 |
На ваш запыт знойдзена 49 артыкулаў
-
Голы зьбірайся, а голы гатоў. — Прыказваюць аб бедным, у каго няма чаго зьбіраць у дарогу.
-
Голы як бізун. — Аб зусім бедным, што навет і з адзежы мае толькі тое, што на ім.
-
Голы, як ясік. — Аб бедным чалавеку, які ня мае ніякай гаспадаркі.
-
Гора вытрываіш, а роскашы не. — Аб тым, хто жывучы ў роскашы праз распусту бяду нажыў.
-
Гора плача і скача. — Прыказваюць, калі часам чалавек у горы пробуе загульваць.
-
Горка рэдзька ды ядуць, ліха замужам ды йдуць. — Прыказваюць жанчыне, калі тая крыўдзіцца, што замужам блага.
-
Госьць мілы й хлеба шкода. — Аб скупым гаспадары.
-
Госьць - нявольнік. — Прыказвае гаспадыня, калі панукае гасьця выпіць ці зьесьці.
-
Госьць першы дзень золата, другі дзень срэбра, а трэці - медзь, і дамоў едзь. — Доўгія госьці непажаданыя.
-
Госьць, як і рыба, на трэці дзень сьмярдзіць. — Калі ў гасьцях - не чакай трэйцяга дня.
-
Граза ў лес ня йдзе. — Пры выхаваньні дзяцей пагроза дае пажаданыя вынікі.
-
Гразь, гразь! Чаму ні гарыш? - Бо мокрая! — Аб тым, што незаслужана сябе расхвальвае, або так дрэнна сябе паводзе, што навет гразь на ягоным месцы гарэла-б ад стыду, калі-б ня была мокрая. Ён-жа паставіў сябе ніжэй гразі.
-
Грозін рак, ды ззаду вочы. — Прыказваюць, калі слабы пагражае дужаму.
-
Грош кругал. — Дзеля гэтага ён раскачваецца на розныя бакі. Прыказвае гэтак селянін, калі яму на розныя патрэбы патрэбныя грошы, а ён іх ня мае, бо грошы «раскаціліся».
-
Грун груну вока ні дзяўбе. — Прыказвае пакрыўджаны, калі яму радзяць падаць скаргу да нейкага вышэйшага ўрадоўца на ўрадоўца ніжэйшага, які яго пакрыўдзіў.
-
Грызе прыступаючы. — Калі нехта дакарае бязупынку й лаецца.
-
Гулі ні аднаго ў лапці абулі. — Перасьцярога маладым, каб не ўдаваліся ў празьмерныя гульні.
-
Гультай за работу, а мазоль за руку. — Калі гультай наракае на цяжкую работу, якая быццам яго ў калецтва ўганяе.
-
Гультай ляжыць, а доля бяжыць. — Прыказваюць, калі часам і гультаю пашанцуе.
-
Гультай сем рэчаў разгадая. — Калі гультая клічуць на работу, дык ён шмат прычынаў знойдзе на тое, каб не працаваць.
|
 |