачувальнага сэрца (А.Васілевіч). Не ведаў Стась, што мама ішла ўслед за ім і з трапяткім сэрцам сачыла за кожным яго самастойным крокам (В.Гарбук). І я ўвайшоў у дом, дзе жыў, тварыў паэт [Пушкін], Дзе прагучэў яго калісьці верш астатні, Каб перадаць яму наш сонечны прывет Ад беларускіх ніў і ўдзячных сэрцаў братніх (М.Танк). Ратуйце ад бяздушных робатаў юнае ўражлівае сэрца (А.Гарадзіцкі). Я ведаю, ёсць многа добрых людзей з усеабдымным, з чалавечым сэрцам (У.Караткевіч). Насіў гэта храбрае сэрца Разведчык Сасноўскі Мікола (П.Панчанка). Сэрца чулае і млела, і балела, Радасць душу мне шчаміла, быццам сум (М.Багдановіч). Ад чуллівага дзіцячага сэрца не схаваеш фальшы (У.Краўчанка). Шчымлівы пах мора. Што ён нараджае ў сэрцы, чуйным і кволым? (П.Марціновіч). Лёдзя слухала, і ўсё дранцвела ў ёй... Толькі білася шалёнае сэрца (У.Карпаў). Пакручастай гэтаю дарогай, Можа, я вярнуся з падарожжа. З чыстым сэрцам стану ля парога... (А.Звонак).

2. Пра сэрца, няздольнае на моцныя, глыбокія пачуцці; пра абыякавы, жорсткі характар (чалавека): астылае, беднае, бессардэчнае, будзённае, варожае, ваўчынае, выстылае, ганарыстае, дзервяное, дубовае, закрытае на моцны замок, зацішнае, знядужалае, каменнае, крамяное, насцярожанае, недаверлівае, нечалавечае, раз’юшанае, сіратлівае, скамененае, скамянелае, спакойнае, счарсцвелае, халоднае, цвёрдае, чорнае, чэрствае.

Нішто так не міла, як хатні агонь, што сэрца астылае грэе (Л.Геніюш). І заныла, так заныла Сэрца беднае яго [Сымона] (Я.Колас). Не ные толькі сэрца бессардэчнае, Счарсцвелае ад зайздрасці і злосці (Н.Гілевіч). Як часта на сцяжынцы палявой Яна [песня] у ва мне прачнецца нечакана І па спакойным і будзённым сэрцы Ударыць мяккім, трапяткім крылом! (Г.Бураўкін). Сёння плечы, таварыш, шырэй разгарні І варожае сэрца на мушку вазьмі (П.Панчанка). У Серафіма сэрца ваўчынае (А.Савіцкі). Адкажы, да чаго б гэта, дружа, Кружыць, сну разарваўшы кілім, Чорны воран над белаю ружай — Як над выстылым сэрцам маім (Я.Янішчыц). Яе [Ганніна] шчырае слова, просьба ўразілі яго, адразу размягчылі ганарыстае мужчынскае сэрца (І.Мележ). Каб чужыя слёзы памяшаць з сваімі... Сэрца дзервяное Ці ж зачэпіш імі? (Я.Колас). І прыйшлося Васілю хочаш не хочаш адкрываць закрытае на моцны замок, недаверлівае сэрца (І.Мележ). Снягі — успаміны: чаму, Пра што сумавалася ўчора, Якое ўяўлялася гора Зацішнаму сэрцу майму (У.Някляеў). Я ведаю: не вечны шлях жыцця, Не вечнае знядужалае сэрца (Г.Бураўкін). Крамяное сэрца ў Сілівона, але ў сэрцы тым жывая чалавечая кроў (М.Лынькоў). Васіль паддаваўся ўладзе гэтага хараства: недаверлівае, насцярожанае сэрца больш і больш поўнілася шчасцем (І.Мележ). На плоскіх, выгнутых грудзях складзеныя накрыж рукі супакойвалі раз’юшанае сэрца (Ц.Гартны). Не было каму сагрэць яго сіратлівае сэрца (Э.Валасевіч). Хорам выстраіў ты [князь], твайму воку так міл, Адшліфованы цэгла і камень, — Гэта — памяткі-пліты з няўчасных магіл, Гэта сэрцаў скамененых пламень (Я.Купала). У [Эльзы] былі не толькі халодныя вочы. У яе было халоднае сэрца (А.Чарнышэвіч). Ох, якія цвёрдыя сэрцы бываюць: як камень магільны... Нечалавечыя сэрцы (Я.Скрыган). Не кахала Купава князя, думку чорную ў сэрцы чорным падкалоднай змяёй сагравала (В.Лукша). Шчыраму сэрцу — долю шчаслівую, Чэрстваму сэрцу — балота і вір (С.Дзяргай).

II. Душэўны стан, настрой, перажыванні чалавека: бурлівае, бязгрэшнае, гарачае, закаханае, звонкае (аўт.), маладое, налітае песнямі, непакорнае, неўміручае, перапоўненае радасцю, радаснае, трапяткое, шчасліва-горкае (аўт.), шчаслівае  абяздоленае, азлобленае, балючае, бедамі спаласаванае, беднае, бяздумнае, бязрадаснае, гаротнае, журботнае, засмучанае, засмяглае, застыглае, збалелае, зласлівае, змарнелае, змучанае, знямелае, знясіленае, калючае, набалелае, надарванае, непрыкаянае, неспакойнае, нешчаслівае, няшчаснае, пакутлівае, пакутнае, пакутніцкае, панурае, прабітае, прагнае, прыгнечанае, прытомленае, самотлівае, самотнае, смешнае, спакутаванае, спалоханае, стомленае, тлумнае, трывожнае, узрушанае, устрывожанае, усхваляванае, шматпакутнае, шчымлівае.

Зашумяць на гары ручайкі, бы бурлівае сэрца паэта (Л.Геніюш). І пакуль не замоўкне гарачае сэрца, Веру — толькі для шчасця жыве чалавек (С.Грахоўскі). Міхал у часе вандравання На адзіноце сам з сабою, З гарачым сэрцам і душою Развязваў важнае пытанне (Я.Колас). Пад яго [клёна] жыццяноснай галінкай Пасвятлее хоць на краплінку Сэрцу, бедамі спаласаванаму, Неўміручаму Закаханаму (Н.Мацяш). У Беларусі Кожны куточак, Дзе ты ні пойдзеш, пяе... Звонкае слова, Звонкая песня, Звонкае сэрца яе (П.Броўка). Мы чуем буры ў сэрцах маладых, Як быццам гром семнаццатага года Гарачым водгуллем адбіўся ў Іх (Н.Гілевіч). Магчыма, што крылы яго [жаўрука] не ўтрымалі, Калі ён налітае песнямі сэрца Да сонца вясновага нёс (М.Танк). Пастукала сэрца ў клетку грудную: — Мне сумна ў клетцы, Ты чуеш? — Чую. Чаго, неспакойнае, Ты захацела, Чаго, непакорнае, Ты затрымцела, Сэрца маё? (П.Панчанка). Перапоўненае радасцю сэрца Алены крануў ціхі даўні сум (І.Мележ). Пакуль баец, душачы ў грудзях трапяткое сэрца, прыціскаўся да бруствера,... ніводнае выразнае думкі не з’явілася ў яго галаве (В.Быкаў). Усё ў адным шчасліва-горкім сэрцы: Гісторыя. Трагедыя. Любоў (Я.Янішчыц). Сэрца беднае заб’ецца, І адразу ў ім прачнецца І адразу скалыхнецца ўсё, Што згінула даўно (М.Багдановіч). У хвіліну тугі, як вядзецца, дакараю ўласнае сэрца: “Ты калючае, ты балючае, к памяркоўнасці не прывучанае. Ты бяздумнае, тлумнае, смешнае, аніколечкі не бязгрэшнае. Ты і радаснае, ты і чорнае” (Г.Каржанеўская). Сем месяцаў ён [Алесь], нібы просячы піць — хоць бы кроплю вады на засмяглае сэрца! — настойліва запаўняў стандартныя бланкі, што выдаваліся ім вахманамі па тры на месяц (Я.Брыль). ...Сэрца застыглае раптам пяе сярод дня і духмянае ночы (Е.Лось). На яе [Гайдаш] твары была роспач..., што ішла ад збалелага і спакутаванага сэрца (А.Савіцкі). Праменны залочаны смык Асеннія скрыпкі галубіць І сэрца знямелага крык Не кратае скрухаю губы (А.Звонак). Мы прыйдзем і ласкай сагрэем Тваё набалелае сэрца, І знікне самота з вачэй (П.Панчанка). Не заціхаюць на планеце войны, І болем азываюцца яны У сэрцы набалелым, неспакойным... (С.Грахоўскі). Боль суняць бы, а не адагрэць сэрцы непрыкаяныя тыя, што ў вайне працягваюць гарэць (В.Жуковіч). Сэрца моцна, няўціхна калацілася. Чаго яно так калоціцца? Такое неспакойнае, узрушанае, трывожнае (І.Мележ). Выйшла сэрца пакутнае са сваіх берагоў (А.Куляшоў). Твае сцежкі — Нібыта рубцы на пакутніцкім сэрцы, Нібы трэшчыны чорныя На зялёным ладажскім лёдзе (Г.Бураўкін). Прабітыя сэрцы не вылечыш лярдам, За банку тушонкі не купіш любоў. Ды ёсць яшчэ простых людзей міліярды, Ці хочацца ім за банкіраў у бой? (П.Панчанка). Я ў сэрца прагнае ўбіраю Даніну ўдзячнасці людской Майму спагадліваму краю, Маёй Радзіме дарагой (Н.Гілевіч). Я прагным сэрцам п’ю настой Тваіх чаромхаў (Н.Гілевіч). Табе з прытомленым сэрцам, Прысыпанаму сівізной, Хочацца зноўку сустрэцца З далёкай сваёй вясной (П.Панчанка). Журба калыханкі і жніўная скруха Самотлівым сэрцам валодалі (Р.Барадулін). Наста... з радасным адчуваннем услухоўвалася ў гонкі бой спалоханага сэрца (А.Савіцкі). Толькі ў сэрцы трывожным пачую За краіну радзімую жах, — Успомню Вострую Браму святую І ваякаў на грозных канях (М.Багдановіч). А трывожнае сэрца ўсё кліча У абдымкі няпрошаных мар (А.Звонак). Мы прыйдзем і ласкай сагрэем тваё [маці] шматпакутнае сэрца... (П.Панчанка). Сёмка слухаў са шчымлівым сэрцам і смуткам у вачах (П.Кавалёў). А сэрца стомленае больш не плача, Гаротнае, ужо болей не баліць... (“Маладосць”).

@

ТАПОЛЯ (топаль). Агромністая, вострая, высокая, вялікая, гонкая, гордая, дзівосная, дзіўная, духмяная, задумлівая, залатая, зялёная, крылатая, кучаравая, маладая, мілая, пахучая, прыгожая, пяшчотная, родная, серабрыстая, стогадовая, стройная, стромкая, тоненькая, трапяткая, урачыстая  абвугленая, абляцелая, голая, нямая, разгатая, самотная, скрыпучая, старая, сумная.

Пасярэдзіне паляны дрэмле агромністая таполя (М.Дзелянкоўскі). Вострыя таполі і нізкія разложыстыя каштаны ўпрыгожвалі вуліцу (Т.Хадкевіч). Ноч. Над таполяй гонкай поўня (В.Жуковіч). Тапалянятамі купаляняты Каля таполі гордай узняліся (Р.Барадулін). Зялёныя таполі Сыплюць белы пух на цёмны роў (А.Пысін). Ціха пашумлівала лістамі маладая кучаравая таполя (А.Кулакоўскі). Цвілі дзве тоненькія таполі, ад белага пуху здаваліся дзівоснымі (Я.Колас). І таполі крылатыя — Пасталі ў поўны рост (П.Панчанка). Абсадзіць усе дарогі ў полі І усе пад’езды да сяла, Каб ля кожнай маладой таполі Яблыня ці вішня расцвіла (П.Панчанка). ...Невялічкая Шчара са сваімі шлюзамі ў цені серабрыстых таполяў (У.Караткевіч). Цягнулася ўздоўж ракі самая прыгожая ў горадзе вуліца са старадаўнімі камяніцамі і стогадовымі таполямі (У.Арлоў). Зелянелі стройныя пахучыя таполі (Т.Хадкевіч). На шляху, праз хмызнякі, праз поле, Да лугоў, дзе ўецца рэчкі ніць, Гоніць вецер стромкія таполі, Каб вадой сцюдзёнай напаіць (К.Кірэенка). І вось ізноў таполі трапяткія Па-нада мной рассыпалі свой звон (П.Панчанка). Таполя тры гады нямой, Абвугленай стаяла, Пад шолах ветлівы якой Тварыў і жыў Купала (А.Александровіч). Вось і лес пачарнеў, Набрынялі старыя таполі (С.Грахоўскі). У доме пад разгатаю таполяй Расце на змену самы меншы брат (У.Караткевіч). Нікога ўжо няма ў роднай хаце... І толькі дзве самотныя таполі Мяне страчаюць пад акном (“Маладосць”).

@

ТВАР. 1. Пра колер твару: абцалаваны сонцам (аўт.), аліўкавы, белабрысы, беласнежны, белы, блакітны, бронзавы, бялявы, далікатна-смуглявы (аўт.), загарэлы, мармурова-белы, ружовы, румяны, светлы, святлісты, смугла-цыганскі, смуглы, смуглявы, янтарны  барвовы, без адзінай крывінкі, бледна-васковы, бледнаваты, бледна-жоўты, бледна-сіні, бледны, бясколерны, бяскроўны, васковы, ватна-белы, жаўтавата-белы, жоўта-белы, жоўты, жоўты ад загару і рабаціння, засівераны, збялелы, малочна-белы, масляна-лакавы, матавы, мелавы, пабурэлы, пабялелы, палатняны, пацямнелы, попельны, руды, спалатнелы, счарнелы, цагляны, цёмны, чорны, чырвоны, шызы, шэра-зямлісты, шэры.

Па-добраму нязвыкла неяк глядзець на ўчэпісты загар — Абцалаваны сонцам твар Ва ўсіх танцорак, Як у жнеек (Р.Барадулін). Лёня нават Мяцеліцу ўзняў на рысь, успомніўшы белабрысы, падзюбаны воспай твар свайго начнога хаўрусніка (Я.Брыль). Яе [Ядвісіны] чорныя вочы, белы твар і гэта чароўная ўсмешка так і стаялі перад ім (Я.Колас). Жыццё ледзь тлела недзе ўглыбіні, не маючы змогі ажывіць блакітны твар (У.Караткевіч). Здалося яму [Івану], цэлую вечнасць не бачыў ён гэтых вачэй, далікатна-смуглявага твару (В.Быкаў). “Мама, ты чуеш?” — Спіць. Твар мармурова-белы... (П.Глебка). Салдаты і афіцэры выціралі з загарэлых твараў пот (І.Мележ). Вакол яго [Сяргеевай] светлавалосай галавы толькі мільгаў румяны тварык пад чырвонай хусцінкай (Я.Брыль). У лесе зялёным царэўна жыла, — Царэўнай зялёнага лесу была, — Жыла вечна ў ім, панавала над ім. Твар мела святлісты, як неба ўзор (Я.Купала). Вочы Галі прыжмурыліся, нецярпліва загарэліся, а смугла-цыганскі твар кранула чырвань (В.Хомчанка). Галава яго [байца] убінтавана была, відаць, ручніком, і смуглы твар выглядаў з-пад белага, як з-пад хусткі, калі яе ў спякоту завяжаш нізка, да брывей (Я.Брыль). Ганна сядзела ў сваім улюбёным куточку канапы, асветленая аранжавым абажурам. Янтарны твар, залатыя валасы (У.Караткевіч). Я ўзіраюся ў яго шэры, без адзінай крывінкі твар, з вострым, нейкім не Юркавым носам (В.Быкаў). Ачуняўшы ад смяротнай хваробы, з бледна-васковым... тварам... выйшаў ён са сваёй каморы (М.Багдановіч). — А гэта ўжо не твой клопат, — суха абарваў яго ўсё той жа камандзір у зялёнай пагранічнай шапцы, з бледнаватым тварам (М.Лынькоў). [Валерка] разгарачыўся, жоўты ад загару і рабаціння, яго востры тварык усыпалі чырвоныя плямы (І.Пташнікаў). Саколіч, пацямнелы, засівераны твар якога не мог захаваць унутранай усхваляванасці, даволі гучна прагаварыў... (М.Лынькоў). Жоўты твар з прыкметнымі цяпер скуламі здаваўся застылым і плоскім (У.Карпаў). Маўчаць і абыякавыя — Твары масляна-лакавыя. Што ім да таго, Да болю твайго і майго! (А.Вярцінскі). Ад чарнаты барады матавы твар рэдактара прымае шэрае адценне (З.Бядуля). А твар дзяўчыны стаў спалоханы, мелавы (А.Савіцкі). І вось яны, нявінныя ахвяры, Спыніліся натоўпам у дзвярах... Як гнеўна ззяюць попельныя твары! (М.Федзюковіч). Сяржант панурымі напружанымі вачыма пазіраў на палоннага, на яго боты, спалатнелы дзіцячы твар (А.Кудравец). Папоў азіраецца... Па яго рудым, ажно счарнелым твары ліюць пісягі поту... (В.Быкаў). На круглым цагляным твары тырчэлі сіваватыя тоўстыя вусы (З.Бядуля). На цёмным твары салдата блішчалі вочы пад кашлатымі бровамі (У.Караткевіч). Чырвоны твар Пачулія стаў шызы (Э.Самуйлёнак). Пятро выпусціў лейцы і ўраз абмяк, згорбіўся, твар яго зрабіўся шэрым, як запылены попел (І.Шамякін).

2. Пра велічыню, форму твару, яго паўнату ці худзізну; характарыстыка твару па нейкай адметнай прыкмеце; пра стан скуранога покрыва: авальны, агняшчокі, акруглены, акруглы, буйны, выпешчаны, дагледжаны, далікатны, доўгі, дробны, круглы, круглявы, кірпаносы, кірпаты, курносы, маленькі, малы, пародзісты, паўнашчокі, прадаўгаваты, пухлы, сухарлявы, тонкі, чарнабровы, чарнавусы, чысты, шырокі, яснавокі  абвіслы, аброслы, азызлы, барадаты, безбароды, брывасты, бязвусы, васпаваты, вастраносы, востры, вузкагубы, вузкалобы, вузканосы, вузкі, вусаты, гарбаносы, голы, губасты, губаты, завостраны, зарослы, зашчацінелы, з глыбокімі ўпадзінамі шэрых зямлістых шчок, зморшчаны, кастлявы, касцісты, квадратны, лабасты (разм.), лабаты (разм.), мангольскі, мардаты, маршчыністы, мізэрны, мускулісты, мясісты, насасты (разм.), насаты (разм.), ненатуральна зашчацінены, нізкалобы, няголены, падзюбаны, падслепаваты, пакляваны, плоскі, пляскаты, скалечаны шрамам, скуласты, сухі, танкагубы, таўстагубы, таўстаморды, хударлявы, худы, чорнабрывасты (аўт.), шчакасты (разм.), шчаціністы, шыраканосы.

Андрэй абвёў позіркам кампанію... Твары нейкія авальныя, доўгія (У.Караткевіч). А жар-месяц глядзіць на калматы гушчар, Нібы твар агняшчокі чырвоны (З.Бядуля). Грымаса болю і жалю скрывіла яго [Глечыкаў] круглявы хлапечы твар (В.Быкаў). Віктар... — прысадзісты, карчасты, чарнявы, з круглым пляскатым тварам (Я.Маўр). Чарнабровы, выпешчаны твар з падпухлымі мяшочкамі пад вачыма спахмурнеў, пакутліва зморшчыўся (І.Мележ). Паненка была прыгожая, з далікатным белым тварам (Я.Колас). Твар у яе быў дробны і белы, валасы густыя, залатыя... (К.Чорны). Я маўчу і з невясёлай лагодаю крадком узіраюся ў яе [Люсін] тонкі, маленькі смуглявы тварык (В.Быкаў). На курносым, паўнашчокім, яшчэ юнацкім твары не відно было стомленасці (Т.Хадкевіч). Мікалай з замілаваннем глядзеў на мізэрны маленькі твар Веры (У.Дамашэвіч). Усе “зямельныя тузы” павета з пародзістымі тварамі... укленчылі і застылі ў малітве (П.Пестрак). Хмурнее яго [афіцэраў] прадаўгаваты, выпешчаны твар (І.Навуменка). Твар яго быў худы, сухарлявы, з глыбокімі ўпадзінамі шэрых зямлістых шчок (М.Лынькоў). Малады пан паручнік... меў тонкі далікатны твар (Я.Скрыган). Шырокі васпаваты твар, адкрытыя з суровінкай вочы, збітая на лямец гушчэзная барада..., трохі замалы і кірпаты нос, які ніяк не мірыўся з нечаканай скупасцю прыроды, ва ўсім іншым шчодра надзяліўшай Астапа, — усё гэта прыходзіла ў рух, падміргвала, расплывалася шырокай усмешкай (М.Лынькоў). Не забыць мне, покі жывы... Тварык мілы, яснавокі І пагляд анёльскі (“Маладосць”). Марына ўважліва зірнула ў яго пабурэлы, аброслы твар (А.Кудравец). І азызлы яго [Далідчыкаў] твар неяк адразу пацямнеў і высах ад поту (І.Пташнікаў). Шафёр, з брывастым тварам, з густой чупрынай... дужы чалавек не адказаў (М.Вышынскі). Справа ад Горавай сядзеў Стаўроў, злева — Харунжы, данскі казак... з вострым тварам (У.Караткевіч). Дубавец туга пацірае вузканосы, прадаўгаваты твар... (М.Вышынскі). Зайшоў нізенькі, з нервовым вузкім тварам Шохан... (І.Навуменка). Алесь выразна ўявіў губаты, грубы, чорнабрывасты твар камбрыга Івана (Я.Брыль). Жыхар новай камеры быў высокі, гадоў пад сорак, мужчына. На яго худым, зарослым густой барадой твары хваравіта блішчалі вочы (М.Машара). Старэнькі зморшчаны тварык цёткі Хрысціны пачырванеў, на вачах выступілі слёзы (І.Новікаў). Петрык падняў ад газнічкі немалады, зморшчаны і зашчацінелы твар (В.Быкаў). Застаўся толькі страшны, няголены твар чалавека з вялікімі вачыма (Я.Брыль). ...[Ранены] падымаецца на локці з-пад шыняля, і на яго белым, ненатуральна зашчаціненым твары, адбіваецца грымаса пакут (В.Быкаў). Квадратны скуласты твар Дразда акамянеў (В.Хомчанка). Нядобрая ўсмешка ўсё не сыходзіла з плоскага, пакляванага Міронавага твару (І.Мележ). Крывёнак паднімае [на Люсю] злосны, скалечаны шрамам твар (В.Быкаў). Шэрыя вочы інспектара ўпіраліся ў яго калючымі іголкамі, а сухі і доўгі, як рэдзька, твар пыхкаў такой грэблівасцю, надзіманай непавагай, што Кох аж разгубіўся... (М.Лынькоў). Поля кінула быстрым вокам на Ігнатаў схуднелы твар (А.Кудравец). На шчакасты твар Пшанічнага з тлустымі вуснамі лягла ленаватая ўхмылка (В.Быкаў). Мужчына прыцмокнуў языком, і шчаціністы твар яго расплыўся ў шырокай ласкавай усмешцы (Р.Няхай). Было смешна глядзець на адзеравянелы шыраканосы твар Яўмена (А.Асіпенка). На шырокім мангольскім твары жанчыны няма аніводнай рысачкі цікавасці (А.Савіцкі).

3. Пра твар прыгожы, прывабны або непрыгожы, непрыемны; пра твар, што выражае фізічны стан чалавека (здароўе ці нездароўе і інш.): абаяльны, бадзёры, гожы, дабротны, дзівосны, крамяны, маладжавы, маладзенькі, малады, мілавідны, мілы, моцны, незвычайна прывабны, пекны, правільны, прасветлены, прывабны, прыгожы, прыемны, пяшчотны, родны, сімпатычны, слаўны, цудоўны, чароўны, чысты, юнацкі, юначы, юны  абветраны, авечы, агідны, адрузлы, адутлаваты, брыдкі, вульгарны, вялы, грубы, жахлівы, замораны, зблажнелы, змарнелы, звялы, змардаваны, змораны, змучаны, змяты, зняможаны, знясілены, кволы, лісіны, малакроўны, мокры, нездаровы, непрыгожы, непрыемны, несімпатычны, нецікавы, пабляклы, пакамечаны, памяты, патухлы, пачварны, празрысты, прастуджаны, рэзкі, савіны, спакутаваны, спатнелы, стомлены, тхарыны, халодны, хваравіта бледны, хваравіты, хворы, худасочны.

Твар жанчыны быў не так прыгожы, як сімпатычны, абаяльны (Л.Арабей). Данік глядзіць на белую маленькую руку настаўніцы, потым крадком цікуе на мілы, прыгожы твар яе (Я.Брыль). Лёгкі смех пакрыў дабротны твар мужчыны (Ц.Гартны). Запалка загарэлася..., асвятліла поўны твар жанчыны. Крамяны, млечны, ружовы, малады твар (С.Баранавых). Гэты ж выраз узнік і на маладзенькім, чыстым твары дзяўчыны: як яму беднаму цяжка (І.Мележ). Ён [Зыбін] моцна, ад сілы паціснуў яму руку, потым, — нечакана для сябе... — нахіліўся да мілага роднага твару... (І.Мележ). Нам ужо відаць яе [Люсін] твар, успатнелы, змораны, расчырванелы, але такі незвычайна прывабны твар маладой, шчырай і вельмі прыгожай дзяўчыны (В.Быкаў). Ён драмаў, і твар яго быў прасветлены, знясілены, змарнелы (У.Караткевіч). Жанчына мела надзвычай правільны твар з прыемным здаровым смуглым колерам (А.Карпюк). Я ўспамінаю дагэтуль твар маёй маці пяшчотны (В.Вярба). Які цудоўны твар! На ім напісана ўсё: і яе духоўная прыгажосць, і пакуты (Я.Скрыган). Чароўны твар Евы так лагодна пазірае на калгаснікаў з экрана (Я.Колас). [Сцяпан] бачыў чысты, юны твар дзяўчыны (Н.Гілевіч). У думках дзяўчыны... узнік Фёдар Гадун. З абветраным моцным тварам... (М.Гамолка). Авечы твар Тварыцкага раптам распоўзся ў сабачую грымасу... (К.Чорны). Шырокі адутлаваты твар сардэчніцы быў белы, як палатно (І.Навуменка). Нос ці, праўдзівей, бязноссе робіць твар жанчыны страшэнна брыдкім, пачварным... (Я.Колас). Твар [Мальвіны] быў пакамечаны, зблажнелы, нібы не спала яна некалькі начэй (С.Баранавых). Я бачыў змардаваныя твары, па якіх цяклі слёзы (У.Караткевіч). І мізэрна так бясконца Гэты хлопчык выглядаў! Толькі вочкі асвячалі твар замораны, худы (Я.Колас). Лесін бачыў змарнелы твар старога (А.Жук). Я зірнула на змораны твар начальніка цэха. Зотаў быццам хмурыў зеленавата-карыя вочы (А.Савіцкі). Паяснелі засмучаныя твары, І малы смяецца і стары (П.Панчанка). Грубы рэзкі твар наліваўся бурай крывёю... (У.Караткевіч). Перад Йонасам стаяў з памятым тварам... Кузьма Шавейка (П.Броўка). Яўхім заўважыў, што твар дзяўчыны блеклы, нездаровы... (І.Мележ). Ганна і тут пашкадавала затульваць малой родны, кволы тварык (І.Мележ). У скупым месячным святле бачыў Лесін, які худзенькі празрысты ў яго [хлопчыка] тварык і глыбокія цені пад вачыма (А.Жук). Наталля заплакала, ды так і заснула з мокрым, знясіленым тварам (Я.Скрыган). Часам сонца ўсміхнецца ветла засмучоным, малакроўным тварам (У.Дубоўка). У яго [Рыгоркі] быў круглы савіны твар... (І.Дуброўскі). Тады парыпвалі старэнькія абымшэлыя платы, гулі абледзянелыя ліпы, жорсткі снежны пыл сляпіў вочы, халадзіў узгарачаны твар (М.Лынькоў). Ганна зірнула на яго [Сцяпанаў] хваравіта бледны твар (І.Мележ). Хваравіты маршчыністы твар дэкана аставаўся пахмуры (У.Карпаў).

4. Пра твар, які выражае настрой, пачуцці, рысы характару чалавека, яго інтэлект, псіхічны склад і інш.: адухоўлены, ажыўлена-засяроджаны (аўт.), ажыўлены, анёльскі, бесклапотны, бестурботны, блізкі, бясхмарны, важны, валявы, ветлівы, вясёлы, ганарлівы, ганарысты, гарачы, дабрадушны, дабратлівы (аўт.), далікатны, добры, дружалюбны, дужа далікатны, жывы, жытна-верасны (аўт.), жыццярадасны, загадкавы, задаволены, задуменны, задумлівы, закаханы, замілаваны, засяроджаны, захоплены, зацікаўлены, зіхатлівы, знаёмы, інтэлігентны, лагодны, ласкавы, мядовы, набожны, натхнёны, нявінны, паважны, па-дзіцячы светлы, пакорлівы, пачцівы, прыветлівы, прыветны, радасны, распагоджаны (аўт.), расчулены, родны, рухавы, салодкі, смелы, спагадлівы, спакойна-чарнабровы (аўт.), сур’ёзна-ўсмешлівы, сур’ёзны, удумлівы, удумны, упэўнены, урачысты, цвёрды, цікаўны, ціхі, шчаслівы, ясны  абмежаваны, адзеравянелы, адчайны, адчужаны, азвярэлы, азлоблены, акамянелы, апатычны, асалавелы, аскетычны, ашалелы, бездапаможны, безудзельна-адчайны (аўт.), бяздушны, варожы, гаротны, гнеўны, горкі, гняўліва-цяжкі, гняўлівы, грэблівы, дзеравяны, драпежна-вольны (аўт.), драўляны, жаласны, жалезны, жорсткі, жудасны, журботны, задзёрысты, заклапочаны, засмучоны, збялела-пакутніцкі, з’едлівы, злосны, змрочны, знямелы, калючы, капрызны, кіслы, ліслівы, люты, маркотны, напяты, настарожаны, насцярожаны, нахмураны, незадаволены, непрыступны, нервовы, нерухомы, неспакойны, нецярплівы, няшчасны, пагардлівы, пакрыўджаны, пакутлівы, палачанскі, пануры, пастарэлы, пахмурны, плаксівы, разгублены, раззлаваны, раз’юшаны, самаўпэўнены, самотны, скарэжаны злосцю, строгі, сурова-бязлітасны, суровы, трагічны, тупы, угодлівы, узрушаны, устрывожаны, халодны, хваравіта зацяты (аўт.), чужы, ярасны.

Ён паўстаў перад Сяргеем высокі і стройны, з адухоўленым тварам, з шэрымі разумнымі вачыма... (І.Гурскі). Шэры ў прыцемках твар старшага сяржанта ажыўлена-засяроджаны на сваіх камандзірскіх клопатах (В.Быкаў). Твар у дзяўчыны быў ажыўлены, нецярплівы, вочы весела іскрыліся (У.Карпаў). [Халюта] стаяў пабялелы, і на твары, заўсёды такім вясёлым, бесклапотным, быў страх (І.Мележ). Толькі пад самую раніцу дабраўся [хлопец], дапоўз да ўскраіны роднай вёскі... Вось і гумно... Змрочная, халодная еўня... Ахапак саломы. Забыццё... Спалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары (М.Лынькоў). Твар у бабкі ветлівы, вясёлы (Я.Колас). Твар сур’ёзны ў селяніна, Важны, задуменны, Ходзіць, рукі залажыўшы За той пас раменны (Я.Колас). ...Перамяніўся твар у той жанчыны — толькі што дабрадушны, спагадлівы, зрабіўся такі халодны, адчужаны (Л.Арабей). Дабратлівы твар Кісяля быў засмучаны і пакрыўджаны... (М.Паслядовіч). Гэта быў зусім яшчэ хлапчук з далікатным, як у дзяўчыны, тварам (А.Кудравец). [Аўгіня] туліць гарачы твар свой да яго шчакі (Я.Колас). [Алена] была поўная, жыццярадасная, з такім добрым, прыгожым тварам... (М.Нікановіч). Ледзьве ўтаймоўваючы хваляванне, я гляджу ў заценены прыцемкам такі знаёмы, дужа далікатны, як у дзяўчыны, твар сябра (В.Быкаў). Але ж і пекная дзяўчына! Які жывы і ўдумны твар! (Н.Гілевіч). Арліны храм. Узмежак беразовы. І твар сялянкі жытна-верасны (Я.Янішчыц). [Заслонаву] уявіўся жывы, энергічны юнак, яго жыццярадасны твар, стрыманыя рухі, якімі ён заўсёды пераймаў свайго бацьку (М.Лынькоў). Калі Арына шыла, цыравала, задуменны, засяроджаны твар яе свяціўся ціхім спакоем (У.Карпаў). Я прыйшоў паглядзець Сёння ў гэты пакой На дзяўчыну з прыветным задумлівым тварам (П.Броўка). Іван, нахмурыўшыся, паглядзеў у гэты зіхатлівы, бы жывое срэбра, рухавы... твар (В.Быкаў). Неспакой не сыходзіў з яго [байца] інтэлігентнага, з тонкімі рысамі прадаўгаватага твару (І.Новікаў). Густыя пракураныя пшанічныя вусы былі акуратна падрэзаны і надавалі яго [начальніка] лагоднаму твару такі спакойны і будзённы характар (М.Лынькоў). Твар маці, ласкавы, пакорлівы, рабіўся строгім, набожным (“Беларусь”). Позірк яго [афіцэра] затрымаўся на маладжавым, па-дзіцячы светлым твары Ігнася Кахновіча (А.Кудравец). ...Спытаў Іван, з затоеным смехам гледзячы на амаль зусім распагоджаны бацькаў твар (Я.Брыль). Лявон павольна ўзняў вочы на Марыну Сцяпанаўну, зрабіўшы твар да брыдкасці салодкім (У.Корбан). Валожын хацеў даказаць, што сама лепш цяпер пабыць ім удваіх, але глянуў на ўпэўнены, спакойна-чарнабровы прыгожы Аксенін твар і зразумеў, што нічога не трэба даказваць (А.Жук). Сашка спакойна падняў на яго [Міцьку] светлы, ясны, як маёвая кветка, твар (В.Карамазаў). Я бачыў перад сабой сур’ёзна-ўсмешлівы твар генерала (К.Кірэенка). Гвардыян адвярнуў ўбок адзеравянелы раптам у тупой абыякавасці твар... (М.Зарэцкі). Акрываўлены твар Халусты быў такі азвярэлы, што на яго нельга было глядзець без жаху (А.Чарнышэвіч). Па аскетычным твары чалавека... можна было меркаваць, што на яго долю выпала нямала пакут (У.Дамашэвіч). Сціснуўшы галаву далонямі, сядзела з акамянелым тварам Рая (І.Шамякін). Наталля падняла твар, мокры, гарачы і зусім не такі, як прывык бачыць Казімір, — бездапаможны, пакорлівы (Я.Скрыган). Акамянелы, пастарэлы, Якісь нядобры Быў матчын твар... (Н.Гілевіч). Глінскі абвёў вачыма калег. Потым ягоны позірк спыніўся на твары Ірыны, на безудзельна-адчайным твары мужчыны (У.Караткевіч). Твар яго [старога] быў незвычайны, горкі, з’едлівы... (У.Караткевіч). З тварам змрочным, гняўліва-цяжкім, Махнуў цар рукою служкам сваім (К.Кірэенка). І свеціцца тугой былых пажараў Драпежна-вольны палачанскі твар (У.Някляеў). А потым так усё абрыдзела: і твар яго [Фамута] драўляны і немата... (Я.Брыль). Прохараў сядзіць на сваім экскаватары,, як статуя. Твар жалезны і вочы драўляныя (У.Краўчанка). Твар фашыста быў жудасны... (І.Шамякін). Гэта быў гадоў дваццаці васьмі мужчына з шэрымі вачыма, з круглым задзёрыстым тварам... (Я.Скрыган). “Баліць што, мама?” — зірнуўшы на яе збялела-пакутніцкі твар, спытаў Грышка (В.Мыслівец). Застыглы твар стаў калючым, суровым, нібы пражыў Міколка доўгія дзесяткі год, усё перажыў, усё пабачыў на свеце (М.Лынькоў). Дадому Ганна Лявонаўна пайшла з кіслым тварам (У.Корбан). Над ім схіляецца таварыш, У вочы з ласкаю глядзіць. А на яго знямелым твары Ужо смяротны цень дрыжыць (П.Глебка). У махорачным тумане выглядалі напятыя, настарожаныя твары людзей (М.Лынькоў). Тонкія чорныя вусікі на белым нервовым твары былі нібы прыклееныя (В.Хомчанка). Абапал — два штыкі, два непрыступныя твары пад каскамі (Я.Брыль). На посцілцы ляжаў чалавек з бледным нерухомым тварам (М.Лынькоў). На яе [Аленіным] твары, задуменным, неспакойным... хадзілі святло і цені (І.Мележ). Мяркуючы па Валодзькавым твары, устрывожаным і насцярожаным, яны ледзь не трапілі ў бяду (І.Мележ). Данік успомніў худы, скарэджаны злосцю твар панны Рузі (Я.Брыль). Чалавек з трагічным тварам глянуў на юнака... (А.Марціновіч). Калі афіцэр нешта сказаў, [кухар] падняў хваравіта-зацяты твар (В.Быкаў). Я бачыў... твары ярасныя (У.Караткевіч).

