##ShortTitle: Тлумачальны прыназоўнікаў ##LongTitle: Тлумачальны слоўнік прыназоўнікаў ##FrontpageTitle: Тлумачальны прыназоўнікаў ##ExpandArticle: true ##Type: slo ##HTMLDescription_BEGIN Створана на падставе:
Тлумачальны слоўнік беларускіх прыназоўнікаў. Менск: Народная асвета, 1993. ISBN 5-341-00928-2
Укладальнік: Павел Шуба

Слоўнік, раскрываючы значэнні прыназоўнікаў, адкажа на дастаткова складаныя граматычныя пытанні, звязаныя з тым, калі, з якімі склонамі ўжываецца той ці іншы прыназоўнік. Узбагацяць філалагічныя веды вучняў і гісторыка-этымалагічныя даведкі. Адрасуецца вучням сярэдніх і старэйшых класаў.


##HTMLDescription_END @

а

а1, прыназ. з В. і М. Спалучэнне з прыназ. а выражае часавыя адносіны.

1. з М. Ужываецца для ўказання на дакладны або прыблізны час дзеяння, працэсу, з'явы. Пачатак сходу а чацвёртай гадзіне. Роўна а палове першай.Яны самі ўстаюць а дзевятай гадзіне, а ты ўставай нацямочку... (К.Крапіва. Пераклад з А.Чэхава). Васіль Іванавіч выехаў з сяла а самай поўначы (М.Лынькоў). Заяўляючыся зранку, гадзіне а дзесятай (Я.Скрыган). Дык хутчэй бяры драбіны, кнот з кудзелі насмалі і а шарай ты гадзіне ліхтары вакол палі (Ц.Гартны). Мы пайшлі ў поле а вясне (А.Куляшоў).

2. з В. Устар. Ужываўся для ўказання на час дзеяння; у 16-17 стст. у выразе о то [время] са значэннем 'тады', 'у той час' (з гэтага выразу паходзіць і сучаснае паўднёвабеларускае дыялектнае ото, отото са значэннем 'зараз жа', 'хутка пасля чаго-н.'). И гды вже было преде днемъ, задремалемся. А о то знагло страхъ мя огорнулъ, и туча червоная слонечная, подъ час всходу слонца (А.Філіповіч. Дыяруш. 1638-1648).

а2, прычаз. з В. і М.

1. з В. Устар. Тое ж, што і аб1 (у 4 знач.). Не пытай а міласць (Ф.Еўлашоўскі).

2. з М. Уст. і абл. Тое ж, што і аб1 (у 3 знач.). Ішлі аб'ездчыкі асобна а ўсім паведаміць падробна... (Я.Колас). Шэсць лет ужэ мінуло, як пачалі гаварыць а свабодзе мужыцкой (К.Каліноўскі). Па ўсіх акенцах анёлы стаяць, па-над дзвярмі - божая маці, думае, гадае а сім дзіцяці. А сім дзіцяці, шчо за долю даці... (запісана ў 1948 г. у Берасцейскай вобл. Радзінная паэзія. Мн., 1971). @

аб

аб1, прыназ. з В. і М. Спалучэнне з прыназ. аб выражае прасторавыя, аб'ектныя і прычынныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з В. Устар. Ужывалася для ўказання на прадмет або месца, побач з якімі што-н. размяшчаецца ці адбываецца. Другое поле на паўтары бочкі аб мяжу з яе полем (Акты Віленскай археаграфічнай камісіі, 1556 г.). (У сучаснай мове гэта значэнне захавалася толькі ў складзе прыслоўя вобруку, г.зн. 'поруч', 'побач'; параўн. у Я.Коласа: Дзе бы вобруку з галечай расквітнеў багацця цуд.)

II. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

2. з В. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, з якім хто-, што-н. збліжаецца, сутыкаецца ў працэсе руху, дзеяння: Дождж б'ецца аб хвалі ракі (М.Багдановіч). Адзежа на ім не мела пашаноўлі і догляду, у ёй заўсёды валяліся па мокрай траве і па пяску, яе рвалі аб сукі ў лясным гушчары, падсцілалі пад сябе нанач, або, яшчэ лепш, спалі ў ёй (К.Чорны). Ледзь не шаргануўшыся аб рукаў Віктаравага шыняля, прайшоў са старшынёй Шандыбовіч (А.Кулакоўскі). Васілька аж паморшчыўся ад болю, да таго нылі ногі, збітыя аб пнеўе, аб вузлаватыя карэнні дрэў на лясных сцяжынках, паколаныя аб хваёвыя шышкі, сухую ігліцу (М.Лынькоў). «Калі пашанцуе, то і з адной калодкі можна развесці пчолкі», - гаварыў Сёмка, абціраючы цыбук проста аб халат (Я.Колас).
// У прыслоўных спалучэннях адзін аб аднаго, адна аб другую і пад. указвае на ўзаемадзеянне паміж прадметамі. Цяпер... галіны застылі нерухома, але, калі вецер праходзіць над лесам, яны пачынаюць церціся адна аб другую і глуха скрыпець (Я.Колас).

3. з М. Указвае на прадмет гаворкі, думкі, пачуцця. Іван сумуе аб працы, сумуе аб каласах жытніх на сваёй паласе, аб заліўных сенажацях, аб дзецях-румзах (М.Лынькоў). Як аб табе чуюць, так аб табе і мяркуюць (прыказка). І вось я стаўлю прынцыпова і рэальна, без усякіх кампрамісаў пытанне аб тваёй адукацыі (Я.Колас). Я Купідона зноў шукаць бяруся сквапна і рухава, ды так няскладна гэта справа, што лепш аб ёй маўчаць (М.Багдановіч). Так змаўкае сям'я аб памёршым ці сыне, ці браце, дарагое імя доўга не вымаўляецца ў хаце (А.Куляшоў).

4. з В. Размоўн. Тое ж, што і з М. (у 3 знач.). Зайшла іх гутарка аб тое, чым гэты кут багаты, слаўны... (Я.Колас). Будзем лічыць, што ўмова паміж намі заключана: мы вас не вешаем, а вы абяцаеце трымацца лаяльна і падумаць аб перспектыву (К.Крапіва). А сам даўно сляпы ад слёз і ўжо забыўся аб ратунак (М.Багдановіч). Ці аб свой гонар дбайна дбалі і дабравольна, без прынук самі сабой не гандлявалі, не неслі ў петлі дум і рук? (Я.Купала). Захар Лемеш ходзіць аб тое, каб застацца старшынёю яшчэ на тры гады (Я.Колас). Тут ідзе аб тое, ці быць і далей галодным нявольнікам... (Э.Самуйлёнак).

5. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, які выступае ў якасці асновы якога-н. працэсу, дзеяння. Толькі і жыў аб надзеі. Жыць аб хлебе і вадзе.Аб адной вадзе сыт не будзеш (прыказка). Аб малаку ног не павалаку (прыказка). Гэта ты аб адной цыбулі касіў бы, каб не гэтыя тры пуды? (К.Крапіва). Гэтак нагараваліся, пакуль нажылі, цэлыя ж два гады аб посным... (там жа).

III. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

6. з В. Устар. Указвае на прычыну або падставу чаго-н. Маючы сваё мацарства, дзерлісь аб кусок раллі (В.Дунін-Марцінкевіч).

аб2, прыназ. з В. і М. Спалучэнне з прыназ. аб2 выражае часавыя і колькасныя адносіны.

I. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з В. Размоўн. Ужываецца для ўказання на адрэзак часу, у межах якога завяршаецца дзеянне. Вярнуўся з горада аб адзін дзень.Дзяўчына аб раз не паверыла воку, круціла пярсцёнкам у розныя бокі, куды ж ні пакруціць, нідзе анікога - адно толькі бачыць яго маладога! (П.Броўка).

2. з М. Тое ж, што і з В. (у 1 знач.). Раптам аб адным дні загарацца жоўтым лісцем бярозы (Я.Скрыган).

3. з В. Устар. і размоўн. Тое, што і а1 (у 2 знач.). Наказ такі, каб заўтра зрана твой брат Антось шоў да адбору, а сам Міхал аб гэту пору настройвай лыжы да сялібы - падбаць панам наконта рыбы (Я.Колас).

4. з М. Тое ж, што і а1 (у 1 знач.). Аб адзінаццатай гадзіне па ўсёй рэспубліцы маёй дажджы шумлівыя хадзілі і гром грымеў над галавой (М.Лужанін).

II. КОЛЬКАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

5. з В. Ужываецца для ўказання на колькасць. Ні мяса, ні малака, а ўсё - аб пяць пальцаў (загадка).

6. з М. Тое ж, што і з В. (гл. папярэдняе значэнне). Палка аб двух канцах. Хата аб чатырох вуглах. @

аба, прыназ. з В. і М. Тое, што і аб1 (у 2, 3 і 4 знач.). Ужываецца нерэгулярна толькі ў спалучэннях аба ўвесь (усё, усю, усе), аба ўсім (усёй, усіх) і абавязкова - у спалучэнні аба мне. □ [Зося:] - Што аба мне пытаць: не хочацца нават і ўспамінаць нічога (Ц.Гартны). [Міхал:] Яшчэ не дальш, як пазаўчора, са мною гутарыў, смяяўся [ляснічы] і аба ўсім мяне пытаўся (Я.Колас). Параўн. таксама; аба (аб) усе вуглы, аба (аб) усе каменні і пад. @

абапал, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. абапал выражае прасторавыя адносіны: прыназ. ужываецца пры ўказанні на размяшчэнне з абодвух бакоў чаго-н. Часам па лесе, што абапал выносістага шляху, пройдзецца Лясун і засвішча, застогне (М.Лупсякоў). Абапал чыгункі сенажаці з кустамі і пералескамі (А.Якімовіч). На другіх санях, абапал якіх ехалі конна казакі, сядзеў настаўнік (Я.Колас). @

ад, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. ад выражае прасторавыя, часавыя, аб'ектныя, параўнальныя, азначальныя, прычынныя адносіны, адносіны прыналежнасці і спосабу дзеяння.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры абазначэнні месца, ад якога пачынаецца рух, перамяшчэнне каго-, чаго-н.; прыназ. ад у такім знач. супрацьлеглы прыназ. да і к. Зірнуў спадылба Міколка, моўчкі адышоў ад бацькі (М.Лынькоў). Калі гаварыць праўду, то хлопцам не вельмі хацелася адыходзіць ад агню (А.Кулакоўскі). Часы суніц чырвоных, спелых адкукавалі ўдаль зязюляй, адпелі поўным голасам дзяўчыны і канулі, як канула юнацтва, і адышлі, як сталасць адыходзіць ад кошыкаў, ад стомы, ад вятроў... (А.Куляшоў).
// Для абазначэння месца, пункта, ад якога ў пэўным напрамку распаўсюджваецца, разыходзіцца, пачынаецца што-н. Мястэчка малое: ад незабрукаванай плошчы разыходзіцца шэсць вуліц (Я.Брыль).
// У злучэнні з прыназ. да (ад - да і да - ад) і другім наз. акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, перамяшчэнне і г.д. [Сенька:] - Пад самым Барысавам знялі з экспрэса маю Фаню - ездзілі мы тады ад Менска да Уладзівастока (М.Лынькоў).
// У злучэнні з прыназ. да і другім наз. ужываецца пры абазначэнні чарговасці, паслядоўнасці дзеяння. Па гэтых сцежках можна было ісці па адным чалавеку ад купіны да купіны, месцамі прабіраючыся па бярвенцах-кладках (Я.Колас).

2. Ужываецца пры абазначэнні месца, якое з'яўляецца зыходным пунктам пры вызначэнні месцазнаходжання чаго-н. Скіп'ёўскае Пераброддзе стаіць за сем кіламетраў ад вялікага мястэчка Якубавіч (К.Чорны). Шэрыя рыбкі называюцца печкурамі. Яны поўзаюць зусім блізка ад ног, ледзь не ў самыя пальчыкі торкаюць... (Я.Брыль).
// У злучэнні з прыназ. да (ад - да і да - ад) і другім наз. ужываецца для абазначэння адлегласці паміж чым-н., працягласці граніц чаго-н. Да Ганусаў ад Глухога вострава было кіламетраў пяць на ўсход - у бок пазіцыі Чырвонай Арміі (Я.Колас). Ад Быхава да Прапойска стаяла грознае войска (з нар.).

3. Ужываецца ў значэнні прыназ. каля, збоку пры абазначэнні прадмета, на мяжы з якім адбываецца дзеянне. Касіў ад ракі. Легчы ад сцяны. Забегчы ад лесу.За касцёлам ляжаў Лог, ад мястэчка забудаваны хатамі як найгушчэй, а з другога ўклону, ад поля, пабіты на гароды (Ц.Гартны).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

4. У спалучэнні з наз., які мае часавае значэнне, указвае на момант, з якога пачынаецца якое-н. дзеянне, стан і пад. Ад калыскі у нас пра Радзіму - найлепшыя думы (П.Панчанка). Вісарыён Коркія жыў у Тбілісі ад самай вясны (Э.Самуйлёнак). Хоць дванаццаць год ад роду, гаспадарыць ён [Сымонка] удала (П.Броўка).
// У злучэнні з прыназ. да (ад - да і да - ад) і другім наз. ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога адбываецца дзеянне, захоўваецца стан і пад. Ад вясны вясёлай, ранняй да восені позняй пяе поле трактарамі весела, пагрозна (Я.Купала). «Будзь здарова!» - кажу школе, сам - на луг, у лес, у поле. Там я з пугай-дратаванкай аж да вечара ад ранку, покуль мой атрад рагаты не захоча зноў дахаты (К.Крапіва).

5. Пры паўтарэнні наз. з часавым значэннем утварае прыслоўныя спалучэнні, якія ўказваюць на характар працякання дзеяння - перыядычнасць, паслядоўнасць, нарастанне інтэнсіўнасці яго і г.д. Год ад году.Пад самым вільчыкам час ад часу пераклікаюцца сонныя ластаўкі (І.Навуменка).

6. Ужываецца пры абазначэнні прыметы прадмета па часу яго ўзнікнення. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 11 кастрычніка 1938 г.

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

7. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з'явы, ад якіх зыходзіць што-н. Ад мазаля тая радасць ідзе, ад работы (М.Лынькоў). Ад сонца Даніку не цёпла - цёпла ад бацькавага салдацкага башлыка, ад вялікага, з чужых плячэй, паўкажушка, ад хады па глыбокай сцежцы (Я.Брыль).
// Ужываецца пры абазначэнні асобы, пад уздзеянне якой падпадае другая асоба ці прадмет. Мне часта пападала ад сястры, але, улучыўшы хвілінку, я забываўся пра кару і зноў уцякаў (Я.Скрыган).

8. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, ад якога аддзяляецца што-н. Ад сасны адламалася вялікая галіна і павісла над галовамі (І.Шамякін). Ад неба адарваўся і зямлі не дастаў (прыказка). У Міці адлягло ад сэрца (І.Навуменка).
// Пры ўказанні на цэлае, ад якога засталася толькі частка. Ад залатой рукі першай у вёсцы жняі і праллі засталася толькі кукса (Я.Брыль).

9. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, з'яву і пад., ад якіх пазбаўляюцца, якія ліквідуюцца дзеяннем, выражаным кіруючым словам. Ачысціцца ад пылу.Вон, няпрошаныя госці, ад радзімае зямлі! (П.Броўка).

10. Ужываецца пры абазначэнні з'явы, стану, супроць якіх, для папярэджання якіх выкарыстоўваецца што-н. А далей - сівізна ляжа дымам, нас ад старасці будуць лячыць (П.Панчанка). Ад старасці ды ад смерці няма лекаў на свеце (прыказка). Сёння не памогуць лекі ад урокаў, ні твае малітвы да зары, не засну, як даўна, поўначчу глыбокай з сінякрылым рэхам у бары (М.Танк). [Міхась:] - Мама шмат якія расліны ведае. Яна нават збірае іх. Тая, кажа, ад горла, а тая ад жывата (А.Чарнышэвіч).

11. Ужываецца пры ўказанні на грамадскае асяроддзе, арганізацыю, ад імя якіх дзейнічае, выступае хто-н. Гаварылі выбарныя ад сялян. Вынесці падзяку ад усяго калектыву. Выступіць ад групы сяброў.

12. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу, з'яву, з якімі супастаўляюцца іншыя прадметы, асобы, з'явы. Аповесць адрозніваецца ад апавядання больш шырокім ахопам жыццёвых з'яў.

IV. АДНОСІНЫ ПАРАЎНАННЯ.

13. Абл. Ужываецца ў знач. прыназоўніка за (звычайна пры вышэйшай і найвышэйшай ступені) пры ўказанні на прадмет, з якім у нейкіх адносінах параўноўваецца другі прадмет. Не марна мы таілі мару - яна збылася: у прасцяг, ярчэй ад полымя пажару, над Менскам зноў узняўся сцяг... (П.Глебка). Ад усіх наскрозь адменная, я люблю цябе адну, і цябе ніякім ценем я, ні дакорам не крану (А.Астрэйка). Пакінем спадчыну мы для патомкаў інакшую ад той, што ўзялі мы ад продкаў на абломках гісторыі сваёй (Я.Купала).

V. АЗНАЧАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

14. Ужываецца пры ўказанні на цэлае, асобнай часткай якога з'яўляецца прадмет, названы кіруючым назоўнікам. Ключы ад кватэры. Струны ад гітары.Матка ўставала, ставіла самавар, раздзьмухваючы яго старой халяўкай ад ботаў (М.Лынькоў).
// Пры характарыстыцы прадмета шляхам указання на якасць, прызначэнне, крыніцу ўзнікнення яго і г.д. Цень ад бярозы. След ад калёс. Пах ад ружы.

15. У злучэнні з лічэбнікам і прыназоўнікам да з другім лічэбнікам ужываецца пры ўказанні на велічыню, узрост, вагу і г.д., якія абмяжоўваюць што-н. У сад прымаюцца дзеці ад трох да сямі год.
// У злучэнні з прыназ. да (ад - да) і другім назоўнікам або прыметнікам ужываецца пры ўказанні на поўны ахоп усіх прадметаў, уласцівасцей і г.д., пачынаючы ад дадзенага і канчаючы яшчэ якім-н. На полі былі ўсе - ад старога да малога.

VI. АДНОСІНЫ ПРЫНАЛЕЖНАСЦІ.

16. Ужываецца пры ўказанні на сферу дзейнасці асобы, названай кіруючым назоўнікам. Чалавек ад навукі. □ [Пан Мацкевіч-Цат:] Цясней нам сысціся даўно пара: вы [кат] - ад пятлі, а я - ад пяра, а працуем над супольнай справай, карыстаемся роўнаю славай (К.Крапіва). Калі ў сэрцы зіма і прасвету няма, і пакуль маім грудзям балесне, браце мой, не пытай - я ад плуга, ратай, не дзівіся, што сумныя песні (М.Васілёк).
// Пры ўказанні на грамадскае асяроддзе, арганізацыю, установу, прадстаўніком якіх з'яўляецца названая асоба. Прадстаўнік ад райкома партыі.

VII. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

17. У спалучэнні з назоўнікамі, якія выражаюць пачуцці, перажыванні, фізічныя адчуванні, ужываецца пры абазначэнні прычыны якога-н. дзеяння або стану. Дрыжаць ад холаду. Перасыхаць ад смагі. Заходзіцца ад плачу.У Лёні аж голас задрыжаў ад хвалявання (А.Кулакоўскі).

18. Ужываецца пры выражэнні падставы, матывіроўкі дзеяння або стану названага кіруючым словам. Намокнуць ад ліўню.У Хомчыка ад усмешкі прыгнуўся яго крыху дзюбаты нос, шэрыя вялікія вочы жыва забегалі (П.Пестрак). Радзіўся новы рупны дзень, ад рос, ад сонца яркі (П.Панчанка).

VIII. АДНОСІНЫ СПОСАБУ ДЗЕЯННЯ.

19. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры ўказанні на спосаб працякання дзеяння. Пісаць ад рукі. Плаціць ад сотні.Міхаіл Андронавіч раззлаваўся. - Ведаю, ведаю... Ведаеш, дык дай параду, пагавары ад душы (І.Шамякін).

20. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры Указанні на ўзаемадзеянне асоб або прадметаў. Хаваліся адзін ад аднаго. □ [Пятрусь і Рыгор] зрабілі па некалькі крокаў адзін ад другога (Ц.Гартны).

21. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры ўказанні на прадмет, з якім проціпастаўляецца другі прадмет. Адрозніваецца, як неба ад зямлі.

Ад сілы - самае большае.
Ад цёмнага да цёмнага, ад цямна да цямна - з ранку да вечара.
Ад (чыстага, шчырага, усяго) сэрца, ад сэрца - шчыра, адкрыта, чыстасардэчна. @

ада, прыназ. з Р. Размоўн. Тое, што і прыназ. ад. Звычайна ўжываецца ў спалучэнні ада дня, а часам - і ў спалучэнні ада сна (ада сну). Тым часам, здарэнні дзень ада дня несупынна ўскладняліся (Ц.Гартны). Ада дня стварэння свету так вядзецца: нібы ў бубен б'юць паэты - б'юць у сэрца (В.Вітка). Не згасла сонца! Сонца гляне, усіх падыме ада сна (М.Багдановіч). Усё чакаеш, што прырода ўстрапянецца ада сна (М.Багдановіч). Хто прыносіць нам вясну, сонцам поплаў меціць, будзіць поле ада сну? Жаваранак, дзеці (В.Вітка). @

ад імя, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Выражае аб'ектныя адносіны: мае значэнне 'будучы прадстаўніком якой-н. асобы ці калектыву, прадстаўляючы каго-, што-н.' З асаблівай прыемнасцю выступаю ад імя нашай дэлегацыі (Я.Брыль). @

адначасна з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Тое, што і адначасова з. Гэтая смерць адбылася амаль што адначасна са смерцю другога патрыёта беларускага края - пана Кандыбовіча (К.Чорны). Але дзіўна было ўсім: адначасна з сенцамі гарэла і пуня: вецер быў з боку пуні і не мог аніяк кінуць сюды агню з сянец ды і не блізка стаяла пуня ад хаты (К.Чорны). @

адначасова з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Выражае часавыя адносіны: мае значэнне 'ў адзін час з якой-н. падзеяй, з'явай, працэсам'; 'разам з чым-н.'. Вучыцца пісьму адначасова з навучаннем чытанню. @

адносна, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. адносна выражае аб'ектныя адносіны: прыназ. указвае на асобу, прадмет або паняцце, да якіх сцвярджаецца якое-н. дачыненне, пачуццё і г.д. Адносна гэтай справы яшчэ нельга нічога сказаць.У нас няма сумнення адносна адзінай ідэйнай прыроды сучаснай савецкай літаратуры сацыялістычнага рэалізму (Н.Перкін). Крытыка поглядаў Курашкевіча адносна старажытнай групоўкі ўсходнеславянскіх дыялектаў (М.Жыдовіч, Я.Рамановіч, А.Юрэвіч). @

адпаведна, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з прыназ. адпаведна выражае адносіны адпаведнасці: прыназ. ужываецца пры ўказанні на ўзгодненасць з чым-н., прыдатнасць да чаго-н., на тое, што якраз падыходзіць для дадзенага выпадку. Пан Длугошыц, кожны раз сустракаючы новага госця, выказваў усе адзнакі гаспадарскай радасці і шляхетнасці: кланяўся, ветліва паціскаў руку, кідаў тую ці іншую фразу, адпаведна выпадку ці асобе госця (Я.Колас). Адпаведна свайму густу і свайму культурнаму стану знаходзіла яна [моладзь] сабе і забаўкі (Я.Колас). Разумна карыстацца лейкай можна толькі адпаведна яе прызначэнню: льючы з шырокага ў вузкае (Я.Брыль). Адпаведна тэме адбываецца і віктарына (газ.). У 1930/31 навучальным годзе адпаведна рашэнню Савета Народных Камісараў БССР была праведзена рэарганізацыя ўніверсітэта, якая заключалася ў выдзяленні яго факультэтаў у самастойныя інстытуты (газ.). @

адпаведна з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Выражае адносіны адпаведнасці: мае значэнне 'згодна з кім-, чым-н.'. Думка асушыць Калхіду з'явілася даўно, - гаварыў Андрэй Міхайлавіч. - Яна ўмацоўвалася адпаведна з ростам тэхнікі (Э.Самуйлёнак). @

акрай, прыназ. з Р. Абл. Спалучэнне з прыназ. акрай выражае прасторавыя адносіны: прыназ. указвае на месца ці прадмет, блізка ля якога што-н. адбываецца або знаходзіцца. Стаўшы на ўзгорку, акрай каржакаватага хвойніку, відаць: чорная вежа сярэдневяковага княжага замка, шэрая касцельная вежа, зялёная царкоўная, рудая (абшарпаная бляха) былога бернардынскага кляштару (К.Чорны). Рыгор Чуйка быў акрай усіх (К.Чорны). І як сказаў, спыніўся ад нечаканасці. Яму здалося, што нешта заварушылася акрай дарогі, пад чорнаю бярозаю (К.Чорны). Чалавек, што жыве акрай таго лесу, гаварыў пасля, што ён якраз у той час хадзіў кудысьці, паставіўшы ў яго каня (К.Чорны). Стоячы акрай дарогі, ён прапусціў паўз сябе чырвонаармейскую часць... (К.Чорны). @

акрамя, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. акрамя выражае аб'ектныя адносіны.

1. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет або з'яву, за выключэннем якіх, не лічачы якіх, апрача якіх што-н. існуе ці адбываецца. У пакоі нікога не было, акрамя старой (Э.Самуйлёнак). Ёсць пахвалы, якія для разумнага чалавека горш за разгром, бо ён адчувае, што аб яго працы больш нічога нельга сказаць, акрамя агульных слоў - «добра», «варта ўвагі», «крок наперад», «уклад у навуку, літаратуру» (І.Шамякін).

2. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет або з'яву, у дадатак да якіх, звыш якіх што-н. існуе ці адбываецца. Акрамя «зайцавага хлеба», у бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў (М.Лынькоў).

Акрамя таго (акрамя ўсяго іншага) (у знач. пабочн.) - да таго ж. Акрамя таго... [вучням] хацелася адчуваць сябе незалежнымі і сталымі, і яны не заўважылі, як зноў ператварыліся ў свавольных і смяшлівых дзяцей (І.Шамякін).
Акрамя як (у знач. прысл., без кіравання склонам) - за выключэннем, не лічачы. Нічога не заставалася, акрамя як сказаць.«Вы куды?» - «Куды ж, акрамя... А вы на спачын? Не ў час выбраліся. Самы час пачынаць вайну, а вы...» (І.Мележ). @

акром, прыназ. з Р. Абл. Тое ж, што і акрамя. @

апасля, прысл. У знач. прыназ. - Р. Абл. Тое ж, што і пасля. @

апрача, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. апрача выражае аб'ектныя адносіны.

1. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет або з'яву, за выключэннем якіх, не лічачы якіх, акрамя якіх што-н. існуе ці адбываецца. Усе партызаны, апрача сакратара, былі знаёмыя людзі (І.Шамякін). Але, апрача цябе, мне няма з кім параіцца (С.Грахоўскі). Апрача нашай брыгады, [Сяргей] нікога больш не ведае (С.Грахоўскі). На вялікай прасторы не было відаць нікога, апрача цяляці, якое, заблытаўшы адну нагу ў вяроўку, шалёна скакала (К.Крапіва. Пераклад з А.Чэхава). Калі ж рэсурсы ўсе знікалі, звычайных сродкаў апрача, мы карысталіся рукамі і разумелі па вачах (А.Жаўрук).

2. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет або з'яву, у дадатак да якіх, звыш якіх што-н. існуе ці адбываецца. На папялішчы, апрача печы, тырчалі шкілеты абгарэлых жалезных ложкаў (А.Якімовіч).

3. У знач. прысл. За выключэннем, не лічачы. «Хто гэта «яны»?» - «Ну, Даніла з сынам. Апрача больш няма каму» (К.Крапіва).

Апрача таго (у знач. пабочн.) - акрамя таго, да таго ж.
Апрача як (у знач. прысл., без кіравання склонам) - за выключэннем, не лічачы. Іншага ратунку не было, апрача як схавацца. @

апроч,

1. Прыназ. з Р. Тое ж, што і апрача (у 1 і 2 знач.). [Міхал] не знаў улады над сабою апроч зямельнай той улады (Я.Колас). Кнігі ўсе, апроч псалтыра, вы аддайце Грышку (Я.Колас). Апроч таго, што не было ў ёй шруб... дык яшчэ і нажы былі павышчэрбліваны і восі паскручваны (К.Чорны). Не знае зямля вартых подзвігу [...] сплаваў металу, апроч сэрцаў людскіх, апроч песні... (М.Танк). Нарэшце думка яго падышла да таго, што ён, мусіць, ранены. А датуль ён быў змарнелы, стомлены, ад утрапення не еў колькі дзён і, апроч раны, яго яшчэ кантузіла (К.Чорны). Апроч усяго, Аўгіння ўмела накіроўваць справу так, што верх заставаўся за ёю (Я.Колас). Апроч таго, я ў бога прашу зусім нямнога... (К.Крапіва).

2. У знач. прысл. Тое ж, што і апрача (у 3 знач.). Нічога не скажаш, апроч: век жыві і век вучыся (І.Грамовіч).

Апроч таго (у знач. пабочн.) - тое, што і апрача таго. Апроч таго, ён як бы да гэтага падрыхтаваны... (К.Чорны).
Апроч як (у знач. прысл., без кіравання склонам) - тое, што і апрача як. Ніякім чынам нельга было выйсці, апроч як праз акно. @

апрыч, прыназ. з Р. Устар. і абл. Тое ж, што і апрача. Перш-наперш царская сям'я бярэ штогод 16 мільёнаў рублёў апрыч даходаў з зямлі сваёй, а вы гляньце, сколькі зямлі скарбовай у кожным уездзе ёсць, - і апрыч мейсц, дзе капаюць зялеза, соль, золата, і другіх даходаў (ананімн. гутарка «Дзядзька Антон...»). @

асобна ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'ў баку ад каго-н.'. 'ізалявана ад каго-, чаго-н.'. Пана Крулеўскага вялі асобна ад салдат (Я.Колас). @

без, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. без выражае аб'ектныя, азначальныя і акалічнасныя адносіны.

I. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры ўказанні на тое, што дзеянне адбываецца пры адсутнасці, без удзелу каго-, чаго-н. Працаваць без машын.Найбольш складаная і адказная частка работы зроблена без Міхася (Я.Брыль).

2. Адпавядае словам: акрамя, за выключэннем, не лічачы. Ганна хутчэй зачыніла дзверы за сабой - і без таго маркотна, хоць ты плач (І.Мележ).

II. АЗНАЧАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

3. Ужываецца ў апісанні прадмета (з'явы, паняцця) пры ўказанні на адсутнасць у ім часовай або пастаяннай прыметы, выражанай назоўнікам роднага склону. Лес без канца і краю. Работа без прымусу.А што гэта за даліна ды без рэха, а зялёная ляшчына без арэхаў, ручаіна без жывой крутой вадзіцы, лугавіна без духмянай медуніцы (М.Танк).

4. Пры словах, якія абазначаюць меру або колькасць, указвае, колькі не хапае да поўнай меры. Без чвэрці гадзіна. Без малога год. Кілаграм без дзесяці грамаў.Роўна без дваццаці восем вечара... пачуўся громкі голас (Я.Колас).

III. АКАЛІЧНАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

5. У злучэнні з некаторымі назоўнікамі ўтварае прыслоўныя спалучэнні, якія выражаюць спосаб дзеяння і іншыя акалічнасці. Завянуць без пары. Сохнуць без вады. Прабіцца без шуму.Мікалай Патапавіч... даваў парады хоць і без ахвоты, але шчыра (А.Кулакоўскі).

Без дай рады, без дай прычыны - без прычыны. Дзівіла яго [каня] толькі адно: чаму гэта гаспадары без дай прычыны ўздумалі прагульвацца на ім у лес, ды яшчэ ў такую познюю пару? (К.Крапіва).
Без жартаў - на самай справе, сур'ёзна.
Без ліку, без меры - вельмі шмат.
Не без гэтага - і гэта бывае.
Не без таго - бывае і так.
Не без (чаго) - тое, што і з чым-н., але з меншай ступенню сцверджання. Не без прычыны страшна зрабілася Міхасю: былі яны якраз недалёка ад Кірылавай магілы (Я.Колас). @

бліз, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. бліз выражае прасторавыя адносіны: прыназ. указвае на месца, дзе адбываецца дзеянне. Па індыйскіх дарогах гараць яны, па маньчжурскіх палях палаюць, бліз вялікага Ніла іскрацца яны - буйнай сілай змагання агні (П.Броўка). @

блізка, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Размоўн. Спалучэнне з прыназ. блізка выражае прасторавыя, часавыя адносіны і адносіны прыблізнасці.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры ўказанні на блізкае размяшчэнне каля каго-, чаго-н. Блізка горнай рэчкі Сарыярві жыў сабе ды гаспадарыў Паво (М.Багдановіч). Сеў каля паваленай яліны блізка сцежкі, што ў гушчар вядзе (А.Вольскі). Для гэтага яна [Паўлоўская] ужо цяпер павінна трымацца блізка фронта, на ўсходзе, блізка ўсходняга гарадка (К.Чорны). Нікога нідзе на свеце яна не заўважала блізка сябе (К.Чорны).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца для ўказання на час, незадоўга перад якім што-н. адбываецца. Калі прыехалі на месца, было ўжо блізка вечара (К.Чорны).

III. АДНОСІНЫ ПРЫБЛІЗНАСЦІ.

3. Ужываецца пры ўказанні на недакладную колькасць. У гэтым выданні прадстаўлена блізка тысячы песенных нумароў, але пераважная большасць іх, на вялікі жаль, дадзена ў больш або менш удалым перакладзе на польскую мову (Н.Гілевіч).

Блізка што - амаль што.
І блізка няма - зусім няма. Сімон, які ведаў, што важных дакументаў і блізка няма... цяжка ўздыхнуў (Э.Самуйлёнак).
І ні блізка; ні блізка; ані блізка - ні ў якім разе, ні за што.
Прымаць (браць) блізка да сэрца - зацікаўлена адносіцца. @

блізка (бліжэй) ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'на недалёкай адлегласці ад каго-, чаго-н.'. Блізка ад нашай вёскі цячэ рэчка. @

блізка (бліжэй) да, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'недалёка ў напрамку да каго-, чаго-н.'. Блізка да горада цягнік запаволіў свой ход.Па ўсёй вёсцы стаяў густы водар збажыны, яблык і мёду. Нават вецер не мог разагнаць яго, гэтага водару. А бліжэй да хат пахла печаным і смажаным, ды так моцна, што аж слінкі цяклі... (І.Шамякін). @

блізка (бліжэй) к, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і блізка да. Чорны аблавухі сабака ляжаў на падлозе, блізка к сталу, і глядзеў на свайго гаспадара (П.Пестрак). Марына ў моцным узрушэнні бліжэй к танкісту падышла (Я.Колас). @

блізка (бліжэй) каля, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. з Р. Выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'недалёка ад каго-, чаго-н.', 'побач з кім-, чым-н.'. Таполя расла блізка каля хаты. @

блізка (бліжэй) ля, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і блізка (бліжэй) каля. @

блізка (бліжэй) над, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'на невялікай адлегласці вышэй каго-, чаго-н.'. Пасеяла агурочкі блізка над вадою (з народн. песні). @

блізка (бліжэй) пры, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з М. Тое ж, што і блізка (бліжэй) каля*.

* Такія прыслоўна-прыназоўнікавыя канструкцыі яшчэ не поўнасцю аформіліся ў адну функцыянальную адзінку - сродак сувязі кампанентаў словазлучэння. Можна сказаць, што такія канструкцыі знаходзяцца толькі на першай ступеньцы працэсу зрашчэння марфалагічных кампанентаў (прыслоўя і прыназоўніка) у адну функцыянальную адзінку. Таму ў далейшым падобныя спалучэнні, накшталт глыбока (глыбей) у, далёка (далей) ад, нізка (ніжэй) за і пад., падаюцца ў Слоўніку або толькі выбарачна (тыя, якія часцей сустракаюцца ў тэкстах), або зусім не пададзены. Значэнне такіх спалучэнняў лёгка выводзіцца са значэнняў тых марфалагічных кампанентаў, што ўваходзяць у склад спалучэння; фразеалагізацыі семантыкі тут звычайна яшчэ не наглядаецца. @

блізу, прыназ. з Р. Размоўн. Спалучэнне з прыназ. блізу выражае прасторавыя адносіны: прыназ. ужываецца пры ўказанні на блізкае размяшчэнне каля каго-, чаго-н. Нехта згадаў, што блізу яе [крыніцы], на самым узлессі, была магіла трох братоў (У.Дубоўка). Блізу рэчкі пан і кажа: - Ты, - кажа, - паставіш каня ды ад таго канца зойдзеш, а я буду цябе ля чыстага плёса чакаць (Я.Скрыган). @

ва, прыназ. з Р., В. і М. Тое ж, што і у. Ужываецца перад словамі, якія пачынаюцца гукам «у» (ва ўсіх, ва ўзросце, ва ўніверсітэт), а таксама ў спалучэнні ва мне.Разгарні ты, люд рабочы, сілу, волю ва ўсю шыр... (Я.Колас). Цяпер рашае гэтак: ад дажджу зайдуся, ад расы, кінуся ва ўсе бюро даведак, пазнаходжу хлопцаў адрасы (А.Куляшоў). Некаторыя не маглі стрымаць гневу і казалі, што цяпер пешаход на вуліцы можа не баяцца ні трамвая, ні тралейбуса, ні іншай машыны, акрамя «Масквіча», якога купіў вось такі грамадзянін ва ўласнае карыстанне (І.Грамовіч). @

вакол, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. вакол выражае прасторавыя адносіны: прыназ. ужываецца пры назве прадмета, месца, асобы, кругом якіх што-н. адбываецца, знаходзіцца. Бялявай стужкай вакол мястэчка віецца ў змроку, бруіцца рэчка (А.Куляшоў). Вакол старога графскага саду і парку шуміць калгасная збажына (Я.Брыль). Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць, маркотна хаджу я між іх адзінок, аж бачу - мне сіняй галоўкай ківае наш родны, забыты ў цяні васілёк (М.Багдановіч). У пачатку дваццатых гадоў было створана літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», вакол якога гуртаваліся ўсе маладыя творчыя сілы (М.Хведаровіч). @

вакола, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Абл. Тое ж, што і вокал. @

водаль, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і воддаль. @

водаль ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і воддаль ад. У той хатцы заняпалай, трошкі водаль ад сяла, бабка-знахарка жыла і жыла тым, што гадала (Я.Колас). @

воддаль, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Размоўн. Спалучэнне з прыназ. воддаль выражае прасторавыя адносіны: прыназ. ужываецца пры абазначэнні прадмета, месца і пад., у адносінах да якога вызначаецца месцазнаходжанне, становішча каго-, чаго-н. Перайшлі дарогу воддаль моста. @

воддаль ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'на некаторай адлегласці ад каго-, чаго-н.'. Дзяжуру воддаль ад маёй названай сястрыцы, нават у другім радзе апаратаў (Хв.Шынклер). Будынак сельсавета стаяў воддаль ад вёскі, між старым садам і поплавам (І.Шамякін). @

водлуг, прыназ. з Р. Устар. Тое ж, што і паводле. Прывілей атрымалі, каб тры дні штогод перад святам мёд варыць вольна, ні капшчызны, ані васковага да скарбу не плацячы. Водлуг гэтага ў Вільні за звычай стала гадзіну-другую ў бяседзе за келіхам мёду хатняга сцерці (М.Багдановіч). @

вокал, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і вакол. Бо хто калі думаў, што я жыці буду, як птушка, як вецер над нівай квяцістай, і дзівам дзівіцца вялікаму цуду, што вокал мяне так цуднее ўрачыста (Я.Купала). @

вокала, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і вокал. Сосны і вязы, дубы і асіны вокала возера вартай пасталі... (Я.Купала). @

выключаючы, дзеепрысл. У знач. прыназ. - з В. Спалучэнне з прыназ. выключаючы выражае аддзяляльныя (аблятыўныя) адносіны: прыназ. указвае на прадмет або асобу, якія выключаюцца з агульнай сукупнасці. Прыйшлі ўсе, выключаючы Антося (І.Грамовіч). @

высока над, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з прыназ. высока над выражае прасторавыя адносіны: прыназ. мае значэнне 'на значнай вышыні над чым-н.'. Высока над полем спяваў жаўранак.Блішчасты месяц, як кружок залаты, стаяў ужо высока над лесам (Я.Колас). Стаю адзін... Дзе над абрывамі высока нада мною між скал віюцца горныя арлы (П.Трус). @

высока па-над, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з прыназ. высока па-над выражае прасторавыя адносіны: прыназ. мае значэнне 'на значнай вышыні над чым-н. у якім-н. напрамку'. Высока па-над лесам ляцелі гусі.Унь там, высока па-над долам, развесіў хвост купчасты дым... (Я.Колас). @

высока ў, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з М. Спалучэнне з прыназ. высока ў выражае прасторавыя адносіны: прыназ. указвае на размешчаную ў вышыні сферу, прастору, дзе што-н. знаходзіцца, адбываецца. Высока ў небе бялелі хмурынкі.Высока ў небе дрыжалі блакітныя зоры, але ад іх не станавілася ні святлей, ні цяплей (С.Грахоўскі). @

гледзячы па, спалуч. дзеепрысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Д. ці М. Спалучэннс з прыназ. гледзячы па выражае абмежавальныя адносіны: прыназ. мае значэнне 'ўлічваючы што-н., прымаючы пад увагу што-н.'. Буду сеяць гледзячы па пагодзе. @

да, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. да выражае прасторавыя, часавыя, аб'ектныя, азначальныя, колькасныя, акалічнасныя адносіны і адносіны меры і ступені.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры ўказанні на кірунак у бок прасторавай мяжы, якой можа дасягаць рух, дзеянне, прадмет. Ісці да стала. Даехаць да горада.Хай ветры ў вушах па-вар'яцку гудуць, хай пясок скрыпіць і рыпяць суставы, але я іду, але я дайду да першай савецкай заставы (П.Панчанка). За гарой, лясочкам сонейка заснула, да сябе дзянёчак ручкай прыгарнула (А.Александровіч). Ім бліжай і бліжай да мэты дарогі - апошнія крокі да ўсёй перамогі (П.Броўка).

2. Разм. і абл. Ужываецца для ўказання на мясцовасць, населены пункт і г.д., куды накіроўваецца рух, дзеянне (пры гэтым маецца на ўвазе пранікненне ўнутр, у межы гэтага месца, пункта). Ехаць да Менска. Прыехаў да кірмашу.Ішоў кабзар да Кіева, сеў спачыць з дарогі (Я.Купала). Схадзіў ён да лесу па клён і рабіну (П.Броўка).

3. Ужываецца пры абазначэнні мяжы той адлегласці, прасторы, якая аддзяляе адзін пункт ад другога. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетры чатыры (Я.Колас).
// У спалучэнні з прыназоўнікам ад або з (ад, з - да) і другім назоўнікам акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, з'ява і г.д. Але, калі Максім ехаў дамоў, ён усю доўгую дарогу з Далёкага Усходу да Беларусі думаў пра Машу з ранейшай цеплынёй і пяшчотнасцю (І.Шамякін).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

4. У спалучэнні з назоўнікам служыць для абазначэння моманту, да якога працягваецца дзеянне, стан і пад. Чытаў да вечара. Лён палолі да вячэрняе зары.Назаўтра ён, як і заўсёды, устаў нацямочку і да падвячорка спускаў сухастой у лесе... (К.Чорны). Сёння не памогуць лекі ад урокаў, ні твае малітвы да зары, не засну, як даўна, поўначчу глыбокай з сінякрылым рэхам у бары... (М.Танк). У спалучэнні з прыназоўнікам ад або з (ад, з - да) і другім назоўнікам служыць для ўказання на прамежак часу, які аддзяляе адну з'яву ад другой або якую-н. з'яву ад пэўнага моманту. Да старту пятнаццаць хвілін. Дождж не сціхае ад рання да ночы.Распіналі нашу краіну, трызну правілі злыя агні ад часоў Францыска Скарыны да Кастрычнікавых навальніц (Ю.Лявонны). Пасуцца па начах заўсёды коні нашы. З вясны да восені - даволі-такі часу (К.Крапіва).

5. Ужываецца пры абазначэнні падзеі, з'явы, якім папярэднічае пэўнае дзеянне; адпавядае па значэнню словам: перад чым-н., раней чаго-н. Гэта было яшчэ да вайны. Уставалі да сонейка.Ён назаўтра ўстаў ранютка, аж да ўсходу сонца (Я.Колас). За колькі дзён да касавіцы касцы заглянуць на паліцы, каб малаток знайсці і бабку (Я.Колас).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

6. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з'явы і пад., да якіх што-н. адрасуецца, накіроўваецца, далучаецца, дабаўляецца. Да трох прыбавіць два.І ніхто не падасць ні паперы яму, ні чарніла, не запаліць лучыны, каб ліст напісаць да дзяўчыны (А.Куляшоў). Вайсковец даў добры вечар, пацёр рукі, падыходзячы да жанчыны, якая здзіўлена глядзела на яго, устаўшы з свайго месца (К.Чорны).

7. Ужываецца пры абазначэнні групы або катэгорыі людзей, з'яў, прадметаў і пад., да якіх належыць, адносіцца хто-, што-н. Былі і такія, якім польская акупацыя была на руку. Да такіх належаў і Васіль Бусыга (Я.Колас). Скажыце, Аляксандр Пятровіч, да якога перыяду вы адносіце сваю знаходку? (К.Крапіва).

8. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., з якімі звязана якое-н. дзеянне, стан, прымета, якасць. Стары ўжо, відаць, прывык да такіх кампрэсаў і адчуваў сябе больш-менш зручна (А.Кулакоўскі).
// Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., да якіх праяўляюцца якія-н. адносіны, пачуцці. Любоў да сына. Схільнасць да разважанняў.Кніга напісана не па праву заслуг і пакут. Толькі па праву любасці да Чалавека - які ён ёсць, які ён будзе, бо павінен быць (Я.Брыль). У Віцькавым голасе замілаванне і шчырая любоў да маці (А.Асіпенка).

9. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з'явы, у дачыненні да якіх выяўляецца прыгоднасць, прыдатнасць каго-, чаго-н. Галена Прыбыткоўская была і рухавая, і спрытная да ўсяго (К.Чорны). Яська майстар на ўсе рукі: як да сярпа, так і да кнігі (Я.Колас).
// Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з'явы, да якіх ёсць або адсутнічае патрэба, зацікаўленасць. У мяне да цябе справа.Колькі дзён не да рыбы было Сілівону (М.Лынькоў). Грамадзе было не да смеху над спалоханай кабетай (З.Бядуля).

10. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з'явы, з якімі параўноўваецца хто-, што-н. За сталом сядзяць Таня і хлопчык год трох, вельмі падобны да самога Лясніцкага (І.Шамякін). Вялікае селішча мела падабенства да сабраных разам хутараў ці да зборных выселак (К.Чорны).

11. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, з якімі сутыкаецца хто-н., змацоўваецца што-н. Прывязаць каня да плота. Прыбіць плакат да сцяны.Кавалачак дроту быў моцна прыпаяны да ланцужка (М.Лынькоў).
// У выразах адзін да аднаго, адзін да другога, ліст да ліста, сноп да снапа і пад. Паперкі зляжаліся, прысталі адна да другой (А.Асіпенка).

12. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з'явы і пад., да якіх скіравана дзеянне. Прыступіць да работы. Прыслухоўвацца да парад.Цяпер прыгледзімся да хаты, да Міхася і да Антося... (Я.Колас).
// Ужываецца пры абазначэнні выніку дзеяння. Прыйсці да згоды. Свавольства да дабра не давядзе.

13. Ужываецца пры абазначэнні таго, да чаго заклікаюць, пабуджаюць. Да новых перамог!«Да зброі!» - ціха камандуе ён [Рыжы] (Я.Колас).

14. Ужываецца ў загалоўках пры абазначэнні тэмы твора або падзеі, з'явы, з якімі звязаны змест твора. Да пытання аб рэформе правапісу. Да падзей на Бліжнім Усходзе.

IV. АЗНАЧАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

15. Ужываецца пасля назоўніка пры абазначэнні асаблівасцей або прызначэння прадмета, з'явы і пад. Пісьмо да запатрабавання.Сігнал да працы ўмомант падняў на ногі рабочых (Ц.Гартны).

V. КОЛЬКАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

16. Ужываецца пры абазначэнні меры, велічыні чаго-н. Шынель да пят. Вады ў рацэ да пояса.

17. У спалучэнні з лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні колькаснай мяжы чаго-н. Ніна гарыць, бо ноччу тэмпература падымаецца ледзь не да сарака (Я.Брыль).
// Ужываецца пры неабходнасці абазначыць колькасны рубеж, якога можа дасягаць што-н. Налічыць да сарака самалётаў. Вагою да васьмі кілаграмаў.Асабліва палюбілі беларускі тарфянік італьянскія каноплі: яны раслі такія, якіх самі італьянцы і ў вочы не бачылі - да чатырох метраў увышкі (К.Крапіва). Давучыўся ён недзе да якога класа сёмага і ў рамеснае вучылішча падаўся (С.Грахоўскі).
// У спалучэнні з прыназоўнікам ад і другім лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні велічынь, якія абмяжоўваюць што-н. Дзеці ад пяці да сямі гадоў. Ад двух да пяці.

VI. АКАЛІЧНАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

18. Ужываецца пры абазначэнні матыву, мэты якога-н. дзеяння. Імкнуцца да новых поспехаў. Прывучыць да парадку.Да бою ўсё гатова загадзя, і гром далей плыве па захадзе (А.Астрэйка).

VII. АДНОСІНЫ МЕРЫ І СТУПЕНІ.

19. Ужываецца пры ўказанні на ступень, якой дасягае дзеянне, стан. Працаваць да поту. Начысціць да бляску. Крануць да душы.Пах хвоі рабіўся яшчэ больш густым, ядраным, ён цадзіўся ў грудзі, распінаў іх да салодкай стомы (М.Лынькоў).
// У спалучэнні з асобнымі назоўнікамі ў складзе напаўфразеалагізаваных спалучэнняў служыць для абазначэння найвышэйшай ступені якога-н. дзеяння, стану. Прамокнуць да ніткі. Стаміцца да смерці.Рэзкі сівер падыхае, да касцей праймае (К.Крапіва).
// У спалучэнні з асобнымі назоўнікамі служыць для ўказання на паўнату ахопу, адпавядае па значэнню словам: усё, цалкам, поўнасцю. Выпіць да дна. Разгледзець да драбніц.На будучую восень разлічуся да капейкі (Э.Самуйлёнак).
// У спалучэнні з прыназоўнікам ад (ад - да) і другім назоўнікам ужываецца пры ўказанні на поўны ахоп якіх-н. прадметаў, якасцей і пад. Ад малога да старога. Зацікавіліся ўсе - ад настаўнікаў да вучняў.

Ад дошкі да дошкі - усё, цалкам.
Ад слова да слова - дакладна, не прапусціўшы нічога.
Ад часу да часу - калі-нікалі.
Да пабачэння - зварот пры развітанні.
Да часу, да веку і пад. - пры абазначэнні часавай мяжы. Перачакай дзе ў вернага чалавека да пары, да часу (М.Лынькоў).
Да таго ж - пры абазначэнні далучэння. Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў (Я.Колас).
Што да (каго; чаго-н.) - калі гаварыць аб кім-, чым-н. @

далёка (далей) ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. далёка (далей) ад выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'на вялікай адлегласці ад каго-, чаго-н.'. Далёка ад станцый, далёка ад мора, нібы семафоры, стаяць ветракі (А.Астрэйка). Я ведаю гэтакіх тысячы, імёны іх трэба на мармуры высекчы - яны паміраюць далёка ад дому за мару, за цалі зямлі невядомай (П.Панчанка). Ярына на полі буяла, высыпала; жыта канчала налівацца, нават на ўзгорках, далей ад лесу, на самым санцапёку, месцамі ледзь-ледзь яно запалавела (К.Чорны). @

далёка (далей) да, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. далёка (далей) да выражае часавыя адносіны: прыназ. мае значэнне 'за доўгі час да якога-н. моманту'. Прачнуўся Дубяга далёка да дня, хутчэй асядлаў баявога каня (М.Танк). @

далёка (далей) за, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з В. Спалучэнне з прыназ. далёка (далей) за выражае прасторавыя і часавыя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца для ўказання на прадмет, які знаходзіцца няблізка за чым-н. Змітрок насіў сваё імя і прозвішча недзе далёка за пазухай, разам з дакументамі... (Я.Брыль).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

2. Ужываецца для ўказання на з'яву, падзею, якія аддалены ў часе ад пэўнага моманту. Сход скончыўся далёка за поўнач (І.Шамякін). @

далёка (далей) на, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з М. Спалучэнне з прыназ. далёка (далей) на выражае прасторавыя адносіны: прыназ. мае значэнне 'на вялікай адлегласці ў кірунку на што-н.'. Фронт даўно ўжо праходзіць за намі далёка на ўсходзе, мы ж на месцы стаім на тым самым дый годзе (А.Куляшоў). @

далёка (далей) у, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з М. Спалучэнне з прыназ. далёка (далей) у выражае прасторавыя адносіны: прыназ. мае значэнне 'на вялікай адлегласці ў межах якой-н. прасторы'. Далёка ў лесе такуе цецярук... (Я.Колас). У хвалях эфіру, як мудрасць зямлі, далёка ў прасторы праз долы і горы натхнёныя словы плылі (Я.Колас). @

дзеля, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. дзеля выражае мэтавыя і прычынныя адносіны.

I. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, для якіх, у інтарэсах якіх робіцца, ажыццяўляецца што-н. Дзеля госця Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму (Я.Брыль). «Будзе тое, што будзе». - «Мала што будзе, што будзе! Гэта кепская ўцеха. Бо ўсё пайшло намарна, што я ўжо зрабіла дзеля мае ж будучыні» (К.Чорны). Дзеля пашырэння і прызнання беларускай літаратуры пісьменнік зрабіў вельмі шмат (С.Майхровіч).

2. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. [Мікуць зразумеў], што ёй Мікалай патрэбен дзеля паўнаты яе шчасця, каб жыць радасна, па-чалавецку (К.Чорны). Цяпер вось рэдка тут яны [мядзведзі], - згубілі войны ды аблавы, - тады ж па вёсках цыганы вадзілі іх дзеля забавы (К.Крапіва). Народ жадзён, бо жыве ў сціску, гатоў у вочы сыпнуць прыску, зрабіць зумыслу дзеля здзеку, не, не ўнаровіш чалавеку! (Я.Колас).

II. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

3. Устар. Ужываецца пры ўказанні на прычыну або падставу дзеяння. Падыхаўшы зранку, вецер сціх зусім; і здавалася, што ён сціх не дзеля таго, што так трэба, а сумыслу, на злосць усім тым сілам, якім таксама належала не даваць у здзек гарачыні зусім распараную зямлю і ўсё яе стварэнне (Я.Колас). З тых пор Тарас ужо не ходзіць так дужа рана па лясах, а дзеля гэтага не шкодзіць бярвенне красці па начах («Тарас на Парнасе»). Аднак дзеля таго, што людзі яе не разумеюць і, наогул, людзі - стварэнні грэшныя, недастойныя яе ўвагі і дабраты, яна ўсю сваю дабрату і клопаты аддае не ім (З.Бядуля). [Юльцы] вельмі смачна рабіць тое, чаго няможна. Маці мае дзеля гэтага вялікія клопаты (М.Лынькоў). @

дзякуючы, дзеепрысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з прыназ. дзякуючы выражае прычынныя адносіны: прыназ. мае значэнне 'з прычыны', 'з-за', 'з дапамогай'. У час палярнай ночы ўсе навуковыя назіранні праводзіліся пры электрычным святле няспынна, дзякуючы спраўнай рабоце лагернай электрастанцыі (з газет). Яна [свіння] харчавалася травой, карэннямі, пладамі, якія ёй няцяжка было даставаць з дрэў, дзякуючы свайму велізарнаму росту (К.Крапіва). Ён сцвярджае, быццам «моцна верыш, што гэтыя людзі... непераможны». А чытач хоча, каб у артыкуле не толькі што-небудзь сцвярджалася, але і пераканаўча даводзілася, каб крытык паказваў, дзякуючы якім мастацкім сродкам, з дапамогаю якіх прыёмаў дасягнуў паэт сваёй мэты і чаму яму «моцна верыш» (Б.Бур'ян). @

для, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. для выражае аб'ектныя, мэтавыя і прычынныя адносіны.

I. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, для якіх што-н. робіцца, прызначаецца. Белы лунь уцякае з узвышша-гары, пракладае дарогу для сонца (А.Александровіч). Бацькі мае цьмяна марылі аб нейкай невядомай ім лепшай долі для сваіх дзяцей (К.Чорны).

2. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, у дачыненні да якога мае значэнне, сілу тая ці іншая з'ява, якасць, стан і пад. Там пясок і камяніца - кепска для ячменя: на адну кальвінку збожжа зелля больш як жменя (Я.Колас). Для дружбы шчырасць даражэй за ветлівасць (Я.Брыль). Яшчэ ўчора ластаўкі былі, а ўжо сёння пуста каля дома. Як яны адлётваюць, калі, для людзей заўсёды невядома (А.Астрэйка).

3. Ужываецца пры абазначэнні адпаведнасці або неадпаведнасці, несуразмернасці якой-н. з'явы, падзеі, якасці і пад. з кім-, чым-н. Махнач падхапіўся залішне спрытна для сваёй камплекцыі (І.Шамякін). Часамі гэта рабілася на скорую руку, пераклады выходзілі нязграбныя, малазразумелыя, нязручныя для вымаўлення, а то і недакладныя па сэнсу (К.Крапіва). Гэта была рэч можа і не тыповая для рэвалюцыі скрозь, але натуральная тут, у гэтым гарадку... (К.Чорны).

II. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ.

4. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. Можа б вы для апетыту ўзялі кроплю? Не хочаце! Не п'яце! (К.Чорны). Для перагавораў вязні выбралі Паўла і некалькі іншых, як і ён, давераных таварышаў (Я.Брыль).
// Паказвае на прызначэнне прадмета ці асобы. Цэбар для вады.Сілівон сядзеў на ахапку сухой асакі і, каб марна не бавіць час, выстругваў зуб'е для грабляў, зацята скроб іх тоўстым шкелкам (М.Лынькоў). Зямля - невычэрпнага скарбу крыніца, на цэглу дасць гліны і для чарапіцы (Я.Колас).

III. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

5. Ужываецца пры абазначэнні прычыны, падставы якога-н. дзеяння; адпавядае па значэнню прыназ. з-за. Падмаглі жанчыны, якія гуртком сядзелі ля суседняй хаты і падышлі да нас для цікавасці (П.Пестрак).

