##ShortTitle: Геаграфічныя паняцці і тэрміны ##LongTitle: Геаграфічныя паняцці і тэрміны ##FrontpageTitle: Геаграфічныя паняцці і тэрміны ##ExpandArticle: true ##Type: enc ##TitleNote: частка ##InRandom: true ##HTMLDescription_BEGIN Створана на падставе:
Геаграфічныя паняцці і тэрміны. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-085-8

Энцыклапедычны даведнік «Геаграфічныя паняцці і тэрміны» змяшчае больш за 2 тысячы значных тэрмінаў па геаграфічных дысцыплінах і сумежных навуках, якія найбольш часта выкарыстоўваюцца ў падручніках, навуковай літаратуры і практыцы. Прызначаны для вучняў сярэдніх школ, настаўнікаў, студэнтаў.

Рэдакцыйная калегія
М.Курловіч, Я.Малашэвіч, С.Самуэль, Б.Сачанка, С.Сідор, І.Хаўратовіч

Над кнігай працавалі
Рэдакцыя геаграфіі і геафізікі: загадчык рэдакцыі М.Курловіч; навуковыя рэдактары І.Афнагель, В.Вераценнікава, С.Крукава, Я.Цупа, Я.Якубоўскі.
Рэдакцыя навуковага і літаратурнага кантролю: загадчык рэдакцыі С.Самуэль; навуковыя рэдактары Т.Бутэвіч, М.Маўзон.
Мапы падрыхтавалі: навуковы рэдактар Г.Шыкунова, рэдактар В.Надзененка.


Ад рэдкалегіі

Энцыклапедычны слоўнік «Геаграфічныя паняцці і тэрміны» - універсальнае даведачнае выданне, прызначанае для вучняў усіх класаў, дзе вывучаюць геаграфію, а таксама шырокага кола чытачоў, студэнтаў, настаўнікаў, прыродазнаўцаў, работнікаў сродкаў масавай інфармацыі і інш. Ён тлумачыць і адлюстроўвае структуру ўсёй сістэмы геаграфічных навук і таму можа мець для зацікаўленага чытача не толькі пазнавальнае, а і пэўнае практычнае значэнне. Выданне гэтага слоўніка будзе спрыяць увядзенню ва ўжытак геаграфічнай тэрміналогіі на беларускай мове.

У слоўніку ў алфавітным парадку змешчана больш за 2 тысячы тэрмінаў комплекснай фізічнай геаграфіі, геамарфалогіі, метэаралогіі і кліматалогіі, гідралогіі, акіяналогіі, гляцыялогіі, геаграфіі глеб, біягеаграфіі, эканамічнай, сацыяльнай, палітычнай геаграфіі, геаграфіі насельніцтва, картаграфіі і інш., якія найбольш часта выкарыстоўваюцца ў школьных і студэнцкіх падручніках, навуковай літаратуры, практыцы. Чытач знойдзе ў слоўніку тлумачэнне і значнай колькасці тэрмінаў з сумежных навук - астраноміі, геадэзіі, экалогіі, сацыялогіі і інш. У кнізе шмат картаграфічнага і ілюстрацыйнага матэрыялу.

Каб пазбегнуць паўтарэння матэрыялу і дапоўніць неабходнай інфармацыяй звязаныя паміж сабой артыкулы, у слоўніку выкарыстана сістэма спасылак. Шэраг артыкулаў па эканоміцы, кліматалогіі, геамарфалогіі, геалогіі і інш. дысцыплінах, акрамя агульных звестак, уключае рэгіянальныя даныя і ілюстрацыйны матэрыял па Беларусі.

Пры рабоце над кнігай улічаны вопыт складання 12-томнай «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі» (1969-1975) і 5-томнай «Энцыклапедыі прыроды Беларусі» (1983-1986), былі выкарыстаны «Геаграфічны энцыклапедычны слоўнік» (М., 1988), «Геаграфічны слоўнік школьніка» І.Галая і С.Сідора (Мн., 1986), «Чатырохмоўны энцыклапедычны слоўнік тэрмінаў па фізічнай геаграфіі» (М., 1980), слоўнікі па метэаралогіі, геамарфалогіі, глебазнаўству, гляцыялогіі, геалогіі і інш.

Навукі аб Зямлі і грамадстве няспынна развіваюцца і ўдасканальваюцца, таму ў слоўніку магчымы пэўныя недахопы. Аўтары і складальнікі з удзячнасцю прымуць усе заўвагі і пажаданні чытачоў, што дазволіць палепшыць якасць слоўніка пры яго магчымым перавыданні.



##HTMLDescription_END @

Еўрапейскае эканамічнае таварыства (ЕЭТ) (агульны рынак), міжнародная дзяржаўна-манапалістычная арганізацыя. Дзейнічае з 1958 г. Краіны-ўдзельніцы: Францыя, Германія, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Вялікабрытанія, Данія, Ірландыя, Грэцыя, Іспанія, Партугалія. Далучаныя (асацыіраваныя) члены ЕЭТ - Турцыя, Мальта, Кіпр. Задачы таварыства: паступовая ліквідацыя гандлёвых бар'ераў паміж краінамі-ўдзельніцамі, устанаўленне адзінага таможнага тарыфу ў гандлі з краінамі «трэцяга свету», агульная палітыка ў галіне транспарту і сельскай гаспадаркі, стварэнне валютнага саюзу, уніфікацыя падаткавых сістэм, распрацоўка прынцыпаў узгаднення эканамічнай палітыкі. @

Еўрапеоідная раса (еўразійская раса), адна з асноўных вялікіх рас чалавецтва, у якую ўваходзяць беламорска-балтыйская, атланта-балтыйская, сярэднееўрапейская, балкана-каўказская і інда-міжземнаморская малыя расы. Характэрны светлая да смуглай скура, валасы светлыя і цёмныя мяккія роўныя або злёгку хвалістыя, у мужчын моцны і сярэдні рост валасоў на твары і тулаве, вузкі нос з высокім пераноссем, тонкія губы. Пашырана ў Еўропе, Паўночнай Афрыцы, Заходняй Азіі, Паўночнай Індыі, часткова ў Амерыцы, Аўстраліі, Паўднёвай Афрыцы. Беларусы належаць да беламорска-балтыйскай малой расы, на поўдні жывуць прадстаўнікі сярэднееўрапейскай расы. @

Жалеза-марганцавыя канкрэцыі, мінеральныя ўтварэнні (сцяжэнні) гідравокіслаў жалеза і марганцу, якія ўтварыліся на дне сучасных мораў і акіянаў; часта абагачаны Ni, Co, Cu, Pb, Mo, Pt і інш. элементамі. На дне Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў утвараюць намнажэнні (каля 10% плошчы акіянічнага ложа). Перспектыўная мінеральная сыравіна. @

Жалезісты кварцыт (джэспіліт, ітабірыт), метамарфічная горная парода, складзеная з праслояў (0,3-5 мм) кварцу, яшмы, гематыту і магнетыту; жалезная руда. Змяшчае да 50-60% жалеза. Асадкавага або вулканагенна-асадкавага паходжання. Колер цёмна-шэры або фіялетава-чырвоны. Буйнейшыя ў свеце жалезарудныя радовішчы - Крыварожскі жалезарудны басейн, Курская магнітная анамалія. У Беларусі Аколаўскае радовішча жалезных руд (змяшчае больш за 26% жалеза). @

Жалезны калчадан, гл. Пірыт. @

Жалезныя руды, прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца для выплаўкі чыгуну і сталі. Галоўныя рудаўтваральныя мінералы: магнетыт, гематыт, тытанамагнетыт, гідрагётыт, сідэрыт. Бываюць багатыя на жалеза (больш за 55% жалеза), звычайныя (55-25%) і бедныя (менш за 25%). Эндагеннага, экзагеннага паходжання і метамарфічныя. Найбольшыя запасы на Украіне, у Расеі, Бразіліі, Канадзе, ЗША, Аўстраліі, Індыі, ПАР, Францыі, Швецыі. У Беларусі ў дакембрыйскіх пародах крышталічнага фундамента выяўлены Аколаўскае і Навасёлкаўскае радовішчы жалезных руд, да 1860-х гадоў здабываліся балотныя жалезныя руды. @

Жарало вулкана (канал вулкана), верхняя частка вертыкальнага або амаль вертыкальнага канала, які злучае ачаг вулкана з зямной паверхняй або кратэрам. Ад яго могуць адходзіць другасныя вывадныя каналы ў бакі або ўздоўж трэшчын у целе вулкана, што дае пачатак для ўтварэння бакавых кратэраў. @