@

ТРАВА (травы). 1. Пра вышыню, гушчыню, колер, пах; пра стан травы: аксамітная, алюмінева-белая (аўт.), буйная, водарная, высокая, гаючая, гладкая, глыбокая, густая, духмяная, залатая, залацістая, зялёная, ігольчатая, квола-зялёная (паэт.), квяцістая, кусцістая, кучаравая, лапушыстая, маладая, машастовая, мурожная, мядовая, мяккая, невысокая, не скошаная ў пару, ніцая (нар.-паэт.), пасівелая, пахкая, пахучая, прывялая, пышная, росная, сакавіта-кволая (паэт.), сакавітая, сакаўная, серабрыстая, сіняя, тлустая, хвалістая, чырвоная, шаўкавістая, шаўковая, ярка-зялёная, ясна-зялёная, ядраная  ажарсцвелая, бляклая, бурая, выгаралая, дзікая, жорсткая, жухлая, збуялая, непралазная, пажоўклая, пажухлая, учэпістая, чэзлая, шарахаватая, шорсткая, шурпатая, шызая.

Каля хлява стаяла некалькі вішанек; пад вішнямі была густая аксамітная траўка, цень, прахалода (І.Мележ). Пад праменнямі сонца маладая рунь і трава сталі алюмінева-белымі (І.Шамякін). Нельга лепшага друга за песню знайсці, За вясновую песню вятроў і Дняпра, Буйных стэпавых траў, Вечных дум Кабзара (М.Танк). Па халявах з шоргатам білася высокая, не скошаная ў пару трава (Я.Скрыган). Звечара ён [Данік] доўга не мог заснуць, бо ўсё прыслухоўваўся, як яблыкі ападаюць у мяккую, глыбокую траву (Я.Брыль). Дзед даставаў піпку, выцягнуўшы босыя ногі на машастовай гладкай траўцы (М.Гарэцкі). Ноччу, да золаку, чуць, як гавораць Травы духмяныя, вецер і зоры (М.Танк). А ў плынях рэк па залатой траве, — Крамянае такое ходзіць лета (У.Хадыка). “Жыла” зарасла зялёнай тлустай травою (П.Пестрак). Каля варот паміж гладкіх камянёў... расла высокая ігольчатая трава (Я.Радкевіч). А ўсюды квола-зялёная трава (Б.Сачанка). Трава квяцістая, густая Будзе губляць сваю прыгажосць (П.Броўка). Дзівосныя фарбы з сонца і засені слаліся па кучаравай траве пад яблынямі і ігрушамі (Р.Мурашка). А на тым месцы, на балоце, дзе раней перайшоў агонь, пачала рунець новая лапушыстая трава і буяць сакавітыя маладыя краскі (Я.Колас). Конік весела згрызаў маладую пахучую траўку і громка пырхаў (Я.Колас). На Палессі восень... Гусі белыя выскублі мядовую траву (П.Панчанка). Сыплюцца на пасівелую траву лісточкі (М.Лынькоў). З-пад рэчкі данёсся пах скошанай і ўжо троху прывялай травы (Я.Сіпакоў). На ўзлессі пахла апошнімі, пераспелымі суніцамі, прывялай духмянай травою, асіннікам (І.Мележ). А на беразе рэчкі Траўка ніцая, доўгая... (“Маладосць”). Узыходзіла сонца... Заіскрылася росная трава, ружовым святлом умылася наваколле (В.Карамазаў). Карта скажа табе, што ты на краі зямлі. Гэта адчуеш і так, калі... узыдзеш на сопку..., пярэстую ад вялізных трэшчын, парослых сакавіта-кволай травой (М.Стральцоў). Вясне так хочацца прысесці На сакавітую траву: Каштанаў факельнае шэсце ёй закружыла галаву (П.Панчанка). Ён [конь] старанна згрызаў сакаўную траву... (Я.Колас). На сінія травы, на сосны густыя Павольна спускаўся жнівеньскі вечар (П.Панчанка). І яна [козачка]... падскоквала ў высокай чырвонай траве між пнёў (І.Пташнікаў). О, як пахнуць на лузе шаўкавістыя травы (П.Броўка). У дзяўчат на руках былі краскі з шаўковаю травою, з мятаю (Р.Мурашка). Хлопчык сеў на мурожную траву і доўга не зводзіў вачэй з салдат (М.Гамолка). І лёгка чуючы, як падганяе тугі вецер, яна затупала па ясна-зялёнай... траве... (В.Адамчык). На ажарсцвелай траве ўзлескаў... ужо ляжалі адзінокімі зорачкамі восені жоўтыя лісцікі бярозы (А.Жук). Аднастайны ландшафт. Выгаралыя на сонцы светла-жоўтага колеру бляклыя травы (І.Сяргейчык). Няхай вораг-звяруга лютуе І навалаю чорнай плыве, — Ён магілу сабе сам рыхтуе Пад асінаю ў дзікай траве (Я.Колас). Мы ідзём па вузкай, зарослай густой, збуялаю травою лясной дарозе (Б.Сачанка). Дарожка, як змейка, Знікае паміж непралазнай травы (М.Калачынскі). Летам... на замшэлых каменнях расла... учэпістая трава... (І.Мележ). Ігнат сядзеў непадалёку ад сястры, тупа ўставіўшыся ў блізкую купіну, парослую шорсткай, шызаватай травой (М.Лынькоў). Усе пападалі на купіны, прыціснуліся да шурпатай травы (І.Новікаў). Унізе, проста пад нагамі, мільгала зямля: часам жоўты пясочак, парослы чэзлай травой (А.Асіпенка). У засені дрэў панарастала шмат травы. ...Ядранай, сакаўной (Б.Сачанка).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (травы): весела-росная (аўт.), вясёлая, далікатная, казытліва-халодная (аўт.), ласкава-мяккая (аўт.), ласкавая, пяшчотная, сакавіта-жыццёвая, свежая, слаўная, ціхая  засмяглая, ліхая, млявая, самотная, сонная, сумная, трагічная (аўт.), хмельная.

Хто лепш за самога касца адчувае красу гэтай працы? Нагамі ў весела-роснай або ласкава-мяккай траве (Я.Брыль). З зямлі травінкай далікатнай, Густою шчотачкаю здатнай Выходзяць дробныя зярняткі (Я.Колас). [Мікульскі] упаў дагары, раскінуўшы як мага шырэй рукі ў казытліва-халодную траву... (П.Місько). [Людзе] захацелася раптам пабегчы па гэтай мяккай, ласкавай траве (Я.Брыль). Абярнуся я травою, Высокай, пяшчотнай, І ўкрыю з галавою юнака ўпотай (Н.Шклярава). На прыдарожнай траве сакавіта-жыццёвай, на лісці кустоў, нібы брыльянты, буйніліся багатыя росы (Я.Колас). Зялёны луг... За хатай зараз пачынаўся Ды йшоў квяцістай раўніною З мурожнай слаўнаю травою (Я.Колас). Трава высокая, як песня жаўрука... І хмельная, як мёд вясельны (М.Танк). Росы падаюць з ціхіх траў... (П.Панчанка). Грозна і гучна наступала цёплая хмара, абліваючы зямлю імклівым патокам дажджу, кладучы на дол засмяглыя нівы і травы (Я.Колас). У жыцці не месца крывадушшу, Як ліхой у кветніку траве! (Я.Непачаловіч). Трава тут [у лесе] была млявая, мяккая... (М.Ткачоў). Ледзь-ледзь гайдаецца гамак над соннаю травой (Э.Агняцвет). Маланка блісне. Згасне зорка. Пальецца дождж як з рукава. Тут на траншэях і пагорках Расце трагічная трава (Я.Янішчыц).

* Трава-аксаміт, трава-мурава, трава-разун, трава-сенажаць.

Блішчаць сенажаці травой-аксамітам (П.Броўка). Валока толькі сабраўся сесці на траву-мураву..., як падбег пасыльны са штаба (А.Марціновіч). Вецер паўднёвы на лузе квяцістым Калыша траву-сенажаць (Я.Колас). Шастае і хапае за рукавы трава-разун (С.Грахоўскі).

@

ТРЫВОГА. Белая, высакародная, гарачая, дзіўная, душэўная, загадкавая, зноў адчутая, лёгкая, невыразная, неразгаданая, прыемная, пявучая, радасная, раптоўная, салодкая, свежая, светлая, трапяткая, увішная, ціхая, шчаслівая, шчырая  адвечная, адчайная, балючая, бяздонная, бяссонная, важкая, вечная, вострая, вялікая, глухая, глыбокая, горкая, грозная, дарэмная, затоеная, змрочная, зябкая, мулкая, напятая, неадступная, неадчэпная, незразумелая, неспадзявана балючая, нецярплівая, нямая, няўцямная, няясная, пакутлівая, пакутная, поўная нядобрага прадчування, прагная, пякучая, сумная, усеабдымная, халодная, хваравітая, цёмная, цяжкая, шчымлівая.

Ціха, самотна журыліся берагі рэчкі Свіслач. І белаю трывогаю, і жальбаю гайдалася на яе плынях... рачное жыхарства (К.Кірэенка). Глянь, як вяргіні гарачай трывогай гараць (С.Законнікаў). Нейкая дзіўная незразумелая трывога закрадвалася ў сэрца (П.Місько). І вось лісток душэўнае трывогі, І вось радкі азяблага пяра (Я.Янішчыц). А снег — у кожнага ён свой, Як сон, як госць каля парога, Як зноў адчутая трывога, Як суцяшэнне і спакой (А.Пысін). Сэрца стала шчымець Невыразнай трывогай (П.Панчанка). Не выбіраючы дарогі, Бягуць у тургайскія пяскі Неразгаданыя трывогі, Неразматаныя клубкі (А.Пысін). Праца краіне. Трывога пявучая... (М.Лужанін). Душа з трывогай радаснаю Сніць нанова думаць і нанова жыць (А.Русак). Красавік — абуджэнне салодкіх трывог, Прадчуванне грымот, навальніц і маланак (А.Звонак). О турбота соснаў маладых, Родных пушчаў светлая трывога, У прадчуванні новае дарогі Я ішоў, не слухаючы іх (Л.Дайнека). І ў гэтай раздуме Якава Гузіка таілася салодкая забава і трапяткая трывога (Ц.Гартны). Палоняць радасць і трывога ўвішная, Калі ты насустрэчу мне ідзеш... (М.Федзюковіч). [Маці] выходзіць цяпер на дарогу І ўдаль углядаецца з ціхай трывогай (Е.Лось). Ад шчаслівай трывогі Мне навек застанецца Сумна-горкі ўспамін (Н.Гілевіч). Ахоплена сэрца маё неспакоем, Вялікай, балючай трывогай людской (Н.Гілевіч). Жыву бяздоннай трывогай, Таму што сэрца маё распята (У.Караткевіч). Бяру з сабой нялёгкія дарогі, Сляды пакут, што не датлелі... Бяру з сабой бяссонныя трывогі... (А.Пысін). З крыўдай гэтай і важкай, поўнай нядобрага прадчування трывогай яна [Ганна] пайшла да Хадоські (І.Мележ). У Кастуся засталася толькі вострая трывога... як там скончыўся бой (К.Чорны). Дубы шумелі аголенымі лапамі. Была ў гэтым шуме радасць адноўленага жыцця, але чулася ў ім калі-нікалі і нейкая глухая, затоеная трывога (Я.Колас). Вясна мая! Развей утому! Няхай вятры на лес нясуць Трывогу горкую і сум... (П.Глебка). Глядзелі з вокнаў аганькі Мне ўслед з трывогай шчырай, Нібы ў далёкі і цяжкі Я падымаўся вырай (А.Куляшоў). Відаць, злаваў на старога за гэтую дарэмную трывогу (Я.Брыль). Мінулі даўно тыя змрочныя, грозныя трывогі і бітваў ліхія гады (В.Шымук). Тоячы ў душы зябкую трывогу, Іван... азірнуўся (В.Быкаў). Мулкая глухая трывога залягла ў дзедавым сэрцы (Я.Колас). Ён сам не чакаў, што выпадковая сустрэча народзіць у ім такую шчаслівую, напятую, як струна, трывогу... (У.Караткевіч). І шэпча нецярплівая трывога, Каб не спяшаўся я дарма сюды (С.Грахоўскі). Гэты дужы звон грымнуў у сэрца старога неспадзявана балючай трывогай (К.Кірэенка). Бяроза боязна к бярозе Тулілася ў нямой трывозе (Я.Колас). Чалавек ажыў, забыўся на свае ранейшыя сумныя трывогі (К.Чорны). У сэрца ўваходзіла халодная нямая трывога (М.Лынькоў). Сумны восеньскі адвячорак поўніўся... усеабдымнай трывогай навіслай над краем бяды (В.Быкаў). У чорных вачах Пятра ліхаманкава гарэлі агеньчыкі хваравітай трывогі (М.Даніленка). Я адшукаю месца, дзе б ні хмары, ні цёмныя трывогі не змаглі парушыць мар былых (А.Куляшоў). Хай трывогі шчымлівыя спеюць, Хай над летам рыдаюць бары... (А.Пысін).

* Трывога-знямога.

Ноч за ночкай ідзе, сцішна, тайна брыдзе, Рассявае трывогу-знямогу (Я.Купала).

@

ТУГА. Бесклапотная, блакітная, дзіўная, дзіцячая, задушэўная, зямная, лёгкая, маладая, мяккая, нясмелая, прыемная, радасная, сардэчная, светлая, ціхая, шчырая  адчайная, асенняя, балючая, безвыходная, безгалосая, безнадзейная, безуцешная, беспрасветная, бязмежная, бязмерная, бязрадасная, бясконцая, бяскрайняя, бяссонная, важкая, вечная, вострая, вязкая, вялікая, гарачая, глухая, глыбінная, глыбокая, гнятлівая, горкая, даўкая, едкая, жахлівая, жорсткая, жураўліная, журботная, затоеная, звярыная, злая, знішчальная, золкая, лютая, маркотная, маўклівая, навальнічная, настылая, неадольная, неадчэпная, невыказная, невымоўная, невыносная, незагойная, незразумелая, неймаверная, непазбыўная, непамерная, непераможная, непрытоеная, непрыхаваная, неразвейная, неспакойная, нечакана нудлівая, нязмерная, нязносная, нямая, нясцерпная, няўтольная, няўцешная, пакутлівая, пакутная, палынная, палыновая, прыкрая, пякельная, пякучая, смяротная, страшная, страшэнная, тужлівая, тупая, усеабдымная, цягучая, цяжкая, чорная, шчымліва-журботная, шчымлівая.

І раптам бачу: на рагу У прадаўшчыцы-маладзіцы, Маю блакітную тугу — Букет пралесак залаціцца (М.Танк). Рэха стагоддзяў у сэрцы ўеаскрэсне І развярэдзіць зямную тугу (С.Законнікаў). Хочацца зліцца з ласкавай вадою І не мець іншага жадання, Забыцца тугой маладою... (В.Вярба). Цвітуць сады маёй радзімы. Як разліліся берагі Вясновай квецені і дыма, Шчымлівай радаснай тугі! (В.Вярба). І засынаю, як калісьці, З дзіцячай светлаю тугой (В.Вярба). Хто прыйдзе пасля і таксама затужыць — той самай светлай, сардэчнай тугой (Я.Брыль). І ў пакоі і за акном нібы лунала, як адчуваў Арсень, рассеяная скрозь ціхая, але шчымлівая туга (Т.Хадкевіч). Палагаднелі, здаецца, і вочы [Шлыка], у якіх... асела адчайная туга (А.Савіцкі). Аляксей, зачараваны асенняю тугою,... жмурыцца ад сонца (С.Грахоўскі). То здаецца: ў пакоі маім, Засядзеўшыся позна, Нахіляецца [Чарот] нізка, З балючай тугой у вачах (Н.Гілевіч). Агеньчык дрыгае і скача... Бы штось чуваць, нібы хто плача, Ці то званочак пад дугою Звініць Бясконцаю тугою? (Я.Колас). Туга бяскрайняя да сэрца горнецца (П.Глебка). Туга мая бяссонная злятае Няўмольнай цішай на глухі парог (М.Федзюковіч). Засталося толькі адно: тугаважкая, цягучая (І.Мележ). Вострай тугой сціснулася сэрца хлопца: нічога больш не будзе... (В.Быкаў). Вязкая туга і адзіноцтва... гналі да людзей (А.Асіпенка). Нараджаецца туга, вялікая звярыная туга адзіноты (П.Галавач). Нямала ў свет пайшло з гарачаю тугой, Але ў дзень заўтрашні з магутнай верай (М.Танк). Ёсць у мяне глыбінная туга Па далавых і ціхіх берагах (Я.Янішчыц). [Багдан] — як сабе спявае — і скруха, і нейкі адчай, і горкая незразумелая туга (А.Савіцкі). Невядома, колькі давядзецца Даўкую тугу ў душы нясці, Толькі вечна маладому дрэўцу Случчынай у памяці цвісці (В.Вітка). Нібы ў пласцінцы грамафоннай, Схаваны ліўні грамавых сімфоній І цішыня затоенай тугі (А.Пысін). І буду трубіць я, Пакуль не развею Настырную, золкую тую тугу, Пакуль я жывую душу не сагрэю (А.Зарыцкі). Рэчы хатнія ўсе Аглядаў я з маўклівай тугою (А.Куляшоў). Найлепш было крылле зламаць, Як біцца ў тузе навальнічнай: Бяскрайні прастор наш і творчы размах Вартуе мой брат-пагранічнік (П.Глебка). Выйдзеш у поле, глянеш на неба — і зойдзецца болем, зашчымліць невыказнай тугой сэрца: дадому б, у сваю вёску! (Б.Сачанка). Невымоўная туга аб... страчаным гняла сэрца (Т.Хадкевіч). Багдан... спяваў з адчайнай, непрытоенай тугою (А.Савіцкі). Яна [Марыля] заўважыла незразумелую, зусім непрыхаваную тугу ў вялікіх карых вачах (А.Савіцкі). Агорне [маці] туга неймаверная... (А.Лойка). Я пайшоў з падвала, як знявечаны, з нейкай непераможнай,... знішчальнай тугой у сэрцы (М.Машара). А пад вечар, ужо на аэрадроме, перажываў я хвіліны нечакана вострай тугі па сваіх шасцідзесяці днях... на Поўначы... (М.Стральцоў). З палыннай тугой заарэцца І песня палыннага краю... (А.Вялюгін). І пяю і плятуся З сэрцам — скрыпкай жывой — Па палях Беларусі З палыновай тугой (М.Танк). І пачаліся дні балючай рэўнасці, адчаю і смяротнай тугі (М.Гарэцкі). Калі хлопцы ішлі на вячоркі, страшэнная туга апаноўвала Мікалая (А.Чарнышэвіч). Спакой туга тупая не зможа ўберагчы (Р.Барадулін). І тады нальецца цела сілай, Гэтай сілы радасць зберагу, Каб яна мяне перанасіла Праз бяду, і ворагаў касіла, І знішчала чорную тугу (П.Панчанка). І плыве над рыжымі лугамі Белых чаек чорная туга (Я.Янішчыц). Непаўторная сваёй прыгажосцю тайга агарнула шчымліваю тугою чулую Аляксееву душу (С.Грахоўскі). Шчымліва-журботная туга прывяла Улю першай і на сенажаць (У.Паўлаў). Мы жылі без радзімы, без свае зямлі і мовы, і я ведаю, якая гэта шчымлівая, пякучая і беспрасветная туга па роднаму гародчыку, па красках на поплаве... (Б.Сачанка).

@

ТУМАН (туманы). 1. Пра колер туману; пра час яго з’яўлення: аранжавы, белагубы (аўт.), белы, блакітны, бялёсы, бялява-малады, бялявы, вішнёвы, дымны, жамчужны, жоўты, залаты, зялёны, кужалёвы, ліловы, малачавы (аўт.), малінавы, малочна-белы, малочны, млечны, ружаваты, ружовы, серабрысты, сівы, сіне-белы, сіні, срэбны, сярэбраны, янтарны  крывавы, свінцовы, цёмны, цьмяны, чорна-белы, чорны, чырвоны, шараваты, шызы, шэры; асенні, вясенні, вячэрні, досвітны, малады, ранішні, світальны, чэрвеньскі.

Паволі знікаў ранішні аранжавы туман, праступалі абрысы недалёкага лесу (М.Лынькоў). Прыслухайся, як белагубы туман фыркае на атаву (Р.Барадулін). Хутка белы туман ахінуў раку, берагі, прыбярэжныя лесавыя ўзгоркі (М.Лынькоў). Балота заслаў густы белы туман, як малако (І.Пташнікаў). Абапёрся дуб рукой зялёнай На страху і, пахіліўшы стан, Утаропіў вочы ўлюбёна У блакітны ранішні туман (К.Кірэенка). Іду, а над крыніцаю Туман бялёсы сцелецца... (Н.Гілевіч). Туман бялява-малады расу збірае ў Беларусі (Я.Пушча). Ішлі і пазіралі то на дрэвы... на бялявы рэдкі туман, які нізка слаўся па вадзе (У.Дамашэвіч). Вось спачну мо трохі ў туманах вішнёвых, Затапіўшы вочы мокрыя ў зару, І далей пайду я праз лясы, дубровы Па тваіх дарогах, Беларусь (М.Танк). Усё ў крывавым, дымным тумане... І магма наплывае на мяне (Я.Янішчыц). З лугавін і пералогаў рэдзенькім дымком поўз... малочна-белы... туман (Б.Сачанка). Усё было: пацалункі світаннем, Над ракою туман залаты, Бедны прывід майго кахання, Што здушыла разважліва ты (У.Караткевіч). Над блізкім балотцам... слаўся белы кужалёвы туман (В.Гардзей). Над рэчкай паднімаецца малачавы туман (У.Краўчанка). Усё яшчэ спала: і луг, і рэчка ў малінавым ранішнім тумане... (“Маладосць”). Як прыгожа на світанні, На зыходзе ночы, Як патоне ўсё ў тумане, У густым, малочным! (Н.Гілевіч). Пасля ночы, якая папаўзла парай з Прыпяці і малочнымі туманамі з лагчын... добра было ехаць Палессем (У.Караткевіч). Мы плылі па азёрах у млечным тумане цёплай ночы і абое маўчалі (М.Ваданосаў). Зведаў ілюзій крушэнне. Знік ружаваты туман (В.Жуковіч). Далёка за ракой кожны вечар ляжаў сівы туман (І.Пташнікаў). Пачынае світаць, сіне-белы туман вісіць над лугавінай (І.Навуменка). Апусціцца на зямлю, шчыльна ахутаўшы будынкі і дрэвы, сіне-шэры туман, ды такі густы і застаялы, што дыхаць цяжка (Т.Хадкевіч). Рака здаецца зусім апусцелай. Толькі дзе-нідзе пырсне рачная драбяза — празрыстымі іскрамі пад лёгкім сінім туманочкам (К.Кірэенка). Поле нікне ў срэбным тумане, Снег блішчыць, як халодная сталь (М.Багдановіч). Разгоніць дзень туман крывавы, Развее вецер час імжы, І будзе праўда правіць права, Пазносіць межы, рубяжы (Я.Колас). Раніцаю ў нізінах плаваў густы шэры туман (В.Дайліда). Зеляніна агародаў яшчэ была ахутана начной цемрай, шараваты туман, што наплываў з рачулкі, змешваўся з ёю (Т.Хадкевіч). [Мар’яна] пабегла ў шызы досвітны туман (Н.Гілевіч). Ці ж не з табой [сяброўкай] я сустракаўся У полі жніўнаю парой, Калі туман вячэрні слаўся Па свежай пожні пад гарой (Н.Гілевіч). Туман туманіць асенні... (М.Танк). Сцелецца пад ногі Малады туман. Ты мяне, дзяўчыначка, Не ўвядзі ў зман (Г.Пашкоў). Світальны туманок, наплыўшы ад ракі, схаваў на той момант птушыныя постаці (К.Кірэенка). На падворку Дыміцца Цёплы чэрвеньскі туман (П.Макаль).

2. Пра шчыльнасць, гушчыню туману, пра яго абрысы, стан: баваўняны (аўт.), барадаты, беспрасветна-густы, важкі, валакністы, варухлівы, воблачны, вязкі, грывасты, густы, дробны, застаялы, застойны, зыбкі, імгліста-зыркі, імглісты, калматы, касматы, клубясты, кудлаты, лахматы, лёгкі, махнаты, непраглядны, нізкі, парадзелы, плыткі, празрысты, прывідны, пушысты, разрэджаны, рэдзенькі, рэдкі, слаісты, тонкі, хвалісты, хісткі, цяжкі, шаўковы, шчыльны.

І начамі мне сніліся ранкі над рэчкай Гярвяткай і ў восеньскім садзе, маладым нашым садзе, баваўняныя, цёплыя, бы малако туманы (У.Някляеў). На ўзмор’і туман беспрасветна-густы, Аж сонцу на неба не ўзбіцца (Н.Мацяш). Усё наваколле завалакло густым, важкім туманом (К.Чорны). Над найкруцейшай, найбольш капрызнай пятлёй ракі ўздымаецца варухлівы туманец (Я.Брыль). Лес і поле ў воблачным тумане, І дажджы адтуль і гром адтуль (А.Пысін). Туман як лёг з раніцы, так і трымаўся ўвесь дзень: у бары, на ўзвышшы радзейшы, ля дарогі густы і нізкі (М.Стральцоў). У паветры яшчэ вісіць дробны шэры туман (А.Якімовіч). Усё заслаў туман застойны (С.Грахоўскі). Унізе, над зямлёю, снуецца імгліста-зыркі туман (М.Стральцоў). Збоч недзе туман калматы Забінтоўвае прасцяг (П.Макаль). Аж ходзіць рэха... Па цёмным лесе, па ніве зжатай, Там, дзе іржэўнік, як грэбень чэша Туман маўклівы, сівы, касматы, Дзе ў росы ступіш — і апячэшся (П.Панчанка). Клубясты туман засцілаў усё наперадзе (Б.Сачанка). Уставалі вобразы перажытых хвілін... Музыка, месячная ноч, лёгкія туманы, неагляднасць вадзяных прастораў затокі (Ц.Гартны). Ранішні вецер між тым памацнеў. Адным сваім парывам ён раптам заслаў усё наваколле белым непраглядным туманам (К.Кірэенка). У парадзелым тумане Ілюк заўважыў групу людзей (Т.Хадкевіч). Дзе-нідзе ў лагчынах вісеў плыткі туман (А.Савіцкі). Над зямлёй серабрыцца празрысты туман (М.Танк). Плыў угару і знікаў, Быццам дым сіняваты з кадзіла, Рэдкі, прывідны туман... (М.Багдановіч). Разрэджаны туман агаляў празрыстую пляміну сіняга лазурку (Ц.Гартны). [Туман] закурыўся з лагчын, з палянаў, з азярын... грывасты, грывасты, белы, белы, як палатно... (А.Лойка). Аднекуль нечакана з’явіўся рэдзенькі туман... (Я.Сіпакоў). Тонкія туманы яшчэ ляжалі... пры зямлі... (П.Пестрак). У хісткім тумане бялеюцца, як незапаленыя ці пагаслыя свечкі, камлі елак, з якіх садрана кара (А.Адамовіч). Вісеў мокры цяжкі туман (Г.Далідовіч). Мы выйшлі з сада на сенажатную дарогу і акунуліся ў сінія, шаўковыя туманы (П.Пестрак). ...Туман густы, шчыльны, як лес... (А.Адамовіч).

3. Пра тэмпературу, вільготнасць, пах; пра характар уздзеяння на чалавека; пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце туману: гарачы, дзівосны, духмяны, жывы, лагодны, мройлівы, мяккі, нерухомы, нясмелы, па-летняму палахлівы, парны, пахучы, пяшчотны, рахманы, смуглява-малады (аўт.), таямнічы, цёплы  атрутны, ашклянелы, вільготны, волкі, востры, гнілы, злы, змрочны, золкі, калючы, ледзяны, лянівы, ляны (разм.), марозны, маўклівы, непадатны, нядобры, паўзучы, пахмуры, пякучы, слепаваты, слотны, сляпы, сонны, старэчы, сухі, сцюдзёны, сыры, халодны, цягучы, чужы.

Думкі расплываліся, знікалі ў нейкім дзівосным тумане... (М.Лынькоў). Была самая пара красавання, і ўсё наваколле нікла ў дзівосным і духмяным тумане (“Маладосць”). На каржакаватую сасну лёг густы, жывы, цёплы туман (В.Іпатава). Клубіцца над травамі дымам Лагодны вячэрні туман (А.Звонак). Пад кліч зязюль і алай завірухі Плылі туманаў мройлівых дымы (С.Гаўрусёў). І яму [Фірагу] здавалася, што і сам ён у мяккім цёплым тумане... (І.Пташнікаў). Раніца... Мяккі туман над дальняй ракою (Я.Сіпакоў). Над нізінай нерухомы Завіс, як дым, туман (Я.Колас). ..Аднекуль выпаўз рэдкі, нясмелы туман (І.Чыгрынаў). З лугавін і пералогаў рэдзенькім дымком поўз... па-летняму палахлівы, амаль празрысты туман (Б.Сачанка). Над возерам устае, быццам белая воўна, пахучы туман (З.Бядуля). З боку пасівелых за ноч расцяробаў наплывае на бераг ракі парны празрысты туманок (К.Кірэенка). Туманок мой, туман рахманы, Дзе сцяжынак тваіх шукаць? (А.Лойка). Не мыйся, вечар, сажай, — Туман смуглява-малады Мне заўтра ўсё раскажа (Ю.Лявонны). Туман таямнічы над балотам, ціхі шэпт груш — нават яны змяніліся, сталі інакшыя, дзівосныя (І.Мележ). А недзе далёка ў цёплым тумане Зазыўна гудуць цягнікі (П.Панчанка). Цёплыя туманы стаялі над зямлёй (К.Чорны). У гэтых жудкіх дрыгвяных абшарах на сотні вёрст хмызняк, трысцё, атрутны туман... (Э.Самуйлёнак). З позняй восені выплыве лішні ашклянелы туман (Л.Забалоцкая). Лог дыхаў вострым туманам (К.Чорны). Вы, злыя туманы, Вы, хмары, без жалю, Закрылі, забралі мне ўсё... (Я.Купала). Над Матавіліхай туман — марозны, змрочны і калючы (М.Стрыгалёў). Разведчыкі нашы хадзілі ў слоту, у золкі туман (М.Калачынскі). Плыве туман ляны, І вырай дом пакінуў (Р.Барадулін). І не мае аздобы зямля працавітая, І сумуе па кветках маўклівы туман (П.Панчанка). [Ганна] не магла знайсці, вярнуць хоць якую яснасць галаве, якая поўнілася непадатным, нядобрым туманам (І.Мележ). Пахмуры і цяжкі туман пустыя ўзгоркі абвівае (А.Александровіч). Цячэ ў нізоўі з хвойніку туман, Цягучы і пякучы, як жывіца (А.Грачанікаў). Туман туманіць асенні, слотны (М.Танк). Як у гэтым сляпым халодным тумане Адшукаць мне каханай зманлівы след? (У.Караткевіч). Будуць маўчаць над асфальтам бярозы, будзе туман слепаваты клубіцца, Будуць стаяць дзесь пад бёзам росным Тыя, каму ноччу майскай не спіцца (А.Лойка). Прыходзь, прамень, ва ўсе куткі зямлі, Туманам ахінутыя старэчым, Аголенаю праўдай прасвятлі, Вярні абліччы страчаныя рэчам (П.Макаль). Сухі пясок, сухія гаці, Сухі туман балтыйскіх вод (А.Пысін). Бой заціх, адгрымеў ураган. Поле бітвы сцюдзёны, сівы Засцілае, як саван, туман... (М.Танк). Чужыя вятры з берагоў Скандынавіі Нясуць на ўзбярэжжа чужыя туманы (К.Кірэенка). Ціхая вулачка ў сонным тумане (А.Александровіч).

