 |
На ваш запыт знойдзена 111 артыкулаў
-
Атросься ды й панёсься. — Прыказваюць аб тым, які нарабіў крутні-няпрыемнасьці й сам нейдзе ўцёк.
-
А ты, воўча, сядзі моўча. — Калі злачынец іншых абвінавачвае ў злачынстве.
-
Аўгіня нявінна й Ігнат ні вінават. — Прыказваецца, калі ў сям'і нейкая бяда ці дрэнная прыгода, калі кажны правуецца, што ён тут ня вінны ды звальвае віну на іншага.
-
Аўдзей усё між людзей. — Прыказваюць аб хітрым бяссумленным чалавеку, які ўмее прыстасавацца да кажнае кампаніі, каб пажывіцца.
-
А ў калгас! — Кліч-пагроза на свайго праціўніка ў 1930-1931 гадох, калі сілком у калгасы заганялі.
-
Аўлас ды ні ў нас. — Гэтак прыказвалі тыя бедныя людзі, у каго ня было скароміны, бо на Аўласа сытная ежа. Сьвята Аўласа ў чэсьць бога Веласа. Сьвята гэтае абходзілі ў вапопші чацьвер перад Масьляніцай.
-
Аўлас па калені ў масьля. — Аўлас-Велас бог статку. Сьвята ў яго гонар адбывалася вясной, калі ўжо было сьвежае масла. Магчыма перад балваном Веласа клалі масла ў вахвяру й тое масла дасягала каленяў Веласа. Можна прыпускаць, што гэтая прыказка далёкай старасьветчыны.
-
А ў сабакі хата была? — Гэткая заўвага ставіцца, калі нейкі прайдзісьвет выхваляецца аб сваім багацьці.
-
Ахвота горш няволі. — Гэтак прыказваюць таму, хто без развагі, па сваей волі й ахвоце паклікаў на сябе нейкае няшчасьце.
-
Ах ты, злодзі канавод, вадзіў коні праз гарод. — Жартаўлівая гульня словаў. Прыказваецца, калі спрытны апавядальнік усхваляе свае шальмоўскія прыгоды.
-
Ах ты, злодзі паяёк, цябе білі, а я ўцёк. — У простым сэньсе справа гэтак выглядае: Два злодзеі пашлі красьці яйкі. Аднаго злавілі ды білі, а другі ўцёк. Той, што ўцёк, лаяў свайго паплечніка й абвінавачваў яго ў зладзействе. Гэтак прыказваюць, калі прапышны злачынец абвінавачвае злачынцу другога, з малымі праступкамі. Гэты злачынец абвінавачвае не за самое злачынства, а за тое, што той ня мог канцоў пахаваць.
|
 |