Жаўтазёмы, глебы, якія фарміруюцца пад лясамі вільготных субтропікаў. Жоўтая (з рознымі адценнямі па профілю) афарбоўка абумоўлена нізкім утрыманнем жалеза ў мацярынскіх пародах і моцным увільгатненнем, якое выклікае гідратацыю вокіслаў жалеза ў глебе. Малаўрадлівыя. Вырошчванне цытрусавых, вінаграду, эфіраалейных культур патрабуе вялікіх доз угнаенняў, асабліва фосфарных. Пашыраны ў Кітаі, на поўдні ЗША, паўднёвым усходзе Аўстраліі і ў Новай Зеландыі. @

Жвір (гравій), рыхлая буйнаабломкавая асадкавая парода, складзеная з абгладжаных абломкаў горных парод і мінералаў памерам 1-10 мм. У чыстым выглядзе намнажэнні жвіру рэдкія, часцей трапляюцца ў сумесі з пяском, галькаю, радзей валунамі. У Беларусі разведана каля 250 радовішчаў пясчана-жвіровага матэрыялу з агульнымі запасамі 750 млн. м3. Выкарыстоўваецца як буйны запаўняльнік бетону, у дарожным будаўніцтве. @

Жолаб акіянічны (глыбакаводны жолаб), вузкае доўгае паніжэнне дна акіяна на пераходнай зоне паміж мацерыком і акіянам. Даўжыня жолаба дасягае некалькіх тысяч кіламетраў, шырыня - дзесяткаў і соцень кіламетраў, у іх межах знаходзяцца самыя вялікія глыбіні Сусветнага акіяна, у тым ліку найбольшая на Зямлі глыбіня 11.022 м (у Марыянскім жолабе Ціхага акіяна). @

Жоўта-карычневыя субтрапічныя глебы, глебы, якія фарміруюцца пад лясамі паўвільготных субтропікаў. Характэрна адсутнасць ілювіяльна-карбанатнага гарызонту. Высокаўрадлівыя, змяшчаюць да 8% гумусу ў верхнім гарызонце. Пашыраны ў Кітаі (міжрэчча Янцзы і Хуанхэ), Індыі (падножжа Гімалаяў) і інш. краінах. Выкарыстоўваюцца пад пасевы рысу, пшаніцы і інш. культур. @

Жывёлагадоўля, галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца развядзеннем сельскагаспадарчых жывёл. Забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання (малочныя прадукты, мяса, яйцы, мёд і інш.), лёгкую і харчовую прамысловасць сыравінай (скура, воўна, мяса, малако і інш.), дае жывую цяглавую сілу (коні, валы, аслы, мулы, вярблюды, алені і інш.), асобныя кармы (касцявая мука і інш.), лекавыя сродкі (гармоны, сывараткі) і арганічныя ўгнаенні. Галоўныя галіны: гадоўля буйной рагатай жывёлы, свінагадоўля, авечкагадоўля, конегадоўля, козагадоўля, аленегадоўля, птушкагадоўля, зверагадоўля, рыбаводства, сабакаводства, трусагадоўля, шаўкаводства. Жывёлагадоўля Беларусі мае малочна-мясны кірунак. @

Жыла, пластападобнае цела, утворанае ад запаўнення шчылін у зямной кары магмай або мінеральным рэчывам, адкладзеным з гарачых раствораў (гідратэрмаў). Найбольш каштоўныя жылы - запоўненыя руднымі мінераламі, з імі звязаны гідратэрмальныя радовішчы. Адносна размяшчэння ў пародах жылы бываюць пластавыя і сякучыя. @

Жэмчуг (слова кіт. паходжання), утварэнне перламутравага рэчыва шарападобнай або няправільнай формы, якое развіваецца ў целе некаторых малюскаў памерам ад дробных зярнят да галубінага яйца. Здабываецца ў Чырвоным моры і Персідскім заліве, каля берагоў Шры-Ланкі, Японіі, Аўстраліі, Венесуэлы. Прэснаводны жэмчуг з даўніх часоў здабываўся ў Расеі, Шатландыі, Германіі, Кітаі, у краінах Паўночнай Амерыкі. Вырошчваецца штучна. Выкарыстоўваецца на ўпрыгожанні. @

Озы (швед., адзіночны лік as літаральна - хрыбет, града; эскеры), адносна вузкія, валападобныя слабазвілістыя грады або ланцугі ўзгоркаў і валоў. Утварыліся ў час плейстацэнавых зледзяненняў у выніку намнажэння абломкавага матэрыялу ў рэчышчах і дэльтах водных патокаў, што цяклі па паверхні, у шчылінах ледавіка і пад ім. Вышыня да некалькіх дзесяткаў, шырыня да соцень метраў, даўжыня ад соцень метраў (з невялікімі перарывамі) да некалькіх дзесяткаў кіламетраў. Складзены з пясчанага, пясчана-жвіровага і жвірова-валуннага матэрыялу. Пашыраны ў Швецыі, Фінляндыі, краінах Прыбалтыкі, у Беларусі - у межах Беларускага Паазер'я. @

Увал, выцягнутае ўзвышша з плоскай ці злёгку выпуклай вяршыняй і спадзістымі схіламі без выразнага падножжа. Адносная вышыня звычайна некалькі дзесяткаў метраў, часам да 150-200 м, значна расчленены, звычайна ўкрыты густымі лясамі. Бываюць тэктанічнага, эразійнага, ледавікова-акумулятыўнага і інш. паходжання. @

Угоддзе, участак зямлі, які адрозніваецца ад суседніх спосабам гаспадарчага выкарыстання (напрыклад, сельскагаспадарчыя ўгоддзі, лясныя, паляўнічыя) ці прыроднымі ўласцівасцямі. @

Узбой,

1. сухія рэчышчы з эпізадычным ліўневым сцёкам ці наогул без сцёку (у пустынных раёнах Сярэдняй Азіі).

2. Рэліктавыя рачныя даліны, якія захаваліся ад больш увільготненых эпох, ці старажытныя рэчышчы рэк, што змянілі сваё цячэнне (напрыклад, Узбой і Келіфскі Узбой - рэчышчы, па якіх у мінулым ажыццяўляўся сцёк водаў Амудар'і ў Каспійскае мора). @

Узбярэжжа, пагранічная паласа паміж сушаю і морам. Складаецца з прымор'я (зоны сушы са старажытнымі марскімі тэрасамі), берагавой зоны (дзе прадстаўлены сучасныя берагавыя формы) і ўзмор'я, ці прыбярэжжа, з затопленымі старажытнымі берагавымі формамі. @

Узвышша, участак зямной паверхні, прыўзняты адносна прылеглай тэрыторыі. На сушы да ўзвышшаў звычайна адносяць мясцовасці з абсалютнымі вышынямі больш за 200 м. У Беларусі яны займаюць 1/4 тэрыторыі. @

Узгорак (пагорак), дадатная форма рэльефу са спадзістымі схіламі і слабавыразным падножжам. Адносныя перавышэнні не больш за 200 м. Асобныя формы ўзгоркаў (выцягнутыя ў даўжыню) называюцца градамі, грывамі, уваламі. У Беларусі займаюць больш за 50% тэрыторыі. @

Узмор'е, вузкая прыбярэжная частка мораў і акіянаў, якая ўключае і зону асушкі ў час адліву (напрыклад, Рыжскае ўзмор'е); на поўначы Еўрапейскай часткі Расеі да ўзмор'я адносяцца і прывусцевыя часткі мораў, апрэсненыя рэкамі. @

Узровень мора, вышыня паверхні спакойнага мора, якая вымяраецца адносна гарызонту, умоўна прынятага за нуль. Узроўні мора мяняюцца пад уздзеяннем ветравых хваль, прыліваў, нагрэву і ахаладжэння паверхні мора, ваганняў атмасфернага ціску, ападкаў і выпарэння. У Беларусі абсалютныя вышыні пункта зямной паверхні адлічваюцца ад сярэднешматгадовага ўзроўню Балтыйскага мора, вызначанага ад нуля футштока ў Кранштаце. @

Узровень эканамічнага развіцця, абагульняючая эканамічная характарыстыка групы краін (краіны, раёна), якая дазваляе вызначыць дасягнутую ступень у працэсе эканамічнага развіцця і яе месца ў іерархічным радзе тэрыторый, якія параўноўваюцца. Традыцыйна ўзровень эканамічнага развіцця вызначаецца як аб'ём атрыманага на працягу года нацыянальнага даходу ці вырабленага на душу насельніцтва валавога грамадскага прадукту. Для вызначэння ўзроўню эканамічнага развіцця карыстаюцца комплекснымі эканамічнымі характарыстыкамі, такімі, як суадносіны паміж прамысловасцю і сельскай гаспадаркай, цяжкай і лёгкай прамысловасцю; удзельная вага сучасных галін прамысловасці, якія вызначаюць узровень тэхнічнага прагрэсу; узровень эканамічнага развіцця навукова-доследных і вопытна-канструктарскіх работ; спажыванне электраэнергіі ў разліку на 1 жыхара; узровень выкарыстання прыродных рэсурсаў; арганізацыя і эфектыўнасць грамадскай вытворчасці і інш. Узровень эканамічнага развіцця трэба адрозніваць ад эканамічнага патэнцыялу. @