* Туман-блакіт, туман-імжа, туман-малачай, туман-тугадум.

Табе [краю] золатам сонца разлітым магутныя грудзі асыпле кругом, а неба атуліць туманам-блакітам... (Л.Геніюш). І неба хмурна пазірае, Спусціўшы ўніз туман-імжу (Я.Колас). Як драмалі палі, а ў палях ды туман, Ой туман-малачай серабрысты Жыта рунь паліваў... (П.Трус). Туман-тугадум ахінаў паплавы (Р.Барадулін).

@

УБОР (убранне, убранства). Агністы, аснежаны, белы, блакітны, бліскучы, вогненны, вясёлы, дзівосны, дзіўны, жоўты, задумлівы, залаты, залаціста-вогненны, залацісты, зялёны, квяцісты, незвычайны, нязвыклы, просты, просценькі, прыгожы, пуховы, пышны, ружовы, святочны, снежны, сціплы, цудоўны, чароўны, чысты, чысценькі, шыкарны, шыкоўны, ярка-святочны, яркі  абшарпаны, будзённы, жабрачы, злінялы, пажоўклы, пакутны, стары, убогі.

Вось і агністае ўбранне Скідае лес сярод балот (К.Кірэенка). Маўчаць снегавыя шапкі, нахіліліся галіны пад белым уборам (М.Лынькоў). Я вішню ў гонар сяброўства Саджу каля хаты твае. Вясной яна з кветак прыгожых Накіне вясёлы ўбор (П.Панчанка). У нязвыклай цішыні выплыла жанчына ў нейкім дзівосным блакітным уборы (У.Караткевіч). Заснулі дрэвы ў пуховых Аснежаных уборах... (П.Глебка). Цюльпанаў вогненны ўбор Хвалюе душу (“Маладосць”). Можа яшчэ і доўга пратрымаюць бярозкі сваё дзіўнае ўбранства (А.Кулакоўскі). А бярозы, клёны, дзе ні глянеш — Апранулі жоўтае ўбранне (П.Броўка). Сціхае Мая залатая дуброва, Асыпае, Скідае на дол Свой задумлівы ўбор (Н.Гілевіч). Асіна як бы пачынае прымяраць залаціста-вогненны ўбор (І.Навуменка). Выходзіць з хаты юная гуцулка. Як жар гарыць яе квяцісты ўбор (П.Макаль). Аказваецца, сосны і ўзімку мяняюць сваё зялёнае ўбранства (Я.Курто). Выходзіць Домна Іванаўна — маці паэта, вясковая кабета ў простым чысценькім уборы (С.Александровіч). Стаяла ты ў натоўпе ля варот У сваім будзённым, просценькім уборы (А.Пысін). Перад дзецьмі на ўзгорку Ў прыгожым уборы Маці (Е.Лось). Пышны ўбор іх [ліп], лісты пазрываны, Вецер развеяў, разнёс (Я.Колас). І свой чароўны ўбор вясновы Бярозкі белыя адзелі (“Маладосць”). Быў той час, калі краскі паскідалі ўжо ярка-святочныя ўборы (Я.Сіпакоў). У многіх вокнах стракацелі яркім убраннем зялёныя ялінкі (Т.Хадкевіч). Сад глядзіць вінавата і просіць маўкліва: Прабачце за яе [дзяўчыну], і за дождж, І за мой абшарпаны ўбор (П.Панчанка). Васіль стаў перад Аўгіняй, каб паказацца ёй у гэтым шыкарным убранні (Я.Колас). Птушкі ўбор злінялы свой вярнулі... (А.Пысін). [Дуб] усё ніяк не асмельваўся скінуць сваё старое пажоўклае ўбранне (У.Дамашэвіч). [Паляўнічы] пакуце здаўся за грахі: Уздзеў пакутны ўбор жабрачы... Ракой ідзе — не п’е вады, У лесе птушкі — як не бача (Я.Купала). Падрасцеш [сын] — і мусіш ногі, Як кожны мужык, Укруціць ва убор убогі, Убор з ліповых лык (Я.Купала).

@

УДЗЯЧНАСЦЬ. Бязмежная, бязмерная, бясконцая, вялікая, гарачая, глыбокая, дабрадушная, далікатная, душэўная, жаданая, незабыўная, сардэчная, спакойная, цёплая, ціхая, чуллівая, шчырая  жаллівая, журботная, нямая, самотная, сумная.

Поўнымі слёз вачыма дзяўчына глядзела з бязмежнай удзячнасцю за сваё выратаванне (В.Хомчанка). Сэрца яго было перапоўнена гарачай удзячнасцю за тое, што яна... прыйшла (М.Машара). [Алесь] з далікатнай удзячнасцю схіліўся ў паклоне (У.Караткевіч). Высокі, танклявы, яшчэ малады чалавек глядзеў дабрадушна, выказваючы шчырую ўдзячнасць за паслугу (Я.Скрыган). Вера загадзя адчувала да Марыны спакойную цёплую ўдзячнасць (М.Зарэцкі). У позірку Джуліі Іван улавіў супакоенасць і ціхую ўдзячнасць за тое, што без яе не пайшоў (В.Быкаў). З чуллівай удзячнасцю маці глядзела на яго, свайго чаканага сыночка (“Маладосць”). Гукі плылі ў сцішаным жнівеньскім вечары, як няпэўны ўспамін аб страчанай радасці... як журботная ўдзячнасць за тое, што гэта радасць была... (Я.Радкевіч). Заўсёды з бясконцай і глыбокай удзячнасцю ўспамінаў парэпаныя бацькавы рукі, якія цярпліва вадзілі мяне па старонках першай чытанкі... (К.Кірэенка).

@

УСМЕШКА. 1. Пра фізічныя прыметы ўсмешкі, пра яе працягласць: адкрытая, асляпляльная, асцярожная, белазубая, блакітная, гарачая, доўгая, ледзь прыкметная, лёгкая, незамглёная (аўт.), непадробная, нясмелая, прамяністая, простая, свежая, тонкая, чыстая, шчодрая, шырокая  адзервянелая, бледная, бляклая, бяссільная, вымучаная, вымушаная, выпакутаваная, вялая, гатовая, дзіўна застылая, дзяжурная, замарожаная, застылая, змяістая, кволая, косая, крывая, ледзь улоўная, лянівая, мімалётная, напружаная, напятая, невыразная, нежывая, ненатуральная, нерашучая, нерухомая, нязвыклая, няроўная, нясмелая, пабляклая, павольная, прытушаная, расплыўчатая, робленая, рэдказубая, скрыўленая, скупая, слабая, слізкая, сонная, фальшывая, цьмяная, чужая, штучная, шчарбатая.

Яна [Арынка] шчасліва ўсміхнулася простай, адкрытай усмешкай (І.Мележ). Усмешка не была падобная да ранейшай, нейкая асцярожная і робленая (З.Бядуля). Спяём пра Эрнеста З усмешкай, як снег, белазубай (Г.Бураўкін). Блакітная ўсмешка яе [Зоіных] воч нагадала яму вясновы вецер у спусцістым галлі вербаў (Р.Мурашка). Дзед Астап зорыў вокам: І ледзь прыкметная ўсмешка схавалася за марозным інеем вусоў (М.Лынькоў). Яўхім з лёгкай усмешкай зірнуў на Яна Нітку... (П.Пестрак). Бачу я ўсмешку незамглёную (К.Кірэенка). Адшуміць кастрычнік жаўталісты І надзене белую карону, Так і ты з усмешкай прамяністай Прамільгнеш... (А.Звонак). Затое праз усмешку, чыстую і свежую я зноў убачыў усмешку тое матулі, нашай вясковай суседачкі Зосі... (Я.Брыль). Ульяна паглядзела на Гармізу. Тонкая ўсмешка прабегла па яе губах (Я.Колас). Ён [Гагарын] сам быў падобны да сонца, Якім яго дзеці малююць, — З шырокай усмешкай (Г.Бураўкін). [Лямэнт] з адзервянелай усмешкай глядзіць на апошнюю сцэну (К.Чорны). На вымучаным бледным твары раненага з’явілася такая ж вымучаная і бледная ўсмешка (К.Каліна). Усмешка... бяссільная, хоць вочы пры гэтым гулліва бліснулі (У.Карпаў). ...Бляклая ўсмешка балюча кранула сэрца Максіма (М.Машара). Зноў вялая ўсмешка прайшла па Люсіным твары (К.Чорны). З гэтай журботнай, дзіўна застылай усмешкай яна [Хадоська] ступіла да Яўхіма (І.Мележ). “Страшна”, — з замарожанай усмешкай пацвердзіў Аляксееў (У.Карпаў). Застылая шырокая ўсмешка не сыходзіла з яго тоўстых шчок (І.Новікаў). Дамініканец быў нават прыемны і гэтымі вачыма, і змяістай, ледзь улоўнай усмешкай (У.Караткевіч). З усмешкай радаснай і кволай Завяла сінь на верасах (П.Трус). Міхал глядзіць ёй [Ганне] пільна ў вочы, Штось расчытаць на твары хоча, Але з усмешкаю крывою трасе адмоўна галавою (Я.Колас). Мімалётная ўсмешка разгладзіла на момант вусны Корчыка... (М.Ткачоў). Яна [Галіна] расхінула... альбом, што трапіў пад руку... Чужыя твары, напятыя ўсмешкі (І.Пташнікаў). Незнаёмы з тою ж невыразнаю ўсмешкаю паглядзеў вайскоўцу ў вочы (Я.Колас). І вочы загараліся шчасліва Усмешкаю нязвыклай і чужой (С.Грахоўскі). На вуснах і вачах малое паказалася нясмелая ўсмешка (Я.Брыль). Усмешка Вені была то шырокая, з бляскам аднаго пярэдняга залатога зуба, то прытушаная, нясмелая... (В.Хомчанка). Шафёр бліснуў сваёй рэдказубай усмешкай (А.Кулакоўскі). Па застыглым твары Саладухі паўзе слізкая ўсмешка (І.Шамякін). Пётр Іванавіч нечакана ўсміхнуўся скупою, але цёплаю ўсмешкаю (А.Жук). Тумілін нёс нам асляпляльную ўсмешку (А.Савіцкі).

2. Пра ўсмешку, што выражае пачуцці, настрой, стан, характар чалавека: абаяльная, абнадзейлівая, адабральная, анёльская, апякунская (аўт.), бадзёрая, безабаронная, бесклапотная, бестурботная, вераснёвая, ветлая, ветлівая, выразная, высакародная, вясёлая, гарэзлівая, гарэзная, гасцінная, гордая, дабрадушна-шырокая, дабрадушная, даверлівая, далікатная, дзівосная, дзіўная, добразычлівая, добрая, дружалюбная, дураслівая, жыццярадасная, загадкава прываблівая, загадкавая, задаволеная, задуменная, задумлівая, задушэўная, залатая, затоеная, зіхатлівая, змоўніцкая, зычлівая, іскрыстая, какетлівая, лагодная, ласкавая, ледзь прытоеная, летуценная, магічная, маладая, мілая, мудрая, мядовая, мяккая, на дзіва прыгожая, паваблівая, павабная, пачцівая, пераможная, прастадушна-шырокая, прастадушная, прыветлівая, прыветная, прыемная, прыязная, пяшчотная, радасная, разумная, сарамлівая, сардэчная, светлая, святая, спагадлівая, спрадвечная матуліна (аўт.), сціплая, сяброўская, таямнічая, трапяткая, урачыстая, усёдаравальная, цёплая, ціхая, цудоўная, чараўнічая, чароўная, шчаслівая, шчырая, яснавокая (паэт.), ясная  абразлівая, абыякавая, агідная, адвітальная, адсутная, амярцвелая, атрутная, ашуканская, балючая, баязлівая, бездапаможная, безназоўная, блазенская, брыдкая, бязглуздая, вінавата-сарамяжлівая (аўт.), вінаватая, выбачальная, вычакальная (аўт.), ганарлівая, ганарыстая, гаркаватая, гідлівая, горкая, грэблівая, гуллівая, дакорлівая, дзёрзкая, дзіўна скептычная (аўт.), д’ябальская, едкая, ёлкая, жаласная, жахлівая, жулікаватая, журботна-ласкавая, журботная, журлівая, зайздрослівая, зайздросна-ліслівая, засмучаная, здаволеная, здзеклівая, здрадлівая, з’едліва-хітрая, зларадная, злая, злёгку жарсткаватая, злосная, змяіная, зневажальная, знішчальная, ідыёцкая, ілжывая, кіслая, конская, крывадушная, лісіная, ліслівая, маркотная, масляная, мёртвая, напружаная, напышлівая, насмешлівая, нахабная, нядобрая, няшчырая, пагардлівая, падманлівая, пакутлівая, палахлівая, панылая, пачварная, пошлая, прагная, прытоеная, разгубленая, раўнадушная, салодкая, саладжавая, самаўпэўненая, саркастычная, скептычная, службова-інтымная (аўт.), спакуслівая, старэчая, стомленая, страшная, сумнавата-горкая, сумная, тужлівая, тупая, угодлівая, упрослівая, фанабэрлівая (разм.), хваравітая, хітрая, хлуслівая, чужая.

Іван Іванавіч цярпліва сядзеў і... зрабіўшы дабрадушную і апякунскую ўсмешку на твары, гутарыў з Ігарам (А.Карпюк). Усмешка настаўніка была... маладой і бадзёрай... (М.Даніленка). Вераснёвую ўсмешку з твару пацалункам не сагнаць (Р.Баравікова). Дзяўчына глядзела на яго з нейкай анёльскай, безабароннай усмешкай, стараючыся стрымліваць слёзы (І.Мележ). [Максім Сцяпанавіч] уваходзіў у палату з бестурботнай усмешкай (У.Карпаў). Дзяўчыны ўсмешка, ветлая, праменная, Вагон працяла, бы іголкай сноп (М.Калачынскі). І моўчкі на вуснах тваіх маладая Усмешка вясёлая будзе блукаць (П.Глебка). Беларускі кюрэ... падняў гэтую рэліквію, сказаў пра яе, зноў паставіў... З дабрадушна-шырокай, гасціннай усмешкай (Я.Брыль). Усмешка — не то гарэзлівая, не то засмучоная — застыла на Марынкіным твары (Т.Хадкевіч). Эльга ўсміхнулася гарэзнай і чароўнай усмешкай (Б.Мікуліч). Галілей пастараўся зрабіць на сваім сухенькім твары далікатную ўпрослівую ўсмешку (М.Зарэцкі). Круглы бялявы твар камісара свяціўся добразычлівай усмешкай (І.Новікаў). Пад вусамі Ракава часта з’яўлялася добрая, ціхая ўсмешка (Я.Брыль). Пра гэта [страх перад фронтам] найбольш сказаў Руневічу адзін з тых юнакоў, чарнявы Эміль, хлопец спакойны і спраўны з нейкай загадкава прываблівай сумнаватай усмешкай (Я.Брыль). Загадкавая ўсмешка даўно сышла з начальніцкага твару, пасур’ёзнеў ён, нахмурыўся (М.Лынькоў). Ён [Яўхім] ішоў з Ларывонам... паглядваў на ўсіх з задаволенай і задзірлівай усмешачкай (І.Мележ). Яна захоплена сабой, Яна ўся ў золата прыбрана. Яна ва ўсмешцы залатой, І пальцы ім акальцаваны (Ю.Свірка). Невясёлы, прытомлены твар кранула мілая Ганне змоўніцкая, хітраватая ўсмешка (І.Мележ). З затоенай усмешкай на вуснах, яна [Джулія] уважліва паглядзела на Івана (В.Быкаў). А на губах іскрыстая ўсмешка (Я.Янішчыц). Усмешка дзяўчыны — не дзяжурная какетлівая ўсмешка,... а выяўленне самых шчырых і чыстых пачуццяў (У.Дамашэвіч). Ясныя, прыветныя вочкі яе [Аленкі] глядзяць на Сцёпку, а на губах свеціцца такая лагодненькая ўсмешка! (Я.Колас). На захадзе бліснула журботная, ласкавая ўсмешка сонца і патухла (Я.Колас). У перазвоне інею люблю авіялінію З нябеснаю прынцэсаю — дзяўчынай сцюардэсаю. Усмешкаю магічнаю, ласкаваю, прывычнаю, Як у палётах водзіцца, з усімі абыходзіцца (С.Гаўрусёў). А хлопчык спіць з усмешкай мілай (Я.Колас). Яны [румыны] глядзелі на Шутава, шукалі чаго-небудзь асаблівага — звычайны, нават невыразны загарэлы твар, добрыя вочы, каля якіх сабраўся вузельчык маршчын, мяккая, сціплая ўсмешка (І.Мележ). З яснай усмешкай, прыгожай на дзіва, Быццам крадзецца... То ранак ідзе (К.Кірэенка). ...З яе губ сама сабою збегла прыемная і павабная ўсмешка, пасля чаго дзяўчына пайшла шпарчэй (Я.Колас). Панна Людміла ўсміхнулася сваёй прыветнаю ўсмешкаю (Я.Колас). Яна [Ганна] стаяла... зацятая, з ледзь прытоенай гаркаватай усмешкай (І.Мележ). Чалавек глядзеў... вясёлымі вачамі, і ўвесь яго твар... поўніўся добрай прыязнай усмешкай (М.Лынькоў). Белы колер халата і шапачкі — колер пяшчоты, палёгкі, надзеі — вельмі ж неяк ідзе да яе [Ганінай]... прастадушна-шырокай усмешкі (Я.Брыль). [Васіль]... з усмешкай радаснай і, як заўсёды перад яе бацькам, вінавата-сарамяжлівай ідзе да іх (І.Мележ). І ўсмешка яго [езуіта] была разумнай, з’едліва-хітрай... (У.Караткевіч). Гэта быў зусім малады чырвонаармеец з сарамлівай дзявочай усмешкай (С.Ваўпшасаў). [Андрэй] усміхнуўся: усмешка ў яго была добрая, нібы сарамлівая (І.Мележ). Таццяна сустракала яго сваёй роўнай светлай усмешкай (М.Зарэцкі). Чытаеш [Купалу] і нібы чуеш жывы голас паэта, прыглушаны цяжкай дарогай яго вандроўнага жыцця, бачыш яго вочы, то задуменныя, то з іскрынкай спагадлівай усмешкі (У.Юрэвіч). Іх [жанчын] шэра-зямлістыя ад страху твары пацяплелі, расплыліся ў спрадвечныя матуліныя ўсмешкі (М.Лынькоў). Нязведаным шляхам я вас [дачок] аддам — І бальшакам, і пакручастым сцежкам. Цнатлівым і назойлівым рукам, Сяброўскім і падманлівым усмешкам (Г.Каржанеўская). І салдацкім болем аддаюцца ў сэрцы іх радасныя, цёплыя ўсмешкі, усмешкі яго [Захаравых] дзяцей (М.Лынькоў). На рэзка акрэсленых маленькіх пульхных губах свеціцца ціхая ўсмешка (І.Новікаў). Васька не пісаў нікому, толькі ўсміхаўся шчаслівай усмешкай сваім таварышам (М.Лынькоў). Яе чорныя вочы, белы твар і гэта чароўная ўсмешка так і стаялі перад ім [Лабановічам] (Я.Колас). Ты вабіш мяне, Бацькаўшчына, Усмешкай яснавокай, Далёкая і блізкая (А.Звонак). Сухавараў... распусціў свае мокрыя губы ў крыху абразлівую ўсмешку (Я.Колас). Вера кідае адвітальную ўсмешку і, задаволеная, выбягае... (М.Зарэцкі). Чалавек усміхнуўся нейкай адсутнай усмешкай (У.Караткевіч). На вуснах у Якуба Лакоты стыне маркотная балючая ўсмешка (М.Зарэцкі). Цяпер усмешкай безназоўнай я развітаюся з табой (В.Вярба). Вінаватаю ўсмешкаю ўсміхнуўся Нічыпар (Я.Колас). Пасажыры [аўтобуса] качаюцца ў бакі, і на тварах ва ўсіх напружаныя і вычакальныя ўсмешкі (М.Ракітны). Ганарыстая, з’едлівая ўсмешка перасмыкнула румяныя вусны Чэсі (Я.Брыль). Ніколі яшчэ Алесь не бачыў Гелену такой прыгожай. І чужой. Ліхаманкавыя пяшчотныя вочы, на вуснах горкая і цёплая ўсмешка (У.Караткевіч). Ганна хацела была адабраць алешыну, але ён [Яўхім] не аддаў, з гуллівай усмешкаю ішоў разам (І.Мележ). [Валя] толькі часам паглядала на Міхася і ўсміхалася дакорлівай усмешкай (У.Шахавец). [Карней] неяк залішне фамільярна, з дзіўна скептычнай усмешкай аглядаў сакратара з галавы да ног (І.Шамякін). Гаворыць Бушмар і з д’ябальскаю ўсмешкаю ідзе да яго (К.Чорны). Хітрыя вочкі і жулікаватая ўсмешка сведчылі аб здольнасцях вывуджваць грыўні і саракоўкі з паляшуцкіх кішэняў (Я.Колас). Журботна-ласкавая ўсмешка восені разліта на знямелых, як бы заснуўшых далях (Я.Колас). Адна толькі Ева... стаяла ўбаку з журботнаю ўсмешкаю (Я.Колас). І гасне захаду журботная ўсмешка (Я.Колас). Па камароўскаму рынку ў дні гасцявання сына хадзіла маці як багатая пакупніца, ловячы то насмешлівыя, то зайздросна-ліслівыя ўсмешкі сябровак (І.Шамякін). Яна [Алена] азірнулася і тут нечакана ўбачыла Насцю — у прыгожых чорных Насціных вачах трапятала ўсмешка, задзірыстая, самаўпэўненая (І.Мележ). І як бы дражнячы яго думкі, паліліся з-за сцяны прыглушаныя галасы гармоні — спачатку ціхія, павольныя, мяккія... І задумлівая ўсмешка цёплай далонню згладжвае твар часавога (М.Лынькоў). [Зачэпа] усміхаўся здзеклівай страшнай усмешкай (А.Асіпенка). Чарняк і Астахаў глянулі на мяне вінавата і спачувальна. Муха сустрэў нахабнай злараднай усмешкай (І.Шамякін). Яна [пані Любка]... усміхнулася злёгку жарсткаватай і прыемнай усмешкай (У.Караткевіч). Змяіная ўсмешка не сыходзіла з нафарбаваных губ Любы (З.Бядуля). Усмешка была вымучаная, кіслая (М.Лынькоў). Немец змушана ўсміхнуўся конскай усмешкай, паказаўшы доўгія жоўтыя зубы (С.Грахоўскі). “Трэба ўмець жыць”, — зазначыў Макар з хітрай лісінай усмешачкай (М.Гамолка). Ліслівая ўсмешка і шчодрае сонца рабілі чалавека падобным на ката-мурлыку (І.Чыгрынаў). Зачэпа... усміхаўся сваёй мёртвай усмешкай (А.Асіпенка). Сёння позірк мой начальнік стрэў нядобраю ўсмешкай (Н.Гілевіч). На Ясевым твары ўвесь час блукала ўсмешка, часам дужа салодкая, ліслівая, а часам хітрая і няшчырая (Я.Колас). Нарэшце з-за ўзгорка на даляглядзе паказаўся грузавік. “Паўзуць балаголы”, — з пагардлівай усмешкай падумаў Сцяпанавіч (Я.Брыль). З усмешкай палахлівай на губах Я сніў цябе ў студэнцкім інтэрнаце (Р.Барадулін). Бляднее лоб яго [Напалеона]... Напышлівая ўсмешка гасне на губах (М.Аўрамчык). У кутку... сядзеў чалавек з пачварнай усмешкай на твары (А.Асіпенка). [Медсястра] усміхаецца ім [раненым] стомленай усмешкай (К.Каліна). Істота ў скураным паліто і ў белай вязанай хустцы выклікала на твар крывое падабенства службова-інтымнай усмешкі (Я.Брыль). Нешта наіўнае і светлае ў яе [дзяўчыны] абліччы. Толькі гэтая, сумнавата-горкая ўсмешка (А.Жук). Сумнай усмешкай бліснула нізкае сонца (В.Быкаў). На твары яго [Косцікавым] засвяцілася першая тужлівая ўсмешка (І.Новікаў). Вочы яе [Ядвісіны] засмяяліся хітраю ўсмешкаю (Я.Колас). Алесь асалавеў, толькі ўсміхаўся ўжо чужою брыдкаю ўсмешкай (В.Адамчык).

* Усмешка-водбліск, усмешка-дзіва.

Усмешкі-водбліскі над краем шалясцяць (П.Трус). І ты, хто мілай люб, Стаіш такі шчаслівы — Не сходзіць з чыстых губ Твая ўсмешка-дзіва (А.Бачыла).

@

УСПАМІН (успаміны). Выразны, гарачы, гаючы, далёкі, дарагі, даўні, дзівосны, дзіўны, дзіўна чулы (аўт.), добры, жывы, запаветны, прыемна-балючы (аўт.), прыемна-шчымлівы (аўт.), прыемны, пяшчотны, радасны, салдацкі, салодкі, самы дарагі, светлы, слаўны, таямнічы, цёплы, цікавы, ціхі, цудоўны, чулы, чысты, шчаслівы, шчыры, юнацкі, яркі  абрывачныя (мн.), абрывістыя (мн.), балючы, бледны, бяскроўны, востры, глухі, горкі, грозны, жахлівы, жудасны, журботны, забыты, змрочны, кароткі, ледзяны, лядовы, маркотны, мляўкі, невыразны, невясёлы, непрыемны, неспакойны, нядобры, няпрошаны, нясцерпны, пакутлівы, палынны, палыновы, прыкры, пякучы, самотны, страшны, сумна-горкі, сумны, суровы, трывожны, туманны, учэпісты, халодны, хваравіты, цёмны, цяжкі, чорны, шчымлівы.

Там радасць мусіць жыць і будзе жыць заўсёды Пад ранкамі, пад вечарамі неба З суніцамі чырвонымі і спелымі; З гарачымі юнацкімі ўспамінамі (А.Куляшоў). Да чужога не звыкліся вочы, Сэрца цепліць гаючы ўспамін. Можа, свет пераменіцца тройчы — Келіх роднага неба адзін! (Я.Янішчыц). А ў сэрцы глыбока, як далёкі ўспамін, пачынала варушыцца тая даўняя, з маленства знаёмая туга (А.Жук). ...Ужо шырыліся, грымелі тугой пяшчотныя, дарагія ўспаміны з таго далёкага, што стала ўжо мінулым (В.Быкаў). Гэтая ціхамірнасць адразу ж выклікала даўні і светлы ўспамін (Я.Сіпакоў). Як убачыць [Ганна] зноў [цэркаўку], той дзіўна чулы ўспамін нібы зноў вяртае чароўнасць маленства (І.Мележ). Сустрэнешся з равеснікам... Успаміны пойдуць, самыя запаветныя і шчырыя (А.Кулакоўскі). Позняй восенню ўспаміны з прыемна-балючых ставалі нясцерпнымі (У.Караткевіч). Успаміны пра далёкае юнацтва: салодкія, прыемна-шчымлівыя, часам горкія (І.Навуменка). І крапіва маладая стракаецца, Быццам пяшчотны, прыемны ўспамін (Р.Барадулін). Я дасюль берагу гэты ліст, як адзін з самых дарагіх успамінаў студэнцкіх год (І.Мележ). Але гэтае няўдалае яднанне з прыродай, мусіць, назаўсёды засталося ў яго нейкім цёплым успамінам... (Я.Сіпакоў). Аб Марыне засталіся адны толькі чыстыя і прыемныя ўспаміны (Я.Колас). Ніна запомніла гэту сустрэчу як шчаслівы ўспамін юнацтва (І.Новікаў). Захапілі яго [Багушэвіча] успаміны, цяжкія, горкія, балючыя... (В.Хомчанка). Родная мова... Нас ёй вучылі... Даўнія, горкія бацькі ўспаміны (Т.Бондар). Кожны працуе... І ў вольныя хвіліны сыходзяцца разам, каб узгадаць пра старое, перажытае. Успаміны кароткія, абрывістыя (М.Лынькоў). Успаміны аб Веры Антонаўне грузам вісяць на ім [Максіму Сцяпанавічу] і некуды цягнуць — учэпістыя, хоць і бяскроўныя (У.Карпаў). Бадай, і не абудзіў бы я сваіх, часам журботных успамінаў, калі б не ўцалелыя на месцы былых сядзіб грушы-дзічкі (В.Жуковіч). Не крыўдуй, край лясны, Я пазбаўлен даверу ўспамінам суровым, Што ад жаху лядовы (Р.Барадулін). Сэрца не будзе поўніцца мляўкімі ўспамінамі дзяцінства (Р.Сабаленка). У гэтай ношы — успамін палынны аб горы, смак якога на губах пячэ дасюль (П.Макаль). Прыкры ўспамін памалу губляў першапачатковую вастрыню (М.Стральцоў). Ад запозненай мары... Мне навек застанецца Сумна-горкі ўспамін (Н.Гілевіч). Ад звонкіх песень, светлых дум, Ад цішыні палеткаў мірных Я зноў, засмучаны, прайду Па сцежцы цяжкіх успамінаў (П.Панчанка). Наплываюць, што хмары, самыя чорныя ўспаміны (І.Шамякін). Збіты з тропу... і новасцю пра вайну, і гэтым шчымлівым успамінам пра Чэсю, Міця ўжо звярнуў назад пад рэчку (В.Адамчык).

@

ХАРАСТВО. Усё прыгожае, прыемнае, што прыносіць задавальненне, асалоду: адметнае, ап’яняльнае, асаблівае, асляпляльнае, бессмяротнае, бяскрайняе, вечнае, высакароднае, высокае, вялікае, дзівоснае, дзіўнае, душэўнае, загадкавае, задумлівае, зайздроснае, захапляльнае, казачнае, кідкае, кранальнае, крыштальнае, мілае, мяккае, натхнёнае, невыказнае, невымоўнае, незямное, непагаснае, непазбыўнае, непараўнанае, непаўторнае, несмяротнае, неўвядальнае, неўміручае, новае, нябачнае, нябеснае, нязведанае, першабытнае, першароднае, прывабнае, п’янлівае, пяшчотнае, светлае, святое, сонечнае, спакойнае, сцішанае, узвышанае, урачыстае, цёплае, ціхае, чароўна-дзівоснае, чароўнае, чыстае, яркае, яснае  бяздушнае, глуха-нямое (аўт.), журботнае, каварнае, маўклівае, паказное, прэснае, смутнае, спакуслівае, халоднае.

Той, хто адзін разочак пазнаёміўся з жыццём летніх баравых закуткаў, згодзіцца з думкай пра іх зусім адметнае, непаўторнае хараство (К.Кірэенка). Хлопчыку падабаліся жніўныя песні, у якіх было нейкае асаблівае прывабнае хараство (С.Александровіч). Бессмяротнае і вечнае хараство роднай прыроды, неўміручае і неўвядальнае застанецца ў шырокай велічнай плыні “Новай зямлі” (“Беларусь”). Уся даліна Віці ў гэты час ззяла нейкім дзівосным хараством (І.Навуменка). З таго часу і пачынаюцца яго [Алесевы] амаль суцэльныя і больш выразныя ўспаміны, з асноўным у іх — новым, нязведаным хараством прыроды, загадкавым, чароўным хараством... (Я.Брыль). Лініі плеч, фігуры жанчыны былі проста невыказнага хараства (Я.Скрыган). Калі засне Міхаська, маці падымаецца над пасцеллю — высокая, схуднелая, з тварам строгім і мужным, поўным задумлівага хараства (Я.Скрыган). Не хочацца пакідаць гэтае казачнае хараство, гэтую лагодную задуменнасць (В.Вольскі). Нада мною сваім першародным хараством і чысцінёю заяснела блакітнае неба (В.Адамчык). Наўкола скрозь быў чароўны ў сваім сонечным харастве мак (В.Быкаў). Ён [бусел] — сімвал міралюбства, сцішанага хараства... (В.Ждановіч). І неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак (І.Мележ). Зіма можа аднойчы здзівіць і захапіць так, што і слова не вымавіш перад яе чароўна-дзівосным хараством (К.Кірэенка). Кожнае [пакаленне] нанава адкрывае для сябе чароўнае хараство Купалавага слова (В.Вітка). Восень. Пара адцвітання. Колькі красы, колькі смутнага, ціхага хараства ў тваім чароўным маўклівым задуменні (М.Зарэцкі). Зорнае неба, чыстае і высокае, усю ноч зіхаціць ясным хараством (К.Чорны). А над Нявой халодны Зімні Бялее мармурам калон І ў харастве бяздушным стыне, Узяты часам у палон (А.Звонак). Фарбы марошкі пярэстай пераліваюцца прэсным, глуха-нямым хараством (А.Александровіч). Восень. Апошнія краскі радуюць сваім маўклівым журботным хараством (П.Пестрак). Колькі ўрачыстага хараства тоіць ціхая летняя ноч! (І.Дуброўскі).

@

ХАТА (хаціна). Бацькоўская, вечная, далёкая, дарагая, заінелая, запаветная, новая, прасторная, прыгожая, родная, родненькая, светлая, сонечная, сціплая, сцішаная, утульная, цёплая, цёпленькая, ціхамірная, ціхая  абвугленая, абгарэлая, абшарпаная, адзінокая, бедная, бядачая, бяздольная, глухая, гнілая, дзюравая (разм.), дымная, журботная, загубленая, задымленая, змрочная, знявечаная, крывая, крывенькая, курная, малая, маленькая, маркотная, маўклівая, недарэчная, незразумелая ў сваёй адзіноце, нізенькая, нізкая, няшчодрая, пакрыўджаная, панурая, пахілая, самотная, сірочая, сляпая, сонная, старая, старэнькая, убога-маркотная, убогая, цесная, цёмная, чорная, шэрая.

