Слоўнікі     Энцыкляпэдыі     Навіны     Пра праект     Кантакт     Спасылкі  
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   па ўсіх слоўніках   віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
Прыказкі Лагойшчыны (1870 артыкулаў)
 
а  б  в  г  д  е  ё  ж  з  і  к  л  м  н  п  р  с  т  у  х  ц  ч  ш  ю  я  
да  дв  дз  до  ду  
 
Старонкі:  1  2  3  4  5  6  7  
 


На ваш запыт знойдзена 128 артыкулаў

  1. Дзіця трэба год качаць як яечка й пяць гадоў пасьціць, як авечку. — Аб пільнай, адданай працы маткі пры ўзгадаваньні дзіцяці.  
  2. Дзядзька ні бацька, а цётка ні матка. — Блізкія й найлепшыя сваякі ня могуць дзіцяці замяніць бацькі й маткі.  
  3. Дзяды вадзіць. — Гэтак прыказваюць, калі сваякі, суседзі й прыяцелі балююць па чарзе то ў ваднаго, то ў другога.  
  4. Дзяды ня мелі бяды, а ўнукі набраліся мукі. — Прыказка бадай-што гістарычная, з думкаю, што калі край быў вольны, дык дзяды жылі безь бяды, а ўнукі пад чужынцамі мучыліся і мучацца.  
  5. Дзякуй Богу, што мышы пагарэлі. — Прыказваюць, калі ў каго пры вялікім убытку здарыцца задаваленьне. Паходзе ад казкі-анэкдоту: У жыда апрача крамы ў мястэчку, была ў вёсцы сельская гаспадарка. Калі ў яго малацьба зацягвалася, дык мышы пераядалі снапы, што ня было чаго й малаціць. Мышы былі ягоныя страшныя ворагі. Калі яму паведамілі, што ў вёсцы ягонае гумно згарэла, дык ён пытае: «А дзе мышы дзеліся? - Згарэлі й мышы», - адказаў пасланец. Жыд з задаваленьнем заўважыў: «Дзякуй Богу што хоць мышы пагарэлі».  
  6. Дзякуй! - Выбачай! - Алі болі ні дакучай! — Прыказваюць, калі частуюць няпрошаных, ці нямілых гасьцей. Госьць дзякуе за пачостку, гаспадар для ветлівасьці перапрашае «Выбачай!», але ў думках дадае: «Алі болі ні дакучай!».  
  7. Дзякуй за абед, што наеўся дармаед. — Жартам прыказвае гэтак госьць, калі дзякуе гаспадару за абед.  
  8. Дзякуй за полудзінь: ні сыт, ні голадзін. — Гэтак, жартуючы, прыказвае гаспадар, калі госьць дзякуе за пачостку, а разам і перапрашае, што скромна частаваў.  
  9. Дзякуям ні адбыць - трэба заплаціць.
    1. Прыказвае госьць і гэтым нібы запрашае гаспадароў даведацца да яго на пачостку.
    2. Гэтак прыказвае гаспадар публічнага харчаваньня, калі знаёмы наведальнік хоча адбыць самым «дзякуям» за абед.  
  10. Дзяржы галаву ў холадзя, бруха ў голадзя, а ногі ў цяпле. — Напамін пра клопаты аб здароўі.  
  11. Дзяры лазу, калі дзярэцца. — Работу трэба рабіць тады, калі на яе адпаведны час.  
  12. Дзяры лазу - я цябе зьвяжу. — Калі дэспатычны загад мае яўную мэту горш яшчэ паняволіць яго выканаўцаў. Гэта тое самае, што й каваць для самога сябе кайданы.  
  13. Дзярэцца - на новая спадзяецца. — Калі адзежына пачынае дзерціся, дык гэта знак, што трэба парупіцца пра новую.  
  14. Дзяціны хлеб горак. — Прыказваюць старыя бацькі, якіх часам крыўдзяць іхныя дзеці.  
  15. Добраму чалавечку добра й у запечку, а благой благаце брыдка й на куце. — Заслужаны й паважаны чалавек свае павагі й славы ня траце й на другарадным месцы.  
  16. Добра той казаў. — Прымаўка, якую часта ўжываюць перад удалым выказам ці прыказкай.  
  17. Добра ў людзях, алі цяжка ў грудзях.
    1. Аб тым, што хоць і добра часам жыць у чужым краі між чужых людзей у выгодзе, але ў грудзях баліць з нуды па родным краі.
    2. Прыказваюць гэтак, калі на заработках добра зарабляецца, але ад цяжкой працы баляць грудзі.
    3. Гэтак прыказвае нявестка, калі пайшла замуж у добрую хату, але ей там цяжка жыць, бо трэба кажнаму дагаджаць і за крыўду змаўчаць.  
  18. Добрая далёка чуваць, а благоя яшчэ далей. — Напамінак маладым, каб яны ўстрымліваліся ад благіх паводзінаў і шанавалі сваю добрую славу.  
  19. Добрая знаходка тапор за лавай. — Калі нехта хваліцца, што знайшоў рэч, якую гаспадар паклаў на сваім месцы.  
  20. Добрая слава дома ляжыць, а благая далёка бяжыць. — Слава пра добрыя паводзіны гэтак далёка не разыходзіцца, як пра паводзіны благія.  

Старонкі:  1  2  3  4  5  6  7  
 
 
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2008