Узрост геалагічны, час, які прайшоў з моманту ўтварэння геалагічных цел ці якіх-небудзь падзей (складкавасць, зледзяненне і інш.). Адрозніваюць абсалютны (радыеметрычны) узрост, выражаны ў мільёнах ці тысячах гадоў, устаноўлены на аснове вывучэння распаду радыеактыўных элементаў, і адносны ўзрост - час якой-небудзь падзеі ў гісторыі Зямлі ў адносінах да часу іншай падзеі, устаноўлены па размяшчэнні горных парод у разрэзе і наяўнасці ў іх рэшткаў выкапнёвых арганізмаў. Гл. таксама Геахраналогія. @

Узроставая структура насельніцтва, суадносіны колькасці розных узроставых груп насельніцтва. Залежыць ад узроўню нараджальнасці і смяротнасці, працягласці жыцця людзей. Вылучаюць 3 узроставыя групы: дзеці і падлеткі (да 14 гадоў), працаздольны (15-59 гадоў) і пенсіённы (60 гадоў і старэй) узрост. Узроставая структура насельніцтва можа быць прагрэсіўнага (з большай доляй дзяцей у агульнай колькасці насельніцтва), стацыянарнага (амаль аднолькавая доля дзіцячых і старэючых узроставых груп), рэгрэсіўнага (параўнальна вялікая доля пажылых і старых людзей) тыпаў. У свеце (1985 г.) насельніцтва ва ўзросце да 15 гадоў складала 33%, 15-64 гады - 61%, 65 гадоў і старэй - 6%, у Беларусі (2001 г.) - 17,4%, 68,2%, 13,5%. @

Ультраасноўныя горныя пароды (гіпербазіты), магматычныя горныя пароды, бедныя крэменязёмам (30-44%) і абагачаныя магніем (дуніты, перыдатыты, пікрыты і інш.). Складаюцца пераважна з каляровых мінералаў (алівін, піраксен, амфібаліт). @

Умераны клімат, клімат умераных паясоў. Фарміруецца пад уздзеяннем заходняга пераносу паветраных мас ва ўсёй тоўшчы трапасферы. Характэрны выразныя поры года з умерана цёплым летам (сярэднія тэмпературы паветра найбольш цёплага месяца ад 10°C да 25°C) і халаднаватай ці халоднай снежнай зімой (сярэднія тэмпературы паветра найбольш халоднага месяца амаль усюды адмоўныя). Сярэднегадавая колькасць ападкаў на большай тэрыторыі 500-800 мм (да 1000-2000 мм на ўскраіне мацерыка каля мора, да 100-200 мм з набліжэннем да субтропікаў). Вылучаюць умераны клімат кантынентальны (характэрны для большай часткі тэрыторыі Расеі, для цэнтральных раёнаў Паўночнай Амерыкі), акіянічны заходніх (характэрны для Еўропы) і ўсходніх (мусонны клімат, характэрны для Далёкага Усходу Расеі, Паўночнага Кітая) раёнаў. @

Умераныя паясы, прыродныя геаграфічныя паясы Зямлі паміж субарктычным поясам і субтрапічным поясам (ад 65 да 40° паўночнай шыраты) у Паўночным і паміж субантарктычным поясам і субтрапічным (ад 58 да 42° паўднёвай шыраты) у Паўднёвым паўшар'ях. Займаюць каля 1/4 паверхні зямнога шара, у Паўночным паўшар'і каля 55% паверхні займае суша, у Паўднёвым - 98% тэрыторыі пад морам. Пераважае ўмераны клімат. Характэрна выразная сезоннасць тэрмічнага рэжыму з працяглай снежнай зімой і адпаведнай перыядычнасцю многіх прыродных працэсаў. У межах сушы ўмераных паясоў колькасць атмасферных ападкаў і іх рэжым значна вагаюцца ад прыакіянічных раёнаў да ўнутрымацерыковых. Шырока распаўсюджаны падзолістыя і ападзоленыя глебы, бурыя і шэрыя лясныя, менш чарназёмы, каштанавыя і інш. Ландшафты лясныя і лесастэпавыя ў Паўночным паўшар'і, стэпавыя, паўпустынныя, пустынныя, акіянічныя ў Паўднёвым паўшар'і. На вялікіх прасторах залягае шматгадовая мерзлата (пераважна ў Сібіры). @

Умераныя шыроты (сярэднія шыроты), умоўная назва зон на паверхні зямнога шара паміж 40° і 65° паўночнай шыраты і 42° і 58° паўднёвай. Для іх характэрны ўмераны клімат. Гл. таксама Умераныя паясы. @

Умоўныя знакі (тапаграфічныя ўмоўныя знакі), абазначэнні, якія выкарыстоўваюцца на картах для адлюстравання розных аб'ектаў, іх якасных і колькасных характарыстык. Перадаюць змест карты, абазначаюць прадметы, з'явы, працэсы, вызначаюць іх прасторавае становішча. Дзеляцца на маштабныя, лінейныя, пазамаштабныя і тлумачальныя. @

Унітарная дзяржава (франц. unitaire ад лац. unitas адзінства), форма дзяржаўнага ладу, пры якой тэрыторыя дзяржавы, у адрозненне ад федэрацыі, не мае ў сваім складзе федэратыўных адзінак (штатаў, зямель), а падзяляецца на адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі. Ва унітарнай дзяржаве дзейнічаюць адзіныя для ўсёй дзяржавы канстытуцыя, сістэмы права, органаў улады і інш. @

Унутраныя воды (у міжнародным праве), усе воды, якія знаходзяцца ў межах тэрыторыі пэўнай дзяржавы (акрамя тэрытарыяльных водаў). Да іх адносяцца рэкі, азёры, каналы, вадасховішчы, унутраныя моры, марскія воды (воды портаў, бухт, заліваў) ад зыходнай лініі тэрытарыяльных водаў дзяржавы. @

Унутраныя моры, гл. Міжземныя моры. @

Унутраныя працэсы, гл. Эндагенныя працэсы. @

Унутрымацерыковыя моры, моры, што глыбока ўдаюцца ў сушу ў межах аднаго мацерыка (напрыклад, Азоўскае, Белае, Балтыйскае). Утвараюцца ў выніку апускання сушы і яе затаплення водамі акіяна. @

Упадзіна, паніжэнне на зямной паверхні, большай часткай тэктанічнага паходжання, якое замкнёна з усіх або амаль з усіх бакоў. Памеры ў папярочніку звычайна дзесяткі і сотні (радзей тысячы) кіламетраў (упадзіна Конга, Сычуанская ўпадзіна, Ферганская даліна). Вялікія вузкія і глыбокія ўпадзіны на дне акіянаў называюцца жолабамі акіянічнымі. @

Ураган (франц. ouragan ад гішп. huracán; слова запазычана з мовы карыбскіх індзейцаў), вецер разбуральнай сілы (скорасць перавышае 30 м/сек, па шкале Бофарта 12 балаў) і значнай працягласці. Ураганам называюць таксама моцныя трапічныя цыклоны. Ва ўмераных шыротах аналагічныя ўраганам вятры часта называюцца бурамі або штормамі. У Беларусі вельмі моцны вецер (скорасць 24-28 м/сек) адзначаецца ў кожным пункце прыкладна раз у 20 гадоў. @

Ураджайнасць, колькасць раслінаводчай прадукцыі, атрыманай з 1 га сельскагаспадарчых угоддзяў. Звычайна вымяраецца ў ц/га. Рост ураджайнасці сведчыць аб інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. Ураджайнасць залежыць ад урадлівасці глебы, агратэхнікі, колькасці ўгнаенняў, якія ўносяцца ў глебу, сартоў раслін, што вырошчваюцца і інш. У Беларусі ў 2000 г. ўраджайнасць збожжавых культур склала 19,9 ц/га, ільновалакна - 4,8, цукровых буракоў - 292, бульбы - 134, агародніны - 134 ц/га. @

Урадлівасць глебы, сукупнасць уласцівасцей глебы, якія забяспечваюць ураджайнасць сельскагаспадарчых раслін. Найважнейшыя фактары ўрадлівасці глебы - наяўнасць пажыўных рэчываў (пераважна гумусу), вільгаці, аэрацыя, механічны склад глебы, яе структура і інш. Урадлівасць павышаюць увядзеннем і асваеннем правільных севазваротаў, правільнай апрацоўкай, арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі, вапнаваннем глебы, меліярацыяй і інш. спосабамі. У практыцы ўзровень урадлівасці глебы ацэньваецца па баніціровачнай шкале (гл. Банітэт). @