Для адводу вачэй - з мэтай адцягнуць увагу, для прыліку.
Для прыліку - для выгляду, для стварэння патрэбнага ўражання; дзеля прыстойнасці. З'явіўся нейкі атрад на вуліцы. Пачалася страляніна (хоць стралялі, відаць, больш для прыліку) (І.Мележ). Йонас каторы раз моцна цалаваў Зосітэ, якая, хоць ёй было і прыемна, для прыліку адхіналася (П.Броўка). @

з, прыназ. з Р., В. і Т. Спалучэнне з прыназ. з выражае прасторавыя, часавыя, прычынныя, акалічнасныя, мэтавыя, азначальныя, колькасныя, аб'ектныя, абмежавальныя адносіны, адносіны сумеснасці і ўласцівасці.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з Р. Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, адкуль пачынаецца рух, дзеянне. Выйсці з хаты. Ісці з лесу.Адолеўшы клімат суровы, квітнелі густыя сады, і людзі адважнага роду выходзілі з шахт і са штолен, у скарбніцу маці-радзімы прыносілі працы плады (А.Звонак). Прыходзілі сяляне з навакольных вёсак са сваімі неадкладнымі справамі (М.Лынькоў). З зарасніку на ўзгорак успаўзала фурманка (П.Галавач).
| З геаграфічнымі назвамі. Прыслаць пісьмо з Урала. Прыехаць з Украіны.А ветры спяваюць чужынцам хаўтуры, ім некуды дзецца ад грозных байцоў, што йдуць з Украіны, Сібіры, Амура (П.Броўка).
| З назоўнікамі, якія абазначаюць месца, сферу дзейнасці. Прыехаць з камандзіроўкі. Вывесці з акружэння. Прыйсці з заняткаў.Мы напішам у тыл, каб вярталіся з эвакуацыі: просіць дом, каб хутчэй засялілі яго жыхары (А.Куляшоў).
// У спалучэнні з прыназ. на, у і паўтораным назоўнікам (ці блізкім да яго па сэнсу). Пераносіць з месца на месца. Пераязджаць з горада ў горад. Пераскокваць з купіны на купіну.Хутчэй каня яны нясуцца з агню ў агонь і праз агонь (М.Чарот).
| У некаторых устойлівых выразах: з боку на бок, з вока на вока, з пустога ў парожняе, з рук у рукі і інш. З вуснаў у вусны перадавалася страшнае слова - бандыты (Я.Скрыган). Ля дзвярэй пераміналіся з нагі на нагу чырвонаармейцы (М.Лынькоў).
// У спалучэнні з прыназ. да (з - да) ужываецца пры абазначэнні пачатковага і канцавога пунктаў распаўсюджвання дзеяння, стану, якасці або ўласцівасці. З краю да краю. З лугу да поля.Стары салдат сурова акінуў поглядам Лабановіча, змераў з ног да галавы (Я.Колас). З Ладагі да самае Анегі чутны перамовы тапароў (П.Броўка).
// Ужываецца пры абазначэнні месца, дзе знаходзіцца дзеючая асоба або прадмет і з якога што-н. чуваць, відаць. Гаварыць з трыбуны. Выглядаць з акна.«Зайдзі ў хату!» - крыкнуў з ложка Патаповіч (А.Кулакоўскі).
// Ужываецца пры абазначэнні месца або напрамку (адносна каго-, чаго-н.), дзе хто-, што-н. знаходзіцца. З аднаго боку дарогі стаяў рэдкі хвойнік, з другога - кусты ядлоўцу, а далей - арэшнік (Я.Колас).
// Ужываецца пры абазначэнні боку або напрамку, з якога дзеянне накіроўваецца на прадмет. Удар з тылу.Акно з двара не было завешана (І.Шамякін). Не з таго канца ты бярэшся за справу (М.Лынькоў).
// Са словамі бок, пазіцыя, пункт погляду і пад. ужываецца пры абазначэнні накіраванасці чыіх-н. поглядаў, адносін да каго-н., чаго-н. З вашага пункту погляду. З пазіцый перадавой навукі.Свой прысуд над існуючым грамадскім ладам і падтрымку светлых пачаткаў жыцця пісьменнік ажыццяўляў з пазіцый народнасці (В.Каваленка).
// Ужываецца пры абазначэнні прадмета або месца, з паверхні якога або ад якога што-н. аддзяляецца, знімаецца. Зняць паліто з плеч. Сарваць грушу з дрэва. Звярнуць з дарожкі.Ганна здымала накіп з вады (І.Мележ). Загадкавая ўсмешка даўно сышла з начальніцкага твару (М.Лынькоў).
| З назоўнікамі, якія абазначаюць сферу дзейнасці, заняткаў. Зняць з уліку. Звольніць з пасады.
| У некаторых устойлівых выразах: збіцца з ног, зваліцца з неба, спусціць з вока, сарвацца з прывязі, збіць з толку, збіцца з тону, сысці з рук і пад.

2. з Р. Ужываецца пры абазначэнні месца выяўлення якой-н. прыметы, якасці. Прыгожы з твару.Ганна і з натуры, і з усяго аблічча была вельмі непадобная да сваёй маладзейшай сястры (К.Чорны).

3. з Т. Ужываецца пры абазначэнні сумежнасці, блізкасці чаго-н. з кім-, чым-н. у прасторы. Там, у падсуседзях з бусламі і вераб'і, шпакі вядуцца... (Я.Колас). Параўнялася Палікарпаўна з дваром сваёй напарніцы Маланні і не ўтрымалася, заглянула ў акно (А.Кулакоўскі).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

4. з Р. Ужываецца пры абазначэнні часу, які з'яўляецца пачатковым момантам у развіцці якога-н. дзеяння, стану або ва ўзнікненні якой-н. якасці, уласцівасці. Каня яшчэ з досвітку павёў пасвіць знарок наняты хлапец (Ц.Гартны). Хто з маладосці працуе, той на старасці не шкадуе (прыказка). Свежае з начы паветра напаўнялася цеплынёю (Э.Самуйлёнак). Яшчэ з вясны, ў час перабору, сюды прывезлі пчол калоду (Я.Колас).
| У некаторых устойлівых спалучэннях: з таго часу, з той пары і пад. І з той хвіліны я афіцыйна пачаў лічыцца камандзірам гэтага атрада (К.Чорны).
// У спалучэнні з прыназоўнікамі да і па (з - да, з - па) ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога працякае дзеянне або стан. Лён палола з ранніх рос да вячэрняе зары (Я.Купала). З цямна да цямна былі калгасныя коні ў рабоце (К.Чорны). І з таго часу па сягоння мне сонцам свеціць Наднямонне (Я.Колас).
// У спалучэнні з прыназоўнікам на (з - на) ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу паміж двума днямі, датамі, у межах якога працякае дзеянне або што-н. адбываецца. З суботы на нядзелю выпаў снег. Ноччу з пятага на шостае прыехаў брат.
// У спалучэнні з прыназоўнікам на (з - на) у складзе некаторых устойлівых выразаў ужываецца пры абазначэнні нявызначанага, але блізкага часу здзяйснення чаго-н. Чакаць з дня на дзень. З хвіліны на хвіліну.Мы ляжым у лазняках і чакаем з хвіліны на хвіліну, калі скажуць нам: «Па два ў рад, на пантоны» (М.Лынькоў).
// Разам з прыназоўнікам у (з - у) у некаторых устойлівых выразах ужываецца пры абазначэнні бесперапыннасці або перыядычнасці дзеяння. З дня ў дзень. З веку ў век.З году ў год у доўгія зімовыя вечары збіраюцца ў іх [у Ладыніных] суседзі (І.Шамякін).

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні часу або падзеі, з надыходам якіх адбываецца якое-н. дзеянне, узнікае які-н. стан. З надыходам вясны прырода ажывае. □ Каб не цягнуцца у сяло, да працы ўстань з зарою (М.Танк). З сонцам уздзірайся з пасцелі, а лажыся спаць блізка не ў поўнач... (Ц.Гартны). Маленства маё скончылася з пераездам у Альбуць (М.Лужанін).
// Ужываецца пры абазначэнні рада паслядоўных момантаў, па меры надыходу якіх разгортваецца якое-н. дзеянне. Гэтая радасць расла з кожным крокам, з кожным пройдзеным кіламетрам (М.Лынькоў). Рэчка мялела з кожным годам на вачах у людзей (І.Шамякін). Замілаванасць яго [Марціна] да дзяцей з гадамі яшчэ больш вырастала (К.Чорны). А сэрца з кожным днём заве мацней к разбураным сядзібам і валокам (Я.Колас).
| У некаторых устойлівых спалучэннях: з часам, з цягам часу і пад.

III. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

6. з Р. Ужываецца пры абазначэнні прычыны якога-н. дзеяння або стану. Заспяваць з радасці. Заплакаць з гора.З крыку ён [Сымон] зусім ахрып (Я.Колас). Машкара, што збожжа ела, з маразоў падохла (К.Крапіва). Ёй, мусіць, не спалася дома, або яна ўстала досвіткам з празмернай руплівасці (К.Чорны).
| У некаторых устойлівых спалучэннях: ні з таго ні з сяго і пад.

7. з Р. і Т. Ужываецца пры абазначэнні падставы для якога-н. дзеяння або стану. З дазволу бацькоў. З пашанай да заслуг.Толеў Сівы стаяў пад паветкай адзін і, з ласкі дзядькі Антося, грэўся аўсом (Я.Брыль). З ведама Букрэя ладзіцца дзед Талаш у свой паход к Доўгаму Броду (Я.Колас). Каля крамы Максіма спынілі мужчыны, што стаялі там, павіншавалі з прыездам (І.Шамякін).

IV. АКАЛІЧНАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

8. з Р. Ужываецца пры ўказанні на спосаб ажыццяўлення дзеяння. Прадаваць з рук. Біць з пляча. Страляць з калена. Пісаць з вялікай літары.Тут у глыбу ўдарыў конь з чатырох падкоў (М.Танк). Наляцеў калючы ураган, біў у твар, хвастаў з налёту ў вочы, - быццам апалчылася пурга у саюзе з чарнатою ночы (А.Звонак).
| У некаторых устойлівых выразах: з усёй сілы, з усіх ног, біць з размаху і пад.
// З колькасным словам пры кіруемым назоўніку ўжываецца пры абазначэнні абставін, неабходных або дастатковых для ажыццяўлення чаго-н. Папасці ў мішэнь з першага стрэлу. Захмялець з адной чаркі. Закахацца з першага погляду.

9. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння або стану, якія адбываюцца адначасова з асноўным дзеяннем і характарызуюць яго. Слухаць з усмешкай. Чакаць з нецярпеннем.З трывогай з дарогі бяжыць цішыня ад гулкага поступу спелага дня (А.Александровіч). Ўгары над хвойнікам зялёным снуюцца пчолкі з ціхім звонам (Я.Колас). Маці стаяла пасярод хаты і з замілаваннем глядзела на сына (І.Шамякін).
// Ужываецца пры характарыстыцы спосабу дзеяння. Працаваць з натхненнем. Званіць з перапынкамі.Стук паўтарыўся з большай сілаю і настойлівасцю (Я.Колас). Стары з натугаю разагнуў паясніцу і падышоў да печы (А.Кулакоўскі). Вайсковыя часці адыходзілі па дарогах з боем (М.Лынькоў).

10. з Т. Ужываецца пры абазначэнні сродку, з дапамогай якога ажыццяўляецца дзеянне. Адправіць пакет з пасыльным. Змагацца са зброяй у руках.Уставай, мама, самавар стаў, бацька едзе з пасажырскім (М.Лынькоў).

11. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з'яўляецца паказчыкам паўнаты ахопу дзеяннем каго-, чаго-н. Вырваць з коранем.Укрыўшыся з галавою ад камароў, ён [Васіль] толькі прыкідваўся, што спіць (І.Мележ). Бура ломіць дубы і бярозы-сталеткі, выварочвае хвоі з карэннем (М.Чарот).

V. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ.

12. з Т. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. Звярнуцца з просьбай. Паслаць з даручэннем.Дарвідошка пайшоў у бок стайні з рапартам (Я.Колас). Зося ўжо на золку адышла апошні раз ад акна і лягла з намерам, каб заснуць (Ц.Гартны).

VI. АЗНАЧАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

13. з Р. Ужываецца пры характарыстыцы каго-, чаго-н. з боку паходжання, узнікнення і пад. Дакладчык з горада. Рыбакі з Нарачы.Зайшоў аднаго разу да іх нейкі начальнік з дэпо (М.Лынькоў).
| У некаторых устойлівых выразах: з чужога пляча, бандыт з вялікай дарогі і інш.
// Ужываецца пры абазначэнні цэлага, састаўной часткай якога з'яўляецца прадмет, названы кіруючым назоўнікам. Кола з машыны. Шнурок з чаравіка. Патрон з абоймы.

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або асобы, якіх нагадвае па велічыні другі прадмет або асоба. Зерне з фасоліну. Воз з гару.Сама зямля без гною тлуста, і надта родзіцца капуста: з вядро галоўкі вырастаюць, з трох коп кадушку накладаюць! (Я.Колас). Няхай сабе гаспадар з лапаць, абы за ім не плакаць (прыказка).

15. з Т. Ужываецца пры характарыстыцы пастаяннай ці часовай знешняй прыметы або ўнутранай якасці каго-, чаго-н. Жанчына з моднай завіўкай. Чалавек з розумам. Дом з чарапічным дахам. Дзіця з музыкальнымі здольнасцямі.Букрэй - чалавек з багатай ваеннаю практыкаю (Я.Колас). У Марыі светлыя мяккія валасы, і апранута яна ў белую з блакітнымі палоскамі сукенку (А.Кулакоўскі).

16. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які знаходзіцца ў другім прадмеце ці належыць яму і гэтым самым характарызуе яго. Кошык з ягадамі. Вядро з вадой. Паліто з адарваным гузікам.Побач ляжала яго торбачка з раструшчаным пад салдацкім ботам пеналам (М.Лынькоў). Худая кабылка цягнула мокры невад і цэбар з рыбай (Я.Колас). У баку ад іх вазы з сенам, з саломай, з кулямі (П.Галавач).

17. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, які знаходзіцца ў якім-н. становішчы або стане. Гісторыя з пісьмом. Аварыя з самалётам.Пажар з цыстэрнамі нарабіў багата клопатаў Вейсу (М.Лынькоў).

VII. КОЛЬКАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

18. з Р. Ужываецца пры абазначэнні колькасці асоб або прадметаў, якія складаюць якую-н. сукупнасць, аб'яднанне і пад. Сям'я з чатырох чалавек. Група з дзесяці вучняў.У ясны веснавы дзянёк Анцыпік і Лабановіч ехалі ў сялянскай каламажцы на хутар з трох ці чатырох двароў (Я.Колас). Зайграў самадзейны аркестр з гармоніка, трох балалаек, мандаліны, дзвюх гітар (І.Дуброўскі).

19. з В. Ужываецца для абазначэння прыблізнай меры часу, прасторы, вагі і пад. Пабыць з месяц. Прайсці з кіламетр.Яшчэ пастаяў з хвіліну і паволі рушыў у бок свайго дома (Я.Колас). А вось ворнай жа зямелькі дзесяцін ты маеш з восем (К.Крапіва). Прывезлі плужок на аднаго каня, з дзесятак кашоў (А.Кулакоўскі).
| У некаторых устойлівых спалучэннях: чорта з два і інш. Ліха з два з-за начальства паспіш (І.Шамякін).

20. з Р. Са словамі досыць, хопіць, мала і пад. ужываецца пры абазначэнні асобы, якая з'яўляецца крытэрыем меры, дастатковасці чаго-н. З мяне даволі. З яго ўсё мала.Няхай выгрызе рагуля ўсю траву, што тут ёсць, хопіць з яе (А.Кулакоўскі). Людзі проста падумалі: «Годзе з нас паданняў, зашмат іх было» (А.Куляшоў).

21. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дадатковай колькасці чаго-н. Двое сутак з паловай. Аддаць доўг з працэнтамі.
| У складзе некаторых выразаў: з гакам, з прысыпкай і пад. □ Было яму [Талашу] тады гадоў семдзесят з хвосцікам (Я.Колас).

VIII. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

22. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, паняцця, на якія накіравана дзеянне. Справіцца з заданнем. Скончыць з сяўбой. Сабрацца з думкамі.Чалавек чуў запытанне, але марудзіў з адказам (М.Лынькоў). На хвіліну прыціх, каб сабрацца з сіламі (М.Лынькоў).

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, да якіх устанаўліваюцца якія-н. адносіны іншай асобы або прадмета (падабенства, адрозненне, далучэнне, аддаленне і пад.). Зверыць копію з арыгіналам. Пазнаёміць з прыяцелем. Наладзіць сувязь з брыгадай. Разлучыцца з сям'ёй.Хіба можна раўняць мяне з такім чалавекам! (Я.Колас).
| Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія ўзаемадзейнічаюць з іншай асобай або прадметам. Бачыцца з роднымі. Сустракацца з людзьмі.Пан з панам б'ецца, а ў мужыка лоб трашчыць (прыказка). Тут верх асіны круглалісты сплятаўся з хвоямі, з дубамі (Я.Колас).
| У выразах знаёміцца з кім-н., ажаніцца з кім-н. і пад.

24. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія маюцца ў каго-н. у момант дзеяння. Ісці з кашом. Сядзець з дзіцем на руках.Антось да воза адвінуўся і зараз з торбаю вярнуўся (Я.Колас). Стары пакут усіх не знёс, уцёк у лес з сякерай вострай (М.Чарот).
| У некаторых устойлівых спалучэннях: разам з тым, ні з чым, застацца з носам і інш.
// Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, наяўнасць, прысутнасць якіх з'яўляецца прычынай якога-н. стану, з'явы. З такім сябрам не прападзём.І з вудай дзядзька шчасце мае: язёў занадзіць і кілзае (Я.Колас). Я ж быў рад новаму чалавеку, бо мне іншы раз было сумнавата з Нямком (А.Кулакоўскі).

25. з Р. Ужываецца пры абазначэнні матэрыялу, з якога зроблена што-н. Хата была зроблена з тоўстых, чыста пагабляваных бярвенняў (І.Шамякін). А няма на свеце лепшых падушак, як з гусінага пуху і пер'я (К.Чорны).

26. з Р. Ужываецца пры абазначэнні якога-н. прадмета, месца, сховішча, з якога бярэцца, выпадае, выдаляецца што-н. Рыгор дастаў з кішэні капейку і падаў яе хлапчуку (Ц.Гартны). Закіпела ў печы, і бяжыць з чыгунка на гарачую чарэнь вада (П.Галавач). Панасу памог выбрацца з астрога польскі салдат, што стаяў там на варце (Я.Колас). Работа валіцца з рук (прыказка).

27. з Р. Ужываецца пры абазначэнні крыніцы, адкуль што-н. бярэцца, паходзіць. Цытата з кнігі. Арыя з оперы.З далейшай гутаркі высветлілася, што Ганну Карлаўну мае на воку і станавы прыстаў (Я.Колас). Чаго варты быў толькі эпіграф з Ламаносава, дзе на моцнай і абаяльнай мове даўно мінулага гаварылася аб ахове лясоў (Я.Брыль). Нібыта здані з далёкай казкі з'явіліся яны перад намі (М.Лынькоў).

28. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асяроддзя, групы, адкуль хто-н. паходзіць. Ён з сялянскай сям'і.Пайшла яна замуж толькі выбіўшыся з падлеткаў (К.Чорны). Выйшлі ўсе мы з народа, дзеці заводаў і сёл (А.Куляшоў).
// Ужываецца пры ўказанні на прыналежнасць асобы або прадмета да якой-н. групы, катэгорыі па ўласцівасці або прымеце. Адным словам, здабытак не з вялікіх (М.Лынькоў). Задача была не з лёгкіх (Ц.Гартны).

29. з Р. Ужываецца пры абазначэнні якой-н. сукупнасці, адкуль бярэцца, вылучаецца якая-н. частка. Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса? («Тарас на Парнасе»). Сёе-тое з харчоў паклаў, узважыў на руку - у самы раз як занесці (М.Лынькоў). Адна з жанчын разгарнула невялікі пакунак, паказвае другім (П.Галавач). Можна было б расказаць пра кожнага з гэтых людзей (К.Чорны).

30. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія змяняюцца, робяцца якасна іншымі. З іскры разгарыцца полымя.Жыві ж, красуйся горад стольны, з руін да славы уставай! (П.Глебка). І ноч тады - з цёмнай карэльскай ночы - робіцца казачнай ноччу (М.Лынькоў). З мухі рабіць слана (прымаўка).

31. з Р. Ужываецца пры абазначэнні стану, які парушаецца, перапыняецца (звычайна з дзеясловамі выводзіць, выходзіць, выбівацца і пад.). Выбіцца з сіл. Выходзіць з сябе.Нішто не выбівае Васіля з цяперашняй жорсткай безуважнасці (І.Мележ). Кожная новая змена ў абставінах, ці яна добрая, ці благая, выводзіць чалавека з абвыклай раўнавагі (Я.Колас).

32. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з'явы, прадмета або часткі прадмета, з якіх пачынае развівацца дзеянне, стан (звычайна з дзеясловамі пачаць, пачынаць, пачацца, пачынацца і пад.). Пачаць з сябе. Дзень пачынаўся з абходу палат.А нам варта было б з зялёнага дрэва, як з лёгкай рукі, і пачынаць адраджэнне свайго калгаса (А.Кулакоўскі).

33. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з якой што-н. спаганяецца, утрымліваецца і пад. З яго спагналі штраф.Ладымер Стальмаховіч, стоячы ў дзвярах, зняў як бы сяброўскі допыт з Сымона Мікуця (К.Чорны). З авец мне карысці няма, як калісьці (К.Крапіва). Наедку як з рака (прымаўка).
// Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія служаць адзінкай разліку пры атрыманні, зборы чаго-н. Па дзесяць капеек з чалавека.Ужо ў мінулую восень ён [Захар] сабраў у сярэднім па трынаццаць цэнтнераў пшаніцы з гектара (А.Кулакоўскі).

34. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія служаць узорам для пераймання, капіравання і пад. Зняць копію з пасведчання. Перазняць з фотакарткі. Пераклад з польскай мовы. Браць прыклад са старэйшых.Не грэх і здымак зрабіць з яго, аддаць потым знаёмым карэспандэнтам (М.Лынькоў).

35. з Р. З дзеясловамі смяяцца, жартаваць, кпіць, здзекавацца, дзівіцца і пад. ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх праяўляецца якое-н. пачуццё. З каго кпіла, смяялася, таму сама дасталася (нар.). Пасмяяўся чыгун з катла (прымаўка). Хто не бачыў вялікага, з малога дзівіцца (прыказка).

IX. АБМЕЖАВАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

36. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх выяўляецца падабенства або агульнасць у чым-н. У мяне з ім няма нічога агульнага.Старшыня сельсавета адных год з Полазам, але нізкі і рухавы (І.Шамякін).

X. АДНОСІНЫ СУМЕСНАСЦІ.

37. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія сумесна з другой асобай або прадметам удзельнічаюць у якім-н. дзеянні або суправаджаюць іншую асобу, прадмет. Сцяжынкаю хлопец з дзяўчынай ідзе (М.Танк). Дубовы ліст, і хрэн, і кроп кладуць з гуркамі ў кадкі (А.Вялюгін).
// Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія разам з іншымі асобамі і прадметамі ўваходзяць у склад чаго-н. Нас з вамі дзесяць чалавек.

XI. АДНОСІНЫ ЎЛАСЦІВАСЦІ.

38. з Т. З дзеясловамі быць, адбывацца, здарацца і пад. ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія знаходзяцца ў пэўным стане, з якімі што-н. адбываецца. У словах настаўніка Антаніна Міхайлаўна адчула ноткі нейкай непрыемнасці, што здарылася з ім у дарозе (Я.Колас). Нешта муліла бок, няёмка было з рукой - садніла яна, паколвала (М.Лынькоў). Ганна па яго насцярожанасці, па голасе яго здагадалася, што было з ім [Васілём] (І.Мележ). @

за, прыназ. з В. і Т. (з Р. - устар. і дыялектн.). Спалучэнне з прыназ. за выражае прасторавыя, часавыя, аб'ектныя, мэтавыя, азначальныя, колькасныя адносіны, а таксама адносіны прычыны і падставы, прыналежнасці і параўнання.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з В. Ужываецца пры абазначэнні кірунку (куды?): у якое-н. месца, на той бок якой-н. мяжы. Паехаць за горад. Выйсці за дзверы. Засунуць за пояс. Сесці за стол. Схавацца за дрэва. Паглядаць за сяло.Вуліцай выйшла за вёску (П.Галавач). Там сонца заходзіць за гумны арцелі (А.Куляшоў).

2. з Т. Ужываецца пры абазначэнні месцазнаходжання (дзе?): у якім-н. месцы, па той бок якой-н. мяжы. Жыць за горадам. Рукавіцы за поясам. Сядзець за сталом. Пасёлак за чыгункай.Грымнуў гром за вёскаю (А.Куляшоў). За вокнамі сціхла завея (У.Хадыка). За шаўковай хусткаю вочы зорныя схавала (М.Танк).
// перан. Жыць за бацькам.Дзяцей дагадаваўся, а адпачыць некалі і няма за кім (Цётка).

3. з Т. Ужываецца пры абазначэнні арыенціра, прадмета, услед за якім рухаецца хто- або што-н. Ісці за возам. Ехаць за грузавіком.Ой, іду я малада з вадою, а ён памаленечку за мною (нар. песня). Знаёмыя людзі з'язджаліся ўслед за лістамі (А.Куляшоў).

4. перан. З назвамі прадметаў, рэчаў, прылад, інструментаў і пад. ужываецца пры ўказанні на тое, з чым звязаны занятак асобы, якая знаходзіцца каля гэтага прадмета, рэчы і пад.: а) з В. мае значэнне 'прыступіць да работы'. Сесці за кнігу. Стаць за варштат; б) з Т. мае значэнне 'быць за работай'. Сядзець за газетай. Стаяць за станком. Хадзіць за плугам.За касой паходзіць кожны (П.Броўка). Здатны ў лузе за касою! (Я.Колас).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

5. з В. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу, тэрміна, на працягу якога што-н. адбываецца. Падрос за лета. Падмарозіла за ноч. Шмат пабачыў за сваё жыццё. Намерзліся за дарогу. Справаздача за паўгода. Часопіс за 1970 год.Палеткі, пожні і бары не аббягуць за дзень вятры (П.Броўка).

6. з Т. Указвае на дзеянне, якое адбываецца адначасова, паралельна з другім дзеяннем, працэсам або з'явай. Сустракаліся за працай. Сядзелі за бяседай.За працаю дні прабягалі (А.Куляшоў). Зрадніла дружба нас, браты, не за сталом за кубкам мёду (А.Александровіч).
// перан. Ужываецца пры абазначэнні часу, перыяду, эпохі шляхам указання на з'яву, асобу, прызнак, якімі характарызуецца гэты час, перыяд ці эпоха. Жылі за прыгонам. Партызаніў за палякамі. Звазілі снапы за пагодай.
з Р. (устар. або дыялектн.). Вельмі блага было за прыгону.

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні часу: наколькі адно дзеянне адбылося раней адносна да моманту наступлення другога дзеяння. За дзень да ад'езду. За месяц перад экзаменамі.

8. з В. Ужываецца пры ўказанні на прамежах часу або на момант, цераз межы якога, звыш якога працягваецца дзеянне. Гутарка цягнулася за поўнач. Прабыў на полі аж за поўдзень. Чалавеку было за сорак гадоў.Час падходзіў за пакровы (Я.Колас).

9. з Т. Указвае на час, пасля якога або ўслед за якім што-н. адбываецца. За летам прыйшла восень. □ За гэтым вечарам працягнуліся яшчэ такія (П.Галавач).
// Ужываецца пры падкрэсліванні бесперапыннага следавання аднаго ўслед за другім. Год за годам. Дні ідуць за днямі. Кніга за кнігай.Я цэглу за цэглай у сцены ўкладаў (А.Александровіч).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

10. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія бяруць, да якіх дакранаюцца. Трымаць за руку. Схапіць за аброць. Узяць за плечы. Зачапіцца за корань. Тузануць за вяроўку. Падняць за плечы. Задушыць за горла.Як зажыцца адзінотай, за што рукі зачапіць? (П.Броўка).

11. перан. з В. Пры назвах работы, заняткаў ужываецца для абазначэння пачатку гэтай работы, заняткаў. Узяцца за працу. Сесці за ўрокі.Гаворцы час канчаецца, пара і зноў за працу (П.Броўка). Мрок радзее, святлее, цяпер за работу пара (А.Куляшоў).

12. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, стану, якія з'яўляюцца аб'ектам клопатаў, адказнасці. Адказнасць за сына. Несці адказнасць за парадак. Паручыцца за сакрэтнасць.

13. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх узнікае пачуццё радасці, сораму, страху, трывогі і пад. Радавацца за яго лёс. Сорамна за непачцівасць. Страшна за хлапчука. Хвалявацца за мужа. Балела сэрца за сына.Надзі было сорамна за гэтага настырнага хлапчука, за яго жаргон, за непачцівасць да старога чалавека (С.Грахоўскі). І ў сэрцы радасна бясконца за лёс краіны, за яе ў вяках не гаснучае сонца, за песні, што народ пяе, за мірны і бясхмарны поўдзень над беларускаю зямлёй (М.Танк).

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета абмену, куплі, продажу. Плаціць за пакупкі. Купіць за рубель. Узнагарода за сумленную працу.Я распараджуся, каб за яго навуку плацілася (К.Чорны).

15. з В. Указвае на прадмет замены, замяшчэння. Ездзіць на начлег за суседа. Адказаць за таварыша. Дарэмна стараўся за другіх.За нас ніхто не зробіць (С.Грахоўскі).
// Ужываецца пры абазначэнні роду дзейнасці, заняткаў, прафесіі, прызначэння асобы або прадмета. Быць за конюха. Быць за старшыню. Узяць за дачку. Прыняць рэзалюцыю за аснову.Калі Чапля з хаты выйшла, Журавель пашкадаваў, што пакрыўдзіў яе лішне, што за жонку не узяў (М.Танк).
// 'Замест каго-н., у якасці каго-н.'. Палічылі яе за настаўніцу. Паслаць намесніка за сябе. Выдаваў сябе за лекара.І палічылі ўсе Асла за шышку (К.Крапіва). Я за каня цягнуў хамут, а нейчы цвіў загон (П.Броўка).
◊ Столькі ж, колькі двое, трое, пяцёрка і г.д. За дваіх, за пяцярых.Адзін за дзесяць робіць груку (Я.Колас).
// Ад чыйго-н. імя, ад імя якой-н. асобы. Гаварыць за ўвесь клас. Прымаць рашэнне за каго-н. Падпішыся за сакратара.
◊ З дзеясловамі гаварыць, казаць (у значэнні 'сведчыць') ужываецца для абазначэння аб'екта мовы ці думкі. □ А ўсё гэта, разам узятае, гаварыла за пашырэнне, за далейшае развіццё той справы, пачатак якой клаў Букрэеўскі паход сумесна з партызанамі (Я.Колас).

16. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, рэчы, дзеяння ці стану, якія з'яўляюцца прадметам увагі, наглядання. Сачыць за вудай. Наглядаў за зменай колераў. Глядзець за чысцінёй. Цікаваць за хутарам. Глядзець за сынам. Назіранні за надвор'ем.Бабка ў хаце - гаспадыня, і за ўсім сама глядзіць (Я.Колас).

17. У сінтаксічна несвабодных словазлучэннях ужываецца пры абазначэнні: а) з В. - асобы, за якую сватаюцца ці выходзяць замуж. Пасваталі за каваля. Аддаць дачку за трактарыста. Пайшла замуж за суседа.Заскачу, заскачу, за старога не хачу (нар. песня); б) з Т. - асобы, якая з'яўляецца (ці з'яўлялася) мужам. Была замужам за лейтэнантам.

IV. АДНОСІНЫ ПРЫЧЫНЫ І ПАДСТАВЫ.

18. з В. Ужываецца пры абазначэнні матыву дзеяння (або стану) ці абумоўленасці прызнака. Паважаць за дасведчанасць. Караць за здраду. Адпомсціць за крыўду. Дараваць за ўсё. Рады за вас. Пахваліць ні за што.За ўсё тое, што стварылі шчыра твае людзі, ордэн Леніна сягоння твае ўквеціць грудзі (Я.Купала). За разумную дараду ты на покуць, бацька, сядзь! (Я.Колас). Даруй за слова грубае (У.Хадыка). Ты лісты мне пакінула - дзякуй за гэтае шчыры (А.Куляшоў). Ходзіць садам садоўнік, шчаслівы за працу (П.Броўка).

19. з Т. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, які выступае як перашкода для здзяйснення чаго-н., для наступлення якога-н. дзеяння ці стану (галоўнае слова звычайна з адмоўем). Не бачыць светлае хвіліны за работай. Не спаць ноч за гулянкай. За сабакамі не пачуў адказу.За дурною галавою нагам не балазе (прыказка).

V. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ.

20. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія з'яўляюцца мэтай руху ці перамяшчэння. Паляваць за вепрам. Ганяцца за ваўком. Прыйшоў за дапамогай. Цымбаліст вярнуўся за сваімі цымбаламі. Нагінаўся за кожнай ягадкай.Хто палез за агуркамі, хай той носіць пухіры (К.Крапіва).

21. з В. Пры словах са значэннем дзейнасці ў карысць каго- або чаго-н., у абарону каго- або чаго-н. ужываецца пры ўказанні на тое, дзеля чаго ці за перамогу чаго адбываецца дзеянне. Змагацца за мір. Галасаваць за прапанову. Заступацца за сябра. Змагацца за лінію партыі.Хоць хацеў бы я, не апішу бой за ўзгорак, за рэчку (А.Куляшоў).
// Ужываецца ва ўстойлівых спалучэннях выпіць за каго-н., падняць тост за каго-н. і пад. Паднімем жа чаркі сям'ёю адзінай за матак, сясцёр і братоў (П.Броўка).

VI. АЗНАЧАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

22. з Т. Указвае на наяўнасць подпісу нумару і г.д. Аркуш за нумарам сёмым. Даведка за подпісам старшыні.Дом за нумарам дваццаць чатыры, даўні сябра мой шчыры! (А.Куляшоў).

VII. КОЛЬКАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

23. з В. Ужываецца ў значэнні 'больш, чым што-н., звыш чаго-н.'. Перайшло за палову дарогі. Пераваліла за тысячу.

24. з В. Ужываецца пры абазначэнні адлегласці. Райцэнтр быў за дваццаць кіламетраў ад вёскі. Стаялі за два крокі ад дарогі.Далёка недзе, вёрст за дзвесце, можа, ёй птушка вечаровая пяе (А.Куляшоў).

VIII. АДНОСІНЫ ПРЫНАЛЕЖНАСЦІ.

25. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, якой што-н. належыць. Дзялянка за ім.Пераправа за партызанамі (К.Крапіва). Пакінуў Саўка за сабою свабоду дзеяння (Я.Колас).

26. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, для якіх характэрны тыя або іншыя ўласцівасці. Раней за ім гэтага не заўважалі.Чуў Міхась за сабою гэтыя грахі (Я.Колас).

IX. АДНОСІНЫ ПАРАЎНАННЯ.

27. з В. З прыметнікамі і прыслоўямі вышэйшай або найвышэйшай ступені параўнання ўжываецца пры ўказанні на прадмет, з прызнакам, якасцю ці ўласцівасцю якога робіцца параўнанне. Больш за тыдзень. Мацнейшы за камень. Старэйшы за настаўніка. Пазней за ўсіх. Ярчэй за сонца. Перш за ўсё.Надыходзіла восень, за восень сумнейшая (А.Куляшоў).
У знач. прыслоўя. У карысць чаго-н. Галасаваць, выступаць за. Усе паднялі рукі за - патрэбен прафсаюз!Размоўн. У знач. назоўніка. Падлічыць усе «за» і ўсе «супраць».
Размоўн. У знач. выказніка або яго часткі. Разгарэліся спрэчкі: хто - супраць, хто - за (А.Куляшоў). Я табе развіваў план удару цераз лес. Гэты чалавек, які нам можа дапамагчы. Гэта яшчэ адзін довад за (К.Крапіва).
За (з пераносам націску на прыназоўнік). Ужываецца ў рэдкіх канструкцыях, якія набліжаюцца да прыслоўяў. За лаб. За нач.Грэк са злосці за лаб смыча (К.Крапіва). Што збудуецца за дзень, раскідаюць за нач (М.Лужанін). @

за адсутнасцю, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. за адсутнасцю выражае прычынныя адносіны: прыназ. мае значэнне 'па прычыне адсутнасці'. Каля дому быў яшчэ невялікі кавалак зямлі, якім, за адсутнасцю гаспадароў сядзібы, карыстаўся адзін з суседзяў (Э.Самуйлёнак). @

за выключэннем, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. за выключэннеы выражае аблятыўныя адносіны: прыназ. мае значэнне 'не лічачы каго-, што-н.', 'выключаючы што-н. з агульнай сукупнасці'. Увесь гэты дзень, за выключэннем перапынку на абед, ...быў прызначан агляду калгаснай гаспадаркі (Я.Колас). У камедыі яны [вобразы шляхты] атрымаліся недастаткова індывідуалізаванымі, мастацкі збедненымі, хіба толькі за выключэннем аднаго Куторгі, тыпа больш яркага і самабытнага (С.Майхровіч). @

за кошт, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. за кошт выражае адносіны замяшчэння: прыназ. мае значэнне 'выкарыстоўваючы што-н. для якой-н. мэты'. Папрасіў у доўг за кошт авансу. @

замест, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. замест выражае аб'ектныя адносіны: прыназ. ужываецца для ўказання на замяшчаемы прадмет, з'яву або дзеянне. Замест лучыны засвяціліся электрычныя лямпачкі. Накрыць стол ручніком замест настольніка. Замест адказу задаць пытанне.Засвяцілі ў цемры замест той лучыны Ільічовы лямпы ветла, як вясёлкі (Я.Колас). Замест Яна сам я стану (Я.Колас). Новы гоман наўсцяж, замест «мой» громка «наш» вылятае з калгасных здаровых грудзей (Я.Колас). Бохан хлеба ляжаў на канцы доўгага, няшчыльна збітага з дошчак стала, падпёртага скрыжаванымі дошкамі, па-хатняму люба накрыты, замест настольніка, ручніком (Я.Брыль).
// У эліптычных канструкцыях ужываецца без залежнага слова, набліжаючыся па функцыі да злучніка. Ляту, нясу, адпячатваю; неяк ногі і рукі мае трасуцца і, замест у шклянкі, лью віно на белы, чысты абрус, бо не на віно гляджу... (Ядвігін Ш.). @

заместа, прыназ. з Р. Размоўн. Тое ж, што і замест. Я чуў, што ён гэтымі днямі апытваў сабе новую дзеўку заместа цябе (К.Чорны), Жонка білася вобзем і прасіла збавення, яна ногі шукала заместа крыжоў (П.Броўка). Страхі няма. Заместа столі з бярвенняў зроблены накат (М.Сурначоў). @

заміж, прыназ. з Р. Устар. і абл. Тое ж, што і замест. Ты тчэш, бязвольная рука, заміж персідскага узора цвяток радзімы васілька (М.Багдановіч). Заміж штэнфеля [шомпала] - арэхавая палка (Я.Колас). @

збок, прысл. Абл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і збоку. @

збоку, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. збоку выражае прасторавыя адносіны: прыназ. мае значэнне 'каля', 'побач з кім-, чым-н.', 'паблізу каго-, чаго-н.'. Ўверсе ж збоку яго [месяца] цеснай роднай сям'ёй зоркі з неба ўсяго міргацяць над зямлёй (Ц.Гартны). Дзед моўчкі смокча сваю самаробную арэхавую люльку на ўслоне збоку стала (А.Якімовіч). @

з боку, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. з боку выражае прасторавыя і абмежавальныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца для ўказання на месца, якое знаходзіцца ў кірунку на каго-, што-н. З боку мора дзьмуў халодны вецер (Э.Самуйлёнак).

II. АБМЕЖАВАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

2. Ужываецца для ўказання на асобу, групу асоб, да якіх хто-н. што-н. мае якія-н. адносіны, ад якіх зыходзяць якія-н. дзеянні. З боку начальства пярэчанняў няма. Сваякі з боку бацькі.З боку немцаў ушчаўся беглы агонь (І.Мележ). @

збоку ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. збоку ад выражае прасторавыя адносіны: прыназ. ужываецца пры ўказанні на прадмет ці асобу, якія знаходзяцца ў баку на некаторай адлегласці ад каго-, чаго-н. І спачатку ўбачыў толькі чалавека, які стаяў тварам да дзвярэй, збоку ад стала (І.Шамякін). З зайздрасцю пазіраў Юрка на радасць сваіх таварышаў, стоячы збоку ад іх... (Я.Колас). Многа ўсялякіх падзей, змен адбылося на яго памяці, а цяпер ён стаіць як бы збоку ад усяго і са спакоем мудраца аглядае жыццё (Я.Колас). @

з боку ад, спалуч. прыназ. з наз. і прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і збоку ад. Як на тое трэба, з боку ад сябе ён угледзеў хлапчука, які паціхутку клыпаў з другога канца вуліцы... (Ц.Гартны). @

звыш, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. звыш выражае аб'ектныя адносіны.

1. Ужываецца пры ўказанні на перавышэнне якой-н. меры, нормы, на выхад за межы чаго-н. устаноўленага. Расходаваць звыш каштарыса. Працаваць звыш плана.Даводзіцца і абціраць, і мыць, і прычэсваць чужых неданоскаў - звыш меры, абавязкаў і зарплаты (Я.Брыль).

2. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, акрамя якога ці ў дадатак да якога што-н. існуе, адбываецца. Прэмія звыш зарплаты.За адзін пастаў на варштаце выраблялася звыш сарака сурвэт (К.Чорны). Чырвоная канюшына. Звыш паўтара стагоддзяў сеюць у нашай краіне гэту бабовую расліну, якая лічыцца лепшай шматгадовай травой («На экранах Беларусі»). А звыш усяго, яшчэ і настаўніца прабрала яго (К.Чорны). @

з гадоў, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і з часу (з часоў). Вельмі адразу ж нешта пачалі прападаць яго ранейшыя прывычкі з гадоў службы ў Гальваса... (К.Чорны). @

згодна, прысл. У знач. прыназ. - з Р. і Д. Спалучэнне з прыназ. згодна выражае адносіны адпаведнасці: прыназ. мае значэнне 'ў адпаведнасці з'. Згодна ўрадавай постановы, тут мае права быць пахаваным толькі абаронца ўзбярэжжа ў трыццаць дзевятым і вызваліцель яго ў сорак пятым (Я.Брыль). Запаўняецца аддзелам кадраў згодна працоўнай кніжцы (надпіс на лістку непрацаздольнасці). @

згодна з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Тое ж, што і згодна. І тым не менш, наколькі б нерэальна, не згодна з праўдай жыцця склаліся ў паэме многія створаныя аўтарам калізіі... (С.Майхровіч). @

з дапамогай, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і пры дапамозе. @

з-за, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. з-за выражае прасторавыя і прычынныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры абазначэнні напрамку руху ці дзеяння адкуль-н., з чаго-н., з процілеглага (адваротнага) боку чаго-н. Сонца ўзнялося з-за лесу. Воўк вылецеў з-за куста. Выняў рукавіцы з-за пояса. Выглядаць з-за хвойкі. Гукаць з-за дзвярэй. Дом віднеецца з-за агароджы. Родам з-за Слуцка.Вылез месяца срэбны рог, асвяціў балота з-за хмары (А.Куляшоў). А за сцяной смяецца поле, зіяе неба з-за акна, - і думкі мкнуцца мімаволі туды, дзе расцвіла вясна (М.Багдановіч).

2. Ужываецца пры абазначэнні руху ад якога-н. прадмета, рэчы, прылады, каля якіх хто-н. знаходзіўся і з чым быў звязаны занятак гэтай асобы (параўн. за ў 4 зн.). Падняцца з-за стала пасля вячэры. Я толькі што з-за стала.

II. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

3. Ужываецца пры ўказанні прычыны або падставы дзеяння. Спрачацца з-за дробязей. Плакаць з-за ласкавага слоўка.Знайшоў адно паленца, таўсцейшае проці меры, і з-за таго паленца абярнуў увесь воз дроў (Я.Колас).
// Ужываецца пры ўказанні на асобу, якая з'яўляецца прычынай або віноўнікам чаго-н. З-за яго столькі непрыемнасцей.Гавораць, што з-за мяне вы пакінулі дзяўчыну, якая шэсць год вас чакала? (І.Шамякін).

З-за вуха. Моцна, з усяго размаху, з усёй сілы. Некалькі чалавек грэлі з-за вуха па велічэзных кавадлах (К.Чорны). @

ззаду, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. ззаду выражае прасторавыя адносіны: прыназ. мае значэнне 'месца, якое знаходзіцца за кім-, чым-н.'. Шранк забягае ззаду доўгай лінейкі і зноў, як учора, бачыць: не адстае ніхто (Я.Брыль). А ззаду ўсіх плёўся Мікіта Лазун з сынам-лесніком (П.Пестрак). @

з краю, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і скраю. З краю лесу стаяла хатка лесніка Васіля Чурылы (Я.Колас). @

злева, прысл. у знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. злева выражае прасторавыя адносіны: прыназ. указвае на месца, якое знаходзіцца ў левым баку ад каго-, чаго-н. У адным месцы дарога пайшла крыху ўгару, і злева дарогі мы ўбачылі вялікі кавалак засеянага маладога хвойнага лесу (К.Чорны). @

з ліку, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. з ліку выражае абмежавальныя адносіны: прыназ. мае вылучальнае значэнне. З ліку старшакласнікаў выдзяляюцца лепшыя гурткоўцы-інструктары (з газет). @

з мэтай, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. з мэтай выражае мэтавыя адносіны: прыназ. паказвае на мэту чаго-н. Разважныя палітычныя дзеячы на Захадзе, прыслухоўваючыся да патрабаванняў сусветнай грамадскасці, адабраюць ідэю міжнародных перагавораў з мэтай мірнага вырашэння наспеўшых пытанняў (з газет). @

з нагоды, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. з нагоды выражае адносіны падставы: прыназ. мае значэнне 'з выпадку'. Урачыстая вячэра з нагоды прыезду гасцей.Праводзіцца абрад урачыстай рэгістрацыі нованароджаных і сямейная ўрачыстасць з нагоды нараджэння дзіцяці (БелСЭ). @

з-над, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. з-над выражае прасторавыя адносіны: прыназ. ужываецца пры абазначэнні прадмета ці месца, зверху або з верхняй часткі якога накіравана дзеянне, рух. Арол прыляцеў з-над хмараў. З-над ракі даносіцца песня.Мо вецер з-над Рэйну, Дунаю тут плача заўсёды з тугі..? (М.Танк). @

знізу, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. знізу выражае прасторавыя адносіны: прыназ. указвае на месца, якое знаходзіцца ніжэй за што-н. Яна [Ганна] падалася ў цёмны калідор, прайшла паўз Парасчыны дзверы, знізу якіх вырэзвалася вясёлая палоска святла (І.Мележ). @

з-пад, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. з-пад выражае прасторавыя, аб'ектныя, генетычныя адносіны і адносіны спосабу дзеяння.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры абазначэнні прадмета ці месца (абмежаванай прасторы), знізу або з ніжняга боку якіх накіравана дзеянне, рух. Выбіцца з-пад снегу. Дастаць з-пад стала. Выцягнуць з-пад куста. Пыл курэў з-пад ног. Глядзець з-пад рукі. Зірнуць з-пад спушчаных павек. Сонца свеціць з-пад хмары.Закрасуюць з-пад снегу чырвоныя кветкі (М.Чарот). Дзве доўгія цёмна-русыя косы выбіліся з-пад чырвонай хустачкі (Я.Колас). І жаўранкі - недзе з-пад самага сонца (Я.Брыль). Выбіць з-пад ног грунт у праціўніка (Н.Ермаловіч).

2. Ужываецца пры ўказанні на кірунак руху з месца, якое знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад прадмета, названага залежным словам. Выскачыць з-пад хвойкі. Прыбегчы з-пад лесу.З-пад пільні ўсе пайшлі дарогай паміж поля і лесу (К.Чорны).
// Ужываецца пры абазначэнні населенага пункта (горада, вёскі і пад.), з раёна якога хто-н. накіроўваецца, з'яўляецца, прыходзіць і г.д. Яська, гаспадар з-пад Вільні. Вецер гнаў ільдзіны з-пад Налібок.А быў сярод нас удалец такі, Марка Балук з-пад Цернішч (Я.Колас).

II. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

3. Ужываецца пры ўказанні на прыладу, з дапамогай якой што-н. робіцца, ствараецца, атрымліваецца. З-пад разца паўзе стружка. Гукі льюцца з-пад смычка.Так з-пад яго пяра выходзілі новыя і новыя кніжкі паэзіі (В.Бурносаў).
// перан. Ужываецца пры ўказанні на вытворцу дзеяння. Выйсці з-пад яго рук.З-пад яго рук усё выходзіць вельмі спраўна (Я.Скрыган). Сілівон... выстругваў зуб'е для грабляў. Зубы выходзілі з-пад яго рук нібы точаныя (М.Лынькоў).
// перан. Ужываецца пры абазначэнні якасці чаго-н. шляхам указання на спосаб стварэння, на прыладу ці інструмент, з дапамогай якога што-н. было створана. Касцюм з-пад іголкі [г.зн. новы]. Як з-пад тапара [г.зн. дрэнна апрацаваны]. □ Гарнітур з-пад іголкі і кашуля з узорам на дзіва (П.Броўка).

4. Ужываецца пры абазначэнні якога-н. стану ці становішча, ад якога хто-, што-н. вызваляецца (звычайна ў спалучэннях з дзеясловамі выйсці, вырвацца, вызваліць, вызваліцца і пад. ці словамі з такім жа значэннем). Выйсці з-пад няволі. Уцячы з-пад расстрэлу. Вырвацца з-пад улады прыгоннікаў. Вызваленне з-пад панства. Узяць з-пад замка.Хацелася хутчэй выскачыць з-пад перастрэлкі позіркаў (С.Грахоўскі).

III. ГЕНЕТЫЧНЫЯ АДНОСІНЫ.

5. Ужываецца для характарыстыкі прадмета шляхам указання на былое прызначэнне яго як ёмішча чаго-н. Бутэлька з-пад малака. Біклага з-пад квасу. Бочка з-пад селядцоў. Вагоны з-пад вугалю.Недзе застаўся пад дажджом каля пустога вагона з-пад шчэбеню (С.Грахоўскі).

IV. АДНОСІНЫ СПОСАБУ ДЗЕЯННЯ.

6. У асобных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Украсці з-пад носу. Працавалі з-пад палкі. Вырас як з-пад зямлі. Даць параду як з-пад абуха. Глядзець з-пад лобу.Неяк усё сышлося адразу, як з-пад маланкі (К.Чорны). Адважыўся на смелы крок: з-пад носа кралю павалок! (Я.Колас). Глядзіць з-пад лоба, як воўк (прымаўка).

З-пад сучкі яйка ўкрасці - быць вельмі спрытным (звычайна пра злодзея). Лукаш табе з-пад сучкі яйка ўкрадзе (М.Лобан).
З-пад зямлі - 1. Дзесьці вельмі здалёку, глуха. Далёка, далёка, як з-пад зямлі, даносіўся сабачы брэх (Я.Колас). 2. (з дзеясловамі дастаць, прывесці, здабыць і пад.) Зрабіць што-н. амаль немагчымае. Таго Дрыля мусіш дастаць мне з-пад зямлі (К.Крапіва). А грошы будуць. Для вас з-пад зямлі дастану (К.Крапіва). @

з-пада, прыназ. з Р. Тое ж, што і з-пад. Ужываецца перад асобнымі словамі, якія пачынаюцца збегам зычных. З-пада дна. З-пада Львова.Раптам клуб вадзіцы з-пада дна ўзаўецца (Я.Колас). @

з-па-за, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. з-па-за выражае прасторавыя адносіны: прыназ. ужываецца пры ўказанні на кірунак руху з процілеглага боку, з месца, якое знаходзіцца па той бок якой-н. прасторавай мяжы. Прыйсці з-па-за чыгункі. З'явіліся з-па-за мяжы.Каб злы вораг не сваволіў, к нам не лез з-па-за мяжы, - наша шчасце, нашу долю пільна, любы, беражы (М.Сурначоў). @

з-па-над, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. з-па-над выражае прасторавыя адносіны: прыназ. ужываецца пры ўказанні на кірунак руху з прасторы, якая знаходзіцца над месцам, названым залежным словам. Ляціць з-па-над лесу. Чуваць з-па-над возера.Там, угары, дальш з-па-над Нёмна сяло глядзела зсіня-цёмна; над ім стаяў дым белаваты (Я.Колас). З-па-над бору ... пачне ўсходзіць і заводзіць сонца спацыр жыццявейны (Ц.Гартны). @

з-прад, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. з-прад выражае часавыя адносіны: прыназ. ужываецца пры абазначэнні даўно мінулага часу. З-прад веку. З-прад даўна.Бо сеяць звык ён з-прад вякоў (Я.Купала). @

з прычыны, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. з прычыны выражае прычынныя адносіны: прыназ. мае значэнне прычыны, абгрунтавання. Было трохі і смутна на сэрцы з прычычы разлукі з домам, з сям'ёю (Я.Колас). «Што ж ты так запазніўся! Унь адзін кукавіцкі даўно ўжо як дома». - «Мала што, той, можа, з прычыны мірнага дагавору, а я з лагера ўцёк яшчэ да міру з немцамі» (К.Чорны). @

з часу (з часоў), спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. з часу (з часоў) выражае часавыя адносіны: прыназ. ужываецца для ўказання на момант, з якога пачынаецца адлік часу. З часу звароту Максіма ў яе ні разу яшчэ не было такога светлага, радаснага настрою... (І.Шамякін). @

к, прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. к выражае прасторавыя, часавыя, аб'ектныя і мэтавыя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры абазначэнні кірунку руху або дзеяння ў бок якога-н. прадмета, які ўсведамляецца як прасторавая мяжа ці мэта. (Тое ж, што і да ў 1 знач.) Ісці к сыну. Зваць к сабе. Гнуць к зямлі. Хіліцца к захаду. Шлях к Берасцю.Разам з ветрам, з халадамі думак рой к нам наляціць (Я.Колас). Сялом вясковы гарманіст ідзе к дзяўчатам на вячоркі (У.Хадыка). Праз квартал ім трэба разыходзіцца - Надзі направа, а маме налева - к самай Дзвіне (С.Грахоўскі). Жыта нізка к долу нахіляецца (нар. песня). Пайшоў я назаўтра к пасевам на поле (Я.Купала). Касцы падселі к кусту (К.Крапіва). Ідуць з дзяцьмі малымі на руках к Маскве - матулі роднай - беларусы (А.Астрэйка). Я не паэта, о крый мяне божа! Не рвуся я к славе гэткай німала (Я.Купала). К вясне б маёй хацеў вярнуцца (Я.Колас).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

2. Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці дзеяння да пэўнай часавай мяжы. Дзень хіліцца к вечару. Зжаць жыта к нядзелі.Схіляецца дзень к надвячорку (Я.Колас). Збіралася к начы на дождж (К.Чорны). К канцу ночы яснее неба (К.Чорны). К зіме шыць на машыне добра ўмела (П.Галавач). К моманту вераломнага нападу нямецкіх фашыстаў на Савецкі Саюз творчасць Лынькова набыла шырокі размах (У.Агіевіч).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

3. Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці дзеяння да таго, што з'яўляецца матывам, стымулам гэтага дзеяння. (Тое ж, што і да ў 8 знач.) Званілі к абеду. Рыхтавацца к экзамену. Цяга к спакою. Імкненне к волі.К жыццю наш вольны край паўстане (М.Чарот). Клікаў ён народ свой к волі (Я.Колас).
// Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці стану, уласцівасці або дзеяння да чаго-н., сувязі ўласцівасці або прыметы з чым-н. (Тое ж, што і да ў 8 знач.) Любоў к Радзіме. Дарога к праўдзе. Зайздрасць к птушкам. След к шчасцю. Прывычны к усяму. Гатовы к бою.Шырай жа к праўдзе дарогу! (К.Крапіва). Ахвота бліжэй к дому быць (С.Грахоўскі).
// Ужываецца ва ўстойлівых спалучэннях - зняважлівых выразах, лаянцы. К чорту! К чортавай матары! Ні к чорту матары.А пайшлі вы к чорту ўсе! (І.Шамякін). Плячом пад кола таркану і к чорту воз перавярну (К.Крапіва). Усё роўна пойдзеш к чортавай матары, басяк! (Я.Колас). Станок ні к чорту матары не варт, рамонту просіць (К.Крапіва). Не малыя ж мы ўжо й самі: рай будуем свой без «папы», і паслалі папу к ... маме - прэч ад нас «святыя» лапы! (К.Крапіва). Ідзі ты к ...! - крыкнуў хмурна мельнік (К.Чорны).

4. Ужываецца пры абазначэнні далучэння да чаго-н., уключэння ў склад чаго-н., сувязі з якой-н. групай, галіной, сферай. (Тое ж, што і да ў 7 знач.) Далучыцца к большасці. Адзін к аднаму. Адносіцца к лагеру прыхільнікаў міру. Сёння мне не хочацца нікуды ісці, ды к таму ж у мяне тэрміновая работа.Усе лісточкі даўно вецер-сівер разнёс, толькі гэты лісток моцна к дрэву прырос (Я.Колас). Каласок к каласку у снапы клапатліва збірае рука (А.Астрэйка). Ды к гэтаму, разумееш, шкадавата пакуль (Ц.Гартны).

IV. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ.

5. Ужываецца пры ўказанні на мэту і прызначэнне дзеяння або прадмета. Такая арганізацыя працы вядзе к павелічэнню грашовых даходаў калгаса. Рыхтавацца к вяселлю. Печыва к гарбаце. Малако к снеданню.Як песня птушкі раніцою к жыццю ўздымае поле, гай, вось так і ты, паэт, спявай, каб вечна песня маладою жыла ў народзе (А.Александровіч). @

ка, прыназ. з Д. Ужываецца ў спалучэнні ка мне і зрэдку - перад словамі, якія пачынаюцца збегам зычных. (Тое ж, што і к у 1 і 4 знач.) Сцяпанка вельмі быстра падганяе ка мне Бірулёвы коні (К.Чорны). Прытуліся ка мне, дзяўчынка каханая! (З.Бядуля). У сорак першым, далёкім і горкім, на пераправах ішлі мы ка дну, марачы ўбачыць чырвоную зорку, хоць бы адзіную, хоць бы адну, на крыле самалёта (П.Панчанка). @

каля, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. каля выражае прасторавыя, аб'ектныя адносіны і адносіны прыблізнасці.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры абазначэнні прасторавай блізкасці; побач, паблізу каго- ці чаго-н. Бярозы стаялі каля дарогі. Рэчка цякла каля агародаў. Было завозна каля млына. Працаваў каля станка. Садок каля хаты.Брыгада сабралася каля апошняга вагона (С.Грахоўскі). Двары каля хат застаўлены драбінамі, паабрасталі дрэвамі; малыя сады каля іх паціху абсыпаюць жоўтым лісцем стрэхі гумен (К.Чорны). Яшчэ ўчора ластаўкі былі, а ўжо сёння пуста каля дома (А.Астрэйка).
// Вакол каго- ці чаго-н. Абышоў каля хаты. Лопнуў абруч каля дзежачкі.Каля яе [калектывізацыі] згуртаваны ўсе думкі, пачуцці і разрахункі практычнага сялянскага розуму (Я.Колас). Маці каля дачок увесь час круцілася (П.Галавач).

II. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

2. Размоўн. і абл. Ужываецца пры ўказанні на аб'ект, да якога сцвярджаюцца якія-н. адносіны, дачыненне, пачуццё. Смяяцца каля п'яніцы. Пажывіцца каля чужой бяды.Сорамна мне, бо сягоння дзень працы і ўсе клапоцяцца каля яе (М.Багдановіч). Ты рад, што каля цябе стараюцца ўсялякія гады і падхлебнікі (К.Чорны). Смейся каля сваёй жонкі (Чарнышэвіч). Каля пана смяяліся (дыялектн.).

III. АДНОСІНЫ ПРЫБЛІЗНАСЦІ.

3. Ужываецца пры абазначэнні недакладнай, прыблізнай меры чаго-н. (звычайна: некалькі менш якой-н. меры). Да вёскі каля кіламетра. Дубу каля ста гадоў. Вагой каля шасці пудоў. Наліць каля двух вёдзер.Пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі каля 32% тэрыторыі (БелСЭ). Ужо каля двух гадзін кіпеў бой у пасёлку (І.Мележ).
// Ужываецца ва ўстойлівых выразах пры ўказанні на пэўны тэрмін, да якога падышоў ці падыходзіць час. Было каля поўначы. Устаў каля паловы дзевятай.Час каля купалля (Я.Купала). Каля поўдня выглянула сонца (Я.Брыль). Каля таго самага часу, раз увечары, Скуратовічаў пастушок Міхалка Тварыцкі слаўся ў кухні спаць (К.Чорны). @

канчаючы, дзеепрысл. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з прыназ. канчаючы выражае адносіны ўключэння: пры ўказанні на рад асоб, прадметаў, з'яў і пад. прыназ. паказвае на апошні кампанент рада, які ўключаецца ў пералік. Пачынаючы з сёмага і канчаючы дзесятым верасня. Пачынаючы з малога і канчаючы старымі. @

край, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. край выражае прасторавыя адносіны: прыназ. указвае на прадмет, паблізу якога што-н. існуе, адбываецца, рухаецца. Сядзець край стала.Нічога ж гусі не сказалі і патанулі край сяла (П.Трус). А я лягу-прылягу край гасцінца старога на духмяным пракосе недаспелай травы (Н.Гілевіч). Яны выйшлі край вёскі (М.Зарэцкі). Ляціць - аж вецер хіжа свішча, каля азерца, край ракі (А.Лойка). Цякла рэчка з-пад млыночка, а другая - край Дуная (Р.Шырма). Малады Верамейчык Юзік... сядзіць край стала, нагнуўшыся над «Беларускай Вёскай» (К.Крапіва). @

кром, прыназ. з Р. Абл. Тое ж, што і акрамя. @

круг, прыназ. з Р. Устар. і абл. Тое ж, што і кругом у 2 знач. Яны [дзяўчаты] нават заўважылі ... , што, калі заручоных абводзілі круг стала, Ганна наступіла знянацку сваёй нагой на Васілёву (У.Дубоўка). @

круга, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Абл. Тое ж, што і кругом у 2 знач. Падбярэцкі хадзіў круга бочкі (А.Пташнікаў). Конь ... пачаў бегаць па сухім круга Андрэя, атрасаючыся (там жа). @

кругом, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Размоўн. і абл. Тое ж, што і вакол у 2 знач. Кругом яго [двара] там тын яловы («Тарас на Парнасе»). Азіраецца Сымон кругом сябе (З.Бядуля). Кругом ямы стаяць з кіямі (нар.). Ой, пайду я кругом луга (нар. песня). @

кшталтам, прыназ. з Р. Устар. Тое ж, што і накшталт. Леў роў. На жывёл гэта справіла ўражанне кшталтам бамбёжкі (М.Лужанін). @

ля

ля1, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. ля выражае прасторавыя, аб'ектныя адносіны і адносіны прыблізнасці.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры абазначэнні прасторавай блізкасці; побач, паблізу каго- ці чаго-н. (Тое ж, што і каля ў 1 знач.) Стол стаіць ля акна. Дэманстранты праходзілі ля трыбуны. Ля берага было халаднавата. Хатка ля станцыі.Ля гасцінца, ля дарогі курганок віднее (Я.Купала). Долу гнецца густая трава ля ракі (А.Александровіч). Хай ля кожнае хаты зноў будуць прысады (К.Буйло). Успененыя грэбні хваль з глухім рокатам праносіліся ля бартоў (М.Лынькоў).
// Вакол каго- ці чаго-н. Кот цёрся ля ног. Камары віліся ля галавы.Толькі вятры запяваюць навокал і завіваюцца хіжа ля ног (П.Броўка).

II. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

2. Размоўн. і абл. Ужываецца пры ўказанні на аб'ект, да якога сцвярджаюцца якія-н. адносіны, дачыненне, пачуццё. (Тое ж, што і каля ў 2 знач.) Завіхаўся ля суседкі. Аціраліся ля пакупнікоў.Паехаў быў вучоны нештавед аж у Амерыку, за свет, ля Моргана якогась аціраўся, і розуму такога там набраўся, аж нос яго задраўся (К.Крапіва). Ля яе завіхалася заклапочаная дзяўчына (М.Лынькоў).

III. АДНОСІНЫ ПРЫБЛІЗНАСЦІ.

3. Абл. Ужываецца для абазначэння недакладнай, прыблізнай меры чаго-н. (звычайна: некалькі менш якой-н. меры). (Тое ж, што і каля ў 3 знач.) Вёрст ля тысячу мы прайшлі. А ля дваццатага года палякі прыйшлі.

ля2, прыназ. з Р. Абл. Тое ж, што і для. Ды і бацька малады. Ля цябе ён загаруе на адзежу і на хлеб (Ц.Гартны). Мая хата гразна ля такіх людзей! (Е.Раманаў). @

між, прыназ. з Р. і Т. (абл. - і з В.). Спалучэнне з прыназ. між выражае прасторавыя, часавыя і аб'ектныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з Р. або Т. Ужываецца пры ўказанні на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку паміж якімі што-н. знаходзіцца, адбываецца. Дарога між поля і лесу. Хатка між двух дубоў. Між высокіх берагоў каціліся хвалі. Між домам і вуліцаю цвілі вяргіні. Адлегласць між слядамі.Спасцярожліва ідуць Нупрэй і дзед Талаш праз лес, прабіраюцца праз зараснікі балот, праходзяць бязлюдныя паляны між лесу і балот (Я.Колас). Імчым між пнёў, між купін (А.Куляшоў). Між скал віюцца горныя арлы (П.Трус). Будынак сельсавета стаяў воддаль ад вёскі, між старым садам і поплавам (І.Шамякін). Глядзіш ты на мяне так, як бы нас з табою раздзяляе каменная сцяна, а ніякай сцяны між намі няма (К.Чорны).
// Ужываецца пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб, сярод якіх што-н. знаходзіцца, адбываецца. Ехалі між сосен і дубоў. Сачыўся золак між прысад. Між яблыкамі і грушамі ў сподку ляжалі чарэшні. Куст бэзу між кветкамі.Быў час - стаіўшыся знямела між пустак, пушчаў і балот, ты ў занядбанні быў, народ (Я.Колас). Сяджу між кніг, чарніл, паперы (Я.Колас). Між ліп, газонаў, святлафораў, з палону стройных камяніц машына рвецца на прасторы лясных цішынь, азёр, крыніц (А.Звонак). Месяц чоўнам плавае між хмар (К.Буйло). Там мірна спалі на старых імхах між купін партызаны (А.Куляшоў). Я жыць пачаў і вывучаць майстэрства ў варожым свеце, між людзей, скупых на ласку, на параду (М.Танк). Шум між каласамі, ды яны не чуюць, неўзабаве, днямі сход склікаць мяркуюць (П.Броўка). Маркотна між чужымі (Я.Колас).
// Ужываецца пры ўказанні на сферу, асяроддзе, у якім што-н. знаходзіцца, адбываецца. Сяло ляжыць між пяскоў. Ягаднік між імхамі.Разгарайся хутчэй, мой агонь, між імглы (М.Багдановіч). Ходзіць гоман між збажынкі, мілы і шчаслівы (Я.Колас). Між глыбокіх снягоў, дзе лес глуха шуміць, ціхі дом леснікоў адзінока стаіць (Я.Колас). Па восені, мядзяны, дужы, між хмурай стыні ён [дубовы ліст] гарыць (П.Броўка). Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай (М.Багдановіч).

2. з В. Абл. Ужываецца пры ўказанні на прадмет ці асобу, побач з якімі, каля якіх што-н. рухаецца, размяшчаецца, адбываецца. Ісці між хату. Стаялі між бераг ракі.Іх праводзілі вачыма чуць не з кожнае хаты, між якую яны праходзілі (Ц.Гартны). Праязджаў між іх палосу, але нікога не прыкмеціў (Ц.Гартны). А кудою пойдзем: між граніцу ці лесам? (Ц.Гартны). Між ложак вялі дзверы ў пакой, што займаў Павал (Ц.Гартны).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

3. з Т. (абл. - і з Р.). Ужываецца пры ўказанні на пачатковы і канцовы моманты, якімі адмяжоўваецца пэўны прамежак часу, пэўны перыяд. Перыяд між 1917 і 1941 гадамі. Два дні між святамі. Між лета і восені.Быў час між лета і вясны (А.Куляшоў).
// Ужываецца пры ўказанні на з'явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку паміж якімі што-н. адбываецца. Перапынкі між заняткамі. Перадышка між працы. □ Колькі год між баямі ён памарыў пра гэта (П.Броўка). Між работаю ён падбег да мяне... (К.Чорны).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

4. з Т. або Р. Ужываецца пры ўказанні на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. Дружба між народамі. Спрэчка між сяброў.Лепшая тады была адчулася блізасць між вяскоўцамі і рабочымі (К.Чорны). Шчырая дружба між намі раскрыла пяшчоты твае (М.Хведаровіч). Пачыналіся між намі спрэчкі (А.Куляшоў). Не будзе, не будзе тады вайны, калатні між людзей (Я.Купала).

5. з Т. або Р. Служыць пры ўказанні на супастаўленне якіх-н. прадметаў, асоб, з'яў. У сацыялістычным грамадстве сціраецца адрозненне між горадам і вёскай.І я, між усімі баец радавы, таксама да помніка шчыра іду (К.Кірэенка). Ён бачыў жорсткую супярэчлівасць між воляю некаторых людзей і вымаганнямі гістарычнай неабходнасці (Ц.Гартны).

6. з Т. або Р. Служыць для абазначэння якой-н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, падзел чаго-н. Раздзяліць падручнікі між вучнямі. Размеркаваць між дзяцей.Між іншымі кабетамі Марта ясна адлічыла Сымоніху (Ц.Гартны). У верхавінах лесу журботна шумеў вецер, расцярушваючы між галін і на галінах дрэў бялюсенькую снежную сець (Я.Колас).

Між сабою (сабой) - аб групе з дзвюх ці болей асоб, прадметаў. Ціха перагаворваліся між сабою жанчыны (М.Лынькоў). Згодна ў полі ўдоўж дарогі каляінкі ўюцца, ды ніколі між сабою яны не сальюцца (Я.Колас). Што корні дуба, нашы лёсы перапляліся між сабой (А.Александровіч).
Між намі (між намі кажучы) - аб чым-н., што не варта перадаваць іншым; аб якім-н. сакрэце. І стары смела сказаў: «Дык нашы хлопцы, між намі кажучы, узялі і падпалілі маёнтак» (К.Чорны). Учора, між намі кажучы, быў я ля паліўнага склада (М.Капыловіч).
Між іншым - а) прысл. Не звяртаючы асаблівай увагі, мімаходам. Зрэшты, праца над родным загонам праходзіла неяк між іншым, прыхваткам (Я.Брыль). б) пабочнае спалучэнне. Дарэчы, к слову кажучы. Між іншым, ён мой зямляк. Алтайцы мы (Я.Васілёнак). Ёй прыйшлося, між іншым, быць «статуяй» (У.Ляўданскі. Пераклад з Тургенева).
Між тым - у той час, тым часам. А між тым работа йдзе (Я.Колас). А між тым запаветны дзень прыбліжаўся (А.Кулакоўскі). А між тым, я заўсёды ўспамінаў завод (В.Шыцік).
Між тым, як і між тым як (у знач. злучніка) - у той час як, тады як. Унізе, у кустах, ужо быў паўзмрок, між тым як на вершалінах трымаліся прамені сонца.
Між волі - незалежна ад волі, намеру. Цімохавы мыслі між волі снуюцца вакол Жыгуна (Я.Колас). @

міма, прысл. У знач. прыназ. - з Р. (устар. і абл. - і з В.). Спалучэнне з прыназ. міма выражае прасторавыя адносіны: прыназ. указвае на прадмет, асобу, мінуючы якія, не спыняючыся, не затрымліваючыся каля якіх адбываецца рух. Фурманка праехала міма школы. Хлопчык прабег міма весніц.Абодва пачалі страляць па машыне, якая праскочыла міма іх, абдаўшы пылам (У.Паўлаў).
// перан. Не затрымліваючы ўвагі на якой-н. асобе, з'яве, факце. І мы не можам прайсці міма такога факта (І.Шамякін). Мая дапытлівасць не прайшла міма хітрай і ліслівай жанчыны (часопіс «Маладосць»). Міцкевіч не праходзіць міма паданняў і забабонаў (А.Лойка).
// Ва ўстойлівых выразах: прапусціць міма вушэй, ісці міма рук і пад. Усё ішло міма рук (Э.Самуйлёнак).
// Не ў тым напрамку, аднак блізка каля чаго-н. Страляць міма цэлі. Ліць міма шклянкі.Загурскі глядзеў у парог, міма маці (А.Асіпенка). А ў сад пашло дзве дарожкі, міма сад - адна (нар. песня). Ехаў я - міма сад, міма сад зялёны (Р.Шырма).
// Побліз, побач з кім-, чым-н. Кончыў дзед Андрэй свой паход-абход, міма дуба ідзе, разважае (Я.Колас). І тут толькі зразумелі людзі, якія сядзелі ў склепе, што яны вольныя цяпер, што наканаваная смерць прайшла міма іх, стараной (М.Лынькоў). Луг гэты цягнуўся міма Дубровы, міма палёў да вялікіх лясных абшараў (Г.Шчарбатаў). @

на, прыназ. з В. і М. Спалучэнне з прыназ. на выражае прасторавыя, часавыя, аб'ектныя, колькасныя, размеркавальныя, азначальныя, прычынныя, мэтавыя адносіны і адносіны пераўтварэння, меры і ступені, характару і спосабу дзеяння.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з В. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, на паверхню якога накіраваны рух або дзеянне. Выйсці на вуліцу. Ехаць на паўстанак. Лезці на гару. Снег сыплецца на галінкі дрэў, на кусты. Пакласці на стол.Я выходзіў з лесу на палянку, каб дабрацца да абгарэлага дуба (Я.Скрыган). Як на бераг выходзіў, мне ногі абпёк успамінам гарачым халодны пясок (А.Куляшоў). Скора вузкая вясковая дарога выйшла на шлях (П.Галавач). На лугі густыя, на мурогі пусціць коннік друга варанога (П.Броўка). На журавіну, на залатую скаціўся буйнай слязы крышталь (У.Хадыка). І хіліць так утульны беражок, так добра там, прылёгшы на пясок, папесціцца ружовым летнім ранкам (Я.Колас). А сам гэтаю часінкай сядзе ў цень на мураву (Я.Колас). Ён палажыў свой чамадан на паліцу (Я.Брыль).
// Пры ўказанні на прадметы ці жывыя істоты, якія служаць сродкам перамяшчэння (з дзеясловамі сесці, пасадзіць і пад.). Сесці на поезд. Пасадзіць на каня.Увечары ўсе селі на цягнік (К.Чорны). Пасаджу свайго сына я на жывога, на баявога каня (А.Куляшоў). На машыну скочу тую, на якой прывезлі ліст (А.Куляшоў).
// Ужываецца пры ўказанні на жывую істоту, асобу або на частку цела як на прадмет, на які накіравана дзеянне. Начапіць ашыйнік на сабаку. Хваёвыя іголкі сыплюцца на хлапцоў. Валасы выбіваюцца на лоб. Цень падае на вочы.З драцяных галін роўна абстрыжаных прысад падаюць уніз - на коней і людзей - лёгкія, кволыя сняжынкі (З.Бядуля). На Валю шугае туманам (Я.Брыль). Кабета ражком хусткі выцірае слязінкі, што набеглі на вочы (С.Грахоўскі).
// Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці дзеяння на прадмет, паверхня якога служыць месцам выяўлення чаго-н., выканання чаго-н. Перанесці абрысы на паперу. Пакласці апошнія штрыхі на малюнак.Няхай бы кожны ведаў, як цяжка трапіць на Дошку гонару, на газетную старонку, як нялёгка заслужыць працоўную славу (С.Грахоўскі).
// Ужываецца пры ўказанні на прадмет, на якім замацоўваецца або на які надзяваецца іншы прадмет. Нацягнуць на капыл. Усцягнуць боты на ногі.Берэт гэты быў надзеты не набакір..., а на ўсю галаву (А.Кулакоўскі). Тут ён устаў вельмі раптоўна, удала надзеў на галаву шапку, развітаўся і шпаркім крокам рушыў да дзвярэй (К.Чорны). Паважная постаць у дзеда Рыгора: уздзеў акуляры на нос (Я.Колас). Прымяраю, ці ўзлезе на плечы ватоўка, кашуля (А.Куляшоў).
// перан. Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці дзеяння на прадмет ці паняцце, якія ўсведамляюцца месцам, цэнтрам, дзе засяроджваюцца якія-н. пачуцці, уласцівасці, стан і пад. Смутак лёг на сэрца. Не ідзе на думку. Прыйшло на памяць. Браць на ўвагу. Браць на розум. Прыкідваць на вока.І горка, так горка, нявесела стане, і смутак на сэрца спадзе (Я.Колас). Вярнулася стома на вочы, мякка, уладна асела на душу... (Я.Брыль). Вось і муж усплыў на думу (Я.Колас). Тут адна думка ўзбегла мне на яў (Я.Купала). Ён не браў на ўвагу нікога і нічога (К.Чорны). І прыкінь на розум, хлопча, што парубак там няма... (Я.Колас).

2. з В. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета або асобы, у бок якіх накіравана дзеянне ці якія з'яўляюцца канцавым пунктам руху. Ехаць на Палессе. Натрапіць на дарогу. Узяць з сабой на поезд. Падняць руку на ўзровень вачэй. Падняцца на пяты паверх.Болей дзесятка дывізій сабралі правей Палесся і рушылі іх на Кіеў (Я.Колас). На Украіну гнаць плыты (Я.Купала). Едзе хлопец на граніцу (П.Броўка). Адну за другой запальвае семафорныя лямпы і ўсцягвае іх на самы верх мачтаў (М.Лынькоў). Але неўзаметкі вязала ліха свае сеткі, каб іх накінуць на Міхала (Я.Колас).
// Пры абазначэнні пачатковага і канцовага пунктаў дзеяння, руху. З галінкі на галінку. З месца на месца.Праз непраходнае балота Уладзік спрытна ступае з купінкі на купінку (З.Бядуля).
// Пры абазначэнні кірунку. Стаяў тварам на ўсход. Крыгі ішлі на поўнач. Сонца хілілася на захад. Дом вокнамі на поўдзень. Дарога на Маскву.Сонцу не стаіцца, пайшло на бор хіліцца (П.Броўка). Дзень добры, Масква! Як жа ясна ты свеціш на ўсе чыста свету староны (Я.Купала). Хіба стаялі тут калі такія прыгожыя дамы з трыма вокнамі на вуліцу...? (У.Шахавец).
// У значэнні накіраванасці руху ўнутр, у межы чаго-н. (з назвамі ўстаноў, прадпрыемстваў, памяшканняў). Несці на пошту. Накіраваць на завод, на фабрыку. Ісці на кухню.Пайшоў на льнозавод сушыльшчыкам (С.Грахоўскі). Працаваць хадзіў на фабрыку (М.Танк). Ён помніць - калісьці, ў далёкія годы яго на вялікі завод прывязлі (А.Куляшоў).
// Ужываецца пры абазначэнні сферы дзейнасці як месца, куды накіравана якое-н. дзеянне, рух (з адценнем мэтавага значэння). Ісці на работу. Пайсці на ігрышча. Адправіцца на канцэрт. Склікаць на сход. Сабрацца на з'езд. Спяшацца на нараду. Паступіць на курсы. Збіраць дзяцей на ўрок. Ехаць на начлег. Везці на кірмаш. Ісці на вячоркі. Выйшлі на дэманстрацыю.Праз два дні Надзя выйшла на работу (С.Грахоўскі). Сыноў бацька сваіх кліча на нараду ў хату (Я.Купала). Прыйдзе народ на вялікае веча (М.Танк). Раніцаю я ішоў на дзяжурства (Хв. Шынклер). Прыходзь увечары на праўленне (Я.Брыль). На фронт адсюль накіроўваліся салдаты пеша (К.Чорны). Выгнаць на пашу авечкі (К.Чорны).
// Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці ў бок якога-н. прадмета як прылады ці сродку дзеяння. Сесці на вёслы. Стань на пнеўматычны малаток.
// Пры ўказанні на прадмет або з'яву, якія служаць арыенцірам руху. Ісці на аганёк. Бегчы на крык.Людзі гэты плач пачулі, з лесу едучы з дрыўмі, і на крык хоць беглі жыва, ды не ў пору ўжо прыйшлі: пазбіраць авец пудлівых толькі хлопцу памаглі (Я.Колас). На лаянку прыйшоў Лявон, пачаў упрошваць матку пакінуць лаянку, не крыўдзіць Ніны (П.Галавач).

3. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, на якім (на паверхні якога) знаходзіцца хто- або што-н., адбываецца якое-н. дзеянне. На гэтым самым месцы. На даляглядзе раслі хмары. На дарозе. На полі. Спаць на свежым сене. Стаяць на снезе. Шышкі на елцы. Жыць на трэцім паверсе.Як ціха на небе ўночы! (Я.Колас). Яснела неба, віднела на зямлі (К.Чорны). На месцы голых выганаў засаджваюцца паркі (К.Чорны). На ўскраі балота чарнее панурая хвоя (Э.Самуйлёнак). На скрыжаванні палявых дарог здаўна стаіць сяло Чырвоны Лог (М.Танк). Ліпень выткаў слуцкі ўзор на палях пшанічных (А.Александровіч). Трохі воддаль на прыгорку вёска іх чарнее (Я.Колас). Я не буду доўга, зараз жа вярнуся, трошачкі на рэчцы ў санках паважуся (Я.Колас). Блізка на выпасе фыркалі коні (П.Броўка). Цені ўсюды: на пнях, на вадзе і на дыме (А.Куляшоў). Шлях размыты, на траве пясок (А.Куляшоў). Шпак на дубе расспяваўся (Я.Колас). На падлозе ў цэбрыку рос лапушысты фікус (С.Грахоўскі). На стале дымяцца стравы (А.Звонак). Ярка на камінку смольны корч палае (Я.Колас).
// Ужываецца пры ўказанні на жывую істоту, асобу ці на частку цела як на прадмет, на якім (на паверхні якога) знаходзіцца хто- або што-н., адбываецца якое-н. дзеянне. Сядзець вярхом на кані. Паліто на хлопчыку было новае. Сэрца на далоні.Паў адзін пад каня, а другі - на кані (П.Броўка). Несціхана шумяць на дзяўчатах шаўкі (П.Броўка). На вусатым хутаранцы даўнейшы пыльнік пацёрся, змяўся, пазелянеў (К.Чорны). У агні і дыме высыхаць пачала на чалавеку сарочка, што чорным потам прыліпла была кагадзе да цела (К.Чорны). Ты не цураешся ні поту, ні на далоні мазаля (А.Александровіч). Пыліць пад армейскімі ботамі шлях, медалі звіняць на грудзях (А.Зарыцкі). А ветры чытаюць трывожна надпіс старое грабніцы: «Падарожны, будзь асцярожны, ты - як сляза на расніцы» (А.Вялюгін).
// Ужываецца пры ўказанні на прадмет як паверхню, плошчу, што з'яўляецца месцам выканання, выяўлення, знаходжання чаго-н. Напісаць на паперы. Адзначыць на карце пяцігодкі. Эскіз на чарцёжнай кальцы. Нарысы на старонках газет і часопісаў.Маці золатам ніткуе каласы на палатне (А.Александровіч). Ты ж сам казаў не раз тады, што адрас мой не на паперы, а ў сэрцы носіш заўсягды (К.Буйло). На карце вялікіх жывых пяцігодак мы творчыя справы акрэслім мяжой (А.Куляшоў).
// Ужываецца пры ўказанні на прадмет, на якім замацаваны або на які надзеты іншы прадмет. Шапка на цвічку. Гладышы на плоце.Хлявух з двух аполкаў і пунька са скрыўленымі сценамі яшчэ трымаліся на старым шуллі (К.Чорны). Унь варушыцца жмут на ашэстку аўчын (Я.Колас). На цвічках віселі авоські з полуднем (С.Грахоўскі). А цэлы рад збанкоў на плоце казаў аб тым, што гаспадыня была ўжо ў моцнай каляіне (Я.Колас).
// перан.
Ужываецца пры ўказанні на прадмет ці паняцце, якія ўсведамляюцца месцам, цэнтрам, дзе засяроджваюцца якія-н. пачуцці, уласцівасці, стан і пад. Лёгка на сэрцы. Замацавацца на поглядах. Мець на ўвазе.На сэрцы вясёла і люба, што ў свеце паменшала зла (П.Броўка). Ужо лёгка на сэрцы і добра на душы (Я.Скрыган). На душы яго стала спакайней, як пасля кожнай буры (Я.Колас). Уся яго [Пракопа] бяда была ў тым, што ён меркаваў замацавацца ў жыцці на сваіх старых поглядах і на старым грунце (Я.Колас). І сядзіць ён, штось гадае, бо на думках штось было... (Я.Колас). На ўвазе ж мець будзе адно: для Радзімы свае складаць песні (Я.Колас). Што ж, жывым на ўме жывое - тут няма чаго дзівіцца (К.Крапіва).

4. з М. Ужываецца пры абазначэнні прасторы або прадмета, у межах якіх адбываецца якое-н. дзеянне. На Украіне. На Каўказе. Тарас на Парнасе. На плошчы. На вуліцы. Сядзіць на санях. На паўвярсце ад дарогі. На сотай вярсце. Пачынаць жыццё нанова на больш высокім узроўні.На беларускім Палессі цякуць поўныя рэкі і густа стаяць лясы (К.Чорны). Дзе ж вы, мае вясёлыя сябры? Як многа вас загінула дачасна на Прыпяці, на Сожы, на Дняпры... (П.Глебка). Пачынала развідняцца, і было спакойна на вясковай вуліцы (К.Чорны). Праз некалькі дзён ледзь не палова атрада Сакольнага была на аэрадроме (А.Кулакоўскі). Кожны рад быў на вёсцы, што іх разам угледзеў (П.Броўка). На бліжэйшай ад гарадка станцыі размясціўся і штаб экспедыцыі (М.Лынькоў). Ганарліва адбываем вахту на вялікім нашым караблі (Ю.Лявонны).
// Унутры, у межах чаго-н. (з назвамі ўстаноў, прадпрыемстваў, памяшканняў). Чакаць на пошце. Працаваць на заводзе. На кухні.Не залежацца на пошце нецярплівыя радкі (А.Куляшоў). Ён молатам біў на заводзе, з сярпом завіхаўся ў полі, каб вораг у новым паходзе не здужаў яго ніколі (А.Куляшоў). На цялятніку аддана працавала і дачка (П.Броўка). Сціхнуў шум на калідоры (Я.Колас).
// Ужываецца пры адначасовым абазначэнні і сферы, і месца дзеяння, і непасрэднага дачынення да гэтага дзеяння, удзелу (пасіўнага ці актыўнага) у якой-н. дзейнасці. Знаходзіцца на рабоце. Прысутнічаць на сходзе. Абмяркоўваць праграму на з'ездзе. Быць на нарадзе. Вучыцца на курсах. Рашаць задачы на ўроку. Гулялі на вячорках. Быць на канцэрце. Гуляць на вяселлі. Прысутнічаць на прыёмах.Хоць пасівеў стары зашмат, але на працы, як салдат (П.Броўка). Лес гамоніць, як на сходзе дзе народ (Я.Колас). Гудзеў гушчар лясны на мітынгу вясны (А.Александровіч). Быў я ў Парыжы на кангрэсе (Я.Колас). Задымелі агні на начлезе, зашумеў кучаравы бярэзнік (Я.Купала).
// Ужываецца пры ўказанні на блізасць і адначасова на непасрэдныя адносіны каго-н. да прылады ці сродку дзеяння. Толя быў на вёслах. Адзін брат на такарным станку, а другі - начальнік цэха.

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

5. з В. Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці ў бок якога-н. моманту часу. Пасяджэнне пераносіцца на вечар. Збіраліся прыехаць на купалле. Не адкладвай работы на потым. □ Ён запісваў у свой распухлы блакнот заданне на другую палову дня (С.Грахоўскі). На калі прызначан збор атрада Зорына ў лесе? (І.Гурскі).
// Пры словах, якія абазначаюць час, у спалучэнні з прыметнікамі наступны, другі ці займеннікам той, а таксама і без іх, пры словах раніца, заўтра, пазаўтра, паслязаўтра - ужываецца для ўказання на тэрмін, які непасрэдна ідзе за чым-н. Наведаўся на другі дзень. На наступны год паехаў вучыцца. На той год пасадзім сад. На паслязаўтра будзе тое ж, што было раней.На другі дзень, папаўдні, выязджаў Максімка з горада (К.Чорны). На другі год яна [Наташа] сама пайшла ў школу (І.Шамякін). Сяляне вельмі сардэчна праводзілі яго і прасілі прыехаць да іх на другое лета (Я.Колас). Падзялі вось сёння ўсё пораўні, дык на той год зноў перадзельваць давядзецца (К.Крапіва). А на раніцу, ледзьве на золак, мы за плугам гамонім вясёла (П.Броўка). Хай новыя людзі на заўтра пабачаць, як сэрцы імкнуліся край будаваць (А.Куляшоў). На пазаўтра, як я ўстаў, увесь горад аблятаў (К.Крапіва).
// Ужываецца ў выразах з дня на дзень, з хвіліны на хвіліну; з пятага на шостае лютага і пад. Нікне сонца ў чорным муту, хмаркі спуджана бягуць, і з мінуты на мінуту свет затопіць тая жудзь (Я.Колас). У ноч з 19 на 20 красавіка мы непрыкметна паглыбіліся ў тыл немцаў (К.Кірэенка).

6. з В. Ужываецца пры абазначэнні часу, калі адбываецца дзеянне. На вясну прыехаў у госці. На самага Кузьму-Дзямяна пайшоў я ў пушчу.На дзесятыя угодкі варма вараць мёд салодкі (Я.Купала). На гэты дзень і сама хата была прыбрана зухавата (Я.Колас). А на гэты час праходзіла тут варта (Я.Колас). На вясну Аня выйшла замуж за футбаліста (А.Кулакоўскі). А нашто ж мне на каляды галасілі па-хаўтурну? (Я.Купала).

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні тэрміну, да наступлення якога адбываецца, выяўляецца што-н. Запасацца на зіму. Стан даходаў і расходаў на першае студзеня.Што ж, памагала б летам я табе хоць на зіму на квас мо' зарабіць (М.Танк). У галавах, як горы, высіліся ёмкія падушкі, зложаныя на дзень суконныя коўдры ў клетку, посцілкі і прасцірадлы хатняга вырабу (Я.Колас).

8. з В. Ужываецца пры абазначэнні тэрміну, на які распаўсюджваецца пэўны стан або вынікі дзеяння. Пазычыць на тры дні. Стаў на хвіліну. Прыпыніцца на момант. Маланка на міг асвяціла дарогу. Агароджа зроблена на доўгі век. Хопіць на ўсё жыццё. Затрымаць на некаторы час.На нейкую гадзіну дождж быў перастаў, а потым зноў пачало ліць (І.Мележ). Мы з таго пакалення, з кагорты байцоў, ні на хвілю не можам мы вешаць галоў (А.Куляшоў). Радасць на момант, нібы бліскавіца, ўзаўецца і следам знікае (А.Александровіч). Адліты ў бронзы нерухомасць, з узлётам мужнае рукі, - такім народная свядомасць яго запомніць на вякі! (А.Звонак). Падарыць трэба такое, каб на ўсё жыццё памяць была (С.Грахоўскі). На крыху ўстанавілася цішыня (Я.Скрыган). Падхапілася і заспяшалася дадому, пабаялася на даўжэй адна заставацца (К.Крапіва). У Вепрах Саўка запыніўся на некаторы час: былі ўсе падставы для таго, каб пабыць там даўжэй (Я.Колас).

9. з М. Ужываецца пры абазначэнні часу, у межах якога што-н. адбываецца. На гэтым тыдні. На пачатку верасня. На першых часах былі пэўныя цяжкасці. На золаку хмары закрылі месяц.Я сціснуў вінтоўку рукой, мне заўтра на досвітку ў бой (А.Астрэйка). А пазней, на прадвесні ... сын да маткі ... пісаў (П.Глебка). На раніцы толькі з расой прабудзіўся (Ф.Багушэвіч). Дзе ж яна тая, галоўная самая, што на даным этапе? (К.Крапіва). На пачатку 1968 года ў раёне 11 калгасаў і 5 саўгасаў (БелСЭ). Дождж і дождж. І гэта на пачатку верасня (У.Караткевіч). А ў бары пад сасной на світанні дымяцца катлы (А.Куляшоў). А было ж гэта у маі, на усходзе сонца (Я.Лучына). Мы з табою справілі заручыны на зары далёкае пары (А.Звонак). І бывае выпадкова падасі хлапцу руку, хоць раней ты з ім ніколі не страчаўся на вяку (П.Панчанка). Шмат чаго бачылі на сваім вяку старыя бярэзіны (П.Галавач). Многа ўсякіх падзей, змен адбылося на яго памяці (Я.Колас).

10. з М. Ужываецца пры словах, якія абазначаюць і час, і сферу якога-н. дзеяння або выяўлення якой-н. уласцівасці. Хвалявацца на экзаменах. Дрэмлюць коні на папасе. Рота была спынена на адыходзе.Аднойчы на змене, прайшоўшы забой, шахцёры спачыць там прыселі на камень (П.Броўка). На кожным кроку вучы цябе (П.Галавач). Боты ўсюды спатрэбяцца мне - і ў баях, і на маршы (А.Куляшоў). На спатканні маладыя наглядзецца не маглі (П.Броўка). Цвёрда трымаўся юнак на дапросе (А.Куляшоў). На ваеннай службе паступіў у камсамол (Я.Колас). Не мкнуўся я ў неба на раду і не шукаў пасад (У.Хадыка).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

11. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або яго часткі, а таксама часткі цела, якія з'яўляюцца апорай чаго-н. Паставіць драбіны на калёсы. Паставіць на падпоркі. Стаць на калені. Падняць на рукі. Стаць на ногі.Цётка паставіла Юрку на калені (Я.Колас). «Беларуская крыніца» згорблена, без шапкі, перад панам пала ніцма на чатыры лапкі (Я.Колас). Я хаплю яго і пастаўлю на ногі, дык ён, пакуль ачухаецца, дык яшчэ спіць стоячы (К.Чорны). Ну, хлопцы, жыва на ногі! - сказаў Булякін і падняўся (Я.Колас). Найгорш дакучаюць ногі. На разбітыя пяты адразу не мог нават босы ступіць, а яму загадалі абуцца (Я.Брыль). Санька лёг на жывот і, па-свойму, раней шматабяцаюча ўсміхнуўся (Я.Брыль).

12. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з'яўляецца прыладай, інструментам, сродкам для якога-н. дзеяння. Узяць на буксір. Прасеяць на сіта. Зашпіліць на ўсе гузікі. Падзяліць на агульны множнік. Замкнуць на замок. Сыграць вяселле на апошнія грошы.Белым пылам даль закрыта, ходзяць віхры вірам, прасяваюць снег на сіта у бясконцай шыры (Я.Колас). За разбітай шыбай плача вецер суха, рвуцца пражы ніткі, ўюцца на калкі ... (М.Танк). Лаўрэн пацягвае плячмі ад вячэрняга холада, заплікае на ўсе гузікі ватоўку і, дастаўшы з-пад куста вясло і ліхтар, спускаецца да самай вады (М.Лынькоў). Кветкі пільна я пільную, на замкоў замкнёна сорак ... (Я.Купала).
// Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з'яўляецца мерай падзелу, адзінкай вымярэння. Вымяраць ваду на шклянкі. Мераць жыта на асміны.На шклянкі вада вымяраецца, яна даражэй за віно (А.Астрэйка).

13. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, на якія што-н. залічваецца, якім што-н. прыпісваецца. Ускладаць віну на чалавека. Ускладаць надзеі на стажок сена. Прыняць на сябе ўсе абвінавачванні. Даць даверанасць на таварыша. Прыняць на сябе званне салдата. Горад прыняў на сябе першы ўдар. Пакінуць на брата. Застаецца ўсё на яго рукі.Ты, Клімёнак, і на сябе вазьмі з гэтай ношкі хоць трошкі (Я.Брыль). Што такое кляцьба? - Маладыя юнацкія мары. Горда ўмерлі яны, на сябе не прыняўшы кляцьбы... (А.Куляшоў). На каго ты пакідаеш нас, занядбаных? (А.Куляшоў). І каб на яго рукі ўсё засталося, ён [Цэзарый] рашыў бы маёнтак за адзін год (К.Чорны).

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з'явы, у бок якіх накіравана якое-н. дзеянне. Паўстаць на ворагаў. Пакрыкваць на каня. Плюй на ўсё, беражы здароўе. Узвесці паклёп на чэсных людзей. Адгукнуцца на заклік. Падпісацца на газеты і часопісы. Паказаць на малюнак. Адказваць на пытанні. Наганяць на ўсіх страху. Раўняцца на перадавых. Арыентавацца на традыцыйныя гаворкі. Глядзець на чалавека. Кінуць погляд на хлопцаў. Пазіраць на зямлю. Кінуць вокам на ручаёк.А хлопцам брыдка так нападаць на дзеўку швыдка (Я.Колас). Вораг выглянуў з жыта, навёў на дзяцей аўтамат (А.Куляшоў). На пахілых і сабакі брэшуць злосней і гарэй (Я.Колас). Таму і сумна мне часамі, што з дому вестак не чуваць, што на лісты мае лістамі не хочаце вы адказаць (М.Танк). На нас паглядала Радзіма, як маці на верных сыноў (М.Хведаровіч). Мы з табою маўчым і на зоркі глядзім і на неба (А.Куляшоў). Кіну яшчэ разок вокам на лясочак, на палетак (Цётка).
// Ужываецца ва ўстойлівых зваротах-кленічах: каб на яе (яго) агні, няхай на яе (яго) паморак, бадай на іх упадкі, каб на яго (яе) халера, на іх страх на іх, на яго ліха і пад. □ А бадай на іх упадкі і паморак бог наслаў (Я.Колас). Не вельмі глыбока, але здорава парнуў штыхам, каб на яго халера (К.Чорны).
// Пры ўказанні на прадмет або асобу, да якіх хто-н. наблізіўся, з якімі хто-н. сутыкнуўся. Нарваўся на міну. Разведка трапіла на засаду. Натыкаецца на пень. Спатыкнуцца на карыта.І дзе ён ні павернецца, то ўсюды так ці іначай натыкаецца на праклятае палена (Я.Колас). Хтосьці ў цёмным кутку наляцеў на мяне нечакана, ледзь не збіў мяне з ног (А.Куляшоў).

15. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з'явы, у адносінах да якіх выяўляецца пэўнае пачуццё ці пэўны стан; пры абазначэнні асобы, прадмета або з'явы, на якія разлічваюць, якімі цікавяцца. Не нарадуецца на сына. Гневацца на брата. Не наракай на лёс. Спадзявацца на ўдачу. Надзея на выратаванне. Разлічваць на аматара. Грэх, чалавеча, на жыццё крыўдаваць.Плачуць гаротныя ліпы старыя, плачуць на долю сваю (Я.Колас). Не суджана было мамцы парадавацца на цябе (С.Грахоўскі). А ўвосені не надзівіцца на ўсё дабро, на ўвесь прыплод (А.Астрэйка). І толькі на сына надзея адна... (П.Глебка). Салдат загадаў яму не кратацца з месца: яго злавілі за вёскаю апоўначы, і ўсялякая падазронасць была на яго (К.Чорны). Заварожым мы на росы і на шолах ціхіх траў, ці сапраўды мой прыгожы, ці надоўга пакахаў? (М.Машара).
// Пры ўказанні на тое, што выбіраецца, да чаго прыходзяць у сваіх дзеяннях (звычайна з дзеясловамі згадзіцца, адважыцца, асмеліцца і пад.). Згадзіцца на перасяленне. Адважыцца на рызыкоўны палёт. Гатовы на ўсё.Каб хто прыйшоў і сказаў, што трэба рабіць, дык на ўсё пайшлі б гэтыя людзі (К.Чорны). У юнацтве я сніў мора. Як мне хацелася на яго хвалях паказаць, што на ўсё я, на ўсё здатны! (К.Кірэенка).
// Абл. і разм. Пры абазначэнні аб'екта, пра які забыліся ці якога чакаюць. Забудзься на гора. Чакаць на казака.Забыўся, здаецца, Андрэй на ўсё, стоячы пад паважным, раўнамерным шумам сосен (П.Пестрак). Дзе вы, брацці-ўдальцы, дзе вы, хлопцы-касцы? Гэй, дакуль на вас трэба чакаць? (Я.Купала).

16. з В. Ужываецца пры ўказанні на аб'ект увагі, тэму размовы і пад. Звярнуць увагу на прысутных. Не зважаючы ні на кога. Гутаркі на літаратурныя тэмы.Мне здавалася, што ўся ўвага застыўшых ваколіц была звернута на мяне (З.Бядуля). І толькі адзін дзяцел рытмічна і заўзята тукаў па галіне звонкага дрэва, не зважаючы ні на якія дзедавы трывогі (Я.Колас). Падводчыкі ішлі па двое, па трое і... вялі гутаркі на звычайныя буднічныя тэмы (Ц.Гартны).
// Абл. і ўстар. Пры ўказанні на аб'ект прысягі, кляцьбы. Што быў у тэатры, што бачыў паноў, на што усягды прысягнуць я гатоў (ананімная гутарка 19 ст.). Клянецца на жонку, клянецца на дзетак, што ён не гультай (Я.Купала).

17. з В. Ужываецца пры абазначэнні аб'екта, для авалодання якім утвараецца якое-н. дзеянне, якога імкнуцца дасягнуць, раздабыць, захапіць. Пайсці на ваўкоў. Кінуцца на канвой. Пайшлі на нас вайною. Не трэба зарыцца на чужое.Калі нарадзіўся волат, не знаў ён і хвілі спакою: варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною (А.Куляшоў). Адзін раз уночы бандыты напалі на горад (К.Чорны). Бежанец ты, ты на нашу землю галішся, а сваю немцу прадалі (М.Лынькоў). А цяперашняя нявеста гоніцца на адукаванасць (К.Крапіва).

18. з В. Ужываецца пры ўказанні на аб'ект, які з'яўляецца характарыстычным прызнакам асобы ці прадмета. Майстар на ўсе рукі. Спец на выдумкі. Мастак на такія справы.А за сталом на верашчаку падгатаўлялі ўжо атаку, - на гэта хлопцы былі хваты (Я.Колас). На яду мастак, а на работу сяк-так (прыказка). А знаеш, удалая была жывіна, словам не сказаць, - і ўежна, і да зімы ўладна, і на цяляты проста гад - не карова... (Цётка).
// Пры ўказанні на вобласць ці сферу, у якіх праяўляецца прызнак. Спрытны на гульні. Вялікі паход скупы на адпачынак. Востры на язык. Лёгкі на злосць. Рака, багатая на рыбу. Урадлівы на жыта. Прыемны на смак. Павольны на першы погляд.Конь яго быў падкуты на перад... (К.Крапіва). Сухое узбекскае неба, скупое на дождж і на гром (Я.Колас). У той час нават у багатым на сады Прыдняпроўі пры кожнай сялянскай хаце было не больш як тры-чатыры дрэвы (У.Караткевіч). У гэтых ціхіх на погляд хатах на ўсе лады памінаецца калектывізацыя (Я.Колас).
// Пры словах хворы, хварэць, захварэць і пад. - для ўказання на назву хваробы. Хворы на сухоты. Хварэць на тыфус.І на дактыль, на ямб, на харэй будуць новыя вершы хварэць (А.Куляшоў).

19. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, прызначанага для абмену на што-н., для замяшчэння чаго-н. Мяняць быка на індыка. Выменьваць жыта на соль. Рэзкае абыходжанне змяніць на прыхільна-іранічнае.«Мая зямля», «мой поплаў», «паша», «мой луг», «мой конь», «мае каровы» - злінялыя, старыя словы! Пара, пара даць сэнс ім новы: змяніць іх час на «наш» і «наша»! (Я.Колас).

20. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з'явы, з якімі адзначаецца падабенства, з якімі хто- ці што-н. параўноўваецца. Дзядзька падобны на лесніка. Майстэрня падобна на цэх завода. Птушка, падобная на вераб'я. Гаворка, не падобная на беларускую.І ў палясоўшчыцкім ён [бацька] чыне дапраўды змахвае на пана! (Я.Колас). Яна бачыла твары, падобныя на тыя, што былі на газетных здымках, але хлопцы тут, на рабоце, выглядалі прасцей (С.Грахоўскі).

21. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет або на яго частку, а таксама на частку цела, якія з'яўляюцца апорай чаго-н. Столь трымалася на падпорках. Стаяць на нагах. Трымаць на руках.Недалёка ад печы стаяла чорная дошка на трох нагах (Я.Колас). Аленям не стаіцца на нагах (А.Звонак). Яны бегалі па сушы на ўсіх чатырох лапах (А.Акімушкін). Лаўрэн ляжыць на спіне, узіраецца ў нябесныя глыбіні, прыслухаецца да начных гукаў (М.Лынькоў). Калі, ачнуўшыся, яна паднялася на руках і села, падлога перад вачыма хісталася, хілілася набок, станавілася потырч, як сцяна (І.Мележ).

22. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу, калектыў ці арганізацыю, на якіх што-н. лічыцца, якія валодаюць чым-н., якія з'яўляюцца аб'ектам выяўлення пэўнага дзеяння, стану. На мне трымаецца гаспадарка. На мне адказнасць за ўчынкі. Гэта на вашым сумленні. На маіх руках уся сям'я. Уся яе пяшчота засяродзілася на дачушцы.Але памятайце - на вашым сумленні не сплачаны доўг векавы (Я.Колас). На нас свет стаіць, мы ўсіх кормім, поім, адзяём... (ананімная гутарка 19 ст.). Дзіця пабегла мацней, адчуваючы на сабе позірк незвычайнага чалавека (К.Чорны). Пятрусь сеў на воз, сарваў сваю злосць на кані, сцебануўшы яго пугаю разоў са тры, каб заадно нечага і жонцы задаць страху (Я.Колас).
// Пры словах жаніцца, ажаніцца, жанаты і пад. указвае на асобу жаночага полу, якая ўступае ў шлюб. Жаніцца на дачцы інжынера. Ажаніцца на першай красуні. Жанаты на настаўніцы. □ [Князь Засекін] жаніўся на дачцы нейкага прыказнога, а, жаніўшыся, пусціўся ў спекуляцыі - і разарыўся канчаткова (У.Ляўданскі).

23. з М. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, пры дапамозе якога ўтвараецца дзеянне. Шыць на машыне. Іграць на скрыпцы. Цягнуць на вяроўцы. Весці на повадзе. Лічыць на пальцах. Сушыць на ветры. Паліць на агні. Пячы сала на ражончыках.За адзін пастаў на варштаце выраблялася звыш сарака сурвэт (К.Чорны). Дзень іграе на жалейцы, на трубе ды на ражку, на зялёным лазняку (М.Танк). І ветры на хвалях, нібы на цымбалах, аб днях урачыстасці гралі удала, і шумна спявалі бары і лясы (П.Броўка). Тхнула грыбным водарам, і Валодзя злез з каня і павёў яго на повадзе (К.Чорны). Зязюля на лістах рабой бярозкі камусьці ліча шэрыя гады (М.Танк).
// Для абазначэння сродку перамяшчэння, прадмета або часткі цела, на якіх ці з дапамогай якіх адбываецца перамяшчэнне. Ехаць на машыне. Скакаць на кані. Ляцець на самалёце. Імчацца на лыжах. Ляцець на крыллях. Ездзіць на спіне. Цягнуць на карку. Выехаць на гарбу.Едзе восень на рабым кані, тут дажджы ліюць, а тут і ясна (А.Астрэйка). На чужым дабры доўга не наездзіш! (К.Чорны). На палоззях ліповых і зіма прыляцела (П.Броўка). У шпіталь санітары нясуць яго на шынялі (А.Куляшоў). І на хвалях вады ружаватай човен твой пераплыў ужо мель (М.Чарот). Калышацца снежнае мора на крылах мяцелі (М.Танк). Рабіў за двух, на сваім карку цягнуў ярэмца хлебароба (Я.Колас).

24. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, з дапамогай якога вырабляецца ці гатуецца што-н., які з'яўляецца сродкам, матэрыялам ці асновай для чаго-н. Гатаваць на масле. Варыць крупеню на малацэ. Стварыць аповесць на гэтым матэрыяле. Засноўвацца на вопыце. Вырашаць праблему тыповага на разглядзе новых твораў. Завод працуе на нафце.На попеле буйна ўзраслі каласы (М.Багдановіч). Вежа тая ўвачавідкі так расце, як на дражджах (К.Крапіва). На тарфяным апале, на штучных рачных вадаспадах і на нафтавых рухавіках пускаюцца электрастанцыі (К.Чорны).
// Пры абазначэнні мовы як сродку зносін. Гаварыць на роднай мове. Спяваць песню на знаёмай мове. Размаўляць на эсперанта.Паэт атрымаў поўную магчымасць гаварыць свабодна на сваёй роднай мове (У.Агіевіч). Адгаманіла лета на мове зор малінавых і кветак (П.Панчанка). А там дыпламаты гамоняць тактычна на мове выключна дыпламатычнай (П.Панчанка). Нехта над лесам лаяўся на пакалечанай мове заік (З.Бядуля).

25. з М. Ужываецца пры ўказанні на што-н. як на мяжу якога-н. дзеяння, стану, уласцівасці. Скончыць на гэтым слове. На гэтым ён і абарваў сваю прамову.Твор свой, напісаны вершам, на гэтым канчаю (А.Куляшоў). На гэтым доўгі і нудны спыніўся дапрос (А.Куляшоў). І вось на словах «Хлопцы, настаў наш час...» маўклівы, ужо даволі немалады рэзервіст, які чамусьці не спяваў, зусім нечакана апаў грудзьмі ў нацельнай кашулі на замазучаную сталь «максіма»... (Я.Брыль).

26. з М. Ужываецца пры ўказанні на сферу ці вобласць выяўлення прызнака. Дакладны на рабоце. Уважлівы на занятках.Вось яно, на вачах вырастае, здаецца, калектыўнае шчасце ад відна да відна (П.Броўка). Эт, з часам людзі ўпадаюць на сіле (Я.Купала).

27. з М. Ужываецца пры ўказанні на аб'ект, на якім канцэнтруецца ўвага, гутарка і пад. Увага была сканцэнтравана на стварэнні мастацкіх палотнаў буйнога маштабу. Спыніцца на жыватворным уплыве братняй літаратуры.У заключэнне мы хочам спыніцца на правапісе (К.Крапіва). Уся яго [хлапца] увага была засяроджана на возе (М.Лынькоў).

IV. АДНОСІНЫ ПЕРАЎТВАРЭННЯ (ПЕРАХОДУ З АДНАГО СТАНУ Ў ДРУГІ).

28. з В. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, у які пераходзіць або ператвараецца ранейшы прадмет. Раздзяліць балота на дзялянкі. Разбіць луг на агароды. Пераціраць снег на муку. Піліць бервяно на дошкі. Спаліць на попел. Перарабіць крэсла на табурэт.Каб свет не захлынаўся больш у крыві, увесь расшматаны на рызманы, давайце раззброімся: я і вы - начыстую і без маны (К.Крапіва). Фурманкі... раскідаліся па дарозе на дробныя рыштункі (К.Чорны). Ужо ў пачатку лістапада станавіўся сухі холад, а пад сярэдзіну таго ж месяца нападаў змёрзлы і сцёрты ветрам на муку снег (К.Чорны). Тады загарэлася ненавісць мас, на тло спапяліла варожую кроў... (П.Глебка).
// Пры ўказанні на пераход з аднаго стану ў другі. Займацца на дзень. Забірае на плач. Збіраецца на дождж. Ідзе на папраўку.Бралася на відно (М.Лынькоў). Збіралася к начы на дождж (К.Чорны).

V. АДНОСІНЫ МЕРЫ І СТУПЕНІ.

29. з В. Ужываецца пры ўказанні на меру ці ступень дзеяння, а таксама на меру выяўлення прыметы. Славіцца на цэлую аколіцу. Раззваніць на ўвесь свет. Закрычаць на ўсю хату. Пець на ўвесь голас. Слава на ўсю краіну. Лепшы амаль на ўсю вобласць. Багатыр на ўсю акругу.Ён найдасканалейшым парадкам ведаў тутэйшую мясцовасць на самую шырокую акругу (К.Чорны). Кладуцца дрэвы старчмака на ўвесь сасновы рост (П.Броўка). Мы з вольнае краіны, адной на цэлы свет (П.Глебка). Як і заўсёды ў гэтую вясну, сход адбываўся на калгасным гаспадарскім дварэ - цяпер самы прасторны пляц на ўсю вёску (К.Чорны). Мала каму верылася, што толькі год таму, як ён [Піліпчык] яшчэ на поўную сваю сілу цяслярыў (К.Чорны).
// Ужываецца ў прыслоўных выразах для перадачы неакрэслена вялікай колькасці прызнака: на здзіўленне, на дзіва, на рэдкасць і пад. Жыта там родзіцца на дзіва... (Я.Колас). Але не цягам ён [глушэц] такуе, а робіць часта перарывы, тады ўжо чутак ён на дзіва... (Я.Колас). Такароўцы спахмурнелі не на жарт (З.Бядуля).

VI. КОЛЬКАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

30. з В. Ужываецца пры абазначэнні гранічнай меры або колькасці. Унесці ўгнаенняў не менш адной тоны на гектар. Работы на пяць хвілін. Наваколле відаць на пяць кіламетраў. Купіць на два рублі. Да рэвалюцыі адзін лекар прыходзіўся на дванаццаць з паловай тысяч чалавек.Абоз расцягнуўся больш як на вярсту (Я.Колас). На сажань углыб заплялося карэнне (П.Панчанка). Нясём удвух у свята да крамніка здаваць; насушана [грыбоў] багата - рублёў на дваццаць пяць (А.Куляшоў). «На колькі звычайна ўвесну падымаецца вада ў возеры?» - пацікавіўся Беразінец (П.Броўка).
// Пры абазначэнні становішча ці месца прадмета або з'явы ў радзе да іх падобных. На першы раз дарую. На гэты раз нашы лыжнікі прыйшлі першымі.

31. з В. Ужываецца пры абазначэнні колькасных адносін, якімі вызначаецца ўнутраны змест ці прызначэнне чаго-н. Кватэра на тры пакоі. Купэ на трох пасажыраў. Кабіна на дваіх. Абед на шэсць чалавек.Калгаснік, які будуецца цяпер, мала каторы ставіць хату менш як на тры а то і чатыры чыстыя пакоі (К.Чорны). «Наараў на працадзень?» - запытаўся ён, калі падышоў, усмешліва пазіраючы цыганскімі вачыма (І.Мележ). Усё ж спланавана і разлічана на кожны дзень (С.Грахоўскі).

32. з В. Ужываецца пры ўказанні на колькасную розніцу. Брату на шэсць гадоў менш. Выехалі на дзень раней. З'явіцца на тыдзень пазней. Пастарэла на два гады. Надбудаваць на адзін паверх. Цяжэйшы на тры кілаграмы. Маладзейшы на чатыры месяцы.Назаўтра ў саўгасе выехалі араць на гадзіну раней (К.Чорны). Лізавета ад злосці сама пастарэла на год (А.Куляшоў). Гадоў на дзесяць памаладзеў! (М.Лынькоў). Мікалая ён ведаў з малых дзён яго, за Костуся Мікалай старэйшы, хоць і не на шмат (К.Чорны). Была добра асветлена толькі адна старана пляцу. Там трэцяя змена дахоўшчыкаў накрывала нядаўна надбудованы на адзін паверх дом (К.Чорны). [Гудовіч:] Сапраўды - ізноў пахарашэла. - [Броня:] Сур'ёзна? - [Гудовіч:] Досыць сур'ёзна. Працэнтаў на пяцьдзесят (К.Крапіва).

VII. РАЗМЕРКАВАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

33. з В. Ужываецца пры ўказанні на колькасны паказчык раздрабнення, падзелу. Разламаць бульбіну на дзве часткі. Асноўны канфлікт разгаліноўваецца на тры другарадныя канфлікты.Дасэні рэзка дзяліліся на два самастойныя гатункі - «просты» і «павучковы» (К.Чорны). Ці то пратэст, бунт проціў здзеку, які пануе тут адвеку і дзеліць люд на дзве галіны, на дзве няроўныя часціны: на багачоў і на галоту? (Я.Колас).
// Пры назве прадмета, які з'яўляецца прадуктам раздрабнення, падзелу. Класавае грамадства было падзелена на прыгнечаных і прыгнятальнікаў. Насельніцтва падзялялася на асобныя разрады па маёмасна-класаваму прызнаку.У далейшым Кіеўская Русь у сілу пэўных прычын распалася на паасобныя часткі (К.Крапіва). Я сам быў адзін - як лісток скамечаны, я сам гарэў і разрываўся на часткі... (К.Кірэенка).

VIII. АЗНАЧАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

34. з В. Ужываецца пры ўказанні на прызнак прадмета. Казка на стары лад.Жычліва калыхнуў паўднёвы вецер настыўшыя галіны, атрос засеўшыя на іх снежныя покрывы, з песняю на веснавы лад прайшоўся над акачанелымі хмызнякамі і весцю аб вясне шаргануўся па саламяных стрэхах сялянскіх хат (Я.Колас).

35. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, наяўнасць якога характарызуе, вызначае іншы прадмет або асобу. Ганак на слупах. Туфлі на шпілечках. Вазок на рысорах. Пірог на мёдзе.Вазкі на рысорах ныраюць за ўзгоркі (А.Куляшоў). Падрапаная за доўгі час скураная жакетка на футры... (К.Чорны).

IX. АДНОСІНЫ ХАРАКТАРУ І СПОСАБУ ДЗЕЯННЯ.

36. з В. Ужываецца пры абазначэнні характару ці спосабу дзеяння, асаблівасцей выяўлення працэсу. Загаманілі на ўсе лады. Настроіць думкі на філасофскі лад. Граць на ўсе галасы. Зрабіць на свой густ. Дыхаць на поўныя грудзі.Звонка граюць струны цішы на @

наабапал, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. наабапал выражае прасторавыя адносіны.

1. Ужываецца для ўказання на размяшчэнне на абодвух баках каго-, чаго-н. Малады ельнік цягнуўся наабапал чыгункі.Мігаюцца, пахіліўшыся, абросшыя мохам хваёвыя крыжы наабапал дарогі (Я.Колас). Прыгожа павіваюцца дарожкі ў полі, гэтыя красёнцы людскога клопату і працы, а наабапал іх нахіляецца жыта (Я.Колас). Наабапал іх дарогі стаіць лес, пасівелы ад інею, як і дзед Талаш ад старасці (Я.Колас). Наабапал сцежкі чорнымі пластамі ляжалі скібы тлустай зямлі (Я.Васілёнак).

2. У знач. прыслоўя. З абодвух бакоў. Шырокая калгасная вуліца, наабапал - новыя хаты.Наабапал старыя могілкі пазарасталі рутаю, чабаром і мятаю (Р.Мурашка). @

на адрас, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Кніжн. Тое ж, што і ў адрас. @

на аснове, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Кніжн. Спалучэнне з на аснове выражае прычынныя адносіны і адносіны адпаведнасці.

I. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца для абгрунтавання дзеяння, працэсу. Грамадскія арганізацыі працуюць на аснове добраахвотнасці.Работа камсамольскай арганізацыі нашай школы праводзіцца на аснове шырокай самадзейнасці і ініцыятывы саміх камсамольцаў («Настаўніцкая газета»).

II. АДНОСІНЫ АДПАВЕДНАСЦІ.

2. Ужываецца для ўказання на адпаведнасць аднаго факта (прадмета, з'явы) другому. Распрацаваць пытанне на аснове дыялектычнага матэрыялізму. Даць тлумачэнні на аснове трэцяга артыкула Закона аб пенсіях. @

на базе, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Кніжн. Спалучэнне з на базе выражае адносіны адпаведнасці: мае значэнне 'на аснове, у адпаведнасці з чым-н.'. Распрацоўваць пытанні прыродазнаўства на базе дыялектычнага матэрыялізму. @

на баку, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з на баку выражае аб'ектныя адносіны: мае значэнне 'ў каго-н. ці ў якой-н. адной з супрацьлеглых груп'. Стаяць на баку слабейшых. На баку нашых суседзяў была яўная перавага ў сіле.Усе сімпатыі паэта на баку Бандароўны - дзяўчыны незвычайнага хараства і мужнасці (Р.Шкраба). @

на бок, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з на бок выражае аб'ектныя адносіны: мае значэнне 'на пазіцыі каго-н.', 'на чые-н. пазіцыі'. Перайсці на бок ворага. @

навакол, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і навокал. Як жа яму [лясніцтву] не вырасці, не адбудавацца сярод такога бяскрайняга лесу, які навакол завода ўжо далёка высечаны (П.Пестрак). Можна ім пагаварыць і па-таварыску, стварыўшы навакол сябе нават атмасферу інтымнасці... (К.Чорны). Жняярка стаяла пасярод калгаснага двара, а навакол яе пасталі людзі (К.Чорны). Усё ўпала, рушылася; у фальшывай дарозе ішлі першыя маладыя гады; навакол чаго трымаліся калісьці цэлыя гады мары - ёсць непатрэбнасць (К.Чорны). @

наверсе, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з наверсе выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні прадмета, на верхняй частцы якога размяшчаецца што-н. Нешта чарнеецца наверсе стога.Яна [Волечка] сядзела наверсе воза, а ён [Кастусь] ішоў збоку і павярнуў каня на кругавую дарогу... [К.Чорны]. @

наверх, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з наверх выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, на верхнюю частку якіх ці паверх якіх накіравана дзеянне. Ускінуць сена наверх капы. Надзець кажух наверх ватоўкі.Ён [Букрэй] сядзеў на бярвеннях каля агню, накінуўшы наверх салдацкай шынелі яшчэ болей шырокае, чым ён сам, шляхецкае футра з шырачэзным каўняром (Я.Колас). @

наводаль, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і наводдаль. @

наводдалек, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Размоўн. Тое ж, што і наводдаль. Вецер як бы пачаў сціхаць, і з-за чорных абрысаў, наводдалек - ці то нізкага лесу, ці то высокіх будынкаў, - чулася часамі флейта, скрыпка (К.Чорны). @

наводдалек ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Размоўн. Тое ж, што і наводдаль ад. Ён быў зусім сівы, стаяў заўсёды неяк няспрытна крыху наводдалек ад усіх сваіх таварышаў, не маліўся, не спяваў нічога, а моўчкі трымаў працягнутую руку (К.Чорны). На голым выгане, наводдалек ад спаленага вакзала, яны стаялі доўга, пакуль не пачалася пасадка ў пяць таварных вагонаў - гэта і быў увесь поезд (К.Чорны). @

наводдаль, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з наводдаль выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве прадмета, асобы, месца ці прасторавай мяжы, на пэўнай адлегласці ад якіх адбываецца дзеянне, рух або размяшчаецца хто-, што-н. Калодзезь выкапалі наводдаль вуліцы.Ён сядзеў на лаве крышку наводдаль стала і выдумляў сваю новую гісторыю (Я.Скрыган). @

наводдаль ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з наводдаль ад выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'на некаторай адлегласці ад каго-, чаго-н.'. Груша расла наводдаль ад хаты. @

наводшыб ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Размоўн. Спалучэнне з наводшыб ад выражае прасторавыя адносіны: мае значэнні: 1) на некаторую адлегласць ад каго-, чаго-н. Адбегчы наводшыб ад натоўпу. 2) Тое ж, што і наводшыбе ад. Ён [Сцёпка] стаяў як бы крыху наводшыб ад таварышоў і пільна прыглядаўся да ўсяго, што праходзіла тут перад яго вачыма (Я.Колас). Стаіць [варывенька] ля самых варот, можна сказаць - як наводшыб ад сядзібы (Я.Скрыган). @

наводшыбе, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. выражае прасторавыя адносіны: прыназ. указвае на размяшчэнне ўбаку, на некаторай адлегласці ад каго-, чаго-н. Камунальны аддзел не ў будынку райвыканкома, а наводшыбе мястэчка, у доміку з зялёнымі аканіцамі (І.Навуменка). Алесь і Уладзік зайшлі на нямецкі хутар, што стаяў наводшыбе вялікай вёскі (У.Юрэвіч). @

наводшыбе ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з наводшыбе ад выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'ў баку, на некаторай адлегласці ад каго-, чаго-н.'. З завулка ехалі конна хлопцы і мужчыны. Белабароды Павал ехаў паперадзе, наводшыбе ад усіх - конь яго меў самы шырокі крок (К.Чорны). Дык от гэты Яўхім Стрыгун падышоў да Ладымеравай хаты і стаў наводшыбе ад усіх паслухаць, што будуць гаварыць людзі пра насценную газету (К.Чорны). Міхалка Сляпенькі ўжо не так шпарка перабягаў з кутка ў куток, а Алесь Манцівода зусім ужо маўчаў і нешта думаў, ці можа драмаў, стоячы адзін пасярод памяшкання, наводшыбе ад усіх (К.Чорны). Збоку ж, наводшыбе крыху ад усіх, на бярвенні, сядзеў Яўхім Стрыгун (К.Чорны). @

навокал, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з навокал выражае прасторавыя і аб'ектныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры назве асобы, прадмета або месца, з усіх бакоў якога адбываецца якое-н. дзеянне ці размяшчаецца што-н. Навокал хаткі лесніка стаяў цёмны лес.Навокал разбойніка-звера змыкаецца круг, і вострыцца помсты сякера, куецца ланцуг (Я.Колас). Ён не ведаў, што дзе рабілася навокал яго (К.Чорны). Пніцкі кідаў гліну разам з усімі, часта паплёўваў на свае рукі, паглядаў навокал сябе (К.Чорны). Адзін быў зусім стары, гэтакі стары, што, здаецца, мала што бачыў навокал сябе (К.Чорны). Дзяўчына пачала беспарадна кідаць вачыма на дарогі і навокал сябе (К.Чорны). Тоня Базылькевіч азірнуўся і ўбачыў, што навокал яго аж кіпіць натоўп дзяцей, а наводдаль стаіць гурт мужчын (К.Чорны). Ён ... азіраўся на ўсё адразу, што лезла ў вочы навокал яго (К.Чорны). Знізу камень аброс мохам, жоўтая трава навокал яго была вільготная (К.Чорны). Акім адвярнуўся і, абвёўшы вачыма навокал двара, са смуткам прагаварыў: «Уладай усім, навекі непарушна... бывай» (У.Ляўданскі). Навокал рыначнай плошчы стаяць драўляныя і нават цагляныя дамы (Я.Брыль).

II. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

2. з Р. Ужываецца для ўказання на асобу, прадмет ці паняцце, якое з'яўляецца аб'ектам пэўнага працэсу або дзеяння. Гутарка ўвесь час вілася навокал старшыні.Каля яе [калектывізацыі] згуртаваны ўсе думкі, пачуцці і разрахункі практычнага сялянскага розуму, навокал яе вядзецца самая дзейсная агітацыя і за і супраць (Я.Колас). @

навокала, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і навокал. Навокала агню стаяць і сядзяць людзі ў вайсковай адзежы (Я.Колас). Навокала палянкі чарадой раслі паганкі (П.Глебка). Як цені, сіняватыя кругі навокала вачэй ляглі, а вочы як быццам просяць злітавацца ўсіх (М.Багдановіч). @

над, прыназ. з Т. і В. Спалучэнне з прыназ. над выражае прасторавыя, аб'ектныя, кампаратыўныя адносіны і адносіны меры і ступені.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з Т. Ужываецца пры абазначэнні размяшчэння, знаходжання каго- ці чаго-н. зверху, паверх каго- ці чаго-н. Туман сцелецца над дарогай. Зара запаліла агні над сусветам. Сцягі над горадам. Сцішна над возерам.Зоры далёкія, зоры бліскучыя ціха гараць над зямлёй (Я.Колас). Вось елачка тая над ціхай мясцінай, дзе Першага мая ён стрэўся з Хрысцінай (А.Куляшоў). Песня расла, шырылася, узнімалася вышэй і вышэй, над гумном, над садам, над цёмнаю сажалкай, над калодзежнымі журавамі (М.Лынькоў).
// Пры словах рака, возера, балота і пад. можа ўказваць і на размяшчэнне ў непасрэднай блізасці да таго, што названа залежным словам. Хатка над балотцам. Гарадок над Дзвіной.Шкода хаткі мне старэнькай з латанай страхою, што схілілася над Нёмнам горкай сіратою (Я.Колас). Каля млына над возерам устае, быццам белая воўна, пахучы туман... (З.Бядуля). Толькі тады будзе шчасце сапраўдным на свеце, калі над Меконгам, у джунглях, в'етнамскі мой брат сам для сябе будзе ў ціхай хаціне паліць камінок... (К.Кірэенка). Ой, не гніце, ветры, вербаў над ракою... (М.Танк).
// Ужываецца пры ўказанні на становішча ці акалічнасць, якія пануюць, ахопліваюць што-н. Раніца ярка зардзіць над зямлёй (Я.Купала). Над спахмурнелым Петраградам стаяла восень лістападам (Я.Купала). Ноч над светам панавала (Я.Колас). І сёння мы стаім над светам, як непахісная скала (Я.Колас). І часта роздараж іх быту над імі зляжа, як навала (Я.Колас). Не давайце гадам сілы над сабою распасцерць!.. (Я.Купала).

II. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

2. з Т. Ужываецца пры абазначэнні адносін дзеяння да якіх-н. аб'ектаў, накіраванасць яго на што-н., засяроджанасць на чым-н. Працаваць над творам. Задумвацца над пытаннем. Сядзець над швейнай машынкай.А. Александровіч шмат працаваў і над творамі для маленькіх чытачоў (В.Бурносаў). Алёшка і Юрка адразу звесілі чубы над чарцяжом (С.Грахоўскі). Баяліся, каб не зрабіла яна чаго худога над сабой (М.Лынькоў). Усе нашы людзі не маюць ахвоты да таго, каб хто над душою крукам стаяў (К.Чорны).
// Ужываецца пры абазначэнні кіруючага становішча ў адносінах да каго- ці чаго-н. Улада над калектывам. Начальнік над усімі прадпрыемствамі раёна.Яна [Насцечка] спакойна і вытрымана працавала каля дошкі і ўзяла верх над ім [Сержам] (К.Чорны). Тварыў закон свой і свой суд над абяздоленым народам (Я.Купала). Не знаў улады над сабою апроч зямельнай той улады (Я.Колас).

3. з Т. Ужываецца пры абазначэнні праяўлення якога-н. пачуцця ў адносінах да каго- ці чаго-н. (са словамі: смяяцца, плакаць, галасіць, гараваць, здзекавацца і пад.). Не смейся над чужой бядой. Плакаць над утратай. Злітавацца над горам.Сумна вецер плакаць стане над будынкам мужыкоў (Я.Колас). Як прыходзіў Бандарэнка, а з ім Бандарыха, галасілі над дачушкай, галасілі сціха (Я.Купала).

III. АДНОСІНЫ МЕРЫ І СТУПЕНІ.

4. з Т. Размоўн. Ужываецца ва ўстойлівых спалучэннях для выражэння вышэйшай ступені чаго-н. Мароз над маразамі.Я - пралетар!.. Яшчэ учора раб пакутны - сягоння я зямлі ўладар і над царамі цар магутны (Я.Купала). А мілаванне - над царамі цар (Я.Купала).

5. з В. Абл. і ўстар. Ужываецца ва ўстойлівым выразе над меру пры ўказанні на перавышэнне меры дзеяння або прыметы. Працаваць над меру. Прыгожы над меру.Маці зямліца, і умалотамі хлеба над мерку не дасі звычайную! (Я.Лучына).

IV. КАМПАРАТЫЎНЫЯ АДНОСІНЫ.

6. з В. Размоўн. і абл. Ужываецца пры называнні аб'екта параўнання, супастаўлення. Над яе няма прыгажэйшай. Над усялякае параўнанне.Ой, няма ж, Купаліша, ды над нашага Яначка... (нар. песня). @

нада, прыназ. з Т. Ужываецца толькі ў спалучэнні нада мною (мной). Тое ж, што і над у 1, 2 і 3 знач. Высока нада мною між скал віюцца горныя арлы (П.Трус). Што ж вы [думкі] завіліся віхрам нада мною»? (Я.Колас). Адшумелі буры нада мной (А.Звонак). Толькі жоўты пясок неабсяжнай пустыні нада мною галосіць то працяжна, то сіпла (П.Панчанка). @

назад, прысл. У знач. прыназ. - з В. Спалучэнне з назад выражае часавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні тэрміну, адрэзку часу, які аддзяляе якую-н. з'яву ад моманту паведамлення аб ёй. Роўна год назад была навальніца.Дваццаць год пасадзілі [сад] назад (П.Броўка). Сымон паспрабаваў уявіць сабе той лес, што рос тут многа гадоў назад (А.Чарнышэвіч). @

назло, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з назло выражае ўступальныя адносіны; ужываецца пры ўказанні на асобу ці паняцце, наперакор якім што-н. робіцца, адбываецца. Дужэем назло ворагу. Выжыў назло самой смерці.Край цвіце на нашу радасць - злому ворагу назло (А.Звонак, М.Хведаровіч). Я адчуваю: нехта трэці нядаўняй радасці назло і скразнякі прынёс, і вецер у наша роднае жытло (Р.Тармола). @

на змен, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Д. Устар. Тое ж, што і на змену. Чырвоны сцяг наш шлях паборы усцілае туды, дзе ў гучным грукаце пярунаў, на змен пакоры й дзікіх гвалтаў, заступае ўладар жыцця - ўсясветная Камуна (Ц.Гартны). @

на змену, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з на змену выражае замяшчальныя адносіны: мае значэнне 'замест (каго-, чаго-н.)'. На змену ўчорашнім трывогам, дзе час клапотамі спавіт, бяры ў палон мяне, дарога, чаруй мне вока, краявід! (А.Звонак). @

наконт, прыназ. з Р. Спалучэнне з наконт выражае аб'ектныя адносіны: указвае на прадмет ці з'яву, якія з'яўляюцца аб'ектам думкі, выказвання, меркавання. Думкі наконт працы.І наконт кватэры таксама паставім пытанне... (У.Карпаў). «Сытыя якія, каб на іх упадак», - глыбакадумна выказвае сваю думку наконт варон Рыгор (К.Чорны). Вось наконт таго, як жывуць служачыя, то я неаднораз бачыў, што жывуць яны нядрэнна (Ц.Гартны). @

наконта, прыназ. з Р. Устар. Тое ж, што і наконт. А сам Міхал аб гэту пору настройваў лыжы да сялібы - падбаць панам наконта рыбы... (Я.Колас). Сёстры зноў засмяяліся. Чэся яны зналі лепей і, як відаць, схіляліся да погляду таткі наконта грэчкі (Я.Колас). Ну, а як ты, Антон, наконта гэтай самай арэнды? - пыталі сяляне (М.Чарот). @

накруг, прысл. Размоўн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з накруг выражае прасторавыя адносіны: указвае на прадмет ці асобу, вакол якіх што-н. рухаецца, знаходзіцца або адбываецца. Пасталі накруг вогнішча.І накруг таго стала, сеўшы кругам, заспявалі (П.Броўка). @

накшталт,

1. прыназ з Р. Спалучэнне з прыназ. накшталт выражае параўнальныя адносіны: прыназ. указвае на прадмет, з'яву ці прызнак, да якіх падобны якія-н. прадметы, з'явы, прызнакі. Нешта накшталт саду.Міхал Тварыцкі бачыў перад сабой нешта накшталт скрыжавання гарадскіх вуліц (К.Чорны). Чатыры рады маладых таполей ішлі па былым выгане ўздоўж усяго пасёлка, ствараючы штосьці накшталт парку (К.Чорны). Штрафная рота. Нешта накшталт канцлагера ў лагеры ваеннапалонных (У.Карпаў). Мурашка, які пачынаў гаварыць спакойна, з усмешкай, відаць, мяркуючы, што справа абмяжуецца таварыскай размовай накшталт тых, якія вёў з ім ужо не раз Ладынін, - раптам пабялеў і паімкнуўся да Прымака (І.Шамякін). Камедыя будзе гучаць актуальна, свежа да таго часу, пакуль з жыцця зусім не знікнуць тыпы накшталт Гарлахвацкага і Зёлкіна (Я.Казека). Пятляла рэчка тут накшталт вужакі (М.Машара).

2. часц. Быццам, быццам бы. Жывуць накшталт як сябры. @

налева ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з налева ад выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'з левага боку ад каго-, чаго-н.'. Налева ад хвойнічку, дзе Чуйка прывык калісьці бачыць Сурвілаў хутар, было чыстае месца (К.Чорны). Вось налева ад сабору купал высіцца... (К.Крапіва). Налева ад парога стаяў доўгі стол (П.Пестрак). Налева ад завода, амаль пры самым лесе стаяў невялікі пасёлак... (П.Пестрак). @

на манер, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Размоўн. Тое ж, што і накшталт. Суседзі назаўтра казалі, што ён сядзеў упоперак воза, так, што адна нага была ў драбінах, а другая выстаўлена на манер пісталета (Я.Колас). «Як ты мяркуеш, Мартыне, - парушыў маўклівасць дзед Талаш, пачаўшы трохі здалёку, - ці можна падабраць добрых хлопцаў... ну, на манер невялічкага войска?» (Я.Колас). @

намест, прыназ. з Р. Абл. Тое ж, што і замест. Каб гэта я стаў намест галоўнага камісара, дык зразу ў першую чаргу распарадзіўся б паправіць шляхі (Ц.Гартны). @

на паверсе, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Устар. Спалучэнне з на паверсе выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'зверху, на паверхні чаго-н.'. Год, другі, меней або болей і неўзначнай раптоўна пырскае і віруе гэта вада на паверсе зямлі, абаграваемая сонцам, непадатная марозам... (Ц.Гартны). @

на паказ, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і напаказ. Як той казаў - вайна не толькі лье кроў, але і кожную брудную душу выверне на паказ свету (К.Чорны). Тут я ўжо ўсё нутро яго выстаўлю на паказ людзям, навыварат выверну, як панчоху (К.Крапіва). І калі ты сапраўдны паэта - неадкладна бяры і пішы на паказ занядбанаму свету біяграфію гэтай душы (П.Глебка). @

напаказ, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з напаказ выражае мэтавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы, калектыву, мэтай паказу якім што-н. робіцца. Храбрыя з гонарам, усім напаказ, насілі на тварах сваіх сінякі (П.Броўка). Ці то, зняўшы апранаху, я ў паўдзённай спёкі час цела грэшнае Манаху выстаўляю напаказ (К.Крапіва). @

напал з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Размоўн. Тое ж, што і напалам з. Жыта напал з гірсой.Направа абсеяныя шнуры: ярыну ўсю пакрывае свірэпка, жыта напал з гірсой і званцом пагерсана градамі (Я.Купала). @

напалам з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з напалам з выражае адносіны сумеснасці: мае значэнні: 1) у роўных долях з кім-н. Купіць дом напалам з братам. 2) Напалову з чым-н., у сумесі з чым-н. Даўней елі хлеб напалам з мякінай.Мы пяклі праснакі напалам з лебядою і чакалі вясны, каб адтала кара (П.Броўка). Па абодва бакі дарогі стаяла няскошаная, напалам з цімафееўкай канюшына (М.Лобан). @

напаў з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Абл. Тое ж, што і напал з. Скокам-бокам, напаў з горам наспеў годзік і дваццаты, быў хлапцом - сказаць не сорам! (Я.Купала). @

напачатку, прыназ. з Р. Размоўн. Спалучэнне з прыназ. напачатку выражае часавыя адносіны: прыназ. ужываецца пры абазначэнні тэрміну, у пачатку якога што-н. адбываецца. Напачтку верасня пайшлі дажджы.Тады, напачатку трыццатых гадоў, мае аднагодкі на ўсходзе - шчаслівыя сведкі і ўдзельнікі вялікіх спраў - выдатна разбіраліся ў марках машын, якія выйшлі на калгасныя палі (Я.Брыль). @

наперад, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з наперад выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы ці прадмета, на лінію руху якіх ці ў напрамку перад якімі хто-, што-н. выходзіць, выбягае і пад. Другі жаўнер мерыцца ў яго з вінтоўкі, але Данілава маці забягае жаўнеру наперад, засланяючы Данілу (К.Крапіва). @

на пераддзенні, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Абл. Тое ж, што і напярэдадні. На пераддзенні Міколы сабраўся Лабановіч да свайго сябра Турсевіча і пайшоў на раз'езд (Я.Колас). @

наперадзе, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з наперадзе выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы ці прадмета, на некаторай адлегласці перад якімі хто-, што-н. знаходзіцца. Камандзір ехаў наперадзе ўсіх.Наперадзе палка над галовамі салдат плыў у паветры штандар... (Э.Самуйлёнак). А паперадзе ўсіх граў хлапчук на цымбалах сваіх... (А.Куляшоў). Бацька то нешта крычаў нема разяўленым ротам і махаў рукамі, то нёсся наперадзе натоўпу, то абстрэльваў бронецягнік, то вёў палоннага генерала (Я.Скрыган). @

наперадзе ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. наперадзе ад выражае прасторавыя адносіны: прыназ. мае значэнне 'на некаторай адлегласці перад кім-, чым-н.'. Ён раптам тлумачыць, што ледзь прыкметны рух наперадзе ад нас - гэта наша пяхота (К.Чорны). @

наперакор, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з наперакор выражае ўступальныя адносіны: ужываецца пры назве асобы, прадмета або з'явы, насуперак якім, нягледзячы на якія што-н. адбываецца. І наперакор перашкодам стыхійную сілу зямлі на службу савецкім народам у моцныя рукі ўзялі (Я.Колас). Наперакор ліхой стыхіі, на гэтай згруджанай жарстве, узняўшы вежы залатыя, прыгожы горад расцвіце (П.Глебка). Ён абяцаў жаніцца на мне, хоць наперакор бацькам (П.Галавач). І ўсталі ў гомане лістоў наперакор вятрам... (П.Броўка). Максіма ў ваенна-марское вучылішча не прынялі і ён, наперакор жаданню бацькоў, на злосць усім паехаў у марскі тэхнікум (І.Шамякін). Ці бурны, швыдкі, як віхор, і моцны, зычны, нібы гром, жыцця старога скрутны злом ідзе табе наперакор? (Ц.Гартны). Як сонца, першыя ў паходзе, стыхіям злым наперакор, ішлі вы з песняй, як разводдзе, на штурмы скал і дзікіх гор (Я.Колас). Каб дарма не йшлі яму наперакор (Я.Купала). Застылі іхнія сляды, і ім наперакор - Рыён бушуе малады па скалах нашых гор (П.Броўка). @

наперарэз, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з наперарэз выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы ці прадмета, шлях якіх хто-, што-н. перасякае. Кінуўся наперарэз уцекачу.Мераў вокам адлегласць да тых, што беглі яму наперарэз (К.Крапіва). І вось яна [сатыра] пляцецца па гэтай дарозе, хістаючыся на нетрывалых яшчэ нагах, а ёй ужо забягаюць наперарэз (К.Крапіва). Ён [Клямт] раптам кінуўся ў поле, стараючыся дапасці да кустоў, але заўважыў, што справа наперарэз яму бягуць два байцы (І.Мележ). Аўгіня пускаецца на хітрасць: яна крута верне свой човен наперарэз Мартынаваму чоўну (Я.Колас). @

наперасек, прысл. Абл. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і наперарэз. Хлапчукі беглі веласіпедысту наперасек. @

напоперак, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і наперакор. Напоперак волі бацькі.Я лічыў бы за жарт гэтай прыкрасці выраз, каб, напоперак думкам і волі самой, аж спадыспаду дзён у вялізманы вобраз не вырас дзень маленства майго і вясновых самот (П.Глебка). @

напрадвесні, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з напрадвесні выражае часавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на год і мае значэнне 'перад наступленнем вясны ўказанага года'. Напрадвесні 1906 года па ўсёй царскай Расеі ішла падрыхтоўка да выбараў у першую дзяржаўную Думу (Я.Колас). І вось напрадвесні саракавога года было нарэшце аб'яўлена: «Беларусы - да маткі» (Я.Брыль). @

напрасткі ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з напрасткі ад выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'па прамой лініі ад чаго-н.'. Па сцежачцы, што вілася напрасткі ад лесу і бегла праз поле, павольна пасоўваліся якраз сюды дзве чалавечыя фігуры (Я.Колас). @

на працягу, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з на працягу выражае часавыя адносіны: ужываецца для абазначэння прамежку часу, калі што-н. адбываецца. Адпачываць на працягу месяца.Маёнтак пана Длугошыца адзін з пышнейшых у павеце. Гэта - котлішча старога польскага рода. На працягу вякоў пераходзіла яно ад бацькі да старшага сына, пераходзіла, як умацаваная, вякамі непарушная спадчыннасць (Я.Колас). На працягу 7-8 дзён пры добра арганізаванай працы ўпаўне можна сабраць вычарпальны матэрыял па «Праграме» (Я.Яўгеньева). Усе стацыянарныя піянерскія лагеры выкарыстоўвалі ў летні час для работы ў тры змены, а многія з іх - на працягу круглага года («Весці АН БССР»). [Стэпа]... нанова ўсё, слова ў слова, нібы па пісанаму, начала апавядаць яму аб сваім жыцці на працягу апошніх двух гадоў (Ц.Гартны). @

напроці, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з напроці выражае прасторавыя, часавыя і кампаратыўныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры ўказанні на прадмет або асобу, перад якімі на процілеглым баку хто-, што-н. размяшчаецца. Напроці нашых вокан расла груша.

2. Ужываецца пры ўказанні на прадмет або асобу, якія перамяшчаюцца насустрач руху каго-, чаго-н. Ішлі напроці ветру.

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

3. Ужываецца пры ўказанні на тэрмін, адрэзак часу, перад якім што-н. існуе, адбываецца ці павінна адбыцца. Не збірайся ў лес напроці ночы.Куды чалавеку ісці напроці ночы (К.Чорны). Напроці ночы паедзеце? (К.Чорны). У цябе залатыя рукі, няхай і ён будзе рамеснікам добрым. Ён стаіць напроці веку (К.Чорны). Яна ж стаіць напроці свайго веку (К.Чорны). Песня тая - дык, здаецца, гэта не спяваюць яе над малым дзіцем, якое напроці свайго веку стаіць, якое гадуецца, каб жыць, а, здаецца, гэта нябожчыка праводзіць на той свет - гэтакая тая песня! (К.Чорны).

III. КАМПАРАТЫЎНЫЯ АДНОСІНЫ.

4. Ужываецца пры назве асобы ці прадмета, з якімі хто-, што-н. параўноўваецца. Ты яшчэ напроці яго блазан (К.Чорны). @

напроціў, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і напроці, 1-4. @

напярэдадні, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з напярэдадні выражае часавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на перыяд, з'яву, падзею і г.д., у неакрэслены прамежак часу перад якімі што-н. адбываецца. Падрыхтаваць усё загадзя, напярэдадні паходу.Аднойчы, ужо зусім напярэдадні вызвалення, Толя заехаў у сямейны лагер брыгады і прывязаў Сівага каля зямлянкі Нагорных (Я.Брыль). Тое нешта, што трэба зрабіць іменна заўтра, напярэдадні збора дружыны, што павінна быць зроблена ціха і скрытна - ён абдумваў спачатку сам (Я.Брыль). Мабілізаваны напярэдадні вайны дробны гдыньскі чыноўнік, выпускнік гімназіі, ён некалькі разоў у парадку практыкі замяняў нашага ўзводнага (Я.Брыль). Яшчэ большым сведчаннем росту культурнага жыцця Беларусі <...> было, напярэдадні прыходу Дуніна-Марцінкевіча ў літаратуру, з'яўленне дзвюх парадыйных паэм - «Энеіды навыварат» (30-я гады) і «Тараса на Парнасе» (40-я гады) - твораў для свайго часу і гістарычных, і наватарскіх (С.Майхровіч). Нельга не бачыць адбітку творчых пошукаў пісьменніка напярэдадні скасавання прыгоннага права (там жа). Напярэдадні майскага свята механічны цэх зноў узяў самыя высокія абавязацельствы (У.Шыцік). @

напярэймы, прысл. Размоўн. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з напярэймы выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на асобу або прадмет, якім імкнуцца зайсці наперад, каб пераняць іх. Заспяшаўся напярэймы авечцы.Ад лесу ўлева напярэймы ўцекачу выбег польскі салдат (Я.Колас). Крыкнуў Мірон, забягаючы напярэймы вайскоўцу (М.Лынькоў). Удалечы быў відзён яшчэ адзін трактар, і я пайшоў напярэймы яму (Я.Васілёнак). @

напярэсцігі, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і напярэсціжкі. Трое ехалі па раллі, потым пусціліся напярэсцігі каню (М.Лобан) @

напярэсціжкі, прысл. Абл. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і напярэймы. Хлопцы беглі напярэсціжкі цялятам. @

нараўне з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з нараўне з выражае адносіны адпаведнасці: мае значэнне 'аднолькава з кім-, чым-н.', 'у роўным становішчы з кім-, чым-н.', 'на роўных умовах, правах'. Жанчыны ў нас карыстаюцца выбарчымі правамі нараўне з мужчынамі.Браліся за зброю нараўне з мужчынамі (З.Бядуля). @

нараўні з, спалуч. прысл. з прыназ. Абл. У знач. прыназ. - з Т. Тое ж, што і нараўне з. Жанчыны працавалі нараўні з мужчынамі. @

нароўні з, спалуч. прысл. з прыназ. Размоўн. У знач. прыназ. - з Т. Тое ж, што і нараўне з. Гэты вечар быў незвычайным. Ён павінен быў выступіць перад фронтам перажытых дзён Сяргея Пятровіча на два крокі ўперад і застацца так стаяць нароўні з нямногімі іншымі, якія заўсёды ёсць у жыцці кожнага чалавека, незалежна ад таго, памятае ён іх ці не (Э.Самуйлёнак). На полі працуе нароўні з мужчынамі (З.Бядуля). @

настрэчу, прысл. Абл. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і насустрач. Ідуць рыбакі, пахаваўшы Прахора, настрэчу буры, буры, якая ўжо абняла паўкраіны (М.Танк). Яна ідзе ў зялёнай, пышнай руні, ў развейным, шумным веснаходзе, - настрэчу царственнай Свабодзе, у обдым светлае Камуні (Ц.Гартны). @

насуперак, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Размоўн. Спалучэнне з насуперак выражае ўступальныя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу, з'яву або працэс, наперакор якім што-н. робіцца, адбываецца. Сам чорт яму насуперак (Э.Самуйлёнак). Ніхто не асмельваўся сказаць яму што насуперак, каб не зрабіў чаго ліхога (А.Якімовіч). Чалавек быў няголены, і гэта надавала яму пажылы выгляд, насуперак маладому позірку вачэй (І.Мележ). @

насупор, прысл. Размоўн. У знач. прыназ. - з Д. або Р. Тое ж, што і насуперак. І насупор дажджу і ветру вялі прасторныя шляхі цераз балоты, цераз нетры, цераз пяскі пустынь сухіх (П.Глебка). Насупор усяўладнаму лёсу я ільды і пустыні скрышыў, я прыйшоў да твайго уцёса - кедр каханы з паўночных вышынь (У.Караткевіч). А калі, насупор ціхіх дум, падалася каманда: «Гатова!»... І пайшоў ён [цягнік] павольнай ступой, выгінаючы гнуткае цела (П.Глебка). @

насупраць, прысл. У знач. прыназ. - з Р. (радзей з Д.). Спалучэнне з насупраць выражае прасторавыя, уступальныя, часавыя і параўнальныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры ўказанні на прадмет або асобу, перад якімі на процілеглым баку хто-, што-н. размяшчаецца. Чаго ты стаў насупраць дзвярэй?Дык не сядзі хоць насупраць акна (Я.Брыль). Насупраць нашага дома працякае невялічкі ручай (Р.Ігнаценка).

2. Ужываецца пры ўказанні на прадмет або асобу, якія перамяшчаюцца насустрач руху каго-, чаго-н. Плыве насупраць цячэння.І я пайшоў насупраць плыні, каб дакапацца, дзе клубок (М.Лужанін).

II. УСТУПАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

3. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу, з'яву або працэс, наперакор якім што-н. робіцца, адбываецца. Хіба ж я пайду насупраць волі бацькі?Песня насупраць дажджу, што хвошча ў вочы, песня пад грукат грымотаў - гэта, і гэта найбольш, помніцца з «Майго спадарожніка» (Я.Брыль). А што, ён насупраць сходу адзін папрэ, ці што? (К.Чорны).

III. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

4. Указвае на тэрмін, адрэзак часу, перад якім што-н. існуе, адбываецца ці павінна адбыцца. Ну, дзед, шчасліва! Глядзі, каб усё расклеіў. Ды асцярожна - насупраць дня ідзеш (А.Кучар).

IV. ПАРАЎНАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

5. Ужываецца пры назве асобы ці прадмета, з якім хто-, што-н. параўноўваецца. Ты насупраць настаўніка яшчэ хлапчук. @

насупроць, прысл. У знач. прыназ. - з Р. (радзей - з Д.). Тое ж, што і насупраць, 1-5. Насупроць склепа адчынена была шырокая стайня (К.Чорны). Костусь прыпыніўся насупроць баранавалокаў і чакаў, пакуль яны вернуцца назад (К.Чорны). У Дуброве за Градкамі, дзе быў мост насупроць лагера брыгады «Сокал», бой разгарэўся надоўга (Я.Брыль). Нарэшце дарога скончылася. Вось і школа і воласць насупроць яе (Я.Колас). Тут і пайшлі насупроць усіх няпэўных гаворак Мікуць, Ладымер, Бабака і нават (гэтакі асцярожны чалавек!) Міхаіл Стальмаховіч (К.Чорны). Ляцеў бы ветру насупроць, раздоллем цешыўся бялёсым (Ю.Гаўрусёў). Цямраная сіла свету старога сплятаецца ў чорны клубок, адна ў яе думка, мэта, дарога - паўстаць насупроць жыцця маладога, спыніць наш вясенні паток (Я.Колас). Ладымер насупроць Сымона зусім шчуплы і худы (К.Чорны). @

насупярэч, прысл. Устар. і абл. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і насуперак. Ну, іншы раз і ён агрызнецца і скажа што-небудзь насупярэч зайздроснаму Кустрэю (Я.Колас). @

насустрач, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з насустрач выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет ці асобу, да якіх спераду або наперарэз руху якім накіраваны рух іншай асобы ці прадмета. Бегчы насустрач сонцу. Ішоў насустрач хпопцам.Хто шлях пракладае да ясных дзянніц - насустрач світанню і яснаму дню (Я.Колас). Галоўка ў белай пуховай шапачцы схіляецца насустрач мне зусім пакорна (Я.Брыль). Адчыніце вокны дню насустрач, хай выходзіць пакаёвы чад! (А.Звонак). Яны амаль усе падняліся яму насустрач (І.Шамякін). Хацелася сарвацца з месца і бегчы, бегчы ўперад, у поле, насустрач наступаючаму дню, насустрач святу (І.Шамякін). Аж глядзяць - насустрач ім ідзе ў лапціках лазовых хлопчык невялікі (М.Танк). Яны пойдуць адзін аднаму насустрач павольна, але яна не стрымаецца, яна кінецца і імкліва абдыме яго (І.Шамякін). Андрэй пайшоў насустрач сыну (Я.Колас). Партызаны першай групы кінуліся насустрач танкам (К.Чорны). Алёша развітаўся з хлопцамі і, ускінуўшы клунак на плячо, шпарка пайшоў насустрач Раі (І.Шамякін). @

насустрач да, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і насустрач. @

насустрач к, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і насустрач да. @

насустрэч, прысл. Размоўн. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і насустрач. А ён [ручаёк], гучны і смяшлівы, так і ходзіць, аж дрыжыць, і другі сябрук шчаслівы насустрэч яму бяжыць (Я.Колас). Ці кідаць Зосі бацькоў ды ўцякаць у горад да Рыгора, ці скарыцца ёй бацькавай волі і рахмана йсці насустрэч свайму лёсу (Ц.Гартны). @

насустрэч да, спалуч. прысл. з прыназ. Размоўн. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і насустрэч. @

насустрэч к, спалуч. прысл. з прыназ. Размоўн. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і насустрэч да. @

насустрэчу, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і насустрач. І - часамі суровыя, часамі ветлыя - скрозь вы, адменныя й новыя, як аблокі нябёс, пралятаеце выраем насустрэчу вякам, многа радасці шчырае пакідаючы нам (П.Глебка). Нагадзіўся якраз насустрэчу ім Сымон Мікуць (К.Чорны). Балеслаў Сегенецкі прайшоў наперад, вярнуўся і пайшоў старой пары насустрэчу (К.Чорны). «Тата!.. татка!..» - крычала яму насустрэчу (П.Броўка). @

насустрэчу да, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і насустрэчу. @

насустрэчу к, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і насустрэчу да. Насустрэчу ка мне ты зялёныя гоніш валы (П.Панчанка). @

наўзбоч, прысл. Размоўн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з наўзбоч выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні прадмета, месца, на нейкай адлегласці асобна ад якога што-н. знаходзіцца, рухаецца. Наўзбоч гаю дзве бярозы ды з дубочкам маладым абняліся так прыгожа на узгорачку крутым (М.Машара). @

наўздагон, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з наўздагон выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, якія аддаляюцца і ўслед за якімі хто-, што-н. рухаецца, накіроўваецца, пасылаецца і пад. Мы перабеглі цераз дарогу, і Закрэўскі яшчэ раз стрэліў наўздагон тым двум (К.Чорны). «Куды кабылу пагнаў!?» - крыкнуў ён наўздагон Паліводскаму, але таго ўжо і не відаць было (К.Чорны). Мне наўздагон стралялі (К.Чорны). Ён і так мне наўздагон стрэліў, а мне страляць не было з чаго (К.Чорны). Палазок шпурнуў ім наўздагон яшчэ адну гранату, а сам кінуўся ў кусты (Я.Колас). «Пераначуй, заўтра нацямочку зойдзеш», - гукнуў яму наўздагон бацька (К.Чорны). Косця выскачыў на ганак і доўга глядзеў ёй [Наташы] наўздагон, аж пакуль яна не схавалася за хатамі (І.Шамякін). Дык імчыся жыццю наўздагон, недалёка ўскраіна гаю... (П.Глебка). Праўда, ён [Толік] амаль не чуў і тых стрэлаў, што грымелі яму наўздагон (Я.Брыль). Генадзь падняўся і шпарка пашыбаваў прэч. «Куды ж ты?» - кідае наўздагон яму Мікола (Я.Васілёнак). @

наўздагон за, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з наўздагон за выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'ўслед за кім-, чым-н., хто (што) аддаляецца, адыходзіць'. Аглядзеў сам сябе, а дакладней - крылы свайго паліто, і з ніжняй прыступкі паляцеў наўздагон за поездам (П.Пестрак). @

наўздагонак, прысл. Размоўн. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і наўздагон. Хацеў я паслаць снарад наўздагонак ёй [машыне] (І.Мележ). @

наўздагонак за, спалуч. прысл. з прыназ. Размоўн. У знач. прыназ. - з Т. Тое ж, што і наўздагон за. @

наўздагонкі, прысл. Размоўн. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і наўздагон. @

наўздагонкі за, спалуч. прысл. з прыназ. Размоўн. У знач. прыназ. - з Т. Тое ж, што і наўздагон за. @

наўздзіў, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з наўздзіў выражае аб'ектныя адносіны: ужываецца пры абазначэнні асобы ці калектыву, якім адрасуецца што-н., вартае здзіўлення. От вазьміце хаця звычайную ігрушу-дзічку. Калючая яна, нягеглая. А вазьмі яе ды прыгледзь, ды абкапай, ды прышчэпку зрабі, глядзі і выйдзе такая бэра слуцкая, што толькі людзям наўздзіў (М.Лынькоў). Бацька, зусім нечакана, наўздзіў суседзям захапіўся вудамі (Я.Брыль). @

наўкасы, прысл. Абл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і наўскасяк. @

наўкасы ад, спалуч. прысл. з прыназ. Абл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і наўскасяк ад. @

наўкол, прысл. Размоўн. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і навокал. Сашчэплена кола наўкол маіх лепшых надзей (П.Панчанка). Наўкол моста чысты, як далонь, луг: не падбярэшся, каб не заўважылі (Г.Шуцько). @

наўкола, прысл. Размоўн. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і навокал. Гунава ўстаў, прайшоў наўкола стала і падкінуў наском бота бутэльку (Э.Самуйлёнак). Тым часам наўкола фурманкі ўсё прыбываў гурт (Я.Калюга). @

наўкос, прысл. Размоўн. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і наўскасяк. Наўкос усяго хвойніку рассцілаюцца па ўтульным моху зялёныя абрусы (З.Бядуля). @

наўкос ад, спалуч. прысл. з прыназ. Размоўн. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і наўскасяк ад. @

наўкруг, прысл. Размоўн. У знач. прыназ. - з Р. Спалуч. з наўкруг выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'вакол, кругом каго-, чаго-н.'. А дарога мая чуць віднаю шэраю ніткаю ідзе ўсё далей і далей, круціцца, абвіваецца наўкруг курганоў, узбягае на горы, спускаецца ў лагчыны... (Я.Колас). Калі Варанецкі скончыў, Парамонаў устаў і захадзіў па пакоі наўкруг стала (І.Дуброўскі). @

наўкруга, прысл. Размоўн. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і наўкруг. Наўкруга стала чалавек пяць вяло ажыўленую гутарку (Р.Мурашка). @

наўпроць, прысл. Абл. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і напроці. Куды ты яго выпраўляеш наўпроць ночы?І ў кожнай складцы царавых маршчын, ў замерлых бліках хворых іх вачоў глядзіць намер крывавы палачоў: знайсці канцы няведаных прычын, якія рэзкім махам сцялі ход жыцця ў няволі, ў горы і бядзе, наўпроць якому новае вядзе паўстаўшы, уз'юшаны народ (Ц.Гартны). @

наўскасы, прысл. Абл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і наўскасяк. @

наўскасы ад, спалуч. прысл. з прыназ. Абл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і наўскасяк ад. Па другі бок дарогі, наўскасы ад іх, стаяў слуп... (К.Чорны). @

наўскасяк, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з наўскасяк выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет (што мае прасторавую працягненасць), пад вуглом да якога што-н. размяшчаецца або рухаецца. Лінія лесу ішла наўскасяк дарогі (К.Чорны). Неўзабаве на канапе, на тумбачках з'явіліся вышытыя сурвэткі, наўскасяк стала лягла квяцістая дарожка (У.Шахавец). З каромыслам на плячах наўскасяк вуліцы ішла старая (У.Карпаў). Лінія лесу ішла наўскасяк дарогі і ў адным месцы даходзіла да дарогі (К.Чорны). @

наўскасяк ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з наўскасяк ад выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'ўбок ад чаго-н., пад вуглом ад прамога напрамку'. Пагранічнік пабег наўскасяк ад рэчкі. @

наўскос, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і наўскасяк. Ён [Бесо] пачаў узнімацца ўгору, ідучы ў падножжы наўскос стромага спаду (Э.Самуйлёнак). @

наўскос ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і наўскасяк ад. @

наўсцяж, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з наўсцяж выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет (што мае прасторавую працягненасць), уздоўж па лініі якога што-н. размяшчаецца, рухаецца. Слупы стаяць наўсцяж дарогі.Самалёты як развярнуліся, так і паляцелі наўсцяж дарогі, на захад, на гарадок (М.Лынькоў). Змрок імклівіў наўсцяж даліны, цені слаліся - біліся долу (У.Дубоўка). І носяцца іскры над струджаным краем, наўсцяж Беларусі Заходняй (У.Дубоўка). @

на чале, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з на чале выражае аб'ектныя адносіны: ужываецца пры абазначэнні прадмета або асобы, якія знаходзяцца уперадзе каго-, чаго-н., пад кіраўніцтвам якіх што-н. адбываецца. Старыя дзяды сваім розумам даходзяць да думкі, што трэба ўзброенае паўстанне супроць акупантаў. Самі збіраюць людзей і самі становяцца на чале партызан (Я.Колас). От за дэпо імчыцца порсткі «Сокал» на чале хуткага цягніка (Хв. Шынклер).

Стаць на чале ўлады - атрымаць уладу, узначаліць. @

на чале з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з на чале з выражае аб'ектныя адносіны: мае значэнне 'ўперадзе каго-, чаго-н., пад кіраўніцтвам каго-, чаго-н.'. Ідзе Абібок па сяле з начальнікам на чале (К.Крапіва). @

на шляху, спалуч. прыназ. з наз. Кніжн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з на шляху выражае абмежавальныя адносіны: мае значэнне 'дзейнічаючы, развіваючыся ў якім-н. напрамку'. Сустрэча Міністраў была значнай падзеяй на шляху выпрацоўкі дагавору. @

неадлучна ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне неадлучна ад выражае адносіны сумеснасці: мае значэнне 'разам з кім-, чым-н.', 'як адно цэлае'. Усе ўспрымалі гэту ноч неадлучна ад прыгожай тройкі, нібы адно без аднаго існаваць не магло ў гэтым дзіка-імпэтным парыванні наперад - у снягі, удаль... (З.Бядуля). @

неадпаведна, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з неадпаведна выражае адносіны адпаведнасці: ужываецца для ўказання на тое, што не падыходзіць для дадзенага выпадку, непрыдатна да чаго-н. Мілая і задорная Ганначка, па страшнаму закону беднасці і цемры адарваная ад любімага і выдадзеная за кулака і хама, амаль вылюдка, вельмі ж неадпаведна свайму характару, незразумела пакорліва, нават без натуральнай агіды прымае свой лёс, нібы між іншым аддаецца чалавеку, які нядаўна намагаўся яе груба згвалтаваць, якога яна не магла так хутка перастаць ненавідзець (Я.Брыль). @

не гледзячы на, спалуч. адмоўя, дзеепрысл. і прыназ. Устар. У знач. прыназ. - з В. Тое ж, што і нягледзячы на. Аднак, не гледзячы на такі позні час, мужчыны не спяшаліся разыходзіцца (І.Шамякін). Не гледзячы на непагоду і недалужную руку сваю, ён сыпаў пытаннямі... (М.Лынькоў). Не гледзячы на тое, што быў маладзейшы за Сцяпана, выглядаў ён сталей (К.Крапіва). Усе прытрымліваліся адзінай думкі: фашыста біць, не гледзячы ні на снягі, ні на марозы (М.Лынькоў). Не гледзячы на з'яўленне ўнучкі, старшы ўнук быў яму па-ранейшаму дораг (З.Бядуля). @

недалёка, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з недалёка выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або месца, на блізкай адлегласці ад якіх хто-, што-н. знаходзіцца, што-н. адбываецца. Праехалі недалёка дому.Кажуць, што сяляне бунтавалі, кажуць, курыўся з палацаў панскіх дым, недалёка той карчмы, дзе жыў Купала, на даўгінаўскім гасцінцы векавым (М.Танк). @

недалёка ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з недалёка ад выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'на блізкай адлегласці ад каго-, чаго-н.'. Недалёка ад печы стаяла чорная дошка на трох нагах (Я.Колас). Калі глянуць у даль вуліцы, то недалёка ад вёскі, на адселі, відзён з-за каменнай аграды, у бярозах і клёнах, касцёл (П.Пестрак). Якраз недалёка ад студні бегла, падаткнуўшы спадніцу, кабеціна з качаргой у руках (Я.Колас). Адась спаткаў яе недалёка ад хаты - ён ішоў кудысьці нацянькі паўз балота (К.Чорны). А жыву я недалёка ад Полацка (С.Грахоўскі). Вось збочылі ісці праз сад, гэта ўжо недалёка ад Парэчча... (І.Грамовіч). Не без прычыны страшна зрабілася Міхасю: былі яны якраз недалёка ад Кірылавай магілы (Я.Колас). Недалёка ад воза, на абочыне шашы, сядзеў хлопец (М.Лынькоў). На скошаным лузе, недалёка ад дубоў, пасвіліся статкі (Я.Колас). Недалёка ад Каляды, у хмызняку, заліваючыся спяваў салавей (І.Гурскі). @

недалеч ад, спалуч. прысл. з прыназ. Абл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і недалёка ад. Управа, недалеч ад лесу, стаяў маёнтак (Ц.Гартны). @

недалёчка ад, спалуч. прысл. з прыназ. Размоўн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з недалёчка ад выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'зусім недалёка, на вельмі блізкай адлегласці ад каго-, чаго-н., побач з кім-, чым-н.'. Ужо цямнела, як прыселі яны адпачыць у лесе, недалёчка ад чыгункі (М.Лынькоў). @

незалежна ад, спалуч. прысл. з прыназ. Кніжн. У знач. прыназ. з Р. Спалучэнне з незалежна ад выражае адносіны неадпаведнасці: мае значэнне 'нягледзячы на што-н.', 'насуперак чаму-н.', 'не прымаючы пад увагу чаго-н.'. Цікава, што ідэйная аснова гэтага эпізоду, яго, так сказаць, маральна-этычная сутнасць, досыць ярка - але, зразумела, незалежна ад волі аўтараў - пераклікаецца са здарэннем, апісаным Львом Талстым у «Хадынцы» (С.Майхровіч). Усё добра, што добра канчаецца, незалежна ад таго, як яно пачыналася (І.Шамякін). Іван любіў бачыць вакол сябе людзей, незалежна ад таго, былі гэтыя людзі яго знаёмыя ці сустракаў іх першы раз у жыцці (У.Шахавец). @

не лічачы, спалуч. адмоўя з дзеепрысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з не лічачы выражае вылучальныя адносіны: мае значэнне 'не ўключаючы каго-, што-н. у лік чаго-н.'. Усе прыйшлі, не лічачы дзяцей. @

непадалёк, прысл. Размоўн. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і непадалёку. Яна стаяла непадалёк мяне, на ўзмежку (Я.Купала). @

непадалёк ад, спалуч. прысл. з прыназ. Размоўн. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і непадалёку ад. Непадалёк ад гасцінца - хвойнік (Я.Купала). @

непадалёку, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з непадалёку выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет ці месца, паблізу якіх хто-, што-н. знаходзіцца, што-н. адбываецца. Яны [Серж з бацькам] былі ўжо непадалёку свайго дома (К.Чорны). Нам трэба было праязджаць непадалёку таго вялікага лесу, дзе асабліва многа здаралася бандыцкіх нападаў на праезджых (К.Чорны). Непадалёку сцішаных Ашмян загаласіла утрапёна дудка - куды гучней, чым віленскі арган (М.Дукса). @

непадалёку ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з непадалёку ад выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'на нязначнай адлегласці ад каго-, чаго-н.', 'паблізу каго-, чаго-н.'. Непадалёку ад горада М. ёсць вёска Максімаўка (К.Чорны). @

непадалёчку ад, спалуч. прысл. з прыназ. Размоўн. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і непадалёку ад. Ігнат сядзеў непадалёчку ад сястры, тупа ўставіўшыся ў блізкую купіну, парослую шорсткай, шызаватай травой (М.Лынькоў). Непадалёчку ад воза ляжаў стары (М.Лынькоў). @

нягледзячы на, спалуч. дзеепрысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з В. Спалучэнне з нягледзячы на выражае ўступальныя адносіны: указвае на ўмовы, не прымаючы пад увагу якія ці насуперак якім што-н. адбываецца, выяўляецца. Нягледзячы на гэта, устаў ён ранютка, асцярожна падняў галоўку, агледзеўся, прыслухаўся (Я.Колас). Нягледзячы на гарачыню, на ім была накінутая наапашкі жаўтаватая, злінялая, салдацкая целагрэйка (К.Чорны). Праўда, ён служыў не сумленна, але ж пенсію атрымліваюць усе служачыя, нягледзячы на тое, сумленны ён ці не (К.Крапіва). Не памятаючы сябе, ён падскочыў да цівуна, які, нягледзячы на такі дождж, ехаў побач з вазамі (З.Бядуля). Нягледзячы на сваю паўнату, рухалася яна жвава і неяк мякка, бясшумна (І.Шамякін). А размовы такія паміж імі заўсёды прыносілі плённыя вынікі, бо, нягледзячы на гэтыя частыя сутычкі, яны адносіліся адзін да аднаго з павагай, цанілі адзін аднаго ў рабоце (І.Шамякін). Але, нягледзячы на ўсё гэта, ён, як і многія армейскія старшыны, праклінаў сваю пасаду і рваўся ў бой, пад агонь, да гармат (І.Шамякін). Нягледзячы на трывожны час, рынак жыў сваім звычайным жыццём (А.Якімовіч). Прытым яна, нягледзячы на сваё сіроцтва, трымала сябе строга, амаль ганарліва... (У.Ляўданскі). Як гэта магло здарыцца так хутка, растлумачыць цяжка; тым больш цяжка, што да таго часу яна трымала сябе беззаганна, нягледзячы на мноства выпадкаў і замахаў здрадзіць сямейнай вернасці (У.Ляўданскі). Смех і жарты не сціхалі хвілін пяць, нягледзячы на самыя энергічныя захады Ніны Іванаўны супакоіць іх [дзяцей] (У.Краўчанка). @

обак, прысл. Уст. і абл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з обак выражае прасторавыя адносіны: указвае на размяшчэнне збоку, побач, каля каго-, чаго-н. Обак калідора камеры відны (Я.Колас). @

па, прыназ. з Д., В., М. Спалучэнне з прыназ. па выражае прасторавыя, часавыя, аб'ектныя, размеркавальныя, колькасныя, прычынныя, мэтавыя адносіны і адносіны спосабу дзеяння.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з М. (рэдка, як адхіленне ад літаратурнай нормы, - з Д. у адз. л.*) Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, уздоўж якога адбываецца рух або размяшчаецца хто-, што-н. Ісці па вуліцы. Ехаць па абочыне. Бегчы па сцежцы. Плыве па Свіслачы. Ходзіць па беражку. Прайшоў па калідорах. Снавацца па просеках. Пераганяць вагоны па рэйках. Хаты стаялі па беразе рэчкі.Па гладкай, як шкло, магістралі, дзе белыя ліпы цвітуць, нібыта блакітныя хвалі, машыны плывуць і плывуць (М.Хведаровіч). Па шляху цягнуліся фурманкі (П.Галавач). Па дарогах тых, па сцежках тых, па якіх ішла сяброў сям'я ўся, нёс цябе між даляў дарагіх і натхнёна плакаў і смяяўся (А.Куляшоў). Падышлі цягнікі, цягнікі загулі галасіста, і па розных шляхах павязлі жаніха і нявесту... (П.Панчанка). Бярвенчатыя пабудовы то гусціліся па нямігскіх берагах, то выстройваліся доўгім радам па Свіслачы (К.Чорны). На ўездзе ў маленькую вёску танкі праходзілі па невялікаму масту (І.Мележ). І глядзі, як перайшоўшы кручы, па шляху шырокаму ідзём (Ю.Лявонны).
// Пры абазначэнні прадмета, на паверхні якога адбываецца дзеянне або размяшчаецца хто-, што-н. Мурашкі поўзалі па бяросце. Вадзіў пальцам па карце. Павозка трасецца па карэнні.Потым лёгка па дрэвах, па шурпатай кары пройдуць справа налева і замоўкнуць вятры (П.Глебка). Сурвіла горадам паехаў паволі, каб не трэсла па бруку (К.Чорны). Ціхая думка блукае па твары сястры (К.Кірэенка). Натужліва гудзеў грузавік, коўзаючыся па слізкіх выбоінах (М.Лынькоў). А песня то расінкай блісне, то, як вяроўкаю тугой, жальбой раптоўна сэрца сцісне і па шчацэ збяжыць слязой (А.Вялюгін). А па пожнях трава, як віном налітая... (П.Броўка). Стары клён па ствалу аброс лістамі (Я.Брыль). Смылелі змораныя рукі, і цёк па целу ліпкі пот (А.Звонак).
// з Д. у адз. і М. у мн. л. Пры абазначэнні прадмета, паверхня якога з'яўляецца месцам выяўлення дзеяння. Разьба па дрэву. Пісаць чорным па беламу.Так мы стаялі перад разьбой па дрэву выдатнага скульптара Віта Ствоша (Я.Брыль). На двух слупах прымацаваны шчыт, на якім прыгожа - белым па чорнаму напісана... (Я.Брыль).

* Ужыванне формы Д. у адз. і М. у мн. л. з гэтым прыназоўнікам адзначаецца толькі пры залежных назоўніках; займеннікі ж заўсёды маюць форму М. Ва ўсіх выпадках, калі дапускаецца паралельнае ўжыванне Д. і М., на выбар адной з гэтых склонавых форм аказвае ўплыў і граматычная характарыстыка галоўнага (кіруючага) слова: пры дзеясловах ці аддзеяслоўных назоўніках часцей ужываецца М., а пры неаддзеяслоўных назоўніках і прыметніках - Д.

2. з М. (рэдка, як адхіленне ад літаратурнай нормы, - з Д. у адз. л.). Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, у межах якіх адбываецца дзеянне. Ісці па полі. Рэчка цячэ па даліне. Хадзіў па палубе. Падарожжа па Беларусі. Вецер гуляе па пакоях.Мы ўтрох ішлі па полі, перасякаючы малады калгасны сад (Я.Скрыган). Мне здаваўся цяжкім яго шлях, босы, бег ён праз ямы, па халоднай зямлі, па лістах і па сэрцы маім таксама (А.Куляшоў). Па слаба асветленай плошчы вецер гнаў і кружыў апалае лісце, згінаў верхавіны маладых таполяў (С.Грахоўскі). З цягам часу ткачоўскае рамяство шырылася па ўсёй Случчыне (К.Чорны). Даставайце з вышак сані - гайда сцежкі праціраць і па белым акіяне ўздоўж і ўпоперак гуляць! (Я.Колас). Тою восенню рабочы па краіне ўсёй паўстаў (П.Броўка). Імчыць ён па светламу полю імкліва (А.Куляшоў). Ён адыходзіць ад акна і паволі шнуруе ад сцяны да сцяны па свайму пакойчыку (Я.Колас).
// Пры абазначэнні раду прадметаў ці паняццяў, у адносінах да якіх адбываецца дзеянне (з назоўнікамі ці займеннікамі ў мн. л.). Вандруюць па хатах. Пакласці лісты паперы па краях стала. Салдаты разышліся па вагонахПа гарадах і сёлах, далёкі наш зямляк, заможна і вясёла жыве твая сям'я (П.Глебка). Горда сталі плячыстыя гумны - усё лета забралі яны, і па хатах калгасных удумна падлічаюцца працадні (П.Броўка). Палахлівыя водбліскі полымя трапятліва прабягалі па тварах, па бліжэйшых дрэвах, згушчаючы вячэрні змрок над зямлёю, над лесам (М.Лынькоў). Так і ходзяць яны [Журавель і Чапля] ў сваты цэлы свой птушыны век, і стаяць іх воддаль хаты па канцах балот і рэк (М.Танк). Імчыць наш «газік». Па баках - з крыжамі танкі, лом усякі... (К.Крапіва). Твар накрылі хусцінкай і, каб вецер не здзімаў яе, палажылі па двух беражках яе дробных каменьчыкаў (М.Лынькоў). Старэйшая дзяўчынка Ніна змалку прывыкла хадзіць па заработках (П.Галавач).

3. з М. (радзей - з Д. у адз. і М. у мн. л.). Ужываецца пры абазначэнні кірунку (са значэннем: у напрамку чаго-н., прытрымліваючыся напрамку чаго-н.). Ісці па слядах. Уверх па ручаіне. Накіроўвацца па маршруту.Дзіцячы гоман і плёскат вады чуўся трохі далей, уверх па рэчцы (Я.Брыль). Проста па прысадах на захад ледзь туманіліся абрысы дробнага гарадка (К.Чорны). Не забудзецца краіна сына з бацькавых загонаў, па тваіх слядах-пуцінах вучняў выйдзе незлічона (П.Броўка). Смерць кацілася адтуль па жывому следу бомб, траншэй, варожых куль... (А.Куляшоў). Паехалі па маршруту, які нам прапанаваў генеральны сакратар таварыства, наш гід доктар Шастры (Я.Брыль). Справа па барту - Жыгулі (Я.Брыль). Шукаю выйсця на гасцінец па сонцу, кволай сіняве, дзе, як бягун істужку, рве крылаты вецер павуцінне (М.Губернатараў).

4. з В. (радзей - з М.). Ужываецца пры ўказанні на месца, дзе адбываецца дзеянне або што-н. знаходзіцца (месца вызначаецца шляхам указання на кірунак), са словамі: бок, старана, край, рука, пры якіх ёсць азначэнні той, гэты; адзін, другі; правы, левы; абодва. Дзеці гулялі па той бок дарогі. Хаты стаялі па абодва бакі вуліцы. Па правую руку (па правай руцэ) быў лес.Бацька быў у арміі, недзе па той бок фронта, і з першага дня вайны не было ад яго ніякай весткі (К.Чорны). Бабка ведала ўсіх будачнікаў па адзін і па другі бок раз'езду... (Я.Колас). Біркава хата стаяла непадалёку па другі бок вуліцы (Я.Колас). Па абодва бакі ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, і надта белымі і танюткімі здаваліся ствалы яблынь і вішань, пабеленыя вапнай (У.Караткевіч). У Маскоўшчыне, на край свету, па тым баку мора..! (Я.Купала). З самага краю вуліцы, па левым баку яе, стаяла пабудаваная і зусім яшчэ прыстойная хатка, з двух бакоў абсаджаная тоўстымі бярозамі і клянінамі, уперамешку з садовымі дзярэўцамі (Ц.Гартны). Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі, а з левага боку пачынаўся бярэзнік (Я.Колас).

5. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з'яўляецца прасторавай мяжой распаўсюджання чаго-н. Улезці ў ваду па пояс. Снег па калені. Калёсы вязнуць у пяску аж па ступіцу.Клуня блізка, і на сене можна добра адпачыць, чым вы мелі па калені гразь папоцемку мясіць (Я.Колас). Не дзяўчына - любасць адна. Асабліва ж каса па калені... (М.Лынькоў). Па самыя барты асеў карабель і ўсё глыбей і глыбей у ваду апускаецца (В.Лукін). Ужо лісце пад нагамі аж па забарсні шуміць (П.Броўка).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

6. з В. Ужываецца пры абазначэнні часу ці тэрміну, непасрэдна да наступлення якога што-н. існуе, адбываецца. З вясны аж па сягонняшні дзень. Па век вякоў.Эх, час касьбы, вясёлы час! І я ім цешыўся не раз, і з таго часу па сягоння мне сонцам свеціць Наднямонне (Я.Колас). Веру дрэву, веру зверу, веру грому і дажджу... А каму па смерць не веру - ў бітве ворагу скажу (К.Кірэенка).

7. з М. Ужываецца пры абазначэнні з'явы, падзеі, тэрміну, пасля якіх што-н. адбываецца. З'явіцца па прыездзе ў сяло. Прыйшоў па захадзе сонца. Зробіш па абедзе. Па вясне пачынаецца лета. Пяць хвілін па восьмай.З Васілём Паўлавым, нядаўнім сваім прыяцелем, ён пазнаёміўся ў першы вечар па прыездзе сюды (У.Караткевіч). І нават па змярканні нагрэты за дзень моцным яшчэ сонцам камень грэе ў падэшву твае босыя ногі (К.Чорны). Мой міленькі прыйшоў ка мне па захадзе ўжо сонца, і ціха ў цёмнай цішыне пастукаўся ў аконца (Я.Купала). Улетку па паўдні была вельмі ж спёка (К.Чорны). Дзень добры, новая мясціна! Спаткай ты нас, як маці сына па часе доўгае разлукі... (Я.Колас). Па зіме вясна ўбірае твар зямлі, лясы, лугі... (Я.Колас). На дзесятыя угодкі варма вараць мёд салодкі, а па мёдзе - рукі ў бок ды у скокі крок у крок! (Я.Купала).
// Пры абазначэнні асобы: памяць па сабе, памяць па ім. Добрую памяць па сабе маладым пакінуў. Па ім застанецца светлая памяць.Цяпер, калі ўжо яго няма, калі па ім у мяне засталася светлая памяць, пасляваенныя пісьмы, некалькі фота і кніга з аўтографам, я, ужо даўно не юнак, дзякую добраму лёсу за гэтую незвычайную дружбу, што дзіўным, хвалюючым чынам, кажучы па-расейску, «приобщала» мяне да святла і мае душы (Я.Брыль).
// У выразах тыпу раз па разу, кропля па кроплі і пад. абазначае «адно ўслед за другім». Стукаюць спрытныя малаткі ды раз па разу пераліваюцца косы срэбным шорхатам мянташак (М.Лынькоў). Навуку трэба выкладаць па-навуковаму - кропля па кроплі, зразумела, дакладна (П.Пестрак). Шла вясна па вясне... (Я.Купала).

