 |
На ваш запыт знойдзена 159 артыкулаў
-
Кончыў поп сьвята. — Прыказваюць, калі нехта застаўся без работы й бяз прыбытку.
-
Конь на чатыры нагі, а спатыкаіцца. — Прыказвае той, хто памыліўся ў гутарцы.
-
«Кося, кося!» - пакуль злавіць давялося, а як злавіў, дык «Стой, воўча дух!». — Гэтак прыказваюць, калі дэспат ці ліхвяр ласкава абыходзіцца з прастаком, пакуль у свае рукі возьме, а потым і пагрозамі страша.
-
Край у края хлеба пазычая. — Прыказвае сусед, калі прыходзе збожжа пазычаць.
-
Круцельствам век ні пражывеш. — Прыказваюць круцялю, якога выкрылі ў круцельстве.
-
Круці ні круці, а трэба ўмярці. — Прыказваюць таму, у каго здарыўся цяжкі выпадак, ад якога немагчыма ўхіліцца. Прыказка паходзе ад казкі: Адзін чалавек мог бачыць сьмерць. Ён рабіў сабе ложка на круцёлцы й калі толькі сьмерць падыходзіла да ягонай галавы, каб задушыць, ён паварочваўся да сьмерці нагамі. Гэтак ён доўга змагаўся ізь сьмерцяй, аж нарэшцэ яна сказала: «Круці ні круці, а трэба ўмярці».
-
Круціцца, як скурат на агні. — Прыказваюць, калі вінны вышуквае розныя прычыны, каб аправіцца ад віны.
-
Крывоя кола проста ня коціцца. — Благі чалавек папраўдзе ня жыве.
-
Крыўда праўдзя вочы выкалала. — Прыказваюць, калі крыўда перамагае. Прыказка паходзе ад казкі: Жылі на сьвеце Праўда й Крыўда. Праўду ўсюды любілі, а Крыўду ненавідзелі. бо Праўда людзям заўсёды памагала, а Крыўда крыўду рабіла. Нарэшце Крыўда Праўдзе вочы павыколывала й сама запанавала на сьвеце.
-
Крычыць, аж поля разьлігайіцца. — Прыказваюць, калі нехта моцна крычыць на полі.
-
Крычыць, як сьвіня ў плот ушчаміўшыся. — Прыказваюць, калі нехта дзіка, нема крычыць ды ня слухае, што іншыя кажуць.
-
Ксёндз-дабрадзей пасьвяньці хатку: німа парадку. — Прыказваюць, калі ў хаце звадка, а ня відаць, хто вінен - напэўна чорт.
-
Куды вецір вея, туды й лозы гнуцца. — Прыказваюць таму, хто сьлепа ідзе за натоўпам.
-
Куды конь з капытом, туды й рак з клюшняй. — Высьмейваюць таго, хто сьлепа наследуе іншых.
-
Кумоўства ні папоўства і прыданства ні панства. — Хоць поп і кум разам дзіця хрысьцяць, але поп за хрост бярэ грошы, а кум плаце папу дый радзісе дае падаркі. На вясельлі за сталом прыданкі займаюць апошняе месца.
-
Купіў за пяць пальцаў. — Гэта азначае: схапіў пяцю пальцамі, украў.
-
Купіў-бы сяло, дык грошы гало. — Гэтак прыказвае бедны.
-
Купіць ні купіць, а патаргаваць можна. — Прыказвае той, хто прабуе свайго шчасьця ў нейкім прадпрыемстве.
-
Куры, сьвіньня вон: машыраваць пайду. — Прыказваюць, калі няпрошаны госьць запанаваў у хаце гаспадара. Прыказка паходзіць ад таго, што даўней маскалі вайскоўцы стаялі ў вёсках на пастоі.
|
 |