Уранавыя руды, прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца для прамысловай здабычы урану. Бедныя руды маюць да 0,1% урану, багатыя - больш за 0,1%. Галоўны мінерал - уранініт, меншае значэнне маюць настуран, кафініт, бранерыт, давідзіт, карнатыт і інш. Уран змяшчаецца таксама ў некаторых радовішчах фасфарытаў, гаручых сланцаў, вугалю, у розных металічных рудах і інш. Каля 90% урану ў яго радовішчах знаходзіцца ў асадкава-метамарфічных і асадкавых пародах. Радовішчы урану ў Расеі, ЗША, Аўстраліі, ПАР, Канадзе і інш. @

Урбанізацыя (франц. urbanisation ад лац. urbanus гарадскі), гістарычны працэс павышэння ролі гарадоў у развіцці грамадства, які ахоплівае змены ў размяшчэнні вытворчых сіл, перш за ўсё ў рассяленні насельніцтва, яго сацыяльна-прафесійнай, дэмаграфічнай структуры, спосабе жыцця, культуры і інш. У вузкім сэнсе урбанізацыя - рост гарадоў, асабліва вялікіх, павышэнне ўдзельнай вагі гарадскога насельніцтва ў краіне, рэгіёне, усім свеце. Развіццё працэсаў урбанізацыі цесна звязана з асаблівасцямі фарміравання гарадскога насельніцтва і росту гарадоў, прытокам мігрантаў з сельскай мясцовасці, натуральным прыростам гарадскога насельніцтва, уключэннем у гарадскую мяжу прыгарадных тэрыторый, пераўтварэннем сельскіх паселішчаў у гарадскія. Найбольш высокі працэнт гарадскога насельніцтва (ад 75 да 90%) маюць развітыя краіны Заходняй Еўропы, ЗША, Канада, Ізраіль, Японія, Аўстралія, Новая Зеландыя. У Беларусі ў 2002 г. гарадское насельніцтва дасягнула 70,7%. Для урбанізацыі характэрна канцэнтрацыя насельніцтва ў вялікіх гарадах, утварэнне гарадскіх агламерацый. Так, у 1800 г. на свеце быў адзін горад з насельніцтвам больш за 1 млн. чалавек (Лондан), у 2002 - каля 300. @

Ускід (у геалогіі), адна з форм разрыўных тэктанічных рухаў горных парод. Адбываецца пры падняцці аднаго блока зямной кары адносна другога. Пры гэтым пароды вісячага боку ўскіду, якія ляжаць вышэй паверхні зрушэння, перасоўваюцца па ёй уверх на пароды ляжачага боку. Ускіды пашыраны ў крышталічным фундаменце Беларусі. @

Ускраінныя моры, моры, якія прымыкаюць да мацерыка і слаба адасоблены ад акіяна і суседніх мораў паўастравамі і астравамі. Знаходзяцца звычайна на шэльфе, зрэдку часткова ахопліваюць глыбакаводную частку акіяна. На ўсе асаблівасці гэтых мораў моцны ўплыў аказваюць суседні мацярык і акіян. Тыповыя ўскраінныя моры: Баранцава, Карскае, Лапцевых, Нарвежскае. @

Усходні перанос паветраных мас, дастаткова ўстойлівы перанос паветра ў агульнай цыркуляцыі атмасферы над вялікімі тэрыторыямі Зямлі з усходу на захад. Гэта пасаты ў ніжняй частцы трапасферы, а таксама паветраныя плыні ва ўсёй трапасферы і ніжняй стратасферы каля экватара. Усходнім пераносам называюць таксама паветраныя плыні па ўскраінах устойлівага антыцыклону ў Арктыцы і Антарктыцы. Над Беларуссю ўсходні перанос паветра бывае адносна рэдка. @

Уцёс, асобная скала, высокі круты абрыў карэннага берага рачной даліны. Звычайна складзены з цвёрдых парод, якія слаба паддаюцца размыву. @

Уючны транспарт, транспарт для перавозкі грузаў ва ўюках, якія мацуюцца на спінах уючных жывёл (вярблюдаў, мулаў, коней, якаў, паўночных аленяў і інш.). Прымяняецца ў гарах, пустынях, лясіста-балоцістай і таежнай мясцовасцях, дзе з-за бездарожжа або стану надвор'я немагчыма карыстацца іншымі відамі транспарту. У гістарычным мінулым быў распаўсюджаны вельмі шырока. @

Халоднае марское цячэнне, гарызантальны рух вады з тэмпературай ніжэйшай, чым у навакольных водах адкрытага акіяна. Звычайна накіраваны з высокіх шырот у нізкія або з раёнаў распрэснення паверхневых водаў акіяна. Таму яны нясуць воды паніжанай салёнасці. @

Халодная паветраная маса, паветраная маса, якая рухаецца ў больш цёплае асяроддзе. Звычайна выклікае пахаладанне, потым праграваецца ад адносна цёплай паверхні і набывае няўстойлівую стратыфікацыю. Гэта садзейнічае інтэнсіўнаму развіццю кучавых і кучава-дажджавых воблакаў і выпадзенню ліўневых ападкаў. @

Халцэдон (грэч. chalkēdón ад назвы старажытнага г. Халкедон на ўзбярэжжы Мрамарнага мора), мінерал, скрытакрышталічная паўпразрыстая разнавіднасць кварцу. Асноўны пародаўтваральны мінерал крэменяў, яшмы, крамяністых сланцаў. Колер разнастайны (у залежнасці ад дамешкаў): ружовы і жоўты (сердалік), чырвона-буры (сардзер), зялёны (хрызапраз), блакітны (сапфірын) і інш. Усе разнавіднасці халцэдону выкарыстоўваюцца як ювелірныя і вырабныя камяні. У Беларусі трапляецца ў верхнепратэразойскіх базальтах і карбанатных адкладах дэвону і мелу. @

Хальказін (ад грэч. chalkós медзь; медны блішчак), мінерал, сульфід медзі; адна з асноўных састаўных частак медных руд (змяшчае да 80% медзі). Крохкі. Непразрысты. Утварае свінцова-шэрыя суцэльныя масы, зерні, налёты, скарынкі. Паходжанне яго гіпергеннае, радзей гідратэрмальнае. У Беларусі трапляецца ў гнейсах і гранітоідах крышталічнага фундамента. @

Халькапірыт (ад грэч. chalkós медзь + пірыт; медны калчадан), адзін з самых пашыраных медных мінералаў, сульфід медзі і жалеза; найважнейшая медная руда. Утварае бліскучыя латунна-жоўтыя суцэльныя масы і ўкрапанікі, зярністыя агрэгаты, радзей крышталі. У Беларусі ў выглядзе ўкрапанікаў або пражылак трапляецца ў крышталічным фундаменце Беларускай антэклізы, радзей - сярод дэвонскіх вапнякоў і даламітаў Прыпяцкага прагіну. @

Хамада (гамада), у шырокім паняцці - назва любых камяністых пустынь; у вузкім - камяністыя пустыні Сахары (Паўночная Афрыка), размешчаныя на плато, якія складзены са шчыльных карэнных парод (вапнякоў, пясчанікаў) і пакрытыя дробным друзам. @

Хамсін (араб., літаральна - пяцьдзесят), вельмі гарачы (часта за 40°C) і сухі амаль штармавы вецер пераважна паўднёвых і паўднёва-заходніх румбаў на паўночным усходзе Афрыкі і ў сумежных краінах Бліжняга Усходу. Доўжыцца каля 50 дзён, звычайна ў сакавіку-траўні. Пераносіць шмат пяску і пылу, часта суправаджаецца міражамі і фата-марганай. @

Харматан, паўночна-ўсходні пасат, які дзьме ў сухі перыяд года (з лістапада да сакавіка) з Сахары да Гвінейскага заліва і заходняга ўзбярэжжа Афрыкі на поўдзень ад 20° паўночнай шыраты. Дзьме часам 2-3 месяцы, часта бывае амаль ураганным. Адметны высокай сухасцю і запыленасцю, часам прыносіць на ўзбярэжжа шмат саранчы. @

Харчасмакавая прамысловасць, сукупнасць галін харчовай прамысловасці і некаторых іншых галін і вытворчасцей, якія не ўваходзяць у харчовую прамысловасць, але статыстыка шэрауа краін адносіць іх да яе (вытворчасць безалкагольных і спіртных напіткаў, вострых прыпраў і спецый, чаю, кавы, тытунёвых вырабаў, некаторых відаў парфумерна-касметычнай прадукцыі). @

Харчовая прамысловасць, сукупнасць галін прамысловасці па выпуску харчовай прадукцыі: мясной, малочнай, рыбнай, мукамольна-крупяной, хлебапякарнай, цукровай, кандытарскай, кансервавай, алейна-тлушчавай і інш. Асноўная асаблівасць гэтай прамысловасці - вытворчасць новых прадуктаў, іх аналагаў і харчовых дабавак, атрыманых біятэхналагічным метадам з натуральных прадуктаў. Размеркаванне галін харчовай прамысловасці арыентавана на сыравінныя зоны (цукровая, алейна-тлушчавая, кансервавая), раёны спажывання (хлебапякарная, кандытарская, малочная). Развіццё халадзільнай гаспадаркі і рэфрыжэратарнага транспарту значна пашырае магчымасці размяшчэння харчовай прамысловасці. @

