 |
На ваш запыт знойдзена 111 артыкулаў
-
Ад Бога грэх і ад людзей сьмех. — Гэтак наракае чалавек сам на сябе, калі зрабіў нейкі праступак праз сваю сваволю.
-
Адвага або мёд п'е, або кайданы трэ. — Калі адважны чын удасца, дык чалавек будзе раскашавацца ў шчасьці, калі-ж ня ўдасца, дык загіне ў кайданох.
-
Адвага й гарады бярэ. — Толькі адважны можа лічыць на ўдачу.
-
Адвага ні зьнівага. — Адвага заўсёды добрая прыкмета чалавечага характару.
-
Адважны ні баіцца ніўдачы. — Адважны заўсёды пэўны ў сваей перамозе.
-
Адважны - пан важны. — Адважнага паважаюць ня толькі ягоныя прыяцелі, але й ворагі.
-
Адважны п'е мёд, а раздум ваду. — Людзі адважныя, сьмелае рызыкі, звычайна жывуць у дастатку, а разважлівыя найчасьцей бедна, бо мала дзеюць.
-
Ад вастрогу й ад торбы ні адмовішся. — І нявінны можа папасьці ў вастрог і кажны можа зьбяднець ды стацца ўбогім.
-
Ад Грамніцаў зімы траціна, а да хлеба палавіна. — Сялянская заўвага. Ад Грамніцаў, 2-га лютага, застаецца зімы адзін месяц, але да новага хлеба трэба чакаць паўгода, бо толькі ў жніўні бывае новы хлеб.
-
Аддай рукамі, а хадзі нагамі. — Кажа той, хто пазычыў грошы ці што іншае, ды трэба шмат разоў хадзіць, каб спагнаць доўг.
-
Аддай сучку, а сам брашы. — Кажа той, каго высьмейваюць, што паслугоўваецца несумленнымі (сабакаватымі) абаронцамі.
-
Аддам на сьвятое «ніколі». — Кажуць пра безнадзейнага даўжніка.
-
Аддасьць на тым сьвеце вугальчыкам. — Кажуць пра такога даўжніка, які за зробленае дабро адплачвае злом. Калі на тым сьвеце ягоны дабрадзей будзе гарэць у пекле, дык ён падкіне вугальчыкаў.
-
Адзін багуцкі і той ня людзкі. — Кажуць пра дзіця, калі яно адно, але недарэчнае ці благое.
-
Адзін вырай вясны ня робя. — Першая навіна можа быць і хвальшывай. Лепш пачакаць і паглядзець, ці яна спраўдзіцца.
-
Адзін дасуж ды нядуж. — Хоць адзін і можа абдумаць добра справу, але часта ня ў сілах зрабіць вялікае работы.
-
Адзін задзіраха, другі ніспусьцяха. — Калі абое роўныя пачынаюць звадку.
-
Адзін з сошкай, а сямёра з ложкай. — Прыказваецца, калі аднаму працаўніку трэба пракарміць шмат дармаедаў або вялікую непрацаздольную сям'ю.
-
Адзін і хлеб прыедліў. — Адно й тое самае, хоць і найлепшае, можа надакучыць, як і сам хлеб бязь іншай яды.
-
Адзін сказаў на глум, а другі бярэ на вум. — Ня трэба захапляцца чужымі, хай сабе й прыгожымі словамі, а трэба іх пераўзважыць сваім розумам, ці няма ў іх нейкага кепства ці хітрасьці.
|
 |