8. з М. Ужываецца пры абазначэнні з'явы, працэсу, прадмета, час існавання якіх канчаецца ў выніку якога-н. дзеяння. Вось і па дажджы! От табе і ўсё па ўсім.Адзін скубяне, другі скубяне, от табе і па ўсім. А сад штука далікатная (К.Чорны). Шчэзла доля, па забаве! Час вясёлы знік (Я.Купала).

9. з М. (рэдка - з Д. у адз. і М. у мн. л.). Ужываецца пры абазначэнні часу, калі адбываецца дзеянне. Сеяць проса па вясне. Трапаць лён па восені.Ён сек тайгу, паліў карчы старанна і проса ў лядах сеяў па вясне (А.Куляшоў). Па вясне зямлю ўзнялі экскаватары, рыдлёўкі, загулі і зажылі, заспявалі распрацоўкі (там жа). Горай, як па вясне, разлілася яна [рака] (А.Куляшоў). Шкадаваў боты па восені і мясіў па дварэ ў стаптаных лапцях (М.Лынькоў). Па восені, мядзяны, дужы, між хмурай стыні ён [дубовы ліст] гарыць... (П.Броўка). Да ў нашага пана да нядобрая слава: па месяцу жыта жалі, па зорам у копы клалі (нар. песня. Запіс Я.Чачота).
// перан. Пры ўказанні на з'яву або працэс, у час якіх што-н. адбываецца. Па дажджу не хадзі. Па дарозе [г.зн. у час, калі ідзеш па дарозе] раскажаш.Пад ліпкаю падажду, не пайду па дажджу (В.Вітка). А наўперад ён яшчэ па дарозе зойдзе ў тую вёску, дзе яго брат служыў летась (Я.Колас). Адпачыць па дарозе захочаш, адыдземся ў пушчу, буду сон твой захоўваць ахвоча, вачэй не заплюшчу (А.Куляшоў).
// з М. у мн. л. Пры ўказанні на час, калі адбываецца дзеянне, якое рэгулярна паўтараецца. Не спаць па начах. Хадзіць па вечарах.Пасуцца па начах заўсёды коні нашы з вясны да восені даволі-такі часу (К.Крапіва). І напэўна, я даўно сам быў бы ўжо з разбітым носам, бо хаджу па вечарох (К.Крапіва). Мне вядома, чаму ты не спіш па начах... (П.Броўка).
// з Д. у адз. л. На працягу пэўнага прамежку часу ці перыяду, які неаднаразова паўтараецца. Не прыходзіць па тыдню. Не палілі ў печы па году.Калі мне бывала весела, калі мне бывала радасна, я часта па цэламу месяцу твайго не знаходзіў адрасу (П.Панчанка). Шмат у нас гарадоў, шмат яшчэ паўзнімаецца - толькі ў кожным пожыць мне па году жадаецца (П.Броўка).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

10. з М. (радзей - з Д. у адз. і М. у мн. л.). Ужываецца пры абазначэнні прадмета, на які накіравана дзеянне (удар, дакрананне і пад.). Біць па вадзе. Ударыць па назе. Стукнуць па стале. Каплі дажджу барабанілі па шклу. Удар па ворагу. Пагладзіць па галоўцы. Чыркнуць па дроце. Правесці далонню па шчацэ. Слізгануць па хвалях.Б'юць пранікі цяжкія па вадзе, аж рэхам адклікаецца чарот (М.Танк). Гордыя замежныя салдаты, зорку запрыкмеціўшы маю, па панэлі грукаюць заўзята і з павагай чэсць нам аддаюць (П.Панчанка). Дажджы ўсю ноч бубняць па ржавым даху, ім дружна адгукаецца капеж (А.Звонак). Я не ведаю, чаму мне так уцешна, як зазвоніць восень меддзю па лістах (М.Васілёк). Ён пяшчотна пагладзіў мяне па шчацэ (З.Бядуля). Восень сядзіць і бродзіць доўга. Часамі мацней правядзе яна рукою па самотнай чараціне над вадой, над пеньчуком скошанага аеру (А.Чорны). Але неўзабаве артылерыйская стральба па горадзе павялічылася ўдвойчы (К.Чорны). Ішлі мы ў лес па асалоду. І вось - сякерай па ствалу (А.Вярцінскі). І толькі зоркай гук з гармоніка сарваўся і чыркнуў, як па шклу, па цішыні... (У.Карызна). Досвіткам першага верасня 1939 года лінкор «Шлезвіг-Гольштайн» з адлегласці чатырохсот метраў адкрыў агонь па «польскаму Берасцю» [г.зн. Вестарплята] (Я.Брыль).

11. з М. (а таксама з Д. у адз. і М. у мн. л.). Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, аб якіх сумуюць, тужаць, бядуюць, плачуць і пад. Сумаваць па вясне. Сум па дому. Зняўшы галаву, па валасах не плачуць. Уздыхаць па далёкай бацькаўшчыне. Туга па радзіме. Смуткаваць па леце.Усё нуджуся я па вёсцы роднай... (З.Бядуля). І доўга мой акопны спеў журыўся па айчыне (М.Сурначоў). Па сонцу і вясне душа засумавала... (Я.Колас). Па лету ў полі дні галосяць, і хмелем кветак брэдзяць ночы (У.Хадыка). Патрохі ў братоў Крушынскіх сум па дому перайшоў у новую элегічную форму (З.Бядуля). Па партызану будзе бедаваць і безуцешна горка слёзы ліць старая маці, а па казаку дзяўчына чарнабровая тужыць (М.Танк).

12. з М. (а таксама з Д. у адз. і М. у мн. л.). Ужываецца пры абазначэнні прадмета, прылады, інструмента, якія служаць сродкам ці пры дапамозе якіх утвараецца дзеянне. Размаўляць па тэлефоне. Званіць па аўтамату. Ісці па компасу. Перадаваць па радыё. Вывучаць па сваім падручніку. Назіраць час па гадзінніку. Дабіраўся параходам і па чыгунцы.Гаварылі-гарадзілі, што апоўначы Яхім па сцяне ўзлез на званіцу... (Я.Колас). Па драбінах на сена лезу, трапіў нібы на дачу (А.Куляшоў). Гаварыў па міжгароднім тэлефоне з сынам (Я.Брыль). Учора яшчэ даведаўся, жонка пазваніла па міжгародняму, што сябрава дачка папала на вуліцы пад машыну (там жа). З суседнім раёнам яшчэ можна гаварыць па тэлефону (М.Лынькоў). Жонка звоніць пасля па аўтамату, хваліцца... (Я.Брыль). Я многа ў газетах чытала пра вас, па радыё чула... вось і прыехала (С.Грахоўскі). Сёння ўрок гісторыі па тэлебачанню («Вожык»). Я ж гадзіннік з сабой захапіў, час па ім назіраю, бо шчасліўцам ніколі не быў, быць такім не жадаю (А.Куляшоў). Ішлі мы па высокім трыснягу і па балоце, часамі па калені ў вадзе, ноч, дзень і яшчэ адну ноч. Ніхто нічога не еў. Ішлі па компасу (А.Адамовіч, Я.Брыль, У. Калеснік).

13. з Д. у адз. і М. у мн. л. Ужываецца пры абазначэнні роду, галіны ці сферы якой-н. дзейнасці. Працаваць па прафсаюзнай лініі. Работа па стварэнню калектываў самадзейнасці. Камітэт па справах мастацтва. Урок па пісьму. Загад па дзіцячаму саду. Вядомы па перыядычнаму друку.Розныя неадкладныя справы набягалі і па райкомаўскай лініі (М.Лынькоў). У нас пачынаецца многа работы - па выяўленню рэзерваў вытворчасці, зніжэнню сабекошту... (Я.Скрыган). У шэрай цяцёркі па пісьму - пяцёркі (В.Вітка). Заданне па такому важнейшаму якаснаму паказчыку, як рост прадукцыйнасці працы, намечана выканаць да 25 снежня («Настаўніцкая газета»). Пісьменнік неаднаразова выступаў са змястоўнымі артыкуламі па пытаннях беларускай мовы (І.Кудраўцаў).

14. з Д. у адз. і М. у мн. л. Ужываецца са значэннем: 'у адпаведнасці з чым-н., згодна з чым-н., паводле якіх-н. прымет'. Сабраць матэрыял па праграме. Дождж прайшоў як па заказу. Падзяліць па справядлівасці. Прыбыў па вашаму загаду. Адзявацца па сезону. Падыходзіць па чарзе. Рабіць па старому звычаю. Паставіць гадзіннік па маскоўскаму часу. Стаць у шарэнгу па росту. Не па сіле.Яшчэ па звычаю старому мужчыны сталыя удому свае літанні адпраўлялі, пакуты Езуса спявалі (Я.Колас). І па царскаму загаду карабель падрыхтавалі, паплылі на ім па моры госці ў край далёкі свой (А.Звонак, М.Хведаровіч). Героі рамана кахаюць па вечнаму і неадменнаму для ніякай крытыкі закону самога яго вялікасці жыцця (Я.Брыль). Карову па ведаму купляй (прыказка). Зразумела, што складанне зборніка па тэматычнаму прынцыпу выклікала пэўныя цяжкасці і аказалася не простаю справаю (Ф.Янкоўскі). Размер парты ўказваецца па яе маркіровачнаму нумару (класны журнал). Мне ні па ўзросту, ні па прафесіі не належыць захапляцца так «прымітыўна» (Я.Брыль). Разгарнуць хачу я крылле - я ў свет вольны палячу, бо мне тут не па плячу... (Я.Колас). Я сам сяброў сваіх па ўзросту вітаю ўсіх, сабраўшы ў круг... (П.Глебка). Як цяпер гаворыцца, па маскоўскаму часу з васьмі гадзін да шаснаццаці была праверка, а потым пачалі расстрэльваць (А.Адамовіч, Я.Брыль, У. Калеснік). Экіпаж ажыццявіў неабходную арыентацыю карабля і ў 1 гадзіну 59 хвілін па маскоўскаму часу ўключыў тармазную і рухальную ўстаноўку («Настаўніцкая газета»). У дзень спаса па новаму стылю ніхто з усёй ваколіцы ў царкву не пайшоў (П.Пестрак).
// з М. (радзей - з Д. у адз. і М. у мн. л.).
На аснове чаго-н., прымаючы пад увагу што-н. Пазнаць па голасе. Пускаць па прапусках. Ведаю вас па газетах. Жыць па беламу білету. Разумею па вачах. Здагадацца па ценю. Вызначыць узрост каня па зубах.Па бацькавым твары Амяльян бачыць, што справа тут напалову зроблена (Я.Колас). Па Васілёвым голасе адразу было ясна, што гэты спіць спакойна (У.Караткевіч). Ведаю вас толькі па газетах (С.Грахоўскі). А я па званочку твайму здагадаўся, хто ... на дасвецці раніцай чыстаю дзецям на флейце песні высвіствае (В.Вітка). Па беламу білету тры сыны яго жылі (А.Куляшоў).
// з Д. у адз. і М. у мн. л. Пры ўказанні на блізкасць, сваяцтва, роднасць. Таварыш па ўніверсітэту. Сябра па калгасу. Брат па бацьку. Сабрат па класу. Сяброўкі па палаце.У дарозе мы выпадкова сустрэліся з сябрам нашага доктара Шастры па медыцынскаму інстытуту... (Я.Брыль). І сніў ён сяброў па заставе... (А.Куляшоў). «Як жа ты жаніўся - па любві ці па выгадзе?» - «Я? Па суседству» (Я.Брыль).
// з Д. у адз. і М. у мн. л. Згодна з чыёй-н. думкай, тэорыяй, чыімі-н. поглядамі, навуковымі палажэннямі. Фільм па Талстому.Антанюк даўно прыкмеціў, што з найбольшай цікавасцю ён глядзіць мультфільмы вось па такіх казках - па народных, па Пушкіну, па Андэрсену... (І.Шамякін). «Ах, прастата - як гэта неабходна!» - часта паўтараў ён [Л.Талстой], гэты - па Горкаму - «апошні і сапраўдны арыстакрат расейскай літаратуры, гэты барын...» (Я.Брыль). Кінакарціну «Паядынак», па Купрыну, мне давялося глядзець двойчы (там жа). Што, - кажа, - па Макаранку процуеце? (С.Грахоўскі).

IV. РАЗМЕРКАВАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

15. з Д., В. і М. Ужываецца пры абазначэнні паслядоўнасці, паступовасці (адно за другім, у тым жа самым памеры) або пры ўказанні на размеркаванне (некалькі адначасова, кожнаму пароўну). З назоўнікамі (у тым ліку і са словамі «пара», «дзесятак», «мільён», «мільярд» і пад.) з Д. у адз. і М. у мн. л. Перабраць па каліву. Перапрадаваць па кавалку. Збіраць па кропельках. Бралі па скварцы. Зараблялі па пуду жыта. Кожнаму насыпаў па прыгаршчах арэхаў.І зіму з уласным хлебам не баялася сустрэць. Па кавалку ашчаджала, гаспадарнаю была... (П.Броўка). Праў дождж спачатку па нітцы, а потым так горача жарнуў... (П.Панчанка). Пчолкі звоняць самавіта, збіраючы па кропельках мядок (Я.Колас). А траву пакашу - дам вам сена па кашу (В.Вітка). Дома тата даў мне і Толіку па пэндзлю і сказаў: «Вось цяпер малюйце. Мастакі...» (В.Хомчанка). Ну вось я павінен буду напісаць некалькі мільярдаў пісем. Кожнаму чалавеку па пісьму (А.Вярцінскі). Ад польскіх гарнякоў, - з усмешкай сказаў ён, падаючы нам кветкі і кожнаму па сувеніру - па празрыстаму саляному арлу (Я.Брыль). Па цэламу сабаку з рота скача (прымаўка). Раскалацілі дзве бочкі мелу, узялі па вялікаму квачу, ну, і давай разводзіць абстракцыянізм... (Я.Брыль). Кожны дзень яна пачала прыбаўляць па лішняму мяшку збожжа, але дзяўчынка і не думала скардзіцца (В.Лукін). Стаяць па пары і па трое на скрыжаваннях «каўняры» (Я.Колас).
// З лічэбнікам «адзін» - з Д. ці М. у адз. л. Разыдзіцеся, дзеці, па двары, станьце па аднаму. Хачу пабачыць, хто клапаціўся пра галубоў улетку. Дзеці разышліся, сталі па аднаму (В.Вітка). Самалёты ляцелі па аднаму, па тры, несучы свой смертаносны груз... (І.Мележ). Ішлі мядзведзіцкія па адным, па два, хапаючыся за шулы і шчыкеты... (К.Крапіва). Хоць па адным мужыку засталося на завод (У.Караткевіч).
// З лічэбнікамі ад двух і далей - з В. (прычым форма В. і з адушаўлёнымі назоўнікамі эвычайна як Н., хоць дапускаецца і як Р.). Па два, па тры, па пяць, па сем, па пяцёра, па сямёра, па дваццаць, па сорак, па шэсцьдзесят, па дзевяноста, па сто, па дзвесце, па трыста, па пяцьсот, па семсот; па паўтара, па паўтары; па двух, па трох, па дваіх, па траіх, па дваццаці, па трохсот, па пяцісот і г.д.Каб па дзесяцера на сані, дык і то ўсіх не забраў бы (А.Кулакоўскі). І такія трывалыя выходзілі граблі - гады па тры служылі (М.Лынькоў). І ты, братка, ідзі дадому, няможна хоць і па дваіх збірацца (К.Чорны). Хто злічыць, па колькі друг дружку цалуе..! (Я.Купала).
// Пры ўказанні на цану, кошт. Па рублю кілаграм. Па капейцы за шклянку. Аддаць па шэсць рублёў за дзесятак. □ [Адольф:] Пачом жа вы купілі? - [Музыка:] Па пяць злотых (Я.Купала).

V. КОЛЬКАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

16. з Д., В. і М. Ужываецца пры ўказанні на велічыню, памер, колькасць. З назоўнікамі - з Д. у адз. і М. у мн. л. Капуста па вядру. Гурбы па мядзведзю. Кавалкі па метру.Ля тыноў і платоў - высокія, па мядзведзю, гурбы снегу, і хаты здаюцца нізкімі, прысадзістымі... (В.Макарэвіч). Пасля пайшоў снег, густы, па лапцю; здавалася, як хто за акном махаў рукамі (І.Пташнікаў). У вымытай па калені канаве ля дарогі быў відаць белы камень і высака над ім сасновае карэнне - тоўстае, па пальцу, і тонкае, як на кошыкі: зайшло ад лесу да самай канюшні (там жа). У нас па вядру ураджала капуста... (П.Броўка).
// З лічэбнікамі ад двух і далей - з В. Здымалі ўраджаі па трыццаць цэнтнераў. Рэйкі даўжынёй па дваццаць пяць метраў. Па некалькі разоў за дзень.Тут - хата ў хату, паглядзець, па шэсць, па сем акон, над кожным дахам дроту медзь заводзіць перазвон (А.Астрэйка). Так па некалькі разоў у ноч ён выходзіў слухаць, ці ядуць коні (К.Чорны).

17. Разм. і абл. З М. або Д. у адз. л. Ужываецца з назвамі адзінак вымярэння - пры ўказанні на пэўны адрэзак адлегласці, дзе што-н. знаходзіцца, або на пэўны адрэзак часу, калі што-н. адбываецца ці на які звяртаецца ўвага. Рэчку сустрэнеце па пятым кіламетры. Хлопчык па сёмаму гадку пайшоў у школу. Жарабя па другому годзіку.Па трэцім кіламетры ад пачатку лесу дарога вялікім кругам абыходзіць лясное азярцо, берагі якога спрэс з дрыгвы (К.Чорны).

18. з В. Ужываецца пры абазначэнні колькаснай мяжы. Вывучце з трэцяй па пятую частку. З дзесятай па семнаццатую старонку ўключна. З пятага па сёмае жніўня.

VI. АДНОСІНЫ СПОСАБУ ДЗЕЯННЯ.

19. з Д. ці М. у адз. і М. у мн. л. Ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Рабіць па справядлівасці.Пісьмо па парадку уголас чыталі (А.Куляшоў). Але скажу табе па сакрэту: Пракоп не любіць такіх матэрыялаў (Б.Сачанка). Іван Васільевіч, маю нешта па сакрэту спытаць (І.Шамякін). [Якаў Фаміч:] Скажу вам па сакрэту. Мы нават так хацелі збавіцца ад яго... (М.Матукоўскі). Не знайшоў [Васілёк] раніцою цымбалы свае на суку. Ды яму па сакрэту сказалі, на след навялі (А.Куляшоў).

VII. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

20. з Д. у адз. і М. у мн. л. Ужываецца для ўказання на прычыну дзеяння. Рабіць па ўласнай ахвоце. Сказаць па абмылцы. Не з'явіцца па невядомай прычыне.Сядзі дома, Макар Пятровіч, яшчэ пасяўная не скончылася, няма калі раз'язджаць па ўсялякаму глупству (М.Лобан). Схіліўшы долу светлачубую галаву, на якой нейкім цудам, толькі па ўласнай ахвоце, трымаецца пілотка, хлопец успамінае (Я.Брыль). Кніга тая - «Прыгоды бравага ваякі Швейка». Па слепаце начальства яна трапіла ў казармы або як? (там жа). Зразумела, што і крытык, як сапраўдны <...> патрыёт, пільна сочыць за тым, каб хто-небудзь па непаразуменню ці па злому намеру не зганьбіў таго, што дорага нашаму чалавеку, у першую чаргу не зганьбіў бы без дай прычыны самога нашага чалавека (К.Крапіва).

21. з Д. у адз. і М. у мн. л. Ужываецца для ўказання на падставу, абгрунтаванне. Па гэтакай назе можна яшчэ жыць. Ты, можна сказаць, зусім проста ходзіш. Яна ж у цябе здаўных (К.Чорны). Па тым, як неспакойна пазіраў ён назад, на дарогу, як нервова мяў ён у руках сцяблінку малачаю, відаць было, што ён чымсьці вельмі ўстрывожаны (М.Лынькоў).

VIII. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ.

22. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета як мэты руху ці перамяшчэння. Ісці па сена. Хадзілі па грыбы. Паехаў па дровы. Вярнуцца па шапку. Працягнуў руку па гадзіннік. Схадзі па бацьку. Ідзі па каня. Прыйшоў к табе па разумную параду.На маліну хадзілі ў сад, абтрасалі бэры (А.Куляшоў). Ці ты помніш, сястра Марселіна, сцяжынку ў жыце, па якой мы хадзілі па шчаўе ў лесе? (К.Кірэенка). Я добра пасу, скрабу ўвечары бульбу, хаджу па дровы... (Я.Брыль). Пакуль Колька бегаў у краму па гарбату, яны сядзелі, як даўнія сяброўкі, і Кацярына Рыгораўна расказвала пра сваё нялёгкае жыццё (С.Грахоўскі). Цяжка было вылавіць іх, гэтыя думкі. І толькі тады абудзіў іх, калі машынальна палез па гадзіннік і выняў яго з кішэні (М.Лынькоў). Досыць самага нязначнага шораху ў сенцах або крыку на двары, каб ён узняў галаву і пачаў прыслухоўвацца: ці не па яго гэта ідуць? (К.Крапіва). Мікола, а ну - маментальна па Валю (Я.Брыль). Не турбуйся, зараз пайду па коні і паеду абару (П.Пестрак). І нядарам біты сцежкі непракладзеных дарог, і нядарам па усмешкі ты хадзіў на мой парог (П.Глебка). Пагрукаеш ты ў аконца і скажаш: «Па песню, па сонца!..» (А.Куляшоў).

Гладзіць па шэрсці - 1. У тым напрамку, у якім звычайна кладуцца валасы. 2. перан. Падтакваць, рабіць ці гаварыць што-н., улічваючы настрой, пажаданні каго-н., залагоджваючы яго. Усё па шэрсці гладзілі, дагаджалі ўсе ўсім (Ф.Янкоўскі).
Не па сабе (у ролі безасабовага выказніка) - няёмка, з дрэнным самаадчуваннем. Уся гэта абстаноўка для Панаса нязвычна, і ён адчувае сябе крыху не па сабе сярод тлумнага зборышча дарослых людзей (Я.Колас). Стала не па сабе - і крыўдна, і злосна (П.Пестрак). Яму рабілася не па сабе, і ён злаваўся на матку (З.Бядуля).
Ні па чым (ніпачым) - усё роўна. Ім [Сабковічам] усё ні па чым. Ім не ўласціва пачуццё спагадлівасці (С.Майхровіч).
Па адрасу - на адрас, у адрас. І калі гэты адказ будзе ісці доўга вельмі, як ідзе святло ад далёкай зоркі, і калі ён прыйдзе тады, як мяне ўжо не будзе, то пашлюць мне адказ па адрасу, па якому я пішу сваёй маці... (А.Вярцінскі).
Па горла, па вушы - дастаткова, аж залішне. На вуліцы гразі па вушы.А што ж, - памагае яму Яўхім, - цяпер ім харчы па горла, еж, хоць расперажыся (К.Чорны).
Па канец рук - абы як, без патрэбнага нагляду, кантролю. Калі ў нас па канец рук усё будзе ісці, дык як жа мы нават тых людзей, што ідуць да нас з вёскі, пераварым у сваім катле!.. (К.Чорны).
Па няўчасе (устар.) - тое ж, што і па часе (у 2 знач.). Пазнаеш тады свае ліхо - но ў пекле па неўчасе ўжэ будзе... (К.Каліноўскі).
Па руках (пайсці) - пераходзячы ад аднаго да другога. Пазаўчора ў рэзерве па руках хадзіла пракламацыя (К.Чорны).
Па часе - 1. Пасля некаторага прамежку часу. Наказ яго дайшоў па часе, калі ўсё ўжо было гатова (К.Крапіва). Сп'яна ахрысцілі кумы хлапчука не бацькаўскім імем, а нейкім Панасам; агледзеўшыся, пабрылі да дзяка, ды нельга было пераправіць па часе (М.Танк). 2. Позна, час прайшоў - і яго назад не вернеш. «А стралец, што падбіў качку, не быў вінаваты? - ціха пытае Аўгіня і кажа: - Але гаварыць аб гэтым цяпер па часе» (Я.Колас).
Па яго - на чыю-н. думку, пад чый-н. густ. Мітынгаў Ладымер не паважаў і не бачыў ад іх тае карысці, якую, па яго, дае тэатр (Ц.Гартны). Яму [Сержу] было непрыемна, што выйшла не па яго, што ўвесь клас спачувае Насці, а не яму... (К.Чорны).
Плыць па цячэнні - 1. Плыць у тым кірунку, куды цячэ вада. 2. Аддацца на волю абставін, не працівіцца ім.
Сам па сабе - не залежачы ні ад каго. А па вясне, а па сяўбе мы ўжо не самі па сабе (А.Вярцінскі). @

паабапал, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. паабапал выражае прасторавыя адносіны.

1. Ужываецца для ўказання на размяшчэнне па абодва бакі чаго-н. Дрэвы раслі паабапал вуліцы.Раней чым вывесці першую літару, ён некалькі разоў палахліва азірнуўся на дзверы і на вокны, скоса глянуў на цёмны абраз, паабапал якога цягнуліся паліцы з капыламі, і парывіста ўздыхнуў (К.Крапіва). Босыя ногі з падвязанымі калошамі матляліся паабапал каня (К.Чорны). Нізкія, паводле даўжыні сваёй, будынкі стаялі паабапал двара (К.Чорны). Скрозь, паабапал дарогі, упоперак да яе, ішлі палосы поля, вузкія, як грады, і доўгія, як сама гэтая дарога (К.Чорны). Паабапал дарогі густа стаялі вёскі, значыцца дарога была вельмі выгодная старцам і ўсім бяздомным вандроўнікам (К.Чорны). Паўз самую дарогу было снежнае поле, а крыху наводдалек, паабапал дарогі, стаяў хвойны лес (К.Чорны). Тут, паабапал шляху з прысадамі старых ясакараў і ліп, да вайны размяшчаліся ўсе грамадскія будоўлі: сельсавет, бальніца, школа, клуб, сельмаг (І.Шамякін). Вочы Іоны трывожна і пакутна бегаюць па натоўпах, што сноўдаюцца паабапал вуліцы (К.Крапіва). Густа лепяцца паабапал вуліцы сялянскія хаты з такімі ж вузкімі і цеснымі, як і сама вуліца, дворыкамі (Я.Колас). На гарызонце ў ружовым мроіве паказалася вёска, а паабапал яе серабрыліся сінія лясы (А.Алешка).

2. У знач. прысл. Па абодва бакі. Яны ўвашлі ў калідор, у якім паабапал было многа дзвярэй (М.Машара). @

паблізу, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з паблізу выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на тое, што дзеянне адбываецца або што-н. размяшчаецца недалёка, на невялікай адлегласці ад каго-, чаго-н. Схавалішча ў лесе, паблізу хутара Харкевіча (Э.Самуйлёнак). Нават хто і жыў паблізу Перабродскага лагера, пакідалі свае хаты і таксама пайшлі следам за тымі і разам з імі, хто прыйшоў сюды ратаваць забраных у лагер (К.Чорны). Абышлі ўсе закануркі паблізу вёскі - можа, дзе да часу зладзеі кінулі коні (К.Крапіва). Паблізу шашы, пад купчастымі шатрамі маладых дубоў, згрудзілася багата людзей (М.Лынькоў). Сенажацяў паблізу засценкаў не было (А.Чарнышэвіч). Ён [Сушкевіч] устаў з травы і сеў паблізу Салаўёва (І.Дуброўскі). @

паверх, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. паверх выражае прасторавыя адносіны.

1. Ужываецца пры абазначэнні паверхні, вяршыні чаго-н., вышэй якіх або на некаторай адлегласці ад якіх размяшчаецца што-н. ці адбываецца якое-н. дзеянне. Хмары паўзлі паверх гор.Паверх ляшчынкі вісіць кусочак кажурынкі (загадка). Паверх лесу агонь гарыць (загадка). Паверх лесу сіненькі агеньчык гарыць (загадка). Валя скончыла граць і глядзіць кудысьці паверх піяніна, некалькі разоў, час ад часу, яна бярэ самыя апошнія акорды і прыслухоўваецца да іх (К.Чорны). Ногі, абутыя ў валёнкі, ён выцяг на санях паверх саломы (П.Галавач). Паверх лесу кліча ўжо чарамі Дзіў, слухаці кажа зямлі незнаёмай - Корсунь, Памор'е і Сураж зацьміў, Волзе, Пасуллю папутаў заломы (Я.Купала). Там-сям паверх вады бездапаможна высоўвалася затопленая лаза (У.Краўчанка).

2. Ужываецца пры назве адзення ці абутку, зверху на якія што-н. надзяваецца. Паверх сарочкі даўней насілі «гарсэт», а цяпер «безрукаўку»... (Ю.Мацкевіч). Не прайшло і хвіліны, як у калідоры затупацелі ногі і на парозе з'явіўся чалавек у сінім халаце паверх бялізны (В.Быкаў).

3. У знач. прысл. Зверху, з напускам на што-н. Верхнюю рубашку, выпушчаную паверх, ён [Ксавэр] насіў без падпяразкі (К.Чорны). @

паводдаль, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з паводдаль выражае прасторавыя адносіны: указвае на прадмет ці асобу, на некаторай адлегласці ад якіх што-н. размяшчаецца. Выпускнікі ціхенька размясціліся паводдаль сталоў прэзідыума (А.Кулакоўскі). @

паводдаль ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з паводдаль ад выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'на невялікай адлегласці ад чаго-н.'. Паводдаль ад лесу ішла дарога.Паводдаль ад дарогі разгацілася палявая дзічка (К.Чорны). @

паводле, прыназ. з Р. Спалучэнне з паводле выражае аб'ектныя адносіны: ужываецца са значэннем 'у адпаведнасці з чым-н.', 'згодна з якімі-н. прызнакамі'. Алагізм... - нелагічнасць, адмаўленне логікі, а таксама погляд, паводле якога ісціну пазнаюць быццам бы не шляхам лагічнага мыслення, а толькі пры дапамозе інтуіцыі і адкрыцця яе богам (БелСЭ). Класці ж сур'ёзных хворых у палаты і займацца з імі паводле правілаў навукі таксама нельга, бо правілы ёсць, а навукі няма; калі ж адкінуць філасофію і педантычна рабіць паводле правілаў, як іншыя лекары, то для гэтага, перш за ўсё, патрэбны чыстата і вентыляцыя, а не бруд, здаровая ежа, а не смярдзючая кіслая капуста, і добрыя памочнікі, а не зладзеі (К.Крапіва). На кінастудыі «Ленфільм» кінарэжысёр Анатоль Гранік паставіў паводле гэтага рамана [«На диком бреге» Б.Палявога] шырокаэкранную двухсерыйную карціну... («На экранах Беларусі»). Гаварыў ён [Туравец] непаслядоўна, паводле таго, як успамінаў, але гэта не змяншала ўражання ад загада (І.Мележ). Паводле падлікаў Мацвеенкі выходзіць, што беларуская мова ўжо напалову, а можа і больш чым напалову, з'яўляецца мовай інтэрнацыянальнай (К.Крапіва). Нізкія, паводле даўжыні сваёй, будынкі стаялі паабапал двара (К.Чорны). @

паводлуг, прыназ. з Р. Устар. і абл. Тое ж, што і паводле. @

павэдлуг, прыназ. з Р.

1. Устар. і абл. (з адзнакай паланізма). Тое ж, што і паводле. Павэдлуг - 'адпаведна', 'паводле', 'згодна' (У.Анічэнка, А.Жураўскі). Павэдлуг харча пойдзе работа (К.Чорны).

2. Абл. (з адзнакай паланізма). У адносінах да чаго-н., у параўнанні з чым-н. «Што ты гэнымі ржавымі стрэльбамі зробіш павэдлуг войска? Ды і колькі нас? Дробка тая людзей. Тыкеля дарэмна раззлуеш», - не згаджаецца з Пронькам, як заўсёды, Паўлюк (В.Каваленка). @

пад, прыназ. з В. і Т. Спалучэнне з прыназ. пад выражае прасторавыя, часавыя, аб'ектныя, атрыбутыўныя, параўнальныя, прычынныя, мэтавыя адносіны і адносіны прыблізнасці, спосабу дзеяння.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, ніжэй якога накіравана дзеянне. Пакласці сякеру пад лаўку. Засунуць касу пад страху. Пад латак гаршчок паставіць. Упасці пад каня. Пакласці падушку пад галаву. Падабраць ногі пад сябе. Залезці пад коўдру. Схаваць пад кажух.Скіну з плеч шырокіх рызманы пад лаву... (М.Танк). Куды б мяне мой дзіўны лёс ні кінуў, пад неба поўначы, на берагі Дзвіны, - твой шлях - мой шлях, любімая Айчына! (А.Звонак). Снег на штучным малюпасенькім азярцы быў ушчэнт спярэшчаны заячымі слядамі: яны заходзілі аж пад масток над круглым азярцом (К.Чорны). Паў адзін пад каня, а другі - на кані (П.Броўка). Іван адвярнуўся ад сцяны, паклаў пад шчаку правую руку і заплюшчыў вочы (С.Грахоўскі). Дзеці мае! Вы пад'елі, заснулі, і я вам спакою хачу, я пад вашы кашулі завею з трубы не пушчу (А.Куляшоў). Дзяўчынку паднялі на рукі, пад кажух... (Я.Брыль). Чым скарэй старайся зрабіць, прыгатуй мне ў дарогу сані, пакладзі пад салому ачышчаныя тушы, увяжы вяроўкамі (К.Чорны).
// У значэнні 'ніжэй паверхні чаго-н.'. Нырнуць пад ваду. Спусціцца пад зямлю.У правалы, пад зямлю, у глыбокі карст апускаўся, каб знайсці багацейшы скарб (А.Звонак).

2. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, у бок ніжняй часткі якога накіравана дзеянне. Сесці пад куст. Скласці рэчы пад разложысты дуб. Спусціцца пад горку. Кінуць пад ногі.Усе складалі свае парашуты ў адно месца, пад нізенькую каржакаватую ігрушу, якая дзіка расла, растапырыўшыя і пакрывіўшыся над шырокім жытнім полем (К.Чорны). Пад узгорак або ў гразь - конь насілу возьме (К.Крапіва). Леснікова сяліба пачала здавацца густою кучаю лому: ён упаў аднекуль пад ногі выносістых хвояў (К.Чорны). Дарога палотны пад ногі сцеле (А.Куляшоў). Чалавек шырока махае рукамі, коўзаецца ботамі па слізкай дарозе і паціху ідзе, пазіраючы сабе пад ногі (П.Галавач). Ляцелі пад адкос нямецкія паязды, узрываліся на дарогах грузавыя машыны (К.Чорны). Ага, ну-ну! Ты пажыві яшчэ хвіліну, - вось толькі сяду ў каляіну, плячом пад кола таркану і к чорту воз перавярну (К.Крапіва). Ды што ты зробіш? Так з прадзедаў было-вялося і вядзецца, і ўсё ўпустую люд таўчэцца; ды будзе час паразумення - таўкне пад самае карэнне... (Я.Колас). А як падбег, ласкава згроб яго пад сваю лёгкую руку, і пайшлі яны гэтак абняўшыся (К.Чорны). Тады Мікола непрыкметна штурхануў мяне пад локаць і кіўнуў: «Глядзі» (Я.Брыль). Вун аднойчы і Лаўрэну так засвіціў начальнік дыстанцыі, аж твар успух. Пад самае вока патрапіў - быў тады семафор недагледжаны (М.Лынькоў). А раз нейк выйшла між хлапцамі, што захацелі быць абодва жарабцамі: і шыя ў кожнага дугой, і землю кожны б'е нагой, і вочы скошаны пад лоб, - пусціліся ўгалоп (К.Крапіва).

3. з В. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета ці асобы, у непасрэдную блізасць да якіх накіравана дзеянне. Едуць пад Менск. Пайсці пад студню. Гусі паляцелі пад лес.З Менска прыбыў эшалон пад Цымляны неяк у поўдзень (А.Астрэйка). Вось мякка газуе пад хату трохтонка (А.Куляшоў). Назаўтра Мікалай павёў усіх назад пад выстаўку (К.Чорны). Ганна стаяла ў садзе адна, ні пад кога не падыходзячы (К.Чорны).
// У значэнні 'аж да самага (прадмета, месца ці пад.)'. Лунае пад неба. Паляцеў пад страху. Агонь шугае пад воблакі. Падкідаюць пад столь.У песнях павыраслі крыллі, лунаюць пад неба, край свету... (Я.Купала).

4. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або паняцця, пры назве дзеяння ці стану, у зону якіх накіравана іншае дзеянне. Выйсці з хаты пад дождж. Папаў пад халодны душ. Вядуць пад агонь.Колька падставіў пад буйныя кроплі свой кірпаты вяснушкаваты тварык, ссунуў бровы, нібы і сапраўды кагосьці ўбачыў у нізкіх шэрых воблаках (С.Грахоўскі). Ён пайшоў пад душ, але і там давялося хвілін дзесяць чакаць, пакуль вада зробіцца адносна халоднай (У.Караткевіч). Вядзём на праўку пад агонь на класавых франтох - і вербалозную аблонь, і лукаткі дарог (У.Хадыка). Пры тым ён так даверліва ставіўся да новага свайго спадарожніка і так яго ўся істота прасілася пад яго апеку, што здавалася, быццам яны знаёмыя ўжо шмат год (К.Чорны).
// Пры ўказанні на стан, у які пападае хто-, што-н. Аддаць пад суд. Падпасці пад крыўду.У гэтыя моманты страшнай адзіноты, больш як калі раней, яму здавалася, што Аксеня адна будзе вельмі бездапаможная, што яна яшчэ не ведае практыкі жыцця, яна можа падпасці пад злую крыўду (К.Чорны).
// У значэнні 'ва ўладу каго-, чаго-н.'. Паводле Берасцейскага міру частка Беларусі пападала пад Германію.

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, ніжэй якога (з боку ніжняй часткі якога) адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто-, што-н. Сваёй чаргой жыццё ішло пад ясным і халодным небам (А.Звонак). Я прылёг на зямлю разам з горам сваім, - як маўкліва пад небам маім! (П.Броўка). А край падымаўся, пад зорамі рос, квітнеў штовясну небывала (К.Буйло). Глыбока зіяе бяздонне правалу, апушчаны нізка пад сонцам завесы, дрымучай слатою вам выглядзяць галы, над днямі былога лёс хмары павесіў (Ц.Гартны). З Менска да Масквы - дарога блізкая. Гэтую дарогу я люблю - пад крыламі воблакі пабліскваюць, зрэдку дзе аконцы на зямлю (П.Броўка). Пад дугою званкі заліваліся звонка... (П.Броўка). Гразь пад нагамі падшэрхла і пацвярдзела (С.Грахоўскі). Мрок стаіўся нерухома, пад нагамі лом, каменне (Я.Колас). Цвёрдую глебу адчуў пад сваімі нагамі (А.Куляшоў). Ну, устаў я гэта сабе нацямочку, яшчэ нават сцежкі пад нагамі не відаць... (К.Чорны).
// Пры абазначэнні прадмета, з ніжняга боку (ці за адваротным бокам) якога адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто-, што-н. Зямля пад снегам. Пад хмарай ляцяць жураўлі. Пад ценем дрэў. Пашукайце пад ламаччам. Пад палой пранесла лістоўкі. Сарочка пад ватоўкай. Вочы пад шкелцамі акуляраў. Што ў цябе адзета пад нізам? Плечы замерзлі пад хусткаю. Трымаць пад пахай.Пад белай страхою стаіўся пасёлак, прымоўклі навокал лясы (Я.Колас). Абмёр пад коўдраю хлапчына, пабеглі па плячах мурашкі... (К.Крапіва). Пад скарынкай лёду тут жа, каля хаты, працякала рэчка скрозь лясныя шаты (Я.Колас). Пад мокрым снегам адчувалася зямля (К.Чорны). Пад белым пухам лебядзіным заснула вёска сном нямым (М.Машара). Пад засенню леса глухога становіцца цішай, страшней (Я.Колас). Змаршчакаваты твар быў халодны і нерухомы, як бы ўсё, што жыло ў чалавеку, варушылася дзесьці глыбока пад ружоваю насупленасцю бязброўных вачэй, пад рудым зараснікам вусоў, пад усімі рысамі аблічча, што ляжалі дзіўна, упоперак (К.Чорны). Шэрая кашуля пад гарнітурам з адкладным каўняром і тонкі гальштук, завязаны наспех (К.Чорны). Не гэтак уласнай шкада галавы, як шкода заветнага слова з Масквы, якое ганец пад ватоўкай нясе, якога так прагна чакаюць усе (П.Глебка). Глядзіць прыветліва, нялёгка разгадаць клыкасты твар пад маскаю мядовай (П.Панчанка). «Сам у чым будзеш?» - спытаў Андрэй. - «А ў мяне ватоўка пад нізам, найлепш дабягу да месца» (А.Кулакоўскі). Шчарбацюк, які сачыў цяпер нязводна за імі, пачаў хвалявацца, - пад скурай напружана захадзілі жаўлакі (І.Мележ). Агледзеўшыся вакол, Пятрусь пайшоў рабіць свой абход з мяшэчкам і з торбачкамі пад пахаю (Я.Колас). Убачыўшы на сваім палетку незнаёмага чалавека з завязанай торбай пад пахаю, ён цікаўна пачаў прыслухоўвацца і прыглядацца (К.Чорны).
// Ніжэй паверхні чаго-н. Паплавок пад вадою. Кветкі пад снегам. Шахцёры пад зямлёй. □ Рунь цяпер пад снягамі не праб'ецца да вонку... (П.Броўка). На астыўшых руінах пад попелам чуецца плач (А.Куляшоў). Толя падсек, і на канцы лёскі, пад вадой, пачулася даўно чаканае далікатнае супраціўленне (Я.Брыль).
// Пры абазначэнні прадмета, якім надзелены ў якасці покрыва іншы прадмет. Дом пад страхой. Карціна пад шклом. Лямпа пад абажурам.«Хадземкась во сюды», - паказаў ён [Іван Дзямідавіч] на вялікую, на тры акны, пад гонтавым дахам хату (І.Шамякін).

6. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, унізе каля якога (побач з ніжняй часткай якога) адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто-, што-н. Пад бярозаю разросся мох. Сесці пад дубам. Пад хвояй сінеюць снягі. Заяц пад кустом. Пад гарой зялёны гай. Хлопец сядзіць пад акном. Камень ляжыць пад плотам. Нехта стаяў пад дзвярамі. Галлё валялася пад нагамі.Ціха палуднуе аратай пад высокім дубам на мяжы (З.Бядуля). Калі над радзімай пажары шугалі і неба гуло ад грымот, пад шумнымі соснамі мы прысягалі табе, беларускі народ! (П.Броўка). Весела на полі, слаўна пад бярозкай, хоць ты сядзь-спачынь (Я.Колас). Каля берага пад вербамі чаўны былі прывязаны (П.Галавач). Пры лесе, пад горкай бруіцца крыніца (П.Броўка). Я яшчэ не забыў, як кляліся вы з ёй вечарамі, цалаваліся цэлую ноч у мяне пад акном (А.Куляшоў). Крыху наводдаль, у самым канцы павеці, пад сцяною кавальнага цэха, стаяла безліч новых плугоў (К.Чорны). Лямпа з крука была сарвана і валялася ў яго пад нагамі, пабітая ўшчэнт (К.Чорны).

7. з Т. Ужываецца пры ўказанні на месца, у непасрэднай блізасці каля якога адбываецца дзеянне або размяшчаецца, знаходзіцца хто-, што-н. Было гэта пад Менскам.Пад Барысавам палонным, за Бярозаю-ракой, войска арміі Чырвонай сабірала сілы ў бой (А.Александровіч). У красавіку, калі ў лагер прыгналі чалавек з трыццаць ангельскіх маракоў, узятых пад Нарвікам, палякі сустрэлі іх вельмі радасна (Я.Брыль). Мой жа брат загінуў пад Перакопам (П.Пестрак). На ўзбярэжжы балота, пад садам, было ціха і прытульна (Э.Самуйлёнак). Села пад пушчаю Восень, вочы ўтаропіла ўдаль, жаль ёй павяўшых дакосін, спетых дажынак ёй жаль (Я.Купала). І пуста, і дзіка пад борам кругом, як помсты вялікай заплёў хто залом (Я.Купала).

8. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або паняцця, пры назве дзеяння ці стану, у зоне якіх адбываецца дзеянне, знаходзіцца хто-, што-н. Быльнёг шастаў пад ветрам. Іржышча блішчыць пад расою. Застаўся пад дажджом. Наводзіць мост пад агнём. Прасох пад сонцам. Ружавее пад месячным ззяннем.Павек не забудзецца тая навала, як, дымам ахутаны чорным, стаяў ты, мой горад, пад вогненным шквалам і ворагу быў непакорным (М.Хведаровіч). Пад варожымі кулямі клаліся крыжам, а ніхто не хацеў і не мог адступіць (П.Глебка). Гаварылі ад сэрца пад атуленнем ночы, калі слоў не хапала, дагаворвалі вочы... (П.Броўка). Зніклі хмары... і пад чырванню ўсе прасторы сталі голымі (М.Чарот). Поруч з ёю, пад расою зіхаціць шыпшына (М.Багдановіч).
// Ужываецца пры абазначэнні пэўнай з'явы або аб'екта дзеяння, у зоне пашырэння якіх адбываецца што-н. або знаходзіцца хто-, што-н. Трытона я знайшоў у слоі белых глін і кінуў ў ставок, зарослы мохам, і ён ажыў пад сонцам і паплыў, далёкі госць далёкае эпохі! (А.Звонак). Сонца грэла слаба, насеяны за ноч сухі снег пад ім не раставаў, але пры сцяне было зацішна і нават цёпла (К.Чорны). Ціхі, нібы раздзеты, ён брыдзе пад світальным агнём, дзе ўсе птушкі - паэты і ўсхвалёваны будучым днём (А.Куляшоў). Пад гэтым простым і шчырым «чаму», якое было не толькі ў словах, але і ў вачах інваліда, студэнт разгубіўся... (Я.Брыль).
// Пры ўказанні на стан, у якім хто-, што-н. знаходзіцца. Займацца пад кантролем. Трымаць пад пільнай аховай. Гнуць шыю пад ярмом. Жыць пад страхам.Чалавек, які радзіўся пад апекай муз, вельмі шмат церпіць ад акружаючых абставін (З.Бядуля). Замуж мусіць пайсці іх дачка пад смяротнай пагрозай (А.Куляшоў). Пад чорным маім уладаннем сіроцтва гне корна калені, і ўдоўства галосіць літаннем на голым магільным каменні (Я.Купала). Аж на дол прыпадаюць ніцма пад цяжарам зярна каласы (П.Глебка). Пад націскам тройчы узбольшаных сіл, на бераг шырокай ракі апошнімі, мужна, між свежых магіл, з баямі адходзяць палкі (П.Глебка).
// У значэнні 'ва ўладзе каго-, чаго-н.'. Былі раней пад панам. Пабыць пад вайной. Жыў пад Польшчай.Гора нам, бедным, гора загнаным, мучаць нас чорныя долі, стогнем пад царам, стогнем пад панам, стогнем мы дома і ў полі (Я.Купала). Што там дзеецца, пад тым далёкім ярманцам... (М.Лынькоў). Жывучы пад рондом маскоўскім кожны ведае што ён нас абдзірае і глуміць; но мало хто добрэ падумаў, чы можно ад его спадзеваці ся чэго лень для нас, альбо для дзяцей нашых (К.Каліноўскі. Мужыцкая праўда. № 3). Што было за царскай Расеяй, дык цяпер пад Польшчаю ўглыб пайшло: ніяк не вылузацца з хамута (К.Чорны).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

9. з В. Ужываецца пры абазначэнні моманта, перыяда часу, напярэдадні якога ажыццяўляецца дзеянне. Скідалі стог пад вечар. Бярэцца пад дзень. Заснуў пад поўнач. Паб раніцу павекі наліваюцца волавам.Пад раніцу засынала, але спала нядоўга (І.Шамякін). Надвечар усхадзіўся вецер, і пад поўнач захаладала (К.Чорны). Пад поўдзень рота заняла боем рад траншэй на ўскраі лесу (І.Мележ). Пад вясну яшчэ прыдбала гадавалае цяля (П.Броўка). Маразы ізноў былі пад восень, але ніва Паво ўжо паспела (М.Багдановіч). Пад шэрую восень, пад верасень месяц, задумаў жаніцца Мядзведзь ў цёмным лесе (М.Танк). Ужо ў пачатку лістапада станавіўся сухі холад, а пад сярэдзіну таго ж месяца нападаў змёрзлы і сцёрты ветрам на муку снег (К.Чорны). Дай божа замалада косці грызці, а пад старасць мяса есці (прыказка). Яна не заўважала, як пад канец яе расказу змяніўся твар Варонінай, як усхваляваўся спакойны, нават флегматычны камандзір (Э.Самуйлёнак).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

10. з В. Ужываецца пры абазначэнні працэсу, стану, гукавога фону, у суправаджэнні якіх адбываецца дзеянне. Заснуў пад пакалыхванне машыны. Добра дрэмлецца пад дождж. Пад воплескі ды пажаданні ўзняўся ў неба пілот. Лучына гарэла пад шум калаўроту.Адзінай кагортай, ячэйкай адзінай, пад крок пяцігодак, пад грукат гадзін уздымем краіну, уславім краіну, край родны у творчай красе адрадзім! (А.Куляшоў). Пад аднастайнае пакалыхванне машыны камісар сіліўся як мага адагнаць сон (М.Лынькоў). Ані расы каторы дзень. Пад сонечны касцёр сады, спавітыя ў сухмень, ранялі свой убор (П.Броўка). Пад разлівы песні хмарыць сон гарачы (М.Танк). Кладзецца жыта спелае пад песню на сто крывых адвостраных сярпоў... (П.Панчанка). І на світанні свежых раніц, пад звонкі посвіст салаўя, выходзіць з лесу партызаніць уся Вілейшчына мая (М.Машара). Ён сам каля славутых барыкад, на вуліцах, дзе сцяг камуны ўзвіўся, пад свіст свінца, пад гул глухі гармат з паўстаннем гнеўным разам нарадзіўся (А.Зарыцкі).

11. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, за які бяруцца, захватваючы яго знізу. Узяць пад руку. Патрымай вядро пад дно. Трымаў таварыша пад плячо.Кацярына Рыгораўна ўзяла Надзю пад руку, і яны пайшлі, нібыта даўнія сяброўкі (С.Грахоўскі). А мяне вядуць пад рукі, так іду выгодне: самі ногі йдуць, здаецца... (Я.Купала). Згроб [Алесь] свой клуначак пад паху - загадзя сабраўся - асцярожна, поўны страху, да дзвярэй падкраўся... (Я.Колас). І [Саўка] пад пахі бацю згроб, выцягнуў з балота (Я.Колас). Яны ўбачылі, як салдат ссаджваў з воза хворага немца: трымаючы яго пад плячо, салдат бадай што нёс немца да сенечных дзвярэй... (К.Чорны). З усмешкай мы жыццю глядзім у вочы, - судзіла доля шчасце на вяку, - збіраем кветкі папараці ўночы, днём з ясным сонцам ходзім пад руку (Я.Купала).

12. з В. Ужываецца пры ўказанні на прыладу, інструмент і пад., уздзеянню якіх што-н. падвяргаецца ці з дапамогаю якіх што-н. ажыццяўляецца. Пусціць пад нож. Непатрэбныя кавалкі дошак ішлі пад сякеру, на дровы. Схаваць пад замок.«Там, - казаў ён, - даволі дабра я замкнуў пад замок: і цыбулі, і солі...» - «І хлеба?» - спытаў Васілёк (А.Куляшоў). «Я думаю зрабіць прасцей. Перакрыць зусім спуск вады моцнай земляной плацінай». - «І паставіць пад рыск катлаван», - скрывіўся Беразінец (П.Броўка).

13. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які служыць гарантыяй, забеспячэннем чаго-н., узамен якога што-н. даюць або атрымліваюць. Даць грошы пад распіску. Аддаць пад залог.У той дзень стары Скуратовіч сам хадзіў у лес бачыцца з сынам і раіцца, што рабіць: зранку прыехаў чалавек з воласці і пад распіску даў паперку, дзе былі выпісаны тэрміны здачы жыта (К.Чорны). Пад зямлю атрымліваюцца пазыкі з выдачай вексялёў, вельмі пашыраных тут паміж таўрычаскімі сялянамі... (В.Поснікаў).

14. з Т. Ужываецца пры абазначэнні ўмоў, абставін, гукавога фону, якімі суправаджаецца дзеянне. Стаяў пад шумам дрэў. Ідзём пад беларускім сцягам. Стаіць мой сад пад белым цветам.Ля хат пад свістам непагоды цішэе сад і дрэва моўкне, - для нас з табой вясна заўсёды, - бо на душы вясна не змоўкне (У.Хадыка). Жыві пад свістам пушчы сумным, сярод пакутных нас слыві гаспадаром разумным! (А.Куляшоў). Заўсёды поўначчу, калі прачнуцца пад вясеннім шумам разлівы родных рэк, палі, - мяне наведываюць думы: якімі гукамі струны ці песнямі я ўвекавечыў дні гора, нашай славы дні і гэтых зораў бляск спрадвечны? (М.Танк). Забыўся, здаецца, Андрэй на ўсё, стоячы пад паважным, раўнамерным шумам сосен (П.Пестрак). Спакойна і мірна суровай хадой пад ленінскім сцягам праходзяць калоны (П.Глебка). Пад якой ідзеш зарою, ой ты, доля наша - ці пад хмарнай, пад бурлівай, што ветрамі страша..? (Я.Купала). Яна ўбачыла, можа нават праўдзівей сказаць адчула, як трапяталіся і жылі колеры на сценах і ў паветры, як яны зменьвалі самі сябе пад ясным позіркам сонца (К.Чорны).

15. з Т. Ужываецца пры назве прадмета, інструмента, прылады, уздзеянню якіх хто-, што-н. падвяргаецца ці з дапамогаю якіх што-н. ажыццяўляецца. Пад разцом запела сталь. Рыпіць снег пад ботамі. Трэснула галінка пад нагою. Човен плыве пад ветразем. Ці многа ў цябе схавана пад замком?Пад цяслярскай сякерай пападала лісце на дол (А.Куляшоў). Пад сярпом маім крывым жыта хутка гнецца, сноп за снопам у радкі покладам кладзецца (Ц.Гартны). Зарыкалі нема пад нажом каровы, набухалі гневам цёмныя дубровы (П.Глебка). Мы ў пушчы. Пад ботамі шамкае мох (П.Броўка). Пыліць пад армейскмі ботамі шлях, медалі звіняць на грудзях (А.Зарыцкі). Захрабусцела пад лапцямі нечапаная скарынка снегавой цаліны, застукалі наўзахваткі сякеры... (К.Крапіва). Прымінаем першы лядок, што хрусціць пад лакцямі (А.Куляшоў). Толькі ўскіне лагодліва вейкамі - гравій пад шынамі запяе, чатыры дарогі сыпучымі рэйкамі як па загаду плывуць да яе (П.Панчанка). Мароз рыпіць пад палазамі, як быццам плача дзесьці хто (М.Хведаровіч). Гады за гадамі няспынна ідуць, пад імі на'т крышацца скалы (П.Трус). І даваў такога спрытнага драпака, што толькі пыл курэў пад «абломкам імперыі» (М.Лынькоў). Запяюць чароўна птушкі пад узмахамі смычка (У.Рагуцкі). Адгэтуль пад ветразем Сценька у песню з княжной адплываў... (П.Панчанка). Бачыць ён, як скрозь бурунаў пырскі, скрозь прыбой, што ўдзень і ўноч грукоча, адплываюць казакоў сібірскіх на той бок пад ветразямі кочы (А.Звонак). Наша воля неўміруча, хоць і пад замкамі (М.Хведаровіч). Дзверы пад замкамі, у тры сажні агарожа, - глуха, як у яме (Я.Колас). Яшчэ там корна служаць мамкамі сястрыцы нашы і сягоння, ды стогнуць, мучацца пад клямкамі браты, як некалі ў прыгоне (Я.Купала).

IV. АТРЫБУТЫЎНЫЯ АДНОСІНЫ.

16. з Т. Ужываецца пры ўказанні на адметную ўласцівасць, прымету прадмета. Часопіс пад назваю «Маладосць». Пісаць пад псеўданімам. Дом пад нумарам дзесяць.І выраб мой дасужае мінуты, рагаты сук пад надпісам «Чымган», прыродаю так вычварна загнуты, гадае там пра родны Казахстан (Я.Колас). Пасумуем удвох і напішам удвох агнявую паэму пад назваю «Здрадніца»... (П.Панчанка). Дом пад нумарам дваццаць чатыры, даўні сябра мой шчыры... (А.Куляшоў).
// Пры назве прыправы да страў. Салат пад маянэзам. Рыба пад соусам.

V. ПАРАЎНАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

17. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, накшталт якога ці падобна да якога што-н. робіцца, з якім што-н. параўноўваецца. Памаляваць пад колер сталі. Гаворка падобная пад украінскую.З коміна, дзе ўткнута шэрая пад колер сталі гліняная труба, тарапліва, як бы яго ліхаманка трасе, плыве-бяжыць сіняваты дымок... (Я.Колас). Гуральскія хаты. Вуглы - «замок» - памаляваныя пад шахматную дошку, нібы палоскі на таксі (Я.Брыль). Спецыяльна вылепіў для нас новую кватэру пад Парнас (П.Панчанка).
// Пры абазначэнні таго, што з'яўляецца ўзорам. Стрыгчы пад бокс, пад польку.Дзяўчына, распусціўшы косы, вылецела ў бор, і, прытуліўшысь к дрэву, песню жудкую пяе - ні то падладжваючыся пад хаўтурны хор, ні то спраўляючы ў бару заручыны свае (Я.Купала). Аднак у практычнай дзейнасці асобныя кампазітары народнасць у музыцы разумеюць прымітыўна, спрошчана, пераважна як стылізацыю пад народнае («ЛіМ»).

18. з В. У адпаведнасці з чым-н., раўназначна чаму-н. Якраз под яго думкі. Пад настрой. Значэнне слова «рух» падыходзіць пад паняцце «дзеянне». Мне гэта не пад сілу.Коля любіў пахваліцца, калі гэта было пад настрой (І.Грамовіч). Напярэдадні, чысцячы зброю, рота спявала. Без каманды, сама, пад настрой (Я.Брыль). Нібы знарок пад думкі яго, на агародзе, у баразне стаяла нейкая бабуля і, гледзячы з-пад рукі сюды, на рэчку, гукала: «То-лік! То-о-лік, го-оў!..» (Я.Брыль). Вы кажаце - мужык скарэй прадасць гандляру, чым пану, бо пад паняцце «пан» у мужыка часта падыходзіць кожан, хто носіць цэшку або чорнае паліто (Я.Колас). Джамбулу я песню сягоння пяю, пад сэрца і думу настроіў сваю... (Я.Купала). Сэрца просіць шляхоў, што цяжкім маім ботам пад сілу; наглытацца хачу туманоў, твайго ветру і пылу... (А.Куляшоў). Па левым беразе ў шнурочак зялёных дрэў пралёг радочак, як стрэлка, роўненька, пад меру, як тыя буквы на паперу (Я.Колас).

19. з Т. Ужываецца пры абазначэнні паняцця, сэнс якога падлягае раскрыццю (пры словах разумець, хавацца, падразумяваць і пад.). Што хаваецца пад гэтымі словамі? Пад нашатырным спіртам разумеюць водны раствор аміяку.Ну, а калі дзед падгуляе, тады ён йзноў адменнасць мае, тады ён нават і бушуе і трохі сына памуштруе; але пад гэтым бушаваннем хавае гумар з насміханнем: больш жарты строіць, чым ваюе (Я.Колас).

VI. АДНОСІНЫ СПОСАБУ ДЗЕЯННЯ.

20. з В. Ужываецца пры ўказанні на спосаб якога-н. дзеяння. Стрыгчы пад машынку, пад нулёўку. Пісаць пад капірку. Крыць хату пад жалеза.«Рана вам радавацца», - і Пятро кідаў вочы на крытыя пад жалеза хаты заможнікаў (Я.Колас).

VII. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

21. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння ці ўмоў, у выніку якіх ажыццяўляецца іншае дзеянне. Не схіляўся пад акупанцкім ботам. Гнуцца плечы пад гадамі. Пад уплывам культуры жыццё набывала новыя рысы. Снег пад уздзеяннем ветру ўшчыльніўся.Хочуць, каб песні забыліся матчынай! Пад акупанцкім схіляліся ботам (М.Танк). Пад камсамольскай гулкай хваляй ці ж устаіць варожы свет?! (Я.Колас). Час яшчэ твару майго не зразорыў, плечы не гнуцца яшчэ пад гадамі... (М.Танк). Лёгкія пясчаныя глебы пад уплывам торфу становяцца больш звязанымі, лепш утрымліваюць вільгаць, цяжкія сугліністыя - становяцца больш рыхлымі, водапранікальнымі (з газет). Пад уплывам сваіх думак дзед Талаш падняўся і асцярожна пасунуўся ў лес... (Я.Колас). Усе асноўныя персанажы названых апавяданняў пададзены ў псіхалагічным плане. Яны знешне да пэўнага часу жывуць ціха і спакойна, і раптам пад уздзеяннем новай абстаноўкі цішыня і спакой ператвараюцца ў душэўную буру помсты, якая вядзе да рашучага дзеяння (У.Агіевіч, М.Ларчанка).