Хвалі (марскія), хістальны рух воднай масы мораў і акіянаў, выкліканы прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, ветрам, зменамі атмасфернага ціску, падводнымі землетрасеннямі, вывяржэннямі вулканаў або рухам суднаў. Паводле прычын, якія іх выклікаюць, бываюць ветравыя хвалі (гл. таксама Зыб), прыліўныя і барычныя (гл. Сейшы), сейсмічныя (гл. Цунамі), карабельныя; паводле становішча ў воднай тоўшчы - паверхневыя і ўнутраныя хвалі; паводле суадносін даўжыні хвалі і глыбіні мора - кароткія і доўгія; па форме і памерах - правільныя (2-мерныя) і няправільныя (3-мерныя). Рэзкая дэфармацыя хвалі непасрэдна каля берага ўтварае прыбой. Хвалі выклікаюць згонна-нагонныя з'явы, перамешваюць тоўшчы вады і ўзбагачаюць іх кіслародам, фарміруюць пляжы. @

Хвойныя лясы, лясы з перавагай хвоі, елкі, піхты, лістоўніцы і інш. дрэў з лісцем ігольчастай або лускападобнай формы. Характэрны для паўночнай часткі ўмераных шырот Паўночнага паўшар'я. Адрозніваюць цемнахвойныя лясы і светлахвойныя лясы; у залежнасці ад геаграфічнага становішча і складу расліннасці - паўночнатаежныя, сярэднетаежныя, паўднёватаежныя, падтаежныя і шыракаліста-хвойныя. У Еўразіі ўтвараюць Еўразійскую таежную вобласць. У Беларусі яны займаюць больш за 67% укрытай лесам плошчы, пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы. @

Хемагенныя адклады (ад познагрэч. chēmeia хімія + грэч. genos род, паходжанне), асадкавыя горныя пароды, асадкі прыродных вадаёмаў, якія ўтварыліся ў выніку хімічнага асаджэння разнастайных рэчываў з раствору і намнажэння іх на дне вадаёмаў. Прадстаўлены солямі, вапнякамі, даламітамі, гіпсам і інш. У Беларусі да гэтых адкладаў належаць солі Прыпяцкага прагіну, фасфарыты, жалезістыя кварцыты, даламіты. @

Хімізацыя (сельскай гаспадаркі), шырокае выкарыстанне ў сельскай гаспадарцы мінеральных угнаенняў, хімічных сродкаў для барацьбы са шкоднікамі і пустазеллем, хваробамі культурных раслін, для павышэння пажыўнасці кармоў сельскагаспадарчай жывёлы; адзін з фактараў інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі, росту ўраджайнасці (прадукцыйнасці жывёлагадоўлі), аднаўлення ўрадлівасці глебы, росту прадукцыйнасці працы. У шэрагу выпадкаў магчымы шкодны ўплыў хімікатаў на навакольнае асяроддзе. @

Хімічнае выветрыванне, разбурэнне горных парод і мінералаў пад уздзеяннем хімічных злучэнняў (кіслароду, вуглекіслаты, солей, кіслот і шчолачаў), якія ўтрымліваюцца ў паветры, водах, глебах, горных пародах, а таксама ў выніку біяхімічных працэсаў, звязаных з жыццядзейнасцю арганізмаў. Найбольш інтэнсіўна адбываецца ва ўмовах гарачага клімату вільготных тропікаў і субтропікаў. @

Хімічная прамысловасць, галіна цяжкай прамысловасці. Да яе належаць горнахімічная прамысловасць, асноўная хімічная, мінеральных угнаенняў, палімерных матэрыялаў (вытворчасць сінтэтычнага каўчуку, сінтэтычных смол і пластычных мас, хімічных валокнаў), сінтэтычных фарбавальнікаў, бытавой хіміі, лакафарбавая, хіміка-фармацэўтычная прамысловасці. Доля хімічнай прадукцыі ў структуры прамысловасці большасці краін свету павялічваецца, асабліва вытворчасць арганічных хімікатаў і палімерных матэрыялаў з нафтахімічнай сыравіны (гл. Нафтахімічная прамысловасць). У Беларусі найбольш развіта вытворчасць мінеральных угнаенняў, хімічных валокнаў і нітак. @

Хіянасфера (ад грэч. chiōn снег + spháira шар), частка трапасферы, у межах якой на паверхні сушы пры спрыяльным становішчы рэльефу магчыма зараджэнне і існаванне снежнікаў і ледавікоў. Акружае Зямлю суцэльнай абалонкай таўшчынёй да 10 км. Верхняя мяжа хіянасферы размешчана вышэй за самыя высокія горы, ніжняя - на снегавой лініі. Языкі многіх ледавікоў, асобныя малыя ледавікі ва ўмовах павышанай канцэнтрацыі снегу цалкам размяшчаюцца ніжэй за хіянасферу. @

Хромавыя руды, прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія змяшчаюць хром у колькасцях, эканамічна выгадных для яго прамысловай здабычы. Галоўныя з іх - хромшпінеліды і сілікаты (серпенцін, хларыт і інш.), змяшчаюць больш за 45% аксіду хрому. Выкарыстоўваюцца ў металургіі для атрымання ферахрому, у хімічнай прамысловасці - солей хрому і вогнетрывалых матэрыялаў. Галоўныя радовішчы ў Расеі, ПАР і Зімбабве. @

Хутар,

1. Сельскае паселішча (аднадворнае, пазней шматдворнае) пры асваенні новых зямель.

2. На Украіне, Кубані, Доне - выселкі з сёлаў ці казацкіх станіц незалежна ад колькасці двароў у іх.

3. З развіццём капіталізму ў дарэвалюцыйнай Расеі - адасобленая сялянская сяліба на зямельным надзеле індывідуальнага карыстання. У Беларусі ў 19 ст. хутарамі часта называлі фальваркі (узніклі ў 16 ст.), у 2-й палове 19 ст. з'явіліся сялянскія хутары. @

Цалінныя землі (цаліна), прыдатныя для земляробства землі, якія ніколі або працяглы час (70-100 гадоў) не апрацоўваліся. Маюць прыродную ўрадлівасць, у адрозненне ад ворных зямель змяшчаюць павышаную колькасць гумусу, азоту і інш. элементаў жыўлення раслін, больш структурныя і ўшчыльненыя. @

Цвердалістыя лясы, вечназялёныя лясы пераважна з ксерафітных, цвердалістых парод. Характэрна склерафільнасць, слабая асіміляцыя ў летнюю засуху. Пашыраны ў субтрапічным поясе, найбольш тыповыя для Міжземнамор'я, прадстаўлены лясамі з коркавага і каменнага дубу, сунічнага дрэва, верасу, мірту і інш.; у ЗША і Чылі пераважаюць такія лясы з вечназялёнага дубу і сунічнага дрэва, у Аўстраліі - эўкаліпту, акацыі і казуарынаў. У выніку антрапагеннага ўздзеяння мяняюцца на цвердалістыя хмызнякі. @

Цвёрды сцёк (рэк), маса завіслых, донных (валакуцца па дне патоку ці перакочваюцца) і раствораных у вадзе рэчываў, якія пераносяцца ракой праз папярочнае сячэнне за пэўны перыяд часу. Колькасць наносаў сведчыць аб інтэнсіўнасці эразійных працэсаў, ступені механічнай забруджанасці вады і характарызуецца каламутнасцю вады - утрыманнем цвёрдага рэчыва ў адзінцы аб'ёму вады (у г/м3 або мг/л). Амаль усе рэкі Беларусі маюць малую каламутнасць - каля 25 г/м3. @

Цемнахвойныя лясы, хвойныя лясы з перавагай ценевынослівых хвойных дрэў - піхты, елкі, кедравай хвоі. Маюць густую крону (у параўнанні са светлахвойнымі лясамі) са шчыльным ростам ігліцы, што спрыяе слабай асветленасці і праграванню глебы і перашкаджае развіццю падлеску. Займаюць каля 20% лесаўкрытай плошчы. Пашыраны пераважна ў еўрапейскай частцы і ў гарах Усходняй Сібіры. У Беларусі па паўночнай ускраіне Палесся праходзіць паўднёвая мяжа цемнахвойных лясоў з елкі звычайнай - яловых лясоў. @

Цеплавая электрастанцыя (ЦЭС), электрастанцыя, дзе цеплавая энергія, што атрымліваецца пры згаранні якога-небудзь паліва, ператвараецца ў электрычную энергію. Адрозніваюць кандэнсацыйныя ЦЭС (выпрацоўваюць толькі электраэнергію, будуюцца амаль заўсёды непадалёку ад крыніц паліва і вады) і цеплаэлектрацэнтралі. Палівам на ЦЭС служаць буры вугаль, нафта або мазут, прыродны газ, радзей - торф, сланцы; у самастойную групу вылучаюць электрастанцыі, якія працуюць на ядзерным паліве (гл. Атамная электрастанцыя). Найбольш буйныя ЦЭС у Беларусі Лукомская і Бярозаўская. @

