 |
На ваш запыт знойдзена 100 артыкулаў
-
Умела, гаспадынька, гатаваць, алі ня ўмела падаваць. — Гэтак жартуюць госьці, калі гаспадыня падае на стол штораз лепшыя стравы. З казкі аб цыгане: - Гаспадыня падавала цыгану ўсё смачнейшыя стравы. Цыган-жа з самага пачатку аб'еўся й болей ня можа есьці, хоць гаспадыня ўсё падае. Дык цыган і вывайціў гаспадыні: «Умела, гаспадыныка, гатаваць, ды ня ўмела падаваць».
-
Умірая ні стары, алі паравы. — Разважаюць гэтак таго, у каго ў радні памёр малады чалавек.
-
У мор намруцца, а ў вайну налгуцца. — Калі ў часе вайны апавядаюць хлусьлівыя прыгоды, якіх не магло здарыцца.
-
У мяне грошы й сьвіньня ні ядуць. — Кажа гандляр, які хоча, каб сяляне за ягоны тавар плацілі не грашыма, а збожжам.
-
У мяне ёсьць партэчкі, а ўдому двоя. - Дык аддай-жа й моя, калі ў даму двоя. — Жарт. Прыказваюць таму, хто хвасьлівіцца пазычаным адзеткам. Гэтак быццам шляхціц хваліўся пазычанымі порткамі, а той гаспадар, у якога ён іх пазычыў, пасуліў вярнуць пазычаныя, калі дома мае двое сваіх.
-
У мяне зь ім чысты дабрыдзінь. — Прыказвае той, у каго дачыненьні зь кім-небудзь не сплямленыя. Ён сьмела можа яму сказаць «Дабрыдзінь».
-
Унадзіўся, як сьвіньня ў рэпу. — Калі нехта стаў часта заходзіць да каго-небудзь, хоць яго там і недалюбліваюць.
-
У нас усё ні дзякуй Богу. — Кажа той, у каго дрэнна паводзіцца.
-
У нашай Польшчы кожны хоча быць большы. — Калі нехта хоча грамадзе накінуць свае пагляды. Прыказка бадай што яшчэ з часоў Рэчыпаспалітае.
-
У нашым куці вясельля чуці - торбачка зь мяшэчкам жаніціся будзя. — Прыказваюць, калі пачуюць нязвычайна сьмешную навіну.
-
Унучка, унучка, змані манючка, абы было гладка, дам табе авечачку й ягнятка. — Жарт, гульня словаў. Прыказваюць дзецям, дзеці-ж любяць перагаварваць гэткія жарты.
-
У няўмекі рукі калекі. — Аб тым, хто робе ня ўмеючы й псуе матар'ял.
-
У пана ласка да парога. — Хто хутка забываецца зробленае яму дабро, а калі другі раз крыху не дагадзіў, дык злуецца.
-
У пастушкі німа служкі. — Калі нейкі гультай вымагае, каб яму прыслугоўвалі.
-
Урві ды падай. — Аб падшыванцы, які хапае, крадзе наляту ды перадае гэткаму самаму другому.
-
У родным краі, як у раі. — Пашана й любасьць да роднага краю.
-
У роця суха хоць ты боб малаці. — Адчуваньне пры вялікай празе ці хваробе.
-
У сабакі вачэй пазычыць. — Аб тым, хто зь некім апастыліўся ды не пагадзіўшыся зь ім, ідзе да яго зь нейкай патрэбай.
-
У сабачыну пусьціўся. — Аб тым, хто вядзе амаральнае жыцьцё.
-
У сваей хатцы нечага баяцца. — Кажны гаспадар у сваёй хаце.
|
 |