VIII. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ.

22. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, дзеля якіх прызначаецца што-н. Зямля пад поле. Палетак пад жыта. Карэта пад доктара.Вось кончым справу - зааром, пад жыта добра будзе (П.Броўка). І не дзіва, калі сцэпшчык Іван, які двойчы падаў сігнал: «паравоз пад вагоны», гучна лаецца (М.Лынькоў). Як прыйшло жніва, не бялелася ўвечары сукеначка між дрэў у садзе, затое стаяла ля сіняга плоту карэта пад доктара (М.Гарэцкі).

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, якімі што-н. занята, якімі што-н. выкарыстоўваецца. Поле пад аўсом. Школа пры немцах была пад канюшняй. Гарачыя коні былі пад казакамі.

IX. АДНОСІНЫ ПРЫБЛІЗНАСЦІ.

24. з В. Разм. Ужываецца пры прыблізным абазначэнні колькасці, памеру, узросту. Чалавек пад сорак. Яму было гадоў пад пяцьдзесят.Жарт, відаць па ўсім, дайшоў. Але ўсё ж невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, каб адзін з хлопцаў, боўдзіла пад два метры, не асэнсаваў чагосьці (У.Караткевіч). Пра маё пакаленне пісалі мала - у майго пакалення камсамольскі ўзрост - хоць маё пакаленне імя мае, хоць майму пакаленню пад дваццаць ёсць (А.Куляшоў).

Замінаць пад нагамі - быць лішнім, непатрэбным, перашкаджаць. Пайшчыкаў больш не запісалася, але яны і не патрэбны былі: прынамсі кожная драбяза не замінала пад нагамі (К.Чорны).
Не чуць ног пад сабой - з адчуваннем лёгкасці. І калі думаў я пра іх, пра Петруся, значыцца, і пра яго каханку, дык ведаеце - ног не чуў пад сабой, і так лёгка было весці паравоз тады, падганяць яго, пускаць уперагонкі з ветрам спадарожным (М.Лынькоў).
Пад ведамам - у сферы чыёй-н. улады, кантролю. Гэтыя кааперацыйныя пункты якраз і былі пад яго ведамам (К.Чорны).
Пад вянец - да шлюбу. Паехалі пад вянец.
Пад дурнога хату (завесці, падвесці і пад.) - абдурыць, свядома абмануць. Каб не завёў нас гэты ранісанс пад дурнога хату (П.Пестрак).
Пад лапу (падграбці, узяць, забраць) - у сваё ўладанне. Ага, і цябе пад сваю лапу падгроб быў, дык табе не смачна стала пішчэць праз каторы ўжо год у Нахлябічавай лапе (К.Чорны).
Пад мухай - у стане лёгкага ап'янення. Я часцяком яго ў карчме, бывала, спатыкаў пад мухай (К.Крапіва).
Пад нос (гаварыць, мармытаць і пад.) - невыразна, ціха. І чутно, як ён ідзе да стрэлак, мармычучы сабе нешта пад нос (М.Лынькоў). Мікалай пачаў наспеўваць сабе пад нос нешта без слоў - ціхае і доўгае (К.Чорны).
Пад носам - а) знізу каля носа, на верхняй губе. У Яўхіма, здаецца, аж нос мокры стаў, а пад носам яшчэ горш (К.Чорны). б) перан. Тут жа, зусім блізка. Зажмурыў вока - бах! Пад носам землю ўзрыла. Другі раз. Гэта ў бок завыла (К.Крапіва).
Пад рукою, пад рукамі - блізка, паблізу. Заўсёды мець пад рукою.А пацікуйцеся: тут блізка; зямля, бы ў мацеры калыска, на відавоку, пад рукамі, ядзяць іх мухі з камарамі! (Я.Колас).
Падступіцца пад каго-н. - знайсці падыход да каго-н.
Пад сэрцам - 1) унутры, у грудзях. Горача. Балюча. Адчуваю, - плавяцца зямля і жвір пад сэрцам, корчыцца у сударгах, жывая, і трава шапоча мне аб смерці (П.Панчанка). Ад слоў яго неяк пад сэрцам цяжка рабілася (ананімн. гут. 19 ст.). 2) перан. Аб чымсьці дарагім. Зямля мая, лясы і пожні, вось тут я сеяў, тут касіў. Вы сніліся мне ноччу кожнай, а ўдзень пад сэрцам вас насіў (А.Астрэйка).
Правальвацца пад нагамі - аб чымсьці хісткім, няпэўным. Уся яго [Пракопа] бяда была ў тым, што ён меркаваў замацавацца ў жыцці на сваіх старых поглядах і на старым грунце. Тым жа часам гэты стары грунт правальваўся пад яго нагамі (Я.Колас).
Прыняць пад увагу - улічваць, браць у разлік. І калі пачнем усё гэта браць пад увагу, то трэба такі парадкам патупаць па лесе, каб на добрае месца натрапіць (Я.Колас).
Скакаць пад чыю-н. дудку - выконваць чые-н. жаданні, паслужліва падпарадкоўваючыся каму-н. Так на свеце пажыўшы мала, «Наша будучыня» сканала, бо была ўсё ў жалобе, у смутку, нядобра скакала пад панскую дудку, мала віляла хвастом перад панам, чуць-чуць спачувала рабочым, сялянам, вось яе ў нясталым узросце і ўдушылі паны-ягамосці (К.Крапіва). @

пада, прыназ. з В. і Т. Тое ж, што і пад. Нерэгулярна ўжываецца перад словамі, якія пачынаюцца спалучэннем дн, а таксама звычайна перад словам мной (мною). Вазьмі міску пада дно.Слупам, бывала, жарэбчык пада мной становіцца, а я каліі прышпару, калі прышпару!.. (К.Чорны). @

падалей ад, спалуч. прысл. з прыназ. Разм. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з падалей ад выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'на большую адлегласць ад каго-, чаго-н.'. Людзі моўчкі разышліся па хатах, падалей ад таго месца, дзе глуха парыпваў пад шалёным ветрам апалены дубовы сук (М.Лынькоў). @

падалечай ад, спалуч. прысл. з прыназ. Абл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і падалей ад. Аддаў мяне бацька падалечай ад сябе: сем міль борам ісці, а осьмую морам плысці (нар. песня). @

пад час, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і падчас. Аператар В. Арлоў, аўтар сцэнарыя А. Адамовіч і рэжысёр І. Калоўскі гутарыць з Марыяй Міхайлік, жыхаркай вёскі Вялікая Гарожа Асіповіцкага раёна, пад час здымкаў першых кадраў будучага фільма («ЛіМ»). Другую [навелу] мы мяркуем зняць у шпіталі для інвалідаў Вялікай Айчыннай, трэцюю - пад час сустрэчы былых партызан... (М.Гіль). @

падчас, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з падчас выражае часавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на тэрмін, з'яву, падзею, у час якіх адбываецца ці існуе што-н. Падчас гітлераўскай акупацыі гэты любімы сынок Шэптыцкага з'явіўся аднекуль ужо без «гасподняй спадніцы» - у цывільнай вопратцы юды (Я.Брыль). Пасярэдзіне мястэчка, збоку рынкавай плошчы, узвышаецца белы касцёл. Падчас вайны, пры гітлераўцах, на званіцы стаяў кулямёт, і відаць было, як у прасвеце за драцяной сеткай слупам тырчаў вартавы (Я.Брыль). Ніхто на вайне не ведаў, калі і дзе стрэне сваю кулю... У разведцы ці ў баі падчас блакады (І.Шамякін). Толькі я паступіла [у медінстытут] - няшчасце на нашу сям'ю звалілася: бацька загінуў падчас аўтамабільнай аварыі (П.Марціновіч). @

па-за, прыназ. з Т. Спалучэнне з прыназ. па-за выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для абазначэння месцазнаходжання, руху або дзеяння ззаду за чым-н., па той бок чаго-н. Мяцеліца бушавала па-за сцяною.І раптам адчуў сябе Ігнась адрэзаным, асобным ад усяго, як бы ў другім свеце, на другой зямлі; усё стала як бы па-за яго істотаю: вось робіцца ўсё на свеце паміма яго, далёка ад яго і нікому і нічому няма дзела да яго (К.Чорны). Выразна, нібы ўяў, устаў перад Маланкаю гэткі вобраз: насоўваецца цёмная дажджлівая ноч; гудзе па-за вокнамі сярдзіты вецер; свішчуць галінкамі плакучыя бярозы (Ц.Гартны). Па-за садкамі, па-за хлявамі, пазавуголлю, гародамі краліся адзін за адным папацёмку ўчатырох, як ваўкі (К.Крапіва). @

па лініі, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Кніжн. (у публіцыстычным і навуковым стылях). Спалучэнне з па лініі выражае абмежавальныя адносіны і адносіны спосабу дзеяння.

I. АБМЕЖАВАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры ўказанні на сферу, якой абмяжоўваецца пэўная дзейнасць. Работа па лініі маладзёжнай арганізацыі.

II. АДНОСІНЫ СПОСАБУ ДЗЕЯННЯ.

2. Ужываецца пры ўказанні на адзін са спосабаў утварэння якога-н. дзеяння. Ісці па лініі найменшага супраціўлення. @

па меры, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Кніжн. Спалучэнне з па меры выражае адносіны адпаведнасці і часавыя адносіны.

I. АДНОСІНЫ АДПАВЕДНАСЦІ.

1. Ужываецца для ўказання на з'яву, уласцівасць і пад., якім у пэўнай ступені адпавядаюць іншыя з'явы, дзеянні, працэсы і пад. Яна ўзрадавалася майму прыходу і адразу ж загадала мне схадзіць да княгіні і словамі растлумачыць ёй, што матуля мая заўсёды гатова зрабіць яе светласці, па меры сіл, паслугу - і просіць яе зайсці гадзіне а першай (У.Ляўданскі). Я ламаў сабе галаву, раздумваў, перадумваў, - і неадступна, хоць па меры магчымасці скрытна, назіраў за Зінаідай (там жа).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

2. Ужываецца для ўказання на дзеянне, у час ажыццяўлення якога адбываецца паступовае нарастанне якога-н. працэсу, прызнака. Па меры пад'ёму ў горы паветра станавілася ўсё больш чыстым і празрыстым. @

паміж, прыназ. з Р. і Т. Спалучэнне з прыназ. паміж выражае прасторавыя, часавыя і аб'ектныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з Р. або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку між якімі што-н. знаходзіцца, адбываецца. Сцежка паміж алешніку і рэчкі. Ручаёк бяжыць паміж двух узгоркаў. Граніца паміж двума светамі. Вазоны стаялі паміж акном і сталом.З-пад пільні ўсе пайшлі дарогай паміж поля і лесу (К.Чорны). Сашка ... падаўся да стала, які стаяў пры сцяне паміж двух акон (К.Чорны). На плошчу паміж Домам Урада і домам насупраць увайшлі самаходкі (І.Мележ). Здалося, рэчы глядзелі на яго, заблуканага ў прасторы паміж зямлёй і небам на вышыні чацвёртага паверху (Э.Самуйлёнак).
// Ужываецца для ўказання на групу прадметаў ці асоб, сярод якіх што-н. знаходзіцца, адбываецца. Кусты паміж дрэў. Аганькі мільгалі паміж соснамі. Ажыўленая гутарка паміж сялянамі.І кладуцца наўсцяж мнагавёрстыя трасы паміж сопак крутых, паміж горных крыніц (А.Звонак). Паміж нізкіх цёмна-сініх хмар прабілася малінавая палоска, потым выкацілася вялікае барвовае сонца і павісла над далёкім задзвінскім борам (С.Грахоўскі). Па моры плывуць караблі, плывуць паміж рыфаў і скал (Я.Купала). І моўчкі кніжку запісную паміж патронаў палажу (П.Броўка). Яловыя частаколіны парассоўваліся ўбакі, і дзіркі паміж імі пазабіваны дошкамі (К.Чорны). Яны пайшлі да зацішнай лавачкі, што стаяла паміж кустамі парудзелай акацыі (С.Грахоўскі).
// Ужываецца для ўказання на сферу, асяроддзе, у якім што-н. знаходзіцца, адбываецца. У пушчы паміж імхоў. Вёска паміж балотамі.Вусцішна Зосі адной паміж лесу (К.Крапіва). У глыбі двара стаяла хата і выглядала зухавата паміж запушчанай будовы (Я.Колас). Вецер знойдзе нашы вочы паміж рос і закрые шчыльна (П.Панчанка). Вясна кругом, адгрукалі марозы, ручай паміж палеткамі журчыць (П.Броўка). Узнімалася дзяўчынка паміж гора і бяды (П.Броўка).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

2. з Т. або Р. Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцовы моманты, якімі адмяжоўваецца пэўны прамежак часу. Паміж дзесяццю і дванаццаццю гадзінамі. Час паміж захадам сонца і змярканнямі.Высадка павінна была адбыцца паміж 28 і 29 сакавіка паблізу Палангена (І.Кісялёў).
// Ужываецца для ўказання на з'явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку між якімі што-н. адбываецца. Перакур паміж малацьбы.Паміж гаворкаю дымок віецца між сябрамі (П.Броўка). Інтэрвалы паміж бомбавымі разрывамі бадай што ўжо і не заўважаліся (К.Чорны). Ён кідаўся ў бакі і грукаў з сябе гарматнымі выбухамі, паміж якімі шалела кулямётная страляніна (там жа).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

3. з Т. або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. Размовы паміж мужчынамі. Карэнная сувязь паміж паэзіяй і вуснай народнай творчасцю. Не будзе паміж нас няшчырасці.Будзем лічыць, што ўмова паміж намі заключана (К.Крапіва). Цёпла, пранікнёна гаварыў Лазавенка аб умацаванні дружбы паміж калгасамі (І.Шамякін). Паміж старых прыяцеляў павеяў нядобры халадок (А.Зарэцкі). Раз няма яснага пачуцця паміж людзей, дык не можа быць у іх ясных стасункаў (там жа).

4. з Т. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх-н. прадметаў, асоб, з'яў. Розніца паміж прыказкай і прымаўкай. Паміж памешчыкамі і народам ніколі нельга ставіць знак роўнасці.Розніца паміж іх лекцыямі была відавочная (І.Шамякін). Кожны верш вылучаецца сваёй беззаганнасцю і знаходзіцца ў поўнай суадпаведнасці паміж задумай аўтара і яе паэтычнай інтэрпрэтацыяй (У.Агіевіч). З'езд з'явіўся арэнай жорсткай барацьбы паміж сіламі рэвалюцыі і контррэвалюцыі за армію (Весці АН БССР).

5. з Т. або Р. Служыць для абазначэння якой-н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, падзел чаго-н. Падзяліць сшыткі паміж вучнямі ў сваім класе.Камандзіры знойдуцца і паміж вас, таварышы (Я.Колас).

Паміж іншым - а) прысл. Не звяртаючы асаблівай увагі, мімаходам. Рабіла яна гэта паміж іншым, і Алесь адказваў ахвотна, забыўшыся адразу, што прыйшоў сюды ўпершыню (У.Шыцік). б) пабочнае спалучэнне. Дарэчы, к слову кажучы. Паміж іншым, такі пераказ звязаны з курганом, які ўзнімаецца сярод мястэчка Лукомлі (Г.Гарэцкі).
Паміж намі (паміж намі кажучы) - аб чым-н., што не варта перадаваць іншым; аб якім-н. сакрэце. Толькі паміж намі (С.Грахоўскі). Як ты дасочыш, калі, паміж намі кажучы, польскія салдаты - бабы (Я.Колас).
Паміж сабою (сабой) - аб групе з дзвюх ці болей асоб, прадметаў. Прыемна вясновай лагоднай парой сысціся, пагутарыць паміж сабой (П.Броўка). Яны [карпусы завода] стаяць уроскід, але цесна звязаны паміж сабою вытворчымі працэсамі (У.Тормасаў).
Паміж тым - у той час, тым часам. А цётка паміж тым працягвала расказваць казку.
Паміж тым, як і паміж тым як (у знач. злучніка) - у той час як, тады як. Снег зусім сышоў з поля, паміж тым як была сярэдзіна снежня. @

паміма, прыназ. з Р. Разм. Спалучэнне з прыназ. паміма выражае аб'ектныя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, апрача якіх ці без удзелу якіх што-н. праходзіць, адбываецца; не прымаючы каго-н. ці што-н. пад увагу. Даходы паміма зарплаты. Падпісаць паміма яго жадання.Братачка! Нашто ты сваю сястру так у балота топчаш? Яшчэ і паміма цябе яе людзі натопчуцца! (Я.Купала). І раптам адчуў сябе Ігнась адрэзаным, асобным ад усяго, як бы ў другім свеце, на другой зямлі; усё стала як бы па-за яго істотаю: вось робіцца ўсё на свеце паміма яго, далёка ад яго і нікому і нічому няма дзела да яго (К.Чорны). Вось мы з Франтузевічам і падпісалі рапарт паміма цябе (Э.Самуйлёнак). Спачатку слова «наша» ішло неяк паміма яго думак, адскоквала ад сялянскага сэрца, як гарох ад сцяны - нешта нязвычнае, новае (З.Бядуля). Паміма гарбарнай прамысловасці, ёсць у Смагне і дзве цяслярскія майстэрні (Ц.Гартны). І зноў цэлы рад вобразаў выплывае ў памяці паміма яго [Лабановіча] волі, і сэрца шчыміць болем утраты (Я.Колас). Вялікай праўдай мастацтва вее ад гэтага твора і ад яго негалоўнага героя, які, паміма волі аўтара, стаў галоўным, ад дзяўчынкі Вулькі (А.Кучар). Сярожа паміма свайго жадання аказаўся ўцягнутым у плынь заводскага жыцця (А.Кучар). @

па-над, прыназ. з Т. або В. Спалучэнне з прыназ. па-над выражае прасторавыя адносіны.

1. з Т. Ужываецца пры ўказанні на каго-, што-н., над якімі ў пэўным кірунку адбываецца рух, дзеянне. Песні плывуць па-над гаем. Ноч плыве па-над прыіскам.І чуваць, па-над намі лятуць недзе гусі ў вырай (М.Танк). Праплыве гук баязліва па-над лесам, па-над нівай у знямелы свет ды зноў ціха-ціха стане (Я.Колас).
// Пры ўказанні на каго-, што-н., зверху над якімі што-н. адбываецца. Гучыць голас міру па-над светам. Лісце пажоўклае, шэрае ціха шасціць пад нагамі, толькі дубы па-над Свіцяззю меднымі звоняць лістамі (П.Броўка). Выйшаў хлопец за стадолу. Дзень надвечары, цяплынь, а на полі па-над долам жыта гойдаецца плынь; там дарога так знаёма (Я.Колас). І вусны самі шэпчуць імя таго, хто з Смольнага прыйшоў і ўзнесенай рукой вітае зару кастрычніцкіх сцягоў, што пальмнее па-над краем (М.Танк). А яна [зямля] дымілася абапал першым парам, першай цеплынёй ад дажджу, што толькі што пракапаў па-над красавіцкаю зямлёй (А.Астрэйка). Па-над абрывам схіленай вярбе штось шэпчуць сарамлівыя купавы, вяслом кранае воблака грабец, глядзі: кране і сонца неўзабаве (А.Звонак).

2. з В. Устар. і абл. Ужываецца для ўказання на прадмет або месца, у прастору над якімі накіроўваецца рух або дзеянне. Падхапілі-ўзялі гусляра-старыка, гусьлі разам яго сама-гуды; па-над берэг круты, дзе шумела рака, павялі, панясьлі на загубу (Я.Купала. «Курган», 1910. «Наша ніва», 1912. № 25). @

па-пад, прыназ. з Т. Абл. Спалучэнне з прыназ. па-пад выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет або месца, паўз якія хто-, што-н. рухаецца або ў непасрэднай блізасці ад якіх што-н. адбываецца. Ой, пайду я па-пад морам, сіне мора грае (нар. песня). @

папалам з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з папалам з выражае адносіны спосабу дзеяння і мае значэнне 'напалову, у сумесі з чым-н.'. Абрысы старадаўняй пушчы, святую смагу баек там - нутром на попел ператрушчу, змяшаю з друзам папалам (У.Хадыка). Хлеба ледзь да каляд хапала, і то папалам з мякінай (А.Чарнышэвіч).

Папалам з горам (з бядою) - ледзьве, з большага, абы для прыліку. Сяк-так дзядзька плечы й грудзі папалам памые з горам, але далей кажа, - будзе, - раздзявацца, бачыш, сорам (К.Крапіва). Янка і не дамагаўся вельмі сабе паловы, ён і з трацяком упраўляўся папалам з бядою (К.Крапіва). @

паперад, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з паперад выражае часавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, раней за якія кім-, чым-н. было ўтворана якое-н. дзеянне. Ён прыехаў паперад усіх.Мікіта не даў сябе ўпрошваць - адно перакуліў у рот паперад усіх сваю шклянку, і, кусаючы на хаду... хлеб, спехам падаўся да парога (І.Чыгрынаў). @

паперадзе, прысл. У знач. прыназ - з Р. Спалучэнне з паперадзе выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на становішча перад кім-, чым-н. Ідзе войска, сцягі ўюцца, кроў бурліцца ў жылах, а паперадзе ўсіх едзе сам Клім Варашылаў (Я.Купала). Кадзіць сваім кадзілам дзяк паперадзе працэсіі, гарцуе генерал Булак, а следам - штаб увесь яго (А.Куляшоў). За паўвярсты паперадзе фурманкі ішоў па лесе Максім Ус з наганам і гранатай (С.Грахоўскі). @

па поваду, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Кніжн. Спалучэнне з па поваду выражае прычынныя і дэлібератыўныя адносіны.

I. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры ўказанні на зачэпку, падставу якога-н. дзеяння, стану. Артыкул наш напісаны не пра Абломава, а па поваду Абломава (пераклад з М.Дабралюбава).

II. ДЭЛІБЕРАТЫЎНЫЯ АДНОСІНЫ.

2. Адносна чаго-н., у дачыненні да чаго-н. Спрэчкі па поваду знешняй палітыкі.Па поваду гэтага трэба толькі заўважыць, мне здаецца, што ўзрастанне надзелу ад ніжэйшай групы да вышэйшай не можа быць цалкам растлумачана павелічэннем складу сем'яў (У.Ленін). Па поваду так званага пытання аб рынках (назва артыкула У.Леніна). @

па пытанню, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Кніжн. Спалучэнне з па пытанню выражае дэлібератыўныя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет думкі ці гутаркі. У паліклініцы. «Здарова, Зойка, што ты тут робіш?» - «Я - па пытанню зубоў». Гэта - не жартам: дзяўчына на кіруючай рабоце (Я.Брыль). Ён выказаў свае заўвагі ў адрас аўтамотаклуба па пытанню слабой падрыхтоўкі кадраў вадзіцеляў (з газет). @

папярод, прысл. Абл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і паперад. @

папярок,

1. Прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. папярок выражае прасторавыя адносіны: указвае на напрамак, які адпавядае шырыні чаго-н. (проціл. уздоўж). Край дарогамі рознымі зрэжуць, будуць крыжам і мовай дзяліць, і ўзвядуць палыновыя межы папярок здратаванай зямлі (М.Танк). Як узяў воўк казла папярок жывата, як ударыў воўк казла аб сырую зямлю... (нар. тв.). Як гэта магло здарыцца, што машына апынулася папярок дарогі? (У.Мяжэвіч).

2. Прысл. У шырыню. Вуліцы, плошчы ўздоўж, папярок (М.Танк). Прайшоў я ўздоўж, папярок Беларусь (М.Танк).

Папярок горла - не пад нораў, вельмі не падабаючыся. Слабая дысцыпліна ў суседзяў была яму папярок горла, бо нямала яшчэ знаходзілася такіх, якія ў цяжкую хвіліну ківалі на гэтых суседзяў (І.Шамякін). @

паралельна, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з паралельна выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве прадмета, на аднолькавай адлегласці ад якога на ўсім працягу што-н. знаходзіцца, адбываецца. Самалёт яшчэ доўга ляцеў паралельна берагу.Ціха і асцярожна ідзём паралельна дарозе, пакідаючы будынак з правай рукі (С.Александровіч). Гасцінец пралягаў паралельна чыгунцы (А.Ставер). @

паралельна з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з паралельна з выражае прасторавыя і часавыя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры ўказанні на аб'ект, прадмет (які мае прасторавую працягненасць або які рухаецца ў якім-н. напрамку), нароўні з якім, на аднолькавай адлегласці ад якога што-н. рухаецца, знаходзіцца. Яна [Ірма] ішла паралельна з самалётам (В.Карамазаў). Нарэшце падышлі да таго месца, дзе паралельна з абозам пралягала чыгунка (М.Машара).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

2. Ужываецца пры ўказанні на працэс, прадмет (які прымае ўдзел у працэсе), асобу ці калектыў, адначасова з якімі, суправаджаючы іх, што-н. адбываецца. У выніку калгас выходзіць з прарыва, становічца перадавым і дамагаецца высокага ўраджаю. Паралельна з гэтым у калгасе насаджваецца вялікі сад і будуецца электрастанцыя... (К.Крапіва). Не захаваліся і тыя ... сшыткі, якія вяліся пісьменнікам паралельна з дзённікам («Полымя»). Паралельна з будаўнікамі працуюць і мантажнікі («Беларусь»). @

параўнальна з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з параўвальна з выражае параўнальныя адносіны: мае значэнне 'калі параўноўваць з чым-н.', 'у параўнанні з кім-, чым-н.'. Сёлетні ўраджай лепшы параўнальна з леташнім.Сотні паўтары партызан, параўнальна з немцамі дрэнна ўзброеных, не маглі ... утрымаць у кальцы ... мацнейшага ворага (Я.Брыль). Паралельна са мною жылі і рабілі кар'еру людзі параўнальна са мною пустыя, нікчэмныя і нават паскудныя (К.Крапіва). @

параўнаўча з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Тое ж, што і параўнальна з. Падобных на Гнядкова і Буйскага, хоць і многа іх, усё ж мала для нас. Параўнаўча з тым, што нам трэба для барацьбы, гэта адзінкі (І.Шамякін). @

пасля, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з прыназ. пасля выражае часавыя адносіны: ужываецца пры назвах адрэзкаў часу, падзей, з'яў, услед за якімі, пазней якіх што-н. адбываецца. Мароз быў добры, пара была пасля новага года (К.Чорны). Пасля лета прыйшла восень, а пасля - зіма (К.Чорны). Дзве дачкі адразу ж пасля вызвалення паехалі ў горад канчаць вучобу (І.Шамякін). Сцямнела адразу пасля змяркання (К.Чорны). Ціхія ясныя дні, пасля дажджоў, палалі сонцам (К.Чорны). Покатам ляжалі выносістыя сосны, ляжалі ўдоўж і накрыж, як пасля якой буры (П.Пестрак). Дзе вы такіх цыгарак дасталі? Пасля тутэйшага расляку... (К.Чорны). Яны вячэралі ўдзвёх, і пасля гэтага зрабілася яшчэ цяплей на сэрцы (Я.Брыль).
// Пазней, па ад'ездзе, адыходзе або сканчэнні тэрміну існавання чаго-н. Прыйдзеш пасля нас.А пасля дзірваноў, неўзабаве, па часе - голад выслаў на вёскі заклапочаны бог (П.Броўка). Уладысь пасля бальніцы ачуняў скора (Я.Скрыган). @

пасярод, прыназ. з Р.

1. Спалучэнне з прыназ. пасярод выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве месца, прасторы ці групы, у сярэдзіне або ў цэнтры якіх што-н. знаходзіцца, адбываецца. Правей - гэта на самае роўнае месца, якраз пасярод яго трэба ісці. А там і травіца нават не расце (І.Пташнікаў). Чатыры сасны засталіся стаяць пасярод лесасекі (І.Шамякін). Алесь Манцівода зусім ужо маўчаў і нешта думаў, ці можа драмаў, стоячы адзін пасярод памяшкання, наводшыбе ад усіх (К.Чорны). Надзя не ведала, куды прыткнуцца, і стаяла пасярод бытоўкі (С.Грахоўскі). Костусь астаўся адзін пасярод цёмнай вуліцы (К.Чорны). Пахаджае ганарыста пасярод свайго двара (П.Броўка). Костусь стаяў пасярод іх [людзей] (К.Чорны).

2. У знач. прысл. У сярэдзіне, у цэнтры, у акружэнні каго-, чаго-н. І свой рай мы маем для душы: не шулак, не печышча старое - мілы кут, бацькоўскі даўні род, ціхую рачулку пад гарою з залатой лілеяй пасярод (У.Ракаў). На плітах каменных парос зялёны мох, бярозы, хвойкі плакалі над імі, а пасярод капліца, жудка, як астрог, на свет глядзела вокнамі сляпымі (Я.Купала). Ускудлачаныя галовы мужчын у першых радах. Стракатыя хусткі жанчын пасярод (І.Шамякін).

Пасярод дарогі - не даехаўшы да патрэбнага месца. Трасе цялежка, падкідае па калдобінах, усё роўна як хоча яна выкінуць мяне пасярод дарогі (Я.Колас).
Быць (стаяць) пасярод дарогі каму-н. - перан. перашкаджаць каму-н. Каго ж ты, злыдзень, хацеў звесці са свету? - абурана пытаў [Багдан], намацваючы нагамі разору. - Хто табе гэтак стаў пасярод дарогі? (А.Кулакоўскі). @

пасяродку, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і пасярод (у 1 знач.). Спыніўся юнак пасяродку лясное паляны... (А.Куляшоў). Пасяродку двара я стаю... (там жа). Пасяродку аўса галавісты лянок зелянее, інакш адбівае сабой... (Я.Купала). @

пасярэдзіне, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з пасярэдзіне выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве месца або прасторы, у сярэдзіне ці ў цэнтры якіх што-н. знаходзіцца, адбываецца. Пасярэдзіне мястэчка, збоку рынкавай плошчы, узвышаецца белы касцёл (Я.Брыль). Пасярэдзіне школы стаяў стол для настаўніка (Я.Колас). Гладка абуты ў новыя ліпавыя лапці з новымі, шчыльна абкручанымі па нагах аборамі, ён ішоў пасярэдзіне вуліцы, падобны да знахара з засценку (П.Пестрак). Вышэй маста берагі рэчкі крутыя і высокія. Праўда, падымаюцца яны не ад самай вады, а воддаль, утвараючы пойму, пасярэдзіне якой у жоўтым наносным пяску і цячэ гэтая невялічкая рэчка (І.Шамякін). Ласіха бяжыць не пасярэдзіне дарогі, а ўздоўж самага краю (В.Вольскі). А пасярэдзіне ракі ўзвышаўся невялікі астравок, пакрыты лазняком (М.Ваданосаў). @

паўз, прыназ. з В.

1. Спалучэнне з прыназ. паўз выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назвах месц, прадметаў, уздоўж якіх што-н. размяшчаецца ці рухаецца. Некалькі разоў удзень перагонамі ішоў дождж, і мокрыя аўсы гнуліся да зямлі паўз гасцінец (К.Чорны). Паўз чыгунку цягнуўся лес (Л.Гаўрылкін). Наш маршрут ляжаў паўз Воршу (М.Гроднеў).
// Непадалёк ад чаго-, каго-н., міма чаго-, каго-н. Лес скрозь паўз гарадок высякаецца, вывозіцца немаведама куды (К.Чорны). Паўз нас паплавамі ляжала сенажаць (Я.Скрыган). Ёсць кнігі, каля якіх праходзіш, як паўз шэры і неахайна збудаваны дом (М.Паслядовіч). Ён [Холад] раптам прыкмячае бярозку, хоць сотні разоў праязджаў паўз яе раней («Полымя»). Вось ён [прамень] прайшоў паўз камісара і пабег у другі бок (І.Новікаў). І, ідучы паўз Аўгіньку, ловіць яе вясёлы і ўдзячны погляд (М.Зарэцкі).

2. з Р. Абл. Тое ж, што і паўз (у 1 знач.). Неяк ішла паўз ларка з папяросамі, глянула: тая! Яна, чарнакосая (П.Панчанка). Так насілі мяне мае конікі-гусі па ўсёй старане, паўз ўсёй Беларусі (У.Дубоўка). Дык чаму б і табе над красуняй Нявой не фарсіць закапроненай ножкай? Не прайсціся паўз вуліцы пругкай хадой, не знайсці прыдатнейшай дарожкі (У.Дубоўка). @

паўзбок, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Побач, каля каго-, чаго-н. Гутарка яўна не клеілася. Чалавек ужо не забягаў наперад, а ішоў паўзбок яго і, засопшыся, скупа адказваў на пытанні... (М.Лынькоў). @

паўзверх, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з паўзверх выражае прасторавыя адносіны: ужываецца з назвамі месца або прадмета, над паверхняй якіх што-н. размяшчаецца, адбываецца ці рухаецца. Як зацята-безгалосна паўзверх долу вы [дарогі] ляглі! (Я.Колас). Сонца зранку жарам пыша, ветрык лісце чуць калыша, вее чуць паўзверх зямлі (Я.Колас). Там, пад наміткай туманаў, відзен гай сасновы, што прабег паўзверх курганаў як дзявочы бровы (Я.Колас). За шыбай ужо была снежная гурба. Паўзверх яе курыўся снег (А.Алешка).
// Аб адзенні: на што-н. зверху. Паўзверх кароткай шэрай кацавейкі павязан хвартух, як у сапраўднага каваля (Д.Цябут). Святы Ян паўзверх адзення апаясан быў упол паяском з жывых раслінак, - ну, той Ян аж зіхаціць! (Я.Колас). @

паўзвыш, прыназ. з Р. Абл. Спалучэнне з прыназ. паўзвыш выражае прасторавыя адносіны: указвае на размяшчэнне або рух зверху над кім-, чым-н. Толькі кінула вокам паўзвыш брамы, праверыла лічбу і павярнула ў двор (Ц.Гартны). @

паўздоўж, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. паўздоўж выражае прасторавыя адносіны: ужываецца з назвамі месца ці прадмета, у напрамку даўжыні якіх што-н. размяшчаецца ці рухаецца. Рады стромкіх таполяў, як вартаўнікі, стаялі высокаю шарэнгаю паўздоўж чатырох сцен агароджы (Я.Колас). Агароджанае ад усяго свету высокімі сценамі, паўздоўж якіх удзень і ўначы хадзіла варта, загнанае ў цесны, смуродны астрог, акуты ў жалеза, гэтае жыццё было нецікавае, аднастайнае (Я.Колас). Грышка стаў прыслухоўвацца лепш і ўглядацца паўздоўж чыгункі (М.Чарот). @

паўскрая, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. паўскрай выражае прасторавыя адносіны: указвае на месца або прадмет, каля краю якога што-н. размяшчаецца ці рухаецца. Раман запрог каня, палажыў на драбінкі плуг і мернаю ступою паехаў паўскрай яру (Я.Колас). @

пачынаючы з, спалуч. дзеепрысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з пачынаючы з выражае адносіны ўключэння: мае значэнне 'беручы за пачатак адліку што-н.'. Павышэнню ўзроўню навуковай і педагагічнай падрыхтоўкі аспірантаў будуць садзейнічаць новыя мерапрыемствы кафедры і, у прыватнасці, прыцягненне аспірантаў, пачынаючы з другога курса, да чытання лекцый і правядзення семінарскіх заняткаў (А.Ігнатовіч). @

па шляху, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Кніжн. Спалучэнне з па шляху выражае абмежавальныя адносіны: мае значэнне 'ў кірунку, у галіне якой-н. дзейнасці'. Пройдзена ж нямала па шляху культуры! (Я.Колас). @

па шляху да, спалуч. прыназ. з наз. і прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Кніжн. Спалучэнне з па шляху да выражае абмежавальныя адносіны: мае значэнне 'ў напрамку да чаго-н., да якой-н. мэты'. Узварушыла жанчыну рэвалюцыя, абудзіла яе, але цяжка яшчэ павесці яе па шляху да лепшага жыцця (П.Галавач). @

перад, прыназ. з Т. і (устар., абл.) В. Спалучэнне з прыназ. перад выражае прасторавыя, аб'ектныя і часавыя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з Т. Ужываецца для ўказання на размяшчэнне або рух уперадзе, на некаторай адлегласці наперадзе каго-, чаго-н. Крыловіч стаяў перад картай раёна, што вісела на сцяне, каля акна (І.Шамякін). Цягнік прыпыніўся на хвіліну на невялікай станцыі, апошняй перад гарадком (М.Лынькоў). Па дарозе перад грузавікамі паўзлі доўгія снапы святла, а за імі, нібы даганяючы, беглі чырвоныя агеньчыкі (С.Грахоўскі). Толькі Вячэра, зацягваючыся папяросай, махаў далоняй перад тварам, разганяючы дым (І.Шамякін). Нарэшце палатно апусцілася - і перад паняй стаяў анёл і спяваў па-салаўнінаму (З.Бядуля). У капелюшы і шэрай суконнай куртцы з лісіным каўняром, ён [дырэктар] стаяў перад дэлегацыяй рабочых, напалову нядбала апусціўшы павекі на свае выпуклыя, п'яныя вочы (П.Пестрак). Панас абапёрся локцямі на стол і пазірае перад сабою на чысты, выбелены абрус (П.Галавач). Што б там перад вамі ці за вамі ні рабілася - не аглядайцеся назад (Я.Купала).
// Уперадзе, побач з кім-, чым-н. і ў прысутнасці каго-, чаго-н. Аб'явіць падзяку перад строем.Ужо адтуль яна чула, як выйшаў з хаты Стафанковіч, як падышоў аднекуль гаспадар і цешыўся перад Стафанковічам (К.Чорны). Праўда, наш Сымон Таўкач гаварыў, што мужык той быў чуць не сацыяліст: панскую кабылу назваў брыдка і земскага калісь дурнем злаяў перад соцкім (Я.Колас). О, каб я мог папярэдзіць і як-небудзь ачарніць яго перад панам, каб яго выгнаў (В.Дунін-Марцінкевіч).

2. з В. Уст., абл. Ужываецца пры назве месца або прадмета, на некаторую адлегласць ад пярэдняга боку якіх накіроўваецца што-н. Стань перад мае вочы.

II. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

3. з Т. Ужываецца пры ўказанні на асобу ці прадмет, якія знаходзяцца насупраць каго-, чаго-н. і да якіх накіроўваецца чыя-н. увага або якое-н. дзеянне. Пакланіўся сын уважна перад маці і сябрамі (П.Броўка). А ты хацеў бы, каб я лістам слалася перад табою? (Я.Колас). Каласкі хінуцца перад ёй паклонна (Я.Купала). Перад сілаю, стройнасцю строф, - будзеш падаць, як падае май прад маланак зялёнай зарой... (А.Куляшоў).

4. з Т. Ужываецца пры ўказанні на непасрэдную блізасць, на адносіны да каго-н., якога-н. факта, з'явы. І калі перад намі пісьменнік з іскрай мастацкага таленту, то ці можа ён абысці моўчкі хоць бы некаторыя тыповыя з'явы сучаснага яму грамадскага жыцця? (С.Майхровіч). Квяцістыя шырокія дарогі каберцам перад намі ў свет ляглі, заранкі сцелюць промені пад ногі па ўбранай па-святочнаму зямлі (Я.Купала). Перад вамі, дзеці, скрозь яснеюць далі... (К.Крапіва).
// Пры ўказанні на адносіны да каго-н., якога-н. уяўлення, палажэння, пытання і г.д. Паставіць пытанне перад слухачамі.І чым вышэй мы ўзнімаемся, чым больш з кожным днём расцём, тым шырэй вырысоўваюцца перад намі нашы перспектывы і магчымасці, тым больш цвярдзей паўстаюць перад намі нашы задачы і тым больш мы адчуваем патрэбу моцнага прытоку новых літаратурных сіл (К.Чорны). Вобразы пралетарыяту вырысоўваюцца перад намі (К.Чорны). І чым глыбей мы будзем пранікаць у вобразную сістэму лірыкі П.Труса, тым з большай відавочнасцю паўстане перад намі карэнная сувязь паміж яго паэзіяй і вусна-народнай творчасцю (У.Агіевіч).

5. з Т. У прысутнасці каго-, чаго-н. і адначасова дзеля яго. Выхваляцца перад усімі.Гэты парадак вядзе да павышэння адказнасці Саветаў і дэпутатаў перад выбаршчыкамі і аблягчае працоўным ажыццяўленне кантролю за іх дзейнасцю (Весці АН БССР). Перад вашым светлым ценем мы загад, як радасць, стрэнем - быць, як вы, што далі бралі, век назад не адступалі (У.Хадыка). Ціхай ранічкай, да сонца, хлопчык выбраўся з двара, ідзе ён у свет бясконцы пашукаць таго дабра, каб змяніць той лёс паганы, новым спосабам зажыць, каб увагі і пашаны перад ёю заслужыць (Я.Колас). Перад іхнім [Сака і Ванцэці] позіркам адкрытым, як перад сумленнем, не хлушу (А.Куляшоў). Не дужа ты ў маленстве паслухмяны - рыштант. Перад вотчымам, перад мачыхай - ты і так рыштант (М.Лынькоў).

6. з Т. Ужываецца пры ўказанні на асобу або прадмет, у адносінах да якіх выяўляецца які-н. прызнак, стан ці пачуцці. Дрэнна яна адчувала сябе перад людзямі (І.Шамякін). І раптам з'явілася ў Захара Зынгі патрэба стаць блізкім гэтаму панураму чалавеку, выявіць перад ім якую-небудзь шчырасць (К.Чорны). Чым бліжэй Антось падыходзіў да Ермалая, тым нерашучай былі яго крокі і тым брыдчэй рабілася яму перад самім сабою (Ц.Гартны). Злачынства яго перад Насцяй вырасла непамерна, і хлопец зусім страціў галаву (Я.Колас).

7. з Т. У параўнанні з кім-, чым-н. Чаго варты твой конь перад маім!І прад малодшаю сталіцай старая змеркнула Масква, як перад новаю царыцай парфіраносная ўдава (Я.Купала). Наўзахапы адзін перад адным [Няміра і Ракуцька] кідаюцца да вядра піць (К.Чорны). Старыя выпілі - адзін перад другім маладцавата, - паглядзелі ў вочы адзін аднаму, і вось нечакана Саёнак абняў Скібу за плечы, і сівыя вусы іх злучыліся ў пацалунку (Я.Брыль).

III. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

8. з Т. і (устар., абл.) В. Ужываецца для ўказання на падзею або момант, за некаторы час да якіх што-н. адбываецца. Перад самым канцом работы да брыгадзіра прыбег пажылы чалавек і пачаў упрошваць разгрузіць чатыры вагоны шчэбню (С.Грахоўскі). Мы цяпер сваё права тут пішам і не знаем заморскіх гасцей Помнім толькі адно, што зацішак перад громам бывае часцей (У.Хадыка). Перад світаннем запальваюцца зоры (К.Чорны). Перад самую вайну зрабілі гумно (нар. гаворкі, Скідальскі р-н).
// Размоўн. Раней да каго-, чаго-н. Перад супам падалі закуску.

Перад вачыма - 1) у прысутнасці каго-н., на віду ў каго-н. І пан Чарапіцкі перад вачыма змоўкшых рабочых размашыста вымае з кішэні нож, нервова адрэзвае ад ботаў падноскі... (П.Пестрак); 2) у чыім-н. уяўленні. А ў Веры яшчэ доўга стаялі перад вачыма надзьмутыя тварыкі дзяўчынак, якія вельмі хацелі спаць і не ведаюць, што на іх грозна і няўмольна насоўваецца вайна (А.Кулакоўскі).
Перад тым як або перад тым, як (у знач. падпарадкавальнага злучніка) - раней за што-н. Я збіраў басанож крапіву каля плоту перад тым, як зямля наліецца цяплом... (П.Глебка). І ў грудзі ўпёршыся напасці, стары салдат на смерць стаяў: ён перад тым, як доле ўпасці, яшчэ раз кулю пасылаў (М.Лужанін). Але ж мне не то што прыкра, а праціўна, адваротна, горка, цяжка, што тая істота, якая ў ва мне пачынае жыць, якую я, здаецца, ужо цяпер бачу сваімі вачыма, якую я ўжо цяпер, здаецца, люблю, нават перад тым ужо як пачаць жыць, існаваць, спаткае не толькі непрыхільнасць, а можа нават нянавісць ад свайго роднага бацькі (К.Чорны). @

перада, прыназ. з Т. Ужываецца толькі ў спалучэнні перада мной, перада мною. Тое ж, што і перад, 1, 3, 4, 6, 7. Пнівадзіцкае балота, як вокам сягнуць, ляжала перада мною (К.Чорны). Перада мной рачны жыхар нырае за мальком (П.Броўка). @

перак, прыназ. з Р. Абл. Спалучэнне з прыназ. перак выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на напрамак, які адпавядае шырыні чаго-н. (супрацьлегл. уздоўж). Азірнулася [Кланя] на хату - немец ля парога стаіць, аўтамат чорны перак грудзей (І.Пташнікаў). @

по, прыназ. з Д., В. і М. Тое ж, што і па. (Ужыванне націскнога варыянта гэтага прыназоўніка ў сучаснай літаратурнай мове вельмі абмежавана; ён зрэдку сустракаецца ў размоўных стылях.) Кось-кось-кось - пакуль ў аглоблі, потым по баку дугою ды ў жывот яшчэ нагою (К.Крапіва). І ён пачаў расказваць, як калісьці ашукаў на кірмашы цыгана, купляючы ў яго кабылу; нават даў яму по вуху (К.Чорны). @

побач, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з побач выражае прасторавыя адносіны: указвае на размяшчэнне блізка каля каго-, чаго-н., поруч з кім-, чым-н. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю па хібах насыпу побач чыгункі... (Я.Колас). Жанчына ішла побач воза (К.Чорны). Пруткія Рыгоравы рукі здрыгануліся ад штуршка, але ён не выпусціў лемяша з зямлі, а роўнаю струною накіраваў яго побач суседняе баразны (Ц.Гартны). Мароз і Сонца. Побач іх Вецер з Хмаркай удваіх (У.Дубоўка).
// Абл. Блізка каля чаго-, каго-н., але не сумесна з ім, за выключэннем яго, акрамя яго. Усё, што побач рэвалюцыі, то безумоўна ніжэй яе па значнасці (Ц.Гартны). На працягу ўсяе ночы, побач другіх асоб у снох, неадходна стаяла ў яго вачах надта пекная дзяўчына, кропля ў кроплю з Зосяю (Ц.Гартны). @

побач з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з побач з выражае прасторавыя і часавыя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Зусім блізка ля каго-, чаго-н. Сядзіць Нікан на сходзе амаль што побач з Багданам (А.Кулакоўскі). Малады алешнік воддаль, побач з ім - чарот зялёны (Я.Пушча). Са мною ты побач (П.Панчанка).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

2. Адначасова з чым-н., разам з чым-н. Побач з працай над дыялекталагічным атласам праводзілася манаграфічнае апісанне і вывучэнне беларускіх дыялектаў (М.Суднік). @

побачкі з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Тое ж, што і побач з. Выцерла слёзы, пайшла ў свет дарогаю побачкі з сонцам, дарогаю слаўнаю (Я.Купала). @

побліз, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і паблізу. І ударылі гарматы побліз нашага сяла (П.Броўка). Побліз нас ля гаёў бык на пожні зароў, а на пожнях трава, як віном налітая: ён сям'ю сваю мужна склікае (П.Броўка). Але тады паблукаў я побліз раю першы раз за ўсе гады (П.Панчанка). Самае далёкае, куды Кастусю дазволена хадзіць, гэта на палянку, побліз лагера (М.Ваданосаў). Лячу я побліз месяца, Журба ў грудзях не месціцца (М.Гаўрусёў). @

поблізу, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і паблізу. Сяліба была глухая і стаяла яна поблізу рэштак велізарнага лесу (К.Чорны). Аднойчы ў першай палове ліпеня месяца, тут, поблізу гэтых машын, некалькі дзён падрад відзён быў Ян Стафанковіч (К.Чорны). Поблізу шашы, пад купчастымі шатрамі маладых дубоў, згрудзілася багата людзей (М.Лынькоў). На вакзальнай плошчы, у трамваі, поблізу мяне сеў чалавек (Я.Скрыган). Поблізу яго [дзядзькі], прывязаны да плоту, стаяў нязграбны галавасты конь (І.Мележ). @

поверх, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і паверх. На нагах, поверх ботаў, былі надзеты саламяныя эрзац-галошы (М.Ткачоў). @

поверху, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і паверх. Раптам пабег ад сянец па хаце - шу-шу-шу-шу! - лёгкі пошумак, быццам вецер прайшоў поверху ўмёрзлага ў балота чароту (У.Паўлаў). @

подлуг, прыназ. з Р. Абл. Тое ж, што і паводле. @

подчас, прыназ. з Р. Устар. Тое ж, што і падчас. Напісаная 50 год таму назад і ніколі не друкаваная, яго «Энеіда навыварат» стала надзвычай папулярнай сярод маладой засцянковай шляхты на вялікіх кірмашах у Чашніках, Бялынічах, Хіславічах, Шклове, Гомлі, у Полацку на Красным кірмашы і цяпер пачуеш подчас вясёлай бяседы яе ўрыўкі, хоць часта перайначаныя так, што ледзьве пазнаеш арыгінал (Р.Друцкі-Падбярэзскі). @

поміж, прысл. Устар. і абл. У знач. прыназ. - з Т. Тое ж, што і паміж. Поміж намі ёсць парогі, і нам іх не абмінуць (Я.Колас). @

поперак, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Разм. Тое ж, што і папярок. Я ляжу поперак воза і ... бачу, як далёка над лесам лягла сіняя хмара (М.Ракітны). Не адважыцца стаць мне поперак горла? (К.Крапіва). Промні святла з батарэек уздоўж і поперак вуліцы праціналі цемру (П.Пестрак). @

поплеч, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з поплеч выражае прасторава-аб'ектныя адносіны, указваючы на сумеснасць: ужываецца пры назвах людзей, каля якіх, рука аб руку з якімі хто-н. знаходзіцца або рухаецца. Гаспадар ішоў поплеч Міхалкі (К.Чорны). Леапольд Гушка садзіць поплеч сябе соцкага (К.Чорны). Загадчык на ўвесь свой рост крочыў па дварэ, жаваў саломіну. Костусь ішоў поплеч яго (К.Чорны). У трывозе Кацярына поплеч любага ідзе (П.Броўка). Яны разам пайшлі назад, і яму было нядобра ісці поплеч яе і маўчаць (К.Чорны). @

поплеч з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з поплеч з выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'блізка каля каго-н.'. Таварыш поплеч з ім [панам] ідзе і несці кніжкі пасабляе, а сам граматыку нясе, што ў семінар'ях вывучаюць («Тарас на Парнасе»). Брат ішоў подбегам поплеч з ёю (К.Чорны). Яна была босая, ішла шпарка і поплеч з ёю ішоў хлапчына (К.Чорны). Тут ён убачыў на Бародзічавым месцы Нахлябіча і поплеч з ім мясцкомаўца (К.Чорны). На трыбуне стаяла Люба поплеч з Рыльскім (К.Чорны). Памятаю, як Юры ляжаў поплеч са мною на пескавым беразе дробнай рэчкі (К.Чорны). Да гэтага радаснага жыцця ідзе вёска поплеч са сваім старэйшым братам - горадам (К.Чорны). @

поплечкі з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Тое ж, што і поплеч з. І Межалайціс поплечкі з Цільвіцісам, і Матузявічус, і Мазурунас (М.Калачынскі). Поплечкі з імі [дзяўчатамі] за працай суровай - мужнія жонкі, салдацкія ўдовы (А.Куляшоў). @

поруч, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з поруч выражае прасторава-аб'ектныя адносіны, указваючы на сумеснасць: ужываецца пры назвах людзей або прадметаў, каля якіх, па суседству з якімі што- ці хто-н. знаходзіцца або рухаецца. Паперадзе ішлі паліцыянты, за імі поруч адзін аднаго - стары Няміра, Сымон Чуйка і ягоны хлопец, малады яшчэ вельмі, год так семнаццаць яму (К.Чорны). @

поруч з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з поруч з выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'блізка каля каго-, чаго-н.', 'побач з кім-, чым-н.'. На працягу ўсяго часу поруч з кнігой ішла вусная творчасць (А.Лойка). Поруч са старымі ў зборнік выбраных твораў паэта ўключаны і новыя, напісаныя ім у апошні час (У.Дубоўка). @

поўзверх, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і паўзверх. Глядзяць поўзверх і не заўважаюць дарогі.Коціць [вадзіца] поўзверх лёду, іней падымае ды такую ж казку, байку хлопцу бае! (Я.Колас). І чуць апошні лёд зламаўся, з зямлі клубок вады падняўся і з шумам коціць поўзверх лёду (Я.Колас). @

пра, прыназ. з В. Спалучэнні з прыназ. пра выражаюць аб'ектныя, мэтавыя і прычынныя адносіны.

I. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры абазначэнні прадмета размовы, думкі або пачуцця. Мо' расказаць табе пра заўтра, пра песні-сны, што ў нашых казках?.. (М.Танк). Будуць спрадвеку казаць каласы, песні спяваць спрадвеку пра нашыя годы, пра нашы часы, пра кожнага чалавека (А.Куляшоў). Спяваў на сцэне млява Ленскі пра залатыя дні вясны (П.Панчанка). Не жальбую пра мінулы час я, адкаснецца ад мяне сумота (У.Дубоўка). Сябры, успомнім пра сяброў, пра тых, што не прыйшлі (П.Броўка). Птушка цягне здабытак птушаняці малому, - значыць, дбаць пра жывое трэба заўжды жывому (П.Броўка). Падрабязна распытвала Ульяна пра Арыніну службу, жыццё, заработак, пра выходныя дні (Я.Колас). На ціхай сенажаці за сялом у свежым сене нам ляжаць не колка; пра хатні клопат наша перапёлка пяе таму, хто едзе бальшаком (А.Куляшоў). Абганяе музыкаў саміх пра цымбалы пра іхнія слых (А.Куляшоў). Я песню пра таго бадзягу, што з гэтых краёў уцякаў, за вольнасць яе, за адвагу у сэрцы навек захаваў (М.Хведаровіч). А якія ў іх чытанкі, кніжкі «Іскры Ільіча»! Там аповесці, нататкі пра звяроў і пра калгас (Я.Колас). Вось пайшлі яны спаць і панеслі з сабою руплівасць пра заўтра (Я.Скрыган).
// У загалоўках - для ўказання на тэму, аб чым гаворыцца ў апавяданні, главе, раздзеле і пад. Пра час і пра сябе.Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў (М.Лынькоў).

II. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ.

2. Разм. Ужываецца пры назве абставін або сітуацыі, для выкарыстання ў перыяд якіх што-н. пакідаецца. Пакінуць пра ліхую гадзіну. Няхай застанецца пра чорны дзень.

III. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

3. Устар. і размоўн. Ужываецца ў асобных словазлучэннях са значэннем 'за што, з прычыны чаго-н., з нагоды чаго-н.' Зганьбілі чалавека, а за што? пра што? (з запісаў нар. гаворак).

Ні за што ні пра што - зусім без падстаў, без прычыны. [Даніла:] Вось ні за што ні пра што пахавалі чалавека. А ён, можа, цяпер у дарозе Чырвоную Армію вядзе (К.Крапіва). І собіла ж, каб эзтае ліха ні за што ні пра што звалілася на маю галаву? (Я.Купала).
Пра запас - на выпадак, калі спатрэбіцца. Усё было скрытна, усё трымалася як быццам пра запас, але з прычыны маладосці чалавек яшчэ не вытрымліваў свае скрытнасці (К.Чорны). Можна і, галоўнае, трэба было схаваць гуркі і сала пра запас, але ж хлопцы не вытрымалі і, не вельмі далёка адышоўшыся ад хутара, селі на мокрую траву, разрэзалі сала і з'елі яго, ужо толькі з гуркамі, услед хлебу (Я.Брыль). Няхай будзе пра запас: не-не ды спатрэбіцца часамі (К.Крапіва). Тут жа стаяў і шафік, а ў шафіку пра запас вадзілася гарэлка (Я.Колас).
Пра сябе (гаварыць, чытаць і пад.) - не ўголас, так каб не чуваць было іншым. Чытай ціха, пра сябе. @

прад, прыназ. з Т. і (устар., абл.) В. Звычайна ў мове паэзіі. Тое ж, што і перад. Хлапцы памыліся рупліва, і ўсе з дарэктарам пачціва пасталі ў рад прад абразамі (Я.Колас). І прад вечнасцю казак вясны долу нізка схіліліся сцені (П.Трус). І голас змаўкае штодзённай дакукі прад веліччу зорнага ззяння (Я.Колас). Мінуліся ліхія зімы, другія зоры прад вачыма, і па-другому б'ецца сэрца (Я.Купала). Хай сягоння панура звоняць нашы напевы, - часам песні і дрэвы заціхаюць прад бурай (М.Танк). Хатка белая каля Мадрыда... раптам яна ажыла прад мной... (К.Кірэенка). То на уральскі краявід не мог я надзівіцца, то плакала прад мной наўзрыд палтаўская крыніца (М.Сурначоў). Чыстым стану прад божыя вочы (У.Караткевіч). @

прада, прыназ. з Т. Звычайна ў мове паэзіі; ужываецца факультатыўна толькі ў спалучэнні прада мной, прада мною. Тое ж, што і перад. Хто калі сніў ды і хто калі думаў ... што гэткае ўстане жыццё прада мною... (Я.Купала). Раптам - стаіць [дзяўчынка] прада мною сама (К.Кірэенка). @

праз, прыназ. з В. Спалучэнні з прыназ. праз выражаюць прасторавыя, часавыя, прычынныя, аб'ектныя і акалічнасныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры назвах прадмета, асяроддзя, прасторы, цераз якія або скрозь якія хто-, што-н. праходзіць, пранікае. Перайсці праз дарогу. Глядзець праз акно.Праз лес гулка даходзіць песня да Зялёнага Каменя (К.Чорны). Праз горы і хмары, праз снежную муць арлы-камсамольцы высока лятуць (Я.Колас). Дарога праз масток ішла раз'езджаная, бітая і за млынам цяжка рвалася на ўзгорак, адразу за самотнымі спарышамі ўзбярэжных алешын (К.Чорны). Праз вароты праз тыя уз'ехала елка на двор (А.Куляшоў). Абабіт пабел усюды, а праз столь цячэ вада (Я.Колас). Праз два маленькія акенцы дзень нясмела лез у сярэдзіну, і было відаць праз іх, як шарэла на дварэ (К.Чорны). Праз дзіравы дах свіцілася зорнае неба (К.Чорны). А потым - зярняты ў зямлі напоўняцца сілай вялізнай, праз чорныя грудзі праб'юцца, каб моцна пад сонцам стаяць (П.Броўка). Твар яго быў ружовы ад утрапення, вочы глядзелі праз чалавека навылёт (К.Чорны).
// Ужываецца пры ўказанні на адлегласць. Колька разгубіўся: праз квартал ім трэба разыходзіцца - Надзі направа, а маме налева - к самай Дзвіне (С.Грахоўскі). Яшчэ праз некалькі кілометраў Андрэй убачыў такі цянёк, што мінуць яго было амаль немагчыма (А.Кулакоўскі). Высока, праз усё неба, цягнулася вузкая хмарка (М.Лынькоў). Для цябе аднае я душы падарунак збярог, перайшоўшы праз рэк перакаты і ростань дарог (А.Звонак).
// Ужываецца пры ўказанні на акалічнасці, з'явы, падзеі, якія пераадольваюцца. Праз мяцель і годы крочыць новы век, светлыя паходы ладзіць чалавек (А.Куляшоў). Праз цёплы мрок у вечар вераснёвы, дзе свецяцца прыветныя агні, паказваюць свой твар мне заўтрашнія дні і родны край, збудованы нанова (Я.Колас). Праз дажджы ляцяць, праз буры, быццам тыя галубкі, не залежацца на пошце нецярплівыя радкі (А.Куляшоў).
// Паказвае на паўтарэнне чаго-н. на тых або іншых прамежках прасторы. Як чаруюць і вабяць да сябе акуратненька і клапатліва пастаўленыя праз пэўную адлегласць лаўкі каля дарогі! (Я.Колас).