Цеплавы баланс зямной паверхні, сума патокаў цяпла, якія прыходзяць на зямную паверхню і адбіваюцца ад яе. Асноўныя кампаненты: радыяцыйны баланс зямной паверхні, турбулентны паток цяпла паміж зямной паверхняй і атмасферай, паток цяпла ад зямной паверхні ў глыбіню глебы або вады, затраты цяпла на выпарэнне. Суадносіны паміж імі вагаюцца ў залежнасці ад уласцівасцей подсцільнай паверхні, кліматычных умоў, перыяду года або сутак. @

Цеплавы экватар, гл. Тэрмічны экватар. @

Цеплавыя паясы (тэмпературныя паясы, тэрмічныя паясы), шыротныя паясы Зямлі з пэўнымі ўмовамі тэмпературы паветра. Звычайна вылучаюць 7 такіх паясоў: гарачы пояс у трапічных шыротах (паміж гадавымі ізатэрмамі 20°C, асобныя вобласці маюць больш за 30°C); умераныя паясы Паўночнага і Паўднёвага паўшар'яў (паміж гадавой ізатэрмай 20°C і ізатэрмай самага цёплага месяца 10°C); халодныя паясы абодвух паўшар'яў (паміж ізатэрмамі самага цёплага месяца 10°C і 0°C) і 2 паясы вечнага марозу (з ізатэрмамі ўсіх месяцаў ніжэй 0°C). @

Цеплаэлектрацэнтраль (ЦЭЦ), цеплавая электрастанцыя, якая адначасова выпрацоўвае электраэнергію і цяпло (гарачую ваду і пару). Будуецца, як правіла, каля прамысловых і камунальных спажыўцоў цяпла. Найбольш пашыраны ЦЭЦ з цеплафікацыйнымі турбінамі (камбінавана выпрацоўваюць цяпло і электраэнергію) і парагенератарамі. У Беларусі самая буйная Менская ЦЭЦ-4. @

Цёплае марское цячэнне, гарызантальны рух водаў з тэмпературай патоку вышэй, чым у адкрытым акіяне на дадзенай шырыні. Звычайна цёплыя цячэнні накіраваны з больш нізкіх шырот (раёнаў з высокім выпарэннем) у больш высокія, нясуць воды павышанай салёнасці (напрыклад, Гальфстрым, Курасіо). Маюць асабліва вялікую скорасць у раёнах, дзе нацякаюць на вельмі халодныя прыбярэжныя цячэнні, накіраваныя з Арктыкі і Антарктыкі. Гл. таксама Халоднае марское цячэнне. @

Цёплая паветраная маса, паветраная маса, якая перамяшчаецца на больш халодную подсцільную паверхню, часта ў больш высокія шыроты. Нясе пацяпленне, але сама ахалоджваецца знізу ад зямной паверхні, у яе ніжніх слаях узнікаюць малыя вертыкальныя градыенты тэмператур, утвараюцца нізкія слаістыя і слаіста-кучавыя воблакі, туманы. @

Ціхаакіянская складкавасць, эпоха найбольш інтэнсіўнага праяўлення мезазойскай складкавасці на тэрыторыі Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса Зямлі. Да абласцей Ціхаакіянскай складкавасці (мезазаідаў) належаць зоны верхаянска-чукоцкая, сіхатэ-алінская, паўночнав'етнамская, малайска-тыбецкая ў Азіі, аляскінская і кардыльерская ў Паўночнай Амерыцы. @

Цунамі (япон.), хвалі, якія ўзнікаюць на паверхні акіяна ў час моцных падводных землетрасенняў. Скорасць іх распаўсюджвання ад 50 да 1000 км/гадз, вышыня ў вобласці ўзнікнення 0,1-5 м, а каля ўзбярэжжа 10-50 м і больш. Прычыняюць разбурэнні на ўзбярэжжы, часам катастрафічныя (напрыклад, Курыльскае ў 1952 г., Чылійскае ў 1960 г., Аляскінскае ў 1964 г.). @

Цыклон (ад грэч. kyklón, які круціцца), вобласць паніжанага ціску ў атмасферы. Адрозніваюць трапічныя цыклоны і ўласна цыклоны, да якіх належыць большая частка цыклонаў зямнога шара. Апошнія ўяўляюць сабою буйныя віхры дыяметрам ад 1000 км (у пачатку развіцця) да 2000-3000 км і больш (пры яго паглыбленні). Утвараюцца ва ўмераных і палярных шыротах Паўночнага і Паўднёвага паўшар'яў пераважна на палярных і арктычных франтах атмасферных. Цыркуляцыя паветра ў віхрах накіравана ў Паўночным паўшар'і супраць, а ў Паўднёвым - па гадзіннікавай стрэлцы, з адхіленнем да цэнтра цыклону ў ніжніх слаях атмасферы. Атмасферны ціск на ўзроўні мора паніжаецца да 950-960 мбар (сярэдняе значэнне каля 1012 мбар), у розных частках цыклону адзначаюцца і тэмпературныя кантрасты. Скорасць руху цыклонаў 30-40 км/гадз, часам больш за 80 км/гадз. Над кожным паўшар'ем за год бывае некалькі соцень цыклонаў. Доўжацца ад некалькіх дзён да 1-2 тыдняў. Нясуць з сабою звычайна воблачнасць і ападкі, рэзкую перамену надвор'я. У Беларусі за год адзначаецца каля 40% дзён з цыклонамі, у снежні-лютым і траўні-ліпені каля 50%, у сакавіку і красавіку - каля 30%, у верасні каля 15%. @

Цынкавая падманка, гл. Сфалерыт. @

Цынкавыя руды, састаўная частка поліметалічных руд, радзей утвараюць самастойныя паклады. Асноўны мінерал - сфалерыт, а таксама каламін, смітсаніт і інш. Найбольшыя запасы ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі. @

Цырк (ад лац. cіrcus, літаральна - круг), гл. Кар. @

Цыркуляцыя атмасферы (ад лац. cіrculatio кручэнне; агульная цыркуляцыя атмасферы), планетарная сістэма паветраных цячэнняў над зямным шарам. У трапасферы да іх належаць пасаты, мусоны, паветраныя цячэнні, звязаныя з цыклонамі і антыцыклонамі; у верхняй трапасферы і ніжняй стратасферы - струменныя цячэнні, якія рухаюцца з вялікай скорасцю. Цыркуляцыя атмасферы - найбольш важны кліматаўтваральны працэс, які садзейнічае пераносу цяпла і вільгаці з адных рэгіёнаў у другія і вызначае характар надвор'я ў любой кропцы паверхні зямнога шара. Існаванне яе абумоўлена пераважна нераўнамерным размеркаваннем атмасфернага ціску, выкліканым у асноўным розным прытокам сонечнай радыяцыі ў тых або іншых шыротах. @

Цэаліты (грэч. zéō кіплю + lіthos камень; з-за здольнасці ўспучвацца пры награванні), група мінералаў, водныя алюмасілікаты кальцыю і натрыю, радзей барыю, стронцыю, калію і інш. Бываюць прыродныя і штучныя. Прыродныя паводле паходжання гідратэрмальныя, утвараюцца ва ўмовах невысокіх тэмператур і ціску. Бясколерныя ці белыя, жаўтаватыя, ружовыя і інш. Выкарыстоўваюцца пераважна штучныя цэаліты (пермутыты) як сарбенты для ачышчэння вады, пры фарбаванні тканін, як малекулярныя сіты, іонаабменнікі і інш. @

Цэлюлозна-папяровая прамысловасць, галіна прамысловасці па вырабе цэлюлозы, паперы, кардону, а таксама сыравіны для вытворчасці штучнага шоўку, штучнай шэрсці, корду, цэлафану, лакаў і інш. прадукцыі. Асноўная сыравіна - драўніна, салома, трыснёг, адходы дрэваапрацоўкі, макулатура. Пабочныя прадукты галіны - кармавыя дрожджы, каніфоль, шкіпінар, тлустыя кіслоты і інш. Адна з найбольш энерга- і вадаёмістых галін прамысловасці. Найбольш развіта ў Расеі, ЗША, Канадзе, Японіі, Швецыі, Фінляндыі. @