І я ў дзяцінстве не ведаў калыскі, Не ведаў бацькоўскае цёплае хаты (С.Грахоўскі). Бедна, хатка, ты, Але вечная, І палацы ўсе Перастоіш ты (Я.Купала). Але не змянілася Ганя — памятала і тое, што трэба было памятаць пра самую сябе, і пра бацьку, і пра сястру ў далёкай, роднай і няшчодрай хаце (Я.Брыль). Помню, помню сваю хатачку, Маю родную, далёкую (Я.Колас). Мільгануў аганёк заінелае хаты (С.Грахоўскі). Запаветную хату з белымі аканіцамі мы пазналі здалёк (У.Караткевіч). Новую хатку табе збудую І гаспадарку спраўлю такую: Будзе хлябок і скацінка... (Я.Купала). І толькі ў адной прасторнай хаце Зімы ні следу — тут цвіце вясна (П.Панчанка). Едзе дзяўчына адна. Знаёмыя сцежкі, хваіны, Ды толькі на месцы знаёмым яна Не ўбачыла роднай хаціны (М.Танк). Бацькаўшчына, бацькаўшчына... І хаціна родная, і вуліца, І сцяжына, змалку пратаптаная (К.Кірэенка). Як цыган той, па свеце век цэлы бадзяюся Без прытоння, без родненькай, цёпленькай хаткі (Я.Купала). Светлая хата над самай ракой (Я.Брыль). На Палессі ўзнімуцца Тысячы сонечных хат (П.Панчанка). Новабеліца... Ціхія, сціплыя хаткі, над якімі ўзвышаюцца камяніцы запалкавай фабрыкі (І.Мележ). Запалілі лямпу, падкруцілі кнот. Вясёлы язычок полымя падміргнуў сцішанай хаце (Я.Сіпакоў). Прыйдзе час — зноў збудуем мы хаты ўтульныя (П.Панчанка). Двое нас у ціхамірнай хаце (Я.Янішчыц). Як тут весела спяваці, Думкай весяліцца, Калі ў беднай маёй хаце Сонца жыць баіцца? (Я.Купала). Хто пеў песні пры калысцы Ў пацёмкі? Ці то вецер, што без толку Галосіць І з бядачых хат салому Разносіць? (Я.Купала). Над хатамі бяздольнымі Ўстане дзень для сялян (М.Танк). Пахінулася, Ў зямлю ўехала, Ты, вясковая Хата бедная! (Я.Купала). І хаты ж такія — гнілыя, старыя, Карчомка таксама стаіць (Я.Купала). Думкі, думкі-весялушкі! Скуль вы ўзяліся... Ці зрадзіў вас дух збадзяны У хатцы дзюравай?.. (Я.Купала). Памаліся, старча, За жывёлу-статак, Што ідзе, рыкае Каля дымных хатак (Я.Купала). А сэрца ж так хоча цяпла, Утулку і ласкі загубленай хаты, Імкнецца душа мая ў марах крылатых Туды, дзе сінеча лягла (Я.Колас). На Беларусі, між бароў, У змрочнай хаце дзень і ноч Чакае маці трох сыноў, І смутак не сыходзіць з воч (П.Броўка). І хутка ўжо людзі яго [народ] сустракаць Выйдуць з хацінаў знявечаных, І дрогне жалезны голас гудка Радасцю чалавечай (П.Панчанка). Як асенняя ноч, як туман, Цёмны сам, цёмна ў хатцы крывой (Я.Купала). Мартынава сэрца забіла трывогу. Васіль — супарат небяспечны. Мартын — бабыль. Маленькі дворык, крывенькая хата (Я.Колас). У курную хату, на яве ці ў сне, Доля-нядоля прынесла мяне (Я.Купала). У вёсцы цёмна, усюды спяць. Толькі ў маленькай хатцы на канцы вёскі мігае агеньчык (З.Бядуля). Была поўнач. Хаты стаялі чорныя і маўклівыя (І.Мележ). Багата якія хаты дагаралі. Уцалелыя стаялі недарэчныя і незразумелыя ў сваёй адзіноце (М.Лынькоў). Гасне лучына ў нізенькай хатцы (Я.Купала). Плашч-палаткамі вокны завешаны, Нізкая, цёмная хата (П.Панчанка). Расхрыстаныя насцеж вокны, брамы, Пакрыўджаныя хаты і двары З паўзмроку паўставалі перад намі, Калі мы вёску бралі на зары (М.Аўрамчык). Я не плачу над хатай пахілай, Я ўжо зжыўся з сваёю нядоляй (Я.Купала). Свечка свеціць, свечка ззяе, свечка дагарае, І ў панурай, цеснай хаце хлопец памірае (М.Багдановіч). Бачу самотную хату над возерам, безыменнага дзядзьку-палешука (Я.Брыль). Ноч глухая Ляжыць за вокнамі самотнай хаты (У.Караткевіч). І хатка стаіць гэтакая сірочая. І ні гуку ў ёй (Р.Мурашка). Плот і весніцы. Хаты сонныя. У небе досвіткі. У сэрцы рань (У.Хадыка). Маленства Івана прайшло толькі з мамай у самотнай, старэнькай хаціне наводшыбе Галынкі (Я.Брыль). Ці вымкну я птушкай з думкай пралётнаю На тое поле, на роўнае тое, Ці ўгледжуся ў хату ўбога-маркотную, Смутна мне бачыці гора людское (Я.Купала). То заплачаш [вецер] сіратою Над убогай хатай; То застогнеш, як над нівай Селянін-араты (Я.Колас). Я буду маліцца да яснага сонейка, Няшчасных зімой саграваць сірацін, Прыветна па збожных гуляючы гонейках, Часцей заглядаці да цёмных хацін (Я.Купала). Ляжыць да нашых ціхіх хат Сцяжынак І дарожак шмат (П.Броўка). Я аднойчы ішоў на жаўцеючы ветразь страхі, Каля чорных абвугленых хат (П.Панчанка). Шэпча над шэрымі хатамі Стрэх саламяны дыван (А.Звонак).

* Крывуля-хата, хата-пяцісценка, хаціна-мазанка.

У сялянскіх крывулях-хатах Зноў сушылі кару (У.Караткевіч). Прасторная хата-пяцісценка, хляўчук, пуня. Верхавінне гонкіх сосен гойдаецца над гонтавым дахам (Т.Хадкевіч). Аул уроскід пад гарою. Хацінкі-мазанкі (А.Пысін).

@

ХВАЛЯ (хвалі). I. Вадзяны вал, які ўтвараецца ў выніку гайдання паверхні вады.

1. Пра вышыню, форму хваляў, пра характар гайдання: барадатая, буйная, бурліва-кіпучая, бурлівая, бурная, быстрацечная, высокая, вялізная, вялікая, гладкая, гонкая, гранітная, грувасткая, грывастая, густая, доўгая, дробная, зыбкая, зыбучая, імклівая, калматая, касматая, кіпучая, косая, крутабокая (аўт.), круталобая (аўт.), крутаплечая (аўт.), крутая, кудлатая, кучаравая, лёгкая, магутная, малая, маленькая, мускулістая, мяккая, накатная, напятая, наструненая, нізкая, няспешная, павольная, пакатая, паўнагрудая (аўт.), пеністая, пенная, перакатная, плывучая, пругкая, рабрыстая, разгульная, свежая, спакойная, стромкая, тугая, узбунтаваная, уздыбленая, ускаламучаная, успененая, хліпкая, хуткая, шпаркая, шыракаплечая (аўт.), языкатая.

Барадатыя хвалі твае [горнай ракі] Захавалі глыбокую памяць... (П.Броўка). О, бурліва-кіпучыя хвалі! Вам не страшны пажар навальніц (П.Трус). Колькі ў Нёмне бурлівых хваль... Столькі верных вартуе сыноў (Л.Геніюш). Нібы на хвалях быстрацечных, Дні гасцявання праплылі (А.Бачыла). Сцяпан стаяў на беразе, а перад ім дыбіліся і гойдаліся высокія калматыя хвалі (І.Дуброўскі). Набягалі на скалы пявучыя... Вялікія пенныя хвалі (А.Астрэйка). Баркас лёгка вынесла на бераг гладкая хваля (Э.Самуйлёнак). Захару здавалася, што... белая гонкая хваля зыбае і нясе іх... (А.Савіцкі). Грывастыя жоўтыя хвалі [Салара] Не ведаюць сцішаных мар (Я.Колас). Мора гранітныя хвалі... І ты, што мяне кахала... (У.Караткевіч). Дробныя хвалі, як жывыя, пераліваліся і блішчэлі на месяцы (Я.Колас). Дрогкай хвалі шаўковы шолах Запрашае ў блакітны рай (П.Макаль). Хвалі дужыя падпёрлі Лёд цяжкі (П.Панчанка). Па вадзе забегалі зыбкія маленькія хвалькі, пайшлі блішчастыя пухіркі, якія хутка бясшумна лопаліся (М.Лупсякоў). На хвалях зыбучых, нібы ў гамаку, Гайдаецца баржа пустая (М.Смагаровіч). Вецер грае на прасторы, На хрыбтах імклівых хваль (З.Бядуля). Праз вір вятроў, Праз лютасць хваль касматых Ляжыць іх [журавоў] шлях, далёкі і цяжкі (П.Панчанка). І мора кіпучыя хвалі ўздымае (М.Танк). Косыя хвалі адна за адной набягалі на бераг... (Я.Бяганская). Возера аж пенілася ад крутабокіх хваляў (М.Гамолка). Павольна адзінокі параходзік Грабецца супраць круталобых хваль (С.Блатун). Я папрашу крутаплечыя хвалі, Каб сонца не падганялі (Р.Барадулін). Усё насычана было дробным вадзяным пылам, які ўраганны вецер зрываў з крутых хваль (М.Лынькоў). Глядзеў з прыбярэжных дзюн Чабан на кудлатыя хвалі... (П.Макаль). У золаце ранку мігцяць, пераліваюцца кучаравыя хвалі мора (Я.Журба). Хваля, надта нізкая, падмыла далягляд (Т.Бондар). Берагі ваду бяруць у рамку, Каб рака трымалася напрамку, Каб, як ранца, караблі насіла Мускулістых пругкіх хваляў сіла (П.Макаль). Шалясцелі мяккія няспешныя хвалі (М.Гамолка). Хвала напятай хвалі, што пяе... (П.Макаль). Напінаецца, вагаецца наструненая, нібы пража, хваля і, калыхнуўшыся апошні раз, разбіваецца з шумам (М.Стральцоў). Празрыста-сіні след... клаўся... на пакатыя хвалі (А.Савіцкі). Нас вада салёная трымае Весялей, чым прэсная вада. У абдымкі цесныя прымае Паўнагрудых хваляў чарада (С.Гаўрусёў). Рабрыстых хваль глухія ўздыхі, Валоў няспынны гул грудны, Ваш цёмны стогн і шэпат ціхі Цяпер не кожнаму чутны (С.Гаўрусёў). Курортны народ назіраў Хваляў плывучых плойму (П.Макаль). І вецер хвалі пругкія лістае (П.Макаль). Смяюцца зайчыкі на свежых хвалях (У.Караткевіч). ...Сонечныя зайчыкі, нібы прабуючы сваю моц, лягуць на спакойныя хвалі ракі (І.Навуменка). Берагі глуха гулі ад цяжкіх накатаў узбунтаваных хваль (М.Гамолка). Уранні сонца выліла агонь На хіб шчаціны хісткага аеру, Схавалі хвалі хліпкія яго... (Р.Барадулін). Я з паходнай кайстраю нямала Вёрст прайшоў і раніцай І ўвечар Ад бярозак краю Калевалы Да сібірскіх хваль шыракаплечых (В.Лукша). Лапатала рака языкатымі хвалямі... (В.Лукша).

2. Пра колер, афарбоўку, празрыстасць, тэмпературу (хвалі): барвовая, белагрывая, белапенная, беласнежная, белая, бірузовая, блакітная, бліскучая, бурштынная, жамчужная, жоўтая, залатая, зялёна-празрыстая, зялёная, ізумрудная, іскрыстая, крыштальная, ліловая, люстраная, празрыстая, светлая, серабраная, серабрыстая, сівагрывая, сівая, сіняя, срэбралітная, сталёвая, цёмна-сіняя, цёмная, чырвоная, шэра-зялёная, шэра-халодная, ярка-ізумрудная  каламутная, крывавая, свінцова-шэрая, свінцовая, сцюдзёная, халодная.

Хоць і даўно супакоіўся вецер, хвалі каціліся і каціліся — барвовыя, частыя... (В.Хомчанка). Белагрывыя хвалі з шумам узляцелі на бераг, кідаючы ў твар халоднымі пырскамі вады (Я.Бяганская). Хваля белая ў беразе плёхкала... (Р.Барадулін). Цемна-сінія хвалі на схіле грэбняў становяцца то ярка-ізумруднымі, то бірузовымі (В.Вольскі). Тут, каля крынічкі, кіпела жыццё... Хацелася... крыху адпачыць у прахалодзе бліскучых хваль... (Я.Колас). Бывайце ж, азёрныя далі!.. Вашы бурштынныя хвалі не раз маю думку люлялі... (П.Пруднікаў). Возера пакрылася дробнымі іскрыстымі хвалямі (М.Чарняўскі). ...Жоўтыя хвалі Не ведаюць сцішаных мар (Я.Колас). Я кідаюся ў залатыя хвалі, Крычу, аж сэрца замірае ў шчасці... (В.Вітка). І другім часам глядзеў бы і глядзеў Дубок на гэтае мора, не адрываючыся, слухаў бы шолах яго зялёна-празрыстых хваль... (М.Лынькоў). Зялёныя хвалі бягуць за пяскі, Прыбой неадступна шліфуе каменне (К.Буйло). Разгневаная Прыпяць высока ўздымае свае празрыстыя хвалі, кідаючы іх адну за адной на нізкія берагі (І.Навуменка). Хвалі ўсё плылі серабраныя, зліты месяцам, ветрам гнаныя (Л.Геніюш). І дзе на свеце ёсць такая, Як Нёман, рэчанька другая? Тут хвалі светлы, срэбралітны... (Я.Колас). Вадой маўклівай, часам замучонай Плыве Дунай — і раптам уздыхне То хваляю зялёнай, то чырвонай (У.Някляеў). Серабрыстыя бляскам, крыштальны красою... Куды ж яны [хвалі] рвуцца, куды?.. (А.Гурло). І можна было глядзець чалавеку, як шэра-зялёныя хвалі бягуць (А.Русецкі). Рака пачала пашырацца ў мой бок, насядаючы шэра-халаднаватымі хвалямі на мае туфлі... (Я.Брыль). Зліўшыся з чыстымі водамі, гэтая твань паволі асядае на дно, і каламутная хваля чысцее (В.Палтаран). Б’юцца крывавыя хвалі аб рыфы, У бераг... (М.Танк). Дзе Дон каціўся хваляю сцюдзёнай, А дым зямлю адзеў у чорны крэп, Ішоў з брыгадай ты праз стэп (К.Буйло).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (хвалі): вольная, вясёлая, гаючая, гулкая, гуллівая, дураслівая, жывая, жычлівая, закалыханая, заспакоеная, звонкая, лагодная, ласкавая, мімалётная, няўрымслівая, пяшчотная, спеўная, трапяткая, чулая  абамлелая, абвялая, адчайная, грозная, грымлівая, грымучая, звар’яваная (разм.), злосная, лютая, лянівая, маркотная, млявая, палахлівая, раззлаваная, раз’юшаная, раз’ятраная, скамечаная, сонная, стомленая, сярдзітая, упартая, шалёная.

Я прыйшоў адтуль, дзе Свіцязь Плешча хваляю гаючай (А.Зарыцкі). Дык ідзі ж, мая краіна, Гулкай, светлай хваляй... (Я.Колас). Люблю [Нёман] твае жывыя хвалі... (А.Русак). Лагодна пляскае вясло Па гладзі хваль закалыханых (П.Макаль). [Ранак] паром заспакоенай хваляй Прыгнаў да вусця ў лазнякі (К.Кірэенка). Эх ты, разводзейка! Эх ты, бурлівае! Ты аднаўляеш, купаеш зямлю; Вынясі ж, вынясі хваляй жычліваю К лепшаму шчасцю людскую сям’ю! (Я.Купала). Перад блакітным алтаром тваім [Нарач] Трымаю споведзь і прашу прабачыць, Што я наважыў одумам сваім У гэтых звонкіх хвалях парыбачыць (Н.Гілевіч). Ластаўкі вырываліся са сваіх гнёздаў і чыркалі тонкімі крыламі па лагодных хвалях спакойнай ракі (С.Грахоўскі). Я рукой мімалётную хвалю крануў — І ты, мора, мне стала і родным, і блізкім (П.Панчанка). Колькі патрэбна было перадумаць Думак і дум — і пякельных і горкіх, — Каб дачакацца вось гэтага берага... і хвалі няўрымслівай... (К.Кірэенка). Прадчуванне вясны... І пяшчотныя хвалі ракі нясуць мяне ўдаль... (“Маладосць”). Сонца хвалі спеўныя серабрыць (Л.Геніюш). Добра нам адным сядзець у змроку, Слухаць плёскат абамлелых хваль (К.Буйло). А Нёман гамоніць, сярдзіта шуміць, і коцяцца грозныя хвалі (П.Трус). Успененыя хвалі кідаліся ў змроку, грымлівыя, лютыя (Э.Самуйлёнак). [Хвалі] наплываюць на пясчаны бераг... і, стомленыя, абвялыя, адкочваюцца назад (Т.Хадкевіч). ...Недзе задуменна плёскалі ў бераг маркотныя хвалі... (М.Зарэцкі). Зноў рака, зноў відовішча звар’яваных хваль (У.Караткевіч). Жамчужна-блакітная рака ледзь шалахцела млявымі хвалямі (У.Караткевіч). І плывуць пад ветрам Хвалі палахлівыя (Я.Пушча). Шэры каменьчык... Жоўтае дно... Хвалі скамечаны, як палатно (Д.Бічэль-Загнетава). Любуюся над соннай хваляй адметным горадам старым (В.Жуковіч). Што шуміш так, мора, Гулам несціханым, Гулам хвалі чорнай, Хвалі раззлаванай (А.Александровіч). А мора падкідвае раз’юшаныя хвалі ў самае неба (З.Бядуля). Каменні варочае хваляй цяжкой Мора (П.Макаль). Хочацца... Маўчаць і слухаць дзень цэлы... Як хваля хітрая вуркоча (В.Вярба). Упартай хваляй рвецца мора Кудысь у далёкія прасторы (А.Гурло).

* Пяюхі-хвалі, хвалі-віхуры.

На вольны свет, на рэчку-дзверы, пяюхі-хвалі цешаць слых... (Е.Лось). І рук загарэлых узмахі па хвалях-віхурах... (Д.Бічэль-Загнетава).

II. Тое, што сваім рухам, формай нагадвае хвалі: агністая, агнявая, белагрывая, гулкая, густая, драбнюсенькая, драбнюткая, дробная, залатая, зялёная, імклівая, каласістая, кароткая, крутая, лагодная, ласкава-халаднаватая, ласкавая, мяккая, нестрыманая, срэбная, сярэбраная, трапяткая, цёмна-зялёная, цёплая, чулая, чырвоная, чыстая, шыза-сіняя, шызая  ацяжэлая, гарбатая, крывавая, цяжкая.

Па зубчыках дрэў і сапраўды коціцца, паўзе на будку гарбатая і агністая... хваля (А.Савіцкі). Бляск па небе разліваўся хваляй агнявою (Я.Колас). Направа — накат за накатам — белагрывыя хвалі [жыта] (Я.Брыль). Абуджайце песняй далі [маладыя], Нестрыманай, гулкай хваляй К новым перамогам (Я.Колас). Хвалямі густымі льецца жыта ў палёх (Л.Геніюш). Здавалася, што густыя хвалі [водару] ідуць не ад зямлі пад соснамі, а выкатваюцца з маладога ядлоўцу (А.Савіцкі). Полымя ледзь-ледзь падхопіцца, пакоціцца, нібы драбнюсенькая і кароткая хваля сіняга агеньчыку, і знікае (Ф.Янкоўскі). Залатыя хвалі пшаніцы і сярэбраныя хвалі жыта коцяцца праз увесь вялізны абшар, радуюць сэрца старшыні (“Беларусь”). Хай жа зялёнымі хвалямі, Жытам рунеецца час! (А.Звонак). Не паспееш пазавіхацца каля ўчарашняга цяпельца, ажыўляючы заінелыя галавешкі і вугалі, а ўжо чуеш: пабегла над табою ў паветры лагодная імклівая хваля (К.Кірэенка). Пад рукамі маладзіцаў лён ды з песнямі паплыў, мігатліваю крыніцай, каласістай хваляй ніў (Л.Геніюш). Ходзіць хваляй, чыстай і крутой, Поле жыта (Н.Мацяш). Ветрык з’явіўся адразу, забегаў па шчоках Санькі, ласкава-халаднаватай хваляй урываючыся праз левае акно (Я.Брыль). Мяккія хвалі жыта, калі яно каласіцца,... ранішнія росы ў лагах блакітам ляглі па зялёнаму (В.Ждановіч). Месяц дае ў паднябессі У срэбныя хвалі нырца (А.Звонак). Як сканаю — душа застанецца... Ў срэбных хвалях дняпроўскай лазы (У.Караткевіч). Цёмна-зялёнымі хвалямі прасціраліся да небасхілу і хаваліся ў сіняй смузе векавыя непраходныя пушчы (Т.Хадкевіч). І ціхі вецер камяком гарачым На міг маё дыханне перахопіць... І цёплай хваляй Ён плыве ўладарна (Г.Бураўкін). Пад ціхім ветрам яны [жытнія палі] пераліваліся цёплымі трапяткімі хвалямі (М.Лынькоў). Цяжкія хвалі каласоў плылі... (П.Панчанка). Ля Сіняй бухты хваляй чулай Туман да берага паўзе (В.Вярба). Не жоўтыя клёны, Не зоры мяне ўсхвалявалі, — Чырвоныя хвалі, Руінаў чырвоныя хвалі (П.Панчанка). Ясным днём палі пераліваліся квеценню лугавін, шыза-сінімі хвалямі жыта (Т.Хадкевіч). Пахкае жыта кінула пад ногі ацяжэлыя хвалі (К.Кірэенка). І не будзе жалю Для чужацкіх зграй, Што крывавай хваляй заліваюць край (Я.Колас).

III. Прыліў, праяўленне пачуцця, адчування: гарачая, лёгкая, літая, мяккая, пяшчотная, трапяткая, цёплая, чыстая  бясконцая, вогненная, горкая, грымлівая, даўкая, змрочная, ліпкая, ліпучая, тлумная, цяжкая, шархоткая, шчымлівая, ярасная.

Зноў стукае ў сэрца гарачаю хваляй Далёкая памяць тых вёснаў і лет (А.Бачыла). Гарачая хваля ўдзячнасці... захлынула яго [Васіля] (І.Шамякін). Быццам нейкая лёгкая і чыстая хваля падхапіла і несла яго [Васіля] (М.Стральцоў). І памяці хваля літая У гулкую сечу шпурне (С.Законнікаў). Сэрца захліснула цёплая пяшчотная хваля (П.Місько). Прадчуванне вясны... Ці тады яно пачалося, Калі ты мяне хваляй пяшчотнай нясла ў акіян забыцця (Р.Барадулін). І вогненнай хваляй бясконцай, Як токам мяне праняло (А.Бачыла). Абуджаныя гэтымі словамі [песні] сум, крыўда зноў ажылі, горкай хваляй падступіліся к горлу... (І.Мележ). Усё... разам грымлівай цяжкай хваляю абрынулася на Захара (А.Савіцкі). Змрочнай ліпучай хваляй падціснула сэрца туга і адзінота, нарадзілася нечаканая крыўда на Захара (А.Савіцкі). Наста быццам плыла на гарачай тлумнай хвалі... (А.Савіцкі). Млявасць расплылася па змучаным целе. Але пад ёй [Настай] усё яшчэ жыла шархоткая хваля... (А.Савіцкі). З кожным новым пытаннем у душы чалавека падымалася ярасная хваля (“Полымя”).

@

ХВАЛЯВАННЕ. Нервовае ўзбуджэнне: асаблівае, бурнае, вострае, вялікае, гарачае, глыбокае, гордае, дзіўнае, душэўнае, загадкавае, затоенае, лёгкае, маладое, моцнае, невыказнае, невымоўнае, невытлумачальнае, незвычайнае, незразумела-таямнічае, незразумелае, непаўторнае, нецярплівае, няўціхнае (аўт.), няяснае, палымянае, прыемнае, пяшчотнае, радаснае, салодкае, сардэчнае, таемнае, таямнічае, трапяткое, ціхае, чалавечае, чараўнічае, чароўнае, шчаслівае, шчымліва-трапяткое  глухое, жахлівае, ліхаманкавае, нікчэмнае, пустое, супярэчлівае, тлумнае, трывожнае, цяжкае.

І таму я, ужо выпісаны, ідучы дахаты, з асаблівым, шмат маладзейшым за мяне хваляваннем пастукаў у дзверы яе [доктара] кабінета (Я.Брыль). У гэты момант ён перажываў бурнае хваляванне (М.Нікановіч). Мабыць, праз багата гадоў з такім вострым хваляваннем іншыя шчасліўцы назіралі, як у гуле і полымі ідзе ў нязведаныя высі касмічная ракета (І.Мележ). І часта да мяне... вяртаецца тая ваенная раніца... з грозным і справядлівым гулам гармат, з маім, на ўсё жыццё глыбокім хваляваннем (Я.Брыль). Незабыўны ранак вялікага чалавечага хвалявання!.. Цудоўны ранак, калі з халоднай восеньскай імглы нараджаецца сонечны дзень (Я.Брыль). Убачыўшы гэтага чалавека, Ніна адчула нейкае незвычайнае, дзіўнае хваляванне (І.Новікаў). Саньку відаць было, здаецца, як трымцяць яе [асіны] лісты, нібы ад сораму за свой дзікаваты колер, нібы ад нейкага затоенага хвалявання (Я.Брыль). Лабановіч пачуваў лёгкае хваляванне: у гэты дзень... спаткаецца ён з тымі дзецьмі, якія даручаюцца яму... (Я.Колас). Я чакаў пісьма з нецярплівасцю і помню, з якім невыказным хваляваннем раскрываў канверт (А.Марціновіч). Я б хацеў выпрабаваннем Пачынаць свой кожны дзень, Непаўторным хваляваннем За сябе і за людзей (Н.Гілевіч). Тут, у засені школьных акацый,... я быў ахоплены нейкім незразумелатаямнічым і чараўнічым хваляваннем (А.Куляшоў). Думка паехаць дадому прыйшла нечакана... І ўжо не было нічога другога, а толькі гэта няяснае хваляванне і востры непакой пра маці (А.Кудравец). Зосю, якая заўсёды з нейкім трапяткім хваляваннем уваходзіла ў новыя клопаты, дагнала бібліятэкарша (У.Карпаў). З ціхім і шчаслівым хваляваннем Саша пазірала на мілы, родны тварык дачушкі (“Маладосць”). [Мікалай] ішоў дужа павольна, каб не спужнуць тое шчымліва-трапяткое хваляванне і той радасны настрой, якія прыспешвалі і апярэджвалі сустрэчу (Я.Сіпакоў). Знікалі турботы, хваляванні, а калі і абуджаліся на хвілінку, дык выглядалі ўжо як нікчэмныя, пустыя (У.Карпаў). На твары жанчыны няцяжка было заўважыць пакутлівае хваляванне (М.Гамолка). Яна [Ганна] зноў выбралася на дарогу. З тым жа супярэчлівым хваляваннем падалася коўзкаю каляінаю далей (І.Мележ). Было... доўгае маўчанне, поўнае тлумнага хвалявання (І.Мележ). Увесь час блішчэла, ззяла ў іх [Ганніных вачах] няўціхнае хваляванне (І.Мележ).

@

ХВІЛІНА (хвіля, хвілінка). Важны момант, імгненне ў жыцці чалавека: адказная, баявая (аўт.), вольная, выдатная, вячэрняя, вялікая, вясёлая, гарачая, дарагая, дзівосная, дзіўная, добрая, доўгачаканая, жаданая, жудасна-прыемная (аўт.), жыццёвая, задумная (аўт.), зорная, летуценная, лірычная, мімалётная, невыказна шчаслівая (аўт.), незабыўная, незлічоныя (мн.), непаўторная, новая, памятная, прыемная, радасная, рашучая, салодкая, самая шчаслівая, светлая, святочная, спакойная, урачыстая, ціхая, цудоўная, чароўная, шчаслівая, энергічная (аўт.), яркая  гаротная, горкая, жалобная, жудасная, журботная, злая, крутая, ліхая, маркотная, марудная, пакутлівая, прыкрая, расхрыстаная (аўт.), роспачная, самая горкая, самотная, страшная, сумная, сытая (аўт.), трагічная, трывожная, тужлівая, фатальна-трагічная, цяжкая.

Не люблю лірычных Неакрэсленых — хвіль жыццёвых. Мне паболей бы энергічных Хвіль, заўжды баявых і новых! (Е.Лось). [На плошчу] і сходзяцца людзі, каб пагутарыць аб сваіх справах ці проста каб правесці вольную хвіліну (Я.Колас). Вячэрняя задумная хвіліна... Расплёскан на бярозах і хваінах Барвовы лівень... (П.Панчанка). На расхрыстаных, гарачых хвілях ластаўкай кружу (Я.Янішчыц). Хвіліны пройдуць дарагія, Як пышнае цвіценне траў (Я.Янішчыц). Восень. Пара адцвітання. Дзівосныя хвіліны перажывае чалавек у лесе... (“Маладосць”). Так і ў жыцці: бягуць часіны, Ліхія, добрыя хвіліны, Адна змяняецца другою (Я.Колас). Толькі калі скончылі капаць усю паласу і апошнюю бульбу ссыпалі ў лазовы кош, Ганна, нарэшце, адчула, што прыйшла жаданая хвіліна (І.Мележ). Жудасна-прыемныя хвіліны, І не разгадаць на розум свой — Над табой хістаюцца галіны Ці ківае месяц галавой (С.Гаўрусёў). На лекцыі з сябрамі ідучы, У шумным перапоўненым трамваі, Хвілінай летуценнай уначы Яго я забываю, забываю... (В.Іпатава). І тады, у тую невыказна шчаслівую хвіліну, Маша мімаволі расплюшчвае вочы, і грудзі балюча сціскаюцца ад самоты. Яго няма! (І.Мележ). А дзеці... Колькі радасці, светлых незабыўных хвілін прыйшло разам з імі ў хату... (Б.Сачанка). Удала выбраўшы адну з незлічоных хвілін мае цішыні, прыляцела і села на раму адчыненай форткі сініца (Я.Брыль). Ці, можа, ты [сястра] святочнай хвіляй Сумуеш?.. (Е.Лось). І дзіўна: многа страшнага і цяжкага забылася з часам, а вось тыя, спакойныя хвіліны і цяпер жывыя ў памяці (М.Стральцоў). Там зорак асколкі на дне Мільгаюць у возеры чыстым, Там хтосьці чакае мяне, Спаткання хвіліны ўрачыстай (А.Звонак). Цудоўныя, шчаслівыя хвіліны. Час адзіноты, роздуму і песенна-бяздумнага маўчання (Я.Брыль). Ён [сын] красіць горкія хвіліны, Шчабеча мамцы, як званок (Я.Колас). І ў гэту хвіліну журботную ў ростанях Я клічу з палёў сваіх вецер духмяны, Прашу, каб прарваўся Праз даль і на крылах Прынёс мне дыханне маёй Беларусі (К.Кірэенка). У жыцці ёсць многа злых хвілін (С.Крывец). Толькі ў крутую хвіліну, калі чалавеку, як сонечнае цяпло, патрэбен сяброўскі поціск рукі, людзі так хутка збліжаюцца (І.Мележ). Беглі марудныя, пакутлівыя хвіліны (І.Навуменка). Цяжкая, прыкрая хвіліна!.. О, як прыніжан чалавек! (Я.Колас). Чалавечае жыццё павінна быць заўсёды на віду ў іншых, тады нават у самыя горкія, роспачныя хвіліны яно не бывае такое цяжкае (Р.Сабаленка). Туганавічы... З гэтай назвай звязаны самыя шчаслівыя і, мусіць, самыя горкія хвіліны жыцця песняра (К.Цвірка). Заўсёды пара развітальная Прыносіць хвіліну сумную (В.Вярба). Сытая хвіля шчасця, сэрца майго не крані! (П.Панчанка). Ясна: яна падпільнавала яго фатальна-трагічную хвіліну і прынесла яму сваю пагарду (М.Зарэцкі).

@

ХВОЯ (хваіна). 1. Пра вышыню, таўшчыню, характар ствала; пра форму, гушчыню кроны; пра колер (хвоі): агромністая, велізарная, выгоністая (разм.), выносістая, высачэзная, высозная, высокая, вялікая, гіганцкая, гонкая, густая, доўгая, іглістая, калматая, каржакаватая, кашлатая, кражыстая, крохкая, кудлатая, купчастая, кучаравая, магутная, мажная, малая, маленькая, махнатая, меднастволая, нізкарослая, нізкая, пышна-купчастая, пышная, разважыстая, разгалістая, разгатая (разм.), разлапістая (разм.), разложыстая, расахатая, раскідзістая, свежая, смалістая, стройная, стромкая, стрункая (аўт.), танкастволая, таўшчэзная, тонкая, цёпла-шурпатая (аўт.), шырокая; бронзавая, залатая, залацістая, затуманеная, медна-чырвоная, мядзяная, ружовая, рыжая, сіняя, цёмнавокая (паэт.), янтарная.

Ад агромністых хвой засталіся толькі пашчапаныя пні (М.Лынькоў). Вялі загадкавы гоман... велізарныя хвоі, яліны (М.Лынькоў). Была раніца: выгоністыя спакойныя хвоі... ужо скінулі з сябе цёмную посцілку ночы... (К.Цвірка). Блізка быў густы лес, вялікасная сцяна выносістых хвояў (К.Чорны). Толькі чуваць было, як шапацяць пад лёгкім ветрам палахлівыя асіны ды ціха-ціха гудуць высачэзныя хвоі (М.Лынькоў). Пад высокай разгалістай хвояй стаяў чалавек (М.Лынькоў). У нагах у яго рассцілаўся абшар Хвоек гонкіх і пахані чорнай (Я.Купала). Ад мяне адвярнуўся спіной, Спіць Мікіта. І я засынаю. Ноч. Шумела над ім, надо мной Доўгая хвоя старая (А.Куляшоў). Пад каржакаватаю хваінай, непадалёку ад дарогі, увесь у сухім моху і хвойных голках, ляжаў той самы малады чалавек (К.Чорны). Падстрыг свінец чубы кашлатых хвой (М.Аўрамчык). Кражыстыя хвоі, карава-разложыстыя дубы хавалі ад панскага вока грамаду людзей, якая ўцякла сюды з вёсак (М.Нікановіч). Усе хвоі — стройныя, свежыя, крохкія (Я.Колас). Толькі гайданецца часам галіна і пасыплецца з кудлатае хвоі сярэбраны пух (М.Лынькоў). Праплывалі па баках зубчастыя яліны, купчастыя прыдарожныя хвоі (М.Лынькоў). Засень хвояў кучаравых, Цішыня ляжыць кругом... (М.Лужанін). Стаіць мая хата між хвой кучаравых (Я.Колас). Асабліва добра ён памятаў гэты стары лес: магутныя хвоі, дубы і бярозы, а пад імі — густы арэшнік (І.Шамякін). Маленькая хвойка не ведала на што пазіраць..., а ёй хацелася паслухаць, і пра што шумеў лес, і пра што гаварыла між сабою трава (Я.Колас). Сям-там на больш сухіх мясцінах трапляліся зараснікі нізкарослых хвоек (М.Лынькоў). А колькі самабытнага хараства ў гэтых адзінокіх разложыстых дубах... і гэтых пышна-купчастых хвоях у полі! (Я.Колас). Чаго мы толькі не сустрэнем! Якіх не ўчуем галасоў У лесным звонкім сутарэнні Між пышных хвой і верасоў (Я.Колас). Вянкамі ў зрубы новыя ўраслі Смалістыя, разважыстыя хвоі... (Г.Кляўко). Снег яшчэ хаваецца ад першых промняў сонца ў засені разгалістых хвой і бяроз (І.Навуменка). Даскочыўшы да старых, нагрэтых на сонцы разлапістых хвоек... [Міця] нарэшце азірнуўся (В.Адамчык). Бярэзнічак заняўся на зямлі, Атульвае разложыстую хвою (Я.Колас). [Хлопцы] удыхалі знаёмы з дзяцінства пах свежай смалістай хвоі (Т.Хадкевіч). І спяваюць стройныя хвоі, Што растуць над гэтай крыніцай (У.Караткевіч). Стромкія хвоі бралі верх над бярозамі (М.Лынькоў). Стрункія высозныя хвоі нібы гаварылі з небам (Я.Сіпакоў). Недзе тут, у лесе, між негустых таўшчэзных хваін, павінна была трапіцца яму старая дарожка (В.Быкаў). Міця, абапёршыся рукою на цёпла-шурпатую хвойку, перавёў дых (В.Адамчык). Стаіць у лесе шырокая хвоя (Ф.Янкоўскі). Ад высокіх бронзавых хвояў... на дарогу падаў густы цень (В.Зуб). Заўсёды дарагімі будуць мне Зарэчча, горад, хвоі залатыя (У.Караткевіч). Потым ранак пралазіў праз гушчар затуманеных хвой (П.Панчанка). З ружовых калматых хвоек на цёмныя вокны лужын сыпалася кастрыца (В.Адамчык). Падцягнулі [салдаты] рамяні з тугою, Леглі адпачыць пад сіняй хвояй (П.Панчанка). Цемнавокія хвоі ігліцамі натыкаюцца на прамень (В.Вярба).