2. Ужываецца пры абазначэнні месца або прадмета і інш., паверх якіх накіравана дзеянне, рух. Хлопцы перакульваліся праз жалезныя барты самазвалаў у гулкія кузавы, перамазаныя бетонам або цагляным пылам, і выязджалі на магістраль (С.Грахоўскі). А Сымон адзін зусім, торбу звесіўшы праз плечкі, ідзе воддалек за ім... (Я.Колас). Алёшка праз верх акуляраў зірнуў на яго [Кольку] доўгім дакорлівым позіркам... (С.Грахоўскі). [Дзед Талаш] надзеў праз плячо паляўнічую раменную торбу на шырокім пасе (Я.Колас).
// Звыш чаго-н. Праз меру.Яна [Люда] палівала з вялікай меднай конаўкі, вымудранай дзедам яшчэ з мікалаеўскай снараднай гільзы, а Толя праз меру доўга пырхаў і ўсё прасіў ліць цэлай конаўкай на галаву (Я.Брыль). Усе надзеі за апошнія некалькі месяцаў, усе яе думкі раптам у адну ноч перарваліся, нібы праз меру нацягнутая струна (З.Бядуля). Ёй [Марыне] сумна ў хаце і няміла, і жаласць пліскае праз край (Я.Колас).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

3. Ужываецца пры ўказанні на адрэзак часу, на тэрмін, пасля якога што-н. адбываецца або наступае. Праз два дні Надзя выйшла на работу (С.Грахоўскі). Нешта дні праз два пасля здарэння на вуліцы паміж Сержам і старым чалавекам, у пятым класе вучні рабілі арыфметычныя прыклады (К.Чорны). Праз месяц з дапамогай шэфаў Васіль набыў для калгаса трохтонку (І.Шамякін). Усё зноў было ціха, але праз момант яшчэ - той жа асцярожны гук і нават быццам трэснула пад нагамі сухім голлем (К.Чорны).
// Паказвае на паўтарэнне чаго-н. у тыя або іншыя прамежкі часу. Аўтобусы ідуць праз кожныя дзесяць хвілін (С.Грахоўскі). Яна падавала свой голас не часцей, як праз паўгадзіны кожны раз (К.Чорны).

4. Ужываецца пры ўказанні на адрэзак часу, на працягу якога што-н. існуе ці адбываецца. Людзі то стрымлівалі свой смех, то зноў смяяліся. І так было праз некалькі цудоўных маладых хвілін, да самага выхаду грому апладысментаў (Я.Брыль). І хоць нейкае нечуванае багацце раптоўна і не прыйшло, але праз усе гады добра елася і пілося, добра працавалася і слаўна дыхалася цудоўным скіп'ёўскім паветрам (К.Чорны). Каетан, той і зусім не клаўся спаць праз усю ноч (П.Броўка). Парабкі цягнулі вужышча свае працы на панскім полі праз каторы ўжо век, праз доўгія вякі, ад бацькоў, дзядоў і далей у глыб цёмнага часу (К.Чорны). Устань жа, маці! Дзень прыйшоў!.. Прачніся ад жуды... З паходных кубкаў у сыноў напіся ты вады. Яна жывіць. Праз доўгі шлях сагрэлася ў баю... (П.Броўка).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

5. Ужываецца пры ўказанні на асобу або прадмет, з дапамогай якіх, пры пасрэдніцтве якіх што-н. адбываецца. Пакуль гітлераўцы не пачалі абіраць нашы вёскі падрад, пагалоўна, - яны спрабавалі ўладжвацца спакайней: смактаць з народа пот і кроў праз сваіх помагатых (Я.Брыль). І хоць твор гэты друкавацца не можа, аднак праз яго можна зацікавіцца аўтарам (К.Чорны). Горкі вучыў, што аўтары нарысаў, беручы для сваіх твораў факты з жыцця, з непасрэдных будняў нашай працы, павінны асэнсоўваць іх па-філасофску, з вышыні велічных задач і перспектыў будаўніцтва камунізма, раскрываць праз асобныя факты тыповае, уласцівае нашаму жыццю («ЛіМ»). Цёмна ў вёсцы, беспрасветна. Цяжка, цяжка школе. Ды праз школу непрыкметна прыйдзе шчасце-воля (Я.Колас).
// Паказвае на выкарыстанне чаго-н., якога-н. спосабу. Пісаць праз злучок.Насілу праз суд свайго дамагліся... (П.Галавач).

6. Абл. Ужываецца пры ўказанні на аб'ект мовы, думкі. А як сказаў мне праз курыва, у мяне аж нутро загарэлася (запісы народных гаворак). Тады сталі праз вяселле гаварыць (запісы народных гаворак).

IV. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

7. Ужываецца пры ўказанні на асобу, якая з'яўляецца віноўнікам, прычынай чаго-н. Пан праз вас з мяне галаву здыме (В.Лукін). Я два разы гарэў - усё праз суседзі - два разы будаваўся (Я.Брыль). І цяпер, звяртаючыся да Мацвеічавых, Мікалай гаварыў павучальна: «Іван Макарыч - мой дабрадзей, і я абавязаны за яго бога маліць дзень і ноч, бо я праз яго стаў добрым чалавекам (К.Крапіва).

8. Ужываецца для ўказання на прычыну чаго-н. Значна пазней прыйшла горкая думка, што вось і яшчэ адзін талент, праз беднасць і цемру, не стаў вядомы мільёнам людзей (Я.Брыль). Пазняк, можа праз свой узрост, а можа, і проста ад прыроды, быў больш павольны, нетаропка разважлівы (У.Шахавец). «Бабка! А твой Міхалка мог бы памерці праз гэта?» - «Гэ, панічку мілы! Чуць-чуць не памёр! Насілу, насілу адхаялі!» - «І падумаць толькі: праз якое глупства можа памерці чалавек!» (Я.Колас). Іх надоўга асудзілі, цяжка пакаралі, праз нягоду жыцця з вёсак у астрог загналі... (Я.Колас). «Эх, жонка, была ў мяне адна важная справа, і давялося праз яе далёкую дарогу зрабіць, вось я і спазніўся» (В.Лукін).

V. АКАЛІЧНАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

9. Ужываецца для ўказання на акалічнасці, якія суправаджаюць якое-н. дзеянне. Сказаць праз плач. Усміхнуцца праз слёзы. Памятаць як праз сон.«А мне, думаеш, ... не шкада?» - насілу выгаварыў ён [Якуб] праз плач (К.Крапіва). І мроіцца яму [рыбаку], нібы праз сон, як ён спаймаў асілка-акуня (П.Броўка). Зрэдку толькі які-небудзь звыштэрміновы служака, нібы праз сон, падаваў прышыбееўскі голас (Я.Брыль). Апусціў вочы хлопчык і амаль праз плач прамовіў: «Гаспадар прагнаў мяне...» (П.Пестрак). Дарма зноў, як тады, усцягваючы боты на ногі, сашчапіў зубы, рыўком сцягнуў адзін бот, без перадышкі другі, і з палёгкай і болем праз выдых загнуў мацюга (Я.Брыль). Мы павярнулі Міхася наўзнак, але праз кроў, што цякла па твары, заліваючы рот, праз хрыпенне пачуліся толькі два словы: «Я-а ... адзін...» (Я.Брыль).

Браць праз сябе - рабіць непасільнае.
Глядзець праз пальцы - не звяртаць увагі на каго-, што-н.
Праз бок (вылезці) - кепска канчацца для каго-н. Гэтыя бабскія гаворкі заўсёды праз бок, добра кажа, вомегам вылазяць, от што (К.Чорны).
Праз зубы (сказаць, прамовіць) - невыразна, не на поўны голас. «Цябе як зваць!» Яе звалі Марына, але ад болю яна ледзь вымавіла праз зубы, скраўшы першы склад слова: «Рына» (І.Грамовіч).
Пятае праз дзесятае - што-н., далёка не ўсё з патрэбнага аб'ёму. Яны, простыя дзеці вёскі, зразумелі з усяго гэтага пятае праз дзесятае (З.Бядуля).
Сам праз сябе - тое ж, што і сам па сабе. @

праміж, прыназ. з Р. і Т. Устар. і абл. Тое ж, што і паміж. Праміж людзей і я штурхаўся і ціснуўся, што ёсць пары... («Тарас на Парнасе»). Праміж нас, кума, рэчка быстрая (нар. песня). @

прапарцыянальна, прысл. Кніжн. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з прапарцыянальна выражае адносіны адпаведнасці: мае значэнне 'суразмерна чаму-н.'. На кожны прадмет выдзяляецца неабходная колькасць старонак, прапарцыянальна колькасці гадзін па вучэбнаму плану.Расходы па ўтрыманню сям'і ўзрастаюць прапарцыянальна колькасці сям'і, а павелічэнне складу апошняй, як відаць з табліцы, ідзе значна больш павольна, чым павелічэнне плошчы пасеву ў групах (У.Ленін). @

проці, прыназ.

1. з Р. Тое ж, што і супраць, 1-3. Так і ты, народ наш бедны, як вярбіна, проці волі, доўга носіш пояс медны, гнешся ты, як крыж у полі! (Я.Колас). Што адзін зробіш проці ўсіх! Не ідуць, мой сынок, рэчкі ўгару і не круцяцца крыллі ў ветраку проці ветру (Я.Купала). Проці гэтага доваду ніхто не мог сказаць, бо ўсім было на памяці, як гадоў тры таму была сварка з суседнім дваром і як у гэтую сварку ўмяшалася паліцыя (Я.Колас). Гарою стаяў ён [Сцёпка Ляўшун] проці крыўды сельскай грамады і на сходах быў першы праціўнік начальства (Я.Колас). Рад быў я не думаць і не знацца з вамі, толькі ж проці волі плывяце вы [думкі] самі (Я.Колас). Таварышы! ці мы сабраліся тут справу рабіць, ці кулацкіх падпявалаў слухаць? Іншыя меры прыму проці тых, хто зрывае работу сходу! (Я.Колас). І наш Асёл за працу ўзяўся шчыра: як можна вушы свае шырай ён растапырыў, распрастаў і проці Сонца стаў (К.Крапіва). Проці яснага сонца дні пасталі вялікай чаргою (У.Хадыка). Проці Йвана ночка мала (нар. песня). Знайшоў адно паленца, таўсцейшае проці меры, і з-за гэтага паленца абярнуў увесь воз дроў (Я.Колас).

2. Абл. з Д. Тое ж, што і супраць. ...Платы маю я шмат для такіх непакор, хто сябе проці мне стаць асмеліў (Я.Купала). @

проціў, прыназ. з Р. Абл. Тое ж, што і супраць, 1-3. Міколка знячэўку стаў, і з яго грудзей, проціў волі, вылецеў жаласны і доўгі крык: «А-а-ай!» (Я.Колас). У ім абудзіўся цяпер, скарэй інстынктыўна, чым свядома, пратэст проціў зневажання і прыгнечання нацыянальных правоў народа, і ён, як сын гэтага народа, з якім ён чуў моцную сувязь, стаў на абарону гэтых правоў (Я.Колас). Бог з вамі, панічок! Што вы сказалі проціў ночы?! Няхай бог крые! (Я.Колас). Пышна цешча, пышна, проціў зяця не выйшла (нар. песня). @

проць, прыназ. з Р. Абл. Тое ж, што і проці. @

проч, прыназ. з Р. Абл. Тое ж, што і апроч. Няма нікога, проч цябе (Я.Купала). @

пры, прыназ. з М. і (абл.) В. Спалучэнні з прыназ. пры выражаюць прасторавыя, часавыя, аб'ектныя, акалічнасныя, прычынныя, умоўныя і ўступальныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з М. Ужываецца пры ўказанні на непасрэдную блізасць ад якога-н. месца. Міхась сядзеў адзінока пры мокрай дарозе, воддаль ад пастухоў (Цётка). Пры лесе, пад горкай бруіцца крыніца (П.Броўка). Блізка пры заводзе варушыліся рабочыя, якія працавалі на падкатцы дрэва (П.Пестрак).
// Паблізу ад чаго-н., побач з чым-н. Насупраць, пры адзінокім акенцы, стаяў столік, засланы нейкай белай тканінай (П.Пестрак). Там, пры самай сцяне, было цемнавата... (К.Чорны). Натрудзіўшы добра рукі, натаміўшы плечы, толькі маці з вераценцам туліцца пры печы (Я.Колас). Пры стале ж сядзе спорна спажываці дары: жонка, дзетак сямёра ды татуля стары (Я.Купала). Тата дужы, мой сын! За плячыма вісіць стрэльба, нож пры баку... Дык баяцца чаго? (Я.Колас).
// Ужываецца з назвай мясцовасці, населенага пункта, каля якіх або ў раёне якіх што-н. адбываецца. Невялікае селішча Скіп'ёўскае Пераброддзе ўзнікла на голым месцы пры вялікім Скіп'ёўскім лесе адразу пасля рэвалюцыі (К.Чорны).

2. з В. Абл. Ужываецца пры назвах прадметаў, у непасрэдную блізасць да якіх што-н. прыводзіцца, побач з якімі што-н. размяшчаецца. Пастаў кошык пры сцяну. □ [Кацярына:] А тады надзенеш шапку з цэшкаю, мундзір, шаблю пры бок прычэпіш (К.Крапіва).

3. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, установу ці арганізацыю, якія ўключаюць у свой склад што-н. дапаможнае, падсобнае. Пры школе быў літаратурны гурток (А.Александровіч). Пры многіх кансультацыях арганізоўваліся малочныя кухні або раздатачныя пункты для забеспячэння грудных дзяцей малаком і пажыўнымі сумесямі (Весці АН БССР). З канца зімы і да лета пры кожнай хаце дыміцца вяндлярня, і на селішчы стаіць пах вэнджаных каўбас і шынак (К.Чорны). Значныя сродкі на ўтрыманне дзіцячых садоў і ясляў выдаткоўвалі непасрэдна тыя прадпрыемствы, пры якіх гэтыя ўстановы адкрываліся (Весці АН БССР).

4. з М. Ужываецца пры ўказанні на месца, установу і пад., дзе хто-н. займае якое-н. службовае становішча або дзе што-н. адбываецца. Панас адчуваў сябе добра і казаў, што ён ужо можа хадзіць, і яму дужа хацелася астацца пры войску (Я.Колас). Вось так і стаў ён [дзед Ягор] вартаўніком пры школе (М.Скрыпка). У 1930 годзе Алесь Звонак заканчвае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, некаторы час вучыцца ў Маскоўскім універсітэце і, нарэшце, заканчвае аспірантуру пры Дзяржаўнай Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе (М.Хведаровіч). Пры рэдакцыі газеты рэдка арганізоўваюцца калектыўныя абмеркаванні твораў, падрыхтаваных да друку («ЛіМ»).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

5. з М. Ужываецца пры ўказанні на падзею ці з'яву, у момант якой адбываецца што-н. Там ля ганку праходзілі калі-нікалі людзі, штосьці гаворачы, пры кароткім гэтым спатканні, адзін аднаму (К.Чорны). Вось ён бачыць Сёмку на полі пры ворыве (Ц.Гартны). Нават родныя бацькі папракалі сына хлебам пры абедзе за сталом (Я.Колас). Пры кожным яго кроку гучна парыпвалі маснічыны (М.Лынькоў). Самі ўкруг, як пры цудзе, пусціліся ногі ва ўсіх (А.Куляшоў). Рэкі сплаўныя, выкарыстоўваюцца і як водапрыёмнікі пры асушэнні балотаў (БелСЭ). Тут месцамі ляжала яшчэ нескарыстанае пры будоўлі дрэва, пахла свежымі, кагадзе напілаванымі дошкамі (К.Чорны). Мне гэтага здымка, што вытварыў кат, відаць, пры жыцці не забыцца ніколі! (П.Броўка). Пры канцы жыцця А.Я.Багдановіч вывучаў старажытную жыдоўскую мову... (Г.Гарэцкі).

6. з М. Ужываецца пры ўказанні на эпоху, перыяд, час, на працягу якіх што-н. адбываецца, здзяйсняецца. Жылі пры савецкай уладзе.Пры Польшчы трэба было многа плаціць за школу (з запісаў народных гаворак). Не патрэбен спінінг пры такой вадзе (А.Вялюгін).
// Ужываецца пры ўказанні на асобу, у перыяд жыцця, дзейнасці ці прысутнасці якой што-н. адбываецца. Пры цары Гароху.Яшчэ задаўна, пры цары, стаяла хатка на гары... (П.Броўка). Ды і калгас руйнуе ўсё жыццё, якое будаваў ён пры панох і за якое ўсё аддаць бы мог... (М.Танк). Захварэла пры немцах на тыфус (С.Грахоўскі). Яшчэ пры цару яго засудзілі на два гады арыштанцкіх рот за падпал панскай стадолы (Я.Колас). І толькі пры апошнім уладару, пры пану Лявону Длугошыцу захісталася гэта спадчыннасць ад подыху вялікай рэвалюцыі (Я.Колас). Уля пры Пашку бянтэжыцца, чырванее (У.Паўлаў). Як пры бацьку жыў без ніякіх хатніх клопатаў, так і цяпер пры жонцы (А.Кулакоўскі).
// Устар. У які-н. час (з назоўнікамі, якія маюць значэнне часу). Сам калі пры нядзелі або свяце якім уголас усім добрую кніжку чытае... (ананімн. гутарка «Дзядзька Антон...»).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

7. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, які знаходзіцца ў наяўнасці, які ёсць у каго-н. Пры карове дзецям хоць малако было, а што ж без каровы?Вулічка вузенькая, пры добрых нагах пераступіць можна (М.Лобан).
// Ужываецца пры ўказанні на наяўнасць у каго-н. якіх-н. заняткаў, пасады і г.д. Горды сваёй сілай, ўладай сваёй горды, пры станку стаіць ён, непахісна, цвёрда (Я.Купала). Поп Мікіта сеяў жыта і аўсы і грэчкі, а ў святыя дні нядзелі ён таксама быў пры дзеле - стрыг авечкі (Я.Колас). Сама ж любіш, нябось, мяска і аладкі мазаць тукам? Дык і пасвіць трэба, краска, пры авечках стаяць крукам (Я.Колас). Я застаўся дома, пры гаспадарцы (А.Кулакоўскі). І вось усе дзесяць старэйшых ужо былі пры справе (М.Лобан). Якая папрадуха пры кудзелі, такое палатно ў белі (прыказка).

8. з М. Размоўн. Ужываецца пры ўказанні на які-н. прадмет, які знаходзіцца непасрэдна ў гэты момант у каго-н. як характэрная прымета гэтай асобы. А на табе манішка, пры гальштуку ты, чаравікі - воку болезна глянуць (М.Лынькоў). Ігнат Фамін у сябе дома быў у камізэльцы пад пінжаком і пры гальштуку (М.Лобан). Увесь час невялікі атрад быў на нагах і пры зброі (Э.Самуйлёнак). Чырвонаармейцы былі пры вінтоўках і з ручнымі гранатамі (Я.Колас).
// Ужываецца пры ўказанні на асобу, якая што-н. мае ў гэты момант. Ноч павольна плыве, цягнік мой ляціць ад пакінутых мною палёў і крыніц, а пры мне толькі кашаль і думы... (М.Танк). Раненыя падхапіліся. У большасці іх зброя была пры сабе (І.Шамякін). Валацуга і скандаліст, бадзяўся па гарадах, капейкі пры душы ніколі не меў (Э.Самуйлёнак). Добра яшчэ, што пры мне сякера была (А.Якімовіч).

9. з М. Ужываецца пры ўказанні на асобу, у суправаджэнні якой хто-н. знаходзіцца. Жыў пры матцы перш хлапчынка, і была халупка ў іх, дзе курылася лучынка, дзе туліліся ўтраіх (Я.Колас). Не круглыя ж сіроты яны, пры мацеры гадуюцца (В.Лукін). Алесь не памятае, як ён потым, дзе і пры кім або з кім піў малако... (Я.Брыль). Ты ж здароў і дома, ты ж цяпер пры мне (К.Буйло). Ціт быў спрытны, хітры троха, пры папу працёрся век, і з мазгамі чалавек (Я.Колас).

IV. АКАЛІЧНАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

10. з М. Ужываецца пры ўказанні на якую-н. з'яву, акалічнасць, якія суправаджаюць што-н. Пры святле месяца.Мы гаворым удвох пры агні ў цішыне (М.Багдановіч). І пры гэтым святле я запісваю з болем у сэрцы час дакладны, але час яе незабыўнае смерці (А.Куляшоў).
// Ужываецца пры назвах прадметаў, што служаць указаннем на пэўныя абставіны, пры якіх што-н. адбываецца. І вось пры лучыне пільна і клапатліва тупаюць два чалавекі - бондар Даніла і яго жонка Аўдоцця (З.Бядуля). Недасачылі за ёю [газетай] фашысцкія вочы, не захапілі пры лямпе яе апаўночы, не пашматалі яе на кавалкі рукамі... (А.Куляшоў). Кругом старшыя пры чарцы селі, люлькі цмюць... (Я.Купала). Калі ж пры бутэльцы сам-насам пабудзеце вы з Апанасам, то як дыялектык нядрэнны ён зробіць у формуле змены: «Што ж, вып'ем за нашу знаёмасць, - піццё вызначае свядомасць» (К.Крапіва).

11. з М. Ужываецца пры ўказанні на асобу ці калектыў, у прысутнасці якіх што-н. адбываецца. Мікалай жа тады пры Костусю не менш дзейны быў (К.Чорны). Я шкадую, што не пайшоў наадкрытую: трэба было, каб пры нас, пры людзях Тэкля пайшла з хаты назаўсёды (К.Чорны). А ў сяле дзяўчаты ходзяць, паглядаючы здаля сарамліва пры народзе на Фядоса-каваля (К.Буйло). Схудзеў прафесар, аблахмаціўся, вочы ў яго ўваліліся, гаруе бедны, як не плача пры людзях (М.Гарэцкі).

12. з М. Ужываецца пры ўказанні на стан, у якім хто-, што-н. знаходзіцца. Быць пры памяці.Жывём кожная ў адзіноце ды пры гадах - чым далей, тым страшней, ліха на яго, жыццё такое (Е.Лось).

V. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

13. з М. Ужываецца пры ўказанні на прычыну, падставу чаго-н. Пры вашым непасрэдным удзеле.Пры дапамозе таварышаў Паўлу ўдалося ўступіць у рабочы батальён, арганізаваны пэпээсаўцамі (Я.Брыль).

14. з М. Ужываецца пры ўказанні на наяўнасць якіх-н. уласцівасцей, якасцей і г.д., якія выклікаюць што-н., з'яўляюцца прычынай або падставай для чаго-н. Пры тваіх здольнасцях ды старанні многа можна зрабіць (Я.Колас).

VI. УМОЎНЫЯ АДНОСІНЫ.

15. з М. Ужываецца пры ўказанні на падзею, факт або абставіны, якія з'яўляюцца ўмовай для ажыццяўлення чаго-н. Байцом буду я чырвоным, - пяты кажа гэтак, - сцерагчы граніцы-межы краіны Саветаў, каб наш вораг пры нападзе сустрэнуў магілу (Я.Купала). Але гэтыя меры ўсё ж нельга лічыць дастатковымі, і таму пры абрэзцы сукоў пакуль што мала лепш дасягаецца мэта (Весці АН БССР). Пачуццё новага якраз часцей за ўсё здраджвае пісьменніку пры абмалёўцы побыту (У.Карпаў). Тое, што годна да друку, будзе друкавацца, часта пры значнай рэдакцыйнай апрацоўцы - гэта дапаможа вясковым аўтарам у іх далейшай працы (К.Чорны). Такім чынам зараз у сталоўцы магло свабодна абедаць чалавек сорак, але было яшчэ шмат вольнага месца, каб пры патрэбе гэты лік можна было значна павялічыць (Я.Колас).

VII. УСТУПАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

16. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет або абставіны, нягледзячы на якія што-н. існуе, адбываецца. Пры такой сціпласці ён усё ж адважыўся заявіць аб сабе ўголас. Пры ўсім пры тым нельга не ўказаць і на наступныя акалічнасці...

Адзін пры адным - разам, адзін каля аднаго, адзін з адным. Ішлі поплеч, цесна адно пры адным (К.Чорны).
Дзень пры дні, ноч пры ночы - кожны дзень (ноч), увесь час. На шырокім полі дзень пры дні скарб сабраць спяшаецца калгаснік (А.Астрэйка). І безупынна дзень пры дні плылі натоўпы, нерухома гарэлі мірныя агні (П.Глебка). Наш плывучы свет заставаўся ўвесь час нязменным - абмежаваны небасхілам круг, што ўзнімаўся да неба, плыт у цэнтры круга і ўсё тыя ж зоркі, якія ноч пры ночы павольна рухаліся над намі (Г.Міхальчук). І я тое ж гавару яму [старому] дзень пры ночы (В.Быкаў).
Ні пры чым - не мае ніякіх адносін да чаго-н. І з выгляду просты, і проста адзет, ды гэта не проста, не так сабе дзед, і шэрая світка зусім ні пры чым, - у дзеда важнецкі інспектарскі чын (К.Крапіва).
Пры гэтым, пры тым - адначасова з чым-н., разам з чым-н. Яны выпілі ў чэсць панны Ядвігі - слаўнай гаспадыні, і вельмі красамоўна хвалілі пры гэтым закускі (З.Бядуля). Калі-нікалі і загаворыць, спытае што і ўсміхнецца ёй пры гэтым (П.Галавач). Пры тым ён так даверліва ставіўся да новага свайго спадарожніка і так яго ўся істота прасілася пад яго апеку, што здавалася, быццам яны знаёмыя ўжо шмат год (К.Чорны).
Пры чым тут..? - якія адносіны мае хто-, што-н. да чаго-н.? Калі вашу кніжку пахвалілі ў друку за паперу крышку, а пра змест - ні гуку, дык пры чым тут кніга? (К.Крапіва). І наогул, пры чым яна тут? (С.Грахоўскі). @

пры адсутнасці, спалуч. прыназ. з наз. Кніжн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з пры адсутнасці выражае аблятыўныя адносіны: мае значэнне 'без каго-, чаго-н.'; 'пры такім становішчы, калі хто-, што-н. адсутнічае'. Пры адсутнасці неабходных умоў калектыў не зможа справіцца з заданнем. @

пры дапамозе, спалуч. прыназ. з наз. Кніжн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з пры дапамозе выражае адносіны спосабу дзеяння: мае значэнне 'якім-н. спосабам, з дапамогай чаго-н.' Ісціна пазнаецца не толькі пры дапамозе інтуіцыі.Пісьмовы стол, на зялёным сукне якога, як на траве, адпачывалі быстрыя і нястомныя рукі, што тут вось, пры дапамозе гусінага пяра, увекавечылі на паперы «Тамань» і «Выхожу один я на дорогу...» (Я.Брыль). @

разам з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з разам з выражае адносіны сумеснасці і часавыя адносіны.

I. АДНОСІНЫ СУМЕСНАСЦІ.

1. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет сумесна, заадно з кім-, чым-н. што-н. існуе, адбываецца. Перакідвае яе [бульбіну] з далоні на далонь некалькі разоў, разламвае на дзве часткі, нюхае, ахкае ад прыемнага паху, здзьмухвае попел і кладзе ў рот разам з кажурою (З.Бядуля). Першы вечар апаў разам з намі ля вогнішч абозных, ды не адпачываў з нас ніхто на крывавых барознах (М.Танк). Ты прыпала вачмі да пятліцаў зялёных, не заўважыўшы з радасці той, што наўкола стаялі ў слязах эскадроны разам з бацькам, названым табой (П.Броўка). Сонца разам з зямлёю не мілым было Васільку (А.Куляшоў). Змітра насіў сваё імя і прозвішча недзе далёка за пазухай, разам з дакументам: яны лічыліся з ім толькі так, дзеля статыстыкі, бо ўся вёска спачатку, а потым уся брыгада «Народны мсцівец» ведала яго па мянушцы - Дзюб (Я.Брыль).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

2. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет, адначасова з кім-, чым-н. што-н. існуе, адбываецца. Стажары гаслі. Разам з імі ноч канала скрозь - памалу, ледзь прыкметна (З.Астапенка). Разам з ветрам, з халадамі думак рой к нам прыляціць, - нудных думак, неспакойных, - сэрца беднае сушыць (Я.Колас). Рыгор пайшоў тады на вуліцу разам з Мікуцем (К.Чорны).

Разам з тым (гэтым) (у знач. далучальнага злучніка або лексічнага канкрэтызатара) - да таго ж, у дадатак да (чаго-н.). Дунін-Марцінкевіч не толькі заставаўся верным раз абранаму ідэалу - вобразу прыгоннага селяніна; ён, разам з тым, некалькі паглыбіў гэты вобраз, пазбавіўшы яго ў значнай меры ранейшай рамантычнай расплывістасці і надаўшы многія ўласцівыя яму рэалістычныя рысы (С.Майхровіч). Песня вымагае прыгожых слоў, якія б дакладна і лаканічна, вобразна і разам з тым пачуццёва перадавалі чалавечыя думкі («ЛіМ»). Чым далей адыходзіўся Сцёпка ад сяла, тым больш мілым яно станавілася яму, але разам з гэтым яно незаметна выціскалася з Сцёпкавай душы новымі думкамі, новымі разважаннямі, вобразамі дарогі і тым невядомым, далёкім, што яго чакала і цалкам ляжала наперадзе (Я.Колас). А чым далей, тым работа вымагае больш кемлівасці, больш адказнасці, становіцца цяжэй і мудрэй і, разам з гэтым, усё прыямней (З.Бядуля). @

раўналежна, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з раўналежна выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве прадмета, працягненага ў прасторы, на аднолькавай адлегласці ад якога на ўсім працягу што-н. размяшчаецца, рухаецца. Ён [Вялічка] яму [Мішурыну] растлумачваў дарогу і гаварыў, што ўсё гэта павінна ісці раўналежна старому Маскоўска-Варшаўскаму шасэ (К.Чорны). Было гэта паблізу і раўналежна дарозе з Менска на Маскву (К.Чорны). Вуліца Стаўка брала пачатак ад Чэнчыц, загіналася дугою і ішла раўналежна Чэнчыцам (І.Дуброўскі). Раўналежна чыгунцы, побач ідзе даўжэзны кар'ер (Помнікі гісторыі і культуры Беларусі). Можна сказаць, што гэта была тая самая паласа, калі браць раўналежна фронту, дзе была радзіма і салдата Пятра Тадаровіча (К.Чорны). @

раўналежна з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з раўналежна з выражае адносіны адпаведнасці: мае значэнне 'паралельна з чым-н.'. Наша культура развіваецца раўналежна з развіццём брацкіх культур працоўных іншых народаў (К.Чорны). @

роўна, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Абл. Спалучэнне з роўна выражае адносіны адпаведнасці-неадпаведнасці: ужываецца з назвай прадмета, упоравень з якім знаходзіцца хто-, што-н. Улезем у азяро і схаваемся ў ваду роўна шыі (з народных гаворак). @

са, прыназ. з Р., В. і Т. Звычайна ўжываецца замест прыназ. з перад асобнымі словамі, якія пачынаюцца збегам зычных, дзе першымі з'яўляюцца с, з, ж, ш, м і некат. інш., напрыклад: са славай, са зруба, са жменьку, са шчыта, са мною. Дні са тры не болей будзе, як прыехаў са сталіцы (П.Броўка). Напэўна саду год са сто (М.Багдановіч). Разы са два прыязджаў дзядзьку адведаць (С.Грахоўскі). Дзе-небудзь пад лясным сухастоем чарвівее грыб, і ніхто не патрывожыць яго павольнага знікнення са свету, пакуль ён не размыецца дажджамі (К.Чорны). Са зваротам дадому прывіталі суседзі (П.Броўка). @

скрай, прыназ. з Р. Абл. Тое ж, што і скраю. Ляціць сарока ды скрай аблока, ўсё крача (Беларускія песні). Скрай дарогі - зялёнабокія хіляць долу алешынкі вецце (А.Лойка). @

скраю, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з скраю выражае прасторавыя адносіны: ужываецца з назвамі прадмета, месца, на краі якіх адбываецца або размяшчаецца што-н. «Ура!» - не закрычаў, а сказаў малады салдат і сеў скраю ўслона (К.Чорны). @

следам за, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з следам за выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'ўслед за кім-, чым-н., не адстаючы'. Памарудзіўшы, следам за моладдзю падаўся і Максім Сцяпанавіч (У.Карпаў). Мы выбіраемся са сваёй засады і следам за дзікамі ідзём па пратаптанай сцежцы (В.Вольскі). @

со, прыназ. Тое ж, што і са (ужываецца толькі пад націскам). Як успомніш аб той цаццы - будзеш со смеху качацца (Н.Гілевіч). @

спаміж, прыназ. з Р. Абл. Тое ж, што і паміж. Віднеецца спаміж жыта. @

спераду, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з спераду выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на месца паперадзе чаго-н. Ісці спераду калоны. @

спомеж, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і паміж. Так прагну я ступіць на ролі сваіх палеткаў, ніў благенькіх, што гожа ўюцца спомеж жыта... (Я.Колас). @

срэдзь, прыназ. з Р. Устар. Тое ж, што і сярод. Так прагну я ступіць на ролі сваіх палеткаў, ніў благенькіх, што гожа ўюцца спомеж жыта або срэдзь лесу самавіта (Я.Колас). @

сумесна з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з сумесна з выражае адносіны сумеснасці: мае значэнне 'разам', 'супольна'. Я сам бачыў выдру, якая жыла сумесна з бабрамі ў хатцы на Бярозе, супроць вусця канала (В.Вольскі). @

супраць, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. супраць выражае прасторавыя, часавыя, аб'ектныя, параўнальныя і мэтавыя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца з назвамі прадметаў ці месца, перад якімі на процілеглым баку хто-, што-н. знаходзіцца. Вечарам мы з Волечкай сядзелі на лавачцы пад клёнам супраць іх хаты (В.Мыслівец). Нейкі час яны [Харошка, Салдаценка] стаялі адзін супраць другога і маўчалі (П.Кавалёў).

2. Насустрач руху чаго-н. Удод скача за куветам, стракочуць конікі ў траве, а ты імчышся супраць ветру насустрач сонцу і Маскве (А.Звонак). Супраць цячэння не так лёгка плысці! (І.Гурскі). Супраць жыцця чалавек не можа ісці (І.Пятроў).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

3. Ужываецца пры ўказанні на момант часу, падзею, тэрмін і г.д., перад якім што-н. адбываецца. Хто ж гэта касіць збіраецца супраць зімы?Яны выехалі супраць ночы (М.Лобан). Мала таго, што мяне ў адзіноце супраць старасці пакінула, па чужых кутках аціраешся? (Э.Самуйлёнак).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

4. Ужываецца з назвамі прадметаў ці асоб, насуперак якім што-н. робіцца, не ў згодзе з якімі што-н. праходзіць, адбываецца. Падумай, як бы ты асмелілася хаця б сказаць што-небудзь супраць бацькоў, а не тое, што зрабіць? (А.Кулакоўскі). Супраць Сяргея ніхто не галасаваў (У.Шахавец).

5. У барацьбе з чым-н. Мы рашуча супраць вайны (І.Казлоў). Не падумайце благога - я не супраць крытыкі (В.Быкаў).

IV. АДНОСІНЫ ПАРАЎНАННЯ.

6. У параўнанні, у супастаўленні з чым-н. Здаравейшы супраць брата.Учора надбі зменшыліся супраць таго тыдня (А.Асіпенка).

V. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ.

7. Ужываецца для ўказання на прызначэнне чаго-н. для барацьбы з чым-н. Прышчэпкі супраць воспы.
У знач. выказніка. Разгарэліся спрэчкі: хто супраць, хто - за (А.Куляшоў). У знач. наз. Аргумент не ў карысць каго-н. □ Узважыўшы ўсе за і супраць, Лабановіч прыйшоў да пераканання, што ён зрабіў добра, не зачапіўшы дзяўчыны (Я.Колас). Адна Аня весела глядзела на свет, быццам не мела нічога супраць, каб усё гэта паўтарылася яшчэ раз (У.Карпюк). Ішла навала супраць у шаленстве дзікім (Я.Колас).
Гладзіць супраць шэрсці - патакаць.
Сказаць супраць (чыёй-н.) волі - пярэчыць. @

супроці, прыназ. з Р. Абл. Тое ж, што і супраць. Калі бацька не хоча, дык падумай, што людзі скажуць, як супроці волі старых пойдзеш? (Я.Купала). @

супроціў, прыназ. з Р. Абл. Тое ж, што і супраць. [Маеўскі:] - Эх, дзеці, каб вы ведалі, як я рады, што ўсе ваюем супроціў ліхадзеяў (І.Шамякін). Улева прасвечваўся гасцінец. Не аддаляючыся ад яго, хлопцы прайшлі ганоў двое лесам і спыніліся супроціў балот (Ц.Гартны). @

супроць, прыназ. з Р. Тое ж, што і супраць. Аўгіня прысела на палок супроць бабкі Насты (Я.Колас). Апошні ўзнос і подпіс стаяў супроць радка - «чэрвень»... (І.Мележ). Трэба было ехаць супроць плыні (З.Бядуля). Ева трымала ў сэрцы затоеную крыўду супроць Аўгіні (Я.Колас). Увесь свет быў супроць яго [Язэпа] (З.Бядуля). У душы расло абурэнне супроць гэтага чалавека, якога ён бачыў адзін раз раніцай у райкоме... (І.Шамякін). А супроць каго, уласна кажучы, я пратэстую? - падумала яна (У.Карпаў). Кінуў працу, бо абурыўся супроць непарадку (І.Шамякін). Старыя дзяды самі сваім розумам даходзяць да думкі, што трэба ўзброенае змаганне супроць акупантаў (Я.Колас). Куды ты, неразумная, едзеш супроць ночы (А.Якімовіч). Хто супроць? Аднагалосна (А.Александровіч). Явіч упарта супроць волі сваёй думаў пра дзіўнае спатканне (К.Чорны). Умею добра з людзьмі ладзіць, патраплю і супроць шарсцінкі пагладзіць (З.Бядуля). @

сярод, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. сярод выражае прасторавыя, часавыя і аб'ектныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры ўказанні на краі якой-н. прасторы, у прамежку паміж якімі (пераважна ў роўнай адлегласці ад іх) хто-, што-н. адбываецца. Стаяць сярод пакоя.Мікола чытаў, стоячы сярод хаты (Я.Брыль). Палеткі калгаса «Рассвет» былі сярод лясоў. (П.Кавалёў).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

2. У прамежку паміж пачаткам і канцом якога-н. адрэзка часу; на працягу чаго-н. Сярод ночы.

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

3. У акружэнні каго-, чаго-н. (якіх-н. аднародных прадметаў, з'яў, асоб); паміж кім-, чым-н. Карабель сярод ільдоў. Хата сярод лесу.Мне лес цяпер міл удвая, бо родны лес мой краю служыць, бо лес мой туліць смелых, дужых, сярод якіх душой і я (Я.Колас). Учора, як разыходзіліся ад пакгауза, не заўважыў Міколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш (М.Лынькоў).
// У ліку, у саставе каго-, чаго-н. Сярод тых, хто варочаўся паражняком, былі і Арсень з Міхасём (В.Каваленка). Сярод трафеяў было некалькі афіцэрскіх мундзіраў (С.Грахоўскі).
// У асяроддзі, у акружэнні каго-н. Ёй [Алаізе] так многа далі простыя людзі, сярод якіх яна жыла. Яны навучылі яе любіць кожную травінку на роднай зямлі, захапляцца паэзіяй паданняў, легенд (Л.Арабей). @

таму, прыназ. з В. Устар. і абл. Тое ж, што і таму (гэтаму) назад. Сотню гадоў таму вечарамі сядзелі пры лучыне. @

тамуэтаму) назад, спалуч. займ. з прысл. У знач. прыназ. - з В. Тое ж, што і назад. Прыехаў тыдзень таму назад. Было гэта больш месяца таму назад, у школе (Я.Брыль). (У разм. стылях і ў асобных гаворках выраз таму (гэтаму) назад у знач. прыназ. можа спалучацца не з формай вінавальнага, а з формай назоўнага склону залежнага кампанента, напрыклад: Назад таму, здаецца, чвэртка веку (П.Панчанка).) @

у, прыназ. з Р., В. і М. Спалучэнне з прыназ. у выражае прасторавыя, часавыя, аб'ектныя, колькасныя, азначальныя, мэтавыя адносіны, адносіны стану, пераўтварэння (пераходу з аднаго стану ў другі), прыналежнасці, падабенства, спосабу дзеяння, меры і ступені, умовы.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з В. Ужываецца пры словах, што ўказваюць на прадмет, месца ці асяроддзе, унутр якіх накіраваны рух або дзеянне. Клікаць у хату. Пакласці ў шафу. Ісці ў лес. Укопваць у пясок. Урасці ў зямлю. Рэчка ўвайшла ў берагі. Упасці ў яму. Схавацца ў траву. Зайсці ў вузкі завулак.Не нікчэмным, слабым жабраком, а як бацька прыйду я ў дом, сонца ў дом прынясу на штыку, малаком напаю дачку... (А.Куляшоў). Я кідала кветкі ў хвалі - расплываліся кругі (А.Александровіч). Паснедаўшы на скорую руку і ўзяўшы ў адну кішэню лусту хлеба, у другую жмень тры гароху, Міхась памкнуўся ўжо ісці (Я.Колас).
// Пры словах, якія называюць мясцовасць, краіну, населены пункт, куды хто- ці што-н. накіроўваецца. Прыехаць у Беларусь. Поезд прыбыў у сталіцу. Ісці ў вёску.На Новы год пасвяткаваць у горад завітала ёлка (М.Танк). Калі сівым зраблюся дзедам, усімі паважаны госць, у вёску родную прыеду, у ельнік, што за вёскай ёсць (А.Куляшоў).
// Пры назвах арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў і г.д., куды хто-н. прыходзіць, уступае і пад. Запрасіць у райком. Паступіць у інстытут. Пайсці ў армію.Я ж пад тым загадкавым паглядам сам сябе не знаў як разгадаць, як не раз у іхнюю брыгаду я прыходзіў шчыра пасабляць (П.Броўка).
// Пры назвах адзення, абутку - з дзеясловамі адзець, апрануць, абуць і пад. Адзеты ў новы гарнітур. Абуць у боты. Захінуцца ў халат. Укруціцца ў хустачку.Апранены ён быў у кароткую суконную вопратку... (К.Чорны). Ногі, абутыя ў валенкі, ён выцяг на санях паверх саломы (П.Галавач). І гаруе сіратліва ў чырвань лес адзеты... (Я.Колас). «Закаваць яго ў кайданы!» - урачыста-грозным голасам крыкнуў пан Вашамірскі (З.Бядуля).
// Пры назвах кніг, газет, сшыткаў, папер і г.д. - з дзеясловамі запісаць, упісаць, унесці і пад. Запісаць у кнігу.У блакнот свой заношу пачатак вандроўнага дзённіка... (А.Куляшоў).
// У выразах узяў у аглоблі, запраглі ў воз і пад. Сонна зрушыцца з гары, зноў у сошку запражомся, мае волікі-сябры! (Я.Колас).
// Пры назвах жывых істот, частак цела, унутр якіх накіравана дзеянне або рух. Боль пранік у сэрца. Увагнуць галаву ў плечы.Льецца ў ногі стома, бы свінец... (А.Звонак). Хлопчык нагінаецца, зрывае некалькі суніц і кладзе ў рот (З.Бядуля).
| Пры словах зубы, губы, рукі і пад. мае значэнне 'ў становішча паміж імі'. А я пану капітану ў ногі кланяцца не стану, вазьму ў рукі кулямёт, праб'ю пана навылёт (К.Крапіва).

2. з В. Ужываецца пры словах, што ўказваюць на прадмет ці месца, у бок якога накіравана дзеянне або рух. Ляцець у блакіт. Ісці ў свет. Накіравацца ў тыл.Скаціўшыся з горкі, дарога у бок забірае лявей (Я.Колас). Караван у горы шлях кладзе (А.Звонак). Вяла у даль суровая дарога (У.Хадыка). Ляжыць [чалавек] ботамі на дарожнай каляіне і галавою ў ядлаўцовы куст (К.Чорны). Ва ўстойлівых выразах у вочы, у твар. Сонца заходзіла чыста, на мокрых платах адсвечвала яно і аж калола ў вочы (К.Чорны). Дыхнула вільгаццю у твар ад хмараў-караблёў (П.Броўка).

3. з В. Ужываецца пры словах, што называюць калектыў або катэгорыю асоб, у склад якіх уступае хто-н. (звычайна пры назоўніках мн. ліку - назвах прафесій, пасад і г.д., пры гэтым вінавальны склон мае форму назоўнага). Кандыдат у дэпутаты. Наняцца ў работнікі.Яны ўспомнілі, што Паўлікаў бацька ў першы ж дзень вайны пайшоў у салдаты і больш пра яго ніхто не чуў (С.Грахоўскі). Малодшага сына калоціць страх, старэйшы сцяў кулакі - шырокі ляжыць перад імі шлях і можна ісці ў жабракі (А.Куляшоў). У Сцёпкі ёсць адказ і на гэта пытанне, але ён хоча фасон дзяржаць і трагічна заяўляе: «У бандыты пайду» (Я.Колас).

4. з В. Ужываецца пры словах, што называюць дзейнасць, асяроддзе, становішча як месца, у якое прыходзіць, уступае хто-, што-н. (пры дзеясловах, што абазначаюць рух і маюць пераноснае значэнне). Ісці ў бой. Збірацца ў паход. Выбрацца ў дарогу. Перадаць справу ў суд. Выехаць у камандзіроўку. Уваходзіць у азарт. Улезці ў даўгі. Пусціцца ў хітрыкі. Увесці ў зман. Трапіць у бяду. Папасці ў камедыю. Здаць у друк.І вецер у бой заклікаў штыкі і з імі хадзіў у атакі разам (А.Куляшоў). Гэта ў наступ пайшлі на мярзлотаў цвярдыні нашых рук мазалі, аманіт і кайло! (А.Звонак). Ты ж ідзі ў навуку, толькі, брат, вучыся (Я.Колас). Прабіраецца ў разведку непрыкметна партызан... (П.Панчанка). Вясёлыя маладыя гукі смела ўразаліся ў цішыню ночы і бойка плылі на рэчку... (Я.Колас).
| У выразах ехаць у госці, ісці ў заработкі, пайсці ў прымы і пад. Так і ходзяць яны ў сваты цэлы свой птушыны век, і стаяць іх [жураўля і чаплі] воддаль хаты па канцах балот і рэк (М.Танк). А госця ты і не спытаў, чаго ў адведзіны з гарэлкаю прыйшоў... (М.Танк).

5. з М. Ужываецца пры словах, што ўказваюць на прастору, у межах якой хто- ці што-н. знаходзіцца або што-н. адбываецца. Дарога ў полі. Спаткацца ў лесе. Хатка ў густым бары. Сняжынкі насіліся ў неаглядным прасторы. У небе высыпалі зоркі. Нешта чарнела ў канцы вуліцы. У яры бег ручаёк. Ваду ў палонцы зацягнула лядком.Старажытныя дрэвы гаманілі ціхутка ў прасторы (П.Трус). У чыстым полі адзінокі лісток на дарозе імкнуўся з ветрам у далячынь (К.Чорны). У цесных долах Гвадарамы каторы дзень не моўкне бой (П.Глебка). Боязна шэпча трава, чараты, ў хмарах знік месяца рог залаты (Я.Колас).
// Пры словах, якія называюць мясцовасць, краіну, населены пункт, дзе хто-, што-н. знаходзіцца або што-н. адбываецца. Змагацца за мір і бяспеку ў Эўропе. У беларускім Палессі цякуць паўнаводныя рэкі.Быў я ў Парыжы на кангрэсе - то ў Загібельцы, браце, лепш: грыбоў няма ў Булонскім лесе, а ў Сене хоць адзін бы лешч (К.Крапіва). Сталярня ў калгасе Райніса стаяла на ўскрайку лесу, ля возера (П.Броўка). Узлятала песня, як віхура, і чужынца ў гарадах і сёлах навылёт, як штык, яна калола (П.Броўка).
// Пры назвах арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў і г.д., дзе хто-, што-н. знаходзіцца або што-н. адбываецца. Вучыцца ў школе. Працаваць у сельсавеце. Нарада ў прафкоме.У кузні мех да позняга шуміць... (А.Астрэйка). У райкоме было людна (М.Лынькоў).
| Пры назвах жывых істот, асоб, частак цела, дзе што-н. знаходзіцца ці адбываецца. Надзея на лепшае заўсёды жыве ў чалавеку. У вачах адбілася здзіўленне. Гудзе ў галаве.Усё ў Якіме аж заскача, задрыжыць і запяе, як здалёку толькі ўбачыць постаць мілую яе (Я.Колас). Кваску б глынуць, у роце перасохла (К.Крапіва). Маршал ветла аглядае, ловіць звон тых галасоў, і прамень, як дзень, гуляе ў пасме сівых валасоў (Я.Колас).
// Пры ўказанні на словы, размову, твор і г.д., а таксама на прадмет, дзе гэта надрукавана або запісана. У народнай мове ёсць шмат трапных выслоўяў. У яго словах адчувалася суровасць. У творах гучаць грамадзянскія матывы. У п'есе ёсць рад цікавых зпізодаў. Артыкул у газеце. Апавяданне ў кніжцы. Аб гэтым паведамлялася ў друку. Запісы ў сшытку.Трэба сказаць, што ў народнай мове паміж прыказкай і прымаўкай выразнай мяжы не праводзіцца (К.Крапіва). У чыстых крыніцах натхнёнага слова, у песеннай трэлі, для вечнасці спетай баянам сурова, жыве Руставелі (Я.Колас). Сонца паліць, сонца сушыць, траваў ні сляда, гэта, браце, ўжо не ў кніжцы, наяву бяда (А.Астрэйка).
// У выразах хадзіць у плузе, у аглоблях і пад. Коні ходзяць папарна - і ў плузе, і ў сеялцы, і ў баране... (Я.Брыль).
| Пры словах зубы, губы, рукі і пад. мае значэнне 'ў становішчы паміж імі'. Ключ ад шчасця і долі застыў у руках хлапчука (А.Куляшоў).

6. з М. Ужываецца пры словах, што ўказваюць на прадмет, памяшканне, ёмішча і пад., унутры якога хто-, што-н. знаходзіцца або што-н. адбываецца. У печы гарыць агонь. Свішча вецер у коміне. У хаце цёпла. Гатаваць ежу ў гаршку. Сухі бярозавы лісток у кнізе. Схаваць у кішэні.Аднатонна і размерна гойдаўся маятнік у сваёй шкляной каморцы... (Я.Колас). Спіць у хаце Смірноў - на пярыне, сплю я ў пуні - на канюшыне, а Мікіта Ворчык - у клеці (А.Куляшоў). У зале адразу стала шумна, гаманліва (А.Кулакоўскі). У млыне, як у карчме: то поўна, то пуста (Я.Брыль). У кузаве пярэдняй машыны з папкай стаіць Паўтарак (К.Крапіва). Ён нёс за плячыма свой клунак - свае рэчы, у мяшку, перавязаным накрыж шпагатам (К.Чорны).
// Пры назвах прадметаў, частак цела і г.д., блізка ля якіх хто-, што-н. знаходзіцца або што-н. адбываецца. Стаяць у парозе. Сесці ў нагах.У галавах, як горы, высіліся ёмкія падушкі... (Я.Колас).
| У выразах быць (стаяць, знаходзіцца і пад.) у дзвярах, у варотах, у акне і пад. абазначае становішча паміж вушаком дзвярэй ці варот, ля самага акна або паміж форткамі адчыненага акна. Костусь сядзеў у шырока адчыненых варотах аполкавага хлява (К.Чорны).
| У выразах відаць у акне, у дзвярах і пад. мае значэнне 'відаць праз адчыненыя дзверы, праз акно і пад.' У вокнах відзён усход, відно, як ружавее неба (К.Чорны).

7. з М. Ужываецца пры словах, што называюць асяроддзе, у якім хто-, што-н. знаходзіцца ці што-н. адбываецца. Тапаліны пух лётае ў паветры. Патануць у вадзе. Пусціць карані ў каменнях.А Свіслач жыве, бяжыць неўгамонна, разлёгшыся ў травах, у выспах пясчаных (Я.Колас). Драсён рос у самай чысцюсенькай вадзе (К.Чорны).
// перан. Пры назвах прадмета ці паняцця, якія ўсведамляюцца месцам, цэнтрам, дзе засяроджваюцца пачуцці, уласцівасці. Радасць у сэрцы. У душы перажываў блізкую ростань. У галаве склаўся пэўны план. □ Вялікі доктар усялякай хворасці ў чалавечай душы - час - мае вечнага свайго дапаможніка - працу (К.Чорны). Расказваў я далёка не так складна, як гэта было ўжо склалася ў маёй галаве (Я.Колас). Мы едзем, гаворым; шум ветру ў вушах (К.Крапіва).

8. з М. Ужываецца пры словах, што называюць калектыў як асяроддзе, у якім хто-, што-н. знаходзіцца ці што-н. адбываецца. Жыць у вялікай сям'і. Ішлі размовы ў народзе. Пераадоленне супярэчнасцей у нашым грамадстве.А хто там ідзе, а хто там ідзе у агромністай такой грамадзе? (Я.Купала). Вы ў першых шарэнгах са звонкаю песняй напорна ішлі, як прадвесне (Я.Колас).
// Пры словах, што называюць калектыў або катэгорыю асоб, да якіх адносіцца хто-н. (звычайна пры назоўніках мн. ліку - назвах прафесій, пасад і г.д.). Малодшы сын быў у партызанах.Ён быў і камбедам, і ў дэпутатах: яго наўкруга баяліся ўсе самагоншчыкі і дэзерціры (Я.Скрыган). У мяне ж два ваююць - Андрэй у партызанах, а другі - Васіль - той на фронце (І.Мележ).

9. з М. Ужываецца пры словах, што называюць асяроддзе, становішча, дзейнасць як месца, у якім знаходзіцца хто-, што-н. або адбываецца што-н. Месяц плавае ў белым тумане. У імгле хаваецца краявід. Сядзець у цяпле. Спыніцца ў зацішку. Адпачываць у цяньку. Усё патанула ў гуках. Шкельца блішчыць у месячным святле. Трымаць у памяці. Паўтараць у думках.І ўсё згарэла дачысцютка, прапала марна ў чорным дыме (Я.Колас). А недзе далёка ў цёплым тумане зазыўна гудуць цягнікі (П.Панчанка). Дух мужнасці гартуецца ў агні! (А.Звонак). Дошкі сонечным ранкам у зацені майстра сушыў... (А.Куляшоў). Каля камяніцы бярозка ў цішы засынала (А.Александровіч). У моры гукаў улаўліваю шэпт лесу (З.Бядуля). Скора ў бляску вечара, ой, скора празвініць на вуліцах трамвай (П.Трус). Нам спачываць не да твару у променях славы (У.Хадыка).
| У выразах у гасцях, у зарабоках, у прымах і пад. І ў заработках у пана не была, а ходзіш ніштавата (Я.Брыль).

10. з Р. Устар. і кніжн. Ужываецца пры словах, што абазначаюць прадмет або месца, каля якога хто-, што-н. знаходзіцца або што-н. адбываецца. Стаяць у парога.У вокан гэтых часта стаяла Рыта адвячоркам і глядзела туды ўніз (К.Чорны). Як ціха! Там, у патока, кулік часамі засвішча... (Я.Лучына). У аснавання літары «П», якая сведчыць аб уласніку, з'яўляецца яго вензелем, першай літарай прозвішча, ёсць выступ, які дазваляе прачытаць яшчэ адну літару - «Е» (П.Шаўцоў).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

11. з В. Ужываецца са словамі, што маюць часавае значэнне, для ўказання на момант або на перыяд часу, калі што-н. адбываецца. У позні час. Спаткаліся ў маладыя гады. У ноч з 15 на 16 студзеня.Добра ў лузе ў час палудны! (Я.Колас). У рашаючыя моманты ён [беларус] выступаў са зброяй у руках адкрыта і біўся насмерць (К.Крапіва). Павеяў вецер, бы ў прадвесне, над нашаю зямлёй (Я.Колас). Калі шчыра прызнацца, мне крышачку шкода, што з табою сустрэўся я ў сталыя годы (П.Панчанка).
// Для ўказання на пэўны момант часу ў лічбавым радзе такіх часавых адзінак. Прыехаў у пяць гадзін. У сем гадоў пайшоў у школу.Што зрабіла з людзьмі вайна: дзеўчаняці ў трынаццаць год чалавека забіць не страшна!.. (Н.Гілевіч). У сем год я іграў так віртуозна, што людзі заслухваліся (З.Бядуля). Са словамі пара, час, тэрмін - для ўказання на зручны, прыдатны ці дакладны (або нязручны, непрыдатны ці недакладны) час для якой-н. справы. «А ў іх сям'я вялікая?» - «Не, дзве дочкі, сын - у пару жаніць: працы будзе» (П.Галавач). Адлятаюць дадому лісты, адлятаюць лісты не ў пару (П.Глебка). Часу зусім выстарчала для таго, каб не спяшаючыся прыйсці ў тэрмін на ўмоўленае месца (Я.Колас).

12. з В. Ужываецца са словамі - назвамі з'яў ці падзей, што супадаюць у часе з дзеяннем, пра якое гаворыцца ў сказе. Куды ты пойдзеш у такую завіруху? У жніво начавалі на полі.Дарэмна здалёку паўнюткія вёдры цягала, той камень у спёку вадой і слязьмі палівала (А.Куляшоў). Успамінаецца, як у вайну мы з ім ляжалі разам у акопах, чыталі ўпотай розныя лістоўкі і марылі аб новых, лепшых днях (П.Глебка).

13. з В. Ужываецца са словамі з часавым значэннем для ўказання на меру працягласці якой-н. з'явы, падзеі. Гэта можна зрабіць у момант. Шмат перадумаў у адну хвіліну. Будуюць у год па два дамы.Колькі ўсяго прагучала ў хвіліну, колькі за міг занялося ў душы!.. (К.Кірэенка). Увосень ночы доўгія. Так па некалькі разоў у ноч ён выходзіў слухаць, ці ядуць коні (К.Чорны).

14. з В. Ужываецца пры словах - назвах часу, для ўказання на перыяд, эпоху, да якіх накіравана дзеянне (пры дзеясловах, што абазначаюць рух і маюць пераноснае значэнне). Класці крокі ў будучыню. Шлях у заўтра.Тут будзе неўзабаве бераг мора, і людзі ў заўтрае спяшаць (А.Астрэйка). Кіпі ж, ты, маладосць, бунтуй у парываннях, бадзёрым поступам імкніся ў новы век... (М.Хведаровіч). У неразгаданыя дні і сны мне адчыняюцца дзверы (П.Броўка). Адгэтуль пад ветразем Сценька у песню з княжной адплываў (П.Панчанка).

15. з М. Ужываецца пры словах з часавым значэннем для ўказання на момант або перыяд, у час якога ці на працягу якога што-н. адбываецца. Сказаць у добрым часе. Не ў часе спахапіўся. Нарадзіўся ў студзені. У першай палове ліпеня. Упершыню ў гісторыі.Не сягоння і не ўчора, то было ў далёкім часе: гульбавала ў тундры гора, у народа скрала шчасце (А.Звонак). У чэрвені пад борам будзе зноўку красавацца жыта (П.Броўка). Марына так заслухалася расказам Колі, што забылася назваць сваю вуліцу яшчэ ў пачатку, калі села (І.Грамовіч). Дзесь каля гаткі у гэтым досвітку маўклівым крычалі гусі праразліва... (Я.Колас). Болей цвету ў гэтым годзе, у гэтым годзе сонца шмат (У.Хадыка). Ой, бярозы ды сосны - партызанскія сёстры, вас ніколі ў жыцці не забыць (А.Русак).

16. з М. Ужываецца пры словах, якія называюць становішча, заняткі, стан надвор'я, з'яву і г.д., калі што-н. адбываецца. Расказваў у дарозе. Заблудзіўся ў прыцемку. У канцы дзяжурства.Ногі просяцца ўстаць, яны стомы ў дарозе не чулі... (А.Куляшоў). Ці мы з табой зблудзілі ў змроку, ці лішне выпілі чуток? (П.Глебка). Ён молатам біў на заводзе, з сярпом завіхаўся ў полі, каб вораг у новым паходзе не здужаў яго ніколі (А.Куляшоў).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

17. з Р. Ужываецца з назоўнікамі ці займеннікамі, што ўказваюць на асобу, у межах разумення, валодання або дзейнасці якой што-н. адбываецца, выяўляецца ці існуе. Размова ў суседа з суседам. У майго бацькі два сыны на фронце.Адзіная сёння ў салдата размова - ён грукае ў сцены Берліна сурова... (П.Броўка). У Андрэя, які стаяў побач з Санкоўскім, мімавольна насупіліся бровы (П.Пестрак). Пра маё пакаленне пісалі мала - у майго пакалення камсамольскі ўзрост - хоць маё пакаленне імя мае, хоць майму пакаленню пад дваццаць ёсць (А.Куляшоў).
// Пры ўказанні на асоб, у асяроддзі якіх што-н. адбываецца, наглядаецца, лічыцца звычным. Што ў вас чуваць? У нас так не прынята. У нас не горш, як у людзей.Але ў нас ужо спрадвеку водзіцца, што кавалак роднае зямлі - родзіцца там нешта ці не родзіцца - мы заўсёды дбайна бераглі (П.Глебка). «Паслухайце, - Асоба кажа тут слузе, - што гэта ў вас за людзі і што ў людзей за густ?» (К.Крапіва).
// Размоўн. У фамільярных выразах пагрозы: глядзі ў мяне, паспрабуй у мяне толькі не паслухацца і пад. А за гэты дубок ты ў мяне паскачаш, галубок! (Я.Колас).
// Размоўн. У фамільярных выразах пахвалы, пяшчоты: ты ў мяне маладзец, якая ты ў нас старанная і пад. А малайчына ты ў мяне, жонка, га? Анэта! (Я.Скрыган).