Цэментная сыравіна прыродная, асадкавыя горныя пароды, якія ўтрымліваюць у адпаведных прапорцыях вокіслы кальцыю, крэменю, алюмінію, жалеза, што вызначае асноўныя ўласцівасці цэментаў (вапнякі, мел, радзей мармур, мергель, траверцін, легкаплаўкія гліны і суглінкі). Пры неабходнасці ў сыравінную сумесь уводзяць дамешкі: кварцавыя пяскі, апоку, трэпел, баксіты, малажалезістыя гліны, багатыя жалезныя руды. Найбольшыя радовішчы цэментнай сыравіны прыроднай у Расеі, ЗША, Канадзе, Францыі, на Украіне, у Германіі, Польшчы, Чэхіі, Кітаі. @

Цяжкае машынабудаванне, сукупнасць галін машынабудавання, занятых вытворчасцю абсталявання: энергетычнага, металургічнага, нафтавага і нафтаперапрацоўчага, хімічнага, горнашахтавага, чыгуначнага, будаўніча-дарожнага, пад'ёмна-транспартнага, для прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. З'яўляецца асновай цяжкай прамысловасці і будаўніцтва. У гэтай галіне пераважаюць дробнасерыйныя і індывідуальныя вытворчасці. Поўнасцю забяспечваюць свае патрэбы ў прадукцыі цяжкага машынабудавання і большую частку сусветнага экспарту 5 краін (ЗША, Расея, Германія, Японія, Вялікабрытанія). Размяшчэнне прадпрыемстваў цяжкага машынабудавання арыентуецца пераважна на металургічную базу (Данбас на Украіне; Урал у Расеі; Рур у Германіі; раёны Чыкага і Пітсбурга ў ЗША) ці кваліфікаваныя кадры (Санкт-Пецярбург у Расеі, Пльзень у Чэхіі, Вінтэртур у Швейцарыі). @

Цяжкая прамысловасць, сукупнасць галін прамысловасці, якія выпускаюць пераважна сродкі вытворчасці. Уключае важнейшыя галіны апрацоўчай прамысловасці (чорная і каляровая металургія, разнастайнае машынабудаванне, хімічная прамысловасць і інш.), а таксама горназдабыўную прамысловасць. Прадукцыя цяжкай прамысловасці выкарыстоўваецца не толькі ў вытворчых мэтах, а і для задавальнення бытавых патрэб насельніцтва (напрыклад, легкавыя аўтамабілі, асобныя тавары культурна-бытавога прызначэння і інш.). @

Цяплічны эфект (атмасферы), гл. Парніковы эфект. @

Цясніна, вузкая глыбокая даліна са стромкімі схіламі, выпрацаваная ракой у цвёрдых карэнных горных пародах або лёсах. Цясніны могуць мець таксама тэктанічнае ці карставае паходжанне. Трапляюцца пераважна ў гарах, маюць У-падобную форму, часам схілы навісаюць над дном. Нярэдка выкарыстоўваюцца для будаўніцтва ГЭС (напрыклад, на Вахшы ў Сярэдняй Азіі, Нарыне на Цянь-Шані і інш. рэках). @

Чарназёмападобныя глебы, глебы, падобныя да чарназёмаў па колеры, вялікім утрыманні перагною, але адрозніваюцца значным грунтавым увільгатненнем, адсутнасцю карбанатаў і інш. прыкметамі. Звычайна маюць высокую прыродную ўрадлівасць. @

Чарназёмы, тып глеб лесастэпавай і стэпавай зон умераных паясоў (большая частка разарана). Фарміруюцца пад шматгадовай травяністай расліннасцю пры недахопе вільгаці ва ўмовах непрамыўнога або перыядычна прамыўнога воднага рэжыму, у асноўным на карбанатных пародах. Профіль складаецца з магутнага (бывае больш за 1 м) чорнага гумусавага гарызонту і ілювіяльна-карбанатнага гарызонту, які пераходзіць у глебаўтваральную пароду (звычайна лёс). У залежнасці ад утрымання гумусу адрозніваюць тлустыя (больш за 9% гумусу), сярэднягумусныя (6-9%) і малагумусныя (менш за 6%) чарназёмы. На чарназёмах атрымліваюць высокія і ўстойлівыя ўраджаі сельскагаспадарчых культур. Пашыраны на Украіне, у некаторых краінах Еўропы, у Манголіі, Кітаі, ЗША, Канадзе, Аргенціне. @

Частка свету, найбольшыя ўчасткі сушы, якія тэрытарыяльна ўключаюць мацерыкі або іх часткі і прылеглыя астравы. Вылучаюць 6 частак свету: Еўропу, Азію, Афрыку, Аўстралію, Амерыку, Антарктыду. Некаторыя вучоныя ў асобную «астраўную» частку свету вылучаюць Акіянію, а Паўночную і Паўднёвую Амерыку лічаць асобнымі часткамі свету. Існуе таксама падзел Зямлі на Стары Свет (Азія, Афрыка, Еўропа) і Новы Свет (Амерыка). @

Чацвярцічная сістэма (перыяд), гл. Антрапаген. @

Чорная металургія, галіна цяжкай прамысловасці, аснова развіцця машынабудавання і многіх іншых галін народнай гаспадаркі. Уключае вытворчасць чорных металаў, труб, пракату, ферасплаваў, метызаў, коксахімічную прамысловасць, другасную апрацоўку металаў і інш. (у Расеі да чорнай металургіі адносяць здабычу і абагачэнне руд). Існуе некалькі асноўных тыпаў размяшчэння чорнай металургіі: 1) чорная металургія на мясцовай сыравіне і паліве поўнага цыкла з рознымі тыпамі заводаў; 2) на базе жалезарудных рэсурсаў; 3) на базе рэсурсаў каксаўных вугалёў; 4) у партах і прыпартовых гарадах, вялікія інтэграваныя заводы на імпартнай рудзе і паліве; 5) на базе прывазной сыравіны ў вялікіх цэнтрах спажывання сталі і пракату; 6) у раёнах спажывання. Найбольшыя вытворцы прадукцыі чорнай металургіі Расея, Украіна, ЗША, Германія, Францыя, Польшча, Вялікабрытанія. @

Чорныя буры, разбурэнне і перанос моцным ветрам верхняга слоя (мае цёмную афарбоўку) глебы; адна з форм ветравой эрозіі. Характэрны пераважна для глеб стэпавай зоны. @

Чыгуначны вузел, пункт, у якім зыходзяцца або перасякаюцца некалькі чыгуначных ліній (гл. Чыгункі), са значным аб'ёмам транспартнай работы. Будуюцца з адной або некалькімі чыгуначнымі станцыямі, тэхналагічна звязанымі паміж сабою, у вялікіх гарадах маюць акружную чыгунку, якая злучае станцыі. Асноўныя функцыі чыгуначных вузлоў - пропуск транзітных паяздоў, пагрузка і выгрузка грузаў, перадача паяздоў і вагонаў паміж станцыямі вузла, перасадка пасажыраў і інш. @

Чыгуначны транспарт, транспарт для перавозкі грузаў і пасажыраў па чыгунках. Доля яго ў перавозках большасці краін свету скарачаецца (звязана з паскораным развіццём аўтамабільнага, паветранага і трубаправоднага транспарту). У Беларусі чыгуначны транспарт захоўвае важнае значэнне ў транспартнай сістэме. @

Чыгункі, шляхі зносін чыгуначнага транспарту. Уключаюць: рэйкавыя чыгункі са штучнымі збудаваннямі (масты, эстакады, тунелі), прыпыначныя пункты і вузлы з эксплуатацыйнымі збудаваннямі (вакзалы, дэпо, майстэрні), сродкамі энергазабеспячэння (кантактныя сеткі і цягавыя падстанцыі электрыфікаваных участкаў чыгунак), аўтаматыкі і тэлемеханікі (сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакіроўкі) і інш. Адрозніваюць чыгункі агульнага карыстання і прамысловага транспарту (пад'язныя пуці прамысловых прадпрыемстваў, лесавозныя, руднічныя, заводскія і інш.), гарадскія (трамвай, метро). Бываюць шырокакалейныя (у Беларусі 1520 мм, за мяжой пераважна 1435 мм, у асобных краінах 1676 мм), вузкакалейныя (1000, 914, 891, 672 мм і інш). Чыгуначны транспарт мае электрычную, дызельную (цеплавозную), турбінную і паравую цягу. Даўжыня чыгунак свету 1,3 млн. км. @

Чырванавата-бурыя глебы (апустыненых саваннаў), глебы, якія ўтвараюцца ў зоне пераходу ад саваннаў да трапічных пустынь. Развіваюцца ва ўмовах непрамыўнога воднага рэжыму, малагумусныя (менш за 1,5%), слаба дыферэнцыраваныя на гарызонты. Выкарыстоўваюцца як месцы выпасу, у земляробстве - толькі пры арашэнні. Пашыраны пераважна ў Афрыцы. @

Чырванавата-чорныя глебы (субтрапічных прэрый), глебы, якія развіваюцца пад магутнай травяністай расліннасцю ў раёнах з паўвільготным субтрапічным кліматам. Маюць магутны (20-40 см) камкавата-зярністы гумусавы гарызонт, з утрыманнем 2-5% гумусу, кіслую рэакцыю. Урадлівыя, у асноўным разараны. Пашыраны на поўначы Аргенціны, у Уругваі, Бразіліі, на поўдні ЗША. @