2. Пра ўзрост хвоі, яе век: адвечная, векавая, векавечная, вячыстая, маладая, молада-вечная, пасляваенная, спрадвечная, стагодняя, старажытная, старая, стогадовая.

Адвечныя хвоі з гладкай карою стаялі на берагах і часам любілі пагутарыць з рачулкай (Я.Колас). Пад аховай векавых хвой тут не адчувалася ні малейшага ветрыку (Я.Маўр). Якуб Колас нарадзіўся ў маляўнічым лясным прыволлі, дзе векавечныя хвоі і кашлатыя елкі падпіралі сіняе неба (С.Александровіч). Маладая хвойка была ўся захоплена гэтай [жаваранкавай] песняй (Я.Колас). Сёння, пабраўшыся моцна за рукі, Молада-вечныя хвоі стаяць (Р.Семашкевіч). Ужо сталі дарослыя пасляваенныя хвойкі... (А.Жук). Пасля спрадвечных хвой растуць бярозы — Трагедыі лірычны эпілог (А.Пысін). Сумна глядзяць у неба стогадовыя хвоі (З.Бядуля). Голлямі хістаючы калматымі, Хвоі старажытныя рыпяць (П.Панчанка). Горда глядзяцца ў неба стагоднія хвоі (З.Бядуля).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (хвоі): велічная, гордая, духмяная, задумлівая, задуменная, задумная, звонкая, зграбная, казачная, ласкавая, мілая, мудрая, пахучая, прыветная, прыўдалая, родная, слаўная, спакойная, урачыстая, чуйная, шматзвонная (аўт.), шчаслівая  адзінокая, журботная, журлівая, маркотная, маўклівая, параненая, партызанская, пахілая, прытоеная, разамлелая, сонная, сумная, суровая, тужлівая, хмурная.

Нерухома стаялі велічныя хвоі (М.Капыловіч). Над намі шушукаюцца высокія гордыя хвоі (З.Бядуля). Алесь ішоў берагам паміж старых задумных хвой і прыслухоўваўся да іхняй таемнай гаманы (П.Броўка). Пад звонкай хвояю іглістай, Прабіўшы мох, як буравік, Стаіць у верасе квяцістым Лясное дзіва — баравік (К.Цвірка). Шушукалася тройца зграбных стромкіх хвоек (З.Бядуля). Вялі загадкавы гоман казачныя ў прадночным змроку велізарныя хвоі... (М.Лынькоў). А выгляд горак крутабокіх, Лясочкаў, хвоек кучаравых, Такіх прыветных і ласкавых, Як дабрадушныя бабулі (Я.Колас). Я ў сэрцы вітаю дубы над ракою І ціхія вёскі, і мілую хвою, Вітаю цябе, мой народ! (Я.Колас). Зіму і халодную восень Выжылі мудрыя хвоі (В.Вярба). ...Сям-там пракідаліся высокія пышныя алешыны, а па суседству з імі красаваліся дзве прыўдалыя хвоі... (Я.Колас). Хвоя родная калыша ў дупле ваверчаня (Е.Лось). Лабановічу проста люба было пабыць у лесе, паглядзець на слаўныя адзінокія хвоі (Я.Колас). Спакойныя хвоі з грабняком ды арэшнікам уперамешку... ужо скінулі... посцілку ночы (К.Цвірка). Расцвілі налітыя расой Сінія падснежныя пралескі Пад аховай урачыстых хвой (П.Панчанка). Калі ж ён [лось] вяртаўся... Па сцежцы знаёмай... То недзе спыняўся пад чуйнаю хвояй (А.Пысін). Зайдзі ў гушчар да хвой шматзвонных, І тут, і там, нібы цвікі, Па шапкі ўбіты ў мох зялёны Зялёныя махавікі (К.Цвірка). Я доўга думаў, як і дзе яе [яблыню] пасадзіць, і вырашыў выкапаць яму побач з адзінокай, разгалістай хваінай (М.Лобан). Як слёзы залацістыя, жывіца Цячэ з параненых магутных хвой (У.Караткевіч). Пад хвояю пахілай Стаіць без каскі Бронзавы салдат (С.Грахоўскі). Пасля поля тут было ад гушчыні маўклівых, нібы прытоеных, хмурных хваін цемнавата і сыра, хоць лясок і рос на пясчаніку (І.Мележ). Даўно такой мінуты я хацеў: Упасці на імшаную пасцель... Пад хвояй разамлелаю ляжаць... І мудрую прыроду бласлаўляць (Ю.Свірка).

* Хвоя-веліч, хвоя-красуня, хвоя-самотніца.

Пералескі, лес, паляна, Старасвецкі дуб з жарлом, Хвоя-веліч на кургане З чорным буславым гняздом (Я.Колас). З-пад хвой-красунь, як на далоні, Відаць і хаты, і двары (Я.Колас). [Уладзіслаў] спыніўся на строме, пад каржакаватай хвояй-самотніцай (У.Арлоў).

@

ХЛЕБ. Прадукт харчавання, пражытак: белы, бясконца духмяны, водарны, духмяністы, духмяны, малады, мяккі, надзвычайны, наздраваты, новы, пахучы, прыгожы, родны, румяны, смачны, сумленны, цёплы, цудоўны, чысты, шчодры  горкі, замешаны на горкім поце, крывавы, нялёгкі, паходны, салдацкі, сірочы, чорны, чорствы.

Пад потам арэ, барануе і сее, Каб белага хлеба прыдбаці для вас, А хто ж з вас яго ў бядзе пажалее? Паслухалі ж песні яго вы хоць раз? (Я.Купала). — Які надзвычайны ў нас хлеб і які Прыгожы, духмяны бясконца (М.Танк). Я помню малады водарны хлеб, які маці вымала з печы... (М.Лупсякоў). Растуць непрыкметна салдацкія дзеці. Ім хопіць работы на нашай планеце, Ім хопіць зямлі і блакітнага неба, Крынічнай вады і духмянага хлеба (С.Грахоўскі). З брыгадай дружнай за працай спорай І не заўважым, як прыйдзе скора З духмяным хлебам гарачы поўдзень (М.Танк). А ў печы дыхаў наздраваты, чорны, Замешаны на горкім поце хлеб (С.Грахоўскі). Дыхне Засмягласць нівы ў новым хлебе (А.Пысін). І не было б на стале ў нас Пахучага хлеба (М.Танк). Побач красуе — Ну й малайчына! — Смачны, жытнёвы, Мінскі наш, з кмінам (П.Броўка). Ён [Міхась] для ўсіх адчыняў сваю хату, дзяліў двое навушнікаў на чатырох суседзяў і сяброў, дзяліўся з імі родным хлебам... (Я.Брыль). Наш хлеб сумленны — не прыманка, Хоць ён нялёгка нам даецца (А.Пысін). У непагадзь і ў ясную пагоду Да болю адчуваю кожны раз: Мы ўсе з таго няскоранага роду, Што чыстым хлебам шчодра корміць нас (С.Грахоўскі). Настаў і час перакусіць. Успомніў Хлеб Вандроўнік, Што недзе, кінуты, ляжыць, Духмяны і цудоўны! (М.Танк). Чорны ды смачны свой хлеб, — ...Лепшага я не хачу (Е.Лось). Табол паказвае нямала дзіў, За нашых землякоў яму не сорам. Я бачыў шчодры хлеб і соль... (А.Пысін). Быў тады малым я хлапчуком, Горкі хлеб еў з неўраджайных ніў... (М.Танк). Бядак жыве толькі сягоння... Цар-голад няшчаснага гоне Крывавага хлеба шукаць (Я.Купала). Каня з смагі на пагодзе “Піць” галосе ў небе, Ды ў завею воўк заводзе Па крывавым хлебе (Я.Купала). І не выпадкова пра даўнія дні Бацькі ўспамінаюць сягоння, А мы — пра цяжкія дарогі вайны, Пра хлеб свой салдацкі, паходны (М.Танк). Хлеб сірочы, вядома, нялёгкі, аднак пра яго пакуль што больш думала мама (Я.Брыль). Мы ўсе ведаем чорстваму хлебу цану, Бо мы выйшлі з таго пакалення, якое Знала чорныя дні, горкі смак палыну... (М.Танк). У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай (І.Мележ).

@

ХЛОПЕЦ (хлапчына, хлапчук). Акуратны, асцярожны, бялявы, высакародна сардэчны (аўт.), высакародны, высокі, вясёлы, гарэзлівы, гарэзны, гожы, далікатны, дапытлівы, добры, дужы, жывы, жыццястойкі, загарэлы, здаровы, кемлівы, лагодны, ласкавы, малады, паэтычна гультаяваты (аўт.), пекны, праўдзівы, працавіты, прыгожы, разумны, рослы, руплівы, сардэчны, светлавалосы, светлавокі, сімпатычны, слаўны, смуглявы, спадцішка вясёлы (аўт.), статны, стройны, сумленны, уважлівы, харошы, ціха вясёлы, ціхі, чарнабровы, чарнавокі, чарнявы, чорнавалосы, шчыры  гаротны, дробны, зацяты, зялёны, лабасты, маўклівы, недаверлівы, непакорны, неспакойны, нядошлы (разм.), нязграбны, скаваны, стрыжаны.

Нават і Шура, вельмі асцярожны і ўважлівы хлопец, глядзеў наперад спакойна (Я.Брыль). Адзін хлопец..., стрыжаны, бялявы, сядзеў на палку пры печы (І.Мележ). Першая праўда: сусед мой — хлапчына з найлепшымі рысамі рускага чалавека: добры, праўдзівы, высакародна сардэчны... (Я.Брыль). Усё яшчэ ёй чутны песні Салаўіныя з той ночы, Калі хлопец на прылессі Цалаваў ёй палка вочы... Малады, высокі, стройны, Такі дужы, чарнабровы, Такі шчыры, неспакойны... (К.Кірэенка). У кожным з нас яшчэ жыве хлапчук, Вясёлы, шчыры і ласкавы (С.Грахоўскі). У нашым краі хлопец рос сардэчны, гожы і здаровы (В.Жуковіч). Чубар за дарогу ўпадабаў Хоніных хлопцаў, разумных і далікатных (І.Чыгрынаў). Валодзю Мазейку любілі ў атрадзе. Гэтага кемлівага, дапытлівага хлопца (В.Шымук). Каля студні мыецца Галін хлопец Антось... Харошы хлопец, жывы, працавіты (Я.Брыль). Урач... за двое сутак паспеў палюбіць жыццястойкага, вясёлага хлопца, што, нягледзячы на цяжкое раненне, знаходзіў сілы жартаваць (І.Шамякін). Сцежкай ад вёскі... прыйшоў сюды хлопец. Без кашулі, загарэлы, босы... (Я.Брыль). За рычагамі сядзеў Змітрок Бойка, малады чарнявы хлопец (Т.Хадкевіч). Чуць вяночак не гатовы, — Не хапала адной кветкі... Выйшаў хлопец з той дубровы, Хлопец пекны, стройны гэткі (Я.Купала). Старшыню сельсавета Сашу Туркача, спадцішка вясёлага і неяк паэтычна гультаяватага хлопца... бандыты злавілі непадалёку ад райцэнтра (Я.Брыль). Шмат хлопцаў усякіх — Сумленных, праўдзівых і шэльмаў благіх (Я.Купала). І зноў смяюцца, ужо на рысях, — непакорныя, слаўныя хлопцы! (Я.Брыль). А ціхі быў не толькі з-за сухотаў, а характарам — ціхі, разумны хлопец і нават трохі, па бацьку, вясёлы. Ціха вясёлы, па кволасці, з дабрадушнай усмешкай (Я.Брыль). Хлопец у чоўне, смуглявы і рослы, Прагна глядзіць і плыве ўдалячынь (С.Грахоўскі). Маладзенькі матрос Віця расказваў мне сёе-тое з жыцця свайго няўхіснага народа... Сімпатычны, акуратны, з харошай усмешкай хлопец (Я.Брыль). Павел Васілец, рослы, чорнавалосы хлопец... пастукаў пальцам па кабіне (Г.Далідовіч). Гаротнага хлопца пагналі далёка, Пагналі ў салдаты... (Я.Купала). Чарнявы, дробны хлапчына ў кубанцы заўсёды быў вясёлы і просты ў абыходжанні (Я.Брыль). Вядучы рэй, лабасты хлопец, Гукнуў: “Цяпер — жаночы, вальс!” (Н.Гілевіч). Міканор сумеўся: упершыню чуў такі сум, такі боль у гэтым маўклівым, недаверлівым хлопцу (І.Мележ). Дзе вы, хлопцы непакорныя, Дзе вы з песняй удалою, Як на поле на прасторнае Вы хадзілі грамадою (Я.Купала). У нязграбных стрыжаных хлопцаў Бесклапотны настрой (Г.Бураўкін).

* Голец-хлопец, хлопец-зух, хлопец-хват.

Ў садку жартуе [ветрык] з верабінай, Як голец-хлопец той з дзяўчынай (Я.Колас). Хлопцы-зухі і дзяўчаты Пагуляць тым часам рады, Сталі ў пары сярод хаты... (Я.Купала). [Стрыбук] Былы лясны і франтавы разведчык, Танцор, пяюн, наогул — хлопец-хват (Н.Гілевіч).

@

ХМАРА (хмурынка). 1. Пра колер, памер (хмары); пра аддаленасць ад зямлі, становішча ў прасторы: барвова-дымчатая, барвовая, белазорая, беласнежная, белая, бялёсая, бялявая, жаўтлявая, жоўтая, залатая, злататканая (уст., паэт.), ліловая, малінавая, светла-шэрая, светлая, сінявата-бялёсая, сінякрылая (паэт.), сіняя, срэбная, цёмна-ліловая, цёмна-сіняя, шыза-белая, шэра-сіняя  алавяна-сіняя, алавяная, аранжавая, бура-шызая, бурая, дымная, дымчатая, медна-чырвоная, мутная, попельна-шэрая, попельная, пярэстая, свінцовая, сівая, цёмна-шызая, цёмная, цьмяна-попельная, чорна-сіняя, чорная, чырвоная, шызая, шэрая; абложная, агромністая, вялізная, вялікая, малая, неабдымная, неаглядная, невялічкая; высокая, далёкая, далёкая-дальняя, нізкая; бязладныя (мн.), вандроўная, мітуслівыя (мн.), нерухомая, неспакойная, нестрыманая, пералётная, хуткая, шустрая.

Зноў наплыла нізкая барвова-дымчатая хмара, апала долу (І.Пташнікаў). Адплывалі на захад барвовыя хмары, Усміхалася сонца ў калюжынах цёплай вады (С.Грахоўскі). На дварэ вясна... карагоды вадзіла хмарак белазорых (М.Нікановіч). Аклікаўся ён [звон] і громам, Неба плыні віхрабежнай, Буры чорнай і мяцежнай І слядкам над божым домам Ад хмурынкі беласнежнай (Я.Колас). Паволі, цяжка птушка падымалася ў воблакі, бо несла з сабою вялікі жаль зоркам ясным, хмаркам белым [Цётка]. Бы тыя вочкі маладыя, Застылі хмаркі залатыя (Я.Колас). Эх, што можа быць дарожай... Гэтых хмарак злататканых? (Я.Колас). Паказваецца цёмная ліловая хмара, абдымае далягляд і, глуха вуркочучы,... цягнецца да сонца (У.Карпаў). Сонца было закрыта светла-шэрымі асеннімі хмарамі (А.Якімовіч). Вы нас хвалюеце, будзіце мары, Неба празрыстага светлыя хмары! (П.Броўка). Неба стала вышэйшым, з сінявата-бялёсымі хмарамі (М.Гамолка). Спаконвек плывуць над галавой Лясоў і хмараў сінякрылых шаты (Г.Пашкоў). Хай жураўлінай чарадой Гады плывуць між хмарак срэбных (А.Звонак). Калі ўставалі грозныя цёмна-сінія хмары і грымелі далёкія громы, яны незвычайна выразна каціліся-дрыгацелі па даліне (Я.Колас). Над абшарам павісла вялізная шэра-сіняя хмара (З.Бядуля). Зноў наплыла алавяна-сіняя хмарка (Я.Васілёнак). І зноў над вёскай плылі дні У чорных хмарах алавяных, Галечу ўсім няслі яны, Згрызоты новыя І раны (П.Броўка). А гнёзды змрочныя варон Між голага галля чарнелі, І грозны вечара пажар Пылаў між бура-шызых хмар (М.Багдановіч). Нізка над зямлёй вандруюць мутныя хмары (З.Бядуля). Попельна-шэрыя хмары навіслі над лесам і полем... (Я.Колас). Месяц свяціў, прарываючы рэдкую муць пярэстых хмар (П.Галавач). А над лесам цяжкая свінцовая хмара ўжо сеяла дажджом (В.Каваль). На гарадок паўзла цёмна-шызая хмара (С.Грахоўскі). Сівыя хмары звісаюць нізка, сеючы дробны дождж (Я.Колас). Навалілася хмара дымная, Цёмная, неабдымная (П.Панчанка). Вецер гнаў цёмна-сінія дымчатыя хмары (І.Мележ). Уверсе — блакіт, унізе цьмяна-попельныя хмары (Я.Брыль). Моцны ўсходні вецер гнаў чорна-сінія хмары (Л.Дайнека). На змярканні з-за лесу напаўзлі шызыя, змрочныя хмары (В.Быкаў). Паўнеба на захадзе было пакрыта агромністай цёмнай хмарай (М.Лынькоў). Лясы нырнулі ў хмары шэрыя (П.Панчанка). Неба было высокае і блакітнае, як вымытае, з маленькімі, як прыклеенымі, шыза-белымі хмаркамі (А.Марціновіч). Спеў слухаюць рыбы і мора, Вандроўныя хмары ўдалі (М.Танк). Дзесьці зноў, за далёкім сялом, За далёкаю-дальняю хмарай Узмахнула жар-птушка крылом (А.Вярцінскі). Неба то засінее між разарваных ветрам воблакаў, то зноў надоўга знікне за шчыльнай заслонай нізкіх цяжкіх хмар (І.Мележ). І вось у адзін дзень бязладныя, неспакойныя хмары, нібы спалоханыя птушкі, падняліся вышэй (Я.Колас). Нізкія, разарваныя ветрам мітуслівыя хмары выплакалі халодныя слёзы (Я.Колас). Покуль пазычу ў альбатроса Ці ў пералётнай хмары крыл, Каб зноў вярнуцца ў гоман сосен Пад нарачанскі небасхіл (М.Танк). А ў небе, а ў небе на захад... Імчаліся шустрыя хмаркі... (Н.Гілевіч).

2. Пра форму, абрысы (хмары); пра яе шчыльнасць, гушчыню: абвіслая, абложная, бухматая, вузкая, грувасткая, грудастая, грывастая, зубчастая, калматая, касматая, кашлатая, кіселістая (аўт.), клубастая (разм.), клубястая (разм.), крутабокая, кудзелістая, кудлатая, купчастая, кучаравая, лахматая, махнатая, парваная, пеністая, ператрэсеная, пухлая, пуховая, пышная, разлапістая (разм.), расцягнутая, тонкая, ускудлачаная; густая, лёгкакрылатая (паэт.), лёгкакрылая (паэт.), лёгкая, празрыстая, сакавітая  беспрасветная, вадзяністая, важкая, грузная, набрынялая, непраглядная, тугая, цяжкая.

Абвіслыя шэрыя хмары паўзлі над горадам (А.Кудравец). Абложных хмар даўгія караваны За далягляд завезлі сінь нябёс (Г.Бураўкін). На вуліцы — свежа і цёпла, А зоры заззялі так ярка, Як быццам бухматая хмарка Сабой іх да бляску нацёрла (Н.Гілевіч). Высока, праз усё неба, цягнулася вузкая хмарка (М.Лынькоў). Грувасткія, нібы налітыя свінцом нізкія хмары [навіслі] над зямлёй (Т.Хадкевіч). Неўзабаве над астуджанай зямлёй навісла чорная грывастая хмара (А.Асіпенка). Паўнеба заслалі калматыя хмары (А.Бачыла). Кашлатыя хмары, як шапкі-папахі, Развешвалі чорную воўну, На светлае сонца рабілі замахі (Я.Колас). Неба... было ўслана гнедымі кіселістымі хмарамі, з якіх несціхана сачыўся драбнюткі дождж (Ц.Гартны). Над полем у вячэрніх прыцемках нізка навіслі цёмныя клубастыя хмары (М.Ракітны). На далёкім захадзе, з-за зубчастых пералескаў выплывалі, як мядзяныя горы, клубястыя хмары (Я.Колас). Сплывалі і радзелі, як туман, кудзелістыя хмаркі (М.Стральцоў). Кудлатая хмара над Мінскам навісла, счарнела ў змроку асенняя Свіслач (П.Панчанка). Купчастыя хмары, Куды вас мкне вецер? Вы роднаму краю мой сум занясеце! (Я.Колас). Радуешся небу і сонцу, кучаравым хмарам, лагоднаму ветру і людзям, што сустракаюцца на шляху (Я.Колас). Прачнулася сонца. Барвай набрынялі пеністыя лёгкія хмаркі... (І.Капыловіч). Ноччу прыйшла навальніца... З грувасткіх ператрэсеных хмар ліліся патокі (М.Гамолка). Толькі дзе-нідзе з’яўляліся невялікія пуховыя хмаркі (І.Гурскі). Жвава снаваліся разлапістыя хмаркі (М.Стральцоў). Сівыя расцягнутыя хмары беглі, спяшаючыся адна за адной... (І.Пташнікаў). Уставала сонейка з-за лесу, Скрозь тонкіх хмарачак завесу Усюды косы раскідала (Я.Колас). Дарма ў неба глядзіць вока — Хмар густых ім не прабіць (Я.Колас). Прыжмурыўшы вока, Міколка ўглядаецца ў далёкую грушу, і лёгкая хмурынка прабягае па яго жывым твары (М.Лынькоў). Тонкія хмарачкі, лёгкакрылатыя Белым абрусам ляжаць (Я.Колас). Праплываюць, бы чайкі па моры, Лёгкакрылых хмарын валаконцы (Я.Журба). Празрыстая хмарка, Як срэбраны коннік, За сінюю сопку плыве І знікае (С.Грахоўскі). Сакавітыя, густыя, Сінім стэпам-даліною, Чарадою, грамадою, Ходзяць хмаркі веснавыя (Я.Колас). Лахматыя хмары навіслі над поплавам (У.Аляхновіч). Апошні разочак з-за хмар вадзяністых Сонца зірнула (Я.Колас). Алена каторы раз абвяла позіркам неба — над галавой нізка варушыліся важкія хмары (І.Мележ). І сонца з-за хмар цяжкіх, набрынялых зірнула ласкава на пераможцаў (В.Лукша).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (хмары): дарагая, дужая, жывая, зграбная, любая, магутная, мілая, прыгожая, радасная, чароўная, шчаслівая, шчодрая  брудная, бяздольная, бяздомная, бязрадасная, бязродная, бясплодная, глухая, гнеўная, гняўліва-крыўдлівая (аўт.), грозная, грымлівая, грымотная, жалобная, журботная, здрадная, злавесная, злосная, змрочная, лянівая, маркотная, насупленая, нахмураная, невясёлая, непрыветлівая, неспакойная, нудная, панурая, сонная, стомленая, страшная, сумная, суровая, сярдзітая, халодная, цягучая.

Хмарка, хмарка дарагая Паўзе па небе з-за лясоў! (Я.Колас). Хмара дужая, нібы грузчык, Узваліла нябёсы на плечы (“Маладосць”). Усталі хмары над зямлёю грозныя, жывыя (П.Трус). Хмаркі кудзельныя, лёгкія, зграбныя, Цьмой-павуцінаю клікалі-вабілі (З.Бядуля). Носіць вецер лёгкакрылы Вас [хмаркі], любыя, па ўсім свеце (Я.Колас). У небе — ля хмары грымотнай — празрыстая, лёгкая хмарка Шпарка плыла... Зліцца жадалі яны, зрабіліся б хмарай магутнай... Але далёка іх вецер разнёс... І паасобку загінулі хмары бяздольныя тыя (М.Багдановіч). У небе там і сям вынікалі пазалочаныя клубочкі прыгожанькіх хмурынак (Я.Колас). А Хмарка, шчаслівая, радасная, ясная, як майская раніца, усё ішла, ішла далей... (Я.Колас). Густа і строга зелянелі елка і сасна, але бярозы і асіны, клёны і ліпы так шчодра палалі, гарэлі, зіхацелі пад промнямі сонца..., што падалося Барысу Аляксеевічу, яшчэ хвіліна-другая — і ўзаўюцца яны ў паветра, і паплывуць над зямлёй, як залатыя чароўныя хмары на карцінах Рэрыха (Л.Дайнека). Сіваватыя, шчодрыя на ваду хмары зноў згушчаліся, захутвалі сонца (Г.Далідовіч). Папаўзлі кудзелістыя, брудныя, нізкія і цяжкія хмары (Я.Сіпакоў). Па небе бяздомныя хмары плывуць, У кожнай свая пуцявіна (П.Пруднікаў). Адвечны рух, бясконцае блуканне па свеце выпала на долю гэтым бязродным хмаркам (Я.Колас). А тыя [хмары] па небе, бясплодныя, ходзяць, Глухія на плач збажыны (Я.Колас). Гняўліва-крыўдлівая хмара засцілае маю свядомасць (В.Быкаў). Крывавы туман засцілаў радзіму, нібы наплываў на яе грознымі злавеснымі хмарамі (М.Лынькоў). Грымлівая хмара ўзышла над узгор’ем (Э.Самуйлёнак). Не пужайся, што здрадныя хмары Неба ўслалі з канца да канца, Што свае цемната ўнесла чары, Закружыўся курган над папарам: Яшчэ прыйдзе вясна! (Я.Купала). Ах, як грукочуць неба жорны, Як мелюць груды злосных хмар (П.Броўка). Над панылай зямлёй нізка віселі змрочныя хмары (А.Марціновіч). Колькі хмараў тут маркотных, Колькі птушак пералётных І вятроў у чыстым полі Калыхала маю долю (М.Танк). Хмара,... грозная, насупленая, усё больш і больш набірала чарнаты (П.Пестрак). Хмары па небу плывуць невясёлыя, Душу сціскаюць маю (А.Гурло). На небе яшчэ снавалі непрыветлівыя кудлатыя хмары (У.Дамашэвіч). Давілі хмары, шэрыя, нудныя... (Р.Няхай). Плылі нізкія панурыя хмары (М.Гамолка). На небе выплылі грамады сонных хмар (К.Буйло). Гоніць, гоніць вецер стомленыя хмары (К.Буйло). Тыя слёзы, горкія скаргі, усё гора зямлі — змяшаліся разам і завіслі над ёю страшнаю чорнаю хмараю (Я.Колас). Па небе плылі халодныя шызыя хмары (Б.Сачанка). Усё неба завалаклі нізкія цягучыя хмары (Б.Сачанка).

* Вандроўніца-хмарка, грамадзіна-хмара, хмара-гара, хмара-грамада, хмара-карабель, хмара-смуга, хмара-цемра, хмаркі-выгнанніцы, хмаркі-лебедзі, хмары-валокны, хмурынка-паплавок, хмурынка-пярына.

Вандроўніцы-хмары, Нябёсаў украсы! Зрадніўся я з вамі Ў далёкія часы (Я.Колас). Лабановіч не мог адвесці вачэй ад купчастых грамадзін-хмар (Я.Колас). Адплывалі хмары-горы Белымі клубкамі (Я.Колас). Клубястыя хмары-грамады Гасілі дзень чорным крылом (Я.Колас). А з поля вецер легкакрылы Ўдаль гоніць хмары-караблі (П.Трус). Цісне хмара-цемра, Гром гудзе сярдзіта (Я.Колас). Плывуць па блакіце белыя хмаркі-выгнанніцы (Я.Брыль). Ружавее неба ўранку на зары, Гоніць хмаркі-лебедзі ветрык угары (А.Звонак). З двара ў акно пазірала чорная ноч і завешанае густымі хмарамі-валокнамі цёмнае неба (Я.Колас). Стэп уздыхне — і зябка дрогне Ў стаўку хмурынка-паплавок (А.Пысін). Да хмурынак-пярын, у паўдзённы блакіт, Свае звонкія песні ўзняслі жаўрукі (Г.Бураўкін).

@

ХОЛАД (халады, халадок). Нізкая тэмпература, халоднае надвор’е; свежае халаднаватае паветра: абсалютны, адчайны, асаблівы, бязлітасны, волкі, востры, вялікі, дзікі, дужы, жахлівы, звонкі, злосны, злы, знобкі (аўт.), золкі, калючы, круты, крыштальны, ледзяны, люты, лядачы (разм.), неверагодны, неймаверны, нясцерпны, пагрозлівы, пранізлівы, пругкі, пусты, пякельны, пякучы, рабінавы, рэзкі, сіберны (разм.), страшны, строгі, стылы, суровы, шалёны, ядраны; асаблівы, бадзёры, белы, волкі, востры, густы, добры, дзявочы, жывы, здаровы, лёгкі, мяккі, празрысты, прыемны, ранішні, свежы, спакойны.

Маёр адчуў, як... нібы адабрала ногі і не трапляў зуб на зуб, хаця і не было асаблівага холаду (М.Лынькоў). Дослед трэба паўтарыць.... пры ўмовах абсалютнага холаду (М.Гамолка). Бязлітасны холад залазіў за каўнер, ледзяніў рукі, марозіў твар (І.Шамякін). Сыры вецер дзьмухнуў... [мельніку] вострым холадам у твар (К.Чорны). Тады перада мною ўставалі, як у вялікі холад, высока паднятыя і сціснутыя плечы (Я.Скрыган). Востры холад пустых і жудасных верхавін дзікіх гор моцна сціснуў Хмарку (Я.Колас). У юшкі грукне холад звонкі І — зноў навыперадкі ў поле... (С.Гаўрусёў). Заснежыў месяц шлях-дарогу, І холад рукі мне пячэ. Які ён злы, які ён строгі — Аж зоры сыплюцца з вачэй! (А.Гурло). Да жалеза прыклейваюцца пальцы, і знобкі холад абцякае з іх (Э.Самуйлёнак). Калючы холад поўз усё вышэй і вышэй [па целе] (М.Паслядовіч). Будрыс выбраўся на больш плыткае месца і доўга стаяў, адчуваючы, як крыштальны холад крадзецца ў грудзі (У.Караткевіч). Я думаў — пройдзе ўсё, І ў лютым холадзе Ліст абарвецца... (М.Танк). Нас голад гнуў, холад лядачы (Я.Колас). Саломы пад намі няшмат. Яна намокла ад нашай вопраткі, і мы бакамі адчуваем пагрозлівы холад цэментнай падлогі (Я.Брыль). Ноч, працятая пругкім холадам, пазірала ў падвойныя вокны... (Я.Колас). Дняпро... дзьмуў на бераг пустым нейкім холадам (М.Зарэцкі). Пякельны рэзкі холад сціскаў грудзі, не даваў дыхнуць (М.Лынькоў). Быў сіберны холад, і рабочыя часта прыбягалі пагрэцца ў кацельную (М.Лынькоў). Ад стылага холаду металу па скуры пакацілася дрыготка (А.Савіцкі). Не злякнулася цяпер Макрына, а так толькі, нібы рабінавы холад прабег па целе (С.Баранавых). Які асаблівы, густы халадок ідзе ад цэглы (М.Стральцоў). Густы, але нямоцны вецер крануў спатнелы твар свежасцю, пагнаў па спіне, па руках бадзёры халадок (І.Мележ). Няхай штодзень Кранае ціха скроні, Нібы зазімак, Белы халадок, Ды сэрца па-юначаму і сёння Стукоча... (П.Макаль). Волкі халадок вячэрнім інеем палез за каўнер багата каму з верамееўцаў (І.Чыгрынаў). Прыходзілі доўгія асеннія ночы... з вострым халадком першых замаразкаў... (К.Чорны). Табе я ўдзячны... За той прасвет у зорках залатых... За востры халадок расінак тых, Што і цяпер бягуць па твары (Н.Гілевіч). Зіма нібы прыяла калядам. Халады дала ядраныя, дужыя (І.Мележ). Ранішні сіняваты прыцемак сустрэў добрым, вострым халадком (І.Мележ). Дзявочы халадок бярозы Сальецца з холадам зімы (А.Пысін). Падзьмула з поўначы здаровым халадком (Я.Колас). Вуснамі перасохлымі Жывы халадок глытаем (К.Камейша). Паветра такое крыштальна-чыстае, якім бывае толькі ў асобныя дні верасня, калі восень робіць першыя крокі, пасылаючы на зямлю лёгкі, бадзёры халадок (Т.Хадкевіч). Празрысты дыхне халадок, Павее з-за сопкі ў даліну (А.Звонак). На нагах маіх За доўгі дзень, як зоры, цыпкі выспелі. ...Мама гоіць іх. Вяршынкай мажа... Прыемны, мяккі халадок кладзе (Н.Гілевіч). На ганку... грудзі заліло свежым халадком (І.Мележ). На сярэдзіне ракі яны [дрэвы] сплятаюцца зялёным галлём, і пад імі над вадою спакойны, ціхі халадок (Р.Мурашка). Цішыня. Яшчэ павявае ад сырога муру пранізлівым халадком (К.Кірэенка).

