 |
На ваш запыт знойдзена 187 артыкулаў
-
Па адном, па адном, ды ўсе памром. — Прыказваюць на хаўтурох, каб разважыць сям'ю памерлага.
-
Павер - памер. — Даючы нешта напавер, трэба добра падумаць, каму можна даваць.
-
Па вясьне рукамі сплясьне. — Спляснуць рукамі - апынуцца ў роспачы. Гэтак папераджаюць гульлівую дзяўчыну.
-
Пагаворым дзедзька аб людзей, бо аб нас людзі ўжо даўна гаворуць. — Прыказваюць таму, хто пачынае гаварыць аб дрэнных паводзінах іншых, каб гэтым прыцьміць свае яшчэ горшыя.
-
Па гаспадару плача клець, а па гаспадыні плача печ. — Калі благі гаспадар, дык няма парадку ў клеці й яна часта пустуе. Калі благая гаспадыня, дык сям'я ў сваю пару ня будзе накормленая, а часам і галодная.
-
Паглядзім, дзе каго пасадзім. — Кажны дастане месца паводля ягоных заслугаў.
-
Пагода як дым - аж вушы кураць! — Прыказваюць, калі гарачая й вельмі сухая пагода.
-
Пагрэў рукі. — Прыказвае гандляр, калі шмат зарабіў на перапрададзенай рэчы, або той, што дастаў добры магарыч.
-
Пагуляць ці зьесьці, дык, калі няма часу, можна пакінуць і да заўтрашняга, а пільную работу трэба кончыць сяньня. — Прыказка бацькоў у навуку дзецям.
-
Падай тоя рагатоя. — Жартам прыказваюць, калі просяць нешта падаць ці прынесьці ды калі ня ведаюць, як яно называецца. Паўстала з казкі аб цыгану й бортніку: - Цыган прасіў у бортніка мёду. Бортнік прыставіў да борці лясу (верхавіну дрэва з абцярэбленым надоўга суччом). Калі цыган палез на палаці да борці, дык бортнік адкінуў лясу набок. У борці, тымчасам, былі ня пчолы, а шэршні, і яны напалі на цыгана. Цыган тады стаў крычаць на бортніка: - «Баця, баця! - падай тоя рагатоя!».
-
Падарожны за сабой хаты ня нося. — Прыказваюць, калі пускаюць нанач падарожнага. Прыказвае гэтак і падарожны, калі просіцца нанач.
-
Падбівай вілы ды бяры на ўсе жылы. Падымай вышэй носу ды кідай на калёсы. — Жарт. Прыказваюць, калі вывозяць з хлява гной.
-
Пад бокам багацьця ня выліжыш. — Прыказваюць гультаю, які хоча збагацець.
-
Пад ліжачы камінь вада ні цячэ. — Кажуць гультаю, які марыць аб багацьці, але не працуе, а ляжыць.
-
Паднялі на гук (на языкі). — Калі грамадою аб кім-небудзь загавораць няпрыемныя рэчы.
-
Пад старасьць і кот дурнея. — Аб старым, калі ён памыліцца, ці нешта недарэчнае скажа або зробе.
-
Падходзя яно табе, як сьвіньні кульбака. — Пра няўдалы адзетак ці ўборы. (Падходзя табе гэта сукенка, як сьвіньні кульбака).
-
Пад чужую дудку скача. — Аб тым, хто сьлепа выконвае чужыя загады.
-
Паехалі глухія, павязьлі дровы сухія. — Гэтак жартуюць з таго, хто недачуўшы нейкага слова, паверне яго на другое, падобнае па вымове.
-
Пажывём далі, пачуім болі. — Прыказваюць, калі няпэўную навіну пачуюць.
|
 |