Чырваназёмы, тып глеб, якія фарміруюцца пад лясной расліннасцю вільготных субтропікаў і часткова пад трапічнымі саваннамі ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму. Утвараюцца пераважна на мацярынскіх пародах, багатых жалезам, чым вызначаецца іх чырвоны колер. Глебавы профіль слаба дыферэнцыраваны, утрыманне гумусу ў верхнім гарызонце 6-9%. Моцна вышчалачаныя, маюць кіслую рэакцыю. На іх вырошчваюць субтрапічныя і трапічныя культуры. Пашыраны на Каўказе (Грузія, Азербайджан), у Кітаі, В'етнаме, Японіі, на ўсходзе Аўстраліі, паўднёвым усходзе ЗША, поўдні Еўропы. @

Чырвона-бурыя глебы, глебы, якія развіваюцца пад астэпаванымі нізкатраўнымі трапічнымі саваннамі ва ўмовах перыядычна прамыўнога воднага рэжыму. Утрыманне гумусу 2-3%, на глыбіні 20-30 см ілювіяльна-карбанатны гарызонт; рэакцыя нейтральная. Колер абумоўлены высокім утрыманнем аксідаў жалеза, алюмінію, марганцу. Выкарыстоўваюцца ў асноўным як паша; пры арашэнні даюць высокія ўраджаі трапічных культур. Пашыраны пераважна ў Афрыцы, Паўночнай Аўстраліі, некаторых раёнах Паўднёвай Амерыкі. @

Чырвона-жоўтыя фералітныя глебы, глебы, якія фарміруюцца пад вільготнымі трапічнымі лясамі на фералітных корах выветрывання кіслых парод. Характэрна стракатая (чырвона-жоўтая) афарбоўка падгумусавых гарызонтаў, абумоўленая лакальным пераўвільгатненнем гэтых глеб. Пашыраны ў Паўднёвай Амерыцы, Афрыцы, Паўднёва-Усходняй Азіі. @

Чырвона-карычневыя глебы (сухіх трапічных лясоў і хмызнякоў), глебы, якія ўтвараюцца пад сухімі лістападнымі трапічнымі лясамі і хмызнякамі. Утрымліваюць да 5% гумусу. Добра выражаны ілювіяльны гарызонт. Нейтральныя. Выкарыстоўваюцца пад трапічныя культуры. Пашыраны на Бразільскім пласкагор'і, у басейнах рэк Конга і Замбезі, у цэнтральнай частцы паўвострава Індакітай. @

Чырвоная кніга, афіцыйны дакумент, які змяшчае сістэматызаваныя звесткі пра віды жывёл і раслін, што з'яўляюцца рэдкімі або знаходзяцца пад пагрозай знікнення і патрабуюць асобай аховы. У кнізе даецца анатаваны пералік відаў і падвідаў, даныя пра іх біялогію з указаннем сучаснага і мінулага пашырэння, колькасці і прычын скарачэння, асаблівасцей узнаўлення, прынятых і неабходных мерах аховы. Ёсць міжнародныя і нацыянальныя (у маштабах дзяржаў) Чырвоныя кнігі. Першыя тамы Міжнароднай чырвонай кнігі («Чырвоная кніга фактаў») былі выдадзены ў 1966 г.; у СССР Чырвоная кніга заснавана ў 1974 г. (выдадзена ў 1978 г., 2-е выданне - у 1984 г.), у Беларусі - у 1979 г. (выдадзена ў 1981 г., 2-е выданне - у 1992 г.). У Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь уключана 178 відаў жывёл і 214 відаў раслін і грыбоў. @

Чырвоны жалязняк, гл. Гематыт. @

Чырвоныя глебы (пераменнавільготных трапічных лясоў і высакатраўных саваннаў), глебы, якія ўтвараюцца ў выніку эвалюцыі фералітных глеб вільготных трапічных лясоў пасля поўнага або частковага звядзення іх чалавекам. Характэрны магутны профіль пераважна чырванаватай афарбоўкі; утрыманне гумусу ў верхніх гарызонтах 2-4%, часам да 8%; рэакцыя кіслая. Выкарыстоўваюцца ў земляробстве. Пашыраны ў тропіках Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі, Азіі і Аўстраліі. @

Чыстая прадукцыя, частка валавой прадукцыі, якая застаецца за вылікам вытворчых матэрыяльных затрат (сыравіны, матэрыялаў, паліва, энергіі, а таксама амартызацыі вытворчых асноўных фондаў). Сума чыстай прадукцыі ўсіх галін матэрыяльнай вытворчасці складае нацыянальны даход краіны. Падлічваецца па асобных галінах матэрыяльнай вытворчасці звычайна за год. @

Ювенільныя воды (ад лац. juvenilis юны), падземныя воды, якія вылучаюцца з магмы пры яе падняцці з глыбінь Зямлі ў падземную гідрасферу і ўпершыню ўключаюцца ў агульны кругаварот прыродных водаў. Утвараюцца ў выніку дэгазацыі рэчыва мантыі Зямлі пры метамарфізме і магматызме. У чыстым выглядзе ў прыродзе не трапляюцца. @

Юрская сістэма (перыяд) (юра; ад назвы гор Юра ў Францыі і Швейцарыі), другая знізу сістэма (перыяд) мезазойскай эратэмы, адпавядае сярэдняму перыяду мезазойскай эры (гл. Геахраналогія). Пачалася 185 млн. гадоў назад, доўжылася 53 млн. гадоў. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі) і 11 ярусаў. У юры ўзмацняюцца тэктанічныя рухі, асабліва на перыферыі Ціхага акіяна, фарміруюцца ўпадзіны Атлантычнага і Індыйскага акіянаў, значна праяўляецца наземны вулканізм (Усходняя Афрыка, Паўднёвая Амерыка). З адкладамі юрскай групы звязаны радовішчы вуглёў і нафты, каменнай і калійных солей, жалезных руд, фасфарытаў, у Беларусі - вапнякоў, вапняковых глін, мергеляў, бурых вуглёў і інш. @

Ядро Зямлі, цэнтральная, найбольш глыбокая геасфера Зямлі з радыусам каля 3,5 тыс. км. Падзяляецца на знешняе ядро (мяркуюць, што яно вадкае) і суб'ядро (цвёрдае). Тэмпература ў цэнтры ядра магчыма да 5000°C, шчыльнасць каля 12.500 кг/м3, ціск да 361 ГПа. Існаванне ядра абгрунтавана ў 1897 г. нямецкім сейсмолагам Э.Віхертам. Пра састаў ядра і яго паходжанне адзінай думкі няма. Магчыма, яно складаецца з жалеза (з дамешкам нікелю, серы, крэмнію і інш. элементаў) або аксідаў, якія пад уздзеяннем высокага ціску набываюць металічныя ўласцівасці. @

Янтар (ад літ. gintaras, лат. dzintars), гл. Бурштын. @

Яр (народны тэрмін, запазычаны з цюрк. мовы; роў), глыбокі са стромкімі схіламі размыў, утвораны часовымі вадасцёкамі; найбольш яскравы і небяспечны вынік воднай эрозіі глебы. Утвараюцца пры інтэнсіўных ліўневых дажджах, разворванні і апрацоўцы глебы ўдоўж схілаў, пракладцы дарог, празмерным выпасе жывёлы, знішчэнні дрэвавай і травяністай расліннасці на схілах, рэкрэацыйнай дыгрэсіі зямель і інш. Даўжыня дасягае некалькіх кіламетраў, шырыня і глыбіня - дзесяткаў метраў. Бываюць схілавыя і донныя, у раёнах з карбанатнымі глебаўтваральнымі пародамі адзначаецца падземная яравая эрозія. У Беларусі займаюць плошчу больш за 11 тыс. га, найбольш пашыраны ў раёнах развіцця лёсападобных адкладаў на Аршанска-Магілеўскай раўніне, Наваградскім, Ашмянскім і Менскім узвышшах, Мазырскай і Капыльскай градах. Сустракаюцца і іншыя значэнні тэрміна «яр»: абрывісты бераг ракі (часцей правы ў Паўночным паўшар'і), мора ці возера, уступ дна ракі ці возера, вір. Тэрмін уваходзіць у склад многіх геаграфічных назваў (напрыклад, Краснаярск). @

Яшма (араб.), крамяністая слабаметамарфізаваная асадкавая горная парода, складзеная пераважна з кварцу, халцэдону з нераўнамернымі прымесямі і інш. мінералаў (гематыту, гётыту, гідраксіду марганцу, хларыту і інш.). Цвёрдая, непразрыстая, матавая, з ракавістым зломам, афарбоўка стракатая, паласатая, плямістая. Дэкаратыўны і вырабны камень.