* Холад-няволя.

Загудуць вятругі ў полі, Загалосяць, зашумяць, Белым пылам задымяць Ды засцелюць гоні-ролі, Каб у холадзе-няволі Рунь зялёную прымяць (Я.Колас).

@

ЦВЕТ (квет). Кветкі на раслінах і дрэвах; цвіценне: агнёвы, агністы, агнявісты, белы, блакітны, бледна-ліловы, буйны, бяленькі, веснавы, гарачы, духмяны, жаркі, залаты, залацісты, імглісты, малады, мройны, мядовы, пахучы, пышны, пяшчотны, ружова-белы, ружовы, салодкі, серабрысты, ціхі, цудоўны, чароўны, яркі.

Адзін чалавек шукаў у гэтую ноч кветку папараці, бо кажуць, што ў купальскую ноч зацвітае яна агнявістым цветам (Я.Колас). Зноў наш двор пацярушаны пялёсткамі белага цвету, што асыпаецца з вішань (Я.Брыль). Цёмны сад-вінаград, Цвет бяленькі вішнёвы... (М.Багдановіч). Верас заліты бледна-ліловым цветам... (І.Навуменка). Ты, вясна, — маладая красуня, Прыгажэй за прыгожых дзяўчат: Галава буйным цветам красуе, Зацвілі васількі ў вачах (П.Глебка). Белы цвет веснавы Па-святочнаму ў косы ўплецены (А.Пысін). І ўбачыў ружы... Скрозь і ўсюды — Духмяны цвет, ружовы цвет (Н.Гілевіч). Верася вы мае, верася. Вунь звініць над узяткам пчала; Жаркі цвет на мяцёлцы гарыць, Значыць ёсць чым пчалу адарыць... (А.Пысін). Ды на ліха дала ёй [дзяўчыне] ночка цёмныя бровы, Залатым напаіўшы вочы цветам ліповым (М.Танк). Ты [музыка] ж ідзі далей шляхамі, Дзе над Нёманам вербы дрэмлюць, Дзе шумяць прасторы жыта У залатым імглістым цвеце (М.Танк). Ты мяне ў гадзіну Добрую тады Ўспамінай, адзіны, Цветам маладым (В.Вярба). І асыпацьме ліпа Мядовы цвет на стол (Я.Янішчыц). І нашто столькі мройнага квету Абляцела яшчэ без пары... (Я.Янішчыц). Набрынялыя пупышкі, Раскалоўшыся ад грому, Прыбіраюць цветам пышным Кожнай яблыні карону (Н.Гілевіч). Я шкадую цвету... Ён сваё зрабіў, ружова-белы (Е.Лось). Зіма... Ад інею вішняк Перахіліўся за парканы. І не мінеш яго ніяк, Кранеш — і цветам серабраным Асыпле з галавы да ног (М.Танк). Блакітным цветам зацвілі пралескі на ўзлессі (“Маладосць”).

@

ЦЕМРА (цемната, цьма). Адсутнасць святла, густы змрок: аглухлая, акамянелая, аксамітная, апраметная, белая, беспрасветная, бяздонная, бяскрайняя, варожая, ваўчыная, вечная, вільготная, глухая, глыбокая, горкая, грозная, густая, дабратворная, жахлівая, завейная, завірушная, застылая, зацятая, зласлівая, злая, злосная, імглістая, колкая, крамешная, летняя, лёгкая, марозная, маўклівая, мройная, мутная, навальнічная, непраглядная, непранікальная, непранікнёная, нямая, няўтульная, падманлівая, падманная, панурая, панылая, прамозглая, пудкая (разм.), рыхлая, санлівая, сляпая, сонная, страхлівая (разм.), сцюдзёная, таямнічая, халодная, цвёрдая, цягучая, чарнільная, чорная.

Чалавек прыслухаўся: навокал аглухлая цемра хутара... (К.Чорны). [Ганна] васільковымі вочкамі ўпілася ў цемру аксамітную (М.Нікановіч). Слуп агню прарэзаў апраметную цемру (У.Караткевіч). ...У тую ноч, калі на свеце гула і падвывала белая, завірушная цемра, Захар Іванавіч Качко... вяртаўся з карчмы пехатою (Я.Брыль). Ні агеньчыку, ні водбліску, адна бяскрайняя цемра (В.Хомчанка). Цемра бяздонная, Хоць выкалі вока, Белага свету нідзе не відно (П.Глебка). Сядзіць і ходзіць па святліцы [Сушко], углядаецца ў цьму за акном, варожую і зацятую ў сваёй немаце (Я.Колас). Блакітны агеньчык бліснуў у вечнай цемры пячоры (У.Шыцік). Ты скажы мне, цьма глухая: Доўга будзеш ты, ляжаць? (Я.Колас). За акном была глухая непранікальная цемра (Э.Самуйлёнак). Цемра ночы знікла, горкая, густая (А.Александровіч). Бязлюдна ў цемры густой Шапоча бярозавы ліст (А.Звонак). Над садамі, над хатамі і талай зямлёй павісла густая, вільготная цемра (А.Кулакоўскі). Потым у акне пагасла святло — і вуліца захлынулася густой, колкай цемрай (Б.Мікуліч). Смерць прыходзіла не ў дабратворнай цемры, а ў шаленстве фарбаў і колераў (У.Караткевіч). Зласлівая цемра лягла над зямлёю (А.Александровіч). Неба на захадзе, якое святлела доўгі час пасля захаду сонца, пачало агортвацца ў лёгкую летнюю цемру (Я.Колас). З падманлівай санлівай цемры высоўваліся насустрач вартаўнікі з дубальтоўкамі (М.Паслядовіч). Белыя маланкі то азаралі дачны пасёлак, то зноў кідалі яго ў сляпую цемру (Е.Лось). Бацька зноў запрог беднага коніка і зноў нырнуў у сцюдзёную, завейную ваўчыную цемру (К.Кірэенка). Навальніцы няма, навальніца сышла, Хмары далей паціснулі ў свет, І страхлівая цьма, дажджаная імгла Разам з ёю пайшла ў адзін след (Я.Колас). Усё паглынула глыбокая цемра... Побач, у халоднай цемры, трывожна шапацеў клён (Л.Дайнека). Вакол... непарушная цішыня і густая цягучая цемра (П.Галавач). Саўка застаўся адзін у гэтай маўклівай і грознай цьме (Я.Колас). Хвалі ішлі адна за адной, і процілеглы бераг губляўся ў чарнільнай навальнічнай цемры (У.Караткевіч).

* Цемень-імгла, цемра-здрадніца.

Падзівіся, браток, Што за цемень-імгла! (Я.Колас). Маўчала цемра-здрадніца, І месяц з неба знік (П.Панчанка).

@

ЦЕНЬ (цені, цянёк). 1. Цёмны адбітак прадмета, асветленага сонцам; той, хто ходзіць неадступна за кімсьці: агромністы, ажурны, апошні, буйны, вільготны, востры, выразны, вялізны, вялікі, гіганцкі, густы, дзівосны, дзіўны, доўгі, жоўты, зубчасты, зыбкі, імклівы, калматы, кароткі, карункавы, крылаты, кудлаты (разм.), кучаравы, лакіраваны (аўт.), лёгкі, ліловы, лясны, мімалётны, мяккі, нясмелы, празрысты, пругкі, пушчанскі, ружовы, рухавы, сіні, сярэбраны, таямнічы, тонкі, трапяткі, цененькі (разм.), цёмна-сіні, цёмна-шэры, цёплы, шырокі  бледны, вуглаваты, дрогкі, дрыготкі, дужа тоўсты, дымны, жудасны, змрочны, крывы, маркотны, мокры, нязграбны, няўклюдны, палахлівы, паспешлівы, плямісты, прывідны, рабы, рагаты, рэзкі, самотны, сталёва-халодны (аўт.), сумны, трывожны, хісткі, цёмна-імглісты, цёмны, чорны, шызы; добры, неадлучны, неадступны, нябачны.

Агромністы цень [самалёта] мільгае над намі (У.Паўлаў). У строгім задуменні кіпарысы Кладуць ад трапа свой ажурны цень (С.Гаўрусёў). Чырвоным зарывам абвостран край зямлі... Трывожна сочыш за ігрой праменняў, Пакуль не змые сонечны прыліў Апошнія, сярэбраныя цені (М.Танк). На схіле дня святла яшчэ даволі, Вільготны цень кладзе дубоў сям’я (А.Пысін). Добра, аднак, рысаваць пры лямпе: святло жаўціць і цені вельмі вострыя... (Я.Брыль). Ды прадзе, прадзе кудзельку, Скача вераценца, А за ім густыя цені Бегаюць па сценцы (Я.Колас). Полымя свечак ківалася, і на сценах і столі клаліся дзіўныя цені (Л.Арабей). Упаў на травы доўгі цень (С.Грахоўскі). Там чароты схавалі жоўты месяца цень... (В.Вярба). Вярба схілілася над саменькай вадою і кідала зыбкі цень (“Маладосць”). Намагаючыся лепей разгледзець ланцужок рухавых і імклівых ценяў,... Наста шчыльней прыціснулася ілбом да шыбы (А.Савіцкі). Калматы цень галавы Андрэя спачывае на бярвенчатых сценах (У.Караткевіч). І кідаюць карункавыя цені Каштаны на ўцеху дзетвары (П.Панчанка). Плыве ў расе крылаты цень Алтайскае жняяркі (П.Панчанка). Снавалі кудлатыя цені, Пажар агнякрылы шугаў (П.Панчанка). Вялікае поле аэрадрома... Праз адчыненыя дзверы пабліскваюць цьмяна лакіраваныя цені крылляў (М.Лынькоў). Лёгкія хісткія цені струменіліся па шкле і палахліва трымцелі (М.Стральцоў). У маіх трудных запясцях Цень пушчанскі, лясны (Я.Янішчыц). Сасна з смалою на ствале. Цень мімалётны самалёта, І яшчарка ў сухой траве (А.Пысін). Месяц свяціў ясна, адкідваючы ад хатаў і дрэў мяккія, празрыстыя цені (Я.Колас). Мяккія ружовыя цені калыхаліся між шэрых камяніц... (М.Лынькоў). Пасля дажджу... Яшчэ ў паветры пругкі цень дажджу (А.Пысін). Кладзе пад ногі Джэзказгана Крылаты птах рухавы цень (А.Звонак). На асфальце трапяткія цені, Пад ліствою звоняць арыкі (П.Панчанка). На год паменеў дзень, Ды стаў яшчэ выразней, А цененькі мой цень Перад табой, што вязень (Я.Янішчыц). ...Шырокія імклівыя цені няспынным агромністым статкам хутка-хутка плылі па зямлі (В.Быкаў). Дрогкія... ціха вагаліся, пагойдваліся... рагатыя, нейкія дужа тоўстыя цені ад альясу і герані (А.Савіцкі). Пачарнелыя глыбы скляпенняў, Лабірынты бясконцых хадоў Праглыналі дрыготкія цені (А.Звонак). Вялізныя, у чалавечы рост цагляныя глыбы адкідвалі жудасныя цені (К.Пішчыкава). Месяц цені крывыя пакосіць і пакоціцца сам на муры (Л.Геніюш). Маркотныя цені сышлі на папары, Дзе мошкі, кузуркі і пчолак атары Мядок бралі з кветак духмяных (Я.Колас). Наста ўгледзела ля палаткі няўклюдны цень (А.Савіцкі). Яны [воблакі]... будуць плысці адразу па небе і па зямлі, чапляючыся за парыжэлыя восеньскія палі і лугі плямістымі, паспешлівымі ценямі (Я.Сіпакоў). Ноч возьме ўсё і нават цень з-пад ног, Цень прывідны ў мяне адыме (А.Пысін). Жабулька скокнула пад куст вярбы, У лісце сохлае, дзе цень рабы (А.Пысін). Рэзкія сінія цені нячутна валакуцца за намі (В.Быкаў). Па люстранай паверхні Бярозы, хоць неба па-над ёй зусім-зусім сіняе, чыстае, раптам пабягуць сталёва-халодныя цені (К.Кірэенка). Сонца заходзіць. Сумныя цені ціха злятаюць з гары (Я.Колас). Ад усіх, нават ад самых маленькіх узгорачкаў леглі вялізныя трывожныя цені (У.Караткевіч). З поўначы вецер зніжаным лётам Рве хмараў вячэрніх цяжкія плыты, Калышучы п’яных мачтаў готык І цёмна-імглісты цень густы (М.Танк). Скакалі па зямлі цёмныя цені ад дрэў, ад кустоў... (М.Лынькоў). Чорныя цені, Шэпат таемны, Шум падазрэнны, Глухі (Я.Колас). Пільную я не першы дзень Цябе ля прахадной, Я неадступны добры цень, Нябачаны табой (А.Бачыла). Я нат і табе не сказаў, Што люблю, Стаўшы рэхам тваім, Стаўшы ценем тваім Неадлучным (М.Танк).

2. Невыразныя ў цемры абрысы постаці, фігуры; прывід; адлюстраванне ўнутранага стану чалавека: густы, дрыготкі, загадкавы, зменлівы, кудлаты, мнагазначны (аўт.), мнагалучны (аўт.), несчыслёны (аўт.), працавіты, смешны, чароўны  абдзёрты, бледнавокі, бледны, босы, бясформенны, гарбаты, злавесны, змрочны, касцісты, няўклюдны, нямы, няўстойлівы, палахлівы, пануры, пусты, страшны, сумны, уздыблены, хлебам не сытыя (мн.); лёгкі, цёплы  злавесны, пакутлівы, пануры, хмурны.

Цені сталі больш густыя, Мнагалучны, несчыслёны, Мнагазначны, хоць пустыя, вельмі страшны, бо нямыя, Пад пячаццю ўсе замкнёны (Я.Колас). Зменлівы, няўстойлівы цень... загайдаўся, папоўз ад дарогі ў бок крушняў (А.Савіцкі). Дзесяткі бледных людскіх ценяў прыніклі да акутых жалезам акон астрога (Я.Колас). Дрыготкія цені, хістаючыся, таропка разбягаліся ад агню ў гушчыню цемені (У.Краўчанка). У лесе вельмі многа цішыні. І надта ўжо загадкавыя цені (Р.Тармола). Няўклюдныя кудлатыя цені ўжо снавалі між дрэў... (І.Сіняўскі). Там працавітыя, Хлебам не сытыя, Снуюцца людскія цені, На кій успёртыя, Босы, абдзёртыя, Трасуцца рукі, калені (Я.Купала). Сэрцы ахвярна паложаць, Насып насыплюць высокі; І не пяройдзе той насып Злыбеды цень бледнавокі! (Я.Купала). Дзень яшчэ дагарэць не паспеў, як пад голлямі ценем гарбатым прыйшоў вечар і ціхенька сеў на парозе забытае хаты (Л.Геніюш). Было даволі толькі хвілі, каб знік ён, змрочны цень бяды (А.Бачыла). Як я ў хату ўвайду, мяне штосьці гняце; Бледны сум падыходзіць — прыносіць нуду; Ў запляснелым кутку цень касцісты цвіце, — Мяне штосьці гняце, як я ў хату ўвайду (Я.Купала). Захар прагна слухаў,... углядаўся ў палахлівыя цені (А.Савіцкі). Быў верасень. Халодны асенні вецер гнаў па вадзе хмурныя цені (І.Мележ). Па зямлі і ўдзень і ўночы Ходзіць асцярожна Чорным ценем, злою зданню Страшны падарожны (Я.Колас). Па-над шчыраю Шчарай... Плачуць чорныя цені на фоне пажару (У.Караткевіч). Сонейка глянула ў камеру цёмную, Цені панурыя выгнала вон (В.Таўлай). За акном плыла сумным ценем Арыніна постаць (І.Мележ). На даляглядзе ўздыбленыя цені... Ўчарашніх катаў — мёртвых і жывых (А.Пысін). Не хавайце, блакітныя далі, Шапаценнем надрэчных ракіт.... Лёгкім ценем лясной цішыні Вобраз той, што аднойчы ўвосень Завалодала сэрцам маім... (А.Звонак). Смугою ліпкай, Цёплым ценем сок ліецца (М.Танк). Як толькі вочы яго [Грэчкі] ажылі, на твары лёг пакутлівы цень (І.Мележ). Зацятая злосць і глухата старой панурым ценем захмарылі ўсё, што ўвайшло ў душу Башлыкова (І.Мележ). Мабыць, сэрца ўзяўшы пад апеку, можна адагнаць злавесны цень (С.Грахоўскі).

3. Месца, заслоненае чымсьці ад сонца; цемень: ахоўны, дрымотны, духмяны, змяркальны, зялёны, кволы, лагодны, ласкавы, мяккі, прахалодны, прыемны, рэдзенькі, рэдкі, светлы, цёплы, цудоўны; глыбокі, маркотны, мокры, надвячоркавы, начны, серабрысты.

Сосны на самым краі берага далі свой ахоўны цень некалькім кусцікам ядлоўцу (К.Кірэенка). Хоць, здаецца, той лясок невысок, А які бруіць бярозавы сок, Пад крушынавым кустом муражок І лагодны і духмяны цянёк! (М.Танк). І хочацца... убачыць зноў, як каля хаты Хаваецца ў дрымотны цень, як бацька, ціхі і вусаты, Крыху ссутулены ячмень (Г.Бураўкін). Віляеш ты між вольхаў Вілія, Заступніцтва ў зялёных ценяў просіш (П.Макаль). Я прыносіў кветкі з ніў вясковых, Захінуўшы іх у цень змяркальны (М.Танк). Я стаяла на пероне, хаваючыся пад кволы цянёк кіёска (К.Каліна). Пад ветразяў сваіх лагодным ценем Яны плылі (А.Куляшоў). Пад колы аўтобуса прысады рассцілалі і рассцілалі свой мяккі і ласкавы цень (Я.Скрыган). Ціха на полі ў поўдзень гарачы! Хоць бы дзе кусціка рэдзенькі цень (Я.Колас). Мая вясковая хаціна, Пасляваенны горкі лёс! Прымі мяне, бадзягу-сына, У цёплы цень сваіх бяроз (Г.Бураўкін). Усюды паслаліся глыбокія начныя цені (Б.Сачанка). І згушчаюцца мокрыя цені У густы алавяны змрок (Я.Колас). На асеннія пожні, Завяршаючы дзень, Ападае апошні Надвячоркавы цень (П.Глебка). Прыходзіць серабрыстым ценем Світанне кволай сінявы (В.Вярба).

* Цені-зданні, цені-паўночнікі, цені-страхі.

Былых стагоддзяў цені-зданні Не заплывалі ў мае сны (К.Кірэенка). І кульгавыя цені-паўночнікі Выпаўзалі з халодных куткоў (А.Звонак). Вечар блізка, жар спадае. З цёмных шчылін хтось нязнаны Цені-страхі выклікае, Штось ім шэпча, штось ківае... (Я.Колас).

@

ЦЕПЛЫНЯ (цяпло, цяплынь). Цёплае надвор’е, цёплае паветра ад чаго-небудзь нагрэтага: блакітная, выбуховая, вясёлая, гаючая, гладкая, глыбокая, густая, далікатная, дарагая, дзівосная, духмяная, душная, жыватворная, жывая, залатая, зялёная, кволая, ласкавая, мілая, моцная, мяккая, парная, пахкая, прыемная, пяшчотная, роўная, ружовая, цудоўная, чабаровая, чароўная.

Як імкліва налятае бурная грымотная калацеча, так імкліва і, здаецца, зусім неўпрыкмет яна сама ад сябе ачышчае прастору, пакідаючы парную духмянасць на зямлі і блакітную цеплыню ў высокім небе (К.Кірэенка). Пальцы заглыбіліся ў шаўкавістыя валасы, і ён [Захар] адчуў іх выбуховую цеплыню (А.Савіцкі). Прыйшла вясна з сваёй вясёлай пяшчотнай цеплынёй (“Маладосць”). Натруджаную скуру далоняў лашчыла мяккая гаючая цеплыня (А.Савіцкі). А печы атрымаліся выдатныя... Зондэрфюрэр і цяпер ледзь не заахкаў на ўспамін аб яе [печы] ласкавай, гладкай цеплыні (Я.Брыль). Густая майская цяплынь пяшчотна абнімала цела (А.Васілевіч). Нейкая дзівосная цеплыня бруілася ад Грачовых далоняў (А.Савіцкі). Увесь луг аж зіхацеў ад кветак, ад якіх ішла далікатная духмяная цеплыня (Я.Сіпакоў). Утульна і хораша стала на палянцы. І не таму, што прыгрэла сонца і яго жыватворная цяплынь жывымі струменьчыкамі пацякла па целе (Т.Хадкевіч). ...Жывая цеплыня прыемнай хваляй разліваецца па яго [афіцэравым] целе, саграваючы аслабелыя, пахаладзелыя ногі (М.Лынькоў). Учора вечарам дзівіўся на залатую цеплыню захаду, прагна ўбіраў грудзьмі яшчэ водарнае ад лета паветра (К.Кірэенка). Нават ноччу мора дыхала жывым чароўным цяплом, якое ішло ад хваляў на ўжо пахаладнелы бераг (А.Пальчэўскі). Мабыць, нідзе гэтак молада не адчуваецца вясна, як у бярозавых гаях, калі лісце светлае і, здаецца, цёплае сваім зялёным цяплом (А.Жук). Наста падставіла палец, адчула, што паперка цяплейшая за ваду, і гэтая зусім кволая цеплыня зрабіла яе бязвольнай (А.Савіцкі). Насустрач ласкаваму цяплу ляцяць, вяртаюцца з-за мора птушкі (В.Жуковіч). Хутка ў небе сонца распусціцца квет, Усё сагрэе мілым цяплом (У.Караткевіч). Праз увесь дзень была на вуліцы мяккая цеплыня (М.Стральцоў). Пад соснамі панавала пахкая чабаровая цеплыня (А.Савіцкі). Ад торбы [з печанай бульбай] ішла прыемная цеплыня, прыграваючы Міколкаў бок (М.Лынькоў). Бук добра расце ў парнай цеплыні Калхіды (Э.Самуйлёнак). Мяккая, роўная, ласкавая цеплыня паволі разліваецца па зямлі... (Я.Колас). У яго [доміка] белізне каларытна глядзелася б сама вясна, яе мяккая ружовая цяплынь (В.Карамазаў).

@

ЦІШЫНЯ (ціша, ціш). 1. Пра характар цішыні, яе ступень; пра іншыя прыкметы (цішыні): бяздонная, бязмежная, бясконцая, важкая, выключная, выразная, вялікая, глыбокая, магутная, незвычайная, нечуваная, першабытная, першародная, усеабдымная, утаймованая, ціхманая  бязлюдная, грабавая, магільная, мёртвая, неабудная, неадольная, нежывая, непарушная, непрабудная, непранікальная; бязгучная, веснавая, вечная, гулкая, густая, гучная, далёкая, дрымотна-сонная, дрымотная, дрымучая, звечарэлая, звонкая (аўт.), крыштальная, летняя, празрыстая, прасторная, ранішняя, росная, састоеная (аўт.), світальная, сонечна-росная (аўт.), спрадвечная, старасвецкая, стрункая (аўт.), тугая, ціхая, чуйная, чуткая, чыстая, шкляная, ясная  аднатонная, адубелая, акамянелая, амярцвелая, высушаная да звону (аўт.), глухая, жалезная, знямелая, імглістая, коўзкая, крохкая, ліпкая, ломкая, напятая, нацятая, нежывая, нямая, паўзучая, пустая, пустэльная, пыльная, рыпучая, санлівая, сонная, трухлявая, тупая, хрупкая, цягучая, шумлівая, шчыльная; белая (аўт.), блакітная (аўт.), босая (аўт.), грыбная (аўт.). зялёная (аўт.), іскрыстая (аўт.), пагранічная (аўт.), салдацкая (аўт.), сасновая, сіняя, сонечная, сырадойная (аўт.), сярэбраная, усівелая, хлебна-сасновая, цытадэльная (аўт.), чыстая  свінцовая, шэрая; гарачая, пагодлівая, пагодная, спякотная, цёплая  замарожаная, марозная, настылая, сцюдзёная, халодная, ядраная.

Мама, мама... Успамінаць пра вас было грэшна... І ўсё ж па начах у бяздоннай цішы кожны гэтым грашыў (В.Іпатава). У цішыні, спакойнай і бясконцай, Зямлі трызніўся весні шум жытоў (К.Кірэенка). Начную важкую цішыню парушыў драч (І.Дуброўскі). Настала вялікая цішыня (Я.Колас). Цішыня, глыбокая цішыня стаіць на ўвесь свет (Я.Скрыган). Амур заціх магутнай цішынёй (Я.Брыль). Цішыня стаяла ў лесе незвычайная (А.Кулакоўскі). А цішыня такая нечуваная апала на балоты і палі... (П.Панчанка). Навокал стаяла зялёная, росная, першабытная цішыня (Я.Брыль). У першароднай цішыні наўкол Я слухаю, прысеўшы на калоды, Як вечнасць, асядаючы, на дол, Быцця зямнога запаўняе соты (А.Грачанікаў). Няхай не супакойвае нас мірная, усеабдымная цішыня над палямі і лясамі... (І.Мележ). Утаймованую цішыню парушылі галасы пад вокнамі (М.Лынькоў). Цішу хоць разлівай у кубкі, Сырадойную і ціхманую (Р.Барадулін). Да дзвярэй ён зноў шыбуе, Міг адзін, і клямка — бразь! А скрозь цішу грабавую Хтось крычыць яму: “Не лазь!” (Я.Колас). Вось поўнач падходзіць — магільная ціша, Замерла ўсё вокал, здаецца, не дыша (Я.Колас). Гузок на ўзмежжы спыніўся і паслухаў зноў. Тая ж мёртвая ціш (Э.Самуйлёнак). Ночачка цёмная, ночачка зорная, Ціш неабудная, цьма! Волечка светлая, дзе ж ты, жаданая? (Я.Колас). Ускалыхнуўшы нямую цішыню, песня кранулася нябачных струн чалавечага сэрца (А.Васілевіч). Аднатонная песня плыла над вечнай, непарушнай цішынёй (“Беларусь”). Адзінокі стрэл моцна прагучаў у гулкай цішыні гор (Э.Самуйлёнак). Было за поўнач, і густая ціш Па-над усёй зямлёю панавала (Н.Гілевіч). Ціша здавалася асабліва гучнай, снег — асабліва белым, паветра — асабліва мяккім (У.Караткевіч). Усюды стаяла цішыня, глухая, далёкая ад вялікага свету (І.Пташнікаў). Лясы з дрымотнай цішынёй... З двухстволкай-тулкай за спіной Ідзе ляснік стары (П.Броўка). Па голлі скачуць сінічкі, парушаючы піскам дрымучую цішыню (Я.Брыль). Звонкая ціша — ні спеваў птушыных, ні шэлесту (А.Звонак). Іду і ў звечарэлай цішыні Мінаю ліпы, ясені і клёны. І да мяне злятаюцца, як дні, Загубленыя тэмы і імёны (Я.Янішчыц). Трубіць ціша світальная, крыштальная... (А.Вярцінскі). Ах, колькі радасці! А потым зноў урачыстая, сонечна-росная цішыня і прастора (Я.Брыль). Ачнуўся я ад стрункай летняй цішыні (К.Кірэенка). І звонка мне яна [зязюля] закукавала У цішыні празрыстай веснавой (М.Танк). З поля веяла радасцю прасторнай цішыні (К.Чорны). Колькі сонца разлілося У цішы састоенай! (Н.Гілевіч). І ў гэтай спрадвечнай цішыні за плячыма раптам чыркнула сарока (І.Пташнікаў). Нейкая старасвецкая цішыня вісела над хатамі і гародамі (І.Пташнікаў). Не спалася — мяшала нязвыклая, тугая цішыня (Н.Гілевіч). Яснела — і тады чуваць было, як у нацятай шкляной цішыні з гулкім трэскам і пошчакам лопаліся ствалы дрэў (Б.Сачанка). І ў ранішняй чуйнай цішыні Кожны камень ледзь чутна звініць (В.Іпатава). У царстве чыстай цішыні, Марыя, пакліч мяне... (М.Рудкоўскі). Якая шумлівая цішыня! (У.Караткевіч). Трохтонка вырвалася з цішыні шчыльнай — прастуе па бальшаку (Р.Барадулін). У ясную Нямую цішыню Абруч каціўся Ад мяне далёка (С.Грахоўскі). Адубелая цішыня ляжыць на дне даліны (“Маладосць”). У гэтай амярцвелай, акамянелай цішыні гор здавалася ўсё нерэальным: вайны не было, толькі вялікі спрадвечны спакой (“Маладосць”). Так грэла і пякло паніжэлае ў небе сонца, што ў пыльнай і ломкай, высушанай да звону цішыні было чуваць, як шапоча вусатым коласам спелае ячменнае поле (Я.Сіпакоў). Жалезная настылая цішыня, здаецца, разам са столлю ўпала на ўсіх (В.Адамчык). Сярод цішы начной знямелай Калыска скрыпнула (Я.Колас). Цішыня стаяла коўзкая і паўзучая (Ц.Гартны). Мне лёгка і сумна заўжды з адзінотай у цішы, празрыстай і крохкай... (Т.Бондар). Ліпкаю цішай даўно набрыняла ўсё (Т.Бондар). У напятай цішыні ён [Валока] стрымліваў сваё дыханне (А.Марціновіч). Раптам вырвуцца крокі З нежывой цішыні, Быццам дзесьці далёка Едзе хтось на кані (П.Глебка). Пустэльнай цішынёй сустрэла Андрэя Зарэчча (М.Ткачоў). Зноў былі ганак, санлівая ціша і снежная мітусня (І.Мележ). Ідуць апошнія хвіліны санлівай ранішняй цішыні (В.Быкаў). Наўкола стаяла сонная глухая цішыня (В.Быкаў). О лепш бы драмаць мне ў рыпучай, трухлявай цішы, Чым плакаць жалейкай тваёй нескаронай душы (Н.Тулупава). І перад ім у яснай сіле Пад шолах хрупкай цішыні Пераліваліся, свяцілі Вачэй даверліеых агні (С.Гаўрусёў). Ці бярозы па-над берагам, Ці спусціліся аблокі? Цішыня такая белая. Звонка кліча шлях далёкі (Р.Барадулін). Бяжыць унук за мячыкам, за сонцам, І цішыня блакітная над ім (С.Грахоўскі). Цішыня мая босая Далёка за вёснамі, Дзе жоўтымі восамі ў пяткі Ігліца ўпівалася вострая (Н.Тулупава). Грыбною цішай дыхаюць бары (Я.Янішчыц). Ім будзе незразумела, Што такое зялёная цішыня, Адкуль была ў сэрцах прапрадзедаў Наіўная дабрыня?.. (Р.Барадулін). Іскрыстая цішыня. Пінгвін на ільдзіне радасны Пад пахаю пінгвіня трымае, Як ранішні градуснік... (Р.Барадулін). Я, салдацкая, пагранічная, цытадэльная цішыня, Зычу, людзі, вам міру прывычнага, ціхай ночы і яснага дня! (В.Жуковіч). Сіняя ціша Зоркі калыша (Г.Бураўкін). Паблукаю каля ціхай Гайны У сасновай Сонечнай цішы (П.Панчанка). У ранішняй сярэбранай цішы Нячутна нават жаваранка звонкага... (“Маладосць”). Славы ўсівелую цішыню Годна вартуюць брамы (Р.Барадулін). Хлебна-сасновая цішыня... Пчаліным гудам гудзе вялікая паляна грэчкі (Я.Брыль). Навокал стаяла шэрая... цішыня (М.Лынькоў). Ах, якая сягоння ціхая Вечаровая цішыня! Як яна ўспаміны раскоўвае, Летуценням дае прастор... (Г.Бураўкін). Нейкі час у хаце панавала цішыня, да таго аднатонная і цягучая, што нават чуцён быў яе несканчоны танюсенькі звон (Я.Скрыган). Я бачыў наш мурожны луг з усімі пахамі і песняй жаваранка пад спякотнай цішынёй (Я.Брыль). Замарожаная цішыня скоўвала поле (К.Чорны). Рыпнуць весніцы дня цішынёю марознай, Бліскавіца нап’ецца з ляхі (Р.Барадулін). Малады дзявочы голас, як сярэбраны званочак, прарэзаў цёплую цішыню летняй ночы (Я.Колас). У хаце вісела нейкая халодная... цішыня (І.Пташнікаў). Гучнае кукарэканне прарэзала ядраную цішыню ночы (М.Лынькоў).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (цішыні): велічная, вішнёвая (аўт.), вясёлая, гаючая, гордая, глыбакадумная (аўт.), дзівосная, дзіўная, духмяная, жаданая, загадкавая, задуменная, задумлівая, крылатая, ласкавая, міратворная, мяккая, непаўторная, неразгаданая, нерастрачаная, нязвыклая, поўная хвалявання, пявучая, салодкая, светлая, світальна-шчодрая (аўт.), святая, спакойная, спелая, стоеная, супакойлівая, таемная, таямнічая, урачыстая, утульная, чароўная  аднастайная, баязлівая, бязлітасная, бязрадасная, варожая, гнятлівая, горкая, грозная, дакучлівая, даўкая, дзікая, жахлівая, жудасна-крамяная (аўт.), жудасная, журботная, жуткая, затоеная, зацятая, здрадлівая, злавесная, зманлівая, змрочная, зняможаная, лянівая, маркотна-застылая, маркотная, маўклівая, млосная, млявая, надакучлівая, напружаная, насцярожаная, негасцінная, недаверлівая, непрытомная (аўт.), нудлівая, нудная, нядобрая, нясцерпная, няўмольная, няхрусткая, пагрозная, пакутліва-пякучая, пакутлівая, развітальная, расстраляная (аўт.), самотная, сляпая, страшная, страшэнная, строгая, сумная, суровая, сытая, трывожна-падманлівая (аўт.), трывожная, цвілаватая (аўт.), цёмная, цяжкая.