18. з Р. Ужываецца з назоўнікамі ці займеннікамі, што ўказваюць на асобу, кім утвараецца дзеянне. У мяне куплены білеты на спектакль. У нас усё падрыхтавана.Лаканічна паданы вобразы сялян у Купалы (У.Агіевіч). І чуць што толечкі разднела, у маткі снеданне паспела... (Я.Колас). У Саўкі Мільгуна выпрацаваўся свой погляд на рэчы: лепей спазніцца, чым не ў часе схапіцца (Я.Колас).
// Пры ўказанні на асобу, якая мае непасрэднае дачыненне да дзеяння. У цябе нічога не атрымаецца. Гэта ў яго ненаўмысля выйшла.У гэтага ж аўтара апавяданне выйшла нецікавым, нудным, немастацка простым (К.Чорны). Выступіла б і я, але ж не выйдзе ў мяне так спраўна (Я.Брыль).

19. з Р. Ужываецца з назвамі аб'екта, ад якога што-н. атрымліваюць, бяруць, набываюць і пад. Купіць карову ў суседа. Адабралі ў хлопчыка свісцёлку. Пакралі снапы ў хутаранца.Букрэй катэгарычна асуджаў грабежніцтва, дзе б яно ні было, і асабліва на вайне. Але ўзяць у ворага тое, што табе канечне патрэбна ў боявым жыцці, дазваляецца (Я.Колас). Многа іх хацела купіць у Музыкі скрыпку яго, але ён не прадаў яе нікому (М.Багдановіч).
// Пры ўказанні на аб'ект, у якога вучацца, ад якога пераймаюць што-н. Вучыцца ў бацькі. Гэту звычку ён пераняў у свайго таварыша.«Пажыву, павучуся ў жыцця, а потым прыйду і ім памагу», - мільганула дзесь у глыбі думка (П.Галавач).
// Пры ўказанні на аб'ект (асобу або персаніфікаваны прадмет), да якога звернута запытанне, просьба. Запытаць у настаўніка. Прасіць спагады ў людзей. Выведваць сакрэты ў садоўніка.Пытаецца бацька ў любімага сына: «Каторы дзянёчак мароз як званочак, напэўне замёрз ты, кляночак-сыночак?» (П.Броўка). У якой бярозы белай стан ты выпрасіць сумела? (П.Броўка). Не раз па-пластунску па нівах мы поўзалі, рукамі абмацвалі купіну кожную, размову з дубамі вялі і бярозамі, выпытвалі праўду у багнаў і пожняў мы (П.Панчанка).

20. з В. Ужываецца з назвамі аб'екта, да якога хто- ці што-н. датыкаецца, з якім хто- ці што-н. судакранаецца і пад. Уперціся ў сцяну. Забразгаць у вокны. Стукнуць у дзверы. Страляць у мішэнь. Цалаваць у руку. Піла ўразаецца ў дрэва.Сёмка трымаў каня за аброць, упіраўся плечуком у аглоблю, а нагамі ў зямлю і такім парадкам не даваў калёсам занадта разгуляцца (Я.Колас). Калючы снег у ногі коле... (П.Глебка). Сыплюць словы золатам, ў сэрца жалам колюцца... (М.Чарот). Вясна-красуня ў бубны б'е (А.Александровіч). Цяжка і глуха дождж барабаніў у шыбы акон (П.Глебка).
| З назвамі аб'екта стану. Холадна ў ногі. Горача ў пальцы.«Неяк у ногі холад чуваць, - растлумачыў ён [Мікола]. - Спачатку на гной, потым на снег, потым яшчэ на гной, а снег растае, скура на ботах мокне, і ў ногі зімна» (Э.Самуйлёнак).

21. з В. Ужываецца з назвамі аб'екта, на які накіраваны погляд або на якім сканцэнтраваны слых. Глядзець у твар. Разглядаць сябе ў люстэрка. Услухвацца ў шум лесу.Гляджу адкрыта ў ясны далягляд (К.Буйло). Чутка ловіць гукі спасцярожлівае вуха і зорка ўглядаецца ў далечы вострае вока... (Я.Колас). Той, хто ў вочы гармат зазіраў, не збаіцца нічога... (А.Куляшоў). Я ўслухоўваюся ў невыразныя шумы, што струменілі ў ім [тэлеграфным слупе] (Хв. Шынклер).
| У выразах глядзець у акно, убачыць у акно і пад. ужываецца ў значэнні прыназоўніка праз. Дай зірну ў сваё аконца - снег і снег вакол. Зіма (Я.Колас). Пазірае ноч у вокны мутным вокам мжы, ды ўсё булькаюць маркотна кроплі ў капяжы (Я.Колас). Сонца прыветліва глянула ў аконца (Я.Купала).

22. з В. Ужываецца для ўказання на аб'ект думкі, веры, захаплення. Удумацца ў сэнс падзей. Упэўнены ў перамогу. Верыць у шчаслівую долю. Закахаўся ў прыгажуню.Калі чытач захоча больш акрэслена вызначыць тэматыку творчасці М.Хведаровіча, яму патрэбна будзе перш за ўсё ўдумацца ў назвы яго кніг (Д.Палітыка). Што ж ты татахкаеш, сэрца, бяссільна, хіба не верыш у подых вясны? (П.Глебка). Слядоў тут нямала пакінуў народ наш і кожны у Вільню ўлюбёны па праву (П.Панчанка).
// Пры вызначэнні сферы ці аб'ёму дзеяння. Неўмяшанне ў літаратурны працэс. Уступаць у гаворку. Уключыцца ў работу.Гаспадар ніколі не мяшаўся ў справы... (П.Галавач).

23. з В. Ужываецца для ўказання на прыладу дзеяння. Трубіць у трубу. Званіць у звон. Біць у ладкі. Глядзець у бінокль.Загудзеў мядзведзь у рог, што ласёў ужо запрог (А.Александровіч). Родны горад ляжыць, як юнацтва майго папялішча; вецер дзьме ў каміны, як у медныя трубы трубач (А.Куляшоў). Танец скончан. Партызаны б'юць у ладкі: «Брава! Брава!» (П.Панчанка).

24. з В. Устар. Ужываецца для ўказання на аб'ект, які з'яўляецца характарыстычнай прыметай асобы ці прадмета. Багаты ў розум.Злосна вам, сыны заморскі, завідна, панята, што славянская зямелька у розум багата (В.Дунін-Марцінкевіч).

25. з М. Ужываецца для ўказання на прадмет або з'яву, у якіх сцвярджаецца (або адмаўляецца) якая-н. уласцівасць, якасць і г.д. Радасць у позірку. Змены ў прыродзе.Колькі радасці было ў гэтых баравіках у лесе (М.Лынькоў). Справа, вядома, не ў ім асабіста... (Я.Брыль). У шчаслівых нашых дзецях ёсць наша радасць і на гэтым свеце (П.Глебка). У леце пачыналася ўжо тая ледзь значная змена, той поворот часу, калі жыццё прыроды ідзе на спад (Я.Колас). У Сержавым позірку было штосьці ўжо не дзіцячае (К.Чорны).
| У выразах справа ў тым, што (каб), як ні ў чым не бывала і пад. Справа ў тым, каб гэта правесці як найлепш (П.Пестрак). Аўгіня палажыла руку на плячо Кандрату, Кандрат на яе плячо, і пайшлі, як ні ў чым не бывала (Я.Колас).

26. з М. Ужываецца для ўказання на прыладу дзеяння. Павезці ў машыне. Вазіцца ў санках.Я не буду доўга, зараз жа вярнуся, трошачкі на рэчцы ў санках паважуся (Я.Колас). Мой бацька малоў муку саматугам у жорнах у сенцах (К.Чорны).

27. з М. Ужываецца пры ўказанні на вобласць прымянення ці выяўлення якога-н. дзеяння, уласцівасці, прыметы. Дапамагаць у вучобе. Разбірацца ў формулах. Таварыш у працы. Спец у гэтых справах. Не раўняйся з ім у спрыце. Аднаму і ў кашы няспорна. Няма зручнасці ў руках. Не магу адмовіць яму ў дружбе. Упэўнены ў сваёй непераможнасці.Тады, напачатку трыццатых гадоў, мае аднагодкі на ўсходзе - шчаслівыя сведкі і ўдзельнікі вялікіх спраў - выдатна разбіраліся ў марках машын, якія выйшлі на калгасныя палі (Я.Брыль). А бессмяротнымі ў справах мы станем заўсёды (А.Куляшоў). Кастусь Прыбыткоўскі здаваўся цяпер хударлявы тварам і скуласты ў скронях... (К.Чорны). О, ты разумны! Ты ўсё ўмееш, а пяць ды два не разумееш: дурны ў задачах, як дубіна! (Я.Колас).
// Пры ўказанні на прадмет або асобу, у якіх што-н. выяўляецца, увасабляецца. У гэтай фігуры пазнаў лесніка. У асобе аўтара маем прадстаўніка пралетарскай літаратуры.Малады кавальчук, бацькаў падручны, пачаў нешта вельмі зарана на яе прыглядацца: у рухавым падростку ён пазнаваў будучую прыгожую жанчыну (К.Чорны). Следам глядзіш - столькі ў крыллях свабоды! (М.Танк).

28. з М. Ужываецца для ўказання на прадмет, які ахоплівае, пакрывае што-н. Дом увесь у бярозах і клёнах. Травы ў расе. Боты ўсе ў пыле. Рука ў мазалях.За горкай панская пасада, як у вяночку, каля саду... (Я.Колас). У срабрыстых ніцях жоўтыя сады (А.Куляшоў). Я іду і жменяй гладжу каласы спелага ячменю ў золаце расы (М.Танк). І холадна, і дзень нам служыць мала, і цьмяны ён у покрыве імжы (Я.Колас).
// Пры апісанні знешняга выгляду, адзення, абутку. Дзед у акулярах. Лейтэнант у міліцэйскай форме. У бацінках на босую нагу.Вунь той, у акулярах, здаецца, Аляксей, гэты, з прыгожымі цыганскімі вачыма, - Юрка, а вяртлявы жартаўнік, зусім хлопчык, Коля (С.Грахоўскі). Слаўныя дзяўчаты, прыгожыя, начытаныя, сціплыя, ім бы ў туфельках на шпілечках, у капронах ды ў нейлонах там розных хадзіць, а яны ў брызентавых робах ды ў гумавых ботах гразь месяць (С.Грахоўскі). Жанчына ў белым зноў закрыла твар газетай, пасля ціхом устала, нібы паправіць хвораму падушку (К.Чорны). Ты снішся мне часцей. І вось у цёплай хустцы і ў бурносе на крыжавых стаіш чагось, дзе лісце кружыць злая восень (М.Хведаровіч).

IV. АДНОСІНЫ СТАНУ.

29. з В. Ужываецца для абазначэння абставін, у якія хто-, што-н. трапляе. Выкачацца ў снег. Урабіцца ў гразь.Паўстане змрок на спеўным раздарожжы, у цёмны колер выфарбуе дол (У.Хадыка). Угару ішоў дым з комінаў, вароны ціхутка садзіліся на вецце, позем спрабаваў увабрацца ў ясныя колеры (К.Чорны).

30. з М. Ужываецца для ўказання на від дзейнасці, якой хто-н. займаецца. Жыццё праходзіць у працы. Здабылі шчасце ў бітвах за волю. Не марнуй часу ў гулянках. Удзельнічаць у распрацоўцы праекта. Праводзіць цэлыя дні ў спрэчках.Смялей зару спаткаем, сябры, у барацьбе (П.Трус). У новых бітвах сонца ўстане, да новых бітваў будзь гатоў! (М.Танк).

31. з М. Ужываецца для ўказання на стан, які часова або пастаянна ўласцівы каму-, чаму-н. Спыніцца ў задуменні. Год праляжаў у хваробе. Усё ў парадку. Ва ўсякім разе. Мець у запасе. Быць у ласцы.У трывозе Кацярына поплеч любага ідзе (П.Броўка). Магдалена штодзень відна была ў клопаце на Перабродскім Селішчы, невялікая ростам, гаваркая, крыху занадта шумлівая і цікаўная ўсюды і да ўсяго (К.Чорны). Поле моўчкі пазірала, лес - у задуменні (Я.Колас). Далёка дзесь на цёмным небасхіле пабліскваюць маланкі раз-параз, нібы не верасень, а жнівеньскі той час, калі цяплынь у поўнай яшчэ сіле (Я.Колас). Наколькі навука ў сілах зрабіць, усё будзе зроблена (К.Чорны).

V. АДНОСІНЫ ПЕРАЎТВАРЭННЯ (ПЕРАХОДУ З АДНАГО СТАНУ Ў ДРУГІ).

32. з В. Ужываецца пры назоўніках для ўказання на пераход у пэўны стан. Парваць у шматкі. Сцерці ў пыл. Натуральную гаспадарку ператварыць у таварную. Перавярнуць у сваю веру. Размова пераходзіць у сварку. Высах у лыка.Двое сутак падрад бушавалі вогненныя віхры, у дым і прах развязваючы ўсё, што так любоўна і старанна будаваў чалавек (М.Лынькоў). Выарам мы поле ў скібіны, ў загоны (Я.Купала). У невымоўна высокай тэмпературы метал ператвараўся ў патокі вогненнай вадкасці (Э.Самуйлёнак). Я гарачыя словы у песенны сплаў пералью, закаханы навекі ў тваю маладую зямлю! (А.Звонак).
// Пры ўказанні на новы прадмет, новую форму, выгляд і г.д., у якія пераходзіць або ператвараецца што-н. Згарнуць пальцы ў кулак. З'яднаць народ у адну сям'ю. Заплесці валасы ў косы.Жаўталісце з роем павуцін у маністу восені сплялося (А.Куляшоў). Я скручваюся ў камок. Дрыжу ад холаду (З.Бядуля). Адліты ў бронзы нерухомасць, з узлётам мужнае рукі, - такім народная свядомасць яго запомніць на вякі (А.Звонак).

VI. АДНОСІНЫ ПРЫНАЛЕЖНАСЦІ.

33. з Р. Ужываецца пры назве асобы, каму належыць месца дзеяння, асяроддзе або сфера знаходжання чаго-н. (у доме, у памяшканні, у сям'і каго-н.). У Мірона збіраецца моладзь. Гасцяваць у далёкіх сваякоў. Пабывалі ў настаўніка. Жыве ў чорта на рагах.Нешта сёння у Агаты лямпа весела гарыць (К.Крапіва). Дзень, другі ўжо грымела у князя гульня (Я.Купала). Эх, каб ведаў я, хлапчына, дзе схаваныя ў магнатаў бочкі поўныя і скрыні срэбра, золата, дукатаў, - сваёй востраю цюпагай я разбіў бы іх, рассыпаў, каб меў кожны брат-бадзяга пагуляць за што і выпіць (М.Танк). Ты мне песню спей, дзяўчына, як у пана ты служыла..? (Я.Купала). Ткала я, ткала палотны цэлыя ночы і дні, ткала я ў роднай матулі з лёну свае васьмярні... (М.Танк). Перачакай дзе ў вернага чалавека да пары, да часу (М.Лынькоў). «Заставайся ў мяне, - гаворыць, - будзе люба нам жыць і ў горы...» (А.Куляшоў).

34. з Р. Ужываецца пры ўказанні на асобу (а таксама жывую істоту ці персаніфікаваны прадмет), якая што-н. мае ці ў якой што-н. адсутнічае. У галыша толькі кепка ды душа. У мяне ёсць паляўнічая стрэльба. У Васіля ёсць адказ на гэта пытанне. Былі ў бацькі тры сыны. У дзяцей пасля купання былі мокрыя валасы. У нас з вамі межаў не будзе. Ці няма ў вас запалак? У мяне з'явілася цікавая думка.Ці ля свірна, ці ля хаты любіць ён павыхваляцца: «Не цурайцеся, дзяўчаты, у мяне ж усё багацце!» (П.Броўка). Чым большая ў пісьменніка жыццёвая практыка, тым больш у яго магчымасцей у сэнсе тэм, матэрыялу і вобразаў (К.Крапіва). Заўтра ў мамы маёй дзень нараджэння (С.Грахоўскі). Ёсць у беларусаў гісторыя і ёсць слава (К.Кірэенка). Вунь у Каня ёсць свой хамут, Вол мае ўласнае ярмо (К.Крапіва). Жыў пры матцы перш хлапчына, і была халупка ў іх (Я.Колас). І само сабой сталася, што калі дзяўчаты павырасталі, то ў кожнай з іх была гара падушак і поўная шафа адзення (К.Чорны). А недахопаў у нас досыць, каб іх высмейваць (К.Крапіва).
// Пры ўказанні на тое, што чаму- ці каму-н. уласціва, з'яўляецца састаўной часткай ці прыналежнасцю чаго-н. У дзеда паважная постаць. У страха вочы вялікія. У сына залатыя рукі. У вас добрае сэрца.Кожны знае, што з працы смачна хлеба скарынка, хмельны сок у бярозы, песціць вока травінка (П.Броўка). У Тураўца быў спакойны твар... (І.Мележ). Да яго падбягаю, ён чэсна стаяў да канца: кулямётная лента ... пустая, апошняй была у байца (А.Куляшоў).

35. з Р. Ужываецца для ўказання на каго-, што-н., каму (ці чаму) належыць пэўны прызнак, уласціва пэўнае дзеянне або стан (спалучэнне з прыназ. у мае такое ж значэнне, як і форма роднага склону залежнага назоўніка або прыналежны прыметнік, утвораны ад гэтага назоўніка, ці адпаведны прыналежны займеннік: у дзядзькі ў руках - у руках дзядзькі, у цёткі ў хаце - у цётчынай хаце, у мяне ў кішэні - у маёй кішэні). Галава ў яго пайшла кругам. Маці ў мяне маладая. Ажыўляліся твары ў людзей. Ліст у клёна зубчасты.Сэрца ў Ніны моцна забілася... (П.Галавач). Сонца грэе, вецер вее, у старога сэрца млее (А.Зарыцкі). Я яшчэ не забыў, як кляліся вы з ёй вечарамі, цалаваліся цэлую ноч у мяне пад акном (А.Куляшоў). Я памятаю, што ў руцэ ў цябе была адна толькі дзіўна прыгожая кветка на тонкім доўгім сцябле (Я.Скрыган). Чорна было, ён ледзьве бачыў, як шарэе ў яго пад нагамі роўная шырыня старога гасцінцу (К.Чорны). Хораша на сэрцы ў людзей (А.Бялевіч). Вельмі свежыя яшчэ ў народаў успаміны аб перажытым (І.Шамякін). Пад усплёскі хваль шумлівых адпачыць так люба мне на грудзях каменных Дзівы альбо ў Кошкі на спіне (К.Крапіва). Спусціся ў цёмныя скляпы, адкрый у куфраў векі, раздай ты золата сваё галодным да капейкі (П.Броўка).

VII. КОЛЬКАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

36. з В. Ужываецца для ўказання на колькасць прадметаў, якія прымаюць удзел у дзеянні, з якіх складаецца што-н. Пілаваць у дзве пілы. Складзены ў дзесяць столак.На бясконцай дарозе аратага стрэлі яны. Скарадзіў ён на служцы рагатай у дзве бараны (А.Куляшоў). Умела [Раіна] песні звонкія пяяць, на полі першая была жняя і кросны ткала тонка, як паркаль, у колькі хочаш колераў, нітоў... (М.Танк). У тры паясы ўстаюць вясёлкі, грымяць грамы над галавой (А.Звонак). Ад кургана да кургана, ад гаю да гаю у пяць нітак легла цьмяна дарога крывая (Я.Колас). Ў два рады між палёў роўна рэйкі ляглі... (Я.Колас). Сымон Пятровіч разгарнуў на стале складзеную ў дзесяць столак сіньку (С.Грахоўскі). Рота згодна раўнула ў паўтары сотні глотак, і толькі нехта з правага фланга - спазніўся... (Э.Самуйлёнак).

37. з В. Ужываецца пры ўказанні на адзінку вымярэння (лінейнай меры, вагі, часу, кошту і пад.), а таксама на прадмет або паняцце, якое з'яўляецца эталонам, узорам пры вымярэнні чаго-н. Даўжынёй у тры метры. Плошча ў трыццаць гектараў. Адрэзак часу працягласцю ў дзесяць секунд. Коштам у пяць рублёў.У добрую сажань адборлівы лён (П.Броўка). У тры сажні агароджа, - глуха, як у яме (Я.Колас). Звычайна на дно штабеля кладуць слой торфу таўшчынёй у 30-40 сантыметраў (з газет). Тут зусім не рэдкасць дрэвы ў паўтысячы год (У.Караткевіч). Зганялі людзі ўпершыню табун у трыста коней і стада у чатырыста кароў (П.Панчанка).
| Ва ўстойлівых зваротах тыпу: у колькі-н. разоў, у колькі-н. крат. І ў два разы прыбавілася зораў на нашым небе (П.Панчанка). Незлічоная аўдыторыя паэта, якую Маякоўскі заваяваў яшчэ пры жыцці, павялічылася за гэты час у многа разоў (У.Агіевіч). Цярпець лепш буду ў дзесяць крат, а ўсё ж дайду свайго жадання (Ц.Гартны). Сейбіты! Кідайце буйнае зерне. Шчодрая ніва ў стократ яго верне, шчасцем пачаўшы цвісці (М.Васілёк).
| Пры колькасных лічэбніках у выразах: пяць у два, тры ў восем, шэсць у сем і пад.

38. з В. Ужываецца для ўказання на адзін з прыёмаў ці момантаў, на якія можа быць раскладзена дзеянне. Працаваць у дзве змены. Выпіць шклянку ў два глыткі.Мы яе [хату] аднавілі, працавалі ў дзве змены... (П.Броўка). Толя саскочыў з Сівага, дапамог Максіму, падсадзіў яго на свайго каня, а сам - па-маладому неразумна, толькі прыкленчыўшы, але весела, у два ці тры націскі выпусціў на «бобікаў» увесь аўтаматны дыск (Я.Брыль).

39. з М. Ужываецца для абазначэння меры адлегласці. Спыніўся ў двух кроках ад парогу. У трох кіламетрах ад горада цякла рэчка.Прабраліся б сціха на насып ад мосціка ў трох кіламетрах... (Я.Колас). Высокі чырвонаармеец трымаў стрэльбу напагатове і спакойна і цвёрда ступаў у двух кроках за Алесем (К.Крапіва). Месяц, як ён [камісар] пасля смерці камандзіра камандуе дывізіёнам і выводзіць сотні людзей з акружэння, многія з якіх у некалькіх кіламетрах праходзілі каля сваіх хат, каля сваіх сем'яў, і не было ні аднаго выпадку дэзерцірства, здрады (І.Шамякін).

40. з М. Ужываецца для ўказання на колькасць, у якой што-н. ствараецца, або на тое, з колькіх частак складаецца што-н. Артыкул надрукаваны ў чатырох экземплярах. Мадэль у трох варыянтах.«А якое кіно сёння?» - спытаў хтосьці з хлопцаў. «Каляровы ў дзвюх серыях «Разгрузка шчэбеню», - выпаліў Колька (С.Грахоўскі).

VIII. АЗНАЧАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

41. з В. Ужываецца для азначэння прадмета праз такую асаблівасць, якая сама з'яўляецца прадметам. Тканіна ў елачку. Касцюм у палоску. Папера ў клетку.У галавах, як горы, высіліся ёмкія падушкі, зложаныя на дзень коўдры ў клетку, посцілкі і прасцірадлы хатняга вырабу (Я.Колас). Адцяняе бель дзявочых шчок сіняя, у крапінку, касынка (А.Салтук). Такога ўзору ў «Пергале» і не было ні ў каго - блакітныя кветкі ў крыжык і елачку (П.Броўка).

42. з М. Ужываецца для ўказання на выгляд, форму прадмета. Кніга ў пераплёце. Будынак у стылі барока.Дымок у кольцах, дымок віецца... (П.Броўка). У постаці гордай стаіць яна [наша краіна] цвёрда, як волат, як міру скала (Я.Колас). Па сценах звышку тырчаць вялізныя галовы сатыраў у класічна грэцкім стылі (З.Бядуля).

IX. АДНОСІНЫ ПАДАБЕНСТВА.

43. з В. Ужываецца ў спалучэннях, якія раўназначны выразам 'у якасці чаго-н.'. Прывесці ў прыклад. Аддаць у дар. Даць ва ўзнагароду. Пакласці ў аснову. Сказаць у адказ. Нам гэта не ў прывычку.За тое, што добра дагледзеў вясны, у прэмію дзеду падносяць штаны (К.Крапіва). Надыходзіць песня зноў і кладзе сабе ў аснову - здэцца, лірыку садоў і удумлівыя словы (А.Куляшоў). Крокі, чутыя мной, далятаюць з паверха другога, нехта дражніць мяне: кашляну, - і ў адказ кашляне і схаваецца недзе... (А.Куляшоў). Ёй прыйшлося, мім іншым, быць «статуяй» - і яна ў п'едэстал сабе выбрала агіднага Нірмацкага... (У.Ляўданскі). У заключэнне мы хо� @

ў, прыназ. з Р., В. і М. Тое ж, што і у (ужываецца звычайна пасля слоў, якія канчаюцца галосным). Ад сэрца блаславіце іх, хто памятае ў край дарогу (М.Танк). Надзя з Колем прыйшлі ў ювелірную краму (С.Грахоўскі). Калі ў каго дэталь не выйдзе, бывае ў навучанні ўсяк, да хлопца брыгадзір падыдзе і зноў пакажа, што і як (А.Астрэйка). Зашумелі травы ў тундры весялей, поўнымі грудзямі дыша Енісей (А.Александровіч). Заўвага. У мове паэзіі прыназоўнік у часта не падпарадкоўваецца агульнаму правілу. Ужываецца ў там, дзе трэба ўжываць у (нескарочанае), напрыклад: Пайшла яна ад хат сваіх у свет шырокі, ў чыста поле (А.Астрэйка). Панёву швыдка нахапіла, кашэль сачнямі налажыла, ў калёсы села, пакацілась, якраз ў Эола апынілась, ўвайшла ў святліцу, села ў кут («Энеіда навыварат»). Ды і бацька малады. Ля цябе ён загаруе на адзежу і на хлеб, і на сталага ўзгадуе, каб у сілах пусціць ў свет (Ц.Гартны). Вас патрэбна раскулачыць, а зямлю забраць ў калгас (П.Броўка). Трудна, маці, ў курнай хаце, - паляту у свет! (Я.Купала). А кругом красуе лета, дрэмле вецер ў полі роўным (М.Танк). Наадварот, не скарачаецца у ў тых выпадках, дзе павінна быць ў, напрыклад: Ён бачыў, воін малады, што заставалася хады у Менск не больш палёту кулі, там людзі тры гады не чулі, як шалясцяць лісцём сады (А.Александровіч). Ад той, што ад зімы засталась, часткі, штось кінуўшы на час нязбыты, адмерылі мы з ёй са дзве шаснасткі у мех, рукой яе пашыты (Я.Купала). Упэўнена у заўтрашнія далі народ сям'ёй адзінаю ідзе (А.Астрэйка). Пазаслала аксамітам панарамы каляровыя, і у жыта, і у жыта каснікі ўпляла барвовыя! (А.Куляшоў). У іншых словах, якія пачынаюцца з у, такія адхіленні ў мове паэзіі наглядаюцца значна радзей. @

у аб'ёме, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у аб'ёме выражае колькасныя адносіны: мае значэнне 'ў колькасці', 'у памеры'. Гаспадарка нясе страты ў аб'ёме тысячы рублёў. @

у адказ на, спалуч. прыназ. з наз. і прыназ. У знач. прыназ. - з В. Кніжн. Спалучэнне з у адказ на выражае прычынныя адносіны: ужываецца пры ўказанні на дзеянне, якое з'яўляецца адказам на папярэдняе. У адказ на гэта Юрачка крута, з разгону паварочваў вальс на «Мікіту» (Я.Брыль). @

у адносінах, спалуч. прыназ. з наз. Кніжн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у адносінах выражае аб'ектныя адносіны: ужываецца пры назве прадмета, асобы, да якіх устанаўліваецца дачыненне. Беларусь лічылася беднай у адносінах карысных выкапняў («Полымя»). А ў адносінах Полякова што ж робіць (А.Рыбакоў). І ўжо гэта купэ адзначана правадніком як самае шумнае і клапатлівае, а афіцыянтам вагона-рэстарана - як самае патрабавальнае ў адносінах піва і закускі (А.Рыбакоў). @

у адносінах да, спалуч. прыназ. з наз. і прыназ. Кніжн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у адносінах да выражае аб'ектныя адносіны: мае значэнне 'ў дачыненні да'. Варона ... не ведае, якую платформу заняць ёй у адносінах да суседзяў (К.Крапіва). Гэта справядліва і ў адносінах да настаўнікаў, якія маюць вялікі педагагічны вопыт (А.Казанцаў). Выконваючы свой саюзніцкі абавязак у адносінах да Англіі і Францыі, неўзабаве пяройдзе ў наступленне на Захадзе і Пілсудскі (А.Маўзон). @

у адпаведнасці з, спалуч. прыназ. з наз. і прыназ. Кніжн. У знач. прыназ. - зТ. Спалучэнне з у адпаведнасці з выражае адносіны адпаведнасці: ужываецца пры назве прадмета, паняцця, згодна з якімі што-н. адбываецца. У адпаведнасці з тонам гутаркі ён выражае на сваім твары адлюстраванне гюнтэраўскіх разважанняў (З.Бядуля). Аналіз кожнага вобраза ў адпаведнасці з аўтарскай задумай - неабходная ўмова пры разглядзе любога мастацкага твора (М.Яраш). У адпаведнасці з правіламі спаборніцтваў па плаванню рухі рук пры плаванні брасам на грудзях трэба выконваць адначасова і сіметрычна (Г.Дзмітрыеў). @

у адрас, спалуч. прыназ. з наз. Кніжн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у адрас выражае аб'ектныя адносіны: ужываецца пры назве адрасата, да якога накіравана што-н. Коля мог яшчэ прабачыць Івану яго нядобрыя словы ў адрас Андрэевай жонкі... (У.Шахавец). Але студэнты перашэптваліся і, здавалася, у адрас дакладчыка кідалі толькі адно: гавары, гавары, а вось мы зараз пачнём!.. (А.Карпюк). Як і заўсёды, шафёр пачынае з нядобрых слоў у адрас тых, хто зацягнуў нараду (М.Сергіевіч). @

у адрозненне ад, спалуч. прыназ. з наз. і прыназ. Кніжн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у адрозненне ад выражае адносіны неадпаведнасці: ужываецца пры назве прадмета, асобы, з якімі што-н. супастаўляецца. У адрозненне ад душы, валасы ў мяне чамусьці зусім не сівеюць (Я.Васілёнак). Сонцаў быў разам з тым вельмі дабрадушным і згаворлівым у адрозненне ад суровага і цвёрдага Быстрова (І.Мележ). У адрозненне ад моладзі ён не паглядае нецярпліва на дзверы (А.Васілевіч). Родны склон, у адрозненне ад іншых склонаў, можна ўжываць амаль пры кожным назоўніку (М.Цікоцкі). @

у адсутнасці, спалуч. прыназ. з наз. Кніжн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у адсутнасці выражае аб'ектныя адносіны: мае значэнне 'без каго-н.', 'у час адсутнасці каго-н.'. Вырашаць пытанне ў адсутнасці дырэктара. @

у асобе, спалуч. прыназ. з наз. Кніжн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у асобе выражае аб'ектныя адносіны: мае значэнне 'ў кім-н.' У асобе Колі я меў вернага сябра. @

у баку ад, спалуч. прыназ. з наз. і прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у баку ад выражае аб'ектныя адносіны: мае значэнне 'не маючы ніякага дачынення да чаго-н.', 'не прымаючы ўдзелу ў чым-н.'. Хлебам-соллю вітаць не прыйшла пераможцаў Алёнчына хата, - сумна ўдаль пазірае з сяла, у баку ад агульнага свята (А.Куляшоў). @

у барацьбе за, спалуч. прыназ. з наз. і прыназ. Кніжн. У знач. прыназ. - з В. Спалучэнне з у барацьбе за выражае мэтавыя адносіны: мае значэнне 'імкнучыся дасягнуць чаго-н.', 'маючы на мэце што-н.'. У барацьбе за дасягненне высокіх паказчыкаў настойліва вывучаць перадавы вопыт. @

у бок, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у бок выражае аб'ектныя адносіны: ужываецца пры назве прадмета, асобы, да якіх што-н. накіравана. Ліза подбегам пайшла ў бок Сумліч (К.Чорны). У бок гэтага таварыша Рыгор і накіраваў пачуццё свайго сяброўства (Ц.Гартны). Сталі ўпотай паглядаць у бок Андрэя (П.Пестрак). Пайшоў нацянькі ў бок Зоськінай хаты (З.Бядуля). Кінуў погляд ён нясмела у бок цёмнага акна, і натхненна зазвінела звоннаплыўная струна (Я.Колас). Прымчаўся стары чорт да гары і закрычаў у бок свайго дома: «Гэй, рыдлёўкі! Прыбягайце! Мне дарогу пракладайце!» (В.Лукін). @

у ва, прыназ. з Р., В. і М. Размоўн. Тое ж, што і ва. Рыгор так і паўстаў у ва ўсіх у ваччу (К.Чорны). Але ж мне не то што прыкра, а праціўна, адваротна, горка, цяжка, што тая істота, якая ў ва мне пачынае жыць, якую я, здаецца, ужо цяпер бачу сваімі вачыма, якую я ўжо цяпер, здаецца, люблю, нават перад тым ужо, як пачаць жыць, існаваць, спаткае не толькі непрыхільнасць, а можа нават нянавісць ад свайго роднага бацькі (К.Чорны). @

ува, прыназ. з Р., В. і М. Размоўн. Тое ж, што і ва. Пад вірамі нямых завірух ува мне навальніцы спеюць... (Р.Барадулін). Ты галінку адну крані - пушча ўся ува мне заные (Р.Барадулін). Як часта на сцяжынцы палявой яна [песня] ўва мне прачнецца нечакана і па спакойным і будзённым сэрцы ударыць мякка трапяткім крылом (Г.Бураўкін). @

уводдалі, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з уводдалі выражае прасторавыя адносіны: указвае на размяшчэнне каго-, чаго-н. няблізка, на некаторай адлегласці ад каго-, чаго-н. На ўскраіне ў гэты час, навокал машын, акрытых брызентамі, і ўводдалі іх, у дазорах, стаяць з аружжам напагатове лётчыкі атрада (Э.Самуйлёнак). @

уводдалі ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з уводдалі ад выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'няблізка, на некаторай адлегласці ад каго-, чаго-н.'. Але ён [княжыч] сядзеў, весяліўся ўводдалі ад княжны (Р.Сабаленка). @

у выглядзе, спалуч. прыназ. з наз. Кніжн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у выглядзе выражае адносіны падабенства: мае значэнне 'ў форме чаго-н.'. Паказаць самалёты ў выглядзе геаметрычных фігур. @

у выніку, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у выніку выражае прычынныя адносіны: ужываецца пры назве працэсу, дзеяння, якое паслужыла падставай для чаго-н. У выніку ўсіх гэтых меркаванняў ён вырашыў, што тут, дзесь недалёка, павінны быць дзянікінскія дазорцы (Я.Колас). Пасля допыту адразу стала зразумела, што Андрэй загінуў у выніку здрады (І.Шамякін). Толькі ў выніку шчырых сяброўскіх гутарак раскрываліся перада мной старонкі гісторыі гэтага адрэзка граніцы (Я.Брыль). Словы і ўчынкі Сганарэля матываваны негрунтоўна, у выніку чаго змест вобраза цяжка ўлавіць («ЛіМ»). @

у выпадку, спалуч. прыназ. з наз. Кніжн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у выпадку выражае ўмоўныя адносіны: мае значэнне 'пры якіх-н. абставінах'. У выпадку захворвання неабходна звярнуцца да лекара. @

у глыб, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і ўглыб. Мікуць падаўся з канём у глыб двара (К.Чорны). Хлопец моцна нерваваўся, але праз самалюбства не адпаўзаў у глыб яру (М.Лобан). Гасцінцам яшчэ ўсё, як бы з прычыны нейкай інерцыі, безупынна ішлі ў глыб краіны пабітыя часці расейскага войска (К.Чорны). Парабкі цягнулі вужышча свае працы на панскім полі праз каторы ўжо век, праз доўгія вякі, ад бацькоў, дзядоў і далей у глыб цёмнага часу (К.Чорны). @

углыб, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з углыб выражае прасторавыя адносіны: указвае на кірунак у глыбіню чаго-н. або (перан.) унутр чаго-н. Ўглыб зямлі ўвайшлі карані яго [дуба] (Я.Колас). А гэты ваяка [нямецкі салдат] пёр на злом шыі ўглыб нашай радзімы, значачы свой шлях шыбеніцамі і катаваннямі нявінных людзей (К.Чорны). Пусціць воды долу ўглыб, і палезе ўгору грыб (М.Калачынскі). Хутка праважатыя пачулі глухі стук калёс, пацягнуўшыся ўглыб цёмнай ночы (Ц.Гартны). Андрэй паглядзеў углыб ляска (А.Кулакоўскі). @

углыб ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з углыб ад выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'ў напрамку ўнутр чаго-н., гледзячы ад якой-н. мяжы'. Я стаў на фурманцы, каб вышэй зірнуць, і ўбачыў, што гэты малады зараснік цягнецца ўглыб ад дарогі на некалькі кіламетраў; канца яго не відаць было (К.Чорны). @

у гонар, спалуч. прыназ. з наз. Высок. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у гонар выражае мэтавыя адносіны: мае значэнне 'ў знак павагі да каго-н.', 'ушанавання памяці аб кім-н.'. Гімн у гонар пераможцаў. @

удагон, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з удагон выражае адносіны спосабу дзеяння: ужываецца з назвай асобы або прадмета, якія аддаляюцца, адыходзяць і ўслед за якімі што-н. рухаецца, даносіцца. Удагон падводам гарніст выцінаў надрыўнымі тонамі трывожную мелодыю (Ц.Гартны). А ўдагон нам, як пішуць у кніжках, чуўся звонкі дзявочы смех... (Я.Брыль). @

удагон за, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з удагон за выражае адносіны спосабу дзеяння; мае значэнне 'ўслед за кім-, чым-н.', 'даганяючы каго-, што-н.'. Ён [Міхась] вярнуўся ... у родны калгас. Толькі з мамай і Верай.., бо тата іх адразу пайшоў удагон за ворагам (Я.Брыль). @

удагонку, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Тое ж, што і ўдагон. Парадзелыя атрады казакаў адхлынулі, ім удагонку ляцелі кулі (І.Гурскі). Тухне ўжо сонца сіянне - сіняе неба празрысцей, зорка за зоркай ірдзісцей свечкамі ў вечным ліхтары свецяць на лес, на абшары, сонцу шлючы удагонку срэбнага светла палойку... (Ц.Гартны). @

удагонку за, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Тое ж, што і ўдагон за. Во-во, стралою смерці пусціцца ўдагонку за катам польскім... (З.Бядуля). @

удоль, прысл. Абл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і ўздоўж. Ідзём-пайдзём ўдоль вуліцы, ўдоль вуліцы ў дзяўчынскі двор, дзяўчынскі двор на сем акон (нар. песня). @

удоўж, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і ўздоўж. Удоўж сцен стаялі лавы (Я.Колас). Удоўж канала стаяў па-святочнаму ўбраны народ, моўчкі слухаючы музыку вады (Я.Колас). Згодна ў полі ўдоўж дарогі каляінкі ўюцца, ды ніколі між сабою яны не сальюцца (Я.Колас). Удоўж дарогі ў рад стаялі стромкія хваіны (Я.Колас). А жанкі ўжо чарадою удоўж Нёмана ідуць... (Я.Колас). @

у залежнасці ад, спалуч. прыназ. з наз. і прыназ. У знач. прыназ. з Р. Кніжн. Спалучэнне з у залежнасці ад выражае прычынныя адносіны: указвае на непасрэдную залежнасць аднаго ад другога. Букрэй з ціхаю ўсмешкаю маўчаў і слухаў, паварочваючы свой буйны твар з жорсткімі калючымі вусамі то да аднаго, то да другога ў залежнасці ад характару або ступені трапнасці тых ці іншых жартаў... (Я.Колас). @

узамен, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з узамен выражае аб'ектныя адносіны: указвае на асобу ці прадмет, якія замяшчаюцца іншай асобай ці прадметам. Блізка адтуль былі мае два цукровыя заводы. Узамен гэтага я атрымаў чатыры шчыліны ў чэрапе, які трэснуў, што спелы гарбуз, атрымаў шрам і немагчымыя болі галавы (Э.Самуйлёнак). Тут стаяла вялікая лубяная каробка, куды грэшныя прыхаджане ссыпалі плату за ачышчэнне грахоў, узамен чаго атрымлівалі квіткі (К.Крапіва). @

у знак, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у знак выражае аб'ектныя адносіны: мае значэнне 'як сведчанне, доказ чаго-н.', 'паказваючы, выяўляючы што-н.'. Калі Сашу гаварылі, што з ім пойдзе Аляксей, той толькі моўчкі ківаў галавой у знак згоды (І.Новікаў). @

узбоч, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з узбоч выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на размяшчэнне каго-, чаго-н. у баку каго-, чаго-н. Перайшоўшы Стадольскі мост, ён [Шалюта] убачыў узбоч дарогі пусты Варановічаў газік (І.Дуброўскі). Спынілася аўтамашына ўзбоч гравейкі, у цяньку (П.Прануза). @

узбоч ад, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з узбоч ад выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'збоку, на нейкай адлегласці ад каго-, чаго-н.'. «Што ты робіш?» - пачуў я ўзбоч ад сябе рэзкі... голас (А.Кулакоўскі). @

узверх, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Абл. Тое ж, што і паўзверх. Дзякун зырка павёў вокам узверх касак, сосновых вяршалін і сцепануўся: гарэла Дзераць! (М.Вышынскі). @

уздоўж, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з уздоўж выражае прасторавыя адносіны: указвае на напрамак руху або размяшчэнне ў даўжыню чаго-н. Уздоўж дарогі чынна з краю слупы стаяць у два рады (Я.Колас). Імчыць наш «газік»... Той жа лом, і тыя ж трупы ўздоўж дарогі, і фрыц, што сам ідзе ў палон, - адзнакі нашай перамогі (К.Крапіва). Сапраўды, на Вольчыным участку ўздоўж дарогі ўпрыцён былі астрыжаны ўсе каласкі (А.Васілевіч). Людзям, якія ўжо і нарадзіліся пры калектыўным ладзе, смешным і дзікім здаецца тое, што ў нашы дні якая-небудзь цётка Агата стаіць на загуменні і ледзь не плача, дарэшты збянтэжаная тым, што трактар прыйшоў і сюды і ўжо арэ па-новаму - не ўздоўж палосак, а ўпоперак (Я.Брыль). Вісне скарга уздоўж Нёмна, Беларусі сына (Я.Колас). Яны [песні] плывуць уздоўж ракі, далёка нікнуць на ляту (П.Броўка). Уздоўж шашы ішоў бой (К.Чорны). Я ўзяў кірунак проста ўздоўж чыгункі, а камісар пайшоў на Слабаду (П.Глебка). Ён ідзе ўздоўж цаглянага муру касцельнай агарожы зусім спаважна, з годнасцю сапраўднага мужчыны (Я.Брыль). На захадзе і ўсходзе па лініях крывых уздоўж граніцы ходзіць савецкі вартавы (П.Глебка). Ён [Лаўрэн] накіраваўся некуды ўздоўж рэчышча і трымаў пад пахай абцёсанае бярозавае палена, на адным канцы якога было накручана рыззе (Э.Самуйлёнак). Жыццё тваё - не просты звыклы бег уздоўж пастаўленых па трасе вех, жыццё тваё - не проста існаванне... (А.Звонак). На гасцінцы, уздоўж бруку, над расквечаным адхонам - добрая сцежка для нашага брата-веласіпедыста (Я.Брыль). @

уздоўж па, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з М. Спалучэнне з уздоўж па выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'ў напрамку даўжыні чаго-н.'. У белых тапачках дзяўчаты к саду ўздоўж па Цымерманаўскай ідуць (А.Жаўрук). Уздоўж па вуліцы цвіце чаромхаю вясна (А.Александровіч). Кірмашны гандаль ішоў уздоўж па Нямізе (К.Чорны). @

у імя, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Кніжн. Спалучэнне з у імя выражае мэтавыя адносіны: указвае на мэту, дзеля якой што-н. робіцца. У нашу маладую паэзію прыйшоў новы герой - чалавек, якога нельга ўявіць без справы, без творчай працы ў імя... пераўтварэння рэчаснасці (У.Агіевіч). @

у інтарэсах, спалуч. прыназ. з наз. Кніжн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у інтарэсах выражае мэтавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет, у якіх зацікаўлены хто-н. Ён ... дае лепшыя дарады ў інтарэсах гаспадыні (Я.Колас). Адмена прыгоннага права праводзілася ў інтарэсах захавання памешчыкамі-прыгоннікамі сваіх прывілей і сваёй улады (з газет). @

у карысць, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у карысць выражае мэтавыя адносіны: мае значэнне 'маючы на ўвазе спрыяльныя вынікі для каго-, чаго-н.'. Сведчанне ў карысць падсуднага. @

у кірунку, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і ў напрамку. @

у кірунку да, спалуч. прыназ. з наз. і прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і ў напрамку. @

уключаючы, дзеепрысл. У знач. прыназ. - з В. Кніжн. Спалучэнне з уключаючы выражае колькасныя адносіны: мае значэнне 'з улікам апошняга названага прадмета', 'уключна'. Усе, уключаючы дзяцей, дружна ўзяліся за справу (з газет). @

укруг, прысл. Устар. і абл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і вакол. Няяркая, маленькая вясёлка ўкруг месяца ледзь бачна зіхаціць... (М.Багдановіч). Выйду, сяду каля саду у зацішнай старане і дзівіцца буду цуду, што цуднее ўкруг мяне (Я.Купала). Ўкруг тоўстага шкла яна [машкара] ўецца, як лёгкая хмара, а к свету прабіцца не можа і томіцца марна (М.Багдановіч). Ўкруг месяца туманнае гало (У.Караткевіч). @

у лік, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Кніжн. Спалучэнне з у лік выражае адносіны ўключэння: мае значэнне а) 'з якой-н. крыніцы'; б) 'згодна з якім-н. планам, абавязацельствам'. Аванс у лік зарплаты. Пастаўкі ў лік крэдытных пагадненняў. Працаваць у лік наступнага года. @

у ліку, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Кніжн. Спалучэнне з у ліку выражае адносіны ўключэння: мае значэнне 'ў якой-н. сукупнасці'. Быць у ліку студэнтаў. @

уместа, прыназ. з Р. Устар. і абл. Тое ж, што і замест. Там цяпер па берагах на ўвесь бязмер паўсталі ўместа ўбогіх хатаў палацы, вежы... (Я.Купала). @

у мэтах, спалуч. прыназ. з наз. Кніжн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у мэтах выражае мэтавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на мэту, якой хоча дасягнуць хто-н. У нарысе расказваецца пра тое, як малады рабочы ў мэтах рацыяналізацыі вытворчасці ўдасканаліў машыну (К.Чорны). @

у напрамку, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у напрамку выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне лініі, куды накіраваны рух; перан. - шляху развіцця чаго-н. Ісці ў напрамку лесу. Працэс пайшоў у напрамку пашырэння. @

у напрамку да, спалуч. прыназ. з наз. і прыназ. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і ў напрамку. @

унутр, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з унутр выражае прасторавыя адносіны: ужываецца з назвамі прадмета або месца, у сярэдзіну якіх накіравана дзеянне або рух. Ад вуліцы гэтае месца адгароджвала другая сцяна, якая рухнула ўнутр дома (В.Быкаў). @

унутры, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з унутры выражае прасторавыя адносіны: указвае на знаходжанне ў межах, у сярэдзіне чаго-н. Доўга яшчэ гудзелі трубным гулам басы ўнутры раяля (В.Хомчанка). Унутры храма на 4 магутных слупах купал з высокім барабанам (БелСЭ). @

упапярок, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і ўпоперак. Плыў упапярок ракі. @

у параўнанні з, спалуч. прыназ. з наз. і прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з у параўнанні з выражае адносіны параўнання: ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу, з якімі што-н. супастаўляецца, параўноўваецца. Бой з дэсантам быў у параўнанні з гэтым боем дробяззю (І.Мележ). @

уперад, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з уперад выражае часавыя адносіны: мае значэнне 'перад кім-, чым-н.', 'раней за каго-н.'. Ды не лезь ты ўперад бацькі ў пекла... (В.Хомчанка). @

уперад за, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з В. Спалучэнне з уперад за выражае часавыя адносіны: мае значэнне 'раней за каго-, што-н.'. А Сямён яшчэ ўперад за мяне ўправіўся са сваім... (І.Шуцько). @

уперадзе, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з уперадзе выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'перад кім-, чым-н.'. Збоку пясчаных узгоркаў, якія раскінуліся ўперадзе грэблі, грымнула некалькі дружных гарматных залпаў (М.Лынькоў). Уперадзе ўсіх ветрыкам лёгкім ляцела Люба (Р.Мурашка). @

упоперак, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з упоперак выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на накіраванасць дзеяння па шырыні чаго-н. А раніцою на Дняпры ля плёса, упоперак вялікае ракі, вялі выпрабаванне землясоса славутыя балтыйцы-маракі (А.Астрэйка). «Дадому, Дамка!» - злосна загадаў аграном і першы стомлена патупаў упоперак кусцістых радкоў руні (М.Даніленка). @

у процівагу, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з у процівагу выражае супастаўляльныя адносіны: мае значэнне 'ў адрозненне ад каго-, чаго-н.'. Пар, у процівагу вадкасці, займае значна большы аб'ём. @

упярод, прысл. Устар. У знач. прыназ. - з Р. Тое ж, што і ўперад. @

у рамках, спалуч. прыназ. з наз. Кніжн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у рамках выражае абмежавальныя адносіны: паказвае на межы, у якіх павінна адбывацца ці адбываецца што-н. У рамках культурнай праграмы перад удзельнікамі свята выступілі творчыя калектывы, артысты і спартсмены (з газет). @

у саюзе з, спалуч. прыназ. з наз. і прыназ. Кніжн. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з у саюзе з выражае аб'ектныя адносіны: мае значэнне 'разам з', 'у аб'яднанні з кім-, чым-н.'. Мы прывыклі гаварыць, што драматургія павінна быць у саюзе з літаратурай (К.Чорны). @

у сілу, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Кніжн. Спалучэнне з у сілу выражае прычынныя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет, дзеянне, з-за чаго што-н. адбываецца. У далейшым Кіеўская Русь у сілу пэўных прычын распалася на паасобныя часткі (К.Крапіва). @

ускрай, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. ускрай выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'з краю чаго-н.'. Разгалістыя сосны, быццам зялёныя шатры, раскінуліся на пясчаным узгорку ўскрай лесу (Я.Колас). Але кругом ускрай поля была мяккая густая мурава (К.Крапіва). Сцёпка ехаў ускрай хмызняку, пільна ўглядаючыся наперад (В.Хомчанка). @

у славу, спалуч. прыназ. з наз. Кніжн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у славу выражае мэтавыя адносіны: мае значэнне 'ў гонар каго-, чаго-н.'. Праз голле дрэў прарваўся гулка ў неба магутны кліч у славу перомог (П.Броўка). @

услед, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з услед выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'ў напрамку каго-, чаго-н., што аддаляецца'. Арцём чамусьці скоса паглядзеў услед дзеўчыне і адвярнуўся спінай (М.Ракітны). Сэрца ў хлопчыка заб'ецца, сам увесь ён задрыжыць, і сама душа, здаецца, услед звону паляціць (Я.Колас). @

услед за, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з услед за выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'непасрэдна за кім-, чым-н.'. Наташа з дзяўчатамі вязала ў полі снапы ўслед за жняяркамі (А.Асіпенка). Услед за ёю [восенню] вецер закаханы шэпча чараўніцы пра любоў (І.Скурко). Услед за статкам рушылі падводы і грузавікі з калгасным дабром (А.Якімовіч). @

у сувязі з, спалуч. прыназ. з наз. і прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Кніжн. Спалучэнне з у сувязі з выражае прычынныя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет, з'яву, якія непасрэдна звязаны з чым-н. Дэманстрацыя і ў сувязі з гэтым - непарадкі ў горадзе, цэлыя два дні ўсё дагары дном (Э.Самуйлёнак). @

у супрацьлегласць, спалуч. прыназ. з наз. Кніжн. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з у супрацьлегласць выражае адносіны супастаўлення: мае значэнне 'ў адрозненне ад каго-, чаго-н.'. Антон, у супрацьлегласць Максіму, быў ласкавы і рахманы хлапчук (М.Еўдакімаў). @

усцяж, прысл. Абл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з усцяж выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет, уздоўж па лініі якога што-н. размяшчаецца, рухаецца. Хуткая плынь ракі адразу панесла пантон з танкам усцяж берага (І.Мележ). Ніна неўзабаве выйшла на ўскрай лесу і недалёка ўбачыла вёску, што раскінулася ўсцяж дубровы (Г.Шчарбатаў). Усцяж дарогі цвілі буйныя белыя рамонкі (Л.Арабей). @

у сэнсе, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у сэнсе выражае абмежавальныя адносіны: мае значэнне 'ў якіх-н. адносінах'. Ясна, што Скарына быў «садоўнікам» у сэнсе вучонага спецыяліста, садавода-батаніка і, магчыма, займаў пасаду кіраўніка або загадчыка каралеўскага батанічнага сада (М.Алексютовіч). @

усярэдзіне, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з усярэдзіне выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'пасярод чаго-н.'. З налітымі крывёю вачамі, каровы равуць, грабуць капытамі зямлю... Усярэдзіне статка - на невялікім пятачку - воўк (З.Бяспалы). @

усярэдзіну, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з усярэдзіну выражае прасторавыя адносіны: мае значэнне 'ўнутр чаго-н.'. Снарад праламаў сцяну і трапіў усярэдзіну дома. @

у час, спалуч. прыназ. з наз. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у час выражае часавыя адносіны: мае значэнне 'ў пэўны прамежак часу'. Захоўваць дысцыпліну ў час урокаў. @

у чэсць, спалуч. прыназ. з наз. Кніжн. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з у чэсць выражае мэтавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы, прадмета, з'явы, якім што-н. прысвячаецца. Яны выпілі ў чэсць панны Ядвігі - слаўнай гаспадыні і вельмі красамоўна хвалілі пры гэтым закускі (З.Бядуля). @

цераз, прыназ. з В. Спалучэнне з прыназ. цераз выражае прасторавыя, колькасныя, часавыя, аб'ектныя і прычынныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца са словамі, што абазначаюць прастору, віды рэльефу і г.д., якія пераадольваюцца ў працэсе руху (упоперак чаго-н., з аднаго края да другога). Правесці атрад цераз балота. Перайсці цераз вуліцу. Пераплыць цераз мора.Цераз брод, унепрыкметку, праз імшэлы бор густы вёў Серго атрад разведкі, што вярста -глыбей у тыл (А.Александровіч). Колькі сілы цягнуць санкі цераз пушчы, цераз горы, цераз рэкі і азёры, без дарогі, без шляхоў адзінаццаць пар ласёў (А.Александровіч). Унь ля ганку і каменьчыкі тыя, якімі ён вылажыў - як даўно ўжо! - сцежку цераз двор: каб посуху хадзіць у дажджы (К.Чорны). І насупор дажджу і ветру вялі прасторныя шляхі цераз балоты, цераз нетры, цераз пяскі пустынь сухіх... (П.Глебка). Насцечка адным махам ног пераскочыла цераз пакой (К.Чорны). Вось ідзе цераз сяло - Абыціхабыло (П.Броўка).
// перан. Са словамі, што абазначаюць час як прастору. І пайшлі, маладымі і новымі, і пайшлі, ажно вецер прысеў. Цераз чорныя ночы стэповыя паскакалі адважныя ўсе (П.Броўка).
// Паўтараючы што-н. на тых або іншых прамежках прасторы. Слупкі стаялі цераз кожныя пяць метраў.
| У выразах цераз плячо, цераз плечы, цераз спіну і пад. Ідзе, бывала, па полі з сяўнёй на перавешаным цераз плячо рамні... (С.Мельнікаў). Ён тады вельмі ўдала рабіў з вербалозу свісткі; тагачасны - ён шмат у каго з яго таварышаў стаіць у ваччу: босы, рухавы, у зрэб'і, з адной шлейкай цераз плячо, каб трымаліся нагавіцы (К.Чорны). Перакінуў цераз плечы ранец і падаўся доктар са двара ў абдымкі процьмы раззлаванай (А.Звонак). Няцяжка яму ўявіць і сябе малога, з парэпанымі нагамі, у зрэбных штоніках і з зашмальцаваным пасакам цераз спіну (П.Броўка).

2. Ужываецца са словамі, што абазначаюць прадмет як перашкоду, паверх якой што-н. перакідаецца або рухаецца, пераадольваючы яе. Мост цераз раку. Пероскочыў цераз ручаёк. Перакінуць цераз мяжу. Пераляцелі цераз дах.Вялікі каменны мост цераз раку быў узарваны (М.Лынькоў). Бег лясамі Забайкалля, праз хрыбты крутых Саянаў, пераскокваў цераз скалы, праз цясніны Верхаянаў (А.Звонак). І чуў [салдат], як папацёмку цераз яго перапаўзла наперад другая расейская лінія (К.Чорны).

3. Ужываецца са словамі, што называюць асяроддзе, праз якое што-н. праходзіць, або прадмет, скрозь які што-н. пранікае. Сонца свеціць цераз шчыліны ў сцяне. Святло месяца прабіваецца цераз хмары. Глядзець цераз шыбы акна.Водсвет полымя цераз паддувала, цераз шчыліны ў дзверцах падаў на падлогу пучкамі (І.Шамякін). Непрыветна цераз вокны ночка пазірае (Я.Колас). Сонца ёй мо' прагляне цераз хмары... (К.Буйло).

II. КОЛЬКАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

4. Звыш чаго-н. (часу, меры дзеяння, ступені прыметы). Заправілі яе круціць жорны. Яна папакруціла іх аж цераз поўдзень (К.Чорны). Хоць і восень, а святло так і льецца чераз край (Я.Купала). Узяўшы хустачку, Венера пайшла лявоніху скакаць, прыгожа, стройна цераз меру, пяром не можна апісаць («Тарас на Парнасе»). І ловіць сэрца ў заміранні акорды жыцця цераз край... (П.Трус). «А ну, давайце па трэцяга!» - «Я не магу». - «А калі цераз «немагу»? Я загадваю» (В.Быкаў).

III. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

5. Ужываецца для ўказання на прамежак часу, пасля якога што-н. адбываецца. Прыехаў цераз два гады. Цераз пяць хвілін перапынак скончыцца.От быў бы конь цераз два годы... (Я.Лучына). Гэта к ёй - недаступна далёкай, як бацькоўскі да сына доўг, незвычайныя словы Блока перайшлі цераз горы гадоў (П.Глебка).
// Паўтараючы што-н. праз тыя або іншыя прамежкі часу. Дзяжурыў цераз дзень.

6. Устар. і абл. Ужываецца для ўказання на перыяд часу, на працягу якога што-н. адбываецца. Пяруны і град былі цераз ўсё лета ў Літве (запіс народных гаворак).

IV. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

7. Ужываецца для ўказання на каго-, што-н., пры пасрэдніцтве ці з дапамогай якіх што-н. адбываецца. Перадаць цераз суседа.Шлях ваш у заўтра - цераз калгас (К.Крапіва). Сын цераз Пніцкага перадае яму ліст (К.Чорны). «Можна, - кажа немчык, - а чаму ж няможна? Цераз майго пана нігды не парожна» (Ф.Багушэвіч).

8. Ужываецца для абазначэння спосабу, прымяняючы які што-н. робіцца. Напісаць цераз злучок.І доўга гутарыць з вятрамі цераз уздыхі і ўсхліпы (У.Хадыка).

V. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

9. Устар. Ужываецца для ўказання на прычыну ці падставу чаго-н. Аслабеў цераз хваробу.Цераз вас я сам сябе бачу разарваным на дзве часткі! (К.Чорны). Ураніў самотна з цела ён душу ўдалую цераз пацерку на шыі, цераз залатую (М.Багдановіч).

Цераз галаву - употырч. А вагоны цераз галаву, цераз галаву, поныр'ю... (Я.Брыль). @

шляхам, прыназ. з Р. Кніжн. Спалучэнне з прыназ. шляхам выражае аб'ектныя адносіны. Прыназ. шляхам ужываецца для ўказання на працэс, дзеянне або паняцце, з дапамогай ці пры дапамозе якога што-н. адбываецца. Алагізм... - нелагічнасць, адмаўленне логікі, а таксама погляд, паводле якога ісціну пазнаюць быццам бы не шляхам лагічнага мыслення, а толькі пры дапамозе інтуіцыі і адкрыцця яе богам (БелСЭ). Пісьменніку, праўда, уласціва схільнасць да завастрэння, гіпербалізацыі, але завастрэнне робіцца не шляхам надзялення героя незвычайным лёсам ці выключнымі рысамі характару, а ў паказе абставін, бесчалавечнасці ўмоў жыцця (М.Лазарук). Тым не менш і ў нашым грамадстве існуюць супярэчнасці, і яно рухаецца наперад шляхам іх пераадолення (К.Крапіва).