Пад высокім скляпеннем пануе велічная цішыня. Нідзе ні гуку, ні руху, ні ветрыку (В.Вольскі). Як толькі ноч ліпнёвая Махне крыламі сінімі Ды цішыня вішнёвая па ўсіх садах затоіцца, — Тады хоць сэрца вынімі, Каб толькі супакоіцца! (Н.Гілевіч). На прыстані панавала ясная, сонечная і вясёлая цішыня (М.Ракітны). Плыве аднастайны мяккі шум. Цішыня, сатканая з гэтага шуму, нейкая на дзіва гаючая, супакойлівая (М.Гамолка). Што дзеецца з душой: затоплена вачамі. Між гордай цішынёй — я ўскрык. А Вы — маўчанне (Я.Янішчыц). Цішыня дарогі пасля ўчарашняга кірмашовага грукату, урачыстая і глыбакадумная (З.Бядуля). У лузе панавала дзівосная міратворная цішыня (М.Ракітны). А навокал цішыня. Дзіўная цішыня. Складаная. Адначасова і спакойная і трывожна-падманлівая (І.Шамякін). Здаецца, шчасцем гэтым напоўнены не толькі Васілёвы грудзі, а і ўся ноч, уся цёмная, духмяная цішыня, што дрэмле над Куранямі (І.Мележ). [Стаяла] нейкая незвычайная І загадкавая цішыня (А.Савіцкі). Цішыні за сваё доўгае жыццё ў Лісані Насця наслухалася ўдосталь... Ды гэтакай жаданай, салодкай, як сёння, ніколі яшчэ не чула (В.Карамазаў). Задуменная ціша. Спакой вечарніцы-зары. А ў таварыша бачу нястрымную скруху ў вачах (К.Кірэенка). І сёння чую, як на схіле дня, Зарой запаланіўшы ўсё наўкола, Крылатая спявае цішыня... (М.Федзюковіч). А цішыня такая ласкавая, што хочацца ступаць асцярожна (М.Гамолка). Белая мяккая ціша няхрусткая, Белай дрымотай спавіты кусты (Н.Гілевіч). Я хачу, каб ніхто не парушыў Непаўторнай маёй цішыні (В.Жуковіч). [Цішыня] успаміны раскоўвае, Летуценням дае прастор — Неразгаданая, вясковая — Ад расінкі да ранніх зор (Г.Бураўкін). І цішыня навокал нерастрачаная (В.Вярба). Быў нават нейкі неакрэслены страх у гэтай нязвыклай цішыні (Я.Колас). Пісаць даўно забыўшыся і добра, радасна памятаючы, што ты і ўчора, і пазаўчора, і заўсёды цяжка працаваў на хлеб, на такую вось, поўную хвалявання цішу (Я.Брыль). Гадзіну я прашу нягорда Ў світальна-шчодрай цішыні (В.Вярба). Мы зберажом і зуброў, і чалавечнасць, і старыя вежы, і ўсплёскі бабра, і дзіва сонечных палян, і вуркатанне дзікага голуба, і святую, гучную цішыню Пушчы (У.Караткевіч). Мой родны лес мяне прывеціў, Ён не мяняецца ані — У самым неспакойным свеце Дзялянка спелай цішыні (С.Законнікаў). У гэтай таемнай лясной цішыні Максіму зрабілася ніякавата (В.Быкаў). У крохкай таямнічай цішыні, Па даўніх партызанскіх папялішчах Начамі загараюцца агні І салавей умоўным свістам свішча (С.Грахоўскі). Васіля найбольш і ўразілі гэтыя бясконцыя бары з іх урачыстай цішынёй (І.Навуменка). Не падобна была на асеннюю чароўная і ўтульная цішыня... (А.Кулакоўскі). Зноў настае хвіліна аднастайнай, што наганяе сон, нуднай цішыні (В.Гарбук). Калі маўчаць усе гудкі трывогі У цішыні бязлітаснай, зацятай, А нумар тваёй хуткай дапамогі — Калі ні пазвані — заўжды заняты (М.Танк). Пасля стрэлу настала гнятлівая, дзікая цішыня (А.Асіпенка). Ужыўшыся ў нязвыкла горкую цішыню двара, ён [Альбін] пачаў прагульвацца без павадыра (В.Гардзей). Грозная скрозь цішыня — сведка рашучага дня (М.Хведаровіч). А ў хаце так і панавала Дакучлівая цішыня (М.Аўрамчык). ...Стукала ў галаве. Гэта ад цішыні. Глухой, даўкай і мяккай-мяккай (І.Пташнікаў). Настала жахлівая страшэнная цішыня, як перад навальніцай (А.Пальчэўскі). Цішай жудасна-крамянай дыхалі аблокі (Т.Бондар). Яхім азіраўся і трывожна прыслухоўваўся — тая ж цішыня, жудасная, зацятая (Я.Колас). Калі пачынаецца пара ранішніх туманоў, ціхай зажуранасці, усё тады падуладна цішыні, журботнай, доўгай, як роздум чалавека над пражытым жыццём (А.Жук). [Дзед Талаш] прыслухаўся — жуткая, злавесная цішыня (Я.Колас). Страсянуўшы затоеную... цішыню, пачуўся выбух гранаты (Я.Брыль). Хоць бы прастрачыў хто з аўтамата Здрадлівую ціш такой начы (М.Аўрамчык). Потым раптам нібы ўсё змоўкла на хвіліну, і злавесная цішыня павісла над домам, над садам (М.Лынькоў). Адчула боль даўнейшы той Галіна. Ён не ўтаіцца ў зманлівай цішы (А.Пысін). Цяжкія стогны парушылі змрочную цішыню леснічоўкі (М.Лынькоў). Зноў ціша. Цяпер ужо не напятая, нібы струна, гатовая лопнуць, выбухнуць, а зняможаная, нейкая пустая (В.Карамазаў). Тут... хмары камароў і лянівая, прэлая цішыня (Э.Самуйлёнак). Працавіты шоргат лыж працінаў маркотна-застылую цішыню... (М.Зарэцкі). Тут жа, над вёскай, вісела трывожная, маўклівая цішыня (Б.Сачанка). Стаміўся свет ад млоснай цішыні (Г.Бураўкін). Балоты драмалі ў млявай цішыні поўдня (Э.Самуйлёнак). І зноў надакучлівая цішыня і не менш дакучлівы голас (І.Пташнікаў). Напружаная цішыня... Шалёна калоціцца ў грудзях сэрца (Р.Мурашка). І паветра густое, як у лесе. І гэта насцярожаная цішыня (А.Кудравец). У хаце была негасцінная цішыня (І.Мележ). Цішыня ў забыцці, Непрытомная, стыне з вайны (Р.Барадулін). Пасля таго, як Насця выйшла, у пакоі настала нядобрая цішыня (І.Мележ). Было пасля поўначы. У доме дыхала нясцерпная цішыня (М.Лужанін). Туга мая бяссонная злятае Няўмольнай цішай на глухі парог (М.Федзюковіч). Арлоўскага абудзіў цяпер не напорысты грукат бою, а пакутліва-пякучая цішыня (М.Паслядовіч). Трубіць ціша... развітальная, І патанае яна ў вадаспадзе дня (А.Вярцінскі). Ах, нуда — не бяда ў цішыні расстралянай (Я.Янішчыц). У самотнай цішы перад сном Думы думае маці (Н.Гілевіч). Панурая цішыня, І толькі плач Раіны быў чуваць (М.Танк). І вось ты вырас здаравякам... Удосталь спіш, ясі са смакам, Прывык да сытай цішыні (М.Смагаровіч). У хаце вісела... цвілаватая цішыня (І.Пташнікаў). Ціша цяжкая ў смутку журыцца (Р.Барадулін). Зноў настала яшчэ больш напружаная І яшчэ больш пагрозная цішыня (У.Дамашэвіч).

* Палын-цішыня.

Параднюся з палын-цішынёй (Я.Янішчыц).

@

ЧАС (часіна). I. Працягласць існавання з’яў рэчаіснасці: абноўлены, апантаны, быстрацечны, бязлітасна імклівы (аўт.), высокі, вялікі, гаючы, грозны, імклівы, круты, маўклівы, непадатлівы, непадкупны, няўмольны, падзеямі ўзрушаны, узрушаны, шчаслівы, шчасны.

Ты над прахам былога Праходзіш, абноўлены час (А.Звонак). Дзядзька Колас, мабыць, не чакалі?.. Дык даруйце, што турбую Вас. Пільна трэба: хутка ўцякае быстрацечны, апантаны час (П.Пруднікаў). Усё спакойна вырашае Бязлітасна імклівы час (П.Броўка). Высокі час душы — задумы прыйдзе слова і выбухне ў цішы — ўсясільнае! — вяснова (Т.Бондар). Няхай жа на крыллях вялікага часу, Сябры мае добрыя, Лірнікі мудрыя, Героі, нашчадкі Шаўчэнкі Тараса, Ляціць і маё да вас слова (К.Кірэенка). Ды раны залечацца часам гаючым — І зноўку ад ран супакоіцца сэрца (П.Броўка). Тут грозны час сяброў мне не збярог, Ім светлы дзень сустрэць не давялося (Н.Гілевіч). Любімая, толькі з табою надоўга забуду аб тым, што шчасце мяжуе з бядою ў часе імклівым, крутым (В.Жуковіч). Апынуўся ізноў я сам-насам з ноччу зорнаю, з цішынёй, непадкупным маўклівым часам (В.Жуковіч). Прыцішыўся час непадатлівы (Р.Барадулін). Дзялілі далі нас, і час дзяліў няўмольны (К.Буйло). Ты ідзеш над зямлёю, Падзеямі ўзрушаны час (А.Звонак). З той няпэўнай хвіліны Яны [ходзікі] не прысталі ні раз. За гадзінай гадзіну Шчаслівы адлічвалі час (А.Куляшоў).

II. Прамежак, адрэзак у паслядоўнай змене гадзін, дзён, месяцаў і г.д.: вольны, восеньскі, залаты, летні, любы, непаўторны, прыгожы, светлы, урачысты, чароўны  апошні, асенні, глухі, горкі, ліхі, нешчаслівы, смутны, суровы, цяжкі.

Антось спаць доўга не меў моды, А як надарыцца мінутка Часіны вольнай ці святы дзень, Ну хоць адзін разок на тыдзень Хадзіў на Нёман ці на тоні: Рыбак быў дзядзька наш Антоні (Я.Колас). Бывала ў восеньскі час, пасучы статак, Андрэй не раз прыходзіў слухаць гэты гоман [дубоў] (І.Дуброўскі). Добра пасядзець тут [ля доміка] летнім вячэрнім часам, калі паціху згасаюць размаітыя фарбы дня (І.Навуменка). Толькі час не вернеш залаты — Лепей з ім у сне не сустракацца (І.Калеснік). І люб і смуцен час прыгоды, Калі душа ўсяе прыроды З тваёю злучыцца душою У адным суладдзі і настрою (Я.Колас). Прашумела непагода, Але буду я заўсёды Помніць гэты непаўторны светлы час, Гоман лесу, бліскавіцы, Веснавую навальніцу, што здружыла нас (М.Танк). Стаяў красавік, прыгожы час вясны (У.Краўчанка). У палавіне кожнага дня ў сялянскіх хатах бывае той урачысты час, калі сям’я садзіцца за стол (Я.Брыль). Чароўны час! Здаецца, вось Па мураве і красках Сюды ў ззянні сініх рос На цыпках прыйдзе казка (П.Панчанка). І тут жа паспагадаў ён [настаўнік] і тым падарожнікам, якім так ці іначай прыходзіцца ехаць або ісці ў гэты глухі час ночы па цёмных і гразкіх дарогах (Я.Колас). [Зарэчны:] Сябры, таварышы мае, мой час апошні настае (А.Бачыла). Не надышоў мой час асенні. Ўдалечыні мае снягі... (Г.Каржанеўская). Шчасных дум чародкі Хай плывуць праз рэшткі год... Хай растопчуць стынь і лёд Горкае часіны! (А.Звонак). Мінае, канае часіна ліхая (Г.Бураўкін). Рэдкае збожжа, травы палавіна, Колас не гнецца зярном да зямлі. Знаць, нешчасліва была та часіна, Як кідалі зерне сяўцы па раллі (Я.Колас). Для беларуса Алеся Караневіча, можа, самым дарагім і блізкім быў запарожскі казак Піліпенка, якога прыняў да душы ў суровы час бою... (І.Новікаў). Думаў я, пройдуць зімы і вёсны, Сціхне ў грудзях маіх боль невыносны, Сэрца забудзе часіну цяжкую (П.Броўка).

III. Перыяд у жыцці чалавека; пара года: барвовы (аўт.), вечна юны, далёкі, залаты (нар.-паэт.), зорны, імклівы, непаўторны, песенны, райскі, рупны, светлы, суджаны  доўгі, ліхадзейскі, нудны, пусты, смутны.

Восень, восень! Птушка залатая, Прыгаством і ты чаруеш нас, — Паглядзі, за хатай дагарае На лістах крушын барвовы час (А.Куляшоў). Красавік — гэта першыя краскі вясны... Вечна юнага часу Урачыстая песня (А.Звонак). І добра ўсё ж, што ў часе залатым Паверыў я зусім не словам тым, А твайму сэрцу (К.Цвірка). На той зямлі, дзе ў зорны час Пакінуты маленства вёслы, Каторы год без нас, без нас Па колкіх броўках ходзяць вёсны (К.Цвірка). Вясна, Вясна небывалая! Імклівы і песенны час (П.Панчанка). Ты спяшыш, нібы ў апошні раз, Да ўтульных, засяроджаных ускраін, Дзе з арабін — о, непаўторны час! — Зрываў з каханай спелыя каралі (Г.Бураўкін). Я зноў хачу зірнуць назад Пад тыя стрэхі родных хат, Дзе зачалася пуцявіна, Дзяцінства светлая часіна (Я.Колас). Я шчаслівы, што ў суджаны час Нарадзіўся на гэтай зямлі (Н.Гілевіч). Два гады не такі ўжо вялікі час ў жыцці чалавека. Але ён бывае доўгім і нудным... (М.Машара). Можа раптам прыйсці нейкі час ліхадзейскі, Апануе цябе смутак прыкры і боль (П.Марціновіч). Месяц, праведзены дома, у сям’і, здаваўся яму цяпер нейкім райскім часам (М.Ткачоў). [Хлебароб] славіць рупны час работ, Гарачы месяц жнівень (А.Вялюгін). Сцелюцца валокны, Тчэцца павуціна — Блізка, блізка восень, Смутная часіна (Я.Колас). І час — пусты, як гук, Разлука — нібы вечнасць, І — рух ласкавых рук — Як міг і недарэчнасць (В.Вярба).

IV. Перыяд у жыцці чалавецтва, народа, дзяржавы, грамадства: агнявы, адказны, баявы, бурлівы, бурны, велічны, веснавейны (аўт.), вялікасны, вялікі, гарачы, гераічны, дарагі, дзедаўскі, дзіўны, добры, крылаты, легендарны, магутны, мірны, мудры, незабыўны, памятны, светлы, слаўны, старадаўні, старажытны, цудоўны, шчаслівы  балючы, бядотны, бязмежна-суровы, бязрадасны, гаротны, глухі, горкі, грозны, далёкі, жахлівы, жорсткі, змрочны, ліхі, люты, навальнічны, небяспечны, неспакойны, няласкавы, пакутлівы, пануры, сівы, суровы, сцюжны, трагічны, трывожны, цёмны, цяжкі, чорны.

Здаецца паданнем гадзіна пакут І час агнявы, веснавейны (Ю.Лявонны). Гэта сведкі тых паходаў, Баявога часу, Дзе шашой, а дзе і бродам Маладосць хадзіла наша (А.Звонак). Бурлівы час нідзе, ніколі ва мне любві не заглушыў (В.Жуковіч). Час быў такі бурны, неспакойны, трывожны, — рэвалюцыя, вайна... (Я.Колас). Па-купалаўску гучна старая таполя пяе Там, дзе жыў песнапеўца Вялікіх часін пералому (А.Звонак). Мы з кожным днём дужэем У наш гарачы час (Я.Журба). Здалёк было чуваць, як чакалі ў чатыры цапы, нібы ў далёкія дзедаўскія часы (І.Шамякін). Красуйся, Беларусь!.. Цябе пяюць твае сыны. Пяюць і славяць дзіўны час, Узлёты думак агнявых (А.Александровіч). Я веру ў добры, мудры час, як веру ў добры, мудры сказ (А.Вярцінскі). Час суровы, ты быў і крылаты, і пакутлівы, і дарагі (П.Пруднікаў). Хачу згадаць я светлы час, Што да жыцця паклікаў нас... (А.Куляшоў). Светлы час! Грозны час! Гэта ў дні агнявыя Разлічаўся народ за пакуты былыя (П.Броўка). Калісьці, ў старадаўні час, Жыў ганарысты пан у нас (У.Дубоўка). Шчаслівы час да нас прыйшоў, народ мой атрымаў незалежнасць, але і цяжкі гэты перыяд, ён выпрабоўвае сёння кожнага (“Беларусь”). Не адзін зарубцаваўся знак З тых часоў панурых і балючых (М.Танк). Вада з прыдарожнага ручая Была саладзей за мёд нам... Краіна мая, маці мая, Час твой цяжкі і гаротны! Топча, катуе тваю зямлю Вылюдак ашалелы. Я кроў да апошняе кроплі пралью, Каб толькі табе палягчэла (П.Панчанка). Мой родны край, паслухай слова сына, У горкі час зямлю сваю агледзь, — Шляхі, шляхі, разліў азёраў сініх, Высокіх сосен вылітую медзь (П.Панчанка). І калі вораг забразгоча зброяй, То нашы сэрцы будуць біцца так, Як у гвардзейцаў, у бацькоў-герояў У грозны час... (Н.Гілевіч). Была вайна. Жахлівы час. Мужчын пабралі з кожнай хаты... (М.Чарот). Быў жорсткі час. Мы плакаць не ўмелі, Хоць боль вужакай сэрца абвіла... (К.Буйло). Сцюжны час, бязмежна-суровы. Спіць народ, нібы зерне ў раллі (У.Караткевіч). І не лёгка верыць успамінам Пра цяжкія змрочныя часы (А.Лойка). У такі ліхі час [у вайну] суседзі сталі як родныя (М.Лынькоў). І гэтай велічы не зрушыць Ні вораг злы, ні люты час: Мы палажылі ў сцены дружнасць... (П.Глебка). Цар... не мог рызыкаваць, не мог згадзіцца, каб у такі навальнічны час узбунтаваліся яшчэ і палякі (У.Караткевіч). Быў час небяспечны, трывожны... ворагі ішлі на гарады нашы, пожні (Я.Колас). У няласкавы час прыгадаецца ўсім, Хто жадае свабоды і шчасця айчыне, Як ішлі мы ў салдаты адзін за адным, Як тужылі ў баях (К.Кірэенка). Мінулы страшны час нам толькі мо прысніцца... (М.Чарот). Навокал шумелі лясы, Віхуры стагналі зімой, Суровыя тыя часы І школай былі і турмой (Н.Гілевіч). Не відно мае дарогі — Горы, лес, балоты, гразь... Колькі смутку і трывогі Ў гэты цяжкі, цёмны час! (Я.Колас). Цяпер дубы расказваюць быліны І шэпчуць баравыя верасы Аб тым, як Пушкіну цяжкой часінай Далі прытулак нашыя лясы (М.Аўрамчык).

* Час-бог.

Дзень цудоўны настаў, каб разгледзець я мог хараство, што наслаў мне высокі час-бог (В.Жуковіч).

@

ШЛЯХ (шляхі). Пра жыццё чалавека; пра накірунак і развіццё краіны, грамадства: абшырны, агністы, адзіны, асаблівы, баявы, белы, бясконцы, верны, вольны, высакародны, вядомы, вялікі, гарачы, гераічны, грандыёзны, доблесны, добры, доўгі, жытні (аўт.), залаты, запаветны, зорны, зямны, калінавы (аўт.), крылаты, лёгкі, надзейны, небывалы, новы, нязведаны, пачэсны, пераможны, праведны, прамы, прамяністы, праслаўлены, прасторны, прыемны, ратны, роўны, светлы, славуты, слаўны, сонечны, спелы (аўт.), сузорны (разм.), сумленны, чаруючы, шчаслівы, шырокі, ясны  апошні, благі, горкі, вузкі, жорсткі, журботны, звілісты, згубны, калючы, крамністы, крамяністы, круты, невядомы, непрадказальны, неспадзяваны, няправільны, пакручасты, пражыты, самотны, слізкі, сумны, суровы, трудны, цяжкі, цярністы.

На вайне, на працы мірнай, На палях калгасных — Стойкі ўсюды вы [маладыя], настырны, Шлях ваш трудны і абшырны І, як сонца, ясны (Я.Колас). Шлях праложаны агністы Вольнай грамадзе (Я.Колас). Душою і сэрцам вызнаў Я праўду сваёй Радзімы, І як груганы б ні віслі, З ёй шлях у мяне — адзіны! (Н.Гілевіч). Ішлі на ўсход шляхамі белымі, Дзялілі напалам бяду... Мы ведалі: вайне-грабежніцы Не пакасіць нас, не пажаць (П.Панчанка). Выйшаў на шлях я шырокі, бясконцы (М.Танк). Верны, светлы пракладаем мы шлях (ЛіМ). На самых вольных, самых ясных Шляхах у роднай старане Не я шукаў — а ўсюды шчасце Само спяшыла да мяне (К.Кірэенка). Прайшлі яны поруч гарачы свой шлях — Сасна і бяроза (А.Куляшоў). Высакародны і вялікі нам шлях прайсці (Г.Каржанеўская). Вы маці-Радзіме ўсім сэрцам адданы, Прайшлі гераічны, праслаўлены шлях... (П.Броўка). Ты вузкі занадта І доўгі быў, шлях: Ніхто да канца не праходзіў цябе (П.Глебка). Калінавым і жытнім спелым шляхам Самой прыродай слаліся радкі (Я.Янішчыц). Шлях залаты працярэбім, Зорна ўзнясёмся ў высоты Вышай няпраўды, няславы, Вышай пакутных балотаў (Я.Купала). Шлях паказан вам шырокі, Шлях прасторны, Светлы, зорны! (Я.Колас). Неспадзяваны Шлях крылаты, Зямны непрадказальны шлях: да вышыні... (У.Някляеў). Ты ідзеш шляхамі небывалымі, І ўжо блізка той жаданы час (П.Панчанка). Мы сонечным шляхам, чаруючым, новым, Ідзём... (Я.Колас). У незнаёмы кут у школу Настаўнік ехаў малады. Пачэсны шлях абрала сэрца (Н.Гілевіч). Дзе з боем мы прайшлі шляхамі ратнымі, Наш след не затаптаўся, не астыў (П.Панчанка). Ідзе мой шлях — то звілісты, то роўны — К апошняму прытулку на зямлі (Я.Колас). Суровым быў славуты шлях, — Такіх няма на свеце. І шмат загінула ў баях За ваша шчасце... (П.Глебка). Цяжка змераць суровы і праведны шлях працавітага і гераічнага народа (А.Вялюгін). Вось толькі на шлях мой апошні, пражыты Сыпнуць не забудзьце хоць прыгаршчы жыта (М.Танк). Благія шляхі, і няма ім канца, Ды ў крыўду радзіма не дасць пасланца (П.Глебка). Маці! Выходзь сустракаць Сыноў памужнелых сваіх, Разам з братамі прайшлі Шлях яны горкі, суровы (П.Броўка). Ён [паэт] праклаў Праз век туманны Паэзіі крамністы шлях (М.Смагаровіч). Мне прысніўся шлях мой крамяністы — Ад той светлае крыніцы чыстай... (К.Буйло). Нас разлучылі назаўсёды крутыя горкія шляхі (С.Грахоўскі). Я цябе не сустрэў, дарагая, На шырокім жыццёвым шляху (М.Смагаровіч). На чоўне сабраўся ў бязмежную даль, У шлях невядомы, бясконцы (В.Вітка). Непадкупны, светлы, чысты, Ты [Караленка] прайшоў свой шлях цярністы, Не схіліўшы галавы... (Я.Колас).

@

ШОЛАХ (шолахі). Асцярожны, загадкавы, лагодны, ласкавы, ледзь чутны, лёгкі, мяккі, незмаўкальны, новы, нясмелы, няспынны, радасны, спелы, таемны, таямнічы, хвалюючы, ціхі, ціхусенечкі, шаўковы, ясны  баязлівы, неспакойны, падазроны, палахлівы, слабы, сонны, сумны.

[Алень] спыніўся, наставіў доўгія чуйныя вушы, павярнуў іх,... ловячы шолахі лесу — новыя, загадкавыя, хвалюючыя (В.Карамазаў). Чалавек спыніўся, прыслухаўся, ловячы асцярожны шолах... (К.Чорны). Коратка і адрывіста раўнуў паравоз на раз’ездзе, ціхенька здрыгануліся рэйкі, і нейкі лёгкі, ледзь чутны шолах прабег па іх, як бы яны аб чымсьці перамаўляліся між сабою (Я.Колас). Лёгкі нясмелы шолах плыве з рэпрадуктара (Э.Самуйлёнак). З мяккім шолахам накатваліся бясконцыя хвалі, імкліва прарэзвалі блакіт беласнежныя чайкі (М.Лынькоў). Мора ціха накатвалася на бераг, чуўся няспынны, незмаўкальны шолах хваляў (А.Пальчэўскі). Белая гушчэча сняжынак коса неслася долу, з ціхім няспынным шолахам хутка засыпаючы сухую ад марозу траву... (В.Быкаў). Высокія цёмныя лясы стаялі ціха і паважна, і толькі зрэдку перамаўляліся дрэвы таемным, радасным шолахам (Я.Колас). Адразу бачу: сад знаёмы... Ля ганка спелы шолах ніў (Я.Колас). Бяроза... Колькі разоў чаравала яна затуманенай цішынёю світанкаў, таемнымі шолахамі дрымучых прыбярэжных пушчаў (К.Кірэенка). Начная цемра, напоўненая таямнічымі шолахамі, радзела (Т.Хадкевіч). Ў срэбрамёце клёнаў лісце, Ціхі шолах. Час світання. Шлю я сонцу прывітанне... (М.Хведаровіч). Чулае вуха, здавалася, само прыслухоўвалася да іх [пушынак] ціхусенечкага шолаху, як бы хацела ўцяміць мілую гутарку (Я.Колас). Дрыготкай хвалі шаўковы шолах Запрашае ў блакітны рай (П.Макаль). Лесу гоман, гуд нястройны, Шум лазы ў балоце, Баязлівы, неспакойны Шолах у чароце (Я.Колас). Як толькі ветрык жартаўлівы Чаромху белую кране, Нібыта шолах палахлівы, Пачуецца твой голас мне (В.Вярба).

@

ШУМ (пошум). Разнастайныя гукі ад якога-небудзь дзеяння, руху, галасоў і пад., якія зліваюцца ў аднастайнае гучанне: адвечністы (аўт.), безупынны, белы (аўт.), бесклапотны, блакітны (аўт.), бясконцы, вечна жывы, вечны, вясенні, вясёлы, вясняны, глыбокі, густы, гучны, далёкі, дальні, дрыгучы (аўт.), дрыжачы, жывы, залаты, зважны (аўт.), звонкі, здольны, зялёны, лагодны, ласкавы, лёгкапёры (аўт.), лёгкі, магутны, магучы, мерны, мяккі, незмаўкальны, несціханы, нязмоўклы (аўт.), паважны, патайны, праніклівы, праніклы, прахалодны, пявучы, пяшчотны, радасна-аднастайны, радасны, рознагалосы, роўны, салодкі, сасновы, светлы, світальны, серабрысты, спакойны, трапяткі, устрымлены (аўт.), ціхі, ціхусенечкі, чуткі, чысты, яснавокі (аўт.)  аглушальны, аднастайны, аднатонны, глухі, грозны, грымотны, грымучы, доўгі, жалобны, журботны, заклапочаны, маркотны, невясёлы, пануры, порсткі (разм.), п’яны, самотны, сіпатлівы (аўт.), сцюдзёны, трывожны, халодны, цягучы.

[Хвалі] адвечністым шумам калышуць прастор (Я.Купала). У вершалінах старых хвояў стаяў безупынны і роўны, як вечнасць, шум (К.Чорны). Пакуль сырадой дзюрчыць у даёнку, уздымаецца белым, салодкім шумам, пузаты пан стаіць за парогам... (Я.Брыль). [Чуваць] ціхі, бесклапотны пошум лістоты, якую перабірае ветрык (Н.Маеўская). Што табе сніцца, сасна, сярод гэтай пустэчы? Блакітны шум мора і белыя параходы? (М.Стральцоў). Я ж пачуў — у бясконцым і звонкім Шуме-гомане роднай старонкі Словы песні, што ты праспявала (К.Кірэенка). Паўднёвы бераг большай затокі, да якога накіраваліся стары з Іванам, пакрыты вечна жывым сасновым шумам (Я.Брыль). Дык наперад цвёрдым крокам, Шум вясенні, яснавокі! (Я.Колас). Прывет табе, усходні вецер!.. Каб твой жывы вясняны шум У песні век маёй не моўкнуў (М.Танк). Побач шапацеў клён... Яна [Дзіна]... заўсёды чула ягоны шум, то вясёлы, то маркотны (Л.Дайнека). Як быццам гусельных былін шырокі сказ — Шум соснаў залатых, глыбокі, зважны, чуткі (К.Буйло). І сілай грознага цяжару Ўскалыша землю шум дрыгучы Далёкі, устрымлены, магучы І здрыгане нябёс разлогі... (Я.Колас). Ой, скажы мне, вецер вольны, Вееш з родных ты краёў, Што гамоніць шум твой здольны, Ціхі шум сярод жытоў? (Я.Колас). Мне так бясконца родны Гэты вечар, што пяе кругом, Маладзік і лісцяў шум лагодны Над тваім расчыненым акном (П.Макаль). Белых крылляў лёгкапёры шум Сціхне ў далях, Закране ўспамінамі душу, Светлым жалем (А.Звонак). Лёгкі шум чуваць у мембранах навушнікаў (Э.Самуйлёнак). Лясная гушчыня і мерны паважны шум, да якога трэба прыслухацца (П.Пестрак). Дажджу грымотны мяккі шум За цішынёю сцен (В.Вярба). Прасіла яблынька адна, Каб не садзілі ля дарогі, Дзе ад відна і да цямна — Шум несціханы і трывогі (М.Танк). Шуміць ён [лес] шумам несціханым (К.Кірэенка). У тым нязмоўклым шуме хваль Адчую сэрцам і душою: На лёс трывог і непакою Мяне хрысціў дзевяты вал (А.Звонак). І шум баравы — то спакойны, пануры, То грозны, калі раскалышацца бура, То светлы, праніклы, патайны і чысты, Як шум ціхай хвалі люстрана-празрысты (К.Буйло). [Надзя] любіла цішыню і шыр палявых прастораў, густы шум лесу і прывольную плынь вясковага жыцця (М.Машара). Маляўнічыя ўзгоркі Наваградскага ўзвышша і прахалодны шум густога лісця дубоў і клёнаў (Я.Брыль). Жыта шумочак пяшчотны лашчыць душы маёй слых (В.Жуковіч). Глытаючы яго [вецер] і чуючы радасна-аднастайны шум у вушах, за плугам ішоў унураны ў свае думкі араты (В.Адамчык). Я чую шум рознагалосы Лясоў, лугоў... І шум глухі буйных дажджоў (Я.Колас). Засну пад роўны шум дажджу, Што елкі за акном загушкаў (С.Грахоўскі). Азёры, азёры, Шум бору сасновы... (М.Танк). І кіпарысаў шум усё напеўней, Світальны шум (П.Панчанка). Вясна прыйшла ў магутным шуме паводак, у серабрыстым шуме ручаёў, у несціханых трэлях жаваранкаў (Т.Хадкевіч). Усё наўкола напоўнілася трапяткім пошумам лістоты (А.Савіцкі). А хвоі, елкі векавыя Пад зыкі песень маладыя Маўчком стаялі ў нейкай думе, І ў іх ціхусенечкім шуме Няслось вячэрняе маленне (Я.Колас). З кустоў з аглушальным шумам сарваліся дразды-рабіннікі (М.Даніленка). Засынаў Валодзя пад гоман соснаў ды аднастайны шум дажджу (В.Шымук). Непраглядная асенняя ноч, глухі шум дажджу (М.Лынькоў). Я на свет радзіўся Пад глухі шум бору... (Я.Колас). Шалёны струмень імчаў з грозным шумам між альховых кустоў і дрэў... (М.Лынькоў). Кожны куток падхапіў яго [Міхасёў] кашаль і панёс па школе доўгім шумам (Я.Колас). Сыплюцца кроплі часта і дробна, Ціха па стрэсе бубняць. Смутак наводзіць шум іх жалобны (Я.Колас). Ён [лес] спрадвеку стаіць, нібы нязменны і зоркі страж, вакол вёскі,... і яго шум, цягучы, заклапочаны шум старога бору, кожны раз наводзіць мяне на развагу (Б.Сачанка). Стаіць над лесам шум маркотны (Я.Колас). Яна [Марына] Прадзе ды песні напявае Пад порсткі шум верацяна (Я.Колас). Не дае гуслярам сказу золата цвет, Белых хорамаў п’яныя шумы (Я.Купала). Сумным і невясёлым Сваім шумам калоссе Мне гаворыць, што восень Прыйдзе хутка ў сёлы (М.Танк). Плыве, хвалюючыся, шум, Сцюдзёны шум па нівах чорных (М.Танк). Аціх сіпатлівы пошум асінавай лістоты (А.Савіцкі). Снегам вецер сыпле ў дзверы, Ходзіць шум па лесе... І пад гэты шум трывожны Думае старая, А ўслед думкам неспакойна Вецер падпявае (Я.Колас).

* Шум-гоман.

Клакочуць, рагочуць Іматравы хвалі, На цэлыя вёрсты шум-гоман стаіць (Я.Купала). А над лесам гоман-шум густы Гудам-гулам разліваецца (Я.Колас).

@

ШЧАСЦЕ. Стан поўнай задаволенасці жыццём; удача, поспех.

1. Пра трываласць, працягласць шчасця; пра нечаканае, неспазнанае шчасце: адзінае, блізкае, бязмежнае, вечнае, вечнаімгненвае, вочаімгненнае (аўт.), далёкае, даўгавечнае, даўгачаснае, даўно нябачнае, доўгае, забытае, зайздроснае, запозненае, зменлівае, імгненнае, мімалётнае, моцнае, надзейнае, надоўга разлічанае, недапетае, неспадзяванае, неспадзявана маладое, нечаканае, нечалавечае, нязбытнае, нязнанае, няўлоўнае, падманлівае, пастаяннае, патаемнае, пераменнае, празрыстае, працяглае, прывіднае, сталае, таемнае, тайнае, трохпакаёвае (аўт.), трывалае, хісткае, хуткацечнае.

Словы песні пачуты нядаўна, але сэнс іх насычаны шчасцем — адзіным і вечным, як сонца, і ветрык, і дотыкі першай расы (Я.Брыль). Сэрца грэе бязмежнага шчасця агонь (К.Буйло). Схоплена вочаімгненнае шчасце (Я.Янішчыц). Грудзі напоўніла крыўдай на жыццё, на людзей, на тое далёкае, няўлоўнае шчасце, якога так цяпер не стае яму, асірацеламу заўчасна, разгубленаму юнаку (М.Ваданосаў). Мяне чакае многа трывог і хвалявання, часовай горычы і вялікага, надоўга разлічанага шчасця (Я.Брыль). У шатлагу, у тым польскім бараку, куды Руневіч быў пераведзены са штрафной, жыло-хавалася некалькі кніжак, адна з якіх нечаканым, даўно нябачным шчасцем трапіла ў Аляксеевы рукі (Я.Брыль). А да гэтага ж, кажуць, жылі душа ў душу, без сварак, без абраз, і ўжо суседкі прарочылі ім доўгае і зайздроснае шчасце (Б.Сачанка). Не, жыццё гэтых двух людзей пасля таго, як запозненае шчасце завітала да іх, не стала бесклапотным (ЛіМ). Тое шчасце лічыў ён надзейным, Што здабыта цяжкім працаднём (А.Куляшоў). І прадзецца ціха Бабінае лета Серабрыстай ніткай, Шчасцем недапетым (М.Танк). Дарога была маёй песняй любімай, Надзеяй на неспадзяванае шчасце (М.Танк). А гэта шчасце, на якое Ты маеш права, як і ўсё, — Неспадзявана маладое, У весняй квецені-красе (Н.Гілевіч). Прыемны боль у касцях і ва ўсіх мускулах пасля ўчарашняй дарогі, лёгкасць у галаве... наводзіць на думкі пра вялікае, нечалавечае шчасце (А.Кудравец). За нязбытнае шчасце — Сні зялёныя сны! (Я.Янішчыц). Нейкае патаемнае шчасце падымалася спадыспаду душы — расце сын (В.Адамчык). Усе мы чакаем друга. Таго, што не здрадзіць, не кіне ў бядзе, зразумее цябе не толькі ў празрыстым шчасці (Я.Брыль). Сустрэчы з людзьмі, Падарожжы Інакшыя ёсць у жыцці. Я першы паверу, што зможаш Ты [цыганка] сталае шчасце знайсці (А.Пысін). Мяняю трохпакаёвае шчасце З вадой гарачай у ванне на юначае, акіянскае хваляванне (П.Макаль). [Васіль] чуў Ганнін голас, бачыў Ганніна аблічча: цешыўся, ладзіў удваіх з ёю нязнанае шчасце (І.Мележ). Міканор прыглядаўся да падрослых куранёўскіх дзяўчат — прыглядаўся з цікавасцю, з тамлівым прадчуваннем нязнанага шчасця (І.Мележ).

2. Пра глыбіню, паўнату шчасця, пра яго характар: агнявое, баявое, безмяцежнае, беласнежнае (аўт.), блакітнае, бязвоблачнае, бяздоннае, бязмежнае, бязмернае, бясхмарнае, бясцэннае, вогненнае, вялікае, вясновае, ганарлівае, гарачае, гордае, гулкае, дзівоснае, добрае, дружнае, загадкавае, залатое, зямное, лёгкае, людское, маладое, мужнае, неабдымнае, неабсяжнае, невыказнае, незямное, непаўторнае, нябачанае, поўнае, прамяністае, простае, радаснае, райскае, сапраўднае, светлае, сінявокае, сонечнае, спакойнае, сціплае, таямнічае, хмельнае, ціхае, цнатлівае, чыстае  балючае, бесталковае, бязлітаснае (аўт.), бяскрыдлае, горкае, грэшнае, дробнае, капрызнае, колкае, куцае, незаслужавае, неспакойнае, нялёгкае, нямое, няроўнае, пагардлівае, пакутлівае, палавіннае, палахлівае, палыновае, прымітыўнае, прысаромленае (аўт.), сарамлівае (аўт.), скупое, сумнае, таннае, трагічнае, цьмянае, чужое, шалапутнае (разм.), шалёнае.

Для тостаў за байцоў-герояў, За шчасце наша баявое Даўно зярно набракла хмелем (М.Танк). [Дзед:] Першая мая жонка маладая памерла. І другая нядоўга пажыла на свеце — такое ўжо маё шчасце агнявое (В.Палтаран). Не заву безмяцежнага шчасця, Свет здаўна да гарэння жадзён, Ды калі разгараюцца страсці, Просіць свет супакойлівых дзён (Р.Баравікова). Аб тым, што дзень ці два гасціць І дыхаць тым паветрам свежым, Сказаць баюся, бы ўпусціць Гладыш са шчасцем беласнежным (Я.Янішчыц). Яе [Лідзіны] рукі даверліва леглі на яго плечы, ён абняў яе і сядзеў моўчкі, напоўнены адчуваннем яе блізкасці і бязмежнага шчасця (І.Мележ). Так мне радасна..., Што падскочыў і сонца б сарваў, Каб не шкода было мне дзетак, І бязмежнага шчасця, і сноў... (У.Караткевіч). Пройдзеш міма... Парвецца дыханне... Непакорліва ўспомню: было! ...Залатое высокае ззянне. І бязмернага шчасця святло (В.Іпатава). І як не маліцца прасторам Блакітнага шчасця і славы (А.Александровіч). Здавалася,... надышоў час бязвоблачнага шчасця (І.Шамякін). Канчаткова Алесь зразумеў бязмернае і бяздоннае шчасце, разлітае для яго, у адзін з вечароў, калі забрыў у заглохлы куток саду... (У.Караткевіч). Зямля Беларусі, абмытая ліўнем нягодаў, З мігценнем вясёлак у ясных і сініх вачах, Здабытае ў бітвах, бясцэннае шчасце народа Нясеш ты нястомна на мужных, трывалых плячах (А.Звонак). Што ж за вогненнае шчасце: Скошан лёс, як сенакос. Да цябе мне не прыпасці — Прыпадаю да нябёс (Я.Янішчыц). Лось адчуў такое вялікае шчасце, якое, здаецца, поўніла не толькі грудзі, але і захмяліла зусім (Г.Далідовіч). Шпак спявае... Ад зямнога, вясновага шчасця зажмураны вочы (Г.Бураўкін). А шчасця, гарачага, хмельнага шчасця ім ніяк нельга было ўдосталь напіцца, хоць прастаялі на снезе амаль да світання (Я.Брыль). Гордае шчасцейка, мая сямейка, Ты па слядах маіх слёз не рассей... (Я.Янішчыц). Дзень добры, шчасце гулкае... (К.Кірэенка). Калі б я вярнуцца пасмела У мінулае, адбалелае, Я б выменяла шчасце дружнае І выбрала сэрца мужнае (В.Вярба). І, быць можа, у тым зямное шчасце, Каб, высока ўзняўшы галаву, На пісьмовы стол яе пакласці... (Г.Бураўкін). Простае шчасце людское, Так як і наша з табою, Пэўна, складаецца з солі, З хлеба, сабранага ў полі, З поту, дарожнага пылу, З роднага небасхілу (М.Танк). Спявае радыё. Поўная маладога шчасця і мілай грацыі польская песня пра тое, як дзяўчына ішла па лясочку ды спаткала паляўнічага (Я.Брыль). — Жэня, — глуха сказаў Валодзя, зноў ап’янеўшы ад мужнага шчасця (Я.Брыль). І Васілю становіцца радасна, да яго зноў вяртаецца шчасце, вялікае, неабсяжнае (І.Мележ). Нейкім незямным шчасцем ззялі вочы маладой дзяўчыны (З.Бядуля). Скажы, сінявокае шчасце, Якою сцяжынкай прыйшло ты, Якою часінай, парою — Не чуў я, не бачыў, не знаў (В.Вітка). Гані мяне, доля, ад перакатных радасцей капрызнай славы да зямнога, ціхага шчасця вялікай, патрэбнай працы (Я.Брыль). Ціхае шчасце сціпласці патрэбна нам для разумнай свабоды паводзін (Я.Брыль). Слаўце зямное, нялёгкае, чыстае Шчасце, Якое не ведае меж! (К.Кірэенка). Як першае прызнанне і ахвяра, Так нечакана жыта загучала. І шчасце горкае, і страх, і кара — Усё злучылася ў адным харале (В.Вітка). Ды й шчасце не любіць, каб пра яго ведалі многія, яно цнатлівае да палахлівасці (Б.Сачанка). Косцю зрабілася шкада сябе, шкада ўсяго, што неадлучна ад святла гэтых акон: трывожнай радасці, балючага шчасця, першага кахання, мар і спадзяванняў (В.Адамчык). Я бласлаўляю і турбую зноў цябе, Маё бязлітаснае шчасце... (М.Федзюковіч). Бярозка, даруй, што не хачу, не знаю спакойнага шчасця, бяскрыдлага шчасця (М.Рудкоўскі). Ідзі па шчасце хмельнае, галінак не ламай (Е.Лось). Грэшнае шчасце на грэшнай зямлі. Жнівень, арэхі і жоўтыя восы (Н.Гілевіч). Трэба мець пільнасць і рупнасць ваяк, Каб красавала капрызнае шчасце (П.Глебка). Шчасце маё шалёнае! Колкае, як ільдзінка... Вочы ад слёз салёныя, А на губах смяшынка (В.Вярба). Кліча цябе неспакойнае шчасце, Толькі хутчэй да яго даплыві (С.Грахоўскі). Лёс... засцеражэ ад горкіх слёз І незаслужанага шчасця (С.Грахоўскі). Нас адна нарадзіла краіна, Ды няроўнае шчасце дала... (П.Глебка). Сэрца Косці ўпілося такім нямым шчасцем, якога ён яшчэ ні разу не адчуваў! (А.Карпюк). Імгненні ёсць пакутлівага шчасця — Ірвуцца ўвысь і думка, і душа (М.Стральцоў). Няўжо ён не можа знайсці сабе — хай не зусім поўнага, хай палавіннага, але сапраўднага чалавечага шчасця (М.Зарэцкі). Ён [Пятроў] паклаў Марыне рукі на плечы. Памірыліся. Зноў пераступіла парог пакоя прысаромленае шчасце (А.Васілевіч). Але патроху прывыкла Жэня да чужое хаты, дзе пачалося яе патаемнае, сарамлівае шчасце... (Я.Брыль). Прыйшло, прыйшло цяпло скупога шчасця, Не таннага, не лёгкага, твайго! (А.Звонак). І старая жняя ўсміхнулася, гледзячы на яго [мэндлік] амаль таксама ўлюбёна ў жыццё, як у тыя гады, калі яна была парабчанкай у панскім двары і не ведала стомы, бегаючы вакол чужога шчасця (Я.Брыль). Ён лёг на халодныя просціны, выцягнуўся і засмяяўся ад прадчування нейкага цьмянага, але вялікага шчасця (У.Караткевіч).

* Рай-шчасце.

Аднымі рай-шчасце завецца багацце... Другімі — парадак і згода ў хаце, А іншым — удалая жонка (Я.Купала).

@

ШЧОКІ (шчака). Пра колер шчокаў; пра іх паўнату, стан: белыя, бледна-ружовыя, бурачковыя, вішнёвыя, матавыя, пунсовыя, пунцовыя (разм.), ружовыя, румяныя, смуглыя, чырвоныя, ярка-чырвоныя, яркія, ясна-ружовыя  бледна-жоўтыя, бледныя, блеклыя, бляклыя, бурыя, бяскроўныя, васковыя, выцвілыя, збляклыя, зямліста-шэрыя, зямлістыя, ліловыя, пабляклыя, пабялелыя, попельныя, празрыста-бледныя, празрыстыя, шызыя; акруглыя, аксамітныя, выпешчаныя, гарачыя, гладкія, крамяныя, круглыя, маладыя, мяккія, плаўна і лёгка акрэсленыя, поўныя, пругкія, пухлыя, пухмяныя (аўт.), пяшчотныя, свежыя, цёплыя  абветраныя, абвіслыя, адвіслыя, адутлаватыя, азызлыя, апалыя, апухлыя, ацёклыя, вялыя, друзлыя, зарослыя, змораныя, зморшчаныя, калючыя, маршчыністыя, намёрзлыя, няголеныя, плоскія, сухарлявыя, сухія, сытыя, тлустыя, тоўстыя, упалыя, халодныя, хударлявыя, худыя, шорсткія, шурпатыя.

Насупраць мяне сядзела дзяўчынка з белымі пяшчотнымі шчочкамі і блакітнымі вачамі (І.Грамовіч). — А вы што, прыезджы? — звярнулася другая [дзяўчына], ніжэйшая, з рудаватымі валасамі і бурачковымі шчокамі... (Г.Сапрыка). Яна ўсміхнулася — і нейкая пяшчота, чыстае святло выпраменьвалася з вачэй, з матавых, плаўна і лёгка акрэсленых шчок... (Я.Радкевіч). Марына засмяялася, і я радасна цмокчула яе ў халодныя пунсовыя шчокі (А.Савіцкі). Маша, расціраючы рукамі пунцовыя намёрзлыя шчокі, падышла да стала (І.Мележ). Хто там можа давесці, што... [дзяўчынка] ужо ела, што пара было б падкурчыць пад пухлую, ружовую шчочку кулачок і спаць (Я.Брыль). Круглыя румяныя шчокі хлопчыка гарэлі з марозу (В.Хомчанка). Матавасць смуглых шчок вось-вось румянцам пральецца (М.Стральцоў). Усмешка, што цяпер не сыходзіла з ясна-ружовых шчок, з поўных лагодных губ, рабіла яго [Засмужца] маладзейшым нават за васемнаццаць год (І.Мележ). На бледных шчаках яе паявіўся румянец, заняпалыя вочы поўніліся ціхім шчасцем, і яна цягнулася тварам туды, дзе жанчыны завіхаліся ля яе дзіцяці... (М.Лынькоў). Твар быў бледны, з бяскроўнымі шчокамі, як у мёртвага (І.Мележ). Няголеныя шчокі Данеўскага былі зямліста-шэрыя і неяк сутаргава торгаліся (А.Шашкоў). Гэта быў... чалавек з ліловымі шчокамі і сухімі, доўгімі рукамі (В.Хомчанка). На пабляклых шчоках, на твары заільсніўся дробны пот (М.Паслядовіч). Празрыста-бледныя, упалыя шчокі загарэліся хваравітым агнём (І.Шамякін). [Джулія] усё гарнулася да Іванавых грудзей і сваёй гарачай аксамітнай шчакой церлася аб яго рассечанае асколкам плячо (В.Быкаў). Усё, здавалася, было ў ім тое самае: і шызаваты румянец яшчэ крамяных шчок, і калючая навісь броваў (М.Лынькоў). Няспынна смяяліся яе [Марыны Астапаўны] поўныя шчокі (І.Шамякін). Собаль, паўнаваты, з пухлымі шчокамі, у вузкім паліто... голасам стомленага чалавека неахвотна адказаў (І.Мележ). Зыбін пацалаваў у пухмяную шчочку малога, абняў жонку (І.Мележ). Чорнай дужкай леглі броўкі, Шчочкі свежы, як раса (Я.Колас). Абветранай калючаю шчакою Хацеў далоні адагрэць твае (С.Грахоўскі). Абціраючы з бурых, друзлых шчок скупыя слёзы, яна сказала: “Ужо не ўбачымся больш...” (М.Машара). [Артур] бачыў цяпер у світальным сутонні рэальны Рымін твар — шчокі блеклыя і змораныя... (А.Савіцкі). За апошні час ён змяніўся, змізарнеў, поўныя пругкія шчокі аб’ехалі... (І.Дуброўскі). Скрозь чорную шчэць плоскіх няголеных шчок ледзь прабіваецца бледны румянец (М.Ракітны). Яны [вавёркі] прыйшлі б на нашы працягнутыя далоні, пацерліся б рыжаю мордачкай аб нашы шорсткія шчокі (Я.Брыль). Твар у астравіцяніна быў круглы, з адутлаватымі шчокамі (“Полымя”).

@

ШЭПТ (шаптанне). 1. Пра гучнасць, выразнасць шэпту, пра яго характар: асцярожны, бесперапынны, бязгучны, выразны, гучны, крынічны, ледзь чутны, лёгкі, моцны, мяккі, павольны, парывісты, паспешлівы, перарывісты, сціхлы, тонкі, ціхі  адрывісты, ахрыплы, глухі, гугнявы, даўкі, задушлівы, затоены, здушаны, ліхаманкавы, лянівы, манатонны, напружаны, невыразны, незразумелы, прыглушаны, прыдушаны, рэдкі, слабы, сонны, сутаргавы, хрыпаты, хрыплы, цвёрды, цяжкі.

Стары [Канапелька] пачуў раптам асцярожны, амаль бязгучны шэпт хлопчыка (М.Лынькоў). Я люблю ўсходы нашых палеткаў І спавітыя ў зелень лугі, І шум бору пануры, глухі, І шаптанне крынічнае ўлетку (Я.Купала). Ледзь чутны шэпт прашумеў па грамадзе (Р.Мурашка). Па партах праляцеў лёгкі шэпт здзіўлення (Я.Бяганская). “Здавайся, нас тут многа!..” — моцным шэптам загадаў Палікарп (К.Чорны). Дзе згубіліся Вы, Мой нязбытны Каханы? Мяккі шэпат травы, Пералескі, курганы (Я.Янішчыц). У сціхлым шэпце палыноў — Вясны маёй дыханне (Я.Янішчыц). Затока сустрэла яго [Уладзіслава] ціхім шэптам трыснягу (У.Арлоў). У вушах стаіць... гугнявы... мачышын шэпт (Р.Сабаленка). Даўкім, задушлівым шэптам гаварыў старшына, не могучы суняць тахканне сэрца пасля перажытага хвалявання (“Беларусь”). Шархатала трава затоеным шэптам... (З.Бядуля). Насцярожанае маўчанне раптам парушыў нечы невыразны шэпт (А.Кулакоўскі). Паступова крыкі Рывы слабеюць, глухнуць, пераходзяць у сутаргавы шэпт... (А.Васілевіч). Дзядзька неяк адразу супакоіўся..., загаварыў не хрыпатым шэптам, а трохі не на поўны голас (І.Шамякін). “Дык гаварыць з імі будзем толькі па шэрсці!” — цвёрдым шэптам напомніў Лёня... (Я.Брыль).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (шэпту): вясёлы, гарачы, даверлівы, дзівосны, дзіўна вясёлы, добры, задумлівы, залаты, засцярожлівы, захоплены, крынічны, лагодны, ласкавы, мілы, настойлівы, нясмелы, пяшчотны, салодкі, сардэчны, спакойны, стрыманы, таемны, тайны, таямнічы, трапяткі, шчыры  баязлівы, варожы, вінаваты, дакорлівы, жаласны, жорсткі, журботны, злавесны, зласлівы, злосны, каварны, люты, незадаволены, пагрозлівы, палахлівы, палкі, раўнівы, саладжавы, спакуслівы, сумны, сярдзіты, турботны, устрывожаны, халодны, ярасны, яхідны.

Яна [песня] злівалася з тым, чым мы цяпер жылі, як зліваецца калыханка з гудзеннем малога,... як зліваецца жніўная песня з гарачым шэптам калосся (Я.Брыль). Ганна адчувала, як гарачы шэпт мачыхі гоніць бацькавы нерашучасці, сумненні (І.Мележ). “Не було нічого”, — пачуў ён [Васіль] неспадзеўкі гарачы, дзіўна вясёлы шэпт... (І.Мележ). Слухаючы яго [Яўхімаў] добры, вінаваты шэпт, Хадоська пакорліва схіліла галаву (І.Мележ). Чуўся нейчы задумлівы шэпт — гэта быў голас крынічкі (К.Кірэенка). Вада — празрыстая, імклівая — з гор..., адтуль, дзе маляўнічыя ўзгоркі Наваградскага ўзвышша з прахалодным шумам густога лісця дубоў і клёнаў і залатым, гарачым шэптам спелага калосся (Я.Брыль). І зноў тоны заігралі У зачарованай жалейцы Ціхім шэпатам крынічным (М.Танк). А дождж ішоў. І срэбрам ззяў у травах, У кветках, у пшанічных каласах. Пераліваўся шэпатам ласкавым (К.Кірэенка). Раптам яму здалося, што... чуе ён ціхі, нясмелы шэпт жытнёвых каласоў (А.Дзятлаў). У ціхі лясны шолах урываліся рэзкія парывы ветру. Яны гулка хадзілі па вяршынях хвой і дубоў, прыгіналі долу маладыя бярозкі, напаўнялі трапяткім шэптам палахлівыя асіны (М.Лынькоў). Чорныя цені, Шэпат таемны, Шум падазроны, Глухі (Я.Колас). За перагародкай шапталіся Кашалькі, нешта вырашалі, і гэты тайны шэпт адганяў усе думкі (М.Парахневіч). — Дзякуем вам, — сказала яна [Лена] такім шчырым шэптам, што гэты шэпт, мабыць чуўся далёка (К.Кірэенка). [Васіль] павяртаўся да жонкі твар у твар, жорсткім, лютым шэптам загадваў: “Сціхні!” (І.Мележ). Хрыпучы, шэпт кладаўшчыка быў злавесны і настойлівы (А.Кулакоўскі). Чуліся рэдкія напалоханыя шэпты, ды цяжкі ўздых перакочваўся па радах людзей, якія не ведалі, што і чаго ад іх урэшце патрабуюць (М.Лынькоў). Палкім спакуслівым шэптам шамацяць мяккія карункі... бялізны (М.Зарэцкі). Наспелая постаць шчаслівых пасеваў За вёскай, на сонным лясоў рубяжы, Ссівелы ўжо колас схінула к мяжы У сумным шаптанні... (Я.Купала). “Жыццё доўгае наша?” — пераходзіць на трапяткі і турботны шэпт Эльга (Б.Мікуліч). Па нястройных радах змучаных боем партызан прабег устрывожаны шэпт (А.Асіпенка). Марыля ўчапілася ў сынава плячо... халодным шэптам дыхнула ў твар: “Ідуць!” (А.Савіцкі). Траяна раптам збіўся на ярасны шэпт: “Кладзіся! Мі-на!” (А.Савіцкі).

* Зыкі-шэпты.

Ціха ў Саўках... Але зыкі чуваць... Ціхія зыкі-шэпты (М.Зарэцкі).

@

ЯБЛЫК (яблыка). Пра колер, ступень спеласці, форму і інш. прыкметы яблыка; пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце: белы, бурштынавы, жаўтлявы, жоўты, залаты, залацісты, зялёны, празрысты, ружовы, румяны, светлы, сонечны, чырвоны, янтарны, ярка-чырвоны, ясны; апалы, буйны, вінны, вымыты ў расе, вялікі, даспелы, даўгаваты, добра саспелы, дробны, крамянабокі, крамяны, круглы, крутабокі, малы, мядовы, наліўны, пераспелы, ранні, сакавіты, салодкі, свежы, спелы; дзівосны, дзіўны, лагодны, ласкавы, пахучы, смачны, удалы, хітраваты, хітры  адзінокі, няшчасны, самотны, сумны.

Ляжаць бурштынавыя яблыкі ў расе (П.Панчанка). Падняўшы са сцежкі буйны жаўтлявы, бы з воску, яблык, [Наста] пашкадавала, што не ўзяла з сабою рэчмяшок (А.Савіцкі). Захар... стаяў, марудна жаваў сакавіты яблык, добра саспелы, з чорнымі семкамі ў сярэдзіне (А.Савіцкі). Пад цяжарам пахучых залатых яблык згіналі да зямлі галіны антонаўкі (А.Васілевіч). На старым котлішчы засталася яшчэ дзедаўская яблыня з невялічкімі, але белымі празрыстымі яблыкамі — папяроўка (“Маладосць”). Падступіцеся бліжай, крыніцы, Дайце флягу сцюдзёнай вады, Скіньце яблык ружовы, сады... (А.Пысін). Румяніцца ранні светлы яблык з-пад ліста (М.Лужанін). Відно было ўсё ў садзе: змакрэлыя яблыні, апалыя жоўтыя яблыкі ў пратаптанай траве (М.Стральцоў). Гучна прашамацеўшы ў лістоце, чмякнуў на дол буйны яблык (А.Савіцкі). Растае салодка ў роце Даспелы яблычак вінны (Н.Гілевіч). А раніцай смяшлівая дзяўчына... Іх [яблыкі] у лубянку пазбірае ўсе І возьме самы ўдалы, залацісты, Крамянабокі, вымыты ў расе (Н.Гілевіч). У даспелым яблыку мядовым — Смерць бязлітасная ўжо таіцца (Н.Гілевіч). А лета... Яно адслужыла тэрмін, Бунтоўны агонь свайго цвету замкнула, быццам у тэрмас, — У крутабокія яблыкі... (П.Макаль). Малыя яблычкі абселі Галіны яблыні адной (Е.Лось). У кашы — яблычак мядовы (Н.Гілевіч). Сіні ранак. Дзяўчына збіраецца жаць, На плячы маладзік — серабрысты серп, А наўкол наліўныя ляжаць, Бурштынавыя яблыкі ў расе... (П.Панчанка). Пераспелыя яблыкі ападалі ў цішы садоў... (Б.Сачанка). Стаю і слухаю, як у цішы Зрываецца з галінкі спелы яблык (Н.Гілевіч). Зірнеш — і зрэдзь убачыш адзінокі яблык, што блішчыць між лісця на апошнім сонцы. Ды хіба яшчэ вунь той, таксама адзінокі і хітраваты, што прыкрыўся лістамі (Я.Сіпакоў). Пані Мар’я бярэ ў Даніка яго пэндзлік, набірае чырвонай фарбы і пачынае папраўляць яго няшчаснае яблыка (Б.Сачанка). Ласкавага яблыка стому Я надкусіў аднойчы (Р.Барадулін). ...Яблыня густа наслала пад сабой лісця, хаваючы дробныя і даўгаватыя, як сліўкі, пахучыя яблыкі (В.Адамчык).

@

ЯБЛЫНЯ. Пра колер, ствол, характар кроны, узрост яблыні, пра яе ўрадлівасць: белая, зыркая, зялёная, кроністая, маладая, пасыпаная срэбрам, разгалістая, разложыстая, расквітнелая, раскідзістая, светлая, танклявая, тонкая, ураджайная, урадлівая  аголеная, голая, нізкая, ніклая, паніклая, парадзелая, парэпаная, пасечаная, старая, чорная.

Белыя яблыні, белыя, Бачу я вас, парадзелыя (А.Пысін). Перад вачыма — асветлены сонцам, ласкавы твар, усмешка ў вачах, зыркія, як срэбрам пасыпаныя яблыні ў садзе (А.Савіцкі). Маладыя яблынькі... самымі вяршкамі выглядалі паверх жыта (К.Чорны). Узбіраемся на разгалістую яблыню (В.Жуковіч). Глядзіш — і, здаецца, упершыню бачыш і нізенькі, дзе-нідзе пахілы плоцік... і разложыстую яблыню, і купкі вішань (Б.Сачанка). І не белы дымок прываблівае з першага погляду, нават не расквітнелыя яблыні, а зямля пад імі... (В.Карамазаў). Светлая яблыня грому З салаўінае ўсяночнай (Р.Барадулін). Яблынька танклявая, і прыставіць да яе лесвіцу не так проста (І.Навуменка). Застаецца снег адзін — ад цвету яблынь урадлівых (Е.Лось). На паасобных, напалову аголеных ад лісця яблынях сям-там яшчэ віселі антонаўкі (І.Навуменка). Голая яблыня грому Жахам жагнала прысмерк (Р.Барадулін). Баклан зірнуў туды і за ніклымі голымі яблынямі... убачыў зруб Кацярынінай хаты (І.Мележ). Мірна і ціха шапацелі лісцем старыя яблыні (І.Навуменка). Наліліся антонаўкі сокам густым, Абцяжарылі нізкія яблыні (П.Панчанка). Чорная яблыня густа наслала пад сабой лісця... (А.Адамчык).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (яблыні): агромленая (аўт.), ацішэлая, задумлівая, задумная, любая, мілая, неапісальная, пахучая, прывабная, прыветлівая, радасная, родная, святая, таемная, трапяткая, ціхая, цудоўная, чароўная  абяссілена-разгалістая, адзінокая, журботная, здзічэлая, змакрэлая, знясіленая, маркотная, няшчасная, самотная, сумная, тужлівая, шрамамі мечаная.

У кроне яблыні агромленай, І ў ацішэлых берагах — Была святлейшаю ад промня Правінцыяльная туга (Я.Янішчыц). Яблыні ў самым цвеце. Неапісальныя, прыгожыя, пахучыя... (ЛіМ). А ў садзе падае апошні ліст, І снежнай квеценню халадзее Святая яблыня Маёй надзеі (У.Някляеў). Дык няхай [нявесты] раўнуюць і бядуюць З строгім кодэксам сваіх правоў; Кожны [пагранічнік] трапяткую, маладую Яблыню ў дазор павёў (А.Пысін). Белыя, нібы нявесты, Ціхія, нібы нявесты, Яблыні ля вышкі вартавой (А.Пысін). Спачатку — сад. Проста нібы паляна з рэдкімі радамі карлікавых вішань... Дзве абяссілена-разгалістыя яблыні (Я.Брыль). Здалёку, за той адзінокай і, пэўна, здзічэлай ужо яблыняй ён нечакана ўбачыў... коней (Я.Сіпакоў). За акном нетаропка шапацеў дождж, і відно было ўсё: змакрэлыя яблыні... (М.Стральцоў). На клумбе згорбілася і расставіла рукі, як бабуля над градамі, старая няшчасная яблыня (Я.Брыль). Быў я нягодамі сечаны — Яблыні шрамамі мечаны (А.Пысін).

* Прыгажуня-яблыня.

Хіба ўвосень не расцвітае прыгажуня-яблынька, зведзеная ў зман здрадлівай ласкай бабінага лета? (І.Навуменка).

@

ЯЛІНА (ялінка). 1. Пра колер; пра вышыню, форму ствала; пра крону; узрост (яліны): вечназялёная, зялёная, пасівелая, сівая, сіняя, цёмна-зялёная, цёмная, шчодра-зялёная; выносістая, высокая, вялізная, магутная, прысадзістая, стройная, стромкая  навіслая, нізкая, нярослая; калматая, калючая, касматая, кашлатая (разм.), купчастая, лапчатая (разм.), пухнатая (разм.), пушыстая, разгалістая, разгатая (разм.), разлапістая (разм.), разложыстая, раскідзістая; векавая, маладая, маладзенькая, старая.

Вечназялёныя яліны курыліся туманам (П.Місько). Пасівелыя яліны... звісалі над чорным бяздоннем (А.Шашкоў). На ўзлессі вынесліся цёмна-зялёныя яліны (З.Бандарына). Ужо даўно абрус зімовы Сатлеў пад цёмнай яліной (А.Куляшоў). На фоне заўсёды шчодра-зялёных ялін святлеюць асіны (Я.Брыль). Ледзь-ледзь уздрыгваюць шпілі ў выносістых ялін (Я.Лецка). На ўзлеску, ля першай яліны, не вельмі высокай, раскідзістай... Рэната, раскінуўшы рукі, бухнулася... на белую гурбу (А.Савіцкі). Схаваўся пад вялізную разложыстую яліну (Я.Брыль). Трапляліся прысадзістыя, шырокія ў камлі яліны (А.Савіцкі). Сям-там паднімаліся ў неба стромкія яліны і сосны (Я.Колас). Бойкі конік, што дружнаю рыссю выскачыў з-пад навіслых ялін, борзда імчаў лёгкія прыгожыя сані (Я.Колас). Сцяжына вяла праз гушчэчу ажынніку, у якім тырчэлі купчастыя нізенькія ялінкі (М.Гамолка). Вось недалёка ад дарогі стаяць разгалістыя, але яшчэ нярослыя ялінкі (А.Кулакоўскі). Калматыя яліны засталіся ззаду, сярод балота, ногі ўпэўнена ўжо ступалі па цвёрдай пясчанай глебе (М.Капыловіч). Ён [туман] збірае ўсе пахі лесу... баіцца застацца дняваць у вяршынях пераспелага алешніку і калючых разгатых ялін (І.Пташнікаў). Лес шуміць... Касматыя хвоі і яліны трасуцца, як у дзікім танцы (Я.Колас). Кашлатыя яліны і выносістыя хвоі абступаюць дарогу (С.Александровіч). Ад... лапчатых ялін на дарогу падаў густы цень (В.Зуб). Сябры прыселі на краі абрыву, пад разлапістай ялінай (А.Шашкоў). З ляснога гушчару, з-пад векавых ялін, выходзіць на паляну зубр (В.Вольскі). Паглядзела на яе [хваінку] гэтакая ж маладая ялінка і таксама нахілілася (А.Кулакоўскі). Старыя яліны высока ўзнеслі свае лапы ў чорнае неба, на якім мігцелі рэдкія зоркі (М.Лынькоў). Старыя хвоі і яліны, Высока кінуўшы галіны, Глядзелі хораша, любоўна (Я.Колас).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (яліны): велічна-ўрачыстая, велічная, вясёлая, мілая, прыветная, прыгожая, пяшчотная, радасная  завейная, задумлівая, задуменная, калючая, маўклівая, панурая, пераеханая (разм.), спахмурнелая, сумная, суровая.

Тут прывольна і зацішна Між ялін, прыбраных, пышна велічна-ўрачыстых (Н.Гілевіч). А маладзенькія ялінкі пад белым пухам чуць прыкметны, Яны так мілы, так прыветны, Бы тыя красачкі-дзяўчынкі (Я.Колас). Вось і прыгожая стройная яліна і сляды чалавека пад ёю (В.Карамазаў). Недзе за ялінамі прыгожымі Ўсхвалявана затрубіў алень (У.Караткевіч). Я вывучаю лапкі Яліны... Яна трымціць вавёрчынымі снамі І жвавым казытаннем мураўя, Зялёная, завейная, лясная, Калючая такая ж, як і я (Я.Янішчыц). Ля калёс гарэлі агні... Нібы залатыя пчолы, падымаліся ўсё вышэй і вышэй, аж пад самыя верхавіны маўклівых сосен і ялін (М.Лынькоў). Ад гэтай пераеханай ялінкі не хочацца адыходзіць (А.Кулакоўскі). Над крыжавінамі панурых ялін узыходзіў месяц (М.Машара). Толькі тырчаць за Свіслаччу мокрыя паружавелыя чубы набрынялых ракіт і спахмурнелых цёмных ялін (Н.Загорская). Вецер гоніць хмарыны з-за сумных ялін (А.Куляшоў). Над суровымі ялінамі ўставала на тым беразе сонца (М.Лынькоў).

* Яліна-выварацень, яліна-старадрэвіна, ялінкі-блізняткі.

Многа было ялін-вываратняў — мабыць, папрацавала бура (П.Місько). Пад шатамі ялін-старадрэвін было яшчэ зусім цёмна (П.Місько). Развалкі, не спыняючыся, каціліся ўсё бліжэй і бліжэй да ялінак-блізнятак (А.Савіцкі).